355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Костас Варналис » Сапраўдная апалогiя Сакрата (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Сапраўдная апалогiя Сакрата (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 15 октября 2016, 05:09

Текст книги "Сапраўдная апалогiя Сакрата (на белорусском языке)"


Автор книги: Костас Варналис



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 3 страниц)

Варналис Костас
Сапраўдная апалогiя Сакрата (на белорусском языке)

Костас Варналiс

САПРАЎДНАЯ АПАЛОГIЯ САКРАТА

Як гэта было

Пакуль гаварылi абвiнаваўцы (Мiлiт з пiсклявым голасам i бабскiмi звычкамi, нервовы, як салавей, Анiт з вялiзнымi вушамi i валоссем у носе i Лiкон з вузкiм чэрапам i каламутнымi вачыма), суддзi сядзелi на зямлi – хто падабраўшы ногi, хто на кукiшках – i лускалi зярняты, выплёўваючы шалупiнне ў патылiцу пярэднiм. Шмат хто ўладкаваўся тут жа, падсунуўшы пад галаву сандалi замест падушкi, i мерна пахропваў. А Сакрат пазiраў у высокае веснавое неба i раз-пораз цёр левае калена, якое яму балела. I праз гоман натоўпу, праз смурод ад разагрэтых целаў i сапсаваных страўнiкаў да яго з блiзкiх хвояў даляталi вясёлы шчэбет птушак, водар смалы, пахi масцiкавага дрэва i чабору, што сачылiся з некранутай зямлi.

Калi абвiнаваўцы скончылi, усталявалася такая глыбокая цiшыня, быццам усё гэтае месца разам з каменнем, дрэвамi i людзьмi правалiлася ў бездань, залiтую на два сажнi вадою. Стаiўшы дыханне, усе скiравалi позiркi на Сакрата: iм карцела ўведаць, якiмi выкрутасамi Сакрат зможа адолець закон.

3. Калi раптам сярод ночы спыняецца млын, млынар прачынаецца. Але Сакрат, нягледзячы на мёртвую ўсёабдымную цiшыню, не толькi не прачнуўся, а нават i не варухнуўся. Нехта з вучняў тузануў яго за рукаў: "Настаўнiк! Твая чарга!" Толькi тады Настаўнiк павярнуўся i збянтэжана зiрнуў на ўвесь гэты зброд. Ён з цяжкасцю прыгадаў, якiм гэта чынам ён апынуўся сярод паўтысячы раз'юшаных звяроў. Ён з'едлiва ўсмiхнуўся ў густую бараду, прыўзняўся на хвiлю i, пазiраючы на дзве пасудзiны (адна медная, другая драўляная), што стаялi на стале – абедзве суровыя i насупленыя, быццам яны былi жывыя i ненавiдзелi яго, – прамармытаў: "А я чакаў, грамадзяне афiняне, што вы будзеце апраўдвацца". I зноў сеў, i зноў пачаў церцi калена.

4. Суддзi, раздражнёныя яго паводзiнамi, хуценька пераглянулiся. Гэтулькi гадзiн яны праседзелi пад спякотным сонцам, спадзеючыся ўрэшце пасмяяцца з гэтага зласлiвага старога. Яны думалi ўбачыць яго разгубленым i прынiжаным перад высакалобым i ўсёведным Законам. I вось цяпер ён сапсаваў iм усю пацеху. Але найбольш зняважыла iх яго пагардлiвая адмова (у такi момант) ад найвялiкшай лiтасцi рэспублiкi: спярша апраўдвацца, а пасля iсцi на смерць. I, нiбы хлапчук, якога лупцуюць, а ён упарта не плача, i яго лупцуюць яшчэ мацней – так i суддзi занаравiлiся i, каб даць яму адчуць iхнюю сiлу, у першым жа галасаваннi прызналi яго вiнаватым ва ўсiх трох злачынствах, у якiх яго абвiнавачвалi трое вялiкiх заступнiкаў Маральнасцi.

5. Сакрат, пачуўшы iх прысуд, вымавiў толькi "хм". I калi ў яго спыталi потым (згодна з Законам), якое пакаранне ён выбiрае, смерць альбо выгнанне, ён толькi патрос сваёй лысiнай i нiчога не адказаў. Тады вяшчальнiк падышоў да яго i зноў крыкнуў яму (гучна) у вуха. Сакрат, стомлены, мусiў падняцца, сказаўшы: "Не пярэчу, абедзве кары як справядлiвыя, так i выгадныя i для мяне, i для вас. Але я б выбраў трэцюю..." "Прыносiў я вам карысць альбо шкоду адпраўце мяне цяпер, калi я стаў зусiм стары, у Прытулак Лайдакоў. Гэтак i вам будзе зручней без мяне, i я адпачну ад вас. I прыносьце шторання да маiх дзвярэй (але каб вы мяне не бачылi, а я вас) тыя гарачыя i пульхныя цудоўныя мядовыя пампушкi, што вы гэтулькi стагоддзяў з глыбокай пашанай падносiце святому змею Эрэхтэю, сыну дзевы Палады. Бо, мяркую, я вам зрабiў болей дабра i менш лiха, чым нейкая там боская скацiна".

7. Суддзi, хамаватыя мужыкi, якiя без дай прычыны ўсюды лаялi бога, зарагаталi, калi пачулi гэты нечаканы Сакратаў жарт, i iм стала цiкава, што ён яшчэ выкiне. "I паколькi я, здаецца, выказаў самую слушную думку, мне i належыць узяць усю вашую плату". Божухна! Якi тут узняўся вэрхал. Суддзi былi страшэнна раззлаваныя. Хто замахнуўся кiем, хто схапiў камень, хто кiнуўся на краты, iмкнучыся разарваць яго на кавалкi; i ўсе крычалi разам, так што слова нельга было разабраць. Хто гэта дзе чуў, каб патрабаваць сабе iхнiя тры аболы, цану iх працы?! Хiба дзеля гэтага такiя рупныя гаспадары пакiнулi свае справы i праседзелi тут цалюткi дзень, баронячы радзiму? Не грошы тут галоўнае, але ён жа патрабуе, каб суддзi пераступiлi закон! I нават каб яны хацелi, то не маюць права нiкому дарыць сваю плату; нават дзяржава не можа яе ў iх адабраць. Лiха яго бяры! Дык ён проста бессаромнiк, бязбожнiк i здраднiк... Што ж, яны яму пакажуць! I раз ужо Сакрат сам не выбраў сабе пакарання, суддзi другiм галасаваннем засудзiлi яго (зноў жа ў адпаведнасцi з Законам), каб ён выпiў атруту.

9. Якраз тут ён увесь i заззяў ад задавальнення i ўсведамлення сваёй моцы. Рухавы i поўны энергii – такi, якiм яго ведала большасць афiнян у выпiўках, сварках i бойках з ворагамi, – ён упэўнена ўзышоў на трыбуну i, прыжмурыўшы хiтрыя вочы, няспешна сказаў iм усё тое, што вы зараз прачытаеце.

10. Тыя, быццам бы сапраўдныя, "апалогii", напiсаныя яго сябрамi i вучнямi, усе – проста выдумкi, нiкчэмныя спробы даказаць, што Сакрат быў невiнаваты, што Закон быў справядлiвы, а суддзi – добрыя i сумленныя афiняне, якiя дапусцiлi памылку, а вiнаватыя ва ўсiм толькi трое нягоднiкаў – тыя, што ўсяляк назалялi небараку.

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

1. Колькi цяпер гадзiн? Ды ўжо за поўдзень! Шэсць гадзiн, як лёду, прайшло, а я нiчога не чуў. Пад старасць, як бачыш, пагоршаў мой слых. А калi б у Адысея была мая загана, ён не заляпляў бы вушэй воскам i не прывязваў бы сябе да мачты, каб не чуць салодкага спеву смерцi. Але (раз ужо гаворка зайшла пра гэта) спеў смерцi глыбока запаў яму ў душу i потым усё жыццё чуўся яму.

2. Ды нават каб у мяне было дзесяць здаровых вушэй, я зноў бы нiчога не пачуў. Я разгубiўся перад гэтым вялiзным i разнамасным натоўпам. Мне прымроiлася, што я на тым свеце i мяне, ужо мёртвага, судзяць пяцьсот Плутонаў. Таму я i ўсмiхаўся гэтак пакорлiва. Усё ад страху, разгубленасцi i глупства. Ага! Я адчуваю, як у маёй душы затрымцела патрыятычнае славалюбства. Прынамсi, i мне ўласцiвае гэта высокае пачуццё. Сапраўды, там, дзе пускае каранi гэтая Трыяда (глупства, разгубленасць i страх), i Закон моцны, i Народ шчаслiвы.

3. Такiм чынам, я нiчога не чуў, бо нiчога не кемiў розумам. Некалi мой розум меў звычку вандраваць у нейкую дзiвосную краiну, куды нiколi нi птушка не далятала, нi карабель не даплываў, бо яе нiколi не было. Адтуль ён вяртаўся аглушаны i аслеплены, ахоплены невыносным болем. Гэта была краiна Iдэй, грамадзяне афiняне! I з тым, хто хоць адзiн раз ступiць у яе, будзе гэтаксама, як з Тырсеем, якi ўбачыў Паладу зусiм голай: ён назаўжды аслепне.

4. Але вось апошнiм часам мой розум паводзiць сябе, як асёл, якi раптоўна апынуўся перад безданню цi на гнiлым мосце. Ён упiраецца, наравiцца, упарцiцца i не жадае ступiць нават паўкроку далей за свой нос. Так i мяне прымушаюць згiнацца i глядзець на свой нос. Усе на свеце! Бязмежнасць брыдоты – гэта значыць iсцiны. У мяне ў галаве замарач i ў скронях нiбы молатам б'е. Дзiўна! Мы бачым багоў, iдэi, сны, мiнулае, будучыню i не бачым свайго носа, грамадзяне афiняне! I цяпер я разумею, што сапраўды мудры толькi той, хто здолее ўбачыць i зразумець яго. А я дык нiколi i не падазраваў пра яго iснаванне, хоць усе мяне дражнiлi, кажучы, што ён пляскаты i кiрпаты, як у малпы цi ў казла. Прынамсi, я нiчога не чуў, бо ўвесь гэты час вывучаў свой нос, каб стаць мудрым.

5. Вядома, я перабольшваю. Не можа быць, каб я нiчога не чуў. Да вуха майго зрэдку даляталi то лаянка абвiнаваўцаў, то вашыя праклёны. I я ўсмiхаўся ў душы тым з'едлiвым адказам, што прасiлiся на язык. Але я не мог выказаць iх вам у той момант: закон забараняе перапыняць прамоўцу. Гэтак я i стрымлiваўся, каб сказаць вам усё адразу ў канцы – так стрымлiваюць i цярплiва адкладваюць сваю патрэбу, баючыся выйсцi на двор зiмовай ноччу, калi вые вецер, шалее непагадзь. Але вось надышла мая чарга гаварыць, i я забыўся, пра што збiраўся казаць, а ўспамiнаць няма ахвоты.

6. Тое, што я найлепей пачуў, быў ваш смяротны прысуд. Я ведаў пра гэта ад самага пачатку, бо я цалкам перакананы, што мы жывём у эпоху заняпаду. Але калi б я гэтага загадзя не ведаў, мне было б няцяжка здагадацца. Вашыя сонныя вочы i вашыя пазяханнi яскрава сведчаць пра гэта. Не было анiякае патрэбы вымушаць гэтую доўбню вяшчальнiка гарлапанiць мне ў вушы. Але нават калi б вы не драмалi, то й тады вы б мяне забiлi. Зiрнiце на абвiнаваўцаў! Прыгожыя, багата апранутыя, з важным выглядамi Запiсныя патрыёты! Багацеi, свяцiлы Рэспублiкi! А цяпер зiрнiце на мяне. Ну i пыса! Абадранец, падшыванец, аматар пасварыцца, лайдак, сапраўдная нiкчэмнасць. "Наймудрэйшы з людзей"! Дзе ж мне схавацца? Зямля гатовая раскалоцца i праглынуць мяне. I я б на вашым месцы не пасаромеўся засудзiць мяне на смерць i на бязлiтасную лупцоўку; лiчыў бы i тое, i другое вялiкiм гонарам для сябе.

7. Але душа iх прыгажосцю i багаццем нашмат пераўзыходзiць iх знешнасць i вопратку. Навошта ж яны прынiзiлi сябе, патрабуючы смерцi для мяне? Дзеля дабра дзяржавы. Буду я жывы цi памру – яны нiчога не выйграюць. Нi палёў, якiх у мяне няма, каб iх можна было паскупляць на аўкцыёне, нi грошай (скуль мне iх узяць?), якiя б я мог заплацiць, каб яны забралi назад свой данос; i, вядома, яны спяшаюцца зрабiць удавой старую Ксанцiпу не дзеля таго, каб з ёю ажанiўся хто-небудзь з iх трох (во быў бы набытак!). Яны хочуць маiм падзеннем, грамадзяне афiняне, умацаваць у душах вашых Дабрачыннасць, якая сур'ёзна пахiснулася. Правадыры народа! Каб яны не былi сумленныя i чыстыя, дык яны былi б абвiнавачанымi, а я – абвiнаваўцам.

8. Каго не аслепiць моц гарбара Анiта? Доблесны ваявода. Вы яго адправiлi з трыццаццю караблямi ратаваць Наварын, а ён схаваўся за мысам Малеяй (разумееце, вецер быў не ў той бок). Пакуль крэпасць не здалася, ён ратаваў сваю шкуру. Сквапнасць, разумееце, вымушае яго сваю шкуру цанiць больш за гонар "загiнуць за айчыну". I калi пасля яго былi асудзiлi за здраду, ён паказаў, якi ён стратэг. Той, хто дрыжаў за сваё жыццё дзеля грошай, не стаў дрыжаць над грашыма дзеля ўласнага жыцця. Такiм чынам тагачасныя суддзi апраўдалi яго, што было надзвычай суладна i з iм, i з традыцыямi рэспублiкi, i з ветрам не ў той бок, якi стаў яму гэткiм спрыяльным.

9. Не магу дараваць яму толькi таго, што ён заплацiў цэлую мiну кручкатвору Палiкрату за абвiнаваўчую прамову, якую той прадэкламаваў вам, не раўнуючы як актор. Чаму б яму, добрай душы, было не прыйсцi да мяне? Я б яму склаў куды лепшую – прынамсi, разумнейшую – ды яшчэ за палову тых грошай. Пасля таго як я, сказаўшы два словы ў сваю абарону, давёў вас да шаленства i вы засудзiлi мяне да смерцi, я б дамогся яшчэ большага поспеху, абвiнавацiўшы сам сябе, што я зараз i зраблю. А грошы тыя прыдалiся б мне, каб набыць атруты найлепшага гатунку i заказаць сабе дамавiну з арэхавага дрэва – на злосць Сакрацiсе, ад якой я нiколi не бачыў належнай павагi.

10. А рытар Лiкон? Цi бачылi вы калi-небудзь рытара, якi быў бы адно што дэмагогам? Якраз таму вы i зрабiлi яго стратэгам i даручылi яму абарону Лепанта. Але ён, ведаючы цану патрыятызму, прадаў за срэбра крэпасць ворагам. Вы ж пасля паверылi яму, нiбыта ён не мог нiчога зрабiць насуперак Лёсу, якому падуладныя i багi – гэта значыць, насуперак грошам, якiя кiруюць i Лёсам. Вось гэты славуты збавiцель пiша законы, што ахоўваюць жыццё, годнасць i маёмасць грамадзян – гэта значыць, яго жыццё, яго годнасць i яго маёмасць – i забiваюць здраднiкаў – гэта значыць, тых, хто не здольны прадаваць сваю радзiму.

11. Калi гэтыя двое фанабэрацца, што яны заслужана лiчацца "ўлюбёнцамi горада", Мелет, сын Мелета, мiтыец, лiчыць вартым смерцi Сакрата, сына Сафранiска, алапекiйца. Надушаны Мелет, невядомы паэт i добра вядомы "той самы"... Але ж ён – малайчына! За некалькi соцень мiнаў ён згадзiўся падмахнуць абвiнаваўчы акт, падвяргаючы сябе пры гэтым небяспецы: у выпадку майго апраўдання – быць асуджаным "за страту годнасцi". Ды, вiдаць, хлопцу не было ўжо чаго губляць.

12. У параўнаннi з iмi я нiчога не зрабiў для радзiмы. Я не здаваў Наварына, не прадаваў Лепанта, я не аддаваўся ў струменях Кефiса мiстэрыям мужчынскай Афрадыты. I колькi мне нi навязвалi пасадаў, я iшоў супраць звычаяў iншых начальнiкаў i супраць густаў натоўпу, цi то – праз сваю ўпартасць, цi то праз сваю адкрытасць. Яшчэ перш чым вы вырашылi праславiцца маёй смерцю, я ўжо тры разы быў на валасiнку ад яе: два разы – у векапомныя часы рэспублiкi i аднойчы – у эпоху Трыццацi тыранаў. Але нават калi б мае абвiнаваўцы не былi такiя важныя персоны, а я – такi маленькi чалавек, дык i тады б у вас хапiла мудрасцi i цноты асудзiць мяне. Вы ўсе тут як на падбор, адзiн пад аднаго! Зевесавы суддзi! Толькi мозг i душа... Без фантазiй i без пустой балбатнi. Раз-два i – гатова! Таму вы выносiце смяротны прысуд з гэткай самай лёгкасцю, з якой калупаеце пальцамi ў носе i размазваеце выкалупанае там, дзе седзiце.

13. Вось – Найдабрачыннейшы з Плакi, старшыня суполкi аховы маральнасцi, якi не дазваляе сустрэцца на вулiцы двум сабакам, але патаемна аддае сваю жонку палюбоўнiкам i сам цешыцца з гэтага. А вось – Вяпрук з Лепсiны, закруглены спераду i ззаду, бялюткi ўнутры i звонку; ён вытлумачвае ўсе таямнiцы багiнi, але не тлумачыць таго, якiм чынам яе палеткi i алiўкавыя гаi ператварылiся ў яго фамiльную ўласнасць. А, вось i буйныя гандляры збожжам i караблеўласнiкi Пiрэя браткi Саракапальчыкi (якiя справы, такое i iмя!); iм удаецца кожны год займаць пасаду "збожжахавальнiкаў", каб рэгуляваць цэны на збожжа, муку i печаны хлеб i правяраць, цi не занадта лёгкiя гiры ў iншых гандляроў. А вось i лiхвяр Фармазон з Кефiса, якi давёў людзей да галечы, але загадаў пабудаваць ахвярнiк Мiласэрнасцi i, сiлкуючыся ячным хлебам ды гнiлымi маслiнамi, нiяк не можа пазбыцца скулаў; праз гэта ён скрабе сябе там, дзе яму болей да твару былi б рогi i ярмо. А вось i Цнатлiвец з Калона, далiкатны, надушаны, вымыты ў духмяных водах, дбайны штогадовы адкупшчык падаткаў на прастытуцыю, якiя яму выплочваюць нават родны брат i каханка. А вось i вялiкi заступнiк за сiротаў Спагадлiвы, якi выкiнуў на вулiцу братавых дзяцей ды яшчэ пасля жалiўся, што яны зрабiлi яго бедняком. А вось i Фрасiй, сынок Кляона, якi разам з пятнаццаццю такiмi, як i ён сам, падцiкоўваў аднаго грамадзянiна, каб адлупцаваць i забiць яго, але цяпер, калi часы змянiлiся, ён калоцiцца ад страху i сцвярджае, што пакаяўся i што пойдзе ў манастыр дзеля збавення душы сваёй. Вось i славуты лжэсведка Праўдзiвы. Каб паспець абслужыць сваю асобу, ён адчынiў побач з судом кантору з дзесяццю памагатымi...

(Страшэнны гвалт, пагрозы, крыкi: "Далоў! Далоў!")

14. Якое яшчэ там "далоў!"! Навошта марна гарлапанiць? Паспееце назлавацца, бо далей я скажу пра вас яшчэ горшае. Баiцеся, каб я не выкрыў нячыстыя справы кожнага з вас паасобку? Супакойцеся... Я не бачу далей, як два першыя рады. I зноў жа... Скуль мне ведаць усе вашыя iмёны? Каб вы зрабiлi дзесяць (досыць i трох!) подласцей, разам было б колькi тысяч... Хто здолеў бы пералiчыць iх, адну за адной? Мне вы прыпiсалi ўсяго тры, i спатрэбiлася аж шэсць гадзiн, каб пра iх расказаць i пераканаць вас. I, зрэшты, чаму вы злуяцеся, што я вас выкрываю? Вы ж – Закон, Закон учарашнi, сённяшнi i заўтрашнi. Калi б хоць адзiн сярод вас быў чысты, Закон развалiўся б, рассыпаўся ў прах.

15. Не кажыце мне: "Дык вось што! Столькi год ён плявузгаў, нiбыта дух кiруе матэрыяй, а душа – целам, што ён не лiчыўся з думкаю натоўпу, а толькi з думкаю фiлосафаў, гэта значыць, са сваёй, бо астатнiя ўсе садысты. Але цяпер, калi яму прыпякло, ён на ўсё забыўся, трызнiць i лаецца". Не, я нiчога не ганю i не ўхваляю. Мне не шкада памерцi невiнаватым, як i не сорамна было б памерцi вiнаватым. Мне ўсё адно, цi я сёння расквiтаюся з подласцю законаў, як i ўсё адно, калi я вам вызвалю месца паводле загаду Прыроды – праз некалькi месяцаў цi праз год. Я вiнен вам. Адыходзячы ўрачыста i пад гукi трубаў з аднаго Нiчога ў другое, яшчэ большае Нiшто, я з задавальненнем пасмiхаюся з вас i з самога сябе. Што тут зробiш? Разважаць – значыць пацяшацца.

16. А як падумаю, што вы шалееце не раўнуючы як сабакi ад маiх слоў, а зрабiць мне нiчога не можаце, нават пайсцi адсюль не можаце, бо страцiце свае тры аболы – дык мне так i хочацца падскочыць ад задавальнення i злацешнасцi. Я вас люблю, мне так i карцiць абняць i расцалаваць вас, як гэта робяць п'янтосы. У вас затрэслiся б паджылкi ад адной толькi думкi, што вы – на маiм месцы. Ну вось, спачатку вас звязалi, а потым прымусiлi выпiць атруту. Вось пачаўся боль i сутарга.., шклянеюць вочы, i з рота iдзе пена, пранiзлiвы холад падымаецца з ног, павольна праточваецца ў цела i ўчэплiваецца сваiмi кiпцюрамi спярша ў страўнiк, а потым – у сэрца... I гэта ўсё... Не мацайце сваiх жыватоў, грамадзяне афiняне. Няма там анiякае атруты: там скачуць (цi неўзабаве пачнуць скакаць) усе радасцi божыя – казлiная пячонка, падсмажаная на вуголлях, салёная чарнаморская паламiда, свiныя каўбаскi, прыпраўленыя перцам i часнаком, арэхi, разынкi, вiно (шмат вiна!) – i загуляюць музычныя вятры. Вы бессмяротныя i былi б, так сказаць, яшчэ больш неўмiручыя, каб Лёс надзялiў вас конскiм хвастом, якiм бы вы махалi налева i направа, нiбы веерам – каб прагнаць мух, што кусаюцца, калi вы спiце i калi вы судзiце, бо судзiце вы сплючы!

ЧАСТКА ДРУГАЯ

1. Калi я ўявiў сабе, што ляжу на дашчаным ложку, увесь адпаведна ўпрыгожаны, ляжу камiчна-ўрачыста, як усе нябожчыкi; а вакол мяне стаяць, з выглядам засмучоных Магдален, патрыятызм абвiнаваўцаў, ваша бязгрэшнасць i чысцiня вашых законаў, я шчыра засмяяўся. Бо, як вам вядома, вошы ўцякаюць з нябожчыка на жывое цела. I калi зiрнуў я на вас, жывых, якiя прасмердлi, нiбы падла за дзесяць дзён (у каго – лiхаманка, у каго – кiла, у каго – экзэма, кароста, сухоты), i ўсё ж хочуць вырваць вока свайму блiжняму, я падумаў пра жывёлу: тая, што жарэ iншых, уяўляе сябе бяссмяротнаю, а тая, якую жаруць, не мае нават надзеi калi-небудзь уваскрэснуць для лепшага жыцця.

2. Але потым я падумаў: а што было б, Сакраце, каб замест цябе, што стаiць на трыбуне "з вясёлымi тварам i вачыма" i пасмiхаецца з iх... каб перад iмi за абвiнавачанага быў твой распасцёрты труп? Судзяць жа часам мёртвыя прадметы: цэглу, шалупiнне ад кавуноў, крукi, на якiя падвешваюць тушы... Ведаеш, што б тады здарылася? Усе б сабралiся вакол цябе, нахiлялiся б, каб лепей цябе разгледзець, кiвалi б спачувальна галовамi i казалi: "Ён добры быў, небарака... Паглядзiце, як папрыгажэў нябожчык. Заплюшчылiся яго лiсiныя вочкi, патанчэлi пульхныя губы, схуднеў i выцягнуўся яго пляскаты нос. Глядзець прыемна! Памятаеце, з якой асалодай ён лупцаваў сафiстаў i ашуканцаў – нiбы выбiваў лiсiныя шкуркi. Ён зрабiў шмат дабра дзяржаве. А якая аддзяка? Пражыў i памёр на саломе. I кажучы мiж намi, той, хто пацярпеў ад яго слоў i ўчынкаў, можа, i дурань, але не махляр; а той, хто зарабляе справамi i словамi сваiмi, мае смярдзючыя рукi i душу... Ведаеце што? Давайце зробiм яму пахаванне на грамадскi кошт. Нашым дзецям патрэбныя ўзоры".

3. А цяпер, раз ужо не пашчасцiла мне памерцi сваёю смерцю, вы мяне забiваеце... зноў-такi дзеля прыкладу. Вам патрэбная ахвяра... не дзеля таго, каб вашы дзецi навучылiся любiць Дабрачыннасць, а каб яны баялiся Рэспублiкi. Вам патрэбная буйная ахвяра, каб аплацiць злачынствы ўчарашняй тыранii i каб загарадзiць дарогу яе вяртанню. Пасля таго як вiнаватыя паўцякалi, вы схапiлi мяне, "настаўнiка" Крыцiя i легкадумнага Ферамена, якi адмаўляе ахлакратыю авадня, што не даваў вам спакою. Цела маё (мяса i косткi) не заважыць, вядома, на шалях Немезiды гэтулькi, колькi важыць тысяча пяцьсот трупаў ахвяр тыранаў, але шмат важаць маё iмя i мая душа. I калi б вас усiх разам, сто пакаленняў, кiнуць на шалi вагаў, усё адно я б заважыў болей.

4. Пройдуць гады, i знойдзецца ў мяне шмат сяброў, i з'явiцца шмат зласлiўцаў, тутэйшых i тамтэйшых, цяперашнiх i будучых, якiя ўзнiмуць ладны вэрхал вакол маёй смерцi. Мяне назавуць "найлепшым з элiнаў", "салаўём муз", "самым справядлiвым", "самым разважлiвым", "вянком Элады". Дзецi вашыя збудуюць мне храм, "Сакратыён", i штогод увесну будуць прыносiць мне ахвяраваннi. Мне будуць пакланяцца, як богу (хоць вы i не дазвалялi мне мець нават нiкчэмнага "дэмана"). А дзеля чаго? Адны дзеля таго, каб паставiць сваё iмя побач з маiм, калi загавораць пра мяне; iншыя – каб паказаць, што, калi б я жыў у iх эпоху, яны б мяне зразумелi i шанавалi. Марны занятак! I тыя, i гэтыя праз меру павялiчаць маё значэнне i пакрыўдзяць вас: яны будуць хлусiць i верыць хлуснi. Вы й Закон выканалi свой абавязак. Адно толькi: вы караеце мяне не за тое, што я парушыў Закон, а за тое, што я аказаўся няздольны растаптаць i пераступiць яго! "Не мае рацыi Сакрат, бо слабы ён i бядняк – i таму варты смерцi!" Вось што трэба было сказаць у даносе...

5. Калi б мяне судзiў кожны з вас паасобку, грамадзяне афiняне, вы б мяне апраўдалi, але ўсе разам вы гэтага зрабiць не можаце. Чым больш людзей лiпне адно да аднаго, ператвараючыся ў натоўп, тым менш у iх развагi i болей злосцi. I каб вас тут сабралася пяцьсот адборных мудрацоў – скажам так, Сакратаў – уся ваша гайня не была б вартая i паловы таго, чаго варты адзiн дурань; а вас жа тут – пяцьсот дурняў. Натоўп, Грамадская Думка – гэта велiзарны дварняк, прывязаны да кала на сонцы. Ён спiць бесперастанку цi скрабе сваю каросту; i шалёна кiдаецца на людзей, як толькi хто-небудзь памкнецца змянiць тое, з чым ён звыкся: спусцiць з ланцуга. Гэтак i вы: ледзь толькi вам данеслi, што я падрываю рэлiгiю, паганю моладзь i разбураю Логiку, – вы ўскочылi, нiбы тысячаногi звер, i заляскалi, як Сiмплегады, сваiмi скiвiцамi, пагражаючы расцерцi мяне на пыл. Калi б я еў полымя i глытаў шпагi, як фокуснiк на кiрмашы, гэта б вас не здзiвiла, i вы б падумалi, што я сапраўды глытаю шпагi i ем полымя. Нават калi б я быў шарлатанам-лекарам i частаваў вас мачою i гноем, вы б думалi, што менавiта мне вы абавязаны жыццём. Вы б гэта зразумелi i плацiлi б мне грошы. Але апошнiм часам вы часта чулi, як я, усмiхаючыся, казаў: "Нiчога не ведаю". I я напраўду нiчога не ведаю. Вам гэтага не зразумець! Атрымоўваецца, я – сапраўднае Страшыдла! Хто ведае, на што яно здатнае?

6. Я прымушаў iншых казаць тое самае i сапраўды верыць, што ўсе iхнiя веды – падман. Я прымушаў шукаць праўду. Ды вы, грамадзяне афiняне, спачатку занепакоiлiся, а пасля раз'юшылiся. Да чаго ўсё гэта магло прывесцi? Вы цудоўна ведаеце, што чым менш грамадзянiн думае, тым ён разумнейшы, а чым менш гаворыць, тым ён вальнейшы. А што, калi б раптам якi-небудзь дзiвак, упарта шукаючы iсцiну, знайшоў, што правiльней будзе есцi, чым галадаць? А то яшчэ горш – яму стукне ў галаву крычаць пра гэта дзе папала? Значыць, перш чым усхадзiлася бура, вам захацелася спынiць злыя вятры? Але злыя (даруйце, добрыя) вятры паклiкалi сафiсты. Тады я, нiбы гаротная Грамадская Думка, узяўся брахаць на iх i хапаць iх за ногi. Аднак, каб адчапiцца ад мяне, вы наклеiлi на мяне налепку, быццам я быў самы-самы сафiст. Хоць бы я iм быў!

7. I, каб пазбавiцца ад мяне яшчэ прасцей, вы начапiлi на мяне i такое: нiбыта я бязбожнiк. Каб жа я iм быў! Бязбожнасць вы прыхавалi, як самы надзейны сродак, каб цкаваць сабаку i раз-пораз спускаць яго з ланцуга, ахоўваючы з дапамогай яго зубоў свае матэрыяльныя выгоды. Ворагаў вашага дабрабыту вы зрабiлi – i вельмi мудра – асабiстымi ворагамi сабакi. Каб учынiць расправу над Алкiвiядам, якога любiў i якiм захапляўся натоўп за яго прывабнасць, багацце i нястрогасць нораваў, вы абвiнавацiлi яго ў бязбожнасцi. I натоўп, забыўшыся на сваё замiлаванне, гнаўся за iм, як сабака, аж да самага краю зямлi. Бо вы навучылi яго чакаць шчасця з неба, а не патрабаваць сваё шчасце ад вас. Такiм чынам, адбiраючы ў яго марную надзею, мы адбiраем усё. I ён разарве цябе.

8. Каб вы зайшлi ў маю хату, вы ўбачылi б, што на сцяне там вiсяць абразы, запаленыя лампады i нашыя вянчальныя кароны ў бляшаных футаралах. А ў храме вы ўбачылi б, што я цалую ў руку святару. Цi гэтага вам не досыць? Што вам да таго, верыў я альбо не верыў? Досыць таго, што я здаваўся вам веруючым. Сапраўды, я не хацеў сварак з Ксантыпай i даваў ёй волю – абвешваць сцены абразамi. Я цалаваў у руку папу прылюдна, каб болей паздзекавацца з яго. "Во як, гэты прайдзiсвет пераплюнуў мяне ў крывадушнасцi", – думаў ён сам сабе.

9. Я казаў, што ўва мне жыве нейкi дэман, якi мною кiруе. Я мусiў казаць так, каб вытлумачыць прасцячкам, чаму мой розум пераўзыходзiць iншыя розумы. Гэта зусiм не значыць, што я падрываў рэлiгiю. Iснуе столькi маленькiх багоў (цэлы мурашнiк.!), што iх немагчыма палiчыць, i iмёны iх нам не вядомыя. I калi ў кожнай крынiчцы, у кожным дрэве, у кожным дупле тулiцца па адным бажку, то чаму б яму не тулiцца ў Сакраце, якi ўяўляе больш прыстойнае жытло для багоў, чым нейкi там валун, якаясьцi сажалка цi галавешка з печы альбо наогул якая-небудзь дзiрка? Калi ў кожнага вар'ята ўсяляецца якi-небудзь бог, каб стаць прычынаю яго вар'яцтва, то чаму бог не можа ўсялiцца ў мудрага Сакрата, каб зрабiць яго яшчэ мудрэйшым? I калi ўсе хваробы i п'янства, i сны, i сненнi, i смерць, i нават чыхаўка ды кашаль – багi, дык чаму Iронiя не можа быць богам?

10. А што, калi мой дэман – новы божачкаў сын? Першы-лепшы поп з Усходу прыносiць сюды i падсоўвае вам то аднаго, то другога бязладнага бога – як Сабазiя, Кацiто цi Афрадыта – i вы iм з радасцю пакланяецеся. I калi вы дзеля такiх багоў нацягваеце спаднiцы i аздобленыя карункамi панталоны i несамавiта скачаце, вiхляючы азадкамi i жыватамi, нiбы жанкi; i калi вы лiчыце, што богу даспадобы, каб вы прысвячалi сваiх рабыняў, рабоў i нават сваiх дачок ды самiх сябе Афрадыце, Афiне, Апалону i аддаваць "свяшчэнную плоць" ахвочым да яе, каб складна плявузгалi языкамi i дармаеднiчалi прапаведнiкi – Еўмапiльд ды iншае папоўскае насенне, – дык у чым жа правiнiўся ты, сцiплы мой дэман, што сядзеў сабе цiхамiрна i падбухторваў мяне да пошукаў Справядлiвасцi, не ходзячы па людзях з тацамi i не патрабуючы сабе храмаў ды ахвяр? Ад вас не патрабавалася дзеля яго нават спускаць штаны. I, зрэшты, пасля маёй смерцi ён пайшоў бы разам са мною, каб нам болей нiколi не вяртацца ў вашую праклятую краiну!

11. Вось што думаюць самыя гаспадарлiвыя сярод вас – "гуляю трыста дзён у год, п'ю, качаюся ў гразi, лупцую жонку, краду з царкоўнага карца, займаюся кантрабандаю, ашукваю пакупнiкоў, даю хлуслiвыя клятвы, шпiёню i нiкога не чакаю. Я не хаджу прапаведаваць iншым бязбожнасць. Я магу не верыць, але натоўп... Гэтыя пачварныя зямельныя чарвякi, гэтыя брудныя партовыя пацукi, гэтыя галодныя базарныя сабакi – ледзь толькi яны пазбавяцца веры ў бога, хто iх стрымае? Спярша хай стануць культурнымi!" Але да гэтага яшчэ не дайшло... Рэлiгiя, як вы кажаце, падмурак айчыны i маралi. Пазбаўлены страху божага натоўп кiнецца на чужыя грошы, маёмасць i ўсё астатняе i пасадзiць на кол сваiх ахоўнiкаў. Вам нявыгадна, вы не хочаце, каб народ рабiў гэтак, як вы. I вось вы кiдаеце яму пад ногi мой нiкчэмны труп, каб народ не забываўся на тое, што бязбожнасць – найвялiкшы грэх... Але я ж "падрываў мараль"! Паганiў дзяцей! Якiх дзяцей?

12. Усiм маiм вучням было за сорак. I яны былi зусiм не вучнi, а сябры. Калi дзецi бегалi ззаду за мною, не мог жа я iх прагнаць. Дзецям патрэбны смех i жарты. Ад фiласофii i падобных рэчаў iх нудзiць: яны дражнянь настаўнiка, школа iм абрыдае, i яны ўцякаюць з яе. Я iх вучыў – сцвярджаеце вы – што яны маюць права звязваць i лупцаваць бацьку, калi той п'е альбо выкiдае грошы на гульбiшча цi на жанчын, калi ён дзяцiнее цi трацiць розум. Гэта я казаў не дзецям, гэта я казаў бацькам. Тут, я мяркую, усё ж ёсць нейкая рознiца.

13. Вы мне скажаце: "А як наконт Алкiвiяда? Хiба Алкiвiяд не твой вучань?" Ну, хто гэта здолеў бы ўтрымацца, каб не мець яго за свайго вучня! Зграбны хлопчык, багаты, жвавы, з самай лепшай сям'i, трошкi апантаны i капрызны, няўрымслiвы – найразумнейшае дзiця Афiнаў! О, ён куды мацнейшы за мяне!

Перад iм я практыкаваўся ў тым, каб перамагаць спакусы i страсцi сваёй душою, не бянтэжыцца перад багаццем, прыгажосцю i маладосцю. Такiм чынам гэта я быў яго вучнем, а не ён маiм. Дайшло да таго, што я пачаў верыць, а потым i прапаведаваць, што духоўная любоў – а значыць, не фiзiчная – ачышчае душу i нараджае iдэi. Таму менавiта я крычаў, што трэба пазачыняць харчэўнi i храмы Афрадыты. Ах! Тады б раз'юшылiся грамадскiя скарбнiкi i святары, бо iх прыбыткi сталi б меншымi. I мяне абвiнавацiлi ў тым, што я нiбыта iмкнуся разбурыць грэчаскую сям'ю.

14. Што? Я быў небяспечны для Рэспублiкi? Небяспечны я, а вы Рэспублiка... Але небяспечных, грамадзяне афiняне, не судзяць. Альбо iм па-рабску пакланяюцца, альбо iх подла забiваюць. А тых, хто калi-небудзь можа стаць небяспечным – бо iх шкадуе народ, – вы прадбачлiва выганяеце з горада. Калi б я быў небяспечны, вы б нанялi пару наркотаў, каб яны мяне зарэзалi; вы б падкупiлi кухараў, каб яны падкiнулi сулемы мне ў страву, у вiно альбо ў каву. Небяспечнага не судзяць, i ён не апраўдваецца... Ён сам судзiць i забiвае. Бо ў яго – улада. I толькi калi ён яе страцiць, толькi тады вы можаце судзiць яго – калi адважыцеся... цi калi яго зловiце!

15. Небяспечныя былi: Пiсiстрат i яго дзецi, Алкiвiяд, трыццаць тыранаў. Быў бы й Кiлон, каб яму пашчасцiла захапiць уладу, цi Арыстыд – каб ён быў менш справядлiвы i больш падступны. Вось такiя вас абкрадваюць, вас забiваюць, вас высылаюць i называюць "здраднiкамi". А вы – нi слова! I калi б я, замест каб мянцiць языком на базары, перабiў вас тысяч сорак ды пасадзiў у афiнскiх прыгарадах ворагаў – каб яны хапалi вашую гавяду, высякалi алiвы, нiшчылi вiнаграднiкi, выпальвалi вашыя палеткi, а вы здыхалi з голаду i халеры, зачынiўшыся ў крэпасцi... калi б я адправiў у выгнанне некалькi тысяч самых заможных з вас, каб забраць сабе вашае дабро; калi б я, адчынiўшы патаемна браму, пусцiў у горад пелапанесцаў, персаў цi яшчэ якiх-небудзь мярзотнiкаў, каб яны пасадзiлi мяне вам на карак у якасцi збавiцеля, – хто б тады наважыўся шчувоўкнуць, а тым больш судзiць мяне? Усе авантурысты пазбягалiся б да мяне i сталi б маiмi падхалiмамi. А "добрыя патрыёты" бiлiся б галавою аб сцяну з тае прычыны, што не паспелi зрабiць чаго-небудзь яшчэ горшага i яшчэ больш разбагацець.

16. Не, не Сакрата вы спалохалiся. Вы хацелi запалохаць iншых, што вы памраце. Рэспублiка ваша кепска стаiць на нагах. Доўгiя сцены памiж Афiнамi i Перэем ляжаць у руiнах. Плачце па iх! Караблёў у вас няма. Саюзнiкаў, што плацiлi данiну вам на пракорм, у вас цяпер таксама няма. Насуперак усiм вашым забойствам, высылкам у выгнанне сярод вас хаваецца шмат такiх, што смуткуюць па залатым веку тыранii: цяпер яны губляюць усё, што набылi тады, дый вы намагаецеся набыць тое, што страцiлi тады. А той, хто варочае ўсiм, баiцца змен; скiнутыя ж прагнуць iх i ўсяляк iх рыхтуюць. А зацiснуты вамi з двух бакоў народ мусiць расплачвацца за вашыя грахi i аднолькава пакутаваць як ад законнага парадку, так i ад беззаконня – i пры тыранii, i пры рэспублiканскай свабодзе. А каб народ нiчога не разумеў i не пярэчыў вам, вы яго падманваеце i палохаеце. Ёсць народы, што жывуць у лясах, не маюць пiсаных законаў, ядуць свае вошы – i ўсё ж любяць сваю свабоду. То дзiкiя народы. Мы жывём у найлепшай краiне свету, у нас самыя мудрыя законы, мы не ямо сваiх вошай – i любiм махляроў, што нас жаруць.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю