355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Віктар Шніп » Заўтра была адліга-2 (СИ) » Текст книги (страница 1)
Заўтра была адліга-2 (СИ)
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 06:00

Текст книги "Заўтра была адліга-2 (СИ)"


Автор книги: Віктар Шніп



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 3 страниц)

Віктар ШНІП

ЗАЎТРА БЫЛА АДЛІГА-2

***

1.08.2014. Ужо амаль дзесяць дзён гарачыня за 30 градусаў. У гэтыя дні да мяне са сваімі творамі не прыйшоў ні адзін аўтар...

***

1.08.2014. Сто гадоў як пачалася Першая сусветная вайна. У той час яна называлася Еўрапейскай вайной. У 1916 годзе ў раёне Крэва загінуў мой прадзед Янка Шніп (улан царскай арміі). Там і пахаваны ў брацкай магіле...

***

2.08.2014. Ад спёкі з Людай уцяклі ў Лошыцу. Апошні раз там разам шпацыравалі гадоў пятнаццаць таму. Дзеці нашы былі яшчэ малымі. Ездзілі паглядзець на рыцарскі турнір. Недзе ў нас ёсць фотка, дзе наш малы Максім стаіць каля рыцара і трымаецца за меч. Тады ён сказаў: «Буду рыцарам!..»

На ўваходзе ў парк прадаецца марозіва, квас і вада. Чаргі аніякай. З яблынь асыпаюцца яблыкі, з дрэў пажаўцелае лісце. Хочацца разуцца. Чым глыбей у парк, тым больш людзей. Хто на лаўцы, хто пад дрэвамі, хто проста прагульваецца. Старых няма...

Сустрэлі некалькі пар маладажонаў. Нявесты ў белых, як са снегу, сукенках. Жаніхі ў чорных касцюмах, як маладыя Чычыкавы. Пазіруюць для фатографаў. То абдымаюцца, то цалуюцца. Пацалаваўшыся, адзін жаніх доўга вусны выціраў. Ад памады, а можа, дзяўчына яго ўкусіла? Словам, не парк, а фота-салон...

Зайшлі ў музей. Сані, брычкі, вазы, прасы, самавары, гаршкі, скавароды, каструлі, талеркі, адзенне. Манекены, якія, відаць, яшчэ нядаўна сядзелі ў крамах, цяпер тут апрануты, як паны і паненкі ў даўнія часы. Ёсць на што паглядзець. За намі хадзіла музейшчыца. Расказвала, што тут ёсць і чаму яно тут ёсць. А можа, баялася, каб чаго не ўкралі...

Пасля музея пайшлі да вады. А там кругом моладзь, якая тут, проста ў парку, гуляе вяселлі. Шашлыкі, памідоры, агуркі, шампанскае, віно, гарэлка. І не трэба ніякіх рэстаранаў...

Вада ў рацэ, як вылітая вон гарбата...

Схадзілі да рэшткаў млына, пабудаванага ў 1901 годзе па праекце І. Каселя. На цэгле свежыя надпісы кшталту: «Здесь были...» Сцены агароджаны слупкамі з ланцугом. З боку ракі ланцуг ужо нехта ўкраў.

Зайшлі ў рэшткі млына. Над намі высокае неба, як вада, якая чакае свайго часу, каб зноў круціць жорны...

Раней у парку столькі валуноў не было, як цяпер. Яны так раскладзены сярод дрэў і яблынь, што, здаецца, гэта камяні сцен вялікага-вялікага замка, якія прараслі з зямлі...

Чарнасліў

3.08.2014. У нашым садзе чарнасліву не было, і я да школы не ведаў, што ёсць такія слівы. Ідучы ў першы клас па дарозе паўз чужы сад, я заўважыў каля плота маладое дрэўца з незвычайнымі пладамі. Некалькі дзён я спыняўся каля саду, але не асмельваўся сарваць сліву, каб пакаштаваць. І калі я сарваў сліву, тут жа каля мяне з’явіўся гаспадар, які мяне так адчытаў, што я пасля некалькі гадоў баяўся блізка хадзіць каля ягонага саду. З таго часу ў мяне з’явілася мара, каб у нашым садзе рос чарнасліў. На жаль, мая мара так і засталася марай. І сёння, купіўшы кілаграм чарнасліву, я ўзгадаў сад, у якім рос чарнасліў, і дзядзьку, які яго сцярог ад вясковых дзяцей. І сёння няма ні таго дзядзькі, ні таго саду...

***

4.08.2014. Еду ў аўтобусе з працы. Стаю. Непадалёку сядзіць п’яны, пачарнелы ад штодзённай спёкі мужык гадоў сарака з пакрыўленым носам і падбітым вокам. Паблізу яго стаіць маладая прывабная жанчына ў кароткай спаднічцы. П’яны глядзіць на прыгажуню так, нібыта ён малады Ален Делон, а я на іх, як на карціну «Няроўны шлюб»...

Гарбузок

4.08.2014. Пачатак лета. Я перайшоў у другі клас. Канікулы. З сябрамі Тошкам Руткевічам, Сашкам і Віцькам Балотнікамі каля плота сялібы дзядзькі Бурага гуляем у карты. У Пугачах пасля вяртання ад бабулі Г анны я жыву другі год. Тут шмат для мяне новага і цікавага. Гуляючы ў карты, я заўважыў, што за плотам, толькі працягні руку, у траве ляжыць маленькі, сантыметраў дзесяць, зялёны гарбузок. Ён мне так спадабаўся, што я вырашыў: калі закончым гуляць і я застануся адзін, то абавязкова яго сарву і прынясу маме. Нагуляўшыся ў карты, я, каб ніхто не бачыў, сарваў гарбузок і прынёс дамоў. «Дзе ўзяў?» – адразу ж запыталася мама. Я прызнаўся. Мама, накрычаўшы на мяне, загадала аднесці гарбузок туды, дзе ён рос. Наплакаўшыся, я паклаў гарбузок на месца і доўгі час прасіў Бога, каб ён дапамог гарбузку прырасці да сцяблінкі, на якой ён нарадзіўся...

Гарачыня і вада

5.08.2014. Такая гарачыня, як сёлета, бывала і ў маім дзяцінстве. Я тады з сябрамі цэлымі днямі хадзіў у адных трусах ад сажалкі да сажалкі. З цягам часу многія вадаёмы перасыхалі і мы лезлі ў брудную ваду каля дарогі, дзе, часта, уцёкшы з пашы, стаялі каровы. Цяпер у тую сажалку мяне ніхто калом не загнаў бы, а тады ж мы разам з каровамі сядзелі ў вадзе, як жабы...

***

5.08.2014. Холадна там, дзе нас няма...

Гарачыня

5.08.2014. Узгадаўся ліпень 1987 года. Я ў Тбілісі на свяце паэзіі Уладзіміра Маякоўскага. Гарачыня! Пад сорак. Вечарам нас прывезлі з гор, дзе мы жылі на турбазе імя Барыса Дэніладзэ, на чыгуначны вакзал, каб ехаць у Кутаісі. Пачало цямнець. Запалілі святло і праз некалькі хвілін на вакзал апусцілася зялёная хмара саранчы. Ідзеш, а пад нагамі, як снег зялёны, хрум-хрум-хрум. Падышоў цягнік. Увесь залеплены саранчой. Ды і на нас саранчы, як на бяздомных сабаках блох.

У вагонах, як у печы. Усё гарачае, не даткнуцца. Мы параспраналіся да трусоў. Сядзім, як у лазні. Хлопцы ў адным вагоне, дзяўчаты ў другім. Ехаць кіламетраў 150, а сунуліся амаль восем гадзін. Спрабавалі заснуць, ды не змаглі. Прыехалі раніцай. Толькі выйшлі з цягніка, як зайграла музыка і да нас з кветкамі кінуліся піянеры. Мяне, як новага лаўрэата прэміі імя Уладзіміра Маякоўскага, тут жа пад рукі падхапіла начальства і павяло даваць інтэрв’ю для рэспубліканскага тэлебачання. Не памятаю, што я тады гаварыў, але памятаю, што была гарачыня...

***

6.08.2014. Нарэшце парадаваў дождж. Невялікі, але з грымотай. У дзяцінстве ў вёсцы, калі падоўгу стаяла сухмень, я чуў ад людзей, што трэба забіць жабу, тады і дождж пральецца. Мне вельмі хацелася дажджу, але я жаб не забіваў...

***

6.08.2014. Пасля дажджу вяртаюся з працы. Каля крамы «Алеся» бачу, ідзе народны артыст Расціслаў Янкоўскі. Ён з мыліцай, а ў другой руцэ кавенька. Артыст спыніўся, прысеў на лаўку, як у тэатры ў ложу, і стаў глядзець на вуліцу перад сабой, як на вялікую тэатральную сцэну, па якой і я прайшоў, як масоўка...

***

7.08.2014. Кожную раніцу, едучы на працу, выходжу на прыпынку, што насупраць кафедральнага сабора. Спыняюся каля прыступак, што вядуць да Храма, і дзякую Богу за тое, што Ён ёсць. І я не адзін такі. І амаль кожны раз побач з намі спыняюцца мужчыны і жанчыны, якія, гледзячы на Храм, прыпальваюць цыгарэты...

***

7.08.2014. Часам хочацца жыць, як у рамантычных фільмах, дзе ўсё добра канчаецца...

***

8.08.2014. Маладзік, як палавінка залатога пярсцёнка...

***

9.08.2014. З Людай з’ездзілі ў Пугачы. За тры тыдні, што не быў у вёсцы, травой сяліба не зарасла і грады не засохлі...

У хаце цёпла, як было пры маме...

Кветкі каля хаты, пасаджаныя мамай, усё цвітуць і цвітуць, нібыта вечныя...

Не ўсе яблыкі, апаўшы на зямлю, схаваліся ў траве. Над імі восы, як залатыя анёлы...

Каля плота сумуе крапіва. Толькі адна яна, калі гаспадароў няма дома, абараняе і абараняецца...

На павуцінцы вісіць вішнёвы лісток, як маятнік гадзінніка, які спыніўся...

Спалохаў жабу ў траве і сам спалохаўся...

Агуркі на градзе вялікія і пажаўцелыя, як напоўненыя спёкай і сонцам...

На плоце гаршчок, як шалом Дон Кіхота, які тут без нас начаваў...

Суседзяў на вуліцы не бачна, нібыта ўсе пайшлі на фронт (на жніво)...

Каларадскі жук паўзе па ганку, нібыта цяпер ён тут гаспадар...

Рвём цыбулю. Яна не супраціўляецца. А моркаўка і буракі яшчэ добра трымаюцца за родную зямлю...

На комін села незнаёмая птушка, нібыта на цэнтр зямлі...

Шкельца ў траве, як ільдзінка, што не растала з зімы, калі памерлі мама і тата...

Заехалі на Ракаўскія могілкі. Дзякуй богу, новых магіл няма...

У метрах дзесяці ад бацькавых магіл у траве каменны помнік шаснаццацігадоваму хлопцу, які памёр у сакавіку 1908 года. Далей таксама старыя пахаванні, але яны зараслі травой і асіннікам...

Жытняе поле. Буслы, як брыгадзіры з закладзенымі за спіну рукамі, ходзяць за камбайнамі...

Прыехалі дамоў, як з неба спусціліся...

***

10.08.2014. Прачнуўся ад крыку чаек за акном. Вызірнуў на вуліцу. Мінск...

***

11.08.2014. Калі п’янку нельга адмяніць, то яе трэба ўзначаліць...

***

12.08.2014. Вяртаючыся праз дождж дахаты, пачуў радкі:

Пасля спякоты дождж прыйшоў,

Як за вайной прыйшла вайна,

З якой не прыйдзе хтось дамоў,

Бо не апошняя яна,

Як гэты дождж, які ідзе,

Змываючы твае сляды.

Нам кепска як усё ў вадзе,

Нам кепска ж гэтак без вады.

І мокры прыйдзеш ты дамоў,

Прашэпчаш, гледзячы з вакна:

«Пасля спякоты дождж прыйшоў,

Як за вайной прыйшла вайна..»

***

13.08.2014. Прыходзіла сястра Анатоля Сыса Валянціна. Атрымала даўні ганарар за кнігу брата: «Цяпер не трэба будзе з сястрой складацца на юбілей Анатоля». Раней яна ўсё ніяк не магла прыехаць з Брэста. Цяпер у Мінску ў дачкі, глядзіць унучку, якая пойдзе ў другі клас. Я падпісаў Валянціне свайго «Пугачоўскага цырульніка». Яна прачытала дэдыкацыю і заплакала.

***

13.08.2014. Хадзіў на Вайсковыя могілкі. Сёння Дзень памяці Якуба Коласа. Было шмат людзей. Некаторыя прыйшлі дзякуючы абвестцы, што прагучала па радыё...

Усе, хто прыйшоў, паклалі кветкі да помніка Якубу Коласу, а сын Якуба Коласа Міхась Канстанцінавіч да Янкі Купалы...

Увесь час, пакуль людзі збіраліся, на могілках гудзелі газонакасілкі. Праз пару хвілін, як пачаліся выступленні, газонакасілкі заціхлі. Тры касцы ў метрах пяцідзесяці прыселі і сталі назіраць, што адбываецца каля помніка...

Было тэлебачанне. Было некалькі фотакораў і журналістаў. Было светла і ўсе мы, прысутныя, былі ў цэнтры Беларусі...

Быў Уладзімір Содаль. Ён, па-мойму, цяпер зусім кепска бачыць. Як ён дабраўся – не ведаю. Збіраў у прысутных пісьменнікаў аўтографы ў факсімільнае выданне «Дудкі беларускай» Багушэвіча. Калі ўсе разыходзіліся, да Уладзіміра Ільіча падышоў хлопец і прапанаваў давесці яго дахаты...

Яшчэ доўга чалавек дзесяць стаялі з сынам і ўнукамі Якуба Коласа і гаварылі пра жыццё-быццё. І толькі тады, як мы крыху адышліся ад помніка, зноў загулі газонакасілкі...

***

14.08.2014. Прыдворныя паэты і прытворныя...

***

14.08.2014. Раніца. Дождж, як пачатак патопу. Стаю на прыпынку на Нямізе. Вуліца павольна ператвараецца ў раку. Спыняецца патрэбны мне аўтобус, і я еду ў ім, як у лодцы дзеда Мазая мокры заяц.

***

16.08.2014. Рэдакціраваны попел...

***

16.08.2014. Глядзеў серыял пра Уладзіміра Маякоўскага. Добра, што гучала шмат вершаў. Дрэнна, што застрэліўся. Не люблю, калі фільм, як і жыццё, канчаецца смерцю...

***

11.09.2014. Даведаўся, што 4 жніўня памёр паэт Святаслаў Макаль (сын паэта Петруся Макаля). Яму было крыху за пяцьдзясят. У 1992 годзе Святаслаў выдаў кнігу вершаў «Дзверы насцеж». Па сённяшні дзень памятаю ягоныя немудрагелістыя радкі:

Гледзячы ў бінокль,

можна ўбачыць

                        зоркі...

Гледзячы ў бінокль,

можна не заўважыць,

што ў цябе пад нагамі.

***

11.09.2014. «А я нешта павесялеў!» – сказаў я і ўспомніў, што так часам мне казаў бацька пра свой настрой, калі я ў Мінску даглядаў яго. Бацьку, каб павесялець, хапала добра паесці. А я павесялеў з таго, што напісаў верш. Цяпер думаю, ці есці грыбы, якія сын прывёз з лесу і якія цяпер варацца. Грыбы варацца ўжо другую гадзіну, а я, час ад часу, падыходжу да каструлі і, гледзячы на вар, сам сабе кажу: «Па-мойму, тут большая палова атрутных грыбоў!» Шкада выкідаць, але і есці страшна.

***

12.09.2014. Прыходзіў Алесь Бельскі. Яго можна слухаць бясконца. І пра літаратуру, і пра наша жыццё-быццё. Думаю, што студэнты любяць Алеся Іванавіча. З ім добра. Алесь абяцаў да канца года прынесці зборнік выбраных вершаў паэтаў, якія загінулі на вайне. Выдадзім у серыі «Паэзія ХХ стагоддзя». З выдавецтва пайшлі разам і амаль гадзіну ішлі да майго прыпынку, стаялі, успаміналі тых, каго ўжо з намі няма. Шкадавалі, што амаль не перавыдаюцца пісьменнікі, на творах якіх мы выраслі, якія былі ў нас настаўнікамі. Ад Алеся даведаўся (яму казалі знаёмыя выкладчыкі з універсітэта), што пасля смерці Вольгі Казловай (кватэра была прададзена) кнігі і часопісы з рэдкімі аўтографамі пісьменнікаў і дзяржаўных дзеячаў валяліся на сметніцы і ў іх капаліся бамжы. Алесь і сёння шкадуе, што, калі быў у гасцях Вольгі Васільеўны незадоўга да яе смерці і яна яму прапанавала ўзяць са сваёй бібліятэкі ўсё, што хоча, ён пасаромеўся гэта зрабіць...

***

12.09.2014. З Людай хадзілі ў тэатр аднаго акцёра «Зьніч», які паказвае спектаклі ў культурным цэнтры касцёла св. Сымона і св. Алены. Запрашэнне атрымалі раніцай ад гаспадыні тэатра Галіны Дзягілевай. Сёння пачатак новага тэатральнага сезона, які для «Зьніча» стаў дваццаць пятым, і пачаўся ён спектаклем «Любіць» на вершы Анатоля Вярцінскага. Ідучы ў касцёл, мы думалі, што там сабярэцца шмат нашых знаёмых. Прыйшлі. Са знаёмых сустрэлі Анатоля Вярцінскага і Уладзіміра Васілевіча. Аднак зала была амаль поўная. У асноўным школьнікі, для якіх і адрасаваны спектакль. Слухаючы Галіну Дзягілеву, я ўспамінаў тыя часы, калі. На жаль, тыя часы прайшлі. І ўсё ж ёсць каму слухаць беларускую паэзію ў выкананні «Зьніча». За маёй спінай сядзела маладая пара і, калі пачаўся спектакль, хлопец сказаў: «Ух ты! Па-беларуску!» Спектакль ішоў амаль паўтары гадзіны. Недзе ў яго сярэдзіне Галіна Аляксееўна закашлялася і папрасіла вады. Пакуль супрацоўніца тэатра несла кубак, на сцэну выйшаў Анатоль Вярцінскі і прапанаваў акцёрцы адпіць з яго пляшачкі. Дзягілева не адмовілася, і тут жа ўся зала ўзарвалася апладысментамі. Атрымалася так, нібыта гэта ўсё было па сцэнарыі. Калі спектакль закончыўся, слухачы хвілін дзесяць не разыходзіліся. Некаторыя школьнікі фатаграфаваліся з Дзягілевай і Вярцінскім, дарылі кветкі.

***

13.09.2014. Некалькі дзён таму фотамайстра Юрый Іваноў запрасіў на сённяшні дзень у Мінскую ратушу на ўрачыстую перадачу сваёй фотакарціны «Лятучка. 1987 год» у музей сталіцы. З Людай выйшлі зараней, каб прагуляцца па святочных вуліцах. Зайшлі ў кнігарню «Цэнтральная», дзе сустрэлі Зміцера Юркевіча. Ён запрасіў нас на прэзентацыю часопіса «Тэксты», які прысвечаны Тадэвушу Рэйтану. Імпрэза адбудзецца ў Палацы мастацтваў 26 верасня. Потым мы няспешна пайшлі да ратушы. Паслухалі выступленні аркестра, народных хораў. Зайшлі ў ратушу і адразу трапілі на выставу Юрыя Каралевіча «Рэмінісцэнцыя», на якой прадстаўлены жывапісныя партрэты гістарычных дзеячаў Беларусі. З мастаком я пазнаёміўся сёлета ў Вязынцы падчас свята паэзіі. Усяго на выставе прадстаўлены пятнаццаць партрэтаў. У асноўным гэта самыя значныя асобы Вялікага Княства Літоўскага: вялікія князі Гедымін, Альгерд, Кейстут, Вітаўт, Ягайла, прадстаўнікі дынастыі Радзівілаў. Карціны ўражваюць. Яны надаюць ратушы значнасць. На імпрэзу да Юрыя Іванова прыйшлі народныя артысты Ігар Лучанок і Эдуард Зарыцкі, народны мастак Іван Міско, і яшчэ шмат вядомых людзей. Вёў імпрэзу кінарэжысёр Аляксандр Карпаў-малодшы. На перадачы фотакарціны музею Мінска прысутнічала і гераіня самога здымка, якому ўжо дваццаць сем гадоў. Жанчына па сённяшні дзень працуе на камвольным камбінаце. З прыемнасцю паслухалі песні з рэпертуару мулявінскіх «Песняроў» у выкананні Анатоля Кашапарава. Іван Міско ў перапынках паміж выступленнямі сяброў Юрыя Іванова фатаграфаваў Эдуарда Зарыцкага. Відаць, збіраецца рабіць скульптурны партрэт кампазітара. Даючы слова Эдуарду Барысавічу, Юрый Іваноў на нейкі момант забыўся ягонае прозвішча, і кампазітар тут жа падказаў: «Моцарт!» Ігар Лучанок некалькі разоў падыходзіў да мікрафона. На жаль, нічога не сыграў і не праспяваў. Архітэктар, кіраўнік творчага калектыву Анатоль Шабалін, якім была створана «Мінск-арэна», узгадваючы, як у маладосці разам з Анатолем Кашапаравым два гады спяваў у рэстаране гасцініцы «Юбілейная», сказаў: «А цяпер Анатоль амерыканец!» «Не! Беларус!» – у адказ выгукнуў Кашапараў. Выступіў і я. Пачытаў вершы. Пасля імпрэзы ўсе фатаграфаваліся, абменьваліся думкамі пра свята. А мы з Людай, крыху пабыўшы сярод бамонду, пайшлі ў «Планету сушы»...

***

14.09.2014. За акном цемра, як мёртвая вада.

***

15.09.2014. Па дарозе да Петрапаўлаўскага сабора я ізноў бачыў народнага артыста СССР Расціслава Янкоўскага. Ён ішоў з дзвюма кавенькамі, час ад часу спыняючыся, разглядаючы людзей, якія абганяюць яго і якія ідуць насустрач. Расціслаў Іванавіч, якому 5 лютага наступнага года будзе 85 гадоў, ішоў прыгожа, як і належыць ісці народнаму артысту. Любуючыся Расціславам Янкоўскім, я з жалем падумаў, што, відаць, ніхто, акрамя мяне, не ведае, хто гэты стары, які ледзьве ідзе па Нямізе, як і я не ведаю, што за пажылы мужчына сядзіць у інвалідным вазку на ўваходзе ў дворык Петрапаўлаўскага сабора і просіць міласціну.

***

16.09.2014. У паветры праплыла павуцінка, якой былі завязаны дзверы ў восень.

***

17.09.2014. Выступаў у школе № 43, што на вуліцы Галадзеда. Прыемна было паслухаць «Баладу Еўфрасінні Полацкай», якую па памяці прачытала вучаніца. Чытала выразна і слова ў слова. Балада напісана даўно, а я і сёння на памяць яе не ведаю. Па-мойму, яна складаная для завучвання.

«А ці ёсць у вас вершы пра жывёл?» – паслухаўшы мае гістарычныя балады, нясмела запыталася школьніца.

***

17.09.2014. Не ўсе прыгажуні – прыгажуні і асабліва, калі ты цвярозы...

***

17.09.2014. Калі з мора дзьме вецер, ён заўсёды ў твой твар.

***

18.09.2014. Удзельнічаў у запісе тэлепраграмы «Дыя@блог P. S.», што выходзіць на канале «Беларусь 3». Вядучыя – Навум Гальпяровіч і Анатоль Зэкаў. Праграма пра гумар і гумарыстаў. Я на лаўры вялікага гумарыста ніколі не прэтэндаваў і цяпер не прэтэндую, але так атрымалася, што сёння вядучыя даказалі мне, што я ўсё ж вясёлы Сабака і сур’ёзны Граждан. Перад тэлезапісам грымёрша напудрыла мяне і я, паглядзеўшы ў люстэрка, сам сабе ў думках сказаў: «Харош! Асабліва ў змроку!» Пасля мяне запісваўся гумарыст Міхась Мірановіч. Сваёй чаргі ён чакаў амаль гадзіну. Ідучы на запіс, мы яму далі заданне напісаць новых эпіграм. Сказаў, што напісаў. Выйшаўшы са студыі на вуліцу, я ўбачыў грымёршу, сімпатычную дзяўчыну, якая сядзела на ганку і няспешна піла каву. І цяпер на вольным паветры, дзе з дрэў ападае першае залатое лісце, яна была яшчэ прыгажэйшай, чым тады, калі мяне рыхтавала да гумару.

***

19.09.2014. У выдавецтва прыходзіў мужчына. Пяцьдзясят дзевяць гадоў. Жанаты. Мае будаўнічую фірму. Зімой ён быў на цёплым моры. Там здзейснілася ягоная мара – мець каханку, якая б працавала настаўніцай. Жанчыне сорак гадоў. Разведзеная. Сын ужо дарослы. Закаханы мужчына за дзевяць месяцаў напісаў каля паўтысячы вершаў. Піша, хаваючыся ад жонкі і дзяцей, у пакоі, дзе стаіць акварыум. Блізкія думаюць, што ён да адурэння палюбіў рыбак. Каханка вершы набірае на камп’ютары, правячы граматычныя памылкі. Словам, мужчына мне ўсё расказаў, як «паэт паэту», пакінуўшы на памяць свае творы, сярод якіх і гэты:

Пусть темное, как ночь, вино

Так бережно хранящее прахладу утра,

Вольется в кровь. И в прошлом беды, севшие на дно,

А в будущем – цветы, любовь и камасутра.

***

20.09.2014. Прыснілася восень. Я прыехаў у вёску, каб жыць у роднай хаце. Зайшоў у залу. Змрочна. Са ўсёй столі капае вада. Чыстая. Спрабую спыніць, але вада пачынае цячы мацней. «Я ж тут сабраўся зімаваць...» – з жахам прашаптаў я і... прачнуўся.

Ліда. Мураванка. Жалудок

20.09.2014. Дзякуючы прафсаюзнай арганізацыі выдавецтва са сваімі супрацоўнікамі ездзіў у вандроўку па маршруце: Мінск– Ліда– Мураванка– Жалудок– Мінск. Люда сказала: «Для нас гэта працяг нашай нядаўняй дарогі па Еўропе...»

У Ліду ехалі па маёй роднай Валожыншчыне. Час ад часу я дапамагаў Ярашу Малішэўскаму (наш гід) расказаць пра мясціны, якія мы бачылі праз аўтобуснае вакно...

На ўваходзе Лідскага замка нас чакаў навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Алесь Хітрун. Я з ім знаёмы, і ён, павітаўшыся са мной, потым на працягу ўсёй экскурсіі стараўся гаварыць так, нібыта ўся экскурсія толькі для мяне. Алесь піша вершы. Здаецца, мае кніжку. Увесь час хацеў нас завесці ў музей Валянціна Таўлая, што побач з замкам. На жаль, большасць нашай групы не загарэлася жаданнем зайсці да паэта.

У Лідзе было Свята горада. Вакол замка гандлёвыя палаткі, шмат людзей, нібыта мы трапілі ў тыя часы, калі жылі князі.

Экскурсавод Алесь па знаёмстве мне дазваляў фатаграфавацца з экспанатамі замка. Калі я сеў за гасцінны княскі стол, да мяне падсела дачка нашай супрацоўніцы, і атрымаўся здымак: кароль Ягайла і Софья Гальшанская...

Лідскі замак мяне ўразіў, але не так, каб дух захапіла. Ён яшчэ нейкі як не жывы. Экспанатаў нямнога. Словам, замак яшчэ павінен напоўніцца духам беларускай даўніны.

Каля гасцініцы «Ліда» стаіць скульптура камандзіровачнага. Мясцовыя, убачыўшы нас, сказалі, што трэба ўзяцца за нос скульптурнага мужыка. Для чаго? Не растлумачылі...

Побач за агароджай царквы стаіць хата, на сцяне якой вісіць партрэт Сяргея Ясеніна, над якім прымацаваны кветкі. Каля плота стаіць вядро з яблыкамі. Відаць, у хаце жыве чалавек, які любіць паэзію і які, магчыма, сам піша вершы.

Лазілі на вежы. Вінтавыя лесвіцы вузкія і крутыя. На званіцы сядзелі галубы. Мы іх напалохалі, і яны паляцелі высока ў неба, каб расказаць былым абаронцам царквы, што сюды прыйшлі не ворагі, а свае людзі.

У вёсках Лідчыны і Шчучыншчыны вельмі шмат старых закінутых хат. Ды і многія тыя, у якіх жывуць людзі, выглядаюць не лепей. Гледзячы на іх, успамінаў сваю родную ў Пугачах.

Дамоў вярталіся, нібы з мінулых стагоддзяў.

***

21.09.2014. Прасядзеў цэлы дзень дома. Сумна, як вожыку ў тумане.

***

22.09.2014. Прыснілася, што я ў Пугачах дома ў дзядзькі Шуры (бацькаў стрыечны брат). Праз расчыненыя дзверы бачу, як у сенцы з другога пакоя выйшаў бацька, каб пакінуць хату. Спачатку я хацеў зрабіць выгляд, што не бачу яго, але тут жа ўстаў і пайшоў да бацькі, які ў мяне запытаўся: «Як у цябе справы?» «Яшчэ жывы» – адказаў я і абняў яго на развітанне.

***

23.09.2014. Прыходзіў Валера Гапееў. Ён цяпер у Мінску на вучобе. Гаварылі, гаварылі і прыйшлі да высновы, што ў нашай літаратуры амаль няма твораў пра 70—90 гады мінулага стагоддзя. Адным словам, Валера будзе не супраць пачытаць мой раман пра той час і мяне ў тым часе. Тое, што ў мяне атрымаецца напісаць цікавы твор, ён мяркуе па маіх шматлікіх (ужо надрукаваных) згадках пра перажытае. «З чаго пачаць?» – запытаўся я ў Валеры, і ён адказаў: «Пачні, як было на самай справе, з выпускнога восьмага класа, дзе ўсім хлопцам прапанавалі ісці вучыцца на трактарыстаў. Усе напісалі заявы, а ты адмовіўся.»

***

24.09.2014. Стаю на прыпынку. Спыніўся аўтобус. З яго выйшаў кампазітар Алег Чыркун і адразу падышоў да мяне. Павітаўшыся, Алег запытаўся: «Ну як там Масква?» – «Не ведаю...» – адказаў я. «Ты цяпер тут жывеш?» – «Тут». – «У Маскве ж бабкі харошыя...» – «А тут бабы харошыя...» – «Ты вельмі моцна на Шніпа падобны...» – «Няўжо?» – «Ты ж празаік Алесь Кажадуб?» – запытаўся кампазітар. «Ага!» – усміхнуўся я. «Ты вельмі моцна на Шніпа падобны!» – працягнуў размову Алег. «Мне гэта не дапамагае. Шніп мяне не друкуе», – я пачаў выконваць ролю Алеся Кажадуба. «А ты яму даўно свае творы аддаў?» – «Зусім не даваў!» – «Ну тады занясі!» – нібы загадаў, сказаў кампазітар, і мы яшчэ хвілін дзесяць гаварылі пра Шніпа. Нагаварыўшыся, разышліся, як у полі трактары.

***

25.09.2014. Холадна і няўтульна, як на мокрым дубе.

***

27.09.2014. Ездзіў у Пугачы.

Зайшоў у Заходні аўтавакзал, а там каля сотні старых па гадоў 70—80. І ўсе такія, нібыта сабраліся ехаць на той свет.

Праязджаючы каля Ракаўскіх могілак, каля святой крыніцы ўбачыў шмат народу. Жанчына, што сядзела побач, сказала: «Сёння свята – Узвіжанне Крыжа Гасподняга.»

Прыехаў у вёску. Адразу дождж перастаў і засвяціла сонца.

Да хаты па сухому не прайсці. Навокал вада. На вуліцы прарвала водаправод і ўжо амаль два месяцы цячэ вада каля нашай хаты.

Яблыкаў у траве, болей чым зорак у небе.

Хата жывая. Г адзіннік не спыніўся.

Прыехаў дзядзька Толя. Зааралі грады, пасеялі рапс. Мама была б задаволеная.

Пракапаў дзве неглыбокія канавы па метраў трыццаць. Адну каля плота на вуліцы, а другую ў садзе, каб вада сцякала. Праз гадзіну каля хаты пасушэла. І пры жыцці бацькоў водаправод нярэдка прарывала і вада падцякала пад хату і тады калгас браўся за рамонт не адразу. Цяпер калгаса няма і справы да вады, якая цячэ, нікому няма.

Міма праходзіў Тонік Руткевіч (сябар з майго дзяцінства), запытаўся: «Як там Мінск?» «Яшчэ стаіць!» – адказаў я.

На вуліцы пагаварыў з дзядзькам Шурам, з Лідай і яе мужам Валодзем. У вёсцы добра, і я вяртаўся ў Мінск, успамінаючы тыя часы, калі бацькі былі жывыя.

Яблык ляжаў на дарозе, нібыта зваліўся з неба.

У Мінск вярнуўся, як прачнуўся.

***

28.09.2014. Холадна. У скверы на лаўцы мужыкі сядзяць каля пляшкі з гарэлкай, як каля вогнішча...

***

30.09.2014. Пазнаёміўся з Базылём. Чалавек гаваркі. Жыве ў Амерыцы (верыцца і не верыцца) і ў свой час быў добра знаёмы з Анатолем Сысом. 12 лютага 2005 года Базыль зайшоў да Анатоля дахаты. Гаворачы пра сябе, Сыс сказаў: «Тры сняжынкі маю жыцця». «Так яно і атрымалася, што пасля нашай сустрэчы паэт пражыў тры месяцы». Развітваючыся, Анатоль абяцаў, што апошні верш ён напіша для мяне, і 25 красавіка ён напісаў:

Шрыфтам Брайлера на калядным снезе

Птушкі вершы пішуць.

А чытаю – рукі змерзлі.

Свае руны мне не вышыць.

Я аслепнуў.

Я аглухнуў.

Птушак не здагнаў – спяшаю,

а вясновы снег пажухнуў.

Часу – тры сняжынкі маю.

А памру – паэт мо прыйдзе...

Прачытаўшы верш, Базыль папрасіў падпісаць маю «Тутэйшую тугу» і абавязкова напісаць: «Дарую Базылю, з якім удвух мы ведалі паэта Анатоля Сыса, а пазнаёміліся толькі сёння 30.09.2014 года». Дзякуючы за дэдыкацыю, Базыль сказаў: «Мне Сыс падпісаў кнігу і паставіў дату 3003 год».

***

2.10.2014. Пабялелая марка маладзіка на блакітным канверце восеньскага неба.

***

2.10.2014. Сёння дудару, барду, паэту Зміцеру Сідаровічу было б 49. Я з ім пазнаёміўся дзякуючы маёй Людміле, якая вучылася на філфаку разам з жонкай Зміцера Марынай Місько. У нашым сямейным альбоме сустрэч ёсць запіс: «Нармалёва, Шніпы-Рублеўскія! Нармалёва. Пэўна, на такіх, як вы, трымаецца беларускі свет. Пазнаёміўшыся з вамі, мы гэта пачулі і адчулі шчыльна. Напачатку было цяжкавата. Потым – цудоўна. Людзі разышліся. Вы таксама. Мы таксама. Таму – нармалёва, Шніпы-Рублеўскія! Жонка дапіша астатняе, у мяне нямее рука. Дакончу думку, пэўна, іншым разам. Калі дажывём. Публікаваць гэта ня можна. Чытаць гэта ня можна. На нас трымаецца беларускі свет. Усё»... 14.08.93.

Р. S.

Мы споры думкі беларускай

У рускамоўнай грамадзе.

Мы мусім біцца колам вузкім...»

Марына дапісала: «Вітаю цёплую сямейку і развітваюся з ёю. Спадзяюся, што гэтая сустрэча пакладзе пачатак сяброўства паміж нашымі сем’ямі. Натхнення вам, здароўя вашым дзеткам. Шчасце ў вас, дзякуй богу, ёсць. На векі вечныя. Амін. М. С»..

***

3.10.2014. Памёршы, мужчына вярнуўся ў сям’ю...

***

3.10.2014. У бібліятэцы імя Цёткі тэатр «Арт.С» правёў вечарыну, прысвечаную памяці Зміцера Сідаровіча. Каля трох гадзін гучалі Зміцеравы музыка, вершы, песні і было ўражанне, што ён побач з намі і слухае нашы расповеды. Узгадваючы дудара, Міхась Скобла расказаў і пра тое, як ён быў у яго ў гасцях на дзевятнаццатым паверсе і на пытанне: «Для каго ты тут іграеш?» пачуў: «Для неба!».

***

4.10.2014. Мама часта мне казала, каб нікуды не хадзіў, сядзеў дома. Мамы няма, а я сяджу дома.

***

5.10.2014. Я на працы. У кабінет зайшоў Уладзімір Караткевіч. «У мяне тут хутка будзе юбілей. Хачу выдаць новы раман», – сказаў Уладзімір Сямёнавіч і паклаў перада мной тоўстую папку. Я заглянуў у яе, каб даведацца як называецца новы твор Караткевіча, а там пуста, і я. прачнуўся.

***

7.10.2014. Прыходзіў фотамайстра Яўген Коктыш. Ягоныя здымкі надрукаваны ў кніжцы Барыса Крэпака пра Міхаіла Савіцкага. Гаворачы пра мастака, Яўген Фаміч узгадаў айца Віталя, які, будучы ў майстэрні Савіцкага, запытаўся: «Міхаіл Андрэевіч, хто ж пасля Вас?» Мастак больш за паўгадзіны не адказваў на пытанне, нібыта не пачуў яго, а потым, калі айцец Віталь агледзіў усе карціны, што былі ў майстэрні, сказаў: «Нікога!»

***

8.10.2014. Холадна. Чайкі на беразе Свіслачы, як першы снег.

***

9.10.2014. У яго была кніга ў блакітнай флэшцы на ружовым шнурку.

***

12.10.2014. Трэці дзень хварэю. Прыходзіў адведаць Алесь Квяткоўскі. Запрасіў на 19 лістапада на адкрыццё выставы ў галерэі Шчамялёва. Некалькі дзён таму Алесь тэлефанаваў Вітаўту Чаропку. На маё пытанне «Як там наш вялікі празаік?» Алесь адказаў: «Пачаў маляваць. Ужо мае каля дваццаці карцін. Пра Чарнобыль, пра пажары. Словам, запрашаў прыехаць паглядзець і ацаніць ягоныя работы».

***

13.10.2014. Сніцца родная хата. Вада. Бацька. Ужо чацвёртую ноч.

***

15.10.2014. Выступаў у гімназіі № 20. Старшакласнікі толькі слухалі, а малодшыя адзін перад адным падымалі рукі і задавалі пытанні на беларускай мове. Пазнаёміўся з настаўніцай Алай Рыгораўнай. Яна мая зямлячка. Яшчэ школьніцай чытала мае вершы ў Валожынскай раёнцы, некаторыя вучыла на памяць і з імі выступала на школьных святах.

***

16.10.2014. Сядзеў каля камп’ютара, як мыш каля сыру ў мышалоўцы.

***

17.10.2014. Нарэшце ў кватэру па трубах прыйшло цяпло. А за акном вечар чорны, як мокры воран...

***

18.10.2014. Высока ў бясхмарным небе вароны, як чорнае лісце ў вадзе...

***

19.10.2014. Прысніліся Лягезы. Паўстанне Каліноўскага. Я ў лесе. На ўзгорку каля Лягез адзін трымаю абарону. Страляю з ружжа і не трапляю ў ворагаў, якія абыходзяць мяне, не страляючы. Бачу, як далёка ў баку Пугачоў ідзе бой. Хачу дапамагчы паўстанцам, але раптам чую, што мяне на ўскрайку Лягез кліча маладая паненка. Уся ў белым. Я пакідаю сваю пазіцыю і спяшаюся да дзяўчыны. Не паспяваю дайсці, як бачу, што да яе падыходзіць малады афіцэр і абдымае. Я хачу іх застрэліць. Страляю і. прачынаюся.

***

24.10.2014. Прыходзіла сястра Еўдакіі Лось. Гадоў дзесяць таму яна забрала з выдавецтва ўспаміны пра паэтку і цяпер хоча, каб мы надрукавалі. «А дзе ж рукапіс?» – пацікавіўся я. «Дома». – «Чаму не прынеслі?» – «Баюся згубіць па дарозе»...

***

25.10.2014. Неба чыстае, як першы лёд.

***

26.10.2014. Неба, як манітор няўключанага камп’ютара...

***

27.10.2014. Абляцела лістота, і на дрэвах у парку зачарнелі вароніны гнёзды, як дзіравыя шапкі лесавіка, што цэлае лета бамжаваў у горадзе.

***

28.10.2014. Сустрэўся з мастаком Уладзімірам Лукашыкам. Узгадваючы памерлых паэтаў, Валодзя сказаў: «Сёння, ідучы да сваіх студэнтаў, задумаўся пра сваю смерць. Хачу, каб мяне пахавалі ў кашулі ў клетачку...» «Чаму ў клетачку?» – пацікавіўся я. «Мама заўсёды мне купляла кашулі ў клетачку. Калі памру, хачу, каб мама мяне здалёку пазнала.» – адказаў мастак.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю