Текст книги "Лагодны цмок (Ангельскiя лiтаратурныя казкi) (на белорусском языке)"
Автор книги: Автор Неизвестен
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 5 страниц)
– Паслухай, цмок, – незадаволена сказаў хлопчык, якому зусiм не спадабалася, што ягонаму сябру дастаюцца адны грымакi, – нешта я не разумею, што з усяго гэтага будзеш мець ты?! Вядома, павiнна адбыцца бойка, вядома, ты павiнен быць пераможаны, але ж якая табе з гэтага карысць?
– Святы Георг, – звярнуўся цмок да рыцара, – растлумач, калi ласка, нашаму юнаму сябру, што здарыцца пасля таго, як я буду пераадолены ў смертнай бойцы?
– Ну, згодна з правiламi, я трыюмфальна правяду цябе да базарнай плошчы, сказаў Святы Георг.
– Абсалютна верна, – падцвердзiў цмок. – А потым?
– Ну, а потым будзе шмат шуму, крыкаў i прамоў, – працягваў Святы Георг. Я растлумачу, што ты скарыўся i зразумеў усе свае мiнулыя памылкi, ну, i гэтак далей.
– Так, так, – падганяў яго цмок, – а потым?..
– А потым... потым, вiдаць, будзе звычайны банкет, як заўсёды...
– Гэтага я й чакаў, – задаволена хмыкнуў цмок, – банкет – сама галоўнае ва ўсёй справе. Разумееш, – сказаў ён, звяртаючыся да хлопчыка, – я пачынаю ўжо вар'яцець ад адзiноты. Нiхто па-сапраўднаму мяне не ведае i таму не можа ацанiць. Дык вось, з дапамогаю гэтага шаноўнага спадара, слаўнага рыцара i нашага агульнага сябра – Святога Георга, якi так клапоцiцца пра мяне, я збiраюся ўвайсцi ў свет. Магу запэўнiць, што ў мяне дастаткова якасцей, якiя дазволяць мне быць як жаданым госцем, так i шчырым гаспадаром! Ну што ж, здаецца, мы пра ўсё дамовiлiся, i цяпер, калi вы не супраць... Я старамодны i зусiм не хачу падацца няветлiвым... але ўжо даволi позна...
– Глядзi, цмок, ты павiнен выканаць сваю долю працы як след, – зразумеўшы намёк, Святы Георг устаў. – Ну, ты сам ведаеш, што я маю на ўвазе – усякае там цмакаванне, полымевывярганне.
– З цмакаваннем усё будзе як мае быць, – даверлiва адказаў цмок, – а вось полымевывярганне... Проста дзiва, як хутка знiкаюць звычкi, калi няма практыкi. Але я паспрабую. Дабранач!
Святы Георг i хлопчык спусцiлiся з гары i падыходзiлi ўжо да вёскi, калi Святы Георг спынiўся, як шыбануты маланкай.
– Якi дурань! Як жа я мог запамятаваць?! – крыкнуў ён. – Павiнна ж быць прынцэса, прыкутая да скалы, якая памiрае ад жаху i чакае вызвалення. Слухай, а ты не мог бы раздабыць якой прынцэсы?
Хлопчык пазяхнуў i адмоўна пакруцiў галавой.
– Я памiраю ад стомы, – прастагнаў ён. – Цяпер я ўжо не магу знайсцi табе нi прынцэсы, нi каго б там нi было яшчэ. Мяне чакае мацi, i яна, напэўна, пачала ўжо непакоiцца. Калi ласка, да заўтра не прасi ў мяне больш нi пра што.
Наступнаю ранiцай, як толькi ўзышло сонца, людзi пачалi збiрацца на роўнай пляцоўцы побач з цмокаваю пячорай, дзе мелася адбыцца бойка. Усе былi апранутыя ў святочныя строi i неслi з сабою кошыкi з ежай i пiтвом. Вядома, кожны хацеў выбраць найлепшае месца, але гэта было даволi складана, бо бойка ёсць бойка, i ў цмока быў такi самы шанец на перамогу, як i ў Святога Георга. I калi пераможа цмок... Нават тыя, хто паставiў на яго свае грошы, адчувалi, што наўрад цi цмок будзе разбiрацца, хто падтрымлiваў яго, а хто не. Таму месцы выбiралiся з перасцярогай – каб можна было даць драла, калi раптам выпадзе такая патрэба.
Першыя рады былi занятыя ў асноўным дзецьмi, якiя здолелi ўцячы з-пад суровага бацькоўскага нагляду, i, пакуль бойка яшчэ не пачалася, яны качалiся па траве, кулялiся, шчыкалi адно аднаго i зусiм не зважалi на нервовыя заўвагi, якiя iм наўзахапкi рабiлi мацеркi з апошнiх радоў.
Хлопчык заняў месца ў першым радзе, блiжэй да пячоры. Ён нерваваўся, як рэжысёр перад прэм'ерай. Цi можна па-сапраўднаму спадзявацца на цмока? А раптам ён перадумаў? Вырашыў, што не варта браць удзелу ў гэтай гульнi? Цi, можа, пачне хвалявацца, падумаўшы, што ўсё было спланавана занадта ўжо хутка, без анiякiх рэпетыцыяў, i ў апошнi момант пабаiцца высунуць з пячоры нос?
Хлопчык нi на хвiлiну не адводзiў позiрку ад увахода ў цмокаву пячору, але не заўважаў там нiякiх прызнакаў жыцця. Пэўна, цмок схаваўся ў сваёй нары i сядзеў глыбока пад зямлёй.
Нарэшце, калi ўсе месцы на ўзвышшах былi ўжо занятыя, пачуўся шум, крыкi, у паветра паляцелi капялюшы. Але хлопчык, якi сядзеў блiжэй да пячоры, нiчога не ўбачыў. I толькi праз хвiлiну ён, як i кожны, змог разгледзець Святога Георга, якi на вялiкiм баявым канi, не спяшаючыся, выязджаў на сярэдзiну пляцоўкi перад уваходам у пячору. Вецер калыхаў чырвоныя пёры на яго шлеме, i ён сам выглядаў чароўна i ўзвышана. Ягоны дужы конь фыркаў, грыва i хвост разляталiся ад подыху ветра, а залатыя рыцаравы даспехi блiшчалi так, што балюча было глядзець. У руцэ Святы Георг моцна трымаў доўгую дзiду, на кончыку якой трапятаўся маленькi белы сцяжок з чырвоным крыжыкам. Святы Георг нацягнуў павады, i конь знерухомеў.
Гледачы занервавалiся i крыху адсунулiся назад. Нават малыя хлапчукi перасталi тузацца i цягаць адзiн аднаго за валасы. Усе стаiлi дыханне. Запанавала цiшыня.
"Давай, цмок! Давай!" – шаптаў хлопчык, ёрзаючы ад нецярпення.
Але ён мог бы не хвалявацца, каб ведаў, да якой ступенi гульня захапiла цмока. Цмок прачнуўся яшчэ на золку i адразу пачаў старанна рыхтавацца да свайго першага выхаду ў свет. Яму здавалася, што ён вярнуўся на стагоддзi назад, што ён зноўку зрабiўся маленькiм цмачанём, якое са сваiмi братамi i сёстрамi гуляе на падлозе матчынай пячоры ў "святых i цмокаў", гульню, у якой заўсёды перамагаў цмок.
Раптам з пячоры данеслася басавiтае пыхканне, мармытанне, якое ўсё мацнела й мацнела, i нарэшце ўся далiна запоўнiлася жахлiвым рыкам, якi нiбыта павiс у паветры. У гэтую хвiлiну ўваход у пячору захiнуўся воблакам дыму, i адтуль, як ракета, вылецеў зырка блiскучы, цёмна-блакiтны цмок! Натоўп выдыхнуў: "Вооо-ох!" Цмокава луска зiхцела так, быццам з яе струменiлiся промнi святла, доўгi спiчасты хвост бiў па баках, вострыя пазуры дралi зямлю, i яе камякi разляталiся вакол, часам нават трапляючы ў гледачоў. Са злосна раздзьмутых цмокавых ноздраў валiлi дым i агонь.
– Выдатна, цмок! – з захапленнем закрычаў хлопчык. – Нiколi не мог падумаць, што ў яго такi талент, – дадаў ён цiшэй.
Святы Георг апусцiў дзiду, нахiлiў галаву i, уцяўшы каня шпорамi ў бакi, панёсся наперад. Цмок з рыкам i вiскам напаў на яго. Усё змяшалася ў кучу: блакiтная луска, залатыя даспехi, рык, дым, клацанне зубоў, агонь...
– Прамахнуўся!!! – залямантаваў натоўп.
Праз якую хвiлiну клубок з залатых даспехаў i блакiтнай лускi раскруцiўся, i Святы Георг, патрасаючы дзiдаю ў паветры, адляцеў на баявым канi ўбок i спынiўся толькi каля ўвахода ў пячору.
Пакуль ён паварочваў каня, цмок прысеў i пачаў злосна брахаць.
"Першы раўнд скончыўся, – падумаў хлопчык. – Як цудоўна ў iх усё атрымалася! Спадзяюся, што Георг не надта нервуецца. За цмока можна не хвалявацца. Лепшага актора свет яшчэ не бачыў!"
Нарэшце Святы Георг здолеў прымусiць свайго каня стаяць спакойна, абцёр з iлба пот i агледзеўся. Убачыўшы хлопчыка, ён усмiхнуўся, падмiргнуў яму i на iмгненне падняў тры пальцы.
"Ага, значыць, у iх усё спланавана, – зразумеў хлопчык. – Будуць бiцца да трэцяга раўнда. Шкада. Маглi б пагуляць i трошкi даўжэй! А што гэта там вытварае цмок?"
Цмок выкарыстоўваў хвiлiну перапынку, каб пацешыць публiку цмакаваннем. Шаноўным чытачам, вiдаць, трэба растлумачыць, што такое гэтае цмакаванне. Усё вельмi проста: цмакуючы, трэба бесперапынна бегаць па вялiкiм крузе i пускаць уздоўж пазваночнiка хвалi – ад завостраных вушэй да кончыка доўгага хваста. Калi ўлiчыць, што хвалi бягуць па цёмна-блакiтнай лусцы, дык можна ўявiць сабе, як эфектна ўсё гэта выглядае. Хлопчык зразумеў, што цмокава жаданне дабiцца ў публiкi поспеху, можна лiчыць, спраўдзiлася.
Святы Георг падцягнуў павады, ямчэй усеўся ў сядле, нацэлiў на цмока дзiду i паволi рушыў наперад.
– Наперад!!! – грымнулi гледачы.
Цмок адразу перастаў цмакаваць i, павярнуўшыся да Святога Георга, пачаў скакаць у розныя бакi вялiкiмi нязграбнымi скачкамi i пры гэтым вiшчаў, як чырванаскуры iндзеец. Не дзiва, што такiя паводзiны збянтэжылi каня, i ён так хутка i рэзка кiнуўся ўбок, што Святы Георг ледзь утрымаўся ў сядле, паспеўшы ў апошнi момант учапiцца за конскую грыву. Калi ён праносiўся побач з цмокам, той злосна клацнуў зубамi i паспрабаваў ухапiць каня за хвост. Бедная жывёлiна, напалохаўшыся ледзь не да смерцi, паiмчала наўзгалоп, зусiм ужо не разбiраючы дарогi. У Святога Георга вылецела са стрэменi нага, i цяпер ён ужываў не надта шляхетныя выразы, каб неяк прымусiць каня спынiцца.
Пасля другога раўнда гледачы пачалi голасна вiтаць цмока. Было вiдаць, што iм спадабалiся ягоныя спартовыя паводзiны. Да цмока, якi гойсаў сюды-туды, выпнуўшы грудзi i высока падняўшы хвост, далятала нямала прыемных заўваг. Ён быў вельмi шчаслiвы, адчуваючы, як расце яго папулярнасць.
Тым часам Святы Георг спешыўся i, падцягваючы папругу, з усходнiм красамоўствам выказваў свайму каню ўсё, што думае пра яго i пра ўсiх яго сваякоў.
Хлопчык прабраўся да рыцара i, каб дапамагчы, узяўся патрымаць яго дзiду.
– Усё было цудоўна, Святы Георг, – выдыхнуў ён. – Мо вы яшчэ пару раўндаў згулялi б?
– Не думаю, – адказаў рыцар. – Баюся, што гэты новаспечаны герой, пачуўшы, як яго вiтаюць, раздзьмецца ад пыхi, i яшчэ невядома, што можа прыйсцi яму ў галаву. Лепей я прыкончу яго ўжо зараз.
Святы Георг ускочыў у сядло, узяў у хлопчыка дзiду i ласкава ўсмiхнуўся яму.
– Не хвалюйся, – сказаў ён, – я добра прыкмецiў, куды бiць, а цмок са свайго боку зробiць усё, каб я не прамахнуўся, бо для яго гэта адзiны шанец трапiць на банкет.
Святы Георг напусцiў на сябе суровасць, зручней узяў дзiду i, прыцiснуўшы яе тоўсты канец пад пахай, не паляцеў наўзгалоп, як першы раз, а цiхенька паехаў цмоку насустрач. Цмок прыгнуўся i заляскаў хвастом, як пугай. Пад'ехаўшы блiжэй, Святы Георг пачаў кружыць вакол цмока, не зводзячы вачэй з намечанага на цмокавай скуры месца. Цмок пераняў яго тактыку, i абодва змагары пачалi моўчкi кружыць па пляцоўцы. Гледачы баялiся зварухнуцца. Заключны раўнд доўжыўся даволi доўга – аж некалькi хвiлiн, але канец быў вокамгненны. Хлопчык ледзь паспеў заўважыць маланкавы рух рукi Святога Георга, потым дым, пазуры, хвасты, камякi зямлi – усё змяшалася, i калi пыл асеў, усе з радасным крыкам ускочылi i кiнулiся наперад. Цмок ляжаў нерухома, прышпiлены да зямлi дзiдай, а Святы Георг паспеў ужо спешыцца i стаяў у цмока на пузе.
Хлопчык спалохаўся, што бедны стары цмок сапраўды забiты, i, штурхаючыся, хутчэй палез праз натоўп. Калi ён падабраўся да свайго сябра, той прыўзняў павека, хiтра падмiргнуў хлопчыку i зноў "знепрытомнеў". Ён быў сапраўды моцна прышпiлены да зямлi, але дзiда патрапiла якраз у дамоўленае месца, так што крывi не пралiлося нi кроплi.
– Хiба вы не збiраецеся адсячы яму галаву, сэр? – спытаў у Святога Георга адзiн з тых, хто ставiў на цмока i цяпер, зразумела, прагнуў помсты.
– Мне здаецца, што сёння гэта рабiць не варта, – прыязна ўсмiхнуўшыся, адказаў Святы Георг. – Цяпер жа гэта можна зрабiць калi заўгодна. Дык навошта спяшацца? Думаю, спачатку мы ўсе пойдзем у вёску, крыху падмацуемся, а потым я з iм сур'ёзна пагутару i спадзяюся, ён зразумее свае памылкi.
Пачуўшы магiчнае "падмацуемся", натоўп выстраiўся роўнымi шэрагамi i чакаў сiгналу выступаць. Час, калi можна было балбатаць, вiтаць, бiцца аб заклад, мiнуўся – настаў час дзейнiчаць. Ухапiўшы дзiду абедзвюма рукамi, Святы Георг выцягнуў яе з зямлi i вызвалiў цмока. Той павольна падняўся, абтрос пыл i ўважлiва агледзеўся – цi добра ён выглядае?
Нарэшце ўсе рушылi: наперадзе Святы Георг на баявым канi, следам утаймаваны цмок з хлопчыкам, i крыху за iмi – усе астатнiя. Так яны дайшлi да шынка.
Калi Святы Георг крыху падмацаваўся, ён выйшаў да жыхароў вёскi i выступiў перад iмi з урачыстай прамовай. У прамове ён даводзiў, што, прыклаўшы шмат намаганняў, вызвалiў iх з-пад улады злоснага монстра. Цяпер iм няма болей на што скардзiцца, i ў вёсцы павiнен запанаваць мiр i спакой. Рыцар зазначыў, што надта захапляцца бойкамi – непрыстойна, бо можа надысцi час, калi iм давядзецца змагацца самiм, а гэта зусiм не тое, што глядзець на бойку здалёк. Святы Георг сказаў, што ведае пра барсука, якога яны трымаюць у стайнi, i загадаў тэрмiнова яго адпусцiць. Потым ён паведамiў, што цмок адумаўся, зразумеў, што паводзiў сябе недаравальна, i абяцаў болей так не рабiць. Калi ж цяпер вяскоўцы пасябруюць з цмокам i папросяць яго застацца ў гэтых мясцiнах, дык ён, можа, нават i пагодзiцца. Апроч таго, Святы Георг папярэдзiў, што хлусiць i выдумляць усякае рознае – вялiкi грэх. На гэтым прамова скончылася. Тады цмок штурхануў хлопчыка ў бок i шэптам прызнаўся, што нават ён сам не здолеў бы сказаць лепей.
Нарэшце воплескi змоўклi, i ўсе разышлiся па хатах рыхтавацца да банкету.
Банкеты звычайна – вельмi прыемная рэч, якая заключаецца галоўным чынам у смачнай ежы, пiтве i добрай кампанii. Але сама прыемнае тое, што банкеты ладзяць, калi нешта добра скончылася i ўжо няма пра што хвалявацца. А заўтрашнi дзень тады падаецца вельмi далёкiм.
Святы Георг быў шчаслiвы, што бойка адбылася i яму не прыйшлося забiваць цмока, бо, шчыра кажучы, ён зусiм не любiў забiваць, хоць нярэдка, на жаль, бываў вымушаны гэта рабiць.
Цмок таксама быў шчаслiвы, што бойка адбылася i ён выйшаў з яе без нiводнае драпiны, ды яшчэ здабыўшы сабе папулярнасць.
I хлопчык быў шчаслiвы, што бойка адбылася i, нягледзячы на гэта, абодва ягоныя сябры выдатна пачуваюцца i цудоўна ставяцца адзiн да аднаго.
I ўсе астатнiя былi шчаслiвыя, што бойка адбылася, а больш iм нiчога й не было трэба. Шчасце было поўнае!
Цмок паводзiў сябе вельмi шляхетна – ён са скуры вылузваўся, каб кожнаму дагадзiць i сказаць хоць некалькi прыемных словаў. Ён зрабiўся душою кампанii, i складвалася нават уражанне, што банкет быў наладжаны менавiта ў ягоны гонар. Святы Георг i хлопчык былi ўсяго толькi цмокавымi гасцямi на гэтым свяце. Але цмок зусiм не заганарыўся – наадварот, праз кожныя дзесяць хвiлiн, ён нахiляўся да хлопчыка i прасiў:
– Слухай! Ты ж правядзеш мяне дадому пасля банкету?! Ну, калi ласка!
I хлопчык кожны раз згодна кiваў, хоць абяцаў мацi доўга не затрымлiвацца.
Нарэшце банкет скончыўся, i ўсе пачалi разыходзiцца. У паветры гучалi запрашэннi, вiншаваннi, добрыя пажаданнi. Развiтаўшыся з апошнiм госцем, цмок таксама выйшаў на вулiцу. Ён пачухаў патылiцу, сеў пасярэдзiне дарогi i ўтаропiўся ў зорнае неба.
– Якая чароўная ноч! – кепска артыкулюючы, прамовiў ён. – Чароўныя зоркi! Чароўнае месца! Не палезу я нi на якую гару, застаюся тут. Хлопчык абяцаў давесцi мяне дадому – вось няхай i, вядзе. Я нi за што не адказваю. За ўсё адказвае ён.
Яго галава ўпала на моцныя грудзi, i цмок мiрна заснуў.
– Уставай, цмок! – жаласна прасiў хлопчык. – Ты ж ведаеш, што мяне чакае мама! А ты прымусiў мяне паабяцаць, што я давяду цябе дадому. Каб я ведаў, што так будзе, нiколi б не згадзiўся!
Хлопчык сеў побач з цмокам i горка заплакаў. Дзверы з шынка адчынiлiся, на дарогу ўпала палоска святла. Гэта Святы Георг выйшаў падыхаць халодным начным паветрам. Ён быў здзiўлены, убачыўшы перад сабой дзве постацi – вялiзнага нерухомага цмока i маленькага хлопчыка, якi быў у слязах.
– Што здарылася, маленькi мой сябар? – добразычлiва папытаўся ён.
– Гэтая старая тоўстая бочка з элем! – рыдаў хлопчык. – Спачатку прымусiў мяне паабяцаць, што я давяду яго дадому, а цяпер кажа, што за ўсё адказваю я, i сам спакойна засынае! З тым жа поспехам можна завесцi дадому тарпу сена! А я так стамiўся, i мяне чакае мама... – i ён зарыдаў яшчэ мацней.
– Не плач. Я табе дапамагу, – супакоiў яго Святы Георг. – Мы давядзем яго дадому разам.
– Зараз жа прачынайся, цмок, – рэзка загадаў ён i патрос цмока за локаць.
Той расплюшчыў вочы i сонна прамармытаў:
– Якая ноч, Георг, чароўная...
– Цмок! – сурова перапынiў яго Святы Георг. – Як табе не сорамна! Хлопчыку ўжо даўно пара спаць, што скажа яго мацi, я нават уявiць не магу! Каб ты не быў такi эгаiст, дык адправiў бы яго дадому яшчэ дзве гадзiны назад!
– Ты маеш рацыю, Георг! – закрычаў цмок i рэзка ўстаў. – Беднае дзiця! Табе даўно пара спаць! Гэта недаравальна! Куды ты глядзеў, Святы Георг?! Нiякай адказнасцi! Хадзем хутчэй. Я абапруся на твой плячук, Георг, а ты, хлопчык, дай мне руку.
Так яны i рушылi, рука ў руцэ. Святло ў вокнах дамоў знiкла, але сябрам свяцiлi зоркi ды месяц. Калi яны завярнулi за вугал i знiклi з вачэй, халодны ветрык данёс абрыўкi старой балады. Я не ўпэўнены, але мне здаецца, што спяваў яе цмок!
Л.П.Хартлi
КОНРАД I ЦМОК
Калiсьцi ў адной невялiчкай краiне, якая ляжала за пяць дзён язды ад Еўропы, жыў хлопчык. Былi ў яго мацi, бацька i два браты. Калi гэтая гiсторыя толькi пачалася, хлопчыку споўнiлася дванаццаць гадоў. Яму яшчэ не трэба было зарабляць сабе на хлеб, i цэлымi днямi ён гуляў у лесе, а часам назiраў, як ягоныя старэйшыя браты валяць i пiлуюць дрэвы. Гэтаксама як iх бацька, браты былi лесарубы; калi-нiкалi яны дазвалялi хлопчыку праехацца дадому вярхом на вялiзным камлi. Спачатку ён баяўся, а калi перамог страх, што звалiцца, такая язда пачала яму вельмi падабацца. I ён бы, можа, i часцей далучаўся да сваiх братоў, але баяўся, што старэйшы брат, Леа, можа сказаць: "Конрад, пара й табе чым-небудзь заняцца. Ану, патрымай коней пару хвiлiн" цi "Конрад, ану, падыдзi сюды ды нахiлi гэтае маленькае дрэўца, каб мне было зручней сячы". Вядома, Конраду даводзiлася дапамагаць, хоць iншы раз яго ўратоўваў сярэднi брат, Рудольф, якi казаў: "Леа, ды адчапiся ты ад хлопца, ад яго болей шкоды, чым карысцi". Тады Конрад i радаваўся, i сумаваў адначасова, бо ён быў бы й рады дапамагчы, але вельмi баяўся, што конi адцiснуць яму ногi цi дрэўца разагнецца й балюча стукне яго.
Конрад моцна любiў сваiх братоў, асаблiва Рудольфа, i вельмi ганарыўся iмi. Яны былi такiя дужыя i спрытныя! Ён быў упэўнены, што нават калi вырасце, нiколi не здолее быць такiм, як яны. "Мне не суджана быць лесарубам," журыўся хлопчык.
Аднаго разу па абедзе Леа даў яму ў рукi сякеру i болей настойлiва, чым раней, узяўся вучыць, як ёю карыстацца. Конрад слухаў не надта ўважлiва, а потым так нязграбна махнуў сякерай, што яна, слiзгануўшы па кары дрэва, ударыла хлопцу па назе i рассекла чаравiк. Леа раз'юшана закрычаў на яго. Конрад заплакаў, кiнуў сякеру i, не чакаючы, пакуль Рудольф яго абаронiць, пабег у глыб лесу. Ён бег без перадыху, пакуль галасоў з прасекi стала зусiм не чуваць.
Лес вакол быў густы i маўклiвы. Ва ўсе бакi разбягалiся вузкiя сцяжынкi, якiя, аднак, нiкуды не вялi. Адна канчалася каля закiнутае прасекi, другая знiкала ў густым зараснiку. Але Конраду, якi на памяць ведаў гэтую частку лесу, было зусiм не страшна. Ён быў такi злы i пакрыўджаны на братоў, што нават не шкадаваў свайго сапсаванага чаравiка. Але ён вельмi баяўся, што ў яго рассечаная нага, бо тады яму давялося б праглынуць сваю гордасць i крыўду i, вярнуўшыся да братоў, прасiць, каб яго падвезлi, бо дадому было далёка iсцi.
Конрад уважлiва агледзеў дзiрку на чаравiку, але крывi не ўбачыў. Тады ён асцярожна зняў чаравiк – шкарпэтка была крыху рассечаная, але нага цэлая. Якое шчасце! "Гэта магiя, – вырашыў хлопчык, – белая магiя!" Вядома, белая магiя сустракаецца куды радзей за чорную, пра якую яму шмат расказвала мацi, бо лiчыла, што чорная магiя прыносiць шмат шкоды людзям, i хвалявалася за свайго сыночка. Ах, як цудоўна было б дзе-небудзь у лагчыне цi гаёчку спаткаць добрую чараўнiцу, якая ўратавала яго! Ён агледзеўся вакол i пацалаваў паветра, спадзеючыся прыцягнуць яе ўвагу, але нават калi чараўнiца й была побач, дык вырашыла застацца нябачнаю.
I ўсё ж Конрад, узрадаваўшыся, што застаўся цэлы, адчуў, што здольны на любыя прыгоды. Не, ён не будзе вяртацца да братоў – наадварот, ён пакажа iм, што не мае патрэбы ў iх абароне. Хлопчык вырашыў, што пойдзе ў лес далёка-далёка, куды яшчэ нiколi не заходзiў, i вернецца дадому толькi пад самую ноч. Стаяў цёплы восеньскi дзень, у лесе было шмат розных ягад, дый у заплечнiку засталiся сякiя-такiя харчы. I Конрад смела рушыў наперад.
Неўзабаве лес зрабiўся iншы: высокiя пагоркi змянялiся на вузкiя глыбокiя лагчыны, якiя хлопчыку даводзiлася пераходзiць у сама нiзкiх месцах (так яму, прынамсi, здавалася). Ён то караскаўся ўгару, то спускаўся ўнiз, прадзiраючыся праз гушчар, бо нiякiх сцежак тут не было. Конрад стамiўся. У тым месцы, дзе чаравiк быў рассечаны, грубая скура балюча муляла нагу. Не раз ён збiраўся павярнуць назад, але, калi ўзбiраўся на вяршыню аднаго пагорка i бачыў, што да наступнага зусiм рукою дастаць, ён вырашаў прайсцi яшчэ крыху i спускаўся ў новую маўклiвую лагчыну, залiтую сонцам, якое апусцiлася ўжо так нiзка, што хлопчык бачыў яго, не падымаючы галавы. Ён падумаў, што хутка пачне цямнець, i, спалохаўшыся, цвёрда вырашыў, што далей за наступны пагорак ужо не пойдзе. Але калi ён ускараскаўся на яго, перад яго вачыма ўзнiкла нi з чым не параўнальнае вiдовiшча. Каб убачыць такi цуд, хлопчык пагадзiўся б прайсцi ўтрая болей. Перад iм раскiнулася неабсяжная далiна, залiтая мяккiм аранжавым святлом, i на самым даляглядзе п аўставала высокая, як гара, i пляскатая, як лязо, скала, з якой нiбыта вырастаў замак. Немагчыма было сказаць, дзе канчаецца скала i дзе пачынаецца замак. Конрад напружыў зрок: паветра ў яго краiне было такое чыстае i празрыстае, што ўсё наўкола можна было ўбачыць з вельмi далёкай адлегласцi, – замак мог быць i за пяць мiляў ад яго, i за дзесць, а можа, i за дваццаць. I тут Конрад прыгадаў, што ў мацi на кухнi вiсiць карцiнка, на якой намаляваны такi самы замак. Ён адразу пазнаў яго: гэта быў каралеўскi замак.
Вакол замка адбывалася нешта незвычайнае. Замак быў упрыгожаны сцяжкамi, з яго расчыненых вокнаў звiсалi рознакаляровыя дываны i вышываныя золатам тканiны. На ветры трапяталiся чырвоныя стужкi. Уся прастора перад замкам была запоўненая чорнаю масай, якую на дзве часткi разразала дарога. Конрад зразумеў, што гэта абапал дарогi вялiкiм натоўпам стаяць нейкiя людзi, але вершнiкi ахоўваюць дарогу i нiкога на яе не прапускаюць. А па самай сярэдзiне дарогi, павольна i ўрачыста, па чытыры ў рад, iшлi герольды i трубiлi ў трубы. Раптам яны ўсе разам спынiлiся i выстраiлiся ўздоўж дарогi. Усё ацiхла, нават вецер стаiў дыханне, i сцяжкi абвiслi, як анучкi. Удалечынi ўзнiклi чатыры вершнiкi; за iмi, крыху воддаль, ехаў яшчэ адзiн. Ягоная вопратка, расшытая каштоўнымi камянямi, зырка блiшчала, на шаломе калыхалiся белыя страўсiныя пёры. Вершнiк ехаў, крыху нахiлiўшы галаву, – можа, ад гордасцi, а можа, ад сарамлiвасцi – цяжка было сказаць. А можа, так ён адказваў на прывiтальныя крыкi людзей, якiя махалi насоўкамi i падкiдалi ў паветра капелюшы?
Адзiнокi вершнiк наблiжаўся да палаца, а гледачы – i Конрад разам з iмi не зводзiлi з яго вачэй. Калi да першых прыступак заставалася ўжо ўсяго некалькi крокаў, раптам здарылася неверагоднае.
Паверхня скалы заварушылася, зморшчылася, у скале ўзнiкла вялiкая дзiрка, з якой валiў дым, потым адтуль высунулася галава, падобная да змяiнай, чорная як ноч, цвёрдая, як чорнае дрэва, вялiзная, як цень ад хмары. Яна пакруцiлася сюды-туды на тоўстае шыi i кiнулася наперад. Натоўп хлынуў назад, i вершнiк застаўся сам-насам з агiдным монстрам. Конрад убачыў, як рыцар азiрнуўся, каб ён завярнуў каня, дык мог бы яшчэ захаваць жыццё. Але шукаць паратунку ён не схацеў.
Конрад вельмi спалохаўся. I апошняе, што ён паспеў заўважыць, раней чым даў цягу, – гэта страшэнны ўраган, якi раптам узняўся вакол замка i ў адно iмгненне паздзiраў з яго ўсе ўпрыгожаннi: i сцяжкi, i дываны, i стужкi.
Дрэнныя навiны разлятаюцца хутка. Не было выключэннем i тое, што здарылася каля палаца. Таму дома нават не заўважылi, што Конрад згубiўся. Мацi, праўда, некалькi разоў пыталася: "Куды гэта Конрад падзеўся?" – але нiхто не мог нiчога ёй адказаць. Старэйшыя сыны i iх сябры толькi i рабiлi, што абмяркоўвалi жахлiвы лёс жанiха прынцэсы Гэрмiёны. Таго дня прынцэса павiнна была пабрацца шлюбам з сынам манарха суседняй дзяржавы. Гэта быў вельмi прыемны малады чалавек: галантны, смелы, прыгожы – добрая партыя для прынцэсы.
– А цi бачыла яго прынцэса калi-небудзь раней? – пацiкавiлася мацi.
– Якая рознiца?! – абурыўся муж. – Гэты шлюб зрабiў бы нас наймацнейшай дзяржавай! А хто цяпер захоча ўзяць яе ў жонкi?
– Ну, такiх, хто захоча, будзе болей, чым трэба, – упэўнена сказаў Леа. Прынцэсе толькi семнаццаць гадоў, i яна сама прыгожая дзяўчына ў свеце.
Спрачацца тут было немагчыма, бо Леа сказаў праўду. Пра прынцэсiну прыгажосць расказвалi легенды. Калi ў iншых краiнах мужчыны параўноўвалi каханую з ружаю, з сонцам цi зорамi, дык у iх каралеўстве найбольшаю пахвалою было параўнанне з прынцэсаю Гэрмiёнай.
Яна была такая прыгожая, што калi яна нешта рабiла цi нават проста размаўляла, – ужо адно гэта псавала яе прыгажосць. Таму прынцэса нiчога не рабiла i размаўляла вельмi рэдка. Яна амаль не выходзiла з палаца, шкадуючы сваiх падданых, бо як толькi яны яе бачылi, дык не маглi ўжо кахаць болей нiкога, апроч яе. Так яна i жыла ў самоце, i простыя людзi – такiя, як Конрад i яго браты, – нiчога пра яе не ведалi. Апроч таго, вядома, што прынцэса неверагодна прыгожая.
– Ясная рэч, – разважаў Леа, – новы жанiх павiнен быць добра ўзброены i падрыхтаваны да бойкi з цмокам. Што мог зрабiць гэты небарака? Ён шыкоўна апрануты, але ж без зброi... Каралю трэба будзе, вiдаць, выклiкаць палiцыю цi загадаць, каб замуравалi дзiрку ў скале, i тады цмок памрэ з голаду.
– Небарака прынцэса! – уздыхнула мацi. – Якi гэта ўдар для яе!
Потым яны пачалi спрачацца, дзе была прынцэса, калi цмок праглынуў яе няшчаснага жанiха. Адны казалi, што бачылi яе каля акна, другiя, – што яна якраз тады малiлася ў каплiцы. Але ўсё гэта былi толькi чуткi. Нарэшце бацька, стамiўшыся ад спрэчак, сказаў:
– А мне здаецца, што яе нiдзе не было.
– Як гэта так? Недзе ж яна павiнна была быць, – не пагадзiлiся астатнiя.
– Ну, я сказаў тое, што думаю, – адказаў бацька.
У гэты момант увайшоў Конрад. Ён чакаў, што яму дадуць дыхту за тое, што ён гэтак позна вярнуўся. I ў любы iншы дзень так бы яно i было. Але тым вечарам усе былi занадта ўсхваляваныя, i яго познi прыход быў успрыняты, як звычайны хлапечы жарт. Конрад хацеў быў расказаць пра тое, што ўбачыў у лесе. Але як толькi пачаў, перад яго вачыма раптам да драбнiц усплыло ўсё, што здарылася каля палаца. Хлопчык адразу спалатнеў i змоўк. Браты крыху пасмяялiся з малога i зноў пачалi размову пра цмока, пра прынцэсу ды пра яе жанiха.
Конрад вельмi стамiўся, дарога дадому падалася яму бясконцаю, але пакуль ён iшоў, яго ўвесь час падтрымлiвала думка, што бацькi i браты будуць з захапленнем слухаць пра ягоныя прыгоды. Якое ж яго чакала расчараваннс! Леа ўвогуле не зацiкавiўся расказам, а Рудольф сказаў, што з такой далечынi наўрад цi можна было што-небудзь добра разгледзець. Што зробiш, яны былi дарослыя, а ён малы... Што ён мог ведаць пра такую сур'ёзную справу?! Браты зноў пачалi балбатаць, абмяркоўваючы, колькi народу, апроч прынца, з'еў цмок ды куды магла падзецца рака чорнай крывi... I такi цудоўны дзень скончыўся для Конрада вельмi сумна.
Увесь каралеўскi двор быў, безумоўна, у жалобе. Дзеля знiшчэння цмока быў прызначаны генерал. Але з самага пачатку перад харугвай будучых мсцiўцаў, якiя падпарадкоўвалiся непасрэдна генералу, паўстала неадольная перашкода: цмок некуды знiк, не пакiнуўшы анiякiх слядоў. Нават дзiрка, праз якую ён вылазiў, таксама знiкла! Прафесiйныя альпiнiсты, надзейна прывязаныя вяроўкамi, абследавалi кожную пядзю скалы – спачатку дзеўбучы яе кiркамi, а потым разглядаючы ў мiкраскопы, – але не знайшлi анi шчылiны. Маленькiя кветкi, што чаплялiся за скалу i якiя прынцэса, па чутках, вельмi любiла, па-ранейшаму раслi i квiтнелi, нiбыта нiчога не здарылася.
Народ быў надта незадаволены працаю экспертнай камiсii. Усе казалi, што камiсiя шукае не там, дзе трэба, i толькi зацягвае справу. Якiя толькi спробы не рабiлiся, каб выманiць цмока! Скалу хiба што дынамiтам толькi не падрывалi, баючыся пашкодзiць замак.
Да цмока быў накiраваны герольд, якi ўвесь ажно калацiўся ад страху. Вучоныя цмакаведы вычыталi ў кнiгах, што ў былыя часы цмокi патрабавалi штогадовых чалавечых ахвяраў, i герольд павiнен быў запытацца ў цмока, якiя той выстаўляе ўмовы. Але цмок нiчога не адказаў.
Тады герольду загадалi закрануць цмокаву пыхлiвасць, выклiкаўшы на бойку з якiм-небудзь славутым асiлкам каралеўства. Няхай цмок прызначыць дзень i час, i пытанне (так цi iначай) будзе вырашанае назаўжды. Але зноў усё было марна: цмок не адказваў.
Тады герольд асмялеў i заявiў ужо ад сябе, што калi цмок такi баязлiвец, дык ён сам гатовы з iм бiцца цi нават паклiча малодшага брата. Дарма: цмок i на гэта не звярнуў увагi.
Тыднi складалiся ў месяцы, а цмок усё не паказваўся. Народ асмялеў. А тут яшчэ прыйшоў лiст ад караля суседняй дзяржавы. Усе думалi, што манарх, улюбёны старэйшы сын якога сустрэў такую страшную смерць, цяпер будзе патрабаваць кампенсацый i пагражаць iх краiне. Але той паставiўся да сумнага здарэння памяркоўна. Ён абвясцiў, што здымае з каралеўства адказнасць за смерць свайго сына, бо зразумела, што прадугледзець такую з'яву, як цмок, немагчыма, дый як бы там нi было – сапраўднаму рыцару пачэсна загiнуць дзеля сама прыгожай жанчыны ў свеце. Даведаўшыся пра такiя галантныя словы караля, людзi нават пачалi спадзявацца, што, можа, ён сам папросiць рукi прынцэсы Гэрмiёны: суседнi манарх быў удавец. Але так далёка яго шляхетнасць i рыцарскi дух не зайшлi.
I ўсё ж ад тых, хто хацеў ажанiцца з прынцэсай, не было адбою. Мала таго, пасля здарэння з цмокам iх колькасць павялiчылася ў некалькi разоў. Пагалоска пра цмока разнесла iмя Гэрмiёны ў такiя далёкiя краiны, куды не даходзiла слава нават пра яе прыгажосць. Што зробiш, цяпер яна была не толькi прыгажуня, але i пакутнiца. Казалi, што цмок – гэта цана, якую яна мусiць плацiць за сваё хараство.
Усё гэта ды яшчэ самотнае жыццё прынцэсы зрабiлi яе яшчэ болей чароўнаю i прывабнай. Усе, ад караля да апошняга старца, хацелi зрабiць дзеля яе хоць што-небудзь (але што – нiхто не ведаў). Штодня яна атрымоўвала лiсты цэлымi торбамi, i ў кожным было напiсанае адно i тое ж: прынцэса – найцудоўнейшая дзяўчына ў свеце, аўтар лiста горача яе кахае i хацеў бы сам, замест прынца, ахвяраваць дзеля яе жыццём. Былi такiя, хто заходзiў яшчэ далей i выказваў пажаданне, каб цмок з'явiўся зноў: тады яны маглi б прадэманстраваць сваю адданасць прынцэсе!
Але, праўду кажучы, нiхто не верыў, што цмок некалi зноўку з'явiцца. Некаторыя, хто на свае вочы цмока не бачыў, казалi, што цмок – звычайная галюцынацыя: проста ў прынца разарвалася сэрца ад шчасця, што ён апынуўся так блiзка да прынцэсы, а потым гледачы, п'яныя ад радасцi i хвалявання, усё астатняе выдумалi.