355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Барыс Мікуліч » Зялёны Луг » Текст книги (страница 3)
Зялёны Луг
  • Текст добавлен: 4 декабря 2017, 02:00

Текст книги "Зялёны Луг"


Автор книги: Барыс Мікуліч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 4 страниц)

Калі Тодар прыйшоў да Шаршнёў у хату, якраз закончылі праводку. Стафан скруціў у пальцах новенькі патрон, што павіс на чырвоным провадзе над сталом, манцёр сядзеў на лаве побач з Чарнушэвічам і той з захапленнем апавядаў:

– У стайні – лямпачка! Кароўнік таксама асветлены. Малочная ўся электрыфікавана! І гэта ўсё ад маленькага рухавічка.

Тодар здагадаўся, пра што ідзе гаворка, але ўсё ж запытаўся:

– Дзе гэта такое?

– У Германіі бачыў.

– Ага!

Агата падсунула Тодару табурэтку.

– Заўтра ў вашай хаце будзем рабіць мантаж. Па нядзелі з раёна провад прывязуць, тады вонкавую праводку зробім, і ўсё будзе гатова. Шкада, што клуба няма.

– Шкада. Хоць бы хату-чытальню на першы выпадак, – сказаў Тодар. – Трэба пабудаваць адзін хаця дом, каб і праўленне ў ім было, і хата-чытальня.

– Будзем будаваць! – упэўнена сказаў Чарнушэвіч.

– Але ёсць больш пільныя справы. Райаддзел папярэджвае, што вясна будзе сухая.

– Ты пра гэты ліст? Гаспадары кажуць – глупства.

Тодар зірнуў на Стафана. Той не выпускаў з рук патрон і пасміхаўся.

– Што кажуць – гэта не важна. Дзяржава многае робіць, што старым людзям здаецца непатрэбным і дзіўным. Каналы будуюць, мары, новыя расліны вырошчваюць.

– Я гэта ведаю, сяржант.

Можа, і не хацеў перапыняць яго, але Стафанава ўсмешка прымусіла.

– Мяркую, што трэба зрабіць тое, што прапануецца ў лісце.

– Каб хаця людзям занятак даць, – заўважыў Стафан. Пусціў з пальцаў патрон і ён пачаў гойдацца. – Усё гэта глупства! Можа, для якой краіны гэта і добра, а ў нас засухі не было ніколі.

– Але можа быць.

– Хто гэта ведае, што будзе. Прырода свае законы правіць.

– А людзі свае.

З гутаркі нічога не выйшла. Тодар аж узлаваўся, што Чарнушэвіч маўчаў, а ўвесь час адказваў яму Стафан, не прапускаючы слова. Тодар нарэшце развітаўся, вырашыўшы адкласці гутарку да іншага разу. Ён папрасіў, каб з раёна прыслалі лектара. Лекцыя на тэму, як чалавек кіруе прыродай, адбылася ў перапоўненай Ганчынай хаце, слухалі яе надта ўважліва, бо лектар гаварыў аб цікавых справах. Аб тым, як воляй бальшавікоў перарабляецца чалавек, як гэты волат-чалавек перарабляе прыроду, прымушаючы яе быць паслухмянай. Аб тым, як за паўночны круг прыйшлі яблыні, як жоўтыя пустыні аджылі ад вады, што прыйшла па каналах, як па маленькіх рэчках пайшлі акіянскія параходы, як успыхнула ў мядзведжых кутках электрычнасць. Пад канец завітаў у хату і Чарнушэвіч. Спачатку ён разглядаў людзей, думаў аб сваім, а потым і яго захапіў лектар. Пасля лекцыі Тодар пераказваў змест ліста і прапанаваў арганізаваць брыгаду для работы па снегазатрыманню. Але тут паднялася Галя Краўчанка, камсамолка, і сказала, што некалькі чалавек моладзі хоча арганізаваць сталую брыгаду, гэтая брыгада правядзе работу па снегазатрыманню, усю веснавую работу, сяўбу, будзе даглядаць пасевы, але няхай праўленне вызначыць для брыгады пэўныя ўчасткі.

– Кабеты! – трохі з гумарам крыкнула Кацярына. – Дзяўчаты, мусіць, нас і за работнікаў не ўважаюць?! Старшыня! Я таксама хачу ў брыгаду.

– Ты, Кацярына, старэйшых збяры, – ціха падказала Ганна, але ўсе гэта пачулі.

Так ад размовы пра каналы, акіянскія караблі, пра цуды навукі і тэхнікі гутарка перайшла да надзённых, бытавых пытанняў жыцця Зялёнага Луга, і ў хаце стала горача, тлумна. Побач з Тодарам ужо стаяў Чарнушэвіч і адказваў на безліч пытанняў. Добра, што настаўнік здагадаўся адвесці да сябе прыезджага лектара, а то, не раўнуючы, астаўся б госць без вячэры. Нарэшце аформілі дзве жаночыя брыгады і, шумна перагаворваючыся, народ высыпаў з хаты. Тодар і Чарнушэвіч стаялі побач. Старшыня павёў чорным вокам на хлапца.

– Ты – неўрымсловы! – хрыпла сказаў.

Тодар пайшоў і адчыніў дзверы. У хаце было накурана, белым клубам уварвалася марознае паветра.

– Трэба прыслухоўвацца да людзей, – сказаў сакратар партарганізацыі, – да перадавых людзей. Мы з табой камуністы і наша справа ўзначальваць рух мас, накіроўваць яго ў адпаведнае рэчышча.

– Я, па-твойму, не звяртаю ўвагі на людзей? Адарваўся ад мас?

Тодар колькі хвілін пазіраў на Чарнушэвіча. Той стаяў у расшпіленым кажушку, а пад кажушком – кіцель з ордэнамі і медалямі. На плячах яшчэ знаць былі пасачкі ад пагон.

– Не, таварыш лейтэнант, я гэтага не сказаў. Аднак, ты слухаеш такіх людзей, якія не надта любяць новае, савецкае.

– Напрыклад?

Ружовыя Тодаравы шчокі як бы ад упартага Юркавага позірку пачалі бляднець, а вочы разам з гэтым – цямнець, і раптам у глыбіні гэтых заўсёды адкрытых, а цяпер неяк звужаных вачэй бліснуў агонь.

– Напраклад? Ты вельмі хочаш, каб я назваў прозвішча? Калі ласка! Хоць бы Шаршня.

Руку, якой абапіраўся аб стол, звяло ў кулак. Ім бы грукнуць па стале, але стрымаў.

– Гэта мой цесць, радня. Ды адкуль ты нарэшце ўзяўся такі? Камуніст!

Тодар ужо супакоіўся. Ён прычыніў дзверы. Добра, што маці затрымалася на вуліцы.

– Адкуль узяўся? Біяграфію? – Ён весела, па-хлапечаму, па-маладому. – Нарадзіўся тут, у Зялёным Лузе, і ведаю кожнага. Вучыўся, потым на вайну пайшоў. І вот там, перад адной атакай, прынялі ў партыю. Пытанняў няма, таварыш лейтэнант?

Чарнушэвіч сеў.

– Ты п’яны ці дурэеш.

– Не, я не дурэю, – Тодар апусціўся побач. – Я паважаю вас, як старэйшага, старэйшага і па гадах, і па званню, і па стажу. Аднак, я сказаў тое, што думаю. Табе здаецца, што гэты ліст – дробязь, але ўсё наша жыццё складаецца з такіх дробязей. – Ён паўтарыў словы Харчанкі, але думкі аб гэтым нават і не ўзнікала, словы былі – яго, уласныя. – Дробязі складаюць цэлае. От цяпер у нас ёсць дзве брыгады, вясна пакажа, што спаборніцтва павысіць дысцыпліну, дасць эфект, наша ж гаспадарка запушчана, калькі зямлі дзірваном парасло за гады акупацыі. Нават калі прагноз райаддзела і няправільны, гэтай работай мы не пагоршым, а палепшым справу.

– Чаму не пагутарыць аб гэтам са мной? – перапыніў яго старшыня. – Ты думаеш – я супроць. Дзіўны чалавек! Я толькі не ўпраўляюся.

Тодар сказаў, што Чаршушэвіч надта захапіўся электрастанцыяй, млынам. Гэта дрэнна? Не, ніхто не кажа, што дрэнна. Але апрача гэтага – ёсць тысячы больш пільных патрэб. Чарнушэвіч нарэшце паскардзіўся, што ў яго няма на ўсё часу, што рукі да многага не дасягаюць. Калі прыйшла Ганна, яны спакойна гутарылі паміж сабой і яна ніколі б не здагадалася, што яшчэ за некалькі хвілін перад гэтым гатовы былі абразіць адзін аднаго. Яны абмеркавалі і такое пытанне, каго прызначыць рахункаводам, бо з раёна не даюць – няма. Чарнушэвіч памянуў на Шаршня. Красуцкі на гэта сказаў:

– Няхай робіць. Лепш кіраваць ім, чым ён будзе кіраваць намі.

ІХ

У канцы сакавіка падзьмулі вятры і снег стаў знікаць, прыпякло сонца, пабегла вада і ўраз пачалася вясна. У Тамаша было многа работы: ішла ачыстка насення, частку яго трэба было абмяняць на сартавое, самому ездзіць у раён на базу. Адным словам, сустракаўся ён з жонкай толькі позна, але, нягледзячы на гэта, Кацярына закідвала яго навінамі, як кулямі. Жарты – Кацярына была брыгадзірам палявой брыгады, у яе ўваходзілі пажылыя жанчыны, брыгада спаборнічала з дзяўчатамі. Брыгада Краўчанкі прарабіла ўвесь цыкл работ па затрымцы снегу і цяпер усе бачылі, што ў акружэнні хвойных галін снег на ўчастках брыгады затрымаўся значна далей, чым усюды. Аднак, гэта яшчэ нічога не азначае! Кацярына пазірала то на неба, то на раку, брала мокрую, рудую зямлю на далонь, расцірала яе пальцамі. Яна даводзіла, што скора трэба сеяць, як толькі кранецца рака. Лёд пайшоў, буйная веснавая вада пагнала яго, завярцелася каля новага млына, усе хадзілі глядзець, як ён працуе, і прызналі: добра! Нарэшце скончылі праводку і аднаго разу хаты асвяціліся электрай. Бяда была толькі ў тым, што не было механіка, і Чарнушэвічу прыйшлося спехам вучыць хлапца, а пакуль той адважыцца рабіць самастойна – прыходзілася многа часу траціць самому каля рухавіка. Кацярына аж заходзілася: мы засеем, а ў іх яшчэ снег! Як жа яны, Тамашок, па снезе сеяць будуць? Сплыве!

– Дай мне святы спакой, Кацярына! – адмахваўся Тамаш. – І нашто ты ўвязалася ў гэта?

– Як нашто? – аж узлавалася Кацярына. – Табе дык можна было за старшыню быць, а мне і брыгадзірам няможна?

Тамаш хацеў быў напомніць, што тады, калі ён быў часовым, яна яго дапякала, але толькі адмахваўся.

На участках брыгады Кацярыны пачалі сяўбу. Тамаш адпусціў насенне, а калі жонка сказала – ты там лепшага дай – так на яе зірнуў, што яна змоўкла. Напрыканцы дня ў свіран прыйшла Галя Краўчанка. У кароткай ватоўцы, у палінялай хустцы, тоненькая, з пухлымі, як у дзіцяці, вуснамі. Прыйшла і села на засек.

– Па насенне?

– Не, дзядзя Тамаш, за парадай. Сеяць ці не? У нас і снег, і мокра надта! Кажуць, сплыве.

Тамаш зірнуў на яе. Сумны твар, сінія вочы – мутныя, ад слёз ці што? Павар’яцелі! Старая кіпіць, як саган, а гэтая плакаць, быццам па хлапцу. Але сэрца ў Тамаша – мяккае, не пашанцавала, што сваіх дзяцей няма. Сеў ён побач з Галяй.

– Пасееце, не бядуй.

Галя даверліва заспяшалася:

– Тодар кажа, каб сеялі. Ён і кніжку паказваў, у адным калгасе сеялі па суцэльным снезе. А я баюся.

– Тодар калі кажа, слухайся, ён хлапец – во! Прысылай заўтра па насенне.

– Праўда? – устрапянулася, як птушка. – Не чакаць, сеяць?

– Сеяць!

І ўжо адыходзячы, Галя спынілася каля варот і ціха сказала:

– Дзядзя Тамаш! Агата з нашай брыгады пайшла... да Кацярыны! Гэта ж такі падрыў!

– Управіцеся і без яе!

І назаўтра, зачыніўшы свіран, Тамаш сам пайшоў з сяўнёй на участак Краўчанкі. На мокрай раллі вялікімі плямамі бялеў снег, а над раллёй веяла гліца, якая сушыла ў сейбітаў вусны. П’ючы з гладыша халодную сыроватку, Тамаш лінуў крыху на далонь і абцёр твар.

– Праз ноч ад гэтага снегу анізвання не застанецца. Вецер – сухі.

Чорныя лясы ахуталіся ледзь прыкметным сінім дымком. Губляючы пер’е, шпацыравалі па полі худыя галкі. А за купаўём грымела рака, выплёскваючыся з берагоў. Вясна панавала ў сэрцы.

А Чарнушэвічу вясна прынесла нечаканы цяжар: адкрылася на назе рана. Ён нікому аб гэтым не казаў, бо лічыў, што хварэць у такую гарачую пару немагчыма, па-ранейшаму разам з Красуцкім бывалі на ўсіх участках. Чарнушэвіч настаяў, каб на першае мая закласці першы вянец клуба, і сам яго рубіў. Адрываць ад сяўбы мужчын не было як, супроць гэтага быў Тодар, але ўпарты Чарнушэвіч выцягваў з канторы Шаршня і хоць пару гадзін яны вазіліся на будаўніцтве. Потым Шаршэнь бег рабіць зводку, а Чарнушэвіч, стамлены, валіўся на ложак. Нага балела. Ён крывіўся. Аднаго разу ён адмахнуўся ад цесця:

– Ну, усё... падпішыце за мяне.

Той сказаў: парадак.

Агата здагадалася, што Юрка хворы. Перад яе настойлівасцю цяжка было ўстаяць і яна зрабіла перавязку. Нага надта балела. Чарнушэвіч сказаў:

– Тодару трэба сказаць, што я хворы.

– Ён у раёне. Не клапаціся, Юрачка, тата ўсё зробіць.

– А дзе бацька?

– На бульбе.

Ну, значыць, управіліся добра! Штодня раён патрабаваў дакладных звестак аб ходзе сяўбы, дзяржава няспынна ажыццяўляла кантроль. Кожнае звяно вялікай гаспадаркі павінна было працаваць бесперабойна, бо краіне трэба было залечваць нанесеныя вайной раны. Тамашыха аж бралася варажыць – чыё проса будзе лепшае.

– Усё супраць іх. Сеялі ў снег – раз, у нядзелю рабілі – два, Агата з іх брыгады пайшла – тры!

І, прыступаючы да Тамаша, недаверліва папытвала:

– Хіба толькі ты лепшае насенне даў?

– Дай святы спакой! – адмахваўся Тамаш.

У праўленні задаваў тон Шаршэнь. Рахункавод і цесць старшыні, ён трымаўся тут гаспадаром, але без нораву прыслухоўваўся да мужчын, а сваю рахункавую гаспадарку вёў узорна – кожны меў магчымасць атрымаць даведку аб налічаных працаднях хутка і дакладна. Памеркаваўшы, ён дазволіў мужчынам узяць коней і засеяць свае прысядзібныя ўчасткі. Сам таксама аблюбаваў участак цаліны, узараў і засеяў бульбы. Калі Нічыпар спытаўся – каму? – Стафан ухіліўся ад простага адказу: па восені будзе відаць.

Тодар, вяртаючыся з мястэчка, куды ездзіў па пытаннях пенсіі, быў здзіўлены і цішынёй, якая панавала на полі. Няўжо ўправіліся? Цёплы майскі дзень, ужо невідочныя жаўрыкі звіняць у блакітным небе. Недаўменне яшчэ больш ахапіла, калі ўбачыў на сваім гародзе дзяўчат з брыгады Краўчанкі: яны супольна засявалі яго.

– Вядома, я магу толькі дзякаваць за дапамогу, але хіба ўжо ўправіліся ў калгасе? Сёння ж серада!

– Стафан усім дазволіў рабіць, – сказала Галя. – Ужо другі дзень на сябе робяць.

Тодар пайшоў у праўленне. На парозе сустрэла яго Кацярына, павіталася. Шаршня не было. На сцяне вісела вялікая карта: супроць кожнага прозвішча калгасніка значылася колькасць адпрацаваных дзён, унізе карты стаялі лічбы засеенага, па культурах. Тодар не мог не адзначыць вялікага парадку ва ўсім гэтым. Ён сеў за стол, дастаў з кішэні блакнот і адным пальцам пачаў падлічваць запісы ў ім. Незалежна ад вестак, якія паступалі ў праўленне, Тодар штодня вёў запіс засеенай плошчы на ўчастках, якія спаборнічалі паміж сабой. Лічбы гэтыя дапамагалі яму весці ў брыгадах гутаркі, на іх паказваць, хто ідзе наперадзе ў спаборніцтве. Атрымлівалася разыходжанне запісаў у блакноце з данымі карты на 17 гектараў. Магчыма, гэтую розніцу даюць два-тры дні, у якія Тодар зрабіў запісы вэдлуг выпрацоўкі папярэдніх дзён. Сумненне запала ў Тодаравы думкі. Ён яшчэ раз падлічыў свае запісы. На гэта раз зусім зблытаўся – адной рукой яшчэ было неспадручна працаваць. Пачаў утрэцяе.

– Чаму ў будні дзень спынілася работа?

– Работа ідзе, людзі абсяваюць свае гаспадаркі, – спакойна адказаў Стафан.

– Такая пастанова праўлення?

Той маўчаў. На твары была ўсмешка, няпэўная – не то кпіць чалавек, не то здэтанаваны.

– Ці, можа, дазвол Чарнушэвіча? Каб зняць усіх з працы, патрэбна пастанова праўлення.

– Людзям трэба сеяцца.

– Безумоўна! Але гэта робіцца не так, гамузам. Гэта трэба рабіць так, каб не спынялася работа ў калгасе. Я вас пытаюся – Чарнушэвіч дазволіў?

– От прычапіўся! – выйшаў з раўнавагі Стафан. – Вядома, дазволіў. Праўленне збіраць – цеганіна.

– Цеганіна? Нарэшце, ёсць партарганізацыя, са мной трэба ўзгадняць. Адмяніце распараджэнне, а я ўзгадню з Чарнушэвічам. Покуль ён хворы, я буду кіраваць работай.

Яны памаўчалі. У акно Красуцкі бачыў: ідуць дзяўчаты, паперадзе – тоненькая Галя Краўчанка, ужо без звыклай ватоўкі, але ў той жа палінялай касынцы, малая, як дзіця. У іх да яго – жаласлівасць, бязрукі! Нічога не зробіш! Іншага пачуцця, мусіць, і не выклічаш – каму патрэбен калека? Прыкрыя думкі. Адагнаць іх! Як назаллівую мушыну!

– У нас нявыкананы план сяўбы, а вы адрываеце і людзей, і цягло.

– У нас засеяна ўсё.

– А 17 гектараў? Па маіх даных не хапае 17 гектараў.

Стафан зірнуў на яго. На хвіліну – усмешка знікла. Але адразу ж запанавала на твары зноў. Ён узняўся і падышоў да сцяны, на якой вісела карта паказальнікаў. Ён стаяў перад ёю – прысадзісты, ёмкі, моцны чалавек, з крутой шыяй, і караткапалая рука, растапыраная, ляжала на лічбах карты.

– У цябе памылка.

Гэта было сказана безапеляцыйна, цвёрда, упэўнена.

– Магчыма, – сказаў Тодар. – Зверымся. – Маладосць – даверлівая. – Але зараз я пайду да старшыні.

Чарнушэвіч вельмі ўсхваляваўся, сабраўся нават у праўленне, але Агата пераняла.

– Тата прыйдзе, тады разберацёся. Ты ж і не палуднаваў.

І калі Красуцкі пайшоў з хаты, Агата падала полудзень і шклянку гарэлкі.

– Любы мой, Юрачка. беражы сябе.

Потым ён прачнуўся ад цішыні – усе пайшлі з хаты. Адкрыў вочы. Заходзіла сонца. Барвовыя промні яго ляжалі на падлозе. І раптам Чарнушэвіч убачыў: Альжбета, вялікая, масіўная, і нейкая маленькая, як грыб лісічка, старая. Стаяць у трох кроках ад ложка і, нешта шэпчучы, ківаюцца – згодна, неяк механічна. Ён узняўся на локцях.

– Што гэта вы робіце?

Шух – і бабулькі няма, хвіліну Альжбэта нязграбна мітуснулася каля дзвярэй і таксама выбегла. А замест іх – у раме дзвярэй стаіць і ўсміхаецца прывабная Агата.

– Юрачка, родненькі... гэта дапаможа... нага хутчэй загоіцца. Не бяры ўсур’ёз. Ад гэтага не пагоршае.

Ён сеў. Абурэнне, сорам, здзіўленне і агіда – што пераважала?

– Як жа не браць усур’ёз? Не пагоршае? Ты забылася, што я член партыі, што я... салдат?

Не, ён не чуў болю, калі шпарка прабег хату, дзядзінец і апынуўся каля ракі.

Пацямнела.

І раптам у цёмным купаўі за ракой – ціха свіснула, свіст рассыпаўся званочкамі. быццам парвалася намітка і прыгожыя перлінкі пакаціліся па металёвай роўніцы, і ад гэтага ўзнікла навала чароўных гукаў.

Салавей!

І ў вачах: попел гарадоў, вёсак, трупы, багата трупаў. Дым над светам і дым на душы. Як жа ён абыдзецца без Агаты?

Х

Палі зазелянелі. На ўчастках Краўчанкі дружна паднялося проса, на ўчастках другой брыгады проса ўзыходзіла слаба, але нарэшце і тут поле пакрылася парасткамі. Тое ж было і з яравымі. Розніца ў росце проса, аднак, была прыкметна доўга. У сухой зямлі зерне доўга абыходзіла, там, дзе было больш вільгаці, расло спарней. Так казалі ўсе.

– Як сажнём – убачым. Восень пакажа.

Пад самую страху падняўся зруб хаты-чытальні. Чарнушэвіч праводзіў тут цэлы дзень і з захапленнем арудаваў сякерай. Нарэшце ён дасягнуў таго, аб чым увесь час клапаціўся: зладжана і добра працавалі брыгады, не трэба было папіхаць. Ён мог цяпер аддацца любімай справе. І тут выплыла непрыемнасць. І зноў пачалося з Тодара.

– Мы абманулі дзяржаву на 17 гектараў.

«Кар’ерыст ці вораг?» – мільганула ў Чарнушэвіча думка. – «Хоча зваліць мяне і прыбраць усё да рук». Было вельмі непрыемна ад такой думкі, але да яе Юрка звяртаўся ўсё часцей і ўсё настойлівей.

– Гэтага не можа быць! – сказаў ён груба, рэзка. – Ты ўсюды бачыш недахопы, абман. Тут не мая памылка, а твая.

– Не! Цяпер упэўнены.

Думка аб тым, што ў раён далі няправільныя звесткі, не пакідала Тодара з таго самага часу, як ён размаўляў з рахункаводам. Але ўпэўненасць, з якой вёў гутарку Стафан, выключная акуратнасць яго справаводства пасеялі ў Тодара сумненне ў сваёй праваце, ён адступіў, але не здаваўся. Аднаго разу ён зайшоўся да Краўчанкі. Дзяўчына сядзела над ворахам газетных выразак.

– Што гэта ў цябе?

Крыху асмушчаны твар Галі пачырванеў – густа і ўраз. Яна рукой прыкрыла выразкі.

– Так сабе... старыя заметкі з газет. – Потым, зірнуўшы на Тодара, раптам адчула, што ён – зразумее. – Як прачытаю аб рэкорднай выпрацоўцы жней, схаваю заметкі. Вот і падабрала матар’ял. Ты глядзі, 10 000 снапоў вяжуць. Мне так хочацца, Тодарка, гэты вопыт скарыстаць і ў нас. А на полі так усё павольна расце!

Апошняе – так шчыра і непасрэдна, што Тодар не ўтрымаўся ад смеху. Хоць і маладая, ёй у партыю час. І ён даверліва расказаў аб сваіх сумненнях. Галя спачатку спалохалася – як жа так абманваць дзяржаву? Потам абурылася. Але абурэнне вылілася на Агату – за тое, што кінула іхнюю брыгаду. Што бацька – тое і дачка! Аднак Тодар яе супакоіў і папрасіў аб дапамозе – перамераць пасевы. З трыма камсамолкамі з сваёй брыгады ў тры выхадныя дні Галя зрабіла абмер сваіх пасеваў. Ніхто асабліва ў Зялёным Лузе не звярнуў на гэта ўвагі – прызвычаіліся да таго, што Галя са сваімі дзяўчатамі траха што не начуюць на ўчастках. І праполкі, і падкормкі... Цяпер у Тодаравых руках былі безумоўныя доказы таго, што падлік ягоны – правільны: было засеяна на 16,33 гектара меней, чым па звестках.

Чарнушэвіч схамянуўся: Стафан падвёў. Ён праглядзеў штодзённыя зводкі: усюды было падпісана прозвішчам Чарнушэвіч. Ён ужо не стрымаў абурэння, крыкнуў на цесця, расхваляваўся так, што да яго не падступілася і Агата. Кароткая Стафанава шыя налілася чырванню, а твар – зрабіўся шэрым, быццам уся кроў з яго адхлынула, і знікла звычайная ўсмешка, твар быў злы, жорсткі.

– Ты... – Ён першы раз сказаў Чарнушэвічу «ты». – Ты даручаў мне падпісваць звесткі, чаго ж цяпер крычыш? Я табе славу зрабіў – твой калгас першы закончыў сяўбу, нават апярэдзіў «Бальшавіка». Сямнаццаць гектараў! У такой гаспадарцы – гэта дробязь.

Моўчкі выйшаў Чарнушэвіч з хаты. Твар гарэў, быццам па ім ударылі. Падвёў! Тодар капаў, капаў і падкапаўся. Наладжанае жыццё... Агата... і ўсё гэта можа рассыпацца з-за гэтага промаху. Але каму тады верыць, калі свой, родны чалавек падводзіць? На фронце было прасцей: вораг – ёсць вораг. А тут... Калі Тодар паклікаў яго на партсход, Чарнушэвіч разам з цеслярамі ставіў на хаце-чытальні кроквы. Чарнушэвіч спусціў з рыштавання ногі, хвілінку пасядзеў так, зірнуўшы наўкола, і адчуў, што яму моцна не хочацца злазіць уніз. Адсюль, згары, было відаць далёка наўкола – новыя хаты Зялёнага Луга, слупы з правадамі, млын, новы свіран, стайні, раку, а за ёй – у яркай зелені: калгасныя палеткі, ахутаныя лёгкім цёплым дымком. Не! Ва ўсім гэтым ляжыць і яго праца, яго любоў!

ХІ

Ганна добра зразумела, аб чым казаў сын Васілю, быстраму хлапцу, выпраўляючы яго ў райком. І калі той пайшоў з хаты, старая спакойна, але ціха сказала сыну:

– Падумай, Тодар, што робіш! Калі я гаравала ў адзіноце, праліваючы слёзы над Антонавымі ордэнамі, не ведаючы, дзе ты, Юрка прыехаў, будаваў мне хату, быў – як сын, маткай клікаў. Мне яму рукі цалаваць трэба, Тодарка, зразумей гэта. Ён маё гора адзінотнае стараўся развеяць, за яго баянам прыйшлі сюды маладыя. Тодарка, сынок... Нашто з-за дробязі чалавека так нізка ставіць, ён жа сардэчны чалавек, свой!.. – Думак было многа, а слоў не хапала, ёй усё здавалася, што сын не заразумее яе, як след.

– Не аб гэтым, мама, гаворка.

Ён гэта сказаў – суха, адвярнуўся і рукой пачаў складаць у палявую сумку паперы. Перад ёй стаяў яе сын – малы, меншы. Ад таго, што парожні левы рукаў запраўлены за дужку, постаць незвычайна тонкая, простая. Але тонкі твар – ужо не хлапечы, сталасць і выпрабаванні зрабілі яго мужным. Зведзеныя ў адно бровы – упартая рыса характару. Зусім нядаўна ён прыбягаў з кніжкай са школы, шумна хваліўся матцы сваімі поспехамі. А цяпер? Ганна зразумела – не варта гаварыць.

Па дарозе запыліла машына, потым схавалася за прыдарожным купаўём і ўжо загойдалася на выгане – сіняя, рухавая, на фоне зеляніны.

– Харчанка едзе! Капітан! – дзятва апанавала машыну, і, вылазячы з яе, Харчанка павітаўся з дзятвой. Услед за сакратаром выйшлі яшчэ двое – той самы, што прыязджаў калісьці, і пажылы, лысы яўрэй у запыленым пінжаку. Яўрэй казаў да інструктара райкома:

– Надзвычай добрыя пасевы. Вы бачылі, якое проса? Тут людзі папрацавалі як мае быць.

– Да вайны Зялёны Луг быў лепшым калгасам, – казаў, ідучы, Харчанка. – Адраджаецца калгас, адраджаюцца і традыцыі. А, вось і сакратар! – Ён прывітаўся з Красуцкім. – А дзе галава?

– На будаўніцтве.

Харчанка сказаў да лысага:

– Агледзім.

Яны агледзелі ўсё: і свіран, і ферму, і стайню, пасядзелі каля млына, пабывалі на будаўніцтве хаты-чытальні. Харчанка папракнуў Чарнушэвіча, што столь у хаце-чытальні нізкаватая, прапанаваў пабудаваць побач летнюю сцэну, пацікавіўся, калі была апошні раз кіно-перасоўка. Ён хадзіў па калгасу, аглядаў гаспадарку, гутарыў з людзьмі і бачыў, што добра і паўнакроўна жыве працоўная сям’я.

– За ўсё гэта вы малайцы! У вас ёсць усе магчымасці, каб зрабіць рашучы крок, – да заможнасці.

Чарнушэвіч адчуваў, як гарыць усё яго цела. Сакратар хваліць, а пра тое маўчыць. Няўжо на сходзе аб гэтым паставіць пытанне? Ён ужо сам гатоў быў сказаць, што пратэстуе супроць пастановы партарганізацыі – выключыць. Аднак, Харчанка апярэдзіў. Сказаўшы Красуцкаму, каб сабралі калгаснікаў на гутарку, ён абняў Чарнушэвіча за плечы і павёў з грудка людзей, якія хадзілі з імі.

– Ну, выкладай, – сказаў Харчанка і апусціўся на траву.

Уся яго постаць – мірная, спакойная. Ён з асалодай ляжыць на траве, яму прыемна глядзець на зялёна-блакітную роўнядзь ракі. Каўнер кіцеля расшпілены, у руках – галінка. Чарнушэвіч апусціўся побач. Лепячы цыгарку, парваў паперу. Харчанка пачаставаў папяросай. Чарнушэвіч не ведаў, з чаго пачынаць, і Харчанка здагадаўся:

– Выключылі? – Харчанка кіўнуў. – Значыць правільна. Але ты скажы – не даглядзеў ці надумысля?

І тут Юрку прарвала: заспяшаўся, каб усё, усё выкласці, нібы баючыся, што мірная постаць знікне, што будзе іншы перад ім чалавек. Яго не перапыняў, часам абмахваючыся галінкай, і потым сказаў:

– Перадаверыў і папаўся. Так заўсёды бывае, калі чалавек страчвае тое, што бальшавікі называюць пільнасцю. У цябе дзве памылкі, Чарнушэвіч. Першая ў тым, што ты, франтавік, салдат, вырашыў, што раз вораг знішчан на фронце, значыць, усё ў жыцці змянілася, усе супярэчнасці зніклі, запанавала згода. Другая ў тым, што, захапіўшыся адным, ты выпусціў з-пад увагі іншае. Мы хвалім цябе за тое, што ты добра адбудаваўся, што ў вас не на паперы, а на самай справе ёсць жывое спаборніцтва, што ў вас растуць кадры сельскіх камуністаў. Але ты забыў, што вакол цябе людзі і што дабрабыт гэтых людзей – аснова. Красуцкі правільна сфармуліраваў, што ты абмануў партыю, дзяржаву. А скажы, партарганізацыя знае, што не ты падпісваў рад звестак?

– Не, таварыш капітан. Але вы ўявіце, які тут вораг? Гэта ж мой цесць! Я яго добра ведаю.

– Добра? Радня значыць. Цікава!

Потым, калі яны ішлі на сход, Харчанка сказаў:

– На райкоме я пастараюся цябе адстаяць. Суровую вымову. Ты – франтавік, ты выправішся. А вот старшынёй табе аставацца не прыйдзецца. Як?

– Цяжка згадзіцца.

На сходзе гутарка ішла аб міжнародным становішчы і аб тым, як выконваецца краінай пасляваенная сталінская пяцігодка. Харчанка гаварыў жыва, вобразна і ўжо скора захапіў сваёй гутаркай усіх прысутных. Увага ўсіх прымусіла і прыезджых – лысага таўсцяка і інструктара – спыніць сваю гаворку. Яны цяпер, седзячы за сталом пад клёнамі, таксама захапіліся тым, што кажа сакратар райкома. Ён умеў падаваць факты, што і малапісьменны Нічыпар, і спрактыкаваны ўпаўнаважаны па нарыхтоўках з аднолькавай увагай слухалі яго. Прастатой і папулярнасцю адзначалася сакратарова мова, факты, якія ён падаваў, не чаргаваліся адзін за адным, а згрупоўваліся, з’ядноўваліся ў цэлае з-пад гэтага цэлага, як з-пад кама зямлі парастак, праглядаў ужо вынік.

І кожны, слухаючы Харчанку, думаў пра тое, што ў вялізнай, гіганцкай барацьбе за мір, за магутнасць краіны, за дабрабыт яе насельнікаў, і ён бярэ пасільны ўдзел, а многім хацелася, каб гэты ўдзел – быў большы.

Здавалася, непрыкметна сакратар райкома ўвёў у гутарку аб жыцці савецкай краіны і жыццё калгаса Зялёны Луг. Добрыя пасевы, добрыя будынкі, вялікія поспехі. Вялікі разварот перад яшчэ большымі здабыткамі. Дзяржава будзе дапамагаць, але дзяржава патрабуе адданай працы, сумленных адносін да сацыялістычнай маёмасці. Раптам Харчанка за руку падняў Красуцкага і сказаў – раскажы, як гэта ў вас. Многім гэты выпадак з 17 гектарамі быў невядомы. Як Тодар скончыў, Нічыпар з месца крыкнуў:

– Няхай рахункавод скажа, каму ён засеяў бульбу на выгарах?

Шаршэнь не адказваў. Дзвесце вачэй глядзелі на яго. Толькі дзве пары – Юркавы і Агаціны – не сачылі за ім.

– Ну, адказвайце.

Шаршэнь узняўся з месца. Прысадзісты, з кароткай моцнай шыяй, здаровы загар на буйным насмешлівым твары. Упэўненасцю, спакоем дыхае ўся гэтая постаць. Кпліва кідае Нічыпару:

– Хіба твой маёнтак захапіў? Раскрычаўся! Усеяў трыццаць сотак, па дзірвану. У мяне сям’я, зяць.

Моладзь дружна зарагатала.

– Значыць, зяцю сеялі? Ну, а як гэта ў вас выйшла, што наблыталі ў зводках?

– Ды ён не зблытае! – крычалі з месца. – Цесць зяцю дапамог!

На ўсё гэта не паспеў адказаць Стафан. Прабіраючыся паміж людзей, да яго падышоў упаўнаважаны па нарыхтоўках. І ў наступіўшай цішыні адбылася такая гутарка:

– Выбачайце. як ваша прозвішча?

– Шаршэнь.

– А імя, калі ласка?

– Вы тутэйшы?

– Жыву тут.

З месца сказала Ганна:

– З год, мусіць, як да мяне ў суседзі прыходзіў.

– Значыць, прыезджы? Выпадкам не з Міханавіч?

Шаршэнь маўчаў. Тады паднялася Агата і спакойна сказала:

– Так, таварыш, мы з Міханавіч! Тата, чаму ты маўчыш?

На шырокім дабротлівым твары прыезджага мільганула ўсмешка – некаторым здалося, вінаватая:

– Вам не вядома, таварыш Шаршэнь, прозвішча Рабіновіч? Соня Рабіновіч?

Усе ўбачылі, усмешка спаўзла з Шаршнёвага твару, схлынула кроў, быццам зусім іншы стаяў перад усімі чалавек. Лысы яўрэй павярнуўся да Харчанкі і сказаў:

– Выбачайце, што затрымаў. Зараз я вам усё растлумачу.

ХІІ

У 1943 годзе, у канцы зімы, немцы пачалі масавае знішчэнне яўрэйскага насельніцтва. Двое, хлапец гадоў чатырнаццаці і маладая жанчына, Соня Рабіновіч, жонка савецкага афіцэра, вырваліся з мястэчка і, хаваючыся, прабіраліся да Міханавіч. Голад і стома прымусілі гэтых дваіх пакарыцца лёсу, а да ўсяго – яшчэ стаялі маразы, Соня была ў сукенцы, без паліто. Як сцямнела, яны пастукаліся ў хату. Ім адчынілі, накармілі, пусцілі на печ. Адна калгасніца, добрая жанчына. Людзі не забыліся, што яны – савецкія людзі. А раніцай да гэтай калгасніцы прыйшлі мужчыны і сказалі, што трэба «гасцей» выправіць з сяла, бо немцы абвясцілі: тых, то будзе хаваць яўрэяў, будуць знішчаць таксама. Хлопчык паслухаў, глянуў у акно, падзякаваў за начлег і пайшоў праз аселіцу ў лес. Змораная і хворая Соня плакала.

– Адвесці ў лес яе, да партызан!

І вось адзін з мужчын запрог каня, наклаў на калёсы сена, гэтым сенам прыкрыў Соню. Гаспадыня дала ёй стары кажушок. Мужчыны параілі, куды везці. Аднак, Соня Рабіновіч, змучаная, хворая жанчына, не даехала да партызан. Чалавек, які вёз яе, вырашыў інакш – здаць яе ў рукі немцам.

– Мы даведаліся пра гэта ў той жа вечар. Да нас у атрад прыйшоў з Міханавіч хлапец і папярэдзіў, каб мы выйшлі на адну лясную дарогу і падабралі там гэтую жанчыну. Трое з нас пайшло, чакалі аж да раніцы, на дарозе нікога не было. Пазней мы даведаліся, што немцы павесілі Соню Рабіновіч, як павесілі многіх. Чалавек, які аддаў у рукі немцаў няшчасную ахвяру, быў...

– Тата! – істэрычна крыкнула Агата, і гэты крык рэзкім болем азваўся ў сэрцах.

Ад’язджаючы, Харчанка сказаў да Чарнушэвіча:

– Ну як, лейтэнант? Цяжка і цяпер згаджацца? Падумай, прааналізуй, зрабі вынік. Жыццё!

«Ой, гады! Гады!» – гэтыя словы свідравалі мозг, ад іх ніяк нельга было адчапіцца. – «Мы білі фашысцкую погань, ахвяравалі жыццём, а тут... яны...» – Словы патрэбныя губляліся, ніяк нельга было дакладна сфармуляваць тое, што падказвалі пачуцці. І ён усё шаптаў: «Гады... гады!»

Ён кружыў па палях, сядзеў над ракой, але ў сяло не ішоў: баяўся сустрэць людзей. А ноч, духмяная, блакітная, зорная панавала над зямлёй. І ўсё навакол маўчала – і ноч, і палі, і салавей, нібы прыслухоўваліся да ўласнага сэрца, да свайго сумлення.

– Жыццё! – сказаў Харчанка і шырока кіўнуў правай рукой, нібы паказваючы яго, гэтае самае жыццё.

Трэба ісці. Куды? Ясна, што ў хату цесця ісці немагчыма. Там... Агата там! Яна нічога гэтага не ведала? Падумаць, падумаць, прааналізаваць, зрабіць вынікі. Чарнушэвіч ціха ступаў па вуліцы. Усюды было цёмна. Толькі ў вокнах Ганчынай хаты было святло. І ўспомніў Юрка, як клікаў старую Харчанка, як клікаў і ён яе – матка! Ён спыніўся перад асветленым акном і ўбачыў Тодара. Той быў цяпер перад ім, як на экране, і ён адзначыў – як змяніўся, пасталеў чалавек. Тодар сядзеў за сталом, над паперамі. На вялікім лісце падсыхалі фарбы загалоўка насценгазеты. У пальцах Тодар трымаў маленькую цаглінку фарбы і разглядаў яе. І таму, што гэта ўсё было так падобна да першай іхняй сустрэчы, Чаршушэвіч успомніў гутарку пра філанта. Зайсці? Ён стукнуў у шыбу, і Тодар, далонню захіліўшы лямпу, стаў углядацца ў сіні змрок акна.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю