Текст книги "Крылаты рэвальвер (на белорусском языке)"
Автор книги: Рекс Стаут
Жанр:
Прочие детективы
сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 5 страниц)
Што датычыцца Крэймера i Стэбiнса, то ў iх быў дастатковы вопыт супрацоўнiцтва з Нiра Вулфам: каб разумець, што ёсць амаль усе падставы быць упэўненым – пер'е пасыплецца, толькi вось з каго, як i калi?
Што ж датычыцца Фрэда i Пегi, то нават пасля прыходу прадстаўнiкоў праваахоўных органаў яны, вiдаць, лiчылi, што Вулф збiраецца канчаткова зацвердзiць версiю аб самазабойстве Мiёна, азнаёмiўшы прысутных з сведчаннем Клары i паведамiўшы аб тым, што Фрэд расказаў нам, як рэвальвер перанёсся з бюста на падлогу – вiдаць, таму ў iх на тварах быў выраз адчаю i зацкаванасцi. Гэты раз яны адчувалi сябе нiбыта ў пастцы.
Вулф звярнуўся да iнспектара, якi сядзеў ззаду каля вялiкага глобуса:
– Калi вы не супраць, мiстэр Крэймер, перш я высветлю адно невялiкае пытанне, якое выходзiць за межы вашых iнтарэсаў.
Крэймер кiўнуў галавой i паправiў тырчаўшую з рота сiгару.
Вулф перавёў позiрк на iншых прысутных.
– Я ўпэўнены, вам будзе прыемна пачуць наступнае. Але трэба сказаць, што я прыйшоў да такой высновы не таму, каб спецыяльна парадаваць вас. Я вывучыў толькi сутнасць справы. Не кранаючы юрыдычнага статуса мiсiс Мiён, я лiчу, што маральна яна не мае падстаў для iску супраць мiстэра Джэймса. Як я сцвярджаў раней, мiсiс Мiён пагаджаецца з маёй думкай. Яна не прад'яўляе iску i не патрабуе кампенсацыi. Вы пацвярджаеце гэта ў прысутнасцi сведак, мiсiс Мiён?
– Безумоўна, – Пегi збiралася нешта дадаць, але ў самы апошнi момант спынiлася.
– Цудоўна! – ускочыла з крэсла Адэль Бослi. – Магу я патэлефанаваць з вашага тэлефона?
– Пазней, – асек як Вулф. – Сядайце, калi ласка.
– Мне здаецца, – заўважыў суддзя Арнольд, – што гэта можна было паведамiць нам i па тэлефоне. Я мусiў адмянiць важную сустрэчу. – Адвакатам цяжка дагадзiць.
– Даволi слушная заўвага, – пагадзiўся Вулф памяркоўным тонам, – калi б гэта было ўсё. Але застаецца пытанне, звязанае са смерцю Мiёна. Калi я...
– Якое яна мае да гэтага дачыненне?
– Якраз гэта я i збiраюся вам паведамiць. Безумоўна, гэта не старонняе пытанне, бо яго смерць была вынiкам, хоць i ўскосным, гвалтоўных дзеянняў з боку мiстэра Джэймса. Але сфера маiх iнтарэсаў не абмяжоўваецца толькi гэтым. Мiсiс Мiён звярнулася да маiх паслуг не толькi таму, каб вырашыць пытанне аб iску, прад'яўленым яе мужам мiстэру Джэймсу – гэтае пытанне ўжо закрыта, – але i таму, каб расследаваць справу аб смерцi мужа. Яна была ўпэўнена, што ён не скончыў самагубствам. I не магла паверыць, улiчваючы характар мiстэра Мiёна, што ён быў здольны на самагубства. Я правёў расследаванне i гатовы паведамiць ёй вынiкi.
– Навошта мы тут? – вiскнуў Руперт Тлушч.
– Мне патрэбен нехта адзiн. Патрэбен забойца.
– I ўсё ж менавiта мы не патрэбны, – сурова заўважыў Арнольд.
– Чорт! – раўкнуў Вулф. – Iдзiце! Усе, акрамя аднаго. Iдзiце.
Нiхто не зварухнуўся.
Вулф пачакаў пяць секунд.
– Ну, тады будзем працягваць, – суха прамовiў ён. – Як я ўжо казаў, я гатовы паведамiць вынiкi, але расследаванне пакуль не завершана. Для высвятлення адной вельмi важнай дэталi патрэбна афiцыйная санкцыя, i таму тут прысутнiчае iнспектар Крэймер. Адначасова спатрэбiцца садзейнiчанне з боку мiсiс Мiён, акрамя таго, лiчу мэтазгодным атрымаць кансультацыю ад доктара Лойда, бо менавiта ён падпiсаў пасведчанне аб смерцi. – Вулф перавёў позiрк на Пегi. – Пачнём з вас, мадам. Вы дадзiцё згоду на эксгумацыю цела вашага мужа?
– Навошта? – спытала мiсiс Мiён, здзiўлена глянуўшы на Вулфа.
– Каб атрымаць доказы таго, што яго забiлi, i высветлiць, хто быў забойца. I на гэта ёсць даволi важкiя падставы.
– Так. Мне ўсё роўна, – сказала Пегi ўжо без здзiўлення ў голасе. Яна падумала, што ён сказаў гэта проста так.
Вулф перавёў позiрк улева.
– Вы не супраць, доктар Лойд?
Лойд разгубiўся.
– Не ведаю, – паволi i выразна адказаў ён, – куды вы хiлiце, але як бы там нi было, ад мяне нiчога не залежыць, я проста выпiсаў пасведчанне.
– Значыць, вы не будзеце супраць. Мiстэр Крэймер, падстава для просьбы аб афiцыйнай санкцыi з'явiцца праз момант, але павiнен вам сказаць, што абследаванне i даклад павiнен зрабiць доктар Абрахам Рэнтнер са шпiталя "Гара Сiнай".
– Эксгумацыя не праводзiцца толькi таму, што вам гэта цiкава, – прабурчаў Крэймер.
– Вядома. Але справа не ў маёй асабiстай цiкаўнасцi. – Вулф абвёў позiркам прысутных. – Усе вы, я лiчу, ведаеце, што адна з асноўных прычын, i, вiдаць, нават галоўная, што легла ў аснову заключэння палiцыi наконт таго, што Мiён скончыў самагубствам, былi абставiны надыходу смерцi. Безумоўна, неабходнай была наяўнасць i iншых дэталяў – напрыклад, прысутнасць рэвальвера каля цела, – i ўсе гэтыя дэталi аказалiся адпаведнымi. Але вырашальным фактарам было тое меркаванне, што чалавека нельга забiць, засунуўшы яму ў рот дула i нацiснуўшы на курок, не пазбавiўшы перш прытомнасцi, а нiякiх прыкмет таго, што быў нанесены ўдар цi ўжывалiся лекавыя прэпараты – не было. Такое меркаванне звычайна аказваецца абгрунтаваным, але менавiта гэты выпадак аказаўся выключэннем. Гэта мне прыйшло ў галаву адразу пасля таго, як мiсiс Мiён першы раз прыйшла да мяне па кансультацыю. Паколькi там прысутнiчала... але я прадэманструю вам гэта шляхам простага эксперыменту. Арчы, дайце мне рэвальвер.
Я выцягнуў трэцюю шуфляду стала i ўзяў адтуль рэвальвер.
– Зараджаны?
– Не, сэр, – адказаў я, шчоўкнуўшы затворам.
Вулф зноў звярнуўся да прысутных.
– Думаю – вось вы, мiстэр Джэймс. Як оперны спявак вы павiнны ўмець выконваць аўтарскiя рэмаркi. Устаньце, калi ласка. Справа сур'ёзная, так што рабiце ўсё належным чынам. Вы – пацыент, у якога балiць горла, а мiстэр Гудвiн – ваш доктар. Ён папросiць вас адкрыць рот, каб мець магчымасць агледзець горла. Вы павiнны зрабiць тое, што на самай справе зрабiлi б у такiх абставiнах. Калi ласка.
– Але ж гэта i так ясна, – сказаў з пахмурным выглядам Джэймс, падымаючыся з крэсла. – Лiчу, што няма нiякай патрэбы.
– Тым не меней зрабiце мне ласку. Тут ёсць адна дэталь. Пастарайцеся зрабiць гэта як мага натуральней.
– Так.
– Добра. А вы ўсе назiрайце за тварам мiстэра Джэймса. Уважлiва. Пачынайце, Арчы.
Паклаўшы рэвальвер у кiшэню, я падышоў да Джэймса i загадаў яму шырока адкрыць рот. Той павiнаваўся. На нейкi час, калi я пачаў аглядаць горла, яго вочы сустрэлiся з маiмi, а потым закацiлiся. Не спяшаючыся, я ўзяў з кiшэнi рэвальвер i ўставiў у рот Джэймса, сунуўшы дула да самага паднябення. Джэймс таргануўся назад i асеў у крэсла.
– Вы бачылi рэвальвер? – спытаў Вулф.
– Не. Мае вочы былi скiраваны ўгору.
– Вось так, – Вулф зiрнуў на iншых прысутных. – Вы бачылi, як у яго вочы закацiлiся? Так здараецца заўсёды. Калi-небудзь паспрабуйце праверыць на сабе. Я паспрабаваў у сваёй спальнi ў нядзелю вечарам. Так што нельга сказаць, што зусiм немагчыма забiць чалавека вось такiм чынам. Гэта нават не цяжка, калi вы яго доктар i ў яго штосьцi не ў парадку з горлам. Вы згодны, доктар Лойд?
Доктар Лойд не далучыўся, як iншыя, да ўдзелу ў эксперыменце i нават не зiрнуў на Джэймса. Твар яго заставаўся каменным. Толькi ледзь прыкметна дрыжэў падбародак.
Доктар прыклаў усе намаганнi, каб усмiхнуцца.
– Дэманстрацыя магчымасцi здарэння, – сказаў ён даволi мiлагучным голасам, – гэта не доказ, што яно адбылося.
– Сапраўды, гэта не доказ, – пагадзiўся Вулф. – Хоць нам i вядомы некаторыя факты. У вас няма пераканаўчага алiбi. Мiён пусцiў бы вас у сваю студыю ў любы час без нiякiх пытанняў. Вы маглi з лёгкасцю ўзяць рэвальвер з падстаўкi бюста Каруза i непрыкметна сунуць у кiшэню. Вам, як нiкому iншаму, у адказ на просьбу ён бы шырока раскрыў рот, як бы тым самым павiнуючыся прыгавору лёсу. Яго забiлi неўзабаве пасля таго, як вы былi вымушаны дамовiцца наконт прыёму з доктарам Рэнтнерам, каб той агледзеў мiстэра Мiёна. Нам вядомы адпаведныя факты, цi не так?
– Яны нiчога не даказваюць, – не здаваўся доктар Лойд.
Яго голас быў ужо не такi мiлагучны. Ён устаў з крэсла. Здавалася, яго цела выйшла з-пад кантролю, пэўна, ён проста не мог больш сядзець у крэсле, i яго мускулы дзейнiчалi самi па сабе. Тым самым ён зрабiў памылку, бо, як толькi ўстаў, адразу ўвесь закалацiўся.
– Але яны дапамогуць, – адказаў яму Вулф, – калi мы атрымаем яшчэ адзiн факт, i мне здаецца, што нам гэта ўдасца, бо з чаго б вам так калацiцца? У чым была справа, доктар? Якая-небудзь недарэчная памылка? Вы што, напартачылi ў час аперацыi i навечна загубiлi яго голас? Думаю, што атрымалася менавiта так, паколькi пагроза вашай рэпутацыi i кар'еры была настолькi сур'ёзная, што вы мусiлi пайсцi на забойства. Як бы там нi было, хутка мы аб гэтым даведаемся, калi доктар Рэнтнер правядзе абследаванне i падрыхтуе даклад. Я не спадзяюся, што вы прадставiце...
– Нiякай памылкi не было! – завiшчаў Лойд. – Такое магло здарыцца з кожным...
Тым самым ён сапраўды зрабiў памылку. Думаю, што ён канчаткова страцiў розум, пачуўшы свой голас i зразумеўшы, што перайшоў на iстэрычны вiск i больш не валодае сабой.
Доктар кiнуўся да дзвярэй.
Я пабег услед за iм, збiў з ног суддзю Арнольда, i дарэмна, бо, пакуль я дабег да дзвярэй, доктара Лойда ўжо трымаў за каўнер Перлi Стэбiнс, там жа быў i Крэймер.
Пачуўшы ззаду нейкi шум, я азiрнуўся i ўбачыў: як Клара Джэймс з лямантам кiнулася да Пегi Мiён, выкрыкваючы нешта такое, што я не мог разабраць, але бацька i Адэль Бослi спынiлi яе i пачалi супакойваць. Суддзя Арнольд з Рупертам Тлушчам з iмпэтам хвалiлi Вулфа за тое, што ў яго ўсё так цудоўна атрымалася. Пегi, вiдаць, румзала, бо плечы яе калацiлiся, але твару яе я не бачыў, бо яна ўваткнулася iм у плячо Фрэда, i той моцна абдымаў яе.
Паколькi мяне нiхто не шукаў i нiкому я не быў патрэбны, я пайшоў у кухню, каб выпiць шклянку малака.
Пераклад: Уладзiмiр Шчасны