355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Latro Keola » Заўтра была адліга-1 (СИ) » Текст книги (страница 3)
Заўтра была адліга-1 (СИ)
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 14:00

Текст книги "Заўтра была адліга-1 (СИ)"


Автор книги: Latro Keola



сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 3 страниц)

10.06.2013. Да мяне на працу прыходзіў пажылы пісьменнік. Хоча выдаць кніжку. Гаварылі доўга. З усёй размовы запомніліся пісьменніцкія пальцы з даўно неабстрыганымі пазногцямі, пад якімі чорная зямля.

***

10.06.2013. Невысокія дзяўчаты і маладыя жанчыны паабувалі туфлі на абцасах па 20 сантыметраў і цяпер ходзяць, як высокія.

***

10.06.2013. Вычытаў: «Люди оскорбляют тремя способами. Они могут сказать, что ты глуп, назвать тебя рабом, упрекнуть в бездарности. Если такое случилось с вами, вспомните простую истину: только дурак назовет этим именем другого, только раб ищет ничтожество в другом, только бездарь оправдывает то, чего не понимает сам, чужой тупостью. Поэтому никогда ни на кого не обижайтесь и не оскорбляйте сами, чтобы не прослыть глупыми бездарными рабами».

***

1.06.2013. Размаўляў з Валерыем Аляксандравічам Яроменкам. Ён мне расказаў, што на востраве сярод балота каля возера Дрывяты да 1951 года ў забітаніраваных зямлянках, абвешаных дыванамі, хаваліся «лясныя браты». У бандзе было 70 чалавек. Час ад часу бандыты рабілі вылазкі і публічна вешалі старшынь калгасаў і камуністаў. З вёсак забіралі дзяўчат і гвалтавалі да смерці. Былы стараста паліцыі, які быў камандзірам банды, пасля распраў над камуністамі, набраўшыся нахабства, тэлефанаваў мясцоваму начальніку КДБ Аляксандру Андрэевічу Яроменку і пытаўся: «Як там твой сын вучыцца? Скажы яму, калі не будзе слухацца бацьку, то я прыйду і пакараю яго!»

***

12.06.2013. На жаль, хата без бацькоў стала больш роднай, чым была пры іх жыцці.

***

17.06.2013. Каля мурашніка спелыя суніцы, як чырвоныя ліхтары на мурашынай вуліцы.

***

17.06.2013. Іржавыя цвікі на асфальце, як мёртвыя дажджавікі.

Уладзімір Стальмашонак і газеты

19.06.2013. Калі я вадзіў дзяцей у пачатковыя класы мастацкай школы, што на Камуністычнай вуліцы, то часта па пятніцах каля кіёска на Старажоўскай сустракаў мастака Уладзіміра Стальмашонка. Аднойчы я запытаўся: «А ці не лепей выпісаць «ЛіМ» і «Культуру», чым хадзіць і кожны раз іх купляць?» Уладзімір Іванавіч усміхнуўся і сказаў: «Калі б не газеты, то я сядзеў бы дома цэлымі тыднямі і мы ніколі б не сустрэліся і не пагаварылі.»

***

19.06.2013. Усё чытаю і чытаю чужыя рукапісы. Добрыя творы, як родныя, радуюць душу, а кепскія толькі раздражняюць, як галодныя бяздомныя сабакі, якім у мяне няма чаго даць.

***

22.06.2013. Ездзіў у родныя Пугачы.

Аўтобус ішоў праз Русакі каля Лягез, дзе я да школы гадаваўся ў бабулі Ганны. З-за дрэў, якія выраслі, вёскі амаль не бачна. Бачна толькі тое, што помніцца з дзяцінства.

У вёсцы Салаўі, праз якую я з мамай хадзіў у Лягезы, салаўёў не чуў, а кожны раз сабакі гаўкалі.

Кудзяўцы. Карнюткі. Звяркі. Караблі. За кожнай назвай вёскі ў мяне цэлыя гісторыі, перажытыя мной, і яны ўва мне, як у скарбонцы, захоўваюцца.

Гляджу на азярыну ў Хмарышках і на беразе бачу сябе малога з вудай. Чырвоны паплавок то знікае ў вадзе, то выплывае, а я ўсё не выцягваю леску, бо нельга два разы злавіць адну і тую ж рыбіну.

З пашы гоняць калгасных кароў. Яны ідуць, як ваеннапалонныя, якіх расстраляюць.

На гары стаяць тры кароўнікі. У крайнім справа працавала мая мама даяркай. І я, будучы школьнікам, часта дапамагаў ёй даіць кароў. А можа, і не часта. Я і цяпер бы пайшоў на кароўнік дапамагаць маме, але.

На прыпынку ў Пугачах нікога няма. Была б мама, яна б стаяла і сустракала аўтобус.

Роднай хаты з-за бяроз і яблынь адразу не бачна, таму думаецца: «Ці цэлая там хата?»

Насценны гадзіннік не спыніўся. Жыццё ў хаце не спынілася.

У кране няма вады. Няўжо нам адключылі? І ў калонцы на вуліцы няма. Ужо крыху весялей.

У агародзе ўсё расце. Найбольш трава.

За працай час ляціць, як першае жоўтае лісце з дрэў.

Захмурылася. Узяўшы свайго «Пугачоўскага цырульніка», пайшоў у госці да Шнапса (Лёнькі Шніпа). Мама да яго не пусціла б.

З часу пасадкі бульбы я ўжо, здаецца, шосты раз у вёсцы. З кожным прыездам усё ўпэўненней іду па вуліцы і ўсё больш атрымоўваю задавальнення ад роднай прыгажосці, якая не хаваецца ад мяне.

Зайшоў да Лёнькі Шніпа ў двор. Ціха. Можа, нікога дома няма? Не. Бачу Лёнькаву жонку ў градах. Ды і Лёнька раптам з’явіўся. Абняліся, як родныя, і нібыта толькі ўчора развіталіся. А не бачыліся мы гадоў 20.

Жонка ў Лёнькі з Ракава. На гадоў 20 маладзейшая за яго. А Лёнька нарадзіўся ў 1949 годзе.

«Пугачоўскага цырульніка» Лёнька ўжо крыху чытаў – прыносіла Ліда Шніп. «Можа, я там абы-чаго пра вёску і вяскоўцаў панапісваў?» – пытаюся. «Усё правільна!» – усміхаецца суразмоўца і прапануе: «Самагонка? Віно? Кава? Гарбата?» – «Гарбата!» – адказваю. «А я ўжо 15 гадоў як закадзіраваны! Цяпер жыву як чалавек!» – кажа Лёнька і разлівае па кубках травяны напой.

На вуліцы пачынаецца навальніца, а я грому амаль не чую, бо слухаю расповед пра Пугачы, пра якія не ведаю.

«Мой дзед Канстанцін Пятровіч Шніп за ваенную кампанію 1877 года на Шыпцы атрымаў у Пугачах добры кавалак зямлі. І вось гэтая хата, якая стаіць у садзе, была ім збудавана.»

«Бацька твой служыў у берыеўскіх войсках. І яшчэ адзін вясковец быў у тых войсках.» Пачуўшы гэта, я падумаў: «Дык вось чаму бацька нічога пра службу з 1950 года па 1953 не расказваў. І гэта таму пасля войска яму прапанавалі быць міліцыянерам у Чысьці. І, відаць, быў бы, калі б ягоная маці не сказала: «Не хапала тут нам паліцыянтаў! Ідзі і аддай назад гэтыя балаханы!» І бацька пайшоў у Радашковічы і аддаў міліцэйскую форму. Праўда, пасля гэтага працаваў усё жыццё на ферме то падвозчыкам, то пастухом.

«Бацька мой, Канстанцін Канстанцінавіч Шніп, служыў у войску польскім. Калі пачалася вайна і нас захапілі Саветы, бацьку ў ліку дзвюх тысяч польскіх салдат гналі з Радашковіч на расстрэл пад Мінск. Аховы было чалавек 10. Можна было ўцячы, але ўсе былі сяляне і ўсе пакорна ішлі насустрач сваёй смерці. Гэта было, калі ўжо жыта красавала. За Радашковічамі раптам над калонай, страляючы па ўзбоччы дарогі, праляцелі нямецкія самалёты. Пачалася паніка і ўсе палонныя разбегліся па жыце. Бацька вярнуўся дамоў і ўсю вайну прасядзеў у падполлі.»

«У 1939 годзе, калі ў вёску прыйшлі Саветы, у бацькі забралі цэлы воз кніжак і розных дакументаў, якія ён меў. Два мяшкі кніжак бацька закапаў, і яны цяпер у мяне ёсць. Кніжкі на польскай і на беларускай мове.»

«Найлепшая бібліятэка ў тваёй цёткі Валянціны Іосіфаўны. У яе ёсць кніжкі 20-х і 30-х гадоў, а таксама выданні, што выходзілі ў час нямецкай акупацыі.»

«Маці мая Вольга Аляксееўна Мятліцкая нарадзілася ў Кудзяўцах, а бацька яе быў недзе з Палесся. Яна ў 30-я гады была добра знаёмая з Сяргеем Пясецкім, які жыў у Ракаве і потым стаў вядомым пісьменнікам. Пясецкі прапаноўваў ёй выйсці за яго замуж, але мая будучая маці выбрала Шніпа Канстанціна Канстанцінавіча.»

«Пры паляках на плоце былі шыльды з пазнакай дома і такія ж шыльды былі на вазах. Калі на базары конь накладаў кучу, то штраф выпісваўся ў памеры пяці злотых. За 10 злотых можна было купіць 4 пуды жыта. 10 злотых каштаваў 1 даляр. Бацька мой не любіў золата. Карыстаўся папяровымі грашыма.»

«На цэлы павет быў адзін паліцыянт і яго хапала.»

«У Гарадку пры паляках быў зямельны банк, дзе можна было браць грошы. Давалі не ўсім. Глядзелі, які чалавек. Ці п’яніца, ці рабацяга? Толькі пасля пяці гадоў трэба было вяртаць грошы і то паўтара працэнта гадавых...»

«Вярбіцкая хата пры паляках належыла пану Юркоўскаму. Там была крама. Можна было браць у доўг...»

«У 1968 годзе ў раёне Івянца ў пушчы былі знішчаны апошнія “лясныя браты”...»

Незаўважна пад мелодыю навальнічнага дажджу праляцела амаль тры гадзіны. Мы з Лёнькам сфатаграфаваліся і дамовіліся, што я, прыехаўшы ў Пугачы, не буду мінаць яго хаты.

***

25.06.2013. Да мяне на працы ў кабінет зайшла жанчына з прапановай купіць губную памаду. «Навошта мне памада? Я ж мужчына!» – сказаў я. «А я вось дзесяць гадоў таму пісала вершы і прыносіла ў ваша выдавецтва Дранько-Майсюку! Ніякага толку! Цяпер памаду прадаю! І мяне палова Мінска ведае!» – усміхнуўшыся на развітанне, жанчына выйшла з кабінета.

Дома ў Быкава

27.06.2013. Хадзіў да Ірыны Міхайлаўны Быкавай. Насіў на подпіс дамову на выданне кнігі «Пакахай мяне, салдацік!» Васіля Быкава. Ішоў з нейкай незразумелай трывогай, нават са страхам, што яна адмовіцца ад выдання кніг у «Мастацкай літаратуры». Хваляванне было дарэмным. Ірына Міхайлаўна сустрэла мяне з даверам, адразу ж прапанавала пачаставацца. Пасля таго, як я расказаў пра сустрэчы з Васілём Уладзіміравічам і пра добрыя адносіны з нашымі агульнымі знаёмымі, Быкава яшчэ больш параднела. Менавіта параднела, бо я стаў сябе адчуваць як дома ў роднага чалавека. Учора ў Ірыны Міхайлаўны ў гасцях было 16 чалавек і яна недзе паклала акуляры і цяпер дрэнна бачыць, таму я паказваў, дзе распісацца, і яна распісвалася. Завёўшы ў кабінет Быкава, сказала: «Музейцы хацелі ўсё забраць, каб вызваліць кабінет. Я адмовілася, бо тут душа Васіля Уладзіміравіча!» У кніжнай шафе за шклом на паперы фламастарам напісана:

«Бывай, родная хата! вітанне новым гаспадарам! Васіль Быкаў. 20.07.2000 г.».

«Г эта Васіль напісаў, калі пакідаў назаўсёды кватэру. Ён адчуваў, што ўжо ніколі сюды не вернецца, хоць пасля гэтага пражыў яшчэ тры гады. Калі ў вас ёсць якія аўтографы Быкава, то прынясіце мне – я іх збіраю для музейнай экспазіцыі». Пасля паўгадзіннай размовы мы дамовіліся, што як выйдзе кніга, то я прынясу пару экзэмпляраў. Развітваючыся, Ірына Міхайлаўна выйшла за мной на лесвічную пляцоўку і сказала: «Прыходзьце ў госці з жонкай, з Барысам Пятровічам! Не забывайцеся!» А я, вяртаючыся на працу, падумаў: «Вось такімі душэўнымі і гасціннымі, як Ірына Міхайлаўна, павінны быць жонкі ў пісьменнікаў!»

***

28.06.2013. Па выдавецкіх справах прыходзіў Васіль Зуёнак. Узгадалі Янку Сіпакова. Гаворачы пра нечаканую смерць Івана Данілавіча, Васіль Васільевіч сказаў: «У Сіпакова была анкалогія, але ён пра гэта нікому не казаў. Ён быў скрытны. Блізкіх сяброў на старасці не меў. Ды і пры жыцці ён сябраваў, здаецца, толькі з Барысам Сачанкам. Сачанка памёр, і Сіпакоў застаўся адзінокім.»

***

30.06.2013. На выходных быў у Мосары, Глыбокім, Шаркаўшчыне і на двух Браслаўскіх азёрах. Вярнуўся дамоў, нібыта дома не быў цэлы тыдзень.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю