Текст книги "Меч Маладзіковага Промня (СИ)"
Автор книги: Лаўрэн Юрага
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 3 страниц)
Хаця князёўна ў сваёй даўгой і цяжкай аксамітнай сукенцы значна замаруджвала наш бег, я ўсё ж спадзяваўся адарвацца ад пераследнікаў – перад намі з Ладзіславаю дарога была простая, а рыцарам прыйдзецца правяраць ўсе пакоі ды найменшыя закуткі, якія толькі трапяцца ім на шляху. Так, зрэшты, і здарылася: калі мы, задыханыя, узбягалі па сходах да пляцоўкі-ростані перад Ладзіславіным пакоем, гукаў пагоні за спінаю ўжо чуваць не было. Спыніўшыся на пляцоўцы, я спытаў:
– Дык што ты казала пра другі шлях?
– Ты хочаш-такі ісці праз грыфонаву пячору?! – уражана гукнула дзяўчына.
– У жыцці трэба ўсяго паспрабаваць! – пажартаваў я. – Ну, дык як, павядзеш? Ці, мо, баішся?
– Ды нічога я не баюся! – кінула рассердавана князёўна. – Хадзем!
– Не так хутка! Мне спярша трэба ўзброіцца, – я падышоў да дзвярэй у анфіладу, падняў меч таго рыцара, што быў з горнам і ўклаў яго ў свае пустыя похвы. Потым, ударыўшы па канцы дзяржальна, выцягнуў з галавы рыцара сваю ўжо крыху пашчэрбленую сякеру і вярнуўся да дзяўчыны. – Ну што ж, я гатовы.
Яна падышла да каменнае сцяны за сходамі і пацягнула цагліну, што крыху выдавалася з агульнае кладкі. Я ніколі не здагадаўся б, што i тут схаваны ўваход у лёх, але – на дзіва! – сцяна зварухнулася і паволі папаўзла ўбок. Мне падумалася, што ў гэтым замку, пэўна, палова сцен хаваюць патаемныя хады. Зрэшты, тым горш для нас: можна чакаць, што ворагі з'явяцца з ніадкуль. Мы ступілі ў адкрыты праход. Лада тым часам распавядала:
– Далей ад гэтага калідору аддзяляюцца некалькі хадоў-адрогаў. Адзін вядзе ў Залу Чараў і ў скарбніцу, другія – у іншыя памяшканні. Нам жа трэба будзе пайсці па галоўным – аж да сходаў уніз. Спадзяюся, ты ўжо прыдумаў, як прыручыць гэтую мілую пачварку? – дадала яна з ледзь заўважнай кпінай у голасе.
– Яшчэ не, але па дарозе прыдумаю! – бадзёра адказаў я, хоць у маёй галаве і намёку не было на нейкую вартую думку на гэты конт.
XIII
Мы нядоўга прайшлі лёхам, калі неўзабаве спераду, з-за рага калідора, данёсся водгук жалезнае хады. Напраўду, відаць, ваявода паслаў сваіх людзей абысці усе калідоры ды пярэйсці. А паколькі гэты ход быў з самых таемных, дык можна было спадзявацца і ягонае асабістае прысутнасці. Цяжка было вызначыць, колькі там ідзе вояў, – гук, адбіваючыся ад сцен, памнажаў рэха. Магчыма, іх было няшмат, але ўсё ж я падумаў, што прасцей унікнуць небяспечнага становішча, чым пасля ўвесь час змагацца з ягонымі наступствамі. Схапіўшы сваю спадарожніцу за рукаво, я ўцягнуў яе ў ход-адгалінаванне, які мы акурат міналі: «Перачакаем тут!».
Ды ўсё ж, відаць, мы збочылі недастаткова борзда, бо да нас даляцелі словы некага з рыцараў: «Пане ваявода, здаецца, я нешта бачыў там наперадзе!». Стараючыся не тупацець, мы памкнулі ўздоўж гэтым ходам. На шчасце, ён быў досыць пакручасты, і пераследнікі, ідучы ззаду, не маглі нас бачыць з-за рагоў калідорных паваротаў. Заставалася спадзявацца, што на канцы хода нас не чакае выстаўленая варта.
На канцы калідора нас ніхто не чакаў. Ды ў гэтым i не было патрэбы – ход заканчваўся глухой гранітнай сцяной. Мы апынуліся ўтупіку. Вычасаная з граніту сцяна была выслігавана да неверагоднае гладкасці і адбівала нашыя абліччы ў бляску насценных паходняў, як люстра.
– Мы прапалі, – сумна азвалася князёўна. – Гэта Зала Чараў. Нам не прайсці праз сцяну без адмысловага сыгнета, які здымае закляцце ўваходу. А такіх сыгнетаў толькі два – у князя Гатарда ды...
– ...ды ў мяне, – закончыў я за яе, здымаючы сталёвую рукаўку.
3 хвілю яна прыглядалася да сыгнета на маім пальцы, пасля ейныя вочы заблішчэлі радасцю:
– Так, гэта ён. Але адкуль...
– Потым! – перапыніў я яе. – Куды што націскаць?
– Проста даткніся сыгнетам да граніту...
Я так і зрабіў. Сцяна набыла празрыстасць i захвалявалася, быццам паверхня возера; за ёю смутна праступілі абрысы прадметаў. Дзяўчына зрабіла крок проста ў гэтую дзіўную каменную ваду:
– ...а цяпер ідзі.
Я таксама ступіў, i мая нага – о, дзіва! – зусім не стрэла супраціву. Праз момант я ўжо стаяў па той бок. Абярнуўшыся, зірнуў на калідор: ззаду пакуль нікога.
– А цяпер закрый уваход, каб ваявода нас не ўбачыў. Зноў дакраніся да сцяны сыгнетам...
Я паслухаўся – i празрыстая паверхня перастала хвалявацца ды дрыжаць... хаця i не страціла сваёй празрыстасці. Якраз у гэты момант з-за рогу калідора паявіўся ваявода са сваімі рыцарамі.Я кінуўся ўбок за заслону, каб не даць сябе заўважыць, але князёўна, што стаяла акурат перад сцяной, разрагаталася:
– Не бойся, вой! Гэта толькі мы іх бачым i чуем. А яны нас – не! Не забывай – гэта Зала Чараў!
Збянтэжаны, я вярнуўся на ранейшае месца. А дзяўчына працягвала:
– Давай паназіраем!
Пагоня падышла амаль усутыч і спынілася. Нас раздзяляла, як здавалася, тонкая i нетрывалая перагародка; не верылася, што мы з Ладзіславай схаваныя для ворагаў. Тым не менш гэта было менавіта так. Адзін з рыцараў стукнуў па сцяне кляйнотам мяча і гукнуў да ваяводы:
– Уваход закрыты – ён бы тут не прайшоў!
– Сам бачу! – злосна буркануў ваявода і, абярнуўшыся, кінуў. – Хадземце далей!
Я перавёў дых: яны сапраўды пайшлі, так нас i не заўважыўшы. Абарочваючыся да Ладзіславы, я быў пачаў гаварыць:
– Ну, усё – можна выбірацца... – ды так і спыніўся на сярэдзіне сказа – дзяўчына стаяла ўся збялелая, а за ёй, трымаючы востры штылет пры ейным горле, стаяў чалавеку пурпуровых шатах.
– Я так не думаю, – сказаў ён, кпліва адказваючы на мае словы. – Бо зараз мы паклічам ваяводу назад. А іначай князёўна памрэ.
– Падумай, што робіш! – гукнуў я. – Калі Чорны Князь даведаецца, што ты забіў ягоную нявесту, ён загадае разадраць цябе коньмі!
Той адно пахітаў галавой:
– Не, ён ужо ведае, што ягоная нявеста здрадзіла яму, уцёкшы з чужынцам-прыхаднем, і ў кожным разе загадае скараць яе разам з табой. Няўжо ж ты думаеш, што княжацкія магі забыліся на сваё ўменне?! Дык глядзі! Вось, што здарыцца, калі ваявода неўзабаве вернецца ў пасадавую залу ды стане перад Князем! – Маг, трымаючы левую руку са штылетам пры горле князёўны, асцярожна зняў правую з шыі дзяўчыны і выцягнуў з навязі на сваім пасе дзіўнае кароткае жазло. Указаўшы гэтым жазлом на процілеглую сцяну, ён прамармытаў нейкі заклён – і на сцяне з'явілася выява. Я ўбачыў галоўную залу, Гатарда на пасадзе і схіленага перад ім ваяводу. Чорны Князь ажно кіпеў ад злосці, і, калі пачаў гаварыць, ягоныя словы загучалі ў мяне ўвушшу. Ён загадваў ваяводу адшукаць нас з князёўнай, грозячы ў процілеглым выпадку аддаць яго самога на катаванні, якія ўжо задумаў для мяне і дзяўчыны. Лёгкі мах жазлом – і выява знікла, а маг працягваў: – Цяпер ты, спадзяюся, разумееш, што ён наадварот азалоціць мяне, калі я дастаўлю вас яму жывымі ці мёртвымі.
Ён, відаць, ужо бачыў сваю ўзнагароду i, мо, сябе самога на месцы Даронта, бо зрок яго крыху затуманіўся, а па твары папаўзла задаволеная ўсмешка. Гэта яго і згубіла, – размарыўшыся, чалавек траціць пільнасць. Адным скокам я дапяў да яго і, заціснуўшы адной рукой ягоную левую руку са штылетам, другой выбіў з правай чароўнае жазло – каб не даць стварыць якое абарончае кудзебства. Князёўна ж, якая толькі і чакала зручнага моманту, упілася зубамі ў кулак, што трымаў зброю. Чараўнік узвыў ад болю, выпусціў зброю, i штылет са звонам пакаціўся па чорных каменных плітах; жазло з выбухам святла ўдарыла ў бліскучую сцяну, пакідаючы на ёй чорна-выпаленую матавую пляму. Я ўдарыў мага сваёй галавой у шаломе проста ў твар, і ён адразу ж страціў прытомнасць ды асеў уніз. Выставіўшы сыгнет перад сабой, я пацягнуў за руку дзяўчыну, i мы скочылі скрозь ізноў міргатлівую паверхню-сцяну.
Прыбегшы на тое месца, дзе сустрэча з ваяводам прымусіла нас збочыць са шляху, мы на хвілю сталі і прыслухаліся. Водгукі жалезнай хады даляталі злева – з калідора, якім мы прайшлі раней. Наперадзе – у напрамку да скарбніцы – пярэйсце, падобна, быў вольны. Асцярожна мы рушылі ўтой бок.
Неўзабаве падышлі да апошняй развілкі. Ладзіслава ўпэўнена скіравалася да галоўнага ходу ды, прайшоўшы да сходаў, спынілася на месцы.
– Глядзі, – звярнулася яна да мяне. – За тым рогам пасля сходаў калідор пашыраецца і вядзе проста, без паваротаў, да пячоры грыфона. Але будзь асцярожны – ужо адтуль ён ужо можа цябе ўвохшыць: у грыфонаў вельмі добрае чуццё на пахі. I яшчэ: ён прыкуты да скалы тоўстым жалезным ланцугом, але гэты ланцуг вельмі даўгі i дазваляе яму перасоўвацца па ўсёй пячоры. Ды, таксама, не глядзі, што грыфон здаецца важкім і нерухавым – насамрэч ён вельмі жвавы i спрытны.
Я спусціўся па сходах, дайшоў да рогу, прыгнуўся, а там стаіўся і пачаў асцярожна красціся – як на паляванні. Што праўда, па калідорах гулялі скразнякі, і я не надта спадзяваўся, што ён мяне не зможа ўчуць. Неўзабаве – па меры таго, як я набліжаўся да канца калідора, – мне ўсё лепей было відаць грыфона. Калі ж я дапяў да ўваходу ў пячору, дык мог ужо бачыць яго ва ўсю аграмадную велічыню. Ён заўважна нерваваўся: відаць, здалёк увохшаў чужацкі пах. Аднак мяне ён яшчэ не бачыў – пэўна, узгадаваны ў цёмнай пячоры, меў зрок не надта добры. Тым болей, што цяпер калідор быў зырка асветлены паходнямі і іхняе полымя павінна было рэзаць яму вочы.
Але ён быў прыгожы. Дакладна такі, як пра яго распавядала Ладзіслава: з ільвінымі лапамі, цмачынымі галавой ды хвастом, i з не надта вялікімі крыламі, троху падобнымі да кажановых. Усё ж дзяўчына не апісала мне тае непаўторнае грацыі, з якой ён рухаў сваё вялікае, але ладна сфармаванае i магутнае лускатае цела; не апісала тае мяккасці крокаў ягоных цяглістых лап, ганарлівае пасадкі рагатае галавы на даўгой, але моцнай і ладнай, шыі. Стала шкада, што, магчыма, прыйдзецца забіць такога прыгажуна. Уздыхнуўшы, я выйшаў з лёху ды спакойна пакіраваў да яго. Я хацеў звярнуцца да прыёмаў утаймавання дзікіх коней, разважыўшы, што грыфон таксама, у пэўным сэнсе, дзікая жывёліна. Ды мой намер не спрацаваў: звер насцярожыўся, уцягнуў ноздрамі паветра i, не пачуўшы знаёмага паху, дыхнуў-шугануў проста ў мяне агнём. Я апярэдзіў яго на драбок: пабачыўшы, што ён набірае шмат паветра, я хутка кульнуўся наперад. У поўным узбраенні кулёк выйшаў няздарна, i я добра-такі выцяўся нізам спіны, але ўсё ж уратаваўся ад лётнага полымя. I тут жа ледзь не быў змецены моцным ударам хваста – дзякаваць багам, грыфон не пацэліў.
Забава яму спадабалася – цяперака ён нагадваў ката, што палюе на мыш. Ён прысеў на лапах і пачаў падбірацца да мяне, гатовы да кідка. Мне ўявілася, што будзе, калі такая гара абрынецца на мяне зверху, і па спіне прабеглі халодныя дрыжыкі. Дзвюма рукамі я шпурнуўу яго сякеру. Ён адскочыў – але недастаткова шпарка – i сякера ўвайшла яму ў левую лапу. Цяперака ён раз'юшыўся, што, зрэшты, мне і дапамагло. Забыўшыся на ўсё ад ярасці ды болю, ён памкнуў на мяне. Ланцуг грымеў па каменні, сам грыфон роў, шалёна ўзмахваючы сваімі кіпцюрастымі крыламі ды б'ючы хвастом па выкладзенай плітамі падлозе – відовішча ўражвала. Аднак мне дастаткова было толькі скочыць убок перад самым ягоным носам, каб аграмаднае цела бестыі, у паскораным уласным цяжарам руху, пранеслася міма. Я з усіх сіл секануў яго наўздагон мячом па правым боку – ды клінга толькі разляцелася, бы шкляная, ад сутыкнення з цвярдзейшай за сталь грыфонавай луской. Апрача корда, які ніякім чынам не пасаваў для бойкі з бестыяй, у мяне заставаўся толькі Маладзіковы Меч, i я, пакуль звер разварочваўся для новай атакі, выцягнуў яго з похвы за спінаю.
Грыфон, навучаны папярэднім промахам, цяперака ўжо асцярожна падбіраўся да мяне. Я трымаў Меч перад сабою І, робячы падманныя выпады, не даваў зверу напасці. Ён адхінаў назад галаву, баронячы пысу, ды марудна адмахваўся правай лапаю, але было відаць, што без маруджання кінецца на мяне, як толькі я стамлюся. Я пастанавіў яго апярэдзіць – не патраплю, дык, можа, прынамсі, напалохаю. Зрабіўшы падвойны крок, я торкнуў вастрыём мяча ў грыфонаву пысу, цэлячы ў вока. У апошні момант ён тузануў галавой, і лязо трапіла ў ніжнюю сківіцу. Што здарылася далей, цяжка апісаць, бо ўсё адбылося маланкава, і я сам не надта ўцяміў, у чым справа. Калі лязо даткнулася грыфонавае скуры, з таго месца раптам выбліснуў пошуг полымя – нібы ў пачвару ўдарыў пярун. Звер ірвануў галаву назад, вырваўшы завязлы ў сківіцы меч у мяне з рук, і зарыкаў-заенчыў так голасна, што ў мяне ажно загуло ў вушах. Меч жа, тым часам, распаліўся нібы ў кавальскім горне; звер скавытаў гэтак голасна, што мне здавалася, лопне галава. А меч ужо тапіўся-плавіўся, бы залаты кубак, кінуты ў агонь, расплываўся-крапаў распаленымі агністымі кроплямі на падлогу. I разам з тым, як ён плавіўся, змяншаўся ў памерах i грыфон. Я не адразу ўцяміў, што адбываецца – глядзеў i не верыў вачам: звер нібы выгараў з сярэдзіны: ягоная скура пачала курчыцца i ападаць, як быццам тое, што было пад ёй, пажыраў нябачны агонь, або яно папросту рашчынялася ў паветры.
Праз нейкую хвілю ўсё скончылася. Лускатая скура некалі агромністага і велічнага прыгажунагрыфона пакамечанай грудай ляжала на падлозе. Галава бестыі ўжо была толькі пакрытым закасцянелаю рагавіцаю чэрапам; з-пад яе віднеўся край калюжыны застылага металу – усё, што засталося ад Мяча Надзеі майго народу. Відовішча сумнае і незвычайна роспачнае! Я прысеў на падлогу ды маркотна дзівіўся на гэтую карціну, што аб'яднала парэшткі прыгожага звера і аскепкі маёй мары. Ваяру не выпадае кідацца ў роспач, але ўсё, дзеля чаго я жыў і змагаўся, раптам перастала існаваць, ператварылася ў азёрную смугу, ці, дакладней кажучы, у металічную калюжыну. Ззаду ціха падышла Ладзіслава і паклала мне руку на плячо:
– Не сумуй, вой...
– Лёгка сказаць!.. Гэты меч быў тым, дзеля чаго я прыйшоў у Гадор... Меч Маладзіковага Промня... Зоркі сказалі вешчбітам, што я здабуду яго і ўздыму супраць Чорнага Князя, каб вызваліць наш край... – сумна адказаў я. – Але цяперака ўсё страчана...
– Меч Маладзіковага Промня?! – няўцямліва перапытала дзяўчына. – Але ж у цябе яго не было!
– Было. Я ўсё ж такі здабыў яго... Памятаеш той меч, што я насіў за спінаю? Я забіў рыцараў, што былі па яго пасланыя, пераапрануўся ў рыштунак аднаго з іх і забраў чароўную зброю. Але цяперака, бачыш: меч, хоць i перамог грыфона, ды сам растапіўся...
– Але ж ты насіў за спінаю не Маладзіковы Промень, – перарвала мяне князёўна. – Гэта быў Рагнар – рытуальны меч Гатарда, пры дапамозе якога Князь, у прадвызначаны час, звяртаецца да надпрыродных сіл, просячы дараваць яму перамогу над ворагам. Так што, калі табе быў патрэбны не ён, няма сэнсу журбоціцца. Лепей цешся, што ты ўратаваў сваё жыццё, а разам з тым і знішчыў магічную моц ворагаў! Цяперака яны ўжо не змогуць звярнуцца да кудзебстваў, што давалі ім раней заўсёдную перамогу. Бо, калі б сутыкнуліся чары Маладзіковага Промня з кудзебствамі Чорнага Мяча, яшчэ невядома, каторыя б адолелі!..
Адразу, бывае, цяжка даць веры, калі ўяўная параза раптам станецца перамогаю. Аднак сумнявацца не прыходзілася, i пасля тых слоў мая душа пачала напаўняцца радасцю. Я не збіраўся болей марнаваць час на бессэнсоўныя згрызоты – трэба было ізноў брацца за справу! Я борздзенька падхапіўся на ногі, уклаў у похвы дзяржальна разбітага рыцарскага мяча – на ўсялякі выпадак – і сказаў:
– Што ж, князёўна, найперш пакажы мне, дзе месціцца той патаемны выхад з замка, што ты распавядала раней.
XIV
Пакуль дзяўчына вяла мяне праз усю пячору да грота ў дальняй сцяне, я прыняўся яе распытваць пра тое, што цікавіла мяне цяпер найболей:
– Значыць, ты ўсё ведаеш пра Маладзіковы Прамень? Дык, можа, ты знаеш i дзе яго шукаць?
– Канечне! – упэўнена адказала князёўна. – У скарбніцы – я яго там не раз бачыла.
– I што – даруй мне маю недаверлівасць! – ты адразу распазнала Меч з легендаў?
– Так! Бо я калісьці не аднойчы трымала ў руках гэтую зброю. Мой бацька – князь Ваіслаў; ён быў братам захавальніка мяча князя Велеміра, – а я не адзін месяц прабавіла ў замку дзядзькі. Там мяне і паланіў Гатард, калі я апошні раз гасцявала... – дадала яна пасумнелым голасам. – Але, у кожным разе, ты можаш быць пэўны, што ведаю Меч i ягоную гісторыю не горай за якога-небудзь кудзебніка, хоць для іншых людзей гэтыя рэчы і заставаліся таямніцай. Не ведаю, праўда, ці не здагадваецца i Гатард пра чароўныя ўласцівасці Промня – бо надта ж асцярожна з ім абыходзіўся. Але, у кожным разе, Чорны Князь захоўвае яго менавіта сярод здабытых скарбаў, а не ў Зале Чараў. Зрэшты, Гатард i не стаў бы яго ўжываць, пакуль мог карыстацца магічнай моцай свайго раней выпрабаванага мяча Рагнара, але цяперака ўсё можа змяніцца. Чараўнікам спатрэбілася б колькі дзясяткаў год, каб выкаваць новую зброю такой жа кудзебнае сілы, а Гатард напэўна не захоча перапыняць сваю пераможную заваёву на гэтак доўгі час.
– Калі ж гэты меч быў зроблены такім моцным чараваннем, дык чаму ж ён тады растапіўся, ледзь даткнуўшыся грыфона?
– Бо сустрэліся дзве магіі тае самае натуры, скіраваныя адна супраць другой. Я ж табе распавядала, што гадорскі грыфон не быў прыродным. Ён не вылупіўся з яйка, адкладзенага жывымі грыфонамі, а быў штучна выведзены пры дапамозе магіі. I быў абаронены сілаю гэтай магіі. Калі яна ўвайшла ў супрацьдзеянне з магіяй мяча, гэтыя дзве кудзебныя стыхіі знішчылі адна адну.
– Чаму ж ты мяне не папярэдзіла, што грыфон мае магічную абарону, калі я ішоў з ім змагацца?
– Гэта ж найпрасцейшыя асновы чаравання! Мне і ў галаву не магло прыйсці, што ты сам гэтага не ведаеш!
«Ну, так! Гэтай выкшталцонай паненцы не прыйшло ў галаву, што просты вой не атрымаў такое асветы, як яна, прадстаўніца княжацкага роду! Хоць, зрэшты, і Мудраслаў мог мне хоць пару слоў сказаць наконт усіх тых кудзебстваў, што чакаюць мяне ў Гадоры!» – падумаў я раззлавана. Але калі ўтаймаваў гнеў, дык мусіў сабе прызнацца, што дагэтуль мне ва ўсім неверагодна шчасціла. Усё ж, так ці інакш, мною апякуюцца духі, дзякуючы падоранаму Мудраславам абярэгу. Кудзебнікі ведаюць усё, што станецца, далёка наперад, і, пэўна, у вешчуна былі падставы нічога не казаць мне загадзя. У гэты момант мы акурат дасягнулі гроту. Дзяўчына, стаўшы на ўваходзе ў яго, сказала:
– Там далей – крыніца. Гэта вада вымыла грот i большую частку таемнага ходу ў скале. Грыфон піў ваду з крыніцы i, пакуль ён быў жывы, Гатард мог не баяцца нечаканых гасцей, нават, каб ягоныя ворагі і знайшлі ўваход у лёх навонкі – бо грыфоны нікога не дапускаюць ані да сваіх вадапояў ані ўвогуле на сваютэрыторыю.
Я хутка ступіў у грот. Там было амаль цёмна – сюды ўжо не дасягала святло паходняў. Брыдучы ледзь не па калена ў вадзе, я навобмацкі знайшоў невялікія дзверы з таўстых, акутых жалезам дошак і засаўку на іх. На дзвярах не было нават замка. Я адсунуў засаўку і разнасцежыў праход – калі прыйдзем ізноў, дык цалкам верагодна, не будзем мець часу на тое, каб яго адчыніць. А калі ворагі трапяць сюды раней за нас, дык вырашаць, што мы ўжо выйшлі з замка i перастануць шукаць нас усярэдзіне. Я выйшаў з гроту і сказаў дзяўчыне:
– Час сыходзіць. Рыканне грыфона перад смерцю, напэўна, чулі нагары, i сюды ўжо, мусіць, спяшае ваявода.
Ваявода напраўду паспяшаў, бо ледзь мы збочылі ў калідор, што вёў да скарбніцы, як ззаду пачуліся крыкі пагоні, якія, зрэшты, неўзабаве замоўклі. Вызірнуўшы з-за рогу, я ўбачыў, як рыцары скупіліся вакол парожняй грыфонавай скуры ці тое ў задуменні, ці тое ў смутку. Я не стаў высвятляць, якія ўсё-ткі эмоцыі імі авалодалі, і пацягнуў Ладзіславу наперад, працягваючы распытваць:
– Ты казала, што грыфон прызнае толькі самога Гатарда ды яшчэ таго мага, што яго гадаваў. Правільна?
– Ну, правільна...
– Значыць, ваяводу і іншых рыцараў ён не знае. Так?
– Так... – яна ўсё яшчэ не разумела, навошта я пытаюся.
– А хто праводзіў варту да скарбніцы? Напэўна ж не ваявода?
– Не ведаю... можа, маг?
– Вось, i мне гэтак жа здаецца. Але ж маг не будзе ўвесь час бавіць з воямі на варце: адвядзе ў належную пару – i сыдзе. Так?
– Мусіць, так.
– Значыць, ваявода да скарбніцы з пагоняй не даходзіў – толькі да грыфонавай пячоры. А гэта, у сваю чаргу, азначае, што вартавыя могуць яшчэ i не ведаць пра нашыя з табою ўцёкі. Таму давай паспрабуем іх падмануць, – i я распавёў ёй сваю задуму.
XV
Дзякуючы майму плану гэтым разам мне нават біцца не давялося.
– Вітайце, рыцары! – звярнулася князёўна да ваяроў пры ўваходзе ў скарбніцу, калі мы нарэшце туды дапялі. – Спадзяюся, вы мяне ведаеце? – тыя згодна пахілілі галовы.
– Дык вось, я толькі што згадзілася нарэшце выйсці замуж за вашага князя, і ён мне дазволіў выбраць штосьці са скарбаў дзеля абсталюнку нашых шлюбных пакояў. Гэты рыцар, што пасланы мяне суправаджаць, дапаможа мне ўсё занесці на месца.
Ваяры слухалі Ладзіславу з ўвагаю i не рабілі ніякай спробы нас затрымаць, – відавочна, вестка пра апошнія падзеі ўсё ж сюды яшчэ не даляцела. Але тым не менш пераканаць вартавых было не так i лёгка.
– Мы не можам пусціць шаноўную князёўну. Сюды маюць права заходзіць толькі сам князь i ягоны скарбнік. Ніхто іншы без іхняга асабістага распараджэння сюды не ўвойдзе – нават пан ваявода.
– Хіба вы сумняваецеся ў словах сваёй будучай валадаркі? Ці не баіцеся майго гневу за непаслушэнства? – падчас побыту ў замку князёўна добра навучылася, на якіх слабасцях Гатардавых падданыхяна можа згуляць.
Вартавыя ўсё яшчэ вагаліся.
– Між іншым, князь Гатард наўмысна паслаў са мною гэтага рыцара, каб ні ў кога не паўставала сумневаў. Вой, пакажы ім князеў сыгнет.
Я зняў баявую рукаўку і выставіў палец з сыгнетам. Няпэўнасць становішча вартавых была зразумелая: страшна аслухацца валадара, але з будучай валадаркай замка спрачацца таксама небяспечна. Усё ж урэшце, пасля пэўнага вагання яны згадзіліся нас прапусціць.
Цяпер Меч я распазнаў адразу – ён быў сапраўды такі, якім я яго некалі і ўяўляў: светлы, даўгі і даволі вузкі, з штукарна вырабленым са срэбра і ўпрыгожаным дыяментамі дзяржальнам. Зброя месцілася на адмысловай разьбянай падстаўцы пасярэдзіне вялікай залы, у якую мы ўвайшлі. Вакол сцен залы былі расстаўленыя куфры, вазы ды розныя начынні з каштоўнасцямі, срэбнымі і залатымі манетамі розных народаў, дарагімі футрамі і іншымі рэчамі, што ва ўсіх народаў азначаюцца адным словам – багацце. 3 залы, праз шматлікія разнасцежаныя дзверы, было відаць іншыя пакоі, гэтакжа набітыя каштоўнасцямі.
Ладзіслава падышла да падстаўкі з Мячом і, пяшчотна пагладзіўшы зброю па клінзе, мовіла:
– Вось ён, Маладзіковы Прамень... Бяры Меч, ваяр, – ты здабыў яго!
Хоць, можа, тое было і непашанотнае абыходжанне – хай даруюць мне вялікія багі! – але я загарнуў Прамень разам з похвамі ў невялічкі перскі дыванок. Трэба было пастарацца, каб вартавыя не ўбачылі ды не зацікавіліся, нашто князёўне спатрэбілася зброя. Ідэя зрабіць пакунак такога роду прыйшла да мяне, калі я згадаў, як рыцары неслі магічны меч Гатарда ў злататканай камцы. Што праўда, яны тым аказвалі зброі пашану, у той час, як я хаваў яе, – найгоршая пагарда, якую можна ўчыніць мячу. Але я ведаў, што раблю слушна. Набралі мы з сабою i розных залатых ваз, кандэлябраў ды пакаёвых упрыгожванняў – каб адвесці магчымае падазрэнне. Апрача таго павесіў я Ладзіславе на шыю каралі, на рукі даў надзець залатыя бранзалеты, а на пальцы – пярсцёнкі з каштоўнымі камянямі. Бо дзіўна, калі дзяўчына выходзіць са скарбніцы, не выбраўшы сабе кляйнотаў. Так заладаваўшыся, мы рушылі ў зваротную дарогу.
Нашае знаходжанне сярод скарбаў не трывала вельмі доўга, і, падобна, гэта ўсё ж крыху здзівіла варту, калі судзіць па іхніх уражаных паглядах. Пытацца, аднак, яны не сталі. Князёўна развіталася з імі і падаравала кожнаму па залатым, чым адразу заваявала іхнюю прыхільнасць і нават дамаглася яшчэ большае паслужлівасці ў голасе ды жэстах. Пасля гэтага мы павольна і шляхотна рушылі назад да грыфонавае пячоры, каб, схаваўшыся за першым жа рогам калідора, скінуць усё багацце у кучу і, захапіўшы толькі Маладзіковы Прамень, памкнуць далей ужо ледзь не бегма. Некалькі кароткіх хвіль мы былі на месцы, дзе калідор ўліваўся ў грыфонаву пячору. Асцярожна вызірнуўшы з-за рога, можна было лёгка пабачыць усё, што ў пячоры дзеелася. Уся зала была поўная кнехтаў і рыцараў, што трымалі запаленыя паходні. Пасярэдзіне, побач з пакурчанай скурай бестыі, сядзеў Гатард і трымаў далонь на чэрапе грыфона, як, бывае, трымаюць на галаве памёрлага любімага сабакі. Я не лічыў яго здатным на чалавечыя пачуцці, але мне здалося, што ў кутку ягонага вока бліснула сляза. Зрэшты, ён тутжа падняўся ўва ўвесь рост і зароў:
– Яны забілі майго Вальдорга! Але яны мне за гэта заплацяць! Як заплаціш і ты, – кінуў ён ваяводу, – што своечасова не злавіў іх. Але з табой потым – калі яны будуць у маіх руках! А цяпер шукай іх – ты яшчэ маеш шанец крыху палегчыць сваю долю!
Ваявода, які, нягледзячы на сваю велічную постаць, выглядаў, як пабіты сабака, кінуўся раздаваць загады, паказваючы рукою, каму куды накіравацца. Першы дзясятак ён паслаў праверыць таемны лёх, што вёў навонкі, астатніх – у іншыя калідоры, а ў тым ліку і наш. Я ўжо пачаў выцягваць Прамень з похваў, як з гроту даляцеў зык:
– Уваход у лёх расчынены! Яны прайшлі сюдою!
Усе пераследнікі рынулі ў грот. Небяспека быць знойдзенымі зноў нас абмінула на каліва – духі нам па-ранейшаму спрыялі! Аднак цяпер мы былі замкнёныя ў пастцы: лёхам не прайсці, a i пры браме, пэўна, засталося шмат рыцараў. Нават выйсці з калідора мы не маглі, бо ў пячоры ўсё яшчэ заставаўся Гатард з тузінам прыбочных ахоўнікаў. Дый ход да скарбніцы быў просты, без бакавых адводаў – нікуды больш не пойдзеш. Заставалася толькі чакаць.
Праз нейкі час вярнуўся прыгнечаны ваявода з часткаю рыцараў:
– Паблізу ад выхаду іх няма. Але я знайшоў кальчугу ды ўзбраенне – ён там праходзіў. Я пакінуў людзей, каб шукалі іх, а калі Князь дазволіць, дык з астатнімі сяду на коней і даганю ix у стэпе! Дазволь мне, о вялікі Князь!
Гадар толькі сыкнуў на яго:
– Дык чаму ж ты яшчэ тут! – і пакінуў пячору.
Ваявода з рыцарамі рынулі за ім, баючыся адстаць, але i не смеючы абагнаць. Вялікая зала нарэшце апусцела. Мы выйшлі з хованкі.
– Якія ты маеш намеры? – запыталася князёўна.
Я, аднак, ніякіх адмысловых задум не меў. Ужо, мусіць, набліжалася раніца. Бяссонне апошніх начэй, а да таго ж падзеі гэтай, што яшчэ доўжылася: ператварэнні, уцёкі, бойкі... – усё тое высмактала мяне ўшчэнт. Галава цалкам адмаўлялася нешта думаць, таму ляпнуў першае, што ў яе прыйшло:
– Хадзем лёхам!
Князёўна здзівілася:
– Але ж там ваяры Гатарда!
– Што-небудзь прыдумаем, – змрочна адказаў я, каб хоць неяк апраўдаць свае словы, – але зусім не ўяўляў сабе, што ж яшчэ можна прыдумаць.
Я паволі пакрочыў да гроту; дзяўчына слухмяна рушыла ўслед за мною, а да мяне з кожным крокам вярталіся сілы – небяспека добра бадзёрыць. Калі я ступіў у цемру гроту, дык ужо быў цалкам гатовы дзейнічаць.
Ні ў гроце, ні ў бліжэйшай частцы лёху нікога не было. Я пастаяў, прыслухоўваючыся, а потым запаліў свячу, некалі запасліва пакладзеную ў кайстру. Свечка – не паходня: ейнае святло далёка не рассейваецца; дый пагасіць яе можна хутка. Прыкрыўшы далонню кволы агеньчык, я пасунуў наперад па таемным ходзе.
Мы ішлі даволі доўга, ажно я адчуў, што подзьмухі ветру ў калідоры ўзмацніліся, – верная прыкмета, што выхад блізка. Я згасіў свячу, і наша хада зрабілася яшчэ больш павольнай ды асцярожнай. Колькі крокаў, заварот за рог – і вось вусны ўжо прагна ловяць свежае паветра пасля цвіллёвай задухі падзямелляў. Толькі атрымаўшы нешта зноў, адчуваеш, чаго ты быў пазбаўлены.
Па прыступках, што былі выбітыя ў камені, аглядаючыся, я выбраўся на паверхню. Далей у стэпе наўкола былі бачныя шматлікія агні паходняў, што на адлегласці здаваліся светлякамі. Пры самім выхадзе з лёху варты, на шчасце, не было – ваявода ў сваім прагненні пагоні, відаць, страціў усялякую пільнасць. Тым горай для яго. Я дапамог выбрацца Ладзіславе, ды раптам пачуў, як нехта ціхутка аклікнуў мяне з цемры па імені. Запаліўся слабы блакітны агеньчык – і я ўбачыў Мудраслава: у сваіх палатняных шатах ды з нязменным посахам у руках ён выйшаў з-за вялізнага глыжака. Гэта быў той самы камень – хоць і перакулены набок, – за якім я хаваўся тры дні, так i не ўцяміўшы, што таемны ўваход у замак Гатарда крыецца менавіта пад ім!
– Забірай нас адсюль! – стомлена папрасіў я чараўніка.
Ён толькі лагодна пасміхнуўся і кіўнуў галавой. Потым абвёў вакол мяне з Ладзіславай запаленым жмутком зёлак з даўкім пахам – i прастора навокал раптам зноў зрабілася бы затканая бялёсай смугой, нас падхапіла нейкая віхура і памчала ўдалеч. Дамоў...
* * *
На зыходзе наступнае ночы злучаныя войскі незваяваных яшчэ князёў нашага краю пад вярхоўніцтвам князя Ваіслава вышыхтаваліся на раўніне, каб выступіць насустрач чорным рыцарам Гатарда. Мудраславава закляцце разагнала з неба хмары, i я вынес пад зыркае ззянне маладзіка магічны Прамень-меч. Калі водбліск месячнага сяйва ўпаў на кляйнот узнесенага ўгару дзяржальна, клінга раптам заіскрылася-зазіхацела халодным полымем, а я зразумеў, што справа завершаная, – ніякая магічная моц цяпер не зможа супыніць нашую адваёву. Народ ды край будуць вызваленыя і застануцца свабоднымі – цяпер і назаўсёды!
Я ўзнёс зіхоткі меч над галовою і павярнуўся да шыхтоў. Бадзёрым, вясёлым і ваяўнічым рыкам войскі прывіталі цуд, што стаўся – і рушылі ў наступ...
1991, 2003.