Текст книги "Лявон Бушмар"
Автор книги: Кузьма Чорный
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 6 страниц)
Тая навала, якую прарочыў Вiнцэнты, упарта насядала на Бушмара. Чым больш наблiжалася восень, тым шырэй iшлi гаворкi пра гэта i ўсё больш адбiралi ў Бушмара гаспадарскi спакой.
Лета тады было гарачае, сухое. Гэтакага лета нiколi не ведала Амiля. Штосьцi чорнае, страшнае стаяла перад ёю. Гэта было няведанне страшнага далейшага, роспач, якi к канцу лета стаў з'яўляцца кожны дзень на доўгiя хвiлiны разам з пакутнымi думкамi. Бушмар быў бязлiтасным. Яна ўжо не пытала больш, завошта ён знявiдзеў яе. Гэтага не трэба было пытаць. На гэта ён не сказаў бы нiчога. Ён сам, можа, жахнуўся б, каб мог уразумець, што гэта ж ён сапраўды страшна знявiдзеў яе. Непатрэбнасць тут Амiлi панавала ў яго над усiм. Яна была звязана праз Андрэя з той навалаю, што iшла разам з восенню.
За лета Амiля напакутавалася ў полi. Бушмар прынаймаў на поле людзей; яму было ўжо страшна, што Амiля тут сярод iх за гаспадыню. Людзi не ведалi гэтага, нiхто нi пра што не думаў, але Бушмару здавалася ўсё пра людскiя думкi. Ён стаў ужо думаць пра свае справы. Раней думак было ў яго мала, думаць ён не прывык.
Лета канчалася сухiмi днямi, Амiля не прыкмячала больш росных ранiц, цiхiх адвячоркаў. Усё стала няважным, другарадным. Цяпер сапраўды яна ўсё больш рабiлася ў Бушмаравай хаце наймiчкай.
Гаварыць з Бушмарам яна пакiдала, а Бушмар i пагатоў маўчаў.
ХIV
Бушмар бачыў, як Амiля далей усё адыходзiла ад яго. Нейк гэта раптам заўважыў ён, у адзiн сонечны дзень. Усё нагадвала тады блiзкую восень. Сям-там жаўцеў лiсток на дрэве, вялiкая была ўжо атава на паплавах. Ён не здагадваўся, не чуў, што Амiлi цяжка з iм. Ён не мог гэтага ведаць з самой натуры сваёй. Сам жа ён несвядома адчуў дзiкую радасць з усяго гэтага. Можа, i яшчэ ён калi будзе блiзкi да яе, але ўжо быў тут канец. Ён штосьцi мармытнуў раз быў ёй, але яна не адказала наўмысля цi не заўважыла. I гэта аж страсянула яго. Ён выйшаў на двор i агледзеў шпаркiм зiркам навокал усё зялёную рунь зямлi, лес, неба... i пайшоў так, як ёсць, без вопраткi, без шапкi за браму. Ён сеў на каня, каб завесцi яго на атаву, а выехаў за лес i прыпынiўся там. Ён доўга сядзеў так на сваiм хутарскiм дэрашу, трапаў яму грыву i стаў, як дзiцё, – радасны, без думак аб прычынах. Ён чуў, як вецер iдзе над лесам, трашчыць i гудзе ў верхавiнах спрадвечных дрэў, падае на зямлю i вялiкаю свежасцю абдымае ўсё. Ён убачыў над лесам буйнага коршака i не зводзiў з яго вачэй. Ён, здавалася яму самому, чуў нават пах пер'я гэтай птушкi, i от ужо – раздзьмулiся яго ноздры, вочы сталi шпаркiмi iскрамi. Ён пусцiў каня i сеў на зямлю. На траве, на хвойных шыпулях сядзеў ён доўга, так як бы тут было яго ўсё.
Перад гэтым жа, у той самы дзень Амiля перажыла пакутную гаворку з братам. Ён ужо сам збiраўся iсцi да яе, бо сам ужо ведаў.
– Я за iм замужам.
Гэта яна адказала брату.
– А як, зусiм цi так сабе?
Ён гэта сказаў, бо бачыў, што яна сама зараз пра гэта будзе гаварыць. I ён пастараўся памагчы ёй лягчэй пачаць гэтую гаворку. Адказ яе быў гэтакi: яна страсянулася ўся, i скрозь штучную цвёрдасць прарваўся плач.
– М-гу.
Ён толькi i выказаў гэта.
Пасля яшчэ:
– Гэта я сам вiнават, што пусцiў цябе. Трэба было тады мне сiлком цябе не пусцiць служыць...
– Сама я...
– Трэба рабiць зараз жа канец, усяму.
– Чаму канец?
– Уцякай адтуль i падавай у суд.
– Ён мяне адтуль не гонiць.
Тады брат аж зазлаваў, доўга хваляваўся i гаварыў.
Так прайшоў той дзень. Яна пад вечар адна была дома, а Бушмара ўсё не было. Ён не прыходзiў доўга, ён сядзеў там усё, каля свайго каня. Вечар пачаў агортваць яго, а ён як бы i не думаў рушыць адсюль. Ён як бы першы раз цяпер на жыццi сваiм адчуў моц водыру лясной зямлi, вялiкую цiшыню гэтай адзiноты тут, гарачую iмклiвасць конскiх вачэй каля яго, пераможныя гукi вялiкай птушкi над лесам.
Амiля нi за што не бралася дома, адвячорак спаткаў яе ў полi, з другога боку ад сялiбнай брамы, там, дзе за агароджаю пачыналася ржышча на лясным выцерабе. "Цi не паручнiкаў гэта?" – тачыла яе сэрца крыўднае Бушмарава слова, якое яна чула ад яго нават гэтымi днямi, калi прынесла была сюды на кароткi час свайго малога.
Ля ног яе ляжала пустое ржышча. Над полем, над ёю, над усiм вакольным чула яна – гуў лес. Яна сядзела на зямлi, маленькая, змучаная, без ранейшых жывых колераў уваччу.
Быў вецер, было чыстае неба i адзiноцтва. Шумеў лес, i маўчала поле.
Раздзел другi
I
Вiнцэнты нiколi не ўспамiнаў ужо сваiх дзяцей ад першай жонкi – яны даўно рассыпалiся па свеце, ад другой жонкi былi два сыны. Праз колькi ўжо год яны сварылiся – нiяк не маглi выжыць разам, але гаспадарка была гэтакая, што дзялiцца было нельга. Жывучы пры iх, Вiнцэнты трымаў руку то аднаго, то другога, як калi, а ўсiм гаварыў, што ўмешвацца яму ў спрэчку дзяцей няма ўжо лiшне чаго – ён iх пагадаваў, а цяпер яны павiнны яго дагледзець, i больш ён нiчога да iх не мае.
Багатым лiшне Вiнцэнты нiколi не быў, але ганарыстым быў заўсёды. З Бушмаравага бацькi смяяўся, бывала, што той хоць i заможны, але страцiў з выгляду ўсю сваю шляхетнасць, забыўся, мусiць, на сваю радавiтасць i не знаўся з выдатнымi арандатарамi i панамi. Сам жа Вiнцэнты з панамi знаўся гэтак: чакаў, бывала, у нядзелю ля касцёла пры панскiх фаэтонах, пакуль не выйдзе з касцёла знаёмы пан. Панскiя фурманы пакеплiвалi з яго, а ён зняважлiва, моўчкi адно паглядаў на iх з вышынi свайго шляхетнага гонару. Як выходзiў да фаэтона знаёмы пан, Вiнцэнты далiкатна вiтаўся, пакуль лёкай зашпiльваў на пану дарожны пыльнiк, Вiнцэнты падтрымлiваў панаў локаць i пасля падсаджваў пана ў фаэтон. За гэта пан пры спатканнi нiколi не адмаўляўся адказаць на прывiтанне Вiнцэнтага, а калi Вiнцэнты раз у год з'яўляўся ў маёнтак да панскiх пакояў, пакаёўка выносiла яму што-небудзь з старых панскiх убораў – нагавiцы, сурдут або камiзэльку. Гэтакiя дачыненнi былi ў яго, можна сказаць, з усiмi вакольнымi панамi i нават некаторымi падпанкамi. З гэтай прычыны iншы пан ля касцёла яшчэ здалёк пазнаваў яго па сваiх, напрыклад, нагавiцах, другi па сурдуце, а па камiзэльцы – якi-небудзь маянтковы радзiвiлаўскi фундатар.
Як на паноў прыйшоў звод, Вiнцэнты пачаў прарокаваць, што "гэта так не будзе хамам даравана", але пасля, як сыны яго панацягвалi з панскага лесу дрэва, ён стаў цiшэйшым. Моўчкi ўжо ўбiраўся святочнымi днямi ў панскiя неданоскi.
З суседзьмi ён ладзiў, але дружбы нi з кiм не меў. Каго i ненавiдзеў, дык i з тым гаварыў заўсёды лагодна. Так ён гаварыў i з Амiлiным братам Андрэем. Андрэя называў ён гадам, шмат было прычын дзеля таго, каб быць яму "гадам". Зусiм сцураўся ён усялякай веры ў Бога. Ён першы павёў вёску на панскую зямлю i шляхечыя хутары, тлумачачы ўсiм, што савецкая ўлада нiколi не лопне. I хоць сыны Вiнцэнтага таксама раскашней атайбавалiся на зямлi цяпер, але Вiнцэнты ведае, што "не аб адным толькi хлебе жыў будзе чалавек".
Быў час, калi Вiнцэнты гатоў быў з кожным Андрэевым словам згаджацца. Гэта ў той год, калi сыны яго панабiралi зямлi i лесу. Андрэй рабiў "выгадную справу", i каб на гэтым справа гэтая спынiлася, лепшага нiчога i не трзба было б. Цяпер паны ўжо могуць i не варочацца, можна, калi на тое пайшлося, i без iх пражываць на свеце, абы толькi ўсё як мае быць усталявалася; абы паўрасталi як мае быць новыя межы. Вiнцэнтаму вялiкай работы не было, дык ён так у сваю ахвоту папрацаваў тут, паглядзеў – мяжу хлопцы зрабiлi шырокую, нават яна ўжо дзiрваном пачала ўростаць. I Вiнцэнты панасаджваў скрозь на ёй грушак-дзiчак: "Няхай урастаюць – i мяжа будзе вечна трымацца аднаго месца, i ў спёку адпачыць добра на сваiм полi, пад сваёю дзiчкаю". А пасля i над дзiчкамi гэтымi i над мяжою пачала навiсаць хмара. Тады Вiнцэнты лiшнi раз упэўнiўся, што гады гадамi застануцца вечна i з iмi таму, хто не гад, не выжыць разам.
З таго часу, як Вiнцэнты прыходзiў да Лявона Бушмара пагаварыць аб ратунку, ужо два цi тры разы прыходзiла i праходзiла восень. I як снег закiдаў зямлю, сцiхалi i ўсялякiя трывожныя гаворкi, i ўсё зiмавала спакойна. Дзiчкi на мяжы пачалi ўжо як мае быць убiрацца ў сiлу, але гэтая восень была самаю трывожнаю, i гаворкi былi самымi пэўнымi.
Восень даўно запанавала ў полi. Лес загуў мацней i трывожней, дарога паўз яго не хацела высыхаць. Мокрымi прасторамi тхнула з лесу, поле сiнела пад рухавым ветраным небам.
Вецер iмчаўся полем.
З узгорка павольна спускаўся чалавек. Ён лёгка апiраўся на сукаваты старасвецкi кiй, iшоў як бы спацырам, нават штосьцi мармытаў сабе пад нос, нейкую песню, без слоў i мелодыi. Ён перакiдаўся з нагi на нагу i iшоў да лесу. За плячыма яго танула ў iмгле вёска.
У лесе, на прыдарожных выцерабах, вецер шастаў непрыбраным галлём i шыпулямi, ганяў кусты i весялiўся. Чалавек спыняўся, слухаў, але твар яго заставаўся халодным, як у таго, хто ўсё гэта спрадвеку ведае, уведаў стала i назаўсёды.
Iмглiсты дзень. Мокры скавыш. Яна патрэбна тут, павольная постаць гэтага чалавека.
Так чалавек выйшаў за лес.
Сабака вартуе хутарскую адзiноту. Яго брэх доўга, аж пакуль чалавек не падышоў да ганка, ваюе з ветрам. Чалавеку непрыемны сабачы брэх.
– Галас, Галас, сцiхнi...
I, нарэшце, з раптоўнаю злосцю:
– Сцiхнi, каб ты апруцянеў, каб ты!
Тады адчыняе сенечныя дзверы жанчына цi дзяўчына – гэтакая яна свежая, ружовая. Вочы чорныя i вялiкiя. Нездаваленне i разам з тым жартлiвая хiтрасць у яе ўсмешцы:
– Як гэта ён не парваў вас?
– Дзяньдобры, панi Галена.
Жанчына ўсё стаiць на парозе, i ветлiваму старому няма як iсцi далей. Ён трымаецца на адным месцы, растапырыўшы рукi.
– Якая ж я панi? – смяецца жанчына, – цяпер няма паноў.
– Ну, няхай сабе няма, а вы панi.
Ён гаворыць гэта спрытна, лёгка, падступае блiжэй i есць вачыма жанчыну. Вiдаць, за свой век добра вывучыў ён разнастайнасцi жаночых характараў. Жанчына разумее яго добра i хiтра глядзiць на яго. Ёй робiцца весела, i яна смяецца, але стары ведае цану ўсiм жаночым смехам, ён iм не верыць адразу. I гады яго гэтакiя ўжо, што толькi хiба кпiць можа з яго, усмешкаю, маладая жанчына, але думак гэтакiх няма ў старога. Ён вiтаецца з жанчынай за руку. Тая руку падае, але з хiтрым, моцным смехам адразу вырывае назад. Тады стары бярэ яе за плечы, каб прайсцi ў сенцы. Жанчына бачыць, што ўжо досыць расцвялiла старога, i годзе ўжо гэтага. Дык яна робiцца жорсткаю:
– Вы за якою патрэбаю прыйшлi цi зноў...
– За патрэбаю, за патрэбаю, – шпарка ратуецца ён, – з таею ж самаю ўсё патрэбаю... З таею ж...
– З якою?
Жанчына быццам не памятае або i зусiм не ведала нiчога. На твары яе вясёлая рашучасць i злосць. От яна зараз назаўсёды адшые адгэтуль старога, каб больш не цягаўся сюды.
– Панi Галена?
– Якая я панi!
Мала калi чалавека гэтага бачыць такiм лагодным, якiм ён раптам цяпер робiцца, хiба можа, тады ён бываў такiм, як разам з лёкаямi падтрымлiваў пад локаць пана. Ён як бы просiць Галену:
– Бушмар усё роўна не вернецца...
Галена востра ўсмiхнулася, ускiнула ўгару вочы: ёй штосьцi вядома! А той гаворыць:
– Гэтакiх хутка не пускаюць. Яго закапалi надоўга. Усё адно да аднаго сабралася там.
– Вы ўсё пра нешта гаворыце можа з паўгода, – крычыць жанчына, – я сама здагадваюся, чаго вы ад мяне хочаце, але самi вы нiколi выразна пра тое, чаго вы ходзiце сюды, -не гаворыце. Гаварыце выразна!
– Я з паўгода ўсё думаю, ходзячы сюды, гэта праўда. Бушмар не вернецца, пройдуць гады, пакуль ён будзе тут. Я па-чалавецку хачу сказаць. Два разы вы адкiнулi ад сябе майго сына – навошта вы гэта робiце? Нашто вам трацiць маладыя гады, прападаць так? Гаспадарка гэта не Бушмарава...
– Мая! Я жонка Бушмарава!
– Вось, вось! Ваша! Цяпер гэтакае права. Хто робiць – таго, а вы ж яшчэ i жонка, а Бушмар правоў не мае, ён арыштант! Вам з iм разлуку трэба браць. Вы сына майго не адпiхайце. Жыць будзеце, рабiць будзеце. I тут будзеце гаспадарамi. Як гэта вы жывяцё, лiха ведае як, не па-людску.
Жанчына кiпiць ад крыўды i злосцi, але чакае яшчэ чагосьцi.
Нарэшце Вiнцэнты гаворыць тое, што павiнна давяршыць цераз край келiх:
– Я перабраўся б сюды, галавою я яшчэ ў гаспадарстве кiраваць магу... што меў я там з гадамi ў адзiн кацёл нос мачаць...
– Во-о-он! – раптам крычыць Галена. – Вон!.. Вон!..
Вiнцэнты чакаў усяго, толькi не гэтага. Ён нават не разумее спачатку, адступае назад i глядзiць на Галену.
– Каб больш я цябе тут не бачыла!
Вiнцэнты ўпiрае ў зямлю кiй: няўжо ўсё гэтак па-дурному скончыцца? Гэтулькi прапала думак i хатнiх нарадаў? Ён ужо глядзiць у зямлю. Жанчына закрычала:
– Галас! Галас!
Аднекуль з'яўляецца сабака. Жанчына кiўнула галавою на старога. Галас пачаў браць яго. Стары замахаў навокал сябе кiем. Сабака стаў зверам. Стары пайшоў задам да брамы, адмахваючыся ад сабакi.
– Як гэта я дагэтуль не здагадвалася! Гэта ж ты ўсадзiў яго!
– Бушмара? Я! – урачыста крычыць Вiнцэнты. – Гэта я. Гэта мая работа. Забойцаў я не мiлую! Гадаў не цярплю!.. А ты хочаш жыць з iм! Паручнiка забiў, казённага лесу насек, раённага начальнiка забiць хацеў!.. Гэта я каля яго пастараўся, нашто мне таiцца...
З-пад брамы ён крычыць, гатовы памiрыцца:
– Сын мой яшчэ прыйдзе да вас!
– Добра, што сказаў, я другога сабаку дастану!
Сабака праводзiць старога да лесу, па лесе гулка ходзiць сабачы брэх.
II
Чаму так Вiнцэнты дзiўна думаў пра Галену? Не толькi ўпэўнены быў, што сына пажэнiць з ёю i сам заўладае Бушмаравым хутарам, але нават сам каля яе быў смелы: пачынаючы гаворку, не раз гэта ён, стары, клаў руку ёй на плечы. Ён i ўсе навокал пасмiхалiся адно, успамiнаючы Бушмарава вяселле. Пра Галену i ва ўсiх была пэўная думка – яна не пара сталаму чалавеку, а сталым быў тут Бушмар, сталым быў i Вiнцэнты! Сталых людзей тут шмат.
Пасмiхалiся, успамiнаючы, як Бушмар падхвацiў Галену.
Яму цяжка гаварыць з начальствам, нават i з сельсавецкiм – гэта для яго вялiкая пакута, а перад раённым начальствам ён хвалюецца, заiкаецца. Начальству яго лёгка збiць, ён блытаецца, усё выходзiць у яго не гэтак, як было, хоць яму i няма нiякай патрэбы гаварыць няпраўду, але затое, калi дзе давядзецца не гаварыць, а дзейнiчаць рукамi, хоць перад якiм сабе хочаш начальнiкам, дык тады Бушмара не пазнаць – ён спрытны тады i бязлiтасны. Свайго ён тады не перапусцiць.
Суд тады трашчаў ад рогату, не памагаў i злосны званок суддзi. Нават народныя заседачы ўсмiхалiся ў вусы – калi Бушмар выступаў перад судом. Рудая суконная бурка рабiла яго тонкiм i больш высокiм, шапку ён няспрытна трымаў у руках, у руках трымаў i стусiнавую пугу, пакуль яму не параiлi хоць пугу гэтую куды-небудзь паставiць у кут. Ён заiкаўся i хваляваўся страшна, пра Амiлю як пачаў гаварыць, дык каб траха, дагаварыўся б да паручнiка. Сыпаў паўсловамi, чырванеў i бялеў, угаворваў усё сюды, што не было тут патрэбна, i ўгаварыў сам сябе. Пра паручнiка не ўспомнiў, але не далёка было ўжо i да гэтага. I раптам усе зноў успомнiлi пра тое забойства. Усякi, хто памятаў тую справу, адразу падумаў – няйначай-такi гэта Бушмарава работа. Суд пацвердзiў патрабаванне Амiлi – Бушмару прысудзiлi даваць на дзiцянё i сплацiць Амiлi за ўвесь час яе работы на хутары. Так скончыўся гэты суд. Бушмар уночы ехаў адзiн дадому, разганяючы адзiноцтвам сваё судовае ўтрапенне. Паспакайнеўшы, ён пачаў думаць пра маладую жанчыну, справу якой ён, да свайго яшчэ выступлення, гэтак як i ўсе, з цiкавасцю выслухаў. Яна пажыла з мужам два месяцы i цяпер разлучалася; выявiлася, што муж хворы, а жыць з хворым яна не хацела. Яна пра ўсё спакойна расказвала суду, ад мужа яе было ўражанне вялiкай, але цiхай нездаволенасцi гэтакiм здарэннем, а яна гаварыла жорстка, вiнавацiла яго, што ён хворы жанiўся. Калi пасля выдзяляла яна сабе свой пасаг, выступалi сведкi – суседзi iх, вяскоўцы. Бушмар разам з усiмi слухаў справу, чакаючы сваёй чаргi, а жанчына, гаворачы, колькi разоў ненаўмысля глянула на яго. I гэты позiрк укалоў яго, пасля суду, ад'язджаючы дадому, ён убачыў яе на возе – чамусьцi яна яшчэ не паехала. Бацька яе завiхаўся каля воза.
– Бывайце, – з смуткам сказаў ёй Бушмар.
– Бывайце.
I яна ўсмiхнулася, можа, успомнiўшы, як ён апраўдваўся ў судзе, а ад яго гэтая ўсмешка адабрала спакой.
Наступныя днi ён усё думаў пра жанчыну, а праз некаторы час паехаў радзiцца да брата. Той яму даў параду такую, якая надала яму радаснай пэўнасцi. I ён з братам паехаў сватацца. Яму было патрэбна цяпер скончыць як найхутчэй усё ранейшае. Гады два прайшло, мусiць, з таго, як назаўсёды пайшла з яго хутара Амiля. I Галена застала тут вялiкi непарадак ва ўсiм тым, што не належала да зямлi i жывёлы. Навокал пачалi гаварыць пра Бушмараву жонку. Яе першае замуства пачало абростаць людскiмi выдумкамi, праз паўгода якога самы суд яе з першым мужам зрабiўся ў людскiх вуснах, можна сказаць, легендаю нейкаю, асаблiва старалiся каля гэтага хлопцы. I нават стары Вiнцэнты раз быў пусцiў брыдкую здагадку, што праз нейкi час, як i першы муж, Бушмар стане хворым i няўгодным ёй, але гэта не прышчапiлася да людской думкi – больш усяго цiкавiлiся Галенаю цяперашняю, а не заўтрашняю. Яна з хiтрым жартам дражнiла зiркам хлопцаў i мужчын. Святымi днямi хлопцы знаходзiлi прычыну зайсцi на Бушмараў хутар – патаргаваць насеннай канюшыны або садавiны. Галена калола iх вачыма, даводзiла iх да таго, што iм не хацелася iсцi адгэтуль, а сама, зiрнуўшы катораму з iх у вочы апошнi раз, жорстка гаварыла, што тут не саўгас, каб прадаваць канюшыну, i iшла ў хату. Хлопцы яшчэ тупалi каля Бушмаравай хаты, а Бушмар, як звер, паглядаў у акно, а пасля як бы ненарокам выпускаў з сянец сабаку. Хлапячы рогат i сабачы брэх доўга абуджвалi лясныя нетры, пасля гэтага Бушмар даходзiў ад Галены "праўды". Яна адказвала яму ласкава, але гэтак, што ён дрыжаў, каб не страцiць гэтай яе ласкi. Ледзьве яна з штучнаю абыякавасцю на яго гляне, ён, не думаючы, усхватваўся, патрабаваў, прасiў, выпрошваў ад яе сказаць "праўду", а яна, патрымаўшы яго крыху гэтакiм, упэўнiвала яго, што не ведае, чаго хлопцы валочацца сюды, i дакляроўвала другi раз сама адразу выпусцiць сабаку i не выходзiць да iх. Яна ўскiдала на яго вачыма гэтак, што ён пакорлiва змаўкаў i верыў. Усе так i гаварылi, што Бушмар пад бабскаю ўладаю, а ўлада гэтая нават i самому Бушмару дасць рады. "Гэта яму не Амiля!", а Бушмару было ўсё роўна, што i як пра яго гавораць. Людскою думкаю ён не цiкавiўся. Ён быў бы рад, калi нават чалавечая нага не ступала на яго хутар, каб нiводная жывая iстота, якая можа думаць i гаварыць, не з'яўлялася нiколi па гэты бок лесу.
Але гэтае ўтрапенне Бушмарава не цягнулася доўга. Зацяжарыўшы, яна стала iншаю. Яе пакiнула цягнуць на вёску, яна пакiнула скардзiцца на воўчую адзiноту ляснога хутара, часта ўсмiхалася сама сабе цiхаю ўсмешкаю, гэтакаю непадобнаю да той момантнай усмешкi, якая прыкоўвала да аднаго месца хлопцаў каля хаты, а Бушмара – у хаце. Бушмару было больш цяпер спакою, i яшчэ больш, здаецца, ён пачаў ненавiдзець кожнага, хто заходзiў калi-небудзь на хутар.
На той бок лесу iшла тады ўпартая работа, ад якой свет не мiл быў Вiнцэнтаму, але на хутар да Бушмара ён не прыходзiў больш радзiцца i даваць парады. Пачаў хадзiць ён сюды тады, калi бяда навалiлася на Бушмара. Сам Вiнцэнты памог гэтаму – у яго тады ўжо раджалася думка сiлаю засталявацца каля Бушмара. Ён пачаў варушыцца – стараўся ўсё падгадзiць начальства, каб, як будзе поўная абрэзка, далi яму кавалак Бушмаравай зямлi. I калi не ўдалося гэта, стаў прыглядацца да новай справы. Бушмара пацяглi тады ў суд за буйную высечку лесу: ён пачаў патроху спускаць хвоi i закладаць неўзаметкi разабраную сцяну ў гумне. Вiнцэнты адразу даглядзеў гэтай Бушмаравай работы. На Бушмара наклалi вялiкi штраф. Бушмар яго не выплацiў, таксама як i не аддаваў падатку. Хтосьцi прыехаў з раёна спагнаць з яго штраф. Бушмар захваляваўся, пачаў заiкацца, злаваць, а ў тыя днi штосьцi не паладзiлi яны з Галенаю, i ён тады хадзiў, як звер. Якраз здалося яму (цi, можа, гэтак i сапраўды было), што раённы начальнiк вельмi нешта прыглядацца пачаў на Галену, а тая не прагнала яго з хаты, што было патрэбна дзеля Бушмаравага спакою. I от на двары раённы службовец штосьцi пачаў гаварыць Галене, смеючыся гэтак, як смяюцца прыгожым жанчынам. Бушмар, сцiснуўшы зубы, схапiў службоўца за пояс, перамчаў упоперак цераз двор i кiнуў на той бок плота. Той ледзьве падняўся, доўга сядзеў на зямлi, пакуль сяк-так здолеў павалачыся ў вёску, а назаўтра Бушмара арыштавалi. Тут было ўсё – i нявыплата падатку, i лясныя высечкi, i калецтва раённага службоўца (той доўга ляжаў у больнiцы i ледзьве ачуняў), i Бушмара засудзiлi на два цi тры гады адседкi.
Выходзячы з двара, Бушмар нiчога не сказаў Галене. Яна з плачам правяла яго за лес, а ён нават не азiрнуўся. Гэта яе не ўкалола. Яна як бы чакала гэтага i ведала, што iначай з Бушмарам нельга.
Галена хутка разумець стала Бушмара. За кароткi час навучылася пазнаваць яна ўсю звераватую простасць яго характару. Яна сэрцам пазнавала ўсю яго чалавечую ўрачыстасць i прыгнечанасць. I застаўшыся адна, яна адразу зразумела, што гаварыла Бушмарава маўклiвасць на адвiтаннi i ссунутыя бровы. I яна стала берагчы тое абяцанне, якое дала б Бушмару, каб той не маўчаннем, а словамi развiтаўся з ёю. Яна адразу стала такою, што нiкому i на думку не ўзбягала мець якiя-небудзь iнтарэсы на Бушмаравым хутары. Не было Бушмара, не прадавалася тут i насенная канюшына. Толькi праз месяцаў два зайшоў быў сюды як бы ненарокам Вiнцэнты. Тады ўжо ў яго пачала фармавацца цвёрдая думка ажанiць дзе-небудзь малодшага сына i разам з iм перабрацца куды-небудзь так, каб дажыць свой век самому сабе панам. Жыццё гнала яго з уласнай хаты, ад слядоў былога. Цяпер ужо ён ненавiдзеў Бушмара гэтак, як i Амiлiнага брата: адзiн быў ворагам, якi не паддаваўся, а другi – якi наступаў.
Галена адразу i не чакала нiякiх вестак ад мужа. Яна разумела яго навылёт. I праўда, што Бушмар маўчаў месяцаў мо з тры, а пасля загаварыў раптам, адно за адным пайшлi ад яго лiсты: "глядзi сябе добра", "пiльнуй сябе ў сваёй хаце", "трымай усё, як мага, не збывай нiчога, а я доўга тут не буду..." Хтосьцi малапiсьменны, мусiць, допраўскi Бушмараў таварыш, выпiсваў прывiтаннi, пажаданнi, iмкненнi Бушмаравай душы, але Галена пазнала Бушмара толькi ў словах пра гаспадарскi набытак, пра "пiльнаванне сябе ў хаце". За гэтымi словамi i жыла Бушмарава душа, якая для Галены была яснаю i вядомаю i якая не патрабавала для выказванняў шматслоўя. Галена разгадала: поўны нечаканым утрапеннем, прыглушаны бядою, Бушмар спачатку не думаў нi пра што. Як бы ўсё ўжо было скончана, больш ужо нiчога не трэба на свеце чалавеку, але пасля з'яўляцца пачала абыкласць, незвычайнае стала набываць адзнакi звычайнасцi, i тады зноў чалавек стаяў на зямным грунце.
III
У хутарской адзiноце Галена нарадзiла сына. У той самы дзень Бушмараў брат ледзьве ўспеў прывесцi сваю жонку, а праз якi дзень Галена пачала брацца за работу.
Братава жонка паехала. Гэтай Бушмаравай раднi Галена не любiла.
Бушмараў сын удаўся ўвесь у матку. Бацькаўскi быў толькi колер вачэй. Гэта гаварылi ўсе, хто бачыў яго, а паглядзець на малога падыходзiлi людзi пад Галену, калi яна выносiла яго ў лес i за лес. Яна несла яго скрозь паўз сцяну лесу, думала толькi пра яго i гэтым адцягвала непатрэбны клопат свой ад непазбыўнага бязладдзя ў хаце. Бо як ты нi глядзi i нi клапацiся, аднымi рукамi нiчога не парадзiш. Як яна спачатку нi разрывалася за работаю i клопатам, усё роўна не ўтрымала парадку. Усё было не дагледжана, параскiдана. I яна прыняла гэта з лёгкiм сэрцам. У яе з'яўляцца пачала нуда па людзях, таму яе гэтак часта i цягнула за лес, а тады якраз адбылiся вялiкiя змены навокал. Бушмару пакiнулi толькi сялiбу i зямлi па норме на душу. На гэты бок лесу было ўжо калектыўнае поле. Яно цiснула сялiбу немiласэрна. Тады Галена першы раз за ўвесь час напiсала Бушмару праўду пра гаспадарку.
У тыя часы Вiнцэнты трапятаўся як падсмалены. Мусiць, дапякло чалавеку добра, калi не цураўся ўзяць на сынаву шыю Бушмарава дзiцянё, але пасля апошняга таго прыходу да Галены ён асеў як знясiлены. Ён толькi шаптацца пачаў з людзьмi i вохкаць.
Тады была трэцяя восень, як адышла Амiля з хутара. Пра Амiлю Бушмар нiколi не гаварыў Галене, яна i не дапытвалася, ведала толькi тое, што пачула была тады на Бушмаравым судзе.
Несучы малога паўз лес, яна бачыла людзей на полi. На яе прыглядалiся здалёк, як бы ненарокам падыходзiлi блiжэй. Яна сама пайшла да ўсiх. Дзiцянё разглядалi доўга, спачувалi, што яна адна з iм. Галена пагаварыла з людзьмi i пайшла назад. Гэта было пасля апошняга здарэння з Вiнцэнтым. Восень у той дзень прачнулася пагодлiваю, цвiлi паўз лес верасы, беразняк увесь зiхацеў ад сонца i лiсця. Лясы дыхалi спакоем, сумная радасць поўнiла iх. У бяздум'i Галена ўвайшла ў лес, на сваю дарогу. I тады пачула, што хтосьцi даганяў яе. Крокi былi лёгкiя i шпаркiя, Галена азiрнулася. Бегла жанчына. Галена пачакала яе, i от яны сышлiся.
– Я пагляджу вашага малога, – сказала жанчына.
Галена ўбачыла сумны спакой незнаёмага твару, незвычайную шпаркасць у рухах, здэтэнаванасць.
– Не падобен да Бушмара, – устрапянулася жанчына.
Штосьцi яшчэ яна хацела сказаць – Галена заўважыла гэта i чакала. Яны iшлi поплеч – тая першая рушыла праз лес. Галена здагадвацца пачала. Iсцi моўчкi iм было нядобра. Галена спакойна глядзела на дзiцянё i на ўсё, тая была неспакойнаю.
– Вы Амiля? – проста i звычайна сказала Галена.
– Я.
– Хадзем на хутар.
Сказала яна гэта так проста, што Амiля пайшла. Iшлi яны паволi. Амiля ўглядалася ўсё ў дзiцячы твар.
– Ён мог бы быць падобным да свайго брата...
– Да якога?
– Да майго малога, да другога Бушмаравага сына. Ён якраз мог бы быць гэтакiм...
Пасля яна падумала, што Галена магла пакрыўдзiцца за што, i глянула на яе, а тая iшла, як iшла. Толькi як бы не разумела гаворкi. З-за лесу Амiля пайшла назад:
– Не пайду далей. Нядобра мне iсцi туды.
– А я даўно хацела вас пабачыць.
Амiля iшла назад шпарчэй. Яна ж толькi хацела паглядзець на другога Бушмаравага сына, цi не падобен ён да яе сына! Гэта было б страшна! Тады яна магла б знелюбiць яго. Бо i прыйшоў ён на свет праз гэтакiя пакуты, якiя дарэшты выветрылi ўсе маладыя iмкненнi. Першы ж сын яе раней браў усю матчыну ласку! Не, яна пароўнi дзелiць цяпер гэтую ласку мiж абодвума сваiмi сынамi! Сынамi сваiмi!
Яна гнала ад сябе страшныя думкi.
"А яшчэ тая запрашае на хутар! На той самы хутар!"
Чамусьцi нейкую крыўду раптам пачула яна ў гэтым запрашэннi. Наўмысную знявагу да сябе. Нават, можа, кпiны.
Не думаючы, Амiля вярнулася. Галена паволi iшла сцежкаю на ржышчы.
– Я пайду на хутар.
– Добра... Я ж прасiла вас.
Галас пазнаў сваю ранейшую гаспадыню, стаў лашчыцца да Амiлi.
Вось тое самае месца, дзе яна была калiсьцi нагнулася завязваць чаравiк. Той самы дзядзiнец i сад...
Амiля ўвайшла ў хату следам за Галенаю.
– Не ўдалiся мне маладыя гады, – сказала Галена.
– А вы думаеце мне ўдалiся!
Амiля гэта аж крыкнула. Галена здэтэнавалася.
– ...I мне не ўдалiся! Вы ж тады (я добра заўважыла вас) былi на судзе, вы чулi ўсё, як жа вы гэта пайшлi за яго? Як вы не пабаялiся! Хiба не вiдаць было тады, што гэта за чалавек!..
– Мы з iм жывём добра.
Амiля плакала. Дрэннае пачуццё да Галены расло ў ёй.
– Дзякуй Богу, што яны не падобны адзiн на аднаго.
– Хто?
– Дзецi. Я свайго знявiдзела б тады.
– За што? Нашто вы гэта гаворыце? Вы i на мяне нядобра, як на ворага, глядзiце? А за што?.. Я ж бачу, што пра Бушмара вы i цяпер думаеце. Якi б ён нi быў, вы на яго не забылiся...
– Забылася... Не думаю...
– Мусiць, думаеце, калi гаворыце гэтак, калi адразу што ўцяклi былi тады ад яго, з першых дзён. Бо ён цяжкi чалавек, iнакшым ён нiколi не будзе.
– А вы ж жывяце з iм, не ўцяклi ад яго.
– Я жыву, але каб ён паздзекаваўся з мяне, я i дня нiколi з iм не была б. Бо нашто гэтак жыць...
– А калi лепш няма як?
– Як гэта няма? На свеце ўсякага жыцця даволi i чалавечае долi шмат...
Амiля панура слухала. Якраз так гаворыць часам брат, калi жонка пачне скардзiцца на долю.
– Чаму ж ты сам свае добрае долi не знайшоў, а каго дык вучыш? крыўдзiцца жонка на Андрэя тады.
Андрэй тады гаворыць колькi жорсткiх слоў пра дурную чалавечую нецярплiвасць i пра нуду з гэтакiмi людзьмi. I сыходзiць куды-небудзь з хаты.
"Пануры ён чалавек", – думае тады пра Андрэя Амiля, не ўмеючы iначай назваць братавай натуры.
IV
Неба было над лясамi сiняе i цiхае. I цiха было ў самых лясах. Восень зрабiла сваё i адпачывала на палянах – там яшчэ зелянiлася трава, стаяла вада. Сям-там яшчэ жоўты лiсток трымаўся на дрэве, гатовы i зiмаваць там... Гэтай цiхасцi не парушалi i вятры. Яны густа iшлi ў сваю дарогу, дзiкаю ласкаю ападаючы на зямлю. Сонца часамi выкрадвалася з-за хмар, але восень, перад скананнем сваiм, любiла хмурнасць. Гэтак дажывала восень апошнiя днi. Туман з рэчкi цi лагчыны або дым з пастушковага вогнiшча калi ўзнiмецца, дык невысока стаiць над зямлёю. I гукi людскога голасу звiняць доўга ў гэтай прасторнай цiшынi.
Дарогi былi пустыя. На дарозе высокая чалавечая постаць вырасла раз надвечар. Жорсткi i рухавы выгляд яе рваў гармонiю цiхай восеннай ласкавасцi.
Чалавек спяшаў. За плячыма ў яго матлялася пустая торба. Ён толькi на ўзгорку прыпынiўся, адкуль больш вiдаць было зямлi навокал. I зноў заспяшаў. Вёску ён абышоў стараною, але яго ўсё роўна ўбачылi. I ўсе гаварыць пачалi пра яго:
– Бушмар iшоў дадому з астрога.
– Спяшаў страшна.
– Не адбыў свайго часу, амунiсцiя, мусiць, нейкая!
Вечар увосень находзiць шпарка. Бушмара ён агарнуў ля хутарской брамы. Сiнь неба згусцiлася, лясы пачарнелi.
Дубняк падыходзiў да самых хат. Увечары ён зусiм злiваецца з мiзэрным драўляным чалавечым прытулкам. Як запальваюцца на небе зоры, неба ўздымаецца вышэй, зямля чула дрэмле пад iм. Тады, калi заплача ў хаце дзiцянё, дзiцячы голас далёка чуваць у лесе.
Я цябе люляла...
Спявае жанчына. На дварэ чуваць, як скрыпяць вяроўкi ад калыскi. У хаце гавораць. Жанчына ўсё спявае.
– Андрук, ты збiраешся куды? – чуваць другi жаночы голас.
– Я надвечар бачыў, як Бушмар дадому з допру iшоў, – адказвае мужчына.
– Гэтак хутка...
Жанчына яшчэ нешта гаворыць, але чалавек выходзiць з хаты. Другi чалавек шпарка адбягае ад акна. У змроку ён здаецца клышаногiм. Адбегшы крокаў дзесяць, ён спакойна варочаецца назад, нiбы iдзе сабе спакойна ў сваю дарогу.
– Добры вечар, Андрук, – гаворыць ён, стараючыся быць спакойным.
– Добры вечар, Вiнцэнты, – гэтаксама стрымлiваючыся, гаворыць Андрэй.
– Бушмар вярнуўся.
– Ну!
– Не бачыў?
I Вiнцэнты хiтра ўсмiхаецца, як следчы, якi злавiў на слове падсуднага. Пасля гаворыць:
– Лепш бы ён зусiм не вярнуўся.
– Чаму?
– Брыдкi чалавек. Воўк. Звер. Людзей ненавiдзiць. З яго карысцi людзям жаднае быць не можа.