355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Михась Тычина » Цана прароцтваў (на белорусском языке) » Текст книги (страница 2)
Цана прароцтваў (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 20 сентября 2016, 17:54

Текст книги "Цана прароцтваў (на белорусском языке)"


Автор книги: Михась Тычина


Жанр:

   

Публицистика


сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 2 страниц)

Як сведчыць гiсторыя савецкай лiтаратуры 20-х гадоў, тое, пра што пiсалi, аб чым папярэджвалi лепшыя тагачасныя пiсьменнiкi, было надзвычай своечасовым. Захоплены iдэямi "культурнай рэвалюцыi", паверыўшы ў тое, што гэта не проста чарговая палiтычная кампанiя, а жыццёвая патрэба, Чорны раскрываў праграму барацьбы "за лiтаратурны сталiчны Менск, супраць Менска як губернскай правiнцыi, з кансерватарскiмi поглядамi на лiтаратуру i традыцыямi губернскага маштабу". Ён адвяргаў тых, хто, у адпаведнасцi з кан'юнктурай, лiчыў, што "лiтаратура ёсць зброя класавага змагання", i не мог "адрознiць канцылярскую iнструкцыю ад мастацкага твора" ("некаторыя асобы ў Менску"). У лепшых сваiх творах празаiк iмкнуўся выявiць гуманiстычны патэнцыял беларускага сялянства i iнтэлiгенцыi, бо надышла апошняя праверка новай улады i новай iдэалогii – праверка iх адносiнамi да чалавека як непаўторнай асобы. З твора ў твор не стамляўся ён паўтараць: жыццё само па сабе, безадносна да "iдэi", радаснае; свет складаны ("i смяецца, i маўчыць, i плача, i пакутуе, i цешыцца зямля"); душа чалавека поўная супярэчнасцей ("i ў цiшынi буры, i ў бурах – цiшыня"); нiхто не мае права лезцi ў чужую душу ("напоўнiся вялiкай пашанай... насi ў сабе вастрату хараства"). Жорсткасць грамадзянскай вайны, перанесеная ў мiрны час, небяспечная сваiмi непрадказальнымi, катастрафiчнымi вынiкамi. Творы Чорнага вылучаюцца балюча-страснай пастаноўкай праблемы "чалавек i свет", трансфармаванай у новы час у праблему "чалавек i рэвалюцыя". Празаiк пiльна ўглядаўся ў стыхiю, абуджаную падзеямi, намагаўся ўгадаць будучыню. Яго абвiнавачвалi ў "дастаеўшчыне", "змадэрнiзаванай андрэеўшчыне", а ён адчуваў, што без дакладнай ацэнкi сiтуацыi iсцi наперад небяспечна: занадта шмат з'явiлася людзей, для якiх няма ў свеце нiчога "нi вышэйшага, нi нiжэйшага", на ўсё гатовых. Шукаючы адказу на няпростыя пытаннi, Чорны прагнуў ведаць усю праўду пра чалавека, якi ён ёсць i якiм можа быць, калi трапiць у надзвычайныя акалiчнасцi: "Тады, пачуўшы аб сабе праўду, чалавек, можа, хутчэй адкiнуў бы ад сябе ўсё паскудства, што ўрасло ў яго з самых цёмных далей вякоў i, будучы часам нават малым, псуе вялiкае хараство чалавека".

Эстэтычныя катэгорыi "хараства" i "паскудства" выяўлялiся Чорным на канкрэтным матэрыяле жыцця беларускай вёскi i горада, калi пад нацiскам спрошчаных класавых ацэнак падмiналiся агульначалавечыя каштоўнасцi. "Ён жа чалавечай душы не прызнае!" – жахаецца стары Радзiвон Цiвунчык, "слаўны чалавечнасцю" герой рамана "Сястра", калi сустракаецца з чэрствасцю тых, хто "рабiў рэвалюцыю". А героя наступнага рамана "Зямля" старога Тамаша больш за ўсё хвалюе тое, што "чалавек ад чалавека далёка". У самiх назвах гэтых першых буйных твораў Чорнага заключаецца асаблiвы фiласофскi сэнс. Менавiта ў Манi Iрмалевiч бачаць героi сваю сястру – у евангельскiм разуменнi слова: увасабленне душэўнасцi, жаноцкасцi, спагадлiвасцi, хараства ("Сястра"). Маня вабiць да сябе такiя супрацьлегласцi, як Абрам Ватасон, былы камiсар, якi ў часы нэпа стаў цырульнiкам, але не страцiў сваёй класавай пiльнасцi, Казiмiр Iрмалевiч, хiрург, для якога чалавек – недасканалая iстота, бо часта хварэе i патрабуе ўрачэбнага ўмяшальнiцтва. Вось чаму ёй блiжэй няўрымслiвы Ваця Бранiславец, якi нiяк не адшукае сваё месца ў жыццi, "сiстэму духовых паводзiн", увесь час спрачаецца з нейкiм "членам цi сакратаром", з ягонай канцэпцыяй "чалавека-шрубкi". "Сухiя, сухiя вы вельмi ўсе. Жывое душы больш патрэбна чалавеку", – кiдае папрок Маня тым, хто зачарствеў у "класавых баях". Паняцце "зямля" таксама займае асаблiвае месца ў сiстэме поглядаў селянiна-беларуса на свет ("Зямля"). Усе гаворкi герояў рамана адбываюцца вакол "зямельнага пытання", а заезджы каморнiк – адна з цэнтральных фiгур вёскi. Аднак "зямля" асэнсоўваецца Чорным у фiласофска-паэтычным плане як месца, дзе дзеецца мiстэрыя чалавечага жыцця – ад нараджэння i да смерцi. Твор завяршаецца перапiскай закаханых маладых герояў, каморнiка Андрэя i вясковай дзяўчыны Ганны, якiя збiраюцца пабрацца, стварыць новую сям'ю, жыццё, дзе не будзе дробязных згрызот i непаразуменняў, што прынiжаюць чалавека як iстоту найперш духоўную, надзеленую неўмiручай душою.

Для перабольшвання пранiклiвасцi Чорнага няма падстаў. Ён быў сынам свайго часу i не бачыў сапраўдных прычын духоўнай катастрофы, хоць многае чуў душою. Да ўсяго, ён, таленавiты мастак слова, выдатна засвоiў урокi сусветнай класiкi, помнiў, як грунтоўна вывучалi свет А.Бальзак i Э.Заля, на каго заклiкаў у пачатку 30-х гадоў раўняцца, якiм быў узровень маральнасцi ў творах Л.Талстога i Ф.Дастаеўскага. Нездарма крытыка 30-х гадоў параўноўвала задуманую празаiкам серыю раманаў пра гiсторыю беларусаў "ад паншчыны i да нашых дзён" з "Чалавечай камедыяй" Бальзака. Як сапраўдны мастак-фiлосаф, псiхолаг, гiсторык Чорны напружана шукаў адказ на пытанне, што адбываецца з чалавекам, з краiнай, з народам. Сапраўды, чаму зло ў свеце, дзе столькi разумных i нармальных людзей, не толькi не адступае, але i часам святкуе перамогу над справядлiвасцю, чалавечнасцю, чысцiнёй, красой?! Можа, таму, што зло iрацыянальнае i чалавечая падсвядомасць нараджае яго зноў i зноў...

Менавiта псiхалогiя, падсвядомае ў чалавеку, нават бiялагiчнае зацiкавiла Чорнага ў аповесцi "Лявон Бушмар" (1929), напiсанай у той гiстарычны момант, калi iдэi ўласнiцтва ў Савецкiм Саюзе аб'явiлi "апошнi i рашучы бой" i пачаўся наступ на яе натуральнае асяроддзе, "дробнабуржуазную стыхiю". У Беларусi гэту стыхiю найперш увасабляла сялянства, вёска, хутаранская сiстэма, якая там-сям ужо ўсталявалася. Лясны хутар Лявона Бушмара – апошнi астравок, што сiмвалiзуе непарушнасць векавечнага побыту мужыка, земляроба, "сейбiта i кармiцеля". Сам гаспадар хутара, магутны, нiбы стогадовы дуб, з'яўляецца ахоўнiкам iнстытута ўласнiцтва: вобраз, намаляваны рукой мастака, што ўжо адчуў, у чым яго моц. Лявон упэўнены ў сваёй гiстарычнай неабходнасцi i праваце, а таму з усяе сiлы, якою ён не абдзелены матухнай-прыродаю, абараняе сваю цытадэль. Ён нутром звера, загнанага ў аблогу, чуе наступ "новага свету" i адбiваецца, як умее, наiўна, амаль па-дзiцячы (у тэксце частае параўнанне яго з дзiцем). Iмкненне адгарадзiцца ад усяго свету, засланiцца на хутары лесам i адлегласцю, iнстынктыўнае, прадыктаванае пачуццём слабасцi. Магутная постаць Лявона Бушмара, што ўнушае ўсяму наваколлю страх i вымушаную павагу, адзiнока ўзвышаецца, быццам апошнi рэлiкт мiнулай эпохi. Ён i свайго натуральнага саюзнiка, такога ж абаронцу ўласнасцi, Вiнцэнтага не падпускае блiзка, а калi той, па натуры больш эластычны, хiтры i хцiвы, усё ж неасцярожна пераступае мяжу хутара, па сутнасцi, зводзiць яго са свету. У вобразе, натуры, ладзе жыцця Лявона празаiк бачыць з'яву, якая атрымлiвае ў творы абагуленую назву "бушмароўшчына": яна сiмвалiзуе "цёмнае" ў чалавечай iстоце, не асветленае розумам, што ўяўляе сабой немалую небяспеку. Бушмар супрацьстаiць маладым "калектывiзатарам": яны ў аповесцi выглядаюць досыць кволымi, калi параўноўваць iх з вобразам галоўнага героя.

Вульгарная крытыка канца 20-х – пачатку 30-х гадоў папракала Чорнага ў апраўданнi "кулака", "хутаранскiх настроях", "апяваннi кулацкiх iнстынктаў", а таксама ў "бiялагiзме", запазычаным у французскiх пiсьменнiкаў-натуралiстаў. "Пра адну рэакцыйную аповесць", – менавiта так, а не iнакш, называўся пагромны артыкул А.Кучара, прысвечаны "разбору" чорнаўскага "Лявона Бушмара". Нягледзячы на фiнал, дзе Лявона "iзалююць" ад калектыву, арыштоўваюць i высылаюць ("другая гiсторыя перад намi"), у творы прысутнiчае гуманiстычны погляд аўтара на людзей, ахопленых "уласнiцкiм iндывiдуалiзмам": "Чалавеку цяжка перарабiцца адразу..." – так сцвярджае празаiк, бо разумее складанасць чалавечай псiхалогii. Думка пра выхаванне "новага чалавека", узнятая афiцыйнай прапагандай як лозунг эпохi, цiкавiла Чорнага i ў iншых яго творах 30-х гадоў, незавершаных ("Iдзi, iдзi", 1930; "Трыццаць год", 1934) i завершаных ("Бацькаўшчына", 1931; "Трэцяе пакаленне", 1935; "Люба Лук'янская", 1936; "Насцечка", 1940). Прыкметна, што ў пiсьменнiка свой погляд на чалавека, якi не заўсёды супадаў з афiцыйным разуменнем гiсторыi, хоць супрацьстаяць агульнай тэндэнцыi да прыхарошвання жыцця было складана: улада, быццам ненажэрная пачвара, патрабавала пастаяннага пацвярджэння лаяльнасцi.

Калi ў мастацкiх творах яшчэ захоўвалася мiнiмальная магчымасць паказваць аб'ектыўную карцiну жыцця, то ў публiцыстыцы, дзе думкi i iдэi выказвалiся адкрыта, прамой моваю, даводзiлася шчодра выкарыстоўваць афiцыйную рыторыку, якой шмат у тагачасных артыкулах Чорнага. У адных з iх аўтар выкрывае "нацдэмаўшчыну", пацвельваецца з "нацдэмаўскай" лексiкi, сентыментальнасць якой нiбыта не адпавядае часу "класавага змагання" ("нацдэмаўскi стылёк"), у другiх выступае за "наркомаўку", у трэцiх з прыкметна гiпертрафiраванымi пачуццямi ўслаўляе "правадыра ўсiх народаў" Сталiна i яго "верных паплечнiкаў". Чорнаўскага вельмi мала ў падобных славаслоўях, што лёгка заўважаецца сёння.

Аднак i ў неспрыяльны для вольнай творчасцi перыяд 30-х гадоў Чорны не пакiдаў спроб уздымаць у сваiх творах праблемы, якiя заўсёды хвалявалi беларусаў. Так, героi рамана "Iдзi, iдзi", прадстаўнiкi творчай i тэхнiчнай iнтэлiгенцыi, горача абмяркоўваюць пытанне пра месца нацыянальнага ў працэсе "вялiкай перабудовы" грамадства: раман нараджаўся ў той час, калi "нацыянальная элiта", за выключэннем адзiнак, была выслана за межы Беларусi, а пазней амаль цалкам знiшчана. Таму твор застаўся незавершаным. Шырокi спектр нацыянальнай праблематыкi ў наступным рамане "Бацькаўшчына" звузiўся да адной, але сапраўды важнай у жыццi нацыi, праблемы – праблемы Бацькаўшчыны. Пошукi Радзiмы Леапольдам Гушкам, галоўным героем твора, пошукi сваёй зямлi, палкая мара пра ўласны куток, дзе гэты вялiкi працаўнiк адчуваў бы сябе свабодным i незалежным, пазбыўся б сваёй адвечнай трапятлiвасцi, няўпэўненасцi ў сабе. Гушка шукае праўды то ў пана, то ў папа, то ў ксяндза, то нават у прыстава, пакуль не пераконваецца на ўласным прыкладзе, што яго "беларуская мара" не знаходзiць водгуку ў чужой улады. Яго фанатычная вера ў магчымасць нармальнага iснавання ва ўмовах беззямелля i бяспраўя ператвараецца ў такой жа сiлы расчараванне. У фiнале рамана перад намi iншы Леапольд Гушка: моцны, загартаваны, валявы. Герой, паводле логiкi сюжэта, адшукаў сваю "праўду", хоць Чорны заўсёды любiў "адкрытыя фiналы", бо яны выяўлялi погляд пiсьменнiка на чалавека як вечнага шукальнiка iсцiны.

Раман "Бацькаўшчына" Чорны бачыў у сiстэме iншых сваiх буйных твораў пра гiсторыю беларусаў у ХХ ст. Падзеi сучаснасцi празаiк асэнсоўваў на фоне Вялiкага Часу, прагрэсу чалавецтва, якое на працягу стагоддзяў выпрабоўвала, сцвярджала i абвяргала мноства розных iдэй грамадскага ўладкавання. У рамане "Трэцяе пакаленне", шырокавядомым у 30-я гады савецкаму чытачу (твор выдаваўся штогод на розных мовах былога Савецкага Саюза), празаiка захапiла праблема ўласнасцi як грамадскага iнстытута, што займае такое вялiкае месца ў жыццi. Свае гуманiстычныя погляды на беларуса, якiм ён быў у ХХ ст., аўтар падае ў захапляючай форме дэтэктыва, дзе сваё месца мае iнтрыга, загадка, следчы пошук (аграбленне банка, забойства, пераслед, допыт, суд, пакаранне). Чорны ўвесь свой праведны гнеў скiроўвае супраць уласнiка, якi ў пагонi за багаццем занядбаў у сабе ўсё чалавечае, тым самым аўтар стварае вобраз фенаменальнага злачынцы, кулака Скуратовiча, увасабленне "фiласофii нянавiсцi": чалавек чалавеку воўк... Уласнiцтва ў сваiм крайнiм выражэннi, калi цана грошай i золата пераважае цану чалавечай асобы, сапраўды калечыць дзяцей, такiх, як падлетак Мiхалка Тварыцкi, дэфармуе iх псiхiку, вядзе да духоўнай дэградацыi. У страсным маналогу "кулака" Скуратовiча, акрамя недаверу да ўсiх на свеце, нямала горкай праўды пра жорсткасць жыцця, пра блiзкi апакалiпсiс, калi дзецi, "трэцяе пакаленне", будуць бадзяцца беспрытульнымi па ваенных дарогах. Мiхалка чуе гэтую яго правату: зерне падае не на камень. Iншы шлях выбiрае Зося, яго будучая жонка, якая, у сваю чаргу, паверыла ў "праўду" чырвонаармейца Назарэўскага, захопленага iдэяй "канкрэтнага i страшнага выкарчоўвання эксплуататарскага i нявольнiцкага з душы", i ўзялася за "выкарчоўванне" носьбiтаў "радзiмых плямаў" капiталiзму, пачаўшы з уласнага мужа. Фармальна перамагае Назарэўскi, але ў мастацкiм плане больш пераканаўчай уяўляецца пазiцыя Тварыцкага, якi ахвяруе сабой, каб уратаваць сваю дачку Славу ад будучых трагедый, хоць i разумее гэты паратунак па-свойму. Гэтага вострага прадчування блiзкай трагедыi няма ў камунiста Назарэўскага i ў Зосi: яны аднабаковыя i павярхоўныя ў сваiм пафасным услаўленнi "новага чалавека". Так, "новы", перавыхаваны Кравец, той самы чорнаўскi "трапятун", страцiў сваю непаўторнасць, набыўшы хiба толькi нязвыклую для яго маўклiвасць i спакой, больш падобныя на абыякавасць да людзей i жыцця. Непазнавальнай у другой частцы рамана становiцца i мова, набыўшы нетыповую для Чорнага сухасць i афiцыйнасць, як i ўсякая савецкая "наркомаўка".

Для творчасцi Чорнага характэрна, што свае думкi ён развiвае i ўдакладняе ў наступных палотнах. У аповесцi "Люба Лук'янская", у драме "Iрынка" (1941), у творах для дзяцей, напiсаных у другой палове 30-х гадоў, заўважаецца змякчэнне рыгарыстычнай пазiцыi празаiка, якi зразумеў, што яго героi жывуць у жорсткi час i ў сваiх драмах невiнаваты. Так, у драме "Iрынка", напiсанай пасля ўз'яднання Беларусi ў 1939 годзе, выразна гучыць думка, што "чалавек – стварэнне яснае, светлае, а не змрочнае i злое", i што жыццё трымаецца не на "здаровым розуме" прыгнятальнiка, а на "чыстай, чалавечай, лiтасцiвай, мiласэрнай, ласкавай праўдзе". Па сутнасцi, Чорны, насуперак афiцыйнай прапагандзе "класавай нянавiсцi", недаверу i падазронасцi, сцвярджаў хрысцiянскую мараль, адвергнутую "новым светам". У апавяданнi "Макаркавых Волька", напiсаным у 1938 годзе, у самы разгар рэпрэсiй, празаiк паказаў атмасферу, у якой квiтнела даносчыцтва: "кааператар" Сафрон Дзядзюля лiтаральна вiжуе, не дае жыцця маладой дзяўчыне Вольцы Макаркавых, помсцячы ёй за ўсё на свеце i за ўласныя няўдачы.

Восем месяцаў, з кастрычнiка 1938 па чэрвень 1939 года, праведзеныя Чорным у яжоўскай турме, надламалi яго здароўе i ў адначассе змянiлi адносiны да людзей. У гады вайны Чорны зноў i зноў паўтараў сваю магiчную формулу 20-х гадоў: "Чалавек – гэта цэлы свет".

У першыя днi вайны з фашызмам пiсьменнiк разам з сям'ёй (жонкай i дачкой) пешшу пайшоў на ўсход. У Крычаве ён уступiў у рады Чырвонай Армii, але праз некалькi дзён быў адклiканы ў групу друку i стаў супрацоўнiкам газеты-плаката "Раздавiм фашысцкую гадзiну". З другой паловы студзеня 1942 года Чорны жыве ў Маскве, займае з сям'ёй невялiчкi нумар у гатэлi "Якар", дзе ў той час знаходзiлiся многiя эвакуiраваныя беларускiя пiсьменнiкi. Ён увесь час марыў пра хуткае вяртанне на Радзiму, у Менск, уяўляў, як вернецца ў родныя Цiмкавiчы, у бацькоўскую хату (калi толькi яна не згарэла ў вайну), адпачне душой i целам ад перажытых хвароб i нягод, здзейснiць нарэшце ўсё задуманае, пачатае i незавершанае.

За тры з паловай ваенныя гады К.Чорны, цяжка хворы (амаль паўгода кепска бачыў, балела сэрца, ацякалi да калень ногi), паўгалодны, перагружаны тэрмiновай працай у журналiстыцы ("на хлеб надзённы"), напiсаў каля паўсотнi публiцыстычных артыкулаў, выступленняў, фельетонаў, падрыхтаваў да друку зборнiк апавяданняў "Вялiкае сэрца", напiсаў тры раманы, задумаў i часткова ажыццявiў каля дзесятка iншых эпiчных твораў. У гэты ж час ён рабiў кароткiя, але надзвычай ёмiстыя ў фiласофскiм сэнсе дзённiкавыя запiсы, дзе называў рэчы сваiмi iмёнамi, на поўны голас гаварыў пра трагедыю, якая спасцiгла беларусаў у савецкiя часы, называў некаторыя прозвiшчы канкрэтных вiноўнiкаў многiх людскiх драм. Самы апошнi запiс, зроблены за паўгадзiны да смерцi, гучыць як малiтва (К.Чорны памёр 22 лiстапада 1944 года): "Божа, напiшы за мяне мае раманы, хiба так малiцца цi што?..".

Падзеi другой сусветнай вайны Чорны ўспрымаў як новы этап у трагiчнай гiсторыi народа. Нездарма адзiн з раманаў ён назваў "Вялiкi дзень", а сярод варыянтаў значылася i iншая назва: "Судны дзень". Пiсьменнiк разумеў: у вайне вырашаецца лёс нацыi i ўсяго чалавецтва. Менавiта таму яго захапляла задума стварыць "раман вынiкаў", дзе падводзiлiся б падрахункi вялiкай гiсторыi беларусаў. Ужо ў апавяданнях ваеннага часу "Бацька", "Маленькая жанчына", "Аксiнiны сляды" (усе 1942), "Прасторны дом", "Вялiкае сэрца" (абодва 1944) узнаўляюцца не толькi асобныя эпiзоды вайны, але i даецца фiласофскае падсумаванне маральных вынiкаў, да якiх прыйшло чалавецтва. Чорнага ўразiла карцiна адступлення, разбурэння, гiбелi мноства людзей, у якой ён убачыў выразныя абрысы апакалiпсiса. Яго героi, простыя беларускiя людзi, як бiблейскi Iоў (вобраз якога ён згадваў у адным з раманаў), поўняцца велiзарнай цярплiвасцю, мужна прымаюць свой лёс, застаючыся ў экстрэмальных умовах самi сабою, вернымi чалавечай прыродзе.

У творах Чорнага ваенных гадоў на ўсю моц загучалi гуманiстычныя iдэi, занядбаныя ў часы сталiншчыны. Ствараючы вобразы сялян i iнтэлiгентаў, вясковых мудрацоў, самабытных фiлосафаў, дзiвакоў, праўдашукальнiкаў (а менавiта на iх трымаецца цiкаўнасць чытача нават незавершаных твораў, фрагментаў i ўрыўкаў), празаiк думаў пра тое адвечнае i сапраўднае, чым жыў i жыве народ. Гэта быў унiкальны ў нашай лiтаратуры выпадак, калi пiсьменнiк iшоў паралельна, а то i апярэджваў у мастацкiм асэнсаваннi ХХ ст. сваiх замежных калег, пра многiх з якiх ён нiчога не чуў i не ведаў (А.Камю, Т.Ман, I.Андрыч). Асобныя старонкi чорнаўскай прозы, вобразы, малюнкi, думкi ўспрымаюцца як мастацкае адкрыццё, як "успамiн пра будучыню".

Усведамленне асабiстай адказнасцi за лёс жыцця на Зямлi вызначае пачуццi i думкi герояў рамана "Пошукi будучынi". Аўтар называе iх, жыхароў мястэчка Сумлiчы, сумлiчанамi – ад слова "сумленне". Гэта людзi "з праўдай у сэрцы i розумам у галаве". Вясёлы, гаваркi, чулы да жыцця Фельчар не мае нават iмя: доктар, лекар, ён знаецца на спосабах ратунку i ад фiзiчных траўмаў, i ад душэўнага болю. Ён бязмежна верыць у светлы пачатак у чалавеку, у тое, што зробленае дабро вяртаецца стакроць больш моцным, адгукаючыся ў будучынi. Чорны бачыць сваiх герояў на шырокiм фоне беларускай i сусветнай гiсторыi, разумеючы, што за ваенным подзвiгам "цiхага чалавека" стаiць усё яго ранейшае жыццё. У першай частцы рамана апавядаецца пра Вялiкага Злодзея, якi прымушае згадваць творы Ф.Дастаеўскага, аднаго з самых любiмых чорнаўскiх пiсьменнiкаў: сусветны мiлiтарызм, грамадства, пабудаванае на нянавiсцi, развязалi вайну i "ўкралi" ў бацькоў маленства iх дзяцей. Асiрацелi Кастусь Лукашэвiч, "выгнанец з-пад Вiльнi", i Волечка Нявада, якая чакае не дачакаецца звароту бацькi з вайны. Вайна прымусiла гэтых герояў стаць дарослымi раней часу, а бязлiтасная неабходнасць вымушае разам шукаць паратунак, стаць "вялiкiмi змоўшчыкамi". "Дзецi прыроды", яны выклiкаюць замiлаванне сваiм даверам, жаданнем рабiць дабро, ахвяраваць апошнiм, абы ў свеце надышло замiрэнне, настаў лад. Разам з iншымi сумлiчанамi, "быццам ратуючы ўвесь свет не менш як ад касмiчнай катастрофы", Кастусь i Волечка ратуюць немца Шрэдэра: дабро павiнна адгукацца дабром. Так шукаюць i выбiраюць беларускiя дзецi, "трэцяе пакаленне", будучыню. Якою яна стала, пра гэта апавядаецца ў другой частцы рамана.

У рамане "Вялiкi дзень" Чорны разгортвае панараму глабальнага сутыкнення Дабра i Зла. Дзея адбываецца ў Беларусi, якая ўспрымаецца аўтарам як гiстарычная арэна, на якой сутыкаюцца супрацьлеглыя сiлы. У першай частцы "Пошукi роднай зямлi" ставiцца праблема, што адвеку хвалявала беларусаў. Бацькаўшчына, родная зямля, свой кут – пытанне пытанняў для беларусаў, боль iх душы, незагойная рана. Адны ("кулак" Блецька, пан Гальвас, "тэарэтык" расiзму Тоўхарт) лiчылi "роднай" толькi тую зямлю, якая з'яўляецца iх уласнасцю, другiя (сяляне-земляробы Максiм Астаповiч, Уладзiмiр Вялiчка) перакананыя: Радзiма – паняцце не толькi фiзiчнае, але i духоўнае, яно ўключае ў сябе замiлаванне да прыроды, любоў да працы на сваёй зямлi, чуласць да блiжняга, каханне да любай жанчыны, адданасць звычаям продкаў i родным магiлам. Другая частка "Спусташэнне" ўпершыню ў беларускай лiтаратуры ўзнаўляе трагедыю народа: масавае знiшчэнне мiрнага насельнiцтва, карнiцкiя акцыi фашыстаў, генацыд i этнацыд. Максiм Астаповiч паўтарае ў сваiм лёсе перажытае беларусамi на працягу ХХ ст.: здольны "змянiць аблiчча ўсёй мясцовасцi", ён адвеку працуе на iншых, будуе сабе дом, але вайна руйнуе гэты дом, i гэтак паўтараецца тройчы. Яго вера ў будучыню грунтуецца на ведах, што слушнасць мае толькi сумленная праца, праўда, дабро, хараство. Чорны не шкадуе сваiм героям (Максiму Астаповiчу, Уладзiмiру Вялiчку, Антону Цвiрку) самых высокiх ацэнак: "усеабдымная чалавечая асоба", "вялiкая душа, што змяшчала ў сабе ўвесь свет". Глыбокае замiлаванне да Радзiмы натуральна перарастае ў такой жа сiлы нянавiсць да акупантаў i iх памагатых (Гальвас, Тоўхарт, Блецька), якiмi кiруе халодны разлiк, бяздушны эгаiзм, пагарда да людзей, прапаведнiкаў нацысцкага "сiмвалу веры", "новых прынцыпаў", iдэi "звышчалавека". Вобраз Генрыха Тоўхарта, якi спавядае "новае евангелле" i марыць паставiць "жалезны п'едэстал над усiм светам", з'яўляецца наватарскiм адкрыццём Кузьмы Чорнага, зробленым iм задоўга да Нюрнберга.

Творчая задума рамана "Млечны шлях" (1944) сфармулявана пiсьменнiкам: "беларускi чалавек сярод сваiх эўрапейскiх суседзяў". З першых старонак гэтага невялiкага па аб'ёме, але ёмiстага па змесце твора малюецца панарама спаленай, знявечанай Беларусi. На папялiшчы некалi квiтнеючай краiны сутыкаюцца "апошнiя з людзей": чырвонаармеец Уладзiмiр Ярмалiцкi, якi ўцёк з нямецкага палону, каб дапасцi нарэшце да сваёй любай Случчыны, чэх Эдвард Новак, дэзерцiр, паляк Люцыян Акаловiч, якi марыць аб "вялiкай Польшчы", немцы – "таўсматы" i "стары", беларусы Мiкалай Сямага, навуковец, яго дачка Гануся. Недавер, варожасць, стоеная нянавiсць, якiя запанавалi ў свеце, дзе бушуе вайна, вярнулi гэтых людзей да першабытнага стану, "распрануўшы" iх духоўна, вывернуўшы "на левы бок" iх душы. Пасля перанесеных пакут, голаду, страху яны, аднак, маюць патрэбу паспавядацца перад дзяўчом-падлеткам, маленькай беларускай Мадоннай, якую героi бачаць у Ганусi. Па выглядзе, па манеры гаварыць, па паводзiнах чытач лёгка здагадваецца, хто ёсць хто, якую "фiласофiю жыцця" спавядае. Але душа, патаемныя лятункi выяўляюцца ў адкрытых маналогах гэтых герояў.

У цэнтры аўтарскай увагi – вобраз Уладзiмiра Ярмалiцкага, уражлiвага юнака, iнтэлiгента, якi нiяк не можа вызвалiцца ад убачанага ў канцлагеры, бо гэта, у яго вачах, увасабленне магчымай будучынi ўсяго чалавецтва. Яго душэўная чуласць, высокая духоўнасць знаходзяцца ў прамой залежнасцi ад лёсу ягонага народа, якi мацней, чым хто з эўрапейскiх суседзяў, адчуў цень апакалiпсiса: "Я ўжо думаў, што буду навекi без роду i без радзiмы, без волi i без сваiх жаданняў. Я думаў, што ўсё яны ўдушаць, абязвечаць i вырвуць з душы". Нацыянальная прыналежнасць героя выяўляецца ў яго адносiнах да блiжняга: ён, бадай, адзiны ў кампанii, хто чула рэагуе на ўсякую маральную нечысцiню, зло, варожасць, недалiкацтва. Але наймацней яго душа выказвае сябе ў бурным i працяглым маналогу-споведзi, з якiм Ярмалiцкi звяртаецца да Ганусi. Ён згадвае свой жахлiвы сон-фантасмагорыю, антыутопiю, дзе выявiўся глыбокi сэнс падзей ХХ стагоддзя. Жыццёвая логiка вядзе яго, па натуры цiхага, спакойнага сумленнiка, думаннiка да высновы, якой ён працiвiцца: сiле трэба супрацьставiць сiлу, акупанта трэба гнаць з роднай зямлi з дапамогай зброi. Сваю "фiласофiю дзеяння" Ярмалiцкi выказвае ў словах: "Няхай жыве ўсясветная дбайнасць аб кожным чалавеку, якi толькi хоць дзе на зямлi радзiўся на свет. I чорнае пракляцце таму, хто палiць i разбурае!". Раман завяршаецца стрэлам з вiнтоўкi ў ворага, якiм уяўляецца герою нямецкi акупант.

К.Чорны ў гады вайны выношваў маштабныя творчыя задумы. Разумеючы, што здзейснiць iх ён ужо не можа, пiсьменнiк канспектыўна абазначыў свае iдэi ў "Дзённiку", у незавершаных творах, планах, накiдах. У аповесцi "Заўтрашнi дзень" (1944) ён адкрыта гаворыць пра дачыненнi памiж людзьмi ў перадваенны час, калi ў краiне ўсталявалася сталiнская дыктатура i яе апарат нагляду i здзеку. Гэта, бадай, адзiны выпадак мужнага выяўлення гуманiстычнай пазiцыi пiсьменнiка на ўвесь былы Савецкi Саюз. Пiсьменнiк, не баючыся помсты з боку карных органаў, сказаў усё, што думаў пра злачынны рэжым "дурняў i брахуноў", даносчыкаў, вiжоў, карнiкаў, якi нiшчыў нацыянальную культуру, растаптаў мiльёны чалавечых надзей, светлых дум, лепшых лятункаў. Кузьма Чорны ў сваiх творчых памкненнях i развагах знаходзiўся на сучасным яму эўрапейскiм узроўнi i адпавядаў самым высокiм патрабаванням эпохi. Цi не пра гэты сусветны мастацкi ўзровень марыў ён некалi ў пачатку сваёй творчасцi, марыў разам з сябрамi-аднадумцамi "ўзвышаўцамi"!

Уласнай творчасцю Чорны засведчыў, што на самай справе iснуе беларуская лiтаратура, беларускi стыль, беларуская жанравасць, багатая лiтаратурная мова, на якой льга выказаць тое, што яшчэ не выказалi пiсьменнiкi-гуманiсты на iншых мовах свету. Выдатны майстар слова падрыхтаваў глебу для прыходу i плённай працы таго самага "трэцяга пакалення", пра якое так шмат думаў i дбаў.

* * *

Кожны сапраўдны пiсьменнiк марыць пра сваю Галоўную Кнiгу, у якой змог бы выказацца напоўнiцу. Кузьма Чорны знаходзiўся на падыходзе да гэтай кнiгi. Бо што такое для празаiка, тым больш эпiчнага таленту, 44 пражытых гады жыцця? Мiж тым менавiта ў гэтым узросце Леў Талстой завяршыў эпапею "Вайна i мiр", а Джэймс Джойс апублiкаваў раман "Улiс". Рукапiсы апошнiх гадоў жыцця Чорнага выразна сведчаць, больш таго, крыкам крычаць пра тое, што празаiк стаяў на парозе самых вялiкiх сваiх мастацкiх i фiласофскiх адкрыццяў.

Вядома, Чорны застаўся б Чорным, класiкам нацыянальнай лiтаратуры i тады, калi б лiчыўся аўтарам толькi рамана "Зямля" альбо "Бацькаўшчына". Тым не менш i ў яго ёсць мастацкiя творы, у якiх талент пiсьменнiка выявiўся асаблiва ўражлiва i глыбока, выявiўся ў сваёй "рэальнай шматграннасцi i фiласофскiм адзiнстве", калi карыстацца ў дадзеным выпадку словамi самога Чорнага. З усяго невычэрпнага багацця чорнаўскай творчасцi мы паспрабавалi зрабiць пэўны адбор – гэта апавяданнi, аповесцi, раманы, дзённiк, асобныя артыкулы розных перыядаў, якiя i сёння гучаць надзвычай надзённа, а ў сукупнасцi ствараюць стэрэаскапiчны творчы партрэт выдатнага празаiка.

Аўтографы празаiка захоўваюцца ў сямейным архiве пiсьменнiка, а таксама ў Дзяржаўным архiве-музеi лiтаратуры i мастацтва (ДАМЛiМ, ф. 52. Страхавыя мiкрафiльмы. воп. 1, адз. зах. 1-76).

Асноўнай тэксталагiчнай крынiцай пры складаннi аднатомнiка паслужыў найбольш поўны i найбольш дакладна вывераны Збор твораў Кузьмы Чорнага ў 8-i тамах (1972-1975). Што да "Дзённiка" празаiка, то ён публiкуецца па часопiсе "Полымя" (1988, № 4), дзе ўпершыню прадстаўлены ў аўтэнтычным выглядзе.

Каментар да яго склалi М.Тычына i Я.Янушкевiч; да астатнiх раздзелаў М.Тычына.

У каментарнай частцы дзённiка выкарыстаны заўвагi i парады Янкi Брыля, Валянцiны Гапавай, Генадзя Кiсялёва, Арсена Лiса, Уладзiмiра Ляхоўскага, Рыгора Рэлеса, Анатоля Сабалеўскага, Фрыды Фiнкель.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю