Текст книги "Салярыс (на белорусском языке)"
Автор книги: Владимир Мясоедов
Жанр:
Научная фантастика
сообщить о нарушении
Текущая страница: 8 (всего у книги 12 страниц)
Даследнiкi ўсё нiяк не маглi вырвацца з зачараванага кола зямных, чалавечых паняццяў, а першы кантакт...
Экспедыцыi пераадолелi сотнi кiламетраў у глыбiнi сiметрыяд, расставiлi сотнi прыбораў-рэгiстратараў, аўтаматычныя кiнакамеры; тэлеперадатчыкi штучных спадарожнiкаў фiксавалi з'яўленне мiмоiдаў i "даўгуноў", iх выспяванне i адмiранне. Папаўнялiся бiблiятэкi, раслi архiвы. За гэта неаднойчы даводзiлася вельмi дорага плацiць. Семсот васемнаццаць чалавек загiнулi ў катаклiзмах, бо не паспелi выбрацца з прыгавораных да гiбелi гiгантаў, сто шэсць з iх – толькi ў адной катастрофе, – у ёй загiнуў i сам Гiзэ, якому было ўжо семдзесят гадоў. Пагiбель, звычайна ўласцiвая асiметрыядам, здарылася з утварэннем, якое ўяўляла надзвычай выразную сiметрыяду. Велiзарны фантан гразi за лiчаныя секунды знiшчыў семдзесят дзевяць чалавек у бранiраваных скафандрах, машыны i прыборы, ён збiў сваiмi струменямi i дваццаць сем пiлотаў, якiя знаходзiлiся ў лятаючых апаратах над месцам вывучэння. Гэтае месца – на скрыжаваннi сорак другой паралелi з восемдзесят дзевятым мерыдыянам – адзначана на мапах як "Вывяржэнне ста шасцi". Але толькi на мапах – на паверхнi Акiяна не засталося нiякага следу.
Тады ўпершыню за ўсю гiсторыю салярыстыкi прагучалi галасы, якiя патрабавалi нанесцi тэрмаядзерны ўдар. Па сутнасцi, гэта больш жорстка, чым любая помста: хацелi знiшчыць тое, што не маглi зразумець. Цанкен, намеснiк начальнiка рэзервовай групы Гiзэ (у вынiку памылкi аўтамата-перадатчыка, якi недакладна вызначыў каардынаты месца даследавання, Цанкен застаўся жывы, бо заблудзiўся над Акiянам i з'явiўся на месца лiтаральна праз некалькi хвiлiн пасля выбуху, – калi падлятаў, ён яшчэ ўбачыў чорны грыб), калi абмяркоўвалася пытанне, прыстрашыў, што ўзарве Станцыю разам з сабой i iншымi васемнаццаццю асобамi, якiя заставалiся там. Хоць у афiцыйных крынiцах нiчога не гаворыцца, што гэты ўльтыматум меў уплыў на вынiкi галасавання, аднак, верагодна, было менавiта так.
Але часiны такiх буйных экспедыцый на планету даўно мiнулiся. Саму Станцыю стваралi, назiраючы за яе будаўнiцтвам са спадарожнiкаў. Зямля магла б ганарыцца маштабамi iнжынернага збудавання, калi б Акiян за некалькi секунд не нараджаў канструкцыi, якiя па велiчынi перабольшвалi Станцыю ў мiльёны разоў. Станцыя ўяўляе дыск дыяметрам дзвесце метраў, чатырох'ярусны ў цэнтры i двух'ярусны па краях. Яна вiсiць на вышынi ад пяцiсот да тысячы пяцiсот метраў над Акiянам дзякуючы гравiтатарам, якiя працуюць на энергii анiгiляцыi, i забяспечана, акрамя абсталявання, якое звычайна бывае на Станцыях i вялiкiх Сатэлоiдах, спецыяльнымi радарнымi ўстаноўкамi, што пры першых жа змяненнях акiянскай паверхнi могуць уключыць дадатковыя магутнасцi, i, як толькi з'яўляюцца вешчуны нараджэння новага жываўтварэння, стальны дыск накiроўваецца ў стратасферу.
Цяпер Станцыя амаль што бязлюдная. З той пары, як робаты па невядомай мне прычыне апынулiся пад замком у нiжнiх трумах, можна было доўга хадзiць па пустых калiдорах, як на дрэйфуючым караблi, абсталяванне якога перажыло яго экiпаж.
Калi я паставiў дзевяты том манаграфii Гiзэ на палiцу, мне здалося, што сталь, пакрытая тоўстым слоем порыстага пенапласту, затрымцела пад нагамi. Я насцярожыўся, але вiбрацыя не паўтарылася. Бiблiятэка была добра iзалявана ад усяго корпуса, i вiбрацыя магла ўзнiкнуць толькi з аднае прычыны – са Станцыi стартавала ракета. Гэтая думка працверазiла мяне. Я яшчэ не ведаў, цi палячу, як хацеў гэтага Сарторыус. Калi б я паводзiў сябе так, быццам падзяляю яго планы цалкам, мог бы ў лепшым выпадку адтэрмiнаваць сутыкненне; я быў амаль перакананы, што справа дойдзе да сутычкi, бо вырашыў зрабiць усё, на што я здатны, каб уратаваць Хэры. Сама галоўнае, цi мае Сарторыус шанцы на поспех. У яго была вялiкая перавага – як фiзiк ён ведаў гэтую праблему значна лепш, чым я; я мог разлiчваць, як гэта нi дзiўна, толькi на бездакорнасць рашэнняў, якiя дарыў нам Акiян.
Пасля я цэлую гадзiну прасядзеў над мiкрафiльмамi, спрабуючы вылавiць нешта разумнае з мора праклятай матэматыкi, на мове якой гаварыла фiзiка нейтрынных працэсаў. Напачатку мне здавалася гэта марнай справай, тым больш што неверагодна цяжкiх тэорый нейтрыннага поля было пяць – яскравы доказ iх недасканаласцi. У рэшце рэшт мне ўдалося знайсцi што-кольвечы пэўнае. Я выпiсваў формулы, калi ў дзверы пастукалi.
Я хуценька падышоў да дзвярэй i адчынiў iх, загароджваючы сваiм целам уваход. З'явiўся блiскучы ад поту твар Снаўта. Больш нiкога ў калiдоры не было.
– А, гэта ты, – сказаў я i шырока адчынiў дзверы. – Заходзь.
– Ага, гэта я, – адказаў Снаўт.
Голас у яго быў хрыплы, вочы пачырванелi, пад iмi з'явiлiся мяшкi. Снаўт быў у блiскучым гумавым антырадыяцыйным фартуху на эластычных шлейках; з-пад фартуха былi вiдаць брудныя калошы штаноў, у якiх ён заўсёды хадзiў. Яго позiрк прабег па круглай, залiтай святлом зале i спынiўся, калi заўважыў Хэры, якая стаяла ля крэсла. Мы iмгненна абмянялiся позiркамi; я апусцiў павекi; тады Снаўт адбiў паклон, а я прыязным голасам прамовiў:
– Гэта доктар Снаўт, Хэры. Снаўт, гэта... мая жонка.
– Я... сябра экiпажа... мяне цяжка сустрэць, i таму... – паўза небяспечна зацягвалася, – я не меў мажлiвасцi пазнаёмiцца...
Хэры ўсмiхнулася i працягнула яму руку, ён пацiснуў яе, як мне падалося, крыху знiякавелы, памiргаў i ўперыўся позiркам у Хэры. Я паклаў руку яму на плячо.
– Выбачайце, – сказаў Снаўт, звяртаючыся да Хэры. – Я хацеў бы пагаварыць з табой, Кельвiн...
– Калi ласка, – адказаў я са свецкай нязмушанасцю; усё гэта нагадвала мне фарс, але нiчога не зробiш. – Хэры, дарагая, мы табе не будзем замiнаць? Нам з доктарам трэба абмеркаваць нашы сумныя справы.
Я за локаць падвёў Снаўта да маленькiх крэслаў на супрацьлеглым баку залы. Хэры ўселася ў крэсла, на якiм толькi што сядзеў я, яна падсунула яго так, што калi адкрывала галаву ад кнiгi, то магла бачыць нас.
– Як справы? – цiха спытаўся я.
– Я развёўся, – адказаў ён шэптам з прысвiстам.
Калi б мне некалi расказалi гэтую гiсторыю, перадалi такi пачатак гаворкi, я рассмяяўся б, але на Станцыi маё адчуванне гумару атрафiравалася.
– Кельвiн, з учарашняга дня я пражыў некалькi гадоў. Ды якiх гадоў! А ты?
– Я... нiчога... – прамовiў я праз хвiлiну, не ведаючы, што казаць далей.
Я добра адносiўся да Снаўта, але адчуваў, што зараз мне трэба асцерагацца яго, дакладней, таго, што ён збiраецца мне паведамiць.
– Нiчога? – перапытаў Снаўт такiм самым тонам, як i я. – Ага, нават так?..
– Што ты маеш на ўвазе?
Я зрабiў выгляд, што не разумею яго. Снаўт прымружыў пачырванелыя вочы i нахiлiўся да мяне так блiзка, што я адчуў яго дыханне. Ён зашаптаў:
– Мы загразлi, Кельвiн. З Сарторыусам ужо нельга звязацца, я ведаю толькi тое, што напiсаў табе i што ён сказаў мне пасля нашай цудоўнай канферэнцыi...
– Ён выключыў вiдэафон? – спытаўся я.
– Не, у яго кароткае замыканне. Здаецца, ён зрабiў яго знарок, альбо... Снаўт махнуў кулаком, нiбыта нешта разбiваў.
Я моўчкi пазiраў на яго. Левы куточак яго вуснаў скрывiўся ў непрыемнай усмешцы.
– Кельвiн, я прыйшоў таму... – Ён не дагаварыў. – Што ты хочаш рабiць?
– Ты маеш на ўвазе тое пiсьмо? – паволi прамовiў я. – Зраблю, не маю падстаў адмаўляцца, таму я i сяджу тут, хачу разабрацца...
– Не, – перапынiў ён, – я не пра тое...
– А пра што? – спытаўся я з наўмысным здзiўленнем. – Я слухаю.
– Сарторыус, – прамармытаў ён, – яму здаецца, што ён знайшоў шлях... ведаеш...
Снаўт не спускаў з мяне вачэй. Я сядзеў спакойна, спрабуючы захаваць абыякавы выраз твару.
– Перш за ўсё тая гiсторыя з рэнтгенам. Тое, што рабiў з iм Гiбарыян, памятаеш? Магчыма пэўная мадыфiкацыя...
– Якая?
– У Акiян пасылалi проста пучок прамянёў i мадулявалi толькi iх магутнасць згодна з пэўнымi формуламi.
– Так, я ведаю пра гэта. Нiлiн ужо рабiў так. I многiя iншыя.
– Так, але яны скарыстоўвалi мяккае выпраменьванне. А тут было жорсткае, мы калашмацiлi Акiян як маглi, усёй магутнасцю.
– Могуць быць непрыемнасцi, – зазначыў я. – Парушэнне Канвенцыi Чатырох i ААН.
– Кельвiн... Не прытварайся. Якое гэта мае значэнне цяпер? Гiбарыян жа мёртвы.
– Ага, Сарторыус хоча ўсё звалiць на яго?
– Не ведаю. Я з iм пра гэта не гаварыў. Гэта не мае значэння. Сарторыус мяркуе, раз "госцi" з'яўляюцца тады, калi мы прачынаемся, значыць, Акiян выведвае ў нас рэцэпт вытворчасцi пад час сну. Акiян лiчыць, што сама важны наш стан – сон, i таму паступае iменна так. Сарторыус хоча даслаць яму нашыя думкi, думкi наяве – разумееш?
– Якiм чынам? Па пошце?
– Жарты ты дашлеш асобна, сам. Гэты пучок прамянёў будзе мадулявацца бiятокамi мозга аднаго з нас.
Нарэшце я сёе-тое зразумеў.
– Ага, – сказаў я, – адзiн з нас – гэта я! Так?
– Так. Ён думаў пра цябе.
– Шчыра дзякую.
– Што ты пра гэта скажаш?
Я нiчога не адказаў. Снаўт моўчкi паглядзеў спачатку на захопленую чытаннем Хэры, затым на мяне. Я адчуваў, як кроў адхлынае ад майго твару, але не мог з сабой саўладаць.
– Ну як?.. – спытаўся Снаўт.
Я пацiснуў плячыма.
– Гэтыя рэнтгенаўскiя байкi пра дасканаласць чалавека я лiчу глупствам. I ты таксама. Хiба не так?
– Так.
– Вельмi добра, – прамовiў Снаўт i ўсмiхнуўся, быццам я апраўдаў яго спадзяваннi. – Значыць, ты супраць задумы Сарторыуса?
Я яшчэ не ўсвядомiў, якiм чынам, але ён дамогся свайго – я прачытаў гэта ў яго позiрку. Што я мог яшчэ сказаць?
– Цудоўна, – прамовiў Снаўт. – Ёсць i iншы праект. Перарабiць апарат Роша.
– Анiгiлятар?..
– Ага. Папярэднiя разлiкi ў Сарторыуса ўжо ёсць. Гэта рэальна. I нават не спатрэбiцца вялiкая магутнасць. Устаноўка можа працаваць цэлыя суткi, без абмежавання часу, ствараючы антыполе.
– Па... пачакай! Як гэта, на твой погляд, адбудзецца?
– Вельмi проста. Гэта будзе нейтрыннае антыполе. Звычайная матэрыя застаецца без змяненняў. Знiшчаюцца толькi... нейтрынныя сiстэмы. Разумееш?
Снаўт задаволена ўсмiхаўся. Я сядзеў як аглушаны. Ён перастаў усмiхацца, дапытлiва паглядзеў на мяне, зморшчыў лоб i чакаў.
– Першы праект – "Думка" – адкiдваем. А другi? Сарторыус ужо займаецца iм. Назавём праект "Свабода".
На iмгненне я заплюшчыў вочы. Нечакана прыйшло рашэнне. Снаўт – не фiзiк. Сарторыус выключыў або разбiў вiдэафон. Цудоўна!
– Я назваў бы праект "Бойня"... – паволi прамовiў я.
– Не выдавай сябе за святога. Зараз усё будзе iначай. Нiякiх "гасцей", нiякiх утварэнняў Ф – нiчога. У момант матэрыялiзацыi пачынаецца распад.
– Гэта непаразуменне, – усмiхнуўся я i пакiваў галавой; я спадзяваўся, што мая ўсмешка выглядае натуральна. – Снаўт, гэта не пакуты сумлення, а толькi iнстынкт самазахавання. Я не хачу памiраць.
– Што?..
Снаўт разгубiўся. Ён падазрона паглядаў на мяне. Я дастаў з кiшэнi скамечаны лiст з формуламi.
– Я таксама думаў пра гэта. Ты не верыш? Як вядома, я першы прапанаваў нейтрынную гiпотэзу. Праўда? Паглядзi. Антыполе можна ўзбудзiць. Для звычайнай матэрыi яно не ўяўляе небяспекi. Гэта праўда. Але ў момант дэстабiлiзацыi, калi нейтрынная сiстэма распадаецца, вызваляецца лiшняя энергiя сувязi. Калi на кожны кiлаграм масы, што знаходзiцца ў спакоi, прыпадае 108 эргаў, то на кожнае ўтварэнне Ф – ад 5x108 да 7x108 эргаў. Ты можаш уявiць, што гэта такое? Невялiкi ўранавы выбух унутры Станцыi.
– Пра што ты гаворыш! Але... але Сарторыус павiнен гэта ўлiчваць...
– Неабавязкова, – запярэчыў я са зласлiвай усмешкай. – Разумееш, Сарторыус прыхiльнiк школы Фрэзера i Каёлы. Згодна з iхняй тэорыяй, уся энергiя сувязi ў момант распаду вызваляецца ў выглядзе светлавога выпраменьвання. Гэта была б проста вельмi яркая ўспышка, мажлiва, не зусiм бяспечная, але не разбуральная. Аднак iснуюць iншыя гiпотэзы, iншыя тэорыi нейтрыннага поля. Згодна з Каятам, Авалавым, Сiёнам, дыяпазон выпраменьвання значна шырэйшы, а максiмум прыпадае на жорсткае гама-выпраменьванне. Добра, што Сарторыус верыць сваiм настаўнiкам i iхнiм тэорыям, але ёсць i iншыя тэорыi, Снаўт. Паслухай, што я табе скажу... – Я бачыў, што мае словы ўздзейнiчаюць на яго. – Трэба браць пад увагу i Акiян. Калi ён зрабiў тое, што зрабiў, то, вядома, скарыстаў аптымальны метад. Iнакш кажучы, яго дзеяннi ўяўляюцца мне аргументамi на карысць iншай школы, а не на карысць Сарторыуса.
– Дай мне твае запiсы, Кельвiн.
Я працягнуў яму лiсток. Снаўт схiлiў галаву, спрабуючы прачытаць мае каракулi.
– Што гэта? – паказаў ён пальцам.
Я ўзяў у яго лiсток.
– Гэта? Тэнзар трансфармацыi поля.
– Дай мне лiсток...
– Навошта? – спытаў я, ведаючы, што ён адкажа.
– Я павiнен паказаць яго Сарторыусу.
– Як хочаш, – абыякава адказаў я. – Магу даць. Толькi ўлiчы, эксперыментальна нiхто гэтага не правяраў. Такiя сiстэмы яшчэ дагэтуль невядомыя. Сарторыус верыць Фрэзеру, а я разлiчваў згодна з Сiёнам. Я не фiзiк, i Сiёна таксама не фiзiк. Ва ўсякiм разе з пункту погляду Сарторыуса. Але гэта дыскусiйнае пытанне. А я не хачу дыскусii, у вынiку якой я магу знiкнуць дзеля славы Сарторыуса. Цябе можна пераканаць, яго – не. Я не буду нават iмкнуцца.
– Што ты хочаш зрабiць?.. Ён працуе над гэтым, – абыякава паведамiў Снаўт.
Ён згорбiўся, увесь яго спрыт знiк. Я не ведаў, цi давярае ён мне, але мне было ўсё адно.
– Тое, што робiць чалавек, калi яго хочуць забiць, – цiха адказаў я.
– Я паспрабую звязацца з iм. Мо ён думае пра нейкiя меры бяспекi, прамармытаў Снаўт. Ён зiрнуў на мяне. – Паслухай, а калi ўсё-такi?.. Першы праект, га? Сарторыус згодзiцца. Безумоўна. Ва ўсякiм разе... ва ўсякiм разе... нейкая магчымасць.
– Ты верыш?
– Не... Але... гэта не зашкодзiць...
Мне не хацелася згаджацца надта хутка, каб не паказаць, як важна, што Снаўт становiцца на мой бок. Цяпер мы маглi разам зацягваць справу.
– Трэба падумаць, – сказаў я.
– Я пайду, – мармытнуў Снаўт i ўстаў.
Калi ён уставаў з крэсла, у яго хруснулi суставы.
– Дык ты дазволiш зняць з цябе энцэфалаграму? – спытаўся Снаўт, выцiраючы пальцамi фартух, нiбы спрабаваў сцерцi нябачную пляму.
– Добра, – згадзiўся я.
Не звяртаючы ўвагi на Хэры (яна назiрала за гэтай сцэнай моўчкi, трымаючы кнiгу на каленях), Снаўт падышоў да дзвярэй. Калi яны зачынiлiся, я ўстаў, разгладзiў лiсток, якi трымаў у руках. Не ведаю, цi прызнаў бы Сiёна мае вывады дакладнымi. Вiдаць, не. Я здрыгануўся. Хэры падышла да мяне ззаду i дакранулася да пляча:
– Крыс!
– Што, каханая?
– Хто гэта быў?
– Я табе казаў. Доктар Снаўт.
– Што ён за чалавек?
– Я мала яго ведаю. Чаму ты пытаешся?
– Ён так пазiраў на мяне...
– Вiдаць, ты яму спадабалася.
– Не, – пакруцiла яна галавой. – Ён пазiраў на мяне iнакш. Так... нiбыта...
Яна здрыганулася, падняла на мяне вочы i адразу ж iх апусцiла.
– Пайшлi адсюль куды-небудзь...
ВАДКI КIСЛАРОД
Я ляжаў у цёмным пакоi здранцвелы, уперыўшы позiрк у светлы цыферблат на руцэ. Колькi гэта працягвалася, не ведаю. Я прыслухоўваўся да свайго дыхання i нечаму здзiўляўся. Стан дзiўнай абыякавасцi я звязваў з вялiкай стомленасцю. Павярнуўся на бок, ложак быў незвычайна шырокi, мне чагосьцi не хапала. Я затаiў дыханне. Наступiла поўная цiшыня. Я сцiшыўся. Нiякага руху. Хэры? Чаму я не чую яе дыхання? Я правёў рукамi па пасцелi. Хэры не было.
"Хэры", – хацеў я паклiкаць, але пачуў крокi.
Нехта высокi i грузны iшоў, як...
– Гiбарыян? – спакойна спытаўся я.
– Так, гэта я. Не запальвай святла.
– Не запальваць?
– Не трэба. Так будзе лепш нам абодвум.
– Але ж цябе няма сярод жывых?
– Гэта не мае значэння. Ты пазнаеш мой голас?
– Пазнаю. Навошта ты гэта зрабiў?
– Так трэба было. Ты спазнiўся на чатыры днi. Калi б ты прыляцеў раней, магчыма, у гэтым не было б патрэбы. Не пакутуй, хай тваё сумленне будзе спакойным. Я адчуваю сябе нармальна.
– Ты сапраўды тут?
– А ты думаеш, што бачыш мяне ў сне, як думаў пра Хэры?
– Дзе яна?
– Чаму ты лiчыш, што я павiнен ведаць?
– Я здагадаўся.
– Не будзем гаварыць пра гэта. Дапусцiм, што замест яе прыйшоў я.
– Але я хачу, каб яна таксама была тут.
– Гэта немагчыма.
– Чаму? Паслухай, ты ж ведаеш, што на самай справе гэта не ты, а я?
– Не, гэта на самай справе я. Дакладней – я, паўтораны яшчэ раз. Але навошта мы марнуем час?
– Ты пойдзеш?
– Пайду.
– I тады яна вернецца?
– Табе гэта важна? Яна для цябе вельмi многа значыць?
– Гэта мая справа.
– Ты ж баiшся яе.
– Не.
– I грэбуеш...
– Што ты хочаш ад мяне?
– Шкадаваць трэба сябе, а не яе. Ёй заўсёды будзе дваццаць гадоў, не прытварайся, нiбыта ты не ведаеш пра гэта!
Нечакана я супакоiўся. Я слухаў Гiбарыяна без хвалявання. Мне здалося, што ён стаiць зараз блiжэй, у нагах, але я па-ранейшаму нiчога не бачыў у цемры.
– Што ты хочаш? – спытаўся я цiха.
Мой тон, бадай, здзiвiў яго. Ён памаўчаў.
– Сарторыус тлумачыў Снаўту, што ты падмануў яго. Зараз яны падмануць цябе. Пад выглядам мантажу рэнтгенаўскай устаноўкi яны будуюць анiгiлятар поля.
– Дзе яна? – спытаўся я.
– Хiба ты не чуеш, што я табе сказаў? Я папярэдзiў цябе!
– Дзе яна?
– Не ведаю. Запомнi: табе спатрэбiцца зброя. Табе няма на каго спадзявацца.
– Я магу спадзявацца на Хэры, – прамовiў я.
Гiбарыян цiха засмяяўся.
– Вядома, можаш. Да пэўнай мяжы. Зрэшты, ты заўсёды можаш зрабiць тое, што i я.
– Ты не Гiбарыян.
– Выбачай. А хто ж? Мо твой сон?
– Не. Ты лялька. Але ты пра гэта не ведаеш.
– А цi ведаеш ты, хто ты?
Гэта мяне зацiкавiла. Я хацеў устаць, але не мог. Гiбарыян штосьцi гаварыў. Я нiчога не разумеў, чуў толькi яго голас, адчайна змагаўся са слабасцю, яшчэ раз iрвануўся з усяе сiлы i... прачнуўся. Я лавiў ротам паветра, як рыба на пяску. Было вельмi цёмна. Гэта сон. Кашмар. Адну хвiлiнку... "дылема, якую мы не можам вырашыць. Мы прыгнятаем самi сябе. Палiтэрыi скарысталi толькi падабенства выбiральнага ўзмацняльнiка нашых думак. Пошукi матываў гэтай з'явы – антрапамарфiзм. Дзе няма чалавека, там няма даступных для яго матываў. Каб працягваць план вывучэння, неабходна знiшчыць або свае думкi, або iх матэрыяльную рэалiзацыю. Першае – не паддаецца нам. Другое надта нагадвае забойства".
У цемры я прыслухоўваўся да далёкага разважлiвага голасу, iнтанацыю якога я адразу пазнаў. Гаварыў Гiбарыян... Я выцягнуў рукi. На пасцелi нiкога не было.
Мне снiцца, што я прачнуўся, падумаў я.
– Гiбарыян?.. – паклiкаў я.
Голас адразу ж сцiх. Нешта шчоўкнула, я адчуў на твары лёгкi подых паветра.
– Ну што ж ты, Гiбарыян, – прамармытаў я, пазяхаючы. – Непакоiць мяне ў адным сне, у другiм – гэта ўжо занадта...
Нешта зашамацела каля мяне.
– Гiбарыян! – паўтарыў я мацней.
Пружыны ложка здрыганулiся.
– Крыс... гэта я, – пачуў я блiзкi шэпт.
– Гэта ты, Хэры?.. А дзе Гiбарыян?
– Крыс, Крыс... яго няма... ты ж сам казаў, што яго няма.
– У сне ўсё можа быць, – прамовiў я няспешна. Цяпер я не быў упэўнены, што бачыў сон. – Ён нешта сказаў, ён быў тут, – прамовiў я.
Мне страшна хацелася спаць. Калi так хочацца спаць, значыць, сплю, прамiльгнула дзiўная думка. Я дакрануўся губамi да халоднага пляча Хэры i ўлёгся ямчэй. Яна нешта адказала мне, але я ўжо засынаў.
Ранiцай у залiтым чырвоным святлом пакоi я ўспомнiў, што адбылося ноччу. Гаворка з Гiбарыянам мне прыснiлася, а што было пасля? Я чуў яго голас, у гэтым я перакананы, але ўспомнiць, што ён сказаў, не магу. Праўда, ён не гаварыў, а чытаў лекцыю. Лекцыю?..
Хэры мылася. Чуўся шум вады ў душавой. Я зазiрнуў пад ложак, куды некалькi дзён таму закiнуў магнiтафон. Яго там не было.
– Хэры! – гукнуў я.
Яе твар, залiты вадой, паказаўся з-за шафы.
– Хэры, ты не бачыла пад ложкам магнiтафон? Маленькi, кiшэнны...
– Там ляжала шмат рэчаў. Я склала iх туды, – яна паказала на палiчку з лякарствамi каля аптэчкi i знiкла ў душавой.
Я ўскочыў з ложка i пашукаў там, але нiчога не знайшоў.
– Ты не магла яго не заўважыць, – сказаў я, калi Хэры вярнулася ў пакой.
Яна моўчкi расчэсвалася перад люстэркам. Толькi зараз я заўважыў, якая яна бледная. Яе вочы ў люстэрку пазiралi на мяне насцярожана.
– Хэры, – упарта, як асёл, пачаў я зноў, – магнiтафона на палiцы няма.
– Ты нiчога больш не хочаш сказаць мне?
– Даруй, – мармытнуў я, – ты маеш рацыю, гэта глупства...
Не хапала, каб мы пасварылiся!
Мы пайшлi снедаць. Хэры рабiла ўсё не так, як звычайна, але я не мог зразумець, якая тут рознiца. Яна да ўсяго прыглядалася, часам не чула, што я ёй кажу, захопленая сваiмi думкамi. Я заўважыў, што вочы ў яе блiшчаць.
– Што з табой? – спытаўся я шэптам. – Ты плачаш?
– Ат, не чапай мяне. Гэта несапраўдныя слёзы, – прашаптала Хэры.
Вiдаць, трэба было высветлiць усё да канца, але я больш за ўсё на свеце баюся "шчырых размоў". Мяне турбавала зусiм iншае. Хоць я i ведаў, што iнтрыгi Снаўта i Сарторыуса мне толькi прыснiлiся, я пачаў успамiнаць, цi ёсць на Станцыi хоць якая-небудзь зручная зброя. Я не думаў, навошта яна мне, – проста хацелася яе знайсцi. Я сказаў Хэры, што мушу пайсцi ў трум i на склады. Яна моўчкi пайшла са мной. Я капаўся ў скрынях, вынюхваў у кантэйнерах, а калi спусцiўся на самы нiз, не змог адолець жадання зазiрнуць у халодную камеру. Мне не хацелася, каб Хэры заходзiла туды, таму я толькi прачынiў дзверы i агледзеў усё памяшканне. Пад цёмным покрывам па-ранейшаму адрознiвалiся абрысы цела нябожчыка, але з таго месца, дзе я стаяў, нельга было ўбачыць, ляжыць там чарнаскурая цi не. Мне здалося, што яе няма.
Я працягваў блукаць, так i не знайшоўшы нiчога вартага ўвагi. Настрой усё больш i больш псаваўся. Нечакана я заўважыў, што побач са мной няма Хэры. Зрэшты, яна адразу ж з'явiлася – затрымалася ў калiдоры, але ўжо адно тое, што Хэры спрабавала аддалiцца – а ёй жа дорага каштавала пакiнуць мяне хоць на хвiлiнку, – павiнна было насцярожыць мяне. Я па-ранейшаму iмiтаваў пакрыўджанага, карацей, паводзiў сябе надзвычай дзiўна. Разбалелася галава, я не мог знайсцi нiякiх парашкоў i, злосны, як чорт, перакапаў усю аптэчку. У аперацыйную iсцi не хацелася, i наогул у мяне нiчога не ладзiлася. Хэры, як цень, блукала па пакоi, часам некуды знiкала. Пасля поўдня, калi мы паабедалi (зрэшты, яна наогул не ела, а я жаваў без апетыту – у мяне так трашчала галава, што я нават не спрабаваў прымусiць Хэры паесцi), яна раптам села побач i пачала скубцi мой рукаў.
– Што? – неахвотна азваўся я.
Мне хацелася пайсцi наверх, бо здавалася, што трубы перадаюць слабы водгук стуку – вiдаць, Сарторыус займаўся апаратурай высокага напружання. Але ад адной думкi, што давядзецца браць з сабой Хэры, знiкала ўсялякае жаданне iсцi. Прысутнасць Хэры ў бiблiятэцы была хоць крыху зразумелая, але там, сярод машын, гэта можа даць падставы Снаўту для непажаданых заўваг.
– Крыс, – прашаптала Хэры, – а як у нас з табой?..
Я мiжволi ўздыхнуў. Нельга сказаць, што гэта быў шчаслiвы дзень.
– Усё цудоўна. А ў чым справа?
– Я хачу з табой пагаварыць.
– Калi ласка. Я слухаю.
– Але не так.
– А як? Я ж табе казаў, што ў мяне вельмi балiць галава, ды i клопатаў шмат...
– Каб толькi было жаданне, Крыс.
Я прымусiў сябе ўсмiхнуцца. Напэўна, гэта выглядала пакутлiва.
– Добра, каханая, кажы.
– А ты скажаш мне праўду?
Я падняў бровы. Такi пачатак мне не падабаўся.
– Навошта я буду цябе падманваць?
– У цябе могуць быць прычыны. Сур'ёзныя. Але калi хочаш, каб... ну, ведаеш... тады не падманвай мяне.
Я прамаўчаў.
– Зараз я нештачка табе скажу, але i ты мне скажы. Добра? Усю праўду. Нягледзячы нi на што.
Я не пазiраў у яе вочы, а яна лавiла мой позiрк. Я зрабiў выгляд, што не заўважаю гэтага.
– Я ўжо сказала табе, што не ведаю, адкуль я тут з'явiлася. Хiба мо ты ведаеш. Пачакай, я яшчэ не ўсё сказала. Мо i ты не ведаеш. А калi ведаеш i не можаш цяпер сказаць, то, магчыма, скажаш калi-небудзь пазней? Гэта не будзе сама страшнае. Ва ўсякiм разе дасi мне шанц.
Мне стала холадна.
– Дзiцятка, што ты кажаш? Якi шанц?.. – мармытаў я.
– Крыс, кiм бы я нi была, але я не дзiця. Ты ж абяцаў. Скажы.
Тое "кiм бы я нi была" так перахапiла мне горла, што я знямеў i мог толькi пазiраць на яе, бязглузда кiваючы галавой, нiбы абараняючыся ад таго, што я меў пачуць.
– Паслухай, неабавязкова ж казаць зараз, проста скажы, што не можаш...
– Я нiчога не хаваю... – адказаў я хрыплым голасам.
– Вось i добра, – прамовiла яна i ўстала.
Я хацеў што-небудзь сказаць, адчуваючы, што нельга так заканчваць размову, але словы заселi ў горле.
– Хэры...
Яна стаяла ля акна, спiнай да мяне. Цёмна-сiнi пусты Акiян раскiнуўся пад пустым небам.
– Хэры, калi ты думаеш, што... Хэры, ты ж ведаеш, што я кахаю цябе...
– Мяне?
Я падышоў да яе. Хацеў абняць. Яна вызвалiлася, адпiхнуўшы маю руку.
– Ты такi добры... – сказала яна. – Кахаеш? Мяне? Я хацела б, каб ты лепш бiў мяне!
– Хэры, каханая!
– Не! Не. Лепей памаўчы.
Хэры падышла да стала i пачала збiраць талеркi. Я пазiраў у цёмна-сiнюю пустэчу. Сонца заходзiла, i вялiзны цень ад Станцыi паволi хiстаўся на хвалях. Талерка ўпала з рук Хэры. Вада булькала ў ракавiне. Рыжы колер па краi небасхiлу пераходзiў у залацiста-руды. Калi б я ведаў, што рабiць. Калi б я ведаў! Наступiла цiшыня. Хэры стаяла за маёй спiнай.
– Не. Не адварочвайся, – прамовiла Хэры амаль шэптам. – Ты не вiнаваты, Крыс. Я ведаю. Не хвалюйся.
Я выцягнуў у яе бок руку. Хэры ўцякла ў глыбiню кабiны i, падымаючы цэлы стос талерак, прамовiла:
– Шкада. Калi б iх можна было разбiць, я растаўкла б iх, растаўкла б усе!!!
Я думаў, што яна сапраўды шпурне iх на падлогу, але Хэры, зiрнуўшы на мяне, усмiхнулася:
– Не бойся, я не буду рабiць глупства.
Я прачнуўся пасярод ночы i адразу насцярожана сеў на ложку; у пакоi было цёмна, з калiдора праз прачыненыя дзверы падала слабае святло. Нешта пранiзлiва шыпела, гэты гук усё мацнеў, суправаджаўся глухiмi ўдарамi, нiбыта нешта вялiкае адчайна бiлася за сцяной. "Метэор! – прамiльгнула ў галаве. Прабiў абшыўку. Нехта там ёсць!"
Працяглае хрыпенне.
Я канчаткова прачнуўся. Я ж на Станцыi, а не на ракеце, а гэты страшны гук...
Я выбег у калiдор. Дзверы малой лабараторыi былi адчынены, там гарэла святло. Я ўскочыў туды.
Мяне агарнуў невыносны холад. Кабiна была запоўнена парай, ад якой замярзала дыханне. Мноства белых сняжынак кружылася над целам, загорнутым у купальны халат, яно слаба стукалася аб падлогу. У гэтым халодным тумане я заўважыў Хэры i кiнуўся да яе, падняў, холад апякаў мне рукi, Хэры хрыпела; я пабег па калiдоры мiма дзвярэй, ужо не адчуваючы холаду, пара, якая вырывалася з яе губ, як агнём апякала маё плячо.
Я паклаў Хэры на стол, разарваў на яе грудзях халат, зiрнуў на заледзянелы дрыготкi твар, кроў замерзла ў роце, чорным налётам запяклася на растуленых губах, на языку блiшчалi крышталiкi лёду...
Вадкi кiсларод. У лабараторыi быў вадкi кiсларод, у сасудах Дзюара. Калi я паднiмаў Хэры, у мяне пад рукамi хруснула шкло. Колькi яна магла выпiць? Усё адно спалены трахея, гартань, лёгкiя; вадкi кiсларод мацненшы за канцэнтраваную кiслату. Яе скрыпучае, сухое, як гук разарванай паперы, дыханне замiрала. Вочы былi расплюшчаны. Агонiя.
Я паглядзеў на вялiзныя зашклёныя шафы з iнструментамi i лекамi. Трахеатамiя? Iнтубацыя? Але ж лёгкiх ужо няма! Яны спаленыя. Лякарства? Колькi лякарстваў! Палiцы застаўлены шэрагамi каляровых бутэлечак i пакецiкаў. Хрыпенне напаўняла ўсё памяшканне, з адкрытага рота Хэры iшла пара.
Грэлкi...
Я пачаў iх шукаць, кiнуўся да адной шафы, да другой, выкiдваў пакецiкi з ампуламi. Шпрыц? Дзе? У стэрылiзатары! Я не мог сабраць шпрыц, бо рукi замерзлi, пальцы здранцвелi, не гнулiся. Я шалёна стукаў рукой па стэрылiзатары, нiчога не адчуваючы. Хрыпенне стала мацнейшым. Я кiнуўся да Хэры. Вочы ў яе былi расплюшчаны.
– Хэры!
Мой голас прапаў, губы сталi непаслухмяныя.
Пад белай скурай ходырам хадзiлi рэбры, вiльготныя ад расталага снегу валасы рассыпалiся. Хэры глядзела на мяне.
– Хэры!
Больш нiчога сказаць я не мог. Стаяў як слуп, апусцiўшы непаслухмяныя скалелыя рукi; ногi, губы, павекi гарэлi ўсё мацней. Але я амаль не адчуваў гэтага. Кропля расталай ад цяпла крывi цякла па шчацэ Хэры, пакiдаючы крывую лiнiю; язык затрымцеў i знiк, Хэры ўсё яшчэ хрыпела.
Я ўзяў яе руку – пульс не адчуваўся; рассунуўшы полы халата, я прыклаў вуха да пранiзлiва халоднага цела ля грудзей. Праз шум, якi нагадваў трэск агню, я пачуў лiхаманкавы стук, шалёныя ўдары, такiя хуткiя, што iх нельга было палiчыць. Я стаяў, нiзка схiлiўшыся, вочы былi заплюшчаны. Штосьцi дакранулася да маёй галавы. Гэта Хэры пальцамi пашавялiла мае валасы. Я зазiрнуў ёй у вочы.
– Крыс, – прахрыпела яна.
Я схапiў яе за руку, Хэры адказала поцiскам, якi ледзь не раздрабiў маю кiсць. Страшная грымаса застыла на яе твары, памiж вейкамi блiшчалi бялкi, у горле захрыпела, цела закалацiлася ад ванiтаў. Я ледзьве ўтрымлiваў Хэры; яна спаўзла са стала, галавой бiлася аб бераг фаянсавай лейкi. Я падтрымлiваў яе, прыцiскаў да стала; пасля кожнай спазмы Хэры вырывалася з маiх рук. Я iмгненна спацеў, ногi сталi ватныя. Калi прыступы ванiтаў зменшылiся, я паспрабаваў пакласцi Хэры. Паветра свiстала ў яе ў грудзях. Нечакана на гэтым страшным скрываўленым твары засвяцiлiся вочы.
– Крыс, – захрыпела яна, – як... як доўга, Крыс?
Яна пачала задыхацца, на яе губах выступiла пена, зноў пачалiся ванiты. Я трымаў яе з апошняй сiлы. Хэры так рэзка ўпала тварам унiз, што ў яе нават застукалi зубы. Яна цяжка дыхала.
– Не, не, не, – хутка выдыхала яна, i кожны выдых здаваўся апошнiм.
Ванiты працягвалiся; Хэры зноў затрапяталася ў маiх руках, у час кароткiх перапынкаў мiж прыступамi яна ўцягвала паветра з такой цяжкасцю, што ў яе выступалi рэбры. Затым вейкi напалову прыкрылi яе невiдушчыя вочы. Хэры больш не варушылася. Я вырашыў, што гэта канец. Нават не спрабуючы сцерцi з яе губ ружовую пену, я стаяў, нахiлiўшыся над ёю, чуў далёкi гул вялiзнага звона i чакаў яе апошняга выдыху, каб пасля павалiцца на падлогу, але Хэры дыхала ўжо амаль без хрыпаў, дыхала ўсё больш спакойна, грудзi ўжо амаль не ўздрыгвалi, сэрца бiлася раўней. Я стаяў згорбiўшыся. Твар Хэры пачаў ружавець. Я яшчэ нiчога не разумеў. Мае далонi спацелi, мне здалося, што я станаўлюся глухiм: нечым мяккiм, эластычным былi забiтыя вушы, аднак я ўсё яшчэ чуў часты звон, ужо глухi, нiбыта звон трэснуў.
Хэры ўзняла павекi, нашы позiркi сустрэлiся.
"Хэры", – хацеў прамовiць я, але не мог пашавялiць губамi, нiбыта на маiм твары была мёртвая цяжкая маска; я мог толькi пазiраць.
Яе вочы агледзелi пакой, яна павярнула галаву. Было надзвычай цiха. За мной, у нейкiм iншым, далёкiм сусвеце, капала вада з незакручанага крана. Хэры паднялася на локцях. Села. Я адступiўся. Хэры сачыла за мной.
– Што? – сказала яна. – Што?.. Не... удалося? Чаму?.. Чаму ты так пазiраеш?..
I раптам яна страшна закрычала:
– Чаму ты так пазiраеш!!!
Наступiла цiшыня. Хэры паглядзела на свае рукi. Паварушыла пальцамi.
– Гэтая?.. – спыталася.
– Хэры, – прамовiў я бязгучна, аднымi губамi.
Хэры падняла галаву.
– Хэры?.. – паўтарыла яна.








