355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Автор Неизвестен » Лагодны цмок (Ангельскiя лiтаратурныя казкi) (на белорусском языке) » Текст книги (страница 4)
Лагодны цмок (Ангельскiя лiтаратурныя казкi) (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 21 сентября 2016, 16:03

Текст книги "Лагодны цмок (Ангельскiя лiтаратурныя казкi) (на белорусском языке)"


Автор книги: Автор Неизвестен



сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 5 страниц)

Але большасць была спакойная з iншае прычыны. Цмокi, як землятрусы цi каметы, – з'ява ўвогуле рэдкая. Таму знаўцы тэорыi iмавернасцей хоць i прызнавалi, што ведаюць пра iх няшмат, але выказвалi ўпэўненасць, што таму, хто ўжо аднойчы ў жыццi цмока бачыў, другi раз гэта не пагражае.

А некаторыя iшлi яшчэ далей i казалi, што цяпер, як нiколi раней, iх краiна абароненая ад цмокавых вiзiтаў. Iначай кажучы, краiна ўжо свайго цмока перажыла.

Праз паўтары гады цмок ужо здаваўся плёнам чыстай фантазii, i ўсе прыгадвалi яго толькi з усмешкай. Падчас святаў ды кiрмашоў людзi рабiлi цмачынае чучала, цягалi яго па вулiцах i разыгрывалi розныя смешныя сцэнкi. А газетчыкi, калi пiсалi ў сваiх артыкулах пра якую-небудзь уяўную, на iх погляд, небяспеку, вобразна называлi яе "цмокам прынцэсы Гэрмiёны".

Сустракалiся, праўда, i тыя, хто ставiўся да цмока вельмi сур'ёзна (хоць такiх было зусiм няшмат), усе яны дагэтуль дзякавалi Богу, што цмок не крануў нi iх, нi iхнiх сваякоў, нi крэўных. Тым часам будавалiся новыя фабрыкi i заводы, справы ў краiне iшлi добра, i яна квiтнела i багацела штодня.

Час жалобы мiнуўся, i нарэшце прынцэсе Гэрмiёне быў абраны новы жанiх.

Ён паходзiў з не менш славутага каралеўскага роду, чым першы (газеты пiсалi, што нават з яшчэ больш славутага). I яму рыхтавалi яшчэ болей урачыстую сустрэчу. Але гэтым разам усё павiнна было адбывацца паводле зусiм iншага сцэнарыя, каб нi ў кога не ўзнiкла згадак пра мiнулы прыём.

Адным з новаўвядзенняў быў узвод кулямётчыкаў, узброеных кулямётамi новай мадэлi. Кулямётчыкам выдалi безлiч набояў, што праўда, халастых, i ўзвод павiнен быў стаяць непадалёк ад месца, з якога мiнулы раз цмок вылез са скалы. Як вядома, першы жанiх, убачыўшы смяротную небяспеку, паспеў крыкнуць толькi нешта накшталт: "Дарагая Гэрмiёна!" – адным гэтым паспеўшы засведчыць прынцэсе сваю любоў i адданасць. Часу сказаць што-небудзь яшчэ ў яго не хапiла, i нiхто не мог дакладна прыгадаць нават гэтыя ягоныя словы. Таму новы жанiх прапанаваў, што ён укленчыць на першых прыступках лесвiцы, якая вядзе да замка, i скажа невялiчкую прамову – што-небудзь накшталт напалову малiтвы, напалову клятвы ў каханнi.

I вось дзень вяселля настаў. Падзiвiцца на гэтае вiдовiшча сабраўся вялiкi натоўп. Усе былi ў цудоўным настроi, бо прыйшлi, каб зрабiцца сведкамi падвойнага свята: па-першае, вяселля iх улюбёнай прынцэсы, а па-другое, яе вызвалення ад цмока. Салют халастымi з кулямётаў змешваўся з гукамi ваеннага марша, што даводзiла гледачоў да экстазу. Калi ж шчаслiвы абранец укленчыў, каб красамоўна выказаць Гэрмiёне свае пачуццi, запанавала мёртвая цiшыня. Ледзь толькi няшчасны прынц вымавiў апошнiя словы, як скала задрыжала, пачуўся жудасны рык, i... небарака ўзляцеў у паветра, зацiснуты ў страшнай цмачынай пашчы. Трымаючы сваю ахвяру ў зубах, цмок iмгненна схаваўся ў скале.

Натоўп быў ахоплены жахам. I яшчэ ўвесь наступны тыдзень у каралеўстве панаваў страх. Рабiлiся шалёныя спробы растлумачыць няшчасце шкоднiцтвам той цi iншай асобы, некампетэнтнасцю кiраўнiцтва дзяржавы. Шмат нi ў чым не вiнаватых людзей загiнула ад рук ашалелага натоўпу. Патаемна крытыкавалi нават караля.

Адну толькi прынцэсу нiхто не вiнавацiў. Як i мiнулым разам, у момант трагедыi яна была недзе адна, але нiхто не ведаў дзе. А калi неўзабаве Гэрмiёну, якая была амаль у непрытомнасцi, знайшлi ў сябе ў пакоi, усе былi ўражаныя яе вытрымкай: ужо праз некалькi хвiлiн яна села за стол i сваёю рукой напiсала некалькi суцяшальных словаў чалавеку, якi ледзь не зрабiўся яе свёкрам. Гэты лiст быў надрукаваны ў газетах, i, чытаючы яго, нiхто не змог застацца абыякавым, а шмат хто змахнуў слязу. Прынцэса называла сябе сама мiзэрнай i няшчаснай кабетай у свеце, бо прынесла смерць двум вартым павагi й захаплення рыцарам (прычым другi нават болей варты, чым першы). А ў канцы лiста яна дадавала, што, вiдаць, адзiнае выйсце, якое засталося цяпер гаротнай дзяўчыне – назаўжды схавацца за кляштарнымi мурамi. Гэтая заява выклiкала буру пратэсту. З усiх куткоў краiны пасыпалiся лiсты, падданыя малiлi прынцэсу перамянiць сваё рашэнне. Каб дастаўляць гэтыя лiсты, давялося пусцiць дадаткова дзесяткi паштовых цягнiкоў.

Нiякiх перабояў з прэтэндэнтамi на прынцэсiну руку не было – наадварот, iх колькасць значна павялiчылася. Прынцэсiна слава расла разам з яе няшчасцем. Яшчэ нiколi Гэрмiёна не была такой папулярнай.

Народ моцна парадавала заява вайсковых экспертаў, якiя запэўнiвалi, што трагiчны выпадак не паўтарыўся б, каб кулямётчыкi былi ўзброеныя сапраўднымi, а не халастымi набоямi. "Пару добрых кулямётных чэргаў, – казалi яны, – i не будзе пра што турбавацца!" Народ з радасцю iм паверыў.

Сапраўды, трэба, каб падрыхтоўка да прынцэсiнага вяселля цалкам вялася вайскоўцамi!

Галоўнакамандуючы аддаў загад наступным разам нiкога з пабочных асобаў на ўрачыстую цырымонiю вянчання не дапускаць. Ён вырашыў, што хоць цмокавы днi ўжо i злiчаныя, але лепей з iм усё ж не жартаваць. Эскорт новага жанiха (а жанiх ужо быў абраны) павiнен быў складацца выключна з прафесiйных вайскоўцаў, вымуштраваных i добра ўзброеных.

I вось вайскоўцы выступiлi па дарозе да замка на зыходныя пазiцыi. Сонца зiхацела на тысячах iх сталёвых шаломаў. Выгляд у iх быў непераможны!

Але – на жаль! – ледзь толькi прынц прамовiў словы кахання, як скала расшчапiлася i з'явiўся цмок. Сустрэча яму была падрыхтаваная вельмi цёплая: дзесяць тысяч вiнтовачных куль i залпы кулямётнага агню вылецелi яму насустрач! Але жорсткiя цмокавы вочы нават не мiргнулi. Ён быў пазбаўлены толькi аднае радасцi: калi ён схапiў прынца, агонь не сцiх, i прынц, пакуль цмок цягнуў яго ў сваё логвiшча, быў увесь прадзiраўлены кулямi. Прынца забiў уласны эскорт, хоць у разлiкi вайсковых экспертаў гэта, вiдаць, не ўваходзiла.

Каралеўскiя хронiкi наступных двух гадоў поўныя суму. Любы гiсторык з радасцю прапусцiў бы гэтыя жахлiвыя старонкi з жыцця краiны.

Запасы прынцаў – прэтэндэнтаў на прынцэсiну руку – усё ж не былi невычэрпныя i маглi ўрэшце скончыцца. Таму было вырашана прымаць прапановы ад рыцараў, якiя мелi шляхетнае паходжанне, але былi больш знакамiтыя сваiмi баявымi подзвiгамi, чым рангам.

Сем ддзён найлепшых рыцараў адзiн за адным павiнны былi выклiкаць цмока на смяротную бойку. Усе спадзявалiся, што калi цмок i пратрымаецца ўсе гэтыя сем дзён запар, дык, прынамсi, ужо стомiцца i на восьмы дзень будзе няздольны супрацьстаяць прынцу блакiтных крывей, якi, па чутках, асаблiвай удаласцю не вылучаўся.

Але... цмок зусiм не стамiўся, а наадварот – практыка пайшла яму на карысць, i ён расправiўся з прынцам гэтак жа лёгка, як i з сямю яго папярэднiкамi.

На гэтым скончыўся першы этап. Шляхетная кроў лiлася галонамi, але ўсё яшчэ знаходзiлiся рыцары, якiя прагнулi выпрабаваць лёс. Потым пачаўся ажыятаж, часткова заснаваны на дэмакратычным руху ў краiне, а часткова на пачуццях, якiя былi ў кожнага мужчыны (вартага так называцца) да прынцэсы Гэрмiёны. Чаму гонар вызвалiць прынцэсу належыць толькi прывiлеяванаму класу?! Кароль пагадзiўся, што гэта несправядлiва, i народ выставiў свайго кандыдата дужага, суровага каваля.

Пра шлюб каваля ды прынцэсы i гаворкi, вядома, не было. Каваль нават не марыў пра гэта. Стоячы каля прыступак, што вялi ў палац, разам са сваiмi вернымi сябрамi, якiя, рызыкуючы сабою, прыйшлi падтрымаць яго (бо гледачоў на той час ужо не дапускалi), каваль з радасцю сказаў бы некалькi словаў – калi не кахання, дык хоць нянавiсцi да цмока. Але яму было забаронена што-небудзь казаць, i, вiдаць, менавiта гэта захавала яму жыццё, бо цмок каваля не ўшанаваў – не выйшаў.

Цмокаў гнеў i прага крывi былi скiраваныя выключна на тых, хто па-сапраўднаму кахаў прынцэсу i мог, прынамсi тэарэтычна, пабрацца з ёй шлюбам. Цмок не быў ворагам людзей, ён быў асабiстым ворагам прынцэсы.

Як толькi гэта зразумелi, было нарэшце прынятае адзiнае разумнае рашэнне. Кароль – што праўда, насуперак сваёй волi – вымушаны быў даць згоду, i герольды абвясцiлi, што любы, хто заб'е цмока, возьме шлюб з прынцэсаю i атрымае палову каралеўства ў дадатак.

Падданыя зноў уздыхнулi з палёгкай. I чаму толькi нiхто раней не дадумаўся да такога простага рашэння? Надзея лунала ў паветры; публiку зноў дапусцiлi да вiдовiшча; бойкi адбывалiся штодня, i, хоць канец у кожнай быў аднолькавы, газетчыкi заўсёды знаходзiлi нешта падбадзёрвальнае: то цмок згубiў зуб, напрыклад, то на яго чорных грудзях з'явiлася нейкая шэрая пляма, то ён спазнiўся на некалькi секунд цi растаўсцеў ад добрага жыцця, а то нават усмiхнуўся i выглядаў амаль добразычлiва. Небаракам-героям таксама знаходзiлася некалькi прыемных словаў, i асаблiвая ўвага надавалася iх красамоўным прамовам, прысвечаным прынцэсе. Толькi паводле прамоваў i можна было параўнаць спаборнiкаў памiж сабой, бо iх дыялогi з цмокам нiчым не рознiлiся. Цмоку вельмi не даспадобы былi камплiменты, якiмi асыпалi прынцэсу. Чым болей гарачыя былi словы кахання, тым жудаснейшы быў канец.

Леа, Конрадаў брат, быў адзiн з першых валанцёраў i загiнуў па-геройску. Конрад вельмi сумаваў па сваiм энергiчным, нецярплiвым браце. Хiба маглi бацькi падумаць, што цмок, якi спачатку падаваўся такiм жа далёкiм, як кароль i прынцэса, знойдзе сабе ахвяру ў iх доме. Але яны ганарылiся сваiм сынам, гэта iх падтрымлiвала i памяншала боль. Конрад штодня занепадаў духам. Ён вельмi баяўся, што i Рудольфу, яго ўлюбёнаму брату, можа прыйсцi ў галаву думка выклiкаць цмока на бойку. Праўда, Рудольф быў не такi гарачы, як Леа, i апроч таго ён быў заручаны з адной мiлай дзяўчынай. А жанатым мужчынам было забаронена бiцца з цмокам, хоць, вядома, знаходзiлiся такiя, хто хаваў, што жанаты, i памiраў потым ад цмокавых зубоў смерцю халасцяка.

Конрад карыстаўся любою нагодай, каб пахвалiць Шарлоту, Рудольфаву нарачоную. Увесь час ён малiў Рудольфа хутчэй ажанiцца з ёю. Хвалюючыся за брата, Конрад аднойчы адважыўся нават сказаць, што Шарлота падаецца яму нават прыгажэйшай i чароўнейшай за прынцэсу. Рудольф загадаў яму змоўкнуць. калi ён не хоча, каб яго пабiлi.

– Я нiчога не кажу, прынцэса вельмi прыгожая, – не здаваўся Конрад, – але яна бялявая, а ты заўсёды казаў, што табе падабаюцца толькi брунеткi. А якiя чароўныя валасы ў Шарлоты! Чорныя, як крылы ў крумкача! Калi ласка, паабяцай, што пабярэшся з Шарлотай гэтым месяцам.

– Як я магу? – адказаў Рудольф. – У мяне няма нi грошай, нi дома. Куды я прывяду жонку?

Конрад ведаў, што гэта не зусiм так. Хоць Рудольф i лiчыўся за весялуна i зуха, але трацiў ён няшмат, i сякiя-такiя грошы ў яго вялiся. А сам Конрад, хоць зарабляў не шмат, але зусiм нiчога не трацiў.

– Калi ты паабяцаеш згуляць вяселле праз два тыднi, – малiў ён, – я аддам табе ўсе мае грошы i не пайду ва ўнiверсiтэт, а застануся лесарубам.

Уявiце сабе, як цяжка было беднаму хлопцу зрабiць такую прапанову. Але Рудольф толькi пасмяяўся.

– Трымай свае грошы, даражэнькi Конрад, яны спатрэбяцца, калi прыйдзе твая чарга бiцца з цмокам.

Такi адказ Конрада зусiм не абнадзеiў, i ён пачаў думаць, якiм iншым чынам уратаваць брата. Кароль абяцаў засыпаць золатам таго, хто прыдумае, як пазбавiцца ад цмока. Старыя бабкi, калекi i адданыя мужы дасылалi розныя прапановы. Напрыклад, дазволiць якому прэтэндэнту на прынцэсiну руку пранiкнуць у палац крадком, – прапанова не прайшла, бо нават калi ён i здолее прайсцi ў палац, дык цмок усё роўна застанецца жывы i здаровы. Прапаноўвалi змянiць каралеўскага чарадзея на якога iншага, больш кампетэнтнага. На гэта мiнiстр унутраных спраў адказаў, што на перавозе коней не мяняюць, што каралеўскi чарадзей мае сусветную вядомасць, што нiхто не ведае замка лепей чым ён, i, сама галоўнае, што чарадзей – адзiны прынцэсiн сябар, i было б вельмi жорстка пакiнуць яе без яго падтрымкi i парады.

Адзiн разумнiк (вiдаць, незадаволены ўладамi) нават дазволiў сабе заўвагу, што калi нiчога не зменiцца, дык прынцэса так i застанецца ў дзеўках. Газеты паднялi яго на смех, i ён згубiў працу.

"Каб толькi я мог прабрацца ў палац, – марыў Конрад, – можа, я там што-небудзь бы прыдумаў. Трэба напiсаць прынцэсе лiст, але вельмi тактоўна".

Ён пачаў пiсаць лiст, але асадка не слухалася яго. Яна нiбыта мела сваю волю, якая змагалася з ягонай. Замест каштоўных прапаноў на паперы з'яўлялiся куртатыя фразы кшталту "маё жыццё ў вашай уладзе", "нельга жадаць лепшай смерцi"... Стамiўшыся, ён дазволiў асадцы пiсаць самой. Калi лiст быў гатовы, ён з жахам убачыў, што з-пад яго пяра выйшла невялiчкае прызнанне ў каханнi да прынцэсы, падобнае да тых, што амаль штодня змяшчалi газеты ў калонцы гiстарычнай хронiкi (якая не надта адрознiвалася ад некралогаў). Конрад адкiнуў паперку i пачаў пiсаць зноў. Гэтым разам справа пайшла лепей. Ён паставiў подпiс, надпiсаў на агортцы: "Прынцэсе Гэрмiёне" – i занёс лiст на пошту. Хлопец ведаў, што прынцэса атрымае ягоны лiст толькi праз некалькi дзён, а то i тыдняў, бо ёй дасылаюць вельмi шмат лiстоў...

Калi Конрад вярнуўся дадому, ён знайшоў у сваiм пакоi Рудольфа, якi стаяў каля стала i нешта трымаў у руцэ.

– Ха-ха-ха! – засмяяўся ён. – Я цябе раскусiў!

Конрад не зразумеў, што той мае на ўвазе.

– Ага, – сказаў Рудольф, хаваючы рукi за спiнай, – дык ты мне хлусiў. Ты сам закахаўся ў прынцэсу. Ты ўгаворваў мяне не бiцца з цмокам, бо сам хочаш яго забiць i здабыць сабе славу!

Рудольф смяяўся, а напалоханы Конрад закрычаў:

– Не, ты нiчога не разумееш!

– Ану, паслухай, – сказаў Рудольф i пачаў чытаць Конрадава прызнанне ў каханнi. Спачатку кплiва, потым больш сур'ёзна, а скончыў са слязьмi ў вачах, голасам, якi дрыжаў ад пачуццяў, што захапiлi яго.

Хвiлiну абодва маўчалi. Конрад працягнуў руку, каб забраць паперку, але Рудольф не аддаў яе.

– Аддай, – папрасiў Конрад.

– А навошта яна табе? – запытаў брат.

– Я хачу яе спалiць! – закрычаў Конрад.

– Не, – усмiхнуўся Рудольф i цiхенька адштурхнуў Конрада. – Няхай пабудзе ў мяне, можа, калi прыдасца, хто ведае?!

Ён выйшаў, забраўшы паперку з сабой. Конрад гатовы быў памерцi, бо зразумеў, што зрабiў дурасць.

Ён меў рацыю. Праз два днi Рудольф, памiж iншым, паведамiў, што прапанаваў сябе за прэтэндэнта на прывiлей вызвалiць прынцэсу Гэрмiёну з-пад цмокавай улады i што ягоная прапанова была прынятая.

– Бойка адбудзецца ў аўторак, – весела аб'явiў ён, – бедны стары цмок!

Мацi загаласiла. Бацька моўчкi выйшаў з хаты i не вяртаўся больш за гадзiну. Конрад сядзеў, утаропiўшыся вачыма ў сцяну, i нiчога вакол сябе не бачыў. Нарэшце ён запытаў:

– А як жа Шарлота?

– Ну, – легкадумна адказаў Рудольф, – яна рада, што я пайду. Яна ўсё разумее i сама вельмi шкадуе прынцэсу. "Я ведала, што ты захочаш бiцца з цмокам, – сказала яна мне. – Я буду чакаць цябе".

– I гэта ўсё? – не паверыў Конрад.

– Яна мяне блаславiла.

Конрад задумаўся, потым запытаў:

– А ты прызнаўся ёй, што кахаеш прынцэсу?

Рудольфу зрабiлася няёмка:

– Як бы я ёй такое сказаў? Гэта было б не надта прыгожа. Ну i потым, я ж не па-сапраўднаму кахаю прынцэсу. Проста тое прызнанне, што ты напiсаў, прымусiла мяне адчуць, нiбыта я яе кахаю. (Конрад згодна кiўнуў.) Я паспрабую кахаць яе, пакуль будзе iсцi бойка. Калi цмок не паверыць мне, дык не выйдзе, i я згублю свой шанец. Але, – дадаў ён павесялеўшы, – я прачытаю тваё прызнанне, i гэта падмане цмока.

– А потым?

– Потым я вярнуся i ажанюся з Шарлотай. Яна мне верыць i ўсё разумее. А ты падаруеш нам крыху сваiх грошай, усе я не вазьму, бо я ж не хцiвы.

Ён выйшаў пасвiстваючы. Конрад самлеў ад жаху.

Каралеўскi палац, якi шмат вякоў таму быў пабудаваны на скале, з трох бакоў абкружанай глыбокiмi прорвамi, заўсёды лiчыўся непрыступным. Казалi, што ў самой скале было выбiта больш пакояў, чым пабудавана з каменю на скале. У познiя часы архiтэктары ўпрыгожвалi толькi знешнi выгляд палаца – дадавалi элегантныя вежкi ды балкончыкi.

Улюбёным прынцэсiным месцам у палацы быў пакой, так глыбока схаваны ў тоўшчы скалы, што сонечнае святло трапляла туды толькi пры дапамозе складанай сiстэмы люстраў. Немагчыма было здагадацца, якая пара года на двары, бо цэлы год у камiне гарэў агонь. Уваход у гэты пакой быў толькi адзiн – па стромкай вузкай лесвiцы, але, па чутках, выхадаў з яго было некалькi: цёмныя, нiзкiя праходы, якiя, напэўна, вялi да патаемных сховiшчаў у скале. Стагоддзямi нiхто iмi не карыстаўся i не цiкавiўся, але прынцэса захаплялася ўсiм таямнiчым i ведала праходы як свае пяць пальцаў. Часам яна нават палохала бацькоў – раптам узнiкала перад iмi нiбыта з паветра.

Гэрмiёна сядзела ў глыбокiм фатэлi ля камiна i гартала нейкiя паперы. Прачытаць iх яна не магла, бо не хапала святла. Раптам на паперы ўпаў нечы цень. Прынцэса падняла вочы. Перад ёю стаяў чалавек. Як ён тут апынуўся, яна ведала не больш за нас з вамi, але зусiм не здзiвiлася i не напалохалася.

– Ну што, – сказаў чарадзей (безумоўна, гэта быў ён), – ты ўсё яшчэ незадаволеная?

– Учора, прынамсi, усё прайшло цудоўна, – прашаптала прынцэса.

– Ты прачытаеш мне, што ён сказаў? – папрасiў чарадзей.

– Дай святла, – загадала прынцэса.

У тую ж хвiлiну пакой напоўнiўся залацiстым святлом. Гэрмiёна гартала паперы.

– Рудольф, Рудольф, – мармытала яна. – А, вось i ён. Табе сапраўды цiкава, што сказаў гэты небарака?

– Тое ж, што i iншыя?

– А што ж яшчэ? Але гэта асаблiва ўдалы экземпляр, – хоць прынцэса й намагалася, каб яе голас гучаў абыякава, было вiдаць, што яна вельмi задаволеная.

Яе цень, якi нiбыта жыў сваiм уласным жыццём, закалыхаўся, зморшчыўся i зрабiўся меней прыгожым. Прынцэса павярнула галаву i заўважыла гэта.

– Зноў гэты цень за сваё, – раздражнёна сказала Гэрмiёна i загадала чарадзею: – Прыбяры яго!

Цень знiк.

Прынцэса ўтульней уладкавалася ў фатэлi i чароўным голасам, але iмiтуючы вясковае вымаўленне, пачала чытаць:

"Мiласцiвая Прынцэса!

Ва ўсе часы людзi шкадавалi мiнулае i баялiся будучынi, але нiколi яшчэ гэта не было так слушна, як цяпер. Бо ў мiнулым не было Прынцэсы Гэрмiёны; у далёкай будучынi, мiлы анёл (дай табе Бог жыць вечна), не будзе прынцэсы Гэрмiёны – не будзе дзеля каго жыць, не будзе дзеля каго гiнуць. Таму я кажу: няшчаснае ўчора, горкае заўтра! Я бласлаўляю сённяшнi дзень, бласлаўляю гэтыя чароўныя хвiлiны, калi жыццё i смерць злiлiся ў адно, каб саслужыць табе апошнюю службу, каб праспяваць апошнюю песню!"

Прынцэса змоўкла, потым запытала звычайным голасам:

– Хiба ён не заслужыў, каб яго з'елi?

– Заслужыў, Ваша высокасць, яшчэ й як!

– А цяпер, – зноў загаварыла прынцэса, i яе голас загучаў жыва i ўсхвалявана, – я хачу прачытаць табе нешта зусiм iншага кшталту. Нiчога падобнага я яшчэ не атрымлiвала.

Цiхутка, нiбы сабака, якi завiнавацiўся, зноў прабраўшыся на сцяну, цень паказаў, што прынцэса нахмурылася ў задуменнi.

Было з чаго. Лiст быў напраўду вельмi дзiўны. Аўтар шчыра прызнаваўся, што ён не надта смелы, не надта моцны i зусiм не ўмее бiцца. Ён нават мышэй баiцца, дык што ён можа супраць цмока? Ён пiсаў, што прынцэса, якая, на яго погляд, вылучаецца не толькi прыгажосцю, але i немалым розумам, першая зразумее марнасць гэткай ахвяры. Але ён увесь час думае пра яе, шкадуе яе i быў бы шчаслiвы зрабiць для яе якую-небудзь, хай сабе i невялiчкую, паслугу. Ягонае сэрца сцiскаецца, калi ён уяўляе, як пакутуе бедная прынцэса, калi чакае зыходу бойкi памiж цмокам i яе чарговым рыцарам. Як ён хацеў бы палегчыць гэтыя цяжкiя хвiлiны! Ён лiчыў бы за вялiкi гонар, каб Гэрмiёна дазволiла яму пабыць побач (няхай нават за дзвярыма) у горкi час выпрабавання.

– Шкада, што не магу гэтага дазволiць, – уздыхнула прынцэса. – Ён мне падабаецца. Мне падабаецца, што ён не прапануе аддаць сваё жыццё. Мне падабаецца, што ён разумее, што жанчыне не надта прыемна глядзець, як мужчыны гiнуць праз сваю пыху ды славалюбства. Мне падабаецца, што ён лiчыць мяне разумнай. Мне падабаецца, што ён шануе мае пачуццi i гатовы быць побач у цяжкую хвiлiну, хоць нiякай славы гэтым не здабудзе. Я ўпэўненая, што, каб ён быў побач, дык заўсёды ведаў бы, у якiм я гуморы, i што мне патрэбна, ён увесь час клапацiўся б пра мяне. Ах, ён падабаецца мне з тысячы розных прычын! Мне нават падаецца, што я кахаю яго!

– Ваша высокасць! Ваша высокасць! – занерваваўся чарадзей. – Прыгадайце, калi ласка, умовы заклiнання.

– Паўтары мне iх, я забылася, – загадала прынцэса.

– Калi ён любiць,

А ты не,

Дык хутка быць

Яму ў труне,

– весела прапеў чарадзей.

– Вось i ўсё, што трэба ведаць, – уздыхнула прынцэса, якая, праўду кажучы, цудоўна памятала заклiнанне, – бо так заўжды было, так заўжды i будзе. Што ж, кажы далей.

– Калi ён любiць,

Як i ты,

Дык шанец ёсць,

Але якi?

– прадэкламаваў чарадзей крыху цiшэй.

– Але ж калi "ён" – гэта Конрад, дык ты мог бы паспрабаваць адгадаць, праўда? – какетлiва сказала прынцэса. – Ну, а якая апошняя ўмова?

Чарадзей панiзiў голас да шэпту:

– Калi ты любiш,

А ён не,

Нiшто цябе

Не ўберажэ.

– Ха, ха, ха! – зарагатала прынцэса, i цень на сцяне закалыхаўся, як матылёк над кветкай. – Мне ўсё роўна, я кахаю гэтага Конрада!

– Ён яшчэ юнак, Ваша высокасць, яму ўсяго семнаццаць.

– Мой улюбёны ўзрост, я кахаю яго!

– Гэта летуценнiк, а не мужчына, ды яшчэ баязлiвец i гультай!

– Я кахаю яго!

– Пакуль вы чыталi, я выклiкаў ягоны вобраз: у яго няма пярэдняга зуба!

– Мне абрыдлi прыгожыя твары з правiльнымi рысамi! Я кахаю яго!

– Ён рудавалосы, увесь у рабацiннi ды яшчэ й неахайны.

– Нiчога, я кахаю яго.

– Ён любiць насякомых i розных гадаў, ягоныя кiшэнi поўныя павукоў ды сараканожак.

– I я iх палюблю.

– Яму падабаюцца вадаспады, кветкi, горы...

– Кахаю яго яшчэ болей!

– Але, – сказаў чарадзей, раптам зрабiўшыся суровым, – я не ўпэўнены, што ён кахае вас!

– А, – ускрыкнула прынцэса, – дык менавiта таму я ў яго й закахалася!!!

Абодва змоўклi. Цень уздыхнуў i споўз на падлогу.

– Не можа быць, каб ён мяне не кахаў, – прамармытала прынцэса. – Мяне ўсе кахаюць, значыць, i ён таксама.

Яна падняла вочы на чарадзея, чакаючы, што ён пацвердзiць, але той знiк. Тут Гэрмiёна заўважыла згубу.

– Чарадзей! Чарадзей! – закрычала яна. – Ты забраў Конрадаў лiст. Вярнi яго!

Але калi чарадзей i пачуў яе, дык не падаў выгляду. Калi Конрадаў лiст быў надрукаваны ў газетах, пасыпалiся абураныя водгукi. Палiчылi, што ягоная прапанова абражае прынцэсу. "Сын лесаруба наймаецца ў мамкi!" – крычалi загалоўкi газет. Вядома, тлумачылi газетчыкi, прынцэса хацела б, каб ёй было на каго абаперцiся ў цяжкiя хвiлiны, i кожны жадаў бы падтрымаць яе, пачынаючы з бацькi-караля. Яна цудоўна магла б абысцiся без сына лесаруба. Але прынцэса не хацела, каб нехта бачыў яе пакуты i пакутаваў праз гэта сам. Таму яна збiрала апошнiя сiлы i прымала цяжкiя ўдары лёсу ў адзiноце. Дзе ўжо хлопцу-недарэку зразумець такiя тонкiя пачуццi, пiсалi газеты, але куды глядзелi ягоныя бацькi?! Двух сыноў яны выхавалi героямi, але трэцi...

Пасля смерцi Рудольфа Конрад быў такi няшчасны, што амаль не выходзiў з лесу: ён хадзiў па толькi яму вядомых сцежках, думаў пра братоў i часам плакаў. Сяброў у яго не было, i таму спачатку ён не тое, што не зважаў, а нават i не ведаў, якiя кплiвыя рэчы кажуць пра яго ўсе навокал. Але добрыя суседзi не маглi не растлумачыць ягоным бацькам, якую ганьбу наклiкаў iх малодшы сын на ўсю правiнцыю. Нават улады пачалi ўжо цiкавiцца, чаму гэта з iх мясцiн нашмат меней валанцёраў змагацца з цмокам, чым з iншых? Тут ужо пачала непакоiцца ўся правiнцыя, бо пайшлi чуткi, што чакаюць афiцыйнага прызыву юнакоў, якiя маглi б прадэманстраваць сваю адданасць i гераiзм каля замкавых муроў.

Конрадавы бацькi ўсё гэта ад яго ўтойвалi. Вядома, iм было вельмi прыкра, што iх сын напiсаў такi недарэчны лiст, але яны бачылi, як цяжка ён перажывае смерць братоў, i не хацелi псаваць яму настрой яшчэ болей.

Але даволi хутка Конрад пра ўсё даведаўся. Часам, калi ён гуляў па лесе, а асаблiва ўначы, зусiм побач пралятаў камень цi кiй. Калi ж ён падлавiў аднаго з нягоднiкаў – хлопца крыху маладзейшага за яго – i запатрабаваў растлумачыць прычыну такой увагi, той абазваў Конрада самымi брыдкiмi мянушкамi i недвухсэнсоўна сказаў, што Конрадаў лiст зганьбiў добрае iмя iх вёскi.

Конрад доўга думаў i нарэшце вырашыў, што яму засталося толькi адно: ён павiнен сам бiцца з цмокам.

Калi яго браты рыхтавалiся да бойкi, дык яны рабiлi розныя фiзiчныя практыкаваннi, выбягалi на прагулкi, нават не паснедаўшы, харчавалiся толькi карыснымi арганiзму пажыўнымi, але зусiм нясмачнымi стравамi. Убачыўшы якi-небудзь куст дзiўнае формы, яны ўяўлялi, што гэта цмок, прышпорвалi каня i раз'юшана накiдвалiся на яго з сякераю. Нiчога такога Конрад не рабiў, ды каб ён нават i паспрабаваў узмахнуць сякерай, не злезшы папярэдне з каня, дык абавязкова звалiўся б, бо добра трымацца на канi так i не навучыўся.

Не захацеў ён i трацiць свае грошы, каб набыць прыгожыя дарагiя даспехi ды шалом з пёрамi. Яго зусiм не турбавала, спадабаецца ён гледачам цi не.

Уся падрыхтоўка была вельмi простая i танная. Адзiнае, над чым яму давялося паламаць галаву, была прамова ў гонар прынцэсы.

Конрад цудоўна ведаў, што павiнен вымавiць словы кахання, бо iначай цмок не з'явiцца. Але пасля смерцi Рудольфа ягоная абыякавасць да прынцэсы перарасла ў варожасць, амаль у нянавiсць. Ён не мог прымусiць сябе сказаць, што кахае яе, нават схлусiць не мог. Таму ён падбiраў такiя выразы, якiя дурному агiднаму цмоку падалiся б словамi кахання, а для прамоўцы азначалi б нешта зусiм iншае.

Конрад, як i ўсе яго папярэднiкi, атрымаў афiцыйны лiст, запячатаны вялiкай чырвонаю пячаткай, у якiм было шмат камплiментаў i вызначаўся час бойкi. Конрад выехаў з дому вельмi рана, яшчэ ў прыцемку. Ён ехаў на канi, якога яму пазычыў бацька: конi цмока не спакушалi. Конрад з задавальненнем пайшоў бы й пешкi, але апроч ежы яму трэба было цягнуць сякеру, а да замка было далёка – семнаццаць мiль. На iм была старая вопратка, бо шкада было псаваць новую. Хлопец цiхенька ехаў па маўклiвых вулiцах, людзi спынялi працу i выходзiлi з хат, каб зiрнуць на яго. Усе ведалi, куды ён едзе, i якi лёс яго чакае. I хоць яны i не вiталi яго голасна, але ж i не кпiлi з яго. Ужо гэта было прыемна.

Нарэшце на даляглядзе паўстаў замак, i Конраду да драбнiц прыгадалася ўсё, што ён бачыў два гады таму. Ажно душа зайшлася ў хлопца, але ён не спынiўся i мужна паехаў далей.

Конрад не паспеў з'есцi свой сняданак, i торбачка з харчамi так i вiсела ў яго на шыi. Калi ён прыгадаў гэта, яму зрабiлася няёмка i боязна, што людзi пачнуць смяяцца. Але смяяцца амаль не было каму – нiкога не вабiў спектакль, бо ўжо занадта часта яго гулялi.

I ўсё ж, калi ён пад'ехаў блiжэй да замкавых муроў, народ пачаў збiрацца. Нейкi маленькi хлопчык прадудзеў на трубе ў вуха Конрадаваму каню. Той напалохаўся, адскочыў убок, i, як Конрад нi хапаўся за ягоную грыву, конь усё ж яго скiнуў.

Усе вакол зарагаталi. Ну як не пасмяяцца з героя, якi нават на канi ўтрымацца не можа?!

Конрад пасаромеўся зноў залазiць на каня i ўзрадаваўся, калi нейкi добразычлiвы чалавек прапанаваў патрымаць жывёлiну, пакуль Конрад будзе заняты з цмокам.

Конрад уяўляў сабе, як дзiўна ён выглядае: пешкi, у запыленай вопратцы, ды яшчэ з сякерай, на якую ён абапiраўся, як на кiй. Натоўп, якому падабалiся прыгожыя, вясёлыя, зухаватыя героi, прыняў яго вельмi халодна.

Зусiм iначай на яго з'яўленне адрэагавалi ў замку. Прыцiснуўшыся тварам да вакна i стаiўшы дыханне, прынцэса Гэрмiёна назiрала за кожным ягоным крокам. "Гэта ён, гэта мой Конрад! – у захапленнi шаптала яна. – Ах, чарадзей, ну, пачакай яшчэ хвiлiну! Дай мне яшчэ разок зiрнуць на яго!"

Конрад усё блiжэй падыходзiў да замка, яму вельмi хацелася чым-небудзь парадаваць гледачоў, але ён толькi i здолеў, што нервова ўсмiхнуцца. У ягонай кiшэнi ляжала пляшачка з хлараформам, якую ён папярэдне загарнуў у насоўку. Яшчэ нiхто да яго не спрабаваў выкарыстаць супраць цмока што-небудзь, апроч звычайнай сталi.

Раптам Конрад заўважыў, што вакол нiкога не засталося. Гадзiннiк на замкавай вежы прабiў тры разы. Час надышоў!

Конрад павольна зняў капялюш, у якiм ляжала паперка з напiсанай на ёй прамовай на той выпадак, калi раптам усе словы вылецяць з галавы. Потым ён укленчыў i сказаў:

– Найчароўнейшая прынцэса! Нарэшце надышла хвiлiна, якую я так доўга чакаў. З якiмi пачуццямi? Здагадацца не цяжка. Тыя, што прыходзiлi сюды да мяне, узносiлi табе хвалу, дык хто я такi, каб дадаць да iх словаў хоць гук? Але ж я ведаю, што ты, дарагая прынцэса, шануеш не словы, але сэрца, з якога яны сыходзяць.

У гэтую хвiлю скала расчынiлася i над Конрадам навiс цмок. Ён разявiў пашчу, з якой высунуўся доўгi чырвоны язык. Юнак адчуў на сваiм твары гарачы цмокаў подых. Словы замерлi на ягоных вуснах, але, прыгадаўшы, што ў капелюшы ляжыць напiсаная прамова, Конрад дастаў паперку i загаварыў зноў:

– Усе аднолькава кахалi цябе, але не ўсе маглi красамоўна выказаць свае пачуццi. Некаторыя казалi, што iх каханне хоць i вялiкае, але яно ўсяго толькi жолуд, якi з часам ператворыцца ў магутны дуб. Але калi я прыгадваю, што ты зрабiла для мяне: выратавала ад сумнага жыцця ў закiнутай лясной вёсцы; падняла з невядомасцi на вяршыню славы; летуценнiк зрабiўся ваяром, гультай стаў паляваць на цмокаў! – дык у мяне не хапае словаў, каб аддзячыць табе, i я не магу кахаць цябе болей, чым кахаю цяпер!

Сама нервовыя з гледачоў ужо заплюшчылi вочы. А тыя, у каго нервы былi мацнейшыя i хто не зводзiў позiрку з Конрада i з цмока, убачылi незвычайную рэч. Цмок быў нiбыта не ў сабе: ён хiстаў галавою з боку ў бок, доўгi язык лiзаў пыл каля Конрадавых ног. Конрад нязграбна выцягнуў з кiшэнi насоўку, скруцiў яе i кiнуў у цмокаву пашчу. Жывёлiна вылупiла вочы, закхэкала, завiшчала i ўжо не выглядала гэтак жудасна. Конрад падняў сякеру i наважыўся ўдарыць па цмокавай шыi. Удар быў няўмелы (не такi ўдар павiнен быў бы быць у сына лесаруба), але так цi iначай, усе ўбачылi, як з раны на цмокавай шыi пацякла цёмна-зялёная кроў.

Цмок не ўтрымаўся i вывалiўся са скалы зусiм побач з Конрадам, якога шалёнымi крыкамi падбадзёрваў натоўп. Той ударыў яшчэ й яшчэ раз. У цмока быў вельмi здзiўлены i бездапаможны выгляд, цяпер з iм магло б расправiцца нават немаўля. Конрад сек шыю, нiбыта то было спiлаванае дрэва. Ён збiраўся ўжо святкаваць перамогу, калi цмок, сабраўшы апошнiя сiлы, здолеў запаўзцi ў сваю дзiрку. Скала за iм адразу зачынiлася.

Поле бiтвы засталося за Конрадам.

Радасныя крыкi спынiлiся, нiхто не ведаў, што рабiць цяпер, i менш за ўсiх сам Конрад, якi, нiбыта зачараваны, застаўся стаяць каля лесвiцы. Усе, вядома, зразумелi, што цмок моцна паранены, але, можа, ён збiрае сiлы для новай вылазкi?! Цяжка было паверыць, што непераможнага цмока забiў просты сялянскi хлопец.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю