355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Жорж Сименон » Дзяўчына i бясхвостыя парсючкi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Дзяўчына i бясхвостыя парсючкi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 10 октября 2016, 05:03

Текст книги "Дзяўчына i бясхвостыя парсючкi (на белорусском языке)"


Автор книги: Жорж Сименон



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 2 страниц)

Сименон Жорж
Дзяўчына i бясхвостыя парсючкi (на белорусском языке)

Жорж Сiмэнон

Дзяўчына i бясхвостыя парсючкi

Пераклад: Алесь Асташонак

Раздзел першы

МАЛАДЫЯ ЖОНКI ЛЮБЯЦЬ УШЫВАЦЬ ГУЗIКI

Хто тэлефанаваў ёй цяпер, у сем гадзiн вечара, Жэрмэн не сумнявалася: Марсэль павiнен быў пазванiць ёй з рэдакцыi. Дзяўчына толькi прыйшла ў "Французска-iталiйскую" рэстарацыю на бульвары Клiшы, дзе яны звычайна вячэралi i сустракалiся пасля працы, калi не дамаўлялiся на якое iншае месца. У iх i столiк быў ужо свой, заўсёды свабодны ў гэты час, каля акна. Месца гэтае было iм па-хатняму ўтульнае.

Яна якраз толькi села i была падумала, што да трох гадзiн засталося ўсяго тры хвiлiны, як да яе падышла Лiзэта, гардэробшчыца. Гэтая маленькая жанчына з вiдавочным задавальненнем называла яе пасля замужжа мадам i ўвесь час пазiрала на прыемную ёй наведнiцу з цiкаўнасцю i хваляваннем.

– Панi Блан... Пан просiць вас да тэлефона...

Яна сказала толькi "п а н", не дадаючы "Марсэль", i выгляд у яе быў такi змоўнiцкi, што можна было падумаць, быццам гэты пан належаў iм абедзвюм.

Напэўна, у яго планах нешта змянiлася. З Марсэлем заўсёды трэба быць гатовай да гэтага. Мусiць, скажа зараз:

– Iдзi хутчэй пераадзенься i падрыхтуй мой смокiнг... Пойдзем на такую прэм'еру цi на такое рэвю...

Колькi вечароў правялi яны дома з таго часу, як ажанiлiся? Два, ёй няцяжка было палiчыць.

– Гэта ты, Марсэль?

Не, гэта быў не ён. Сакратарка з рэдакцыi газеты, у якой працаваў Марсэль. Жанчыны ўжо добра ведалi адна адну па голасе.

– Перадаю слухаўку вашаму мужу, панi Блан.

Значыць, ён быў у рэдакцыi. I нiчога яшчэ не пiў. Бо варта было яму выпiць два-тры глыткi аперытыву, i яна прыкмячала гэта па тым, як ён гаварыў: язык у яго ўжо тады трохi заплятаўся. Ёй, дарэчы, падабалася слухаць Марсэля, калi ён быў крышачку на падпiтку: ён быў тады такi добры, лагодны – бы дзiця. Яму яна пра гэта не казала, але заўсёды слухала яго ў такiя моманты прыязна.

– Гэта ты, зайчык? Калi ласка, не крыўдзiся, павячэрай без мяне. У мяне ў кабiнеце Джон Дзiксан... Ага, Тэрнераў мэнэджэр... Настойвае, каб я павячэраў з iм перад матчам, ну, нiяк нельга адмовiцца...

Жэрмэн успомнiла, што Марсэль мусiў пайсцi на матч па боксе. Гэтага спорту яна не любiла. Апроч таго, адразу ж зразумела, што сёння ў яго рабочы вечар, а ў такiя яна старалася не замiнаць яму.

– Ведаеш, гэтыя баксёрскiя заўзятары не дужа пакутуюць ад залiшняга выхавання, дык я баюся, што пацапаюся з iмi.

– Што ты будзеш рабiць, зайчык? У кiно пойдзеш?

– Не ведаю яшчэ. Вiдаць, пайду дамоў.

– Я вярнуся недзе ў адзiнаццаць трыццаць. Пасядзiм трохi, гарбаты вып'ем... Я напiшу матэрыял, занясём яго разам у рэдакцыю. А можа, хочаш пасядзець, як закончу, у шынку?..

– Не, пабудзем дома.

Ёй не стала сумна. Вядома, яна i не павесялела, але трэба было прывыкаць. Такая ўжо ў яго работа. Павячэрала адна. Два цi тры разы ледзь не загаварыла сама з сабою, нахiлiўшыся над талеркаю, так прывыкла ўжо думаць уголас.

– Дэсэрту не будзеце? А мо кавы, панi Блан?

– Дзякуй... Не хачу болей...

Праходзячы каля рэкламных агнёў кiнатэатра, падумала: дарма сказала, што адразу вернецца дамоў. Але потым заспяшалася. Настрой у яе быў цудоўны, быццам гэта свята – чакаць мужа, пакуль ён вернецца. Дагэтуль яна чакала яго зазвычай цi ў барах, цi ў шынках, дзе ён назначаў ёй спатканне. Такiм чынам, яны, па сутнасцi, i да кватэры сваёй як след не прывыклi.

Яна прайшла пехам па вулiцы Каленкур, якая спакваля ацiхала i ўсё больш выдавала на правiнцыйную – па меры таго, як аддалялiся Манмартрскiя бульвары. Вечар быў мяккi, даволi цёплы як на снежань, але дажджлiвы. Лёгкi туман ахутаў вулiчныя агнi пяшчотнай смугою.

Iх дом быў на рагу вулiц Каленкур i Ламарк, каля плошчы Канстанцiна Пэкэра. Яна ўбачыла яго здалёк, разгледзела на сёмым паверсе доўгi рад балконаў з жалезнымi парэнчамi, адзiн з якiх быў iхнi.

Праходзячы па калiдоры, павiталася з брамнiцай, якая мыла на ноч ногi свайму маленькаму сыну. Лiфт стаяў. Адзiнае, што крышачку пагоршыла настрой. Падымаючыся па лесвiцы, бачыла вузкiя палоскi святла пад дзвярыма, чула радыё, людскую гамонку, пахi шматкватэрнага жытла.

"А ў вас ёсць кватэра, га?" – спытаўся ён у яе чатыры месяцы назад сваiм непаўторным голасам, нi кропелькi не падобным на чый-небудзь iншы, – нiколi нельга было ўгадаць, цi жартуе ён, цi гаворыць сур'ёзна.

Гэта было ў Марсанзе, на беразе Сены, дзе яны пазнаёмiлiся ў канцы лета. Жэрмэн каторы ўжо год ездзiла туды адпачываць па выхадных са сваiмi прыяцелямi. Адзiн хлопец неяк прывёў у iх кампанiю Марсэля, i той пачаў заходзiць у катэдж, дзе яны спынялiся.

"Я здымаю мэбляваны пакой".

"Я таксама. Вам гэта даспадобы?"

"А што зробiш, калi нiчога лепшага няма?"

"Дык вось, я знайшоў на днях кватэру..."

Свая кватэра! Цуд з цудаў! Мара паўмiлёна парыжан!

"Чакайце! Гэта на Манмартры. З усiх вокнаў – гарадская панарама. I балкончык ёсць. Не большы, праўда, за тры насоўкi, але паснедаць на iм у сонечнае надвор'е можна. Калi яно сонечнае... Я ўжо заплацiў. Цяпер шукаю жонку. Гэта тэрмiнова, пятнаццатага кастрычнiка перабiраюся".

Памаўчаўшы, дадаў:

"Кухня, сталоўка, спальня, балкон, ванная – як вам усё гэта?.."

Ёй гэта была ўсё яшчэ вялiкая радасць: выйшаўшы на сваю лесвiчную пляцоўку, апусцiць руку ў сумку, пашукаць там ключ, адчынiць дзверы, запалiць святло, кiнуць позiрк на Марсэлевы палiто, люльку, пантофлi ў спальнi...

– Шкада, дарагi, што цябе няма дома, – сказала яна сама сабе. – Прабавiлi б разам цудоўны вечар...

Размаўляючы ўголас, яна пачувала сябе весялей. Усё-такi надта часта заставалася дома адна. Марсэль жартаваў:

"Разумееш, я яшчэ не зусiм прызвычаiўся быць мужам, але гэта прыйдзе, пазней, калi мне будзе... калi мне будзе, як ты думаеш, колькi?.. Пяцьдзесят? Шэсцьдзесят?"

Яна пачала была чытаць. Пасля вырашыла навесцi парадак у гардэробе: дзе перашыць гузiк, дзе паглядзець, цi не распаролася што. У дзевяць гадзiн зiрнула, колькi часу, i падумала, што матч у зале "Ваграм", пэўна, пачаўся. Уявiла залiты святлом рынг, запоўненыя балельшчыкамi трыбуны, баксёраў, Марсэля за журналiсцкiм столiкам.

А палове адзiнаццатай – яна ўсё яшчэ аглядвала адзенне – зазванiў тэлефон. Апарат у iх паставiлi толькi тыдзень назад, яна яшчэ не прывыкла да яго – i таму адразу ж ускочыла.

– Гэта ты, зайчык?

Пачуўшы мужаў голас, Жэрмэн падумала, што Марсэль тэлефанаваў ёй дадому ўпершыню. На тыднi ён званiў ёй у краму сясцёр Каро, дзе яна працавала, i рабiў гэта крыху часцей, чым хацелi б патранэсы.

– Ну, што робiш?

– Гузiкi перашываю...

Нешта не спадабалася ёй у Марсэлевым голасе, а што, пакуль зразумець не магла. Ён яшчэ не пiў, яна гэта адчувала, аднак голас у яго быў нейкi незвычайны. Нiбыта няёмка яму было, акурат як тады, калi спрабаваў манiць.

– Не ўмееш ты хлусiць! – сказала яна, пасля паўтарыла гэта яшчэ i яшчэ.

– Проста хацеў сказаць табе: "Добры вечар", – прамармытаў ён у адказ. – Ну i матч зараз пачнецца!.. Людзей – яблыку няма дзе ўпасцi... Чуеш, мусiць, як тут?..

Але колькi яна нi напружвала слых, не чула нiякага шуму ўсхваляванай залы.

– Думаю, што да апоўначы вярнуся... Алё!.. Чаму ты маўчыш?..

– Я цябе слухаю...

– Ты не ў гуморы?

– Ды не...

– Сумна?..

– Не, мiлы... Не разумею, чаму ты турбуешся...

– Не турбуюся я... Слухай... Калi я...

Жэрмэн вырашыла, што зараз усё-такi дапытаецца, чаму ён ёй пазванiў.

– ...калi я трохi спазнюся...

– Ты думаеш, прыйдзецца? – перапынiла яна.

– Не... Але ж ты сама ведаеш, як усё ў нас... Можа, мне трэба будзе прапусцiць з арганiзатарамi шкляначку...

– Надоўга затрымаешся?

– Ды не... Да сустрэчы... Цалую...

Ён зымiтаваў пяшчотны пацалунак.

– Марсэль, я... – пачала была яна, але ён паклаў слухаўку.

Жэрмэн з сумам глядзела на бялiзну i адзежу вакол сябе.

Калi яна была абсалютна ўпэўнена, што першы званок i праўда быў з рэдакцыi, бо пазнала сакратарчын голас, дык гэтым разам нiшто ўжо не пацвярджала таго, што Марсэль званiў з залы "Ваграм", – наадварот, яна была перакананая: тэлефанаваў ён не адтуль.

У адзiнаццаць Жэрмэн расклала ўсё па шуфлядах. Што ж рабiць далей? Збiралася ўжо зноў узяць у рукi кнiгу. Але ўбачыла выпадкова на крэсле Марсэлева палiто з вярблюджай воўны i ўспомнiла, што колькi дзён таму прыкмецiла на iм гузiк, якi вось-вось павiнен быў адарвацца. Было тое ў горадзе, а вярнуўшыся дамоў, яна пра гузiк забылася. I вось цяпер, кiнуўшы позiрк на палiто, усмiхнулася, бо згадала iх колiшнюю размову.

Марсэль быў вельмi какетлiвы, iншы раз аж занадта. У адзеннi любiў светлыя колеры, гальштукi падбiраў яркiя.

Неяк ранiцаю ў Марсанзе, яшчэ да таго, як загаварылi пра кватэру, яна сказала яму:

"Вы згубiлi гузiк з вашага свiтэра..."

"Не, не згубiў, ён у мяне ў кiшэнi".

"Тады дайце яго мне, я прышыю..."

"Уяўляю, што з вамi будзе, калi выйдзеце замуж!" – засмяяўся Марсэль.

"Што?"

"Я так заўсёды кажу, калi хто з сяброў жэнiцца. Маладыя жонкi так любяць прышываць мужам гузiкi, што я падазраю, быццам яны адрываюць iх наўмысна: каб зноў прышыць. Калi ў вас гэтая звычка з'явiлася да таго..."

Гледзячы на палiто, якое яна паклала ўжо сабе на каленi, Жэрмэн засмяялася. Прасунула нiтку ў iголку – i раптам намацала рукою ў кiшэнi ў мужавым палiто нешта нязвыкла вялiкае.

Яна i не думала нiколi корпацца ў Марсэлевых кiшэнях. Раўнiваю яшчэ не стала. I, магчыма, не будзе ёю нiколi, гэтак верыла яму, такому ласкаваму i пяшчотнаму.

Прадмет быў цвёрды. Ён не быў падобны нi на адну рэч, якiя Марсэль клаў звычайна ў кiшэню, i не з цiкаўнасцi, а з любовi да парадку дастала.

Калi яна ўбачыла, што гэта было, аж змянiлася ў твары. Нейкi час яна была абсалютна нерухомая, разгубленыя вочы напаўнялiся жахам.

У руцэ ў яе быў маленькi фарфоравы парсючок.

* * *

Яна паглядзела на гадзiннiк: палова дванаццатай. Ружовы парсючок ляжаў на стале перад ёю. Палiто спаўзло на падлогу. Жэрмэн набiрала нумар на тэлефонным дыску – рука ў яе дрыжала, – але кожны раз абанент быў заняты.

Яна сцiснула пальцы i раз за разам зноў набiрала нумар, быццам гэта было пытанне жыцця i смерцi i секунды вырашалi ўсё. Зноў няўдача. Жэрмэн устала, пагартала тэлефонны даведнiк i ўпэўнiлася, што нумар яна не пераблытала.

Калi Марсэль пазванiў а палове адзiнаццатай, матч толькi пачынаўся. Колькi часу iдзе бой у лёгкай вазе? Раз на раз, вiдаць, не прыходзiцца. А пасля што магло здарыцца? Цi хутка разышлiся балельшчыкi? Цi пайшлi дамоў арганiзатары адразу ж пасля iх?

– Алё! Зала "Ваграм"?

– Яна самая, панi.

– Скажыце, пане, калi ласка, матч ужо закончыўся?..

– З паўгадзiны назад...

– Усе разышлiся?.. А з кiм я гавару?

– З дзяжурным электрыкам... Тут яшчэ багата людзей...

– Зрабiце ласку, спытайцеся, цi ёсць там пан Марсэль Блан... Але, Блан... Ну, журналiст... Дык спытайцеся, цi там ён яшчэ... Ён павiнен быць з арганiзатарамi... Гэта вельмi важна... Я вас прашу, зрабiце ўсё, што можаце, каб знайсцi яго... Алё!.. Так, калi ён яшчэ там, паклiчце яго да тэлефона...

Чакаючы, яна пашкадавала, што была такая нястрыманая i цяпер вось уткнулася, мусiць, Марсэлю сваiм недарэчным званком. Што яна яму скажа?..

Можа, ён вернецца, пакуль яна будзе чакаць яго каля тэлефона. На лесвiцы пачулiся чыесьцi крокi. Не, гэта на чацвёртым паверсе. А што, калi ён узяў таксi адразу ж пасля матча?.. Марсэль не любiў чакаць аўтобусаў, а ў метро ўвогуле не ездзiў: баяўся...

– Алё... Што вы кажаце?.. Яго ў вас няма?.. А вы не ведаеце, цi...

Электрык паклаў слухаўку. Яна зноў разгублена ўтаропiлася вачыма ў ружовага парсючка на стале... Бясхвостага парсючка...

– Слухай, Марсэль, трэба, каб ты мне сказаў, – забыўшыся, вымавiла яна.

Але Марсэля тут не было. Яна была адна, i ёй раптам стала жудасна ад свайго адзiноцтва. Жэрмэн падышла да акна, адчынiла.

Ноч была светлая, цемрадзь разрэджвалася нейкiм шэрым блакiтам. Выразныя абрысы дахаў, комiнаў, кароткiх i доўгiх вулiц, абрысы зiхоткiх лiхтароў... Манмартрскi бульвар, Белая плошча, плошча Пiгаль, Мулен-Руж, сотнi начных рэстарацыяў, шынкоў, пiўнушак, усюды вакол iх – слабае святло...

Па вулiцы Каленкур паволi ўзбiралiся ўверх легкавыя аўтамабiлi. Кожны раз, калi адзiн якi спыняўся, Жэрмэн здавалася, што зараз з машыны выйдзе Марсэль i яна ўбачыць, як нязмушана павернецца ён да шафёра, каб расплацiцца, пасля кiне позiрк на iх вокны. Глядзела яна i на аўтобусны прыпынак каля дома: было позна, i з кожнага выходзiлi, падымаючы каўняры, толькi два-тры чалавекi, не больш.

– Гэтага не можа быць, Марсэль, – цiха сказала сама сабе...

Раптам яна адчула, што не можа больш заставацца ў хатнiм халаце прыйшоўшы дамоў, Жэрмэн, як звычайна, дараадзелася. Яна хутка прайшла ў спальню, узяла шарсцяную сукенку – першую, якая трапiлася. Тую самую, зашпiлька ў якой была на спiне i якую Марсэль так любiў адшпiльваць, цалуючы яе ў патылiцу.

Чаго яна баялася? Прайшло, можа, некалькi дзён цi, сама больш, тыдняў, як фарфоравы парсючок апынуўся ў кiшэнi яго палiто. Калi Марсэль апранаў яго? Трэба было ўспомнiць: у яго ж былi толькi два палiто. I ўвогуле, яна павiнна была згадаць гэта, бо кахала яго i таму ўсё ў iм прыкмячала. Сто разоў на дзень яна ўпотайкi з захапленнем разглядвала яго, асаблiва ягоную дужую постаць. А як любiла яна глядзець на мужа, калi ён тушыў цыгарэту: Марсэль рабiў гэта так элегантна!

Удзень яны яшчэ паабедалi разам, i не ў "Французска-iталiйскай" рэстарацыi, куды звычайна хадзiлi ўвечары, а блiжэй да Вялiкiх бульвараў, у "Матухны Катрын"... Але яна нiяк не магла ўзгадаць, калi ён апошнi раз апранаў гэтае палiто!..

Ва ўсякiм разе, сама меней дзён восем таму, бо на тым тыднi яна насiла палiто ў хiмчыстку.

А яшчэ ўпэўненая была, што нiчога не абмiнала ў мужу сваёю ўвагай! Ён расказваў ёй усё, нават рэдакцыйныя анекдоты. Бесперапынку званiў ёй. Яны часта сустракалiся ўдзень. Калi ў яго толькi з'яўлялася вольная хвiлiнка, ён заскокваў да яе ў краму – проста каб сказаць "добры дзень".

Жэрмэн павярнулася да балкона i, усхваляваная, яшчэ больш збляднела...

"Ты ж нiколi не ездзiла ў горы катацца на лыжах?" – спытаўся ён неяк у яе.

"Не, – адказала яна, – адзiн раз была, але як прадаўшчыца: сёстры Каро адчынялi ў Межэў сезонны фiлiял".

"Табе спадабалася там? Як ты думаеш, дадуць табе два тыднi адпачынку? Вось давяду да ладу адну справу, i махнём удваiх!.."

Чаму яна не пагаварыла з iм сур'ёзна, не сказала, што такiя забавы не для iх?.. Ёй, вядома, прыемна было гэта чуць, але яна ў гэта нi секунды не верыла. Часам ён дурыў ёй галаву i не такiмi пражэктамi, зусiм ужо фантастычнымi, i кожны з iх патрабаваў шалёных грошай, больш, чым папярэднi, быццам у iх гэтых грошай мора было – на адны ж яго рэпартажы ды яе невялiкую зарплату i жылi.

Толькi i сказала яму:

"Ты нарадзiўся, каб быць багатым. Усё хочаш мець..."

"Асаблiва для цябе, – адказаў ён нязвычна сур'ёзна. – Я яшчэ i машыну хачу купiць... З тае пары, як ведаю цябе, проста нясцерпна хачу..."

"Ты ўмееш вадзiць?"

"У мяне была колiсь машына..."

Яна не стала пытацца, калi гэта было. Урэшце, яны нiчога не ведалi адно пра аднаго – кахалiся толькi, ды ўсё. I тое, што яны сышлiся, таксама было чымсьцi накшталт вясёлай гульнi.

"У цябе ёсць бацькi?"

"Мой бацька... – пачаў быў ён i раптам змянiў тон. – Ну, вядома, у правiнцыi!.. Але ты ў маiм жыццi галоўны чалавек... Няма ў мяне нiкога болей... Займiся паперамi... Будзем распiсвацца ў дзевятнаццатай акрузе..."

У гэтай акрузе, каля сквера святога Георгiя, Жэрмэн здымала мэбляваны пакой.

"Там не вельмi брудна, у аддзяленнi мэрыi?.. Праўда, што калi мы там будзем..."

Зноў праехала таксi. Не, не спынiлася. Яна паглядзела на гадзiннiк. Мiнула поўнач. Мiнакi цяпер былi настолькi рэдкiя, што Жэрмэн нават чула, як ацiхалi ўдалечынi iх крокi.

"Мне трэба было сустрэць цябе тры гады таму..."

"Чаму?"

"Бо калi малады, дык растрачваеш час..."

Яна помнiла процьму такiх фраз. I значэння iм нiякага нiбыта не надавала, але яны пастаянна ўсплывалi ў памяцi.

Увогуле ён быў тэмпераментны, i ўсё ў яго выходзiла неяк нязмушана. Натуральная была ў яго весялосць, гуллiвая. I, аднак, бывалi моманты, калi ён рабiўся раптам вельмi сур'ёзны.

"Ты ўбачыш, што я не такi благi, як здаецца..."

"Чаго гэта ты благi?.."

Ён смяяўся, цалаваў яе.

"Урэшце, я ад iншых не адрознiваюся... Ёсць ува мне i добрае, i кепскае так перамяшалася, што, бывае, i сам не магу разабрацца, што я за тып..."

Толькi б ён вярнуўся! Пад'ехаў у таксi да дома, выйшаў з машыны, павярнуў за рог... Толькi б яна пачула на лесвiцы яго крокi!

Чаму ён пазванiў а палове адзiнаццатай?.. Чаму ў яго быў такi ненатуральны голас, нiбыта ён, калi тэлефанаваў першы раз, нешта ад яе ўтойваў?

Дарэмна яна званiла ў залу "Ваграм". Цяпер ёй гэта было ясна. Невядома яшчэ, да чаго яно можа прывесцi... Цi сказала дзяжурнаму электрыку, што яна Марсэлю жонка? Гэтага Жэрмэн ужо не памятала.

Ды не! Немагчыма, каб менавiта сёння... Чаму якраз сёння?..

Але чаму тады ён гаварыў з ёю пра адпачынак у гарах i нават пра аўтамабiль? На якую такую справу, што трэба давесцi да ладу, мог разлiчваць? Што ў яго было, апроч рэпартажаў пра спорт? Адсоткi, якiя атрымлiваў як удзельнiк маленькага акцыянернага таварыства? Але там ён мог зарабiць максiмум некалькi тысяч франкаў.

Яна зноў падышла да тэлефона. Не, не трэба. Вярнулася да балкона. На вулiцы iшоў дробны, але шумны дождж. Паветра было свежае. Уначы Парыж рабiўся больш загадкавы. Чаму ж Марсэль не вяртаецца?..

Тэлефон... Яна падыходзiла да яго, перадумвала званiць, адыходзiла, вярталася зноў...

– Алё... Мiжгароднi?.. Будзьце ласкавы, панi, дайце мне Жуанвiль, нумар сто сорак сёмы...

Глядзець гэты нумар у даведнiку ёй не трэба было.

Ёй чуўся бой гадзiннiка на тэлефоннай станцыi. Бог яго ведае чаму, але яго ўдары будзiлi ў ёй успамiн пра вялiзны, пусты бацькаў дом...

– Нiхто не адказвае...

– Пазванiце яшчэ раз, прашу вас, панi... Я ўпэўнена, што гаспадар дома... Проста спiць у гэты час – вось i ўсё... Яшчэ раз, зрабiце ласку...

Зноў званок... Чакаючы, яна ўслухоўвалася ў цiшыню... Крокi на лесвiцы... Сцiшылiся, не ягоныя... На вулiцы спынiлася таксi... Аўтобус...

– Алё... Гэта я, Жэрмэн... Ты спiш?.. Праўда, спiш?.. У цябе нiкога няма?

Загаварыўшы, яна адразу ж зрабiлася змрочная.

– Прабач, што разбудзiла... Што ты кажаш?.. Падагра?.. Даруй, не ведала... Ды не, нiчога...

Голас на тым канцы лiнii быў бурклiвы. Акурат голас чалавека, хворага на падагру, якi вымушаны быў у час прыступу ўстаць сярод ночы з ложка i спусцiцца на першы паверх да тэлефона.

– Трэба, каб ты сказаў мне дакладна, цi ведаеш такога чалавека, як Марсэль Блан...

– Мне прозвiшчаў не называюць, – раздражнёна адказаў чалавек.

– Гэта неабходна... Ты разумееш?.. Марсэль...

– А што будзе, калi адкажу?

– Ты яго ведаеш?

Нi слова адказу.

– Трэба, каб ты адразу ж адказаў... Гэта вельмi важна. Апошняе, пра што я ў цябе пытаюся... Ты яго ведаеш?

– Што ён сабой уяўляе?

– Дваццаць пяць гадоў... Прыгожы малады мужчына... Брунет, элегантны... Часта апранае палiто з вярблюджай воўны, – затаiла яна дыханне, – светлае, зусiм светлае...

Зноў цiшыня.

– Ты яго ведаеш?

– А ты?

– Якая рознiца! Адказвай. Ведаеш?

– А што будзе, калi адкажу?

– Нiчога... Проста мне трэба знаць... Ты ж яго ведаеш, га?..

Ёй здалося, што нехта падымаўся па лесвiцы. Але, як выявiлася, гэта быў кот.

– Заедзь да мяне, як захочаш...

– Не кладзi слухаўку... Чакай... Што я хачу, каб ты мне сказаў, дык толькi тое, цi збiраецца ён гэтым вечарам...

– Што?

– Ты не разумееш?

– Я думаў, ты выйшла замуж...

– Але... Гэта... – Пасля некаторых ваганняў яна даказала: – Гэта мой муж.

I чаму ёй здалося, што чалавек на другiм канцы лiнii пацiснуў плячыма?

– Iдзi спаць, – толькi i сказаў ён.

Дарэмна спрабавала яна пасля гаварыць нешта ў апарат. Сто сорак сёмы жуанвiльскi абанент паклаў слухаўку.

Ужо была палова другой ночы, а Марсэль усё яшчэ не вярнуўся. На стале побач са скрынкаю з прыладамi для швiва ружавеў бясхвосты парсючок, а палiто з вярблюджай воўны ўсё яшчэ ляжала на дыване.

Раздзел другi

ГАНДЛЯР БЯСХВОСТЫМI ПАРСЮЧКАМI

Гадзiны ў чатыры ранiцы з усiх вокнаў, якiя можна было бачыць з балкона кватэры Бланаў, святло гарэла толькi ў адным, дый тое за штораю там угадвалася постаць чалавека, якi, мяркуючы па ўсiм, даглядаў хворага.

Марсэль не вярнуўся. Ён не пазванiў, не даў па сабе знаку, i роўна а пятай гадзiне Жэрмэн вырашыла зрабiць яшчэ адзiн тэлефонны званок.

– Алё... Гэта ты, Iвэта?.. Спiш, бедная?.. Не злуйся на мяне... Ну, гэта я, Жэрмэн... Але... Хочаш выручыць мяне?.. Што ты кажаш?

Дзяўчына на другiм канцы лiнii прамармытала:

– Ну, што табе?..

Iвэта працавала разам з ёю. Гэта была мажная дзяўчына дваццацi васьмi гадоў, зусiм непрыгожая. Яна ведала сваю непрывабнасць i, адкiнуўшы ўсякую зайздрасць да панаднай Жэрмэн, патрапляла заставацца лепшай яе сяброўкай сама вясёлай i зычлiвай.

– Хуценька апранайся, няважна як. А каб хутчэй паспела, закажу табе таксi. Адразу ж едзь да мяне...

Сказаўшы: "Ну, што табе?.." – Iвэта не выявiла нi здзiўлення, нi цiкаўнасцi. Праз чвэрць гадзiцы яна ўжо была ў Жэрмэн.

– Ты, мусiць, здзiўлена...

– Усякае бывае, цётка...

– Марсэля няма...

– Я i не сумнявалася. Калi б быў, ты б мяне не клiкала...

– Я табе пазней усё растлумачу... Не, скажу табе шчыра, я не змагу растлумачыць гэта, нават табе...

– Куды мне iсцi шукаць яго?.. Сказаць яму, што ты захварэла цi што стралялася?

– Гэта я выйду... Ты застанешся тут... Толькi слухай... Сядзi каля тэлефона... Пазвоняць – запiшы як след, што скажуць... Калi гэта будзе Марсэль, скажаш, хто ты... Ён цябе ведае... Скажы яшчэ, што я выйшла i хутка вярнуся... Калi ж ён прыйдзе, скажы тое самае... скажы, што я ўстрывожылася... i пайшла яго шукаць...

– Палова пятай, – заўважыла Iвэта. – I раздзявацца не варта... Можна легчы на канапу?..

– Вядома!

– Пiць у цябе нiчога няма?..

– Ёсць бутэлька каньяку ў насценнай шафе...

Праз хвiлiну-другую Жэрмэн ужо садзiлася ў таксi, якое прывезла сюды Iвэту i чакала дагэтуль новага клiента.

– У Жуанвiль... Уздоўж Марны... Я скажу, дзе спынiцца.

Яна супакоiлася, узяла сябе ў рукi. Чакаць яна ўжо больш не магла. Трэба было нешта рабiць.

Вулiцы былi пустыя, толькi некалькi грузавiкоў з гароднiнай праехалi на рынак.

Менш чым праз паўгадзiны таксi ўехала ў Жуанвiль. Трохi пазней Жэрмэн спынiла машыну каля вялiкай адзiнокай вiлы на беразе ракi.

– Чакайце мяне, калi ласка.

Яна пазванiла. Ведала, што не хутка адчыняць. Да таго як пачула першыя мяккiя крокi за дзвярыма, дакладней, перш чым, напружыўшы слых, угадала iх, званiць прыйшлося некалькi разоў. Цяпер чакала, пакуль гаспадар уважлiва разгледзiць яе праз вочка ў дзвярах. Нервавалася. Iшоў дождж. Яна была ўжо ўся мокрая.

– Гэта я, – сказала Жэрмэн. – Адчынi.

– Прынесла ж цябе халера! – прабурчаў за дзвярыма бацька.

Аднак адчынiў. Зачынiўшы за ёю дзверы, запалiў ярчэйшае святло i запрасiў дачку ў пыльную, няпаленую залу. Там было сыра, непрыбрана, пахла цвiллю.

– Не вярнуўся муж? – спытаў ён, хутаючыся ў халат, асцярожна сеў у старое крэсла.

– Калi б вярнуўся, мяне б тут не было.

Гэты вялiзны чалавек з гадамi стаў азызлы, твар у яго праз хваробу сасудаў пабарвовеў ледзь не да сiнявы, пад вачыма з'явiлiся страшэнныя мяшкi. Час ад часу ён дакранаўся рукою да распухлай ад падагры нагi.

Бацька глядзеў на дачку з цiкаўнасцю. Не без iронii, але i крыху задаволена.

– Ну, як жывеш?.. Не заязджаеш... Не варта задужа казырыцца... Калi я iншы раз думаю пра ўсё, што ты мне колiсь напляла...

– Пасля пра гэта... Я прыехала пагаварыць з табой сур'ёзна... Ты ведаеш Марсэля...

– Ты ж не лiчыш, мусiць, што я ведаю толькi аднаго Марсэля... Ты б хоць прозвiшча сказала, а не задавала загадак... Што з iм здарылася, га?.. У турму засадзiлi?

Яна не стала абурацца, толькi прашаптала:

– Не ведаю... Ён яшчэ не вярнуўся дамоў сёння ноччу... I я выпадкова знайшла ў яго ў кiшэнi аднаго з тваiх парсючкоў... Калi ён прыходзiў да цябе?

Бацька, якога ўсе ведалi як пана Франсуа, праводзiў на гэтай вялiзнай цаглянай вiле толькi ночы i выхадныя. У самым цэнтры Парыжа, каля сабора святой Мацi Ларэты, за два крокi ад залы мастацкiх выстаў Друо, у яго быў вялiкi салон антыкварыяту, якi больш выдаваў на краму старызнiка. У краме можна было знайсцi ўсё: старадаўнiя фатэлi, сакрэтнiкi, зжаўцелыя эстампы, карцiны – нiбыта арыгiналы, кiтайскiя забаўкi з нефрыту, вырабы са слановай косцi...

Там, таксама, як i на вiле, было пыльна, адусюль патыхала старызнаю, дый сам гаспадар крамы быў заўсёды ў пракаветным, завэдзганым гарнiтуры, якi проста вiсеў на iм, – локцi свецяцца, засалены каўнер ажно блiшчыць.

– Днi тры-чатыры назад, – адказаў ён.

У глыбiнi крамы можна было ўбачыць на палiцы некалькi бясхвостых парсючкоў, адзiн з якiх, знойдзены ў кiшэнi ў Марсэлевым палiто, так усхваляваў Жэрмэн. А ў падсобным памяшканнi гэтых парсючкоў была цэлая скрыня.

Калiсьцi iх было тысяча – падобных адзiн на адзiн як дзве кроплi вады. Адсутнасць звычнага скручанага хвосцiка, якi надае жывым парсючкам такi вясёлы выгляд, рабiла iх фарфоравых братоў вельмi прыкметнымi.

Некалькi гадоў таму ў краму прыйшоў комiваяжор i паказаў пану Франсуа адну такую забаўку.

"Гэта сапраўдны лiможскi фарфор, – растлумачыў ён. – Iх роўна тысяча абсалютна аднолькавых. Не буду расказваць пра тонкасць фарфору i колеру: самi бачыце. Гэта частка велiзарнага заказу... Партыя розных жывёлiн, на экспарт... Што здарылася, пра што думаў мастак, як так магло выйсцi, што на заводзе нiхто не прыкмецiў памылкi, не ведаю. Так цi iнакш, праца была выканана, калi ўрэшце нехта заўважыў, што парсючкi бясхвостыя... Ну, дык вось, пан Франсуа: бясхвостых iх нiхто не хоча купляць... Я аддаю вам усю партыю, тысячу штук... Колькi вы за яе дасце?.."

Гаспадар назваў смяхотную цану – i назаўтра ў яго былi поўныя скрынi гэтага дабра. За год ён прадаў толькi двух парсючкоў: кожны раз, калi паказваў забаўку клiенту, той круцiў галавою:

"Шкада як, што хвост адламаны..."

"Ён не адламаны – яго нiколi не было..."

Аднак патроху парсючкi знiкалi адзiн за адным з крамы. Больш таго, тыя клiенты, што забiралi iх, не прадавалi забаўкi зноў, не шукалi нiчога ў краме, толькi пыталiся, ледзь пераступiўшы парог:

"У вас ёсць фарфоравыя парсючкi?"

Пры гэтым адбывалася нешта зусiм дзiўнае. Калi клiент пытаўся пра цану, гаспадар думаў больш, чым звычайна, i называў амаль кожны раз iншую.

"Дваццаць два франкi..."

Або дваццаць адзiн цi дваццаць тры, радзей – менш за дваццаць. А iншы раз, напрыклад, i ўвогуле толькi адзiн франк.

Дваццаць два франкi – дваццаць дзве гадзiны, вось што гэта значыла. Дзесяць гадзiн вечара. Адзiн франк – гадзiна ночы. У гэты час пан Франсуа мусiў чакаць клiента ў сябе на вiле.

Такiм чынам, усе гэтыя людзi маглi прыходзiць да гаспадара ў краму, i нiхто чужы нi пра што не здагадваўся. Дый госцю, нават новаму, не трэба было нiчога расказваць: толькi ён пытаўся пра парсючкоў, як адразу ж рабiлася ясна, што прыслаў яго сюды свой чалавек, якi прадаў яму арыгiнальную забаўку, – i гаспадар назначаў клiенту час спаткання ў Жуанвiлi.

– Ён прынёс табе што-небудзь? – спытала Жэрмэн, утупiўшыся позiркам у бацьку.

– Гэты раз – не, – пацiраў той хворую нагу.

Марсэль прыходзiў да яго тры цi чатыры днi назад... А пяць-шэсць дзён таму гаварыў з ёю пра паездку ў горы...

– Ну, i чаго яму ад цябе было трэба?..

– Таго, дзеля чаго звычайна прыходзяць, калi з грашыма нявыкрутка... Бабкi прасiў... Калi ў iх ёсць што пiхнуць мне, тады яны памяркоўныя i прымаюць маю цану моўчкi... А як не свецiць нiчога, дык тон у iх мяняецца... Песня адна i тая ж: "Вы няблага зарабiлi на мне... Апошнi раз вы мяне абдурылi... Вы б маглi пазычыць мне колькi тысяч, пакуль выгарыць справа..." I тут яны пачынаюць расказваць, на што выйшлi. Ну, сенсацыйныя проста палотны: Рэнуар, Сезан, а то ажно i старыя майстры... "Праз тыдзень прынясу, не, праз пяць дзён, добра?.. Трэба, каб я пачакаў зручнага выпадку, разумееце?.. Гэта ж больш у вашых iнтарэсах, чым у маiх: якi будзе мой заробак – i якi ваш..."

Ён перадаў усё гэта лянiва, з пагардаю. Уздыхнуў.

– Усе аднолькавыя! Думаюць, я скупы. Дзiўлюся нават, як гэта хто з iх не прыйдзе сюды, каб прыкончыць мяне ды прыхапiць мае бабкi... Бо ж думаюць, я сплю над iмi, што матрац у мяне набiты купюрамi, золатам...

Зрэшты, Жэрмэн знала, што ён не быў скупы. Яна была, бадай што, адзiны чалавек, якi ведаў яго. Бацька не быў скупы – ён быў маньяк.

Мала якiя з карцiн i iншых каштоўнасцей з тых, што кралi яму на вiлах i ў багатых кватэрах гэтыя дурнi (як казаў, бязмерна пагарджаючы клiентамi, пан Франсуа), прадавалiся. Аматар мастацтва згаджаўся развiтацца з некаторымi набыткамi толькi тады, калi яны выклiкалi ў яго сумненне ў сваёй арыгiнальнасцi або былi вiдавочна другарадныя.

Лiчылi, што нявартыя рэчы iшлi ў Амерыку, а большасць калекцыi, творы сапраўды каштоўныя, заставалiся на вiле, i па вечарах стары ў адзiноце з асалодаю аглядаў сваё багацце.

– Ты яму што-небудзь даў?

– Не.

– Што ён табе сказаў?

Яна добра ведала бацьку. Менавiта таму, што ведала, i пайшла аднойчы з яго дому. Ёй не было тады яшчэ i дваццацi.

Адзiн з яго клiентаў, дваццацiдвухгадовы хлопец, загiнуў, здабываючы бацьку антыкварную рэч. Ён таксама купiў у аднаго з ранейшых клiентаў бясхвостага парсючка, прыйшоў у краму, на сценах якой вiселi жудасныя лiтаграфii ў чорных рамках. Хто б мог надумацца шукаць у гэтым склепе якiя-небудзь шэдэўры?

Жэрмэн выпадкова апынулася сведкам iх размовы.

"Толькi дзве тысячы, – упрошваў малады чалавек. – Клянуся вам, што прападаю без iх... Мая сяброўка хворая... Трэба рабiць аперацыю... Я не хачу пасылаць яе ў дзяржаўны шпiталь... Вы разумееце?.."

Бацька ўздыхнуў:

"Што ты прынёс мне апошнi раз?"

"Маленькага Манцiчэлi, вы ж памятаеце... Вы далi мне хiба толькi за адну раму... Я пытаўся пасля i ведаю, што карцiна каштуе сама меней сто тысяч франкаў..."

"Але ж яе яшчэ трэба прадаць i не папасцiся... Бачыш, дружок, я таксама бедны чалавечак... Прынясi мне што-небудзь сур'ёзнае, i я заплачу табе як след... Я не настолькi багаты, каб строiць з сябе фiлантропа..."

"Але ж гэта будзе толькi аванс..."

"За што – аванс?"

"За тое, што на днях прынясу..."

"У цябе ёсць на прыкмеце што-небудзь вартае?"

Ясна было, што не. Хлопец вагаўся, расчырванеўся.

"Вось калi б ты прынёс мне Манэ... Толькi аднаго маленькага Манэ..."

У той час ён захапляўся Манэ. У яго пастаянна было якоесьцi галоўнае захапленне.

"Што там ёсць?" – спытаўся хлопец.

"Яшчэ не ведаю... Вiдаць, усяго патроху, але гэта нялёгкая справа прабрацца ўначы на выставу..."

"Ноччу яе сцерагуць... А электрычная сiгналiзацыя i процьма ўсялякiх новых штучак..."


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю