355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Лонг » Пастушыная гiсторыя пра Дафнiса i Хлою (на белорусском языке) » Текст книги (страница 5)
Пастушыная гiсторыя пра Дафнiса i Хлою (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 3 октября 2016, 20:22

Текст книги "Пастушыная гiсторыя пра Дафнiса i Хлою (на белорусском языке)"


Автор книги: Лонг


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 5 страниц)

32

Цяпер можна было пабачыць, якою бывае краса, калi да яе дадаць аздобы. Бо калi Хлоя была апранута, а валасы прычэсаны, а твар умыты, яна ўсiм здалася да таго прыгожаю, што i Дафнiс яе ледзь пазнаў. Цяпер кожны i без прыкметных знакаў пакляўся б, што бацькам такой дзяўчыны не мог быць Дрыяс. А ён таксама тут быў i разам з Напэ браў удзел у банкеце, лежачы на асобным ложы за адным сталом з Ламанам i Мiрталаю.

У наступныя днi зноў прыносiлi жывёлу ў ахвяру, ставiлi кратэры з вiном; i Хлоя таксама прысвяцiла багам свае скарбы: сiрынгу, пастухову торбу, шкуру, даёнкi. Узлiла вiна крынiцы ў пячоры, бо пры ёй гадавалася i часта ў ёй купалася. Прыбрала таксама вянкамi магiлу авечкi, што паказаў Дрыяс, i яшчэ раз сыграла на сiрынзе сваiм авечкам, а сыграўшы, памалiлася багiням, каб знайсцi ёй тых, што яе падкiнулi, i каб яны былi годныя яе шлюбу з Дафнiсам.

33

А калi досыць насвяткавалiся на вёсцы, уздумалi вярнуцца ў горад, расшукаць Хлоiных бацькоў i не адкладаць надалей вяселля. На золку, падрыхтаваўшыся ў дарогу, яны далi Дрыясу яшчэ тры тысячы драхмаў, а Ламану палавiну ўраджаю з палёў i вiнаграднiкаў, коз разам з iх казапасамi, чатыры пары валоў, адзення на зiму i волю яго жонцы. Пасля гэтага вырушылi конна i вазамi ў Мiтылену, з вялiкаю пышнасцю.

Гарадчукi iх тады не заўважылi, бо прыехалi яны ўночы; але назаўтра каля iх дзвярэй сабралася грамада мужчын i жанчын. Мужчыны выказвалi радасць Дыянiсафану, што знайшоўся сын, а яшчэ больш, калi пабачылi красу Дафнiса; жанкi ж разам з Клеарыстаю радавалiся, што з сынам заадно i сынавую яна прывязла. Яны дзiву далiся з Хлоi, з яе непараўнанай красы. Увесь горад усхадзiўся з-за хлопца i дзяўчыны, хвалiлi ўжо гэты шлюб i жадалi, каб яе род знайшоўся годным яе красы; i шмат вельмi багатых жанок малiла багоў, каб быць прызнанымi за мацi такой прыгожай дзяўчыны.

34

А Дыянiсафану, якi пасля доўгiх роздумаў моцна заснуў, прыснiўся такi сон. Здаецца, нiмфы просяць Эраса, каб ён нарэшце згадзiўся на гэты шлюб; ён аслабiў маленькi лук, паклаў яго разам з сагайдаком i загадаў Дыянiсафану наладзiць банкет для ўсiх найвяльможных мiтыленцаў i, калi ён напоўнiць апошнi кратэр, паказаць тады кожнаму Хлоiны прыкметныя знакi; а пасля праспяваць вясельны гiмн.

Пабачыўшы i пачуўшы гэта ў сне, Дыянiсафан устаў на золку i распарадзiўся падрыхтаваць раскошны банкет з усяго, што дае зямля i мора, што ёсць у азёрах i рэках; i запрашае ўсiх найвяльможных мiтыленцаў на баль. Калi ўжо надышла ноч i быў напоўнены кратэр, з якога ўзлiваюць Гермесу, адзiн са слуг унёс на сярэбраным прыборы прыкметныя знакi i, абыходзячы па чарзе направа, усiм iх паказваў.

35

Нiхто не апазнаваў iх; а Мегакл, якi з-за старасцi ляжаў на вышэйшым месцы за сталом, ледзь глянуў i моцна, з яшчэ маладою сiлаю ў голасе, усклiкнуў: "Што гэта бачу? Што з табою сталася, дочухна? Цi жывая ты, цi, можа, якi пастух толькi гэта знайшоў i падняў? Прашу, Дыянiсафане, скажы мне: адкуль маеш прыкметныя знакi майго дзiцяцi? Адшукаўшы свайго Дафнiса, не адмоў знайсцi i мне".

Але Дыянiсафан папрасiў яго спачатку расказаць, як пакiнулi Хлою, i Мегакл, не аслабляючы сiлы голасу, расказаў: "Да нядаўняга быў я бедны, бо ўсё, што меў, патрацiў на харэгii i трыерархii. Якраз тады нарадзiлася ў мяне дачка. Не хочучы гадаваць яе ў беднасцi, я ўпрыгожыў яе гэтымi прыкметнымi знакамi i пакiнуў, бо ведаў, што многiя праз такi спосаб хочуць зрабiцца бацькамi. Вось i пакiнуў дзiця ў пячоры нiмфаў, даручыўшы яго багiням. I да мяне з той пары штодня плыло багацце, але я ўжо нашчадка не меў. Бо не пашчасцiла мне зрабiцца бацькам хоць бы дачкi другой. А багi, як бы смеючыся з мяне, спасылаюць уночы сны, паведамляючы, што авечка зробiць мяне бацькам".

36

Яшчэ мацней, чым Мегакл, ускрыкнуў Дыянiсафан i прывёў Хлою, вельмi прыгожа ўбраную, i сказаў: "Вось гэтае дзiця ты пакiнуў. Гэтую дзяўчыну з волi багоў выкармiла табе авечка, як каза мне Дафнiса. Вазьмi ж гэтыя прыкметныя знакi i дачку; а ўзяўшы, аддай яе Дафнiсу за жонку. Абаiх пакiнулi, абаiх знайшлi, абаiмi апекавалiся Пан, нiмфы i Эрас".

Мегакл пахвалiў яго словы, паслаў па сваю жонку Раду, а Хлою прытулiў да грудзей. I асталiся яны там начаваць: Дафнiс пакляўся, што больш нiкому не аддасць Хлою, нават роднаму бацьку.

37

Калi надышоў дзень, яны ўмовiлiся назад у вёску разам вяртацца: Дафнiс i Хлоя прасiлi аб гэтым, бо не маглi вынесцi жыцця ў горадзе. Ды i бацькам было даспадобы зрабiць iм вяселле паводле пастухоўскага звычаю. Прыйшоўшы да Ламана, яны прывялi Дрыяса да Мегакла, пазнаёмiлi Раду з Напэ i пачалi рыхтавацца да шыкоўнага святкавання. Бацька перад нiмфамi заручыў Хлою з Дафнiсам i разам з многiмi iншымi ахвяраваннямi павесiў i прыкметныя знакi, а Дрыясу дадаў, чаго яму яшчэ не ставала да дзесяцi тысяч драхмаў.

38

Стаяў цудоўны дзень, i Дыянiсафан загадаў тут жа перад пячораю падрыхтаваць ложа з зялёнага лiсця i, запрасiўшы ўсiх людзей з вёскi, раскошна пачаставаць. Тут былi Ламан i Мiртала, Дрыяс i Напэ, Дорканавы родзiчы, Фiлет са сваiмi дзецьмi, Хромiс i Лiкэнiён; не абышлося i без Лампiса, якому даравалi. Усё было так, як водзiцца ў гэтакiх гасцях, па-вясковаму: адзiн спяваў жнiўныя песнi, другi сыпаў жартамi, як гэта бывае пры выцiсканнi сусла. Фiлет iграў на сiрынзе, Лампiс на флейце, Дрыяс i Ламан танцавалi, Хлоя i Дафнiс цалавалiся; а поблiзу пасвiлiся козы, як бы i яны разам святкавалi.

Гасцям з горада гэта не вельмi спадабалася; а Дафнiс падклiкаў, называючы iмя то адной, то другой казы, даваў iм галiнак з зялёным лiсцем i, схапiўшы за рогi, цалаваў.

39

I гэтак не толькi той дзень, але i большую частку жыцця правялi яны па-пастухоўску, шанавалi багоў – нiмфаў, Пана, Эраса, нажылi вялiкiя чароды авечак i коз i ўважалi за найлепшую яду плады i малако. А калi нарадзiўся ў iх сын, яны далi выкармiць казе, а дачушцы, якая нарадзiлася другою, дазволiлi ссаць вымя авечкi; i сына назвалi Фiлапеменам, а дачку Агелаю. Так яны i пражылi пастухамi аж да самае старасцi. I пячоры аздобiлi, паставiлi там карцiны i ўзвялi ахвярнiк Эрасу-Пастуху; i Пану яны замест яго хвойкi зладзiлi пад жыллё каплiцу i назвалi яе каплiцаю Пана-Ваяўнiка.

40

Але ўсё гэта назвалi i зрабiлi яны пазней; а тады з надыходам начы ўсе правялi iх да шлюбнага пакоя, адны на сiрынгах, другiя на флейтах iграючы, трэцiя ўзняўшы ўгару вялiкiя паходнi. А калi яны былi перад дзвярыма, завялi рэзкiм голасам, нiбы зямлю трохзубцамi дралi, а не вясельную песню спявалi. А Дафнiс i Хлоя ляглi голымi, абнялi адно аднаго i цалавалiся, правёўшы ноч без сну, як совы; i Дафнiс рабiў тое, што навучыла яго Лiкэнiён, а Хлоя толькi цяпер даведалася, што ўсё, што рабiлася ў лесе, было толькi пастушынымi гульнямi.

КАМЕНТАРЫ

УСТУП

Лесбас – вялiкая выспа ў Эгейскiм моры каля заходняга ўзбярэжжа Малой Азii. Дзеянне гэтага рамана аб каханнi, на думку даследнiкаў, невыпадкова разгортваецца на гэтай выспе, якая здаўна славiлася цудоўным клiматам, урадлiвымi землямi, а таксама як асяродак старажытнагрэцкай лiрыкi кахання: тут нарадзiлася шмат паэтаў, у тым лiку славутая Сафо (VII-VI ст. да н.э.).

Нiмфы – Дзеўсавы дочкi, багiнi, якiя ўвасаблялi розныя сiлы прыроды; заступнiцы i апякункi лясоў (дрыяды), палёў (лiманiяды), далiн (папэi), мораў (нерэiды), рэк (наяды), гор (арэады) i г.д. Антычнае мастацтва паказвала iх у выглядзе прыгожых дзяўчат, голых цi напаўадзетых.

...змог вытлумачыць абраз... – У шмат якiх гарадах старажытнай Грэцыi на ўтрыманнi мясцовых улад была афiцыйная пасада праваднiка, якi паказваў i тлумачыў выдатныя помнiкi гэтай мясцовасцi.

Эрас – сын Афрадыты, бог кахання. Мастакi паказвалi яго ў выглядзе крылатага хлопчыка з лукамi i стрэламi, якiмi ён ранiць сэрца. Iмя гэтае азначае "каханне". Калi ўлiчыць, што ў антычныя часы ўласныя iмёны нiчым не адрознiвалiся ад агульных назваў, то амаль заўсёды гэтае слова можна разумець дваяка: у агульным значэннi i як iмя бога.

Пан – сын Гермеса i Пенелопы, бог лясоў i пашаў, апякун паляўнiчых i пастухоў; меў казлiныя рогi, вушы i ногi. Ён вынайшаў дудку. Час паўдзённай сонечнай спёкi лiчыўся "гадзiнаю Пана". I калi яго трывожылi моцным крыкам i спевамi, Пан палохаў людзей i звяроў сваiмi гукамi, якiя наводзiлi "панiчны жах".

...хворага вылечыць... – Старажытнагрэцкая медыцына лiчыла, што ў хворага праз успрыманне прыгожых формаў i чытанне прыемных (у тым лiку эратычных) твораў абуджаюцца жыццёвыя сiлы.

КНIГА ПЕРШАЯ

Мiтылена (цяперашняя назва Мiтылiнi) – галоўны горад на ўсходнiм узбярэжжы выспы Лесбаса, у часы Рымскай iмперыi меў важнае значэнне.

...прыблiзна за стадыяў дзвесце... – гэта эначыць каля 3,8 кiламетра (стадый – мера даўжынi, прыкладна роўная 192 м).

Дафнiс – паводле позняй грэцкай мiфалогii – сын Гермеса i нiмфы; абагоўлены пасля свае смерцi; апякун сiцылiйскiх пастухоў, заснавальнiк старажытнагрэцкай пастушынай iдылiчнай паэзii.

...ахвярныя дары даўнешых пастухоў – Пакiдаючы сваё пастухоўства, казапасы, аўчары, валапасы прысвячалi нiмфам i Пану свае даёнкi, пастуховыя кii, торбы, сiрынгi. У ахвяру багам клалi таксама i рэчы памерлых пастухоў.

Хлоя – у антычнай мiфалогii эпiтэт багiнi пладароднай зямлi Дэметры. Пастушыным iмя лiчылася, вiдаць, таму, што па-грэцку "хлоэ" значыць "маладая зелянiна, зялёныя пасынкi, маладыя атожылкi".

...яго iмя было iм невядомае... – сведчанне, што гэта былi простыя, не вельмi адукаваныя людзi.

Вакханкi – удзельнiцы мiстэрый бога вiна i весялосцi Дыянiса-Вакха. Культ Дыянiса быў звязаны з п'янымi гульбiшчамi (вакханалiямi) i экстатычнымi оргiямi. У мастацтве вакханак паказвалi паўраздзетымi, з накiнутаю на плечы цi на паяснiцу звярынаю шкураю з тырсам (жазлом), увiтым вiнаградам, у руках.

...а ён казапас... – Свойская жывёла падзялялася на тры групы, адсюль i адпаведны чын пастухоўства. Першае месца займалi тыя, што пасвiлi кароў i быкоў – валапасы, другое – тыя, што пасвiлi авечак, трэцяе – казапасы.

Дзеўс – вярхоўнае боства старажытных грэкаў; цар багоў i людзей, бог неба, грому i маланкi. Быў сынам тытана Кронаса, якi з'ядаў сваiх дзяцей. Паводле мiфа, Дзеўсава мацi Рэя ўратавала сына, схаваўшы яго на выспе Крыт, на гары Iдзе, – там нiмфы выкармiлi яго малаком казы Алматэi.

Безбароды я, але такi i Дыянiс... – Антычнае мастацтва паказвала Дыянiса звычайна ў выглядзе безбародага, жанчынападобнага дзецюка.

Сатыры – лясныя казланогiя боствы, з вострымi вушамi i конскiмi хвастамi. Вясёлыя, памаўзлiвыя, яны суправаджалi Дыянiса.

...яны кiдалi адно ў аднаго яблыкi... – яблык быў сiмвалам кахання. Кiдаць яблык на грудзi – значыла прызнавацца ў каханнi.

...спявала пра Пана i Пiтыс... – Пан закахаўся ў нiмфу Пiтыс. Але суровы Барэй, бог паўночнага ветру, бачачы, што дзяўчына аддае перавагу Пану, скiнуў яе са скалы. Яна памерла, але з яе цела вырасла першая хвойка – дрэва, прысвечанае Пану ("пiтыс" – па-грэцку i значыць "хвойка").

Тырыйскiя пiраты – марскiя разбойнiкi з горада Тыра ў Фiнiкii; яшчэ з часоў Гамеравай "Адысеi" наводзiлi жах на мараходаў у Эгейскiм моры.

...на лёгкiм карыйскiм судне... – Жыхары Карыi – прыбярэжнай часткi на поўднi Малой Азii – славiлiся карабельным будаўнiцтвам.

...каб iх за варвараў не палiчылi... – Варварамi грэкi называлi ўсiх негрэкаў, чужаземцаў, што не ўмеюць гаварыць па-грэцку. У iх гэта слова не мела адмоўнага значэння, як у наш час.

...дзецюка, якi здаўся iм больш вартаю здабычаю... – Пiраты былi адначасова i гандлярамi рабоў.

Лускаватыя паўпанцыры – падпанцыры з металiчнай лускi.

Накаленнiкi – часцей за ўсё металiчныя, закрывалi пярэднi бок нагi.

...многiя мясцiны на моры, якiя маюць назву "валовага броду". – Вядомымi "Басфорамi" ("валовымi брадамi") былi, напрыклад, пралiвы мiж Чорным морам i Мармуровым i мiж Чорным i Азоўскiм.

...Хлоя купае Дафнiса... – Удзельнiкi пахавання абавязкова пасля мылiся, каб ачысцiцца ад дакранання да нябожчыка.

КНIГА ДРУГАЯ

Нацiсь – прылада для выцiскання соку, звычайна каменная (або драўляная) з адтокам. Некалькi чалавек, трымаючыся за адпаведны шост або прыробленыя да яго петлi цi кольцы пад музыку i спевы – каб спарней працавалася – тапталi нагамi прынесены ў кашах спелы вiнаград. Сок пасля пералiвалi, як апiсваецца тут у Лонга, у драўляныя бочкi, якiя ўкопвалi ў зямлю (апроч бочак ужывалi i вялiкiя глiняныя збаны або мяхi). Бочкi з сярэдзiны i звонку былi пакрытыя смалою. Прастаяўшы з восенi да вясны, пры частым памешваннi, ачышчэннi ад шумавiння, вiно, як усякае натуральнае, мела прыкладна 13 градусаў. П'ючы, грэкi яго разводзiлi вадою ў прапорцыi дзве часткi вiна на тры часткi вады, але часам i не прытрымлiвалiся гэтага ў залежнасцi ад гатунку вiна i трываласцi бяседнiкаў. Рабам прызначалася вiно паўторна выцiснутае – з вiнаградных жамерынаў.

У антычныя часы вiно шырока ўжывалася як пiтво для лепшай страўнасцi, а таксама ў культавых i лячэбных мэтах.

...вылiвалi ў ахвяру малака... – каб улесцiць багоў, грэкi лiчылi, што павiнны дзялiцца з iмi часткаю свайго набытку, а таму рабiлi ахвяраваннi багам i ўзлiваннi – з вiна, цi малака, цi вады з малаком, цi алею.

Пры кожным банкеце напачатку ў гонар бога ўзлiвалi неразведзенага вiна. Пасля з кожнага кубка ўзлiвалася таксама некалькi кропляў у гонар таго цi iншага бога. Рабiлi ўзлiванне таксама пры адыходзе, звычайна ў гонар Гермеса, бога дарог, – нешта на ўзор беларускага развiтальнага тоста – "на рукавiцы".

Фiлет – ад грэцкага слова "фiлео" – "люблю, кахаю".

...нi лебедзь, калi ён стары, як я... – Старажытныя грэкi лiчылi, што лебедзь пяе адзiн раз у жыццi: прадчуваючы смерць, ён узнiмаецца ўгору i пяе найпрыгажэйшую з песень. Адсюль i выраз "лебядзiная песня" – апошнi найбольш значны твор.

Кронас – паводле старажытнагрэцкай мiфалогii, сын Урана (Неба) i Геi (Зямлi), якi, скiнуўшы бацьку, запанаваў над светам; бацька i папярэднiк Дзеўса (гл. заўвагу).

Амарылiс – у перакладзе значыць "чырвоная лiлея".

Эхо – у старажытнагрэцкай мiфалогii чорная нiмфа, увасабленне рэха, што чуваць у гарах i цяснiнах.

Паводле аднае версii, самааддана i без узаемнасцi закахалася ў Нарцыса, сына рачнога бога, уся высахла i зрабiлася нявiднаю, ад яе астаўся адзiн голас.

Паводле другое версii, раўнiвая Гера, расшукваючы сярод нiмфаў свайго памаўзлiвага мужа, была затрымана доўгiмi размовамi Эхо i, раззлаваўшыся, жорстка пакарала яе за гэта – тая перастала гаварыць i магла толькi паўтараць канчаткi сказаных у яе прысутнасцi слоў. Яшчэ адну версiю мiфа пра Эхо гл. кн.III, раздзел 23.

Метымнейуы – жыхары Метымны, найбольшага пасля Мiтылены горада на выспе Лесбасе.

...карабель жа ваяводы вёў дэльфiн... – У старажытных грэкаў былi пашыраны павер'i пра дальфiнаў як разумных iстот, што спагадаюць людзям на моры, засцерагаюць iх перад бураю, паказваюць iм дарогу i г.д.

...зрабiўшы з зялёнага лiсця ложа... – Старажытныя грэкi банкетавалi не седзячы, а лежачы на баку.

...прапяяў яму адзiн сiцылiйскi казапас... – Згадка пра сiцылiйскага пастуха невыпадковая: старажытнагрэцкая iдылiчная паэзiя якраз i ўзнiкла ў Сiцылii.

КНIГА ТРЭЦЯЯ

...нi нават скiфскi снег... – Землi на поўнач ад Чорнага мора, якiя насялялi скiфы, у антычнай лiтаратуры служылi за прыклад марозных i снежных краёў.

...злавесныя птушкi... – старажытны грэк жыў увесь час сярод вешчых знакаў. Конь захроп па дарозе ў горад, скрыпнуў адметна воз цi мацней падзьмуў вецер i г.д. – усё нешта наперад казала яму пра тое, што мела адбыцца.

Было больш за дзесятак розных вiдаў варажбы: алектрыямантыя (як паводзяць куры пры ядзе), iхтыямантыя (як плаваюць у вадзе рыбы), пiрамантыя (як гарыць агонь), гiдрамантыя (як цячэ вада), кледанамантыя (якiя мiжвольныя рухi ў чалавека, у якiм вуху зазвiнела, як ён чхнуў), хiрамантыя i г.д. Сярод iх цi не першае месца займала арнiтамантыя – варажба па палёце птушак.

Ужо з'яўленне тых цi iншых птушак было для старажытнага грэка добрым або лiхiм знакам, бо птушкi, асаблiва драпежныя, неслi людзям волю багоў. Арол Дзеўсаву, ястраб, крумкач – Апалонаву, варона, сава, чайка, чапля – Афiнiну, дзяцел – Арэсаву. Разабрацца ў прарочых складанасцях мог толькi спецыяльны варажбiт. Стаўшы тварам на поўнач, ён сачыў, з якога боку падляталi птушкi. З правага боку – вяшчалi спагаду багоў, з левага – iх непрыхiльнасць. Мелi значэнне не толькi кiрунак, але вышыня, хуткасць лёту, уклад ног, крык (умелы варажбiт мог адрознiць шэсцьдзесят чатыры адценнi крыку крумкача), i з усяго гэтага выводзiлася канчатковае меркаванне.

Таямнiцы варажбы перадавалiся вусным спосабам – ад бацькi да сына.

Iакх – боства нявысветленага паходжання; часта атаясамлiвалася з Дыянiсам.

"Эвоэ!" – культавы ўсклiк на святкаваннях Дыянiса.

Iтыс – паводле старажытнагрэцкага мiфа, сын фракiйскага цара Тэрэя i афiнскай царэўны Прокны.

Тэрэй, здрадзiўшы з жончынай сястрою Фiламенаю, выразаў ёй язык, упэўнены, што цяпер яго Прокна нiколi не даведаецца пра здраду. I тады Фiламена выткала дыван, на якiм паказвала, што з ёю ўчынiў Тэрэй. Сёстры ў помсту цару забiлi Iтыса. А пасля, баючыся кары, упрасiлi вярхоўнага Дзеўса абярнуць iх у птушак. I цяпер штовясны яны, ужо салавей i ластаўка, пяючы, аплакваюць няшчасную Iтысаву долю. Тэрэй жа быў абернуты ў ястраба цi ва ўдода (розныя варыянты мiфа).

Мэлii – нiмфы, якiя нарадзiлiся з зямлi, акропленай крывёю Ўрана.

Дрыяды – драўляныя, г.зн. лясныя нiмфы.

Гэлеi – балотныя нiмфы.

...дбае iншы бог... – гэта значыць Эрас.

Драхма – "жменя", старажытнагрэцкая мера вагi (4,366 г) i сярэбраная манета. Такiя грошы – тры тысячы драхмаў – рабiлi адразу Дрыяса заможным.

...выбiваць малацiльнымi дошкамi калоссе... – Згаданы тут спосаб малацьбы палягаў на тым, што валы цягнулi па калоссi (грэкi зжыналi толькi каласы, салома аставалася на полi i iшла на ўгнаенне – яе спальвалi) драўляныя дошкi даўжынёю два з палавiнай метры з замацаванымi знiзу жалезнымi зубамi цi вострым каменнем. Часам паганяты сам станавiўся на дошкi, каб абцяжарыць iх. Пустое калоссе адкiдвалася вiламi з трыма зубамi, пасля чаго збожжа веялi на ветры драўлянымi шуфлiкамi накшталт вясла (сiты ўжывалiся рэдка).

Горы – багiнi пораў года, яснага надвор'я, ураджаю, юнацтва i красы; спадарожнiцы багоў, пераважна Афрадыты.

Афрадыта – багiня кахання i красы, мацi бога кахання Эраса. Паводле адной версii мiфа, дачка Дзеўса i Дыёна, паводле другой – нарадзiлася з марскiх хваль i зефiрам пасля была перанесена на выспу Кiпр (адсюль яе эпiтэт Кiпрыда). Платон адрознiваў Афрадыту Ўранiю (Нябесную) – увасабленне кахання i Афрадыту звычайную – увасабленне цялеснага, пажадлiвага кахання. Мужам Афрадыты быў бог агню i кавальства кульгавы Гефест, якому яна здраджвала з Арэсам, богам вайны. Калi Гефест даведаўся пра гэта ад Гелiяса, бога сонца, ён расставiў сеткi, якiя i схапiлi каханкаў у чуллiвай паставе. Склiканыя Гефестам на месцы злаўчынку багi выказалi, аднак, замест абурэння захапленне цудоўнаю параю.

Тут, у аповесцi, маецца на ўвазе спрэчка пра залаты яблык – "яблык разладу" – трох багiнь – Афрадыты, Геры i Афiны.

...той жа быў пастух авечак... – Парыс.

КНIГА ЧАЦВЕРТАЯ

Плетр – адна шостая стадыя, г.зн. каля 31 м.

Ахвярнiк у антычныя часы знаходзiўся не ў сярэдзiне каплiцы, а перад ёю.

Семела. – Мiфы пра Дыянiса расказваюць, што ён нарадзiўся ад Дзеўса i яго каханкi Семелы. Дзеўсава жонка Гера, каб адпомсцiць Семеле, прыняла выгляд яе кармiлiцы i ўзбудзiла ў яе жаданне пераканацца навочна, што яе каханы сапраўды бог, за якога ён сябе выдае, а таму папрасiла Дзеўса, каб ён з'явiўся перад ёю ва ўсёй боскай велiчы з громам i маланкамi. Вымушаны клятваю, ён паўстаў перад ёю ў полымi перуноў, i смертная Семела не вытрымала нябеснага агню. Памiраючы, яна заўчасна нарадзiла Дыянiса, якога, аднак, уратаваў Дзеўс, уклаўшы сабе ў сцягно, а калi надышла пара, пусцiў яго на свет.

Арыядна – дачка крыцкага цара Мiнаса, якая дапамагала Тэсею забiць страшыдла Мiнатаўра; яму афiняне мусiлi пасылаць штогод ганебную данiну – сем хлопцаў i сем дзяўчат. Яна дала каханаму клубочак нiтак, якi i вывеў Тэсея з лабiрынта, дзе жыў Мiнатаўр i адкуль нiхто дагатуль з-за дзiўна заблытаных калiдораў не мог знайсцi выйсця (адсюль выраз "нiтка Арыядны"). Тэсей пасля ўцёк з каханай на выспу Наксас, дзе пакiнуў яе, калi яна спала. Там яе знайшоў Дыянiс i ажанiўся з ёю.

Лiкург – фракiйскi цар, якi забараняў святкаванне вакханалiй. Разгневаны Дыянiс зняволiў яго ў пячоры.

Пентэй – малады фiванскi цар, якi таксама выступаў супраць вакханалiй. Дыянiс за гэта пазбавiў розуму яго мацi, i тая, прыняўшы свайго сына за дзiкага звера, разам з яго сёстрамi i iншымi вакханкамi разарвала яго.

...пераможаныя iндыйцы i тырэнцы, перакiнутыя ў дэльфiнаў... – Паводле мiфаў, Дыянiс, iдучы на Ўсход, пакарыў Iндыю. Маракоў-пiратаў, якiя хацелi схапiць i прадаць у няволю Дыянiса, што пад выглядам прыгожага дзецюка пераплываў з iмi на караблi праз Эгейскае мора, ён абярнуў у дэльфiнаў. Тырэнiя, цi Этрурыя – вобласць у Iталii.

Эўдрам – грэцкае iмя, якое можна перакласцi: "хуткi ў бегу".

Марсiй – сатыр, якi, знайшоўшы кiнутую Афiнаю флейту, адважыўся спаборнiчаць у iгры з Апалонам, але быў пераможаны. Абражаны Апалон садраў з яго скуру i павесiў у пячоры. Гэтая скура нiбы трымцела з радасцi, калi iгралi на флейце.

Парасiт – прафесiйны нахлебнiк. Цi не каля кожнай багатай сям'i ўвiваўся такi дзяньгуб, якi, забаўляючы гаспадара, жыў на яго кошт.

...духмянае лесбаскае вiно... – Лесбаскае вiно славiлася сваiм водарам i слодыччу.

Дэметра – дачка Крона i Рэi, багiня-апякунка земляробаў; у мастацтве яе паказвалi са снапом у руках, ёй прысвячалася свята ўраджаю.

Лаамедант – цар Троi, Прыямаў бацька; Апалон у яго на працягу года пасвiў статак у пакаранне за забойства.

Хiтон – у старажытных грэкаў вузкая кашуля без рукавоў, якая надзявалася на голае цела; хламiда – шырокi плашч, яго накiдвалi паверх хiтона.

Анхiс – малаазiйскi цар, у якога, калi ён аднаго разу пасвiў статак, закахалася Афрадыта. Багi, разгневаўшыся на Афрадыту за тое, што яна ўвесь час спасылае iм каханне да людзей, а сама нi разу не кахала смертнага, прымусiлi яе закахацца ў Анхiса, ад яго i нарадзiўся ў яе Эней. Афрадыта забаранiла Анхiсу раскрываць таямнiцу iх кахання, але Анхiс не ўтрываў i за гэта быў скалечаны маланкаю.

Бранх – прыгожы, малады пастух, улюбёнец (паводле iншых мiфаў, сын) Апалона, якi абдарыў яго ўменнем прадбачыць будучыню.

Ганiмед – фрыгiйскi (траянскi) царэвiч, сваёю красою так моцна ўразiў Дзеўса, што быў выкрадзены Дзеўсавым арлом (або самiм Дзеўсам, якi перакiнуўся ў арла) i ўзнесены на Алiмп; там цар багоў зрабiў яго сваiм вiначэрпам.

Мойры – багiнi лёсу; паводле мiфа, iх тры: адна прадзе нiтку жыцця, другая вымае, не гледзячы, лёс, што выпаў чалавеку, трэцяя абцiнае нiтку жыцця.

Харэгiя – абавязак, якi ўскладаўся на багатага грамадзянiна – на свой кошт наняць, адзець i навучыць хор да свята.

Трыерархiя – выправа за свой кошт трыеры для дзяржавы; трыера – судна з трыма радамi весляроў.

Фiлапемен – па-старажытнагрэцку значыць "той, хто любiць пастухоў", "пастухалюб", а Агела – "чарада", "атара".

ПЕРЛЫ РАМАНА

Маналог Хлоi (I, 14)

Слоўная сутычка Доркана i Дафнiса (I, 16)

Маналог Дафнiса (I, 18)

Лета (I, 23)

Дафнiс разглядвае сонную Хлою (I, 25)

Казка пра туркаўку (I, 27)

Эрас у садзе (II, 4-6)

Сiла кахання (II, 7)

Абвiнавачванне Дафнiса (II, 15)

Дафнiсава скарга (II, 22)

Панiчны страх (II, 25)

Казка пра Сiрынгу (II, 34)

Мiм (II, 37)

Дафнiсава размова з самiм сабою (III, 6)

Размова Дафнiса i Хлоi ўзiмку на дварэ (III, 10)

Вясна (III, 12)

Казка пра Эхо (III, 23)

Яблык кахання (III, 33)

Плач па спустошаным садзе (IV, 8)

Гнатанава скарга (IV, 16)

Хлоiны нараканнi (IV, 27)

Пастушынае вяселле (IV, 38)


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю