355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Лонг » Пастушыная гiсторыя пра Дафнiса i Хлою (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Пастушыная гiсторыя пра Дафнiса i Хлою (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 3 октября 2016, 20:22

Текст книги "Пастушыная гiсторыя пра Дафнiса i Хлою (на белорусском языке)"


Автор книги: Лонг


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 5 страниц)

Лонг
Пастушыная гiсторыя пра Дафнiса i Хлою (на белорусском языке)

Лонг

Пастушыная гiсторыя пра Дафнiса i Хлою

Пераклаў Анатоль Клышка

УСТУП

На Лесбасе, палюючы, я ўбачыў у гаi, прысвечаным нiмфам, найпрыгажэйшае вiдовiшча, якое калi-небудзь бачыў: маляўнiчую выяву, гiсторыю аднаго кахання. Прыгожы быў i сам гай – шмат дрэў, поўна кветак, удосталь вады: адна крынiца ўсё жывiла, i кветкi, i дрэвы; але прывабнейшы быў абраз – тут i адменнае майстэрства, i праўда кахання; так што i шмат чужаземцаў, прачуўшы пра яго славу, iшло сюды, нiмфам малiлiся, абразам дзiвiлiся. А на iм жанчыны – адны нараджаюць, другiя – немаўлят у пялёнкi завiнаюць; дзецi пакiнутыя i авечкi ды козы, што кормяць iх, пастухi, што дзяцей да сябе прымаюць, маладыя, што ў шлюб уступаюць, напад разбойнiкаў, уварванне захопнiкаў. Шмат iншага, але ўсё пра каханне бачыў я i здзiвiўся, i прага мяне агарнула паспрачацца ў выяве з тым абразом. I, знайшоўшы таго, хто мне змог вытлумачыць абраз, вышчыраваў я чатыры кнiгi ў ахвяру Эрасу, нiмфам i Пану, у дарунак усiм людзям на ўцеху: хворага вылечыць, зажуранага суцешыць, таму, хто ўжо кахаў, згадкi абудзiць, таго, хто яшчэ не кахаў, навучыць.

Бо ўвогуле нiхто ж ад кахання не ўцёк i не ўцячэ, пакуль ёсць краса i вочы бачаць. Нам жа хай дасць бог у ясным розуме каханне iншых людзей апiсаць.

КНIГА ПЕРШАЯ

1

Горад на Лесбасе ёсць – Мiтылена, вялiкi, прыгожы; яго разразаюць каналы, яго аздабляюць масты з часанага белага каменю. Можна падумаць, што бачыш не горад, а выспу. Ад гэтага горада Мiтылена прыблiзна за стадыяў дзвесце быў маёнтак аднага багацея. Цудоўнае ўладанне: дзiчына ў гарах, пшанiца ў палях, вiнаградная лаза на пагорках, чароды авечак, коз на пашах, i мора набягае на мяккi пясок разлеглага ўзбярэжжа.

2

У гэтым маёнтку казапас, на iмя Ламан, пасвячы, знайшоў дзiця, якое кармiла адна з яго коз. Быў там лес i гушчар з цярнiны, якую абвiваў плюшч, ды мяккая трава, на ёй i ляжала дзiця. Сюды ўпотай усё бегала каза, знiкаючы i пакiдаючы сваё казлянятка, абы пабыць з немаўлём. Згледзеў Ламан, што яна бегае туды i назад, шкада ж яму было пакiнутага казлянятка; i аднаго разу ў самы поўдзень падаўся ён услед за ёю назiркам i бачыць, як каза асцярожна пераступае цераз дзiця, каб не пашкодзiць яго капытцамi, i як малое, нiбы з матчынай цыцы, ссе струменiстае малако. Поўны здзiўлення, ён, вядома, падыходзiць блiжэй i знаходзiць хлопчыка, моцнага i прыгожага, i пры iм рэчы, зараскошныя як на долю падкiдыша: было там коўдзерка пурпуровае, зашпiлька залатая i ножык з тронкам са слановай косцi.

3

Спярша ён намерыўся забраць толькi прыкметныя знакi, не турбуючыся пра малога; але пасля засаромеўшыся, што з казою i то не зраўняўся ў спагадлiвасцi, i дачакаўшыся ночы, прыносiць усё да свае жонкi Мiрталы – i прыкметныя знакi, i дзiця, i самую казу. Жонка здзiвiлася, што козы прыводзяць на свет i хлапчукоў, але ён усё расказаў, як знайшоў падкiнутага, як бачыў, што дзiця ссала казу, як сорамна стала кiнуць яго на пэўную смерць. Яна з iм згадзiлася, яны хаваюць усё, што ляжала пры iм пакiнутае, а дзiця прызнаюць сваiм i аддаюць казе кармiць яго. I каб iмя дзiцяцi здавалася пастушыным, вырашылi назваць яго Дафнiсам.

4

Ужо два гады мiнула, i вось пастух на iмя Дрыяс, што пасвiў на памежных лугах, натыкаецца на такую ж праяву i знайду.

Была тут пячора нiмфаў – вялiкая скала, усярэдзiне пустая, а зверху акруглая. Статуi ж самiх нiмфаў былi зроблены з каменю: ногi босыя, рукi да плячэй голыя, валасы распушчаныя на шыю, павязка на паяснiцы, усмешка ў вачах; а ўсе разам нiбы танцуюць у карагодзе. Уваход у пячору быў якраз пасярод вялiкай скалы. Вада, што выбiвалася з крынiцы, утварала ручаiну, так што перад пячораю рассцiлаўся дужа прывабны луг, густую i мяккую траву яго i паiла гэтая вiльгаць. Тут вiселi даёнкi, флейты-папярочкi, сiрынгi, дудачкi-чарацянкi ахвярныя дары даўнейшых пастухоў.

5

У гэтую пячору нiмфаў часта забягала авечка, якая нядаўна акацiлася, так што не раз нават думалi, быццам яна загiнула. Каб пакараць яе i вярнуць да парадку, пастух скруцiў вiтку з зялёнай галiнкi на ўзор пятлi i падаўся да скалы, каб злавiць авечку. Але, падышоўшы, ён убачыў тое, што найменш спадзяваўся ўбачыць, авечку, якая зусiм у чалавечы спосаб дае дзiцяцi ссаць вымя, поўнае малака, а немаўля без плачу прагна шукае то аднаго, то другога саска сваiм роцiкам, чыстым i свежым, бо авечка аблiзвала языком твар немаўляцi, як толькi яно напiвалася. Гэта была дзяўчынка, i пры ёй ляжалi пялёнкi i прыкметныя знакi: залататканая павязка на галаву, гафтаваныя золатам чаравiчкi i залатыя бранзалеты на ногi.

6

Прызнаўшы ў гэтай знаходцы боскую волю i ўзяўшы прыклад ад авечкi спагадаць малечы i любiць яе, пастух бярэ немаўля на рукi, кладзе яго прыкметныя знакi ў торбу i молiцца нiмфам, каб яму пашчасцiла выгадаваць iх апякунку ў дабры i шчасцi. А калi ўжо быў час дахаты гнаць чараду, вяртаецца ён у двор, жонцы, што бачыў, расказвае ды, што знайшоў, паказвае i ўгаворвае яе прызнаць дзiця за дачку i ўпотай гадаваць, як сваю. Напэ – так звалi жанчыну – тут жа стала дзiцяцi за мацi i любiла яго, нiбы баялася, што авечка пераўзыдзе яе ў злагадзе, i дае дзяўчынцы для пэўнасцi таксама пастушынае iмя – Хлоя.

7

Гэтыя дзецi вельмi хутка выраслi i красою выдалiся прыгажэйшымi за вясковых. Ужо было хлопцу пятнаццаць гадоў ад нараджэння, а дзяўчацi – на два гады меней, калi аднае начы Дрыяс i Ламан бачаць такi сон. Здаецца, прыйшлi тыя нiмфы з пячоры, дзе была крынiца i дзе Дрыяс знайшоў дзяўчынку, i перадалi Дафнiса i Хлою вельмi вясёламу i прыгожаму хлопчыку, якi меў крылы за плячыма i нёс кароткiя стрэлы i маленькi лук; гэты хлопчык, крануўшыся адною стралою абаiх, прызначыў пасвiць надалей яму коз, а ёй авечак.

8

Саснiўшы гэты сон, абодва зажурылiся, што гэтыя дзецi павiнны былi коз i авечак пасвiць,хоць пялёнкi шчаслiвейшую долю iм прадракалi, таму яны iх i далiкатнейшаю ядою кармiлi, i лiтарам iх вучылi i ўсяму, што ў сельскiм жыццi за годнае ўважалася. I ўсё ж падумалi яны, што павiнны ў гэтым слухацца багоў, бо i ўратавала дзяцей найвышэйшая боская воля. I калi яны адзiн аднаму свой сон расказалi i прынеслi ў пячору нiмфаў ахвяру крылатаму хлопчыку – яго iмя было iм невядомае, – паслалi яны дзяцей пастухамi з чародамi, навучыўшы перад тым iх усяму: як трэба да полудня пасвiць, як трэба пасвiць, калi спёка ападае; калi гнаць на вадапой, калi гнаць назад у загон, на якую худобу пастухоўскага кiя ўжыць, на якую – аднаго голасу. Дзецi з вялiкай радасцю ўзялiся за работу, як бы iм высокую ўладу даручылi, i любiлi коз i авечак больш, чым гэта звычайна водзiцца ў пастухоў, яна была ўдзячная авечцы за тое, што яе ўратавала, ён жа не забыўся, як яго, падкiнутага, каза кармiла.

9

Вясна была ў самым пачатку, i ўсе кветкi цвiлi – у лясах, на лугах, а колькi iх было ў гарах; i ўсюды ўжо пчалiны гуд, птушыны шчэбет, гульнi малечы з новага прыплоду; ягняты скачуць па пагорках, гудуць у лугах пчолкi, у гушчары спяваюць птушкi. I як гожая пара года поўнiла ўсё весялосцю, то i яны абое – маладыя, прывабныя – пераймалi ўсё, што чулi i бачылi. Чулi спеў птушак – i самi спявалi, бачылi скокi ягнятак – i самi лёгка скакалi, i, пчол наследуючы, збiралi яны кветкi, аднымi з iх убiралi сабе грудзi, з другiх плялi вяночкi i прыносiлi ў дарунак нiмфам.

10

I ўсё яны рабiлi разам, пасвячы блiзка адно каля аднаго чароды. I часта Дафнiс займаў авечак, якiя разбягалiся, часта i Хлоя зганяла ўнiз са скал вельмi адважных коз. А то адно з iх глядзела абедзве чарады, калi другое занадта захаплялася гульнёю. Гульнi ж iхнiя былi пастушыныя, дзiцячыя. Яна, назбiраўшы дзе-небудзь там бадылiнак, пляла з iх пастку на цвыркуноў i за работаю спускала з вока авечак; а ён, нарэзаўшы тонкiх чароцiн, пракруцiўшы дзiрачкi ў каленцах, злеплiваў трубачкi адну з адною мяккiм воскам i аж да ночы вучыўся iграць на сiрынзе. Калi-нiкалi яны дзялiлiся мiж сабою малаком i вiном i спажывалi разам полудзень, што бралi з сабою з дому. I хутчэй можна было бачыць асобна авечак i коз, чым Хлою i Дафнiса.

11

Тым часам, калi яны бавiлiся, Эрас учынiў iм такую сур'ёзную штуку. Ваўчыца, якая нядаўна вывела ваўчанят, часта цягала авечак з навакольных сёл, бо ёй, каб пракармiць сваiх малых, трэба было шмат яды. I вось сяляне, сышоўшыся ўночы, выкапалi яму – сажань у шырыню, чатыры ў глыбiню. Большую частку выбранай зямлi, аднёсшы далёка, раскiдалi, а на яму наслалi сухiх доўгiх жэрдачак i прысыпалi рэштай зямлi, каб усё тут выглядала, як было дагэтуль; але калi б нават заяц прабег тут, то праламаў бы латы, якiя былi слабейшыя за саломiнкi, i тады можна было б убачыць, што гэта не зямля, а падабенства зямлi. I хоць яны выкапалi шмат такiх ям па гарах i раўнiнах, не пашчасцiла iм злавiць ваўчыцу: яна ўчула, што зямля тут падманная; затое шмат коз i авечак зламалi сабе каркi, ды бязмала i Дафнiс, а выйшла яно так:

12

Два казлы, раз'ятрыўшыся адзiн на аднаго, схапiлiся ў рожкi. У гэтай гвалтоўнай сутычцы адзiн з iх зламаў сабе рог i, падскочыўшы ад болю, кiнуўся ўцякаць; але другi, перамогшы, бег за iм следам, не даючы ўцекачу супачынку. Дафнiс, перажываючы за зламаны рог i зазлаваўшыся на нахабнага казла, ухапiў палку ды свой пастуховы кiй i кiнуўся даганяць даганяльшчыка. Але таму, што нi той, што ўцякаў, нi другi, разгневаны, што яго даганяў, не глядзелi, што ў iх было пад нагамi, то абодва падаюць у яму, перш казёл, а Дафнiс за iм. Гэта i ўратавала Дафнiса, бо, як падаў, апорай яму быў казёл. Плачучы, чакаў ён, цi не прыйдзе хто, каб яго выцягнуць; а Хлоя, убачыўшы гэта, спяшаючыся, пабегла да ямы; i, пераканаўшыся, што Дафнiс жывы, клiча валапаса з суседняга поля на дапамогу. Прыйшоўшы, ён пачаў шукаць доўгай вяроўкi, трымаючыся за якую Дафнiс мог бы вылезцi наверх. Але вяроўкi не было, i Хлоя, развязаўшы сваю павязку, дала яе апусцiць валапасу; так яны, стоячы на беразе ямы, абое цягнулi, а ён, ухапiўшыся рукамi за павязку, выбраўся наверх. Выцягнулi яны i няшчаснага казла, якi страцiў абодва рагi; такая вось кара спасцiгла за пераможанага казла. Яны аддалi яго валапасу з удзячнасцю за паратунак, каб той яго прынёс у ахвяру, а дома збiралiся зманiць, што напалi ваўкi, калi б хто заўважыў нястачу; самi ж, вярнуўшыся назад, агледзелi сваiх авечак i коз; а ўбачыўшы, што козы i авечкi ў добрым ладзе пасуцца, уселiся яны на дубовай калодзе i пачалi разглядаць, цi не паранiў Дафнiс, падаючы, чаго сабе да крывi. Але не было анi раны, анi крывi, толькi ў зямлi i гразi былi валасы ды ўсё цела. I ён намерыўся памыцца, пакуль Ламан i Мiртала не даведалiся, што з iм здарылася.

13

I, увайшоўшы разам з Хлояй у пячору нiмфаў, ён аддаў пiльнаваць ёй свой кароткi хiтон i пастуховую торбу, а сам, стаўшы над крынiцаю, узяўся мыць сабе валасы i ўсё цела. А валасы яго былi чорныя i густыя, цела – загарэлае ад сонца: можна было падумаць, што гэта ад ценю валасоў такое смуглае. Калi Хлоя ўбачыла так яго, здаўся ёй Дафнiс прыгожым, а таму, што падаўся прыгожым упершыню, падумала яна, што прычынаю красы тут купанне. I калi яна змывала яму спiну, адчула, якое мяккае цела, так што яна не раз украдкам дакраналася да сябе, каб пераканацца, цi яе цела далiкатнейшае. А пазней яны – сонца ж было на захадзе – пагналi чароды дахаты. Хлоя ж з таго часу нiчога больш не хацела, абы толькi зноў бачыць, як Дафнiс купаецца.

Назаўтра, калi яны зноў прыйшлi на пашу, Дафнiс, седзячы, як звычайна, пад дубам, iграў на сiрынзе i заадно сачыў за козамi, якiя ляжалi i нiбы прыслухоўвалiся да яго iгры, а Хлоя, седзячы побач з iм, хоць i сачыла за чарадою авечак, але яшчэ часцей паглядала на Дафнiса; i зноў ён, калi iграў на сiрынзе, здаўся ёй прыгожым, i зноў яна палiчыла музыку за прычыну яго красы, а таму яна пасля яго ўхапiла сiрынгу, каб паспрабаваць, цi не зробiцца таксама прыгожаю. Яна ўгаварыла яго зноў скупацца, i глядзела на яго, калi ён купаўся, i, бачачы яго, дакранулася, i зноў адышла з подзiвам, а гэты подзiў быў пачаткам кахання.

Што здарылася з ёю, гэтага не ведала маладое дзяўчо, якое вырасла ў вёсцы i яшчэ нi разу не чула iмя Эрас. Смутак сцiснуў ёй сэрца, вочы няўважна блукалi, i яна часта вымаўляла: Дафнiс! Яда ёй была не ў памяцi, начамi не спала, забывалася пра сваiх авечак, яна то смяялася, то плакала; то засынала, то зрывалася са сну; твар яе то быў бледны, то раптам зноў успыхваў чырванню. Нават кароўка, якую ўджалiць авадзень, не мучыцца так. Аднаго разу, калi яна была адна, прыйшлi ёй на розум вось такiя словы:

14

"Хворая я цяпер, але што за хвароба, не ведаю: мне балiць, а няма на мне раны; сумую я, хоць нiводная з маiх авечак не прапала; я ўся палаю, хоць сяджу ў такiм цянi. Колькi разоў нi абдзiралi мяне калючкi, я не плакала; колькi пчол нi джалiлi мяне, я не адмаўлялася ад яды; але тое, што цяпер ранiць сэрца, яшчэ вастрэйшае. Дафнiс прыгожы, але ж i кветкi прыгожыя; прыгожа гучыць яго сiрынга, але прыгожа спяваюць i салаўi; ды я пра iх анi не думаю. О, калi б я была яго сiрынгаю i ўбiрала яго дыханне, цi калi б я была козачкаю i каб ён пасвiў мяне! О лiхая вада, толькi Дафнiса ты зрабiла прыгожым, а я ж дарэмна купалася. Гiну я, любыя нiмфы, i нават вы не ратуеце дзяўчыны, што вырасла пры вас. Хто ж вас вянкамi прыбiраць будзе пасля мяне? Хто бедных ягнятак кармiць будзе? Хто дагледзiць майго стракатлiвага цвыркуна, якога я з вялiкаю цяжкасцю злавiла, каб ён перад пячораю сваiм цвырканнем спяваў мне на сон; але я цяпер праз Дафнiса страцiла сон, i дарэмна стракоча мой цвыркун".

15

Так пакутавала, так казала яна, намагаючыся знайсцi назву кахання. Але Доркан, той валапас, што Дафнiса выцягнуў i казла з ямы, дзяцюк з першым пушком на барадзе, якi ведаў каханне ў слове i яве, з таго самага дня адразу закахаўся ў Хлою, i чым далей беглi днi, тым больш распалялася душа, i, на Дафнiса як на хлапчука не зважаючы, наважыўся падарункамi або сiлаю дамагчыся свайго. Спярша ён прынёс iм падарункi: яму валапасаву сiрынгу на дзевяць дудачак, якiя былi меддзю замест воску змацаваныя, а ёй – шкуру ланi, якую носяць вакханкi, – плямiстую, нiбы яе фарбамi размалявалi. З гэтага часу ён, лiчачыся за сябра, штораз меней зважаў на Дафнiса, а Хлоi штодня прыносiў цi мяккага сыру, цi вянок з кветак, цi спелы яблык; аднаго разу прынёс цялятка-сысунка, пазалочаны драўляны кубак, маладзенькiх горных птушак. А яна, недасведчаная ў хiтрыках кахання, прымаючы гасцiнцы, цешылася, а яшчэ больш з таго, што яна цяпер мела чым абдорваць Дафнiса.

I аднаго разу, бо ўжо i Дафнiс павiнен быў спазнаць мукi кахання, усчалася ў яго з Дорканам спрэчка, хто з iх прыгажэйшы, а суддзёю мела быць Хлоя, а за ўзнагароду таму, хто пераможа, было прызначана пацалаваць Хлою. Першы Доркан вось што сказаў:

16

"Я, дзяўчына, большы за Дафнiса, дый я валапас, а ён казапас; i я нагэтулькi лепшы за яго, наколькi каровы лепшыя за козы; i белы я, як малако, валасы залацiстыя, як даспелае поле перад жнiвом, i выкармiла мяне мацi, а не якая жывёла. Ён жа малы i безбароды, як жанчына, i чорны, як воўк. Ён пасе казлоў i пахне пагана, а такi бедны, што i сабакi не пракормiць. Калi яго, як кажуць, паiла сваiм малаком каза, то нiчым ён ад казляняцi i не рознiцца".

Гэтак i падобна да гэтага казаў Доркан, а пасля яго – Дафнiс: "Мяне выкармiла каза, як Дзеўса. Я пасу коз, i яны большыя, чым Дорканавы каровы; я анi не пахну ад iх, як i Пан, хоць той больш як на палавiну сам казёл. У мяне ўдосталь сыру, i хлеба, спечанага на ражне, i белага вiна, а гэта – дастатак заможных сялян. Безбароды я, але такi i Дыянiс; цёмны я, але такi i гiяцынт; Дыянiс жа пераўзыходзiць сатыраў, а гiяцынт – лiлеi. Ён жа руды, як лiс, i барадаты, як казёл, а белы, як гарадская жанчына. I калi табе давядзецца пацалаваць каго, то мяне пацалуеш у вусны, а яго – у шчэць на барадзе. I ўспомнiш тады, дзяўчына, што цябе выкармiла авечка, а ты такая прыгожая".

17

Далей Хлоя не вытрымала, а ўзрадаваўшыся гэтай пахвале i ўжо даўно маючы ахвоту пацалаваць Дафнiса, ускочыла i пацалавала яго, хоць i прастадушна i няўмела, але так, што змагла душу распалiць. Доркан, засмучаны, пайшоў, шукаючы iншай дарогi да кахання; а Дафнiс, бы яго не пацалавалi, а ўкусiлi, тут жа спахмурнеў i часта ўздрыгваў, не могучы суцiшыць сэрца, яму не цярпелася паглядзець на Хлою, а як глянуў – аблiўся румянцам. Тады ён першы раз са здзiўленнем заўважыў, што валасы яе залацiстыя i вочы ў яе вялiкiя, як у цялушкi, i твар яе сапраўды бялейшы за казiнае малако, – быццам ён толькi што вочы займеў, а ўвесь час дагэтуль быў без iх. Цяпер ён да яды ледзь дакранаўся, а пiць калi хто прымушаў, ледзь абмочваў губы. Маўклiвы зрабiўся, а раней стракатаў больш за цвыркуноў, вялы зрабiўся, а некалi быў жвавейшы за коз; ён перастаў сачыць за чарадою, кiнуў сiрынгу; яго твар быў бляднейшы, чым трава ў сухмень. Толькi перад Хлояй быў гаваркi. I калi часам заставаўся без яе, вось так размаўляў сам з сабою:

18

"Што ж гэта зрабiў са мною Хлоiн пацалунак? Губы яе мякчэйшыя за ружы i вусны саладзейшыя за мёд, пацалунак вастрэйшы, чым пчалiнае джала. Часта цалаваў я казлянят, часта – маленькiх ягнят i тое цялятка, што падарыў Доркан; але гэты пацалунак нешта новае. Дыханне мяне пакiдае, сэрца хоча выскачыць, душа замiрае, а я ўсё ж зноў бы хацеў цалаваць. Ах, благая перамога: дзiўная хвароба, iмя якой я i назваць не ўмею. Можа, Хлоя атруты паспрабавала, перш чым мяне пацалавала? А як жа тады яна не памерла? Як спяваюць салаўi, а мая сiрынга маўчыць; як скачуць казляняткi, а я нерухома сяджу; як цвiтуць кветкi, а я вянкоў не пляту! Расцвiтаюць лiлеi i гiяцынты, а Дафнiс вяне. Няўжо Доркан неўзабаве будзе выглядаць прыгажэйшым, чым я?"

19

Так пакутаваў i казаў наймiлейшы Дафнiс, першы раз спазнаючы ў слове i яве каханне.

А Доркан, валапас, закаханы ў Хлою, прыпiльнаваўшы, калi Дрыяс паблiзу саджаў атожылкi вiнаграднай лазы, падышоў з некалькiмi адборнымi сырамi i даў iх у падарунак яму як старому прыяцелю з тых часоў, калi Дрыяс яшчэ сам пасвiў; пачаўшы з гэтага, перавёў ён гаворку на жанiцьбу з Хлояй. Калi б яму аддалi яе ў жонкi, ён абяцаў як валапас шмат каштоўных дароў: пару валоў пад плуг, чатыры раi пчол, пяцьдзесят ушчэпаў яблынь, валовую шкуру на падэшвы i штогод цяля, ужо адлучанае ад каровы; так што Дрыяс, спакусiўшыся гэткiмi падарункамi, амаль згадзiўся на шлюб. Але калi разважыў, што дзяўчына вартая лепшай долi, i збаяўся, што трапiць у непапраўную бяду, калi ўсё выйдзе наверх, у шлюбе яму адмовiў, перапрасiў яго i названых дароў не прыняў.

20

Доркан, другi раз ашукаўшыся ў сваёй надзеi i намарна страцiўшы добрыя сыры, надумаўся ўзяць Хлою гвалтам, калi яна будзе адна. I падгледзеўшы, што яны на перамену гоняць на вадапой свае статкi – аднаго дня Дафнiс, другога дзяўчына, прыдумаў ён акурат пастухоўскую хiтрасць.

Ён узяў шкуру вялiкага воўка, якога некалi бык, абараняючы сваiх кароў, закалоў рагамi, захiнуўся ў яе з галавы да ног, пярэднiя лапы нацягнуў на свае рукi, заднiя – на ногi ад сцёгнаў да пят, а раскрытая пашча прыкрыла яму галаву, як шлем цяжкаўзброенага ваякi. Прыкiнуўшыся як мага найлепш дзiкiм зверам, iдзе ён да ручаiны, з якой пасля пашы пiлi козы i авечкi. У вельмi глыбокай упадзiне была ручаiна, усё месца навокал глушылася цярнiнаю, ажынаю, нiзенькiм ялаўцом i бадзякамi; лёгка мог бы там i сапраўдны воўк ляжаць у засадзе. Схаваўшыся тут, Доркан чакаў, калi надыдзе час вадапою, i меў вялiкую надзею, што ён перапалохае сваiм выглядам Хлою i яна апынецца ў ягоных руках.

21

Прамiнула няшмат часу, i Хлоя пагнала статкi да ручаiны, пакiнуўшы Дафнiса зразаць зялёныя парасткi на корм казлянятам пасля пашы. Але сабакi, якiя беглi тут жа, сцерагучы авечак i коз, i па сабачай звычцы прынюхвалiся, учулi Доркана, як ён падпаўзаў, каб напасцi на дзяўчыну, голасна загаўкалi i кiнулiся на яго, як на сапраўднага воўка; i перш чым ён з перапалоху ўскочыў на ногi, аблажылi яго i пачалi рваць шкуру. Нейкi час ён яшчэ цiха ляжаў у гушчары пад накiнутаю шкураю, баючыся адкрыцца; але калi Хлоя, перапалохаўшыся пры першым поглядзе на яго, пачала клiкаць Дафнiса на дапамогу, а сабакi, сарваўшы воўчую шкуру, упiлiся ў яго цела, ён залямантаваў i пачаў прасiць дапамогi ў дзяўчыны i Дафнiса, якi ўжо прыбег сюды. Тыя зычным воклiкам хутка супакоiлi сабак, а Доркана, у якога былi пакусаны сцёгны i плечы, павялi да ручаiны, прамылi яму раны ад сабачых зубоў i прыклалi да iх зялёнай вязавай кары, пажаваўшы яе; яны палiчылi апрананне ў шкуру за пастухоўскi жарт, i, зусiм не гневаючыся, суцешылi яго, i, правёўшы яшчэ трохi пад рукi, адпусцiлi дахаты.

22

Доркан, выбавiўшыся з бяды i ўратаваўшыся, хоць i не з воўчай пашчы, як гэта кажуць, а з сабачай, пайшоў загойваць свае раны; а Дафнiс i Хлоя мелi шмат клопату, аж да ночы збiраючы коз i авечак: бо спуджаныя воўчаю шкураю i ўзбуджаныя сабачым брэхам адны з iх на скалы ўзбеглi, а другiя аж да мора дабеглi. Хоць i былi яны прывучаныя слухацца голасу i на сiрынгу супакойвацца, а калi пляснуць у далонi – збiрацца, але на той раз страх прымусiў на ўсё забыцца. З цяжкасцю, як зайцоў па слядах, расшуквалi iх Дафнiс i Хлоя i загналi ў аборы. Толькi тае начы заснулi яны глыбокiм сном i знайшлi ў стоме лекi ад мук кахання.

Але калi зноў прыйшоў дзень, зноў яны цярпелi ў той жа спосаб. Радавалiся, убачыўшыся, журылiся, расстаючыся, нечага прагнулi, але не ведалi, чаго прагнуць. Адно толькi ведалi яны, што яго загубiў пацалунак, а яе – купанне.

23

Распальвала iх i сама пара года. Вясна ўжо канчалася, лета пачыналася, усё было ў росквiце, дрэвы ў пладах, палi ў каласах; усцяж мiлае цыкад стракатанне, садавiны салодкае пахкае дыханне ды радаснае авечак бляянне. Можна было б падумаць, што рачулкi, спакойна воды коцячы, спявалi, што вятры сваiм подзьмухам па соснах на сiрынзе iгралi, што яблыкi ў знямозе кахання долу спадалi, што сонца, закаханае ў красу, усiх раздзявала.

Дафнiс, распалены ўсiм гэтым, кiдаўся ў раку, то плёскаўся ў вадзе, то ганяўся за разгулянаю рыбаю; а часта i пiў, як бы хацеў патушыць агонь усярэдзiне. Хлоя ж, падаiўшы авечак i многiх коз, доўга яшчэ ўпраўлялася, каб сквасiць малако; а мухi моцна даймалi i кусалi, калi яна iх праганяла. Пасля яна, умыўшы твар, прыбiралася вянком з хваёвых галiнак i, ахiнуўшы паяснiцу шкурай аляняцi, напаўняла посуд вiном i малаком, каб разам з Дафнiсам выпiць гэтага пiтва.

24

Калi ж надышоў поўдзень, вочы iх адразу трапiлi ў палон чараў. Бо яна, убачыўшы голага Дафнiса, уражаная яго дасканалай красою, знемагала, не знаходзячы ў яго нiякай заганы; ён жа, гледзячы на яе, апаясаную шкураю аляняцi, у хваёвым вянку, калi яна яму падавала кубак, думаў, што бачыць нiмфу з пячоры. Пасля ён хапаў у яе з галавы хваёвы вянок i надзяваў яго на сябе, спачатку пацалаваўшы гэты вянок; яна таксама, калi ён раздзяваўся i купаўся, захiналася ў яго вопратку, спачатку яе пацалаваўшы. Часамi яны кiдалi адно ў аднаго яблыкi або прыбiралi адно аднаму галаву, расчэсваючы валасы на прабор. I Хлоя параўноўвала яго валасы з мiртам, бо яны былi чорныя, ён жа яе твар параўноўваў з яблыкам, бо ён быў белы i румяны. Ён вучыў яе iграць на сiрынзе; але калi яна пачынала дзьмуць, ён выхоплiваў у яе i сам губамi перабiраў чароцiны; i ўдаючы, што папраўляе яе памылкi, прыдумаўшы прыстойную прычыну, праз сiрынгу цалаваў Хлою.

25

Аднаго разу апоўднi, калi ён iграў на сiрынзе, а чароды ляжалi ў цянi, Хлоя непрыкметна задрамала. Заўважыўшы гэта, Дафнiс адклаў сiрынгу, прагна агледзеў яе ўсю – цяпер жа ён анi не саромеўся – i патаемна i разам з тым цiха прашаптаў: "Як гэтыя вочы спяць! Як вусны салодка дыхаюць! Так не пахнуць нi яблыкi, нi кусты. Але я баюся цалаваць: пацалунак ранiць сэрца i, як малады мёд, прыводзiць у шаленства. I я баюся пацалункам разбудзiць яе. О гаварлiвыя цыкады! Яны не дадуць спаць ёй сваiм моцным стракатаннем. Яшчэ i казлы, б'ючыся, ляскаюць рагамi. О ваўкi, баязлiвейшыя за лiсоў, чаму ж вы iх не схапiлi?!"

26

Калi ён так казаў, цыкада, уцякаючы ад ластаўкi, якая хацела яе злавiць, упала Хлоi на грудзi; ластаўка – за цыкадаю, i хоць не змагла яе злавiць, але, гонячыся за ёю, праляцела так блiзка, што кранулася сваiм крыллем Хлоiнай шчакi. Не ведаючы, што з ёю здарылася, Хлоя моцна ўскрыкнула i прахапiлася са сну, але, убачыўшы над сабою ластаўку i Дафнiса, што смяяўся з яе спалоху, яна супакоiлася i працерла ўсё яшчэ сонныя вочы. Цыкада, што схавалася ў Хлоi на грудзях, адазвалася, нiбы той, хто шукаў прытулку, дзякаваў за свой ратунак. Зноў Хлоя галосна ўскрыкнула, а Дафнiс засмяяўся. I, карыстаючыся нагодаю, прасунуў руку мiж грудзей i выняў добрую цыкаду, якая i ў яго руцэ не маўчала. Хлоя ўзрадавалася, убачыўшы яе, узяла, i пацалавала, i зноў пасадзiла стракатлiўку сабе на грудзi.

27

Усцешыла iх раз туркаўка, прабуркаваўшы з лесу сваю пастушыную песеньку. I калi Хлоя захацела даведацца, што яна такое гаворыць, а Дафнiс ёй растлумачыў, расказаўшы вядомую казку: "Была, дзяўчо, адна дзяўчынка, такая прыгожая, як ты, i пасвiла яна ў лесе шмат жывёлы. А была яна пяюха, i кароўкi радавалiся яе спевам, пасвячы iх, яна не мела патрэбы нi бiць iх пастуховым кiем, нi пароць ражном; а садзiлася пад хвойкаю, прыбiралася ў хваёвы вянок, спявала пра Пана i Пiтыс, i каровы, зачараваныя спевам, не адыходзiлiся ад яе. Адзiн хлопец, што непадалёк пасвiў кароў i ўмеў спяваць гэтак жа, як дзяўчына, заспрачаўшыся з ёю, што лепш спявае, узвысiў свой голас, моцны, як у мужчыны, i мiлы, як у дзiцяцi, завабiў у свой статак восем яе найлепшых кароў i пагнаў iх. Дзяўчына, засмучоная стратаю жывёлы i няўдачаю ў спевах, молiць багоў, каб далi ёй лепей у птушку абярнуцца, чым дахаты вярнуцца. Багi слухаюцца i ператвараюць яе ў гэтую птушку, якая жыве, як тая дзяўчына, у гарах i гэтак жа прыгожа спявае, як яна. I сёння яшчэ, спяваючы, расказвае яна пра сваё няшчасце, спадзеючыся знайсцi сваiх заблуканых кароў".

28

Такiя ўцехi даравала iм лета. Але калi была восень у самым росквiце i саспеў вiнаград, прысталi ў тыя мясцiны тырыйскiя пiраты на лёгкiм карыйскiм судне (каб iх за варвараў не палiчылi), высадзiлiся, узброеныя мячамi i ў паўпанцырах, пачалi рабаваць усё, што траплялася пад рукi: духмянае вiно, шмат збожжа, скрылi мёду; пагналi яны i некалькi кароў з Дорканавага статка. Схапiлi яны i Дафнiса, якi блукаў па беразе мора; Хлоя ж як дзяўчына выганяла Дрыясавых авечак пазней, таму што баялася свавольных пастухоў. Убачыўшы прыгожага, дужага дзецюка, якi здаўся iм больш вартаю здабычаю, чым нарабаванае на палях, разбойнiкi не сталi трацiць больш намаганняў нi на коз, нi на iншае дабро ў ваколiцы, а пагналi яго на свой карабель, ён жа ўсё плакаў у роспачы i моцна клiкаў Хлою. Яны хутка адвязалi канат i, хапiўшы ў рукi вёслы, адплылi ў адкрытае мора; Хлоя якраз тады выгнала сваю чараду, несучы новую сiрынгу ў падарунак Дафнiсу. Але бачачы коз, якiя ў бязладдзi разбеглiся, i чуючы, як Дафнiс мацней i мацней гукае яе, яна, не думаючы больш пра коз i авечак, кiнула сiрынгу i памчала бегма да Доркана прасiць дапамогi.

29

Але той ляжаў цяжка збiты разбойнiкамi, ледзь дыхаючы, сыходзячы крывёю. Убачыўшы Хлою, ён адчуў у сабе iскру даўнейшага кахання i прамовiў: "Хлоя, я зараз памру; бязбожныя пiраты, калi я змагаўся за сваiх валоў, мяне самога забiлi, як вала. Але ты павiнна ўратаваць для сябе Дафнiса, папомсцiцца за мяне, знiшчыць iх. Я прывучыў сваiх кароў слухацца гукаў сiрынгi i збягацца на яе поклiк, нават калi б далёка яны дзе пасвiлiся. Дык iдзi ж i, узяўшы гэтую сiрынгу, зайграй на ёй тую песню, якой я некалi навучыў Дафнiса, а Дафнiс цябе; пра ўсё астатняе парупяцца мая сiрынга i мае каровы, што апынулiся там. Я дару табе гэтую сiрынгу, з якою ў змаганнi, хто лепшы, шмат валапасаў i аўчароў перамог. А ты за гэта пацалуй мяне, пакуль яшчэ жывы, i аплач мяне, калi памру. А калi ўбачыш другога пастуха, што будзе пасвiць гэтыя кароўкi, успомнi пра мяне".

30

Сказаўшы гэта, пацалаваў яе апошнi раз,i разам з гэтым пацалункам i гэтымi словамi адляцела яго душа.

А Хлоя, узяўшы сiрынгу i прыклаўшы да губ, зайграла наймацней, як толькi магла; i каровы чуюць песню, пазнаюць i, равучы, кiдаюцца ў адным парыве ў мора. Ад раптоўнага скачка карабель нахiляецца на адзiн бок, i пад цяжарам кароў марская бездань завiрыла, карабель пераварочваецца i тоне, хвалi сышлiся над iм. Тыя, што былi там, выскокваюць у ваду, але не ўсе з аднолькаваю надзеяй на ратунак. У пiратаў на поясе былi мячы, на грудзях лускаватыя паўпанцыры, а ногi аж да паловы прыкрывалi накаленнiкi, а Дафнiс, якi толькi што пасвiў на лузе коз, быў босы i напаўапрануты, бо гэтай парою было яшчэ горача. Нейкi час пiраты яшчэ плылi, але цяжкае ўзбраенне пацягнула iх у бездань; Дафнiс жа сваё адзенне лёгка скiнуў, але, плывучы, зазнаў мукi, бо раней плаваў толькi ў рэчках. Аднак пасля бяда навучыла, што яму рабiць; ён iрвануўся ў сярэдзiну кароў i, ухапiўшы аберуч дзвюх iх за рогi, рухаўся так без клопату i турбот, нiбы кiруючы павозкаю.

Гавяда ж плавае так, як нiводзiн чалавек, толькi ўступае вадзяным птушкам i самiм рыбам. Нiводная карова пры плаваннi не гiне, хiба толькi рог у яе на капытах размокне i адвалiцца. Пра гэта сведчаць аж да сёння многiя мясцiны на моры, якiя маюць назву "валовага броду".

31

Такiм чынам Дафнiс, насуперак усякаму спадзяванню, уратаваўся ад дваякай небяспекi: i ад разбойнiкаў адрабiўся, i ў моры не ўтапiўся. Выбраўшыся на сушу i знайшоўшы там Хлою, якая адначасна смяялася i плакала, кiнуўся ёй на грудзi i спытаўся, чаму яна на сiрынзе iграла; i яна яму ўсё расказала, як яна прыбегла да Доркана, i як яго каровы навучаныя былi, як ён загадаў ёй зайграць, i што Доркан памёр, толькi, засаромеўшыся, пра пацалунак не сказала. Пастанавiлi яны свайму дабрадзею апошнюю пашану аддаць, разам з Дорканавымi родзiчамi пахавалi няшчаснага. Яны шмат зямлi нанасiлi на яго магiлу, абсадзiлi яе многiмi садовымi дрэвамi i павесiлi ў гонар яго пачаткi свае працы; потым i малака ўзлiлi, расцiснулi вiнаградных гронак, паламалi шмат сiрынгаў. Чуваць было i жаласлiвае рыканне кароў, i вiдаць было iм пры гэтым, як трывожна кiдалiся яны туды i сюды, i, як разважылi аўчары i казапасы, гэта была пахавальная песня гавяды па сваiм мёртвым валапасе.

32

Пасля пахавання Доркана Хлоя купае Дафнiса, да нiмфаў яго адвёўшы. Тады першы раз у яго на вачах вымыла яна сваё цела, белае, чыстае ў сваёй красе, якому не трэба i купанне было, каб быць прыгожым; а пасля, назбiраўшы кветак, якiх толькi можна было знайсцi тою парою, прыбралi ў вянкi статуi, а Дорканаву сiрынгу ў ахвяру прывесiлi да скалы. Пасля гэтага яны пайшлi паглядзець сваiх коз i авечак. Але тыя ўсе ляжалi, нi травы не бралi, нi голасу не падавалi, а, як я думаю, яны, не бачачы Дафнiса i Хлоi, па iх сумавалi. Калi ж жывёла зноў убачыла iх, пачула, як заўсёды, iх воклiк i гукi сiрынгi, авечкi паднялiся i пачалi пасвiцца, а гарэзлiвыя козы скакаць наўкол, нiбы цешылiся ратунку свайго звыклага пастуха. Але ў душы ў Дафнiса не было радасцi, калi ён пабачыў Хлою голую, красу, дагэтуль прыкрытую, – адкрытаю. Сэрца яго балела, нiбы яго нейкая атрута грызла, ён то парывiста дыхаў, нiбы нехта за iм гнаўся, то задыхаўся, нiбы занямогся ад гэтай пагонi. Яму купанне ў ручаiне здалося страшнейшым за нядаўняе ў моры. Думаў, што душа ў яго ўсё яшчэ астаецца ў разбойнiкаў, бо быў малады, з вёскi i не ведаў яшчэ аб Эрасавым разбоi.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю