355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Барыс Мікуліч » Зялёны Луг » Текст книги (страница 1)
Зялёны Луг
  • Текст добавлен: 4 декабря 2017, 02:00

Текст книги "Зялёны Луг"


Автор книги: Барыс Мікуліч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 4 страниц)

Барыс МІКУЛІЧ

ЗЯЛЁНЫ ЛУГ

Аповесць пра маіх знаёмых

І

Пчаліны рой прыляцеў у разбураны вулей, і ў гэтым была надта вялікая Ганчына радасць. Цяпер ужо ў яе быў пэўны клопат і не так балела сэрца, калі старая самотная жанчына глядзела са свайго пагорка на зруйнаванае сяло. Грудкі цэглы ды парасцягненае бярвенне, рэдкія голыя каміны ды леташняе сцябло траў... А цяпер над пагоркам лёталі руплівыя пчолы, напаўняючы паветра працавітым гудам, а сэрца старой – надзеяй. Вясна была халодная, дзьмулі з захаду рэзкія вятры, наганяючы парваныя хмары, з якіх сек то халодны дождж, то дробны, быццам град, снег. Пчолам было надта цяжка змагацца з такой чортавай пагодай, многія з іх гінулі – і ад холаду, і ад нястачы харчоў. У голым полі, можа, дзе зацвіталі першыя пралескі ды на ўзлессі, можа, гарэлі рэдкія сінія ды жоўтыя сны, але пчолам, відаць, не ўсім шчаслівілася да іх дасягнуць. Многія з пчол, слабыя, гінулі. Ёсць нешта вельмі сумнае і жаласлівае ў выглядзе паміраючай пчалы. Ні руплівасці, ні працавітага гудзення, ні ваяўнічай імклівасці. Ціхае кволае зумканне, імкненне знайсці ямінку, шчылінку, каб забіцца ў яе, схавацца ад сонца, ад галасоў сваіх крылатых сяброў, ад прынаднага паху кветак, да якіх ужо не даляцець. Ганна брала пчолак на далоні і яны слаба тыкаліся ў глыбокія боразны зморшчын, нарэшце падалі на зямлю. У гэткую хвіліну прыгадваліся старой сыны. Яна так стаяла з працягнутай далонню і позірк яе прасветленых на момант вачэй блукаў недзе далёка, на людзях, сярод сыноў. Яна, можа, што і думала, але не, мусіць, не думкі паглыналі яе ўвагу, а быццам прывід жывых сыноў паўставаў перад ёю. Потым схамянецца – падхарчаваць бы пчолак цукровай вадзіцай ці перавараным у вадзе мядком. Але ў маленькім скляпку, які адзін і ўцалеў на пагорку, нічога такога не было ў старой, каб прадаць ці вымяняць на цукар. У склепе было надта нядобра, сцюдзёна, але ўсё лепш, чым пад небам, добра, што ён хоць уцалеў ад немцаў, бо зямлянку скідаць не вэдлуг яе сілы.

Хоць і халодная, але ішла вясна і трэба было што рабіць. Пчала б’ецца за жыццё, а чалавеку тым больш не прыставаць трэба, аж пакуль ногі ходзяць па зямлі. Ганна бачыла, што навокал на руінах хто-дзе пачаў варушыцца, значыць – і ёй трэба было рабіць. Але як было рабіць, з чаго пачынаць? Пры немцах сеялі аднаасобна, хто як, а цяпер на сяле частка крычала, каб так і сеялі, а частка дбала пра калгас, і Ганна ўзяла руку апошніх. Нарэшце на кані верхам прыехаў з раёна ўпаўнаважаны, доўга гутарыў і нарэшце-такі аднавілі калгас. З саўгаса, дзе пры немцах быў маёнтак, прывезлі сеялку, жатку, а потым дзяржава пачала даваць у крэдыт жывёлу і, значыцца, зноў пачалі ажывацца.

Рупіла Ганне дайсці да мястэчка, каб хаця даведацца аб сынах, але пакуль што не было аддыхі ад работы: яна, як і даўней да вайны, што дня рабіла ў калгасе, быццам не заміналі гады і быццам сын Антон па-ранейшаму кіраваў калгасам. У гэтыя цяжкія часіны Ганна вырашыла, што яна павінна ўзяць бок тых, хто пачаў аднаўляць калгас, бок сына свайго Антона, які невядома дзе быў, бок забітай яго жонкі Ніны. Надта мала засеялі ў тую першую вясну пасля вайны, надта цяжка было ўсіх людзей зноў заахвоціць да супольнай работы, цяжка было сабраць патрэбны інвентар, які парасцягвалі за гады вайны. Ганна штодня ішла на работу з салодкай надзеяй, што, можа, сёння прыйдзе з вайны сын Антон ці сын Тодар, першы – добры і вясёлы гаспадар, другі – яшчэ зусім маладзёнак, матчын пястун. Усё цяпер рабіла старая так, быццам ведала, што большы сын глядзіць на яе працу шэрым сваім вясёлым вокам і кажа – гэта добра, а гэта – дрэнна.

Нарэшце выдаліся ціхія, цёплыя дні, і Ганна пайшла ў мястэчка за 15 вёрст. Ішла яна не спяшаючыся, але спора, гаспадарлівым і бывалым вокам аглядаючы свет. Вось тут апошні раз бачылася яна з сынавай, іх гналі ў мястэчка, а Ніна ўпіралася, яе два разы ўдарылі, а потым яна павалілася, яе прыстрэлілі. Вось тут... гэта было-такі гадоў трыццаць пяць таму назад... светлавалосы Паўлік пераняў маладую Ганулю, прыступіўся, і яна сказала – калі бацькі аддадуць, пойдзе за яго... А гэта Паўлу толькі і трэба было. Тады стаяў тут на развілках белы новы крыж з фартушкамі, ён стаяў скрозь усе гады, яго не чапалі, ён толькі счарнеў, а немцы прыбілі да яго надпісы з назвамі вёсак. Няма цяпер гэтага крыжа, толькі буйная шыпшына засталася. У гонях дзвюх ад дарогі скрозь быў вясёлы лес, немцы яго пасеклі і цяпер адны толькі жоўтыя пні віднеюцца навокал – на іх выступілі кроплі жывіцы. Вось абгарэлы танк. Руіны вёскі. І ўсюды, як кінуць вокам, дружная вясновая зеляніна. Прырода рупна залечвае свае раны, чалавеку гэта цяжэй.

У мястэчку яна пайшла ў райваенкамат. У цесных ад розных рэчаў і скрыняў пакоях народу было не так многа. Відаць, што толькі-толькі тут ладзіўся парадак і яшчэ не паспелі як след усё папарадкаваць. Яна прыгледзелася да ваенных і выбрала аднаго – светла-русага, як Тодар, з пісягом падкоўкай на падбародку. Ён нешта пісаў, нахіліўшыся над сталом, і падпяваў сваёй рабоце. Ганна прыступілася да яго. Ён перапыніў работу і пачаў слухаць. Старая бачыла, як ураз вясёлыя аганькі згаслі ў шэрых вачах, твар зрабіўся ўважлівы, сур’ёзны.

– Пачакай, матка, тут, – нарэшце сказаў светларусы, – пра меншага сына мы нічога яшчэ не ведаем, а пра Антона Красуцкага... – Ён рэзка, нагой, адсунуў крэсла і выйшаў з пакоя.

У цяжкім хваляванні прайшло некалькі мінут. Тады здавалася – гадзіны прайшлі. Гэта ж тры гады не мела магчымасці маці даведацца пра сыноў. Чакала, што яны прыйдуць самі, яна перамые ім бялізну, свежага сена прынясе і пакрые яго чыстай пасцілкай, каб стомленыя сыны нарэшце адпачылі як след. А яна, маці, будзе ціхенька сядзець і глядзець на змораныя іхнія, салдацкія твары. Светларусы нарэшце прынёс нейкія паперы і скрыню, якую ён паставіў на стол. У дзвярах мільгануў нейкі чалавек і спехам прычыніў іх.

– Вось. – сказаў хрыпла светларусы. – Ваш сын Антон Красуцкі, гвардыі капітан, загінуў, як герой.

Не, тады не плакала Ганна. Яна ўзяла паперы, два Антонавых ордэны, скрыню з ваеннай вопраткай і несла ўсё гэта ашчадна, як калісьці насіла малога. І толькі дома, у сырым склепе, частыя слёзы паліліся на зашчытны фрэнч, на картачку, на два ордэны, на гэта ўсё – што засталося ад старэйшага сына. Яна нават не звярнула ўвагі на грошы, якія былі тут. Што ёй – старой – былі яны? А над пагоркам хадзіла вясновае сонца, руплівыя пчолы, памацнеўшы, лёталі, несучы нектар і пяргу, напаўняючы паветра заўзятым гудам. Спяваў жаўрык, даносіўся стук сякеры. Раптам яна пачула галасы.

– Вот добрае месца, сухое, вясёлае!

Яна глянула праз шчыліну ў дашчатай фортцы і ўбачыла незнаёмага чалавека, з круглай бародкай, бародка – рудая, з асобнымі сівымі валасамі. Побач з ім стаяла дзяўчына – невялікая, але ладная, вастраносая, быстрая. На плячах у дзяўчыны была блакітная хустка – тонкая, шаўковая. Ганна выйшла да іх.

– Што вам тут трэба, людзі?

Дзяўчына адвярнулася, а чалавек, гасячы ў вуснах непатрэбную ўсмешку, адказаў:

– Хату будзем тут ставіць, мы – прыезджыя.

– Хату тут буду ставіць я, – сказала Ганна. – Сорак гадоў тут стаяла наша хата. Гэта – мая сядзіба.

Рудабароды паглядзеў на самотны вулей, на груду цэглы, на зарослы маладой спорай травой склепчык, і ўжо не хаваў усмешкі, а так, смеючыся, лагодна заўважыў:

– Колькі табе, старая, трэба? Мы твайго палаца не кранем. Месца добрае сухое, вясёлае.

Дзяўчына пайшла з пагорка і стала на вуліцы, узіраючыся ў далечу. Там, куды яна глядзела, быў выган, на выгане пасвіліся каровы, над каровамі было веснавое неба – без хмурынкі. Сонечны спакой панаваў у свеце. Дзяўчына пазяхнула, і лёгкае хваляванне прайшло па ўсёй яе зграбнай постаці.

– Не мне палац, – абурана сказала Ганна, – а сынам. Вось. – Яна пабегла ў скляпок, вынесла адтуль ордэны і зноў, паказваючы іх, сказала: – Вось.

Чалавек пальцам паскроб у барадзе. І месца яму падабалася, і сварыцца не хацелася. Гэта было выразна відаць па яго твары.

– Ну, што ж, – сказаў ён, – не хочаш, каб былі суседзямі, твая ласка. Толькі хто будзе будаваць. Смешна!

– Тата, пойдзем! – паклікала дзяўчына.

ІІ

Прозвішча іх было Шаршні. Іх усяго было трое – Стафан Шаршэнь, гэты самы чалавек, з рудой барадой і непатрэбнай усмешкай, яго жонка, большая за яго ростам, шырокай касці жанчына, спраўная ў рабоце, як мужык, і такая ж спраўная за чаркай, Альжбета, і дачка іхняя – вастраносая Агата. Жылі яны аж за трыццаць вёрст адсюль, недзе за Гайнай, але надумаліся бліжэй перабрацца да мястэчка. У сельсавеце ім далі дазвол, а старшыня калгаса, Тамаш Гурка, «часовы старшыня», як сам ён сябе называў, флегматычна сказаў, што няхай самі прыгледзяць сабе сядзібу.

Яшчэ раз Стафан спрабаваў быў уламаць Ганну, каб саступілася з пагорка. На гэты раз з ёю гутарку вяла Альжбета, але скончылася яна тым, што Альжбета грамавым голасам зычыла Ганне «зубамі грызці гэтае каменне». Выбралі яны сабе сядзібу каля ракі, там, дзе да немцаў стаяла калгасная лазня. А ўжо цераз дні тры аж чатырма коньмі прывезлі бярвенне, крыло гонтавай страхі. З пагорка Ганна часам глядзела на тое, як ходзіць сярод бярвення Агата, а аднаго разу ўвечары бачыла, як яна стаяла над ракой на кладцы, і старой было прыкра, што яна – адна, што старэйшы сын – забіты, сынавая – таксама, а меншы... няма ведама, дзе меншы сын. І каб не паддавацца скрусе, яна ішла да Тамаша і строгiм, роўным голасам казала яму, што трэба агледзець косы, касілку, бо яны без догляду, што будаўніцтва кароўніка ідзе дужа марудна, мужчыны лянуюцца.

– Дай мне святы спакой, сваццечка! – адмольваўся Тамаш. – Ну, хіба я не раблю? Я сам з сякерай. Казаў, што не трэба мне гэтага старшынства. Пасля немцаў адурэў народ і мне ім не кіраваць. Я табе кажу – часовы я.

А яна на гэта яму казала, што хоць і часовы, але гаспадарыць трэба, – як дзяржава ўправіцца з вайной, тады і калгасамі зоймецца. Папрыходзяць маладыя з фронту, тады яго заменяць. Тамаш адмахваўся, а нарэшце казаў, што яму хату ставіць трэба, у зямлянцы абрыдла. Ганна ішла ад свата, не супакоеная, з такім адчуваннем, як у чалавека, які прагне піць, а вада салёная. Ганна ўсё думала, што калі няма сыноў, няма сям’і, калі вялікае гора, дык усю гэту нястачу можна поўна пакрыць працай. Яна многа рабіла ў гэтую вясну і не адчувала стомы. Нікому яна не скардзілася на сваё адзіноцтва, ніхто не бачыў яе слёз, бо рэдка хто з даўнішніх суседзяў заглядаў да яе ў «палац».

За вайну падраслі дзеўкі і хлопцы, па вечарах яны спявалі ля ракі, і ў гэтым хоры чуўся нізкі, грудны, але надта моцны голас Агаты. Сярод дзевак яна зрабілася верхаводам, а з хлопцаў кпіла – сасункі, хіба гэта хлопцы? Альжбета і Стафан складалі перавезеную хату, а Агата хадзіла рабіць у калгас. Скора да іх, да прыезджых, прызвычаіліся, толькі Ганна не забывалася на тое, што Стафан паквапіўся быў на яе сядзібу.

Аднаго разу ў вёску прыйшоў грузавік. Ён спыніўся каля Ганчынай сядзібы. Трое ваенных сышло з яго, адзін з іх быў той самы, з якім бачылася старая ў ваенкамаце. Ганна рушыла да іх. Зноў падумала, якое падабенства з Тодарам. Светлавалосы моцна паціснуў яе руку, твар быў узрадаваны – гэта ж старыя знаёмыя.

– Мы, матка, да цябе, прымай гасцей.

Яна аж усхвалявалася.

– Куды ж вас, дзеці? Мой палац... – І самой зрабілася прыкра, што сказала Стафанава слова.

– Нічога, мы людзі прызвычаеныя! Лейтэнант! От наша матка. Я схаджу да старшыні, а вы тут упраўляйцеся.

Ля машыны сабраліся дзеці, а неўзабаве падышоў хто і з дарослых. Чарнявы хлапец, якога назваў русавалосы лейтэнантам, глянуў на ўсё пашыранымі вачамі, нібы хацеў ураз усё ўвабраць і ўсё запомніць. І прыціхшы чалавечы груд слухаў тое, што ён казаў:

– Ваенком даручыў нам, матка, пабудаваць вам хату. Вот мы выражам дрэва, прывязём, а старшыня дапаможа з людзьмі. Вы хочаце мець хату, матка?

Тут ужо старая не хавала сваіх слёз. Потым прыйшоў русавалосы з Тамашом. Гутарылі доўга, аб усіх дробязях. Потым госці мыліся ў рацэ, іхнія ўзбуджаныя галасы разносіліся па ўсёй вёсцы. А як наступіў адвячорак, чарнявы лейтэнант, – дзятва ўжо ведала, што завуць яго Юркам, – дастаў з машыны баян і, граючы, ціха заспяваў рускую, вельмі зразумелую ўсім песню:

Ты теперь далеко-далеко,

Между нами снега да снега.

До тебя мне дойти не легко,

А до смерти – четыре шага.

Дзяўчаты ўжо гарачым, трапяткім колам абкружылі ваенных. Гэта кола – як вянок з яркіх палявых красак, а Агата – гарыць ярчэй за ўсіх. Вось яна нахіліла сваю залацістую галоўку, блакітная хусцінка ледзь кратаецца на грудзях ад дыхання, тонкі, трохі вузкаваты твар увесь чыста ружовы, ясныя вочы – з аганьком.

– Танцаваць! – кажа Юрка і пачынае граць «Афіцэрскі вальс». Ажыў забыты Ганчын пагорак. Пары круцяцца ў вальсе, лёгкім віхрам узнімаюцца над натоўпам жарты, смех. Капітан сядзіць з Ганнай, то слухае, што Тодар прыйдзе, то распытвае, як жывецца. Ганна ўсё не можа зрабіць так, каб слёзы не каціліся па шчацэ. Вось, здаецца, няма іх, а як гляне на русавалосага, на пісяг на падбародку, на ўвесь яго харошы твар і сляза сама сабой пакоціцца.

Яна ўжо хоча, каб і ён патанцаваў, але ваенком уздыхае і кажа, што старая рана не загаілася і танцаваць не дае. Нарэшце моладзь сыпанула за гарманістам па сяле. Ён ідзе павольна, па правую руку – адзін з прыезджых, па левую – Агата, і гарманіст усміхаецца ёй. Песня ідзе аберуч з танцам – даўно не было ў Зялёным Лузе такога гуляння. То заціхаюць, то, быццам пук ракет, узнімаюцца ўгору вясёлыя галасы і смех. А вось яны ўжо далёка, з выгана ляцяць вясковыя прыпеўкі:

Кучаравая бяроза,

зялёныя венікі,

Калі я табе не пара —

Выпішы з Амерыкі!..

Ходзяць па сяле вясёлыя пары, а над імі ходзяць цёплыя зоры, і ўсё ахоплена радасцю і вясёласцю, а зрабілася гэта па волі гарманіста —

Кучаравая бяроза, не губляй зялёны ліст,

Не хачу дружка з Амерыкі —

Даспадобы гарманіст!..

– Правільна гуляюць! – сказаў ваенком. – Знудзела моладзь па музыцы, па песнях, а цяпер – смела спявай! – І да Ганны: – Ты, матка, не бядуй. Я прыстроюся ў машыне на начлег, а ў наступны раз калі прыеду, будзем у хаце гуляць наваселле. Толькі глядзі, кіруй, каб рабілі добра. – Ён узняўся і пайшоў да машыны, і толькі тут Ганна заўважыла, што ён цяжка ступае на правую нагу.

ІІІ

Ці не таму любіць чалавек працу, што ў ёй захована чароўная сіла – арганізоўваць людзей? Гарачыя ў Юркі вочы, а яшчэ больш гарачыя – пальцы рук. Гляньце, як спрытна яны перабіраюць па ладах баяна, услухайцеся, якія гукі нараджаюцца пад імі! Здаецца, грае ён звычайную «Мяцеліцу» ці «Зямлянку», або зусім старыя «Златыя горы», але нешта раптам зусім новае, зусім нечаканае загучыць у гэтых знаёмых мелодыях. І тады слухаеш, слухаеш баяніста і баішся толькі аднаго, каб не спынілася гэтая ўрачыстая музыка.

На Ганчыным падворку штодня гучыць музыка. Гукамі сякер і піл пачынаецца яна раніцай, а тады, калі сонца з захаду коса кладзецца на пагорак, тады грае баян. І збіраецца сюды моладзь. Ваенком Харчанка паехаў, загадаўшы чарняваму гарманісту Юрку Чарнушэвічу будаваць старой хату. Некалькі дзён у сяле была і машына, на ёй вазілі лес. Пагаварыўшы з гаспадарамі, «часовы старшыня» Тамаш прыйшоў у дапамогу да трох ваенных і прывёў з сабой яшчэ двух цесляроў. Яны пачалі рубіць хату, а шафёра ад гэтай работы вызвалілі – ён згадзіўся вазіць лес і для іншых пабудоў. Работа закіпела яшчэ больш суладна тады, калі – спачатку жартам, а потым усур’ёз Юрка сказаў дзяўчатам і хлапцам, што граць дарма не будзе. І павялося так, што адвячоркам прыходзіла моладзь, трохі рабілі, – хто бервяно абчэша, хто мох перабярэ, глядзіш – і зроблена работа. «Усенародная будоўля»! – падміргваў Ганне чорным вокам Юрка і гучаў баян яго амаль штовечар. Да сенакосу паставілі хату, накрылі яе пакуль што драніцамі, пачалі складаць хлеў, але тут старая ўсхвалявалася.

– Досыць, Юрачка, досыць! Асака стаіць сцяной, трэба касіць. Досыць мне і гэтай дапамогі. Няхай мужчыны косяць! – казала яна.

Доўга не згаджаўся Юрка, але нарэшце Ганна пераканала яго, што ўсё зроблена як мае быць, а тут яшчэ і Тамаш уставіў слова: галоўнае зроблена, а маленькія недаробкі як-небудзь паміж справай з рук збудзем.

– Добра, матка, няхай будзе па тваім, – з лёгкай рукі ваенкома Харчанкі так клікалі Ганну цяпер усе.

І зрабілася ціха на пагорку. Па новай хаце, па чыста падмеценаму дзядзінцу, да скляпка і невялікага хляўка ходзіць Ганна і прыслухоўваецца да гукаў баяна. Ціхі вечар апускаецца на зямлю – птах з сінімі крыламі. Юрка Чарнушэвіч грае каля хаты Шаршнёў. Там і моладзь сабралася. Ганна разумее, што яму – маладому – куды цікавей сядзець побач з прыгожай Агатай, чым з ёю, але старая ніяк не можа зрабіць так, каб непрыхільнасць да Шаршнёў канчаткова знікла з яе думак. Назаўтра Юрка ад’язджае ў раён. Яны, прыгожыя, многа зрабілі: пабудавалі хату старой, падсабілі многім прывезці лесу, скончылі крыць страху Шаршню, нарэшце, аж тыдзень касілі на калгаснай сенажаці. Ганне хацелася, каб апошні вечар хлопцы правялі ў яе, але хіба яна магла спаборнічаць, – так яна і падумала, – стаць побач з маладымі. І зноў туга агарнула яе. Яна засвяціла газоўку, на новы стол паклала Антонавы паперы, фотакартку, ордэны, і ціхія слёзы пабеглі па шчоках.

А тым часам, над ракой, Юрка стаяў з Агатай. Баян ён аддаў тутэйшаму хлопцу, які так-сяк умеў граць вальсы і полькі, і пад гэтае гранне цяпер у Шаршнёвай хаце гуляла моладзь. Юрка ўзяў Агату за руку, яна не пярэчыла, а калі наважыўся пацалаваць – ухілілася, моцна рукой упёрлася ў грудзі, ціха засмяялася, і смех сведчыў – не пацалуеш, калі не захочу.

– Чаму, Агата? – аксамітным шэптам пытаецца хлапец. – Чаму адсоўваешся?

– Паедзеш – забудзешся, навошта? – пытаннем жа адказала яна.

– Не верыш, значыць?

Агата як бы жартам, але моцна адпіхнула яго ў грудзі і з срабрыстым смехам знікла ў сінім змроку. Гэты смех – агністы след ад падаючай зоркі. Юрка падаўся за ёй, але ісці ў тлум хаты, дзе ліха танцавала моладзь, не хацелася, ён закурыў і стаў ля плота. Адсюль яму былі відаць асветленыя дзверы хаты, у хвалістым святле іх узнікалі і праносіліся імклівыя пары, часам іх захінала шырокая постаць хлапца, які выходзіў на дзядзінец. Надта дрэнна граў вясковы хлапец на яго добрым баяне – аднастайна, на двух-трох галасах, Юрка ўсміхнуўся гэтаму гранню, але ўсмешка не адагнала лёгкага суму, які раптам агарнуў яго, а толькі як бы зрабіла гэты сум больш выразным. Сочачы за асветленым экранам дзвярэй, ён, аднак, бачыў зусім іншае – бачыў тое, што паказваў экран сэрца. З вобразнай выразнасцю ішла чарада думак, то сённяшняе, то недалёкае мінулае.

Ён успомніў, як прыйшоў у родную вёску з вайны, гэта было месяцы тры таму назад. Жудасная пустэча сустрэла яго, страшная самота падказала: вось за што я змагаўся, вось за што паранены... Звычайная, але заўсёды жудасная гісторыя: хата спалена, сям’я закатавана немцамі. Суседзі яго запрашалі, частавалі, спачувалі, але ён ужо ведаў, што для яго не скончылася цяжкая дарога вайны, у канцы якой мірсціўся бацькаў дом, яго няма, ён ведаў, што ён не застанецца на гэтых руінах, а пойдзе адсюль.

Капітан Харчанка даў некалькі даручэняў і адно з іх было вось гэта – пабудаваць старой Красуцкай хату. Ён выканаў і гэтае даручэнне, але цяпер чамусьці яго не гнала ў раён, каб адтуль ехаць на новае месца. Чаму? Пары кружацца, смех звініць, мігцяць, быццам маленькія зоры, агні прыгорка. Сіняя ноч стаіць у свеце, у якім адгрымелі грымоты вайны. Мірнае неба над Юркам, а на сэрцы – няма спакою. Чаму? Колькі разоў на вайне, у цяжкія моманты, якія трапляюцца кожнаму салдату, ён з цёплай усмешкай думаў аб роднай вёсцы, аб бацьках, аб малой сястры, аб суседскай дачцэ, якая...

У кожнага юнака была свая дзяўчына, аб якой і думаецца, і ўздыхаецца, дзяўчына, якая ў думках – і найлепшая, і найпрыгажэйшая. Бывае, блісне вачмі і абпаліць сэрца, але ад гэтага – не балюча, а соладка. І вось цяпер... такія ж вочы ў гэтай зграбнай невялікай Агаты. Не верыць яму! Яна, мусіць, думае, што салдацкае сэрца – няпэўнае. Памыляецца! Ён паедзе да Харчанкі і скажа: амба, капітан! Ты, кідаючы мяне з сяла ў сяло, ад даручэння да даручэння, вылечыў ад пакутлівай хваробы, якая завецца самотай. Цяпер – сэрца знайшло прытулак. Але Агаце аб гэтым – ні слова! Вось яна паяўляецца на экране. За ёю – туманнае святло, у якім мільгаюць пары, а яна ўглядаецца ў цемру – шукае Юрку.

– Агата!

Але яна не ідзе на голас, а, пастаяўшы хвіліну, зноў знікае ў хаце. Да Чарнушэвіча падыходзіць райваенкаматаўскі шафёр Зуб і прысадзісты хлапец у паношанай салдацкай вопратцы – кур’ер Харчанкі. Ад кур’ера пахне гарэлкай.

– Развітаўся? – ляскае рукой па Юркавым плячы кур’ер. – «Паследні нонешні дзянёчак»? – У гэтага невялікага крываногага чалавека моцныя рукі – Юрка заўсёды любаваўся ягоным спрытам у рабоце. – А мы, – кажа далей кур’ер, – наведаліся да Ганны, матка ўсё цябе чакала, паўпляшкі берагла, але мы адно сказалі, што ты ўзяты ў палон гэтай востравокай, і выпілі за ўдачу.

– Дарма, я б прыйшоў.

Зуб засмяяўся – нізкім смехам, кароткім.

– Бач ты! На два фронты, таварыш лейтэнант, нягодна змагацца. За пачастункам пагонішся – дзеўку страціш, за дзеўкай пабяжыш... – Ён раптам спыніўся і сплюнуў. – Да ўсходу паедзем. Нам ваенком, мусіць, зноў пуцёўку прыдумаў. – І засмяяўся: – Будаўнічы батальён капітана Харчанкі!

Юрку хацелася сказаць: амба, ён ад’ездзіўся, але стрымаўся – не прымусіш жа іх не кпіць. Тут зноў загаварыў кур’ер і выручыў гэтым Юрку:

– Тры дамы пабудавалі – раз! На дамоў дваццаць лесу навазілі – два! Два хлеўчукі і адну варыўню скідалі – тры!

– Страху ў Агацінай хаце накрылі – чатыры! – пакпіў Зуб.

– Але я мяркую, – не падхапіў гэтага жарту кур’ер, – што заняткаў у нас яшчэ наперадзе чорт яго ведае колькі. У ваенкома бачыў спіс. Трынаццаць удоў, якім капітан мае аказаць дапамогу. Значыць, нам будаваць яшчэ хопіць.

– Праграма! – сказаў Зуб і пачаў выбіваць акурак з муштука далоняй – сухімі хлапкамі. – Пойдзем патанцуем, таварышы, апошні раз у Зялёным Лузе.

– Для нас з табой – у апошні, а для каго – мо і не ў апошні.

«Здагадаўся!» – падумаў Юрка.

– Я не танцую, нага замінае, – сказаў.

– Пойдзем, пойдзем, калі не танцуеш – дык паспачувай!

І як толькі яны ўвайшлі ў хату, дык з розных бакоў Чарнушэвіча пачалі прасіць, каб узяў баян. Ён і сам бачыў, што дамарошчаны гарманіст ушчэнт спрацаваўся – русы кудзер прыліп да спацелага лба, а на твары застыла ўсмешка, якая адно казала: я змарыўся, але пакорна выконваю вашыя загады, буду граць, аж пакуль не звалюся. Гарманіст ахвотна аддаў Юрку баян і сеў побач – з захапленнем аматара сачыць за працай майстра. З нізкага голасу пачаў майстар – і павольная мелодыя «Афіцэрскага вальса», Юрка любіць гэты вальс, – тады ў Вене, уначы, пры сальнай свячы, калі таварышы віталі яго з наданнем лейтэнантавай годнасці, ён таксама граў гэты вальс, а таварышы казалі – «Наш! Наш вальс! Лепш венскага, братцы!» І кожны раз, калі бярэцца яго граць Юрка, ён успамінае гэты вечар – у чужой інертна-напалоханай, але прывабнай Вене... Як тады хацелася на радзіму! І вось яна – радзіма! Вось ён – родны кут!

– Гэта ж за столькі гадоў пагулялі! – кажа расчырванелая дзяўчына, спыняючыся каля Юркі. – Чакалі такога свята!.. – Яна не скончыла, але па бліскуча-захопленых вачах было ўсё зразумела.

– Танцуй! Танцуй!

Дзяўчыне ўсміхаецца чорным вокам выдатны гарманіст, нахіліўшы галаву да баяна, амаль паклаўшы яе на яго. А ў парах, што кружацца па хаце, лёгка плыве і Агата. Танец дзяўчат – гэта белыя лілеі на трапяткой паверхні азёрнай, і Агата – самая буйная, самая прывабная з іх.

Плыве «Афіцэрскі вальс» над сялом, над зямлянкамі, над рэдкімі яшчэ новымі хатамі, над абваленымі, абгарэлымі печамі, па якіх ужо расце трава. Прырода залечвае свае раны, а чалавеку хоць і цяжэй, але падаўна трэба. Хто з пажылых, ачнуўшыся ад чуткага сну, уловіць вухам гукі гулянкі, уздыхне – шкадуючы, што ідуць гады, радуючыся, што ў свеце зноў пануе пакой, і хай-такі гуляе сабе моладзь!..

IV

Тамаш праводзіў Чарнушэвіча з таварышамі і, хаця бралася толькі-толькі на дзень, пайшоў ад гасцінца праз калгасную сенажаць да ракі – там па кустах укасіць хоць крышку і сваёй рабой. Але, праходзячы праз сенажаць, убачыў недакошаны ражок, нехта з касцоў адстаў. Тамашоваму гаспадарскаму воку было непрыемна бачыць гэты недаробак і ён аж спыніўся. Хто ж гэта касіў? – думаў ён. – От гультай, от абібок! – Тамаш не мог цярпець недаробак, усё рупіла рабіць так, каб справа заканчвалася сёння, каб назаўтра можна было рабіць новае. Ён не цярпеў і недаедзенай міскі круп, і недапітай чаркі. На стале – недаёд, на полі – няўрод! – казаў ён і ўсе зналі Тамаша за спраўнага гаспадара. І калі зноў пасля нямецкае нягоды пачалі збіраць калгаснае дабро ў супольную гаспадарку, усе пашкадавалі, што сярод іх няма іхняга былога старшыні Антона Красуцкага, а пашкадаваўшы, вырашылі за старшыню зрабіць даўнішняга ключніка – Тамаша. Ён без кніг ведаў, без запісаў, хто што забраў у свой двор з калгаснага дабра, і цяпер рупна збіраў яго. Аднак, сам Тамаш казаў, што не яму старшынстваваць, што ён «не ўмее камандаваць», а жонка яго, гэткая ж руплівая, аднак – куды спрытнейшая за мужа кабета, казала, што «Тамаш да начальства талентаў не мае». Дык пагадзіліся на тым, што ён возьмецца часова, а потым мо’ раён нараіць каго ў старшыні. І бывала ўгоніць чалавека ў злосць, дык ён адно адмахнецца рукой і скажа: я – часовы, рабіце, як ведаеце. Тамаш добра ведаў, што трэба рабіць, але і сапраўды да ўсяго не хапала «таленту».

А трэба было рабіць край як багата.

Багата зямлі дзірваном легла за гады нямецкага панавання. Сёлета на працэнтаў шэсцьдзясят узнялі, а рэшту не адужалі. Ледзь управіліся з сяўбой, узяліся за калгасныя будынкі – усё ж гэта папалена: і кароўнік, і свіран. А тым часам падышла касавіца і ўсе сілы кінулі на сенажаць. Трэба прызнацца, не ўсе добра браліся за работу. Якія там свірны, калі самі ў гнілых ямах сядзім, – казалі. Тамаш разумеў, што трэба будаваць хаты. Дзяржава давала пазыку, дарма пілавалі дошкі, але гэтага было мала. Трэба было арганізаваць у калгасе рабочую сілу, бо калі яе не арганізаваць, дык кожны сабе будзе рабіць і тады калгасная гаспадарка адсунецца на задні план. Тамаш быў вельмі задаволены, што прыехаўшыя з раёна хлапцы дапамаглі вывезці лес, добра, што і хату старой Ганне паставілі. Ён усё важыўся пайсці ў раён, каб яшчэ далі машыну, але падаспела касавіца. І вось тут упершыню сутыкнуліся Тамашовы жаданні з людскімі намерамі: многія ўхіляліся ад касьбы, спасылаючыся на тое, што ў сваёй сядзібе трэба спачатку лад знайсці. У Тамаша не хапала сілы з некаторымі сварыцца, ён тады махаў рукой, кідаў сваё ўлюбёнае – От, абівалка! – браў касу ці сякеру і рабіў сам. Вось у працы ён адыходзіў, злосць сціхала, рабілася лёгка на сэрцы. А да ўсяго – яшчэ і Тамашыха мэнчыла чалавека.

– Навошта табе заядацца з людзьмі, – казала траха што не кожны вечар Кацярына, бегаючы па дзядзінцу і робячы амаль дзесяць работ узапар. – Ці табе больш за ўсіх трэба? Ты ж часовы! Не трэба заядацца з суседзямі. Я і так сёння ў сне бачыла, што наш зруб гарыць.

Гэты зруб – новы, недакончаны – быў тым самым каменем, аб які білася даўняя сямейная згода. Рубіў яго Тамаш кароткімі раніцамі ды адну-дзве гадзіны парабляў увечары, каб не адрываць часу ад калгаснай работы. Але, ведама, часу было гэтага мала, а чалавеку карціла рабіць, і ён неяк парабляў у нядзелю, потым і ў другую. Тут Кацярына не змаўчала.

– У святкі рабіць – грэх! Усё адно ў гэтай хаце не будзе шчасця. Пабойся бога! Учора, як заходзіла сонца, я ткі бачыла чорны крыж на небе. Будзе бяда.

Столькі прыкмет і столькі знаменняў было ў Тамашыхі, што спакойны і трохі з гумарам Тамаш пачаў не на жарты злаваць на жонку. Гэтага не рабі, гэтага не трэба, тады не бярыся! Дайце рады! Ён цяпер ахвотна выпраўляў Кацярыну ў царкву, а сам тым часам браў сякеру і хоць бервяно, але такі дакладаў да будыніны. І чаму б суседзям не будавацца – спакваля, покуль гарачая пара – памаленьку, а потым, як поле да парадку давядзём, грамадой возьмемся. Дык не, не ўсе так разважаюць. Недарма кажуць – што не чалавек, то і розум.

Тамаш пастаяў над недакошаным ражком і пайшоў махаць касой. Праз нейкую абівалку рабая яго без травы будзе!

І тут ён успомніў учарашнюю гутарку са Стафанам. Тамаш прыйшоў да яго і заспеў на дзядзінцы. Стафан распілоўваў плашкі, каб зрабіць зруб сваёй, нядаўна выкапанай, крыніцы.

– Добры вечар!

– Добры вечар! – адказаў Стафан і па твары прабегла непатрэбная ўсмешка, схаваўшыся ў рудых вусах, крануўшы іх. – Прынясі старшыні лаўку! – гукнуў ён у хату.

– Дарма! – аж збянтэжыўся Тамаш – я тут у халадку. – Ён сеў на новых прыступках і колькі хвілін сачыў за спрытнымі Стафанавымі рукамі.

– Ну, як, ажываешся?

– Не прывыкаць! Толькі сядзіба малая. Сотак трыццаць прырэзаць па закону палагаецца. Ганна ў суседзі не пусціла, а ёй, старой ды адзінокай, і не трэба.

– Па восені і без Ганнінай сядзібы знойдзем адкуль адрэзаць, – сказаў Тамаш. – Старую абіжаць не можна, яе сыны за нас ваююць, адзін голаву злажыў. Быў у нас за старшыню, шкада такога чалавека. Цяжкая доля старой выпала.

– Кожнаму выпала цяжкая доля! – неяк чмыхнуў у рудыя вусы Стафан. – Агата! Нясі капшук, старшыню пачастуй.

«От, халера, дылындыча адно – старшыня, старшыня!» Агата прынесла капшук, у ціхім надвячоркавым паветры прагучала скрыпічная фраза – «Добры дзень!» «Выліты партрэт, уся па бацьку, толькі той руды, абівалка».

– Ці не пакошваеш заўтра, Стафан? – не закурваючы, прыступіўся Тамаш.

Той узняў галаву ад плашак і калючыя вочы спыніліся на Тамашовым твары, ледзь ніжэй носа. «І чаго чалавек пасміхаецца?» Тамаш нават пальцамі скрабануў сваю пасівелую бараду.

– Агата штодня ў калгасе робіць, ты гэта ведаеш. А я ўпраўляюся з хатай і хлявом, паркан пастаўлю, тады таксама пайду рабіць. Я ж член новы, у вас не ўсе робяць апрача мяне.

– На іншых не спіхайся, пра іх гаворка не ідзе. Я ў цябе пытаюся. Сенажаць, як лес, стаіць і дні такія, што грэх не касіць. Пагодай карыстацца трэба.

– Упраўлюся, пайду.

Адчуванне неспакою ўзнікла ў Тамаша. Так заўсёды ў яго было, калі чалавек не хацеў з ім пагадзіцца, і было дзіўна, чаму ідзе наўпрэкі, калі тое, што кажа Тамаш, бессумненнае і пільна патрэбнае.

– Дык ты мяркуеш, што з касьбой можна і пачакаць?

Стафан падагнаў плашку да плашкі, потым паклаў сякеру і сеў на зямлі. Прысадзісты, здаровы, з крутой кароткай шыяй, сядзеў ён перад Тамашом і пасміхаўся. Стружка прычапілася да рудога вуса і пакіўвалася пакваля – нібы і яна смяялася.

– Уласць нам кажа з зямлянак вылазіць, ажывацца, – ад простага адказу вось чым ухіліўся Тамаш. – Я б меў права ад цябе дапамогі прасіць, але мне пашэнціла хату на знос прыдбаць, дык я і без вашай дапамогі ўпраўлюся. Толькі не замінай, братка. Я раблю ўгодную дзяржаве справу.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю