355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Михась Тычина » Цана прароцтваў (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Цана прароцтваў (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 20 сентября 2016, 17:54

Текст книги "Цана прароцтваў (на белорусском языке)"


Автор книги: Михась Тычина


Жанр:

   

Публицистика


сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 2 страниц)

Тычина Михась
Цана прароцтваў (на белорусском языке)

Мiхась Тычына

Цана прароцтваў

"Божа, напiшы за мяне мае раманы,

хiба так малiцца, цi што?.."

Апошнi запiс Кузьмы Чорнага

Лiтаратурная крытыка 20-х гадоў, калi Кузьма Чорны толькi-толькi ўваходзiў у свет прыгожага пiсьменства, прадказвала яму будучыню "беларускага Дастаеўскага". Яна, напэўна, трымала пры гэтым у памяцi словы Максiма Гарэцкага, сказаныя яшчэ ў 1914 годзе: "Скранулася Беларусь, узварухнулiся яе спрадвечныя iмшары, i я з вялiкай надзеяй жду беларускiх Дастаеўскiх, Ул. Салаўёвых i т.п.". Адам Бабарэка, выдатны крытык, сябар Чорнага па лiтаратурнай суполцы "Узвышша", называў яго стваральнiкам "першага беларускага рамана" i нi на шэлег у гэтым не перабольшваў, бо iншыя раманы (Я.Коласа, Ц.Гартнага, Ядвiгiна Ш.) былi няскончаныя на той час. А Чорны апублiкаваў ужо "Сястру" i "Зямлю". Чорны разумеў, што знаходзiцца ў самым пачатку стварэння сапраўднай беларускай прозы, а таму адразу ставiў перад сабою i перад сябрамi па пяры самыя надзённыя i самыя складаныя задачы: "Павiнны быць створаны беларускiя вышэйшыя формы беларускай культуры". Пад гэтым празаiк разумеў "беларускасць вобразаў", "беларускасць моўнага накiрунку", "беларускi стыль". Ён не ўсё з задуманага паспеў здзейснiць, неспрыяльныя для творчасцi часы моцна дэфармавалi ягоны творчы пошук, аднак самае галоўнае Чорны ўсё ж паспеў зрабiць, стаўшы стваральнiкам беларускай сацыяльна-псiхалагiчнай i iнтэлектуальна-фiласофскай прозы, у якой чытач адшукае сапраўднага беларускага мужыка i сапраўднага беларускага iнтэлiгента, патрыёта i гуманiста.

У час, калi змяняецца гiсторыка-лiтаратурны ландшафт, вялiкае бачыцца вялiкiм, а малое малым, побач апынаюцца Янка Купала i Паўло Тычына, Андрэй Платонаў i Кузьма Чорны, Мыкола Хвылёвы i Максiм Гарэцкi, Мiхаiл Булгакаў i Ўладзiмiр Вiннiчэнка, Уладзiмiр Дубоўка i Майкл Ягансен, Сяргей Ясенiн i Язэп Пушча – чытач знаходзiцца пад гiпнозам прарочага дару гэтых i iншых пiсьменнiкаў, якiя, будучы ў эпiцэнтры гiгiнцкага разлому ХХ стагоддзя, здолелi прадугадаць ход падзей, папярэдзiць аб магчымасцi вялiкiх трагедый, сказаць сваё слова ў абарону чалавечага ў чалавеку. Прарокi, нягледзячы на евангельскае "няма прарокаў у сваёй Айчыне", усё ж такi жылi ў родных краях, адно што iх голас не быў пачуты сучаснiкамi, а самiх прарокаў падмяла ўрэшце цяжкая хваля прадбачаных iмi драматычных падзей.

Ёсць сiмвалiчны сэнс у тым, што Чорны (сапраўднае iмя i прозвiшча Мiкалай Карлавiч Раманоўскi) нарадзiўся на самым зломе стагоддзяў, 24 чэрвеня 1900 года. Яго дзяцiнства i юнацтва, пара ўздыму творчай асобы супалi з часам абуджэння нацыянальнага жыцця ў "Северо-Западном крае", як афiцыйна тады называлася Беларусь. Водгалас нацыянальнага культурнага адраджэння дайшоў да самых глухiх куткоў. Прынамсi, на радзiме пiсьменнiка, у мястэчку Цiмкавiчы, якое знаходзiлася акурат памiж Капылём, вядомым сваiмi рэвалюцыйнымi традыцыямi, i Нясвiжам, з яго багатай радзiвiлаўскай бiблiятэкай, калекцыяй твораў выяўленчага мастацтва, настаўнiцкай семiнарыяй, прыкметы аднаўлення ў духоўным жыццi былi выразнымi. Менавiта Цiмкавiчы Чорны лiчыў заўсёды сваёй сапраўднай Радзiмай, хоць нарадзiўся ў вёсцы Боркi, непадалёк ад Цiмкавiч, за некалькi вёрст праз Екацярынiнскi шлях цi, iнакш кажучы, Варшаўку: яго бацькi там парабкавалi ў пана Эдварда Вайнiловiча, таго самага, на чые сродкi быў збудаваны ў пачатку стагоддзя Чырвоны касцёл у Менску – у памяць дачасна памерлых панскiх дзяцей Сымона i Алены. У 1907 годзе залежны парабчанскi лёс змусiў Раманоўскiх перабрацца ў фальварак Вiнцантова – тут мацi, Глiкерыя Мiхайлаўна, навучыла Мiколку чытаць. Ён добра маляваў (асобныя яго малюнкi алоўкам захавалiся), iграў на розных музычных iнструментах, прыгожа спяваў, меў добрыя акцёрскiя здольнасцi. Дзеля ягонай адукацыi бацькi вярнулiся ў 1908 годзе ў роднае мястэчка Цiмкавiчы – там было народнае вучылiшча.

У краi з'явiлася кагорта маладых людзей, якiя ўсведамлялi сваю нацыянальную прыналежнасць i ў сваiх духоўных памкненнях выходзiлi далёка за кола вузкiх гаспадарчых iнтарэсаў. Каштоўнасныя арыентацыi сярод мясцовага сялянства i рамеснiкаў прыкметна змянiлiся: iмкненне да адукацыi i высокай культуры выявiлася асаблiва яскрава. Дзед па матчынай лiнii Мiхал Парыбак, па-вулiчнаму Чорны (адсюль лiтаратурны псеўданiм празаiка), быў выдатным майстрам-сурвэтнiкам, якога ведаў сам князь Радзiвiл, i пакiнуў пасля сябе сшытак з двумастамi ўзорамi-дасэнямi адмысловага ткацкага рамяства. Бедны чалавек, у якога ўсяго i багацця было, што кросны ды мазолiстыя рукi працаўнiка, ён усё зрабiў, каб вывучыць аднаго з сыноў на настаўнiка. Ведала грамату i любiла чытаць, калi дазвалялi ўмовы, таксама яго дачка Глiцэра: сярод кнiг, прачытаных ёю, пiсьменнiк называў Бiблiю i творы Льва Талстога. Бацька Карл Фелiксавiч таксама быў пiсьменны, але выславiўся ў наваколлi тым, што меў залатыя рукi: умеў ткаць тыя ж сурвэткi, быў добры цесля, калi ўзнiкала патрэба, браў у рукi шавецкiя прылады, валодаў кравецкай iголкай, садзiў уздоўж гасцiнцаў прысады, карчаваў лес i араў поле. Гледзячы на яго, Мiколка думаў пра здольнасць простага чалавека перайначваць, упрыгожваць сваёй працай i выдумкай навакольны свет, заваёўваць сiмпатыi i прызнанне iншых людзей не сiлаю i не багаццем, а хараством сваёй душы, дабрынёй i спачуваннем такiм жа, як сам, гаротнiкам i цягавiтым працаўнiкам. Прыходзiў ён i да высноў пра той сацыяльны лад, якi не даваў мужыку-аратаму i майстравiтаму чалавеку разгарнуць схаваны талент напоўнiцу, ператвараючы яго ў цярплiвага i маўклiвага парабка-раба. Бацькi, якiя за працай i галечай свету не бачылi, адзiнае выйсце з гэтага становiшча шукалi ў асвеце, выцягвалiся ў нiтку, каб толькi вывесцi сваiх дзяцей у людзi. Асаблiвыя надзеi ўскладалiся на Мiколу, малодшага ў сям'i, у якога ўжо ў малыя гады выявiлiся незвычайныя здольнасцi ў розных накiрунках. У гэтай празе духоўнасцi i хараства не адно толькi асабiстае жаданне людзей, што жылi з працы сваiх мазольных рук, бачыць сярод "паркалёвых людзей" уласнага сына, але i адвечнае iмкненне занядбанага народа да вяршынь агульначалавечай культуры. Такiм чынам, шлях Мiкалая Раманоўскага быў наканаваны: Цiмкавiцкае народнае вучылiшча, Нясвiжская настаўнiцкая семiнарыя ("найбольш зручная школа для тых, хто не меў за што вучыцца: там не бралi плату за навуку, а лепшым вучням, якiя добра вучылiся, давалi стыпендыю"), праца на духоўнае адраджэнне нацыi спачатку ў якасцi настаўнiка, а потым i лiтаратара.

Вялiкая гiсторыя рэдка калi песцiла беларусаў як нацыю. У першую сусветную вайну беларуская зямля зноў стала арэнай супрацьборства дзяржаў, нацый, iмперыялiстычных груповак. Зноў на поўны рост паўстала пытанне аб самiм нацыянальным iснаваннi народа. Даследчыкi называюць лiчбу ад двух да трох мiльёнаў беларусаў-бежанцаў, змушаных ратавацца ад ваеннай навалы на Ўсходзе. Многiя не вытрымалi цяжкай дарогi, загiнулi, многiя прыжылiся ў новых мясцiнах i не вярнулiся на радзiму. Так бяднеў, бэсцiўся, распадаўся, гiнуў нацыянальны генафонд. Вядомая ў народзе Варшаўка стала шляхам усенароднага гора: уздоўж яе скрозь стаялi самаробныя схiленыя на ветры крыжы, горбiлiся спехам насыпаныя магiлкi. Адбывалiся незваротныя працэсы, у вынiку якiх, па назiраннях маладога семiнарыста Раманоўскага, беларускi чалавек набываў "некаторыя рысы пакутнiка-бежанца, якi зносiў сваё нацыянальнае гора". Сам Мiкалай, разам з iншымi семiнарыстамi, апынуўся ў Расеi: калi фронт наблiзiўся да Нясвiжа, настаўнiцкую семiнарыю перавялi ў Вязьму. Трагiчны вопыт народа, набыты ў гэтыя часiны, наклаў моцны адбiтак на душу будучага празаiка, якi ўжо тады рабiў першыя спробы выказацца на паперы, пра што сведчаць успамiны сяброў яго юнацтва. Нацыянальны характар, адносiны беларусаў да падзей, змест якiх глыбока i драматычна выявiўся ў вайну, iмперыялiстычную i грамадзянскую, Чорны пазней асэнсоўваў i адлюстроўваў у многiх сваiх эпiчных творах: вельмi часта сюжэтнаю завязкаю дзеяння з'яўляецца менавiта гэты гiстарычны перыяд.

Люты 1917 года беларусы ўспрынялi як паратунак, што прыйшоў акурат у час, калi ўжо была страчана ўсякая надзея на выратаванне этнасу, на магчымасць духоўнага ўзняцця "забытага Краю". Словы амерыканскага прэзiдэнта Вiльсана аб праве нацый на самавызначэнне свядомыя беларусы, творчая iнтэлiгенцыя зразумелi як маральны закон, якi дазваляе iм будаваць на новым гiстарычным грунце сваю нацыянальную культуру. Вось чаму многiя з iх так балюча перажывалi, калi на справе сутыкалiся з супрацьлеглым разуменнем нацыянальнай палiтыкi, якое дэманстравалi, з аднаго боку, рэвалюцыйная ўлада ў Расеi, а з другога – творцы абноўленай Польшчы: i тыя i другiя не прызнавалi права беларусаў на дзяржаўную незалежнасць i нацыянальную самастойнасць. Да мастацкага (у многiх творах) i публiцыстычнага (у нарысе "I вада залiта крывёю") асэнсавання гэтага пераломнага моманту ў гiсторыi беларусаў Чорны звяртаўся неаднойчы, тым самым падкрэслiваючы духоўнае i маральнае значэнне падзей рэвалюцыi i грамадзянскай вайны. Становiшча ў Беларусi заставалася яшчэ некалькi гадоў няпэўным: значная частка маладой рэспублiкi знаходзiлася пад нямецкай акупацыяй, салдатаў кайзера змянiла польскае войска, затым прыйшлi Саветы. Пра вучобу ў настаўнiцкай семiнарыi не паўставала i гаворкi: Нясвiж пасля ганебнага Рыжскага дагавора апынуўся за мяжой, а сама мяжа знаходзiлася непадалёк ад ваколiц Цiмкавiч, – калi захварэла мацi, Мiкалай Карлавiч хадзiў у Нясвiж па лекi. Гэты факт беларускай гiсторыi i ўласнай бiяграфii, калi жывое цела нацыi суседзi гвалтоўна парэзалi на дзве часткi, у творах Чорнага набудзе сюжэтаўтваральны характар, наглядна выяўляючы трагедыю народа.

Улетку 1920 года Раманоўскiя атрымалi надзел зямлi, паводле колькасцi "душ". Мiкалай Карлавiч як чалавек пiсьменны пайшоў на працу ў ваенны аддзел Цiмкавiцкага валаснога рэўкома, пасля быў пераведзены на канцылярскую работу ў Слуцкi павятовы ваенкамат, адкуль звольнiўся ўлетку 1922 года. Кароткi час працаваў у аддзеле народнай асветы пры Цiмкавiцкiм валрэўкоме, настаўнiчаў у Цiмкавiцкай сямiгодцы. Мястэчка Цiмкавiчы знаходзiцца побач з мясцiнамi, дзе ў лiстападзе-снежнi 1920 года адбывалася славутае Слуцкае паўстанне, а таму мiжволi ўзнiкае пытанне: як паставiўся да яго Мiкалай Раманоўскi, патрыятычна настроены юнак, з чулай, уражлiвай душою, начытаны, адукаваны, якi памятаў удзел семiнарыстаў у Нясвiжскiх хваляваннях, пасля чаго палякi зачынiлi настаўнiцкую семiнарыю, цi меў ён нейкае дачыненне да падзей, што былi тады на слыху ў кожнага цiмкаўца? Дакументальных звестак, на жаль, мы не маем, i iх не магло быць па тым жорсткiм часе. Толькi ў апошнiя гады жыцця, калi Чорны спяшаў выказацца даастатку, ажыццявiць, хоць у нейкай меры, свае задумы, ён ускосна, у вобразнай форме, выявiў свае адносiны да гераiчных землякоў-случакоў. У пачатых i незавершаных яго раманах так цi iнакш закранаецца згаданая тэма партызанскага супрацiву акупантам менавiта ў згаданы перыяд грамадзянскай вайны. Калi памятаць, што героямi накiданых празаiкам частак i мастацкiх фрагментаў звычайна з'яўляюцца маладыя людзi, апантаныя iдэяй служэння Беларусi, то можна паспрабаваць узнавiць асноўную схему пiсьменнiцкiх думак. Герой рамана "Вялiкi дзень" (1941-1944) Кiрыла Вялiчка ратуецца ад пераследаў менавiта на Случчыне, адкуль сам родам, пра што добра ведаў яго сябра Максiм Астаповiч: "I якой мiлай i слаўнай была яму цяпер семежаўская, цi лешанская, цi вызнянская вымова, з якой ён раней часамi пасмiхваўся". Сын Вялiчкi, Уладзя, пасля смерцi бацькi таксама вырашае падавацца на Бацькаўшчыну, нягледзячы на ўгаворы абачлiвага Максiма Астаповiча.

"– Мне бацька цябе прыпаручыў, – сказаў Астаповiч.

– Мала што, але я пайду. Я вярнуся! Дзядзька, я вярнуся!

– А куды ты пойдзеш?

– Я пайду пад Слуцак, у той бок. Там недзе татаў брат.

– А што там рабiць будзеш?

Выразнага ж адказу ад Уладзi нi Астаповiч, нi Марына не пачулi. Яны толькi бачылi, што Ўладзя або нешта ведае, або пра нешта здагадваецца. I вiдно было, што iм заўладала адна думка, ад якой яго не адарве нiякая сiла".

Ведаючы чорнаўскую схiльнасць да мастацкага падтэксту, да лаканiзму i стрыманасцi, калi дзейнiчае мастацкi прынцып "лепш недагаварыць, чым нагаварыць лiшняга", лёгка ўявiць ход яго думак, што пiсьменнiк меў на ўвазе, пра што не змог сказаць адкрыта. Хоць адкрытасцi таксама хапала. Мiкалай Хадыка, герой "Сумлiцкай хронiкi" (1944), аўтабiяграфiчнасць якога навiдавоку, расчулiўшыся, спавядае ўласнаму бацьку сваю запаветную мару: "Вялiкая мне будзе радасць, калi я так паднiмуся, што буду працаваць дзеля ўсёй Беларусi... Я хачу працаваць так, каб нiякая бяда не тапталася больш па нашай роднай зямлi... Колькi буду жыць, то буду служыць Беларусi...".

Юнацтва Чорнага супала з маладосцю беларускай дзяржавы, з перыядам яе станаўлення, з часам узнiкнення лiтаратурных суполак, асветнiцкiх i культурных устаноў, газет, часопiсаў, альманахаў. У "Сумлiцкай хронiцы" пра гэта сказана дакладна i ўражлiва: "Гэта быў час, калi бурна ўзнiкалi тэхнiкумы i рабфакi. А што да горада Менска, то ў яго з Беларусi адусюль iмкнулася моладзь. У Менску ўжо быў унiверсiтэт. Максiм Хадыка неўзабаве апынуўся ў Менскiм педагагiчным тэхнiкуме, i да некаторай ступенi гэта вырашыла яго далейшы лёс. Трэба ведаць, што ў той час кожны малады чалавек, якi трапляў вучыцца ў Менск, неўзабаве пачынаў гаварыць сабе: "Я беларус, i ганаруся гэтым". Цэлая плеяда маладых беларускiх паэтаў i раманiстаў выйшла ў той час з менскiх тэхнiкумаў, iнстытутаў i ўнiверсiтэта. Таксама, як усюды, усё аднаўлялася пасля вайны i забудоўвалася нанава, як пачыналi выростаць новыя вёскi, пашырацца мястэчкi (як тыя Сумлiчы) i перайначвацца гарады, як скiдалася з плеч чалавека дзiравая сярмяга i з ног лапцi, так выростала ў моладзi нацыянальная свядомасць прыналежнасцi да свайго народа i гордасць за свой народ. Рэвалюцыя вяла на вялiкую дзейнасць новыя сiлы. Душа Максiма Хадыкi, якi дагэтуль ведаў толькi хараство сумлiцкай прыроды, а Менск яму здаваўся найвялiкшым у свеце горадам, душа яго свабодна аддалася на тое, каб у ёй старанная рука напiсала веру ў Бацькаўшчыну".

Моладзь, а сярод iх i студэнт Белдзяржунiверсiтэта, фiлфакавец Мiкалай Раманоўскi, шчыра верыла ў тое, што яе таленты, веды i праца сапраўды патрэбныя народу i краiне. Лепшыя з iх, адораныя лiтаратурнымi здольнасцямi, увайшлi ў лiтаратурна-асветнiцкую суполку "Маладняк", фiлii i выданнi якой узнiклi цi не ў кожным беларускiм мястэчку, такiмi папулярнымi сталiся iдэi нацыянальна-культурнага абнаўлення, а пазней i так званай культурнай рэвалюцыi. У маi 1923 года ў газеце "Савецкая Беларусь" з'явiлiся першыя апавяданннi празаiка, падпiсаныя крыптанiмам К.Ч., з якiмi i ўвайшоў у лiтаратуру Кузьма Чорны. Яго першыя спробы былi заўважаны i высока ацэнены старэйшым беларускiм пiсьменнiкам Змiтраком Бядулем. Малады празаiк неўзабаве стаў "маладнякоўцам", але ў асяроддзi такiх жа самых, як i ён, пачаткоўцаў вылучаўся сваёй удумлiвасцю, любоўю да кнiгi i вучобы, што не вельмi шанавалася многiмi тагачаснымi маладымi лiтаратарамi, якiя арыентавалiся на штурм бастыёнаў "нашанiўцаў-парнасцаў". У "Сумлiцкай хронiцы" гэты момант апiсваецца так: "У маладога i наiўнага яшчэ Максiма аднак жа хапiла сiлы, каб згадзiцца з тым, што кожнаму паэту патрэбен талент, i што яшчэ невядома, цi гэты талент у яго ёсць. Такую ацэнку яго вершаў i паэм даў вядомы пiсьменнiк i аўтарытэт для моладзi. Як гэта часта бывае, жаданне стаць паэтам ператварылася ў Максiма ў вялiкую замiлаванасць да роднай лiтаратуры, а замiлаванасць да роднай лiтаратуры вырасла ў яго ў высокi беларускi патрыятызм. Вядома, вызначаць глыбiню i грунтоўнасць гэтага патрыятызму трэба ў залежнасцi ад узросту самога патрыёта, якi тады толькi яшчэ выходзiў з падросткаў. У кожным разе, у некаторых выказваннях Максiма было тады яшчэ многа дзiцячай наiўнасцi...".

Раннiя апавяданнi Чорнага – тыповыя для маладнякоўца замалёўкi, iмпрэсii, "вершы ў прозе". Ягоны герой – мужык-беларус, бядняк, якi марыў аб вольнай працы на ўласнай зямлi. Рэвалюцыя дала яму надзел, i ён пэўны час сапраўды адчуваў сябе гаспадаром уласнага лёсу. Вось чаму ён стаiць "на варце" сваiх iнтарэсаў – менавiта так прачытваецца сэнс першых апавяданняў "На варце" i "На гранiцы" (абодва напiсаны ў 1923 годзе). Акрамя гэтага, заўважаецца i асаблiвая ўвага аўтара да тэмы дзяржаўнай мяжы, якая не магла iм успрымацца як справядлiвая, бо раздзялiла Беларусь на дзве часткi, разарвала яе жывое цела на Захад i Ўсход. Герой Чорнага адчувае сябе на самай мяжы двух светаў: мiнулага i будучынi, Заходняй Эўропы i Расеi, каталiцтва i праваслаўя. З цягам часу гэты тыповы для беларускай рэчаiснасцi канфлiкт зойме ў творчасцi празаiка адно з цэнтральных месцаў i набудзе глыбокае фiласофскае i гiсторыка-псiхалагiчнае гучанне. Перад героем Чорнага адкрылiся далягляды "людской маладой жыццёвай радасцi", i аўтар спяшае выказаць гэты небывалы энтузiязм чалавека з дапамогай рытмiзаванай, фрагментарнай прозы, з уласцiвай ёй дынамiкай апавядання, музычнасцю фразы, эмацыянальна-экспрэсiўнай насычанасцю слова, iмпрэсiянiзмам малюнкаў. Выяўна прыўзняты, амаль паэтычна-натхнёны настрой у маладых герояў апавяданняў "Будзем жыць" (1924), "На беразе" (1924), "Жалезны крык" (1924), "Максiмка" (1924), "Новыя людзi" (1925), што выяўляецца ўжо ў назвах гэтых твораў. Асобныя эцюды нагадваюць своеасаблiвыя верлiбры, дзе аўтар балансуе на мяжы паэзii i прозы, пачуцця i думкi, псiхалогii i фiласофii ("Восень i радасць", "Срэбра жыцця" – абодва 1925 г.). У кожным творы за пачуццём маладога захаплення жыццём, выказанага ў словах "Жыццё як радасць iснавання" своеасаблiвай фiласофскай формуле, крэда юнакоў i дзяўчат 20-х гадоў, заўсёды прысутнiчае глыбокая думка пра чалавека, яго зямны лёс, трагедыю iснавання.

Лепшыя прадстаўнiкi паслярэвалюцыйнага пакалення, такiя, як студэнт Алёша, герой апавядання "Бяздонне" (1925), i ў горадзе не забывалi, што выйшлi "з самага "дна" беларускага жыцця i з гэтым "дном" звязаны духоўна i фiзiчна" (словы Чорнага, сказаныя пра самога сябе ў "Аўтабiяграфii" 1927 года). Чым рознiцца Алёша ад такога ж студэнта Андрэя Стронiна? Ды тым, што той не бачыў у сваiм жыццi "нiякiх пакутных здарэнняў, над якiмi трэба было б доўга думаць". Алёша, юнак, чулая душа якога развярэджана перажываннямi i думкамi пра сваiх прыцiснутых клопатамi землякоў, i вучыцца дзеля таго, каб нарэшце аддзячыць гэтым простым людзям за ўсё, што ён сам мае: "...хочацца Алёшу стаць перад iмi, каравымi, запыленымi, i сказаць iм аб тым, што зразумеў сам, – аб самым важным, што трэба для паўнаты жыцця на зямлi: што жыццё шырокае, яно само ў сабе – нават як факт ужо iснавання – радаснае". Менавiта гэтыя людзi для Алёшы, за вобразам якога лёгка пазнаюцца натура i лёс самога Мiкалая Раманоўскага, Кузьмы Чорнага, з'яўляюцца апошняй iнстанцыяй, прысуд якой не падлягае апеляцыi. Так пiсьменнiк разумеў ужо ў маладыя гады сваё прызначэнне, свядома ставячы ўласную творчасць у прамую залежнасць ад "думкi народнай", не баючыся, як многiя, "тыранii большасцi".

Чорнаму здавалася, што рэвалюцыя адбылася дзеля высокай мэты вызвалення чалавека, а таму панесеныя народам вялiкiя ахвяры маюць хоць нейкае маральнае апраўданне. Пiсьменнiк-гуманiст, якi ўсё на свеце вымяраў мерай чалавечнасцi, хутка заўважыў, як адбываецца нешта адваротнае ягоным чаканням: расчалавечванне. Размах пачуццяў раннiх чорнаўскiх герояў вялiкi: аднаго ўражвае гiбель малой пташкi ("Восень i радасць", 1925), а другога мала цiкавiць смерць жывой iстоты, бо ён па прафесii жывадзёр ("Буланы", 1925), трэцi i на гвалтоўную смерць людзей глядзiць з пункту погляду "гiстарычнай заканамернасцi", маўляў, лес сякуць – трэскi ляцяць (раман "Сястра"). Галоўнае пытанне, што не толькi цiкавiла, але i мучыла Чорнага, пытанне адносiн рэвалюцыi i новай улады да гуманiстычных каштоўнасцей, сярод якiх пiсьменнiк нязменна вылучаў хрысцiянскiя пачуццi справядлiвасцi, чуласцi, спагады, шчырасцi, сцiпласцi, сумленнасцi. Гэта пытанне хвалявала i многiх сучаснiкаў – А.Фадзеева i М.Шолахава, Л.Лявонава i А.Платонава, М.Гарэцкага i М.Зарэцкага, М.Булгакава i А.Мрыя, Л.Калюгу i П.Галавача... Вось чаму так пiльна сачылi па першым часе творцы, пакуль яшчэ была магчымасць неяк уплываць на ход падзей мастацкiм i публiцыстычным словам, за супярэчлiвым працэсам сцвярджэння новых чалавечых каштоўнасцей у сацыялiстычным грамадстве. Сёе-тое радавала iх, а многае засмучала, трывожыла, адчайвала. "Галоўнае, што мучыць мяне з самых маладых год маiх, пiсаў у сярэдзiне 20-х гадоў К.Чорны, – гэта пакуты чалавека на зямлi, якiя ў нас яшчэ не знiшчаны i за знiшчэнне якiх мы ўсе цяпер змагаемся". Памыляўся ён у адным, думаючы, што ў працэсе гуманiзацыi свету сапраўды свядома ўдзельнiчаюць "усе". Час паказаў, i вельмi хутка, што гэта не так. Далёка не так.

У сваёй творчасцi Чорны працягваў купалаўска-коласаўскую традыцыю ўвагi да жыцця i турбот "маленькага чалавека", якi пасля рэвалюцыi адчуў гонар называцца беларусам, але, на жаль, ягоная радасць была кароткаю. Пiсьменнiк шмат разважаў над тым, чаму беларусы, якiм выпала цяжкая доля жыць на скрыжаваннi вялiкiх дарог, нягледзячы на ўсе выпрабаваннi, на стагоддзi прыгнёту, здзеку i глуму над iх душою, не загiнулi, выжылi насуперак акалiчнасцям. "Усё перанёс беларускi селянiн, – пiсаў Чорны, – усякiя пакуты ўведаў i ў вострыя моманты на ўсё здольны". Сваё разуменне нацыянальнага характару беларуса ён выказаў у словах: "I ў цiшынi буры, i ў бурах цiшыня". Вонкавая цiхмянасць, сцiпласць, цярплiвасць беларускага селянiна тояць у сабе бунтоўнае непрыняцце ўсялякага здзеку i гвалту. Падзеi, у якiх прымаў удзел беларускi народ, навочна паказалi, чаго больш у ягонай душы актыўнасцi цi пасiўнасцi, прагi дзейнiчаць цi сузiральнасцi, адчування чалавечай годнасцi цi пакорлiвасцi.

Герой Чорнага часам выглядае дробязным i мiтуслiвым, успрымаючы малую з'яву як вялiкую трагедыю ("Начлег у вёсцы Сiнегах", 1927), або, наадварот, сапраўдную драму як нявартую ўвагi падзею ("Ноч пры дарозе", 1924). У час змагання "за знiшчэнне прынiжанасцi чалавека перад чалавекам" празаiк схiльны ацэньваць кожны факт такога прынiжэння як пагрозу ўсёй светабудове. Менавiта так успрымае ягоны герой звычайнае вiдовiшча: руйнуецца стары дом, побач будуецца новы, а ён разважае аб тым, што на старых сценах засталiся сляды людскiх пакут, маленькiх радасцей i вялiкiх драм ("Сцены", 1926). Яго вера ў тое, што "ўсё, што было, ненастаяшчае, настаяшчае i светлае iдзе", непарушная, бо трымаецца на грунце абнаўлення жыцця, якое досыць iмклiва адбывалася ў часы нэпа i "беларусiзацыi". Праз усю творчасць Чорнага праходзiць вобраз трапяткога, палахлiвага гаваруна, вечнага трапетуна, гарапашнiка-мужыка, якi толькi ў новы час на кароткi перыяд адчуў сябе чалавекам, беларусам. А гаваркi ён i часам непрыемна балбатлiвы, таму што яго голасам загаварыла яшчэ нядаўна без'языкая, асуджаная сацыяльнай сiстэмай да векавечнага маўчання шматмiльённая маса. Мiхалка Сляпенькi ("Максiмка, 1924), Кiрылка ("Мельнiкi", 1925) радыя любой нагодзе пабыць сярод людзей, у грамадзе, пагаварыць, хоць часта ўсё ўжо сказана i паўторана на розныя лады. Той жа Мiхалка, трапiўшы на вясковы сход (Чорны любiў паказваць людскую грамаду "агульным планам", вылучаючы асобныя каларытныя постацi), адчувае сябе так, быццам без яго "дзела не зробiцца": "Шмыгаючы ў грамадзе, падлазячы мужчынам пад локцi, усiм замiнаючы, ён стараўся ўсiх перашчабятаць, паўтараючы за кожным словам сваю звычайную прыказку "тымчасам, браткi мае". Чорнага захапляе ў гэтым чалавечку тое, што ён усiх i ўсё на свеце вымярае мераю чуласцi, чалавечнасцi, дабрынi, справядлiвасцi, хрысцiянскай мiласэрнасцi, што з умацаваннем сталiнскага рэжыму ўсё больш выветрывалася з людскiх дачыненняў. Гэтага героя-трапетуна мы сустракаем у рамане "Сястра" (Радзiвон Цiвунчык), i ў рамане "Трэцяе пакаленне" (Кравец), i ў рамане "Пошукi будучынi" (Юрась Нявада, Фельчар), i ў рамане "Вялiкi дзень" (Максiм Астаповiч), i ў незавершанай аповесцi "Скiп'еўскi лес" (Марцiн Прыбыткоўскi). Ад твора да твора ўдакладняецца яго псiхалагiчная характарыстыка, герой паступова перарастае ў вобраз-тып, што ўвасабляе лепшыя якасцi беларусаў як нацыi. Яго бiяграфiя, па словах Чорнага, "бiяграфiя, праз якую вiдаць эпоха рэвалюцыi".

Увагу Чорнага прыцягваў i вобраз маладога беларуса, якi ўвасабляе новае пакаленне. Калi вобраз трапетуна ствараўся пераважна сродкамi знешняй характарыстыкi (партрэт, дзеянне, рухi, жэсты, гаворка), то вобразы юнакоў i дзяўчат малююцца больш знутры, сродкамi апiсання iхняга ўнутранага свету. Гэта зразумела, бо перад намi людзi, якiя ўмеюць выказваць у словах тое, што адчуваюць, пра што думаюць, мараць, схiльныя да самааналiзу, рэфлексii. Начытаныя, адукаваныя, яны адносяцца да пакалення кнiжнiкаў i летуценнiкаў. Аднак яны выяўляюць сябе ўжо i як дзейсная сiла, якая ведае, чаго хоча i якiмi шляхамi iсцi да мэты. Самае цiкавае ў апавяданнi "Вечар" не жыццёвыя назiраннi Вiктара Зенiча, чулага да падзей i людзей юнака, не малюнкi гарадскога побыту, якiя мы бачым ягонымi вачыма, а яго рэакцыя на вонкавыя раздражняльнiкi, яго роздум над убачаным i пачутым. Жыццярадасны i бадзёры, поўны жадання перарабiць ледзь не ўвесь свет на новы лад, паводле законаў хараства, вонкавага i ўнутранага, Вiктар у той жа час глыбока разумее, якое складанае чалавечае жыццё, як шмат у iм неразгаданага, колькi навокал драматычных людскiх лёсаў: "Неспакойна ўяўлялася зямля i людзi. Зямля – для людзей вялiкая, ды ад людзей цесная. А людзi, не могучы цанiць нi цеснаты, нi шырынi, робяць жыццё сваё цесным... I ўяўлялася зямля i людзi на ёй. I ўсё хацелася пайсцi па зямлi, ахвацiць яе сабою i сказаць кожнаму: вось я бачу, чую, адчуваю цябе. I пачынаю адчуваць тое, чаго ты i сам можа не адчуваў...". Вiктар Зенiч, герой апавядання "Хвоi гавораць", студэнт Мiкалай, iнжынер-таксатар Ваця Бранiславец з рамана "Сястра", малады сакратар сельсавета Алесь, герой рамана "Зямля" – людзi высокага iнтэлекту i вялiкай адказнасцi перад жыццём. Яны ўжо ведаюць, што роздум, слова i дзеянне не замiнаюць адно аднаму, а, наадварот, дапамагаюць адшукаць шлях да праўды аб свеце i людзях. Малюючы моладзь, якая не задавальняецца iсным i прагне пазнання, апошнiх iсцiн, Чорны тым самым прыўздымаў "заслону перад чалавечаю душою" i паказваў, якi "вялiкi i глыбокi свет там, у чалавеку": "Дно ў чалавека заўсёды вiдаць. I рух увесь яго як на далонi. I загэтым вось i вядома, што там нi з чым непараўнаная тонкасць i бясконцы рух – як бы гэта свет знайшоў для сябе вечнае i адзiнае люстэрка...".

Чым далей, тым часцей празаiк звяртае ўвагу на складанасць жыцця i чалавека. За радасцю ён бачыць смутак: "Гавораць людзi, носяць радасць i смутак, смяюцца i плачуць. Б'ецца з пустаты глыбiня, з-пад смутку – радасць. Жыццё ты маё шырокае без краёў, глыбiня мая бяздонная" ("Вечар", 1925). Адсюль – ад разумення жыцця як велiчнай мiстэрыi – назвы твораў: "Бяздонне" (1925), "Маленькая драма" (1926), "Трагедыя майго настаўнiка" (1927), "Ноч пры дарозе", "Па дарозе" (1925)... Жыццё, дзе "адно ўмiрае, другое расце", дзе адно i тое ж людзi бачаць па-рознаму, захапляе чорнаўскага героя-думаннiка, не толькi ўдзельнiка падзей, але i iх даследчыка, фiлосафа. Любiмая формула галоўнага героя, якая адначасова з'яўляецца i творчым крэда самога пiсьменнiка: "Чалавек – гэта цэлы свет". Чорны паўтарае яе ў розных варыянтах ў многiх творах 20-х гадоў. Празаiка захапляе праблема "жывога чалавека", якая бурна дыскутавалася ў тыя часы, але iнтэрпрэтуе ён яе па-свойму – у пазiтыўным, "жыццесцвярджальным" значэннi. Гэта ўжо крыху пазней крытыкi-вульгарызатары надалi тым паняццям негатыўнае адценне. У творчасцi расейскага празаiка У.Iвбнава, украiнскага празаiка В.Стэфанiка, якому Чорны прысвяцiў асобны артыкул, беларускi пiсьменнiк шукаў пацвярджэння сваiм патаемным задумам. "Васiль Стэфанiк, – пiсаў ён, – не пiсьменнiк быту. Хутчэй яго льга назваць тварцом псiхалагiчнае навелы. Ён не расказвае пра бытаванне сваiх герояў, ён бярэ якi-небудзь момант, заўсёды характэрны i тыповы, i яго героi дзейнiчаюць, гавораць... Ён падымае заслону перад чалавечаю душою i паказвае – якi вялiкi i глыбокi свет там, у чалавеку". Гэтую характарыстыку, амаль не ўдакладняючы, можна адрасаваць самому аўтару – паэту "змучанага вякамi сялянства", толькi ўжо беларускага, лёс якога гэтак нагадвае лёс украiнскага селянiна-гарапашнiка.

Свайго "жывога чалавека" Чорны супрацьстаўляе "чалавеку ў скуранцы" з яго "класавай нянавiсцю". У апавяданнях празаiка 20-х гадоў перад намi людзi складанага лёсу, загадкавых характараў, каларытныя народныя тыпы. Мэта аўтара-псiхааналiтыка: "непрыкметна душой увайсцi ва ўсе таямнiцы, што ў жывых iстотах захованы, увайсцi ласкава i цiха, з чыстымi думкамi i адчуваннямi". Пiсьменнiка цiкавiць у чалавеку ўсё: як той адносiцца да жыцця i як да смерцi? як у людской iстоце ўзнiкае пачуццё закаханасцi? у чым бачыць сэнс жыцця? як адносiцца да iншых людзей? Калi ў раннiм апавяданнi "Жалезны крык" аўтара захапляў "жалезны душой" чалавек, якi насмiхаецца над "цiхiмi, палявымi людзьмi", то ўжо ў апавяданнi "Новыя людзi" (1925), а яшчэ больш у апавяданнi "Па дарозе" такi позiрк "зверху" на блiжняга яго насцярожвае. А ў апавяданнi "Трагедыя майго настаўнiка" расказваецца, як гiне стары чалавек, якога ўласныя дзецi гоняць з хаты, каб не замiнаў жыць. Ёсць тут свой "тэарэтык", журналiст, якi, азнаёмiўшыся са скаргай настаўнiка, лёгка вырашае пытанне: маўляў, той ужо аджыў сваё, таму павiнен саступiць новаму! З аднаго боку, "агульны закон", "формула" ("пастолькi паколькi"), з другога – трагедыя жывога чалавека. Чорны згодзен, што "ласкавае слова – саматужнiцтва", але, калi можаш, то лепш дапамажы чалавеку. Яго насцярожвае тое, што развялося шмат "пiсароў", якiя за паперай не бачаць чалавека.

Творчы рост Чорнага адбываўся вельмi шпарка: так шмат патрэбна было яму сказаць i за сябе, i за сваiх землякоў-цiмкаўцаў, i за ўсiх беларусаў, асуджаных на бязмоўе. Услед за першым зборнiкам "Апавяданнi" на працягу толькi 1925-1926 гадоў выйшлi яго кнiгi "Па дарозе", "Срэбра жыцця", "Пачуццi", "Хвоi гавораць". Малады празаiк хутка пазбаўляўся "дзiцячых хвароб" пачаткоўца: ад досыць павярхоўнага захаплення новым у жыццi вёскi i горада, у чым ён зблiжаўся з iншымi маладнякоўцамi, шлях вёў у глыбiнi чалавечай душы, дзе вiравалi вялiкiя буры пачуццяў i думак, дзе якраз i выспявалi будучыя ўчынкi. Лiтаратура, сцвярджаў ён, адрознiваецца ад "агiткi", бо ў яе iншая задача. Разам з сябрамi-аднадумцамi У.Дубоўкам, А.Бабарэкам, Я.Пушчам, К.Крапiвой, стваральнiкамi лiтаратурнай суполкi "Узвышша", такiмi ж, як сам, маладымi i дзёрзкiмi, К.Чорны падпiсаў дэкларацыю, надрукаваную ў першым нумары часопiса "Узвышша", дзе быў заклiк пiсаць творы, якiя "ўбачаць вякi i народы". Цi не залiшне гучна? Эпахальна? Вялiкi замах пры небагатых на той час магчымасцях? Так здавалася многiм, i "Узвышша" ад пачатку трапiла пад асаблiва пiльны нагляд крытыкаў-"аглабельшчыкаў", якiя спавядалi сваё разуменне лiтаратуры як прапаганды партыйных iдэй "у вобразнай форме". Тым не менш большасць надрукаванага ва "Узвышцы" за няпоўныя 5 гадоў яго iснавання перажыло час. Многiя мастацкiя шэдэўры "ўзвышаўцаў" прадказвалi далейшы ход падзей у краiне. Народ, якi абуджаўся, павiнен быў вылучыць са свайго асяроддзя таленты эўрапейскага маштабу, i ён iх вылучыў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю