412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Мікола Лупсякоў » Пабіраха » Текст книги (страница 2)
Пабіраха
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 11:18

Текст книги "Пабіраха"


Автор книги: Мікола Лупсякоў



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 3 страниц)

– Так і паехаў?

– Так і паехаў.

– А я ні за што не паехаў бы, —сказаў Цупрон. – Баба мяккая?

– А хто яе ведае, хіба я глядзеў?

– Ну, калі кухар, то адяккая, – заўважыў Цупрон.

Усе зноў засмяяліся.

– А што, хлопцы, калі падацца мне ў горад ды ў ахвіцыянты прыстроіцца? – запытаўся Цупрон.– 3 голаду не прападзеш дый яшчэ і выгада. Вунь Дарага з Вынчыц дом пабудаваў.

– А чаму б і не ў афіцыянты, – у тон яму адказаў Дуга. – Міцька Тачыла можа ў шафёры падацца. Як ні рэйс, то ад выпадковых пасажыраў і рублік. Вальдамар... Вось Вальдамара не ведаю куды. Няма Вальдамару ходу!

– Як гэта – няма? – ускіпеў Вальдамар. – Я са сваім баянам дзе хочэш прайду. У джаз, у самадзейнасць!

– А і то страўда, – зазначыў Дуга. – То вось што! Давайце зробім так, як гэта заўсёды робяць сапраўдныя хлопцы. Калі што не па іх, то яны збіраюцца, торбы на плечы і – бывайце здаровенькі, не памінайце ліхам. Так, ці што?

– Так, – адразу падхапіўся Цупрон.

– Згода, – выгукнуў Вальдамар.

– Дык давайце не адкладваць у доўгую скрыню, а паслязаўтра напакуем торбы харчам, прыхопім грошыкаў ды разам і рушым у горад. Адразу ўсе – дэ-ман-стра-тыўна! А ўжо калі я тую халерную краму заўтра здаю, каб ёй пуста было, то давайце і гэта адзначым. За ўдачу на новым месцы! Ты, Цупрон, вінен Міцьку літру?

– Як гэта – вінен? – здзівіўся Цупрон. – Міцька ж прайграў! Ён жа зманіў, самі ж ведаеце.

Крамнік Дуга не толькі імі, а і ўсімі ў вёсцы лічыўся багацеем. Цупрону крыўднавата было аднаму паіць і частаваць кампанію

Старая Цупронава маці паклала ў гэты раз на стол кавалак сала, а Дуга прывалок з крамы банку кансерваў і селядзец.

– Пі, закусвай, – сказаў ён, ставячы на стол яшчэ і дзве бутэлькі гарэлкі.

– Значыць, паслязаўтра зранку, гадзін гэтак у дзесяць і збярэмся, – прапанаваў ён, калі выпілі.– А і здорава пажылі,– пакруціў ён галавою.

– Чаго ж ты не закусваеш? – накінуўся раптам на Міцьку Тачылу Вальдамар Луста. – Еж!

– Не магу, – пакруціў галавою Міцька. – Гэта во мы ядзім сала, селядцы, кансервы. А ў той раз Цупрон рынку смятаны паставіў. Дык як зачарпнуў я тую смятану, то і ўспомніў, што ў Пабірахаў карова хварэе: мы вось так ядзім, а там упрогаладзь. Чаму, га? Хіба мы лепшыя, а яны горшыя? Глядзі, яны абедзве не так, як мы, у калгасе працуюць. I калі па пяцьдзесят грамаў на працадзень давалі, дык і тады працавалі. А я – на кацер ходу, дзе лепей. I ты, Дуга, дзе лепей, і ты, Луста, таксама, і Цупрон нам у памагатыя, а Пабірахі ў гэты час плуг на сабе цягалі, галадалі, а калгаса не кінулі. Можа і бурчэлі, калі што не так, можа і лаялі калі каго, а на старану не кінуліся – ішлі ў поле за пяцьдзесят грамаў. Вунь ужо і страха ў іх на хаце прагніла і самая хата скасабочылася, а ўсёроўна ішлі ў поле, а не прыбіральшчыкамі ў сталоўку або афіцыянтамі. А цяпер мы ядзім, а яны ўжо зрання ў полі. I калі яшчэ тое будзе, што яны во так возьмуць селядцы, сала, кансервы, вып’юць ды закусяць? А я яшчэ на Ганну наплёў. А ў яе, брат, хоць рот і велікаваты, а характар добры. Вось і не лезе нічога, не хочацца жэрці.

Міцька Тачыла гаварыў гэта, ні да каго асабліва не звяртаючыся, як бы сам з сабою.

– Кінь, – перапыніў яго Дуга і махнуў рукою. – Усё гэта мінецца, вось пабачыш. Вось даю слова, во на маю руку, – праз месяц мінецца.

– Не трэба мне твая рука,– сказаў Міцька і заматаў галавою.

Позна ўвечары разыходзіліся, напэўна дамовіўшыся, што паслязаўтра ў дзесяць раніцы дэманстратыўна – усе разам – пакінуць калгас.

– Дык не забудзьцеся ж, роўна ў дзесяць раніцы, – напомніў яшчэ ўсім Зорык Дуга, калі разыходзіліся.

Роўна ў дзесяць раніцы таго дня да Цупрона Дадовіча прыйшоў Вальдамар Луста – з рэчавым мяшком за плячыма і з паўбаянам на правым плячы. Услед за ім з’явіўся Міцька Тачыла, але без рэчаў.

– 3 пустымі рукамі? – здзівіліся сябры.

– Пачакаю, – адказаў Міцька.

– Не пойдзеш? – устурбаваўся Цупрон.

– Пачакаю, – няўпэўнена адказаў Міцька. – Пачакаю Зорыка Дугі. Як ён пойдзе, то і я.

Чакаць давялося доўга. Гадзіннік паказваў ужо палову адзінаццатай, а Зорык усё не з’яўляўся.

– Можа з крамаю нелады – учора ж здаваў. Ідзі даведайся, Цупрон.

Але Цупрон замахаў абедзвюма рукамі.

– Ды што ты! У яго там сабакі ў двары – ваўкадавы. Схадзі хіба ты, Вальдамар.

Вальдамар паглядзеў, павадзіў па хаце вачыма, крактануў і нехаця падаўся на двор. Вярнуўся ён няхутка. Міцька Тачыла і Цупрон Дадовіч ужо ўволю намаўчаліся, кожны думаючы пра сваё, калі ляснула клямка і ў двор не зайшоў, а ўляцеў раззлаваны чырванатвары і потны Вальдамар.

– А дзе ж Дуга? – спалохаўся Цупрон. – Глядзі, арыштавалі Дугу за нястачу.

– А дзе Дуга? – зноў запытаўся ён, як толькі Вальдамар пераступіў парог.

– Чорт ма, таго Дугі! – вылаяўся Вальдамар. – Пакуль мы тут спалі ды яго слухалі, гэты Цэнтнер, дарма што важкі, а паспеў і адсюль вызваліцца, і на пасаду крамніка ў Валжэвіцкім сельпо прыстроіцца. Сёння раніцою паехаў Цэнтнер прыймаць новую краму. Цяпер пляваць яму на ўсе гэтыя выпіўкі ды на нагаворы.

Цупрон збялеў і нерашуча ўтаропіўся на Вальдамара.

– А што ж мы цяпер будзем рабіць? – прашаптаў ён.

– А ліха з ім! – сказаў Вальдамар. – Усёроўна нас кінуў бы. Будзем без яго работу шукаць. Пойдзем. Зараз жа і пойдзем, як дамовіліся. Так, ці што, Міцька?

Міцька адмоўка пакруціў галавой.

– Я ж сказаў: без Цэнтнера не пайду.

– Значыць, ведаў, што ён уцёк?

– Ведаў.

– Дык чаго маўчаў, чаго душу выварочваў? Ладна. Значыць, не пойдзеш?

– Не, – адказаў Міцька.

– Тады мы пойдзем! Збірайся, Цупрон,– падаў ён каманду.

Распаўзалася кампанія...

За вёскаю спыніліся.

– Бывай! – бадзёра сказаў Вальдамар Луста і падаў Міцьку руку. – Пабачым, як яны абыйдуцца без баяніста!

Але ў вачах іхніх, у рухах Міцька бачыў разгубленасць, няўпэўненасць у саміх сабе, незадаволенасць самімі сабою. Міцьку стала шкада іх абодвух, яму нават захацелася быць разам з імі. Ён гукнуў:

– Гэ, Вальдамар, Цупрон! А можа застанецеся?

Вальдамар і Цупрон прыпыніліся, павярнуліся, і Вальдамар узмахнуў рукою.

– Не, не вернемся! – гукнуў ён.

– Не вернемся! – як рэха, паўтарыў Цупрон.

Міцька доўга яшчэ пазіраў ім услед, а потым уздыхнуў і, задумаўшыся, пакрочыў у вёску. Перад самім ім быў яшчэ незразумелы шлях, які трэба было знайсці і выбраць. Але тут жа ён і рашыў, што ніколі во так не пакіне свае вёскі.

5

– Ганна дома? – запыталася Назараўна.

– Ага, дома,– адказала Адарка.– Дома, заходзь.

– А самой табе ўсё нездаровіцца?

– Ага, нездаровіцца,– адказала Адарка.– Бач, восень во-во,– і яна паказала рукою на буслоў, што пераляталі цераз вёску на поплаў.– Буслы перад выраем збіраюцца.

Абедзве стаялі ля двара. Адарка была кіравалася да суседкі, ды якраз напаткала Назараўну. У апошні час яна часта скардзілася на боль у паясніцы, нават ездзіла ў бальніцу, але ні брыгадзір, ні Назараўна, ні нават сама Ганна не верылі ні ёй, ні даведцы, якую выдаў урач. Усе ведалі, што Адарка ў апошні час любіць адгуляцца. Асабліва на яе і не крыўдзіліся за гэта, некаторыя і зусім адмахваліся, калі ім напаміналі пра Адарку – шмат давялося перажыць удаве за вайну. На яе скуластым, абпаленым сонцам і вятрамі твары ляжала адмысловая сетка і вялікіх і малых маршчын, а валасы былі сівыя, як у бабулі. Многія помнілі, якая старанная была яна, калі аднаўлялі калгасныя пабудовы, дый і пасля ў полі жанчына была ўвішная. А во цяпер, як падрасла дачка ды пайшла працаваць разам з усімі, то Адарка трохі і занатурылася.

– Па справе? – запытала яна Назараўну, хаваючы вочы.

– Па справе. Трэба было б, каб пайшла ты, ды, бачу, прыхворваеш.

– Але ж, прыхворваю, мілая мая. Паясніца. На працу наўрад ці цайду.

– Ды не на працу,– махнула рукою Назараўна.– Якая ты! Да калгасных свірнаў трэба ісці, аванс даюць на працадні.

– Ой, што ты? – здзівілася Адарка.– А колькі ж на працадзень?

– Па кілаграму жыта.

– А не маніш? – уставілася на яе вачыма Адарка.– Нешта ж замнога. Летась толькі па паўкіло на працадзень, а сёлета авансам па кілаграму. Не веру! – і яна марудна апусцілася на лавачку.

– Ну і не вер,– адрэзала ёй Назараўна і пашыбала ў двор.

Праз колькі хвілін яна і Ганна выйшлі з хаты, моўчкі паспешліва прайшлі каля Адаркі, быццам яе зусім і не было тут. Адарка акінула поглядам іхнія спіны і апусціла голаў. Дзіва, а не дачка ў яе! Як яшчэ зімою быў сход і запланавалі атрымаць на працадзень па тры кілаграмы збожжа, дык Ганна так паверыла гэтаму, быццам тыя тры кілаграмы ўжо былі ў яе хаце. I вунь як рупліва і зімой і летам бегала на працу ў калгас, ад цямна і да цямна, з дня ў дзень, і хоць бы скарга табе.

I бач як выйшла: калі ўжо авансам па кілаграму, дык пазней, увосень, акурат, глядзі што і па тры будзе. Дзіва: і супадзе ж іншы раз такое! I толькі пасля гэтага як след дайшло да яе свядомасці: гэта ж па тры кілаграмы! У іх з Ганнай ужо цяпер трыста з лішкам працадзён, а гэта значыць... Колькі ж гэта будзе? I Адарка пачала лічыць. Бязгучна варушыла яна вуснамі, прыпамінаючы вядомыя адной ёй правілы множання, а перад сабою бачыла не мяхі са збожжам, а чыстую ўтульную хату, у якой ёсць дастатак. Ці ж мала марыла яна пра гэта? Рыгор памёр перад вайной, пакінуўшы яе з дзіцем на руках. Можа б і нядрэнна жыла яна, можа б яшчэ і замуж выйшла, але ж тут – вайна. Колькі гора перанесла Адарка, ратуючы ад пагібелі Ганулю. Тыднямі ў цёмных паграбах адседжвалася, па лясах бадзялася, у зямлянках жыла, бо гітлераўцы з вёскі выгналі. Добра яшчэ, што хоць хата ўцалела нейкім дзівам. Адразу пасля вайны яшчэ мацавалася Адарка, а тут во здаваць пачала. Абыякавасць нейкая прычыпілася, як да старой. А якая ж яна старая, калі ёй яшчэ толькі сорак год!.. Ой, божачкі, больш тысячы кілаграмаў выходзіць! Ды не можа таго быць. Пажывем – пабачым.

А Ганна ў гэты час клала на падводу мяхі. Ёй налічылі трыста сорак кілаграмаў жыта. Гэта была першая буйная палучка пасля вайны. Магчыма некаторых, як і Адарку, яна захапіла знячэўку, але Ганна наперад усё ведала. Яна насіла свае мяхі разам з Рыгорам Драздовым. Падхоплівала левай рукою мех за рог, куляла на правую руку, якую моцна трымаў Рыгор, і, па-мужчынску шырока ступаючы, падавалася да калёс. Носячы мяхі, яны коратка размаўлялі:

– Дужая ж ты,– дзівіўся Рыгор.

– А я вытрымкая,– сказала Ганна.

– У тое, што калгас выйдзе ў перадавыя, верыш? – зусім нават неяк па-дзіцячаму запытаўся ён.

– А як жа,– адказала яна.

– А ў школе ты вучылася? А ці праўда, што ў Міцьку Тачылу была закаханая? А ці вывучала пастанову партыі і ўрада аб працадні? – сыпаў ён ёй пытанні і пад канец прапанаваў: – Давай дружыць. Прыходзь на камсамольскі сход.

– Добра,– радасна згадзілася Ганна.

– Учора на праўленні рашылі адкрыць у калгасе агранамічныя курсы,– паведаміў ён.– Два разы ў тыдзень займацца будзем. Запішашся?

– А як жа,– сказала Ганна.

– Ты колькі класаў скончыла?

– Тры,– беручы чарговы мех, адказала яна.– Не было як хадзіць, дык кінула.

– Сёння ў нас сход, дык прыходзь. Ва ўсім дапаможам – ты дзяўчына працавітая. Возьмеш у мяне статут камсамола.

Вунь колькі паспеў нагаварыць ёй Рыгор Драздоў, пакуль мяхі насілі. Колькі марыла яна пра вучобу, аж тут бач якое будзе рабіцца! Ужо загадзя за яе падумалі, загадзя аб усім патурбаваліся. Яна ўзялася за лейцы, кранула каня.

– Н-но!

Тады Рыгор Драздоў гукнуў:

– Пачакай, Ганна! А хто ж мяхі дапаможа зносіць?

Яна спыніла каня, паціснула плячыма: дапамагчы і сапраўды не было каму...

Невысокага росту, але каранасты, з карычневымі вясёлымі вачыма, у напаўвайсковай форме, у хромавых паношаных ботах, ён ішоў поплеч з ёю, размаўляў і час-ад-часу перабіраў правай рукою валасы на галаве. Парыпвалі аглоблі, рыпела нешта ў хамуце на кані, конь фыркаў, гучэў трохі хрыплаваты, але ласкавы Рыгораў голас, а над усім гэтым стаяў напаўлетні, напаўвосеньскі дзень, што чапляў і на парканы, і на двары, і на каня, і на калёсы з мяхамі, і на саміх іх тонкае павуцінне бабінага лета. Рыгор усё расказваў, але, на вялікае яго здзіўленне, Ганна амаль не слухала цяпер яго. Яна найбольш аглядалася на двары, з якіх выглядалі бабы ды падлеткі, ёй так і хацелася сказаць ім усім: «Бачыце, колькі ў нас хлеба! Во прыйдзе свята, дык так справім – і Яўгена з горада пазавем!» Але ці можна было такое гаварыць, калі поплеч з ёю крочыў Рыгор Драздоў?

Ганна доўга думала над гэтым і раптам сказала Рыгору: ·

– Во ўжо і не так далёка да Кастрычніцкіх свят. Мы таксама спраўляць будзем. Прыдзеце да нас у госці?

– А чаму ж не прыйсці,– адразу згадзіўся ён.

Фурманка апускалася ў лог да мосціка, конь пайшоў подбегам, і абодвы яны заспяшаліся. Рыгор, як узышлі на мосцік, быў памкнуўся зноў памянуць пра Міцьку Тачылу, але перадумаў і змоўчаў. А тут, за мосцікам, адразу і паваротка ў двор. Двор стаіць на ўзгорачку і пабудаваны па даўняму звычаю – амаль у канцы пляца. Пры ім усюды расце бульба і віднеецца яшчэ палоска Адарчынага лёну ды шуміць на ветры ігруша, і ўсё гэта вельмі выразна вырысоўваецца на фоне неба, бо далей, за дваром – спад, поплаў. А пры двары на лавачцы сядзіць Адарка.

«Божачка,– думае яна, калі фурманка зварочвае з вуліцы.– Няўжо гэта да нас? Аж чатыры мяхі!»

I ўпотай Адарка ўжо лае самую сябе, бо сама малавата працавала, быццам ёй усяго гэтага і не хацелася. I ўпотай упершыню нават як бы сорам закрадаецца ў душу. Міжвольна яна падхопліваецца і яшчэ па-старэчаму тупае да частаколавых варот, каб расчыніць іх. I міжвольна прыпамінаюцца спрэчкі з брыгадзірам. Як гэта здарылася, што часам яна адставала ад усіх? Імжыць яшчэ жаўранак у небе. Так, падымецца з пожні, патрапеча крыламі дый і зноў асцярожна апускаецца ў разорыну. I цяжка б’ецца сэрца ў Адаркі, хоць самой ёй і радасна. А калі фурманка падыходзіць да варот, на твары Адаркі з’яўляецца нават нешта накшталт непаразумення. Сакратар камсамола крочыць разам з Ганнаю. Гэта не тое, што той далёкі родзіч Яўген, якога яна і недалюблівала за яго ганарлівасць. А гэты, незнаёмы, бач, цягае з Ганнай мяхі, перагукваецца ды пасмейваецца. I Адарка пачынае крытычна аглядаць дачку: а хто ж яго ведае, чым яно ўсё можа скончыцца!..

6

Дзіва, што пачало рабіцца ў калгасе. Пасля таго, як знікла кампанія Дугі, аграном адкрыў пры клубе курсы, часта адбываліся тут і камсамольскія сходы. I раптам зусім нечаканае: Ганну Жылудовіч праўленне накіравала на прарыў – даручыла звяно па апрацоўцы ільну. А што за звяно! Старая Дадовіч, Адарка, жонка Зорыка Дугі Хіма і яшчэ некалькі такіх жа не надта старанных жанчын. 3 раніцы Ганна бегае па дварах, збірае сваё звяно.

– Хіма! – гукае яна пад акном.– Выходзь на работу!

– Ой, мілая мая, ды я ж толькі ў печы распаліла,– адказвае Хіма праз расчыненае акно. – Пачакай трохі. Збегай спачатку да Дадовічаў.

I Ганна імчыцца да Дадовічаў, а Хіма, пазіраючы ёй услед, цяжка ўздыхае: нядобрыя насталі дні. Каб не гэты аванс, то можна было б і зусім не ісці, а так – куды там. Чаго добрага,– пляц яшчэ адбяруць, во і круціся тады. Дый і Зорыка могуць яшчэ больш зганьбіць – бач, давялося ж уцякаць ажно ў Валжэвічы – гэта за сорак кіламетраў адсюль. Такія, як гэты новы старшыня ды во Ганны розныя,– прыціснуць добранька. Нездарма ж убіраюцца ў сілу. Не, трэба спяшацца. На рабоце зарывацца, канешне, не варта, а так, адбыць дзень трэба.

Дадовічыха ўжо чакае Ганну. 3 пранікам сядзіць на прызбе, а побач з ёю капошацца ў пяску куры. Яна па-ранейшаму любіць сказаць пры выпадку: «Я да свайго Цупрона не маю спраў. Я жыву асобна, а ў яго – свая галава на плячах».

Ледзь толькі Ганна паказваецца ў двор, Дадовічыха адразу падымаецца са свае прызбы. Гэтак бывае кожную раніцу. I, як і кожную раніцу, яна першая кажа:

– Ну, пайшлі.

– Ага, пайшлі, цётачка,– радасна ківае галавою Ганна.

Дзівіцца Дадовічыха, пазіраючы на маладую Пабіраху. Ці то яна наўмысна маўчыць, ці то і сапраўды такая – можа ж старая і да яе прыходу сама патупаць у поле. Каб сказаць, што дурная, дык не – на рабоце вунь якая кемлівая дый на тых курсах, якімі кіруе цяпер аграном, яе хваляць.

I ўжо само сабою закрадваецца ў галаву: а ці ўсё як трэба ў гэтай трохі як бы разяватай, а ў сапраўднасці і не разяватай дзяўчыны? Не Пабіраха, а проста загадка. Адно добра: не крычыць, не лаецца, не плявузгае начальству. 3 гэтай, бадай, і адпачыць, паляжаўшы ў полі, можна было б, ды вось сама працуе, не спыняючыся, а адстаць сорамна. Неяк няёмка, калі ты будзеш ляжаць, а яна працаваць. I Дадовічыха спяшаецца ўслед за Ганнай, якая патроху робіцца ёй у нечым блізкай. Ідучы, яна пачынае прыкідваць у галаве далей. А гэта ж ніякіх Пабірахаў хутка не будзе,– думалася ёй.– А ці адных Пабірахаў? Зорык Цэнтнер, Вальдамар Луста і тыя ўжо збеглі. Чаго ж гэта пацягнуўся за імі гэты дурніца Цупрон? Шукаць лягчэйшага хлеба? Можа і знойдзе, толькі вось чысціні душы не знойдзе. А такія, як Хіма Цэнтнерыха, як Лусціха, як некаторыя іншыя, для якіх калгас толькі прыпынак,– іх таксама хутка не будзе. Іх змяце гэты самы кілаграм, за які так стараецца Ганна. I жыццё зусім інакшае стане.

Ух, што толькі адкрылася гэтай старой жанчыне Дадовічысе! Вось і захацелася ёй некаму пра гэтае самае расказаць! А каму? Хіме Цэнтнерысе – не зразумее. Лусцісе – аблае толькі. Адарцы – няёмка, скажуць, пад дачку падладжваешся. 3 тыдзень хадзіла маўчком во з такімі думкамі, а яны так і прасіліся на язык. Падазрона паглядала на сустрэчных: а ці яны здагадваюцца? Толькі хіба ж пазнаеш чужыя думкі? I чым больш во так хадзіла, тым большая злосць разбірала яе на Зорыка Цэнтнера. Да драбніц успамінала колішнія п’янкі, чырванела за самую сябе. Бач, адсюль вытурылі, дык у Валжэвічах прыляпіўся. Ды як прыляпіўся: хіба не помніць яна ягоных слоў, што цяпер такіх гнясці трэба. Хі-ітры! Сон страціла Дадовічыха, шаптала ўначы: «Гад. Я сына праз цябе можа згубіла».

I пачала бліжэй трымацца Ганны.

Неяк у поўдзень выклікалі Ганну з поля ў праўленне. Хіма Цэнтнерыха, як толькі ад’ехалася Ганна на выпадковай падводзе, паднялася, страсянула з фартуха пыл, кінула пад ногі пранік і пацягнулася.

Грэла сонца, блізка над іржышчам хмарамі лёталі шпакі. Гулі машыны ў блізкай адсюль МТС. Чыстыя далягляды з засмучонымі на небасхіле лясамі ляжалі вакол. Хіма зажмурылася і сказала:

– А гэта ж, бабанькі, і адпачыць можна, пакуль Ганна вернецца!..

Адна з жанчын, як па камандзе, адразу кінула свой пранік. За ёю і яшчэ некалькі. I неўзабаве ўсе зрабілі тое ж. Толькі Дадовічыха ды Адарка па-ранейшаміу працавалі. На твары Дадовічыхі была злосць, гнеў. Яна так грукала сваім пранікам, што з-пад яго сотнямі іскраў ляцела ільняная луска. Нарэшце, прыпынілася і, паглядаючы на Хіму, сказала непрыязна:

– Чаго ж гэта ты не працуеш? Відаць, Зорык з крамы яшчэ нешта прывалок?

– Адчапіся,– спакойна сказала Хіма.– Зорык чэсны.

– Ведаем яго чэснасць. I ты такая ж чэсная. Чаго сама не працуеш ды і другіх збіваеш? Або табе балюча, калі лішні рубель будзе на працадзень ды людзі зажывуць як трэба?

– Во яшчэ,– павярнулася Хіма спіною.– Стану я з табою спрачацца!

Пастаяла, яшчэ раз пазяхнула і лягла ў цяньку ільняных снапоў. Поплеч ляглі яе сяброўкі, а Адарка і Дадовічыха ўсё грукалі і грукалі пранікамі. Злосць брала Дадовічыху не толькі на Хіму, але і на Ганну. Вось да чаго давяла яе беганіна па дварах, яе патуранне такім во, як Хіма. А гэтыя Хімы цяпер вылежваюцца.

3 гурту жанчын, што ляжалі ў цяню разам з Хімаю, раптам паднялася адна і падалася ў бок Дадовічыхі. Гэта была Лусціха. Сорам увесь час дапякаў яе, не даваў спакою. Сорам падняў яе на ногі, і яна зноў садзіцца на сваё месца, чырванее, бярэ сноп і пачынае абіваць яго...

К таму часу, калі Ганна вярнулася з праўлення, жанчыны, што ляжалі пад снапамі, паспелі добра задрамаць. На таку працавалі толькі яе маці, Дадовічыха ды Лусціха. Ганна прыпынілася, здзіўлена аглядзела ток, села, укрыла ногі фартухом. Дадовічыха непрыязна ва ўпор пазірала на яе.

– Паснулі? – запытала Ганна і кіўнула галавою ў бок Хімы.

– Або не бачыш? Гэта ўсё праз цябе. Не твая гэта справа кіраваць...– вымавіла Дадовічыха і раптам асеклася. У вачах Ганны яна заўважыла тое, што ўжо не аднойчы многія заўважалі – нешта як бы незразумелае, але ўпартае, нейкі як бы патаемны агонь.

– Вось і добра, цётачка,– спакойна сказала Ганна.– Хай паспяць. А мы тымчасам папрацуем.

Грукат трох пранікаў не вельмі каб шкодзіў спячаму гурту на чале з Хімай. А Дадовічыха з сілаю грукала і грукала пранікам, скоса паглядаючы на Ганну. Ой не, зусім не сапсавалі твае душы, дзевухна! Глядзі, памылілася я, калі так падумала. За гэтай тваёй як бы спакойнасцю сам чорт хаваецца. А тым часам тут і характару трохі ёсць. Толькі як бы там ні было, а гурт ужо раскалоўся на дзве няхай пакуль няроўныя часткі. А як прачнуцца гэтыя дурні ды ўбачаць, што і сонца ападае і сама звеннявая працуе, што во тады будзе? А там ёсць і сарамлівыя і дапяклівыя маладухі. Ой, глядзі, адлежыць сёння свае бакі Цэнтнерыха!

I прадбачачы тое, што будзе, са спагадаю паглядала на Ганну і ўпотай задаволена пасмейвалася.

...Неяк надвячоркам, перад нядзеляю, завярнула Дадовічыха ў калгасны клуб, дзе ў той чае якраз збіраўся агранаімічны гурток. Села за адным сталом з Ганнаю, загаварылася.

Ды так і засталася на ўсе заняткі.

7

Пакуль Ганна працавала ў полі, яна ведала толькі тое, што кожны дзень бачыла перад сабой – жыты, аўсы, пшаніцу, бульбяныя абшары. I толькі ўвосень – у гэтую першую ўдалую восень – яна змагла як след уявіць, што такое яе калгас. Як бы нават нечакана да тых трох кілаграмаў дадаліся мех яблык, воз капусты, некалькі тон бульбы. Праўда, грошай не па дзесяць рублёў атрымала, а ўсяго толькі па сем. Каля трох тысяч рублёў! Што галоўнае ў хаце, асабліва для дзяўчыны? Канешне ж, добры ложак, пасцель. Вось і выбіраюцца яны сёння з маці ў горад за пакупкамі.

На двары стаіць пагодлівы восеньскі дзень. Ля двара, прывязаны да частакола, запрэжаны ў калёсы конь. На Ганне ўсё тое ж плацце і тыя лодачкі, у якіх танцавала яна некалі з Міцькам Тачылам. Ох, Міцька, Міцька! Пабыў, пажыў у калгасе, можа і пасумаваў, а тады падаўся зноў у рачны порт. Расказваюць: піша, што зноў працуе на кацеры.

Ганна стаіць пры дзвярах, трымаючы кашолку, а Адарка ўсё яшчэ корпаецца пры палацях, увязваючы ў хусцінку дзесятак яек.

– Ну, навошта яны табе, мама? – міжвольна пытаецца Ганна.– Пакінь!

– Не, трэба, – кажа Адарка. – Як жа так: у горад едзем ды каб не прадаць.

– Грошы ж ёсць, – нясмела заяўляе Ганна.

– Хай сабе! – і, азірнуўшыся на дачку, дадае: – Хіба ж мне не хочацца адвезці што на рынак, як і іншыя? Ну, хіба няпраўда?

– Праўда, – згаджаецца Ганна. – Але ж доўга.

– Зараз, зараз. Нельга ж, каб у дарозе пабіліся. Калісьці Рыгор. твой бацька, не любіў, калі што зроблена не так.

Потым яны доўга ладкуюцца на калёсах – Адарка з аднаго боку, трымаючы ў руках вузельчык з яйкамі, Ганна з другога.

– Ну, кранай, – загадвае нарэшце Адарка.

– Пачакай троху, я во лодачкі скіну. Замінаюць. Там перад горадам абую.

Яна знімае з ног лодачкі, падсоўвае іх пад сена і ўжо на хаду садзіцца. Адарка сядзіць на калёсах у пярэстым андараку, што неяк захаваўся пасля вайны, у самаробнай вышыванай кофтачцы, а на галаве – белая паркалёвая хусцінка па краях у клетку. Мінаюць лог, мінаюць калгасную канцылярыю. Нечакана з двара, што ўвесь акружаны ліпамі, насустрач ім выбягае Дадовічыха – нізенькая, сівая жанчына.

– Ганна, Адарка! – гукае яна. – Пачакайце!

У руках Дадовічыха трымае таксама вузельчык.

Ганна нацягвае лейцы, спыняе каня.

– Ах, замарылася, – кажа Дадовічыха. – Гэта ж мой, гэты гультай, пісьмо прыслаў. Ледзь дачакалася. Піша, што працуе ў горадзе, у рэстараіне ахвіцыянтам. Піша, каб заехала. Дык скажыце яму, што няма маёй згоды. Ні рукі, ні ногі не нясуць мяне туды, бо ведаю, чаго ён там прыстроіўся,– сыпле яна. – А тымчасам во вузельчык сабрала, – і на яе выцвілых вачах успыхваюць слёзы, а рот пачынае крывіцца.– Там, у вузельчыку, і пісьмо – дзякуй яму, Рыгор Драздоў напісаў – але ж вы скажыце яшчэ і маё слова. Добра, Гануся?

– Добра, цётачка, – абяцае Ганна. – Зойдзем!

– Ну, то кранайце з богам,– ківае галавою Дадовічыха і суне свой вузельчык Адарцы пад ногі. – Кранайце ўжо. Ды гэтае, як будзеце купляць ложак, то не скупіцеся, – і яна дабрадушна моршчыцца. – Ну-ну, паехалі, – і адступаецца ад калёс.

Ганна падганяе каня, а Адарка пачынае неспакойна соўгацца на месцы, потым яе правая рука міжвольна апускаецца на Дадовічышын вузельчык, пачынае абмацваць яго.

– Чаго гэта вы, мама? – пытаецца Ганна.

– А цікаўлюся, што б гэта Дадовічыха напакавала сыну?

– Ой, і не сорамна, мама!

– А чаго сароміцца, – кажа Адарка. – Я вунь якое жыццё пражыла і цябе ўзрасціла. Які ж тут сорам?

Адарка ставіць пад ногі свой вузельчык і ўзнімае вузельчык Дадовічыхі.

– Ой, мама, людзі ж бачаць!

– А адкуль яны ведаюць, дачушка, які вузельчык яе, а які мой? Што ж бы гэта? Няўжо таксама яйкі? А божа ж мой, ды гэта яблыкі! Чуеш, яблыкі! I во, ігруша адна. А там і паперчына.

Ганна маўчыць. Упершыню ўзнікае ў яе крыўда на маці.

– Няўжо, мама, як мяне вы гадавалі, то ў чужыя вузельчыкі заглядвалі?

Адарка ўздыхае і ставіць чужы вузельчык на ранейшае месца, а свой бярэ ў рукі.

Да горада дзесяць кіламетраў – вунь які шлях, і жанчыны шмат пра што паспяваюць перадумаць. Ганна думае не толькі пра пакупкі, але і пра сваё звяно, у Адаркі ж на душы тое, аб чым найбольш непакояцца маткі: як бы выгадна аддаць дачку замуж. I ўсё больш успамінаецца ёй той дзень, калі яна сядзела на лавачцы ля двара, а Ганна прывезла аванс ды зносіла мяхі, разам з самім «сакратаром камсамола». Усё больш успамінаецца, як перагукваліся яны тады ды рагаталі і як падумалася яшчэ ёй: а хто ж яго ведае, чым яно яшчэ ўсё скончыцца! Вось бы такога жаніха! Не п’е, важак у моладзі. Аднак жа і разумела яна, што Ганна Рыгору не пара, што яна ад Рыгора стаіць вунь як далёка. Успаміналіся чамусьці яе парэпаныя загарэлыя ногі, калі яна зносіла тыя мяхі. Але ж... чаму не памарыць? Марыла ж яна добра зажыць і во як быццам бы і зажыла. Добра было б, каб такі жаніх трапіўся. Рагіна Маеўская нядаўна выйшла замуж за настаўніка, дык то ж Рагіна! Яе вунь як песцілі, ды вунь як апраналі. Тая не скіне лодачкі, бо яны ёй замінаць не стануць. I не пойдзе з Міцькам на масток, няхай сабе і без лішніх думак. Там, на старане, хіба, а тут пад яе і камар носу не падточыць. Вунь колькі перабрала, пакуль выйшла. А як выйшла, дык, кажуць, ужо і сварыліся. Сам Маеўскі ездзіў уціхамірваць.

Гудуць паўз вушы правады, што нацягнуты збоч дарогі на слупах, аднамыслова цягнуцца палі са скірдамі, а на душы ў Адаркі накіпаюць ні то нейкая крыўда, ні то самотна-пяшчотныя слёзы.

У горадзе яна перш за ўсё загадае заехаць на рынак. На рынку – падвод не злічыш, плыве гоман.

– Ты тут пастой, – кажа Адарка, а я пайду, яйкі прадам.

– Толькі ж не баўся, мама, – просіць Ганна.

– Добра...

Але абяцанне дарэмнае. 3 дзесяткам яек Адарка прападае ў натоўпе гадзіны дзве. Нарэшце яна вылазіць з гурту людзей, спацелая, змучаная, але задаволеная.

– Праўда, – кажа яна. – Добра прадала – дзевяць рублёў далі. Заадно і ўсё агледзела. Тут, на рынку, вунь з таго боку і мэбля прадаецца. Давай скіруем туды.

3ноў жанчыны ўзбіраюцца на калёсы. Едуць марудна, кожную хвіліну даводзіцца крычаць. Нарэшце вось ён, магазін, з вялікімі вокнамі, за якімі выстаўлены розныя рэчы. Жанчыны доўга выбіраюць ложак, матрац, коўдру, доўга разглядаюць, радзяцца і нарэшце купляюць усё гэта. Але насіць пакупкі на калёсы яны не спяшаюцца.

– Пасля,– кажа Адарка і цяне дачку ў глыб магазіна. – Глядзі, што тут!

А за прылаўкам, на падплечніках, безліч плаццяў. I дарагіх, і недарагіх.

– Ведаеш, дачушка, давай купім табе плацце, – кажа Адарка. – I лодачкі новыя. Надзенеш вунь за тою шырмаю, там можна, ды так і паедзеш да Цупрона. Хай пабачыць, якія мы Пабірахі.

Ганна ўспыхвае: а чаму б і не купіць? Грошай жа яшчэ амаль палова засталася! Крэпжаржэтавае плацце ў кветку так і кідаецца ёй у вочы.

– Гэтае, ці што, мама?

– А хоць бы і гэтае, – гудзе Адарка. – Давай пакліч крамініцу.

За шырму яны заходзяць удваіх. Ганна ўздыхае, пазіраючы на плацце, якое трымае Адарка. Гэта ж першая сапраўдная абнова ў яе жыцці. Плацце, якое не так даўно было яе марай. Ганна надзяе яго і кажа:

– У самы раз, мама. Як на мяне пашытае.

– А ты зірні на сябе ў люстэрка, – задаволена смяецца Адарка.

Ганна глядзіць у люстэрка і не верыць вачам. Стройная дзяўчына пазірае на яе. 3 задумлівымі, прыгожымі вачамі і прыгожай усмешкай.

«Пахарашэла»,– задаволена думае пра сябе Ганна.

Тут, за гэтай самай шырмай, яна прымярае панчохі і туфлі.

– А можа зняць усё гэта, мама, – шкадуючы адзенне, гаворыць яна.

Але Адарка злосна ўзмахвае рукамі.

– Што ты, дзеўка, – спалохана кажа яна. – Гэта ж горад.

– А хто ж ложак грузіць будзе?

– Не твая справа! Знойдзем. Ну, ідзі, ідзі да калёс!

I вось зноў, як і тады, калі яна ўпершыню ішла на вячорку, Ганне робіцца ніякавата. Кожны як бы пазірае ёй у вочы, кожны як бы ведае, што гэта толькі што купленае плацце, і таму прыглядаецца. Прыглядаецца і Адарка. Няўжо ж і цяпер яе дачка горшая за другіх?

Ля прыступак магазіна Адарка заўважае дзябёлага чырванатварага дзядзьку з рыжымі даўгімі вусамі і нясмела падступаецца да яго.

– А дзядзечка, а даражэнькі,—пачынае гаворку яна. – А гэта ж купілі з дачкою ложак ды матрац, а грузіць няма з кім... На дачцы, бач, абнова. Адной мне цяжікавата будзе, то можа дапаможаце знесці на калёсы.

Дзядзька крытычна аглядае Адарку, пасля Ганну і на дзіва танклявым голасам кажа:

– А сама чаго ж не купіла?

– Паркалю, паркалю дачка купіла, – кажа Адарка і паказвае скрутак.

– А дзе ж ён, той ложак, у магазіне?

– У магазіне, дзядзечка.

– Ну, то хадзем, – згаджаецца ён і крычыць некаму ў натоўп: – Андрэй! Пачакай там мяне! _

I зноў едуць жанчыны па горадзе, сядзяць плячо ў плячо, важныя і трохі ўсхваляваныя.

– Цётачка, дзе тут рэстаран? – часта пытаецца ў сустрэчных Адарка.

Рэстаран – блізка ля цэнтра. Гэтая белая цагляная будыніна ў адзін паверх. Трохі даўгаватая, трохі нізкаватая. На вокнах і нават на шкляных дзвярах фіранкі.

– Ідзі, мама, – кажа Ганна, спыняючы каня, – а я тут пагляджу.

– Не, дочачка, трэба ісці ўдваіх. Я ўжо і забылася, што там казала Дадовічыха. Трэба ўдваіх. Толькі вось як жа з пакупкамі?

Але іх ахвотна выручае міліцыянер. Ён абяцае пасачыць за канём, за ложкам і за матрацам.

Ганна прыкметна хвалюецца, калі пераступае парог рэстарана. Яна ўспамінае Цупрона, яго звычай круціцца ля выпівалаў, дагаджаць ім і забаўляць іх, яго насмешлівыя, як на выкаце, вочы, што заўсёды паглядалі на яе з пагардаю, і ёй усё больш робіцца зразумелым, чаму Дадовічыха адмовілася наведаць яго і з якіх прычын апынуўся Цупрон во за гэтымі шклянымі дзвярыма. Божачка, ужо ж яна маладая, а колькі бачыла вось такіх на сваім шляху! Як толькі такі трохі ўзрасце і ўбярэцца ў сілу, то так і вынюхвае, дзе б зручней ды выгадней прыстроіцца. А цяжкое пакідае вось такой, як яна, або такому, як Рыгор Драздоў. I куды толькі ні забярэцца такі прайдзісвет! I ў канцылярыю, і ў рэстаран, асабліва, калі з харчаваннем нястача, і на чыгунку і чорт ма куды – каб было тое на небе, то ён і на самое неба забраўся б. Гаяна нават пабялела, калі заходзіла ў рэстаран.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю