355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кузьма Чорный » Лявон Бушмар » Текст книги (страница 1)
Лявон Бушмар
  • Текст добавлен: 21 сентября 2016, 17:24

Текст книги "Лявон Бушмар"


Автор книги: Кузьма Чорный



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 6 страниц)

Черный Кузьма
Лявон Бушмар (на белорусском языке)

Кузьма Чорны

Лявон Бушмар

Раздзел першы

I

Звераватую панурасць Лявону Бушмару перадаў бацька – княжацкi дробны арандатар. Памёр ён тады, калi Расея ваявала з немцамi. Акрай таго лесу, якi ўсё жыццё сваё вартаваў яго бацька, арандаваў ён ад князя добрую дзялянку зямлi. Калi ажанiўся i аддзялiўся ад бацькi – забудаваўся на арэндзе, усё ў лiк арэндных выплатак князю. Гэта быў стары моцны, як дуб, пражыў ён на свеце год, мусiць, з дзевяноста i рабiў усё да самых апошнiх дзён сваiх. Нават казалi, што гадзiн за дзве да смерцi з'еў яшчэ пару цвёрдых антонавак – гэтак сканаў у памяцi i без думак пра смерць; доктара пры iм не было нiколi, ад самых малых дзён i аж да сканання. Не любiў ён дакторскiх лекаў, зваў гэта прымхаю, панскаю выдумкаю, хоць паноў сам не цураўся. Не верачы ў дактароў, ён гаварыў, што чалавек павiнен як мае быць працаваць, колькi трэба выспацца, у меру, смачна з'есцi – i тады будзе здароў. Калi прыязджаў, бывала, у свае лясы князь, ён, разам з iншымi княжацкiмi дзедзiчамi i гэтакiмi, як сам, дробнымi арандатарамi, заўсёды з'яўляўся ў маёнтак – стаяў там з усiмi перад ганкам па гадзiны дзве без шапкi, пакуль выйдзе павiтацца з iмi князь. Тады цалаваў князю ў калена (у руку цалавалi толькi самыя буйныя дзедзiчы i маёнтаўскiя фундатары) i iшоў адразу дадому, нiколi не застаючыся пагаварыць з людзьмi.

Малады ваўчок – Лявон быў ужо дарослы хлопец тады, калi памёр бацька, але яшчэ ў салдаты не папаў праз гады свае. Незадоўга да смерцi бацька колькi раз гаварыў яму:

– Ты, сынку, глядзi, каб не папасцiся адно ў войска, а калi вайна зацягнецца, дык i пагатоў пра гэта думай, што ж, я ўжо век свой пражыў, можа, i не будзе мяне хутка на свеце, дык думай сам. Калi прыйдзе пара iсцi ў салдаты, дык напрамiлуй Бог старайся як-небудзь выкруцiцца. Можа, грошай трэба будзе паткнуць доктару цi якому iншаму гаду, дык што ж ты зробiш. Трэба дык трэба! Я сам не служыў, грашыма адкупiўся, i нябожчык дзед твой ад рэкрутаў захаваўся: некалькi год засаб стуляўся, часамi, расказваў, цэлы тыдзень пралежыць, бывала, у хляве пад гноем; дык не канечне i табе iсцi служыць лiха ведае за што чорту лысаму.

А калi вайна была з палякамi, Лявону прыйшла ўжо была пара iсцi ў войска, але так усё iшлося, што не лiшне ён i клопату ўжываў, каб не iсцi то адступленнi, то наступленнi, то прыхоўваўся крыху, так яно i сыходзiла. Толькi калi ўжо вайна канчалася, выйшаў быў загад такi, што ўсiм дэзертырам будзе даравана, калi ў тры днi самi з'явяцца. У Лявона, вядома, i ў думках не было з'яўляцца, ды, можа, i не чуў ён пра гэты загад, седзячы, як воўк, у сваёй лясной гушчырнi, але з блiзкiх залесных хутароў два хлапцы сабралiся ехаць i яго падгаварылi:

– Дурны ты, што ты выгадаеш, калi будзеш сядзець дома! Можа, неўзабаве, кажуць, замiрэнне будзе, дык доўга служыць не давядзецца, а так – усё роўна не падаруюць.

– А цi праўда, што цяпер нiчога не будзе?

Яму паказалi друкаваны загад. I хоць ён чытаць не ўмеў, але друкаванай паперцы паверыў i такiм чынам праслужыў у Чырвонай армii нешта з год. Расказвалi, што чырвонаармеец з яго выйшаў несамавiты. Страляў ён добра (разам з бацькам найлепшымi паляўнiчымi былi), але палiтграмата – дык гэта была для яго пакута. Чытаць яго таксама ледзьве-ледзьве навучылi, але ж калi ён пасля вярнуўся дадому, дык адразу i гэта забыўся.

У армii папаў ён у тую часць, якая кагадзе з фронту прыйшла. Стаялi раней у казармах, а пасля выйшлi з iх.

Сярод лясоў i поля Лявон Бушмар павесялеў, стаў вастрэйшым на слова, а то раней, у горадзе, у казармах быў надта ўжо панурым i маўклiвым. Часамi слова ад яго выцягнуць нельга было. Сярод гэткага збору людзей i гарадской таўкатнi ён адчуваў сябе, як мядзведзь за сталом у пакоях. Некалькi разоў за ўсю службу ён прасiў усё аднаго ж таварыша напiсаць да мацеры лiст:

– Напiшы ты, будзь ласкаў, лiст мне дадому, я табе аддзякую.

З гэтага "я табе аддзякую" заўсёды смяялiся ўсе яго таварышы i раз нават вывелi яго з цярплiвасцi.

– Якi тут можа быць смех! А што ж ён павiнен мне пiсаць, цi што? Або ты мне, або я табе – што рабiць? Усякi сам i для сябе толькi можа рабiць што i калi сам захоча.

– Ты зусiм, Бушмар, не калектыўны чалавек, – сказаў хтосьцi з таварышаў.

На гэта ён нiчога не адказаў, унурыўся i лёг на свой ложак, адвярнуўшыся ад усiх. Лiста ў той дзень ён пiсаць ужо не захацеў. Лiст напiсалi на другi дзень, калi той таварыш, што пiсаў заўсёды яму, сам падышоў да яго:

– Ну дык давай, Лявон, напiшам, цi што?

Лявон пачаў дыктаваць:

– Дзякуй Богу жыў, напiшы, здароў. Нудна па доме, i няхай не збывае жарабiцы i рабiць каго найме, пакуль я прыйду, каб не рашаць гаспадаркi...

Мацi раз прыслала была яму пасылку. Дык ён дастаў з пасылкi самы большы сыр i падышоў да таго таварыша, што заўсёды пiсаў яму:

– Вазьмi, будзь ласкаў, сыр. Ты заўсёды мяне слухаеш, калi я прашу цябе напiсаць дадому.

Таварыш пакрыўдзiўся:

– Так, па-таварыску, дык я вазьму, а калi гэта заплата, дык не хачу.

Лявон Бушмар, як бездапаможнае дзiця, аглянуўся навокал. Высокая постаць яго крыху прыгнулася ад нейкай як бы нецярплiвасцi, непаразуменне было ў вачах.

– Вазьмi, – яшчэ раз сказаў i працягнуў у руках сыр.

– Не вазьму. Давай усе гуртам яго з'ямо.

Ён не ведаў, што рабiць з сырам, схаваць яго назад цi пакiнуць на таварышавым ложку, але тут сам таварыш дапамог яму – забраў сыр, i тут жа ўсе гуртам з'елi яго. З таго часу Бушмар яшчэ большым ваўком зрабiўся, а яму яшчэ больш сталi надакучаць.

– Не калектыўны ты чалавек. Звераваты.

– Дзiкi i нялюдскi.

– Ты ж нiколi чалавеку, каб прыйшлося, не паможаш, калi ў таго не будзе чым адплацiць табе.

Бушмар раз у такi момант усхвацiўся i размахнуў сваiмi шырокiмi плячыма. У адну руку згроб нешта з траiх i шпурнуў на блiзкi ложак. Кароткая шыя яго густа пачырванела, ён моцна i шумна дыхнуў. Тады з iм ужо мала загаворвалi. Твар яго стаў жорсткiм, бровы часта ссоўвалiся.

Калi выйшлi з горада, дачыненнi мiж iм i таварышамi сталi лепшымi. Бушмар стаў сам загаворваць з усiмi, але не быў нiколi ў вялiкiм гурце любiў адзiноцтва i нават кватараваць застаўся ў сялянскай хаце адзiн, без таварышаў. Ён тут трохi здружыўся з гаспадаром хаты. Калi льга было ад службы, вельмi ахвотна iшоў у гумно малацiць i тады ажыўляўся:

– Чалавек без работы не можа доўга быць, хiба толькi спрадвечны лайдак або каторы змалку не прывык.

Тады ж нейк раз ён, разгаварыўшыся, прызнаўся гаспадару, што трохi каецца, што пайшоў служыць:

– Не ведаў, што гэтак доўга зацягнецца. Чорт ведае чым займайся тут. Хiба гэта работа!

Ён вельмi рваўся цяпер дадому.

II

На цiхiм небе стылi зоры. Вiльгаць iшла з лясоў i туманамi асядала на голую зямлю, перад свiтаннем маўчала поле; злазячы ў рэчку, бялелi на чорнай зямлi лапiны апошняга снегу.

Над самай рэчкаю, на ўзгоркаватым яе беразе, высока над змрочнымi паплавамi, узнiмалася няроўная сцяна лесу. Дарога ў лес iшла праз рэчку, цераз мост, з поля i паплавоў. На дарозе ў лесе было чорна i цiха. Таму пад нагамi ў чалавека звонка i мокра трашчала леташняе лiсце. Чалавек iшоў паволi, нёс за плячыма клунак. Часамi ён прыпыняўся, дзе дрэвы разыходзiлiся ад дарогi i над палянкай нiжэй звiсала зорнае неба. Чалавек як бы прыглядаўся цi прыслухоўваўся да чаго. Стаяў так хвiлiны са тры i зноў iшоў далей. Ступаў ён моцна, але хада яго была лёгкаю, хоць i ўтомленаю, так, як ходзiць чалавек па роднай зямлi. Дарога доўга iшла лесам, перакiдалася праз кавалкi поля, праз нiзкiя ядлаўцовыя лагчыны.

Ужо свiтаць пачало, як чалавек прыпынiўся каля густой няроўнай агароджы. Застукаў брамкаю i пхнуў яе каленам. Забрахаў сабака, заядла захроп, кiнуўся пад чалавека, заскроб кiпцямi па вiльготным крысе салдацкага шыняля.

– Галас, Галас, – загукаў чалавек.

Сабака адбегся i брахаў, пачаўшы павiльваць хвастом.

– Галас! Не пазнаў? Ах ты дурны!..

Сабака радасна завiшчаў, падбег, абняў гаспадара пярэднiмi лапамi, лiзнуў у твар. Чалавек усё стаяў, аж пакуль не прайшло сабачае захапленне. Тады ўзышоў на ганак, спусцiў з плеч клунак. У сенцах ужо стукалi хатнiя дзверы – сабака кагосьцi пабудзiў сваiм брэхам.

– Хто?

Голас з сянец чуваць быў малады, жаночы, прывабны, хрыплаваты ад сну. Чалавек на ганку ад гэтага голасу падняў галаву i падаўся крыху назад.

– Хто? – зноў запытала жанчына.

– Гаспадар.

– Якi гаспадар?

I, здагадаўшыся, загаласiла:

– А Божачка ж мой, Лявон!

Яна з грукатам адкiнула ад дзвярэй завалу, i Лявон Бушмар пачуў знаёмы пах сяней. У кухнi жанчына запалiла газоўку, i тут Бушмар ацапянеў, глянуўшы на жанчыну. Яна таксама не зусiм, мусiць, вольна пачувала сябе: стаяла ля печы маўклiва, спусцiла ўнiз рукi i не гаварыла больш нi слова. Твар яе густа ружавеў.

– Ты... тут?.. – запытаўся Бушмар.

– Служу... Як напiсаў тады адразу быў, каб хоць каго мацi ўзяла рабiць... Дык я нанялася...

– Нанялася?

Жанчына маўчала. Глыбокае непаразуменне прайшло па Бушмаравым твары.

– А мацi дзе?

– Мацi хворая... Не ўстае... Другi ўжо тыдзень.

Бушмар адчынiў дзверы ў чыстую хату. Жанчына запалiла лямпу. Мацi прачнулася, пачала ад радасцi плакаць, гаварыць i стагнаць.

Маладая жанчына колькi разоў выходзiла i ўваходзiла – пачыналася дзённая гаспадарская таўкатня. Бушмар не захацеў адпачываць, пасядзеў каля мацi, пераапрануўся ў сваю цывiльную адзежу i адразу пайшоў на сялiбу. Сабака весела гайсаў следам за iм. Бушмар агледзеў непапраўленую агароджу, непадгрэбеную салому, незачыненыя вароты на прыгуменне... Выцягнуў з студнi вады, паспрабаваў, цi добра ходзiць коварат.

Як i заўсёды, пануры быў выгляд яго, пахадзiўшы па двары, ён выйшаў за гумно. Там скiдаўся сялiбны ўзгорак глыбока ўнiз, у рэчку, пад стагоднiмi дубамi прэла леташняе iх лiсце. Малады ельнiк зубiў цёмную зелянiну за паплаўною лукою. З трох бакоў быў дубняк i ельнiк. З чацвёртага – горбiлася поле. Неба над светам было высокае, цiхае, веснавое.

Бушмар правёў рукою па твары, як бы знiмаючы з яго штосьцi чужое i непрыемнае. Вочы яго ператварылiся ў агнiстыя стрэлкi. Ён зняў шапку, расшпiлiў жакетку. Здавалася, што ён хоча гэта пазбавiцца ўсяго лiшняга, каб як мага глыбей чуць вялiкую музыку лясной адзiноты.

Бушмар стаяў. I от твар яго выцягнуўся, губы сцiснулiся. Ноздры раздзьмулiся i заварушылiся. Так звер чуе магутны пах лесу, зямлi, вады, вясны, адзiноты. Так жа звер чуе пах i цёплай крывi. Вочы прыжмурылiся, бровы пацягнулi за сабою ўнiз лоб.

Бушмар iшоў назад па прэлых лiсцях. Маладая жанчына, нанятая гаспадыня, упоперак перад iм перайшла двор. Бушмар спусцiў у зямлю вочы i жорстка запытаў:

– Як жа ты нанялася з хаты?

Жанчына адказала не адразу. I то як бы нехаця:

– Так здарылася.

– Як?

– Памёр мой.

Бушмар аж уздрыгануўся. Вочы яго ўскiнулiся на жанчыну. Яна чамусьцi ад гэтага зiрку пачырванела, апусцiла галаву, уздыхнула. Заспяшалася ў сенцы. Бушмар стаяў усё i не зводзiў вачэй з жанчыны, аж пакуль яна праз увесь двор iшла.

У той дзень Бушмар рабiў многа. Заходзячы ў хату, ён разоў два падыходзiў да матчынай пасцелi, стаяў па колькi хвiлiн i маўчаў. Старая жанчына была слабою зусiм.

Бушмар стараўся цяпер не заставацца падоўгу ў хаце. Дарваўшыся да работы, ён у той дзень зрабiў шмат i надвечар, прытомлены, распачаў ужо завiхацца каля агарожы.

Жанчына зноў папалася яму на вочы. Яна ўскiнула цяпер на яго вочы свае, i ў голасе яе цяжка было заўважыць што большае за гаспадарлiвую звычайную руплiвасць, за абыякавасць да гаспадара i чужой работы. Была нават недаверлiвасць i варожасць да чужога чалавека. Яна iначай ужо, як ранiцаю, гаварыла цяпер:

– Можа, памагчы насiць?

Ён змоўчаў, а праз хвiлiну сказаў:

– Рабi там, што ў хаце трэба.

I глянуў гэтак, як i той раз ёй услед, але тут жа ўнурыўся ў работу, а яна пайшла ад яго подбегам, можа, штучна спяшаючы. Завязаная назад рагамi хустка збiлася ў яе з галавы, кароткая кудзельная вопратка была абсыпана асцюкамi. Яна была ў хаце, аж пакуль не змеркла, а на змярканнi шукала па двары яго вачыма. Нiдзе нiкога не было, яна вярнулася ў хату i пагаварыла з хвораю:

– Лявона няма нiдзе поблiзу, можа, куды адышоўся, а тут мне позна будзе iсцi адной, яго чакаўшы. Я ўсё ўправiла, дык я так пайду. Чуць дзень буду зноў.

– Добра, – адазвалася старая.

Жанчына рушыла з хаты. Мiнула сялiбны лясок, перайшла па кладцы рэчку; адышлася ўжо трохi ад сялiбы. I там убачыла Бушмара. Ён стаяў над загiнiстым берагам каламутнай рэчачкi i кудысьцi глядзеў.

Яна на момант прыпынiлася, трохi жахнулася ад нечаканасцi. Ён пачуў яе крокi i азiрнуўся. Бровы яго былi ссунуты – гэта яна добра заўважыла.

– Амiля? – неспадзеўкi сказаў ён першы раз за гэты дзень яе iмя, таксама ўздрыгануўшыся ад раптоўнага яе з'яўлення.

– Я iду дадому на сёння, даўно не была, заўтра на свiтаннi прыйду. Тут усё ў парадку.

– Iдзi, – адказаў ён адразу.

Яна заспяшалася. Ён доўга яшчэ стаяў, аж пакуль змрок не агарнуў усяго. Тады паволi пайшоў назад. Так ён сярод цiшынi спаткаў першы вечар у роднай сялiбе.

"Ёй не хочацца быць тут са мною, – думаў Бушмар уночы, – пайшла, уцякла. Баiцца".

Ён усмiхнуўся жорстка i цiха, як бы дамогшыся таго, чаго доўга дамагаўся.

– Гэта вы самi, мамуня, падгаварылi яе застацца да нас? – падышоў ён, устаючы на свiтаннi, да старой.

– Каго? – не зразумела адразу мацi.

– Амiлю?

Стогнучы i вохкаючы, мацi гаварыла:

– Яна толькi як дачулася, што наняць нам каго трэба, дык сама прыйшла прасiцца. Дзе ж яна тут ноймецца iначай, няма тут лiшне дзе i да каго, а так ёй жыць – хто яго ведае як i з чаго. У хаце – галота.

– Шпарка ж яна аўдавела, – панура сказаў Бушмар.

III

За колькi год перад гэтым на тым самым месцы, дзе стаяў на змроку Бушмар, калi напаткала там яго Амiля, адбылося адно не зусiм звычайнае здарэнне, польскiя салдаты стаялi тады густа па ўсiх суседнiх вёсках. Бушмар жыў у сваiм звычайным жывым спакоi. Раз у два тыднi выязджаў у пастарунак на стойку з фурманкаю, а больш, як i заўсёды, мала дзе яго хто бачыў. Вечарамi ж ён падыходзiў праз свой лес да вёскi. Там ужо чакала яго Амiля. Часта яна выходзiла яму на спатканне, тады ён вёў яе да лесу. Там садзiлiся блiзка адно пры адным на паваленай ялiне. Лес цiха гуў, страсаючы з сябе сухiя iголкi i снег. Снег быў i пад нагамi ў iх – абледзянелы, гладкi i ўлежаны. Яна мерзла на халодным дрэве, ён браў яе на свае каленi, яна згiналася ў яго руках, рабiлася маленькаю перад iм, бездапаможнаю. Часта ён дзеля жартаў пераносiў яе праз усю паляну да дарогi, адкуль яна бегла дадому, а ён стаяў пад ельнiкаваю сцяною i пiльнаваў яе ўзрокам сваiм. Замарожаная цiшыня скоўвала поле, а гул лесу быў спакайнейшым за ўсялякую цiшыню. Яна знiкала з вачэй яго недзе ў цёмным мiргаценнi сцен i стрэх, а ён усё стаяў. Высокая постаць яго цямнелася наводшыбе за колькi крокаў ад лесу. Ён пасля паволi падаваўся ў свой бок, нiколi не познячыся ў сваю мярлогу. Дзень назаўтра праходзiў нi доўга нi коратка – iшоў, як iшоў у рабоце, а вечарам Бушмар зноў iшоў праз лес.

У той памятны для некаторых вечар Амiля была такая, як i кожны раз маленькая, блiзкая. Яна нават больш, як заўсёды, праседзела ў яго на каленях, але ўжо, калi ён памкнуўся давесцi яе да самага дому, яна сказала скрозь прынадны смех:

– Я адна перабягу, а ты iдзi.

Звярыная трывога ўкалола яго. Ён, як з помстаю, да болi сцiснуў яе пальцы; яна аж закрычала цiха. Ён сцiснуў руку ёй яшчэ мацней.

– Бяжы, – як бура, дыхнуў ён.

I сам пайшоў, але злосная трывога не пакiдала яго. Як на тое ўсё роўна iшлося. З паўдарогi ён вярнуўся ў вулiцу i прыпынiўся каля знаёмай хаты. Праз акно ён убачыў, як Амiля стаяла ля стала i моцна смяялася. У хаце чулася мужчынская польская мова. Нешта яго цюкнула. Ён падбег да акна з двара i ўбачыў з другога боку стала паляка з афiцэрскiмi нашыўкамi на зялёным салдацкiм сурдуце. Бушмаравы вочы ў той жа момант зажмурылiся, губы сцiснулiся.

Па вулiцы хадзiла колькi жаўнераў. З сваiмi польскiмi няспрытнымi жартамi яны зазiралi ў вокны, дзе былi дзяўчаты. Бушмар пайшоў на прыгуменне i сеў на бярвеннях. Быў ён тут нядоўга. Забразгалi дзверы, i дзве постацi пайшлi паволi на вулiцу. Бушмар краўся следам. Ён чуў, як паляк дробна сыпаў кавалерскiмi жартамi, а Амiля, як шамкамi, звiнела вясёлым смехам i пробавала адказваць нешта, падрабляючыся пад польскую мову:

– Цепер позна...

– Панна мувi "цепер" – хо-хо!

Паляк сам рагатаў i ўсё трымаў за руку Амiлю. Бушмар следам за iмi выйшаў за апошнюю хату. У галаве яго стукала кроў, ён трымаў у зубах губу i краўся ззаду. Стараўся даслухаць гаворкi. Тут яму зноў прыйшлося прыпынiцца i стаць пад дрэвам, паляк доўга трымаў Амiлю, пасля павёў назад у вулiцу. Яна ўсё смяялася, весела i гуллiва. Бушмар iрваўся падбегчы да iх. Нарэшце яна зноў пайшла з iм з вулiцы. Так Бушмар прастаяў доўга. I што больш за ўсё страсянула яго, гэта Амiлiн смех, такi бесклапотны, шчыры, вясёлы. I гэтакi ж знаёмы яму.

Бушмар цярпеў i дачакаўся канца. Было з палавiна ночы, калi ён убачыў паляка аднаго. Той iшоў дарогаю, мiнаючы ўбаку лес. Бушмар паўз лес абабег кругам i пайшоў насустрач.

– Хто? – гукнуў паручнiк.

– Чалавек! – гукнуў у адказ Бушмар, падняў угару рукi i стаў так на дарозе.

Паручнiк падышоў, трымаючыся за рэвальвер.

– Сконт?!

Бушмар як стаяў, кiнуўся наперад i грунуў кулакамi паручнiку ў грудзi. Той адно звiўся Бушмару пад ногi i духу не ўказаў.

Можа б, i не лiшне ўзялi б на падазронасць Бушмара, каб ён праз дзён два недзе не знiк з дому. Назаўтра пасля забойства паручнiка знайшлi пасярод дарогi, i следства пачало трэсцi кожную хату. Былi i ў Бушмара, але нiчога не даводзiла яго вiнаватасцi, хiба толькi што сляды на снезе зварочвалi з дарогi на яго хутар. Але ж слядоў было шмат, i цi мала куды i чаго ходзяць людзi напрамiк, каб карацей было? Аднак жа ён доўга не сядзеў дома. Калi на трэцi дзень з'явiлiся, каб забраць яго, у хаце знайшлi адну мацi. Яна енчыла i стагнала, што Лявон паехаў да стрэчнага брата i вернецца дзён праз чатыры, бо брат жыве далёка, вёрст за трыццаць, "таксама на арэндзе ў найяснейшага князя". Яе перацягнулi колькi раз нагайкаю i дапыталiся, дзе жыве той Лявонаў брат. Арыштаваная Амiля расказала ўсё, як гадзiн за тры да развiтання з польскiм афiцэрам яна бачылася з Бушмарам, а пасля "бавiлася ў хаце i на вулiцы з панам паручнiкам". Праз месяцаў два яе выпусцiлi, а Бушмара i ў брата не знайшлi – счуўшы бяду, ён там застаўся прыхоўвацца.

Так справа дацягнулася да польскага адыходу, тады ён i вярнуўся. На адыходзе палякi хутар яго паскублi, дый так мацi пачала рашаць гаспадарку, бо не было сiлы ўпраўляцца адной.

Нiкому Бушмар нi ў чым не прызнаўся, нават самой Амiлi, якая пасля прыйшла была сама да яго бледная i трывожная. За ласкавы i нявольнiцкi зiрк яе вачэй ён тады ж адвярнуўся ад яе.

– Не я забiў, – адказаў ён i мацеры.

I мацi з таго была ўпэўнена, што сын яе не вiнаваты. Час прайшоў, i пра цёмнае здарэнне толькi калi-нiкалi ўспамiналi людзi. На Бушмара ж, можна сказаць, нiхто i не думаў цяпер.

Другi раз Амiля прыйшла была да яго ўжо нейк пад восень. Незвычайная для яе, нездаровая смеласць была ў вачах яе. Узбуджанасць прыкметна была ў ёй надзвычайная.

– Я прыйшла запытацца ў цябе, Лявон.

– Пытай.

Ён чуць-чуць паказаў зубы ад штучнага смеху.

– Цi iсцi мне замуж? Да мяне адзiн сватаецца.

– Калi добры чалавек трапляецца, дык iдзi.

У яе была трохi надзея на нейкi iншы адказ яго, пасля ж гэтага яна прыкусiла губы i пайшла шпарка. Ён упэўнiў сябе, што добра зрабiў, напусцiў на сябе весялосць, выбраўся на пару дзён да таго самага стрэчнага брата. Цяпер ён увесь аддаўся аднаўленню сваёй паскубленай гаспадарскай мярлогi.

Амiля ж, можа, i на злосць Бушмару, паслухала яго рады. Чалавек знайшоўся не кепскi. Яна пайшла замуж праз месяцаў чатыры пасля апошняга свайго прыходу да Бушмара. Ад гэтага замуства яна нарадзiла сына.

IV

Бушмарава мацi яшчэ больш аслабела. Сярод ночы ён вымасцiў сядзенне ў возе i паехаў па брата. У полi як мае быць асталёўвалася вясна. Раннiя гаспадары пачыналi скародзiць.

Апаўночы было ў полi цёмна i холадна-парна. Бушмар выбiраўся з лагчын паволi. Паўз дарогу бялелi каморнiцкiя тычкi i межавыя слупы – яшчэ без самога гаспадара Бушмара вёска адцiснула яго да самага лесу i ўрэзалася ў яго паплавы.

Ужо ў наступныя днi пасля прыходу свайго ён спробаваў не паддавацца, але гаварыў ён толькi з самiмi суседзьмi – мець дачыненне да начальства, хоць i да самага малога, было для яго горш усялякай пакуты. Ён тады пачынаў заiкацца ад жадання выказаць усё як ёсць разам. Блытаў словы, нарэшце змаўкаў i пачынаў спачатку.

– Чаму гэта залезлi сюды? – сыпаў ён злоснаю гаворкаю i паказваў рукой на лес.

– А як жа? На тое абрэзка, – адказалi яму.

– Чаму гэта? – зноў перапытваў ён.

Маўчалi.

– Чаму гэта? Што, у мяне лiшняе ёсць, цi што? Можа, вы i на той бок лесу палезеце?

– Можа, i палезем.

– Хто арэнду плацiў, а хто палезе! Чаму гэта?

З братам яны прыехалi ў наступную ноч. Зноў бялелi каля дарогi межавыя слупы i тычкi.

– О, – паказаў рукой Бушмар.

– Але, – адказаў брат.

Больш яны нiчога пра гэта не гаварылi i ўехалi ў лес моўчкi.

Брат быў вельмi падобным да Лявона, але ростам быў яму, высокаму, па плячо ўсяго. Бушмар падстрыгаў вусы, а гэты падкручваў iх стрэлкамi ў бакi. Гаварылi яны адзiн з адным мала i без слоў вельмi добра разумелi адзiн аднаго.

Назаўтра зусiм парушыўся звычайны ход жыцця ў Бушмаравай сялiбе. Папаўднi Бушмару давялося iсцi ў вёску прасiць людской дапамогi. Сёй-той потым прыйшоў з вёскi. Прыйшоў стары Вiнцэнты, што ўмеў на памяць усялякую касцельную адправу. Труну рабiлi самi Бушмары, а Вiнцэнты малiўся з кантычак – пераспяваў колькi разоў "анёл панскi" i "Здровась Марыя", пасля труну ўдвух Бушмары завезлi ў мястэчка пад касцёл. Вярнулiся позна, а назаўтра сышлiся ўсе ў Бушмаравай чыстай хаце на жалобны абед. Вiнцэнты прыйшоў з жонкаю, за гаспадыню была Амiля. Бушмар дастаў людзям выпiць, перад абедам Вiнцэнты зрабiў жалобную адправу – заспяваў зноў "анёл панскi", усе падцягалi. Нават сам Бушмар падаваў свой, як з-пад зямлi, голас.

Спачатку быў цiхi настрой. Бушмараў брат, расчулены i ўзлагоджаны, успомнiў свайго хлапчука:

– Бывала, адна ўцеха была, прыедзеш дадому, распрагаеш каня, а ён пад нагамi трэцца, памагаць лезе. Часамi i крыкнеш на яго, i ўшчунеш, калi пасваволiць, але як памёр, дык сам палез бы лёг на яго месца, абы падняць яго.

На твары яго засвяцiлася чуласць. Жанкi заплакалi, уцёр слёзы i сам Бушмараў брат. Так прайшоў абед, а як выйшлi на ганак, каб разысцiся, той жа самы Бушмараў брат не сцярпеў:

– У мяне адрэзалi палавiну ўсяе зямлi, але я хоць толькi што на арэнду быў сеў, але ён!

Ён ткнуў пальцам на брата:

– О! Спрадвеку арэнду плацiў.

– Нiчога не зробiш, – сам жа адказаў брат.

– Чаму гэта не зробiш! – зароў Бушмар.

– Можа, што i зробiш, – хiтра сказаў Вiнцэнты.

V

Меркла ў лясах. Гусцiлася цёплае неба, адвячорак цадзiў паплаўныя туманы.

Рэчка ўлiлася ўжо ў свае берагi, цякла цiха-цiха. Магутнасць вясны жыла ў лясах i ў полi.

Бушмарава постаць чарнелася над рэчкаю.

Ён зноў быў адзiн. Брат паехаў дзён праз тры пасля матчынага пахавання. Бушмар жа яшчэ некалькi дзён, як выбiты з свае каляiны, не задумваўся нi над чым. Амiля каля яго чула сябе нiякава, кожны адвячорак пакiдала ў сялiбе яго аднаго, начаваць хадзiла ў вёску. Можа, таму, што ад Бушмара слова цяпер больш як калi цяжка было выцягнуць.

– Я пакiну служыць тут зараз, – сказала была раз Амiля.

Ён не пачуў цi так нiчога не адказаў.

На змроку высокая постаць узвышалася над рэкаваю лукою. Чалавек маўчаў, як i ўсё, што было навокал яго. Доўга стаяла высокая постаць. Змрок пагусцеў, неба яшчэ не запалiла зораў.

Чалавек азiрнуўся i пайшоў паволi назад. Храсткi яго носа варушылiся, бровы з'ехалi нiзка i зраслiся.

Маленькая жанчына iшла па траве. У руках яна несла чаравiкi, ад работы ружавеў твар. Яна iшла подбегам ад гумна. Вольнай рукою папраўляла валасы i глядзела кудысьцi паверх усяго. Яна напаткалася высокаму чалавеку. На адзiн момант вочы iх спаткалiся, але чалавек адвярнуўся i пайшоў на высокi ганак. Жаночая постаць прыгнулася ад таго ўзроку мужчыны, больш заспяшалася. От яна сядзiць на ганку i абуваецца. Марудзiць, абцiрае ногi аб мокрую траву, цiха навокал, нiкога нiдзе няма. Жанчына ўстала, яна ўжо гатова была iсцi.

– Дык я пайшла ўжо, заўтра на свiтаннi прыйду, – моцна гаворыць яна тое, што i кожны дзень у гэтую самую пору.

Але чамусьцi яшчэ марудзiць. Яшчэ нагнулася паправiць у чаравiку шнурок, шнурок нешта завязваецца доўга, раптам iрвецца, i яго трэба звязаць. Iдзе жанчына паволi, унурыўшы галаву, трымаецца роўна, як бы чуючы ўсё яшчэ на сабе той момантны зiрк.

Яна iдзе паўз разваленую пуню; пахне з яе прэлая салома i веснавая цвiль. Тут жанчына пайшла шпарчэй, але чалавек выбягае на ганак i моцна заве сабаку:

– Галас, Галас!

Жанчына бачыць здалёк, як цераз двор iмчыцца да гаспадара сабака, як сам гаспадар сыходзiць з ганка. Яна прыпыняецца i глядзiць: а можа, там здарылася што, яна ж тут усю гаспадынiну работу адна парабляе, можа, чаго i не дагледзела.

Чалавек жа адагнаў ужо ад сябе сабаку i iдзе цераз двор. От пайшоў ён шпарка. Яна вельмi павольна паварочваецца да дарогi i iдзе сабе: яна ж ужо развiталася – сказала, што пайшла.

За брамаю гарачая хада магутных ног дагнала яе. Яна не азiрнулася, але чула на сабе чужую буру. Тады з востраю, непераможнаю, пакутнаю i страшнаю радасцю пайшла шпарчэй, штосьцi бяздумна ўгадаўшы ў гэтым. I тады ж пачула, як схапiла яе тая чужая бура. Бушмаравы рукi ўзнялi яе высока, пад звярыным дыхам яго валасы з-пад хусткi казытнулi твар. Слабасць i раптоўны ўздым страсянулi яе. Разам з тым ласкавая хiтрасць прайшла па твары яе.

– Я чуць не вярнулася, думала, што здарылася, – шапнула яна i змоўкла зусiм.

Бушмар цераз увесь двор бегам нёс яе назад на руках.

Праз паўгадзiны яна нехаця выйшла на ганак. У расчыненых дзвярах неўзабаве з'явiўся за ёю Бушмар. Яна сышла з ганка, вельмi паволi зноў моўчкi пайшла да брата цi толькi зрабiла выгляд, што iдзе. Бушмар збег з ганка за ёю. I з трох крокаў зноў схапiў яе на рукi. Хiтрая жаночая ўсмешка лягла на твар яе. Яна ўзмахнула рукамi, вызвалiўшы iх з-пад Бушмаравых, узняла ўгору галаву i ахапiла яго за шыю. Бушмар панёс яе зноў у хату.

VI

Вiславухi, белавусы, стары Вiнцэнты стаяў за лесам на дарозе. Амiлiн брат падыходзiў да яго ўпоперак цераз раллю. Твар Вiнцэнтага тоненька ружавеў на ветры, нядаўна зголены, гладзенькi. Амiлiн брат ледзьве цягнуў ногi па цяжкай, скiбаватай раллi.

– Адпоўз Бушмар за лес, – сказаў Амiлiн брат.

– Напалi на чалавека, – адказаў Вiнцэнты.

– Будзе з яго аднаго.

– Можа, будзе, а можа, i не. З таго боку лесу тамашнiя яшчэ падбiраюцца. Так, мусiць, i адхвацяць усю гору.

Вiнцэнты задумённа плюнуў, абцёр рукавом вусы. Твар яго на ветры заружавеў i пагладзеў больш. Здаваўся мокрым. Цераз поле, з кустоў, iшлi людзi. Амiлiн брат уваткнуў ля дарогi тычку, мiгнуў Вiнцэнтаму. Той пайшоў далей ад дарогi, набраўшы з зямлi пад паху гатовых тычак. Мужчыны прыпынiлiся ля дарогi.

З лесу, з-пад Бушмаравай сялiбы, выйшла Амiля. Яна iшла шпарка, заклапочана. Брат памкнуўся быў пайсцi ёй насустрач, але пад цiкаўнымi i хiтрымi позiркамi мужчын застаўся.

Амiля падышла да яго адразу.

– Чаму Бушмар сам не прыйшоў? – запыталася колькi галасоў разам.

Амiля адказала аднаму толькi брату:

– Не прыйдзе... Мяне прыслаў... што тут хаця робiцца?..

Яна спусцiла рукi i стаяла з сухой заклапочанасцю. Глядзела на ўсю работу.

– Што гэта за чалавек, чаму ён вачэй не пакажа: а пасля смяртэльнай крыўды не абярэшся, – загаманiлi некаторыя мужчыны.

– Каб тут каморнiка не было, можа б, i прыйшоў, – засмяяўся Амiлiн брат. – Што, невядома, як яму цяжка з начальствам гаварыць?

Амiля бездапаможна глянула на брата. Той падступiў да яе блiжэй.

Мужчыны заварушылiся па полi.

– Думаеш кiдаць служыць? – запытаў брат цiха, адводзячы сястру ўбок.

Амiля пацiснула плечуком i апусцiла вочы. Скрытнасць цяпер удалася ёй.

– Кiдай! Што гэта не ўгаварыць цябе нiяк! I тады вырвалася з хаты лiха ведае чаго, як бы не можа памеркавацца разам. Гэта ж не вечна будзе цяснота ў хаце, зараз што-небудзь зробiм. Кiдай, годзе табе лiпець за наймiчку. Чаму ты паслухаць мяне не хочаш? Чаго ты баiшся, што ў хаце цесна i хлеба можа не хапiць? Не прападзем! Будзем разам рабiць, разам жыць... Гэтак табе трэба было i адразу iсцi за наймiчку! Што ж не паслухала! Кiдай!.. Чаму ты босая прыйшла, халодны дзень гэтакi? Ранiцою мароз быў.

Яна аглядзела яшчэ раз падлеснае поле i пайшла назад.

Брат паглядзеў ёй услед, нахмурыўся.

– Можа, яна крыўдзiцца чаго, – з'явiўся раптам з боку Вiнцэнты.

Амiлiн брат не захацеў з iм гаварыць. Вiнцэнты, як знячэўку дзе абмочаны на холадзе, заклапацiўся вельмi каля тычак.

VII

За лесам насядала на сялiбу вясковае поле, арудаваў там Андрэй – Амiлiн брат, працiўны Бушмару чалавек. Бушмар i нiколi не меў з iм сталай гаворкi (хiба, бывала, трэба было пагаварыць крыху, увайшоўшы ў хату да Амiлi), а цяпер i пагатоў. Ён з-за лесу чуў праз Амiлю, што Андрэй сiберна заеўся на Вiнцэнтага за ўсялякiя там справы, што Вiнцэнты нагаворваў супроць Андрэя людзей, што ў самога Вiнцэнтага ў хаце нелады нейкiя... Амiля кожны дзень пад вечар даведвалася да свайго дзiцяцi, доўга не бавiлася там, у Андрэя, цяпер ужо заўсёды варочалася нанач. Яна ўсё была такою ж самаю цiхаю, прывабна, па-жаноцку пакорлiваю. Вечарам, прыбегшы ад брата, яна знаходзiла Бушмара ў хаце, зазiрала яму ў вочы. Ён цягнуў яе да сябе.

Вясна тады ўбiралася ў сiлу. На полi, на палянах i лесавых выцерабах зазяленьвала ярына.

Навокал Бушмаравай сялiбы з'явiлася новая агарожа. За лесам, тут жа пад бокам у Бушмара, забялелi слупы на другую iншую агарожу. Дарога з лесу, што з Бушмаравай сялiбы падалася ўбок, закруцiлася пад самую рэчку – новы перароблены вясковы палетак адапхнуў яе.

Амiля з Бушмарам часамi, у нядзелю, калi быў час, выходзiла сюды за лес. Яна-то, праўда, iшла не разам з iм, а ззаду, як бы назiркам. Ён выходзiў з хаты адзiн, ён нiкуды не клiкаў яе з сабою, калi iшоў куды так, без работы, але яна даганяла яго, убачыўшы за брамаю. Сыходзiлася з iм ужо ў лесе. Тады гаварыла:

– Можа, мы сёння ўдваiх да Андрэя пойдзем?

Ёй хацелася, каб гэта было, i баялася яна зводзiць iх.

Ён сцiскаў губы, хмурыўся, адказваў не адразу, а ўжо калi яна начакаецца гэтага адказу:

– Ты ж кожны вечар бываеш там.

Яна так ужо i ведае, што ён гэта скажа, але яшчэ не паддаецца:

– Мала што я адна хаджу. Каб з табою калi ўдваiх пайсцi, мне гэтак хочацца... Лявонка...

Яна ведае, што на гэта ён ужо нiчога не скажа. Толькi як бы дзеля таго, каб разглядзець што па дарозе цi ў полi, адвернецца ён i колькi хвiлiн не змiгне з аднаго месца, а там i Андрэеву хату вiдаць на ўзгорку, другая з краю. Разбiты маланкаю клён гнецца пад растрэсенаю страхою, развалены комiн накрыты вялiкаю бляшанаю мiскаю без дна. Там Андрэй, можа, дзе ў нядзелю курыць да вулiцы на бярвеннях з мужчынамi i, можа, зноў нагаворвае людзей на Бушмара.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю