Текст книги "Сапраўдная апалогiя Сакрата (на белорусском языке)"
Автор книги: Костас Варналис
Жанр:
Прочие детективы
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 3 страниц)
6. Яшчэ смаркатым дзiцём я з разяўленым ротам слухаў на гарадскiм базары дарослых i здзiўляўся, што па кожным пытаннi сутыкаюцца сорак меркаванняў i ўсе здаюцца правiльнымi. Сафiты адкрыта сцвярджалi, што ўсе яны сапраўды правiльныя. Спачатку сваiм няспелым розумам, а потым ужо сталым я заўсёды iмкнуўся знайсцi тую адну-адзiную думку, якая была б прыдатнай у любым выпадку i абавязковай для ўсiх, гэта значыць, вечную i нязменную, якая не залежыць ад часу, прасторы i людзей – абсалютную думку. I шукаць яе трэба было не ў знешнiм свеце, недаўгавечным i падманным, а ў нашай душы, бесцялеснай i бессмяротнай. У глыбiнi душы ляжаць iдэi-iсцiны, пахаваныя пад тоўстым пластом iржы, якую там нагрувасцiлi "пачуццi-жаданнi" i "жаданнi-iмкненнi". I выцягнуць iх на свет божы было цяжкiм заняткам. Спатрэбiлася б майстэрства павiтухi. I з цягам часу я стаў павiтухай дзяржавы. Я браў душы людзей, мяў iх, а пры неабходнасцi засоўваў сваю руку са шчыпцамi i выцягваў дзiця. Я памагаў нарадзiцца iсцiне, о грамадзяне афiняне, вось чаму зямля, неба i мора напоўнiлiся хмарамi хлуснi.
7. Чаму б гэта? Цiскаючы i тармосячы душы, каб здабыць з iх боскi элемент, я прымушаў iх вывяргаць iржу: Бога, Дабро, Справядлiвасць, Айчыну, Прыгажосць i ўсё астатняе, што не з'яўляецца iх першапачаткам, нi канчатковай мэтай, нi дарам багоў, нi дасягненнем розуму – гэта стварэннi часовыя, сэнс iх эфемерны, гэта нiзкiя сродкi, якiмi кiруючая хеўра слепiць сваiх падданых i губiць iхнiя душы. Мы, людзi, дзелiмся на тых, хто гуляе, i тых, хто гаруе, на тых, хто бачыць, i на тых, хто носiць шоры – на сытых i дурняў.
8. Жыццё нашае з самага пачатку заблытваецца ў сiлках, расстаўленых яшчэ да нашага нараджэння. Малым дзiцём, дома, на вулiцы, у школе мы нясведама вучымся адрознiваць дабро i зло, "права мацнейшага". Семнаццацiгадовымi дзецюкамi са свежай i радаснай душой мы ўзрушанымi галасамi маладых пеўняў даём клятву на вернасць вялiкiм Iдэалам – "праву мацнейшага". Прайшоўшы ваенную службу i стаўшы раўнапраўнымi грамадзянамi, мы чуем i паўтараем тое самае на плошчы, у судах, на народных сходах, у тэатры – "права мацнейшага". Але калi i малыя, i вялiкiя, i малыя ўчора, i сёння, i заўтра вераць у адно i тое, значыць, ёсць "закон, народжаны эфiрам у нябёсах". Вось так мы i iдзём, прыкаваныя адзiн да аднаго i ўпэўненыя, што выгоды "мацнейшых" i ёсць нашы выгоды. Выгода наша – быць звязанымi, а не вольнымi, выгода наша – быць пакрыўджанымi, а не караць. I калi б раптам якi-небудзь вар'ят з нажом кiнуўся выпусцiць вантробы з Ваўка, мы б падставiлi свае целы i душы, каб прыняць удар на сябе. А калi б раптам здарылася, крый божа, што Ваўка няма, мы б пабеглi шукаць iншага, яшчэ болей лютага, каб ён жэр нас.
9. Вось такiя iсцiны здабываў я з душы Статка. Iсцiны, якiя з часам i па звычцы сталi iнстынктамi, мацнейшымi за голад i каханне. Дзякуючы ўсё таму ж павiвальнаму майстэрству я мог здабыць з душ – раз ужо мяне пачалi прымаць за ўсяведнага – i такiя рэчы, якiх там не было, не раўнуючы як кiтайскiя фокуснiкi вымаюць чарвяка з вока мегарцаў. "Але ж чарвякоў, – скажаце вы, – мы бачым i таму верым у iх". "А iдэi?" У iх, грамадзяне афiняне, спачатку вераць, а пасля iх бачаць. Варта несамавiтай старой без дай прачыны заверашчаць у царкве, паказваючы пальцам на святога Х: "Зiрнiце... варушыцца... падае нам знакi", – як усе навокал на свае вочы ўбачаць тое самае: i рух, i слёзы, i знакi, i нават пачуюць грозны голас святога.
10. Гэта цуд, вядома. Але цуд надараецца найчасцей, калi толькi ўкладваць у душу тое, што там жадаеш знайсцi. Корпаючыся потым у ёй кiпцюрамi логiкi, знаходзiш тое, што хочаш. Колiсь богазневажальнiкi, бывала, закопвалi ў карэнне кiпарысу цi побач з крынiцай абраз, а потым "снiлi", што ў тым месцы ўжо колькi часу ляжыць схаваны "святы" i хоча выйсцi. Тады, узняўшы на ногi ўсю вёску, са свечкамi й цiм'янам яны iшлi туды, выкопвалi абраз – i па ваколiцы разлiваўся водар. Будавалася каплiца, на тацы сыпалiся грошы, посуд напаўняўся алеем, а богазневажальнiк станавiўся святым, як "божы абраннiк".
11. Вось такiмi цудамi я ўмацоўваў царства Летуценняў у Затоцы Плачу. Я сляпiў дурасць i такiм чынам прыносiў карысць ладу Несправядлiвасцi ў адпаведнасцi з правiлам: "Чым дурнейшы дурань, тым больш ён самаўпэўнены". Вам не трэ было мяне забiваць. Наступяць iншыя часы, i "моцныя" будуць дорага плацiць фокуснiкам не за тое, што яны выцягваюць, а за тое, што ўкладваюць чарвякоў у мазгi i душу мегарцаў, што твораць цуды, павучаючы малых i старых, што найсумленнейшае i найсвяцейшае ў свеце – гэта эксплуатацыя. Тады людзi, ахутаныя блакiтным туманам, небыццём думкi i волi, не змогуць варушыць нi языкамi, нi мазгамi, нi рукамi.
12. Душа, якая знаходзiцца на недасягальнай вышынi ў карагодзе вечных субстанцый, баiцца быць закранутай законамi прыроды i чалавека – брыдотай, адноснасцю i тленам. Хай нават цела валяецца ў гразi, душа застаецца чыстай. Ёй не балiць, яна не пакутуе, яна не крыўдуе. Вольная, яна не пярэчыць. Джалам сваёй фiласофii я джалiў прасцячкоў у хрыбет i паралiзаваў iх, забяспечваючы "вясёлую гульбу" разумных. Чаму ж вы мяне забiваеце? Я бачу дзяржаву будучынi, грамадзяне афiняне. Яна абагаўляе голад, пакуты i глупства, яна асыпае золатам i кормiць зярнятамi i арэхамi шарлатанаў, якiя абдурваюць народ, пераконваючы яго пагарджаць матэрыяльным i чакаць узнагароды ў "свеце духаў".
13. Калi я памыляўся ў тэорыi, дык не памыляўся ў практыцы грамадскiх дзеячаў. А яны, каб назаўсёды расквiтацца са мною, абвясцiлi мяне бязбожнiкам. Сакрат, бачыце, да законаў, любасць да дабра, мужнасць – гнiюць, нiбы падла, зваленыя ў бездань побач з забiтымi рабамi. Хлусня, зладзейства i подласць вось "дэманы" дзяржавы, вось унутранае багацце, якое вас узвышае. А потым з'явiўся мой дэман, "новы дэман", каб ажывiць падлу, удзiмаючы ў яе праз чарацiнку фiласофii "дух iсцiны", каб стварыць з падлы чыстыя iдэi, не залежныя нi ад часу, нi ад выбрыкаў чалавека – законы чыстага розуму.
17. Калi паспрабуем падпарадкаваць сляпыя парывы душы законам логiкi, гэта значыць, перанесцi iх з нясведамай iмiтацыi i прывычкi да святла думкi i волi – пiшы прапала. Але i тут я быў вам патрэбен. Высокiя матэрыi вы аддалi на патраву пацукам з клаак i прыбiральняў. Я вам раiў не ўсмiхацца i не фанабэрыцца, а верыць, што самыя адпетыя прайдзiсветы – гэта самыя разумныя афiняне. Я павучаў вас, дзеля вашага ж дабра, шанаваць iх iмёны i акурваць iх ценi перад жанчынамi, дзецьмi i рабамi, каб яны не пачалi думаць пра сябе бог ведае што i, выйшаўшы аднойчы на пляц, не пачалi выкiдваць штукi, горшыя за вашы. Я вучыў вас богазневажанню ў iмя багоў i законаў.
18. Дзе мне цяпер усё ўспомнiць? Але я не забыўся, што ты i ты, i той, i гэты – усе вы былi згодны з маiмi словамi i схiлялi галовы перад Савой i Момам. Трох маiх меркаванняў дастаткова, каб паказаць, колькi я папрацаваў дзеля дабра Айчыны, дзеля падзелу грамадзян на сытых i дурняў.
А). Я даказаў, што душа наша бессмяротная. Значыць, душа iснуе. Дзеля яе iснуюць (мусяць iснаваць) дзяржава, г. зн. законы i папы, а значыць, i багi. Страх перад законамi i багамi ўтрымлiвае ад згубы нашыя душы i ад турмы. Афiняне! Калi б не iснавала дзяржава, не было б нi багоў, нi папоў, нi нашай бессмяротнай душы! Змардаваныя жыццём, мы павiнны спадзявацца, што нашыя радасць i ўлада будуць вечныя – варта толькi спярша памерцi. Крый нас божа забiраць сваiмi рукамi тое, што ў нас папы забралi гвалтам i хiтрасцю, гэта значыць, нашай жа зброяй i нашымi ж галасамi. Iх пакараюць багi на тым свеце. Яны вечна будуць кiпець у катлах са смалою. Калi ж пакараем iх мы, дык мы саграшым i загубiм сваю душу, i кiпець у катлах давядзецца нам.
Б). Не словам-ветрам, а надзейным, як падмуркавы камень, было маё вучэнне. Таму i надаў я яму квадратную форму. "Лепей быць пакрыўджаным, чым пакрыўдзiць". Гэты камень лепей трымаецца на пяску i на вадзе – у душах слабых. Чым больш прынiжаны чалавек, тым ён менш рашучы; чым больш стомлены, тым менш ён дыхае, думае i злуецца. Патрэбныя мужнасць i ўпэўненасць у самiм сабе, каб супрацiўляцца несправядлiвасцi, а яшчэ болей яны патрэбны, каб учынiць несправядлiвасць. Прывучаны да страху, робiшся абыякавы да яго. Аддаеш сябе слодычы бязволля, эгаiзму пакут. I не толькi дазваляеш, каб у цябе забiралi тое, чаго ты не маеш, але i баiшся дакрануцца да таго небагатага, што ў цябе ёсць: устрымлiваешся ад ежы, пiцця i жанчын, ненавiдзiш сонца, мора, лясное паветра i рух, а шукаеш хвароб, пакут, бруду i маўчання i смерцi, каб трапiць у рай. "Пакуты ствараюць мараль!" Як сцяг Статка, я высока ўзнiмаў радасць пакут. А пра тых, хто не змог вытрымаць пакут, паклапацiлiся законы Салона: для iх збудавалi адасобленыя храмы Ўсенароднай Афрадыты. Тут кожны надзiва танна купляе сабе дасканаласць... забыццё самога сябе.
В). Тую ж думку я выказаў iначай: "Нiхто не злы па сваёй волi". Гэта значыць: не карайце крыўдзiцеляў, бо... пакрыўдзiце iх. Яны не вiнаватыя. Яны не ведаюць, што робяць зло. Цярплiвасць! Калi мы навучым iх адрознiваць дабро i зло, у свеце знiкнуць зло i несправядлiвасць i запануе дабрачыннасць. Патрэбныя школы. А школы збудуюць крыўдзiцелi. Ведаеце чаму? Бо дабро, справядлiвасць i абавязак – iх калiта. Яны самi будуць вучыць дзяцей народа, каб тыя не супрацiўлялiся несправядлiвасцi, як вырастуць.
19. Так мая фiласофiя ўмацоўвала рэжым няроўнасцi, "права мацнейшага". Вядома, вам не варта было б забiваць мяне за гэта. Будучыя дзяржавы будуць лепей ведаць сваю справу: амбон, парта, газета i дубiнкi дружна папрацуюць, каб дастасаваць непрымiральнае да "гармонii класаў". Я стаў першым маэстрам гэтай гармонii, а вы мяне забiваеце як бязбожнiка. Паслязаўтра хрысцiяне зробяць маё вучэнне сваёй рэлiгiяй. Яны будуць ушаноўваць мяне як прарока свайго бога i намалююць у цэрквах мой твар з шырокiм залатым вянком вакол кудлаў.
ЧАСТКА ПЯТАЯ
1. Мой догмат – не вырадак апраметнай, якi атабарыўся ў маёй душы, каб ставiць вам падножкi i злаваць вас. Гэта нешта горшае. Ён не новы, як ужо пагаджаюцца абвiнаваўцы. Гэта – пракаветнае сумленне статка, першароднае рабства, якое звязала маю душу з вашымi, каб зрабiць iх непрыступнай крэпасцю дзяржавы беззаконня. Ён не анёл-праваднiк, што асвятляе мне шлях, гэта анёл-хавальнiк грамадскай Хлуснi, якая мяне сляпiла. Гэта "права мацнейшага", якое стала ўва мне голасам i воляй багоў i Логасу. Гэта – пякельная i таемная пагроза "Нельга!" i "Назад!". Гэта ваш дэман, грамадзяне афiняне, але куды горшы, бо ён болей магутны.
2. Цi ненавiджу я яго? Калi б я толькi мог аддаць яго вашай патрыятычнай ярасцi, каб вы яму выкалалi вочы, адрэзалi яму вушы i нос, каб лiлi гарачы алей у раны i густа пасыпалi iх соллю, прыбiлi цвiкамi падковы да яго ног, прывязалi яго да кала, аблiлi газай i смалой, а потым спалiлi як паганца. Гэта ён гнаў i кусаў мяне, запрэжанага ў воз Рэспублiкi "найлепшых", гэта ён вымушаў мяне iсцi, дрэмлючы, нiбы конь, па наезджанай каляiне i не збочваць з дарогi. Гэта ён вымушаў мяне падвяргаць знiшчальнай крытыцы i здзекам беззаконнiкаў, замест таго каб крытыкаваць i здзекавацца з законаў; прынiжаць наiўных, замест таго каб шкадаваць iх. Але вось цяпер я шукаю яго i не знаходжу. Вось ужо колькi месяцаў, як ён мяне пакiнуў, грамадзяне афiняне. Раз я памiраю, ён вярнуўся ў Галоўнае Кiраўнiцтва Бяспекi, каб далажыць пра вынiкi сваёй дзейнасцi i атрымаць павышэнне.
3. Калi Перыкл казаў, што сiла i дабрабыт дзяржавы – гэта выратаванне (дабрабыт i сiла) гаротных, я не хацеў думаць, што гэта насмешка. Што ён разумеў пад дзяржаваю? Нас усiх? Не, вядома. Калi мы ўсе працвiтаем, то не трэба нас ратаваць. Ён, пэўна, меў на ўвазе нешматлiкiх багацеяў i палiтыкаў словам, "разумных". Калi яны ядуць, то i мы сытыя, калi яны нажываюць багаццi, то i мы багацеем, калi ў iх няма прыбытку, то i мы яшчэ болей бяднеем, калi iх маёмасць у небяспецы, то i нам не спiцца. Як бачыце, першы палiтык i багацей Афiн без анiякага сораму падносiў ачмурэламу натоўпу подласць нешматлiкiх як абавязак, велiч i доблесць шматлiкiх – Радзiмы. Тады iшла вайна, i мы павiнны былi аддаваць свае жыццi за "найлепшых", калi мы хацелi ўратаваць свой пастаянны голад i зрабiць вечным наш шчаслiвы сон. Вам ясна? Ну, вядома ж. Я ж вам усё тлумачу. Але тады мой унутраны голас статка – голас-дэман – не даваў мне гэта зразумець. Я нават меркаваў, што стары гаварыў добра, бо ўсё ў яго было ў згодзе з абсалютнай Логiкай.
4. I вось калi мяне пачало мучыць падазрэнне, што я думаю няправiльна i што розум мой пачынае здаваць, ваш анёл-хавальнiк мацней зацягнуў папругу на штанах, расправiў скрыдлы i прыляцеў, скрыгочучы зубамi. Акыш! Але я зноў не супакоiўся. Ледзь толькi ён адляцеў, як мяне пачаў грызцi другi шашаль: раскаянне за тое зло, што я прычынiў i сваiм сучаснiкам, i нашчадкам i якое будзе кiраваць светам несправядлiвасцi i хлуснi. Я пакутаваў i ўдзень i ўначы. Трэба было неадкладна выпраўляць зло. I вось што я зрабiў бы, калi б вы не паспелi мяне забiць".
У яго перасохла ў горле. Ён папрасiў вады, але дзе было ўзяць шклянку i ваду? Нейкi жартаўнiк выгукнуў: "Выпi ваду з клепсiдры, каб хутчэй скончыць!" Рогат i шум. Шмат з тых, хто спаў, падхапiлiся з незадаволеным выглядам i пачалi бурчаць. Iншыя паднялiся i знакамi папрасiлi вяшчальнiка сказаць, колькi вады засталося ў гадзiннiку. Вяшчальнiк нахiлiўся над пасудзiнай, а потым падняў правую руку i правёў два-тры разы вялiкiм пальцам па другiм суставе ўказальнага пальца. Сакрат пракаўтнуў слiну i працягваў.
5. За ўсё тое, чаму я вас навучыў, вы павiнны былi б азалацiць мяне i акружыць пашанай. За тое, што я зрабiў бы, калi б жыў, вы б павiнны былi не толькi забiць мяне, i мелi б рацыю, але i жыўцом стаўчы ў ступе, як стаўчэ тыран Неарх Зянона Элеацкага – каб той навучыўся выкладаць дабрачыннасць, так цi iнакш, але трымаць язык за зубамi наконт бесчалавечнасцi валадароў. Вам давялося б адрэзаць мне язык, як цар Анцiпатр адрэжа язык рытару Гiперыду, каб той засвоiў урок, што можна прадаваць Радзiму, але нельга лаяць чужынца-пакупнiка. Я сапраўды быў небяспечны для грамадскага парадку, для панавання "мацнейшых". Выкiньце мой труп як падалей, куды-небудзь у затоку цi ў якi-небудзь яр Кiферону – "хай не будзе прах яго ў зямлi атыцкай". Не iснуе большай подласцi i здрады, чым казаць праўду.
6. Я б пайшоў у кварталы простага люду ў Афiнах, у смярдзючыя вёскi Атыкi ад Кавакалонiса да Кундуры i ад Кулуры да Капандрыцi. Я б сышоў у цёмныя хацiны, поўныя блашчыц i сухотаў, я б пайшоў у дробязныя лаўкi бядноты, я пайшоў бы ў брудныя i смуродныя партовыя вугальныя сховiшчы. I я б сказаў: "Вольныя грамадзяне! Гэтая зямля – нават калi б яна была ў Скiфii, дзе рэдка выглядае сонца з-за чорных хмараў i не растаюць вечныя снягi – то i тады б яна была лепшая за ўсе iншыя, бо яна любая вашаму сэрцу. Гэта – радзiма. Ваша радзiма, але ў ёй няма нiчога вашага: палi i палацы, караблi i грошы, багi i ўлада, думкi i воля – усё чужое. Мала хто з вас мае даволi месца, каб прытулiцца пры жыццi цi быць пахаваным пасля смерцi, цi дастаткова волi, каб справiць патрэбў ў канаве, калi вас не бачыць жандар. Калi ж вы кiнеце вокам на сiняе мора, дзе плаваюць караблi i фрэгаты, везучы ад вусця Нiла i Басфора Кiмерыйскага, i ад Гераклавых слупоў збожжа, медзь, шоўк i жанчын, вы ганарыцеся iмi, як сваiмi, бо гэта ж "нацыянальнае". I нiхто не хоча задумацца пра тое, што ўсе гэтыя даброты збiраюцца ў руках адзiнак. Персы, спартанцы, фiванцы i карынфцы, гэтыя чужынцы, забiваюць вас толькi адзiн раз, а вось братнiя рукi перацiскаюць вам глотку ўсё жыццё i забiваюць вас штодня. Наўкола не толькi няма нiчога вашага, але i самi вы, i душы вашыя належаць iншым.
7. Потым я пайшоў бы ў Пантэлейскiя каменяломнi, у капальнi Даскалiё i Лаўрыё, на суднаверфi Пiрэя, на фабрыкi, што выпускаюць ваенны рыштунак, – да рабоў. Я б сышоў у трумы караблёў, дзе тысячы згорбленых весляроў (сiвыя валасы, iлбы, заклеймаваныя напаленым жалезам) мерна грымяць сваiмi ланцугамi i ўскрыкваюць пад ударамi бiзуна, калi iм надараецца страцiць прытомнасць ад стомы. Я пайшоў бы ў вялiкiя маёнткi, як у Алкiвiяда ў Кувары, дзе аруць камянiстую зямлю ў адной запрэжцы, з валамi i валяць дубы знясiленыя рабы. Я пайшоў бы ў Акропаль, у Рамнунту, у Кудуру, у Кавакалонас, дзе яны ўзводзяць сваiмi рукамi да высокага неба мармуровыя калосы вашага духу – Парфеноны. Я б iм сказаў:
8. Фракiйцы, азiяты, афрыканцы i скiфы! Грэкi! Служкi, лёкаi, наглядчыкi, педагогi i iншы зброд! Утрыманкi з жаночай паловы дома i свяшчэнныя прастытуткi, што служаць багам i людзям! Рабы дзяржаўныя i нявольнiкi прыватных асоб! Бессаромная фiласофiя вучыць, што вы ад нараджэння рабы. Але нi багi, нi прырода не загадалi, каб семя вашых бацькоў спарадзiла вас такiмi. Доля зрабiла вас рабамi, а звычка канчаткова замацавала тое. Вы сталi рабамi, каб мы былi вольныя. Падымiце вашыя галовы i зiрнiце ў веснавое неба. Вы забылiся на яго блакiтны колер. Гэтаксама i на вашай радзiме смяюцца берагi i ззяюць пад сонцам палеткi. Калiсьцi i вы былi вольнымi i несправядлiвымi, а тут вы зрабiлiся рабамi i пакрыўджанымi... вы цi вашы продкi, цi ж не ўсё роўна? Вас – пераважная большасць. Усведамiце сваю сiлу i яднанцеся з пакрыўджанымi вольнымi. Уздымiце толькi свае малаты, сярпы, сякеры, кайданы i ўся рэспублiка "высакародных" рассыплецца ў пыл. Забярыце ў iх усе даброты i прымусьце працаваць за кавалак хлеба. "А мы будзем сядзець склаўшы рукi", адказалi б мне некаторыя, навучаныя поўзаць на жываце перад моцнымi, як рабы, i выпускаць вантробы ў слабых. "Не! – закрычаў бы я. – Працаваць будзеце i яны, i вы. Супольная праца, супольная воля!" – "На чорта нам такая воля! Не! Не трэба!" – "Не хвалюйцеся. Як надыдзе тая гадзiна, вас прымусам зробяць людзьмi, каб вы – хочаш не хочаш – выратавалi сваё цела, душу i дух". – "Дык хто ж прымусiць нас?" – зноў закрычалi б яны. "Скiфы".
Нечы грымотны голас узвiўся раптоўна, як ракета: "Скончылася вада!" Суддзi з неверагоднай хуткасцю паўскоквалi i з крыкамi, з лаянкай, штурхаючыся, пабеглi да выхаду. Гэта быў не пажар i не землятрус. Яны беглi, штурхаючыся, налягаючы адзiн на аднаго, каб паспець першым у касу i атрымаць свой заробак. Нават вяшчальнiкi рынулiся да выхаду па тое ж самае, пакiнуўшы Сакрата аднаго на трыбуне з горкай усмешкай на вуснах. А ён, са сваiм заўсёдным спакоем на душы i на твары, сыходзячы з трыбуны, папрасiў Платона, якi стаяў тут жа, зусiм збянтэжаны, правесцi яго да вязнiцы. "Не ведаю, бедны мой сябра, нi дзе яна знаходзiцца, нi па якой дарозе туды iсцi".