412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Винцесь Мудров » Восеньскiя вакацыi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 3)
Восеньскiя вакацыi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 12 октября 2016, 00:24

Текст книги "Восеньскiя вакацыi (на белорусском языке)"


Автор книги: Винцесь Мудров



сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 3 страниц)

... Ён iшоў, не адчуваючы пад сабою ног. Колькi разоў яго заносiла ў прыдарожную канаву, ён падаў, хвiлiну-другую ляжаў нерухома i, лiзнуўшы перасьмяглым языком заiнелую травiну, падымаўся i зноўку тупаў па дарозе.

Лябёдка быў недзе далёка наперадзе. Напачатку зь цемры даляталi кароткiя мацюгi, а потым усё ацiхла, i навакольныя зыкi патанулi ў замарачным шуме, якiм поўнiлася галава. I ня чуў Iван нi шоргату ўласных крокаў, нi шапаценьня алешнiку, нi брэху сабак удалечынi, i замарачны шум, якi апанаваў сьвядомасьць, здаваўся яму пошумам вады ў iнтэрнатаўскiм душы. Ён стаяў пад цёплым дожджыкам, вада лiлася на грудзiну, на плечы, казытлiва зьбягала па сьпiне, i настылая душа ягоная расьцякалася разам з вадою ў акiяне цеплынi i лагоды. Павалiўшыся ў траву, ён на кароткую хвiлю апрытомеў, разьмежыў павекi, але ўжо ў наступнае iмгненьне замарач iзноў апанавала сьвядомасьць, i хваравiта-чырвоная iмгла iзноў замiтусiлася ў вачах.

– Ваня, ты што?! – усё адно як як з пустой бочкi прагучаў знаёмы голас. Падымайся... Недалёка ўжо... агнi вунь сьвецяцца.

Яго падхапiлi пад пахi, некуды пацягнулi; барвовы туман клубiўся навокал, i гарачкавыя патарочы падымалiся з туману, трывожачы душу сваiмi неакрэсьленымi i страшнымi абрысамi.

Сьвядомасьць вярнулася зьнянацку. Ён на дзiва выразна пачуў ракатаньне рухавiка i адрывiстыя галасы.

– З моста звалiлiся. Мокрыя ўсе... – сiпла гукаў Лябёдка, i ў адказ яму нехта кашлянуў i гэтаксама прастуджана прамовiў: – Ну, дзе дружбан?

– Тут... трызьнiць ужо. Два кiлямэтры на сабе цягну.

Яго зноўку падхапiлi, павялi да машыны, i ён, баючыся страцiць прытомнасьць, перастаўляў непаслухмяныя ногi, хiлячыся галавою да шырокага Лябёдкавага плечука.

IV

Прачнуўшыся, Iван акiнуў хату няўцямным позiркам i са зьдзiўленьнем адчуў, што цела ягонае зрабiлася бязважкiм i што ён ня чуе нi рук, нi ног. Адчуваньне гэтае было такiм яскравым, што Iван нават баяўся паварушыць чэлясамi: а раптам iх i сапраўды няма. Адарваўшы патылiцу ад падушкi, ён паварушыў нагою, а ўбачыўшы, як варухнулася коўдра, зморана апусьцiў галаву на падушку.

У вушах стаяў лёгкi звон. Было такое ўражаньне, што вушы закладзеныя пульхнатай ватаю, i скрозь гэтую вату прарывалiся гукi: мернае цiканьне ходзiкаў i бязладная матчына гамонка.

– Хрося, бедная, б'ецца... Пятнаццаць кароў доiць, дзяцей даглядае... А гэты... толькi i глядзiць – дзе б хто бутэльку паставiў, – гаманiла на кухнi мацi, i Iван, прыслухаўшыся, зразумеў, што гаворка iшла пра Хведзьку Траяна.

– Зь сястрой судзiцца... I з-за чаго?!

– З-за гаўна! – пачулася за сьценкаю. Зьвяглiвы голас гэты належаў загадчыцы сталовай.

– Колькi ён гэтага гною з фэрмы вывез! Табе, Пятроўна, скажы, дык не паверыш! Нават у Азярышча вазiў – ленiнградцам, што хаты пакуплялi. Пiў потым цэлы месяц.

– А чаго ня пiць? – азвалася Пятроўна. – Карову ня дзержыць...

– Якая там карова! – мацi бразнула талеркамi, прайшлася па кухнi. – На карову сена трэба накасiць, ды падаiць а пятай ранiцы... А жонка ж леная, як палка... Гаўна на лехi – i таго няма. Ад маткi цягнуць.

Сабраўшы сiлы, Iван павярнуўся на бок, ложак цiха рыпнуў, i гаворка на кухнi ацiхла.

– Сьпiць, – шапятнула мацi, адгарнуўшы фiранку. – Тры начы гарэў... ранiцою толькi тэмпература спала. Пацеў жа – аiйо! Не пасьпявала прасьцiны мяняць. – Мацi ўздыхнула, i голас ейны набыў пагрозьлiвае адценьне. Выправiўся... з п'янюгам гэтым... Лябёдчыха казала – з мосту звалiлiся. Дзiва што... Вочы залiўшы, куды хочаш увалiшся.

– Гэта ж мая Люська ўчора ў клюб хадзiла, – ледзь чутна прагугнiла Пятроўна, падладжваючы свой зьвяглiвы голас да матчынага шэпту, дык там Мiшка Раднёнак, што на малакавозцы робiць, пра Лябёдку расказваў. Казаў, езьдзiлi зь iм аж у Вялiкарусiю. Лябёдка тамака матацыкал у кустах кiнуў. Паўдня шукаў, пакуль знайшоў. А потым мальцу нейкаму гарэлку вазiлi.

– Гэта, вiдаць, шафёру, якi iх прывёз, – прамовiла мацi, адчынiла дзьверы, i Пятроўна, грукнуўшы ўслонам, запытала: – Ну што, пасунем?

Мацi зь Пятроўнай выйшлi з хаты, а Iван, пазяхнуўшы ў жменю, кульнуўся на жывот i ў той жа мiг заснуў. Спаў ён нядоўга i абудзiўся ад зыкаў, што даляталi з прысенку.

– Не пушчу! – грымеў, зумкаючы ў даёнках, матчын голас, i ў адказ ёй нехта прасьцюджана i басавiта паўтараў: – Па справе... гасьцiнец перадаць... Хвiлiну ў прысенку зацята барукалiся, здушана крахталi, на падлогу звалiлася даёнка, i прасьцюджаны бас прасiпеў: – Ды ня зьем я яго, халера!

Дзьверы адчынiлiся, пачуўся сiплы кашаль, i толькi па гэтым кашлi пазнаў Iван таго, хто шчамiўся ў хату.

– Ну, падлюка, глядзi... Зараз участковага паклiчу! – пакрыўджана вымавiла мацi, а яшчэ празь iмгненьне падчэпленая брылём моташлема фiранка памкнулася ўглыб сьвятлiцы.

– Панавешвала тут, – буркнуў Лябёдка, блытаючыся ў фiранцы, а выблытаўшыся i ўбачыўшы Iвана, зьняў з галавы шлем i вiнавата пасьмiхнуўся. – Ну як ты? голас Лябёдкавы быў дарэшты зьнявечаны прастудай.

– Нiчога, – адказаў Iван, кiўком галавы запрашаючы госьця прысесьцi на ложак.

– Ледзь прарваўся, – Лябёдка паглядзеў у бок уваходных дзьвярэй, уздыхнуў i, ссунуўшы коўдру, сьцярожка прысеў на край пасьцелi: – Дык, кажаш, нiчога?

– Нiчога, – паўтарыў Iван i ў сваю чаргу запытаўся: – Як нага? Балiць?

– На мне, Ваня, як на сабаку – на другi дзень загойваецца. Вось толькi глытка ные, – левая Лябёдкава рука кранулася вафэльнага ручнiка, якiм была абкручана шыя, а правая скамечыла вушанку, якая ляжала на каленях.

Iван пазнаў сваю шапку.

– Во, шапка твая, – усхапiўся Лябёдка, – забыўся тады ў бабулi. Я ж зь Берасьцянкi еду. Завёз Мар'яне падсьвiнка ды сто рублёў грошай даў. Добрая бабуля... Пра цябе спытвала. Даведалася, што хворы, дык забедавала. Во! сябрук таропка выцягнуў з кiшэнi слоiк з-пад гарчыцы, – мёду табе перадала... лякуйся.

Iван расчулена шморгнуў носам i, памаўчаўшы, запытаў:

– Дык я што... ну там, на дарозе, зусiм вырубiўся?

– Вырубiўся, – кiўнуў Лябёдка. – Я цябе два кiлямэтры на сабе цягнуў. Цягну, а ты мяне за вуха кусаеш ды просiш гарачую ваду адключыць. Трызьнiў, напэўна. Добра яшчэ, невельскiя хлопцы на ЗIЛе падвярнулiся. Да самай хаты давезьлi. Мы на заўтра ў Невель езьдзiлi. З Раднёнкам. Пару пляшак паставiлi, потым яшчэ ўзялi. Думаю во ў Невель падацца... Хлопцы тыя паабяцалi ў тэлеатэлье ўладкаваць. Так што, магчыма, хутка ў горад перабяруся. Хопiць ужо бычкоўскую гразь таўчы.

Лябёдка закашляўся, роспачна чхнуў, выцер нос ражком уцiральнiка, якi спавiваў шыю. Пару хвiлiн яны маўчалi, потым Лябёдку зноў пачаў бiць кашаль, i ён, прыкрыўшы даланёю рот, падняў з падлогi матацыклетны шлем.

– Ну што, Ваня... пайду, – вырвалася зь Лябёдкавай грудзiны, – а то мяне таксама дрыжыкi бяруць.

Калi за Лябёдкам зачынiлiся дзьверы, Iван пакруцiў у руках слоiк i нечакана заплакаў. Ён i сам ня мог зразумець – адкуль зьявiлiся гэтыя сьлёзы, што завiлымi раўчукамi зьбягалi па скронях, i кот Барыс, якi сядзеў на печы, са зьдзiўленьнем пазiраў на яго, сьвецячы ў паўзмроку сваiмi зялёнымi вачыма.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю