Текст книги "Стары чалавек i мора (на белорусском языке)"
Автор книги: Эрнест Миллер Хемингуэй
Жанр:
Прочая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 5 страниц)
* Вiд чарапах.
** Карэтавыя чарапахi (з атрада марскiх).
Чарапахi не выклiкалi ў яго мiстычных пачуццяў, хоць ён цi адзiн год выходзiў у мора з рыбацкiм гуртом лавiць iх. Ён шкадаваў iх усiх, нават гiганцкiх, падобных на велiзарныя куфры чарапах*, гэткiх доўгiх, як ягоная лодка, а вагою – з тону.
* Луты, скурыстыя чарапахi.
Бальшыня людзей як бы пабойваецца чарапах, бо чарапашае сэрца гадзiнамi б'ецца пасля таго, як яе парэжуць на кавалкi ды разбяруць. Але стары чалавек думаў: у мяне гэткае ж сэрца, ногi i рукi мае таксама падобныя на iхнiя. Ён еў чарапашыя белыя яйкi, каб набрацца моцы. Ён еў iх увесь травень, каб быць дужым у вераснi i кастрычнiку ды агораць сапраўды вялiкую рыбу.
Ён таксама зачэрпваў штодня кубак акулавага тлушчу з вялiкай жалезнай бочкi ў халупе, дзе шмат якiя рыбакi хавалi снасцi. Бочка стаяла тут для ўсiх жадаючых. Бальшыня рыбакоў не пераносiла смаку тлушчу. Але наўрад цi той быў горшы за ўспорванне на доднiцы, калi яны ўставалi, i, апроч таго, тлушч быў вельмi добрым ад прастуд i грыпаў i надта карысны для зроку.
Ён зiрнуў угару i ўбачыў, што птах кружляе зноў.
– Ён знайшоў рыбу, – услых вымавiў стары чалавек. Нiводная лятучая рыба не разрэзала паверхнi вады, i не разбягалiся ва ўсе бакi дробныя, якраз для прынады, рыбкi. Але пакуль стары чалавек назiраў, невялiкi тунец узняўся ў паветра, перавярнуўся i ўпаў галавой унiз у ваду. Тунец, блiснуўшы срэбрам на сонцы, упаў у мора, але за iм узняўся яшчэ адзiн, i яшчэ, i яны мiльгалi скрозь, узбоўтваючы ваду i доўгiмi скачкамi пераследуючы дробную рыбу. Яны кружылi над ёю i гналi яе.
"Калi б яны не шыбалi гэтак хутка, я iх не ўпусцiў бы", – думаў стары чалавек, назiраючы, як чарада запеньвае ваду, а птушка падае каменем унiз, акунаючыся i хапаючы дробную рыбу, што выплыла ў панiцы на паверхню.
– Птах – добры памочнiк, – сказаў стары чалавек. Якраз тады шнур, што быў злучаны пятлёю з колцам нiта ў карме, напяўся пад яго нагой, якою ён прыцiскаў пятлю, ён выпусцiў вёслы i, моцна ўзяўшыся за шнур i адчуўшы вагу невялiкага тунца, што тузаўся ды торгаўся, стаў выбiраць той у лодку. Рыба торгалася з усё большай зацятасцю, калi ён выцягваў шнур, i стары чалавек мог бачыць у вадзе блакiтную спiну тунца i золата бакоў, перш як ён рыўком падцягнуў яго да борта i шпурнуў у лодку. Тунец ляжаў на карме на сонцы, тугi ды ашчадна-зграбны, як адлiтая куля, вырачыўшы вялiкiя неразумныя вочы, выбiваючы з сябе жыццё хуткiмi дрыготкiмi ўдарамi аб лодку акуратнага гожага хваста-блiскаўкi. Стукнуўшы яго па галаве палкай, каб не мучыўся, стары чалавек нагою пхнуў тунца, што ўсё яшчэ ўздрыгваў, у цень пад карму.
– Альбакор*, – услых вымавiў ён. – З яго будзе цудоўная прынада. Ён заважыць дзесяць фунтаў.
* Даўгапёры тунец.
Стары чалавек не памятаў, калi ўпершыню пачаў думаць уголас, як быў сам-насам з сабою. Ён спяваў на адзiноце, а часам напяваў уночы, у самоце несучы вахту на смэках* або на "чарапашых лодках".
* Смэк – невялiкае аднамачтавае рыбалоўнае судна, звычайна, шлюп або тэндар.
Вiдаць, ён пачаў размаўляць услых адзiн, як хлопчык пайшоў ад яго. Але дакладна ён не памятаў. Ловячы рыбу разам, яны перамаўлялiся з хлопчыкам звычайна толькi наконт сама неабходнага. Гутарылi ж яны ўночы альбо калi дрэннае надвор'е затрымлiвала iх на беразе. Уважалася за вартасць не размаўляць у моры без патрэбы, i стары чалавек заўжды лiчыў якраз так i шанаваў гэты закон. Але зараз ён выказваў свае думкi ўголас шмат разоў, бо не было побач нiводнае жывое душы, каб яны маглi каго раздражняць.
– Калi б хто пачуў, як я вось так гучна размаўляю, залiчыў бы мяне ў вар'яты, – вымавiў ён услых. – Але ж я не вар'ят, i таму гэта мяне зусiм не турбуе. I апрача таго, багацейшыя маюць радыёпрыймачы, якiя гутараць з iмi ў iхнiх лодках i расказваюць iм пра бейсбол.
"Цяпер не час займаць галаву бейсболам, – падумаў ён. – Цяпер трэба рупiцца пра адну-адзiную рэч. Тую, дзеля якой я нарадзiўся. Магчыма, акурат паблiзу гэтай чарады ёсць вялiкая рыбiна. Я падабраў усяго толькi блуднiка, што адбiўся ад альбакораў, якiя тут кормяцца. Але яны; жывячыся, рухаюцца далёка i хутка. Усё, што паказваецца сёння на паверхнi, шыбуе вельмi хутка i на паўночны ўсход. Можа, зараз гэткая пара дня? А магчыма, гэта нейкая прыкмета, звязаная з надвор'ем, якой я не ведаю?"
Ён не мог цяпер бачыць зелянiны берага, адно толькi вяршынi блакiтных узгоркаў, што выглядалi цяпер белымi, як быццам былi пакрытыя снегам, ды аблокi, нiбы высокiя снежныя горы над iмi. Мора было вельмi цёмнае, i сонечнае праменне праламлялася ў вадзе, як у прызме. Мiрыяды плямак планктону былi раптоўна знiшчаны высокiм сонцам, i толькi вялiзныя глыбокiя прызмы ў сiняй вадзе бачыў стары чалавек, пiльнуючы шнуры, што беззаганна проста iшлi ў ваду глыбiнёю ў мiлю.
Тунцы, а рыбакi ўсiх гэткiх рыб звалi тунцамi i толькi тады прыгадвалi iхнiя назовы, калi даходзiла да продажу або калi абменьвалi тых на прынады, зноў сышлi ў глыбiню. Сонца было гарачае, старому чалавеку моцна грэла ў патылiцу, i той адчуваў, вяслуючы, што па спiне ў яго сочыцца пот. "Я мог бы проста дазволiць плынi несцi мяне, – падумаў ён, – ды спаць, накiнуўшы пятлю шнура на палец нагi, каб абудзiцца. Але сёння мiнае восемдзесят пяць дзён, i я павiнен рыбачыць кожны дзень як след".
Якраз у гэты момант, паглядзеўшы на шнуры, ён убачыў: адзiн са свежавыразаных прутоў рэзка пацягнула ўнiз.
– Але, – сказаў ён. – Але, – i нячутна склаў вёслы ў лодку. Ён пацягнуўся па шнур i вось ужо лагодна трымаў яго памiж вялiкiм i ўказальным пальцамi правай рукi. Ён не адчуваў нi напругi, нi вагi, трымаў шнур без высiлку. Потым рыба пацягнула зноў. Цяпер торганне было як бы пробнае, не моцнае i не цяжкое, i ён ведаў дакладна, што гэта. На глыбiнi ста сажняў марлiн* церабiў сардзiны, што пакрывалi вастрыё i стрыжань кручка там, дзе кручок ручной коўкi вытыркаўся з галавы малога тунца.
* Марлiн – уласна марлiн, рыба, роднасная меч-рыбе; меч-рыба.
Стары чалавек, далiкатна трымаючы шнур, мякка, левай рукой адвязаў яго ад прута. Зараз ён мог дазволiць яму бегчы памiж пальцаў гэтак, што рыба не адчувала нiякай напругi.
"Так далёка ад берага ён павiнен быць вялiзны ў гэтым месяцы, – падумаў стары чалавек. – Еш iх, рыба. Еш iх. Прашу цябе, еш iх. Якiя свяжуткiя яны! А ты, там, унiзе, на глыбiнi шасцiсот футаў у гэтай халоднай вадзе, у цемрадзi. Павярнiся яшчэ раз у гэтай цемрадзi ды зноў за iх бярыся".
Ён адчуў лёгкае асцярожнае тузанне, а пасля мацнейшае, гэта калi патрэбны быў пэўны высiлак, каб сарваць галаву сардзiны з кручка. Потым не было нiчога.
– Давай, давай, – услых сказаў стары чалавек. – Павярнiся яшчэ раз. Толькi панюхай iх. Праўда, цудоўныя? Паеш iх напоўнiцу зараз, а тады возьмешся за тунца. Цвёрды, халодны, прыемны на смак. Будзь смялейшая, рыба. Еш iх.
Ён чакаў са шнуром памiж вялiкiм i ўказальным пальцамi, назiраючы за iм, а таксама, адначасна, i за iншымi шнурамi, бо рыба магла шуснуць угару або ўнiз. Потым паўтарылася тое асцярожнае тузанне.
– Ён возьме яго, – уголас вымавiў стары чалавек. – Божа, дапамажы яму ўзяць яго.
Але ён не ўзяў. Ён знiк, стары чалавек не адчуў больш анiчога.
– Ён не мог пайсцi. Ён паварочваецца. Магчыма, ён ужо трапляў на кручок i штосьцi памятае пра гэта.
Раптам ён адчуў лагодны дотык да шнура i моцна ўсцешыўся.
– Ён проста паварочваўся. Ён возьме яго.
Стары чалавек узрадаваўся, адчуўшы мяккае тузанне, а пасля – штосьцi моцнае i неверагодна цяжкае. Гэта быў цяжар рыбы, i ён усё вызваляў i вызваляў шнур, адмотваючы першы з рэзервовых скруткаў. Той спаўзаў унiз, лёгка слiзгаў памiж пальцамi старога чалавека, i ён услед адчуваў, якi ў рыбы вялiзны цяжар, хоць ледзь прытрымлiваў шнур вялiкiм i ўказальным пальцамi.
– Вось дык рыбiна, – сказаў ён. – Схапiла тунца, кручок якраз збоку ў ейным роце, ды iмкнецца з гэтым уцячы.
"Але марлiн павернецца i праглыне тунца", – падумаў ён. Ён не вымавiў гэтага, бо ведаў, што калi скажаш пра нешта добрае, яно можа не здарыцца. Ён разумеў, якая гэта вялiзная рыбiна, i нiбыта бачыў, як яна iмкне ў цемры з тунцом упоперак рота. У гэты мiг ён адзначыў, што марлiн спынiўся, але, як i раней, стары чалавек адчуваў ягоную вагу. Пасля цяжар павялiчыўся, i ён папусцiў шнур. На нейкi момант ён мацней сцiснуў яго вялiкiм i ўказальным пальцамi, i цяжар яшчэ пабольшаў ды пацягнуў шнур унiз.
– Ён узяў тунца, – сказаў стары чалавек. – Цяпер я дам яму як след наесцiся.
Шнур, выслабаняючыся, слiзгаў памiж ягонымi пальцамi, а тым часам ён, працягнуўшы ўнiз левую руку, прымацаваў вольны канец двух запасных маткоў да пятлi пары маткоў наступнага шнура. Зараз ён быў гатовы. Ён меў у запасе тры маткi шнура па сорак сажняў даўжынёю апроч таго, якi ён выкарыстоўваў.
– З'еш трохi больш, – сказаў ён. – Паеш напоўнiцу. Паеш гэтак, каб вастрыё кручка трапiла табе ў сэрца i забiла цябе. Усплывi добранька на паверхню, каб я ўсадзiў у цябе гарпун. Так. Ты гатовы? Ты дастаткова доўга быў ля стала? Пара! – гучна вымавiў ён ды, моцна тузануўшы абедзвюма рукамi за шнур, падоўжыў яго на ярд, а тады падсякаў яшчэ i яшчэ раз, тузаючы шнур напераменку кожнай рукой з усёй сiлаю рук i цела з ягонаю вагою.
Нiчога не адбылося. Рыба спавольна плыла сабе, i стары чалавек нi на цалю не мог яе ўзняць. Ён цягнуў цераз плечы моцны, прызначаны для цяжкой рыбiны шнур, ажно той напяўся гэтак, што пацеркi вады адскоквалi ад яго. Потым шнур стаў пацiху як бы сычэць у вадзе, а ён па-ранейшаму трымаў яго, упiраючыся ў лаўку, не нахiляючыся назад. Лодка пачала паволi iсцi ў кiрунку паўночнага захаду.
Рыба плыла далей, як i дагэтуль, i ён плыў разам з ёю па цiхай вадзе. Iншыя прынады былi па-ранейшаму ў вадзе, але ён не мог нiчога зрабiць.
– Як шкада, што са мной няма хлопчыка, – услых сказаў стары чалавек. Рыба цягне мяне на буксiры, i я ж як той бiтэнг*. Можна было б прывязаць шнур да лодкi. Але ж марлiн мог бы парваць яго. Я з усiх сiл мушу ўтрымлiваць рыбiну i адпускаць шнур, калi гэта неабходна. Дзякуй Богу, што ён вандруе, а не шукае схову на глыбiнi. Што я буду рабiць, калi ён усё ж надумае рушыць углыб, я не ведаю. Што я буду рабiць, калi ён дасць нырца ды спусцiць дух, я не ведаю. Але зраблю нешта. Ёсць мноства рэчаў, якiя я магу зрабiць.
* Слуп на палубе судна для ўтрымання буксiрнага троса, якарнага каната i г.д.
Ён трымаў шнур, што аблягаў плечы, i сачыў за яго нахiлам у вадзе i за лодкай, тая спакойна плыла на паўночны захад.
"Гэта заб'е яго, – думаў стары чалавек. – Ён не зможа плысцi гэтак заўжды". Але мiнула чатыры гадзiны, а рыба плыла сабе, як i раней, у адкрытае мора i валакла за сабою лодку, а стары чалавек па-ранейшаму быў туга сцягнуты шнурам упоперак спiны.
– Я падчапiў яго на кручок апоўднi, – сказаў ён. – I я яго яшчэ не бачыў.
Ён надта рашуча ссунуў унiз свой саламяны капялюш перад тым, як зачапiў на кручок рыбiну, i цяпер той моцна муляў лоб. Смага мучыла таксама, i ён, апусцiўшыся на каленi, асцерагаючыся, каб незнарок не таргануць шнур, падабраўся, наколькi здолеў, да носа лодкi i адною рукою дацягнуўся да бутэлькi з вадой. Ён адаткнуў яе i крыху адпiў. Потым трохi адпачыў на носе. Ён аддыхваўся, седзячы на непастаўленай мачце са згорнутым ветразем, – толькi б вытрываць.
Потым ён паглядзеў цераз плячо назад i ўбачыў, што на даляглядзе не вiдаць сушы. "Не бяда, – падумаў ён. – Я заўсёды змагу прыплыць на водблiск агнёў Гаваны. Яшчэ дзве гадзiны да заходу сонца, i, мажлiва, рыба якраз выплыве. А не, дык тады, як узыдзе месяц. Калi ж не выплыве i тады, то, можа, на ўсходзе сонца. Здранцвеласцi няма, i я чуюся дужым. Гэта ў яго кручок у роце. Ну i рыба, як цягне шнур! Вiдаць, ён шчыльна зацiснуў дрот сваiм ротам*. Хацелася б на яго паглядзець адзiн раз, каб ведаць, з кiм я змагаюся".
* Для старога чалавека рыбiна, з якой ён змагаецца, сапернiк, iстота мужчынскага роду.
Рыба плыла ўсю ноч i, наколькi ён мог меркаваць па зорах, не мяняла свайго кiрунку. Стала холадна пасля таго, як сонца зайшло, пот на спiне, на руках i на яго старых нагах высах. Днём ён узяў мяшок, якiм была накрыта бляшанка з прынадай, i разаслаў яго на сонцы сушыцца. Пасля, як сонца зайшло, ён завязаў мяшок на шыi, закiнуўшы яго на спiну, ды асцярожна заправiў пад шнур, што быў на плячах, як бы падклаўшы туды падушку. Цяпер ён патрапiў гэтак прыхiлiцца да носа лодкi, што стаў чуцца амаль няблага. Ягонае становiшча было ў сапраўднасцi, можа, крыху лепшае, як раней, але ён уважаў яго за нават i не кепскае.
"Я нiчога не магу зрабiць з iм, а ён нiчога не можа зрабiць са мной, думаў ён. – Датуль, пакуль рыба вось так плыве".
Адзiн раз стары чалавек устаў i памачыўся за борт лодкi, ды паглядзеў на зоры, i праверыў свой курс. Шнур выглядаў як зiхатлiвая палоска, што падала ў ваду проста з яго плячэй. Зараз яны рухалiся павольней, водблiск агнёў Гаваны быў не гэткi моцны, такiм чынам ён зарыентаваўся, што плынь iх вiдочна нясе на ўсход. "Калi я згубiў бляск Гаваны, значыцца, мы больш падалiся на ўсход, падумаў ён. – Бо, калi б рыба не збочыла са свайго курсу, бачыў бы яго яшчэ шмат гадзiн. Цiкава было б даведацца, як там бейсбол, як сёння згулялi ў вышэйшых лiгах, – падумаў ён. – Гэта надзiва лёгка было б зрабiць, маючы радыё". Пасля ён загадаў сабе: заўсёды думай пра справу. Думай пра тое, што робiш. Не забiвай галаву нiякiм глупствам.
Потым сказаў уголас:
– Шкада, што са мною няма хлопчыка. Ён дапамагаў бы мне i глядзеў на гэта сам.
"Нiхто не павiнен быць адзiн у старым веку, – разважаў ён. – Але гэта непазбежна. Я мушу памятаць, што мне трэба з'есцi тунца, пакуль той не сапсаваўся, каб не аслабець. Памятай: не мае значэння, хочацца табе есцi або не, але ты мусiш спажыць яго ўраннi. Памятай", – сказаў ён сабе. Уночы дзве марскiя свiннi падплылi да лодкi, i яму было чутна, як яны круцiлiся i пыхкалi. Ён мог адрознiць шумнае сапенне самца ад падобнага на ўздыхi пыхання самкi.
– Гэта – добрыя iстоты, – сказаў ён. – Яны гуляюць i жартуюць, i займаюцца любошчамi. Яны нашыя браты, як лятучыя рыбы.
Потым ён стаў шкадаваць вялiкую рыбу, што зачапiлася на кручок. "Цудоўны i дзiўны марлiн, i хто ведае, колькi яму гадоў – думаў ён. – Нiколi не траплялася мне такая дужая рыбiна, i нiводная не паводзiла сябе гэткiм дзiўным чынам. Магчыма, ён занадта мудры, каб скакаць. Ён мог бы знiшчыць мяне скокамi або калi б уцякаў як шалёны. Але, магчыма, ён трапляў на кручок шмат разоў да гэтага i ведае, што яму трэба змагацца якраз так. Ён не падазрае, што супраць яго ўсяго адзiн чалавек, ды i той стары. Але якая гэта вялiзная рыбiна, i колькi грошай дадуць за яе на рынку, калi мяса добрае. Ён схапiў прынаду, як хапае самец, i ён цягне шнур, як самец, i ў ягоным змаганнi няма нi знаку панiкi. Хацеў бы я ведаць, ёсць у яго нейкiя планы цi ён у такой жа роспачы, што i я?"
Ён памятаў, як аднойчы зачапiў на кручок аднаго з пары марлiнаў. Рыба-самец заўсёды дазваляе самцы жывiцца першай, i самка, ахопленая панiкай, усчала дзiкае адчайнае змаганне, якое хутка знясiлiла яе, i ўвесь час самец заставаўся з ёю, перасякаючы ў лёце шнур i кружачы з ёю на паверхнi. Марлiн быў гэтак блiзка, што стары чалавек непакоiўся, каб той не перарэзаў шнур хвастом, вострым, як каса, i амаль гэткага памеру i формы. Калi стары чалавек ударыў яе бусаком, а потым збабоўчыў палкай, трымаючы за падобную на рапiру дзюбу з шорсткiм, як наждак, краем i б'ючы па версе галавы, пакуль самчын колер не стаўся амаль такi, як адваротны бок люстра, i потым, з хлопчыкавай дапамогай, падняў яе на борт, самец не адлучаўся ад лодкi. Пасля, у той час, як стары чалавек разблытваў шнуры i рыхтаваў гарпун, самец высока скочыў у паветра побач з лодкай, каб убачыць сваю сяброўку, а пасля пайшоў глыбока ўнiз, шырока распластаўшы свае лавандавыя грудныя плаўнiкi i паказваючы ўсе свае шырокiя лавандавыя палосы. Ён быў прыгожы, стары чалавек памятаў, i ён застаўся. "Гэта было сама сумнае здарэнне, звязанае з iмi, якое мне выпала бачыць, – падумаў стары чалавек. – Хлопчык таксама быў засмучаны, i мы папрасiлi ў яе прабачэння ды хуценька разабралi".
– Шкада, што тут няма хлопчыка, – сказаў ён уголас, прыхiлiўшыся да закругленых дошак носа лодкi, i адчуў напругу шнура на плячах, моц вялiзнай рыбiны, што кiравала той пуцявiнай, якую выбрала. "Бо аднаго разу, дзякуючы маёй падступнасцi, яму было неабходна зрабiць выбар", – падумаў стары чалавек.
Яму належала б заставацца ў глыбокiх цёмных водах, недаступным для ўсiх пастак, сiлкоў i падманаў. А што да мяне, то я мусiў дабрацца сюды i адшукаць яго, i ў гэтым пераўзысцi ўсiх людзей. Усiх людзей на зямлi. Цяпер мы злучаныя разам, былi такiя ўжо ад паўдня. I анiхто не здольны дапамагчы нiводнаму з нас.
"Мажлiва, не варта было мне iсцi ў рыбакi, – падумаў ён. – Але дзеля гэтага я нарадзiўся. Я абавязкова павiнен з'есцi тунца, калi развiднее".
Незадоўга да свiтанку штосьцi схапiла адну з прынад, што былi ззаду за iм. Ён пачуў, як трэснуў, зламаўшыся, прут, i шнур пачаў выслiзгваць цераз планшыр лодкi. У цемрадзi ён выслабанiў нож з похвы i, прымаючы ўсю напругу на левае плячо, нахiлiўся назад ды перарэзаў шнур на планшыры. Тады ён перацяў шнур, што быў найблiжэй да яго, i ў цемры звязаў вольныя канцы запасных маткоў. Ён дбала працаваў адною рукою, туга завязваючы вузлы, прыцiснуўшы маткi нагой. Зараз ён меў шэсць запасных маткоў шнура. Два – дзе былi прынады, – што ён перарэзаў, ды два з прынадай, на якую клюнула рыбiна, i ўсе яны былi злучаны.
"Пасля таго як развiднее, – падумаў ён, – я дабяруся назад да прынады, што закiнута на саракасажневую глыбiню, i перарэжу той шнур таксама ды злучу з запаснымi маткамi. Згублю дзвесце сажняў добрага каталонскага саrdеi*, а таксама кручкi ды павадкi, але iх можна замянiць. А хто заменiць мне рыбiну, калi я зачаплю на кручок другую i дазволю сарвацца першай? Не ведаю, што за рыба кагадзе клявала. Гэта мог быць марлiн або шыракадзюб**, або i акула. Я не паспеў адчуць ейную цягу, бо мусiў пазбыцца ад яе як мага хутчэй".
* Шнур (гiшп.).
** Меч-рыба.
Услых ён сказаў:
– Як я хацеў бы, каб тут быў са мной хлопчык.
Але хлопчыка няма. Ты маеш адно сябе самога, i было б найлепей, каб ты зараз папоўз назад, туды, дзе апошнi шнур, цёмна цяпер цi не цёмна, перацяў той i злучыў з двума запаснымi маткамi.
Ён так i зрабiў. Гэта было няпроста ў цемрадзi, i рыба адзiн раз так рэзка тузанула, што ён упаў i паранiў твар пад вокам. Струменьчык крывi пацёк быў па шчацэ, але згаснуў, засох, не дайшоў да падбародка, i стары чалавек дабраўся назад на нос лодкi i адпачыў там, прысланiўшыся да борта. Ён паправiў мяшок i асцярожна перасунуў шнур на другое месца на плячах, злёгку пашморгаўшы iм, каб уведаць як цягне рыба, а пасля сунуў руку ў ваду: цi хутка рухаецца лодка?
"Цiкава, чаму марлiн так рэзка рвануўся? Вiдаць, дрот слiзгануў па ягонай гарбатай спiне. Вядома, яму не можа быць гэтак блага, як маёй спiне. Але ж не будзе ён цягнуць лодку вечна, якi б вялiзны нi быў. Цяпер усё, што магло спрычынiць клопат, прыбрана з дарогi, i я маю вялiкi запас шнура, а што мне яшчэ трэба?"
– Рыба, – лагодна вымавiў ён услых, – я застануся з табою аж да майго канца.
"I марлiн застанецца са мною, так я мяркую, – падумаў ён, чакаючы, калi ж развiднее. Было холадна цяпер перад свiтаннем, i стары чалавек шчыльней прыцiснуўся да борта, каб неяк сагрэцца. – Я здольны трываць не менш часу за яго", – падумаў ён. I калi крыху заднелася, ён убачыў, як туга напяты шнур iдзе ў ваду. Лодка плыла сабе далей, а першы краёчак сонца ўпаў на правае плячо старога чалавека.
"Ён кiруе на поўнач, – падумаў стары чалавек. – Плынь добра занесла нас на ўсход. Хацеў бы я, каб ён павярнуў ды плыў разам з плынню. Гэта паказала б, што ён стамiўся".
Калi ж сонца ўзялося вышэй, стары чалавек без сумневу бачыў, што марлiн не быў стамлёны. Ён угледзеў толькi адзiн добры знак. Нахiл шнура сведчыў, што марлiн плыў на меншай глыбiнi. Гэта не азначала пэўна, што ён вынырне, пакажацца з вады. Але мог.
– Божа, хай бы ён паказаўся, – сказаў стары чалавек. – У мяне даволi шнура, каб управiцца з iм.
"Мажлiва, калi я трошкi пацягну шнур, яму будзе балюча i ён вынырне, падумаў стары чалавек. – Цяпер, калi стала светла, няхай бы ён вынырнуў з вады, каб тыя яго мяшкi ўздоўж хрыбта напоўнiлiся паветрам, бо тады ён не зможа падацца ў глыб мора канаць".
Стары чалавек паспрабаваў пабольшыць напругу шнура, але ўжо тады, калi ён падчапiў на кручок рыбiну, шнур быў напяты да апошняга, i, нахiлiўшыся назад ды тузануўшы яго, ён адчуў прыкрую рэзь i зразумеў, што нацягнуць шнур болей нельга. "Я ўвогуле не павiнен торгаць, – падумаў ён. – З кожным торганнем кручок пашырае рану, i марлiн, раптам тузануўшыся, папросту сарвецца з кручка. А ўвогуле, я чуюся лепей зараз на сонейку, тым болей што на гэты раз не мушу глядзець на яго".
На шнуры вiселi жоўтыя водарасцi, але стары чалавек ведаў, што гэта толькi затарможвае рух лодкi, i быў усцешаны. Гэта былi Затокскiя водарасцi, якiя так свяцiлiся ўночы.
– Рыба, – сказаў ён, – я люблю цябе i вельмi шаную. Але я дакончу цябе раней, як скончыцца гэты дзень.
"Хочацца спадзявацца", – падумаў ён.
З поўначы невялiкая птушка падляцела да лодкi.
Гэта была пяюка*, i ляцела яна нiзка над вадой.
* Адна з амаль сотнi вiдаў амерыканскiх пеўчых птушак, мае яркi колер.
Стары чалавек заўважыў, што тая вельмi знясiленая.
Птушка села на карму i адпачывала там. Потым яна мiльганула над галавой старога чалавека, пераляцела на шнур, дзе пачувалася ўтульней.
– Колькi гадоў табе? – Стары чалавек спытаўся ў птушкi. – Гэта твая першая вандроўка?
Птушка глянула на яго. Яна была занадта зняможаная нават для таго, каб упэўнiцца, цi трывалы шнур, i зыбалася на iм, моцна ўхапiўшыся за яго сваiмi далiкатнымi лапкамi.
– Ён тугi, – сказаў ёй стары чалавек. – Аж занадта. Нягожа быць такой стомленай пасля бязветранай начы. Што гэта сталася з птушкамi?
"Ястрабы, – падумаў ён, – тыя кiруюць у адкрытае мора наперарэз вам". Але ён нiчога не сказаў пра тое птушцы, якая ўсё адно не змагла б зразумець яго, ды i сама досыць хутка даведаецца пра ястрабаў.
– Адпачнi як след, пташка, – сказаў ён. – А потым ляцi i выкарыстай свой шанц, як любы чалавек, альбо птах, альбо i рыба.
Яму рупiла размаўляць, бо спiна яго скалела ўночы i зараз сапраўды балела.
– Заставайся пакуль у маёй хаце, птушка, калi хочаш, – сказаў ён. – Шкода, што я не магу ўзняць ветразь i ўзяць цябе з сабою, цяпер, калi пачынае дзьмуць лёгкi брыз. Бо я тутака з сябрам.
Якраз тады рыбiна раптоўна рванулася, i стары чалавек звалiўся з ног на нос лодкi i мог бы ўпасцi ў ваду, калi б не ўпёрся ў яго рукамi i не адпусцiў шнур.
Птушка паляцела, калi шнур таргануўся, стары чалавек нават не бачыў, як яна пырхнула. Ён пiльна абмацаў шнур праваю рукою i заўважыў, што з яе цячэ кроў.
– Значыцца, яго там чапiла, – сказаў ён уголас ды тузануў шнур iзноў: цi не ўдасца павярнуць марлiна ў iншы бок? Але калi адчуў, што шнур напяты да мяжы трываласцi, больш не цягнуў, трымаючы яго ў такiм стане.
– Блага цяпер табе, рыба, – сказаў ён. – I мне, ведае Бог, таксама.
Ён азiрнуўся, каб убачыць птушку, бо цяпер быў бы рады такому кампан'ёну. Але птушкi не было.
"Доўга ты тут не затрымалася, – падумаў чалавек. – Але табе будзе цяжэй там, куды ты ляцiш, пакуль не дасягнеш берага. I як гэта я дазволiў рыбiне зрэзаць мяне адным хуткiм рухам? Я, вiдаць, тупею. А можа, я пазiраў на птушачку ды разважаў пра яе. Цяпер буду звяртаць увагу толькi на сваю работу, i яшчэ я мушу з'есцi тунца, каб потым не бракавала моцы".
– Як хацеў бы я, каб хлопчык быў тут i каб я меў трохi солi, – сказаў ён уголас.
Перасунуўшы цяжар шнура на левае плячо i асцярожна ўкленчыўшы, ён абмыў руку ў акiяне i трымаў яе, апушчаную ў ваду, больш за хвiлiну, назiраючы, як цягнецца, знiкае крывавы струменьчык i плынь раўнамерна абцякае яе. Лодка ж кiравалася далей.
– Ён замарудзiў свой рух, – сказаў стары чалавек.
Ён яшчэ не выймаў бы руку з салёнай вады, але баяўся, што рыба зноўку тузане, таму ён падняўся, моцна стаў на ногi i, узняўшы руку, патрымаў яе на сонцы. Гэта шнур пекануў па ёй. Рана была якраз у рабочай частцы рукi. Ён ведаў: рукi яшчэ спатрэбяцца, i яму зусiм не хацелася быць параненым да пачатку змагання.
– А цяпер, – сказаў ён, калi яго рука высахла, – я павiнен з'есцi невялiчкага тунца. Я магу дацягнуцца да яго бусаком i паесцi тут, у камфорце.
Ён стаў на каленi, намацаў бусаком тунца пад кармой i працягнуў да сябе, стараючыся не зачапiць скруткi шнуроў.
Трымаючы шнур левым плячом iзноў i абапiраючыся левай жа рукою аб дошкi борта, ён зняў тунца з кручка бусака, а бусак паклаў на ранейшае месца. Ён прыцiснуў рыбу адным каленам i стаў нарэзваць вузкiя кавалкi цёмна-чырвонага мяса ўдоўж ад патылiцы да хваста. Гэта былi клiнаватыя кавалкi, i ён наразаў iх, пачаўшы ад хрыбта аж да краю жывата. Ён адрэзаў шэсць скрылiкаў i расклаў на носе лодкi, выцер нож аб штаны, падняў банiтаў шкiлет за хвост ды шпурнуў за борт.
– Вiдаць, я не з'ем цэлы кавалак, – сказаў ён i паласнуў упоперак аднаго. Ён адчуваў усё тую ж напругу шнура, а левую руку звяло. Яна здранцвела сцiскала цяжкi шнур, i ён з прыкрасцю глянуў на яе.
– Што гэта за рука, – сказаў ён. – Скурчвайся сабе, калi хочаш. Або вазьмi ды зрабiся кiпцюром. I хiтрыкi табе не дапамогуць.
"Давай, падсiлкоўвайся, – падумаў ён, гледзячы ў цёмную ваду на закiнуты шнур. – З'еш гэта зараз, i ўмацуеш сваю руку. Не рука тут вiнаватая, i ты шмат гадзiн быў з рыбiнай. I, магчыма, будзеш з ёю вечна. А зараз еш банiта".
Ён падняў кавалак, паклаў у рот i стаў павольна жаваць. Смак быў даволi прыемны.
"Жуй, як след, – падумаў ён, – каб выцiснуць усенькi сок. Вядома, было б няблага мець зараз крыху лайма* або лiмон, або соль".
* Лайм – цытрон.
– Як чуешся, рука? – спытаўся ён у рукi, здранцвелай гэтак, што льга было згадаць rigоr тоrliз*. Я з'ем трохi болей дзеля цябе.
* Трупнае скарчаненне (лац.).
Старанна жвакаючы, ён спажыў другую частку таго кавалка, што разрэзаў папалам, а пасля выплюнуў скуру.
– Цi не робiцца табе лепей, рука? Пэўна, занадта рана пытаюся?
Ён узяў ды стаў жаваць другi цэлы кавалак.
"Дужая паўнакроўная рыба, – падумаў ён. – Мне пашэнцiла, што я злавiў яе, а не дэльфiна. Дэльфiн – той задужа салодкi. А гэтая – ледзь-ледзь, i ўся ейная моц захавалася.
Не выпадае быць непрактычным, – падумаў ён. – Шкада, што ў мяне няма крыху солi. Бо невядома, высушыць сонца тое, што засталося, цi зробiць гнiллём. Таму мне лепей з'есцi i астатняе, хоць я не галодны. Рыба з кручком плыве сабе. З'ем усё i тады буду гатовы".
– Набярыся цярпення, рука, – сказаў ён. – Я раблю гэта для цябе.
"З большай ахвотай я кармiў бы рыбiну, – падумаў ён. – Марлiн – мой брат. Але я мушу забiць яго, таму павiнен быць дужы". Паволi, засяроджана стары чалавек спажыў усе клiнападобныя скрылiкi.
Ён выпрастаўся i выцер рукi аб порткi.
– А зараз, – сказаў ён, – можаш выпусцiць шнур, рука, i я спраўлюся з iм адной правай рукой, пакуль у цябе не пройдзе гэтая трасца. – Ён паставiў нагу на цяжкi шнур, якi раней трымала левая рука, i зноў напружана ўгнуў спiну.
– Божа, дапамажы мне пазбыцца гэтай здранцвеласцi, – сказаў ён. – Бо хто ведае, цi не выкiне рыба якога конiка.
"Але пакуль што марлiн спакойны, – падумаў ён, – i трымаецца свайго плана. Толькi што ў яго за план? I цi ёсць ён у мяне? Мой план я мушу дастасаваць да ягонага, зважаючы на вялiзны марлiнаў памер. Калi ён вынырне, пакажацца, я змагу яго ўхайдолiць. Але ён, вiдаць, надумаў заставацца там заўжды. Дык i я застануся з iм назаўжды".
Ён пацёр скурчаную руку аб нагавiцы i памкнуўся размяць непаслухмяныя пальцы. Але рука не расцiскалася. "Мажлiва, сонца ёй дапаможа, – падумаў ён. Мажлiва, яна расцiснецца, калi ператравiцца дужы сыры тунец. Калi мне трэба расцiснуць руку, я зраблю гэта, чаго б яно нi каштавала. Але не цяпер, не ўжываючы сiлу. Хай здранцвенне пройдзе само, хай рука акрыяе самохаць. Цi ж не я знявечыў яе ўночы, калi было неабходна выслабанiць ды злучыць тыя шнуры?"
Ён глянуў удаль на мора, i да яго прыйшла думка: якi ён цяпер адзiнокi. Але тут ён угледзеў у глыбокай цёмнай вадзе прамянiстыя прызмы i ўбачыў шнур, што цягнуўся за кармою, i кранутую дзiўнай хвалiстасцю роўнядзь. Воблакi збiралiся ў кучы, як бывае перад пасатам, ён зiрнуў угару i ўбачыў чараду дзiкiх качак, што вырысоўвалася, як на гравюры, на небе над вадою, пасля яна зацягнулася смугою, потым выразна паўстала зноў, i ён спасцiгнуў, што чалавек нiколi не бывае самотны ў моры.
Ён падумаў, як баяцца некаторыя людзi заплываць у малых лодках у адкрытае мора, адкуль не вiдаць сушы. Яны маюць рацыю ў тыя месяцы, калi надвор'е раптоўна пагаршаецца. Але зараз была пара цыклонаў, а калi iх, цыклонаў, у такi час няма, гэта найлепшая пара ва ўсiм годзе.
Калi цыклон наблiжаецца, а ты ў моры, заўжды ёсць ягоныя прыкметы на небе за колькi дзён наперад. На беразе не кожны iх бачыць, бо i не ведае, што яны ёсць: у форме воблакаў, напрыклад. Але зараз цыклона не чакаецца.
Ён падняў галаву i ўбачыў: белыя кучавыя воблакi, што грудкi марозiва, дружна збiралiся да купы, а яшчэ вышэй як бы тонкае пер'е прылiпла да высокага вераснёўскага неба.
– Лёгкi brisa*, – сказаў ён. – Надвор'е лепшае для мяне, як для цябе, рыба.
* Брыз (гiшп.).
Ягоная левая рука была па-ранейшаму скурчана, але паволi ён адгiнаў пальцы.
"Ненавiджу здранцвенне, – падумаў ён. – Тваё ўласнае цела табе здраджвае. Сорам, калi ў цябе на людзях панос ад сапсаванай рыбы цi мяса або ты ванiтуеш ад iх. Але здранцвенне (ён думаў пра яго як пра саlатbrе*) асаблiва прынiжае чалавека тады, калi ён адзiн. Калi б хлопчык быў тут, ён бы расцёр мне руку ад перадплечча i зняў анямеласць. Але яна паздаравее".
* Здранцвенне (гiшп.).
Ён адчуў правай рукой, што рыба тузае шнур не гэтак, як раней, i тады ўбачыў, што шнур мае iнакшы нахiл. Пасля, калi ён налёг на шнур, а левай рукой моцна i хутка ляпнуў па сцягне, то ўбачыў, як шнур пацiху iдзе ўгору.
– Ён выплывае на паверхню, – сказаў стары чалавек. – Ажывай, рука. Калi ласка, ажывай.
Шнур выходзiў паволi, але няспынна, i неўзабаве паверхня вады ўзнялася перад лодкай, i марлiн выплыў. Ён выныраў несканчона доўга, i вада сцякала з ягоных бакоў. Яскравы на сонцы, галаву i спiну ён меў цёмна-лiловыя, а шырокiя палосы на баках – светлага лавандавага колеру. Яго шабля была доўгая, як бейсбольная бiтка, i звужаная, што рапiра, i ён падняўся на ўвесь рост з вады i пасля зноўку сягнуў туды, плаўна, усё адно як ныральшчык, i стары чалавек бачыў, як хаваецца ў вадзе вялiзны, падобны на лязо касы, хвост i як папоўз унiз шнур.