Текст книги "Лявон Бушмар"
Автор книги: Кузьма Чорный
сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 6 страниц)
Бушмар жа наказаў брату, каб той прыехаў. Брат вохкаў i бедаваў, але не так па тым, што ўцякла Галена, як па тым, што згарэла гумно.
Раздзел трэцi
I
Свет быў шырокi i вольны. У дзiцячым сэрцы нараджалася, расло i жыло захапленне iм. Кожны перажыты дзень даваў большае ўсё ўведванне свету. Так раслi два браты.
Часамi старыя жанчыны, бабулi калгасаўцаў, кiвалi галовамi, пускалi нават, калi-нiкалi, слязу, божкаючы:
– Ай-ай, за жывым бацькам, бацькi не ведаюць. От пайшлося iм як небаракам.
Амiля тады не перапускала:
– А на чорта iм гэтакi бацька!
Галена ж, тая адно падмiргне тады слязлiвай старой:
– А яны ж гэта i нарадзiлiся без бацькi.
– Без бацькi? А-ёй!
– Але. От надумалiся ды i нарадзiлiся.
I тады да Амiлi:
– Ну што iм канечне растлумачваць! Ты гавары таму, хто ўразумее тваю гаворку.
Тады i Амiля засмяецца, радасна гляне на сваiх сыноў. Галена ж, калi скончана работа, заўсёды няньчыцца з усiмi трыма. Часамi да трох далучае яна чацвёртага – Андрэевага. Андрэй тады жартуе:
– От мацярок у маiх сыноў!
Ён жартам заве iх усiх сваiмi сынамi. Жывуць яны не разам, але блiзка цераз сенцы. У сенцах яшчэ падлога пахне свежаю смалою, i яны яшчэ не застолены. Робiцца ўсё не адразу: цяжка ў адзiн год зрабiць усё як ёсць, а яшчэ цяжэй было зламаць дурную ўпартасць некаторых суседзяў:
– Як жа я пакiну, калi гэта маё?
– А там жа будзе ўсё тваё гэтак як i ўсiх.
– Калi ўсiх, значыцца, не маё.
– Бушмар ты, – смяяўся неспакойным смехам тады Андрэй. – Гэтае "маё" даводзiць вось да чаго чалавека.
Само слова "Бушмар" было ўжо словам незвычайным. Яно ўжо кожнаму тут гаварыла пра звярыную нялюдскасць, пра здзек над усiм, што не ён сам i не яго, пра тое, што не можа навокал яго, пакуль ён пануе, абысцiся так, каб не было пакрыўджаных, каб не было слёз людскiх. Тыя ж самыя бабулi божкалi i ўздыхалi, што гэта Бог даў чалавеку гэтакую натуру, можа, за якiя грахi яго цi нават бацькоў яго. Мужчыны ўсе i малодшыя жанкi смяялiся з гэтакай "Божае кары", але ўсё ж некаторыя гаварылi, што "натура гэта такая ў чалавека", i толькi. Тым часам былi i яшчэ адны, якiя iначай тлумачылi Бушмара. Да iх належаў i Андрэй, але першы як мае быць выказаў гэта не ён. Трымаўся тут вельмi блiзка Андрэя заўсёды (а цяпер выйшла наадварот – Андрэй стаў блiзка трымацца яго – той набываць пачаў сiлу ў сваёй дзейнасцi) адзiн хлапец. Ён на хутарах за лесам змалку пасвiў каровы, служыў нават год на Бушмаравым хутары. Яго неўзаметку пачалi заўважаць, як пачаў вырастаць тут. Бацькi яго ў вайну ўцяклi недзе з-за Вiльнi сюды i тут змерлi ад пакутных невыгодаў жыцця, а малы неяк выкiдаўся. Так на людзях i ўзрос. Звалi яго Ўладзем; ён, калi яшчэ малым пастушком быў, зблiзiўся неяк дзiўна з Андрэем, якога тады пачаў зваць дзядзькам. Раз Андрэй iшоў паўз лес i ўбачыў быў, як на дарозе стаiць i не варушыцца, як аслупянелы, малы хлапчук. Падышоўшы блiжэй, ён пазнаў "бежанскага Ўладзю". Ён глядзеў у адно месца, кудысьцi ў поле, i маўчаў. Каля вачэй у яго была чырваната, як ад нездароўя, або бессанi, цi ад слёз. Было тады холадна, восень, i ён, вiдаць, мёрз.
– Чаго ты гэтакi? – запытаў Андрэй.
– Кароў гляджу, – адказаў той.
– Дзе ж твае каровы?
– Недзе пацяглiся.
I хлапчук пачаў плакаць.
– Чаго ты?
– Бушмар чуць не забiў мяне.
– Завошта?
– Карова закульгавела, дык ён крычыць, што гэта я не даглядзеў. Ранiцаю сёння сукаватым паленам па шыi бiў, схаваў мае лапцi, нарочна, каб я мёрз, гэта табе, кажа, навука.
Андрэй глянуў на босыя Ўладзевы ногi. Праўда, што яны аж пасiнелi з холаду.
– У мяне была адна запалка, але патухла, як я хацеў раскласцi агонь.
Андрэй неўзабаве прыслаў яму з дому свае лапцi, а праз колькi дзён падгаварыў кiнуць Бушмара i перайсцi ў вёску. З таго часу Ўладзя пачаў мець Андрэя як за бацьку.
У той меры, як Уладзя рос на людзях, ён сам заўважаць стаў, што дачыненнi яго з Андрэем неяк зменьваюцца. Калi дзялiлi панскую зямлю i калi Андрэй на гэтую зямлю першы павёў вяскоўцаў, Уладзя тады ўжо быў як бы нават дапаможнiкам Андрэевым. Ён нi то што дзейна дапамагаў яму, а чуў сябе, што як бы гэта ён сам усё гэта робiць. Ён тады ўжо быў сказаў Андрэю:
– А Бушмару нашто гэтулькi лесу?
Ён чуў, як расце ўсё больш i больш у iм страшэнная нянавiсць i да Бушмара, i да ўсiх тых гаспадароў, што трымалi яго тут за пастуха. Нават адзiн з iх, калi дзялiлi вяскоўцы панскую зямлю, выткнуўся быў на сваю мяжу i з хiтраю ўсмешкаю сказаў:
– Што ж, зямлю вы бераце, балазе пан уцёк. I лес панскi папрабавалi зачапiць, але маладцы, што лазу пакiнулi, не выцерабiлi.
– Чаму? – гукнуў Уладзя, чуючы ў гэтым паўпанкавым слове нейкую, няясную яшчэ, страшную крыўду.
– А таму, што калi вернецца пан, дык будзе чым вас сцёбаць.
Уладзя сцiснуў кулакi i падаўся блiжэй:
– Маўчы, гадзiна!
Дык той злосна заенчыў:
– А-а-а, глядзi ты! Гэта ты гэтак дзякуеш, што цябе выгадавалi чужыя людзi, што не даў i я табе прапасцi на чужой старане!..
– Мая старана ўсюды, дзе я стаю на зямлi.
– Усюды? А от цяпер стаiш на маёй мяжы. Вон!
Уладзя быў тады яшчэ недарослы дзяцюк. I повен ён быў хлапечага задору. Ён тады наўмысля пайшоў упоперак цераз забаранаваную хутаранскую ярыну, а хутаранец, скамячыўшы губы, схапiў яго за плечы. Андрэй рагатаў, стоячы ў мужчынах. Уладзя вылузаўся з хутаранцавых рук i пайшоў назад смеючыся.
Другi раз была ў яго сутычка з Бушмарам. Тут было менш гаворкi, але больш яшчэ выразнасцi. Гэта ўжо тады, калi надышла пара зачапiць хутаранцаў. Уладзя сказаў быў пра Бушмараў хутар:
– Вяльможныя паны ўжо ўпарадкаваны, цяпер пара зачапiць звяроў.
Бушмару хтосьцi сказаў пра гэта, i пры спатканнi з Уладзем ён, звер, пранiзаў зiркам яго. Уладзя прыпынiўся i таксама не спускаў вачэй з Бушмара. Так прастоялi яны колькi момантаў. Хто каго пераможа? Але ўсё ж Бушмар заўсёды абмiнаў думкамi Ўладзю, можа, таму, што прывык ён дагэтуль бачыць яго хлапчуком? А мо таму, што яму проста страшна было чуць у гэтым хлапчуку варожую сiлу, што раптам вырасла. Вобразам гэтай сiлы паўставаў перад iм Андрэй.
Дык вось гэты Ўладзя сказаў цяпер быў раз пра Бушмара. Ён гэтае разуменне сваё вынес яшчэ з суду, у якiм быў тады, калi судзiлi Бушмара i за збойства райвыканкомаўца, i за буйную высечку лесу, i за ўсё iншае. Пра Бушмара тады абвiнаваўца гаварыў доўга:
"Бушмар – вынiк, аканчальны лагiчны вынiк ляснога спрадвечнага хутара. Гэта звер, навокал якога павiнны быць пакрыўджаныя. Iначай нельга, пакуль жыве на свеце Бушмар. Навакольны лес i дзiкi хмызняк валодае Бушмарам, а праз яго адвечная прыродная дзiч спрабуе авалодаць усiмi тут людзьмi. Бушмар, каб i хацеў, не можа даць рады нi лесу, нi хмызняку – засталася ж навек няскончанаю дзеля яго раскарчоўка прылеску! Бушмараў лад – гэта пастка i вечная вайна, бо ж нават з сваiм, можна сказаць, жыццёвым братам Вiнцэнтым была ў яго смяртэльная спрэчка. У звяроў заўсёды ў адным нават логаве – вайна... Вось ён жыве на свеце, жыве спрадвеку, робiць нават гiсторыю свайго часу, гiсторыю крыўдаў слабейшых, ад якiх маюць крыўду яшчэ слабейшыя... Чалавечая гiсторыя нялюдскасцi! Дзе расплоджваюцца звяры i каля iх чэрвi!"
II
Андрэй за гэтыя гады пастарэў крыху, але не змянiўся. Засталася ў iм i яшчэ больш асталявалася мяккая жартаўлiвасць i, дзе трэба, ясная цвёрдасць. Ён крыху меў натуру iншую, як Амiля, а можа, гэта не натура, а проста iншае дачыненне да ўсяго. Ён увесь падаўся быў у клопат за ўсю тую справу, якую тут рабiлi, адкiнуў нават ад сябе неспакой за ўсялякую сваю ўласную гаспадарскую драбязу. Тут ён зусiм свядома вучыцца пачаў у Ўладзi. Той бязлiтасна кпiў з "усялякае мышы ў сваёй цеснай нары", жыў апошнiя гэтыя гады гэтак, што старыя нават навучаць яго бралiся:
– Гэтакi ты ўдалы хлапец, а вецер у тваёй натуры нейкi ёсць. У гады ўбiраешся, дык пара табе пра сябе падумаць, паставiў бы ты сабе хату, узяў бы зямлi, меў бы сваю сям'ю, як усякi чалавек...
– Няма зямлi, – аджартоўваецца ён.
– Мала?
– Мне мала. Мне каб усяею заўладаць.
– Дзiўны хлопец, – гаварылi адыходзячы, – от усё жартамi абыходзiцца.
А пасля хтосьцi кiнуў на людзi здагадку:
– Ён гэта сабе хлеба лёгкага шукае. Службы дзе якое.
– Вось гэта яно i ёсць, – сказаў быў ён раз на гэта, смеючыся. – Хачу нiчога не рабiць i добра жыць.
– От зноў жартуе!
А тым часам Уладзя вырас зусiм, больш яшчэ пасталеў, больш зблiзiўся з Андрэем. Стаў ён рослым i моцным, i хто ўспамiнаў таго ранейшага хутарскога пастушка, дык гаварыў:
– От як вырастае чалавек.
Яны з Андрэем i ўзялi на сябе ўвесь той цяжкi клопат – арудаваць з людзьмi, з зямлёю, з дзiкiм хмызняком, з трухлiнаю старых хат... Калгас зрабiлi ўвосень, калi рыхтавалiся сеяць жыта. I ўсе гады пасля гэтага даводзiлi яго да ладу. Кожны год вырастаў на ўзлеску новы вялiкi дом, туды перабiралiся патроху кожны год людзi, i шмат хат iшло на знос. Цяпер гэта рабiлася радасна, ахвотна, але першы раз одум браў некаторых:
– Увесь век гараваў, гараваў, збiраў па саломiне, i нават котла роднага адцурацца трэба.
Аднак iшлi, бо, шкадуючы чагосьцi невыразнага ў старым, пачыналi ўжо баяцца яго.
Гэтак вось i Амiля спахмурнела была, калi чарга прыйшла i да Андрэевай старой хаты:
– Мне не шкода гэтых катухоў i пакут ранейшых, але так нешта, я i сама не ведаю, што гэта.
Андрэй, можа, i зразумеў яе, але нiчога сказаць не мог iншага, як толькi:
– Гэта так з чалавекам бывае.
Але Ўладзя пасля сам загаварыў пра гэта з Амiляю:
– Гэта ведаеш што? Гэта спадчыннасць старая. Гэта, калi хочаш, дык рэшткi бушмараўшчыны, якiя спрадвеку ўкаранiлiся ў нас. У таго больш, у таго менш, але яны ёсць. Табе гэта не шкада трухлявага кута гэтага, але ты тут жыццё, хоць цяжкае, пазнала...
– Тут я ўспамiнаю пра ўсё, што было, тут паўмiралi бацькi, тут...
– Вось гэта самае. Але мы роднае нам возьмем з сабою, а непатрэбнае адкiнем.
Уладзя бываў цяпер шмат на людзях, даводзiлася яму i далёка выязджаць адсюль, ён меў цiкавыя сустрэчы, чытаць пачаў шмат, гадаваў у сабе новую нейкую чалавечую iмклiвасць, часта задумваўся i навучыўся гаварыць новае тут, у гэтых лясах. Ён гаварыў з Амiляю:
– ...Нам от, можа, i думаецца часам пра ўсё гэта вось так, як ты кагадзе гаварыла. От жоравы ўвосень ляцяць, i мы чагосьцi шкадуем. Нам можа шкада бывае яшчэ, што калi вось усюды будзе поле вырабленае, калi згладзiм мы з зямлi ўсе дзiкiя зараснiкi, выкарчуем дзiкiя ўзлескi – i жоравы тады пазводзяцца ў нас, не будзе iм дзе тады вясцiся, i не будуць тады яны курлыкаць увосень, не будзем мы бачыць тады i чуць гэтага iх лёту ўвосень цi ўвясну. Нам часам i шкада цi то якраз гэтага iхняга лёту, цi то чаго iншага разам з гэтым...
– Бо мы прывыклi да гэтага, – здагадалася ўсмешкай Амiля.
– Прывыклi, з гэтым мы жылi, вырасталi. Гэта было разам у нас з уцехамi i з слязьмi. Амiля думала i маўчала.
– ...Я ж ведаю, што прыйдзе штосьцi новае, што будзе дзецям нашым ды i нам яшчэ такiм, з чым нам таксама будзе не лёгка адразу, каб прыйшлося разлучыцца. Новы час нясе i ўсё новае. Толькi што яно не будзе для нас часта, а то, можна сказаць, заўсёды цяжкiм, як было ўсё дагэтуль.
Ён гаварыў доўга i цешыў Амiлю гэтым сваiм новым дзеля яе, чалавечым, словам. Яна аж захапiлася гэтым, пачула ў сябе прылiвы непераможнай радаснай сiлы.
– Нашы дзецi ўжо не будуць гэтакiмi, – зноў здагадалася яна. – Толькi нам трэба, можа, нават дзе i з цяжкасцю, назаўсёды адвязацца ад старога. Вырваць яго з сябе. I дзеля сябе i дзеля дзяцей трэба, каб мы гэтую работу рабiлi. Я от табе скажу гэта адным словам – забiць i вытруцiць бушмараўшчыну. Табе гэта вядома добра, бо ты ж сама доўга была жыла ў самай бушмараўшчыне...
Ён гаварыў як бы не адной толькi Амiлi, пасля змоўк i пра штосьцi думаў. Доўга гэтак стаялi ў старой хаце, што дажывала апошнiя днi свае. Пасля ён, як бы адумаўшыся, глянуў на Амiлю. У яе ружавеў ад узбуджанасцi твар, яна была рада гэтакай гаворцы. Тады на адвiтаннi Ўладзя моцна сцiснуў яе руку. I першы раз, зусiм iначай, як дагэтуль, яны паглядзелi адно аднаму ў вочы.
III
Як жа жыў цяпер Бушмар? Каб не збегла тады была ад яго жонка, ён, можа б, i яшчэ сяк-так трымаў бы добрага таго каня свайго, можа, па-воўчы б гаспадарыў на сваiм куце, якi яму пакiнулi, але, застаўшыся адзiн, ён, як нi стараўся, не мог даць рады. Брат да яго прыязджаў часта. Бушмар раз пачаў раiцца з iм, каб як гэта зноў ажанiцца. Брат параiў яму:
– Гэта то трэба, але бяры сабе жонку па сваёй натуры. Бо табе ўжо наверыла абы-якая жонка.
Дык ён так заставаўся адным, не могучы дабраць сабе жонкi. Да якой хутаранкi i сватаўся, дык не лiшне ўжо квапiлiся iсцi за яго – слава пайшла пра яго гэтакая, гэтак гаварылi пра яго ранейшае жыццё з дзвюма жонкамi, што ён толькi адно думаць пачаў.
Тады, адразу пасля таго, як уцякла Галена, ён быў дадумаўся засцiгнуць дзе ды прыбiць яе. Пасля думка гэтая перайшла на Андрэя i на гэтым закаранела. Ён пачаў цяпер варушыцца гэтак, як калiсьцi варушыўся Вiнцэнты. Толькi той лiслiвенька да кожнага падыходзiў, а гэты сваёй воўчай панурасцi не трацiў. Нават раз Бушмар як мае быць падумаў: "Дарэмна я тады чуць не абязвечыў Вiнцэнтага i адагнаў яго ад сябе. Не паслухаў яго тады. Добрым хаўруснiкам мог бы быць, каб паслухаў тады яго". Ён усё раздумваў пра гэта, чмыхаў, аж стукаў неяк носам, корпаючыся ў сваёй мярлозе. Часамi нават перасiльваць пачаў сваю ваўкаватасць i даходжваць да тых хутароў, што засталiся яшчэ наводдалек. Але ўсё ж там людзi не мелi з iм адных iнтарэсаў – там яны з калектывам змагалiся, але са "сваiм", iншым. Тады абмацаў Бушмар сяброўства паблiзу, – меншы Вiнцэнтага сын, той самы, што мерыўся ўзяць Галену i асесцi на яго хутары, не адапхнуў яго ад сябе. Ранейшае было забыта. Там яшчэ хат чатыры было гэтакiх, што не пайшлi разам з усiмi, а ахоўвалi ўсё яшчэ сваю ўласную гаспадарку, на якой "сам сабе панам". Гэта – з таго краю вёскi, некаторыя нават перанеслi на сваё поле (было яно якраз наводшыбе) хаты i аселi дробнымi асэсарамi. Чакалi ўсё "змены ўлады", а найбольш, "што палякi прыйдуць". Там Бушмар i бываў цяпер часта. Першыя часы яны з Вiнцэнтавым сынам зрабiлi былi выгляд, што нiчога прыкрага мiж iмi не было, а пасля гэта, вельмi хутка, стала абыкласцю, i ўсё ранейшае забылася. Бушмару ўсё ж часамi ўзбягала на думку тое, як Вiнцэнты ляжаў прыбiты пад дубам, уехаўшы плечуком у мокры снег. Раз нават ён, як бы апраўдваючыся, загаварыў пра гэта з сынам Вiнцэнтага. Ён пазаiкаўся крыху, выразна не могучы выказаць тое, што хацеў, а гаварыць трэба было асцярожна. Вiнцэнтага сын падумаў быў, што гэта Бушмар выгаворвае яму за Галену, i сам штосьцi заблытаў словамi. Так яны абодва змоўклi i па той раз маўчалi пра гэта. Бушмар, ходзячы сюды, нi то што гэта вельмi хацеў бачыць гэтых людзей цi гаварыць з iмi, але ён чуў, як у iм рабiлася нейкая работа i пасля як мае быць (чаго раней з iм нiколi не было!) меў у галаве сваёй нават план нейкi сваёй дзейнасцi. Нейкая рыса з'явiлася ў iм новая, як бы ўкрадзеная ад нябожчыка Вiнцэнтага. Гэта было штосьцi падобнае да хiтрасцi, хоць i не хiтрасць. Ён усё блiжэй трымацца пачаў Вiнцэнтавага сына, а той таксама штосьцi трымаў у галаве сваёй, часамi даходжваючы туды, дзе ля лесу бялелi новыя калгасаўскiя будынкi. Там, у старэйшага свайго брата, цяперашняга калгасаўца, ён гаварыў i пра нейкае парабкоўства ў кагосьцi калгасаўцаў, i пра нейкую паншчыну, якая нейкiм робiцца. Старэйшы брат усмiхаўся з гэтага, але нарэшце дадаваў сваю думку пра гэта ўсё:
– Хто дужшы, той прутшы.
– Вось гэта i я кажу. Бацька тады разумна стараўся выдзелiцца невялiкiм гуртам...
Яны ўспамiналi бацьку, гаварылi пра Бушмара (хоць хутара яго больш не ўспамiналi).
Пасля адзiн раз Бушмар нешта доўга не пайшоў да Вiнцэнтавага сына i яго суседзяў, а праз тыдзень якi ён з'явiўся да першага ад лесу калгасаўскага дома i пастукаў у акно. Выйшаў з дому другi Вiнцэнтага сын. Вечар быў, цёмна. Дарога праз лес была аж чорнаю. Два мужчыны падалiся скрозь паўз лес i поле, iшлi паволi i гаварылi пошапкам.
Зайшлi аж на Бушмараў хутар, а пасля назад. З таго часу калi-нiкалi яшчэ заходзiў гэты калгасавец да Бушмара, прыходзiў ужо смела i другi Вiнцанцюк, а часамi i яшчэ хто-небудзь з тых падлесных новых хутаранцаў ацiраўся тут.
Раз Бушмар i з Галенаю быў спаткаўся. Было папаўднi, свяцiла сонца. Галена iшла з дзецьмi (сваiм i двума Амiлiнымi) па новай грэблi за тым месцам, дзе калiсьцi была вёска.
Бушмар джгаў аднекуль дарогаю. Перад Галенаю ён прыпынiўся, аж падаўся ад раптоўнасцi крыху назад. Галена яму нiчога не сказала, хацела моўчкi прайсцi ў сваю дарогу, але ён стаяў i глядзеў на яе. Тады яна, здэтэнаваўшыся, сказала:
– Дзяньдобры.
Ён адказаў. I як яна пайшла далей, ён затрымаў яе:
– Пачакай.
– Чаго?
– Пачакай. Стой... Да мяне не вернешся?
– Не.
– А можа, падумаеш?
– Не... Нiколi.
I, памаўчаўшы:
– Каб ты здаў усю гаспадарку ў калгас, сам, з добраю ахвотаю, ды каб год колькi як чалавек пажыў у калгасе, каб змянiўся, каб нанава радзiўся, тады, можа б, што i было, а так... Не, не!
Яна павяла дзяцей далей, а ён загукаў услед:
– Раней я з свету пазводжу вас усiх!..
Галена пайшла шпарчэй i чула яшчэ ўсё яго моцны шэпт:
– I сыны мае там у iх, без бацькi, без мяне...
– Хоць раз ты сваiх дзяцей успомнiў, – гукала здалёк, абярнуўшыся да яго, Галена. – Якi ты бацька, так ты i сыноў пры сабе маеш.
Тады Бушмар вярнуўся назад, адкуль iшоў, колькi раз азiрнуўшыся на Галену. Калгасаўскiя новыя будынкi весела залацiлiся сонцам.
IV
Раз надвечар Андрэй з Уладзем выйшлi з калгасаўскай канторы. Дзённая работа была скончана, мужчыны ля студнi мылi рукi. Падышоў да студнi памыцца i Ўладзя – перад гэтым ён паўдня рабiў у кузнi з кавалём. Андрэй рушыў за iм. Здалёк яшчэ чулi яны, як нейкая спрэчка iшла ля студнi, аж крык нейкi чуваць быў. Вусаты дзядзька, размахваючы шырака рукамi, штосьцi даводзiў. Некаторыя памагалi яму, некаторыя старалiся абсадзiць яго. Нарэшце выразна выявiлася, чаго ён хацеў:
– Гэта праўду ён мне кажа, што цяпер можна iначай крыху.
– Што? – запытаў Андрэй.
– А от тое, што – поле дык мы разам будзем рабiць, а агароды падзелiм кожны па кавалку. Куры падзелiм, малочную жывёлiну.
– Нашто?
– А каб распараджэнне мець сабе.
– Тады хiба i поле?
– Пасля можна будзе i поле.
– А мо цяпер ужо?
– Я не кажу цяпер, але... а ўрэшце...
Тады падаў голас Вiнцэнтага сын:
– Гэта то не трэба, гэтак калгас раскiдаецца, але зрабiць два цi тры меншых калгасы – дык патрэбна, пааддзяляцца па колькi сем'яў разам...
Пасля гэтага ўзняўся большы яшчэ крык, а калi разыходзiлiся, некалькi чалавек аддзялiлiся i пайшлi ў другi бок за Вiнцэнтавым сынам. Ён раптам вярнуўся туды, дзе стаялi Андрэй з Уладзем, i растлумачыў:
– Тут гэта от дзеля чаго. Каб усiх гаспадароў паўцягваць сюды. У вялiкi гурт дык не лiшне яны паквапяць, а так – дык усе пойдуць. Тады ўся ваколiчнасць наша будзе калгасаўскаю.
– А як не пойдуць? – як следчы, запытаў Уладзя, глянуўшы на Андрэя.
– Пойдуць.
– Што, ты пытаўся ў iх?
– Пытаўся.
– Ну i пойдуць?
– Усе.
I, падумаўшы:
– Нават Бушмар.
– Ён, мусiць, самым першым пойдзе? – здагадаўся Андрэй.
Але той таксама здагадаўся, што гэта допыт:
– Ён не хоча, але, дзеля спакою, i яго трэба завалаць.
– Ён табе патрэбен?
– Я не пра сябе аднаго дбаю.
– Ты за ўсiх! – усмiхнуўся Ўладзя.
Той падаўся ад студнi.
У той вечар шмат калгасаўцаў непакоiлiся вельмi. Хмурна думаў Андрэй, а на Ўладзевай кватэры сабралiся хлопцы. Пакойчык быў невялiчкi, дзвярыма ў прасторную зборню, дзе ранiцамi жанчыны зносiлi кармiць малых дзяцей. Стала яшчэ не было, а можа, вынеслi куды яго. На акне гарэла лямпа, а акно застаўлена было да палавiны фанернаю дошкаю. Хлопцаў сышлося чалавек сем, i, як сабралiся ўсе, Уладзя аглушыў усiх запытаннем:
– Чулi?
Чулi ўсе, толькi адзiн не:
– Што?
Але на яго паглядзелi так, што ён спусцiў унiз вочы. Гэта быў хлопец бадай старэйшы за ўсiх тут, яго недалюблiвалi за скрытнасць.
– Значыцца, ты, Сымон, за тое, каб зрабiць тут два калектывы з аднаго? Ну, чаго тут таiцца, прызнавайся...
Так выявiўся раскол.
– А ты скажы, чаму табе здаецца, што гэтак будзе лепш?
– Каб калектывiзаваць усё наваколле.
– А калi гэта будзе канец усёй калектывiзацыi?
– Як?
– А так што без хутаранцаў ты цi, можа, хто тваiмi рукамi хоча развалiць усю работу, а тады ўсё будзе проста. Можа, каму толькi гэтага i трэба.
Пасля падышоў Андрэй з некаторымi мужчынамi, найшло хлопцаў i дзяўчат, жанок. У маленькiм пакойчыку не маглi стоўпiцца, адчынiлi дзверы ў дзiцячую сталавальню i выйшлi ўсе туды. Неўзабаве, можна сказаць, сышлiся ўсе.
– Вось i сход! – гукнуў хтосьцi.
I яшчэ Андрэй заглушыў усiх:
– А ну, скажы там, як гэта рабiць трэба нам далей? На колькi гуртоў разбiцца? А калi будзем дзялiцца, дык мо ўжо цяпер нарыхтаваць калоў, каб адзiн аднаму голавы растоўкаць.
Пачалiся гаворкi, спрэчкi. Папаў Андрэй якраз туды, куды трэба было. Умеў часамi ўцэлiць словам!
– Каму няўгодна, няхай хоць сёння выбiраецца!
– Бо тады гаварылi, што бо адразу рай будзе на зямлi, што i трактары i шмахтары будуць, а гэта – тымi самымi плугамi i коньмi ару.
– А што ж ты думаў, табе нехта гасцiнец адразу паткне, – на, галубок, цешся! Патроху ўсё прыдбаецца! Глядзi, у якой ты хаце раней i як жыў, а як цяпер!
– Мала што калi што там будзе! Далёка чакаць!.. К чортавай матары!
– Дык дайсцi ж да чаго трэба!
– Мужчыны! – гукнуўАндрэй.
Сцiхлi ўсе.
– Тут справа вельмi простая здаецца некаторым, – раздзялiўся, разбiўся, i ўсё. Раней рабiлi, а пасля раскiдаць. Я думаю, што тут гэта работа аднаго цi двух чалавек. I якраз не нас, а недзе трохi дальшых!..
Сход доўга не цягнуўся, але ён павярнуў справу ў другi бок. Некалькi чалавек пакаялася ў сваёй гаворцы з малодшым Вiнцэнтавым сынам: кожнаму калгасаўцу пабудаваць асобную хату i давесцi справу да разбiўкi зямлi на дзялянкi.
V
Сонечны дзень. Лясы ў зялёных уборах маўчаць у летняй палявой шырынi. Поле – як жытняе мора, аж да самага дальняга лесу, далёка за ўзгорак – адзiн бязмежны палетак. Людзi чакаюць добрага ўраджаю.
Ужо зусiм, можна сказаць, забудаваўся калгас. Усе ўжо за гэты год выбралiся пакрысе з сваiх даўнейшых хат, але некаторыя хаты стаяць яшчэ патроху iх разбiраюць. Яшчэ ўзвышаюцца з жыта печышчы, пазарасталi яны крапiвою i лопухам. Збоку дзе-нiдзе пазацвiтаў нават калючы чартапалох. Зелле i трава буйна павыбiвалiся з-пад парассыпанай бiтай цэглы i глiны. Адтуль, з-пад лесу, дзе лiпiць некалькi хат-хутарцоў, прыходзяць часамi жанчыны рваць гэтае зелле i траву сваiм каровам i свiнням: калгасаўцам шкада часу на гэтую карпанiну сярод патрушчанай цэглы. У iх наўмысля дзеля летавых патрэб рунее загон зелянiны, тут жа побач. Хутаранскiя жанчыны, тыя самыя ранейшыя вяскоўкi, корпаюцца на печышчы паволi, маўчаць, а часам гавораць. Яны гавораць пра даўнейшае, пра цяперашняе, як хто жыве, як хто жыў. Успамiнаюць дзядоў, бацькоў... Кожнае печышча нагадвае багатую гiсторыю там жылi, нараджалiся i ўмiралi, сяк-так спрадвеку пражывалi век свой людзi. Некаторыя печышчы яшчэ ведалi часы войтаў, прыгонных нявольнiцкiх слёз. Жанчыны як загаворацца, дык, разгiнаючы спiны, стаяць, успамiнаюць.
А дзень зiхацiць сонцам. Поле – жыта i ярына – звiнiць гарачаю цiшынёю. Чуваць, як у ёй жыве шматлiкае, але дзiкае жыццё: незлiчонасць iстотаў налiваецца сокам, збiраецца сiла ў сцяблах i каласах, убiраецца ў сiлу зерне.
Цiшыня гучыць.
Недзе песня чуваць, ля лесу, за калгасаўскiмi будынкамi. Там стукае коварат цэментовай студнi, штосьцi яшчэ стукае цi то звонiць.
Галасы ўжо блiжэй.
– Дзяўчаты спяваюць, – гаворыць жанчына.
Яна ставiць на зямлю свой кош з травою i выпростваецца. Разам з ёю яшчэ i больш жанчын. Твар у гэтай жанчыны не зусiм страцiў яшчэ свайго ранейшага дзявочага хараства, але вочы свецяцца ўтомаю, твар – непазбыўным клопатам. Доўга стаяць так жанчыны, песня сцiхла, а яны ўсё яшчэ маўчаць i стаяць.
Вузкая дарожка, як аднаму праехаць, ляжыць памiж жытоў. Вось па ёй едуць людзi. Трасуцца дзве фурманкi. Два мужчыны ў зрэб'i патузваюць лейцы. Слрадвечнае ўпартае i бяссiльнае чуецца:
– Но, но!
Канюкi прабуюць бегчы патроху, ратуючыся ад заедзi.
Людзi праязджаюць. Зноў пуста i цiха на дарозе. Жанчыны нясуць траву дадому, адна за адною iдуць сцежыстым пераходам паўз дарожную каляiну. З узгорку iм вiдаць добра, як увесь узлесак укрыты новымi будынкамi. Тыя самыя ўсё старыя дубы стаяць сцяною паўз сцену самых прылесных дамоў. Здалёк там мiльгаецца штосьцi.
– Колькi дзяцей назбiралася, – гаворыць жанчына. – Вунь там, усiх яны збiраюць разам.
Жанчыны выходзяць за жыта. Там шэсць спрунжыновак скародзяць раллю. Калгасаўскiя конi памахваюць ад гарачынi галовамi, трасуць грывамi.
– Памажы Божа! – гукае жанчына здалёк.
– Няхай паможа, калi хоча! – адказвае чыйсьцi там з iх голас.
Недалёка мяжа. Роўная, як струна, перарэзала поле, ад лесу i да лесу. Жанчыны мiнаюць яе. Там скародзяць папар iхнiя мужчыны. Бароны, з дзернавымi накладычамi, падскокваюць на раллi.
Некалькi хат тулiцца да хваёвай сцяны лесу. Хвоi i ў цiхую бязветранiцу роўна i спакойна шумяць.
VI
Андрэй сядзеў на жняяркавым сядле – даў коням перадыхнуць крыху. Спёка пачынала крыху спадаць. З полудня ён аджаў ужо доўгiя гонi. Паўз лес пшанiца злягла i той загон аджыналi жанкi сярпамi. Звiнелi над пшанiцаю мошкi, трашчалi на ржышчы кавалi.
Андрэй заўважыў, як бегла напрамiк цераз iржышча жанчына. Бегла як магла. Валасы растрапалiся. Яна штосьцi гукнула жанкам, там не прыпынiлася i рушыла далей да Андрэя. Андрэй раптам пачуў у сабе трывогу, саскочыў з жняяркi, яшчэ выправiў з хамутоў конскiя грывы, адмахнуўся ад авадня i пайшоў жанчыне насустрач. Тая засаплася, ледзьве гаварыла:
– Малады конь той, завадскi, пухнуць пачаў.
– Калi?
– От раптам неяк.
– Хто пры iм?
– Стары Стафан. Больш нiкога з мужчын няма дома. I жанок, можна сказаць, нiкога няма. Я была з дзецьмi, пакiнула iх на Алену. Яна сёння на кухнi. Мне бегчы назад трэба.
Пасля дадала яшчэ:
– Няма каго па Ўладзiка паслаць.
Андрэй выпраг конi, стрыножыў iх на ржышчы, прыпаручыў жанкам i пабег.
Конь тыднi два таму быў куплены на завод у суседнiм калгасе. Ён стаяў у стайнi ля жолаба, звесiўшы мысу долу. Пухлiна пайшла ад капытоў скрозь па нагах. Каля яго клапацiўся стары Стафан.
– Апойкi, – сказаў ён.
– Хто яго паiў?
Стары стаў успамiнаць.
– А хто на iм куды i калi ездзiў?
– Гэтымi днямi як Вiнцэнтага пасылалi па жалеза, дык ён быў канешне намогся на iм ехаць.
– I ездзiў?
– Ездзiў.
– Утамiў?
– Утамiў.
– I сам адразу паiў?
– От гэтага не ведаю.
– А хто ведае?
– Я не паiў тады яго цэлую ноч, баяўся, гэтакi быў ён змардованы. Можа, хiба ён яго дзе ў рэчцы за агародамi папаiў, як пад'язджаў дадому.
Андрэй хапiўся за галаву:
– Бяжы на пшанiчышча, бяры аднаго каня, запрагай i ганi па доктара ў мястэчка.
Стафан рушыў бегчы. Жняярка ў той дзень гуляла да самага вечара.
Каня так моцна ўзяло, што праз колькi дзён ён кончыўся. Наладзiлi следства. Усiм вядома было, што гэта Вiнцанцюк пастараўся, але выразнага доказу не было. Усё было зроблена гладка – i канцы ў ваду.
Праз колькi часу, аднойчы вечарам, Уладзя iшоў з хлапцамi гуляць. Было ўжо не лiшне рана. Быў ясны змрок маладога месяца. Крыху цягнула ветрам з вячорнага поля. Хлопцы мiнулi ўжо кузню – яна стаяла на агародах, наводшыбе крыху ад усёй забудовы – i заўважылi, як хтосьцi адарваўся ад цёмнай сцяны дубовага лесу i, азiрнуўшыся, перабег упоперак дарогу да крайняга дома. Хлопцаў цюкнула. Чалавек, вiдаць, заўважыў цяпер iх, бо раптам падаўся назад i, як бы так гэта чаго ходзiць тут, спакойна пайшоў скрозь дарогаю. Хлопцы рушылi за iм. Бушмар! Яго пачалi насцiгаць.
– Чаго, пане Бушмар, шукаеш тут?
– Цяля збегла, можа, думаў, прыбiлася сюды.
– А можа, яшчэ што збегла?
– Не, больш нiчога.
Хлопцы больш не цвялiлi яго, але правялi яго аж да самай яго павароткi ў лес.
Каля таго, можна сказаць, часу прыходзiў у калгас малодшы сын Вiнцэнтага прасiцца, каб прынялi яго з усiмi яго суседзьмi, пачынаўся нейкi трывожны час тут. Малодшага Вiнцанцюка выслухалi з асцярогаю i выразна яму адразу нiчога не сказалi. Некаторыя гатовы былi прыняць iх. На гэта падгаворваў усiх i Вiнцанцюк старэйшы, але больш галасоў было (Уладзя i Андрэй таксама), каб не прымаць. У гэтым бачылi нейкую авантуру. Далi выразны адказ тады, як старэйшы Вiнцанцюк раз дагаварыўся, што трэба ўзяць у калектыў Бушмара.
– А калi ён не захоча? – запыталi.
– Захоча. Усiх трэба калектывiзаваць.
Тады сказалi Вiнцанцюку малодшаму:
– Пачакаць крыху. Тады будзе вiдаць.
Яшчэ ўсе добра памяталi той нядаўнi чуць не бунт, што патрэбна падзялiцца ўсiм i нават да дзялянак давесцi поле.
Спакойнай работы ўсё ж не было гэтымi часамi. Скрытая нейкая была трывога.
VII
У самым большым, крайнiм ад лесу, доме было нешта з дзесяць кватэр. Было некалькi агульных пакояў, дзе ў вольны час заўсёды шмат збiралася людзей. Гэты дом пабудаваны быў сама пазней, i яшчэ не ўсё было ў iм скончана. Там гэта жыў Уладзя, там, за дзiцячаю сталавальняю, у вялiкiм пакоi абсталёўвалася чытальня. Туды ўпрасiўся перабрацца Вiнцанцюк. Ён яшчэ не зусiм перайшоў з суседняга дома, таксама прылеснага. Рабiў ён гэта чамусьцi вельмi павольна (кватэру тую звальняць льга было i не спяшаючы). Дык от ён так рабiў, як бы раздумваючы. Шмат хто дзiвiўся гэтакай павольнасцi, некаторыя бачылi ў гэтым нейкiя намеры – пасля таго, як прапаў конь, думка, можна сказаць, усiх не была вельмi даверлiваю да яго. Да гэтага дома была прыбудавана другая прыбудоўка, дзе ляжала шмат калгасаўскага дабра.
Уладзя здагадаўся першым:
– Выселiць Вiнцанцюка назад, штосьцi цi не трымае ён у галаве.
Вiнцанцюк дачуўся i заспрачаўся:
– Калi гэтакая недаверлiвасць, дык аддзялiце мне дзялянку, я выберуся.
Зайшла спрэчка. Хтосьцi папракнуў яго:
– От пакуль ты не ездзiў на канi, дык конь быў жыў.
– Калi будуць усе гаспадарамi над кожным канём, дык яны ўсе, конi гэтыя, падохнуць.
Ён паклыбаў дадому, плюнуўшы, размахваючы картовымi галiфэ.
Спусцiўся вечар. Шмат людзей сабралася ў двух пакоях – чытальнi i дзiцячай сталавальнi. Уладзя сабраў навокал сябе гурт. Там гаварылi пра агульную хлебапякарню для ўсiх шасцi калгасаў, што былi тут па-суседску, пра ўсялякiя iншыя планы, да якiх дабiралася ўжо калгасаўская ўпартая думка.
Раптам страшны крык уздрыгануў усiх.
– Пажар!
Як iльецца часам з вузкай бутэлькi вада – падае i сцiскаецца ў горле, гэтак пацiснулiся ўсе праз дзверы, пачалi выскокваць праз вокны. Гарэла глухая сцяна гэтага ж дома. Перад усiмi выскачыў з акна Вiнцанцюк з крыкам:
– Адзежа ўся гарыць мая на новай кватэры!
Неўзабаве гарэла ўжо ўся прыбудоўка, агонь па смольнай сцяне бег шпарка. Зараз жа загула i ўся франтовая сцяна. Утушыць было нельга, як нi старалiся. Не ўспелi нават павыносiць усяго з дома.