355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Latro Keola » Заўтра была адліга-1 (СИ) » Текст книги (страница 1)
Заўтра была адліга-1 (СИ)
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 14:00

Текст книги "Заўтра была адліга-1 (СИ)"


Автор книги: Latro Keola



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 3 страниц)

Віктар ШНІП

ЗАЎТРА БЫЛА АДЛІГА

Студзень. 2013

***

1.01.2013. Упершыню за апошнія чатыры гады мама і тата Новы год сустрэлі разам – на Ракаўскіх могілках...

***

7.01.2013. Прыснілася. З мамай вярнуўся з поля, дзе выбіралі бульбу. Папілі вады і залезлі на печ грэцца сярод падушак. Печ цёплая. Мама кажа: «Кінулі бацьку. Не глядзелі. Не бераглі, і ён памёр...» Я не апраўдваюся, але кажу: «Усе памром. Ніхто вечна жыць не будзе...» Мама хоча нешта сказаць, але не можа, бо з рота цячэ вада...

***

10.01.2013. Прыходзіў сын Якуба Коласа Міхась Канстанцінавіч. Прынёс рукапіс кнігі пра Янку Маўра для выдавецтва, а для мяне кнігу з серыі «ЖЗЛБ» «Якуб Колас. У думках, у сэрцах, у песнях» з дэдыкацыяй: «Стараўся, назбіраў я – успамінаў кіпу! За іх выданне – дзякуй Шніпу!»

***

11.01.2013. Чытаю рукапіс славацкага паэта Яна Замбара ў перакладзе Вікторыі Ляшук. Цікавая еўрапейская паэзія. Цяпер і ў нас так пішуць і нават лепей. Запомніліся радкі:

О, лагод агрэсарка, вітаю.

Тваё цела – набітая зброя,

кожны твой рух – бліскавіца стрэлу.

Асеў,

скошаны двухстволкай тваіх ног.

***

13.01.2013. Люда пастрыгла мяне. Накідка, якой яна прыкрывала мяне ад стрыжаных валасоў, яшчэ пахне бацькам, якога я стрыг напачатку лістапада.

***

14.01.2013. Яшчэ ўсё палохаюся тэлефонных званкоў, бо здаецца, што мне скажуць: «Гэта звоняць з Ракава. З бальніцы. Ваш бацька памёр. Заўтра прыязджайце і забірайце...» А мінула ўжо тры тыдні, як я пачуў гэтыя словы.

***

14.01.2013. Ранкам на працы, як развіднела, зірнуў у акно. І ўбачыў горад белы, як намаляваны крэйдай.

* * *

15.01.2013. Каля кнігарні «Светач» сустрэў Алеся Разанава, з якім мы, гаворачы пра жыццё-быццё, праклалі па снезе пункціры нашых слядоў да Нямігі.

***

16.01.2013. Бацькі жывуць ува мне.

Усё сыходзіць і знікае,

І не паўторыцца ані

Ні восень рыжа-залатая,

Ні шэрыя, як мышы, дні...

***

17.01.2013. На вуліцы снегу, як у дзяцінстве...

***

18.01.2013. Сумна і адзінока, як у бяскрайнім заснежаным полі...

***

18.01.2013. Да бацькавых слоў «мама была добрая.» дадалося «бацька быў добры.»

***

24.01.2013. Бацькі памерлі, а страх, што яны вось-вось памруць, і сёння жыве ўва мне.

***

25.01.2013. Нараджаемся і жывём, каб пахаваць тых, хто памрэ раней за нас.

***

25.01.2013. Нечакана зарыфмавалася:

Жыццё забівае паэтаў

Дурной галавой аб асфальт.

Чытаем пра гэта з газетаў,

І кожны, хто піша – Уайльд.

***

26.01.2013. Снег, як белая моль, над намі лятае.

***

26.01.2013. Хадзіў да цешчы. Калі падыходзіў да дома, здалёку ўбачыў над дзвярыма, якія былі ўпрыгожаны каляровымі стужкамі і шарыкамі, плакат: «Нявеста. Цілі-цілі-цеста! З нашага пад’езда!». Зайшоўшы ў пад’езд, дзе стаялі тры мужыкі, пачуў: «Вы жаніх?»

***

26.01.2013. Цешча расказвае: «Калі Люда была малая, я ў час адпачынку павезла яе ў Малдавію. Адпачывалі каля возера. Сядзім на беразе. Загараем. Раптам бачу, што Люды няма. Куды дзелася? І тут бачу: стаіць мая Люда сярод возера на вадзе.»

***

26.01.2013. Размаўляючы з цешчай, пачуў: «Калі памерла мая мама, я доўгі час ездзіла ў Чыжоўку да яе магілы. І неяк, папраўляючы свечку, так апякла палец, што аж узнік велізарны пухір. А ў мяне дома бялізна замочаная з парашком. Як цяпер мыць? І расказала я пра гэта памерлай маме, і, калі прыехала дамоў, на пальцы і знаку не было ад апёку.»

***

30.01.2013. Зарыфмаваўся настрой:

Нас штодня забівае самота

І не можа да смерці забіць,

Бо мы ходзім-паўзём на работу

Хоць не хочам нікуды хадзіць,

І самота вандруе за намі,

Спакушае да вусмерці піць,

Каб мы п ’яныя вылі ваўкамі:

«Аніхто нас не хоча любіць!»

***

30.01.2013. Ранкам па рэдакцыйных справах тэлефаную ў Быхаўскі райвыканкам: «Добры дзень!» – «Здароў!» – чую ў адказ. «Добры дзень!» – паўтараю. «Здароў!» – бурчыць мужык. «Гэта Быхаў?» – пытаюся. «Я не бухаў!» – чуецца крык, і я кладу трубку, разумеючы, што патрапіў не туды, куды хацеў.

***

31.01.2013. Яшчэ знайшоў пару слоў пра свайго сваяка: «Усе беларускія паломніцтвы ў Кальварыю, якія ладзіліся перад Другою сусьветнаю вайною, не абышліся безь ягонага (Глякоўскага) удзелу, а ў 1939 г., калі ўжо былі выселены зь Вільні ксяндзы Станкевіч і Талочка, ксёндз Глякоўскі ачольваў беларускае паломніцтва. Маючы на сэрцы справу рэлігійнага жыцьця моладзі, ён заснаваў першы беларускі рэлігійны часапіс для дзетак «Пралескі» і выдаваў яго да 1939 г.

Для беларускіх студэнтаў ён зарганізаваў у часе Вялікага Посту рэкалекцыі; толькі ў 1939 г. ня сам кіраваў рэкалекцыямі, а папрасіў дапамогі беларускага езуіта айца Шніпа, які быў прэфэктам малое езуіцкае духоўнае сэмінарыі ў Вільні. А для самога сябе ён браў духовую ежу ў малітве перад Вострабрамскім абразам Маці Божае. Агулам дзейнасьць ксяндза Глякоўскага была тою душпастырскаю дзейнасьцю, якая найбольш патрэбна ў парахвіях і моладзі ў школе».

Люты

***

1.02.2013. У сасновым лесе карэнне дрэў віднеецца з зямлі, як утаптаныя ў зямлю змеі і вужакі.

***

4.02.2013. Сёння заходзіў да мяне змардаваны жыццёвымі праблемамі пісьменнік, які за апошнія два месяцы пахудзеў на трыццаць кілаграм. Г аворачы пра жыццё-быццё, ён прызнаўся: «Калі б не праца над кнігай, я б павесіўся!»

***

5.02.2013. У снах цікавей і весялей, чым у жыцці. Там бацькі жывыя.

***

6.02.2013. Маме было кепска і яна ела з талеркі тварог, як снег.

***

6.02.2013. Другі месяц у выдавецтве чытаем рукапісы, у якіх шмат сексу. Мы не супраць сексу, але ж... Апошні хіт з прачытанага: «Ён зняў з яе трусікі ў кветачкі, а яна тут жа ўхапілася за яго свабодны мікрафон.»

***

7.02.2013. Цэлы дзень адпрацаваў на выставе. Цяпер у вачах людзі і кнігі, кнігі і людзі, і бесперапынны выдавецка-чытацкі гуд, у якім нараджаюцца і адразу гінуць непаўторныя вобразы нашага часу.

***

8.02.2013. На кніжнай выставе сустрэў Юру, які ў 2002 годзе, калі ствараўся холдынг «ЛіМ», курыраваў мяне як галоўнага рэдактара штотыднёвіка. Павітаўшыся і пазнаёміўшы з Анатолем Длускім, ён адразу ўспомніў мой верш «Беларускае мора» і прапанаваў з яго нарэшце зрабіць песню. Цяпер Юра займаецца пчоламі.

***

9.02.2013. Прадаваў свайго «Пугачоўскага цырульніка». Няёмка, што дорага. 65 тысяч. І страшнавата, калі купляюць тыя, пра каго ёсць у кніжцы, а такіх вельмі шмат. Сёння кнігу купіў знаёмы мастак. Спадзяюся, што ён не здагадаецца, што гэта пра яго: «Прыходзіў мастак, які ўжо шаснаццаць гадоў піша вершы. Творы цікавыя і месцамі вельмі нядрэнныя. Праўда, рыфмы не ўсе дакладныя. Амаль паўгадзіны давялося даказваць, што «рэдзька – феня» і «река – вода» не рыфмуюцца... »

***

11.02.2013. Ранкам, ідучы на працу і думаючы пра бацькоў, узгадаў слова «дабро», якое яны ўжывалі, гаворачы пра жыта: «У нас там яшчэ пару мяшкоў дабра ёсць. Трэба адзін на муку змалоць.»

***

13.02.2013. Прыснілася, што еду ў вёску на аўтобусе. У Ракаве даведваюся, што бацька і мама хочуць дома пабыць адны, таму просяць, каб я прыехаў праз тыдзень. Што рабіць? Вяртацца назад у Мінск? Не. І я паехаў у Валожын. Вечар. Тэлефаную Міхасю Курылу: «Можна, я ў цябе пераначую?» Сябра кажа, што ён развёўся і цяпер яму самому няма дзе жыць. Успамінаю пра гасцініцу, у якой калісьці начаваў. Прыходжу. Плачу за адну ноч 65 тысяч і сам сабе думаю: «Чаму столькі каштуе ноч у гасцініцы, як мая кніжка «Пугачоўскі цырульнік»?» Людзей у гасцініцы шмат, і ўсе лысыя. І я пачынаю ўспамінаць бацькоў, якія цяпер адны ў вёсцы, і прачынаюся.

***

15.02.2013. Сёння год, як мама адышла ў лепшы свет.

Ужо аніколі мне ў роднае хаце

Не будзе больш бацькі, не будзе больш маці,

І мне ў роднай хаце таксама не жыць.

Між мною і хатай крыж чорны ляжыць,

Якім перакрэслена сонца маё.

Лістота на дрэвах, нібы вараннё,

Чарнее ды з дрэваў не хоча злятаць...

***

19.02.2013. Ідучы ў Музей гісторыі беларускай літаратуры на прэзентацыю кнігі Навума Гальпяровіча «Сюжэт для вечнасці», спыніўся на мосце праз Свіслач, каб паназіраць за качкамі. Праз хвіліну да мяне падышла жанчына і, паглядзеўшы, куды я гляджу, сказала: «А ў нас, у Лідзе, лебедзі сёлета зімуюць.» – «Качкі падобныя на вялізарных каларадскіх жукоў.» – працягнуў размову я. «Сапраўды.» – адказала жанчына і пайшла да станцыі метро «Няміга».

***

20.02.2013. Вершы ў кнізе, як чорны пясок на белым лёдзе.

***

20.02.2013. Вяртаючыся з працы і марачы пра вясну, нашаптаў:

Белы свет у траве, як зялёнае мора,

У якім усе мы кожны міг патанаем,

І, крыжамі сваё пазначаючы гора,

Мы ратунку ад мора сабе не шукаем...

Харошая паэтка

21.02.2013. Сёння на працы да мяне на прыём было шмат народу, нібы ў час грыпу ў паліклініку. Пад абед знаёмы выкладчык прывёў (сам тут жа ўцёк) жанчыну, якая піша вершы. На маю просьбу даць пачытаць рукапіс жанчына сказала, што яна ўсе свае творы ведае на памяць, і тут жа пачала: «Хороший город Ленинград...» Закончыўшы чытаць, паэтка сказала: «А цяпер паслухайце пра Машэрава! Харошым быў у нас Машэраў...» Праслухаўшы некалькі строф пра Машэрава, я пацікавіўся: «Можа, у вас ёсць вершы пра каханне, пра прыроду?..» І тут жа пачуў: «Ёсць! Слухайце! “Харошае было між нас каханне. Харошая цяпер у нас прырода...”»

***

22.02.2013. Аляксандр Твардоўскі, які працаваў рэдактарам, зайздросціў Някрасаву-рэдактару: «Некрасову было хорошо. Он мог прочесть две строчки и швырнуть рукопись в камин. А я не могу, меня потянут куда следует». І я не магу, і не толькі я.

Чаму?

25.02.2013. Сёння паэту Алесю Пісьмянкову было б 56 гадоў. З гэтай нагоды ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры прайшла прэзентацыя ягонай новай кнігі выбраных твораў «Не знікай». На вечарыне было шмат слухачоў, шмат успамінаў, вершаў Алеся і песень на яго словы. Не было ні жонкі паэта, ні сыноў, і ўсе адзін у аднаго пыталіся: «Чаму?»

Багушэвіч і бурак

25.02.2013. Калі закончылася прэзентацыя кнігі Алеся Пісьмянкова «Не знікай», да мяне падышоў Уладзімір Содаль і запытаўся: «А ці ведаеце, чаму ў Францішка Багушэвіча адзін з псеўданімаў быў Мацей Бурачок?» – «Не!» – адказаў я. «У той час, калі жыў і тварыў Багушэвіч, бедныя людзі не мелі падсвечнікаў для свечак і таму яны ставілі свечкі ў бурак. Свечка ў бураку была своеасаблівым светачам, і Багушэвіч быў светачам, таму ён і ўзяў псеўданім Мацей Бурачок. Трэба будзе сказаць мастакам, каб яны намалявалі Багушэвіча з бураком, у якім, як у падсвечніку, гарыць свечка!»

***

25.02.2013. Тэлефанаваў Леанід Маракоў, у якога нядаўна ў «Мастацкай літаратуры» выйшла кніга «Галоўная вуліца Мінска (1880 – 1940гг.). Доўга скардзіўся, што да яго дазванілася старая жанчына і накрычала на яго: «Вы напісалі хлусню! У майго прадзеда, які быў вядомым лекарам, у 1914 годзе не было дзвюх кватэр! Ён быў бедным! У яго была адна пяціпакаёвая кватэра!»

Спакойна!

25.02.2013. Калі адзін чалавек цябе хваліць, то гэта толькі адзін чалавек, а не мільён. І калі цябе адзін крытыкуе, то гэта адзін чалавек, а не мільён. І калі цябе журы, у якім 10 чалавек, прызнае лепшым, то гэта толькі думка дзесяці чалавек, а не 10 мільёнаў. І калі цябе 10 чалавек журы пракінулі, то гэта толькі дзесяць чалавек, а не 10 мільёнаў. І таму няма чаго радавацца, што цябе хваляць, і таму няма чаго перажываць, калі цябе пакрытыкавалі.

Паэты

26.02.2013. У старога паэта быў дзень народзінаў. Паэт адчуваў сябе кепска, таму яму было не да гасцей. З самага ранку не заціхалі тэлефонныя званкі. Стары паэт радаваўся, як дзіця, што пра яго не забыліся сябры і знаёмыя. І раптам званок у дзверы. Павіншаваць старога паэта прыйшоў немалады паэт. Прыйшоў з пляшкай каньяку і з фатографам. Праз паўгадзіны немалады паэт выпіў сваю пляшку каньяку, а фатограф зрабіў каля сотні здымкаў двух паэтаў. А яшчэ праз некалькі хвілін у вітальні старога паэта засталіся дзве невялікія брудныя калюжыны ад расталага снегу, што быў на ботах гасцей.

***

26.02.2013. Мужчыну прыснілася жонка, якая, сагнуўшыся ў тры пагібелі, мые падлогу. Паглядзеўшы, што нікога паблізу няма, мужчына разагнаўся і нагой даў жанчыне пад зад. Ачнуўся ў бальніцы з пераломам нагі, якой у сне стукнуў у сцяну.

Сакавік

***

2.03.2013. Быў у майстэрні Алеся Квяткоўскага. Палюбаваўся новай карцінай «Паэт Віктар Шніп. Граждан і Сабака». Алесь рыхтуецца да выставы «Песні дрыгвы» па маіх белых вершах. Казаў, што ў нашай дрыгве некаторыя ўжо бачаць болей, чым напісана і намалявана.

***

4.03.2013. Да мяне на працу заходзіў Вячаслаў Рагойша. У наступным годзе нашаму Ракаву спаўняецца 550 гадоў. Вячаслаў Пятровіч думае, як адзначыць гэты юбілей і хоча падключыць да правядзення мерапрыемства мяне і Люду. Мы не супраць, а тым больш, што цяпер крыжамі маіх бацькоў мы прыбіты да Ракаўскай зямлі.

***

4.03.2013. Вада ў Свіслачы амаль цалкам вызвалілася з-пад лёду і цяпер, як ртуць у градусніку, паказвае на вясну.

***

5.03.2013. Гляджу праз акно на людзей, якія няспешна на светлафор пераходзяць вуліцу, і раптам кажу знаёмаму: «Пераходзяць вуліцу, як ваеннапалонныя...» – «Чаму, як ваеннапалонныя?» – «Таму, што няспешна і ўнурыўшы галовы ў плечы.»

***

5.03.2013. З акна кожны дзень бачу, як на месцы філфакаўскага інтэрната капаецца катлаван пад будаўніцтва новага будынка. І чамусьці заўсёды думаецца, што катлаван капаецца, як велізарная магіла.

***

6.03.2013. На працы, перабіраючы старыя паперы ў шуфлядах, знайшоў паперчыну з фрагментам свайго верша, якога цалкам, здаецца, у мяне няма. Занатаваў у сваім дзённіку з-за трэцяга і чацвёртага радкоў:

...Гучыць і над зямлёй плыве

Праз нашы душы, як вякі,

Дзе чорныя чарнавікі,

З якіх, нібы з раллі, ўстае святло

Самотнае, як тое, што было,

І вечнае, як закапаны клад...

***

6.03.2013. Калі прыйшоў час памерці, то ніякія дактары цябе не ўратуюць. Учора памёр прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес. І што мне тут казаць пра свайго бацьку, які быў пастухом.

***

6.03.2013. Гляджу як будуецца высотны дом. На будаўніках чырвоныя каскі, як божыя кароўкі, якія грэюцца пад вясновым сонцам.

***

7.03.2013. Праглядаючы навіны «ТОТ.ВY», натрапіў на «Выбираем самых успешных белорусок», дзе ў спісе з 41-й жанчыны ўбачыў імя Людмілы Рублеўскай. Выбар «топ-10 паспяховых беларусак» арганізаваны ў межах сумеснага праекта «Сакрэт поспеху» Фонду ААН у галіне народанасялення і LADY.TUT.BY. Не магу крычаць, што мая Людміла самая паспяховая ў нашай краіне, але тое, што яна самая працавітая – гэта факт.

***

8.03.2013. Яна ішла па снезе, як па белых ружах.

***

10.03.2013. Нядзельная раніца. Па нашым двары ходзяць вароны і галубы, нібыта ўсе людзі ператварыліся ў гэтых птушак.

***

10.03.2013. Праз сквер вяртаюся з крамы па сцяжыне, па якой хадзіў да бацькі. Іду і спінай адчуваю, што бацька глядзіць мне ўслед. Адварочваюся і бачу на сцяжыне сініцу.

***

13.03.2013. Заходзіла адзінокая жанчына гадоў сарака. Піша вершы і прозу. Яшчэ нідзе не друкавалася. Скардзілася амаль на ўсё на свеце. Пайшла, а ў мяне зарыфмавалася:

У словах тваіх адзінота

Схавана, бы ў снезе вада.

Жывеш (хоць і жыць не ахвота),

Як кошка жыве без ката...

***

15.03.2013. З самага ранку да мяне на працу прыйшла пажылая жанчына і заявіла: «Вы не паверыце! У мяне кот напісаў верш!» – «НапісАў ці напІсаў?» – запытаўся я. «Я ж сказала напісаў!» – «НапісАў ці напІсаў?» – «Не дурыце мне галаву сваім пытаннем!» – разлавалася жанчыны і, бразнуўшы дзвярыма, выйшла з кабінета.

***

16.03.2013. У горадзе снегу, як у лесе.

***

16.03.2013. Вясна. Жабы яшчэ не прачнуліся, а графаманы адзін за адным ужо ходзяць па рэдакцыях.

***

16.03.2013. Праз гурбы прабіраюся да крамы. У галаве гучыць радок: «Як пасля снежнага выбуху!»

***

17.03.2013. Машыны ў снезе, як рознакаляровыя цукаты ў белым зефіры.

У Слонім і дамоў

20.03.2013. З Уладзімірам Мазго ездзіў у Зэльву на адкрыццё Тыдня дзіцячай кнігі.

Ехалі на мікрааўтобусе «Радзіміч». Наглядзеўшыся ў акно і нагаварыўшыся з Валодзем, я кінуў вокам у люстэрка, якое ў кабіне кіроўцы, і ўбачыў, што наш кіроўца – стары і сівы – плача. Праз хвілін дзесяць кіроўца пачаў нешта сам сабе гаварыць і смяяцца. Пасмяяўшыся, стары прыклаў руку да сэрца, пасля чаго пачаў смаркацца і кашляць. Яшчэ праз хвілін пяць кіроўца зноў заплакаў. Потым зноў смяяўся хвілін дзесяць. І я ўжо не глядзеў у акно, а ўсю дарогу да Баранавіч сачыў праз люстэрка за паводзінамі кіроўцы. На прыпынку да нас падышоў мажны з адным зубам мужык, які ехаў з намі, і сказаў: «Хачу вам прызнацца, што мы, відаць, дамоў не даедзем! Нешта з нашым кіроўцам здарылася! Ён то смяецца, то плача! Вы заўважылі гэта?» – «Заўважылі!» – адказаў я, і адназубы стаў распавядаць пра тое, што ён кіроўца аўтобуса з саракагадовым стажам і ён ужо тры гады на пенсіі. Пенсія малая. Мільён дзевяцьсот. І ён па сённяшні дзень працуе на аўтобусе. Плацяць мала і таму, вось такія старыя, як наш кіроўца, нас і возяць. Пасля размовы з адназубым мы з Валодзем усю дарогу да Зэльвы глядзелі толькі ў люстэрка, у якім наш кіроўца то плакаў, то смяяўся.

Выступілі два разы. Адзін раз у бібліятэцы перад школьнікамі малодшых класаў, другі раз у вялікай зале перад старшакласнікамі і жыхарамі Зэльвы. Усё было цудоўна. На развітанне дзеці хацелі нам зрабіць музычны падарунак, але хлопец, які адказваў за музыку, хвілін пяць пракорпаўшыся ў сваёй апаратуры, так і не змог уключыць фанаграму.

За плотам каля царквы бюст Ларысы Геніюш. Праз дарогу хата, дзе жыла паэтка. Побач з ёй двухпавярховы дом, дзе была кватэра, у якой гадаваўся Уладзімір Мазго.

З Зэльвы выехалі на дызелі да Баранавіч. Абапал дарогі лес і снег, як у Сібіры. «А дзе ваўкі, ласі, лісіцы, дзікі?» – гледзячы з акна, час ад часу я задаваў сам сабе пытанне. На маю радасць за Слонімам я ўбачыў казулю, якая выйшала з лесу і спынілася, глядзячы на дызель.

У Слоніме Шчара не замерзла і не замялася снегам. Узгадаліся Сяргей НовікПяюн, Алег Лойка, Анатоль Іверс. Вада ў Шчары, як халоднае расплаўленае жалеза, з якога робяць кайданы і зброю.

Недаехаўшы кіламетраў пятнаццаць да Баранавіч, наш дызель спыніўся. Стаяў хвілін дваццаць. Потым раптам мы паехалі назад. Праехалі кіламетраў дзесяць. Зноў спыніліся. Пастаялі хвілін дзесяць і паехалі па другім шляху ў Баранавічы. Усё адбывался без тлумачэнняў з боку кіроўцаў дызеля.

У дзевяць хвілін на дзявятую гадзіну выехалі з Баранавіч на швейцарскай электрычцы. Ехалі, як ляцелі на самалёце.

***

23.03.2013. Прачнуўшыся, зірнуў у акно і ўбачыў над высотным домам у белым небе чырвонае сонца. Японцы захапілі нас? Ды не! Гэта яшчэ не скончылася зіма.

***

24.03.2013. На шафе пыляцца рукапісы, як фанера, якая праляцела над Парыжам.

***

25.03.2013. Прыходзіў Анатоль Клышка, падарыў мне сваю кніжку «Тысяча арэшкаў» (Загадкі для дзяцей і дарослых), а таксама маю кніжку «Пошук радасці» (1987), якую ён купіў перад тым, як я падарыў яму з аўтографам. А цяпер амаль усе маладыя кніжак сваіх не дораць старэйшым, а старэйшыя амаль усе маладых не купляюць.

***

26.03.2013. Учора быў настрой, што жыць не хацелася, і я разумеў мільярдэра Барыса Беразоўскага, які гэты свет пакінуў. А сёння сонца і віншаванні з днём народзінаў, і мне радасна, што свеціць сонца і я яшчэ патрэбны ў гэтым несправядлівым жыцці.

***

26.03.2013. А сёння «неба чыстае, як шклянка», якая чакае святочнай вячэры.

***

26.03.2013. Жыццё цудоўнае, як запаленыя свечкі на святочным торце.

***

28.03.2013. Жыццё сумнае, як запаленыя свечкі каля труны.

***

28.03.2013. Думаў, што журавы лятуць, а прыгледзеўся – вароны.

***

28.03.2013. Тэлефанаваў Адам Мальдзіс. Павіншаваўшы з добрым і арыгінальным «Пугачоўскім цырульнікам», сказаў: «Вы мяне згадваеце, пішучы пра вечарыну Шамякіна: «Найбольш з усяго запомнілася тое, што Адам Іосіфавіч выглядаў, як ксёндз». А я і павінен быў стаць ксяндзом, бо хацеў бацька, аднак, убачыўшы, што я ўсё нешта пішу і друкуюся, змірыўся з маім жаданнем быць пісьменнікам.»

***

29.03.2013. За апошнія тры месяцы, дзякуючы інтэрнэту, наладзіў сувязь з некаторымі сваякамі, якіх не бачыў па гадоў 20 ці наогул не ведаў пра іх існаванне. На мінулым тыдні пазнаёміўся з траюраднай сястрой Наталляй Каральковай. Мая бабуля Параска і яе бабуля Дуня – родныя сёстры. Сёння Наталля даслала мне здымкі нашых прадзеда Андрэя і прабабулі Магдалены. Іх прозвішча – Сарока. Сярод атрыманых мною здымкаў ёсць і здымак вучняў Беларускай гімназіі імя Ф. Скарыны ў Радашковічах, дзе вучыўся муж Еўдакіі Бародзіч Уладзімір Ігнатавіч (1907—1997), які ў той час быў добра знаёмы з Максімам Танкам.

***

30.03.2013. Думаючы пра вясну, перабіраў адзенне. З маёй чорнай кашулі выпала паперчына: «Крыж каштуе 104 тысячы.»

Валерый Залатухін

30.03.2013. Інтэрнат Літаратурнага інстытута. 1986 год. Мой сябра, паэт з Чалябінска Генадзь Суздалеў, запрасіў да сябе ў пакой, каб разам чакаць прыезду ў госці ягонага сябра, артыста Валерыя Залатухіна. Тады мабільных не было і мы з Генадзем сядзелі ўсю ноч у чаканні. Не дачакаліся. Сёння прыйшла вестка, што народны артыст Расіі Валерый Залатухін памёр.

***

31.03.2013. Сумна, што няма вясны. Сумна, што няма бацькоў. Ад самоты з’явіліся радкі:

Ты плывеш у труне

Праз лясы і палі.

Ты плывеш ад мяне

На край роднай зямлі,

Дзе крыжы, камяні

І сухія вянкі,

Як пражытыя дні,

Як былыя вякі...

***

31.03.2013. Каля суседняга пад’езда ходзіць кот, як з «Майстра і Маргарыты».

***

31.03.2013. Амаль паўтары гадзіны размаўляў па тэлефоне з Анатолем Блашчыцыным. Успаміналі Пугачы і сваякоў. Ад Анатоля даведаўся, што мой траюрадны брат Антон Янушкевіч у школе пісаў вершы для насценнай газеты. Мінула больш як пяцьдзясят гадоў, а Анатоль памятае Антонава:

Патрыс Лумумба – пламенны герой.

Ён за свабоду Афрыкі Сваіх неграў Смела вядзе ў бой...

Красавік

а. Адольф Шніп

3.04.2013. Дзякуючы «Жывому Часапісу» і фрэнду jacviah прачытаў «Колькі словаў пра а. Адольфа Шніпа, Альбярцін і беларускіх езуітаў» і даведаўся, што мой сваяк Адольф Шніп нарадзіўся 30 лістапада 1906 года ў рымска-каталіцкай сям’і Вінцэнта Шніпа ў вёсцы Пугачы (сёння – Валожынскі раён Мінскай вобласці) і памёр 4 студзеня 1985 года ў Польшчы ў вёсцы Ваўжэньчыцы Уроцлаўскага павета Ніжнесылескага ваяводства.

«Адольф Шніп – беларускі каталіцкі сьвятар лацінскага і бізантыйскага абрадаў, сьвятар з Таварыства Ісуса, адзін з выдаўцоў беларускага рэлігійнага часопісу «Злучэньне», актыўны дзяяч дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас».

Да езуітаў уступіў у Альбярціне 21 лютага 1927 г. На сьвятара бізантыйскага абраду высьвячаны ў Ковелі 16 чэрвеня 1935 г. Належаў да духавенства Віленскай рымска-каталіцкай архідыяцэзіі.

Ва Усходняй місіі айцоў-езуітаў у Альбярціне пэўны час быў кіраўніком дому, асыстэнтам кіраўніка навіцыяту (соцыюш магістра навіцыяту), адным з рэдактараў беларускага ўнійнага штомесячніка «Да Злучэньня» / «Злучэньне», які выдавалі беларускія езуіты.

У 1937—39 гг. у Вільні быў адміністратарам каталіцкай парафіі Маці Божай Суцяшэньня бізантыйска-славянскага абраду. Гэтай уніяцкай парафіяй апекаваліся езуіты, а для рэлігійных патрэбаў ёй у 1926 г. быў перададзены былы аўгустынскі касьцёл.

Вядома, што ў 1939 быў таксама прэфэктам малой езуіцкай духоўнай сэмінарыі ў Вільні. Праводзіў духоўныя рэкалекцыі для беларускіх студэнтаў, што навучаліся ў Вільні.

У 1940—41 гг. у Кракаве прайшоў трэці этап выпрабаваньняў на шляху сваёй духовай фармацыі (звычайна ў езуітаў гэта 8—10 мес.), які прадугледжаны Канстытуцыяй Таварыства Ісуса перад склад аньнем вечных зарокаў. Вядома, што затым працаваў на Падляшшы ў Кожухаве.

У пасьляваенны час жыў у Польшчы пад Уроцлавам, служыў у лацінскім абрадзе. Вядома таксама, што 01.07.1946 а. Адольф Шніп па нейкіх прычынах пакінуў Таварыства Ісуса.

У 1945—1949 гг. быў першым пробашчам шматнацыянальнай парафіі Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Беляве пад Уроцлавам, утворанай на атрыманых пасьля вайны ад немцаў землях. У 1948 годзе вялікая парафія ў Беляве была падзелена на 2 часткі: горная і дольная, пробашчам апошняй быў кс. Адольф Шніп.

Наступным месцам служэньня кс. Адольфа Шніпа была парафія Найсьвяцейшага Сэрца Ісуса ў Жаруве (Уроцлаўская архідыяцэзія), дзе ён быў пробашчам у 1951—1953 гг.

Пасьля Жарува ў 2-й палове 1950-ых ён працаваў пробашчам у парафіі Пекары-Уданін. Быў удзельнікам усіх зьездаў і канферэнцыяў мясцовага каталіцкага дабрачыннага таварыства «Карытас» Уроцлаўскай архідыяцэзіі.

За актыўную дабрачынную дзейнасьць у часы камуністычнай Польшчы кс. Адольф Шніп згодна з ухвалай Рады дзяржавы быў двойчы ўзнагароджаны «Залатым крыжам заслугі». (Другі раз гэтую ўзнагароду атрымаў 19 ліпеня 1954 г. «з нагоды 10-й гадавіны Народнай Польшчы за заслугі ў грамадзкай працы».

У літургічным календ ары Легніцкай дыяцэзіі на 2011 год падаецца дзень малітоўнай памяці (дзень сьмерці) кс. Адольфа Шніпа: 4.01.1985 і мясцовасць, дзе ён пахаваны – Ваўжэньчыцы.

У кнізе ўспамінаў супрацоўнікаў «Карытасу» («Ккі^га Сагііак. ^кротпіепіа») змешчаны ўспаміны кс. Адольфа Шніпа «Znad Dniepru nad Odrк».(Ks. Adolf Sznip. Znad Dniepru nad Odrк / Ksiкїa Caritas. Wspomnienia. – Warszawa, Wydawnictwa Caritas, 1984. S. 391—400.)

***

5.04.2013. Сумна, быццам з дуба зваліўся.

***

6.04.2013. Сонца няма, але дома сонечна – сёння дзень народзінаў у нашай дачкі Веранікі і ў майго брата Валодзі.

***

7.04.2013. У «Беларускім гістарычным зборніку» № 18 надрукаваны артыкул «Беларускія гімназіі ў жыцці Заходняй Беларусі (1920—1930-я гг.)», у якім напісана: «Унікальнай з’явай культурнага жыцця заходнебеларускага краю з’яўляліся беларускія гімназіі. Хоць іх было няшмат – у пачатку 1920-х гадоў працавалі 6 такіх сярэдніх школ (у Вільні, Гродне, Нясвіжы, Навагрудку, Радашковічах, мястэчку Гарадок Вілейскага павета), аднак яны захоўвалі і развівалі традыцыі беларускай нацыянальнай школы.(.) Пазіцыі беларускіх гімназій увесь час слабелі. Не вытрымаўшы ўціску і фінасавых цяжкасцей, спыніла сваё існаванне беларуская гімназія ў Гродне. З-за тых жа праблем, а таксама аддаленасці ад густанаселенай мясцовасці, кіраўніцтва гімназіі ў Гарадку з 1922 г. спрабавала перанесці яе ў Валожын, але праз 2 гады польскія ўлады наогул закрылі школу. Такі лёс напаткаў і гімназію ў Нясвіжы». Гарадок знаходзіцца ў кіламетрах шасці ад Пугачоў і некалькі маіх аднавяскоўцаў вучыліся ў Гарадоцкай беларускай гімназіі. Пра гэта я даведаўся недзе дваццаць пяць гадоў таму, калі яшчэ жылі тыя старыя, у якіх можна было шмат пра што распытацца, але, але.

***

7.04.2013. Думаючы пра роднае і родных, занатаваў:

Родны край напоўнены слязамі,

Быццам Храм святымі абразамі.

І жыву-гляджу на абразы,

Як на водсвет божае слязы...

***

9.04.2013. У словах «хутчэй бы на пенсію!» праслухоўваецца гатоўнасць памерці.

***

11.04.2013. З-пад снегу на асфальтаваную дарогу цячэ вада, як з белай травы ручаіна.

***

15.04.2013. Дастаў старыя летнія туфлі з каробкі, як з труны.

***

15.04.2013. Захад чырвоны, быццам царкоўнае віно.

***

16.04.2013. Пасля смерці бацькоў адчуў, што дзяцінства, якое ўспаміналася, як блізкае мінулае, стала такім далёкім, нібыта яно наогул мне прыснілася.

***

16.04.2013. Вяртаючыся з абеда на працу, прайшоў міма народнага артыста Расціслава Янкоўскага, з якім нядрэнна знаёмы і ў якога, калі рыхтавалася кніга пра яго для серыі «ЖЗЛБ», бываў дома і некалькі гадзін разам з ім поўзаў па падлозе, выбіраючы з альбомаў фотаздымкі для друку. Я прайшоў міма, не вітаючыся, бо Расціслаў Іванавіч ішоў прыгожа і так, нібыта навокал не было нікога, акрамя яго.

***

17.04.2013. «Ён моліцца толькі на свой пуп!» – характарызуючы аднаго вядомага творцу, сказаў Алесь Масарэнка. Думаю, што такіх вядомых творцаў у нас, на жаль, набярэцца больш як дзясятак.

***

17.04.2013. Прыходзіў сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч. Данёс некалькі матэрыялаў да кнігі пра Янку Маўра, якую мы збіраемся выдаць да канца года. Гаворачы пра жыццё-быццё, Міхась Канстанцінавіч прапанаваў выдаць паэму Якуба Коласа «На шляхах волі», над якой паэт працаваў трыццаць гадоў і якая яшчэ ніколі не выходзіла асобнай кнігай.

***

17.04.2013. На месцы філфакаўскага інтэрната БДУ выкапаны катлаван, глыбінёй метраў пяць. Будаўнікі ў ім ужо больш за паўгода змагаюцца з вадой, якая перашкаджае працаваць. Палова катлавана, якая бліжэй да Свіслачы, чорнага колеру – ляжыць торф, а другая палова – пясчаная. Назіраючы за будаўніцтвам, я ўвесь час думаю, што ў торфе будаўнікі павінны знайсці калі не косці маманта, дык рыцарскія латы.

Пісьменніца і зубы

18.04.2013. У пісьменніцы памерла маці. Прыехаўшы ў вёску на пахаванне, яна дастала з рота ніжні зубны мост і паклала на відным месцы за шкло ў сервант. Потым, вярнуўшыся з могілак, пісьменніца зазірнула ў сервант, каб забраць свае зубы, а іх там і няма. Перашукала ўсюды, дзе толькі магла, але зубоў так і не знайшла. І пісьменніца вырашыла, што нехта яе зубы паклаў маці ў труну, думаючы, што гэта зубы памерлай. Да ўсяго яна з братам узгадала, што, калі хавалі бацьку, то забыліся пакласці яму ягоныя зубы, і потым брату давялося прыкопваць іх да бацькавай магілы. Цяпер пісьменніца ўжо амаль месяц думае толькі пра свой ніжні зубны мост, які пахаваны разам з маці.

***

18.04.2013. Нарэшце пабачыў шпакоў, якія вярнуліся з выраю. Шпакі чорныя, як афрыканцы.

***

18.04.2013. У катлаване на месцы інтэрната філфака БДУ ў тарфяной жыжы капаюцца будаўнікі, як мележаўскія людзі на балоце.

«Солео» па-беларуску...

18.04.2013. Усміхнуўся, прачытаўшы ў «Камсамолцы» інфармацыю: «На працягу месяца чытачы «Камсамолкі» прысылалі свае варыянты песні «Солео» на беларускай мове. Усяго прыйшло каля 70 беларускіх тэкстаў. Пісалі Ланской выкладчыкі, моваведы, паэты. Але найбольш спадабаўся тэкст мінчанкі Вікторыі Салаўёвай. Ад Алены Ланской Салаўёва атрымае ў якасці прыза білет на першы паўфінал «Еўрабачання-2013» на 14 мая, дзе выступае Беларусь.

Soleo, soleo

У крыві хутчэй агонь запалі.

Soleo-лілея —

Быццам кветка ў сэрцы маім.

Soleo, soleo

Гэтай ноччу мы з табой візаві.

Сагрэе, сагрэе

Нас сагрэе танец любві.

***

18.04.2013. Зямля заўсёды сырая.

***

18.04.2013. Царква на другім беразе ракі, як у іншым свеце.

Першае вяртанне...

20.04.2013. З братам Вовам, сястрой Валяй і яе мужам Віцем ездзілі ў вёску.

Адразу заехалі на Ракаўскія могілкі да бацькоў. Снегу няма. Помнікі сумныя, як сіроты.

Непадалёку ад бацькоўскіх магіл завіхаліся далакопы. Мы падышлі і даведаліся, што ў Ракаве памёр былы пажарнік, якому было 73 гады. У доле вада і мужчыны накідалі яловых галін, але яна ўсё роўна прасвечваецца праз іх. «Г эта не бяда! Некалькі дзён таму мы тут паблізу капалі. Выкапалі, чакаем труну, а тут раптам хлынула вада з зямлі і нацякла аж па самыя берагі. Давялося закопваць і ісці на новае месца. А вада тут усюды, бо крыніцы б’юць!» – расказаў старэйшы далакоп.

Над могілкамі праляцелі журавы, нібыта спецыяльна, каб мы паглядзелі ў неба.

Ходзячы па могілках натрапілі на сціплую магілу, на якой напісана: «Тут спачывае нястомны працаўнік настаўнік Адам Малахавіч Прышчэпаў (11.07. 1894—22.05.1964)».


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю