355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Барыс Мікуліч » Зялёны Луг » Текст книги (страница 2)
Зялёны Луг
  • Текст добавлен: 4 декабря 2017, 02:00

Текст книги "Зялёны Луг"


Автор книги: Барыс Мікуліч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 4 страниц)

Не, не тое, што трэба, казаў гэты чалавек. Тамаш добра разумеў, што зусім не тое, але ў яго не было слоў, каб адказаць, як след.

– А пакошваць трэба, – адно сказаў ён і ўзняўся, каб ісці. Каля брамы ўжо сказаў: – У цябе і так усё тут, як мае быць. Так, быццам і не гарэў ты, а пераехаў з месца на месца.

– Я не чакаю, покуль з неба зваліцца. Я – гаспадар! – услед засмяяўся Стафан.

Ужо з-за лесу стрэліў порсткі сонечны прамень. Ужо ў неба падняўся жаўрык. Ішла лагодная летняя раніца. Тамаш павярнуў з сенажаці да сяла. Дружна бяруцца зернавыя на калгасным полі. Шкада, што не ўдалося засеяць усё, што меркавалі, увосень будзе зноў цесна. Але як ні біўся за гэта Тамаш, многія не падтрымалі. Вось, напрыклад, хударлявы чорнабароды Нічыпар. Калісьці ён быў добрым супольнікам, рабіў у калгасе, спраўна, пагодліва жыў з суседзямі. А і ён больш пільнавацца стаў сваёй сядзібы і часам не-не, а ўздыхне: які шнур у яго быў пры немцах!.. Многім атруцілі мазгі гэтыя нямецкія гады, некаторых збілі з той роўнай дарогі, па якой ішлі аж з трыццатага года. Цяжка звычайнаму чалавеку, не вельмі нават пісьменнаму, такому, як Тамаш, лячыць гэтых людзей. От бы быў жывы Антон, ён быў чалавек з галавой, умеў да кожнага знайсці патрэбную сцежку, умеў бачыць не толькі тое, што чалавек каторы робіць, але і што мяркуе рабіць. Шкада, што не пераказаў Тамаш сваю гутарку Юрку Чарнушэвічу ці Зубу, яны – франтавікі, парадзілі б, што рабіць, дапамаглі знайсці такое слова, ад якога ўсе доказы Стафанавы разляцеліся б ушчэнт. З такімі думкамі выходзіць Тамаш на дарогу.

Насустрач ідуць мужчыны з косамі, наперадзе якраз дыбае Нічыпар.

– Добры дзень!

– Добры дзень!

Спыніліся. Закурылі.

– З поўдня ў копны пакласці можна будзе. Дзяўчат накіруем.

– А сёння мяркуем пад лесам заняць, на паплавах хай яшчэ расце, там асака важная.

– Малаткоў разжыцца, – кажа нарэшце Нічыпар.

Адзін з касцоў сплёўвае.

– А свайго чаму не ўзяў?

Нічыпар маўчыць. І дапраўды – чаму не ўзяў? Гэта ж у кожнага гаспадара ёсць і бабкі, і малаткі, але некаторыя хаваюць, шкадуюць для калгаса. Тамаш дастае з кішэні малаток і дае Нічыпару.

– Навошта мне твой, – кажа той, але малаток бярэ.

Разыходзяцца.

Ужо каля самай вуліцы Тамаш сустракае Стафана. Ён быццам наганяе касцоў. У руках у яго ненасаджаная каса.

– Добрай раніцы, старшыня!

«Абівалка чортава! Гэта ж столькі працягне покуль насадзіць касу! Але ўсё ж пайшоў».

Гарачы, тлумны пачынаецца для Тамаша дзень. Адных ён выпраўляе абганяць бульбу па першым разе, трох мужчын – на будаўніцтва свірна. Брыгадзіру загадвае выправіць на сенажаць дзяўчат з граблямі. Сам жа пасля ўсяго гэтага бярэцца разбіраць жняярку. Хутчэй бы ўжо Мтэсаўскую майстэрню аднавіць, а то цяпер прыйдзецца жняярку везці аж за пятнаццаць вёрст, а адрамантаваць край як трэба.

Кацярына ўжо даўно выглядае Тамаша. Гэта жарты – скора поўдня, а чалавек яшчэ не снедаў. І навошта яму гэты клопат? Усё кажа Кацярыне, што дабра з гэтых клопатаў Тамашу не будзе. Увесну недасеялі, будаўніцтва ідзе слаба, гаспадары назаляюць, каб дапамаглі з калгаса, коней мала і тыя толькі-толькі асілоўваць пачынаюць па траве. Рахманы чалавек яе муж, вось і не адбіўся ад людзей. А людзі, ведама, рады, каб хаця ад іх клопат адпіхнуўся. А Тамашыхі тады не было на сходзе ды яна і не надта спадзявалася, што такога спраўнага ключніка за старшыню абяруць. Каб ведала, не дапусціла б. Хаця і супакойваў Тамаш, што ён – часовы, але клопату не менш. А ўсе прыклады сведчаць, што непатрэбная гэта справа – старшынства.

Сухая і руплівая, Кацярына ў той пары, калі няведама – ці сорак ёй, ці пяцьдзясят год. Прырода, мусіць, доўга меркавала, аж пакуль злучыла ў адну пару Тамаша з Кацярынай. Выйшла гэтая пара ў адно, абое руплівыя, абое працавітыя. Толькі абышла іх доля – няма дзяцей. Дык якраз тую колькасць клопатаў і пяшчоты, што аддае маці сваім дзецям, не было каму аддаць Кацярыне. Частку іх яна аддала Тамашу, але з таго ўжо было гэтага вельмі і вельмі, а частку Кацярына скарыстала на бога. Тамаш, сказаць, не быў нехрысцем, але рэдка ўспамінаў бога, а ў царкве, мусіць, гадоў дваццаць не быў. Затое Тамашыха выказвала асаблівую актыўнасць у рэлігійных справах і гэтым набыла сярод многіх жанчын нешта накшталт павагі. Бог Тамашыхі быў адменны. Не толькі збаўца ад гора і пакут чалавечых, але і караючая рука. І ведала Тамашыха безліч прымоў, нагавораў, умела ўгледзець знаменне.

От, скажам, барабаніць лыжкай па стале не можна, бо людзі языкамі аббарабаняць. Калі нясеш малако ў гладышы, укінь у яго драбок солі, каб людзі не нагаварылі благога на карову. Забараняецца смецце месці праз парог, бо паросная свіння не прынясе добрых парасят. Гэтак жа не можна выносіць смецце пасля захаду. Спатрэбілася б шмат новых і старых заветаў, каб упісаць усе гэтыя забабоны. Яны спалучаліся ў Кацярыны з практычным розумам, з неадольным імкненнем дапамагаць і мужу, і людзям. Цяпер, калі яны рабілі ў калгасе, яна малілася за дождж і пагоду, за ўраджай – для калгаса так, як раней малілася для сваёй гаспадаркі. Як даўней пераймала першы воз з жытам хлебам і соллю, так і цяпер выбягала з рушніком, у якім ляжаў хоць блін, насустрэчу калгаснаму возу з першымі снапамі. Вось такі быў Кацярынін бог – частка хрысціянскага, частка паганскага, і чалавекалюбны Хрыстос, і каварны Д’ябал, і дзед-вадзяны – у адным. Тамаш такі пасміхаўся ў пасівелую бараду на гэта ўсё, але Кацярына верыла, што гэтыя яе веды абароняць і яго, і яе.

Нарэшце Тамашыха ўгледзела мужа.

– Ты доўга нашча хадзіць будзеш? Ідзі падсілкуйся.

– Святым духам сыты! – пажартаваў той, апускаючыся на бервяно. – Мяркую ў нядзелю ў раён паехаць, няхай змяняюць. Мне з людзьмі не ўправіцца.

– Я даўно кажу тое ж самае! – паставіла перад мужам міску шчаўя, забеленага малаком. – Нашто табе гэты клопат. Учора ў сне... – Але, глянуўшы ў Тамашоў твар не даказала. У гэты час па вуліцы прайшлі жанчыны з граблямі. – Міскі абрусом прыкрый, я пабягу.

– Куды?

– На сена. Гэта ж глядзі, старая Ганна і тая ідзе, а мне і сам не загадвае.

– А вось Альжбета не ідзе ж, – ні то да яе, ні то сам да сябе заўважыў Тамаш. – І Стафан не надта рупіцца.

– Яны – прыезджыя, чужыя. У іх свае думкі.

І, падсунуўшы мужу гладыш з квашаным малаком, Кацярына подбежкам пусцілася даганяць жанчын.

– А чаму нельга зрабіць так, каб усе людзі працавалі ў такой згодзе, як сям’я? – уголас падумаў Тамаш.

V

Сярод лета раптам прыехаў шафёр Зуб па Ганну. Ваенкам Харчанка запрашаў старую да сябе. Зашчаміла сэрца ў Ганны: што там чакае яе? Хоць і сардэчны чалавек Харчанка, але... але да яго першага прыходзяць і страшныя, і радасныя весткі. Якая цяпер будзе? Думкамі сваімі трывожнымі падзялілася з Тамашом, а той суцешыў, як умеў:

– Што ты, свацейка, бярэш да галавы. Не кліч бяды, яна сама прыйдзе.

Праз дзень паміж зялёнага мора багатага лета запыліла дарога і, як асеў пыл, усе, хто быў у гэты час на сенажаці, на вуліцы, на дзядзінцах убачылі: з машыны саскочыў ваенны і дапамог злезці старой Ганне. Пабегла чутка: Тодар прыехаў. Але Агата, якая была на сенажаці, хоць і не разгледзела, але сэрцам адчула, што гэта – не Тодар, а іншы.

– Гэта – Юрка! – не захоўваючы радасці крыкнула яна так, што ўсе дзяўчаты пазайздросцілі. Кожная ж з іх насіла ў сваіх высокіх грудзях гэтую патрэбу – радасці.

Чарнушэвіч давёў старую да новай хаты, яны аб нечым пагутарылі, дзяўчаты бачылі, што старая паківала яму галавой. Чарнушэвіч узяў свае чамаданы і пайшоў у край сяла, пад раку. Агата не стрымалася – пабегла. Лёгка неслі яе пругкія моцныя ногі, вецер абвяваў яе стан. Гэта – як разьбяр, што знайшоў найпрыгожыя формы.

– Юрка! Юрачка!..

І, забыўшыся на тое, што над імі – не месяц, а дзённае сонца, што не зоркі глядзяць на іх, а чалавечыя вочы, яны сустрэліся ў абдымку і ён сведчыў: усё!

– А бацькі як?

– Што бацькі? – казала яна, ідучы побач. – Маё шчасце... мой Юрачка!

Ой, Юрачка, што не жэнішся,

Прыйдзе зімачка, дзе падзенешся!

Колькі жартаўлівых прыпевак спявалі на тым вяселлі дзяўчаты! Колькі розных танцаў танцавалася! Колькі жартаў казалася! Гэта было першае вяселле пасля вайны. З раёна прыехалі начальнікі, і гэта было вельмі важна – вялікая павага да Юркі ўзмацнілася больш. Толькі не прыехаў ваенкам – ён пераказаў, што заняты, але на хрэсьбіны будзе абавязкова. І Ганна не прыйшла. Яна прынесла гасцінец маладым – чашку пахучага зеленаватага мёду, а на бяседзе не засталася.

– Слёз не магу стрымаць, а што з іх людзям?

Сяло ведала: Харчанка прачытаў ліст з далёкай Венгрыі ад сына Тодара, жывы, але паранены, пытаецца, ці хто з радні астаўся. Сам ваенкам склаў пры Ганне адказ – і пайшоў той ліст – праз дзяржавы, на захад, несучы матчыну любоў сыну. Божа ж мой, каб льга было, дык старая кінулася да сына, струджанымі нагамі, здаецца, дайшла б у гэтую самую Венгрыю. Паранены? Без ног? Без рук? Усё адно! Сын! Родны, адзіны! Як у ліхаманцы жыла старая, беручыся за дзясятак спраў, кідаючы іх, абліваючы слязамі сухі, дзелавы ліст сына ў ваенкамат. Без Ганны прайшоў сход і аб зменах яны даведаліся ад самага ж свата, які прыйшоў да яе – вясёлы. Ён, як малы, падкідаў на далоні ключы.

– Зноў, свацця, ключнік! Адбіўся, хай яны! Юрачку за старшыню абралі. Не часовы, а форменны!

Ганна слухала ўсё гэта, а ўваччу стаяў чамусьці Стафан з яго непатрэбнай, абразлівай усмешкай.

– Ці добра будзе, сват, ён малады, а ты як-ніяк гаспадар.

– Ён – чалавек ваенны, у яго за плячыма фронт! Адужае, свацця.

Горача ўзяўся за справы новы старшыня. Грандыёзныя планы і смелыя думкі нараджаліся ў яго маладой галаве, але не ўсё з гэтых планаў, на жаль, можна было ажыццявіць адразу ж. Трэба было вырашаць больш пільныя, надзённыя пытанні – будаваць дамы для пагарэльцаў (а ў марах ён бачыў Зялёны Луг – у каменных катэджах!) і выводзіць іх з зямлянак, нажываць цягло, інвентар, сварыцца з начальнікам МТС, сварыцца, шчыра кажучы, прыходзілася з многімі. Баян стаяў у новай, купленай у мястэчку, шафе, Чарнушэвіч нават забываў часам, што ён умее граць і ўспамінаў аб гэтым толькі тады, калі да яго прыходзілі і прасілі баян, каб пайграць. Трэба было арганізоўваць і вырошчваць калгасны статак, дабудоўваць ферму, свіран, а як надышло жніво, сутыкнуўся з такім цяжкім пытаннем: план сяўбы не быў выкананы цяпер, трэба было аддаваць дзяржаве пазыку, выконваць хоць і зменшаны, але налічаны на ўсю пасяўную плошчу план хлебапаставак і ў выніку заставалася зусім мала для размеркавання. Аднаго не мог зразумець Чарнушэвіч, што некаторыя калгаснікі, выказваючы сваю незадаволенасць малой аплатай працадня, нейкім чынам абвінавачвалі ў гэтым яго, Чарнушэвіча!

– Самі сеялі, самі і ешце! – але гэтымі словамі не вельмі адмахнешся ад гострых пытанняў. Ён гэта добра разумеў, разумеў і тое, што не меў права такімі словамі адпіхвацца ад тых, хто галадаў у дні «нямецкага новага парадку», хто страціў усё ў вайне, сядзіць цяпер у зямлянцы і з надзеяй глядзіць на яго, на старшыню, як на аплот дзяржавы. Ён ірвануўся ў раён і там дапамаглі яму: адтэрмінавалі зварот пазыкі і, зняўшы частку збожжанарыхтовак, пераклалі на іншыя ў раёне, больш моцныя калгасы. Многае было зроблена, дні Чарнушэвіча былі напоўнены з раніцы да пазна клопатамі і сумятнёй, але справы ўсё насоўваліся на яго.

Аднаго разу, дамалаціўшы жыта, Чарнушэвіч, запылены, потны (ён нарэшце сам стаў падымаць у барабан снапы) прыйшоў дахаты. Каля трох месяцаў ён жыў сямейным шчаслівым жыццём, але, прызнаваўся, і не бачыў гэтага жыцця за работай. Ён сеў на лаве і адчуў, што дужа стаміўся, што, прыйшоўшы з фронту, ён і не адпачываў – спачатку страшная пустэльня роднага сяла, потым «баявыя заданні» Харчанкі, цяпер – гэты калгас. Ён так сядзеў на лаве, утаропіўшы перад сабой вочы, быццам упершыню бачыў і гэтую хату, і гэтах незнаёмых людзей – цесця і цешчу. Толькі тады адвёў ад іх вочы, як адчуў, што нехта сцягвае з ног боты. Ён убачыў: Агата сцягвае боты, стоячы на каленках, а побач, на падлозе, стаіць таз з вадой.

– Што ты? – ён нават пачырванеў.

– Што ж я? – расчырванелы твар узняла да яго Агата, і вочы яе свяціліся каханнем і шчасцем. – Ты змарыўся, Юрачка, я памыю табе ногі.

Ад акна, дзе ён кітаваў шыбу, азваўся цесць:

– Змарыўся, зразумела. Нашто так забівацца? Нікога не здзівіш. З’еш хоць вала – адна хвала!

Чарнушэвіч глянуў на Шаршня і злавіў яго ўсмешку. Падумаў: чаго пасміхаецца? Спачувае ці кпіць?

– Я б па-ваеннаму ўсё паставіў. Людзей – па вучастках, загад, выконвай! – дадаў цесць, а ад печы дачуўся грукат – Альжбета выцягвала паранку для свіней і моцна грукнула саганом па прыпечку. Правільна кажа цесць, ён разумны чалавек. А Агата ўжо стаяла з конаўкай і рушніком і тут жа, над тазам, ён памыўся. Яна палівала яму, а ён, мыючыся, думаў: вось яно – шчасце!

– Трэба брыгадзіра талковага паставіць. Ты, цесць, не згодзішся?

Той аж засмяяўся.

– Не! Што ты. Тут трэба каго свайго, з Зялёнага Луга. Мы – прыезджыя, нам яшчэ веры няма.

– Дык і я ж – прыезджы?

– Ты іншае. У цябе... – Ён далоняй ляпнуў па ўласных грудзёх, намякаючы на зяцевы медалі і ордэны. – Табе вера ўсюды. Я лепш табе так дапамагу, як свайму... сыну.

Потым быў вечар. Чарнушэвіч сядзеў на ганку цесцевай хаты, курыў, з асалодай адчуваючы поўны спакой у сваім целе. Тут яго ў другое здзівіла Агата, але на гэты раз – прыемна. Яна прынесла баян. Месяцы тры не браў, аж з вяселля. Свет вачэй яе ў надыходзячым змярканні быў ужо агнём.

– Што?

– «Афіцэрскі вальс», Юрачка.

У гэты раз зайграў ён адменна: павольна, з ціхімі, доўгімі лірычнымі варыяцыямі, якія прыдумаў калісьці сам. І пад гукі ўласнай музыкі зноў паўстала: Вена... а яшчэ раней – прывал на беразе Прута. «Лепш за венскі, гэты наш вальс». Зусім ціха ён сказаў да Агаты, якая прытулілася да яго пляча шчакой:

– Якія мы там бачылі дамы па вёсках! Ёсць і дрэнныя, але ёсць і такія, якім пазайздросціш. У нас трэба будаваць так, а не халупы з вокнамі ў зямлю. І яшчэ я, Агата, думаю, што на месцы разбітай вёскі можна паставіць новую, і дынаму – каб асвяціць Зялёны Луг электрычнасцю. Як ты мяркуеш?

– Добра, Юрачка, усё добра. Але цяпер ты адпачываеш. Ты ж маеш права хоць са мной адпачыць?

Вядома – ён мае права на гэты адпачынак. Ён падумаў так, але ўжо не сказаў: за нізкай брамай збіралася моладзь, прыцягненая яго музыкай.

VI

У раёне, куды ездзіў Чарнушэвіч са справаздачай, ягоныя планы ўхвалілі. На паседжанні ў раёне прысутнічаў і Харчанка, іменна ён сказаў:

– Млын і электрастанцыя – гэта вельмі добра. Калі гэта спалучыцца з матар’яльным дабрабытам, з новай хатай, з павялічанай аплатай за працадзень – лепшага жадаць няма чаго. Будуй, умацоўвай!

І калі акрылены падтрыманнямі старшыня вярнуўся ў Зялёны Луг, ён пайшоў у хату Тамаша, дзе часова размясцілася праўленне, заспеў тут некалькі чалавек, сеў і, захапіўшыся, пачаў гаварыць аб электрастанцыі. Яго слухалі ўважліва, з павагай, падтрымлівалі. Толькі Нічыпар, які прытуліўся да дзвярэй з цыгаркай – такой жа вялікай і тонкай, як ён сам, між іншым, сказаў:

– З вясны можна будзе і гэта.

– Чаму з вясны? Яшчэ да снегу далёка.

– У нас яшчэ дзесяць сямействаў у норах, а пяць хат небам крытыя.

– Заўтра ж усіх на будаўніцтва, – рэзка сказаў да брыгадзіра Жука старшыня.

– І са свірна зняць? Там страху толькі да паловы паклалі.

– Зняць, зняць!

Хоць, здавалася, усё добра ў гэтай гутарцы, але нешта як бы засела ў мазгу Чарнушэвіча – непрыемнае, дакладней – няёмкае. Гэта – у голасе Нічыпара. Нейкая захаваная, пахмурная іронія. А электрычнасць будзе – троха што не ў голас падумаў ён. За вячэрай Агата паведаміла навіну: прыехаў Тодар Красуцкі, без левай рукі.

– І ўвесь чыста, казаў, як рэшата!

Чарнушэвіч устаў быў з-за стала, каб пайсці да Ганны, павітацца з госцем. «Зусім забыў матку!» Але Агата стрымала – ноч на дварэ, а чалавек здарожыўся ды яшчэ і хворы.

– Сем ці восем раненняў!

«Як яна лёгка пра гэта гаворыць! А калі б – гэта я?»

– Значыць, многа гора паспытаў чалавек.

– У кожнага ў гэтую вайну было сваё гора, – азваўся з-за пераборкі цесць. – Лепш не ўспамінаць! – Услед уздыхнула маўклівая Альжбэта – гучна, хрыпавата.

Толькі ў канцы наступнага дня выбраў старшыня вольную хвіліну, каб зайсці да Красуцкіх. Прашоўшы ўжо паўдарогі, ён крута павярнуўся, прыйшоў у цесцеву хату, зняў гімнасцёрку і надзеў кіцель – калі ў промені сонца бліснулі два медалі і два ордэны, ён усміхнуўся сам сабе ў люстра. Падцягнуты, ён прайшоўся па вуліцы да Ганчынай хаты. Прайшоў дзядзінец. Ужо тры рамоўніка, – адзначыў, – малайчына старая! Ганны, мусіць, не было. Пераступіў парог і ўбачыў: ля вакна, спінай да яго, у паношанай, але чыста пасціранай гімнасцёрцы стаіць русавалосы хлапец. Левы, парожні, рукаў засунуты за дзяжку, у пальцах трымае нешта і разглядае. Хлопец не заўважыў старшыню.

– Што там цікавае? – голасна сказаў Чарнушэвіч, робячы вялікія крокі да хлопца. – Пчала?

– Не! – Хлапец узняў на прыйшоўшага блакітныя вочы (твар быў бледны, стомлены, відаць – доўга ляжаў у шпіталі). – Гэта – шэршань, называюць – філант. Ён паралізуе пчол і корміць імі свае лічынкі.

– І многа паядае?

– Па шэсць пчол на кожную лічынку, многа!

Вы – лейтэнант Чарнушэвіч? Вельмі вам дзякую за дапамогу матцы, за гэту хату.

– Э, глупства! – весела адказаў Чарнушэвіч, працягваючы да параненага руку. – З прыездам! Прыйдзецца гэтага ворага пчалінага забіць.

– Ён ужо мёртвы. Сядайце! – паціскаючы працягнутую руку, адказаў Тодар Красуцкі.

Чарнушэвіч сеў, а хлапец стаяў. «Мусіць, радавы, па старой прывычцы – чакае дазволу старэйшага». Падумаўшы гэта, ён і спытаўся:

– Радавы?

– Гвардыі сяржант.

– А гадоў?

– Дваццаць трэці. З восьмай групы пайшоў. І от... – Ён паказаў абрубак рукі.

– Дзе страцілі?

– У Венгрыі, ужо даўно. Ляжаў у шпіталі, потым у санаторыі.

– А выглядаеце паршыва. І тут трэба адпачыць.

– Нее... – зусім дзіцячая ўсмешка кранула пухлыя Тодаравы вусны. – Мне б хацелася рабіць, таварыш лейтэнант. Мне б хацелася... – Ён не скончыў, сеў на нізкі ўслончык пры сцяне, на твар нібы лёг цень.

– Не бядуйце!

Трэба неяк суцешыць гэтага хлапца, але Чарнушэвіч не мог знайсці патрэбных слоў. Ён таксама сціх. Колькі хвілін стаяла ў хаце цішыня. За вокнамі ў яркім восеньскім дні сцішана гудзелі пчолы. Прыйшла на дзядзінец Ганна, з хлява вывела цялушку і кінула ёй бярэмя травы. Усё гэта бачыў Чарнушэвіч і чакаў прыходу старой. Але тая яшчэ нешта рабіла на дзядзінцы.

– Маці ваша прыйшла!

Тодар усхапіўся, выйшаў за парог і голасна сказаў, што ў іх госць.

– Які госць! Свой я тут! – узнімаючыся насустрач старой, смяяўся Чарнушэвіч. – Учора, матка, позна прыехаў, выбачайце, што не зайшоў.

– Зусім, зусім забыўся на старую! – мякка папракала Ганна Чарнушэвіча. – Запрацаваўся.

– Так, матка, і аддыхі няма!

На стале паявілася пачатая бутэлька гарэлкі, мёд. Колькі ні адмаўляўся Чарнушэвіч, але прыйшлося і выпіць, і паспытаць мёду. Тодар не піў і маці не-не, а ўздыхала са скрухай, затрымліваючы позірк на бледным сыновым твары. Чарнушэвіч расказваў аб сваіх планах. Ён бачыў, што Тодар слухае яго надта ўважліва, і гэта заахвочвала. Ад млына і электрастанцыі думкі перабеглі на перажытае, ён пачаў успамінаць.

– Нам бы так будавацца, як за мяжою! – нарэшце сказаў ён. – Мне давялося бачыць адну гаспадарку, нешта накшталт хутарка.

Калі ён спыніўся, Тодар з бледнай усмешкай на твары ціха заўважыў:

– А я там не мог. Усё было чужое. Хай тут беднае, але сваё.

– Правільна, сынок, – з любосцю сказала маці.

Нарэшце Чарнушэвіч развітаўся. Ідучы, ён падумаў, што Тодар – не памочнік, на яго няма чаго разлічваць. А ён меркаваў – хоць рахункаводам яго, Таню прыйшлося адпусціць на вучобу, можна было б Стафана прызначыць, але самому гэтага рабіць не хацелася – як-ніяк радня. Радня! Ён усміхнуўся пры гэтым – хутчэй бы дахаты. Там чакае Агата, спакой, адпачынак. Як мала адпушчана чалавеку шчасця! Стафан – талковы чалавек, з ім прыемна і пагутарыць, карысна параіцца. Вось да Альжбеты ніяк не можа прызвычаіцца Юрка. Дзіўна, што троха не ўвесь час маўчыць гэтая жанчына, і дагэтуль не зразумела, ці прыхільна ставіцца яна да зяця, ці не. Няўжо і Агата будзе такой – маўклівай, пахмурнай? Чымсьці нагадвае яна рабочага вала.

– Я вас шукаю, – гэта Ляксей Жук, брыгадзір. – Няшчасце, Юры Піліпавіч! «Зорка» завалілася, не даглядзелі.

Гэта чамусьці раззлавала Чарнушэвіча.

– Не ведаеце, што рабіць? Пашліце па ветэрынара! Здаецца, не малыя!

Аднак, трэба было ісці. У новай, яшчэ недакрытай стайні вакол маладой кабылкі стаялі мужчыны. Заклапочаны конюх Сіліван сядзеў на кукішках і глядзеў на кабылу, якая, закінуўшы галаву, ляжала на зямлі, пацямнеўшая ад поту. Тут-жа быў і Стафан і даваў парады.

– Паставіць яе трэба на ногі.

– Пашліце па ветэрынара! – суха сказаў старшыня. – Такую кабылу не даглядзець! Нават дробязі самай не можаце зрабіць. Здаецца, размеркавалі абавязкі, усе вы – гаспадары. Эх! Не ваенныя людзі, адно і скажаш.

– Не трэба клікаць ветэрынара, – раптам пачуў ён Шаршнёвы словы.

– Чаму? – аж здзівіўся, спыняючыся.

– Пойдуць гутаркі, следства. Кабыла ўсё адно не падымецца.

Але Чарнушэвіч настаяў на сваім. Ветэрынар прыехаў, кабыла акалела. Ветэрынар патрабаваў, каб рабілі дэзінфекцыю стайні, каб коней памылі. Зноў старшыні быў клопат і выходзіла, што Стафан раіў зусім не пустое. Не, – думаў Чарнушэвіч, – я яшчэ дрэнны гаспадар, трэба прыслухоўвацца да гаспадароў. Яму было непрыемна, што прыходзіцца займацца ўсім чыста, што людзі чакаюць ад яго і загаду, і парады. І павялося так, што ўсё часцей і часцей Стафан пачаў умешвацца ў гаспадарку, дапамагаць яму і ўжо часцей і часцей цэлы рад гаспадарчых пытанняў вырашаўся без яго і ён нарэшце атрымаў магчымасць заняцца тым, чым хацелася: млыном і электрастанцыяй. І тут, на гэтай будоўлі, ён зноў гарэў, аддаючыся працы дазвання. Гэта стала для яго і асноўным, і галоўным.

VII

Хоць і абяцаў Харчанка старой Ганне прыехаць на наваселле, але ні летам, ні ўвосень не выбраўся ён у Зялёны Луг. У яго жыцці адбылася змена. Праўда, гэтая змена не перайначыла яго распарадку, аднак надала большага клопату. Раней ён павінен быў клапаціцца аб добрым папаўненні ў Савецкую армію, аб падрыхтоўцы маладых салдат, аб тым, каб дапамагчы ўдовам і сіротам, цяпер гэтыя абавязкі не адпалі, а зрабіліся толькі часткай вялікай работы, ускладзенай на яго: Харчанку выбралі сакратаром раённага камітэта. Першым у Зялёным Лузе даведаўся аб гэтым Тодар Красуцкі. Ён быў у мястэчку, зайшоў у ваенкамат і там даведаўся аб зменах. У райкоме ён і не спадзяваўся ўбачыцца з новым сакратаром, ён запытаўся ў аднаго з работнікаў, ці можна аформіць у Зялёным Лузе партыйную арганізацыю з трох чалавек – на тую пару прыехаў камуніст-настаўнік і, значыцца, цяпер было тры камуністы: Чарнушэвіч, настаўнік і ён. Райкамавец сказаў, што такое пытанне трэба ўзгадняць непасрэдна з адным з сакратароў, і не паспеў Тодар агледзецца, як яго паклікалі да Харчанкі. «Вось які ён», – разглядаў Тодар капітана Харчанку, аб якім столькі чуў ад маці. Малады яшчэ чалавек, з пісягом на падбародку, уважлівыя, цёплыя вочы. «Сядай!» – і закідаў пытаннямі пра матку, пра калгас, пра тое, як ідзе будаўніцтва, пашкадаваў, што мала прыйшлося зернавых на працадзень. Раптам абарваў гутарку, на хвіліну задумаўся, вочы бліснулі маладым агнём.

– Ведаеш што? – сказаў неяк вельмі вясёла. – Пасядзі трохі тут, я ўпраўлюся са справамі і паедзем да вас.

Тодар астаўся ў кабінеце сакратара. Прыходзілі розныя людзі. Адзін дакладваў аб тым, што спажывецкая кааперацыя адкрыла новых адзінаццаць крам, у якія паступілі гэткія і гэткія тавары. А кніжкі? Не толькі падручнікі для школ, а палітычная, сельскагаспадарчая, мастацкая літаратура? Работнік райсаюза замяўся. Мы ж не маем магчымасці арганізаваць кнігарні, значыць – продаж кніг трэба наладзіць праз райсаюзаўскую сетку. Райсаюзавец сказаў, што гэта – справа лёгкая і будзе зроблена. Потым прыйшла жанчына з нейкага далёкага сяла, скардзіцца на старшыню, – пры размеркаванні дошак, якія прывезлі для новабудоўлі, яе абышлі, а ў яе хата стаіць раскрытая. Харчанка тут жа пазваніў у райвыканком і сказаў, што трэба дапамагчы жанчыне, якая прыйдзе. Пасля гутарка ішла аб тым, што некалькі школ недаўкамплектованы выкладчыкамі, цэнтр не прысылае, трэба, каб «нажалі» праз абком. Сакратар запісаў аб гэтым у настольны блакнот. У дзверы раптам прасунуўся дзіўны маленькі дзядок, пад пахай ён нёс нейкія пруткі, – мусіць, венік, – падумаў Тодар. Дзядок жвавенька падбег да стала сакратара і паклаў перад ім венік. Не, гэта быў не венік, а маладыя дрэўцы.

– От, таварыш Харчанка, экзэмпляры раслін, якія можна выкарыстаць для пасадкі цэнтральнага сквера.

«З такой драбязой ідуць!» – падумаў Тодар, але ў наступную хвіліну гэтая думка знікла сама сабой. Тодар бачыў, што Харчанка з сімпатыяй ставіцца да дзядкі, распытвае, спрачаецца.

– Вялікі знаўца, – сказаў ён да Тодара, калі рухавы дзядок высунуўся з кабінета. – Калісьці даглядаў графскі парк, той, што немцы пасеклі. Адменны быў парк! – і пасля паўзы: – Нічога, мы новыя насадзім сады і паркі!

І яшчэ шмат прыходзіла розных людзей – па гаспадарчых, па партыйных, па асабістых справах. З большасцю Харчанка гутарыў карэктна, толькі на аднаго ўзняў голас:

– Не ведаю, чым вы там захапіліся! Насенны фонд чаму не засыпалі? Усе вашыя мерапрыемствы паламанага пятака будуць не варты, калі калгас застанецца без насення, а калгаснік без хлеба. Пайдзіце да Іванчанкі, ён з вамі паедзе ў калгас.

Нарэшце Харчанка выклікаў сакратарку і сказаў, што прыём скончаны і ён едзе ў Зялёны Луг. Калі сакратарка выйшла, Харчанка з усмешкай сказаў да Тодара:

– Вот колькі спраў!

– І колькі дробязей, таварыш капітан!

– Дробязі. Усё наша жыццё з гэтых дробязей складваецца. – сказаў ён неяк сцішана.

Паехалі ўтрох: Харчанка, Тодар і інструктар райкома, таксама былы ваенны. Густое асенняе сонца афарбавала зямлю ў яркія рэзкія тоны. У акантоўцы чорна-сіняй хвоі стаяць чырвоныя клёны. Гэта – як языкі полымя і дзіўна, што яны не падпалілі лесу. У спакоі ляжыць рудое поле, а над ім празрыстае паветра, ядронае і таксама спакойнае. Праехалі крыж, а за ім – абломкі цягача. Можа, ён і штурхнуў думкі Харчанкі:

– Нямецкія фашысты, – сказаў ён, – пакінулі пасля сябе не толькі сляды варварскага разбурэння. Яны пакінулі і ў свядомасці нашых людзей след. Яны намагаліся выпаліць з нашых людзей пачуццё калектывізму, свабоды, сацыялістычных прынцыпаў. Народ выстаяў супроць спакусы, але ў свядомасці многіх фашысцкая атрута зрабіла свой разбуральны ўплыў. Вось чаму мы асабліва ўважліва падтрымліваем кожную новую партыйную арганізацыю на вёсцы. Праз сельскіх камуністаў нам лягчэй будзе рабіць уплыў на калгасныя масы. Я ўпэўнены, што ваша тройка скора абрасце новымі людзьмі, толькі да іх трэба ставіцца ўважліва, правяраць іх.

– Добрага здароўя, матка! – яшчэ з машыны прывітаў Харчанка старую. – Мая праўда: сына прычакалася! А то ўсё непакоілася, што толькі аб горы людзям павінен паведамляць, што будуць клясці.

– Ну, за што ж вас клясці, таварыш ваенком!

Маладзенькі інструктар уставіў слова:

– Ён не ваенком. Таварыш Харчанка цяпер – сакратар раённага камітэта партыі.

Ганна замяшалася. Харчанка ўзяў яе пад руку, а да хлапца сказаў:

– Глупства! Не перашкаджайце нам. Я і ў райкоме астаўся салдатам. Ну, пойдзем, матка, хату сваю паказвай.

Старая ажывілася, зірнула на пачырванеўшага райкомаўца і сказала безапеляцыйна:

– Ваенком ці сакратар, нам усё адно, ён – наш, мілы чалавек.

Тады ў вечары аформілі партыйную арганізацыю ў Зялёным Лузе. Сакратаром выбралі Тодара. А Ганне дасталося ад Харчанкі – як гэта яна згадзілася, каб хату накрылі драніцамі!

VIII

На сухую землю, на ціхую, лёг снег. І пацягнулася зіма. Звычайная зімовая цішыня панавала ў свеце, але работа ішла сваім чарадом. Дабудоўвалі кароўнік, на млыне ішоў мантаж рухавіка, рабілі сані, рамантавалі інвентар. З хлапечым імпэтам увязаўся ў жыццё калгаса аднарукі Тодар. Ці гэтая работа, ці паветра радзімы зрабілі свой уплыў, але твар зноў быў малады, пад скурай пульсавала здаровая кроў. Па вечарах шумна было ў Ганчынай хаце. Старой моладзь не назаляла, наадварот – яна быццам рада была маладым гучным галасам. Не было яшчэ клуба і Тодар у матчынай хаце арганізаваў «паходную хату-чытальню», як, смеючыся, назваў ён гэтыя вячэрнія сходкі. Тут чыталіся газеты, кніжкі, тут, крышку шапялявячы, грымеў патэфон, часам, адарваўшыся ад сваіх машын, прыходзіў сюды і Чарнушэвіч з баянам і вясковыя хлопцы, як і раней, з цікавасцю сачылі зграбную хаду пасталеўшай, але яшчэ больш прывабнай Агаты. Тут жа арганізавалася партыйная школа. Тодар быў душой гэтай шумнай грамады і многія нават не заўважалі, што ў яго няма рукі. Аднак, аб гэтым ніколі не забывала Ганна і старалася рабіць так, каб вызваліць сына ад хатняй работы, ад такой, якую ён рабіць не можа. Калі што трэба было Тодару рабіць, дык ён злаваў, траціў многа сілы, каб адужаць, прызвычаіцца, і Ганна бачыла, што многа на гэта ідзе ў сына энергіі. Але ён ні разу не паскардзіўся, ён быў упарты, самалюбівы чалавек.

Напраканцы зімы прыйшоў інструкцыйны ліст, у якім прапаноўвалася праўленню калгаса распачаць работы па снегазатрыманні. Зіма сёлета, – пісалася ў лісце, – адменная, мала снегу, значыць – мала вільгаці ў глебе, трэба зрабіць так, каб увесь снег растаў на палях, каб палі ўвабралі ў сябе як мага больш вільгаці.

– Колькі жыву, такога не бачыў і не чуў! – сказаў Нічыпар і сплюнуў.

– Бог снег паслаў, бог і дождж пашле, – даверліва казала Тамашу Кацярына. – Гэта ніколі не было, каб чалавек мог што зрабіць замест бога.

– Ды там жа вучоныя людзі пішуць, пустое не будуць малоць, – не згаджаўся з жонкай Тамаш. – Бог богам, а чалавечы розум – моцная рэч.

Кацярына злавала:

– Маўчы хаця! Ты ў нядзелю робіш, ты і бога забыў.

– Ат жа не валіцца! – пасміхаўся Тамаш, паказваючы на столь новай хаты.

Гутарак вакол ліста было многа. Чарнушэвіч параіўся са Стафанам. Той сказаў, што ліст – не загад, і можна выконваць, і можна абысціся. Вядома, восень была сухая, снег потым лёг малы, вільгаці ў зямлі трохі як бы і малавата, але нешта не верыцца, каб там рознымі хваёвымі лапкамі можна было затрымаць веснавую ваду. На гэты раз Стафан нічога пэўнага не парадзіў, але Чарнушэвіч вырашыў, што ліст можна падшыць у справу, а самому заняцца электрастанцыяй.

Усё было гатова, ужо ставілі слупы, толькі была затрымка з праводкай. І тут трохі выручыў цесць. Аднаго разу ён запрог каня і некуды паехаў. К вечару ён прывёз два вялікія скруткі палявога кабеля. «Адкуль» – аж узрадаваўся Юрка. «Трафейны» – сказаў нібы сур’ёзна. З мястэчка нарэшце прыехаў манцёр, спачатку не хацеў рабіць праводку з гэтага проваду, але потым памякчэў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю