Текст книги "Новыя прыгоды Несцеркі"
Автор книги: Уладзімір Бутрамееў
Жанр:
Драматургия
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 3 страниц)
Уладзімір Бутрамееў
Новыя прыгоды Несцеркі
Камедыя ў васьмі карцінах
Дзеючыя асобы
Несцерка – той самы, што і шыла ў мяшку схавае, і сухі выйдзе з вады, што сто год па зямлі ходзіць, а ўсё яшчэ малады.
Пшэбыеўскі – пан багаты, што той чорт рагаты, вус тырчком, галава стручком, з Парыжа фрак, у кішэні пятак, адным словам, франт.
Бургамістр – мясцовая ўлада, прыгажэй за таго гада, нос на семярых рос, сам як сава, затое дужа разумная галава.
Кудрачок Пятро – былы пісар, у маладосці хітры мужычок, у жыцці здаралася ўсяляк, і плакаць, і скакаць мастак.
Кацярына – яго дачка, прыгажэй за ўсіх дзяўчына, вусны што малінка, бровы як сярпочкі, вочы што тыя вішні, каму хочаш зблытаюць мыслі.
Малання – маладуха, нібы тая медавуха, ды ўсё ж глядзі, пальца ў рот не кладзі.
Брындзюкоўна – жонка бургамістра, на расправу быстра, але здараецца, і сама трапляецца.
I каго там яшчэ толькі не было:
Андрэй.
Кухар панскі, татарын.
Салдат Іван, Маланнін муж.
Манах.
Яцак, карчмар.
Адзін з мужыкоў.
Пастух.
Слуга.
Салдат.
Дзяўчаты-танцоркі.
Музыкі.
Вартаўнікі.
Лакеі.
Гараджане.
Стражнікі.
Карціна першая
Карчма. Злева прылавак, за ім Яцак прыбірае посуд. За адным са столікаў сядзіць, апусціўшы галаву, Кудрачок. Больш нікога няма. Потым уваходзіць Несцерка, перад гэтым чуваць, як ён пяе.
Несцерка. Туды еду – сюды еду, карчмы не мінаю. Які чорт яе прыдумаў – Далібог, не знаю. Эгей, Яцак, здароў! Што гэта ў цябе сёння гэтак ціха? Нясі сюды цэлы кумпяк ды палову вядра заціркі. Даўно табе вінен не быў.
Яцак. У доўг – смалы б табе гарачай у глотку! Думаеш, не памятаю кірмаш? Ты што ж гэта мне прадаў?
Несцерка. А тое і прадаў, што ты купіў – на тое і кірмаш. Ды не сярдуй – грошы тыя я ж зноў да цябе ў карчму прынёс. Вядома – грошы. Сёння ў мяне, назаўтра ізноў у цябе. А багацце тваё – галоўнае, неразменнае – пры табе ж засталося (хлопае Яцака па жываце).
Яцак(б’е Несцерку ручніком). Ах ты, прайдзісвет! Зубаскал галодны! Без грошай не лезь у карчму!
Несцерка. Ды як тут не зойдзеш, калі яна якраз ля дарогі стаіць!
Яцак. Я цябе! (Б’е ручніком.) Сабака, валацуга.
Несцерка. Цішэй, цішэй, а то растрасеш багацце сваё, неразменнае.
Кудрачок звяртае ўвагу на шум і пазнае Несцерку, падбягае.
Кудрачок. Несцерка? Ты? (Адпіхвае Яцака.) Ды супакойся! Вось не чакаў сустрэць – адкуль?
Несцерка. Ды ўсё адтуль – мімаходам. Га – дык гэта ж Кудрачок! I сапраўды, у карчме не прападзеш! Ты ж мяне галодным не пакінеш.
Яны абдымаюцца і ідуць да стала.
Яцак. Каб ты хадзіў мімаходам да самае магілы!
Несцерка(прыпыняецца і звяртаецца да Кудрачка). Ты не ведаеш, Кудрачок, чаго карчмары такія злосныя?
Кудрачок. Не магу ўцяміць.
Несцерка. Бо ім на тым свеце надта дрэнна даводзіцца.
Кудрачок. Чаму ж гэта?
Несцерка. З іх пузам больш як па адным у кацёл не ўлазяць – вось і кіпяць у адзіноце, няма з кім і словам перакінуцца.
Смяюцца і ідуць за стол, садзяцца.
Яцак. У астрог бы ўсіх валацуг, я табе пакажу той свет – сам у пекле будзеш.
Несцерка. Ну, дзякуй, гусінае пяро! Дай табе Бог чарніла і паперы! Расказвай, як жывяце, можаце.
Кудрачок. Ат, што мы… Ты з дарогі – усе навіны пры табе.
Несцерка. Мае дарогі канца не відаць – колькі яе таптаць, адзін Бог ведае. А навіны – куды ні пайдзі – усюды людзі. Адны нараджаюцца, другія ўлюбляюцца, трэція на пагост збіраюцца. Усе пад сонейкам таўкуцца, а яно свеціць усім аднолькава.
Кудрачок. Эх, брат, не аднолькава… А ты, я бачу, не змяніўся, усё весялішся…
Несцерка. А бедаку толькі і застаецца на гэтым свеце, што з гора павесяліцца. А ты што галаву схіліў? Памятаеш, як выхітраліся на кірмашах?
Кудрачок. Эх, браток, мне ўжо пара з кірмашу… Не тыя гады.
Несцерка. Якія гады? Гэта ўсё ад твае граматы. А цяпер чым прасцей, тым і пражыць лягчэй. Вось я – толькі да дзесяці лічыць магу – і то калі грошы. А колькі там мне год – і не цікавіўся.
Кудрачок. Яно і не толькі ў гадах справа…
Несцерка. Кінь!
Кудрачок. Эх, Несцерка. Заблыталі, брат, мяне.
Несцерка. Хто ж цябе заблытаў?
Кудрачок. Ат, не след і расказваць… Так, душу адвесці… Падлавіў мяне Пшэбыеўскі, што таго карасіка.
Несцерка. Стары дурань Пшэбыеўскі – цябе?!
Кудрачок. Стары ўжо паўгода як Богу душу аддаў.
Несцерка. Трэба Богу ягоная душа, як мне баба ў каноплях.
Кудрачок. Ну, значыць, чорт прыбраў.
Несцерка. Іншая справа. Нікому так не добра, як пану ў пекле. Куды ні глянь – усюды свае.
Кудрачок. Цяпер сынок яго з Варшавы прыехаў. А мяне чорт штурхнуў – захацеў пабагацець. Узяў казённыя грошы, звязаўся з гандлярамі – абяцалі барыш, атрымаўся шыш. Ледзь у астрог не трапіў. Вось Пшэбыеўскі і даў – і купіў мяне з вантробамі.
Несцерка. Тае бяды. Доўг – не вяроўка, не парвецца.
Кудрачок. Не вяроўка, а шыя ў пятлі. Не проста ён грошы даў – прыглянулася яму мая дачка – Кацярынка. Патрабуе замуж за сябе.
Несцерка. А яна што ж – не хоча?
Кудрачок. Эх, там таго пана… і нораў што ў казла – ніводну бабу не прапусціць. I вытварае – то коней арабскіх заводзіў, цяпер тэатр нейкі прыдумаў. З такім пажывеш – намучышся. Ды ўсё ж пан. За ім босая хадзіць не будзе. Яно і да лепшага. Але штось грызе мяне, нешта неяк не па сабе.
Несцерка. Э, братка, не звяртай увагі, гэта сумленне. Самая непатрэбная рэч на свеце. Людзі без яго за мілую душу абыходзяцца. I табе, калі ў падпанкі сабраўся, яно таксама не трэба.
Кудрачок. Чаму ты так рашыў?
Несцерка. Таму што бачу – круціш. Каб захацеў – паслалі б мы твайго жаніха да чорта – ці нам упершыню?
Кудрачок. Э, браток, у цябе ні кала, ні двара, па свеце гойсаць лёгка. Але ты не падумай…
Несцерка. А што мне думаць, ад думак галава босай становіцца. У мяне свой клопат. Заўтра кірмаш, а ў мяне ў кішэні толькі вош на прывязі, ды і тая галодная. (Дастае з торбы варону. Яна каркае. Звязвае ёй дзюбу ніткаю.) Вось, галубка, каб не хвалілася, хто ты і адкуль.
Кудрачок. Навошта табе варона?
Несцерка. Не будзь сам варонай, спатрэбіцца і варона. Дзе мае фарбы? (Дастае з торбы фарбы.) Зробім з цябе птушку заморскую, як ні кажы – кірмаш!
Карціна другая
Кірмаш, шмат людзей. Усе гандлююць хто чым. Справа гандляр у дзіўнай накідцы-халаце і чалме. Гэта Несцерка. Перад ім Брындзюкоўна са слугою.
Несцерка. Які колер! А як выглядае, як трымаецца! Толькі сапраўдны пан можа трымаць у сябе гэткую птушку. Гэткія ў вашы краі і не залятаюць. Адно слова – заморская!
Брындзюкоўна. Палова сотні і за заморскую занадта.
Вакол збіраюцца людзі.
Несцерка. Гэ! Палова сотні за яе і не грошы. У самога індыйскага імператара жыве. Канешне, хто не панскае пароды, той не ацэніць, не зразумее. Ну дык бераце?
Брындзюкоўна(азіраючыся на людзей). Канешне, бяру – я ж адразу бачу, што заморская.
Аддае грошы, слуга забірае птушку.
Несцерка. Толькі з павагі да вас, яснавяльможная пані, і аддаю. Калі яшчэ ў вашых краях будзе магчымасць заморскую птушку набыць.
Брындзюкоўна выходзіць. Несцерка аддае аднаму з мужыкоў (гэта Пятро Кудрачок) сваю чалму і халат, падыходзіць з ім да гандляроў з пірагамі.
Ну вось, Пятро! (Аддае яму грошы.) Палова сотні ёсць. Я ж казаў – са мною не прападзеш, хаця гора і цяпнеш. Але ў астрозе сядзець не будзеш. Назбіраем яшчэ адзін чырвонец – вось і ўся твая нядоімка. (Купляе пірог, дае палову Пятру.) Крыху паштурхаемся сярод людзей, глядзіш, і яшчэ чырвонец набудзем.
Кудрачок. Век Бога за цябе мне маліць, як і разлічуся з табою, не ведаю.
Несцерка. Аб гэтым не турбуйся. Пусціш добрага чалавека з дарогі пераначаваць – вось і ўвесь доўг, дасі жабраку грош – вось і квіты, плюнеш пану ўслед – вось і разлічыліся. А ўжо калі што – вугалькамі на тым свеце разлічымся.
Кудрачок. Вугалькамі? Няўжо мы з табою ў пекле будзем? Нас за гэтае гаротнае жыццё ў рай пасля смерці трэба.
Несцерка. Не па кішэні нам туды квітанцыю купіць. У рай, браток, толькі тых пускаюць, у каго кішэня поўная.
Кудрачок. А нам поп на пропаведзі наадварот казаў.
Несцерка. Казаць ён казаў, а ў самога бруха – во! Трох гэткіх, як ты, трэба. Паглянь, а вунь і яшчэ адзін. Мала яму касцёла – і да ярмаркі дабраўся.
У гэты момант з’яўляецца Манах. Ён залазіць на калёсы, падымае рукі.
Манах. Браты! Браты, спыніцеся!
Усе здзіўлена глядзяць на Манаха.
Браты! Успомніце пра Бога! Успомніце пра душу. Праз уцехі зямныя не згубіце царства нябеснага. Грошы, што на рынку нажылі, вуголлем гарачым будуць гарэць у пекле пад катламі грэшнікаў.
Усе здзіўлена, у розных паставах, слухаюць Манаха.
Забудзем дарогу сюды. Збярэм нашыя грошы на касцёл – райскімі птушкамі будуць звінець яны ў садах эдэмавых. Па загаду самога папы Рымскага пачалі будоўлю новага касцёла Святога Пятра – не пашкадуйце на Божую справу!
Манах злазіць з калёсаў і з квартаю абыходзіць людзей. Чуваць галасы: «А што, і сапраўды, і пра душу падумаць трэба!»
Не пашкадуйце, на тым свеце ўсё залічыцца.
Многія кідаюць грошы ў кварту. Манах падыходзіць да Яцака-карчмара. Той бокам адыходзіць ад яго.
Не пашкадуй, сын мой, на Святога Пятра.
Яцак. Няма, няма ў мяне.
Несцерка. Га, пачакай, пачакай, як гэта – няма? З усіх цягнеш – і няма? Бач, бруха ненасытнае. Усё яму ў карчму як у прорву, а як Пятру дык фігу! (Б'е Яцака па кішэні, там звіняць грошы.) А гэта што? А ну, высыпай на Пятра.
Усе шумяць: «Правільна, правільна. Не ўсё ж у карчму, трэба і пра душу падумаць».
Ды не трасіся ты гэтак над грошмі. За поясам у цябе заўсёды чырвонец, я ж ведаю!
Тузае Яцака за пояс, сыплюцца грошы, людзі збіраюць іх у кварту Манаху. Яцак уцякае.
Манах(да Несцеркі). Дзякую, сын мой. Ведай, стараннасць твая не прападзе.
Несцерка. Яшчэ б, прапала. Але адным дзякуй не абыдзешся. (Забірае ў Манаха кварту з грашыма.) Ды тут два чырвонцы будзе, не менш. Людцы добрыя! I навошта Святому Пятру грошы? Яму ж ні падаткаў плаціць не трэба, ні дзетак карміць. I нядоімкаў у яго няма. А вось сябра мой – таксама Пятро, толькі зямны, гэткі ж бедалага, як і мы, – у астрог трапіць можа за нядоімку, а ў яго ж сем дзетак. Лепш аддадзім яму гэтыя грошы, а Пётр Святы пачакае.
Манах. Но-но! Ты хто такі, каб тут камандаваць?!
Несцерка. А ты хто такі?
Манах. Я ад самога папы Рымскага!
Несцерка. Папа далёка, хто цябе ведае, раптам ты не ад яго.
Манах. Як гэта не ад яго?! Вось і грамата, і пячаць!
Несцерка. Мы людзі непісьменныя, у граматах і пячацях не разумеем. Надта ж ты малады.
Манах. З пяці год я ў келлі. Дваццаць год вучыўся святой мудрасці.
Несцерка. Дык, значыць, ты манах вучоны?
Манах. Пісанне ведаю я з пачатку ў канец і з канца ў пачатак. I ўсе словы святых нашу ў душы сваёй.
На Манаха не зважаюць. Галасы: «А ты, Несцерка, шмат дзе пабываў. Дык раскажы нам, што там, на белым свеце, творыцца? Што новага?»
Несцерка. Ды ўсё па-старому. Куды ні пайдзі – усюды людзей многа, а паабедаць няма дзе. Гэтак і хаджу, часам з квасам, парою з вадою, а калі добрыя людзі накормяць – то і слава Богу.
Галасы: «А праўда, што ты і да яго самаго, да Бога, заходзіў!»
Чаму ж не зайсці, калі па дарозе? Заходзіў.
Галасы: «Дык раскажы, як ён там?»
У Бога спраў многа. Прыходжу гэта я – гляджу, аж, браточкі мае, – сядзіць наш Бог ля печкі, лапці пляце. «Госпадзі, – пытаю, – няўжо ў цябе ботаў няма?» «Ёсць, – кажа, – але новыя, ціснуць. А мне даўно трэба на зямлю схадзіць, праверыць, як там апосталы ўпраўляюцца. У лапцях, яно, ведаеш, лепей. Ды вось, – кажа, – ніяк да канца даплесці не магу. Ну, а што там у вас на зямлі? – пытае ў мяне. – Ці ў парадку правасуддзе, ці не забываеце сумленне, дабрадзейнасць?» «Усё ў парадку, – кажу. – Правасуддзе ў турме сядзіць, сумленне ахрыпла, дабрадзейнасць жабруе на дарозе – адным словам, кажу, – жывем пакрыху».
Галасы: «Малайчына! Бач, як закруціў! Малайчына!»
Ну, пагутарылі мы пра тое-сёе, да вечара амаль сплёў ён лапці – крышачку толькі засталося. А ноччу, братачкі мае, чую: нешта шамаціць – гляджу: аж гэта святы Пётр лапці пакрыху расплятае!
Галасы: «Вось табе і на! Чуе кошка, чыё мяса есць!»
Вось-вось! Так гэтыя лапці і плятуцца па сённяшні дзень.
Галасы: «Ты б параіў!»
Ат, свой грызіся – чужы не лезь. Не стаў я мяшацца ў гэтую блытаную справу. Прыхапіў боты ды ў ногі. А боты – якраз па назе прыйшліся. (Ставіць нагу ў боце на калёсы.)
Галасы: «Ай ды Несцерка! Малайчына! Не прамаргаў!»
Несцерка злазіць з калёсаў, абдымае Пятра.
Ну, пойдзем, браток.
Пётр(глядзіць на боты). Няўжо ад самога Бога боты?
Несцерка. Ад яго самога.
Пётр. Добрыя боты. Я свае ўжо год як прадаў. Ды з ботаў толку мала. Ты б лепш спытаў у Бога рубель неразменны…
Несцерка. Толку мала, а нагам усё ж прыемна. А рубель неразменны мне Бог даўно выдаў.
Пётр. Дзе ж ён?
Несцерка. Вось тут (пляскае сябе далонню па лбе). З гэткім рублём, браток, не прападзеш, яго і не згубіш, і злодзеі з кішэні не выцягнуць. I нядоімку з ім сабралі, га?
Уваходзяць стражнікі і Яцак.
Яцак(паказвае на Несцерку). Вось ён! У мяне ў карчме гэтую птушку і маляваў!
Стражнікі. Ага, папаўся! Будзе табе птушка заморская! (Хапаюць і выводзяць Несцерку.)
Пётр. Людзі, дапамажыце – добрага чалавека ў астрог пацягнулі!
Людзі разыходзяцца хто куды. Застаецца адзін Манах.
Манах. Добраму чалавеку толькі ў астрозе і месца!
Карціна трэцяя
Памяшканне ратушы. Стол, за сталом Бургамістр. Вокны выходзяць на плошчу. Уваходзіць Малання.
Малання. Дзень добры, пан бургамістр.
Бургамістр. Дзень добры, пані Малання! (Выбягае насустрач, садзіць яе ў крэсла. Малання дастае веер і пачынае абмахвацца.)
Малання. Да вас не прабіцца, кожнаму растлумач – навошта, ды яшчэ глядзяць, каб пятак выцыганіць.
Бургамістр. На тое яна ўлада, што не лёгка да яе трапіць, пані Малання. З якой гэткай патрэбай прыйшлі?
Малання. Даўно не бачыла пана бургамістра, засумавала.
Бургамістр. Жартуеце, жартуеце, пані Малання. Чуў, усё больш іншым сваю ўвагу аддаяце.
Малання. Дзе ж там іншым, усё вас ніяк з галавы выкінуць не магу.
Бургамістр. Няўжо?
Малання. Усё думаю, калі ж гэта пан бургамістр абяцанне сваё выканае?
Бургамістр(як бы не разумеючы). Якое абяцанне?
Малання. А паперу пра скасаванне шлюбу аформіць.
Бургамістр. Якую такую паперу?
Малання. А тую самую, што пісалі ў мяне.
Бургамістр. Штосьці не памятаю. (Бярэ з рук Маланні паперу.) Даўно не прыходзілася быць у пані Маланні, даўно ў госці не запрашала – не памятаю, дык жа яна і без пячаткі?
Малання. Вось па пячатку і прыйшла.
Бургамістр. А навошта пані Маланні гэтая папера спатрэбілася?
Малання. А надакучыла ў саламяных удовах хадзіць, папрокі слухаць, што гонар мужа не зберагаю, ды тырана свайго не чакаю – калі ён вернецца, каб здзекавацца з мяне.
Бургамістр. Гэта хто ж папракае пані Маланню – ды і за што ж гэта такое?
Малання. А за тое, што ў госці заходзяць.
Бургамістр. А хто ж гэта заходзіць?
Малання. А ваша светласць не прыпомніць?
Бургамістр. Гм-м, каму ж гэта быць? Калі я заглядваў, дык жа ціхенька, ціхенька. А вось калі хто на тройках пад’язджае, тут без шуму не абыдзешся…
Малання. Хто ж гэта такі на тройках пад’язджае?
Бургамістр. Вось не ведаю, не ведаю. Што людзі кажуць, то кажуць. Мо для гэтага госця і папера тая патрэбна?
Малання. Вы прыдумаеце, дык прыдумаеце. I прыйдзе ж гэткае ў галаву.
Бургамістр. Прыдумваць не трэба – людзі скажуць. Ва ўлады ўсюды і вуха, і вока. I ўчора, і трэцяга дня…
Малання. Дык вы што, сачыць за мною?!
Бургамістр. Не тое каб сачыць, у мяне свая карысць…
Малання. Што ж, пан бургамістр ад свайго абяцання адказваецца?
Бургамістр. Чаму ж адказваюся? Даўно было, запамятаваў. Каб крыху прыпомніць – хаця б увечары. А то ж незаконная папера – адказчыка ж няма.
Малання. А калі я прыпомню пану бургамістру, як гэтага адказчыка па фальшывых паперах у салдаты забралі?
Бургамістр. Навошта гэта?
Малання. А каб пан бургамістр успомніў, як такія паперы пішуцца.
Бургамістр. Гэта не абавязкова, гэта нікому не трэба.
Малання. А можа, каму і цікава, што ў вас тут робіцца?
Бургамістр. Не варта, не варта. Ці ж мы паміж сабою не паладзім?
Чуцен шум. Бургамістр прыслухоўваецца. Чуцен голас Брындзюкоўны: «Бургамістаршу! У горадзе! Не, здаецца, не ён, той у чалме быў!»
Эх, чорт, пані Малання, схавайцеся за шафу. На хвіліначку, на хвіліначку.
Малання хаваецца за шафу. У пакой уваходзяць стражнікі, Яцак, Несцерка, Брындзюкоўна.
Яцак. Ён, ён самы, у мяне ў карчме…
Брындзюкоўна. Не. Той у чалме быў.
Яцак. Ён, ён.
Бургамістр. Ціха! Ціха! Разбярэмся! А вы – марш у сені!
Яцак і стражнікі выходзяць.
Бургамістр(да Несцеркі). Хто такі?
Несцерка. Чалавек.
Бургамістр. Бачу, што не баран. Адкуль?
Несцерка. Прахожы.
Бургамістр. А пашпарт у цябе ёсць?
Несцерка. Няма, ваша светласць.
Бургамістр. Ага! Дзесьці я цябе бачыў. Дык як жа так? Чаму без дакумента?
Несцерка. Бог мяне з таго запечка на гэты свет без пашпарта выпусціў – гэтак і хаджу.
Бургамістр. А ты ведаеш, што бяспашпартнаму валацузе бывае? Які ты без пашпарта чалавек? Ведаеш, што я магу з табою зрабіць, калі ты без дакумента?!
Несцерка. А што са мною зробіш. Мужыка ніжэй, чым ёсць, не разжалуеш.
Бургамістр. Маўчаць! Ты з кім размаўляеш? Я тут – улада! А ты ведаеш, што гэта такое? (Выходзіць з-за стала і падносіць да носа Несцеркі кулак.) Астрогам пахне! Хто ў горадзе гаспадар? Мне і Пшэбыеўскі не ўказ! Перада мною ўсякі шапку здымае! Усякі дрыжыць перад уладаю! На тое і ўлада, каб баяцца. (Падымае палец угару.) Улада…
Брындзюкоўна ходзіць па пакоі і ў гэты момант бачыць за шафаю Маланню.
Брындзюкоўна. Ах ты, паганец, ах ты, казёл ненажэрны, ты ўжо ў ратушы з ёю круціш! Увесь горад ведае! Людзі ў вочы кажуць, паганец!
Кідаецца да мужа, той хаваецца пад стол. Брындзюкоўна б’е кіем па стале, налятае на Маланню, хоча яе ўдарыць кіем, але тая не даецца.
Ах ты, макрахвостка, мала, што да цябе палова горада ходзіць, дык ты і да майго?!
Малання. Бач, шалёная, з ланцуга, дурніца таўстапузая!
Брындзюкоўна. Сучка, сучка ты!
Малання. Ханыга рылатая!
Брындзюкоўна. Макрахвостка, вернецца Іван, ён цябе…
Несцерка хоча разняць жанчын.
Несцерка. Ціха, ціха, бабы, бач, не падзялілі. Ціха, гэй, ціха!
Несцерка становіцца паміж жанчынамі. Брындзюкоўна б’е кіем і трапляе яму па галаве ў той самы момант, калі ён паварочваецца да Маланні.
Несцерка падае.
А-а-а, забілі!
Абедзве жанчыны схіляюцца над ім, стукаюцца лбамі.
Малання(прыкладае пятак Несцерку да галавы). Бач ты, як трапіла, карова таўстамордая – напавал!
Брындзюкоўна. Вось бы цябе гэтак у лоб!
Малання. А вось табе – бачыла?
Паказвае фігу. Брындзюкоўна размахваецца, хоча ўдарыць, Несцерка падымаецца – і ўдар зноў дастаецца яму.
Несцерка. Заб’е – Далібог, заб’е – лепш ужо ў астрог!
Малання. Супакойся, чалавека заб’ем, мардавароціна! I як толькі мужа жывога яшчэ трымаеш?
Брындзюкоўна. А не твой клопат, не разявайся на чужое!
Малання. Патрэбен ён мне!
Брындзюкоўна. А не патрэбен, дык і нечага бегаць!
Несцерка. Ціха, ціха, бабы, ціха, гаспадынька.
Брындзюкоўна. А чаго гэтая макрахвостка лезе да чужога!
Несцерка. Ціха, гаспадынька, – дай слова сказаць. Не так сабе мы зайшлі – я вось да яе работнікам наняўся. Паперу трэба выправіць на гэта…
Брындзюкоўна. Ёй бы жарабца ў работнікі!
Малання. А цябе б самую замест валоў запрэгчы.
Брындзюкоўна. А ты…
Несцерка. Ціха, ціха, вось напіша пан бургамістр паперу – мы і пойдзем. Гэй, ваша светласць, вылазь!
Бургамістр. Не крычы! Тут я гаспадар! Дзе хачу, там і сяджу.
Малання(дастае свае паперы). Стаўце пячатку!
Бургамістр вылазіць, ставіць пячатку. Малання хоча забраць паперу, але ён не дае.
Бургамістр. Гэта яшчэ ў пісара запісаць трэба. I пошліну заплаціць. Прыходзьце заўтра.
Малання. Пішыце што трэба – колькі да вас хадзіць!
Бургамістр. Пойдзем, калі пісар на месцы – усё і аформім. (Да Несцеркі.) А цябе я дзесьці бачыў.
Бургамістр выходзіць разам з Маланняй.
Брындзюкоўна. Вось верціхвостка! Вось няшчасце на маю галаву, сораму – на ўвесь горад! Гэта ж падумаць – мяне, бургамістаршу, на гэтую верціхвостку памяняць!
Несцерка. Э-э, хто без граха. Чужая жонка мёдам мазана, а свая смалой.
Брындзюкоўна. Божа, замучылася. Раней, калі гандлявалі, як добра ўсё было – а як вылезлі ў гэтыя бургамістры – і пайшло, і паехала, і пакацілася!
Несцерка. Здараецца. Ад вялікага звання кроў пачынае кіпець. Але ёсць ад гэтага адзін сродак…
Брындзюкоўна. Які сродак? Што толькі я не рабіла – і травы варыла, і да шаптух хадзіла – які сродак, скажы, мілы чалавек?
Несцерка. Сродак верны. Але задатачак бы наперад…
Брындзюкоўна. Наперад толькі дзеўкі жэняцца. Калі дапаможа – не пашкадую грошай, век памятаць будзеш.
Несцерка. Ды я цябе і так не забуду (мацае галаву). Ну, добра, слухай. Уся бяда ад трох сівых валасін, што выраслі ў твайго мужа пад барадою. Трэба выразаць іх – і ні на каго, акрамя законнай жонкі, і не гляне.
Брындзюкоўна. А як жа гэта зрабіць?
Несцерка. Кухонным нажом. Навастрыць перад гэтым, і тры разы плюнуць на яго – інакш не атрымаецца. Ну, а мужа падпаі – каб не пачуў.
Брындзюкоўна. Ну, гэта ўжо не дурніца, сама ведаю. (Бягом бяжыць да дзвярэй.)
Несцерка. Гэй, куды так хутка? Вось праўда, ахвота горш няволі. (Мацае галаву.) У-у, як дала, а? Ну ды ладна – будзе і табе «сродак».