![](/files/books/160/no-cover.jpg)
Текст книги "Пасаг (на белорусском языке)"
Автор книги: Ги де Мопассан
Жанр:
Прочая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)
Де Мопассан Ги
Пасаг (на белорусском языке)
Гi дэ Мапасан
Пасаг
Пераклад: Сяргей Мурашка
Шлюб мэтра Сiмона Лебрумана i панны Жаны Кардзье нiкога не здзiвiў. Мэтр Лебруман нядаўна купiў натарыяльную кантору пана Папiёна, i, ведама, патрэбны былi грошы, каб заплацiць; а панна Жана Кардзье мела трыста тысяч франкаў гатоўкаю – банкнотамi i чэкамi на просьбiта.
Мэтр Лебруман быў прыгожы хлопец. У iм была нейкая шыкоўнасць, шыкоўнасць, уласцiвая натарыусу, шыкоўнасць, можа, трохi правiнцыйная, але ўсё ж такi шыкоўнасць, што не часта сустрэнеш у Буцiнi-лё-Рэбур.
Панна Кардзье мела вабнасць i свежасць, вабнасць трохi сарамлiвую i свежасць трохi пабляклую, але, увогуле, яна была пяшчотная i прынадная прыгажуня.
На вяселле збеглася паглядзець усё мястэчка. Усiм спадабалiся маладыя, якiя вярнулiся пасля царквы схаваць сваё шчасце пад шлюбны дах, вырашыўшы зрабiць кароценькую вандроўку ў Парыж пасля некалькiх дзён кахання.
Днi гэтыя былi чароўныя, бо мэтр Лебруман змог адразу надзiва спрытна, далiкатна i ладна абыходзiцца з жонкай. Яго дэвiз стаў: Памаленьку – далей зойдзеш". Ён быў цярплiвы i дзейны адначасова. Жонка ўсёй душой i адразу пакахала яго.
Праз чатыры днi панi Лебруман абагаўляла мужа. Яна больш не магла без яго, прагнула песцiць, цалаваць яго, тузаць за рукi, бараду i г. д. Яна сядала яму на каленi, бралася за вушы i казала: "Разяў роцiк, заплюшч вочы". Ён даверлiва падстаўляў рот, мружыў вочы i адчуваў даўгую салодкую бусю, ад якой яго праймалi дрыжыкi. А яму, яму таксама не хапала пяшчоты, вуснаў, рук, усяго сябе, каб цешыць жонку з ранку да вечара i з вечара да ранку.
* * *
Як толькi мiнуў першы тыдзень, ён сказаў маладой жонцы:
– Калi хочаш, паедзем у Парыж у тую сераду. Пагуляем, як закаханыя перад вяселлем. Сходзiм у рэстараны, у тэатр, у кабарэ, паўсюль-паўсюль.
Яна аж падскочыла ад радасцi:
– О, добра, ой, як добра, едзем хутчэй.
Ён сказаў:
– Бо як нiчога не трэба забываць, дык ты папярэдзь бацьку, каб ён сабраў увесь пасаг. Я вазьму яго з сабой i адразу заплачу грошы мэтру Папiену.
Яна адказала:
– Я пагавару з iм ранiцай.
I ён падхапiў яе на рукi, каб зноў нацешыцца ў мiлай гульнi, што так прыйшлася ёй да смаку за| апошнi тыдзень.
У другую сераду цесць з цешчай праводзiлi на вакзал дачку з зяцем, якiя выбралiся ў сталiцу.
Цесць казаў:
– Клянуся, вялiкая рызыка браць з сабою такiя грошы.
Але малады юрыст усмiхнуўся.
– Нi пра што не хвалюйцеся, тата, – казаў ён, – я да ўсяго звыклы. Разумееце, з маёй прафесiяй мне часам надараецца трымаць у кiшэнi мiльён франкаў. Такiм чынам мы абмiнаем безлiч фармальнасцей i не марнуем часу. Не бярыце гэтага да галавы.
Кандуктар крыкнуў:
– Пасажыры на Парыж – па вагонах!
Яны прайшлi ў купэ, дзе ўжо сядзелi дзве старыя кабеты.
Лебруман шапнуў жонцы на вуха:
– Шкада, не змагу закурыць.
Яна цiхенька адказала:
– I мне вельмi шкада, але зусiм не таму.
Цягнiк даў свiсток i паехаў. Яны ехалi гадзiну i амаль усю дарогу маўчалi, старыя так i не заснулi.
Калi яны апынулiся пад дахам вакзала Сэн-Лазар, мэтр Лебруман сказаў жонцы:
– Хочаш, дарагая, сходзiм спачатку паснедаем на бульвары, а пасля спакойна вернемся па багаж i паедзем у гатэль.
Яна адразу згадзiлася:
– О! Добра, паснедаем у рэстаране. А ён далёка?
Муж адказаў:
– Ага, далекавата, але мы паедзем у омнiбусе.
Яна здзiвiлася:
– А чаму не на фiякры?
Ён дабрадушна забурчаў:
– Бач якая ты зборлiвая, браць фiякр на пяць хвiлiн дарогi, кожная хвiлiна – шэсць су, багата жывеш.
– I праўда што, – трохi сумеўшыся, сказала яна.
Мiма якраз праязджаў вялiзны омнiбус, якi цягнулi трое коней. Лебруман крыкнуў:
– Кандуктар, гэй, кандуктар!
Непаваротлiвая махiна прыпынiлася, i малады натарыус падштурхнуў жонку, сказаўшы ёй:
– Прайдзi ў сярэдзiну, а я залезу наверх, выкуру перад снеданнем хоць адну цыгарэту.
Яна не паспела адказаць, бо, каб дапамагчы ўскочыць на прыступку, кандуктар падхапiў яе пад руку i ўцягнуў у салон. Ашаломленая, яна ўпала на лаўку i, збянтэжаная, убачыла праз задняе акно ногi мужа, якi караскаўся на iмперыял.
Маладая жанчына апынулася памiж тоўстым панам, якi пахнуў люлькай, i старой, ад якой патыхала сабакам.
Астатнiя пасажыры, якiя моўчкi сядзелi радком, – служка з бакалейнай крамы, работнiца, сяржант-пехацiнец, васпан з залатымi акулярамi i ў ядвабным капелюшы з вялiзнымi, закручанымi ў трубку палямi, дзве самавiтыя надзьмутыя панi, што нiбы казалi сваiм выглядам: "Мы тут, але не раўнуйце нас з тымi", дзве манашкi, проставалосая дзяўчына i далакоп – былi падобныя на збор карыкатур, на музей гратэскаў, здавалiся галерэяй шаржаў на чалавека, камiчнымi лялькамi, у якiх страляюць у кiрмашовых цiрах.
Ад хiстанняў омнiбуса галовы пасажыраў матлялiся i гойдалiся, трэслася друзлая скура на шчоках; колы падскоквалi, i людзi здавалiся ачмурэлымi i соннымi.
Маладая жанчына адчувала млявасць.
"Чаму ён не пайшоў са мною, – думала яна. Яе прыгнятаў несвядомы сум. Ён, пэўна, мог бы абысцiся без гэтай цыгарэты".
Манашкi далi знак спынiцца i злезлi, пакiнуўшы па сабе прэсны пах старых спаднiц.
Омнiбус паехаў i зноў спынiўся. Увайшла чырвоная, задыханая кухарка. Яна села i паставiла на каленi кошык. На ўвесь салон моцна тхнула памыямi.
"Едзем далей, чым мне здавалася", – падумала Жана.
Далакоп выйшаў, i на яго месца сеў фурман, ад якога патыхала стайняй. Месца проставалосай заняў пасыльны, ад ног якога бiў пах усёй яго дзённай хаднi.
Жане было кепска, моташна, i немаведама чаму ёй хацелася заплакаць.
Адны людзi выходзiлi, другiя сядалi на iх месцы. Омнiбус ехаў па бясконцых вулiцах, спыняўся на прыпынках, зноў ехаў.
"Так далёка, – думала Жана. – Толькi б ён не прамiнуў гэтага рэстарана, толькi б не заснуў. Ён так стамiўся за апошнiя днi".
Трохi-патроху вагон пусцеў. Яна засталася адна, зусiм адна. Кандуктар абвясцiў:
– Важырар!
Жанчына не ўставала з месца, i ён паўтарыў:
– Важырар!
Яна паглядзела на яго, разумеючы, што гэта сказалi ёй, бо нiкога больш не было. Мужчына паўтарыў трэцi раз:
– Важырар!
Тады яна спыталася:
– Дзе мы?
Ён грубавата адказаў:
– Важырар, Божа мой, па дваццаць разоў вам казаць!
– А гэта далёка ад бульвара? – сказала яна.
– Ад якога?
– Ды ад Бульвара Iтальянцаў.
– Мы даўно яго праехалi!
– Хiба! Паклiчце, калi ласка, майго мужа.
– Вашага мужа? А дзе ён?
– На iмперыяле.
– Наверсе? Там даўным-даўно нiкога няма!
Яна схамянулася.
– Як гэта? Не можа быць. Мы селi разам. Паглядзiце лепей, ён мусiць там быць!
Кандуктар пачаў злавацца:
– Слухай, малая, досыць балбатаць, аднаго згубiла – дзесяць знойдзеш. Злазь, прыехалi. Падбярэш сабе другога на вулiцы.
Слёзы паказалiся ў яе на вачах, яна зноў папрасiла:
– Але ж, пане, вы памыляецеся, я ведаю, вы памыляецеся. У яго пад пахай быў тоўсты партфель.
Кандуктар засмяяўся:
– Тоўсты партфель. Але ж i праўда, ён выйшаў на Мадлен – ён ад вас уцёк. Гi-гi-гi!..
Омнiбус стаў. Яна выйшла i мiжволi, iнстынктыўна, зiрнула на дах. Там нiкога не было.
* * *
Яна раптам заплакала i, не зважаючы, што яна на вачах у людзей, сказала:
– Што ж мне цяпер рабiць?
Падышоў iнспектар транспартнага бюро.
– Што тут такое?
Кандуктар з'едлiва адказаў:
– Гэту даму па дарозе кiнуў муж.
Той сказаў:
– Хай сабе, не дзiва, займiцеся вашымi справамi.
I павярнуўся спiнай.
А яна пайшла куды вочы глядзяць, збянтэжаная, не разумеючы, што здарылася. Куды iсцi? Што рабiць? А ён, што з iм? Адкуль такая няўважлiвасць?
У яе заставалiся два франкi. Да каго пайсцi? I раптам яна згадала пра свайго стрыечнiка Бараля, намеснiка загадчыка аддзела ў Марскiм мiнiстэрстве.
Грошай якраз хапала на фiякр, i яна назвала яго адрас. Яна пераняла Бараля, калi той iшоў у мiнiстэрства. Як i Лебруман, ён трымаў пад пахай напакаваны партфель.
Яна выскачыла з фiякра i гукнула:
– Анры!
Ён здзiўлена спынiўся.
– Жана?.. тут?.. зусiм адна?.. Што вы тут робiце, адкуль вы ўзялiся?
З вачамi, поўнымi слёз, яна пралепятала:
– Я толькi што згубiла мужа.
– Згубiлi? Дзе?
– На омнiбусе.
– На омнiбусе?.. Божа!
З плачам яна расказала яму пра здарэнне.
Ён задумлiва выслухаў яе i спытаўся:
– Ранiцай ён быў зусiм нармальны?
– Зусiм.
– Добра. Цi шмат грошай у яго было?
– Шмат. У яго быў мой пасаг.
– Ваш пасаг?.. Увесь пасаг?
– Увесь... каб адразу заплацiць за кантору.
– Ну дык, дарагая стрыечнiца, шукайце вашага мужа на дарозе ў Бельгiю.
Яна яшчэ не разумела.
– Вы кажаце... майго мужа? – прашаптала яна.
– Я кажу, што ён хапнуў ваш пасаг... i шукай-гукай.
Ёй не хапала паветра, яна шапнула:
– Значыць... значыць... ён прайдзiсвет!
I, ледзь не самлеўшы ад хвалявання, яна ўпала на грудзi стрыечнiку i загаласiла.
Каля iх пачалi спыняцца. Ён цiхенька падштурхнуў яе да сваiх дзвярэй i, трымаючы за талiю, падняўся з ёй па лесвiцы, а калi здзiўленая пакаёўка адчынiла дзверы, загадаў:
– Сафi, збегайце ў рэстаран, вазьмiце снеданне на дваiх. Сёння я не iду ў мiнiстэрства.