Текст книги "Дзяўчына i бясхвостыя парсючкi (на белорусском языке)"
Автор книги: Жорж Сименон
Жанр:
Прочие детективы
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 2 страниц)
"На тым тыднi адзiн банкiр набыў там на распродажы карцiну, якая б мне спадабалася..."
"Што за ён?"
"Люка-Мартон... Запомнi, тое, што я табе кажу..."
"Калi я прынясу вам ягонага Манэ, – перапынiў хлопец, – колькi вы мне дасце?"
"Хоць дваццаць тысяч... Трыццаць нават..."
Праз два днi Жэрмэн прачытала ў ранiшняй газеце, што ў доме ў пана Люка-Мартона, у Версалi, начны вартаўнiк забiў дваццацiдвухгадовага злодзея ў той момант, калi той спрабаваў зламаць дзверы i залезцi ў хатнюю галерэю.
"Ты чытаў?" – спыталася яна ў бацькi.
Ён прабег вачыма паведамленне – i нават жылка не сцепнулася ў яго на твары.
"Табе ўсё роўна?"
"А пры чым тут я? Га?.."
Яна б многае магла яму сказаць. Але маўчала. А пасля пайшла з дому. Праз месяц, абышоўшы ўсе бюро па працаўладкаваннi, нанялася прадаўшчыцаю ў краму сясцёр Каро.
З тае пары Жэрмэн бачыла бацьку толькi адзiн раз, у яго ў краме.
"Падпiшы", – сказала яна яму, працягваючы паперу.
"Што гэта?"
"Бланк на твой дазвол выйсцi мне замуж".
"За каго?"
"Якое гэта мае значэнне?.."
Ён нахiлiўся i падпiсаў, уздыхнуўшы:
"Як хочаш..."
Глядзеў ёй услед, калi яна выйшла з крамы, але Жэрмэн не азiрнулася – i таму не ўбачыла, якi ўсхваляваны быў у яго твар.
Цяпер яна была з iм вельмi халодная, цвёрдая. Дапытвала, як суддзя:
– Што ты яшчэ яму сказаў?
Як нiколi раней, не магла яна забыць таго забiтага ў Версалi хлопца. Забiтага за нейкiя трыццаць тысяч франкаў. Куды ж гэтым разам паслаў бацька Марсэля? Марсэля, якi меў патрэбу ў грошах толькi таму, што ажанiўся нядаўна i не мог адмовiцца ад задумы звазiць маладую жонку на адпачынак у горы...
– Нiчога я яму не сказаў... Дамовiлiся адно, што ён прынясе мне што-небудзь i я дам яму грошы...
– Ён да цябе часта прыходзiў?
– Пяць-шэсць разоў...
– За якi час?
– За тры гады... Заўсёды прыносiў неблагiя штучкi... Калi што выгарала... Ён у гэтым разбiраецца... I не ўдаецца ў падрабязнасцi...
Цяпер Жэрмэн зразумела, чаму – нiбы насмiхаючыся з самога сябе, як заўсёды гэта рабiў, калi казаў нешта сур'ёзнае, – прызнаўся ёй Марсэль:
"Шкада, што я не сустрэў цябе тры гады таму..."
Тады яна падумала, што ён жартуе. Яна ўвогуле нiколi не прымала ўсур'ёз яго прызнанняў, i шкадавала цяпер, што не зрабiла гэта тады!
"Я не якi-небудзь жулiк", – сказаў ён ёй неяк.
Яна зноў пачала распытваць бацьку.
– Апошнiя месяцы ён прыходзiў?
– З год ужо, мусiць, як не быў...
– А цяпер я хачу ўсё-такi, каб ты сказаў, што iменна ты ў яго папрасiў. Чуеш?
Звычайны скупшчык крадзенага бярэ ўсё, што яму прыносяць, усё, што хоць нешта каштуе, што можна больш-менш лёгка прадаць. Але яе бацька быў не звычайны скупшчык, а чалавек, якога з'ядала манiякальная любоў да твораў мастацтва.
Размаўляў з тым хлопцам, якога забiлi, пра Манэ... Гэта ж ён, урэшце, i паслаў няшчаснага на смерць у дом да банкiра...
– Адказвай...
– Цяпер я цiкаўлюся перш за ўсё Рэнуарам... Не вялiкiмi штукамi, якiя можна ўбачыць у любым музеi, а маленькiмi Рэнуарамi... Жаночымi галоўкамi, нацюрмортамi... Ёсць нацюрморты, якiя...
– Ты не сказаў яму, да каго iсцi?
– Здаецца, не...
– Падумай...
– Не... З Марсэлем можна без гэтага... Ён сам добра ведае, дзе ёсць што вартае...
– Пачакай. Я пазваню...
Жэрмэн заказала свой нумар. Ледзь пачуўшы Iвэцiн голас, задрыжала. Тая была ўсхваляваная, думала, пэўна, што гэта званiў Марсэль.
– Гэта ты?.. Слухаю... Нiчога, цётка... Я б табе з радасцю добрае што сказала, але, на жаль, нiчога новага... Скажы мне вось што... Я тут кнiжку захацела пачытаць, а знайшла толькi другi том... "Пармскi манастыр"... Не ведаеш, куды ты першы засунула?..
Гэта нагадала Жэрмэн пра тое, што колькi дзён таму Марсэль чытаў, лежачы разам з ёю ў ложку, другi том "Пармскага манастыра".
– Ты не вяртаешся?
– Думаю, што хутка... Кнiга павiнна быць у спальнi... Там ёсць невялiчкая палiчка побач з ложкам...
– Дзякуй... Жадаю ўдачы!..
Паклаўшы слухаўку, Жэрмэн цiха загаварыла сама з сабою. Пра бацьку, якi хацеў легчы, ужо не думала.
– У газету званiць нельга: калi яго яшчэ не ўзялi, гэта будзе небяспечна... Цiкава, цi аддаў ён у рэдакцыю рэпартаж?.. Калi аддаў, значыцца, заставаўся на матчы да канца, да адзiнаццацi гадзiн... Пасля пiсаў, заносiў у рэдакцыю цi перадаваў праз кагось... У гэтым разе...
Яна зiрнула на гадзiннiк. Палова шостай. Яна ўжо праседзела ў бацькi амаль паўгадзiны. А лiчыльнiк у таксi з'ядаў пацiху грошы, якiх i так не было, толькi пра гэта яна не думала.
– Рэнуары... – пачала была яна, хочучы спытацца, дзе цяпер ёсць "малыя" Рэнуаравы творы.
– Шмат у каго яны ёсць, – уздыхнуў бацька. – Ехала б лепш дадому, паспала... Ну з чаго ты ўзяла ў галаву, што яго накрылi?.. Дый калi б павязалi, то гэта яму не задужа страшна: яго ж яшчэ не бралi нi разу... Разумееш? Iншая справа, калi б ён быў рэцыдывiст... З добрым адвакатам...
Яна зразумела. Бацька ёй не адкажа. Можа, не хоча, а хутчэй за ўсё, калi верыць яго словам пра Марсэля, проста не ведае, дзе той шукае грошы...
Грошы цi...
Не, гэтага не можа быць. Узяўшы сябе ў рукi, яна ўстала. Задуменна сама сабе паўтарыла:
– Рэнуары...
Чаму ёй здаецца, што менавiта ад яе залежыць выратаванне Марсэля? Нiводнага разу не падумала пра яго са злосцю. А чаму яна павiнна была злавацца? Хiба не сама ўтойвала ад яго, хто ў яе бацька?
I, паколькi Жэрмэн была дачкою такога чалавека, яна ведала, як усё гэта робiцца. Перш за ўсё, думала яна, адпадае, што крадзеж, на якi ён сёння, пэўна, пайшоў, быў даўно абдуманы. Тады б яна адчула, што голас у Марсэля ненармальны, калi ён тэлефанаваў ёй яшчэ першы раз, у сем гадзiн.
А палове адзiнаццатай ён толькi прыняў рашэнне. Чаму менавiта ў дзесяць трыццаць? I чаму ў зале "Ваграм"?..
Бацька праводзiў яе да дзвярэй.
– На вулiцу Каленкур, – сказала яна шафёру на вулiцы.
Усё яшчэ iшоў дождж, па-ранейшаму дробны. Было холадна i ў таксi: акно да канца не зачынялася.
Марсэль, як i большасць бацькавых "клiентаў", мусiў дзейнiчаць хiба што ў пустой кватэры. Так лягчэй. У Парыжы прыслуга амаль заўсёды кладзецца спаць не ў самiх апартаментах, а на сёмым цi восьмым паверхах, дзе ёй адведзены пакоi.
Але хлопец, якога ў Версалi забiў вартаўнiк, памылiўся...
Яна зноў i зноў мiжволi вярталася да пачатку.
Ён пазванiў другi раз а палове адзiнаццатай...
Зала "Ваграм". Залiты святлом рынг... Канаты... Тысячы балельшчыкаў... Марсэль за столiкам прэсы...
Напэўна, iдэя прыйшла яму ў галаву там... Рэнуары... Значыцца, ён некага ўбачыў там, у натоўпе, хто мае гэтых Рэнуараў... Некага, у каго кватэра будзе пустая да канца вечара...
Жэрмэн здалося, што прыдуманая ёю гiпотэза настолькi бясспрэчная, што яна ўжо i пад сумненне яе не ставiла.
Зала "Ваграм"... Адпачынак у гарах, мажлiва, аўтамабiль, якi ён так хоча мець... I гэты стары корч, якi адмовiўся пазычыць яму колькi там тысяч франкаў, але затое абяцаў даць шмат больш, калi ён прынясе аднаго, некалькi маленькiх Рэнуараў...
Сярод гледачоў, твары якiх высвечвалi пражэктары, у сама першых радах, вядома, сядзеў нехта той, хто навёў Марсэля сваiм з'яўленнем у зале на думку аб Рэнуары, зiмовым адпачынку ў гарах, хуткiм аўтамабiлi...
I паколькi гэты нехта глядзеў у той час бокс, Марсэль вырашыў: небяспекi ў тым, што задумаў, няма...
Але чаму тады ён пазванiў ёй? Прадчуванне?.. Можа, ён, нi разу раней не злоўлены, адчуў раптам iнтуiтыўна, што гэтым разам замах будзе няўдалы? Цi яшчэ вагаўся? Што, як яна пачала б настойваць на тым, каб ён вярнуўся раней, бо ёй сумна адной?..
Але не! Яна, наадварот, яшчэ пялася перад iм прыкiнуцца бадзёрай! Нiколi не хацела замiнаць яму ў чым-небудзь, бо з першага дня iх сумеснага жыцця вырашыла, што ён павiнен адчуваць сябе з ёю вольным.
Нават не сказала яму, калi ён званiў увечары, што хацела:
– Не вяртайся надта позна...
А гэта зрабiла б любая жанчына.
Не прызналася яму, што ў гэты вечар у яе быў вельмi меланхалiчны настрой.
Гэта была яе вiна.
У яго была ў запасе прыблiзна адна гадзiна.
Куды ж ён пайшоў? У якi квартал?
А як з ключом? Звычайна гэта праблема, вырашэнне якой патрабуе часу. Трэба дастаць ключ ад кватэры або зрабiць злепак i ўжо з яго – сам ключ.
Часу ў Марсэля на гэта не было. Жэрмэн была ў тым упэўнена. Ёй хацелася верыць, што ён нiчога загадзя не падрыхтаваў. Цэлы ж год не быў у яе бацькi!
Так цi iнакш, адчуў Марсэль агiду да гэтага занятку цi не, але ён захацеў змянiць сваё жыццё. Доказ – тое, што ажанiўся з ёю. А можа, ён зрабiў гэта толькi дзеля таго, каб цягнула на новыя замахi, бо пачаў баяцца, што зловяць?
Бывае i такое: калi ўдаюцца тры-чатыры буйныя пакражы, злодзей раптам не можа саўладаць са страхам. Тады ён звычайна кажа сабе, што дагэтуль проста iшла дзiкая лафа, што гэта не можа працягвацца бясконца i ўжо наступным разам прыйдзецца за ўсё заплацiць.
Небяспечны стан, калi менавiта ў гэты час ён надумае распачаць свой ранейшы занятак: вось тады яго i "накрываюць". Бо няма ўпэўненасцi. Падводзiць нядбаласць. "Падстаўляюцца" па-дурному, "гараць" на якойсьцi iдыёцкай драбнiцы.
Пазванiць у палiцыю яна не магла. Газеты з'явяцца толькi праз гадзiну.
Яна ўжо ўяўляла, як ён сядзiць у палiцэйскiм участку, у кабiнеце ў якога-небудзь iнспектара на допыце. Гальштук, рэмень, шнуркi з чаравiкаў ужо адабралi... А то раптам бачыла яго ў бальнiцы...
Але не ў трупярнi! Толькi гэтае слова, адно з усiх, што з'яўлялiся ў яе ў думках, выклiкала жаданне крычаць.
– Рэнуары...
Цiкава: ёй здавалася, што варта яшчэ крышачку напружыцца – i яна разгадае праўду. Чаму iмя Рэнуара – карцiны мастака былi ёй, вядома, знаёмыя развярэджвала памяць, падказвала нешта звязанае з Марсэлем, штосьцi пачутае зусiм нядаўна?..
Больш таго: яна магла паклясцiся, што менавiта Марсэль i прамовiў перад ёю гэтае iмя. Але калi? Дзе? З якой нагоды?
Таксi спынiлася, i яна ўбачыла святло ў вокнах сваёй кватэры. Пачала шукаць у сумачцы кашалёк... Грошай было вельмi мала. Пра ўсё ж думала раней, толькi не пра гэта.
– Пачакайце мяне, калi ласка, хвiлiнку. Я падымуся, вазьму грошы...
Пабегла па лесвiцы. Чырванела пры адной толькi думкi, што аддала ўчора шпалершчыку ўсе грошы, якiя толькi мела...
– Слухай, Iвэтачка, дарагая...
Ёй было сорамна, як нiколi яшчэ ў жыццi. Iвэта, якая, каб адчуваць сябе ямчэй, раздзелася да камбiнацыi, чытала, лежачы на канапе ў зале.
– У цябе ёсць грошы?
– Многа трэба?
– За таксi заплацiць... Не ведаю, колькi... Марсэля няма, а ў яго ўсе нашы грошы...
Iвэта пашукала, дастала чатырыста франкаў.
– Думаеш, хопiць? – спытала яна.
– Здаецца...
Жэрмэн спусцiлася ўнiз, размаўляючы сама з сабою: рэпецiравала размову з шафёрам. Якую ж страшэнную спляжанасць адчувала яна сёння ў душы – быццам перад усiм светам была вiнаватая.
Паволi паднялася наверх. Стамiлася ўжо, цяжка дыхала. Iвэта надзела сукенку i з капелюшом у руцэ iшла да дзвярэй.
– Думаю, я табе больш не патрэбна?
Жэрмэн хацела сказаць, што, наадварот, неабходная, што ёй страшна заставацца тут адной, але не асмелiлася.
– Дзякуй табе, Iвэтачка... I прабач яшчэ раз... Праўда, ты можаш зрабiць мне яшчэ адну паслугу... Калi а восьмай я не прыйду ў краму, будзь ласкавая, скажы тады патранэсам, што я кепска сябе адчуваю, з'яўлюся пазней, а можа, i зусiм мяне не будзе... Добра?.. Я табе калi-небудзь растлумачу... Гэта шмат страшней, чым ты думаеш...
– Усе замужнiя так кажуць!.. Дый незамужнiя таксама...
– Ты не зразумееш...
– Ведаю... Нiхто нiколi нiчога не разумее...
Пасля, надзяваючы палiто, дадала:
– Можа, хочаш, каб я засталася?
– Дзякуй... Гэта вельмi далiкатна з твайго боку... Я паспрабую крыху паспаць...
– Ну, добра... Усё будзе ў парадку... Я табе пакiнула трохi каньяку... Раю выпiць калiва...
Бледны твар, чырвоныя павекi – рыхтык клоўн, як паглядзець на яе цяпер. А грымаса, дзiўнаватая ўсмешка, якой яна, мусiць, думала падбадзёрыць сяброўку, адно павялiчвала гэтае падабенства.
– Дабранач, цётка...
Жэрмэн ледзь ужо была не паклiкала Iвэту назад, бо, толькi засталася адна, здалося, што яе клiча Марсэль, якi меў дзесьцi патрэбу ў ёй, чакаў жончынай дапамогi.
Але дзе?
Праз паўгадзiны развiднела, зазiхацелi дахi дамоў, з усiх гарадскiх комiнаў пацягнуўся ў неба дымок, ажывалi вулiцы, пад'езды, пайшлi аўтобусы, тысячы людзей рушылi на працу халоднай снежаньскай ранiцай...
Марсэль быў недзе ў гэтым вялiкiм горадзе... Жэрмэн, трымаючыся рукамi за мокрыя парэнчы балкона, глядзела ва ўсе бакi гiганцкай панарамы, нiбы спадзеючыся ўбачыць у ёй яго...
Раздзел трэцi
ВЯЛIКАЯ СЭЎРСКАЯ ВАЗА I ГРАФIНIН ДЗЯДЗЬКА
Палова восьмай ранiцы. З балкона бачны быў грузавiчок паштовай службы, якi развозiў газеты i спынiўся цяпер каля шынка насупраць iх дома. Шафёр у скураной кепачцы выйшаў на ходнiкi з тоўстым стосам пошты.
Жэрмэн збегла па лесвiцы з непакрытаю галавою. Брамнiца якраз мыла калiдор. Жэрмэн яшчэ мала ведала гэтую крыху касавокую жанчыну. Вось ужо з месяц, як яна ўлашчвала кансьержку: у Парыжы з iмi трэба ладзiць. У брамнiцы, можа, таму, што яна касавурыла, позiрк быў поўны падазрэння.
– Сёння ноччу да вас, здаецца, прыходзiлi? – спыталася яна. – Я званiла вам тры цi чатыры разы. У вас усё ў парадку, га?
Ёсць людзi, якiя проста чуюць бяду. Вось i гэтая жанчына была такая. Нельга нiчым выдаць сябе! Жэрмэн, падабраўшыся, адказала з усмешкаю:
– Гэта муж паслаў дадому сакратарку з рэдакцыi перадаць мне, што тэрмiнова адбывае ў Лондан... Там сёння сур'ёзны матч... Марсэля паслалi ў сама апошнi момант... Мне трэба было завезцi ў рэдакцыю яго рэчы...
– Дык добра!.. А то я падумала, што ў вас хто-небудзь захварэў...
Жэрмэн выйшла на вулiцу, купiла газету. Зайшла ў бар i, нязмушана гартаючы газету, выпiла кавы i з'ела рагалiк.
Матч у зале "Ваграм"... Рэпартаж на тры чвэрцi калонкi... Падпiсаны Марсэлем Бланам.
Гэта зрабiла на яе такое ўражанне, быццам яна атрымала раптам лiст ад чалавека, якi ўжо даўно памер, цi ўбачыла яго раптам у кiнакронiцы.
Але не! Марсэль не памёр!
Яна з'ядае яшчэ тры рагалiкi. Ёй сорамна, што так шмат есць уранку, але яна галодная. Чатыры рагалiкi!
Прачытаўшы рэпартаж, Жэрмэн адразу зразумела, што напiсаны ён не Марсэлевай рукою. Ёсць нешта ў гэтых радках не ўласцiвае яму: пабудова асобных фраз, выразы, словы... Ёй вядома, што час ад часу журналiсты робяць адзiн аднаму такiя паслугi: пiшуць за калегу i пасылаюць у газету патрэбны матэрыял.
Вярнулася ў кватэру. Глынуць, каб узбадзёрыцца, каньяку? Iвэта, аказваецца, выпiла амаль усю бутэльку. Жэрмэн заўсёды падазравала, што сяброўка не грэбуе спiртным. Яна дапiла рэшту i выпрасталася на канапе: забалелi ныркi. За тое, што выпiла, было сорамна яшчэ больш, чым за жудасны апетыт, але яна заснула.
У газеце не было паведамлення нi пра якi кватэрны ўзлом, нi пра iншае здарэнне, якое магло б датычыць мужа.
Але гэта нiчога яшчэ не значыла: не кожная ранiшняя газета газета паспявае паведамiць пра ўсе начныя здарэннi, а тут яшчэ яна чытала тую, у якое працуе сам Марсэль!
Дзесяць гадзiн. Тэлефон маўчаў. Праз паўгадзiны на Вялiкiх бульварах пачнуць прадаваць дзённыя газеты. Жэрмэн апранулася. I хоць яна i выпiла ўсяго толькi два-тры глыткi каньяку, адчуванне было такое, як пасля сапраўднай гулянкi. I як гэта Iвэта магла выпiць ажно тры чвэрцi бутэлькi?
У кашальку – троху меней за сто франкаў. Нягуста! Але ўсё ж яна ўзяла таксi!
Купiла ў вулiчнага гандляра газету. Ногi зрабiлiся проста ватныя. Яна i праўда была п'яная – i гэта нагадала ёй адзiн вечар, калi яны былi разам з Марсэлем у гасцях i выпiлi лiшняе...
Зайшла ў кавярню "Мазарынi" – i вось там раптам убачыла на першай старонцы газеты тое, што шукала: "Няўдалы напад на кватэру графа Ньёля".
Граф i Маленькая Графiня – так завуць у свеце яго жонку за яе мiнiяцюрныя фiгурку, тварык i неверагодную рухавасць... Арыстакраты, якiя займаюцца ўсiм: спортам, мастацтвам, кiно... Пастаянна выбiраюцца на балi, кактэйлi i розныя iншыя вечарыны. З Енскага праспекта, на якiм знаходзяцца мастацкiя выставы-аўкцыёны, у iх кватэру шмат чаго прыбывае. Аднаго разу Жэрмэн хадзiла да iх з Марсэлем на адкрыты вечар паглядзець на калекцыю твораў жывапiсу. Было сама мала трыста чалавек: журналiсты, акторы тэатра i кiно, знакамiтыя дактары i адвакаты... Стаяў гармiдар.
"Глядзi, – сказаў Марсэль, – у iх, бадай што, сама прыгожыя Рэнуары ружовага перыяду..."
Яна амаль што нiчога не ўбачыла. Надта ўжо зашмат было народу. Слугi, падыходзячы да кожнага госця, налiвалi вiскi, шампанскае проста бесперапынна. Можна было сказаць, спiртное лiлося ракою.
Вось тое, што яна так доўга хацела ўведаць уначы: граф i графiня Ньёль. Матч па боксе яны не прапусцяць, гэта ўжо напэўна: iм гэта тое самае, што тэатральная прэм'ера... Безразважная Маленькая Графiня проста зачараваная гэтым мужным спортам...
"Гэтай ноччу на кватэру вядомых усяму Парыжу графа i графiнi Ньёль быў зроблены напад з узломам, якi ледзь не закончыўся смерцю рабаўнiка. Граф i графiня былi тым часам на матчы па боксе ў зале "Ваграм". Цiкавая дэталь, выяўленая неўзабаве пасля замаху: вярнуўшыся дамоў у дзве гадзiны ночы, графiня заўважыла, што згубiла на матчы ключ ад кватэры, якi быў у яе сумачцы яшчэ тады, калi яна выпраўлялася з дому. Гэты факт дазваляе меркаваць, што напад не быў запланаваны загадзя i насiў выпадковы характар.
Невядомы..."
Жэрмэн збялела.
"...якi трапiў у кватэру, скарыстаўшыся ключом, у дванаццатай гадзiне, мог завалодаць iм толькi ў зале "Ваграм". Немагчыма, каб ключ быў наўмысна ўкрадзены якiмсьцi спрытным "кiшэннiкам": сумка ў графiнi была на засцежцы-маланцы.
Маленькая Графiня, як заве яе ўвесь Парыж, згадала, што калi яна падыходзiла да свайго месца, то дастала з сумкi насоўку. Можа, ключ упаў на падлогу якраз у той самы момант? У натоўпе ёй самой цяжка было тое прыкмецiць.
Ва ўсякiм разе, той, хто падняў ключ, добра ведаў, каму ён належаў i якую можна тут мець выгаду.
Далей невядомы трапiў у кватэру, у якой нiкога не павiнна было быць. Толькi выпадак прывёў у яе дзядзьку графiнi Ньёль пана Марцiно, якi зайшоў да пляменнiцы ўвечары i, адчуўшы стому, застаўся ў кватэры адпачыць замест таго, каб пайсцi на матч у зале "Ваграм".
Ледзь ён заснуў, як яму пачуўся шум у вестыбюлi, дзе былi вывешаны сама каштоўныя палотны з калекцыi гаспадароў. I, натуральна, спалоханы, пан Марцiно ўзяў у рукi рэвальвер..."
Словы, лiтары расплывалiся. Прагнучы ведаць, чым усё скончылася, Жэрмэн усё ж была вымушана, каб дайсцi да сэнсу, перачытваць кожны радок па два-тры разы. Хлопчык-афiцыянт паставiў на яе стол мандарынавы лiкёр.
"У вестыбюлi стаяў на крэсле невядомы з кiшэнным электрычным лiхтаром. Убачыўшы пана Марцiно з рэвальверам у руцэ, ён выключыў лiхтар, скочыў на падлогу i збiў графiнiнага дзядзьку з ног ударам кулака.
Устаўшы, пан Марцiно стрэлiў, будучы, як ён кажа, у стане афекту. А куля выпадкова трапiла ў злодзея, бо i на дыване, i на лесвiцы былi знойдзены сляды крывi.
Наколькi цяжка быў ранены нападчык? Немагчыма меркаваць аб гэтым цяпер, але, бясспрэчна, яго арышт – пытанне сама блiзкага часу. Вечарам вы, напэўна, ужо даведаецеся пра тое. Пан Марцiно, чалавек у гадах, да таго ж яшчэ i збянтэжаны незвычайным здарэннем, не мог дагнаць злодзея.
Напэўна, iм быў або дэбютант у гэтай справе, або аматар-выпадковец – але толькi не рэцыдывiст-прафесiянал. На гэтую думку наводзiць той факт, што шум, якi пачуў дзядзька Маленькай Графiнi, быў выклiканы падзеннем вялiзнай сэўрскай вазы, рэчы сапраўды гiстарычнай, вельмi вялiкай каштоўнасцi: датуецца яна напалеонаўскай эпохаю. Стаяла ваза пад адмысловай карцiнай Рэнуара ружовага перыяду "Купальшчыца", якую, бадай, усхваляваны прафан-няўдалiца выпусцiў з рук, ледзь зняўшы.
Вось i ўсе нашы здагадкi, якiмi мы можам падзялiцца з чытачом. Але ў зале "Ваграм" было, заўважым, некалькi тысяч гледачоў – i..."
Жэрмэн машынальна выпiла лiкёр, склала газету i паклала яе ў сумку.
Нягледзячы на ўсё, што здарылася, вочы ў яе, калi яна выходзiла з кавярнi, свяцiлiся радасцю. Яна была ўпэўнена: Марсэля яшчэ не ўзялi! Хвалявалася i таму яшчэ, што некалькi гадзiн назад сама аб усiм здагадалася.
Яна прайграла загадзя ў сваiм уяўленнi ўсю гэтую гiсторыю дзякуючы толькi званку Марсэля а палове адзiнаццатай i знойдзенаму ў кiшэнi ў мужавым палiто бясхвостаму фарфораваму парсючку. Яна ўжо бачыла i постаць невядомай тады яшчэ ёй арыстакраткi, якая ўпусцiла ключ, i пра Рэнуара згадала – сама.
А што больш за ўсё было ёй прыемна ўведаць, дык гэта тое, што ён быў няспрытны! Выпусцiў карцiну на сэўрскую вазу. Можа, рукi ў яго дрыжалi? Ва ўсякiм разе, яму было страшна. Ён паводзiў сябе, быццам пачатковец або нявопытны дылетант, якi кажа сабе:
"Яшчэ раз... Толькi раз!.."
Кажа гэта сабе, адчуваючы, што бярэцца не за сваю справу, што i праўда не будзе больш ёю займацца...
– Iдыёт, – ледзь чутна сказала яна сама сабе ў натоўпе, калi выйшла на Вялiкi бульвар.
Але дарагi ёй iдыёт! Што ён рабiў, паранены, на вулiцы, пакiдаючы за сабою сляды крывi? Трэба было адбегчыся ад дома графа Ньёля. Толькi б ён не дадумаўся ўзяць таксi!.. Тады яго непазбежна знойдуць: палiцыя ж, вядома, апытае ўсiх шафёраў таксi. Ужо апытвае. Але нават усхваляваны, Марсэль мусiў быць хiтрэйшы.
– Iдыёт! – зноў паўтарыла сама сабе.
Але, iдыёт, што не прыйшоў адразу ж дадому. Яна б дагледзела яго, вядома ж! Знайшла б знаёмага доктара, любога доктара, якi б перавязаў яго i зрабiў усё неабходнае, не выдаючы палiцыi. Каго хочаш можна знайсцi, як спатрэбiцца.
Напэўна, яму было сорамна перад ёю.
"Урэшце, я не якi-небудзь жулiк", – зноў успомнiла яна яго словы.
Iдучы, Жэрмэн размаўляла з Марсэлем – i нi разу яшчэ не была яна з iм такая лагодная. Гэты хлапчук, але, нягодны хлапчук, што так гарэзлiва ўсмiхаўся, меў цяпер як нiколi патрэбу ў ёй: яго трэба было выцягнуць з бруднай гiсторыi, у якую ён трапiў.
Iдыёт, так!.. Хлапчук, смелы на словах, нават у нейкiх учынках, але зусiм яшчэ баязлiвы ў душы.
Хацеў – пан такi! – звазiць яе на адпачынак у горы i пакатаць на аўтамабiлi! А яна i не пярэчыла, не заiкнулася нават: адкуль жа мы возьмем на гэта грошы? Усмiхалася адно. А трэба было сказаць:
"Ты з глузду з'ехаў, дурненькi... Пра гэта падумаем неяк пазней... А пакуль што пiшы свае рэпартажы пра бокс ды рэгбi..."
Вядома, уначы яна не памылiлася, калi адчула раптам, што ён яе клiча. Як яна была яму тады патрэбная! Толькi духу ў яго не хапiла паклiкаць яе на дапамогу.
– Пан вельмi горды, – з'едлiва сказала яна сама сабе.
Ну i дурань, ну i iдыёт!.. Але ж якi дарагi ёй!.. Дагэтуль яшчэ не набраўся розуму...
Толькi ж не застаўся ён на вулiцы на ўсю ноч?.. Дзе ён мог спынiцца, каб прывесцi сябе ў парадак?..
Цi ж думаў ён пра тое, што перажывае цяпер яна? Ну, вядома! Мабыць, уяўляе яе ўсю ў слязах. Думае, ягоная Жэрмэн баiцца, што ён кiнуў яе, падмануў!..
Дурненькi...
Толькi таму i не паддалася роспачы, што, нягледзячы нi на што, адчувала радасць: цяпер яна ведала, што ён яшчэ зусiм маленькi i мае патрэбу ў ёй.
Напачатку баялася яна. Думала, што прыйдзе неяк дзень i Марсэль даведаецца, хто яна такая, чым займаецца яе бацька, дрыжала, бо ў параўнаннi з мужам, журналiстам, яна была зусiм нiхто...
А ён, аказваецца...
Яна iшла i ўсё яшчэ думала, думала – толькi ўжо старалася не гаварыць сама з сабою, бы старая дзеўка.
Трэба было спяшацца, каб паспець Марсэлю на выручку. Хто-небудзь мог прыкмецiць яго ў зале "Ваграм", якраз тады, калi ён падбiраў з падлогi ключ Маленькай Графiнi.
Цяпер ужо роўна гадзiна, як Марсэль павiнен быў з'явiцца ў рэдакцыi. Яна зноў зайшла ў кавярню. Божа мой, i тут мандарынавы лiкёр! Падышла да тэлефона, набрала нумар.
– Алё, мадэмуазэль, будзьце так ласкавы, дайце мне рэдактара. Гэта панi Блан...
Так, спакойна, не хвалявацца. Жэрмэн не ведала, цi правiльна яна рабiла, што званiла, але трэба было захоўваць абсалютны спакой.
– Алё? Пан Манш?.. Гэта панi Блан... Муж просiць у вас прабачэння... Калi ён вярнуўся ноччу, пасля таго, як паслаў вам рэпартаж, я ўжо чакала яго з тэлеграмай ад цёткi з правiнцыi: у яе толькi што памёр муж... Марсэль выехаў першым ранiшнiм цягнiком... Некалькi дзён яго не будзе...
Яна адчувала ўздым усiх сваiх сiл. Пазванiўшы рэдактару, адразу ж згадала пра Жуля.
Марсэль двойчы прыязджаў разам з iм у Марсанг. Гэта быў доктар. Ён атрымаў дыплом яшчэ летась, але, каб практыкаваць самому, яму не хапала яшчэ грошай, i ён служыў нарыхтоўшчыкам лекаў у вялiкай аптэцы на Севастопальскiм бульвары. Высокi, кашчавы хлопец з крыху падобным на конскi тварам i кучаравымi, усё роўна як у херувiмчыка, светлымi валасамi, што так не адпавядалi яго фiзiяномii.
Трэба было знайсцi яго. А яна нават прозвiшча яго не помнiла. I адраса нiколi не ведала.
Узяла таксi. А ў кашальку толькi сто франкаў. Ды дзе там: частку гэтай сумы растрацiла ўжо ў кавярне... А што заставалася рабiць, калi час быў такi дарагi?..
– Выбачайце, пане, я хацела б пагаварыць з мсьё Жулем... Вы ведаеце: высокi бландзiн, часта бывае ў гэтым раёне...
– Доктар Бэлуар?
– Але... Кучаравы бландзiн, з вялiкiм носам.
Адрас ёй даваць не хацелi.
– Сёння ранiцай доктар не прыходзiў i не тэлефанаваў. Прыходзьце пасля абеду. Можа, з'явiцца.
– Мне трэба бачыць яго цяпер. Я яго стрыечная сястра. Толькi што прыехала ў Парыж, а ён мяне падвёў: павiнен быў чакаць на вакзале...
Шушуканне. Нарэшце:
– Калi вы на самай справе яго кузiна...
– Ды клянуся вам... Мой бацька – ягоны...
– Вулiца Мон-Сэнiз, дзвесце сорак шэсць...
Зноў таксi. Яна праехала ўверх па Манмартры, да сабора Сакрэ-Кэр... Заплацiла пятнаццаць франкаў. Дзiўны двор, усё адно як на вясковай ферме. У глыбiнi – невялiкая двухпавярховая будынiна. На першым паверсе жыве сталяр.
– Дзе тут можна знайсцi пана Бэлуара?
– На другiм паверсе...
Яна паднялася, пастукала ў зашклёныя дзверы: званка не было.
– Што там такое? – крыкнуў нехта незнаёмы.
– Гэта я! – холадна адказала яна.
Чаканне. Асцярожныя крокi. Нарэшце да шкла прыцiснуўся конскi твар Марсэлевага сябра. Яшчэ праз нейкi час Жуль павярнуўся i знiк. Жэрмэн была ўпэўнена, што гаспадар з кiмсьцi гаварыў. Сэрца ў яе часта бiлася.
– Адчыняйце...
Адзеты быў Жуль па-хатняму, твар – няголены.
– Выбачайце, не пазнаў вас. За што такi гонар?..
– Дзе Марсэль?
Аднапакаёвая доктарава кватэра была адначасова i спальняю, i залаю, i чымсьцi накшталт майстэрнi, як у сталяра ўнiзе. Джутавая шторка падзяляла яе на дзве часткi. Два старыя прамятыя крэслы, стол, кнiгi, лямпа.
– Але... я не ведаю...
– Слухайце, Жуль...
Калi ён пазнаў яе праз шкло, то загаварыў з кiмсьцi, яна ж чула. Значыць, за штораю нехта быў. А калi жанчына? Што ж, тым горш для яе, Жэрмэн. I якая рознiца, надаваў ёй смеласцi мандарынавы лiкёр цi што iншае...
Яна ступiла тры крокi. Болей не трэба было. Падняла штору.
За ёю стаяў Марсэль. Ён глядзеў на яе так спалохана, што яна ледзь не зарагатала ад слёз, i толькi адно i сказала:
– Iдыёт!..
I вось яна ўжо i плакала i смяялася. Не асмельвалася дакрануцца да яго, бо быў вельмi бледны i грудзi былi шчыльна перавязаны – ён прыкметна раздаўся.
– Думаеш, хiтры?..
– Дарагая...
– Iдыёт...
– Слухай, дарагая... Клянуся табе...
– Але спачатку ты адразу ж вернешся дамоў...
– Ён не дасць...
– Хто?
– Жуль...
Доктар выйшаў, каб не замiнаць iм, на лесвiчную пляцоўку – там яму, мусiць, холадна было ў адной кашулi.
– Клянiся, што... – пачала яна.
– Не трэба... я i так...
– Чаму раптам?
– Сама разумееш...
– Прызнайся, што было страшна...
Ён адвярнуўся ад выбеленай сцяны.
– Было...
– Прасi ў мяне прабачэння...
– Даруй...
– Скажы, што нiколi больш не будзеш гэтага рабiць i што я буду хадзiць з табою на ўсе матчы па боксе...
– Згодзен...
– А калi я яшчэ раз знайду ў тваёй кiшэнi бясхвостага парсючка...
I толькi тады яны загаварылi сур'ёзна.