355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Вячаслаў Адамчык » Дзень ранняе восенi » Текст книги (страница 1)
Дзень ранняе восенi
  • Текст добавлен: 5 октября 2016, 20:29

Текст книги "Дзень ранняе восенi "


Автор книги: Вячаслаў Адамчык


Жанр:

   

Рассказ


сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)

Адамчик Вячеслав
Дзень ранняе восенi (на белорусском языке)

Вечаслаў Адамчык

Дзень ранняе восенi

Яны iшлi ўдвух выкатанаю нячутна-пругкiмi веласiпедамi сцежкаю ля шэрых нямогла нахiленых да вулiцы платоў. Стаяла лета, блiзкае да восенi. Можна было ўжо есцi яблыкi. Быў спас: дробна i весела званiлi ў белай царкве, што стаяла на грудку сярод мястэчка i была вiдаць адсюль, з прымесця. За царквою, за густа-цёмным навалам прысад, хаваўся раймаг, таксама белы. Яны iшлi туды: там недзе было людна, гармiдарна, густа, у нешта адно мяшалася людская гаворка. На плошчы перад царквою лёгка патрэсквалi i траслiся па бруку чырвона-слiзкiя "Явы" з каляскамi; ад ветравога шкла, суха мiльгаючы, адсвечвала сонца.

А тут была цiшыня, бязлюднасць i пустая вулiца. Цёмна цвiлi пад нечымi глухiмi вокнамi чырвоныя вяргiнi.

Яны iшлi ўдвух: бацька – высокi мужчына, чырвона-здаровы ў твары, у карычневым касцюме з шырокiмi, не па-цяперашняму, штанамi, i сын – востры плячыма i худы, як хрушч, падлетак у выцвiлай кепцы з пераламаным брылём i ў вялiкiх чаравiках.

З нечага падворку высунулiся i наглядзелi iм услед, цвёрда расставiўшы ногi i цяжка склаўшы на нiзкiм жываце рукi, дападныя бабы ў белых, насунутых на лоб хустках. Яны ведалi ўсё, мусiць, яшчэ з учарашняга вечара, калi ў самую крайнюю хату, да Iвана Ходаса, за якой пачыналiся неабгароджаныя, з павыварочванымi плiтамi жыдоўскiя могiлкi i быў канец горада, прыйшоў гэты падлетак.

...Быў сiнi прыцемак, цёпла жаўцелi за сполахам цiхага бэзу чужыя вокны.

У хаце вячэралi. Горка пахла i рэзала ў вочы свежа нашаткаваная капуста з алеем. Ад маладое празрыстае картоплi вiлася i мяшалася сырая пара. Над параю трасла, разганяючы яе, скрылiкам замучанага вялага сала чарнявая дзяўчынка з тоненькай белаю шыяй. Круглы тварык яе слiзка блiшчаў ад тлушчу.

Ходас сядзеў нiзка на табурэтцы, шэраю, глухою спiнаю да дзвярэй, i нават не павярнуўся. Гаспадыня, круглая ў плячах, у абвiслай, няроўнай у падоле, сукенцы, гладканогая, зачынiла за хлопчыкам дзверы, перастала жаваць i спытала:

– А ты да каго ж?

Валасы яе, рыжыя, сабраныя недзе ззаду, на патылiцы, у тугi вузел, адсвечвалi мяккаю жаўцiзною золата – i хлопчык, жаласна шкадуючы, падумаў, што яна прыгажэйшая за маму, зморшчаную, худую ў твары, з тонкiм ротам, некалi таксама прыгожую, маладую на фатаграфii з тым салдатам, валасы ў якога гладка зачэсаны i блiшчаць, нiбы змочаныя вадою.

Шырокая глухая спiна павярнулася, i хлопчык убачыў твар, толькi не гэтакi смутна-мяккi, як на фатаграфii, а сiнявата-няголены, вялiкi i жывы, з ямачкай над пераноссем, нiбы хто там выцiснуў чым вострым. I ён успомнiў, што казала мама: "Ён харошы, твой бацька..."

– А чый жа ты будзеш? – спытаў ён, бацька, цяпер у невайсковым: у шэрай рубашцы, з вялiкай ад мазуту плямай на грудзях, што, пэўна, не адмывалася.

– Аксенiн... – Хлопчык сцягнуў з галасы шапку, мусiць, успомнiўшы тое, што дома казала мама, стоячы ля прыпека, у чырвоным споласе агню, калi ўчора вечарам грэла яму ваду.

На стале клейка блiшчала цырата. Ходас выцер аб край цыраты рукi i паклаў iх на каленi.

– То ўзяў бы ручнiк, – сказала гаспадыня i неяк бокам падступiлася да вёдраў, падняла руку, белую спаднiзу, – на цвiку на сцяне вiсеў чысты выгладжаны ручнiк, але не знала: муж недзе далёка глядзеў сабе пад ногi i нiчога не бачыў.

– Якое гэта Аксенi?

– Ну, Петручковае... – Хлопчык павёў вачыма сабе за плячо, мусiць, недзе там шукаючы ратунку.

Ходасава рука шорстка папаўзла па назе ўверх, у кiшэню. Ходас закурыў, жмурачыся, зацягнуўся.

– Гэта з Моладава, цi што?

– Ыгы.

Цяжка ўпаў i востра зазвiнеў на падлозе пад сталом жалезны вiдэлец скiнула дзяўчынка.

– Гэта ж во адтуль, дзе ты служыў у войску, – невядома чаму зарадавалася жонка, прымошчваючыся на лаве, каля стала, i беручы пад пахi дзяўчынку да сябе на каленi.

Ходас устаў, хiстаючыся, дастаючы галавою да столi.

– А да каго ж ты прыехаў?

– Да вас. – Адтапыраныя вушы ў хлопчыка чырванелi i тонка свiцiлiся. Мама казала, што вы мой бацька.

Разам з дымам Ходас суха сплюнуў з языка крошку горкага тытуню i пайшоў да дзвярэй, наступаючы на адну ўсё дошку: яна гнулася i рыпела пад лiштвою, каля перагародкi. Жонка глядзела недзе мiма, на чыстыя белыя дзверы, пафарбаваныя iм учора, i, пэўна, бачыла тую цiхую чарнату, што была там, за белымi дзвярыма ў пустых сенцах. У яе з каленяў нячутна спаўзала дзiця, i яна раптам падхапiла яго.

– А як жа цябе завуць? То садзiся вячэраць...

– Ванька.

Яна няўпэўна, як пасля вiна, паднялася i, сiнеючы ў губах, пайшла з дзiцем на руках да белае печы. Недзе ў пячорцы холадна i востра зазвiнелi нажы i вiдэльцы.

– То на выпадак чаго можа бутэльку... – сказаў ён, квола i нямоцна ўсмiхаючыся.

Яна маўчала, цяжка абярнуўшыся да яго плячамi.

Iрванаю дзяружкаю на сцежцы калыхаўся цень: ад маладое грушы за плотам. Цесна павязаны пучкамi, на вострым частаколе ветраў насенны кмен. У глыбiнi нечага падворку стракаталi i мiльгалi белым воллем у нерухомым вiшняку быстрыя сарокi.

Хлопчык iшоў наперадзе, мiльгаючы парэпанымi, як у лусцэ, нагамi.

"Якi ён вялiкi, – нешта цёплае, абамлелае падкацiлася Ходасу пад грудзi. – I калi гэта я хадзiў да Аксенi? Дванаццаць год... А як учора..." – i раптам у яго перад вачыма гэтая вулiца, зелянiна гародчыкаў змяшалася з тым далёкiм i гэтак нечакана выразным, нiбы ўсё было ўчора.

Была вось гэтакая пара, блiзкая да восенi, калi ў садах пачынаюць цяжэць яблыкi, а скрозь па вёсках пяюць нядужыя, маладыя пеўнiкi, яшчэ не ўзлятаючы на плот. Быў гарадок з белымi атынкаванымi хаткамi ў цёплым сасняку. На стрэхах, на зялёнай гонце прэла нацярушаная iглiца. На вулiцы пад нагамi мякка качалiся леташнiя растаптаныя шышкi. Над галавою ў хвойках трашчалi сухiм галлём сытыя гракi, укладваючыся нанач, i трывожна-рэдка крычалi ў густой цемнаце. Гэта пазней. А перад тым як пачынала шарэць, з раптоўным шумам абсядалi старую таполю, што стаяла недалёка ад iхняй часцi, каля вакзала. У часцi салодка пахла дымам ад блiзкiх чорных паравозаў i было чуваць, як цяжка лязгалi мяккiм жалезам буферы, калi паравозы падавалiся назад, каб зрушыць з месца.

Чорныя паравозы беглi за Моладава, туды, куды ён, Ходас, кожнае нядзелi хадзiў на вечарынку. У Моладаве жыла i соладка мучыла яго раздабрэлаю дзявочай чысцiнёй Аксеня.

Ад Iвана Ходаса холадна пахла трайным адэкалонам i на нагах блiшчалi сабраныя ў гармонiк хромавыя боты, калi ён падыходзiў да сяла. Ля рэдкага цвiлога частаколу, туга нацягнуўшы на каленях спаднiцы i пахаваўшы пад лаўку босыя ногi – мусiць, ад камароў, – сядзелi моладаўскiя дзяўчаты. Хлопцы недзе пiлi i паiлi музыканта. Дзяўчат весялiў прасцякаваты, няхiтры, прыгожы ў твары конюх Мiкiта.

Iван Ходас стаяў зводдаль, бачыў, як шчаслiва саромелася i мякка хавала ад яго свае вочы Аксеня. Горача чырванела i на вечарынцы, калi iшла з iм у танец. Цiха-радасна нагiнала галаву; валасы яе пахлi далёкаю ласкава-зялёнаю мятаю. I толькi праваю рукою праз нячутную блузку ў белыя ёлачкi, ад якiх балюча кружылася ў вачах, Iван Ходас адчуваў яе ўсю, сарамлiва i стомлена паслухмяную.

Да Аксенi хадзiў Мiкiта, i ёй было сорамна перад людзьмi, перад сабою, перад Мiкiтам: казала, быў у сватах, з паўтараком, з боханам хлеба ў ручнiку, i яна сядзела за сталом, пiла i ўсё яшчэ не заплацiла за гарэлку. А Мiкiта на нешта спадзяваўся: ленавата i моцна абдымаў дзяўчат, а Аксенi паблажлiва i стрымана старанiўся. I няхiтра-затоена хаваў злосць на яго, на Iвана Ходаса. Але нядоўга. Раз, набраўшыся, як смалы, асалавелы, брыдка выпусцiўшы з портак рубашку, увалiўся на вечарынку, убiўся ў вёдры i нарабiў раптоўнага адчайнага звону. А потым, блытаючыся ў вясёлых дзявочых падолах, пралез сюды, дзе на лаве, спiною да акна, сядзеў ён, Iван Ходас. Замахнуўся пустым кулаком. Але Ходас злавiў гэты кулак i пхнуў недзе ад сябе. Мiкiта, заплюшчыўшы вочы, паехаў спiною на гарманiста. Хтосьцi падхапiў яго пад пахi. Мiкiта стаяў, апусцiўшы рукi, нiбы мокры, нiбы вылез з вады, i раптам працверазiўся. Гармонiк, густа выпусцiўшы апошнi дух, нечакана сцiх. Бабы процьмаю збiлiся ля парога, зашапталiся i палахлiва замiльгалi ў чорную прорву сяней. Але бойкi не было.

Ходас выйшаў з хаты. На дварэ стаяла рэдкая i халодная вiдната усходзiў месяц: за хатамi трывожна, як на пажар, чырванела неба. Ля парога, студзячы плечы, рагаталi хлопцы. З-пад акна сюды, да парога, смутна мiльганула постаць, i Ходас пазнаў цi, скарэй, здагадаўся – Аксеня.

– Ах, божа, я гэтак перапалохалася! – сказала яна здалёк, яшчэ не дайшоўшы да яго.

– Ды нiчога тут не было. – Ён адчуў, як моцна абняло яго здаровым, празрыстым холадам пасля гарачынi i пылу.

Ён узяў яе за руку. Яна была халодная i дрыжала.

Ноч стаяла вiльготная, з расою – за ногi браўся сыры пясок. Спалi познiя хаты, стомлена адсвечваючы сляпою цемнатою акон. Каля плота хрумсталi зялёнымi абабранымi яблыкамi дзецi.

Аксеня павяла Ходаса чужымi надворкамi.

У нечым хляве цяжка ўздыхала карова i з грукатам цiснулiся да сцяны перапалоханыя авечкi. Пахла цёплым гноем i авечым потам.

– Нешта холадна, – сказала Аксеня, небаязлiвая, блiзкая з iм у густой адзiноце ночы.

Ён шчасна маўчаў, чуючы, як яна тамлiва i цёпла ўздыхала, мусiць, ад таго, што ён быў поруч.

Сырым чырванаватым жаўтком з-за хат слiзка выплыў месяц. З гародаў пахла сопкаю свежаю зямлёю – днём капалi раннюю картоплю.

За папярочнаю вулiцаю пачаўся брук. У тлустых зеленаватых плямах мазуту, рэдка прыцярушаныя сенам, гладкiя камянi мутна блiшчалi, як падталы лёд. Ля плота разасланым палатном ляжаў тратуар: асфальт быў шэры i шорсткi, як каровiн язык. Тут пачынаўся горад. Уздоўж вулiцы стаялi нiзкiя, у два паверхi, домiкi. За мутным цюлем на падаконнiках грэлiся глiняныя каты, збуялыя вазоны лiсцямi адпiралi цёплае тугое шкло – iм было цесна.

Домiкi былi новыя, жаўтаватыя, як з суцэльных вялiкiх вафляў. Ходас ведаў, што тут недзе жыла – вокнамi на двор – iхняя касiрка з маленькiм i свежым, як у дзiцяцi, ротам, маладая татарка, што веяла на мужчын раптоўным хмельным скразняком, калi iшла па калiдоры, дзе тыя стаялi ў дзень зарплаты, весела-мурзатыя, у вiльготных ад мазуты фуфайках. Мужчыны скалiлi здаровыя белыя зубы, падморгвалi адзiн аднаму зайздросным калючым вокам i сыта ржалi. Ходас ведаў, што татарка кiнула мужа, дэмабiлiзаванага афiцэра, але ведаў i другое, што да чыста-свежага рота нiхто, мусiць, не падступаўся блiжэй, як праз гэтае замусоленае, у залацiстых кляксах густога чарнiла акенца. I, мусiць, дарэмна адсылалi да яе сваiх слiнява-ласкавых пасля палучкi мужоў, калi тыя позна варочалiся дадому, цiхiя, злыя жонкi.

Дарэмна злавала i яго, калi ён паволi ўвайшоў у хату адзiн раз, занадта добры i вясёлы, мякка адчуваючы рукамi сцены, i сказаў, перапытваючы ў цёмную духату кухнi: "Дзе быў? Вядома, у касiркi". Жонка ўключыла лямпачку i, жмурачыся ад рэзкага святла, ад злосцi, цёпла павеяўшы на яго пасцеллю, нячутна босая пайшла на ложак.

Да яе ён прыйшоў счакаўшы, пакуль спадзе, адхлыне злосць. Але яна мокра шмаргнула носам, глуха адвярнулася ад яго плячамi i адчайна затаiлася ў плачы. Гэтак, як i сёння. А потым абярнулася, знайшла мокрым тварам, схаладзелым носам яго грудзi, добры i спакойны стук яго сэрца i сцiшэла ў блiзкiм сне. I, мусiць, ёй было добра.

Сёння ноччу яна была другая, можа нават спакойная – ен нават пабойваўся таго спакою – i гаварыла другое:

– Дурная, нашто я так?.. Усё роўна люблю цябе... I хлопчык няхай астаецца ў нас...

Рука яе, цёплая, недзе мякка ляжала ў яго пад пахаю. I твар, як i тады, быў мокры, i слёзы, цёпла-салёныя, смачныя, калi ён цалаваў яе ў вочы, закрыўшы свае, i яму было сорамна i добра, што яна любiць яго, i страшна, што нiколi яму, пэўна, не даруе.

Ён маўчаў... А потым недзе адтуль, здалёк, з невыразнага свету, прыйшла на памяць Аксеня – тая хата з нiзкаю столлю, з глiняным токам, з белаю грубкаю, з парудзелым, нiбы туды зацякла вада, люстэркам, з наклеенымi на сцяну жоўтымi выцвiлымi газетамi, каб не браўся мел. I яна, Аксеня, з распушчанымi квола-мяккiмi валасамi на ложку, прыгожая, ласкавая, як малое дзiця, у той вечар. I ён лавiў яе гарачыя вiльготныя вусны...

Яму стала непрыемна, брыдка за тое далёкае; ён да пякучае цемнаты, да болю заплюшчыў вочы i адкрыў – Аксеня прапала: на сцяне коса калыхалася i дрыжала месячнае святло, нiбы па шыбе сцякала вада. За топкаю перагародкаю ў большай палавiне скрыпнула канапа – там нанач паклалi хлопчыка.

– Iдзi глянь, каб не скiнуўся, – сказала яна, жонка, з тою добраю звычайнаю прастатою, нiбы там спала дачка, але рукi яе доўга не расшчаплялiся ў яго за спiною, мусiць, ад радасцi, што маюць над iм такую ўладу. А потым асцярожна i хутка лавiлi яго, калi ён ссунуўся з ложка i стаў, баючыся так нечакана i раптам адысцiся ад гэтых рук.

Хлопчык спаў, прыцiскаючы да шчакi падушку. I яму, пэўна, снiлася вялiкая i добрая мамiна рука. Коўдра спаўзла на падлогу.

"Няўжо сын?" – нешта перавярнулася ў Ходасавых грудзях: ён нiколi не думаў, што так вырастуць недзе таемна i нязнана яго дзецi. Ходасу стала жаласна i невядома чаму шкада сябе.

"Чаго я стаю, трэба ж накрыць яго", – схамянуўся ён i нагнуўся падняць коўдру; яна была мяккая i цёплая, як мох, той белы, нагрэты на сонцы мох... Даўно i далёка адсюль – пад Моладавам. I з памяцi зноў, як з шэрага густога дажджу, невыразна i мякка выплыў далёкi i светлы Аксенiн твар.

Цяпер Ходасу было сумна i дзiўна, што ён пастарэў, а яна будзе ўсё гэтак прыходзiць да яго, свежая, набрынялая хараством i маладосцю.

I раптам яму да шчымлiвага суму закарцела ведаць, якая яна стала цяпер, i няўжо трывожна-адзiнока, пасля раптоўных светлых слоў, успамiнае яго i ўсё яшчэ любiць. Яму, няведама чаму, хацелася гэтага...

Сярэдзiнаю вулiцы грукацела, падскакваючы заднiмi коламi, фурманка. На парожнiм, разведзеным i без драбiнак возе, укленчыўшы, стаяў малады пругкi цыган з худою нямытаю шыяй. Конь бег трушком, у цыгана за спiною туга надзiмалася чырвоная рубашка.

– А як мацi? – спытаў Ходас, калi фурманка завярнула за востры рог плота i грукат колаў пасыпаўся на плошчу. – Можа ў цябе другi бацька ёсць?

– Не-э, – пакруцiў галавою хлопчык, i на каўнер у яго вылезлi доўгiя валасы.

"Трэба было б падстрыгчы", – падумаў Ходас. I ён уявiў, як там перад светлаю нядзеляю, падмёўшы падворак, Аксеня iдзе ў чужую хату, дзе, шыкуючыся да свята, цэлаю вёскаю падстрыгаюцца хлопцы, i просiць, каб давялi да ладу малога, "бо зарос – i вушэй не вiдаць".

– А як вы цяпер жывяце?

– Лепей, – хлопчык цыркнуў вялаю слiнаю на тратуар. – Мама даяркаю стала. Старшыня казаў, што хату паставiць.

I Ходас успомнiў тую хату, купiны зялёнага моху на страсе i слупок, што падпiраў у хаце старую, выкручаную бэльку. I перад хатаю шэрае ў сухiх лiшаях шула – знак, што некалi быў плот, веснiцы i што ў хаце няма гаспадара. У шуле ў глыбокай шчылiне сядзела газета. Газеты сядзелi ва ўсiх веснiцах, iх выпiсвала ўсiм, пэўна, праўленне. Мусiць, у гэтым слупку сядзела i яго пiсьмо – першае i апошняе, на якое нязграбна i, пэўна, мучачыся куды цяжэй, чым на жнiве, злiваючы два словы ў адно, Аксеня адпiсвала, што ўжо звыклася без яго i нашто варушыць старое. Ад пiсьма, быццам ад нежылое хаты, цягнула адзiнотай, холадам. Аксеня маўчала, што знайшлося дзiця, пэўна, адзiнока, цяжка i трывожна радуючыся, што ўдваiх некалi будзе лягчэй. А цяпер недзе глядзiць на сына, хмялеючы ад шчасця i не верачы, што можна было б жыць без яго.

Ён злавiў хлопчыка за плячо, квола-худое i вострае, – i яно не вырывалася – адчуў нейкую незразумелую для сябе вiнаватасць, якую не адчуваў даўно.

– Дык ты прыязджай i на другую восень, – сказаў ён, не знiмаючы рукi з худога пляча. – Тут у мяне во: груш, яблыкаў. Дома ж няма.

– Чаму, ёсцека. Дзiчка за хатаю.

Светлым нядзельным днём, людскою мешанiнаю панесла iх з-пад белае царквы, з-пад раймага – яны выйшлi на плошчу. I дыхнула асалавелаю гарачынёю позняга прывялага лета. Паколваючы, як iголкамi, суха прыпякала ў плечы. Каля царквы, каля халоднай бочкi з хлебным квасам, калыхалася сапрэлая чарга. Нехта лiў недапiты квас на пухкi гарачы пясок, на сцежку; квас шумеў, збягаючыся, як у прысаку.

– Дык ты прыязджай усё роўна, – сказаў Ходас.

– Прыеду, чаму не, – адказаў хлопчык абыякава i стала.

Была радаснаю гэта шчырая няўмелая дзiцячая сталасць.

"Вялiкi. I, мусiць, вялiкае яму трэба палiтцо, – думаў Ходас. Навырост..."

Ён успомнiў тое, што казала жонка, калi даставала загорнутыя ў старую зношаную хустку грошы, прыхаваныя недзе пад свежаю бялiзнаю ў шафе; ён нават не ведаў, што яна iх там хавае.

Казала i другое, каб хлопчык пабыў, пакуль у школу.

– Можа з палiтом успеецца? Можа зойдзем у сталовую? Мы ж яшчэ i прыезд твой не замачылi. Га?

Хлопчык па-даросламу i цвёрда кiўнуў галавою. I яны пайшлi, мiнаючы белую царкву, раймаг, мiнаючы дробны рынак за раймагам, што таптаўся ў пыле, гаманiў i весела бялеў жаночымi хусткамi. Там, за рынкам, была сталовая: з адчыненых насцеж сенцаў нясло духатою, пiвам, i адтуль выходзiлi чырвона-раздабрэлыя мужчыны, пахнучы смажаным алеем i тушанаю капустаю.

Яны iшлi туды, бацька i сын. На iх нiхто не глядзеў: усё было чалавечае – дзень, сонца, позняе лета i хараство нядзелi.

1965 г.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю