Текст книги "Genius loci (на белорусском языке)"
Автор книги: Владимир Орлов
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 3 страниц)
Орлов Владимир (2)
Genius loci (на белорусском языке)
Уладзiмiр Арлоў
Genius loci
Не буду спрачацца, iдэя належала табе, i я прыняў яе адразу – ты яшчэ не паспела пакiнуць у попелцы першы, патушаны з тваёй нязменнай дзiцячай стараннасцю недакурак. Памятаецца, я казаў табе, што, калi ты курыш першую цыгарэту, твар у цябе робiцца летуценным i адстаронена-незнаёмым – толькi крыху, але дастаткова для таго, каб выглядаць не тваiм, а – тваёй сястры-блiзнючкi, у якой усё такое самае i разам з тым – не. Падобнае ўражанне ўзнiкала i тады, як, сцiшыўшыся пасля апошнiх ласкаў, ты з лёгкiм уздрыгам мякка падала ў кароткi сон, а я, вартуючы яго, касавурыў вока на тваю галоўку, што ляжала побач на падушцы.
Iдэя была генiяльна простая: калi ўспамiнаць нашу кавярню, дык адну яе без усякiх прадмоў, эпiлогаў i розных лiрычных адхiлаў кшталту першай ранiцы, у якую мы прачнулiся абняўшыся, але бязгрэшныя, як пяцiкласнiкi, бо ў астатняе iмгненне ты, быццам жнiвеньская жужэлка, абавязкова прымудралася выслiзнуць. Альбо кшталту кладак над возерам з пахмурным найменнем Люхава, нават уначы насычаных сонечнай энергiяй, кладак i слоiка са светлякамi, чыё зеленаватае мiгценне зусiм не здавалася халодным...
Але мы дамовiлiся гаварыць выключна пра кавярню. Як на школьных уроках лiтаратуры: адзiнства часу, месца i дзеяння.
Пра кавярню, што яшчэ не выветрылася з памяцi жыхароў трох куртатых вулачак, якiя насуперак усялякай логiцы ацалелi ад сярэднявечнага прадмесця. У цесных дварах з арэлямi i абымшэлымi альтанкамi вам пацвердзяць: насупраць тралейбуснага прыпынку, там, дзе цяпер салон iталiйскага абутку, тады сапраўды была кавярня.
Да таго дня, калi мы ўпершыню не праехалi мiма, а зайшлi i селi за столiк пад пастэльным восеньскiм пейзажам з парушанай перспектывай, схаваная пад шклом стандартная шыльда з дзвярэй кавярнi ўжо знiкла: цi то не задаволiла эстэтычны густ новага гаспадара, цi то яму падалася неарыгiнальнаю назва, а найверагодней – i адно, i другое. Мiж тым новай шыльды так i не павесiлi, i неўзабаве хтосьцi вывеў на глухой бакавой сцяне стары назоў – спачатку крэйдай, а потым, паўзверх, нiтрафарбаю з балончыка. Смарагдавыя лiтары на шэрай асноведзi глядзелiся, па-мойму, не горш за малахiтавы кулон на тваёй купленай у краме "Sесоnd hаnd" папялястай кофтачцы...
Некалi я пiсаў фантастычныя апавяданнi, i адно з iх мела сюжэт пра вынаходнiка апарата, якi – быццам з грамафонавай кружэлкi цi з магнiтафонавай стужкi – умеў "счытваць" галасы з рэчаў, што былi сведкамi нейкiх размоў i падзеяў. У апавяданнi адбылося забойства, раскрыць якое дапамагло звычайнае кухоннае крэсла.
Не, у кавярнi, як табе вядома, нiкога на нашай памяцi не забiлi, аднак ты ўявi, колькi маглi б распавесцi яе расхiстаныя сiнiя крэслы. Праўда, у нашым выпадку ўсё наадварот: крэслы даўно згарэлi на звалцы, а мы зараз уваскрасiм iх разам з ненадзейнымi спiнкамi i парэзамi, адкуль прасiўся на свет жоўты паралон набiўкi. Потым мы адновiм дрогкi кутавы столiк i брунатную, чыста выцертую стойку ў процiлеглым канцы маленькае, усяго на пяць столiкаў, залi. За стойкай зоймуць свае месцы рослы румяны бармен, падобны да зробленай добрым майстрам-чырванадрэўшчыкам шафы, i ягоная круглявенькая здобная памочнiца; яны няблага разумелi па-беларуску, прынамсi, ведалi, што такое кiлiшак, i нiколi не блыталi каву з какавай.
У той дзень, калi я не здолеў прыдумаць табе бiяграфii...
Так, гэта ўжо за межамi нашае дамовы, але, пагадзiся, каб не мая бяскрыўдная гульня, ты не сядзела б сёння ў фатэлi каля вакна i не казала, што трох пляшак белага сухога вiна якраз дастаткова – не дзвюх i не чатырох, а мяноўна трох.
Значыцца, ты згодная: зробiм выключэнне. Я маю на ўвазе не вiно, а гiсторыю нашага знаёмства. Праўдзiвей – ягоную тэхналогiю.
Ты не забыла, мы пазнаёмiлiся дзякуючы маёй звычцы складаць чужыя бiяграфii. Аб'ектам эксперыментаў амаль кожны раз былi жанчыны. Па-першае, яны хутчэй заводзiлi ўяўленне, а, па-другое, самi абставiны, калi без дазволу жанчыны ўступаеш з ёю ў кантакт, стваралi падтэкст зваблiвай шматварыянтнасцi.
Звычайна ўсё адбывалася так. У тралейбусе цi вагоне метро мой позiрк цалкам самастойна, без усякае разумовае каманды выбiраў жанчыну або дзяўчыну зусiм неабавязкова самую прывабную, – пасля чаго, таксама незалежна ад мяне, спрацоўвала патрэбная спружынка, патайны механiзм пачынаў бесперабойна дзейнiчаць, i праз хвiлiну-дзве я меў першую порцыю дадзеных: узрост, прафесiя, муж, дзецi. Калi мы ехалi разам досыць доўга, гульня працягвалася i я атрымлiваў дадатковыя звесткi: характар, захапленнi, любiмы пiсьменнiк альбо яго адсутнасць з прычыны нецiкавасцi да лiтаратуры... На пятым цi шостым прыпынку я "ведаў", куды мая спадарожнiца накiроўваецца, якiм кветкам i колерам аддае перавагу, што п'е з большаю асалодай. А на чарзе стаяў блок iнтымнае iнфармацыi: як сустракаюць яе вусны пацалунак каханка, што ўмеюць рабiць самi, што такое для яе вернасць...
Прычым хачу табе сказаць: у маёй даведзенай да аўтаматызму гульнi нiколi не ўзнiкала неаднаразова апiсаных сiтуацыяў, калi пасля некалькiх слоў i поглядаў прыходзiць упэўненасць, што выпадковы вiзавi створаны не для каго-небудзь, а для вас; а потым – станцыя, прыпынак, i ён цi яна назаўсёды выходзяць, пакiдаючы ў душы трагiчнае адчуванне незваротнасцi iмгнення. Паўтараю, са мною (можа, таму, што я кiраваўся правiлам не заводзiць з "паддоследнымi" нiякiх размоў) нiчога падобнага, у тым лiку i ў той травеньскi надвячорак, не здаралася.
Тады здарылася iншае.
Блукаючы па душным тралейбусе, мой позiрк, як зазвычай сам сабою, адшукаў найбольш цiкавую яму iстоту. Пазней я падзялiўся з табой першым уражаннем: гiшпанка. Вочы колеру пераспелае вiшнi вiнаватыя тут былi не болей за густы роўны загар злёгку кiрпатага твару ў абладзе доўгiх, чорных з сiняю iскрынкаю валасоў. Колькi наступных хвiлiнаў я акрэслiў бы як суцэльнае здзiўленне. Бездакорна наладжаны механiзм гульнi ўпершыню даў збой: фантазiя мела адволi падстаў страпянуцца i раскрыць крылы, але паводзiла сябе падазрона абыякава.
Ты ведаеш, я не належу да празмерна сарамяжлiвых, i, магчыма, памятаеш, што было далей. Каля цырка ты сабралася выходзiць, а мне ўдалося вышмыгнуць першым i падаць табе руку. Ты з подзiвам у пераспелых вiшнях абаперлася на яе, намагаючыся разгледзець за цёмнымi акулярамi i рудаватай барадою каго-небудзь знаёмага, i пачула словы, якiя сярэднестатыстычную пасажырку грамадскага транспарту непазбежна прывялi б да думкi пра стан здароўя суразмоўнiка: "Даруйце, што не здолеў прыдумаць вам бiяграфii".
Увесь вечар мы гулялi па горадзе, елi за вынесенымi на вулiцу столiкамi марозiва, а калi неба пахаладнела, купiлi шампанскага, пераглянуўшыся, зразумелi, што бутэлькi будзе да смешнага мала, узялi яшчэ дзве i спынiлi таксоўку.
Прызнаюся, ты здалася мне даступнаю, i гэта была не апошняя мая памылка...
Больш нi слова. Толькi пра кавярню. Пра нашую кавярню з такой мiлай у сваёй банальнасцi назваю – "Сябры".
Мы прыходзiлi туды пасля спатканняў у тым пакоi за зялёнымi шторамi. Часам наперадзе маячыў цэлы вольны вечар, часам i ты, i я з прабачлiвымi ўсмешкамi выбягалi з кавярнi камусьцi тэлефанаваць. Метафара сiямскiх блiзнятаў, якая раз-пораз усплывала ў размовах, выглядала мастацкай празмернасцю, аднак вельмi часта развiтанне на парозе кватэры цi на прыпынку ўспрымалася б не iначай як злачынства.
Лета, за выняткам лiчаных лiпеньскiх дзён з навылёт прагрэтымi сонцам азёрнымi кладкамi, выпала халоднае i дажджлiвае, i ў кавярнi мы найчасцей замаўлялi арэхавы лiкёр, што, як i ўсё астатняе, там налiвалi ў блакiтныя пластыкавыя кубачкi – дакладна з такiх частавалi мiнералкаю i лiманадам сцюардэсы ўнутраных авiялiнiяў. Некалькi глыткоў густой бурштынавай вадкасцi з мiндалёвым смакам хутка сагравалi i прыносiлi амаль хатнюю ўтульнасць.
Выбар напояў не прэтэндаваў на багацце: апроч двух-трох гатункаў лiкёру вы мелi магчымасць спытаць шампанскага, каньяку i дарагога нямецкага цi галандскага пiва ў бляшанках. Дадайце сюды цыгарэты, гарачыя лусцiкi i каву яе бармен гатаваў не горш, чым разумеў беларускую мову – вось i ўвесь асартымент, якi не забаранялася пашыраць прынесенымi з вулiцы бананамi, плiткай шакаладу i, галоўнае, якой-небудзь прыстойнай пляшкаю.
Музыка прываблiвала не меней за дэмакратычнасць парадкаў. Кавярня слухала класiчныя негрыцянскiя блюзы, "бiтлоў", "ролiнгаў"... Карацей, ты памятаеш, там круцiлi альбомы, якiя нам калiсьцi не дазвалялi ставiць на школьных вечарынах, i мы слухалi iх дома на нехлямяжых пудовых магнiтафонах, што больш за ўсё любiлi пажаваць стужку.
У часы тых дапатопных апаратаў нiкога з кампанii моладзi, якая, пазычаючы ў суседзяў два крэслы, займала цэнтральны з пяцi столiкаў, не iснавала i ў праекце. Кампанiя пiла ў асноўным прынесенае з сабой айчыннае пiва, разлiвала пад сталом штосьцi мацнейшае i гаварыла на такiм рафiнаваным арго, што, здавалася, з намi гэтыя маладзёны пагадзiлiся б размаўляць толькi праз перакладчыка. Да прыкладу, я зусiм не адразу даўмеўся, што трох-, двух– i аднаактоўкi, якiя часта фiгуравалi ў iхняй гаворцы, з тэатрам былi звязаныя не болей, чым, скажам, з экспедыцыямi на Марс.
Абмежаванае кола наведнiкаў было яшчэ адной бясспрэчнай вартасцю кавярнi. Туды забрыдаў выпiць каля стойкi сто грамаў выпадковы прахожы, магла забурыцца гурма крутаплечых хлапцоў са стрыжанымi патылiцамi, што не прасiлi, а з ходу давалi бармену загад налiць кожнаму па поўнай каньяку i гучна загаворвалi пра Хрыпатага, якому ўключылi лiчыльнiк. Але большую частку клiентаў, асаблiва ўвечары, складала iншая публiка, у якой вылучалiся заўсёднiкi. Яны мелi традыцыйныя месцы, прыкметна нервавалiся, пакуль iх столiкi былi занятыя, i неадкладна перасаджвалiся, калi тыя вызвалялiся. З шэраговых клiентаў яны ператваралiся ў iндывiдуальнасцi, i таму я лёгка магу аднавiць аблiччы i паводзiны кожнага: i чалавека з вiльготнымi рукамi, якi называў сябе алмазаздабытчыкам, i глуханямых, i мiлiцыянта, якога не разумела жонка, i парачкi лесбiянак...
З каго б ты хацела пачаць?
Чаму не, няхай будзе мiлiцыянт, пагатоў у цесным свеце кавярнi ён успрымаўся прыкладна так, як сабачае вуха на месцы аднаго з пялёсткаў вялiзнага рамонка з палатна паслядоўнiка Далi.
Мiлiцыянт заяўляўся недзе каля восьмай. Ён прыходзiў у цывiльным, але ўсе ведалi, што ён – мiлiцыянт i што яго завуць Пеця, бо выпiтыя сам-насам з сабою "законныя" сто грамаў каньяку ўмомант рабiлi яго гаваркiм, i, замовiўшы бутэльку шампанскага i крыху лiкёру, ён падсаджваўся за чужы столiк. Лiкёрам ён зрэдку мог пачаставаць суседку, а шампанскае, усё да кроплi, выпiваў сам.
Рысы ягонага гладка выгаленага твару нiхто не назваў бы непрыемнымi, ды яны iснавалi незалежна адна ад адной i, як на прамежкавых стадыях стварэння фотаробата злачынцы, нiяк не хацелi спалучацца: смелы разрэз вачэй пярэчыў мяккаму падбародку, а выразны нос не спадзяваўся дасягнуць гармонii з па-жаночаму маленькiм ротам.
Улюбёным слаўцом ягонага лексiкону была, як ты памятаеш, "жопа". Па "жопе" ён страляў з табельнай зброi, калi парушальнiк кiдаўся наўцёкi. Па "жопе" лупцаваў службовай папругаю сына-двоечнiка. Iншага слова не знаходзiлася i для жонкi, якой не дадзена было спасцiгнуць тайнiцу ягонае душы. Аднак гэты балбатун чамусьцi не шукаў сабе сабутэльнiкаў у форме, а ўпарта iшоў сюды, у кавярню, якую, на вялiкае наша здзiўленне, нi разу не абазваў сваiм запаветным словам, а часам, перад адыходам да жонкi, абсалютна не абразлiва, нават пяшчотна называў "гадзючнiкам". Нягледзячы на тое, што з iм было цiкава пагаварыць не больш за адзiн раз, мiлiцыянт заняў на палубе прызначанае яму месца, i без яго агульная мазаiка рызыкавала б рассыпацца – так адсутнасць коскi здатная разбурыць самы дасканалы сказ.
Я сказаў: "на палубе". Гэты выраз належаў алмазаздабытчыку i мог ускосна сведчыць, што той зарабляў на жыццё i на сваiх жанчын не толькi пошукам алмазаў у якуцкай вечнай мерзлаце, але i насамрэч хадзiў у мора. У такiм разе захоўваць на палубе раўнавагу ў штармавую непагадзь яму, з ягонымi двума метрамi, было, вiдаць, няпроста. Але гэты адносны недахоп кампенсавала атлетычная постаць i моцныя доўгiя рукi, чый энергiчны поцiск, аднак, нязменна выклiкаў прыступ гiдлiвасцi: слiзкавата-вiльготная далонь нараджала адчуванне, што ў руку ўсунулi жабу-рапуху.
Як выглядае, жанчыны пакутуюць ад гiдлiвасцi значна меней. Лысая галава-яйка таксама не была прыкметнай перашкодаю на шляху да жаночых сэрцаў, тым больш яе гаспадар сачыў за сабой, ходзячы ў модных гарнiтурах i не забываючы пра парфуму. У выбары жанчын ён не любiў паўтарэнняў i кожны раз прыводзiў з сабой новую. Прыгажуняў сярод iх мы не заўважалi, але i страхотлiвых стварэнняў, па-мойму, нiколi не траплялася.
Быў зарэгiстраваны выпадак, калi ён, пакiнуўшы кавярню з адной спадарожнiцай, перад закрыццём пасадзiў за столiк iншую, а сам, нефанабэрлiва падмiргнуўшы мне, весела гукнуў бармена: "Гэй, на палубе!"
"Цыган дома не крадзе", – чуў я некалi ад бабулi. Алмазаздабытчык быў падобны да цыгана, як я – на далай-ламу, аднак бабулiны словы мелi да ягоных паводзiнаў несумнеўнае дачыненне. Ён не зрабiў i кволай спробы хоць раз завязаць размову з якой-небудзь самастойнай наведнiцай кавярнi. Да ўсiх iх, асаблiва да тых, чые твары былi яму знаёмыя з ранейшых вiзiтаў, ён ставiўся падкрэслена ветлiва, але нават без намёку на мужчынскую ўвагу.
Выключэнне складала парачка лесбiянак, што кiдала нашаму лавеласу выклiк ужо самiм фактам iснавання жаночых iстотаў, якiя ўмелi абыходзiцца без лысых, вусатых, барадатых i ўсiх астатнiх прадстаўнiкоў iншае паловы чалавецтва. Натыкнуўшыся позiркам на лесбiянак, уладальнiк галавы-яйка не мог схаваць калючай уквеленасцi i спяшаўся запiць яе глытком каньяку. Напрошвалася думка, што ён знойдзе падтрымку ў мiлiцыянта, ды той успрымаў жаночую парачку якраз надзвычай талерантна i толькi часам мройлiва мармытаў сабе пад нос: "Вось бы з дзвюма адразу, бля".
Лесбiянак мы сустракалi ў свой кожны прыход, з чаго вынiкала, што гэтыя бландзiнкi – танклявая, з нервовым артыстычным тварам, у якiм падтэксту было болей, чым самога тэксту, i крышачку паўнейшая, з выдатна прамаляванай постаццю i шырока расплюшчанымi даверлiвымi шэрымi вачыма – бывалi ў кавярнi ледзьве не штодня. Нас вабiў iхнi загадкавы свет, аб якiм дазвалялi адно здагадвацца скупыя вонкавыя праявы: пераплеценыя на стальнiцы пальцы; раптоўныя, па-птушынаму лёгкiя пацалункi, якiмi танклявая зрэдзьчас адорвала сяброўку; тонкiя залатыя пярсцёнкi, якiя абедзьве насiлi на правай руцэ.
Алкаголь уздзейнiчаў на iх па-рознаму. Танклявая пачынала безупынна смалiць цыгарэты, яе твар змрачнеў, i на яго клаўся цень драпежлiвасцi. Аднаго разу яна спалатнела, нiбыта з яе выпусцiлi палову крывi, i, задыхаючыся, кiнула каханцы колькi фразаў, а потым так упiлася ёй вострымi малiнавымi пазногцiкамi ў тыльны бок далонi, што шэравокая гучна ўскрыкнула ад болю. Мы вырашылi, што назiраем сцэну рэўнасцi, i, не абмяжоўваючыся канстатацыяй, паспрабавалi ўнiкнуць у сiтуацыю глыбей. Памятаеш, нас займала пытанне: здатныя лесбiянкi раўнаваць да мужчын цi гэта ў iх сiстэме каштоўнасцяў нявартая ўвагi драбнiца накшталт дожджычку за вакном?
Скульптар-керамiст Коля не паспеў набраць той сумы балаў, якая дала б яму права перайсцi ў разрад заўсёднiкаў. Ягоная рэдкая для трыццацi з гакам гадоў светлая бародка над жураўлiнай шыяй, дзе матляўся вузел нясвежай стракатай касынкi, аздобiла iнтэр'ер кавярнi ўсяго двойчы.
У свой другi вiзiт Коля запрасiў нас на гасцiны. Ён жыў з бабуляю на цянiстай вулiцы ў пабудаваным палоннымi немцамi двухпавярховым доме. Адзiн з пакояў прасторнай занядбанай кватэры на першым паверсе быў ператвораны ў майстэрню i адначасова ў спальню з шырокай канапаю, якую гаспадар называў сексадромам.
Мы выпiлi каньяку, i Коля паклiкаў мяне на кухню, дзе змоўнiцкiм тонам паведамiў, што мы з табой можам заняцца на ягонай канапе любоўю, але з адной умоваю: альбо ён, Коля, будзе назiраць за намi ў вакно, альбо праз нейкi час знячэўку зойдзе ў пакой. "Чыста прафесiйная цiкавасць, стары", – ужо няўпэўнена варочаючы языком, патлумачыў Коля.
Не, пра паэта я не забыў, як памятаю i тое, што ты прадказала ягонае з'яўленне, заўважыўшы, што ў такой мясцiне павiнен бываць хоць адзiн прызнаны цi, лепей, непрызнаны паэт. Тваё прароцтва матэрыялiзавалася ў аблiччы дыстрафiчнага юнака ў акулярах i атрутна-жоўтым швэдры. Лесбiянкi адгарадзiлiся ад паэта ледзянымi ўсмешкамi i проста не пусцiлi за свой столiк, таму першымi слухачамi наканавана было стаць нам. Ад празмернага хвалявання ў паэта мутнелi шкельцы акуляраў. Выпадак быў безнадзейны, як спроба датэлефанавацца да самога сябе. Мы прапанавалi юнаку лiкёру; успрыняўшы гэта як пахвалу, ён так распусцiў пёры, што, калi я зноў пайшоў да стойкi, намерыўся прызначыць табе спатканне.
Я думаю, што калi б кавярня прызнала паэта, ён насуперак усяму стварыў бы нешта больш значнае за вершыкi, здольныя нарадзiць адну-аднюткую асацыяцыю з вадзянiстымi парасткамi ў падвальным закутку. Аднак кавярня не прыняла яго, i паэт знiк гэтаксама раптоўна, як i з'явiўся.
Другiм пасланцом лiтаратурнага свету, што аднойчы, расплюхаўшы каньяк, палез да мяне з мядзведжымi абдымкамi, стаўся знаёмы празаiк, у якога пасля чарговае жанiцьбы пачаўся мядовы месяц. Пералiчыўшы свае мужчынскiя дасягненнi заадно з колькасцю i маркамi выпiтых напояў, ён абвясцiў, што пiша апавяданне, якое нарэшце адкрые ў нашай лiтаратуры жанр эратычнае прозы. Першы сказ быў ужо гатовы: "Пад'езд прапах спермай". Я асцярожна параiў замянiць пад'езд на кватэру. "Пад'езд прапах спермай", – з нацiскам на першае слова абражана паўтарыў празаiк, выцадзiў каньяк i не развiтаўшыся ляпнуў дзвярыма.
Значна глыбейшы след пакiнулi глуханямыя.
Яны трапiлi ў кавярню, ратуючыся ад дажджу, i, паколькi кампанiя самых юных наведнiкаў адсутнiчала, апынулiся за iх столiкам. Дзiўная рэч, я не магу ўзнавiць у памяцi iх рысаў, апрача таго, што яе твар – у параўнаннi з ягоным, прыгожым i адухоўленым – напачатку здаўся мне грубавата-вульгарным.
Мы не адразу змецiлi, што яны размаўляюць рукамi, а калi заўважылi, дык праз хвiлiну ўжо былi перакананыя: гэта – закаханыя. I нашы з табой рукi любiлi пагаварыць на сваёй мове, але iх лексiчны запас здаваўся нам вялiкiм толькi да таго вечара.
Сапраўды, твары зараз захiнутыя ад мяне туманам, а вось рукi... рукi я гатовы намаляваць: яго вузкую далонь з выцягнутымi пальцамi, кожны з якiх быццам бы меў на фалангу болей, i яе маленькую авальную далоньку з карантышкам-мезенцам. Гэтыя рукi выпраменьвалi такую пяшчоту, што хацелася адвесцi позiрк – нiбы падглядваеш за нечым iнтымным, прызначаным для дваiх.
Мы крыху паспрачалiся на тэму: як яны клiчуць адно аднаго па iменi i як калi мы завём iх глуханямымi – называюць нас, тых, у каго слых i мова ў парадку. У мяне блiснула iдэя ўзяць нататнiк i асадку i пазнаёмiцца з навiчкамi: напiсаць, што яны нам спадабалiся, даведацца iмёны, потым запытацца яшчэ што-небудзь, напрыклад, на якой мове яны гавораць сваiмi чуйнымi рукамi i цi iснуе наогул такi панятак, як "глуханямая" беларуская мова.
А тым часам музычныя пальцы нашэптвалi штосьцi такое, ад чаго профiль у жанчыны быў злёгку падведзены чырванню. Яе твар развiтаўся з уяўнай вульгарнасцю, стаўшы не менш адухоўленым, чым у яе спадарожнiка, i я адчуў усю злачынную недарэчнасць свайго намеру пранiкнуць у iхнi свет з дапамогаю адмычкi зашмальцаваных будзённасцю фразаў.
Ты выказала здагадку, што слова "кахаю" ў мове, на якой яны гавораць, вынайшаў самы закаханы глуханямы. Нам здавалася, яны павiнны зайздросцiць нам, бо на iх мову шмат чаго проста не перакладалася – тэлефонны званок, музыка апошнiх ускрыкаў, назвы рэдкiх кветак – напрыклад, эстэрдэлiя, – якiя я любiў дарыць табе, ненавiдзячы банальныя гваздзiкi i ружы.
Так, ты не памылiлася, глуханямыя забеглi ў кавярню пад час той залевы. Завесiўшы вокны раннiм сутоннем, яна бушавала над горадам з адвячорка да глыбокае ночы. Каля парога наплыла лужына, i мiндалевы лiкёр пiўся з асаблiвым, я сказаў бы, экзiстэнцыяльным прысмакам.
Тады мне ўпершыню i ўзгадаўся той верш:
Я gеnius lосi*, я помню дзяцiнства
Гэтага горада, гэтае песнi.
Шкада, калi не ўваскрэсне
Маё i тваё адзiнства...
* Генiй месца (лац.).
Мы абое калiсьцi вучылi лацiну. Табе з выкладчыкам пашанцавала, вiдаць, болей, бо ты прапанавала вымаўляць "с" не паводле сярэднявечных правiлаў, як "цэ", а ў адпаведнасцi з антычнай традыцыяй, як "ка".
Сутнасць, вядома, была не ў правiльным маўленнi.
У маленстве пасля такiх, як у той вечар, пролiўняў мы, полацкiя хлапчукi, неадменна беглi на бераг Дзвiны, каб знайсцi каля Верхняга замка вымытую са жвiру манету. Наша лiпеньская залева здзейснiла нешта падобнае, прыадкрыўшы адказ на пытанне: што альбо хто зводзiў у кавярнi ўсiх нас, уладна i бесцырымонна пазычаючы ў iншага, больш адпаведнага кожнаму асяроддзя?
Я gеnius lосi, я помню дзяцiнства...
Ён не проста збiраў нас. Раз-пораз ён штукарыў з часам: гэта анi не залежала ад колькасцi выпiтага – бывала, у нас у кiшэнях гуляў вецер i мы абмяжоўвалiся параю кубачкаў кавы, але фiзiчна адчувалi, што час запавольваецца i пляце, як заяц на снезе, карункi петляў, а потым, апамятаўшыся, вяртаецца ў рэчышча кананiчных паводзiнаў i паспешлiва навёрствае ўсё, страчанае на нядаўнiя прыхамацi.
Кавярня прымушала зусiм iначай працаваць памяць, парушаючы яе павуцiнавы спакой вострымi скавышамi i выцягваючы з пыльнага хлуду забытыя або, наадварот, старанна схаваныя рэчы. Здаралася, мы прысвячалi ўспамiнам цэлыя вечары, даведваючыся тое, што магло прагучаць толькi там, за столiкам пад восеньскiм краявiдам, дзе была вiдавочна парушаная перспектыва, затое мастаку ўдалося схапiць момант, калi з нiзкiх хмараў вось-вось пасыплецца снег, што рабiла наш куток яшчэ больш прытульным.
Там ты ўведала пра маё першае мужчынскае пачуццё да аднакласнiцы Iры.
Я вучыўся ў другiм класе, часта хварэў i тыднямi сядзеў дома, марачы, што ўлетку мая абраннiца патоне ў возеры, а я выцягну яе i, зрабiўшы штучнае дыханне, ажыўлю. На гарадскiм пляжы стаялi стэнды з малюнкамi, дзе тлумачылася, як гэтае дыханне трэба рабiць. Выратавальнiк удзьмуваў тапельцу паветра праз вусны, i, калi мае лятункi даходзiлi да гэтага моманту, у роце перасыхала, а сэрца так шэрхла, што я баяўся памерцi. На вырваным з вучнёўскага сшытка ў касую лiнейку аркушы я буйнымi, чамусьцi друкаванымi лiтарамi пiсаў: "Iра, я цябе кахаю", адчыняў дзверцы напаленай грубкi, кiдаў прызнанне на чырвонае ў чорных пералiвах вуголле i з невыказным салодкiм болем назiраў, як выведзеныя мною словы ператвараюцца ў попел.
З гэтай цнатлiвай згадкаю рэзка кантраставала гiсторыя з шасцiкласнiцай. Я закахаўся ў яе пасля другога курса ўнiверсiтэта. Шасцiкласнiца займалася лёгкай атлетыкай, i яе ўжо амаль сфармаваная жаночая постаць не хацела мiрыцца з сукеначкай i фартушком школьнае формы. У неадчэпна пакутлiвых эратычных снах я авалодваў яе загарэлым i пругкiм маленькiм целам, а прыехаўшы на зiмовыя студэнцкiя вакацыi, апынуўся на мяжы вар'яцтва: чакаў дзяўчо пасля ўрокаў каля школы, iшоў следам да яе дома, высачыў, калi яна плавае ўвечары ў басейне, i пачаў хадзiць туды ў той самы час... Не сказаў бы, што планы, якiя нараджалiся ў маiм распаленым жарсцю розуме, былi фантастычныя. Небяспека падкралася зусiм блiзка, але, на шчасце, вакацыi скончылiся, а ў студэнцкiм iнтэрнаце прыйшло выратаванне ў вобразе шчодралюбнай аднакурснiцы – беларускай татаркi Фацiмы. Пасля выпiтых у дзень стыпендыi дзвюх шклянак вiна яна гатовая была ратаваць каго заўгодна, аднак якраз такая жанчына ў той час i аказалася для мяне незаменнаю.
Я вяртаўся ад стойкi з новай порцыяй лiкёру i сам ператвараўся ў слухача, уяўляючы гэткую ж, як i мая, цiхую гарадскую вулiцу твайго дзяцiнства, дзе таксама цвiлi яблынi i пасвiлiся козы. Нiзкае вакно твайго вузенькага, нiбы пенал, пакойчыка ўпiралася ў сабачую будку, i ўлетку, з-за пахаў, яго лепей было трымаць наглуха зачыненым. Калi мацi працавала ў начную змену, бацька не тоячыся прыводзiў жанчын i ты ўсё чула праз тонкую перабойку, а часам i сутыкалася з распранутай госцяю ў калiдорчыку. Праз гэта, сцвярджала ты, у цябе доўга захоўваўся iмунiтэт супроць блiзкасцi з мужчынамi.
Пад ложкам у пакойчыку-пенале стаяла скрынка з кардоннымi лялькамi, якiм ты выразала з паперы кофтачкi i спаднiчкi. Твае самаробныя цацкi настолькi кранулi мяне, што я вырашыў на дзень нараджэння падараваць табе самую дарагую ляльку ў шыкоўным строi...
Калi мы не сустракалiся цэлы тыдзень, вечар у кавярнi быў прысвечаны снам. Не ведаю, як ты, а я магу прысягнуць, што такiх фантасмагарычных i ўадначас паўнакроўных сноў да таго лета мне не снiлася. Кавярня ўключала вядомыя адной ёй каналы, i, думаю, зазiрнуць у нашы сны не адмовiлiся б сам Зыгмунд Фрэйд i Карл Густаў Юнг.
Узяць хаця б сон, дзе мы з табой iдзём па горадзе, у якiм усе жыхары калекi: сляпыя, бязрукiя, бязногiя, на мылiцах i ў iнвалiдных калясках. Мы, трымаючыся за рукi, каб не згубiцца, прабiраемся праз iхнi крыклiвы страхалюдны натоўп i, часам пераходзячы на бег, як быццам ратуемся ад пагонi, а часам, спыняючыся i пераводзячы дых, заглыбляемся ў нерат вулiц i вулачак, але ў вонкавай хаатычнасцi нашага руху ёсць мэта, пра якую мы не маем права нi на хвiлiну забыць: сярод тысячаў калек i ўбогiх мы павiнны адшукаць iншых нармальных.
А памятаеш конкурс прыгажосцi?
Над амфiтэатрам, дзе ён адбываўся, вiсеў букет шматкалёрных мангальф'ераў, i падобны да грака чалавек у чорным фраку i цылiндры па чарзе падцягваў iх за канат да арэны. З кошыкаў выскоквалi юныя прыгажунi ў купальнiках, якiх чалавек-грак падводзiў да подыума з шырачэзным адкрытым ложкам. Тут яны пераходзiлi ў рукi двух бамбiзаў у стракатых махровых шлафроках, чыёй задачай было на вачах у журы i публiкi пазбаўляць канкурсантак нявiннасцi. Адчуўшы, што прапанаваная сiстэма адбору мяне прыкметна нервуе, ты заразлiва засмяялася i паведамiла пра даўняе знаёмства з усiмi прэтэндэнткамi, якiя ў лепшым разе яшчэ памяталi iмёны сваiх першых мужчынаў.
Але неўзабаве паветраны шар прывёз на арэну гнуткую дзяўчыну ў кармiнавым купальнiку, убачыўшы якую, ты ўся падалася ўперад i зашаптала, што яе трэба выкупiць, бо дзяўчо – насамрэч цнатлiўка i трапiла сюды, каб зарабiць грошай на вяселле. У наступную хвiлю мы беглi па праходзе ўнiз i паспелi-такi перахапiць чалавека ў цылiндры на яго цырымонным шляху да подыума, а потым пад незадаволены гул амфiтэатра рассоўвалi яму па кiшэнях купюры. Рэшту аддалi дзяўчыне, i ты загадала ёй ехаць да жанiха i сказаць, каб ён неадкладна, сёння ж, зрабiў яе жанчынай.
У вынiку аналiзу таго сну атрымалася, што нашая ратаванка – ты...
Я думаю, карыфеi псiхааналiзу заплацiлi б нам i за сон, у якiм я любiў не цябе, а iншую жанчыну, называючы яе тваiмi пяшчотнымi iмёнамi i мянушкамi; ад гэтага яна ўвачавiдкi набывала твае рысы, i ўрэшце я стаўся сведкам канчатковага пераўвасаблення, пакутлiва разважаючы, што ў такiм разе прычынiлася з табой сапраўднаю i ў якой абалонцы iснуе цяпер твая душа.
Ты згодная, што хтосьцi жыве пераважна розумам, а хтосьцi – пачуццямi? Адны, адпаведна, успрымаюць жыццё як камедыю, для другiх яно – трагедыя. У мяне гэтыя кампаненты, пачуццё i розум, заўсёды былi перамяшаныя ў складаным кактэйлi з хiсткай перавагаю то першага, то другога, але ў тое лета, так, рэчаiснасць – нават у самых, здавалася б, камедыйных праявах з мiлiцыянтам Пецем альбо з алмазаздабытчыкам – не ўспрымалася мною як камедыя. Тым больш яна не выглядала i трагедыяй. Наш з табой свет меў характарыстыкi iншага кшталту.
Пацягваючы мiндалевы лiкёр, мы прыйшлi да высновы, што калi ты ўзняўся над раслiнным iснаваннем, то мусiш зразумець адную элементарную, на першы погляд, рэч. Выбару сапраўды няма: кожны – незалежна ад уласнай волi – прызначаны цi асуджаны iграць нейкую ролю, у выкананнi якой i схаваны сэнс жыцця. У вайне з хронасам нiхто не пераможа, але той, хто ўсвядомiў свой абавязак i злiўся з роллю, узброены лепей.
Зрэшты, наша ўнiверсальная выснова не замiнала ролям, якiя мы выконвалi ў вечаровых гульнях – то легкадумных, то з афарбоўкаю драматызму – бо па натуры мы абое нарадзiлiся гульцамi.
Памятаеш, была гульня ў "Аўстралiю"? Мы як быццам эмiгравалi туды, у штат Вiкторыю, i разводзiлi на ферме кенгуру. За ранiшняй кавай ты выказвала спадзяванне, што сёння я нарэшце пастрыгу газоны, а я iмкнуўся падмянiць гэтую ненавiсную працэдуру вяртаннем на другi паверх, у спальню. З яе вакна адкрываўся вiд на далёкiя горы, а на сцяне вiсела захопленае ў эмiграцыю авальнае, уштукаванае ў плеценую з лазы асаду люстра, перад якiм аднойчы, яшчэ да ад'езду ў Аўстралiю, мы любiлiся, стоячы ў сонечных промнях, i раптам, на краi той хвiлi, калi целы падпарадкоўваюцца ўжо не розуму, а толькi самiм сабе, мне здалося, што на падлозе знiклi нашы ценi, а значыць, i самi целы...
"Давай я буду жонкаю Скарыны, а ты – вiленскiм бурмiстрам i паспрабуеш мяне спакусiць", – прапаноўвала ты альбо пагаджалася на ролю цiхмянае манашкi, якая даглядае ў патайным пакоi кляштарнага шпiталя параненага паўстанца.
Але такiя гульнi напраўду вымагалi не столiка ў кавярнi, а патайных пакояў, i мы пераключалiся на iнквiзiцыю. Распрацоўваўся сюжэт, калi я кахаў цябе, а ты адказала ўзаемнасцю iншаму i я, аслеплены рэўнасцю, страчыў данос, што ты кахаешся з д'яблам, якi з'яўляецца да цябе ў спачывальню, набываючы аблiчча чорнага ката з хвастом, што можа тройчы абкруцiць цябе вакол талii. Ты чытала "Молат ведзьмаў", а таму даволi ўпэўнена пачувалася ў ролi падследнай, калi на допыце я змушаў цябе даць падрабязнае апiсанне вядзьмарскага шабасу.
Вiдаць, ты заявiш пратэст супроць таго, што я зноў адступаю ад пратакола, ды я ўсё ж успомню "Тытанiк". Гэтую гульню мы вынайшлi, пагартаўшы ў скульптара Колi замежны альбом з малюнкамi i фотаздымкамi славутага параплава, ягоных пасажыраў, кают, палубаў i рэстаранаў. Гульню, у якую мы гулялi ў нашай каюце, i толькi потым падымалiся на палубу кавярнi, дзе панаваў спако
Не буду спрачацца, iдэя належала табе, i я прыняў яе адразу – ты яшчэ не паспела пакiнуць у попелцы першы, патушаны з тваёй нязменнай дзiцячай стараннасцю недакурак. Памятаецца, я казаў табе, што, калi ты курыш першую цыгарэту, твар у цябе робiцца летуценным i адстаронена-незнаёмым – толькi крыху, але дастаткова для таго, каб выглядаць не тваiм, а – тваёй сястры-блiзнючкi, у якой усё такое самае i разам з тым – не. Падобнае ўражанне ўзнiкала i тады, як, сцiшыўшыся пасля апошнiх ласкаў, ты з лёгкiм уздрыгам мякка падала ў кароткi сон, а я, вартуючы яго, касавурыў вока на тваю галоўку, што ляжала побач на падушцы.