355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Лаўрэн Юрага » Меч Маладзіковага Промня (СИ) » Текст книги (страница 1)
Меч Маладзіковага Промня (СИ)
  • Текст добавлен: 10 апреля 2017, 21:30

Текст книги "Меч Маладзіковага Промня (СИ)"


Автор книги: Лаўрэн Юрага



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 3 страниц)

Лаўрэн ЮРАГА

МЕЧ МАЛАДЗІКОВАГА ПРОМНЯ

Аповесць

I

Што прабрацца ў замак будзе нялёгка, я ведаў і раней. Але толькі цяпер, пабачыўшы Гадор увачавідкі, я зразумеў усю складанасць – амаль немагчымасць – выканання гэтае задачы. Жыццё ваяра навучыла мяне з першагляду знаходзіць слабыя месцы і ў замкавых мурах, і ў баявым шыхце цяжкаўзброеных кнехтаў: за дзесяць гадоў баёў і паходаў мне неаднойчы даводзілася як браць прыступам, так і абараняць наймагутнейшыя фартэцы, змагацца пешкі і конна, гнаць ворага і самому сыходзіць ад пагоні. Я прывык ніколі не вагацца: выбраўшы слушны кірунак, я ўпарта крочыў наперад, бо ведаў, што абавязкова мушу перамагчы. Так было заўсёды – аж пакуль лёс не прывёў мяне сюды, на гэтую выпаленую сонцам раўніну, да гэтых выклятых багамі і людзьмі муроў. Тут я спыніўся – упершыню. Бо напаткаў непераадольную, як здаецца, перашкоду. Але толькі спыніўся – не збочыў і не павярнуў назад. Спыніўся, каб знайсці выхад – ці, дакладней кажучы, уваход... Схаваўшыся за вялізным шурпатым глыжаком, перабіраў я адзін за адным спосабы пранікнення ў варожы стан – і адзін за адным адкідаў іх: тут не пасаваў ніводны. Мне згадваліся словы майго настаўніка, старога Бутрыма, пра тое, што непрыступных фартэцаў не бывае – і ўпершыню я сумняваўся ў сказаным ім: велічныя муры перада мной выразна сведчылі пра адваротнае.

Такім цяжкадаступным рабіла замак, у значнай меры, ягонае месцазнаходжанне. Важкія, вычасаныя з жывога каменя, муры вырасталі з вяршыні аграмаднае чорнае скалы, і іхнія вежы ды башты імкнуліся ўгару натуральным працягам стромых гранітных адхонаў. Узысці наверх да брамы можна было адно па высечанай у камені сцяжыне, якая падступна-слізкай вужакай абвівалася вакол скалы. Сцежка была такой вузкай, што на ёй ледзьве мог змясціцца ўзброены вой, яна закручвалася злева направа – той, хто ішоў да брамы, заўсёды быў звернуты да байніц замка правым, непрыкрытым шчытом, бокам: калі б які нападнік наважыўся прабіцца да брамы, ён стаў бы лёгкім цэлем для лучнікаў на баштах раней, чым паспеў бы зрабіць хаця б пару крокаў нагару. А за нападніка мог быць палічаны кожны чужак, што ўзыходзіць па сцяжыне.

Іншага, па-за брамай, уваходу ў замак не было – я змарнаваў дзве ночы, каб знайсці які патаемны выхад для ганца на выпадак аблогі або схаваны канал для вады – усё дарэмна: князь Гатард добра паклапаціўся пра сваю бяспеку і ніякая ваярская хітрасць не магла тут дапамагчы.

II

Мой род спрадвечна славіўся мужнымі воямі ды непераможнымі вадарамі. Гэтак і я, паводле звычаю, яшчэ малым дзіцем быў аддадзены на выхаванне і навучанне старому Бутрыму, некалі адважнаму і умеламу ваяру, цяпер жа – пасівеламу старому з яснымі вачыма і яшчэ моцнымі рукамі. Ён распавёў мне пра ўсё, што ведаў сам, навучыў усялякаму збройнаму ўмельству ды баявым зманам, спрактыкаваў маю руку і навастрыў мой розум, як востраць клінгу корда. Ужо ў чатырнаццаць зрабіўся я дасканалым воем: умеў біцца на мячах і на дзідах; ведаў, як змагацца з адным, а як адначасна з некалькімі ворагамі; мог пацэліць стралой у пярсцёнак на верхавіне дуба або захаляўным нажом у адмеціну за дваццаць крокаў. Я здолеў бы перасядзець пагоню пад вадой з трысцінай у роце i схавацца пад адным плашчом у голым полі, утаймаваць дзікага скакуна i суцішыць вартавога сабаку ў варожым стане.

I вось тады ўпершыню я стаў у баявым шыхце поруч са сваім бацькам – ваяводам Буйвідам, поруч са сваімі дзядзькамі і братамі. Тады ўпершыню я напаіў варожай крывёй сваю баявую сякеру – так пачалося маё жыццё ваяра.

Слава пра нашую непераможнасць грымела па краі – і яна была заслужаная: мы напраўду былі найлепшыя. Кожны князь быў рады бачыць нашую дружыну сярод сваіх войскаў. Мы нятанна прадавалі майстэрства і адвагу, але той валадар, што згаджаўся на нашую цану, не зазнаваў паразы.

Мы рэдка мянялі гаспадароў – хіба што князь, які нас запрасіў, паміраў, а ягоны наступнік, пэўны сваёй магутнасці ці скнарны да багацця (зрэшты, намі ж і здабытага), не згаджаўся аплачваць дорага нашую службу. Тады мы адыходзілі і вярталіся ў роднае паселішча або вандравалі па краі ад замка да замка, аж пакуль не знаходзіўся дастаткова амбітны i багаты валадар, які хацеў i мог нас наняць. Апошняму служылі мы князю Велеміру. Багаты і уплывовы, ён, аднак, быў досыць міралюбным правіцелем, каб ваяваць чужыя землі самому, – i дастаткова магутным, каб баяцца нападу некага іншага. Таму нашыя старшыні былі здзіўленыя бачыць ягонага ганца з запросінамі – на той час у краі яшчэ не было чуваць пра чорную навалу, што мелася накаціцца з захаду на нашыя землі.

На світанку мы вышыхтаваліся ў цэнтры Велеміравага войска. Перад намі сталі латнікі з доўгімі дзідамі, каб прыняць на іх першы ўдар варожае конніцы. Па крылах наперадзе – лепшыя Князевы палясоўшчыкі-лучнікі, а ззаду пахіліла аголеныя мячы ягоная асабістая ахова. Далей у пералеску – каб у патрэбную хвілю ўдарыць знянацку – укрылася арда саюзных коннікаў-стэпавікоў.

Мы сталі без страху, з заўсёднай верай у сваю моц ды упэўненасцю ў немінучай перамозе. Іначай і быць не магло – мы заўжды перамагалі, нават паміраючы. Але тым разам Лёс нам здрадзіў. Мы зразумелі гэта, калі сонца перакацілася на іншы бок небасхілу. Ужо былі растаптаны цяжкімі, закутымі ў жалеза коньмі латнікі з дзідамі і высечана ўшчэнт Князева дружына, знішчаны лучнікі і размещена засадная конніца. Быў ужо забіты і сам Велемір, але мы, пазасталыя яшчэ ў жывых ваяры з Буйвідавага роду, усё яшчэ змагаліся, як нам загадваў гонар. На ўсім засланым мёртвымі целамі полі толькі наш, згорнуты ў кола і значна парадзелы заслон заставаўся апошняй купкай, што яшчэ не растала ў чорнай лаве нападнікаў. Нас усё меншала, а іх – адваротна – прыбывала. На месцы кожнага забітага ворага ставала трох жывых, а поле – аж да далягляду – было запоўнена новымі, што ўсцяж падыходзілі, чужацкімі войскамі.

Чарналатныя хвалі наплывалі, потым адкочваліся, каб нахлынуць ізноў – і за кожным разам падала колькі ворагаў, алетаксама i нехта з нашых... ажно пасля чарговага наступу засталіся адно мы з бацькам: поруч са мной толькі ён, зняможаны i без шалома, цяжка махаў яшчэ сваёй булавой, намагаючыся адбіцца ад некалькіх нападнікаў. Я павярнуўся, збіраючыся рынуць яму на дапамогу, але ў гэтую хвілю глухі боль, мязджачы чэрап, працяў свядомасць і праваліў мяне ў суцэльную цемру забыцця...

Калі я апрытомнеў, было надзвычай ціха. Бой, па ўсім відаць, скончыўся даўно. Хіліўся да канца і дзень; за блізкім лесам хавалася сонца, кідаючы чырванаватыя водбліскі на зруйнаваны і выпалены дарэшты Велеміраў замак.

Хістаючыся, я ўзняўся. Немавед нашто падхапіў з зямлі свой напалову расколаты шалом, абвёў напаўуцямным поглядам мёртвае поле і... ўбачыў бацьку. Ён ляжаў на кучы забітых ім ворагаў. Ягоная правіца ўсё яшчэ сціскала перасечанае дзяржальна булавы, нават мёртвая не хочучы выпусціць гэтак ж мёртвую зброю, а з-пад нагруднае пласціны панцыра тырчала чорнае дрэўка дзіды.

III

Я даўно не быў дома: можа, гады з тры, а можа, нават i болей. Пасля смерці маці мы з бацькам нячаста наведвалі роднае паселішча. Служба найміта-ваяра i так не надта дазваляе заседжвацца ў хаце, а нас з домам ужо нічога i не звязвала. Аднак цяпер я вырашыў туды вярнуцца. Не таму, што мне не было куды пайсці – мяне з ахвотаю прыняла б кожная дружына, а проста таму, што ваярства страціла для мяне ўсялякі сэнс. Больш не вабіў покліч бою, не клікаў у дарогу конскі пошчак і бразгат зброі – я стаў абыякавым да гэтых, некалі такіх мілых майму сэрцу, згукаў. Таму я пастанавіў вярнуцца дадому. I вось вярнуўся...

...Мінула ўжо колькі квадраў з часу майго вяртання. Я сядзеў на прызбе і плёў сетку для ловаў. Раптам нечы цень захіліў мне святло; я ўзняў вочы – перада мною стаяў невысокі, сівы, як голуб, стары з доўгай белай барадой і разьбяным посахам у руках. Ён з'явіўся так нячутна, што нават я – спрактыкаваны вартавы і паляўнічы – не пачуў ягонага набліжэння: нездарма кажуць, што вешчбіты не ходзяць – іх пераносяць духі ветру. А гэта ж быў найславуцейшы з кудзебнікаў – сам Мудраслаў, вярхоўны валхвец і чараўнік. Я ніколі не бачыў яго раней, але ў шматлікіх легендах ды баладах, што апявалі чыненыя ім цуды, неаднойчы – і вельмі дакладна – апісваліся і гэты разьбяны чарадзейны посах, i гэты месяцападобны жалезны абярэг, што звісае з шыі на плеценым валасяным шнурку, i гэтая срэбная дыядэма на высокім ілбе.

Маё здзіўленне з ягонага нечаканага прыходу было гэтак вялікае, што я не мог вымавіць ані слова. Але Мудраслаў, прывітаўшы мяне, сам пачаў гаварыць:

– Войшаль! Зоры ўказалі мне на цябе! Ты – адзіны, хто можа ўратаваць наш край. Чорныя войскі Гатарда зваявалі большасць нашых княстваў, замкі падаюць адзін па адным. Яшчэ ніколі раней такі магутны вораг не прыходзіў у нашыя землі. Таму я клічу цябе да зброі!

Я паспрабаваў запярэчыць, што адзін вой ніколі не адолее ў змаганні цэлае войска, а тым болей войска такое шматлікае i спрактыванае, як чорныя рыцары Гатарда. Аднак вешчбіт запярэчыў.

– Адолее, – сказаў ён, – калі будзе ўзброены мячом, якому найменне – Маладзіковы Прамень. Ці чуў ты калі пра яго? – запытаў ён, а калі я адмоўна хітнуў галавой, працягнуў: – Задоўга да таго, як мы прыйшлі ў гэтыя землі, жыў тут старажытны i мудры народ. Мы яго ўжо не заспелі, але дзякуючы кнігам, знойдзеным у пакінутых пячорах-бажніцах, здолелі даведацца пра шмат якія даўнія тайніцы. I адной з іх быў Маладзіковы Прамень – меч, які выкавалі валхвяцы гэтага народу ў даўнія часы, каб здолець супрацьстаяць варожай навале, гэтак жа жудаснай і ўсёзнішчальнай, як цяпер – войска Гатарда. Яны вырабілі гэты меч з маладзіковага сяйва, працягнуўшы тонкі, як ніта, прамень скрозь зачараванае адмысловымі кудзебствамі колца. Прамень трыкроць астуджалі ў крынічнай вадзе, аж пакуль не сцвярдзеў ён у тонкую палоску металу, з якой далей валхвяцы выкавалі пад святлом поўні ды покрывай таемных закляццяў неймаверна вострае лязо. Так паўстаў Маладзіковы Прамень, створаны для абароны ад нязмерна мацнейшага ворага. У ім тоіцца чарадзейная сіла месяца, які, паміраючы, штораз родзіцца наноў. Як толькі першы прамень нованароджанага месяца ўпадзе на кляйнот, што вянчае дзяржальна, ваяр, які ўзнясе меч, зробіцца непаражальны і непераможны – аж пакуль не зменіцца квадра (так мудрадумныя кудзебнікі даўняга народу ўчынілі з перасцярогі перад людскай натурай – каб уладар мяча, разбіўшы ворага, не захацеў стаць сам заваёўнікам).

На хвілю ён замоўк, а потым зноў прадоўжыў:

– Зоры мне сказалі, што сярод усіх сыноў нашага народу толькі ты адзін здольны выцягнуць Маладзіковы Прамень з похваў і ўзняць яго супраць ворагаў. Але гэта зусім няпроста. Перш, як ухапіць ягонае дзяржальна і стаць на чале нашых войскаў, ты мусіш гэты меч здабыць. За сотні гадоў ён неаднойчы змяняў уладальніка. 3 часам людзі – не без дапамогі нашых заклёнаў – забыліся на ягоныя чароўныя ўласцівасці, і пачалі ўспрымаць яго толькі як каштоўную і старажытную, але ўсё ж звычайную, зброю. Апрача вешчбітаў толькі адмыслова выбраны захавальнік – Мечнік – быў пасвячоны ў тайніцу клінка. Апошнім Мечнікам быў князь Велемір. На нядобры выпадак – а можа, з веданнем і адмысловым намерам – Гатард са сваім войскам наблізіўся да нашых межаў напрыканцы другое квадры, калі не было шанцаў ажывіць Прамень. Велемір не змог ужыць яго, таму гэты меч пасля паразы князя, сярод іншых велеміравых каштоўнасцяў, трапіў у рукі чужынцаў, і цяпер Чорны Князь Гатард трымае яго ў сваёй скарбніцы, у замку Гадор на Каменнай Гары.

Гневам выбухнула мая душа, калі я пачуў тыя словы: каб не залішняя міратворнасць ды прытойлівасць жрацоў (бо, напэўна, пра той напад яны ведалі яшчэ тады, калі яго можна было пазбегнуць), каб не вечная іх боязь парушыць волю багоў, дык, можа, не было б гэтае невыноснае паразы; можа, засталіся б жывымі мой бацька і мае браты; можа, усё б было іначай! Аднак, вою не выпадае даваць волю пачуццям: з каменным тварам ды без найменшае адзнакі ўзрушанасці я кіўнуў галавой Мудраславу на знак таго, што разумею яго. Але гэты выбух гневу ўсё змяніў: у маіх грудзях ізноў пачала расці прага бою, прага змагання.

– Табе трэба ўжо ісці, – ціха прамовіў старац; падобна, ён нават думкі не дапускаў, што я магу адмовіцца. – Цяпер усё ў тваіх руках. Я хацеў бы дапамагчы табе, але не маю сіл супрацьстаяць чорнай магіі чараўнікоў Гатарда. Адзінае, што магу – даць табе гэты старажытны абярэг, што належаў яшчэ майму прадзеду, – вяшчун зняў з сябе і, сказаўшы пахіліць галаву, павесіў мне на шыю месяцападобны талісман. – Ён абароніць цябе ад варожага наслання, а ў патрэбе дазволіць звярнуцца па дапамогу да духаў нашае зямлі. Але памятай: духі не любяць, калі іх занадта часта турбуюць – у першы раз яны дапамогуць, але ў другі могуць загубіць. I яшчэ адно: зараз ветах; на трэцюю ноч, лічачы ад тае, што надыходзіць, родзіцца маладзік. Калі князь Гатард вынясе перад світаннем меч пад ягонае сяйво, дык стане непераможны, а наш край назаўсёды трапіць да яго ў падданства – больш ніколі ўжо мы не будзем цешыцца воляй i вясною, спяваць нашыя песні i жыць паводле сваіх законаў!

Кудзебнік змоўк, пільна гледзячы мне ў вочы, і паўсталі перад маім зрокам зруйнаваныя паселішчы, спаленае на палетках жыта, чароды гнаных у палон кабет ды дзяцей... Потым Мудраслаў загадаў падрыхтаваць зброю і сабраць з сабой ежы. Пасля нядоўгае малітвы ён запаліў жмуток зёлак з даўкім пахам і абвёў ім вакол мяне ў паветры. Я пачуў прамоўлены заклён, і ў той жа момант ахутала мяне бялютка-празрыстая смуга, дрэвы ды рэчы навокал расплыліся, а пасля я раптам ўсвядоміў, што стаю пасярод выпаленага пустэльнага стэпу, а далёка наперадзе, на фоне залаціста-блакітнага неба чарнеюць вострыя зубцы вежаў Гадора.

Я пакіраваў да замка...

IV

Ніта ўспамінаў перарвалася... Мая рука ўсё яшчэ несвядома сціскала абярэг, і думкі вярнуліся да яго: як немагчыма трапіць у замак натуральным шляхам, дык я мушу выкарыстаць звышнатуральны, бо апошні дзень ужо гасне – i мне засталася толькі адна ноч. Я не думаў, што давядзецца прасіць дапамогі духаў ужо на самым пачатку маёй выправы – бо хто ж зведае, якія яшчэ перашкоды рыхтуе мне Лёс наперадзе! Але ўсё ж неяк трэба гэтую выправу распачаць!

Я адклаў убок дзіду, адшпіліў з-за спіны шчыт ды выцягнуў з навязі і прыхінуў да глыжака сваю баявую сякеру. Потым укленчыў, запаліў ахвярныя вохнасці і, сціскаючы ў гарачых далонях абярэг, узнёс маленне да духаў. Я прасіў ператварыць мяне на кароткі час у кажана: бо гэтае спароддзе цемры вядзецца ў кожным замку, прынаджанае паўзмрокам скляпенняў у высокіх вежах ды магільнаю прахалодай глыбокіх сутарэнняў і лёхаў; таму ніводзін вартавы, калі ён сам не з'яўляецца чараўніком ці кудзебнікам, не западозрыць у гэткім стварэнні ворага, што прабіраецца ў фартэцыю.

I духі ўважылі маёй малітве. Раптоўна я пачаў змяншацца ў памерах, адначасна парастаючы бура-чорнай кароткай поўсцю. Мае пальцы выцягнуліся, а між імі і да цела нацягнулася тонкая скураная плеўка. Я хацеў падзякаваць духам, але, калі адкрыў рот, маё горла вытыргнула адно абрыдлівы піск.

Гэтае ператварэнне, якое адкрыла для мяне доступ за замкавыя муры, мела, аднак, і адмоўны бок: адно толькі абярэг зменшыўся разам са мною; уся ж вопратка і зброя засталіся звычайных памераў. Значыць, у замку, вярнуўшыся ў сваё прыроднае аблічча, я застануся нават без нажа! Балохтаючыся, я так-сяк выкараскаўся з-пад апалай на мяне кальчугі, выпаўз наверх, узмахнуў плеўчатымі рукамі-крыламі – і паляцеў. Трохі няўклюдна соўваючыся ў паветры, я зрабіў колькі спробных колаў над глыжаком, што яшчэ нядаўна хаваў мяне, і пакіраваў у бок замка.

V

Мае спадзяванні спраўдзіліся, і ніякіх перашкодаў (калі не лічыць майго няўмелага лётання ды яшчэ ветру, што ўвесь час зносіў мяне ўбок), я не напаткаў. Адно толькі перад самымі мурамі мяне паспрабавала заатакаваць чародка кажаноў, што зляцела з вежы; аднак мне ўдалося нырцануць у чорную шчыліну найбліжэйшае бойніцы, і я ад іх адарваўся.

Пераходы ў замку былі цёмнымі, пакручастымі і бязлюднымі. Я досыць доўга лётаў па іх, блукаючы сярод галерэй са шматлікімі адгалінаваннямі, сходамі ды бакавымі пакоямі, аж пакуль не трапіў у шырокі, асветлены паходнямі калідор, дзе, як і паўсюль, нікога не было. Калідор заканчваўся шчыльна зачыненымі двухстворкавымі дзвярыма, з-за якіх быў чуцён шматгалосы гоман. Я асцярожна зляцеў з-пад скляпення наверх створкі і прыпаў вокам да шчыліны над дзвярыма.

Калі мае вочы пасля цьмяна-міргатлівага святла паходняў звыкліся з зыркім ззяннем лампад і жырандоляў за дзвярыма, я ўбачыў велізарную, напоўненую людзьмі залю. Большасць з прысутных былі ў чорных даспехах і з мячом пры пасе, хоць, разам з тым, у дарагіх раскошных плашчах ды без шаломаў. Я падумаў, што, мусіць, аднак, нешта рыхтуецца, бо ніхто ж не прыходзіць на свецкія ўрачыстасці ў „жалеззі". Былі, аднак, там і дамы ў шытых золатам ды срэбрам сукнях, нярэдка таксама чорных; былі яшчэ пару асобаў у пурпуровых мантыях, якіх я вызначыў для сябе як Гатардавых чараўнікоў.

Людзі праходжваліся па зале, збіраліся ў купкі, гучна размаўлялі і смяяліся. Гэтая грамада, бадай, не надта б рознілася ад кожнае іншай, сабранай у звычайным замку, каб не такое панаванне цемнаколерных шатаў ды каб не жорсткія выразы твараў і хіжыя позіркі вачэй. Здавалася, што нейкія чарнапёрыя драпежныя птушкі кружляюць навокала ў пошуках здабычы.

Проста насупраць маёй хованкі знаходзіўся парадны ўваход; важкія залочаныя дзверы былі разнасцежаныя; за імі віднеліся мармуровыя сходы, па якіх таксама спускаліся або ўзыходзілі рыцары і дамы. Пры дзвярах ад боку сходаў стаялі алебарднікі ў панцырах і маршалак з вітым жазлом ды ў срэбнага шытва ліберыі. У іншых канцах залы было бачна яшчэ колькі зачыненых дзвярэй, якія, мусіць, падобна да тых, за каторымі стаіўся я, вялі ў бочныя галерэі. Я разглядаў іх і намагаўся адгадаць, куды далей мне трэба скіравацца. Бо ў такім аграмадным замку меч можна шукаць не адну ноч – і ўсё роўна не знайсці.

Раптоўна гоман і смех сцішыліся. Я зірнуў на парадныя дзверы і зразумеў прычыну: аточаны дужымі ахоўнікамі, на парозе з'явіўся высокі хударлявы мужчына ў чорным аксамітным строі. Ягоная пастава выдавала чалавека ўладарнага; вочы глядзелі жорстка і пранізліва, а вусны змяіліся ў пагардліва-пыхлівай усмешцы. Маршалак ударыў у падлогу жазлом і абвясціў прыход гаспадара замка Чорнага Князя Гатарда. Прысутныя схіліліся ў паклоне.

Князь прайшоў да свайго пасаду, які, на шчасце для мяне, месціўся на процілеглым ад уваходу канцы залы – то бок, непадалёк ад маіх дзвярэй. На шчасце – бо, напружыўшы слых, я мог пачуць, пра што казалі пры пасадзе, а Гатард якраз падклікаў да сябе пахілага сівога чараўніка, што выглядаў найстарэйшым з усіх прысутных.

– Дык што, Даронце, ці не час пачынаць?

– О, не, вяльможны князю! Утаймуй сваю нецярплівасць, – спакойна адказаў маг, – яшчэ зарана. I ці падвоіў ты, як я прасіў, варту? Бо маю сёння нядобрыя прадчуванні. Дый мае кажаны нешта занепакоеныя – ці не прабраўся ў замак чужынец, пра якога папярэджвалі вешчыя руны?

– Але гэта немагчыма! – рэзка запярэчыў Гатард. – У мой замак хіба толькі казюрка зможа прапаўзці незаўважанай!

– ІІІто ж, ён мог перавярнуцца і казюркай, – разважліва адзначыў вяшчун.

– Тады знайдзі яго! Ты ж – маг, дык мусіш ведаць усё! – ледзь не закрычаў на яго князь.

– Не, – пахітаў галавою стары. – Я не бачу яго. Мажліва, ён карыстаецца нейкім моцным чараваннем або абярэгам, які хавае яго ад майго таемнага пагляду. Лепей пашлі кнехтаў агледзець замак – ці не заўважаць яны нечага незвычайнага.

Гатард выглядаў раз'ятраным: ягоныя вочы палымнелі агнём, а напышлівая ўсмешка саступіла месца выразу нястрымнага гневу – мусіць, ён не цярпеў нічыіх парадаў. Маг жа, наадварот, глядзеў пагодна і нібы не заўважаў валадаровага шалу. Але ўрэшце князь адолеў злосць. Ён згодна кіўнуў галавой, прымаючы параду, і паклікаў падысці магутнага рыцара з ваяводскай адзнакай на плашчы. Выслухаўшы загад, той пераказаў яго афіцэрам меншага рангу, якія ўмомант зніклі за параднымі дзвярыма. Неўзабаве зала пачала напаўняцца кнехтамі, якія пасля разыходзіліся праз усе іншыя ўваходы па замкавых анфіладах. Двум жа са сваіх прыбочных ахоўнікаў-магутаў Гатард паказаў на дзверы, за якімі хаваўся я:

– Ідзіце ў Залу Чараў і прынясіце мне магічны меч! Ваявода, дай ім сыгнет, каб зняць пячаткузакляцце з уваходу!

Пра такую ўдачу можна было толькі марыць! Мала таго, што я цяпер ведаў напрамак, дык яшчэ і быў побач! Я хутка ўзляцеў з дзвярэй і павіс уніз галавой, зачапіўшыся кіпцюрамі за каменны карніз пад самай столлю – у быцці кажаном ёсць свае выгоды. Цяжкія створкі разнасцежыліся, і воі прайшлі проста пада мною, нават і не падумаўшы ўзняць галаву ды зірнуць наверх. Іхні цяжкі поступ з бразгатам даспехаў гулкім рэхам адбіваўся ад каменных сценаў.

Быў ужо час вяртацца ў сваё сапраўднае аблічча. Калі дужыя постаці рыцараў зніклі за рогам калідора, я зляцеў уніз і, звярнуўшыся ў малітве да духаў, папрасіў ізноў зрабіць мяне чалавекам. I ў тую ж хвіліну я пачаў расці...

VI

Мякка ступаючы па халодных каменных плітах, я пачаў красціся ўслед за воямі. Яны нейкі час ішлі знаёмай мне галерэяй, ажно раптам калідор скончыўся і глухі мур перагарадзіў дарогу. Тады той, што стаяў справа, тройчы стукнуў жалезным дзяржальнам па акруглым гладкім камені, які крыху выдаваўся з кладкі проста насупраць яго. Я не даў веры сваім вачам: незварушны, здавалася, мур раптам лёгка папоўз угару, адкрываючы змрочнае чэрава сутарэння. Латнікі ступілі ў цемру: спярша адзін – папярэдне дастаўшы з жалезнага гнязда на сцяне палымяную паходню, – за ім другі. Мур зноў апусціўся на сваё заўсёднае месца.

Я вырашыў далей не ісці, разважыўшы, што ахоўнікі і так будуць вяртацца тым самым шляхам, а мне самому сунуцца ў месца, дзе пануюць чары, патрэбы няма. Здавалася, больш сэнсу было ў тым, каб дачакацца рыцараў тут ды, па магчымасці, аснадзіцца нейкай зброяй. Дзеля гэтага я ўважліва агледзеў прылеглыя пакоі i пераходы, аднак нічога прыдатнага не знайшоў – паўсюдна пашыраны звычай развешваць шчыты ды мячы па сценах у якасці аздобы замка тут поспехам не карыстаўся. Спроба расхістаць і выняць са сцяны які больш-менш вялікі камень таксама выніку не дасягнула – вапнавы рашчын трымаў на подзіў моцна, i я абадраў пальцы, але здабыў адно толькі невялікі кавалачак граніту. Зрэшты, у маіх варунках i тое прыдасца – пры пэўнай кемлівасці можна ўжыць з карысцю для сябе найменшую драбностку.

Акурат у гэты час з боку вялікае залы даляцела рэха крокаў і водгукі галасоў, – мусіць, кнехты, пасланыя на мае росшукі, ужо дапялі і да гэтага калідора. Я паспяшаўся схавацца за цяжкай аксамітнай заслонай пры ўваходзе ў пакой і знерухомеў, сцішыўшы дыханне. Праз нейкі час галасы наблізіліся ўжо настолькі, што я лёгка мог чуць, пра што яны гавораць. Кнехты, падобна, былі зануджаныя доўгім вартаваннем ды безвыніковымі вышукамі і не надта шчыравалі. Лена перагаворваючыся, яны прайшлі паўз мяне ў пакой і назад, нават не падумаўшы адхінуць заслону. Мяркуючы па кроках, іх было трое ці, самае вялікае, чацвёра. Мяне гэта цалкам задавальняла: значна лягчэй даць сабе рады з некалькімі, больш звыклымі трымаць келіх, чым меч, жаўнерамі, і завалодаць іхняй зброяй, чым адразу атакаваць з голымі рукамі тых двух пасланых па Меч рыцараў, якія, несумненна, з'яўляюцца спрактыкаванымі і дасведчанымі воямі.

Пакуль кнехты нетаропка правалюхаліся да канца калідора, аглядаючы рэшту пакояў, я выцягнуў з заслоны віты шнур, што прыгожа аблямоўваў ейны край. Потым, нячутна ступаючы, падышоў да цяжкай тканай шпалеры на процілеглай сцяне і прывязаў да ейнага ніжняга кута адзін канец шнура; другі ж канец, дбайна хаваючы яго ў варсістым дыване, працягнуў да таго месца, дзе перад тым хаваўся. У паўцемры шнур быў зусім незаўважны. Задаволены зробленым, я асцярожна праслізнуў назад за заслону і зноў затаіўся.

Доўга чакаць не давялося – даляцелыя неўзабаве тупат, бразгат ды грубы смех далі зразумець, што кнехты вяртаюцца. Датрываўшы, пакуль гэтыя гукі не пачалі зноў аддаляцца (гэта сведчыла, што жаўнеры ўжо прамінулі разнасцежаныя дзверы ў мой пакой і накіраваліся далей), я высунуўся з-за заслоны і шпурнуў выкалупаны са сцяны кавалачак граніту ў дзвярны прахон. Каменьчык трапіў у вялізную мосяжную вазу, што стаяла на калідоры пры дзвярах, i яна загула, як сапраўдны дзвон. Кнехты ўсё ж, відаць, падумалі, што, праходзячы, самі зачапілі яе цяжкім ботам або дзяржальнам алебарды, бо не вярнуліся ўсе разам, а паслалі толькі аднаго праверыць. Праз шчыліну паміж заслонамі мне добра было бачна, як ён, падышоўшы, крыху памарудзіў, але не заўважыўшы нічога падазронага, насцярожана пераступіў невысокі парог. Я злёгку пацягнуў за шнур – шпалера на процілеглай сцяне закалыхалася. Кнехт уздрыгнуў і, выставіўшы доўгую алебарду наперад, крадком пачаў набліжацца да таго падазронага месца. Калі вораг апынуўся спінаю да мяне, я скочыў. Пад маім цяжарам ён ніцма грукнуўся на падлогу, не здолеўшы нават ускрыкнуць; пляскаты, падобны да місы кнехтавы шалом зляцеў з галавы і пакаціўся ў кут. Не трацячы часу, я ўпёрся каленамі сваёй непрытомнай ахвяры ў спіну, схапіў аберуч знізу за падбароддзе і рэзка ірвануў галаву на сябе. Пачуўся непрыемны хруст – i цела кнехта абмякла. Я паволі падняўся на ногі; што ж, зброяй ды апраткаю, здаецца, я ўжо забяспечаны.

Але справа яшчэ не была скончаная. Прыцягнутыя шумам падзення цела, сутаварышы маёй ахвяры, судзячы па хуткіх кроках, спяшаліся да пакою. Я вырашыў паўтарыць той самы ход, толькі ўжо карыстаючыся зброяй. Выцягнуўшы з похваў на пасе пераможанага кнехта меч, я зноўузяўся за вольны канец шнура ды стаіўся па-за заслонаю.

Жаўнеры дзейнічалі цяперака ўжо больш разважліва: прыхінуўшы алебарды да дзвярэй, яны агалілі свае кароткія мячы i асцярожна прайшлі ў дзверы пакою; далей, аднак, адзін застаўся пры ўваходзе, пільнуючы найменшага руху навокал, другі ж скіраваўся да ніцага цела. Мяне такі расклад цалкам задавальняў. Не паспеў жаўнер схіліцца над мерцвяком, як я зноў патузаў за шнур – і абодва прыхадні зірнулі на шпалеру. У той жа момант, прыадхінуўшы заслону, я маланкавым ударам увагнаў вастрыё мяча ў шыю кнехта, што знаходзіўся пры дзвярах. Другі яшчэ так і стаяў нахіліўшыся ды з разяўленым ротам, калі я скочыў да яго, узнёсшы над галавой меч. Доўга супрацьстаяць мне ён не здолеў. Праз якую хвіліну я ўжо надзяваў ягоную вопратку – ён найболей быў падобны да мяне целаскладам, – а таксама падбіраў сабе зброю ды кальчугу.

VII

Цяпер ужо можна было сустракацца і з рыцарамі. Ідучы ў кнехтаўскім рыштунку, нават не выпадала асабліва хавацца. Я прайшоў да тупіку і прысеў на парожак найбліжэйшага да лёху пакою – лепш, каб у целаахоўнікаў, калі яны выйдуць з патаемнага ходу, не было надта шмат часу на думанне пра тое, што самотны жаўнер робіць у нежылой анфіладзе.

Неўзабаве далёкае водгулле цяжкіх крокаў за сцяною падказала мне, што рыцары вяртаюцца. Я падняўся і, сціснуўшы алебарду, выпрастаўся пры ўваходзе ў пакой, нібы быў на варце. Праход ізноў расчыніўся, выпускаючы ў калідор пасланцоў: спярша паказаўся адзін, з паходняй; за ім другі – ён нёс меч, загорнуты ў залататканую камку. Па тым, як яны на хвілю замарудзілі, убачыўшы мяне, я зразумеў, што мой выгляд усё ж іх насцярожыў, – выгадаваныя вайной, яны заўсёды адчувалі небяспеку. Уставіўшы паходню на ейнае месца ў насценным гняздзе, яны пакрочылі ўздоўж па калідоры. Першы рыцар ішоў наперадзе, крыху захінаючы ад маіх вачэй другога, і трымаў руку на дзяржальне свайго мяча. Я ж стаяў, як i належыць прыдзвернай варце, – гледзячы проста перад сабой, крыху расставіўшы ногі, з адведзенай убок галябардай у правай руцэ ды закладзенай за спіну левай. Мая пастава i нерухомасць, здаецца, усё ж пераканалі ахоўнікаў, што недарэчна чакаць з боку звычайнага вартавога кнехта нейкае небяспекі, i яны расслабіліся. Бакавым зрокам я бачыў, што першы рыцар урэшце прыбраў руку з дзяржальна мяча, затрымаўся на месцы і азірнуўся на напарніка. Дастойнаму вою не надта выпадае атакаваць, калі супар не глядзіць у ягоны бок, але гэтым разам я не мог дапусціць, каб яны зраўняліся – тады б мае шанцы на перамогу значна панізіліся б, або увогуле не сышлі на нішто, – а разам са мной паразу пацярпеў бы i мой край, мой народ... Таму я ўдарыў. Крутануўшыся на левай назе, я зрабіў крок правай у бок ворагаў, і, перахопліваючы алебарду абедзвюма рукамі, скіраваў ейны канчар проста ў твар першаму рыцару, цэлячы пад прыўзнятую прылбіцу шалома. Выпрацаваныя рэфлексы змусілі яго імгненна азірнуцца на мяне і захінуцца закутай у браню рукой. Аднак, я ўсё-такі быў больш хуткі: канчар увайшоў у лоб, ломячы косці чэрапа, і твар адразу заліўся крывёю. Удар быў дастаткова моцны i трапны, каб сумнявацца, што ён адразу забіў супара насмерць, i я рынуў на другога. Той, аднак, ужо апынуўся па-за дасягальнасцю маёй алебарды. Пакуль я пераадолеў тыя колькі крокаў, што нас раздзялялі, ён ужо адклаў убок Маладзіковы Прамень і чакаў, выцягнуўшы з навязі цяжкую двухлёзавую сякеру. Сякера – страшэнная зброя, калі ў руках дастаткова сілы i спрыту; я сам часта яе ўжываю, бо яна прабівае кожны даспех. Кальчуга кнехта, што была на мне, для сякеры, бы пергамент, – тая праб'е яе, i нават не запаволіць свой лёт. У мяне цяпер была пэўная перавага – даўжынёй у дрэўка алебарды. Зрэшты, нядоўга: рыцар напраўду быў спрактыкаваным ваяром, i праз хвілю я, адкінуўшы перасечаны тронак, ужо агаляў свой меч. Кароткі меч – не зброя супраць сякеры, ды яшчэ калі тая – у руках закутага ў латы рыцара. Цяпер наступаў ужо мой супар, а я толькі і ведаў, што ўварочвацца ад ягоных замахаў. Мяне ратавала адно вузкасць калідора, замінаючы майму супару добра размахнуцца, але пакрысе, крок за крокам, я мусіў адступаць-цопацца назад – убок галоўнай залі. Неўзабаве ляск сякеры па сценах будзе пачуты за тымі, пакуль яшчэ далёкімі, дзвярыма, i мяне аточыць чорны натоўп, праз які я дакладна ўжо не праб'юся. Не! Я не магу гэтага дапусціць!

Вось рыцар узнёс для чарговага ўдару сякеру над галавой, i я, умомант выпусціўшы з рук меч, шпурнуў ад паса нож – проста ў шчыліну, што адкрылася паміж шаломам і нагруднікам. ІІІчыліна з'явілася толькі на кароткую хвілю – пакуль доўжыўся замах,– але я паспеў: перш, чым сякера пайшла ўніз, дзяржальна нажа ўжо тырчала з-пад ніжняга края шалома. Сякера вырвалася з кутых рукавак i на злёце, выбіваючы іскры ды крошыва, ударыла ў камень падлогі ўсяго за паўкрока ад мяне. Побач з ёй, звонка бразнуўшы напаследак даспехам, зваліўся ў непрытомнасці смерці мой супар. Я зняў свой шалом, сцягнуў з галавы лямцавы падшаломнік i выцер спатнелы лоб: гэты супар змусіў-такі мяне паскакаць. Адпачыўшы хвілю, я пачаў адшпільваць на мёртвым рыцары раменьчыкі панцыра – цяперака мне ягоны рыштунак, без сумневу, будзе больш прыдатны, чым яму. Як, зрэшты, і чароўны сыгнет-ключ, які я знайшоў пад даспехамі. Потым узяў у рукі i Меч. Чамусьці ён мне ўяўляўся іншым – больш доўгім, больш вузкім, з бліскучым лязом ды светлай асадкай. Пэўна, ягоная назва – Маладзіковы Прамень – навеяла падобныя ўяўленні. Бо на самой справе ён быў сярэдняе даўжыні і досыць шырокі, з лязом нязвыклай дзіўнаватай формы, выкананым з чарнёнае сталі. Мусіць, так і павінен выглядаць меч, выкуты старажытным народам у пракаветныя часы. Я ўзважыў зброю на руцэ – яна была вельмі цяжкая, быццам чароўныя ўласцівасці дадавалі клінзе чыста фізічнай вагі. Я вярнуў Меч у похвы і павесіў за спіну – каб менш замінаў пры хадзе ды ў бойцы.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю