Текст книги "Заўтра была адліга-1 (СИ)"
Автор книги: Latro Keola
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 3 страниц)
Могілкі – гэта нашы каменныя энцыклапедыі, у якіх болей таямніц, чым тлумачэнняў...
У вёсцы каля хат суха і толькі каля нашай стаіць вада – няма каму з ёй змагацца.
У хаце на сценах два замоўклыя гадзіннікі. Адразу падумалася, што адзін мамін, а другі бацькаў.
Суседка Зіна Мальчыкава падышла да плота пагаварыць. Расказала, што два тыдні таму ў Мінску памёр яе брат Коля. Пахавалі ў Дубровах. Яму было 56 гадоў. Узгадалася, як Коля ішоў у войска. Я быў на выправах. З роднага дому ў невядомы свет Колю павезлі на грузавой машыне і цяпер на грузавой машыне Коля вярнуўся ў родную зямлю.
Суседзі з нашых бяроз і клёна спусцілі сок. Трохлітровыя слоікі пад дрэвамі свецяцца на сонцы і асвятляюць тыя часіны, калі жылі бацькі.
У хлеве поўна вады, як у басейне.
Па вуліцы швэндаецца моладзь, нібыта заблудзіўшыся.
У садзе пад яблынямі там-сям ляжаць яблыкі. За зіму не змерзлі і іх можна есці.
Кусты агрэсту, як скруткі калючага іржавага дроту.
Брат расчыніў стары чамаданчык, у якім мама захавала мае лісты і газетныя публікацыі вершаў. Усё пажаўцелае, нібыта з фронту.
Пасаджаныя мамай касачы вось-вось закрасуюць.
У паштовай скрынцы рудая лістота, як попел.
З сястрой вырашылі, каб зямля не дзічэла, пасадзіць грады.
Зайшліся да бацькавага стрыечнага брата Шуры, які ўжо 21 год, як з жонкай Дзінай пераехаў з Маладзечна. Падарыў дзядзьку «Пугачоўскага цырульніка».
У горад вярталіся, як з планеты, на якой жылі бацькі.
***
23.04.2013. Сяджу дома. Нікуды не хачу ісці і нічога рабіць не хачу, і няма каму прымусіць мяне. Тэлефонныя званкі, як званкі для праверкі: «Ці яшчэ жывы ён там?»
Язэп Драздовіч і мы
24.04.2013. З Вячаславам Рагойшам, Яўгенам Лецкам, Ганнай Запартыка і Людмілай Рублеўскай ездзіў у Маладзечна на канферэнцыю, прысвечаную жыццю і творчасці Язэпа Драздовіча, якую арганізаваў Міхась Казлоўскі.
У вагоне электрычкі поўна старых. Едуць на лецішчы, як у іміграцыю.
Па вагоне прайшла цыганка з дзецьмі. Ніхто нічога не даў.
«Не паліце сухую траву!» – кожны год вясной усё гучыць і гучыць з дынамікаў у вагонах. А трава ўсё гарыць і гарыць.
Лапікі снегу абапал чыгункі, як шкура з вялікай белай змяі, якая прачнулася пасля зімы і цяпер мяняе свой колер.
Сонца, як шчасця, няма.
Чым далей ад Мінска, тым больш пусцеюць вагоны. Старыя выходзяць на сваіх станцыях, як паміраюць у свой час.
Мы гаворым пра літаратуру, нібыта больш няма пра што гаварыць.
У Маладзечне на вакзале вецер, нібыта п’яны дворнік, які нядаўна прачнуўся, мяце туды-сюды смецце і пыл.
Нас сустрэў Міхась Казлоўскі, як тутэйшы Ной.
Да бібліятэкі імя Максіма Багдановіча ідзём па вуліцы Прытыцкага. Вуліца пешаходная, як маскоўскі Арбат.
На канферэнцыю сабралася народу поўная зала. Запомніўся пытаннем мастак Кастусь Харашэвіч: «Да якога рэалізму можна аднесці творчасць Язэпа Драздовіча?», на якое тут жа сам і адказаў: «Да нацыянальнага рэалізму!».
Па-за планам канферэнцыі выступіла настаўніца Маладзечанскай СШ № 12 Алена Сымановіч. Дваццаць гадоў таму яна вучылася на філфаку ў Вячаслава Рагойшы. Пачала выступленне з віншавання Вячаслава Пятровіча з ордэнам Скарыны, а закончыла: «Мне, Вячаслаў Пятровіч, Ваш падручнік па літаратуры не падабаецца. Ён вельмі складаны. Не для нашых дзяцей!».
Ад’язджалі са станцыі «Фестывальная». Міхась Казлоўскі, паказваючы на могілкі, якія непадалёку, сказаў: «Там на ўзгорку пахаваны Мікола Ермаловіч.»
Пасля Ермаловіча ўзгадалі Міколу Капыловіча. «На вечарыну, якая была прысвечаная Міколу, з Мінска аніводзін ягоны таварыш-пісьменнік не прыехаў, хоць і абяцалі.» – уздыхнуў Міхась Казлоўскі і перавёў размову на весялейшае, на Язэпа Драздовіча.
Дамоў ехалі, гаворачы пра літаратурную крытыку. Людміла ўсё запісала на дыктафон, каб не прапалі цікавыя думкі Вячаслава Рагойшы, Яўгена Лецкі і Ганны Запартыкі.
Абапал дарогі высякаюцца кусты і выразаюцца вялікія дрэвы. Пні, мокрыя ад соку, свецяцца ў рудой траве, як патэльні, на якіх пячэцца наша будучыня.
Вярнуліся дамоў, нібыта пабываўшы ў гасцях у Язэпа Драздовіча. І радасна на душы, і сумнавата.
***
25.04.2013. З сябрам ездзілі на лецішча. Дапамог яму разгрэбці кратавінне ў агародзе.
Вецер выганяў сухое лісце з двара. Здавалася, што лісце само ўцякае, баючыся, што мы зараз раскладзём вогнішча і спалім яго.
Шпакі чорныя, а песні ў іх светлыя.
Муха праляцела па пакоі, радуючыся, што перазімавала.
Шкельцы ў траве, як ільдзінкі, што яшчэ не расталі.
Бусел стаіць у буслянцы, як чалавек пасля доўгай жыццёвай дарогі на споведзі.
Буслянка з буслом, як цэнтр вясны.
Вада ў азярыне, якая нядаўна вызвалілася з лёду, рудаватая, як гарбата з лясных і палявых зёлак.
Коцікі на вярбе, як чмялі, якія п’юць мёд з вясновага сонца і паветра.
Хвалі б’юцца аб бераг, нібыта будзяць траву.
Лапікі снегу, як белая шчыгрынавая шкура.
Ялінам няёмка, што яны зялёныя.
Дзот каля дарогі. Стаіць, нібыта зімой была вайна.
На раллі чорныя вораны. На могілках чорныя помнікі.
Вярталіся ў горад, як у клетку.
***
28.04.2013. Дождж. На дрэве пад маім акном мокне варона, як чорная ануча.
***
28.04.2013. За акном на вуліцы цішыня, нібыта спыніўся час.
***
28.04.2013. Цэлы дзень ішоў дробны дождж і каля майго акна цэлы дзень на дрэве сядзелі вароны, нібыта чакалі, калі я засну і яны змогуць выкляваць мне вочы.
***
29.04.2013. Пішучы вершы без рыфмаў і рытму, некаторыя адразу думаюць пра перакладчыкаў, якім будзе лягчэй рабіць сваю чорную справу.
***
29.04.2013. Праз расчынены балкон заляцела муха, думаючы, што нікога дома няма...
***
29.04.2013. Другі дзень дзве вароны сядзяць на дрэве, што каля майго акна. Не анёлы ж гэта.
***
29.04.2013. Нашы няшчасці ад чужога шчасця.
***
29.04.2013. Забіў муху. Першая ў гэтым годзе.
***
29.04.2013. «Мне ўжо не быць прыгожым!» – уздыхнуў сусед Дзіма, гледзячы на шпака, што сядзеў на шпакоўні.
Смілавічы і Хаім Суцін
30.04.2013. Дзякуючы нашай сяброўцы Надзі Вусавай з Людай з’ездзілі ў Смілавічы, дзе наведалі музей, прысвечаны Хаіму Суціну.
Мастак нарадзіўся 13 студзеня 1893 года ў Смілавічах (Мінская губерня, зараз Чэрвеньскі раён), а памёр 9 жніўня 1943 года ў Парыжы як французскі мастак-экспрэсіяніст, ураджэнец Беларусі, адзін з найбольш вядомых прадстаўнікоў Парыжскай школы жывапісу ў 1920-х – 193 0-х гг.
«Хаім быў дзесятым з адзінаццаці дзяцей у сям’і. Яго маці Сара была жанчынай добрай і ледзь паспявала накарміць і абслужыць шматлікую сям’ю. Бацька быў краўцом (па іншых звестках, сінагогальным служкам) і знаходзіўся ў самым нізе сацыяльнай іерархіі мястэчка. У адных кнігах пра Суціна гаворыцца, што бацьку звалі Борух, у іншых яго называюць Саламонам. Хутчэй за ўсё, і тое, і другое – праўда,– напэўна, імя бацькі мастака было Борух-Шалом. Ён не быў ні выбітным эрудытам, ні чалавекам, які бясконца верыць у сілу розуму. Ён верыў у свае рукі працаўніка і быў адзіным карміцелем цэлай плоймы галодных ратоў», – так пішацца ў адной з кніг пра Хаіма Суціна.
Музей знаходзіцца ў двух пакоях у доме «Цэнтра дзіцячай творчасці». Арыгіналаў няма, але копіі карцін добра глядзяцца і ствараюць уражанне каштоўнасці таго, што бачыш.
Да нашага прыезду сярод дзяцей быў праведзены конкурс на лепшую варыяцыю карцін Хаіма Суціна. Усе ўзнагароды атрымалі дзяўчаты, а хлопцы, здаецца, у конкурсе і наогул не ўдзельнічалі.
У музеі шмат фотаздымкаў таго часу, калі ў Смілавічах жыў Хаім. Глядзіш на фотаздымкі і забываешся, што ты знаходзішся ў мястэчку, дзе ўжо «няма таго, што раньш было.»
Раней, да бальшавікоў, у Смілавічах былі царква, касцёл, сінагога і мячэць. Цяпер толькі царква і мячэць.
На месцы хаты, у якой нарадзіўся будучы мастак, збудаваны вялізарны катэдж.
Паглядзелі палац Ваньковічаў-Манюшкаў. Дзяржава яго ахоўвае, а ён разбураецца.
Хацеў заглянуць у палацавае падзямелле, але дарогу мне перапоўз паўметровы вуж і я пабаяўся ісці далей.
Парк вялікі і прыгожы. Еўропа.
На беразе Волмы вялізарныя вербы. Многія паваліліся і ляжаць у мінулагодняй траве, як мёртвыя беларускія цмокі.
Вада ў рацэ няспешная, як наша агульнае беларускае разуменне, што палац Ваньковічаў-Манюшкаў у Смілавічах – гэта наша нацыянальнае багацце, якое гіне на вачах.
Каледж пчалаводаў. Дзясяткі вулляў. Пчолы гудуць навокал, быццам ты сам знаходзішся ў вуллі.
У парку дым – дагараюць кучы мокрага мінулагодняга лісця. Адчуванне, нібыта нядаўна была асада палаца Ваньковічаў-Манюшкаў і асаднікі, на нейкі час захапіўшы палац і разбурыўшы яго, сышлі з нарабаваным у невядомасць.
Не толькі ў назве мястэчка Смілавічы, але і ў самім мястэчку ёсць шмат мілага, нашага даўняга мінулага, беларускага, ад чаго хочацца жыць і вандраваць па роднай зямлі.
Травень
***
1.05.2013. Сёння нашаму з Людмілай Максіму 20 гадоў. Ён студэнт другога курса Беларускай акадэміі мастацтваў. А я ў яго ўзросце разам з былымі турэмшчыкамі і дзейснымі алкаголікамі працаваў грузчыкам на лікёра-гарэлачным заводзе «Крышталь». Меў дзве клікухі – «Вожык» і «Шніцаль», і ў мяне наперадзе было яшчэ пяць «рамантычных» гадоў дармаедства.
Ровар
3.05.2013. У Лягезах, дзе я гадаваўся ў бабулі, было дзесяць хат і ровароў у людзей не было. Я ўпершыню ўбачыў ровар, калі мне было шэсць гадоў і мама на ім прыехала да мяне. Мамін ровар быў з кошычкам, у якім яна прывезла пазнаёміць са мной маю малодшую сястру Валю. Потым, калі мяне бацькі забралі дамоў у Пугачы хадзіць у школу, на нашым ровары ездзіў толькі я. Ён часта псаваўся, і я днямі калупаўся ў ім. Рамантаваць ніхто мне не дапамагаў, таму, бывала, па некалькі месяцаў на ровары нікуды не выязджаў. Адрамантаваўшы, гойсаў па вуліцах як угарэлы. Скончылася ўсё тым, што я на хуткасці паваліўся і пагнуў кола і да ўсяго парваў ланцуг. Пасля гэтага ровар некалькі гадоў іржавеў у паветцы. Калі я паехаў вучыцца ў горад, бацька вынес ровар у лясок і выкінуў.
Піла
3.05.2013. Піла была старая і ржавая. Бацька, за зіму і вясну навазіўшы ў двор усякага ламачча і дачакаўшыся маіх школьных канікул, аднойчы ранкам, калі ў мяне былі свае планы, казаў: «Ну, хлапец, пайшлі пілаваць!» І мы цэлае лета амаль кожны дзень, калі бацька вяртаўся з працы, пілавалі дровы на зіму. Напачатку я пілаваў спакойна, а праз некалькі тыдняў пачынаў ленавацца і злавацца. Прыдумляў, што мне баляць жывот, галава, рукі, ногі. Словам, я прыдумляў сабе хваробы, а бацька тут жа мяне лячыў абяцаннем даць магчымасць пакатацца на ровары. Часам, я хаваў пілу ад бацькі, але ён заўсёды знаходзіў яе. Бывала, я крывіў у піле зубы, а бацька тут жа іх раўняў. І мы зноў пілавалі і пілавалі дровы. Піла была старая і ржавая.
Сячкарня
3.05.2013. Сячкарня стаіць у пуні. Я доўгі час баяўся яе. Бацька з мамай раз на тыдзень рэзалі сечку, а я, хлапчук, здалёку праз расчыненыя дзверы назіраў і слухаў рытмічнае: «Чах! Чах! Чах! Чах!» Аднойчы мама выйшла з пуні і сказала: «Віця, ідзе дапамажы бацьку!» З таго дня сечку для каровы рэзаў бацька толькі са мной. Першых хвілін дваццаць было лёгка, а чым далей, тым усё цяжэй было круціць кола сячкарні. Праўда, бацька, убачыўшы, што я стаміўся, мяняўся са мной і я клаў канюшыну і салому ў латок, па якім яны з’язджалі да нажоў. Праз некалькі гадоў дзядзька Барыс прывёз з Мінска дзвіжок да сячкарні і мы з бацькам за гадзіну нарыхтоўвалі сечкі на цэлы месяц. Сёння ў мяне няма ні мамы, ні бацькі, а сячкарня ўсё стаіць у пуні, і мне ўсё бліжэй і гучней чуецца: «Чах! Чах! Чах! Чах!»
***
3.05.2013. Дождж. Змрочна. Сяджу ў кватэры, як у камандзірскай зямлянцы.
Лапата
4.05.2013. Некалькі тыдняў таму ездзіў у вёску. У людзей у дварах было суха, а наша хата стаяла сярод вады, як на востраве. Такога не было б, калі б жыў бацька. І я, узяўшы лапату, накапаў раўчукоў, па якіх тут жа вада пачала сцякаць з нашага двара. Чаранок у лапаты быў цёплы, нібыта за яго толькі што трымаўся бацька, і я, капаючы раўчукі, увесь час думаў пра бацькоў. Зрабіўшы справу, паставіў лапату ў сенцы, дзе яна ўжо стаіць без працы амаль два гады.
Плуг
4.05.2013. Калі памёр мой дзед, плуг забраў сабе мой бацька. Калі памёр мой бацька, плуг забралі невядомыя мне людзі.
Мяшок бульбы
5.05.2013. Яны мелі машыну і па выхадных ездзілі ў вёску, дзе засталася хата ад бацькоў. Ездзілі не адпачываць, а вырошчваць бульбу. У іх быў малалетні сын, які заўсёды прасіўся, каб бацькі ўзялі яго ў вёску. «Ты тоўсты! Я лепей лішні мяшок бульбы прывязу!» – казаў бацька і не браў малога з сабой.Так працягвалася яшчэ гадоў дзесяць і, калі бацькі захацелі, каб сын паехаў з імі ў вёску дапамагчы выбіраць бульбу, хлопец адказаў: «Я тоўсты! Вы лепей мяшок бульбы прывезяце!»
***
5.05.2013. Вялікдзень. Пчолы з вярбы забралі золата.
***
6.05.2013. Сяджу ў адпачынку, як схаваўшыся ў бульбе.
Дзядзька Віця
6.05.2013. Сёння мамінаму брату Віцю, які жыве ў Лягезах, 80 гадоў. Я патэлефанаваў яму і павіншаваў з юбілем. Дзядзька паскардзіўся, што са здароўем не вельмі добра, але трымаецца. Узгадалася далёкая вясна, калі я жыў у Лягезах у дзядзькі Вані і цёткі Алі. У адзін цудоўны дзень, калі нікога не было дома, я, шасцігадовае хлапчаня, расклаў вогнішча на ганку дзядзькавай хаты. Не ведаю, чым бы скончылася тое маё вогнепаклонніцтва, калі б не дзядзька Віця, які ішоў з працы. Ён накрычаў на мяне і, патушыўшы вогнішча, крыху прайшоўся дзягай па маім мяккім месцы. Гэта было даўно, але гэта было.
***
8.05.2013. «Пры Саветах касцёл у Дубровах падпалілі мясцовыя камсамольцы, і ён тры дні гарэў. Побач з развалінамі касцёла знаходзіцца магіла ксяндза Мурончыка, якога ў вайну забілі быццам бандыты, за тое што «пашкадаваў» аддаць хромавыя боты. Я ведаю, што гэта былі за бандыты, але не скажу, бо баюся.» – расказвае стары, але, убачыўшы, што я пачынаю запісваць, кажа: «Ай! Нічога я не памятаю!»
Тадэвуш Рэйтан і мы
10.05.2013. Дзякуючы запрашэнню кіраўніка арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана Зміцеру Юркевічу з Людмілай схадзілі ў Музей сучаснага выяўленчага мастацтва на вечарыну «Вяртанне Героя на Бацькаўшчыну», прысвечаную дэпутату ад Наваградскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага на Варшаўскі Экстраардынарны сойм 1773 года Тадэвушу Рэйтану. З выступленняў даведаўся, што Рэйтаны паходзяць з прускіх немцаў, як і мой продак Герман Шніп (1760—1830), які ў графа Патоцкага быў упраўляючым. На вечарыне мне было прапанавана выступіць, і я прачытаў «Баладу Тадэвуша Рэйтана». З Людмілай паглядзелі выставу, якая складаецца з мастацкіх, навуковых і публіцыстычных твораў, што прысвечаны Рэйтанам. Дарэчы, пляменнік Тадэвуша Станіслаў быў даволі цікавай асобай і пісьменнікам. Адзін з яго твораў – «Як было ў нас» прадстаўлены на выставе. У творы распавядаецца пра падзеі на Літве (Беларусі), літвінаў і палякаў пачатку і сярэдзіны ХІХ стагоддзя. На выставе шмат фотаздымкаў грушаўскіх краявідаў і той спадчыны, якую пакінулі пасля сябе Рэйтаны (аўтар – мастаккраязнавец Сяргей Чарановіч). На жаль, як і большасць таго, што нам засталося ад нашых продкаў, хоць і мае шыльды «Ахоўваецца дзяржавай», разбураецца часам і людзьмі.
***
11.05.2013. У бясхмарным небе птушка, як парушынка ў воку.
***
11.05.2013. У кнігарні «Ў» набылі кнігу Зоські Верас «Я помню ўсё», у якой змешчаны ўспаміны і лісты. Чытаю, нібы жыву побач з Людвікай Антонаўнай і яна мая родная бабуля.
***
11.05.2013. Цягнік, як тромб.
***
12.05.2013. Дзень быў доўгім, як дарога праз незнаёмы лес.
***
12.05.2013. На могілках сярод чорных помнікаў чорныя машыны, як помнікі. Нумары на машынах, як дні жыцця.
***
12.05.2013. Быў у Барыса на лецішчы. Нашы Людмілы садзілі грады, а мы з Барысам і Алесем рабілі цяжэйшую працу.
Жаўранкі высока ў небе, буслы на гнёздах, шпакі ў траве і каля шпакоўняў. Іншых пушак амаль не бачна, нібыта іх няма.
Навокал жоўтыя дзьмухаўцы, як залатая Арда.
У кустах на беразе возера барадаты рыбак, як лесавік.
На старых могілках вёскі Навасёлкі Дзяржынскага раёна помнік Карусю Каганцу, які быў пастаўлены ў 1988 годзе. Магіла паэта дагледжаная, а навокал у траве і ў кустах валяюцца ржавыя крыжы і пабітыя надмагільныя пліты.
Варона на дрэве, як магільны стораж.
У цэнтры Волмы на ўзгорку касцёл святога Яна Хрысціцеля. І здаецца, што тут самае высокае месца ў Беларусі, а не гара Дзяржынскага, якая ў некалькіх кіламетрах ад мястэчка.
Стары млын на замку і вокны з забітымі дошкамі, нібыта вочы волата-млынара, закрытыя пальцамі.
Мясцовыя дзеці хочуць залезці ў млын, але ў іх гэта не атрымоўваецца і яны хваляцца нам, што знайшлі ў балоце ржавы гаршчок, які тут жа выцягваюць на дарогу: «А можа, ён залаты?»
У Волме сядзіба Ваньковіча ХІХ стагоддзя. Цяпер тут тэрыторыя інстытута імя Сахарава. На адным з будынкаў, дзе, магчыма, раней быў герб роду Ваньковічаў, вялікая савецкая зорка.
Падышоў стораж і загаварыў па-беларуску: «Вы тут доўга не будзьце! Калі начальства ўбачыць вас, дык мяне з працы могуць выгнаць!»
Па дарозе да капліцы Ваньковічаў праз рэчку невялікі мост. Дзеці пад ім рукамі ловяць рыбу. Рыба дробная, як мінулагодняе пасівелае лісце з вербалозаў, што растуць на беразе.
Красуе чаромха. Пчолаў не бачна і не чутна. Камары радуюцца нашаму прыходу.
Ад капліцы Ваньковічаў засталася адна цагляная сцяна. Чырвоная, як кроў, што запяклася пад сонцам.
Хата анямелая...
14.05.2013. Я з Людай і сястра Валя з мужам і дачкой Надзяй ездзілі ў Пугачы. Наша хата без бацькоў за зіму пастарэла. Люда ўзгадала мой даўні верш:
Хата анямелая, сівая,
З шэраю буслянкай, як вянком,
Вокнамі задумна пазірае,
Склаўшы рукі на дзярах замком...
У двары буяе трава. Асабліва дзьмухаўцы і лопух. Падумалася: «Як у Чарнобыльскай зоне.»
У хаце ні павукоў, ні мух.
Дзядзька Толя прывёў каня, каб пасадзіць бульбу і зрабіць грады. Зямля пасля начнога дажджу вільготная. Раней па раллі, збіраючы чарвякоў, хадзілі куры з пеўнем, а цяпер адзінокі шэры верабей скакаў.
У абед з пашы ў вёску вярнуліся каровы. Наша не прыйшла і не прыйдзе.
Абкасіў траву каля хаты і хата павышэла.
На яблыні шпакоўня, а шпакі ў ёй не жывуць.
У паштовай скрынцы павуціна, як трэшчынкі на маім вясковым жыцці.
Ад’язджаючы да бацькоў на Ракаўскія могілкі, нарвалі цюльпанаў, якія садзіла мама.
Вялікі камуніст і капліца
15.05.2013. Па справах да мяне на працу заходзіў Вячаслаў Рагойша. Гаварылі пра Радаўніцу і Ракаўскія могілкі. Ад Вячаслава Пятровіча даведаўся, што на месцы цяперашняй капліцы, што непадалёку ад могілак, раней была іншая капліца, да якой прыходзілі людзі па святую ваду. Пры Саветах мясцовы начальнік, які быў вялікім камуністам, уздумаў разбурыць капліцу. Па яго загадзе быў прыгнаны трактар, але трактарыст адмовіўся тросам зрываць купал. Начальнік сам не мог сесці ў трактар, бо быў аднаногі, і тады ён сказаў свайму сыну школьніку сесці за руль, і хлопец сеў і зрабіў усё, што хацеў бацька. Разбурыўшы капліцу, вялікі камуніст надумаў да ўсяго заараць крыніцу. Доўга не мог знайсці трактарыстаў, якія б згадзіліся на такую справу, але ўсё-ткі знайшоў двух мясцовых мужыкоў. Пасля гэтага праз нейкі час гэты вялікі камуніст некуды паехаў на машыне і прапаў. Доўга шукалі. Знайшлі яго выпадкова піянеры з піянерскага лагера разам з машынай у рэчцы каля Новага Поля. Праз год памёр адзін трактарыст, які заараў крыніцу са святой вадой, а яшчэ праз год і другі памёр.
***
16.05.2013. Раніцай сцюдзёна. Кветкі на каштанах, як марозіва.
***
17.05.2013. Тэлефанавала жонка Хведара Жычкі. Ёй 82 гады. Скардзілася: «Майго Хведара ніхто не ўспамінае, нібыта яго на свеце і не было. Мінула шэсць гадоў, як ён памёр, а я ўсё ніяк не магу помнік паставіць.»
***
20.05.2013. Тэлефанаваў мастак Андрэй Смаляк. Запрасіў на пятніцу на праспект Незалежнасці на адкрыццё выставы «Ажыўшыя карціны». Будзе прадстаўлена 110 рэпрадукцый, якія будуць вісець на плоце парку Чалюскінцаў да першых маразоў або да таго часу пакуль іх не папсуюць неабыякавыя гледачы.
***
20.05.2013. Прыснілася, што мы з Міхасём Казлоўскім нясём з Вішнева ад Канстанцыі Буйло і Пятра Бітэля дзве цяжкія сумкі з рукапісамі новых твораў. Стаміліся. Тут раптам з кустоў выходзіць стары ў міліцэйскай форме і кажа: «Кіньце гэтыя рукапісы! Іх ніхто не надрукуе!» Мы не слухаем старога і цягнемся далей са сваёй ношай. На зжатым полі сярод куч саломы знаходзім машыну. Я саджуся за руль, і мы едзем па дарозе да Валожына, куды нядаўна перабраліся ўсе выдавецтвы. Праз нейкую хвіліну Міхась кажа: «Як ты едзеш? Ты ж на шафёра не вучыўся!» – і тут жа машына развальваецца, а мы, упаўшы на зямлю, бачым як сумкі з рукапісамі нашых зямлякоў Канстанцыі Буйло і Пятра Бітэля ператвараюцца ў авечак і ўцякаюць ад нас.
На роднай зямлі...
22.05.2013. Ездзіў у Івянец на сустрэчу са школьнікамі.
Па мяне да Каменнай горкі прыехалі на машыне настаўнікі: Людміла Уладзіміраўна і Валянціна Васільеўна. Усю дарогу гаварылі, нібыта сто гадоў знаёмыя.
У Івянцы жыве каля пяці тысяч чалавек. Вучняў у школе 730. Вучацца ў дзве змены. Паслухаць мяне ў актавую залу прыйшло больш за трыста дзяцей.
Вучні чыталі мае вершы і спявалі песні. Я адказваў на пытанні, жартаваў, раздаваў аўтографы. Сядзеў на сцэне, як на Парнасе.
Пасля імпрэзы папрасіў Людмілу Уладзіміраўну паказаць касцёл, які быў збудаваны ў 1705 годзе. Чыста ў двары. Усё па-беларуску. Пахадзілі па па касцельных сутарэннях, нібы па мінулых стагоддзях.
Пры касцёле жывуць манашкі. З іх дзве нядаўнія выпускніцы Івянецкай школы. Прыгожыя, як Мадонны Рафаэля.
Увесь час хмурылася, але я не адмовіўся ад жадання паехаць у родныя Пугачы. Ехалі з Валянцінай Васільеўнай праз Яршэвічы. Навокал усё зялёнае, прыгожае і роднае да слёз.
Пайшоў дождж, як пачатак патопу.
Прыехаў дамоў. Хата самотная. Парасчыняў дзверы, каб праветрыць пакоі. Завёў насценны гадзіннік, які ўжо каля двух гадоў маўчаў, і ён затукаў, нібыта сэрца.
У хату заляцела муха. Палётаўшы і нічога для сябе не знайшоўшы, вылецела на вуліцу.
У двары зноў трава вырасла. Дзьмухаўцы адкрасавалі і цяпер стаяць белыя, як створаныя з дыму майго мінулага.
У хаце раптам захацелася паклікаць маму і бацьку. Паклікаў. Ніхто не адгукнуўся і ніколі ўжо не адгукнецца.
На куце каля іконы заўважыў засохлыя вербныя галінкі. Відаць, іх там яшчэ мама прымацавала.
Грады абышлі. Травы няма, нібыта мама іх прапалола перад маім прыездам.
Прыціх дождж, і я выйшаў на вуліцу. Побач пустыя хаты. У адной яшчэ нядаўна жыў Дзяўго. На двары, як і ў нас, поўна травы. Куст бэзу каля ганка, як вялізарны букет.
Насупраць нас жыў Сашка Балотнік. Вось ужо 7 гадоў, як мой аднакласнік на Дубраўскіх могілках. Хату купілі нейкія людзі, і цяпер у двары Сашкі іншыя парадкі. Трава скошана, ламачча і смецце прыбраны. Хата падрамантавана. Гляджу ў двор і бачу школьнікаў – Сашку і сябе, якія сядзяць на ганку і гуляюць у карты.
Далей жылі Геня і Манька Балотнікі. Памерлі. Далей. Памерлі. Памерлі. Памерлі.
Асфальтаваная вуліца паміж пустымі дамамі, як плаха.
У агародзе ўбачыў цётку Валянціну Іосіфаўну. 85 гадоў. Жыве адна. Дзеці прыязджаюць на пару гадзін і з’язджаюць у горад. «У іх сваіх клопатаў хапае.» – уздыхае Валянціна Іосіфаўна, і мне хочацца падысці да яе і абняць. Плот перашкаджае.
Самая старая пугачоўская хата (150 гадоў), дзе раней жылі Вярбіцкія, развальваецца. На страсе там-сям трава, як зялёны агонь.
На беразе сажалкі, у якой гадоў дзесяць таму я з Барысам Пятровічам і Андрэем Федарэнкам лавілі рыбу, сядзяць хлопцы з вудамі. А можа, гэта і цяпер мы там сядзім?
Каля плоту, за якім была школа, дзе я вучыўся, вялікая лужына. А ў лужыне дзіцячыя сляды, як Млечны Шлях у небе.
Іду па вуліцы, і час ад часу міма мяне праязджаюць машыны і трактары. З некаторых шафёры, вітаючыся са мной, махаюць рукой, а гэта значыць, што ў Пугачах не ўсе мае знаёмыя вымерлі. Няхай жывуць як даўжэй!
На аўтобусным прыпынку толькі я.
Сеў у аўтобус. Еду. Мая душа дагнала мяне пад самым Мінскам.
***
24.05.2013. Вайна закончылася амаль 70 гадоў таму, а ў мінулым годзе ў Валожынскім раёне (мне расказалі знаёмыя) унукі расстралянай сямейнай пары, даведаўшыся, хто яе расстраляў і знайшоўшы былога паліцая, прыйшлі ноччу і пакаралі смерцю забойцу сваіх дзядулі і бабулі.
***
24.05.2013. Я не магу выпіць ні грама віна з закрытай пляшкі, але я магу яе цалкам разбіць.
***
25.05.2013. Апошнім часам адчуваю, што я пачаў пакрыху вызваляцца ад трывогі за старых бацькоў, якія памерлі ў мінулым годзе. Мне гэтае вызваленне ўяўляецца так – пеўню на калодцы адсеклі галаву, а ён бегае па родным двары.
***
29.05.2013. Каля Храма лётае тапалёвы пух, нібыта грэшныя душы мітусяцца.
***
29.05.2013. Яны хацелі яго забіць. Ён жа ноччу падрыў лаз пад сцяной і ўцёк з хлеўчука. Каляды святкаваліся без свежаніны.
Землякі
30.05.2013. Учора ў Валожыне і ў мястэчку Вішнева, дзе нарадзіўся (2 жніўня 1923 года) будучы прэзідэнт Ізраіля Шымон Перэс, прайшлі імпрэзы, прысвечаныя яго 90-годдзю. Дачка Перэса Цвіі Вальдэн і пасол Ізраіля Іосіф Шагал адкрылі выставу «Шымон Перэс: шлях ад Віленскай вуліцы ў Вішневе да Прэзідэнцкай вуліцы ў Ерусаліме». На месцы, дзе стаяў дом сям’і Перскіх і дзе нарадзіўся хлопчык Шымон, быў усталяваны памятны знак. Шымон Перэс жыў у Вішневе да 11 гадоў, у 1934 годзе разам з сям’ёю эміграваў у Палесціну. Усе ягоныя сваякі, якія засталіся ў Вішневе, загінулі ў час Другой сусветнай вайны. Ад сядзібы Перскіх у Вішневе захаваўся калодзеж. На пачатку 1990-х Перэс, будучы міністрам замежных спраў Ізраіля, наведваў роднае мястэчка. Мастак Алесь Квяткоўскі, які нарадзіўся ў Валожыне, думаючы, што на сваё 90-годдзе Шымон Перэс прыедзе ў Вішнева, намаляваў партрэт нашага славутага земляка, каб яму яго падарыць. Аднак, відаць, Шымон Перэс больш не прыедзе ў Вішнева. Шкада, але, думаю, ягоны партрэт, намаляваны Алесем Квяткоўскім, не прападзе.
***
30.05.2013. Прайшла навальніца, як цягнік па затопленым небе.
Чэрвень
Зайшлі ў краму. Прадаўшчыцай працуе мая траюрадная сястра Люда – унучка Уладзіміра Бародзіча, які ў свой час у Радашковічах вучыўся з Максімам Танкам. З Мінска можна нічога не везці. Асартымент, як у горадзе, і аніякай чаргі.
Хата нас чакала. Зайшоўшы, тут жа парасчынялі дзверы і акно, каб праветрывалася. Праз пару хвілін у пакоі наляцела мух. Мінулы раз, калі мы прыязджалі, толькі адна муха, як разведчыца, заляцела і тут жа вылецела.
Два тыдні таму заведзены насценны гадзіннік, якому гадоў пяцьдзясят, не спыніўся. Я зноў падкруціў спружыну, думаючы пра тое, каб заводу хапіла да наступнага нашага прыезду.
Люда палола грады, а я граблямі бульбу баранаваў. Падышоў сусед Анатоль. Пагаварылі пра вясковае жыццё-быццё. Суседу хутка 60 гадоў. Нядаўна выпісаўся з бальніцы, куды трапіў з інсультам. Яшчэ рука і нага слаба слухаюцца, але сусед ужо касіў: «Няма на каго спадзявацца!»
На яблыні ў шпакоўні вывеліся шпачкі. Прыгожыя і крыклівыя.
У двары зноў трава па калена. Я крыху пакасіў, Люда пакасіла і мяне пакрытыкавала, гаворачы, што яна з касой спраўляецца лепей за мяне. А я і не стаў пярэчыць. Няхай косіць!
За працай праляцеў дзень. У горад вярталіся стомленыя і задаволеныя, што добра папрацавалі і пасаджанае ў агародзе паціху расце.
***
2.06.2013. З Максімам у Дубравы выехалі на электрычцы ў 10 гадзін 50 хвілін. На наступным прыпынку да нас далучыўся Анатоль Блашчыцын – наш сваяк. Народу быў паўнюткі вагон. Паблізу ўсю дарогу нейкі стары гучна гаварыў пра Амерыку, пра Расію, пра геяў і лесбіянак і пра каларадскіх жукоў, за якіх пры Савецкім Саюзе плацілі па 50 капеек за штуку і пра гэта было напісана на кожным школьным сшытку.
У Дубравах на станцыі нас сустрэў наш сваяк Леанід Жыткевіч. На машыне ён нас адразу ж прывёз да могілак. Я больш як дзве гадзіны хадзіў сярод помнікаў, нібы па полі бою, шукаючы яшчэ жывых.
Мужчына
7.06.2013. На працу да мяне прыходзіў Валерый Ярмоленка. Падарыў кніжку «За небасхілам спякотнага Турана», якая выйшла ў серыі «Нашы славутыя землякі» ў выдавецтве «Тэхналогія». Кніжка пра Мікалая Пржавальскага (1839 – 1888) – славутага падарожніка, першага даследчыка Цэнтральнай Азіі. Даведаўшыся, што я родам з Валожынскага раёна, Валерый Аляксандравіч сказаў: «А я 8 і 9 клас канчаў у Валожыне! Мой бацька быў кэгэбістам і яго часта перакідвалі з аднаго горада ў іншы». Успамінаючы бацьку, Валерый Аляксандравіч расказаў цікавую гісторыю. У 1945 годзе Аляксандр Андрэевіч Ярмоленка, старшы лейтэнант Смерша, прыехаў у вёску Забрэззе Валожынскага раёна, каб арыштаваць мужыка, які ўкраў у калгасе шэсць вёдзер бульбы. Зайшоўшы ў хату, ён адразу каля парога наткнуўся на шасцярых малых паўголых дзяцей, якія поўзалі па земляной падлозе. Дома былі і маладыя бацькі. Смершавец, агледзеўшы хату, запытаўся: «Гэта вашы дзеці?» Пачуўшы «Нашы!», ён стаў кругамі хадзіць па хаце, паўтараючы: «Шэсць вёдзер! Шэсць дзяцей! Шэсць гадоў турмы!» Хадзіў хвілін дзесяць, а потым дастаў ордэр на арышт і парваў. Выехаўшы з Забрэззя, Аляксандр Андрэевіч спыніўся, схапіўшыся за галаву: «Што я нарабіў! Цяпер мяне расстраляюць! Трэба ехаць і забіраць мужыка!» Недзе з паўгадзіны смершавец думаў над сваім учынкам і нарэшце сам сабе сказаў: «Я ж мужчына! Я не павінен мяняць сваё рашэнне!» Дамоў у Мінск ён вярнуўся позна. Жонка, убачыўшы бледнага мужа, тут жа занепакоілася: «Што здарылася?» Аляксандр Андрэевіч расказаў усё як было, і жонка параіла яму заўтра з самага ранку ісці да Цанавы і пагаварыць з ім. І вось смершавец зайшоў у кабінет да Цанавы і тут жа пачуў: «Старлей, чаму не забраў мужыка?» «Я вырашыў параіцца з вамі», – адказаў Аляксандр Яроменка. «А ў чым справа?» – палагаднеў Цанава, пачуўшы, што смершавец з ім хоча параіцца. І тут старшы лейтэнант расказаў Цанаву прыдуманую размову з мужыком, якога ездзіў арыштоўваць. А прыдумана было, што мужык паведаміў пра «лясных братоў», якія хаваюцца ў Міёрскім раёне і іх ён дапаможа злавіць. Цанава, выслухаўшы смершаўца, сказаў: «Даю табе званне капітана! Паедзеш у Міёры і там зоймешся барацьбой з бандытамі!» Капітан Аляксандр Яроменка паехаў на новае месца службы, дзе хутка сапраўды разбіў банду «лясных братоў». У 1980 годзе сын Аляксандра Андрэевіча Яроменкі Валерый Аляксандравіч са сваімі студэнтамі трапіў на бульбу ў Забрэззе, дзе пазнаёміўся са святаром, які па выхадных прыязджаў служыць у мясцовай царкве з мястэчка Краснае Маладзечанскага раёна. І вось, раззнаёміўшыся і размаўляючы пра жыццё-быццё за гасцінным сталом у царкве, бацюшка раптам запытаўся: «Скажыце, а кім з’яўляецца вам кэгэбіст Аляксандр Андрэевіч Яроменка?» «Гэта мой бацька», – адказаў Валерый Яроменка. Бацюшка са словамі «Можна я вас абдыму?» тут жа ўстаў і абняў свайго суразмоўцу. Высветлілася, што бацюшка – родны брат таго мужыка, які ў 1945 годзе ўкраў шэсць вёдзер бульбы і які не быў арыштаваны смершаўцам, дзякуючы чаму ўсе шасцёра дзяцей выраслі.
Пісьменнік і зямля