355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Якуб Колас » На чужым грунце (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
На чужым грунце (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 17 сентября 2016, 19:47

Текст книги "На чужым грунце (на белорусском языке)"


Автор книги: Якуб Колас



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)

Колас Якуб
На чужым грунце (на белорусском языке)

Якуб Колас

На чужым грунце

Самая важная прычына ўсiх яго нягод крылася ў тым, што гэта Калiва расло на чужым грунце. Хто яго ведае, як занеслася яно на зялёны луг. Але ласне яно вiнавата? Або хто вiнават? I навошта шукаць вiнаватага? Проста выкiнулася зернетка аржаное з мяшка, як везлi ў млын жыта, – цi ж не магло хiба так стацца? А можа, якi падарожны, iдучы полем, сашмаргнуў, не думаючы, каласок i iшоў потым праз гэты луг i кiнуў зернетка. Толькi ж узрасло яно мiж чужынцаў: поруч з iм рос званец, мяцёлка, а каля саменькага карэння цiснулася ўсялякая трава-драбяза: шчытнiк, iмяло, белая дзяцелiна, муражок i розныя краскi. Але гэтыя суседзi не хацелi знацца з сiрацiнай i лiчылi вялiкаю ганьбай для сябе i свайго гонару кампанёўства з закiданым Калiвам Жыта. Ну, што ж! хiба змусiш каго, каб любiў цябе, раз ты нiкому не люб? Няхай!

Надышла вясна. Вясна гэта такая пара, у якую адны толькi няўдатнiкi, адны бяздольнiкi, па справядлiвасцi нешчаслiвыя, не знаюць радасцi. Вясна – гэта пара, калi ўсе спяшаюцца скарыстаць гэты час для шырокай вясёласцi i глыбокага жыцця сэрца.

Бывала, чуць-чуць пачне паказвацца з-за лесу сонца, а на лузе ўжо пачыналiся спевы, шчаслiвыя, улюбёныя шэпты чаротаў з высокай жорсткаю асакою. Падыдзе сонейка яшчэ вышэй, пачынаюць злятацца матылёчкi, ды такiя прыгожыя, так хораша ўбраныя, што найпершы зух-фарсун пазайздросцiў бы iм. Усякiя травы, кветкi, кожны кусцiк, кожная саломiнка, падымалi голавы, цягнулiся к сонцу, вiталi яго i ў чэсць яго курылi найлепшымi ладанамi – чысцейшымi туманамi ранiцы i прыямнейшымi пахамi свежых красак лугу. I сонейка вiталася з iмi i рассыпалася золатам, дыяментамi ў кожнай капельцы расы, адлiвала ўсiмi колерамi вясёлкi. Закiданае Калiўца Жыта таксама жадала сонца i цягнулася да яго кожнаю сваёй жылкай, усiм нутром сваiм. Мяцёлка штурханула яго.

– Куды сунешся, мужыцкая ўцеха? – сказала задзiра-мяцёлка.

– Шу-шу-шу, – зашапялявiў званец (гэта смех яго такi), – змый наўперад пясок са свайго рыла, тады пазiрай на сонейка.

– Яно тут фанабэрыi панабралася, усiх адцiснуць хоча i заняць чужое месца, – шаптала знiзу трава-драбяза.

Слова не сказала Жытцо на такую знявагу. I што ты адзiн зробiш процi ўсiх? А хiба жыта не ўмее цярпець?

Якая ж другая раслiна зазнае такога гора, як жыта? I яно цярпела, толькi сэрца ледзьве-ледзьве магло стрываць, каб не разарвацца ад жалю – так многа сабралася яго.

Хоць бы было з кiм пагаманiць, слова прамовiць, разважыць сваю тугу, думкi паганыя разагнаць, – усё ж было б лягчэй. I толькi той пойме, як цяжка было гэтаму Калiву ў лузе, хто сам многа перажыў, многа меў у сэрцы горкiх думак, якiмi не з кiм было падзялiцца.

Але мiнулiся веснавыя днi. У пагодзе зрабiлася вялiкая змена; пачалася суш. Заныў луг, пажаўцелi груды, цяжкiя пачалiся часы. Рыжыя мурашкi хадзiлi, як непрытомныя, не ведаючы, за што ўзяцца; пчолкi, чмелiкi званiлi яшчэ жудасней, яшчэ нудней, пралятаючы над лугам i не знаходзячы сабе пажытку, толькi аваднi i сляпцы красавалiся i паганым звонам рэзалi сэрца. Конiкi пазмаўкалi i толькi вечарамi распачыналi сваю жальбу.

Травы сохлi i жоўклi, прыгожыя краскi тужлiва хiлiлi свае зграбныя галоўкi, дарэмна шукаючы цяньку, i сохлi без часу. Глухi шум, нараканне пайшлi па лузе, трывожна гаварыў луг пад гарачым ветрам. Пачалi травы i краскi судзiць-разважаць, вышукваць прычыны такога няшчасця. Адзiн казаў тое, другi другое, – i ўсе шумелi, нiхто не слухаў нiкога, i толку нiякага не дабiлiся.

– Спытайма хiба ў ручайка: ён самы мудры на лузе, – урэшце параiў чарот.

I праўда, ручаёк тут быў самы старэйшы i болей ад усiх ведаў жыццё. Стаяў тут таксама i стары дуб, але сам ён прызнаваўся, што i дзед яго не памятае такога часу, калi б у лузе не было ручайка. Прыйшлi да ручайка травы-пасланцы, бухнулi ў ногi яму – няшчасце навучыць гнуць голавы. "Так i так, – кажуць, навучы, што рабiць, дай ты нам раду".

Слухаў мудры ручаёк гэту просьбу травы.

– Заўтра скажу, а цяпер дайце мне падумаць, распытаць таго-сяго.

– От што, мiлыя, – сказаў назаўтра ручаёк, – сонейка ўгневалася на вас. Найдзеце мiж вамi самага няшчаснага, i няхай ён раскажа сонейку сваё цяжкае жыццё-нядолю; тады яно зжалiцца над вамi i прыкажа ветру нагнаць хмары.

– Хто ж тут самы нешчаслiвы?

Кожнаму здавалася, што ён i ёсць самы няшчасны.

Прылятаюць матылькi i кажуць:

– Аржаное Калiва – самае няшчаснае.

I вецер пацвердзiў, што гэта праўда. Пасылае луг паслоў да Аржанога Калiва, кланяюцца жыту паслы, просяць заступiцца за ўсiх.

А жыта звесiлася коласам i маўчала: цяжкая доля, знявага аднялi ад яго дар слова.

I сонца яшчэ гарачэй стала прыпякаць лугавыя травы.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю