355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Адам Глебус » Хлопчыкі » Текст книги (страница 2)
Хлопчыкі
  • Текст добавлен: 1 декабря 2017, 06:00

Текст книги "Хлопчыкі"


Автор книги: Адам Глебус



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 4 страниц)

Шар

Яраку падабалася ёлка і падобныя да цукерак лямпачкі, драўляныя гадзіннікі і шары, у якіх адбіваецца і выцягваецца твой твар і робіцца клоунскім, а яшчэ падабалася канфеці, схаванае ў хлапушкі, і шмат розных рознасцей, без чаго не абыходзіцца навагодняе свята. Хлопец загадзя пачынаў рыхтавацца да сямейнай урачыстасці. Ён клеіў маскі, выразаў з паперы снежынкі, прышываў да цукерачных абгортак петлі… Рыхтавацца Ярак пачынаў паслы дня нараджэння сваёй сястры Броні, якой вельмі пашанцавала, бо яна нарадзілася ў нядзелю, за тыдзень да Новага года.

Сёлета Броні спаўнялася тры гады ў сераду. Была звычайна-непрыкметная працоўная серада з нізкімі хмарамі і моцным ветрам. Бацька завёз Броню да дзеда з бабай, бо які дзень нараджэння, калі цябе адвядуць у прапахлы маннай кашай яслі-сад. Маці дала Яраку грошы і сказала:

– Купіш падарунак.

– А што купіць? – спытаў ён.

– Купі якую-небудзь ляльку ці цацку. Сходзіш у магазін і выбераш.

– Я не ведаю, што купляць.

– Да вечара прыдумаеш.

– А калі не прыдумаю?

– Твая сястра застанецца без падарунка.

– А вы з бацькам што купілі?

– Я купіла ёй сукенку, а бацька такі, як і ты: яшчэ не прыдумаў.

– Добра, я прыдумаю і куплю што-небудзь.

– Купі, купі. Толькі не спазняйся, за стол мы сядзем у сем.

У школе з Яракам нічога не здарылася, яго не выклікалі настаўнікі і кантрольных прац ён не пісаў. А вось пасля заняткаў хлопца спыніла ў школьным двары настаўніца фізкультуры.

– Вось добра, што я цябе сустрэла. А то не ведала, што рабіць. Наша валейбольная каманда сёння выступае на гарадскіх спаборніцтвах. Каманда павінна выступаць, а ігракі раз’ехаліся. Я ледзь-ледзь пяцёх знайшла. Будзеш гуляць шостым, – хутка гаварыла настаўніца.

– Я сёння не магу, – запярэчыў Ярак.

– Як гэта ты не можаш?! Трэба згуляць. Абавязкова трэба. Наша школа і так на перадапошнім месцы…

– У маёй сястры сёння дзень нараджэння.

– А я думала і сапраўды нешта сур’ёзнае, а тут дзень нараджэння!

– Мне яшчэ падарунак трэба купіць, – Ярак пашкадаваў, што не схлусіў.

– Ідзі дадому, пераапраніся і праз паўгадзіны, каб быў у спартзале. Падарунак купіш пасля гульні. Усё. Ідзі, я чакаю.

Гульня не пайшла. Яны прайгралі. Настаўніца фізкультуры не дакарала хлопцаў, і з-за гэтага было яшчэ больш крыўдна. Ярак гуляў, як мог, стараўся, але ў яго не хапала росту, каб добра, па-сапраўднаму “рэзаць” і ставіць надзейны блок. Гульня скончылася а палове сёмай, і Ярак спазняўся на дзень нараджэння.

Ляцеў мокры снег, і асфальт быў фактурны, быццам яго засыпалі тоўчаным шклом. Ярак шпарка ішоў па рассыпаным пад ліхтарамі святлу. Моцны вецер шпурляў у твар цяжкія сняжынкі. Яраку хацелася хутчэй апынуцца за святочным сталом і паглядзець, як Броня здзьмухне тры вострыя агеньчыкі з тонкіх свечак. Хлопец абганяў прахожых. Народу на вуліцах было многа, як і павінна быць у перадсвяточныя вечары. Людзі выходзілі з магазінаў, заходзілі ў кавярні, стаялі ў чарзе па свежую газету, беглі праз вуліцу на зялёнае вока хутказменлівага святлафора, чакалі пад гадзіннікамі, перабіралі зялёнабокія лімоны ў скрынках, каб выбраць самы жоўты… Ярак спяшаўся ў магазін “Цацкі”.

У магазіне чаго толькі не было – і зоркі з тоўстай фольгі, і зайцы з барабанамі, і мядзведзі з піламі, і грыбы з драцянымі вушкамі… Каля прадаўшчыц стаялі стосы кардонак, у якія запакоўваліся набытыя цацкі. Ярак прайшоў у спартыўны аддзел, дзе на паліцах знайшоў мячы. Хлопец выбраў пругкі, ярка-чырвоны, з цёмна-сіняй палоскаю, двухрублёвы, такі, як і хацеў, мяч. А навокал купляліся і купляліся навагоднія цацкі, а прадаўшчыцы складалі і складалі тыя цацкі ў кардонкі, выбівалі і выбівалі чэкі. Гулі касавыя апараты, звінелі капейкі, шапацелі рублі, называўся кошт, лічылася рэшта… Здавалася, увесь горад прыйшоў купляць забаўкі.

Снег ляцеў наўскос і заштрыхоўваў святло ў вокнах. Чым вышэй паверх, тым шчыльней клаліся жывыя штрыхі. Ярак спыніўся пад святлафорам і глядзеў на чырвоную смірную фігурку. Побач стаяла жанчына і трымала за руку хлопчыка, які прыціскаў да сябе вялікую светлую кардонку. Раптам вецер сарваў накрыўку з кардонкі і кінуў яе на дарогу. У кардонцы цьмяна паблісквалі гладкімі бакамі ёлачныя шары.

– Я так і ведала. Казала, давай я панясу. Не! Сам ён панясе! Панёс?! – пачала сварыцца жанчына.

Хлопчык падняў цяпер ужо брудную накрыўку і закрыў кардонку.

– Можа, зараз аддасі? – спытала жанчына.

– Я сам, я добра буду трымаць, – прасіў хлопчык.

– Толькі накрыўку трымай…

Чырвоная смірная фігурка праводзілася ў чарнату, замест яе ўзнікла зялёная і зрабіла адзін крок. Ярак перабег дарогу і раптам пачуў, як упала кардонка. Ні шум аўтаматораў, ні тупат, ні шыпенне шын, ні скрыгат прычэпаў, нішто не перашкодзіла Яраку пачуць удар лёгкай кардонкі аб асфаальт. Хлопец азірнуўся. Пасярод вуліцы ляжала на баку кардонная скрыначка, з яе павыкочваліся і разбіліся шары. Жанчына зноў пачала сварыцца на сына, а той, збянтэжаны, трымаў у руках накрыўку. Міргнуў безудзельны да здарэння святлафор. Жанчына прывяла хлопчыка на тратуар. Вадзіцель тралейбуса паміргаў фарамі. Ён, мусіць, спадзяваўся, што жанчына вернецца і забярэ кардонку, але жанчына толькі махнула вадзіцелю рукою, каб не чакаў, а ехаў. Кола расціснула кардонку і патрушчыла рэшткі шароў. Ярак і жанчына з хлопчыкам селі ў адзін аўтобус.

– Мама, давай вернемся, давай купім новыя шары. Ці хаця б адзін шар. Мама, давай купім адзін шар… Маленькі… – прасіў хлопчык.

Ён прасіў, а жанчына казала, што ў яе больш няма грошай і што трэба было добра трымаць кардонную скрыначку.

– Ты сказала “толькі накрыўку трымай”, – запярэчыў хлопчык, і больш ён нічога не казаў і не глядзеў на маці.

Ярак трапляў у падобную сітуацыю. Ён намагаўся ўспомніць, але не мог, – Яраку было зарана ўспамінаць дзяцінства. Ён падумаў, што ўсё, што адбываецца, – некалі прыснілася. А на самай справе яму зусім не прыснілася даўняе здарэнне.

Яракава маці прынесла пад Новы год шары, на якіх былі малюнкі, зробленыя белай, шурпатай, падобнай да цукру лініяй. Самым вялікім быў белы шар. Ярак папрасіў, каб яму далі патрымаць у руках вялікі шар. Маці дазволіла. Ярак асцярожна ўзяў шар, рукі задрыжалі, і шар разбіўся. Хлопчык не ўтрымаў цацку, бо баяўся моцна сціскаць тоненькае шкло і баяўся ўпусціць шар. Пальцы задрыжалі, і цацка, прыгожая і вытанчаная, апынулася на паркеце і разляцелася на шалупінкі, пасярод якіх варожа заблішчэла металічнае вушка.

– Зрабіце яго наадварот…

Дзякуючы гэтаму “наадварот”, Ярак, калі стане Яраславам, успомніць і разбіты вялікі шар, і хлопчыка з кардонкай, але гэта будзе значна пазней, калі надыдзе час успамінаць дзяцінства.

У аўтобусе Яраку цяжка было глядзець на хлопчыка, які трымаў непатрэбную накрыўку. Яму хацелася дапамагчы хлопчыку. Аўтобус прытармазіў на прыпынку. Ярак сунуў грошы ў руку хлопчыка і саскочыў на тратуар. Аўтобус пакаціў па льдзістым асфальце, пад бязлістымі галінамі бульварных ліп і таполяў.

Калі Ярак зайшоў у кватэру, бацькі ўжо апраналі Броню, каб ехаць дамоў. Хлопец хацеў падараваць мяч, але спыніўся. Яму зрабілася крыўдна, бо такі самы, чырвоны з сіняй палоскаю, мяч трымала ў руках Броня. Маці сказала, каб Ярак распранаўся і ішоў вячэраць, а яны паедуць, бо Броню трэба класці спаць. Ярак аддаў мяч бацьку і пайшоў на кухню, дзе на стале зіхацеў толькі што вымыты святочны сервіз. Баба дастала з халадзільніка блюда з кавалкам торта, у які былі ўторкнуты тры свечкі. Ярак адчуў, што прагаладаўся. Ён еў торт.

– Ты ў мяне любімы унук. На Новы год я спяку яшчэ адзін торт. Ты надта ўжо худы, – казала баба.

Ярак еў торт, думаў, што сказаць маці пра грошы і нічога не мог прыдумаць.

10.12.1986

Скрыні

Вечарэла. У пустым двары сядзеў на дашчанай скрыні адзінаццацігадовы Саўка Кныш і еў крамяную моркву. Да яго падышоў старэйшы на год Міцька Суцкі, выцяў нагою па скрыні і сказаў:

– Значыцца, моркву трушчыш?!

– Хочаш? – малодшы працягнуў старэйшаму пакусаную моркву.

– Сам еш абгрызкі. Цэлай няма?

– Адна была. Я ж не ведаў, што і ты захочаш…

– Не ведаў? – Міцькава далонь узнялася над Кнышавай тонкай шыяю, – зараз даведаешся.

Саўка перастаў храбусцець і ўцягнуў галаву ў плечы.

– Баішся, гад?! Як шастаць па чужых гародах, дык смелы, а цяпер ён баіцца, – старэйшы лёгка ўдарыў кулаком па віхрастай патыліцы малодшага.

– Не краў я, з дому прынёс, – запярэчыў пакрыўджаны Кныш.

– Так мы табе і паверылі. Ідзі і мне прынясі, пачысціць і памыць не забудзься, і каб хутка: адна нага – тут, другая – там.

Саўка дажаваў крохкую моркву і паведаміў:

– Морквы больш няма, я апошнюю браў.

– Значыцца, няма… А што ёсць?

– Толькі бульба засталася, больш нічога.

Суцкі глянуў на пунсовыя шыбы, у якіх адбівалася вечаровае сонца і загадаў:

– Прыцягнеш бульбы. Вогнішча будзем класці.

Кныш пабег да дзевяціпавярховіка і знік у пад’ездзе. Міцька шырока ўзмахнуў рукамі, падскочыў і апусціўся дзвюма нагамі на скрыню. Тая з вострым трэскам праламалася. Калі Саўка з бульбаю ў газетным кульку вярнуўся, Суцкі ўжо цалкам даламаў скрыню і чакаў, рукі ў кішэнях, каля раскіданых на зямлі трэсак і дошак.

Вогнішча хлопцы расклалі за гаражамі, каля заводскага паркана.

– Дроў мала, – сказаў большы, калі лёгкія палымяныя языкі пачалі аблізваць сухое дзерава.

– Ага, мала, не хопіць, каб спячы бульбу, – пагадзіўся меншы.

– Палезеш на завод, перакінеш праз паркан некалькі скрынь.

– Чаму я? Я па бульбу хадзіў.

– Твая бульба, мае запалкі.

– Я на заваод не палезу, лезь сам.

– Што? Па шыі захацеў? Даўно не білі?

– Яшчэ светла зусім. Як я палезу? – Саўка тыкнуў пальцам у неба, дзе мігацелі першыя бляклыя зоркі.

– Пачакай-пачакай, пакуль сабаку спусцяць і пражэктар уключаць. Калі збіраешся лезці, то трэба зараз.

Кныш шпурнуў у полымя трэску, якой парадкаваў вогнішча і пайшоў да паркана. Праз вузкую шчыліну хлопец агледзеў заводскі корпус з цёмнымі мёртвымі вокнамі і шырокі пляц, застаўлены скрынямі, такімі самымі, як яны палілі.

– Чаго стаў? Лезь! Няма там нікога, – ўпэўнены голас старэйшага падштурхнуў Саўку.

Ён падскочыў і ўчапіўся рукамі за колкі край дашчанага паркана. Паспрабаваў закінуць нагу, але не здолеў і павіс на руках. Здзеклівы смех Суцкага ўдарыў па худых Кнышавых плячах, і той праз хвілю конна сядзеў на паркане. Пляц быў пусты і ціхі. Хлопец саскочыў на запыленую траву і ўгнуўшыся, крадком пайшоў да састаўленых у сцяну скрынь. Раптам недзе за цагляным корпусам джыгануў ланцугом па дроце і забрахаў вялікі сабака. Хлопец падбег да скрынь, прысеў, стаіўся і стаў прыслухоўвацца. Сабака сціх; толькі пазвоньваў, відаць, задоўгі ланцуг. Пад густым пацямнелым небам манатонна гудзеў горад. З роўнага гуду набліжаліся і аддаляліся галасы тралейбусных і машынных рухавікоў. Хлопец счакаў, потым нячутна і акуратна, быццам яны шкляныя, ўзяў дзве пустыя скрыні і рушыў да паркана, за якім віўся ўгору светла-сівы дымок. Скрыні адна за адной узляцелі і пападалі на зямлю. Праз імгненне каля іх ужо стаяў задаволены Саўка Кныш.

– А ты баяўся, – лежачы ля вогнішча сказаў Міцька Суцкі.

За чырвоным корпусам зайшоўся густым брэхам устрывожаны сабака.

Хлопцы хутка паразломлівалі скрыні і пакідалі дошкі ў вогнішча. Полымя прагна з’ядала сухое дзерава.

– Клёва, – сказаў адзін з хлопцаў.

– Нішцяк, – сказаў другі.

Неба пацяжэла. Паярчэлі буйныя зоркі. Белым нежывым святлом засвяціўся над заводскім пляцам пражэктар, замацаваны на чорным слупе. У жылых карпусах пацяплелі жоўтыя вокны з цукровымі драбочкамі лямпаў. Спушчаны на ноч сабака падбег да паркана і два разы нямоцна гаўкнуў на хлопцаў, на вогнішча, на горад, а потым, не атрымаўшы адказу, вярнуўся да сваёй, пакрытай руберойдам будкі.

Сцямнела.

– Будзем закідаць? – спытаўся малодшы.

– Давай, працуй, – дазволіў старэйшы.

Саўка адсунуў дошкаю вогнішча, пакідаў шурпатыя бульбіны ў гарачы сыпучы прысак і загарнуў іх вуглямі. Полымя ачахла, толькі зрэдку дрыжалі на чорным дзераве блакітныя вострыя язычкі.

– Та-а-ак, крадзеныя скрыні палім! – на гаражы, на фоне чарнільнага неба стаяў у зыркім пражэктарным святле трынаццацігадовы Ванька Тамілін.

– Бульбу пячом, – паправіў Кныш.

Суцкі ударыў яго кулаком у бок.

– Што? Што я такога сказаў? – ускінуўся той і адбегся да паркана.

– Та-а-ак, – Тамілін злез з гаража і падышоў да ачахлага вогнішча, – хацеў бульбы мне не даць?

Міцька маўчаў і глядзеў на крывяныя вуглі.

– Так? Я ў цябе пытаю, герой, – Ванька па-сяброўску паклаў руку на Міцькава плячо.

– Малы, хадзі сюды, не бойся.

Кныш падышоў да хлопцаў.

– Сажы, ён цябе біў? Не бойся, гавары.

Суцкі скінуў чужую руку са свайго пляча і ўстаў.

– Біў! – злосна і ўпэўнена вымавіў самы меншы.

Тамілін спрытна схапіў Міцькава запясце і вывернуў яму руку. Той застагнаў, але не вымавіў ні слова.

– Трэба цябе, гад, пакараць, каб ведаў, як малых біць, а старэйшым бульбы не даваць. Малы, падыдзі і дай гэтаму гаду па галаве, – загадаў самы старэйшы.

– Толькі паспрабуй, шчанюк, – варожа прашаптаў Суцкі.

– На! – Саўка падскочыў і з усяе моцы ўдарыў кулаком у скронь. – Можа, яшчэ даць?

Міцька паспрабаваў вырвацца, але Тамілін прыціснуў заламаную руку да лапаткі.

– Пусці-і-і…

– Ну што, будзеш біць малых? – мядовым голасам праспяваў Ванька.

– Будзеш біць малых? – праскавытаў Кныш і высалапіў язык.

– Не буду! Пусці! Баліць!

Тамілін крыху паслабіў заламаную руку, Суцкі вырваўся і пабег у цемру.

– У-гу-гу-гу-гу-у-у, – услед уцекачу пусціў самы старэйшы.

– Ага-га-га-га-га-а-а, – дадаў самы малы.

На заводзе азваўся вартавы сабака.

Рэха пакацілася па мікрараёне, па пустых, засаджаных тонкімі дрэўцамі, дварах, паміж дзевяціпавярховікаў, над пляскатымі дахамі гаражоў і кіёскаў…

Ванька ўзяў з зямлі трэску, выкаціў з вуглёў на пясок чорную бульбіну, пакідаў яе з далоні на далонь, пахукаў, разламаў і пакаштаваў.

– Сырая, гадаўка, – кінуў ён у бок Саўкі. – Не дапяклася. Давядзецца па дровы ісці.

– Сабака там ненавязаны. Мне дадому трэба, – пачаў прасіцца Кныш.

– А хто цябе на завод гоніць? Ідзі да гастранома і там у двары пашукай.

– Далёка.

– А ты бягом, будзе бліжэй, – ухмыльнуўся Тамілін.

Саўка пабег паўз асветленыя заднія сцены прыватных гаражоў, на якіх агрэсіўнымі зігзагамі былі панапісваны назвы рок-гуртоў – “Магістрат”, “Бонда”, “Мроя”, “7 герц”… Футбольная каманда “Дынама” Мінск таксама карысталася вялікім поспехам у аматараў сценапісу, якія не шкадавалі нітрафарбы з аэразольных балонаў, каб упрыгожыць іржавыя сцены.

За гастраномам у сятчастай загарадцы стаялі пластыкавыя і металёвыя скрыні, драўляных не было. Хлопец пастаяў, паглядзеў на непатрэбныя рознакаляровыя скрыні і ўспомніў, што ўранку бачыў, як каля газетнага кіёска вясковая кабета з чырвонымі вялікімі рукамі прадавала часнок. Белыя вянкі часнаку ляжалі на чыстай жоўценькай дашчанай скрыні. Хлопец пабег праз цёмныя двары да кіёска. Скрыня сапраўды стаяла на тым самым месцы, дзе была раніцай.

Засопшыся, са светлай скрыняй у руцэ Кныш спыніўся каля вогнішча. Са здзіўленнем ён глядзеў, як Тамілін нетаропка са смакам есць бульбу, як паблісквае драбочкамі чырвані растрыбушанае вогнішча, як скачуць палымяныя язычкі па абгарэлай з аднаго канца дошцы… Саўка шпурнуў у цемру да паркана прынесеную скрыню, падняў абгарэлую дошку і пачаў шукаць у прыску і вуголлі бульбу. З попелу выграбаліся адны чорныя лупіны.

– Дарэмна шукаеш. Колькі той бульбы было? На дваіх, каб наесціся, усё роўна не хапала. А пакаштаваць я табе пакінуў самую вялікую, дарэчы, – Ванька дастаў з-за спіны чорную бульбіну і кінуў Кнышу.

Той злавіў бульбіну.

– А можа, ты не хочаш?

Меншы не адказаў, ён працягваў разграбаць дошкаю вуглі і прысак.

– Ты што, язык праглынуў? Давай сюды бульбу.

– Не дам.

– Што ты сказаў?– старэйшы ўстаў з зямлі.

Малодшы ўскочыў, адбегся да гаражоў і стаў спінаю да халоднай сцяны. Пражэктар ярка асвятляў сцяты тварок Саўкі і выстаўленую вострым абгарэлым канцом дошку. За Кнышам на стакатай сцяне стаяў густы чорны цень. Тамілін павольна рушыў да меншага.

– Стаяць! – бліснулі Кнышавы рэдкія зубы. – Вочы павыбіваю, па-вы-паль-ва-ю!

Саўка вышэй ускінуў настаўленую ў варожы твар каструбаватую дошку. На самым вастрыі ўспыхнуў і згас сіні агенчык. Ванька плюнуў на вогнішча і пашыбаваў уздоўж цёмнага паркана з яркімі пісягамі шчылін. Па другі бок паркана бег і брахаў сабака.

Кныш пачакаў, пакуль сціх у цемры брэх, знайшоў кінутую скрыню, пазграбаў яшчэ дзе-нідзе чырвоныя вуглі, накідаў на іх трэсак і раздзьмуў полымя. Саўка з’еў бульбіну разам з чорнаю прыгаркаю, што рыпела на зубах. Зыркія языкі ахапілі новае дзерава, асвяцілі хлапечую постаць і кінулі на гаражную сцяну вялікі цень. Хлопец трымаў рукі над вогнішчам.

Схаладала.

15.09.1988

Свята

Баба Ядзя пякла бліны. Ярак сядзеў за сталом і глядзеў у печ на зыркае полымя. На стале стаяў кубачак малака і сподак з мёдам.

– Снедай, – сказала баба ўнуку.

Ярак прачнуўся рана. Яму хацелася, каб хутчэй мінуў дзень і надышоў вечар, бо вечарам Ярака павядуць на ёлку, і Дзед Мароз абавязкова дасць падарунак. Есці Яраку не хацелася, але спрачацца з бабаю хлопец не стаў.

– Смачна? – спытала баба.

Унук кіўнуў.

– Мо варэння да бліноў даць?

– Якога? – спытаў Ярак.

– Ёсць агрэст і чарніцы…

– Не хочацца варэння.

– Тады еш мёд.

– Я ем.

Драўлянай лыжкай баба наліла белага цеста на чорную патэльню.

– А што мне Дзед Мароз падорыць?

– Нешта смачнае, адказала баба Ядзя.

– А дзе ён жыве?

– У лесе, у яго там хата ёсць.

– А чаму мы той хаты не бачылі, калі ў чарніцы хадзілі?

– Дык ён жа не ў нашым лесе жыве, а ў далёкім.

– У тым лесе, што за Мінскам пачынаецца?

– Не, ён на поўначы ў вялікім лесе жыве. А пад Новы год Дзед Мароз прыходзіць з падарункамі і кладзе іх пад ёлку. А тым, у каго няма ёлкі ці цацкі на ёлцы непрыгожыя, тым Дзед Мароз не прыносіць падарункаў.

– А ў нас ёлка прыгожая? – занепакоіўся Ярак.

– Так, у нас прыгожая, – супакоіла яго баба Ядзя.

За акном у ранішняй сінечы чарнеў сад. На шыбах танчылі аранжавыя адбіткі полымя.

– Можа, яшчэ блін з’ясі?

– Не, я пад’еў.

– Тады ідзі гуляй.

* * *

Далёка-далёка, у ядлаўцовым лесе, на беразе возера жыве Дзед Мароз. Цэлае лета ён спіць. Прачынаецца Дзед Мароз толькі тады, калі возера замерзне. Ён дастае з куфра свой вялікі мех з падарункамі і збіраецца ў дарогу. Дзед Мароз апранае чырвоны кажух, чырвоныя рукавіцы і чырвоную шапку: гэта каб мы пазналі яго. Дарога ў Дзеда Мароза доўгая і цяжкая. У яго надта вялікі мех – сіні ў белыя зоры, а ў меху надта многа падарункаў, але ён ідзе, бо мы чакаем яго.

* * *

Ярак любіў жыць у бабы Ядзі і дзеда Броніка. І страшэнна не любіў вяртацца з мястэчка ў Мінск да бацькоў.

Аднаго разу, калі па яго прыехала маці, Ярак ціхенька ўцёк, залез па драбінах на гарышча, схаваўся і заснуў каля коміна на старых радзюжках. Гукалі хлопца, шукалі, а знайшоўшы, замест таго, каб добра адлупцаваць, яго шкадавалі. У той дзень у Мінск Ярак з маці ехаў начным цягніком. Пазней дзед Бронік любіў згадаць пра Яракавы хованкі за комінам, а як згадваў, нязлосна смяяўся, і Ярак смяяўся разам з дзедам.

Дзед Бронік працаваў шафёрам у пажарнай і часам браў унука з сабою ў гараж. А там дазваляў пасядзець за рулём у чырвонай машыне і надзець жоўтую каску. А што можа быць лепш за пажарную каску?

* * *

Дзед Мароз ідзе праз лясы і балоты, праз горы і палі… Ён ідзе да дзяцей і дарослых, да ўсіх тых, хто чакае яго. Ён нясе падарункі хлопчыкам і дзяўчынкам, ён нясе радасць тым, хто верыць у яго. Дзед Мароз ідзе, не спыняецца, бо дарога далёкая-далёкая, і яму ніяк нельга спазняцца. Ён павінен прыйсці на Новы год.

* * *

– Можна я да Толіка схаджу? – спытаў Ярак.

– Пагуляй дома, – сказала баба Ядзя.

– А Толік гаворыць, што сапраўднага Дзеда Мароза няма, што гэта дзядзькі пераапранаюцца і бараду з ваты прыклейваюць…

– От, гэты твой Толік, больш за ўсіх ён ведае. Падмануў ён цябе, а ты паверыў.

– Я не паверыў, а ён кажа, што я сам на ёлцы ўбачу.

– Гэта твой Толік ад зайздрасці так гаворыць, бо яго ў пажарную на ёлку не запрасілі.

* * *

Дзеда Мароза чакаюць, і не проста чакаюць, усе рыхтуюцца да сустрэчы. У кватэрах і залах, у палацах і хатах, у парках і на пляцах ставяцца ёлкі. Зоры і шары, лямпачкі і цацкі, маністы кветак і сцяжкі, цукеркі і хлапушкі ўпрыгожваюць тыя ёлкі. На самае пачэснае месца пад ёлкаю ставяць маленькія скульптуры Дзеда Мароза, каб вялікі Дзед Мароз убачыў ёлку і даведаўся, хто яго чакае, і паклаў каля скульптуры падарунак.

* * *

Баба Ядзя і Ярак ішлі пасярэдзіне вуліцы, як ходзяць вечарам па мястэчку.

З чорнага неба церушыўся іскрысты сняжок. За платамі ў прысадах ляжалі на снезе цёплыя квадраты хатняга святла. У вокнах паблісквалі цацкамі прыбраныя ёлкі. Гаспадары напальвалі на ноч грубкі, і над комінамі ўздымаліся пухкія дымныя слупы.

Снег парыпваў пад Яракавымі валёнкамі. Баба прыспешвала ўнука.

Пажарная свяцілася вялікім, ад столі да зямлі, акном. Было відно вялікую ёлку і дзяцей у яркіх касцюмчыках. Адна маленькая дзяўчынка ў блакітнай сукенцы стаяла на высокім зэдліку і, пэўна ж, чытала верш.

На ганку бабу з унукам перапыніў дзед Бронік:

– Не сюды, пойдзем спачатку ў гараж.

– А што такое? – занепакоілася баба Ядзя.

– Мы Дзеда Мароза не знайшлі. Спыталі ўсіх, каго толькі ведалі, усе касцюмы занятыя. Мы тут з мужчынамі пагаварылі і вырашылі, што Дзедам Марозам будзе наш Ярак. Пайдзем у гараж.

У гаражы насупраць брам-дзвярэй стаялі пажарныя машыны. Пры сцяне пабілсквалі металёвыя шафы, у якіх, Ярак ведаў, ляжалі на паліцах пажарныя касцюмы і каскі.

Дзед Бронік адчыніў шафу і дастаў плечыкі, на якіх вісеў маленькі чырвоны, з белай аблямоўкаю кажушок.

– У школе пазычылі. Яны нейкі спектакль ставілі, дзе быў Стары і Новы год. Стары год усё аддаваў Новаму. Вось і засталіся кажух і шапка, – тлумачыў дзед Бронік. – Давай, Ярачак, пераапранайся. Дзеці чакаюць.

* * *

У навагоднюю ноч, калі ўсе людзі засынаюць пасля карнавалаў, Дзед Мароз разносіць падарункі. Ёлак многа, а людзей, што чакаюць падарункі, яшчэ больш. Ён ідзе ад ёлкі да ёлкі, і калі не спаць, то можна пачуць, як стукае па вуліцы ягоны ядлаўцовы кій, як парыпвае снег пад ягонымі валёнкамі.

* * *

Зусім маленькі Дзед Мароз зайшоў у светлы, па-святочнаму прыбраны пакой. Дзеці і дарослыя сцішыліся.

– Гэта я, Дзед Мароз, падарункі вам прынёс, – зусім ціха сказаў ён і пачаў, не зняўшы рукавіц, развязваць вялікі мех.

– Ёлка запаліся, ёлка запаліся, – зашаптаў з кутка жаночы голас.

Маленькі Дзед Мароз пачуў шэпт, пакінуў, так і не развязаўшы, мех з падарункаі, падышоў да ёлкі, узлез на зэдлік і ціха сказаў:

– Святло згасіся, ёлка запаліся.

Святло ў пакоі патухла, і на ёлцы запаліліся рознакаляровыя шарыкі і кветкі.

Дзеці і дарослыя запляскалі ў ладкі.

– Будзем танцаваць, – сказаў гучны жаночы голас з кутка.

Зайграў акардэон. Дзеці ўзяліся за рукі і пачалі вадізць карагод. Яны вадзілі карагод і паглядалі на маленькага Дзеда Мароза, які развязваў, не зняўшы рукавіц, свой сіні, у белыя зоры мех.

Падарункі былі для ўсіх аднолькавыя: папяровая скрыначка з цукеркамі і апельсінамі ды сіні пластмасавы дэльфін.

Калі ў мяшку засталася толькі адна скрыначка з цукеркамі і адзін дэльфін, маленькі Дзед Мароз сказаў:

– Да пабачэння, я прыйду да вас праз год. Чакайце.

* * *

Дзед Мароз так стамляецца за навагодняе свята, што вярнуўшыся ў сваю хату, спіць цэлае лета. Ён адпачывае, каб парз год зноў узяць свой вялікі мех і ісці да нас. Каб несці нам падарункі, бо мы чакаем яго і любім, бо мы спадзяёмся на яго… І ён прыходзіць. Мы чакаем яго, і ён прыходзіць. Так было адвеку і так будзе.

* * *

– А Толіку мы не скажам, што на ёлцы не было Дзеда Мароза.

– Добра-добра, не скажам, – пагаджалася з Яракам баба Ядзя.

– Толькі ён не паверыць.

– Паверыць …

– Ты мне раскажаш казку?

– Раскажу. Толькі ты не гавары больш на холадзе.

Снежань 1987 года


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю