412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Мікола Лупсякоў » Пабіраха » Текст книги (страница 1)
Пабіраха
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 11:18

Текст книги "Пабіраха"


Автор книги: Мікола Лупсякоў



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 3 страниц)

1

Вельмі многія называлі гэтую сям’ю Пабірахамі. Жыла сям’я ў невялікай хаціне, якраз пасярод вёскі, недалёка ад ручая, густа зарослага алешнікам. Сам гаспадар Рыгор Жылудовіч увесь час хварэў і памёр незадоўга перад апошняй вайною, пакінуўшы сіратою дачку Ганну і жонку Адарку. Больш у сям’і нікога не было. Адарка не вельмі каб была працаўніца, яе іншым разам брыгадзір ледзь не сілком вытурваў у поле. Ганна ж была малалетак, і таму кожны кавалак хлеба быў на ўліку, а якое-небудзь старое фабрычнае плацце лічылася каштоўным здабыткам. Гэткім жа здабыткам былі і добра паношаныя лодачкі, купленыя на рынку за чвэртку колішняй цаны, і катушка фабрычных нітак, і нават якая-небудзь адмысловая шпілька. Конаўка пры вядры і само вядро былі драўляныя, зробленыя з ліпы, у куце звычайна тырчэлі прасніца, матавіла, ды на акне ляжала яшчэ верацяно, бо Адарка заўсёды сеяла на агародзе лён. Калі трэба было што-небудзь зварыць або што-небудзь спячы, дык пачыналася беганіна па суседзях. На такую справу пасылалася Ганна.

– Цётачка,– звычайна прасіла яна,– ці не дасце вы нам свае патэльні?

Або:

– Цётачка, ці нельга пазычыць у вас чыгуна?

– Пабірахі забегалі, – казалі ў такія дні суседзі.

Свята Жылудовічы спраўлялі рэдка. Але калі выпадала спраўляць, то колькі было пасля гэтага гаворкі!

Неяк аднаго разу заехаў да іх далёкі родзіч – вельмі сталы гарадскі чалавек, добра апрануты, на новенькім веласіпедзе, што аж зіхціць. Адарка вельмі доўга мерала час гэтым наведвальнікам.

– А, помню, – казала яна субяседніцы, – гэта было за месяц, а можа і болей да таго, як прыязджаў да нас Яўген з горада.

Або:

– Ну, ну, як жа, помню! Якраз пасля таго праз тры дні і Яўген з горада да нас прыязджаў.

Духмяныя, харошыя вечары ў жніўні. 3 поля прыносіць вецер пах спелага жыта і добра напаленай за дзень зямлі. Далёка на тым баку ручая, за вольхамі, ужо зайшло сонца і ўвесь небасхіл палымнее. У валках, у снапах, у межах сярод грудаў завялай сурэпкі, у агародах, нават у двары дзе-небудзь пад шуляком на ўсе лады звоняць конікі. Не-не дый дыхне вецер блізкай восенню, бо даўно прайшла касавіца траў і ўжо не крумкаюць, як нядаўна, жабы ў ручаі і на паплавах і не крэкаюць таксама, жыруючы, дзікія качкі. Адно конікі як бы развітальныя песні спяваюць. I зоры пабольшалі. Іншая ліхтаром здаецца, плавіцца, мігціць. Невялікі дворык, абгароджаны частаколам, здаецца на дзіва ўтульным, робіцца дарагім. Ад невялікай ігрушы, якая часам шапоча лісцем, патыхае нечым вельмі родным, што і растлумачыць бадай немагчыма.

Вось у адзін з такіх вечароў Ганна і дастала тыя самыя лодачкі, што хаваліся ў спецыяльнай скрыні і якія і яна, і маці лічылі заўсёды вялікай каштоўнасцю. Падумала ды дастала яшчэ і тое фабрычнае плацце, якое заўсёды бераглося. Пры святле настольнай лямпы пераапранулася і таропка пачала пераплятаць косы. Потым закружылася перад люстэркам, аглядаючы сябе. Лодачкі былі велікаватыя, дый з непрывычкі цяжкавата было трымацца на высокіх каблуках. Але гэта нішто – не так і прыкметна. А вось плацце! Яно было настолькі не па росту, вялікае для яе, што рукавы ледзь не прыкрывалі пальцаў. Ганна падкасала іх – выйшла як быццам бы нішто. Плацце ў поясе скалола шпількаю – таксама нядрэнна. Яшчэ раз агледзела сябе, яшчэ раз прайшлася па хаце і выйшла пасля гэтага ў двор.

Па-ранейшаму палыхаў захад, а далёка ў вёсцы спявалі дзяўчаты і часам парыпваў гармонік. Ганна ўздыхнула і накіравалася на вуліцу. Нават у цемені ёй было сорамна, калі яна сустракала каго. Гэта ж яна ў новым плацці! Гэта ж яна ў лодачках!

К таму часу, як яна дайшла да пагулянкі, калгасны клуб быў ужо расчынены, пад столлю палыхалі вялізныя лямпы, іграў гармонік і пары танцавалі. Ганна прабралася ў куток і тут спынілася, спакваля разглядаючы ўсіх. Божа ты мой, якое плацце было на Рагіне Маеўскай! Крэпжаржэтавае, у зялёную з чорным кветку, на нагах туфлі самае малае за трыста рублёў. Капа светлаватых валасоў хвалямі спадала і рассыпалася па яе плячах. Высокая, стройная, з курносым бледнаватым тварам, яна была прыгажэйшай за ўсіх на вячорцы. А з ёю танцаваў Міцька Тачыла – хлопец вясёлы, прыгожы, паўнатвары, у форменнай вопратцы. На яго шапцы ўспыхвае белая какарда – ледзь не рулявога таго самага кацера, што акуратна праз дзень прабягае па Дняпры. На заваротах ён так грукае наваксаванымі чаравікамі, што міжвольна ўяўляецца, які гэта моцны і адважны чалавек. Жыве ён добра, бо да таго агарода і сада, які мае ў калгасе маці, да тых парсюкоў, што кормяцца ў двары, кожны месяц прыносіць палучку. Прапіць яму пяцьдзесят або сто рублёў зусім нічога не значыць, і ён часта бывае во такім, як цяпер, веселаватым. Ганна ведае, што многія дзяўчаты мараць пра Міцьку, а Рагіна і яе маці, дык гэтыя ўвачавідкі ўвесь час бамбардыруюць яго, ды пакуль што не маюць поспеху. Некалькі дзён назад Міцька зволіўся з кацера, і цяпер Рагіна кожны дзень прахаджваецца з ім па вуліцы – на зайздрасць вельмі многім, бо да таго ж кажуць, што Міцька падшукаў ужо новую зручную работу ў горадзе. Калі Рагіна гаворыць пра Міцьку, то яна як не плача – так ён ёй падабаецца. Але дзяўчына з разлікам і асцярожнічае – калі і прахаджваецца, дык удзень, ва ўсіх на вачах, а вечарам заўсёды скіруе яго да свайго двара, дзе як бы незнарок выйдзе пасядзець на лавачцы яе маці. Міцька з-за гэтага злосны і нездаволены і заўсёды адварочвае ад яе пахмуры свой твар. Ён, глядзі, і абцасамі грукае з-за гэтае свае злосці. Але раптам Міцька весялее, ухмылка праходзіць па яго шчоках, ён паварочваецца да Рагіны і кажа:

– Глядзі,– ківае галавою ў дальні кут.

А там, у дальнім куце, стаіць Ганна ў сваім плацці і лодачках. Косы ў яе нейкія выцвілыя, тонкія, твар пачарнелы, худы, а рот як не да вушэй. Страшыдла, а не дзеўка.

Рагіна ўсміхнулася, зірнула на Міцьку і зажмурылася.

А Міцька зноў сваё:

– Ды зірні лепей. Зірні на руку!

А на руцэ ад кісці і як не да локця тлустая чорная пісяга – гэта, калі яна круцілася перад люстэркам з падкасанымі рукавамі, дык незнарок чыркнулася ў чалесніку аб качаргу і вымазалася ў сажу. Хіба ж ёй заўважыць гэта, калі ўся яе ўвага – увесь слых і зрок – занятыя вячоркай, так што аж вочы ўспыхваюць, а рот сам сабою раскрываецца.

– Ох! – піснула Рагіна.

– Хо, – сказаў Міцька Тачыла. – А рот – аў, сапраўднае страшыдла. Нездарма ў іх на агародзе ні аднаго канапляніка не ўбачыш – баяцца.– I Міцька паспрабаваў прыціснуць да сябе Рагіну, але тая ўчас паспела непрыкметна адпіхнуцца ад яго.

Між тым Ганна стаяла і зайздросціла Рагіне. Вось скончыўся вальс, Рагіна выцерла хусцінкаю твар і пачала цягнуць Міцьку да выхаду – прайсціся. Але Міцька нешта занатурыўся, спыніўся, павярнуўся да хлопцаў і пачаў з імі гаварыць. Рагіна пастаяла-пастаяла дый падалася адна да выхаду. Тады Міцька агледзеўся вакол і пачаў прабірацца ў кут, абыходзячы групкі хлапцоў і дзяўчат.

«Да каго ж гэта ён? – міжвольна падумалася Ганне. – Ой, няўжо да мяне?»

Міцька ішоў і пазіраў на яе, і Ганна, не верачы, адвярнулася. Раптам лёгкі, як вецер, дотык яго рукі да пляча.

– Добры вечар, Гануся,– сказаў ён.

– Добры вечар,– выдыхнула Ганна, і вочы яе ўспыхнулі радасцю.

Міцька незадаволена агледзеў дзяўчат, што стаялі блізка, незадаволена сказаў «хо!» і, узяўшы Ганну за локаць, прашаптаў:

– У цябе, Гануся, уся рука ў сажы. Гэтыя верціхвосткі,– і ён яшчэ раз незадаволена зірнуў на дзяўчат,– трасцу скажуць.

Спагадаю, замілаванасцю свяціліся яго вочы, калі яна, пачырванелая, неўпрыкмет ад другіх сцірала з рукі сажу і ўдзячна пазірала на яго.

Зайгралі кракавяк, і Міцькавы вочы ўспыхнулі.

– Танцаваць умееш? – запытаўся ён.

– Умею,– адказала Ганна.

– Пойдзем станцуем!..

Зусім не адмаўлялася, не адпіхвалася Ганна, як гэта заўсёды рабіла Рагіна, а паслухмяна падала яму руку і – выйшла. У першай пары!

І адчувала, што ўвесь клуб пазірае на яе. Так, між іншым, на нейкі кароткі момант, убачыла пры парозе здзіўленую Рагіау і адразу забылася на яе. Як кружыліся, то Міцька лёганька прыціскаў яе да сваіх грудзей, і Ганна не адпіхвалася, як гэта рабіла Рагіна. Яна, пэўна, ганарылася ім, Міцькам, як ганарылася тым далёкім родзічам, які аднойчы да іх заехаў. Гэта відно было па яе вачах, па твары, па яе ўсмешцы. Яна была рада, што Міцька з ёю танцуе.

Як скончыўся танец, Міцька адвёў яе ў той жа куток і не адышоў, пакуль не зайгралі новага танца. Рагіну запрасіў на танец нейкі заезджы хлопец, але Міцька на гэта і ўвагі не звярнуў.

У перарыве між танцамі Міцька адвёў у бок свайго сябра Цупрона Дадовіча і шапнуў:

– А ведаеш што – правяду я сёння гэтую Ганну.

– Ды ці ты адурэў? – жахнуўся Цупрон.– Пабіраху?

– Ага. Яна, брат, дурнаватая – сама чэпіцца. Во пабачыш, адразіу абкручу. Не верыш?

– Ну ж і Міцька! – паківаў галавою Цупрон.– Не веру.

– Давай на заклад!

– Давай,– згадзіўся Цупрон.– Толькі як дакажаш?

– А і не трэба даказваць. Сама за мною бегаць будзе.

– Ну, добра. А на што?

– На два літры рускагоркай. Заўтра разап’ем у складчыну, а пасля ты яшчэ паставіш. Хо, такая тут справа! Ды я каго хочаш абкручу. Я столькі дзевак перабраў, што табе, Цупрон, і не снілася. Аднойчы з гэтай, з Матрунай,– і Міцька зашаптаў сябру на вуха.– А Рагіна – думаеш, яна святая? Як жа, трымай! Гэта яна толькі так, а па праўдзе, дык і не так. Ну, давай руку!

Яны паціснулі адзін аднаму рукі, і Міцька зноў заспяшаўся да Ганны, бо зайгралі вальс.

– Табе ісці далёка, дык я правяду,– сказаў Ганне Міцька.– Там на мосціку ля ручая пасядзім удваіх, пагаворым. Цяпер там прыгожа,– загаварыў Міцька, успомніўшы, што з-за гэтае ж прычыны ён усё ўгаворваў пайсці туды Рагіну, ды тая наадрэз адмовілася.– Ужо вольхі во-во пачнуць асыпацца, а пад мосцікам ручай увесь час булькоча. Сёння ноч цёплая,– і ён міжвольна яшчэ мацней прыхінуў Ганну да сябе.

– Мама будзе непакоіцца,– сказала Ганна і дадала: – Добра, удваіх пойдзем.

– Пасля гэтага танца,– шапнуў Міцька,– Выйдзем як бы праветрыцца дый пойдзем. А чаго тут, у клубе?

– Ага,– сказала Ганна і кіўнула галавою.

Вальс нешта хутка скончыўся, Ганна змахнула хусцінкаю з твару пот, зусім так, як гэта рабіла нядаўна Рагіна, Міцька падхапіў яе пад руку, запыхкаў, як вожык, і ўсім было відно, як яны падаліся на двор. Толькі адышлі ад клуба, толькі выйшлі з паласы клубнага святла, як Міцька абхапіў рукою Ганну за стан, прыціснуў да сябе, і яны пайшлі.

– Глядзі, якія зоры!.. – сказаў Міцька.

Зоры і сапраўды былі яркія, прыгожыя. Ад небасхілу і да небасхілу пераміргваліся яны і нават як бы варушыліся. Захад даўно патух, на тым месцы было цяпер неба, як празрыстае цёмна-сіняе шкло.

– Гэта праўда, што ты зволіўся з кацера? – раптам запыталася Ганна.

– Зволіўся, – сказаў Міцька і, паклаўшы левую руку ёй на грудзі, пачаў хінуць яе галаву да сябе.

Так прайшлі яны крокаў з дваццаць.

– Цяпер у калгасе будзеш працаваць?

– Не, чаго там, – адказаў Міцька. – Хай маці працуе – у яе пляц. А я падамся ў горад грошы зарабляць.

– Нядобра, – па-гаспадарску сказала Ганна. – У нас жа новы старшыня, трыццацітысячнік. Цяпер будзе ў нас па тры кілаграмы хлеба на працадзень і па дзесяць рублёў грашыма. Сама працаваць. Я ўжо дзвесце працадзён зарабіла – болей, як хто. Я дарма што з выгляду...

– Хо! – даверліва сказаў Міцька і зноў пачаў хінуць яе галаву да сябе.

Рагіна даўно адпіхнула б яго і даўно ўцякла б, а Ганна саромелася, але ўвачавідкі радавалася гэтаму. Яе ў гэты час нават браў гонар за самую сябе. Тады Міцька спыніўся і пацалаваў яе ў губы. Ганна паціху войкнула, а потым паціху задаволена засмяялася. Так доўга ішлі яны пад жнівеньскімі зорамі, аж пакуль не дыхнула на іх сырасцю, пахам гнілога лісця, альховымі карчамі і вадой. Вольхі і сапраўды пачалі ўжо асыпацца, і гэта нават у цемені адчувалася. Міцька яшчэ раз памкнуўся быў пацалаваць Ганну, але яна сказала:

– Хопіць, Міця. Хопіць!

Яму стала смешна, але ён стрымаў сябе.

Селі на нізкія парэнчы мосціка. Над мосцікам булькатала вада. У вадзе купаліся неба і зоры. Міцька прыхінуў Ганну, накрыў нават яе крысом свайго пінжака, і абаім стала ўтульна і добра. Міцька паклаў ёй руку на калені і ведаў, што яна нічога не скажа, і яна сапраўды нічога не сказала. Тады ён яшчэ шчыльней прытуліў яе да сябе і ўзяў яе рукі. Блізка нікога не было, адно плескатаў ручай. Міцьку ніякавата стала ля гэтай даверлівай Ганны, але ён успомніў Цупрона, абяцаных два літры гарэлкі. I вось у гэты самы час нават у цемені ён убачыў, як Ганніны вочы ўспыхнулі раптоўным страхам. Яна раптам падхапілася, з усяе сілы штурхнула яго ў грудзі і, не аглядаючыся, кінулася бегчы ў бок свайго двара.

Дзяўчаты і Цупрон, што вярталіся з пагулянкі і падыходзілі да лога, міжвольна жахнуліся, калі паўз іх праімчалася Ганна.

– Глядзіце, Пабіраха як смалянула. 3-за чаго б гэта? – сказаў Цупрон.

Але ў гэты час пярэднія дзяўчаты спалохана закрычалі і падаліся назад.

– Ой, дзевачкі, што гэта? – крыкнула адна з іх.

У ручаі, пад мастком, і сапраўды нешта варушылася і плёхалася ў гразі жывое. Вось яно выбралася на бераг і пайшло амаль на чацвярэньках, пыхкаючы, равучы.

– Мядзведзь! – як не з плачам крыкнула Рагіна.

– Мядзведзь! – адразу падхапіла некалькі галасоў, бо ўсе ўспомнілі, што блізка запаведнік, дзе мядзведзяў водзіцца нямала.

I ўся пагулянка кінулася наўцёкі ўслед за Ганнай.

А мядзведзь тым часам выбраўся на бераг і ў злосці пачаў адплёўвацца.

– Вось чорт! – сказаў нарэшце ён. – Ах ты, Пабіраха!

Пальцамі выкалупаў неяк з вушэй гразь, азірнуўся навакол і хуценька нырнуў у агароды.

2

У новым адпрасаваным касцюме матроса рачнога флоту, у высокай кепі з какардаю, у гамашах, што аж зіхацяць, Міцька Тачыла ідзе ў госці да Цупрона Дадовіча. Ён ведае, што там яго ўжо даўно чакаюць, і не адзін Цупрон, а з ім і яшчэ чалавекі чатыры або пяць, якім Цупрон палічыў патрэбным расказаць пра спрэчку і заклад. Чакаюць з нецярплівасцю, бо кожны ведае, што значыць для Ганны Пабірахі прайсціся з такім хлопцам, як Міцька Тачыла – па ім самыя найлепшыя прыгажуні млеюць і сохнуць.

Адчуваючы ўсё гэта, Міцька Тачыла ідзе спакваля, пагардліва аглядаючы вуліцу. Зайшоўшы ў двор Дадовічаў, ён на момант спыняецца ля каліткі, потым паварочваецца і нарачыта доўга пачынае зачыняць яе. Зачыніўшы, пазірае на вокны, задаволена ўсміхаецца. У вокнах усе тыя, хто чакае яго прыходу: крамнік Зотык Дуга, па вясковай мянушцы (за тлустасць) Цэнтнер; гарманіст і выпівака Вальдамар Луста, нейкі яшчэ хлопец, што танцаваў учора з Рагінай, і сам Цупрон Дадовіч. Усе ўсміхаюцца. Усміхаецца і Міцька, аднак і моршчыцца незадаволена: колькі сабралася іх на два нейкіх літры.

У хаце ён з кожным здароўкаецца за руку, прычым так цісне рукі, што ва ўсіх як не слёзы на вачах выступаюць. Не паддаецца адзін толькі той самы незнаёмы хлопец, што танцаваў з Рагінай. Яго вялікія карычневыя вочы ўсяго толькі большаюць, калі Міцька з усяе сілы цісне яму руку.

– Малайчына!– кажа Міцька і аглядае яго невысокую, але каранастую паставу ў напаўвайсковым адзенні. – Як клічуць?

– Завуць Рыгорам, а прозвішча маё Драздоў,– весела адказвае хлопец.

– Хо! – гукае Міцька.– Добра. А мяне – Міцька Тачыла. Зачакаліся? – і ён лезе рукою ў кішэню штаноў.– Во грошы, Цупрон, мая частка. Па нядзельнаму дню – вып’ем!

Маці Цупрона, жанчына ціхая, старэнькая, крэкчучы, злазіць з палацяў і тупае ў сенцы. Адтуль яна прыносіць рынку смятаны. міску з застудзінамі.

– Не траба, мама,– кажа Цупрон, калі яна ставіць усё гэта.– Я сам, вы схадзіце куды-небудзь пагуляйце.– I дастае са стала хлеб ды лыжкі. Цэнтнер між тым падаецца ў парог, дзе на круку яго пінжак, і выцягвае з кішэняў дзве літроўкі. Ён патрасае імі ў паветры, а ўся кампанія радасна лемантуе.

Нарэшце, кампанія рассаджваецца вакол стала, і Цупрон налівае па шклянцы, а ў гэты самы час, як заўсёды, Вальдамар Луста заяўляе, што шклянкамі піць лепей, чымся чаркамі, бо «свабодней ідзе». Выпіваюць усе адразу і крэкчуць. Іншыя паплёўваюць пад ногі.

– Смятанай, смятанай яе заядай,– давячыся, гукае Цупрон.

Міцька хапае лыжку, чэрпае смятану і пачынае шпарка есці.

– А гэта ж у Пабірахаў, хлопцы, карова хварэе, – раптам чамусьці ўспамінае ён.

– Ага, Пабірахі! – задаволена адгукаецца Цупрон.– Ну што, выйшла? Абкруціў канарэйку? Раскажы...

– Хо, было там што! Канешне, – кажа Міцька і ўсміхаецца.

– Што ты кажаш? – ускрыквае і падхопліваецца Цупрон.

– Выйшла, значыць? – падае голас Вальдамар Луста. – А мне гэта калі Цупрон шапнуў: «скарачай танец» – я гармонік і прыпыніў. Адразу здагадаўся!

– Дык раскажы! – просіць Цупрон.

– Ага, раскажы! – просіць уся кампанія.

– Хо! Яна сама...

– Што т-ты кажаш?

– Ага, сама.

– Ай-яй-яй-яй! – як не плача Цупрон. – Сама, га?

– Сама.

– А як жа?

– Спачатку, як выйшлі, павісла. Ну, пацалаваў. Я цябе кахаю, кажу, ты, кажу, прыгожая.

– Ага!

– А як гляну тымчасам на яе, а там рот да вушэй. Ну, думаю, зараз мяне ірваць пачне.

– Ха-ха-ха!...

– Хо-хо-хо!..

– Ай-яй-яй-яй!..

– Яшчэ па адной!

– На, па адной!

– Дык расказвай...

– Ну, ідзем. Куды, пытаецца, будзеш на работу паступаць? У горад, кажу. Будзь, кажа, гаспадарлівы.

– Ха-ха-ха!..

– Хо-хо-хо!..

– Так што ідзем, спыніліся, прытуліў я яе, а яна і ўмлела.

– Што т-ты кажаш?

– Ну, не зусім каб, а так, бачу...

– Ага...

– Хадзем, кажу, на мосцік. Хадзем, кажа, а ў самой, бачу, рукі трымцяць. I рада сама.

– Хі-хі-хі!..

– Прыйшлі, селі... Паклаў ёй руку на калені – маўчыць. Яшчэ шчыльней туліцца. I ўсё рада, што я з ёю. I верыш – сама...

– Ну?

– Ага.

– Во табе і Пабіраха!

– Во табе і ціхмяная.

– Ай-яй-ей-ай! – лемантуе Цупрон.

– От дык справы! А мы ж гэта ўчора, Міцька, ля таго мастка мядзведзя бачылі. Пэўна, з запаведніка прыблудзіўся. Толькі падыходзім – а ён плёх, тлёх – выбіраецца. Ды як зачмыхае, ды як зараве... Мы, брат, што сілы ўцякаць. Як не паўкіламетра гнаўся!..

– Ну, хопіць, – абрывае яго Міцька і незадаволена моршчыцца. – Давайце лепей падумаем, што далей рабіць будзем...

Кампанія пачынае абмяркоўваць сур’ёзныя справы, і толькі новы хлопец Рыгор Драздоў маўчыць. Нечакана ён падымаецца і так ціха, што ўсе, здзіўленыя, змаўкаюць, прыслухоўваючыся да яго голасу, пытаецца:

– Даўно вы так сустракаецеся? Не адказвайце – ведаю, што даўно. Колішні старшыня наш быў п’яніца і заваліў калгас. Колішні сакратар камсамольскай арганізацыі таксама п’янстваваў разам з вамі і патураў вам. Вы думаеце, што і я, новы сакратар камсамольскай арганізацыі, буду патураць вам? Ну, не! Дудкі, хлопчыкі. Будзем змагацца з вашай кампаніяй усім калгасам. Лодыраў нам не трэба. Далучыўся я да вас для таго, каб пабачыць, бо я не тутэйшы. А наконт Ганны – невядома. Мне здаецца, што Міцька Тычыла ганьбіць і абражае чалавека.

Кампанія здзіўлена ўставілася на Рыгора Драздова, а Міцька нечакана пабляднеў.

– Ну, чаго ты! – сказаў ён. – Хіба ты не расказваеш чаго-небудзь смешнага? Бачыш, тут так было... Ты ж паслухай!..

– Добрыя смешачкі, Міцька. Дзяўчыне зусім няма цяпер ходу. Не, брат, не падлашчвайся, не будзе па-твойму!

– Рабіце, што хочаце,– падала раптам голас Цупронава маці, якая якраз жа зайшла ў хату,– толькі мой сын жыве асобна і хай жыве як хоча. Я во працую, як магу, і мяне не чапайце.

3

Ганна і не падазравала, што важныя падзеі чакаюць яе ў гэты дзень. Як заўсёды, раненька падхапілася і пабегла ў хлеў даіць карову. Карова – старая Лысуха – ужо з паўмесяца як разрэзала на поплаве на калючым дроце вымя, і нават і цяпер даіць яе – было адно мучэнне. Вымя ходь і зажыло, але ўсё яшчэ балела, і хоць прывыкла Лысуха да Ганны, але стаяла неспакойна, увесь час кідалася, а было і так, што зусім выбівала з рук вядро з надоем. Малака ж давала мала: Ганна даіла яе толькі раніцою і ўвечары. Гаспадарка была зусім нікчэмная – гэтая самая Лысуха, паўдзесятка курэй ды васьмёра ўжо ладных куранят. Але тыдні з два назад купілі яны на старане парасё, і цяпер яно рохкала ў закуце, ушыўшыся ў салому. Выкарміць гэтае парасё нічога не каштавала – у Ганны ж цяпер вунь колькі працадзён, а працадзень у гэтым годзе будзе не такі, як некалі. Зноў жа і ў агародзе бульба ўрадзіла – так што і адсюль падтрымка. А калі выпадзе на працадзень па дзесяць рублёў, дык тады і зусім будзе добра.

Зайшла Гаінна ў хлеў, пагладзіла Лысуху, паставіла ёй пад пысу вядро з пойлам, каб не дужа кідалаея. Сёння Лысуха вяла сябе спакайней, і Ганна хутка справілася з гэтай работай, якую лічыла самай цяжкай.

I малака Лысуха дала болей.

Пасля Ганна цадзіла малако, пасля разам з маці снедала, і за ўвесь гэты час яна амаль зусім і не ўспамінала пра Міцьку. У полі ўслед за жняяркай яна спрытна вязала снапы і толькі тут прыкмеціла, што жанчыны неяк падазрона на яе паглядаюць. А як дайшлі да першага завароту, старая Назараўна – жанчына грубаватая, але заўседы праўдзівая – разагнулася, стала перад толькі што звязаным снопам і, агледзеўшы гурт, прапанавала:

– Давайце адпачнем, кабеткі, ды пагамонім.

– Гэта ўжо з раніцы адпачываць? – узгарэлася Ганна.– Як хочаце, а я вязаць буду.

– Ну, не адпачываць, то давайце пагамонім,– і вочы яе нечакана строга бліснулі. – Вось хоць бы і пра цябе, Ганна. Дзе ж гэта было такое, каб дзяўчына з першага вечара ды паддалася хлопцу? Ну, чаго чырванееш ды вочы хаваеш? Думаеш, мы не ведаем? Захацелася Міцьку ад Рагіны адбіць? Захацелася пахваліцца перад усімі, што вось ты якая – з самім Міцькам гуляеш? Ды ён жа і глядзець на цябе не хоча! Ён цябе там абдурыў ля мосціка, а цяпер усім і расказаў. А хіба ж так сумленныя дзяўчаты робяць? Сумленная дзяўчына, пакуль сваты не ў хату – і гаварыць употай не стане. А што ж цяпер будзе – ты падумала? Ты не аднеквайся – мы ўсё ведаем: той жа Міцька і пахваліўся сёння ўранні сваёй сястры. Праўда ж, Параска? – павярнулася Назараўна да хлёсткай маладухі.

– А ёй жа праўдачкі,– сцвердзіла тая.– Тутачкі, кажа, ля мастка.

– Хлусіць!– выдыхнула Ганна і раптам заплакала.

Упершыню бачылі жанчыны, каб хто з Пабірах ды так плакаў. Яны, калі нават ім у вочы, здаралася, казалі, што яны Пабірахі, дык і тады змоўчвалі і зусім не крыўдавалі, а наконт плачу, дык будуць і галоднымі і халоднымі сядзець, ды слязы че ўбачыш. Ганна ж быццам адплаквалася за ўсіх іх, адна і адразу. I тады ўсе ўбачылі, што яна як быццам бы і прыгожая. Хай рот трохі велікаваты, а вось чорныя вочы, з якіх цяклі слёзы, былі глыбокія і ў глыбіні сваёй, як бы хавалі нешта патаемнае, спатадлівае і жаласнае і нават нешта невядомае, незразумелае, але на дзіва добрае. I, пазіраючы, як яна сядзіць на снопе жыта ды плача, зусім забыўшыся прыкрыцца хусткаю, жанчыны патроху пачалі сумнявацца ў правільнасці Параскіных слоў.

– А можа ён наманіў табе, гэты ваш марак? – запыталася Назараўна.

– Я ж не ведаю, хай яна скажа, – адказала Параска. Але Ганна нічога не адказала.

– Можа і праўда, Ганна?

I тут Ганна змоўчала, толькі яшчэ гаротней заплакала.

– Ох, каб яму! Вось яшчэ няшчасце на нашу галаву! Ён ды яшчэ Цэнтнер, ды гэты Вальдамар, ды Цупрон, ды яшчэ колішні старшыня – аднаго поля ягады. Таго дык, дзякуй богу, выгналі, а да гэтых усё ніяк не дабяруцца. Ну, пайшлі, пайшлі працаваць, – заспяшалася Назараўна.

Ганна таксама падхапілася, выцерла хусцінкаю твар і пайшла вязаць снапы. Але цяпер ужо не працавалася. Галава балела ад гарачыні, поту і слёз, а думкі былі вельмі журботнымі. На абедзе яна не пайшла дадому, а лягла ў цяньку снапоў ды нечакана і заснула пад званочкі зозанца ды перагук конікаў. Званочкі то шапацелі, то звінелі, напамінаючы аб леце, аб разорынах, на якіх ляжыць даўно ссохлая сурэпка, аб неабсяжным полі. Блізка фыркалі коні, выпражаныя з жняяркі, стрыножаныя і пушчаныя выбіраць на іржышчы траву.

Пасля перарыву Ганна крышку прызабылася аб ранішняй размове і зноў працавала, забягаючы наперад усіх. А ўвечары, калі вярталіся дадому, знарок адстала і пайшла, задумаўшыся. Ужо ля самых двароў з кустоў раптам выйшаў Міцька Тачыла і накіраваўся да яе. Яна пабляднела.

– Добры вечар, – сказаў ён.

– Добры вечар,– адказала Ганна.

– Я ведаю – табе расказалі, – загаварыў ён. – Ганна, Гануля, даруй мне. Гэта ж заўсёды бывае так, што хлопцы хваляцца. Хіба адзін я? Ды ты спытай у каго хочаш – усе так скажуць. Як збяруцца – так іншы і пачынае выхваляцца. I ўсе ведаюць, што ён маніць, а робяць такі выгляд, як быццам гэта праўда. Спакон веку так. Ну, а я змянцешыў гэтаму балабону – Парасцы – вось яна і разнесла, як сарока. Каб хлопцам, то тыя пасмяяліся б, дый маўчок. А гэтая – бабам! А, Ганна? Ды яны ж цяпер мяне – у пух і прах!

Ганна зірнула на яго, ледзь прыкметна ўсміхнулася і ўпершыню, як у жанчын, Міцьку ўразіла глыбіня яе вачэй, у якіх было нешта і спагадлівае і хавалася нешта незразумелае. Зірнула і кінулася ад яго трушком, як і там, ля мастка, учора.

Было яшчэ відно, калі яна праходзіла ля калгаснай канцылярыі. Тут між транспарантаў заўсёды было некалькі дошчак, на якіх вучотчыцы звычайна ўвечары вывешвалі вынікі рабочага дня. Ля адной з такіх дошчак цяпер было многа людзей. 3 гэтага гурту нехта паклікаў яе:

– Ганна, хадзі сюды.

Ганна нехаця збочыла, а натоўп раптам расступіўся, прапускаючы яе наперад.

На дошцы быў замацаваны вялікі аркуш наглянцаванай паперы і ўверсе было напісана: «Наш вожык, орган камсамольскай арганізацыі калгаса «Усход». Яшчэ ніжэй троху меншымі літарамі быў напісаны загаловак:

«Мядзведзь»

«Учора, 5 жніўня, усім нам вядомы марак Міцька Тачыла, якога прагналі з кацера за нядобрасумленнасць, падмеўся правесці дахаты калгасніцу Ганну Жылудовіч. Як дайшлі да мастка, то Тачыла нахабна пачаў чапіцца да т. Жылудовіч. Т. Жылудовіч так яго піхнула, што слаўны марак усёй тушаю плёхнуўся з мастка ў ручай. На той час ішлі з клуба дзяўчаты, і Міцька Тачыла, каб з яго пасля не смяяліся, прытварыўся мядзведзем, пачаў поўзаць на чацвярэньках, па-мядзведжаму гірчэць ды раўсці. А сёння, 6 жніўня, пусціўшы паклёп на т. Жылудовіч, слаўны марак, у той час, як усе мы працавалі, прап’янстваваў увесь дзень з такімі ж, як ён сам, а іменна:

1. Зорыкам Дугой, або іначай Цэнтнерам,

2. Вальдамарам Лустай,

З. Цупронам Дадовічам.

Трэба, каб у бліжэйшыя ж дні ўсіх іх паставілі на Праўленне, а такога, як Зорыка Дугу, каб знялі з пасады крамніка.

Ганьба і непрымірымасць да лодыраў і абібокаў!»

Унізе быў малюнак: масток, з мастка дагары нагамі ляціць у ручай Міцька Тачыла, а яна, Ганна, стаіць на мастку з закасанымі рукавамі.

Ганна адступілася, пачырванела, усхліпнула і раптам кінулася бегма ад калгаснай канцылярыі.

Ноччу не магла заснуць. Варочалася, уздыхала: кранула праўда, дый упершыню яе назвалі, як дарослую – таварыш Жылудовіч.

4

Зорык Дуга, або іначай Цэнтнер, не стаў чакаць, калі на яго пададуць скаргу. У той жа дзень, як з’явіўся ля канцылярыі «Наш вожык», ён шпарка накідаў заяву праўленню сельпо з просьбай вызваліць яго ад абавязкаў крамніка. 3 гэтаю заяваю Дуга, не зважаючы на сваю адышку, шпарка пашыбаў у сельскі савет, дзе было праўленне. Дзейнічаў ён надзвычай рашуча і ўпэўнена. Ён расказаў начальству, як была справа, паказаў даведку ад урача, што на ўсякі выпадак заўсёды хавалася ў яго кішэні, і ўжо к вечару таго дня меў на руках копію загада аб добраахвотным уходзе з работы. Пасля некалькіх паўлітэрак ён заручыўся і тым, што заўтра ж у яго пачнуць прымаць краму. У вельмі добрым настроі вяртаўся ён пасля гэтага падвечар дадому. Ля калгаснай канцылярыі спешіўся, пастаяў ля «Нашага вожыка», прачытаў «Мядзведзя», хмыкнуў, рассмяяўся, тыцнуў пальцам у Міцьку Тачылу і сказаў:

– Дурань, як ёсць дурань!..

Пахістваючыся, Дуга ўзыйшоў на мосцік, пастаяў яшчэ і на ім, перагнуўшыся цераз парэнчы, палюбаваўся на ручай, з берагоў увесь у ціне і гразі, і весела рассмяяўся. Пасля гэтага ён адразу ж пашыбаў да Цупрона Дадовіча. Там усе былі ў зборы. Вальдамар Луста сядзеў на ўслоне і трымаў на каленях паўбаян, але не іграў; сам Цупрон сядзеў пры акне і чамусьці спалохана пазіраў час-ад-часу на вуліцу, і наогул увесь ён быў пабляднелы і празмерна напалоханы; Міцька ж Тачыла стаяў у сваёй рачной форме пры сцяне, ні на каго асабліва не звяртаючы ўвагі, і калупаў запалкай у зубах. Відаць, толькі што вялася вельмі важная нарада, якая не дала ніякіх вынікаў. Прыходу Дугі ўсе надзвычай узрадаваліся, асабліва Цупрон. Ён адразу ж сарваўся з табурэта і кінуўся пасустрач.

– Ну вось, бачыш, і сам Дуга! Здароў, Зорык! – пачаў ён ціснуць яму руку. – Дзе быў, што новачга?

– Ого, новага, брат! – многазначна адказаў на гэта Дуга. – Ого! У мяне ўсё новае...

– Што ты кажаш? – здзівіўся Цупрон. – А мы тут усе насы павесілі.

– А чаго вешаць, – весела адказаў Дуга. – Я як ішоў, то за дарогу ўсё перадумаў. Нічога мы такога не зрабілі. Ну, была вайна, ну, пасля вайны кожны выглядаў, дзе лепш прыладзіцца. Я вось пасля арміі пайшоў у картбюро. А чаго ж? Франтавік, два гады шынель цягаў, то хіба не меў права? Ну, а пасля мы і тут пагулялі. На славу пагулялі! Хай вы і не былі на фронце, а і вы тут не вінаваты. Цяпер, бач, часы іншыя насталі. Цяпер трэба змагацца з усім гэтым. Цяпер такіх гнясці трэба. Калі што, дык і за краты!

– Што ты кажаш? – спалохана выдыхнуў Цупрон. – Значыць, і мяне могуць.

Дуга крытычна аглядзеў Цупрона з галавы да ног і, падумаўшы, сказаў:

– А чаго ж? Можна і цябе. Толькі не, – махнуў ён рукою. – Які ты тут козыр! Ты проста гуляка па вячорках ды выслухач добры. Каб цябе не было, то і расказ не ў расказ, і жарт не ў жарт. Ты ж як зацягнеш сваё – як гэта? – ай-яй-яй-яй! – паспрабаваў лемантаваць Дуга, – дык як пухавічок падсцелеш.

Кампанія шчыра рассмяялася.

– Бачу: спалохаўся, дык плюнь! Я – во, во, бачыш, ужо плюнуў, – і Дуга выцягнуў і разгарнуў перад усімі копію загаду.

Пакуль чытаўся ўсімі гэты загад ды пакуль усе захапляліся Дугою, сам Дуга сеў на табурэт, каб хоць крыху аддыхацца. Копію загаду ён акуратна склаў учацвёра і зноў схаваў у кішэню.

– Вы мяне слухайцеся, – сказаў ён. – Я вам дрэннага не параю. Я ў арміі складам загадваў і ніколі не губляўся. Такое не толькі ў нас цяпер творыцца, а ўсюды. Разумееце – ус-сюды! А таму трэба нам адсюль матацца. Як кажуць, перадыслацыравацца. На новае месца, каб не плявузгалі. Ну, а пажылі мы добра. Пагулялі. Во Міцька таксама па Дняпры паездзіў – будзь здароў! Там да кухара – такая бабішча! – прыстроіўся, дык яна яму бач якую пысу раскарміла. Адно грошыкі ў кішэню кладзі. Гутарыў я неяк з адным інвалідам, – ён во так у шпіталі да кухара прыляпіўся. Дык нічога не ўзяла, а яшчэ і на дарогу дала пяцьсот рублёў. Дык як на двое разадрала чалавека. У таго, бач, дома і жонка, і дзеці,– і ўжо як бы ехаць не хочацца. А яна – кухар гэты – адно: едзь да сям’і і – усё тут. Так і выправадзіла...

– Што ты кажаш? – здзівіўся Цупрон.

– Праўду кажу.

– Ну, а ён?

– А ён, бач, не хацеў ехаць ды паехаў. Усё ж, бач, дзеці. Дый, сказаць, па той, ранейшай, жонцы троху нудзіўся. Як ні кажы, а шкада.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю