Текст книги "Меч Маладзіковага Промня (СИ)"
Автор книги: Лаўрэн Юрага
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 3 страниц)
Новаздабытыя даспехі пасавалі мне ў самы раз, і я, трэба прызнаць, быў ад іх у захапленні. Лёгкія, але трывушчыя (як паказваў досвед колішняй бітвы), яны не перашкаджалі рухам і сядзелі, як ўлітыя, прычым амаль не бразгацелі пры хадзе. А адзнака княскае гвардыі на плашчы магла мне дапамагчы выбрацца з замка.
Перахаваўшы целы мёртвых ворагаў па-за мэбляй ды куртынамі ў розных пакоях, я пачаў шукаць выйсця навонкі. Тут было некалькі магчымасцяў. Найпрасцейшы, але, разам з тым, найрызыкоўнейшы крок – убегчы ў пасадную залу, удаючы пасланага па Меч рыцара, і падняць гвалт, што ў замак пранік чужынец. Ахова скіруецца ў Залу Чараў, а я скарыстаю бязладдзем і, выбраўшы момант, прабяруся да брамы. Аднак, па-першае, мяне можа выдаць мой чужаземны акцэнт; па-другое, няма пэўнасці, ці не загадае Гатард у такім разе перадаць Маладзіковы Прамень пад узмоцненую ахову, з якой я ў часе патрэбы не змагу даць сабе рады. Другі шлях, І, здаецца, самы бяспечны, – пашукаць выйсце ў процілеглым напрамку: сярод бочных адводаў ці праз перасячэнні з іншымі галерэямі. Але існуе небяспека нікуды не трапіць і змарнаваць перавагу нечаканасці, якую я пакуль маю, у дарэмных блуканнях па нязнаных калідорах ды пераходах. I, урэшце, трэцяя магчымасць: цалкам верагодна, што ад Залы Чараў да брамы вядзе яшчэ якінебудзь праход. Але калі яго няма, я магу апынуцца замкнёным у пастцы.
Памылка была б аплачаная цаною, вышэйшай за маё жыццё, i таму я усё ж вырашыў ахвяраваць трохі часу, каб праверыць, што адбываецца ў галоўнай зале. Я падняў з падлогі і павесіў за спіну Маладзіковы Прамень, ухапіў рыцараву двухлёзавую сякеру і скіраваўся да ўжо знаёмых мне дзвярэй у канцы калідора. Ды толькі пацягнуў за мосяжную дзвярную ручку, разьбяную, у выглядзе ашчэранай ваўчынай пашчы, ды прыпаў вокам да шчыліны паміж створкамі, як раптам – быццам зніадкуль – зляцела на мяне зграйка кажаноў. Збіўшыся вакол маёй галавы ў суцэльнае чорна-брунатнае воблака, яны брыдка вішчалі, білі крыламі па шаломе, намагаліся пралезці пад прылбіцу. Пераканаўшыся, што мяне не выдрапаць з-пад металу даспехаў, малыя драпежнікі звіліся ў чародку і прасачыліся праз прыадчыненыя дзверы ў залу. Адтуль да маіх вушэй даляцеў вокліч мага Даронта:
– Зірні, княжа! Мае кажаны знайшлі чужынца!
VIII
Не трэба казаць, што я рынуў як найхутчэй назад па калідоры – балазе, чорныя даспехі не надта перашкаджалі ў бегу. Ледзь паспеў я завярнуць за рог, кінуўшы апошні пагляд на ўваход у залу, як з таго боку данёсся грукат разнасцежваных дзвярэй – i а ад каменных сцен адбіўся тупат шматлікіх ног ды звяганне металу.
Такім чынам, пытанне вырашылася само сабой: калі б я захацеў удаваць з сябе чорнага рыцара, дык кажаны мяне выдалі б, а ўцякаць, блукаючы, ад пагоні па галерэях, якія ворагі ведаюць непараўнальна лепей за мяне, азначала тое ж, што самому здацца ім у рукі. Цяпер заставаўся толькі адзін шлях – праз таемны ход да скарбніцы: Гатард наўрад здагадаецца, што я ведаю сакрэт рухомай сцяны, таму ў гэтым лёху мяне будуць шукаць у апошнюю чаргу. Я падумаў, што, быць можа, гэта багі пры дапамозе Даронтавых кажаноў накіравалі мяне слушнай дарогай, каб я не ўчыніў пагібельнага кроку.
Але вось калідор скончыўся, i я зноў стаў перад таямнічай сцяною. Тройчы стукнуў дзяржальнам сякеры ў круглы камень і, не беручы са сцяны паходні, – каб не дазволіць пераследнікам выявіць сябе, – асцярожна ступіў у цёмны лёх. Водбліскі святла з калідора яшчэ далі мне магчымасць заўважыць нядоўгі праход, які заканчваўся невялічкай акруглай пляцоўкай, а за ёю – стромыя сходы, што, звіваючыся вітуніцай, вялі ўніз. Ды неўзабаве сцяна вярнулася на сваё колішняе месца, і я апынуўся ў поўнай цямрэчы. Я ўставіў сякеру ў навязь на рамяні і, абапіраючыся рукамі аб вогкую цэглу вымуроўкі ды намацваючы нагой кожную новую прыступку, пачаў спуск. Сыходзіць было не надта зручна, бо ў мяне на пасе з аднаго боку вісеў меч, а з другога – сякера, i яны страшэнна заміналі, блытаючыся ў нагах ды чапляючыся за прыступкі; дзяржальна Маладзіковага Промня за спінаю – як я не нахіляўся – драпала нізкія замшэлыя скляпенні. Прытрымліваць зброю рукамі я не мог, бо кожная бэлька пад маёй нагою магла хаваць пастку для выпадковага прыхадня, i належала быць асцярожным ды мець рукі вольнымі. Пільнасць мяне і выратавала, калі, ступіўшы на чарговую прыступку, я знянацку адчуў пустэчу пад нагамі. Я не зрынуўся ў разворую бездань толькі таму, што паспеў моцна ўперціся рукамі ў сцены. Доўгі палёт каменьчыка, каторы саскочыў уніз з-пад маёй нагі, закончыўся звонкім стукам аб граніт – калі б я сарваўся, ад смяротнага ўдару аб дно развору мяне б ужо не ўратавалі ніякія даспехі.
Урэшце я дапяў да нізу сходаў. Тут было гэтак жа цёмна, і я паспрабаваў навобмацкі высвятліць, дзе знаходжуся: прытрымліваючыся рукой за сцяну, я пайшоў улева. За колькі хвілінаў я абышоў наўкола ўсё памяшканне і зноў вярнуўся да сходаў. Гэта, падобна, была не надта вялікая зала або пляцоўка, ад якой у тры бакі разыходзіліся калідоры. Я скіраваўся ў левы, папярэдне абмацаўшы сцяну напачатку лёху. Як я і спадзяваўся, там у гняздзе была падрыхтавана няпаленая паходня. У капшуку на маім пасе знайшлося крэсіва – і прасмоленае пакулле хутка занялося. Высока ўзняўшы паходню, я паволі рушыў наперад.
Праз колькі дзясяткаў крокаў калідор разрастаўся у анфіладу пакояў. Тут, відаць, даўно ніхто не бываў: на раскошнай мэблі, вазах і статуэтках ляжаў тоўсты слой пылу, а цяжкія тканыя шпалеры месцамі паправісалі і агалілі чорны граніт сцен. Трэба думаць, я ўжо знаходзіўся ў ніжняй частцы замка, якая была не надбудаваная, а высечаная ў скале. Я паспрабаваў знайсці хоць нейкую адтуліну, праз якую можна было б, звіўшы вяроўку, вылезці навонкі і паспрабаваць спусціцца са скалы на раўніну. Але ж не – тут не было ні вокнаў, ні нават бойніц: асвятляцца пакоі мусілі толькі за кошт свечаў, жырандолі ды кандэлябры для якіх знаходзіліся паўсюль. Усе дзверы тут былі цяжкія, з вонкавымі запорамі, – падобна, гэтыя пакоі меркаваліся як апартаменты для знатных палоннікаў: наўрад ці адсюль можна было збегчы. Я прайшоў да канца анфілады, ажно ўрэшце трапіў у вялізную пустую залу, таксама без вокнаў. Не было ніякіх слядоў іншага выйсця. Ну, цяпер я, прынамсі, ведаю, што, уцякаючы, сюды бегчы не варта. На ўсялякі выпадак я сунуў за пас колькі свечак і памкнуў назад да выхаду.
Другі калідор адкрываў праход да яшчэ адных вітых сходаў, што вялі ўніз. Агледзіны чарговага паверха маглі заняць шмат часу, і я вырашыў перш, чым спускацца туды, даследаваць апошні, трэці, калідор.
3 напругаю прыадчыніўшы цяжкія мосяжныя дзверы, я праслізнуў за іх. Полымя паходні, разрываючы цемру, асвятліла пакой, як дзве кроплі вады падобны да таго, з якога я нядаўна выйшаў. Я падумаў, што з яго мусіць распачынацца такая ж самая анфілада, размешчаная сіметрычна да раней агледжанай. Тым не менш праверыць варта. Ды ў гэты момант са сходаў данесліся цяжкія крокі і гоман – нехта спускаўся з боку галоўнае залы. Я, налёгшы целам на дзверы, хуценька прычыніў іх і агледзеўся. У другім канцы пакоя, як і належала, былі яшчэ адныя дзверы – і я, стараючыся не шумець, подбегам кінуўся да іх. Ад стрэчнага паветра паходня ў маёй руцэ засквірчэла і ўспыхнула ярчэй. Трэба прыдумаць, як ад яе пазбавіцца, бо мяне можа выдаць святло альбо, калі паходню затушыць, пах і дым. Разнасцежыўшы дзверы, я прабег па нядоўгім калідоры і ўскочыў у сярэдзіну наступнага пакоя анфілады. Я адразу заўважыў шэры прастакутнік акна на сцяне і памкнуў да яго. Ды ледзь толькі зрабіў пару крокаў, як у далёкім куце мільгануў белы цень, і цішу разарваў спалоханы жаночы крык.
Акно было закратаванае скразным, але ад гэтага не менш трывалым, сталёвым крунджам. Я сунуў паходню ў празор між штукоўна выкутымі прутамі і штурхануў як надалей – яна агністым птахам зляцела ўніз. Краты не давалі магчымасці выхіліцца з акна, каб прасачыць ейны палёт да канца; але і так у прарванай полымем цемрадзі было відаць, якая глыбокая прорва адкрываецца за парапетам. Нават калі б мне і ўдалося выламаць хутка пруты, дык спатрэбілася б надзвычайнай даўжыні вяроўка, каб дапяць да зямлі без шкоды... А з-за дзвярэй ужо даносіўся тупат пагоні, што бегма бегла на пачуты крык. Я агаліў меч і, не звяртаючы ўвагі на сведку ў далёкім куце, адступіў за штору пры акне – калі пераследнікі будуць яе распытваць, іх увага будзе адцягнутая і ў мяне з'явіцца перавага нечаканага нападу.
Ледзь не ў тую ж хвіліну пакой напоўніўся шумам і святлом паходняў, што прасочвалася нават праз шыты золатам ядваб заслоны. Суворы голас прамовіў:
– Прашу дараваць мне, высакародная князёўна, за гвалтоўнае ўварванне, але нам пачулася, што вы крычалі. Мы шукаем чужынца, што пры дапамозе нейкага кудзебства пранік у замак. Ці не ён гэтак Вас напужаў?
Я быў гатовы ўжо выскачыць са свае хованкі і заатакаваць сваіх пераследнікаў, як раптам, мне на подзіў, далікатны дзявочы галасок запярэчыў:
– Не, ваявода, ты памыліўся – мне проста прысніўся ваш князь, а гэта найжахлівейшы з усіх кашмараў! Вось я i закрычала. А цяпер ідзіце – я хачу спаць.
– Але ж вораг мог прабегчы паўз Ваш ложак, І, быць можа, таму Вам прыснілася нешта страшнае. Можа, Вы ў сне адчулі, што Вам пагражае небяспека...
Я асцярожна прыадхіліў вастрыём мяча заслону на ўзроўні вачэй, а сам адхінуўся назад, схаваўшыся глыбей у цень, – каб бачыць, што адбываецца, без небяспекі быць заўважаным самому. Пакой цяпер быў заліты святлом шматлікіх паходняў. Ваявода, што стаяў пасярэдзіне, звяртаўся да вельмі прыгляднай, захутанай у ядвабную палярынку дзяўчыны, якая, відаць, толькі паднялася з ложку, што стаяў пад чырвоным у залатыя зоры балдахінам на высокіх вітых слупах. Яна нібы свяцілася нейкай дзіўнай мяккай прыгажосцю, і я падумаў, што, праўда, дзяўчына вартая звацца князёўнай. Пры дзвярах і ў пакоі за спінай ваяводы стаялі кнехты ды рыцары, агаліўшы мячы. Апошнія ўжо былі ўбраныя па-баявому – са шчытамі ды ў шаломах, хоць і з прыўзнятымі – дзеля палягчэння дыхання пры бегу – прылбіцамі. На хіжыхтварах адбівалася зацятасць выжлаў, што ідуць па следзе
– Ты мне не верыш? – з выклікам запытала князёўна ваяводу. – Дык глядзі ж, дзе ён?! – і дзяўчына адсунула бялізну з ложку, паказваючы, што пад ім нікога няма. – А, можа, тут?! – яна, пад жаночы віскат з-за сцяны, разнасцежыла дзверы непадалёк ад ложку. – Тут спяць навязаныя мне тваім князем фрэйліны – спытай у іх! Раптам гэта яны яго схавалі?! Я паўтараю: ідзіце прэч! Бо іначай я заўтра распавяду пра гэткія паводзіны вашаму валадару, і, мяркую, ён вельмі раз'ятрыцца, пачуўшы, што прычынай маёй адмовы будуць нягжэчныя паводзіны ягоных слугаў.
Ваявода выглядаў вельмі незадаволеным, але, відаць па ўсім, мусіў падпарадкавацца. Хмура гледзячы, ён махнуў рукой воям, і тыя павыходзілі з пакою. Ваявода ж, прычыняючы за сабою ўваходныя дзверы, сказаў з ледзь заўважнай пагрозай у голасе:
– Няхай князёўна сабе спіць спакойна – я пакіну варту пры дзвярах апартаментаў Вашае Светласці.
Рэзкія каманды, што пачуліся з вітальні, пацвердзілі, што ён не кідае слоў на вецер. Князёўна падышла да ўваходных дзвярэй і замкнула іх на засаўку; потым тое ж зрабіла з дзвярыма ў пакой фрэйлін – і без сіл павалілася на ложак. Яна хвілю ляжала пераводзячы дых, а я, тым часам, стаяў за шторай, разважаючы, ці то дзяўчына сказала ваяводу праўду і насамрэч проста палічыла, што сасніла жудасць; ці то яна свядома ратавала мяне – хоць было зусім неспадзяваным знайсці сабе саюзніка ў такім змяіным кубле, як Гадор. Аднак, усе мае сумневы адразу зніклі, калі князёўна зноў паднялася, запаліла лампадку і, павярнуўшыся тварам у мой бок, прыцішана загаварыла:
– Гэй, шаноўны чужаніца! Хто б вы ні былі, выходзьце – яны ўжо не вернуцца! ... Прынамсі, пакуль.Яна стаяла пасярод пакою каля мініятурнага залочанага століка. Валасы мяккімі хвалямі ападалі на ейныя пакрытыя белай палярынкай плечы, а кволы агеньчык начное лампадкі асвятляў вабную, гнуткую постаць таямнічым мігатлівым святлом. Я не аматар розных там рамантычных сантымэнтаў, але выгляд дзяўчыны абудзіў ува мне шчырае захапленне. Ды я адразу схамянуўся і, апусціўшыся на адно калена, падзякаваў незнаёмцы.
Яна назнарок манерна прысела ў рэвэрансе (мусіць, кпіла з маіх не дужа зграбных у жалезе рухаў), але тут жа сама не вытрымала i засмяялася. Калі б на гаёвых дрэўцах замест сапраўднага лісця расло срэбнае, яно пад лёгкім павевам ветру шалёстала б гэтаксама звонка..
– Не турбуйся пра падзяку, вой! Я заўсёды радая дапамагчы непрыяцелю Гатарда, і паколькі ты ўцякаў ад княскіх рыцараў, я проста павінна была цябе схаваць.
– Так... —
– ЦІ азначае тое, што князёўна тут – паланянка? – Апошняе было відавочна ўжо хаця б таму, што яе пасялілі ў гэтай частцы замка, а не наверсе – але я хацеў упэўніцца. крыху памарудзіўшы, адказала дзяўчына; яна відавочна не была схільная абмяркоўваць гэтае пытанне.
– Няцяжка здагадацца, як князёўна сюды трапіла... Але, можа, распавядзеце?
– О, гэта дужа доўгая гісторыя... – голас дзяўчыны напоўніўся смуткам, i яна рэзка змяніла тэму: – Як ты намерваешся выйсці адсюль, вой?
О, вялікія богі! Я так замілаваўся гэтаю сустрэчай, што нібыта чары апанавалі мой розум – я зусім забыўся на тое, што мушу як найхутчэй выбрацца з замка! Я зноў падышоў да акна і зірнуў на краты – выламаць іх, маючы сякеру, канечне, няцяжка. Але як спусціцца са скалы? – схіл вельмі стромы, а да зямлі далёка. Гатард, мусіць, таму і вырашыў прасекчы тут акно: не маючы крылаў, усё роўна праз яго не збяжыш.
Я павярнуўся да дзяўчыны:
– Можа, князёўна мне падкажа выйсце?
Яна са скрухай пахітала галавой:
– Каб я магла – я б ужо даўно адсюль уцякла!
Што ж, тады мне прыйдзецца прабівацца скрозь ахову... Князёўна, відаць, прачытала гэтую думку на маім твары, і ў ейных вачах раптам заіскрылася надзея. Яна схапіла мяне за руку:
– Вазьмі мяне з сабою, вой!
– Але пра тое не можа быць і гаворкі! – Досыць рэзка адказаў я. – Як князёўна гэта сабе бачыць? Я ж вымушаны буду змагацца, а вы самлееце ад аднаго выгляду крыві...
– О не! – хутка запярэчыла яна. – Я ж неаднойчы хадзіла з братамі паляваць у пушчу, а бацька ладзіў турніры ў мой гонар – так што кроў я бачыла.
I не паспеў я адказаць, што турнір і сапраўдная бітва – розныя рэчы, і што я хачу прабрацца незаўважна, а ўдвох гэта, бадай, немагчыма, – як яна дадала пераканаўчы аргумент:
– Без мяне ты заблукаеш у гэтым аграмадным замку, вой! Згубішся ў лабірынце шматлікіх калідораў ды галерэй, і ніхто не згодзіцца паказаць табе дарогу навонкі – апрача мяне! А я мела шмат мажлівасці, каб вывучыць Гадор падчас баляў ды штодзённых шпацыраў па замку. Падумай: я тут адзіная, хто згодзіцца табе дапамагчы, хто правядзе цябе да брамы. Дык вазьмі ж мяне з сабой – бо я тут больш не вытрываю!
Як усе жанчыны, яна была шматслоўнай i ад хвалявання паўтаралася, але на гэтыя ейныя словы не было чаго запярэчыць – я сапраўды меў патрэбу ў праводніку, які б паказваў мне дарогу. I пасля нядоўгага намыслу я згодна кіўнуў галавой:
– Ну, што ж, князёўна, хадземце...– I яшчэ адно, вой, – прамовіла яна. – Не называй мяне князёўнай, як яны... Я Ладзіслава... ці проста Лада. А цяпер мне трэба прыбрацца, – i яна, падышоўшы да ложку, апусціла заслоны балдахіну.
Я вярнуўся да акна і зірнуў на неба. Яно было ўжо скрозь зацягнутае хмарамі – добрая ноч для ўцёкаў. О, каб мог я зноў прасіць духаў пра ператварэнне! Мы б з князёўнаю абярнуліся птушкамі, узляцелі б у гэтае цёмнае неба і памкнулі б дадому – туды, дзе шумяць разлеглыя дубровы, дзе такая празрыстая вада ў крыніцах ды такое чыстае паветра ў палях i лясах. Але ж не... Дый, ператварыўшыся ў малую істоту, я не змог бы ўнесці з сабою важкі Меч. Трэба было шукаць іншыя шляхі...
X
Лада знянацку закрычала, i вартавыя – два кнехты, а за імі рыцар – уварваліся ў пакой: папярэдне адсунутая ёю засаўка дазволіла дзвярам вольна разнасцежыцца. Ды я ўжо чакаў іх, узняўшы сякеру для ўдару. Кальчужная плеценка не паставіла найменшага супраціву загартаванаму лязу сякеры – галава першага кнехта зляцела з плячэй, І, падскокваючы, бы гліняная куля для гульні ў кіданкі, пакацілася пад ложак. Зваротны рух сякеры ўвагнаў абаротнае лязо ў грудзі другога кнехта, і яно завязла ў прасечаным панцыры ды перасечаных касцях. Рыцар адкінуў шчыт і рынуў на мяне з узнятым двухручным мячом. Я не стаў марнаваць час на вырывание сякеры з цела кнехта – выпусціўшы ейнае дзяржальна, я скочыў на супара. Сплёўшы пальцы на абсадцы мяча, мы нейкі час, тварам да твару, змагаліся за зброю. Паспяшаючы на крык, рыцар не паспеў апусціць прылбіцу, і я бачыў сціснутыя ў высілку зубы ды буйныя кроплі поту на ягоным твары; у нос мне шугаў ягоны смуродны пах. Змусіўшы супара напружыцца ў супрацьстаянні, я знянацку штурхануў яго назад. Ён машынальна ўклаў усе сілы ў рух супраціўлення і неабароненаю сківіцай наляцеў проста на мой, дакладна нацэлены ды ўцяжараны жалезнай рукаўкай, кулак. Ягоная вага i прыкладзены высілак узмацнілі мой удар удвая. Меч мне ўжо не спатрэбіўся.
Я, не без цяжкасці, вырваў сякеру з цела засечанага кнехта і кіўнуў князёўне, якая хоць i стаяла збялелая, але – было відаць – не страціла валодання над сабой. Мы ціха прайшлі праз разнасцежаныя дзверы, пасля мінулі калідор – ажно апынуліся перад цяжкімі дзвярыма, праз якія я раней трапіў у анфіладу. Я даў знак дзяўчыне стаіцца, а сам прыпаў вухам да счыну дзвярніцаў і нейкі час прыслухоўваўся. Не было чуваць ані шолаху – толькі рэдкі поскварк_паходняў. Я кіўнуў князёўне, і яна, злёгку пагрукаўшы ў дзверы, жаласна папрасілася:
– Вартавы, адвядзі мяне да князя Гатарда!
Потым яшчэ раз:
– Вартавы! Ён узнагародзіць цябе, калі ты правядзеш мяне да яго!
Ані згуку у адказ. Гэта пераканала мяне, што са знадворнага боку варта не выстаўленая, i я асцярожна расчыніў цяжкія дзверы. Ды ваявода быў занадта дасведчаны, каб не перасцерагчыся i не падрыхтаваць засаду. Ледзьве я, трымаючы напагатове сякеру, зрабіў крок у прахон, як мяне з абодвух бакоў заатакавалі ваяры з адзнакамі прыбочнае гвардыі Гатарда – выбранецкае сярод гадорскага рыцарства. Толькі выпрацаваныя з гадамі рэфлексы дазволілі мне ўнікнуць удару мячом і адхінуцца назад за дзверы. Прахон быў занадта вузкі, каб наступаць удвох, i таму адзін працягваў атакаваць, другі ж за яго спінай паднёс да вуснаў баявы горн, каб паклікаць падмогу. Я, уклаўшы ўсе сілы ў кідок, шпурнуў у яго абедзвюма рукамі сваю важкую баявую сякеру – панад плячом пярэдняга. Яна была зацяжкая для кідання, ды ўсё ж мая спроба ўдалася – рыцар зваліўся, так і не паспеўшы выдзьмуць ані зыку, а лязо сякеры моцна засела ў раскроеным шаломе. Але я застаўся без зброі ў руках. Пазасталы вораг застыў на хвілю, калі смяротная сталь пранеслася ў паветры ля ягонае галовы, але тут жа рынуў на мяне з падвоеным спрытам, не даючы часу агаліць меч. Я адступаў, ухіляўся ды шпурляў у яго рэчамі, што трапляліся пад руку. I як толькі мой супар раптам спатыкнуўся аб перакулены столік ды на момант прыпаў на калена, я скарыстаўся замінкай і выцягнуў-такі свой меч з похваў. Цяперака справа пайшла весялей, бо адступаў ужо рыцар. Ягоны двухручнік быў даўжэйшы i, бадай, больш небяспечны – але толькі на большай адлегласці. Я, ведаючы гэта, імкнуўся навязаць яму бліжні бой; а ён, наадварот, стараўся адысці. Пабачыўшы, што з гэтага нічога не атрымліваецца, ён скочыў назад і, замахнуўшыся збоку, паспрабаваў перасекчы мяне напалам. Бязглузды намер! Зрабіўшы два хуткія крокі назад, я прапусціў вастрыё клінгі літаральна на волас перад сабой, і, калі цяжкі двухручнік пацягнуў рыцара налева, ударыў з выпадам у неабаронены бок – туды, дзе пласціны панцыра мацуюцца адна да адной раменьчыкамі. Рыцар захрыпеў, па лязе хутка пабег струменьчык крыві, а на брані каля раны запухірылася ружаватая сукравіца. Ягоны меч з гулкім бразгатам выпаў з раптоўна аслабелых рук на падлогу; сам рыцар замарудзіў на момант – нібы вагаючыся: што ж усё-ткі зрабіць – ажурэшце, як быццам надумаўшы, зваліўся ніцма. Я выцер свой меч аб ягоныя непрыкрытыя ззаду паножамі нагавіцы і сунуў у похвы; потым падняў з падлогі цяжкі двухручнік і, трымаючы яго перад сабой напагатове, паволі крочыў да прахону. Ззаду за мною паспяшала князёўна.
На выходнай пляцоўцы нікога не было. Яна была зырка асветленая некалькімі паходнямі на сценах, – відаць, Гатард вырашыў не пакідаць у замку цёмных месцаў. Але засаднікі больш нідзе не таіліся – ваявода яўна пераацаніў спрыт сваіх рыцараў. Я азірнуўся на князёўну:
– Што ж, Лада, цяперака твая чарга! Вядзі!
Яна згодна кіўнула і спакойна ды разважліва прамовіла:
– Адсюль мы можам выйсці толькі двума шляхамі – калі не лічыць галоўных сходаў, па якіх цяпер не прайсці. Адзін шлях вядзе праз вартоўню. У гэтым выпадку табе давядзецца змагацца спярша з вартай, што на адпачынку, – гэта чалавек шэсць-восем, але зазвычай кнехты; а потым з тымі, што пры браме, – гэта яшчэ двое-трое. Праўда, у выпадку нападу да іх нярэдка далучаюцца колькі рыцараў. Другі шлях, хоць i больш таемны, аднак не менш небяспечны. Ён праходзіць непадалёк ад скарбніцы. Там толькі двое рыцараў перад самой скарбніцай – яны нас не заўважаць. Але на падыходах у скале выдзеўбана аграмадная пячора, у якой сядзіць грыфон...
– Грыфон? – недаверліва перапытаў я: у нашых краях гэтыя бестыі ніколі не вяліся, i ix можна было пабачыць толькі на гербах заезжых рыцараў. Па шчырасці, я заўсёды быў перакананы, што ўсялякія грыфоны, цмокі ды сыльфіды – гэта толькі мройныя ўявы надумлівых падарожнікаў.
– Так, грыфон, – пацвердзіла, аднак, князёўна. – Ён яшчэ малады: яму гадоў пятнаццаць – амаль зусім дзіцянё. Гатард некалі загадаў сваім алхімікам вывесці яго з яйка чорнага пеўня. Але цяперака ён, хоць яшчэ і малы, але ўжо набраў памераў і, па-за тым, дыхае полымем, як цмок. Таму Чорны князь не надта хвалюецца за свае скарбы – жывым да іх ніхто не дабярэцца. Грыфон прызнае толькі Мэйнара – мага, што яго гадуе, ды яшчэ самога Гатарда, які штодня прыходзіць яго паласаваць ды папесціць. Кожнага ж іншага ён папросту спаліць агнём або раздзярэ сваімі кіпцюрамі – яны ў яго даўгія і вострыя, бы шаблі.
– Думаю, гэта ўсё байкі...
– Не! Я бачыла яго сама! – засердаваўшы, тупнула ножкай дзяўчына. – Чорны князь вадзіў мяне глядзець свае скарбы, калі ўгаворваў пайсці за яго замуж. Тады я пабачыла і грыфона. I яшчэ Гатард распавёў, што з гэтага падзямелля вядзе таемны лёх навонкі; ён выходзіць на паверхню далёка за замкавымі мурамі...
– Няўжо ж ён не пабаяўся, што ты скарыстаеш гэтым лёхам і ўцячэш? – спытаў я з лёгкім недаверам у голасе (такі тон нярэдка дапамагаў мне выведваць больш, чым чалавек збіраўся сказаць —людзі не выносяць недаверу да сваіх слоў).
– Ясна, не! – гукнула князёўна з запалам. – Як я магу ўцячы, калі там сядзіць грыфон?!
– А які ён? – запытаў я ўжо прымірэнчым голасам.
– Ён такі вялікі... – яна на хвілю змоўкла. – Падобны, мусіць, да льва – толькі большы. Галава i хвост у яго цмачыныя, а ўсё астатняе, як у льва. Скура тоўстая, а на спіне ды хвасце нагадвае як бы рыбіну луску – толькі чорную, з нейкай прызеленню. Такога колеру, як звычайныя ракі... А на спіне ў яго такія смешныя крылцы. Толькі я не ведаю, ці ён лятучы, – бо, мусіць, гадуючыся ў пячоры, лётаць не навучыўся.
– А наколькі ён вялікі?
– Я не ведаю, як сказаць... Ну, можа, як тур, ці нават большы...
Я зразумеў, што больш дакладных звестак з яе не выцягнуць. Зрэшты, шлях, ахоўваны грыфонам – апошні, па якім я хацеў бы прайсці. Паводле расповедаў – гэта аграмадныя злосныя пачвары, з якімі па сілах біцца толькі волату. Але, галоўнае тое, што я не ведаў іхніх слабых месцаў. 3 людзьмі прасцей – ад іх прынамсі ведаеш, што чакаць. I таму я сказаў:
– Лепш хадзем праз вартоўню.
XI
Мы скіраваліся акурат да тых сходаў, якія я не стаў правяраць, калі ўпершыню апынуўся на пляцоўцы з трыма адгалінаваннямі. Я пайшоў першы, за мною спускалася князёўна. Але, апынуўшыся на наступным паверсе, мы памяняліся месцамі – далей ішла на чале ўжо яна. Мы скіраваліся ў даволі шырокі сярэдзінны калідор, і ўрэшце падышлі да яшчэ адных сходаў. Тут дзяўчына на момант спынілася.
– Мы амаль прыйшлі, – сказала яна ўпошапкі. – Калі сысці па гэтых сходах – трапім якраз у вартоўню. Гэта як бы чорны ход. Карыстаюцца ім вельмі рэдка, бо ён вядзе ў сакрэтную частку замка, дзе месціцца княжая скарбніца, Зала Чараў, а таксама часам селяць палоннікаў, якім Гатард нібы аказвае пашану.
– Такіх, як ты?
– Так, такіх, як я. Дык вось, калі ўварвацца ў вартоўню раптоўна, можна заспець кнехтаў непадрыхтаванымі, і тады будзе больш шанцаў перамагчы. Адно толькі, я не ведаю – ці тыя дзверы не замкнёныя.
Ідэя наконт уварвання ўвогуле добрая, але трэба было спярша высветліць, адкуль кнехтам можа прыйсці падмога. Таму я папрасіў дзяўчыну апісаць, дзе дакладна знаходзіцца вартоўня i запытаўся, ці ёсць з яе іншыя выхады, апрача галоўнага.
– Сама вартоўня месціцца проста па-над брамай. Мне цяжка адказаць напэўна – я толькі выпадкам трапляла туды раз ці два. Але мне здаецца, што адтуль былі бочныя выхады—сходы, што вялі нагару – на муры па абодва бакі брамнае вежы.
– Значыць, зараз мы знаходзімся на ўзроўні абарончага павышку муроў, а вартоўня – паверхам ніжэй?
– Хіба, так...
– А ці выстаўляецца варта на мурах?
– Так, я звычайна бачыла лучнікаў на баштах.
Што ж, калі i раней Гатард не легкаважыў вартоўнага рэгуляміну, дык цяпер ужо напэўна не праміне. Добра, пойдзем паглядзім. Я адклаў набок двухручнік, адшукаўу прыбочнай кайстры запасную сутужыну для лука і звярнуўся да князёўны:
– Правядзі мяне на муры.
Найбліжэйшыя башты знаходзіліся на мурах праз больш-менш роўныя адступы па абодва бакі ад брамнае вежы. Пакінуўшы дзяўчыну ў дзвярах, што адкрывалі ўваход на верхнюю повышку, і прыхінуўшы да іх двухручнік, я асцярожна (наколькі дазваляла цяжкае ўзбраенне) покрадкам дапяў да левай башты. Вартавы яўна не спадзяваўся майго прыйсця – упёршыся рукамі ў парапет i крыху нахіліўшыся наперад, ён пільна ўглядаўся ў цёмны начны стэп. Побач з ім стаяў прыхілены да сцяны арбалет, – відаць, у пошуках таямнічага прыхадня Гатард пастанавіў узброіць нават баштавую варту ў гэтую рэдкую ды дарагую зброю, стрэлы-бэлты якой прабівалі амаль кожны панцыр. Кнехт быў так заглыблены ў назіранне – ці то ў свае думкі? – што мне ўдалося падысці амаль усутыч, калі раптам ён нешта адчуў і выпрастаўся. Ды я ўжо зацягнуў на ягонай шыі лучную сутужыну. Праз момант ён абмяк, а я, пакінуўшы цела на драўляным памосце ды падабраўшы аснаджаны арбалет, пакіраваў навесным памостам да башты па другі бок ад вежы.
3 другім вартавым прайшло яшчэ прасцей. Мне дастаткова было, падышоўшы да ўваходу ў башту, звольніць сталёвую арбалетную сутужыну: з такое адлегласці бэлт працяў кнехта наскрозь і выйшаў з адваротнага боку, звонка дзвынькнуўшы вастрыём аб сцяну ды адкалоўшы ладны кавалак плінфы. Я зноў аснадзіў свой арбалет, а заадно падабраў i ягоны – мне дужа спадабалася хуткасць, з якой гэтую зброю можна ўжыць у справе, не кажучы ўжо пра прабіўную моц стралы. Трымаючы па арбалеце ў кожнай руцэ, я вярнуўся ў башту да Ладзіславы:
– А вось цяпер можна і ў вартоўню.
XII
Ударам нагі я разнасцежыў дзверы i амаль не цэлячыся стрэліў з абодвух арбалетаў у тлум кнехтаў перад сабой – іх было з добры дзясятак. Абодва бэлты самі абралі свае цэлі, i два жаўнеры зараз жа паваліліся на падлогу. Рэшта ж ворагаў яшчэ нават не паспела зразумець, у чым справа, як я ўжо кінуўся на іх з двухручнікам. Калі кнехты даўмеліся схапіцца за алебарды, іх заставалася ўжо чацвёра ці пяцёра. Вось зляцела галава яшчэ ў аднаго ды выпала зброя з мёртвых рук другога... Ды тут лязо майго мяча пасля ўдару ўвайшло ў шчыліну між пліт падлогі, і перш чым я паспеў яго вызваліць, адзін з кнехтаў пацэліў па ім навершам алебарды. Лязо разляцелася напалову. Я выхапіў меч з похваў пры пасе, ды трапны – хоць, бадай, выпадковы – удар кісцяня выбіў зброю ў мяне з рукі перш, чым я паспеў скіраваць яе супраць ворагаў.
Двое жаўнераў наступалі на мяне з настаўленымі алебардамі, трэці, з прыгатаваным да ўдару кісцянём на даўгім дзяржальне, ішоў паміж імі і крыху пазадзе. А я, абяззброены, у каторы раз за сёння мусіў адступаць. У вартоўні стаяў толькі даўгі стол і, паабапал, зэдлі – і тое адно у дальнім канцы памяшкання, так што тут – на адрознасць ад жылых пакояў – не было нават ніякага кандэлябру, схапіўшы які, я змог бы адбівацца. ІІІто праўда, з другога боку, i кнехты не былі настолькі небяспечныя, як рыцары. Яны не спрабавалі мяне атакаваць, а толькі цяснілі вастрыямі галябардаў. I я пакрысе адыходзіў назад, трымаючы ворагаў у полі зроку, а, разам з тым, краем вока паглядаючы, што б гэта выкарыстаць у якасці зброі. Аднак, пакуль нічога не траплялася, i я ўсё адступаў ды адступаў. Ды, калі я ўжо амаль упёрся спінаю ў сцяну, раптам пачуў крык князёўны: «Трымай, вой!» – і ўбачыў кінуты мне плазам меч, мусіць, аднаго з забітых кнехтаў. Замест таго, каб, згодна майму загаду, чакаць пры дзвярах, дзяўчына, пэўна, прайшла за мной у вартоўню i прыглядалася да бою зблізу. Што ж, гэтым разам ейная непаслухмянасць мяне ўратавала, i я зноў перайшоўу наступ, нацэліўшы меч на ворагаў.
Адзін з кнехтаў – той, што быў злева, – вырашыў не паддавацца і паспрабаваў сам мяне заатакаваць. Наставіўшы галябарду як дзіду, ён скіраваў яе мне ў жывот, спрабуючы прапароць мяне наскрозь. Ягоныя рухі былі пазбаўленыя таго спрыту, які дае шматгадовая звычка, а выглядаў ён рыхтык, як навабранец на практыкаваннях, калі імкнецца пацэліць у саламянае чучала. Унікнуць ягонага ўдару не было цяжкай задачай. Я рэзка адступіў убок і, крутануўшыся вакол, прапусціў алебарду паўз сябе. А калі, разагнаўшыся, жаўнер праляцеў міма, я з развароту моцна ўдарыў яго абсадкай мяча ззаду ў шалом – забіць такога няздару мне проста не дазволіла сумленне. Ён непрытомна зваліўся на падлогу, а я зрабіў крок у бок двух астатніх. Лёгка ўхіліўшыся кісцянёвых шыпастых куль, я ў момант удару іх аб падложную пліту рэзка наступіў на ланцуг i адразу ж зрабіў выпад – меч працяў горла нападніка, i супраць мяне застаўся стаяць ужо толькі адзін кнехт. Гэтага яўна не цешыла ідэя застацца са мной сам-насам, i з першага пагляду было бачна, што ён гатовы кінуць сваю галябарду ды даць драла. Я аблегчыў яму задачу, перасекшы рэзкім рухам тронак, і ўжо павярнуўся да Ладзіславы, каб паклікаць яе за сабой, як са сходаў, што вялі ўніз да брамы, данёсся гул спешных цяжкіх крокаў. Дзверы разнасцежыліся– і ў вартоўню ўварваўся з дзясятак рыцараў. Адразу стала відно, што цяперака да брамы ўжо не прабіцца, і, схапіўшы князёўну за руку, я рынуў назад шляхам, якім мы прыйшлі. Адно толькі паспеў шпарка зачыніць за сабой дзверы ды кінуць зверху на клямкі меч – каб перашкодзіць створкам расчыніцца; зрэшты, я не спадзяваўся, што гэтакі дамарослы рыгель надоўга затрымае пагоню.