Текст книги "Заўтра была адліга-2 (СИ)"
Автор книги: Віктар Шніп
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 3 страниц)
***
7.01.2015. Марозам пад 20 бацька паліў печку брыкетам. І мы, дзеці, падоўгу сядзелі каля цяпла моўчкі, слухаючы агонь. Не ведаю, што чулі мае сястра і брат, а я чуў музыку і вершы.
***
7.01.2015. Поўня, як адзіная цацка, што засталася на апошняй навагодняй ялінцы, якую мне ў маленстве ўпрыгожылі бацькі.
***
8.01.2015. Удзельнічаў у вечарыне страшных калядных гісторый, якую зладзіла суполка «Літаратурнае прадмесце» пад кіраўніцтвам Людмілы Рублеўскай. Дзея адбывалася ў Музеі Багдановіча ў зале, дзе экспануецца нашаніўскі перыяд жыцця і творчасці Максіма. Я раз-пораз паглядаў на дзверы, над якімі шыльда «Наша Ніва», з надзеяй, што з іх выйдзе Багдановіч і скажа: «А слабо са сваімі вершамі ў «Нашу Ніву» зайсці?».
***
9.01.2014. У бібліятэцы імя Цёткі паэтычны тэатр «Арт.С» святкаваў «Год Беласнежнай Казы». У імпрэзе бралі ўдзел: Ірына Клімковіч, Альжбэта Малішэўская-Спрынчан, Зміцер Арцюх, Ігар Клепікаў, Максім Клімковіч, Юлія Новік, Людміла Рублеўская і гурт «Мерада». Рэй вялі Яраш Малішэўскі і Аксана Спрынчан. У сваім выступленні я прачытаў верш «Каза»:
усе белыя козы
злеплены з першага снегу
усе чорныя козы
злеплены з вуголля
што засталося ад вогнішча
каля якога грэліся пастухі
а ты зрабіў казу з паперы
на якой пісаў вершы
і твая каза стала
казкай
у якой жыве казёл
якому трэба казаць
што нашы калядоўшчыкі
яго не будуць вадзіць бо ёсць каза
якую ўсе чакаюць
як чакаюць цудаў
што адбываюцца ў казках
дзе амаль заўсёды знаходзіцца казёл
які ўсё псуе
яшчэ раней сапсаваўшы казу
якая была злеплена з першага снегу
чыстага і лёгкага як аблокі ў небе
дзе маладзік як след ад казлінага капытка
з якога нельга піць
бо можна стаць казлішчам
***
11.01.2015. Увечары вяртаўся з цэнтра горада дадому праз вакзал. Стоячы на прыпынку тралейбуса, доўга глядзеў на электрычку на Маладзечна. У светлых вокнах вагонаў бачыліся пасажыры. Нехта з іх, відаць, едзе і да Дубраў, і да Аляхновіч, з якіх да маіх Пугачоў 10 кіламетраў. Мог бы і я паехаць, як некалі было, але цяпер там ніхто ўжо не чакае мяне.
***
11.01.2015. Іду праз вечар. Снег растае. У калюзе паўз ходнікі шавеляцца лапікі святла з акон, а ў брудным небе над горадам яшчэ датухаюць агні калядных дзён.
***
12.01.2015. Раніца. Іду на працу па абледзянелым асфальце, як па небе, якое за ноч прымерзла да зямлі.
***
12.01.2015. Што такое Ракаў да 1939 года? Гэта 134 магазіны, 96 рэстаранаў, казіно, бардэлі. Добрае месца для паэта.
***
14.01.2015. У бібліятэцы Цёткі ўдзельнічаў у адкрыцці выставы «Вечаровы звон» мастачкі Надзеі Барай. Яшчэ раз пераканаўся, што мы, супрацоўнікі выдавецтва, працуючы разам шмат гадоў, з-за працы, якую не ўсе цэняць так, як належыць, і якой аддаём амаль усе свае творчыя сілы і натхненне, мала ведаем адзін аднаго.
***
15.01.2015. У Музеі Янкі Купалы прайшоў фінальны вечар «Фэста аднаго каляднага верша» (ужо сёмы па ліку), які арганізаваў і правёў Георгій Барташ. Аб’яўляць фіналістаў і пераможцаў яму дапамагала Віка Трэнас. Сябрам журы (Андрэй Хадановіч, Людміла Рублеўская, Віктар Жыбуль, Вольга БазылёваКлімко, Ціхан Чарнякевіч, Сяргей Пукст, Наталля Капа, Віктар Шніп) давялося прачытаць каля сотні твораў пад псеўданімамі і выбраць з іх 6—7 фіналістаў і свайго пераможцу фэсту. Маю лепшую сямёрку ўзначаліла Адэлаіда Грубка з вершам «Хлеб святога Антонія». Яна ж стала і наагул пераможцай усяго фэсту. Хто такая Адэлаіда Грубка? Гэта Марыйка Мартысевіч. На гэты раз вечарына не зацягнулася. Дамоў вярнуўся а дзявятай гадзіне. У памяці застаўся крык двухгадовай дзяўчынкі: «Я не паэтэса! Я не паэтэса! Я не паэтэса!» Так малая адказала нам, паэтам, калі мы, убачыўшы яе побач, адзін за адным сказалі: «Паэтэса!»
***
17.01.2015. Адносся да чалавека так, як хочаш, каб ён да цябе адносіўся. Гэтым правілам карыстаюся больш як трыццаць гадоў. І мне ў працоўных характарыстыках пішуць, што я вельмі добры з падначаленымі, і гэта мой асноўны недахоп.
***
17.01.2015. Гледзячы на галубоў на даху суседняга дома, узгадаў радкі рускага паэта Мікалая Старшынава (1924—1998):
Не спугните... Ради Бога, тише!
Голуби целуются на крыше.
Вот она, сама любовь, ликует, —
Голубок с голубкою воркует.
Он глаза от счастья закрывает,
Обо всём на свете забывает...
З Мікалаем Канстанцінавічам я быў знаёмы. А пазнаёміліся мы падчас вучобы ў Літінстытуце. Вясной 1986 года мой сябра Генадзь Суздалеў прапанаваў з’ездзіць у выдавецтва «Молодая гвардия» і разведаць наконт выдання кніжак. Генадзь захапіў з сабой рукапіс паэзіі, а я пару дзясяткаў вершаў у перакладзе на рускую мову. Адразу зайшлі ў рэдакцыю альманаха «Поэзия», дзе галоўным рэдактарам працаваў Мікалай Старшынаў. Праз хвілін пятнаццаць у кабінеце сабралася чалавек дзесяць паэтаў. Пілі каньяк. Чыталі вершы. Я чытаў па-беларуску – Старшынаў папрасіў. Ён вельмі любіў Беларусь і беларусаў. Пасля нашай сустрэчы мае вершы былі надрукаваны ў некалькіх зборніках. Мікалай Канстанцінавіч прапаноўваў прынесці рукапіс для «Молодой гвардии», а я, абяцаўшы, не зрабіў гэтага.
***
18.01.2015. У філармоніі 20 студзеня паэтычны тэатр аднаго акцёра «Зьніч» у 19 гадзін пачне святкаваць 25-годдзе тэатральна-канцэртнай дзейнасці. Напачатку монаспектакль у выкананні Г аліны Дзягілевай, а ў другім аддзяленні – рэтраспектыва монаспектакляў і выступы сяброў тэатра. Імпрэзу вядзём Людміла Рублеўская і я. Сёння вечарам у філармоніі з Галінай Аляксееўнай узгаднілі сцэнар. Да філармоніі я прыехаў на аўтобусе, каб сустрэцца з Людмілай, якая гуляла ў горадзе з дачкой. На прыпынку ў задуменні сядзеў пісьменнік Уладзімір Мехаў. Яму ў сакавіку будзе 87 гадоў. Гледзячы на Мехава, я сам сабе сказаў: «У цэнтры Мінска сядзіць «ЛіМ» ХХ стагоддзя і ніхто не здагадваецца пра гэта.» Людмілы яшчэ не было, і я падышоў да Уладзіміра Львовіча, павітаўся. Ён чакаў сяброўку, з якой сабраўся на канцэрт класічнай музыкі. Паўспаміналі, паўздыхалі, пажартавалі. Праз хвілін дзесяць да Мехава прыйшла сяброўка, а праз пятнаццаць з’явілася Людміла.
***
19.01.2015. На плошчы Перамогі сустрэў Міхаіла Фінберга. Сто гадоў не бачыліся. Думаў, што маэстра пройдзе міма і не пазнае мяне. Пазнаў. Заўсміхаўся. Адразу прадставіў свайму спадарожніку: «Найлепшы беларускі паэт нашага часу!» Я не застаўся ў даўгу: «Гэта прыемна чуць ад найлепшага дырыжора нашай краіны!» Пастаялі, пасмяяліся, паўспаміналі, як раней было добра і музыкам, і паэтам, і кампазітарам, і дырыжорам.
***
20.01.2015. У філармоніі паэтычны тэатр аднаго акцёра «Зьніч» паспяхова адсвяткаваў 25-годдзе тэатральна-канцэртнай дзейнасці. Напачатку прысутныя паглядзелі монаспектакль у выкананні Г аліны Дзягілевай, а ў другім аддзяленні была рэтраспектыва монаспектакляў і выступы сяброў тэатра. Імпрэзу вялі Людміла Рублеўская і я. У сваім выступленні Анатоль Бутэвіч паведаміў, што, ідучы на свята да Дзягілевай, у яго некалькі чалавек на ганку філармоніі пыталіся пра лішні білет.
***
22.01.2015. Побач з выдавецтвам будуецца дом. Ужо завершаны чацвёрты паверх. Уначы яго зацерушыла снегам. Будаўнікі, перад тым як працаваць, зляпілі снегавіка. Надзелі на яго зялёную каску, у якіх ходзяць толькі начальнікі, і доўгі час фатаграфаваліся. Калі фотасесія была скончана, будаўнікі забралі ў снегавіка каску і пакінулі яго ў самоце.
***
23.01.2015. Слухаю Булата Акуджаву. Адчуванне, нібыта я на ягоным канцэрце ў ЦДЛе. Поўная зала. Праз дзве гадзіны амаль усе прысутныя кінуліся да сцэны, каб атрымаць аўтограф. А я з сябрамі з Літінстытута выйшаў з ЦДЛа і паехаў у інтэрнат.
***
24.01.2015. Тэлефанаваў Міхасю Казлоўскаму. Застаў яго па дарозе ў Вішнева. Сёння там у касцёле служба ў памяць ксяндза Уладзіслава Чарняўскага. Потым будзе невялікая імпрэза ў мясцовым Доме культуры.
Балада Уладзіслава Чарняўскага
(14.01.1916—22.12.2001)
...I прыйшоў ён да нас, нібы слова жывое
Апусцілася з неба на нашу зямлю,
Дзе адвеку ў пашане сваё і чужое,
Дзе прад светам баімся сказаць мы «люблю»
Шчодрым нівам, якія паліты крывёю
Нашых продкаў, што верылі ў лепшы прасцяг,
Ветлым хатам, напоўненым век цеплынёю,
Сціплым людзям, што горбяцца
з ранку ў палях...
Ён прыйшоў, як прыходзяць вясна і світанне,
Хоць не кожны вясну і світанне чакаў,
Хоць не кожны пранікся ягоным літаннем
Толькі ён не адрокся таго, што абраў,
I ў мястэчку ў касцёле, гаворачы з Богам,
Верыў ён, што надыдзе той радасны час, —
Прывядзе нас у Храм беларускі дарога,
Ды шкада, што тады ўжо не будзе тут нас...
I пайшоў ён ад нас, нібы слова жывое,
I прайшоў ён праз нас, як святло з абразоў,
Каб мілей нам зрабілася наша, святое,
Каб мы ўспомнілі шлях да забытых крыжоў...
12.03.2002
***
24.01.2015. У дварах засыпаныя снегам легкавікі, як ложкі з казкі пра прынцэсу на гарошыне.
***
25.01.2015. Стог саломы ў заснежаным полі, як узыходзячае сонца. Мы з бацькам на санях едзем да яго і, чым бліжэй, тым мне цяплей.
***
25.01.2015. Патэлефанавала сястра Валя і паведаміла, што сёння на 92-м годзе жыцця ў гадзіну ночы памерла цётка Шурка...
Развіталіся з цёткай Шуркай. Назаўсёды...
***
26.01.2015. З сястрой Валяй, яе мужам і стрыечнай сястрой Аняй ездзіў у Татары на пахаванне цёткі Шуркі.
Абапал дарогі заснежаныя палі і шэра-белыя, месцамі зялёна-белыя лясы. Вясковыя хаты, як намаляваныя.
У Татарах жыве чалавек дзесяць. Вуліца прачышчаная ад снегу, а да большасці хат і сцежак няма.
З Лягез прыехалі дзядзька Віця, цётка Лёдзя і Валька з Крапіўнік. 1х прывёз Вова (сын дзядзькі Віці). З Ракава прыехала цётка Марыя. Яе прывёз Сяргей. Каля цёткі Шуркі былі цётка Аля з дзядзькам Толем і іх сыны Алег і Сяргей з жонкай Светай і сынам Максімам. I яшчэ чалавек пяць вяскоўцаў.
На крыжы напісана: «Раманчык Аляксандра Міхайлаўна. 18.09.1923– 25.01.2015». Я прывык цётку называць Шуркай і для мяне Аляксандра, нібыта зусім другі чалавек.
З Сяргеем цёткі Алі з’ездзілі ў Гарадок па святара. Па дарозе глядзеў на родныя палеткі. Яны сумныя, як цётка Шурка ў труне.
Ад святара даведаліся, што ў Гарадку цяпер жыве 300 чалавек. Ёсць пачатковая школа, а потым дзеці ездзяць у Аляхновічы. У маіх Пугачах 500 чалавек, а раней у Гарадку было болей людзей.
Святар малады. Усю дарогу расказваў пра сваю паству: «У царкву мала ходзяць. Многія кажуць, што як пойдуць на пенсію, дык тады і ў царкву пойдуць. Не ўсе дажываюць да пенсіі.»
Пасля адпявання прысутныя правялі цётку Шурку да крыжа на канец вёскі, ад якога паехалі ў Пажарышчы на могілкі. Калі б не далакопы з Ракава, не было б каму і труну несці.
Могілкі вялікія. Магілы не густа. Дзе старыя пахаванні, там лес, а на новых толькі кусты і то сям-там.
Дол выкапаны глыбокі. Дзядзьку Віцю спадабаўся: «А Ніне выкапалі толькі на метр.»
Пахадзіў па могілках. I тут Шніпоў хапае.
Цётку Шурку пахавалі каля мужа (Раманчык Уладзімір Iосіфавіч. 1915– 17.06.2008), з якім яна пражыла гадоў дзесяць. Першы муж пахаваны ў Маладзечне.
З цёткай Аляй схадзілі да магіл, дзе пахаваны яе свёкар са свякрухай. Шніп Грыгорый Iванавіч (1903—10.05.1989) і Шніп Праскоўя Канстанцінаўна (2.08.1906—11.09.1982).
На могілках ціха, як у Бога за пазухай.
Вярнуліся ў хату цёткі Шуркі, дзе ўжо ніколі не будзе цёткі.
За памінальным сталом цётка Марыя зноў з пеўчымі з Ракава спявала і вяла ўсю жальбіну па цётцы. Аня папрасіла, каб я сказаў. Сказаў, не ведаю ці спадабалася цётцы Шурцы. Я даўно з ёй не гаварыў.
Пасля стала да мяне падышоў сусед цёткі Шуркі. «А я з вашым бацькам дваццаць гадоў кароў пасвіў! Харошы быў чалавек! Мне з ім добра было! А я вас у газетах чытаю!» – абдымаючы мяне, сказаў стары. «А як вас завуць?» – пацікавіўся я. «Міхаіл Аляксандравіч Брысь! Лёгка запомніць! На ката ўсе крычаць: «Брысь!», а ў мяне прозвішча такое», – усміхаючыся адказаў стары...
Развітаўшыся з усімі, паехалі да бацькоў на Ракаўскія могілкі. Перадалі ім паклон ад родных і знаёмых.
Вярнуўся дамоў. Сумна, як у заснежаным полі, дзе сям-там віднеюцца лапікі зямлі і стаяць дробныя адзінокія кусты.
***
28.01.2015. Збіраемся перавыдаць «Блокадную книгу» Алеся Адамовіча і Данііла Граніна. Ранкам а дзясятай тэлефанаваў у Санкт-Пецярбург. Дачка Марына папрасіла ператэлефанаваць праз пару гадзін. Данііл Аляксандравіч, якому пайшоў 97-мы год, сам падняў слухаўку і без затрымак адказаў на ўсе мае пытанні. Цікавячыся, на якой мове будзем перавыдаваць «Блокадную книгу», Данііл Аляксандравіч сказаў, што ён не супраць, калі з цягам часу мы выдадзім і беларускамоўны варыянт.
***
29.01.2015. Сёння раней звычайнага вярнуўся дахаты. Вячэраю. І раптам бачу: у нас яшчэ навагодняя ялінка стаіць.
***
29.01.2015. Прыязджаў Міхась Казлоўскі. Набраў у лік ганарару кніг «Язэп Драздовіч. Праз церні да зорак», якую ён укладаў. Гартаючы фаліянт, Міхась узгадаў 1984 год, калі, жывучы ў Маладзечне ў інтэрнаце, ён стварыў мастацкую гасцёўню імя Язэпа Драздовіча. Тады ў Міхася была невялікая бародка, і ён быў падобны на мастака. Нярэдка, калі сустракаўся з некаторымі дзяўчатамі, чуў воклічы: «Прывітанне, Язэп Драздовіч!». Міхасю такое чуць незаўсёды падабалася і неяк адной знаёмай ён заявіў: «Зіна! Зіна! Каб Бог даў мне зрабіць для Беларусі палову таго, што зрабіў Язэп Драздовіч, я быў бы задаволены, а пакуль што мне да Драздовіча вельмі далёка!» Сёння, гледзячы з любоўю на кнігу, Міхась сказаў: «Не ведаю, што я зрабіў добрага ў гэтым жыцці, але вось кнігу пра Язэпа Драздовіча зрабіў!»
***
31.01.2015. Глядзелі скандынаўскі фільм «Анёлы сусвету». Дзея адбываецца ў Ісландыі, у бальніцы. Фільм дэпрэсіўны. Узгадалася Ракаўская бальніца і яе пацыенты. У палаце, дзе ляжаў бацька, стаяла тры ложкі. Бліжэй да бацькі ляжаў Вова, мужчына гадоў сарака пяці. З ім можна было пагаварыць. Далей каля акна, захутаўшыся ў коўдру, у час маіх прыездаў заўсёды спаў незнаёмы. Ён хутка памёр. Вова хадзіў па калідорах бальніцы, выходзіў на вуліцу. Неяк пайшоў у цэнтр Ракава, дзе так напіўся, што толькі ў Валожыне змаглі яго адратаваць. Пасля гэтага Вова сядзеў спакойна і нікуды не выходзіў з палаты. Размаўляў з маім бацькам. Каб хворым было весялей, я прывёз радыё, якое Люда даўно купіла ў Берліне падчас паездкі на Дні беларускай літаратуры. Калі бацька памёр, мы нічога бацькавага з бальніцы не забралі. Засталося і нямецкае радыё. Хто яго там цяпер слухае і наогул ці стаіць яно ў палаце?..
***
1.02.2015. Раптам засвяціла сонца. І зіма стала такой, як у дзяцінстве, светлай і роднай.
***
2.02.2015. Ужо амаль два месяцы перад сном чытаю Восіпа Мандэльштама. Па некалькі твораў для роздуму, для суцехі. Нядаўна пачаў верш, прысвечаны паэту:
Бяссонніца. Гамер. У ветразях пажар.
Ты спісак караблёў чытаеш, як малітву.
Не той герой, хто сёння выйграе бітву,
А той, хто прайграўшы, не зрачэцца мар.
2.02.2015. Заходзіў Вячаслаў Рагойша. Набыў кніжку Язэпа Драздовіча. Нагадаў мне, што сёлета ў нас на радзіме два юбілеі – Валожына і Ракава. Сёння ж я ў сваіх паперах знайшоў верш, які быў напісаны 4 кастрычніка 2002 года і прысвечаны землякам:
Што нам Парыж далёкі, што нам Кракаў
І Амстэрдам, і Лондан той сівы.
Мы маем гонар свой, мы маем Ракаў,
Дзе ўсе святлом касцёла і царквы
Асветлены і вечнасці слугуюць,
Ствараюць слову роднаму прасцяг,
І словы тут з анёламі сябруюць
І не губляюцца ў сівых вяках.
Мы маем гонар свой, мы Ракаў маем,
І новы дзень не кане ў небыццё,
Бо гэты дзень, нібыта Храм, ствараем,
І будзе ў ім, нібыта Бог, жыццё.
З гэтым вершам я выступаў на Ракаўскіх чытаннях, што праводзіў Вячаслаў Рагойша ў Ракаўскай школе. Тады сярод гасцей прысутнічала Вера Рыч з Лондана.
***
3.02.2015. На працы. Гляджу з дзявятага паверха, як па лёдзе на Свіслачы ходзяць дзве дзяўчынкі гадоў па дванаццаць. Ходзяць, узіраючыся праз лёд у цёмную зімовую ваду, нібы шукаюць мяне.
***
4.02.2015. Снегапад. Снегавік каля легкавушкі, нібы абсыпаны снегам гаспадар машыны, які чакае жонку, а яна ўсё не выходзіць з кватэры, бо збіраецца ў дальнюю дарогу.
***
5.02.2015. Па Свіслачы слізгае снег, як па небе аблокі белыя.
***
11.02.2015. Пачала працу ХХІІ Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. У новым месцы. Праспект Пераможцаў, 14. Прасторна, светла, кніжна, людна.
***
13.02.2015. На сёлетняй кніжнай выстаўцы-кірмашы галоўным госцем з’яўляецца Кітай. Два дні як удзельнічаю ў размовах з кітайскімі выдаўцамі і ў сумесных прэзентацыях. Сёння вярнуўся дадому з выставы, як з Кітая.
***
14.02.2015. Кнігі прыгожыя, як чытачы.
***
15.02.2015. Кніжная выстава прайшла, а Кнігі і чытачы засталіся.
***
17.02.2015. Да мяне па справах дахаты прыходзіў Алесь Квяткоўскі. Размову пачалі з карцін і паэзіі, а закончылі словамі: «Жонкі старэюць, а студэнткі трэцяга курса заўсёды маладыя.»
***
17.02.2015. Прыходзіў «новы і мудры гісторык». У паношаным спартыўным касцюме і ў валёнках. Яму за 80 гадоў. «Я напісаў вам для друку новую і сапраўдную гісторыю Беларусі!» – зняўшы шапку-аблавушку, заявіў стары. «Вы гісторык?» – пацікавіўся я. «Не! Я інжынер-канструктар. У мяне 50 вынаходніцтваў!» – адказаў наведвальнік. Пагартаўшы рукапіс, я запытаўся: «Міколу Ермаловіча чыталі?» – «Не. Ермаловіч для мяне не аўтарытэт!» – «А хто?» – «Я сам сабе аўтарытэт!» – «А што рабілі б вы, калі б я да вас пасля Літінстытута прыйшоў у канструктарскае бюро з чарцяжамі вечнага рухавіка?» – «Мы б зрабілі рухавік!» – адказаў «новы і мудры гісторык».
***
18.02.2015. Спаліўшы рукапіс, выратуеш лес.
Тыгрык
23.02.2015. Мінулай восенню, вяртаючыся з працы, сярод бруднага лісця я заўважыў цацку – маленькага тыгрыка. Відаць, нейчае дзіця згубіла. Тыгрык быў, як і я, самотны і прамоклы пад восеньскім дажджом. Я падабраў малечу. Прынёс дахаты, памыў у цёплай вадзе, абсушыў і пасадзіў на паліцу каля кніжак, што побач з камп’ютарам. І цяпер усё, што я пішу і што гляджу ў інтэрнэце, бачыць тыгрык, якога я падабраў на вуліцы ў час восеньскага дажджу.
***
24.02.2015. Сёння Рыгору Барадуліну было б 80. Многія ў «Фэйсбуку» выставілі свае фотаздымкі з Рыгорам Іванавічам. Я ж яшчэ раз прэзентую кнігу «Каўчэг», якую склаў з бла славеннем паэта ў 2013 годзе і якая выйшла напачатку мінулага лета.
***
25.02.2015. «Іосіф Бродскі памёр ад таго, што не авалодаў камп’ютарам. Відаць, і я ад гэтага памру.» – сказаў пісьменнік, просячы мяне дапамагчы знайсці наборшчыцу для новай аповесці.