355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Винцесь Мудров » Восеньскiя вакацыi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 2)
Восеньскiя вакацыi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 12 октября 2016, 00:24

Текст книги "Восеньскiя вакацыi (на белорусском языке)"


Автор книги: Винцесь Мудров



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 3 страниц)

Вёска Чуралава памерамi была – што тыя Бычкi. Двароў восемдзесят-дзевяноста. Але ў адрозьненьне ад Бычкоў хаты тут стаялi ў поўным бязладзьдзi: анiякiх табе вулiц, так што пакуль знайшлi Кабеньчыху, давялося ладна пакруцiцца.

Падкацiўшы да патрэбнай хаты, яны зьмерылi вачыма тэлевiзiйную антэну, што тырчала над страхою, i наструнена пераглянулiся: у глыбiнi разьлеглага, парослага жухлай лебядою двара, заходзiўся ад брэху вiславухi сабака. Каб не бянтэжыць гаспадароў, Лябёдка зьняў з галавы шлем, прылашчыў валасы i, не рашаючыся ўвайсьцi ў двор, зычна кашлянуў. У адным з вакенцаў матлянулася фiранка, i праз хвiлю-другую на парозе хаты зьявiлася пахiлая бабуля.

– Мы па выклiку! Тэлевiзары рамантуем! – выгукнуў Лябёдка, але бабуля не пачула.

– Ну до табе, до! – крыкнула гаспадыня на сабаку i, прыбраўшы з вуха хусьцiнку, дробна затупала да весьнiц.

– Тэлевiзары, бабка, рамантуем. Прыехалi во... па выклiку, – Лябёдка страсянуў над галавою валiзкай.

Ага! Цiлiвiзеры! А дзеткi ж вы мае, а што ж вы адразу не сказалi? пляснула рукамi бабуля i таропка адчынiла брамку.

Бабчын вiславухi дварняк тым часам ужо асiп i брахаў з падвываньнем.

– Цi сьцiхнеш ты, нячыстая сiла?! – прасiпела гаспадыня, падхапiла з-пад ног дубец, i сабака, пакрыўджана скавытнуўшы, сьпехам залез у будку.

– I калi ўжо акалееш? – з гэтымi словамi старая пiхнула рукою дзьверы, i яны ўвайшлi ў хату.

У хаце было прыцемна – лямпачка пад стольлю была заседжана мухамi, давала мала сьвятла, таму давялося цягнуць бабчын "Тэмп-6" да вакна i падключацца да разэткi праз падаўжальнiк.

Тыцнуўшы ў Iванавы рукi лiтавальнiк, майстар Лябёдка зьняў з тэлевiзара заднюю панэль, пахiтаў галавою i папрасiў у гаспадынi вiльготную анучку вiдавочна, каб сьцерцi пыл зь лямпаў.

Наступныя дзесяць хвiлiн майстар торкаў некуды правадкi, сочачы пры гэтым за стрэлкаю прыбора, а згадаўшы пра лiтавальнiк, запытаў:

– Грэецца?

Лiтавальнiк быў халодны. Iван патузаў шнур, паварушыў вiлку ў разэтцы, але марна: iнструмэнт ня грэўся.

– Эх, Ваня... вучыць цябе яшчэ ды вучыць... Стрыжань у лiтавальнiк не ўпiхнуў, таму i ня грэецца, – уздыхнуўшы, Лябёдка выдзер з тэлевiзiйных нетраў нейкую зялёную дэтальку, паглядзеў на гаспадыню i ўстурбавана правёў даланёю па твары.

– Кандэнсатар згарэў. Страшэнна дэфiцытная рэч. У мяне, праўда, ёсьць адзiн, але гэта для райкамаўскага тэлевiзара. Там таксама кандзёр накрыўся.

– Вы ж ужо як-небудзь... – выдыхнула гаспадыня, матлянулася на кухню, i майстар, пачуўшы бразгат шклянак за сьценкаю, падмiргнуў кампаньёну i задаволена падкiнуў на далонi згарэлы кандэнсатар.

Праз поўгадзiны справа была зроблена. У хаце пахла канiфольлю, пад стольлю луналi пасмы белага дыму, а сьцены хаты аж дрыжэлi ад грому вайсковага параду, якi паказвалi па тэлевiзары. Узяўшы за працу тры рублi i запытаўшыся, цi патрэбная квiтанцыя, Лябёдка зачынiў валiзу i зь дзiўнай рашучасьцю накiраваўся да дзьвярэй.

– Можа б, перакусiлi чаго? – нясьмела вымавiла ўсьлед яму бабуля.

– Няма часу, бабка. Яшчэ пяць хат абысьцi трэба. Праўда... – майстар павярнуўся да напарнiка, зьмерыў яго позiркам i з разважлiвай заклапочанасьцю прамармытаў: – Iван галодны. Цэлы дзень ня пiў, ня еў. Як ты, Ваня, перакусiш? – i не пасьпеў Iван раскрыць рота, як Лябёдка штурхнуў яго да стала i спрытным рухам адкаркаваў бутэльку "Прамянiстага".

Яны выпiлi па шклянцы, аддзьмулiся, захоплена ўтыркнулi вiдэльцы ў румяныя шкваркi, якiя сквiрчэлi i стралялi тлушчам на гарачай патэльнi.

– Кантрастнасьць нармальная, толькi сьняжыць крыху, – прамовiў, кульнуўшы другую шклянку, Лябёдка. – Зь Вялiкалуцкага рэтрансьлятара сыгнал кволы. Наступным разам пад'едзем – паспрабуем антэну на Вiцебск павярнуць.

Гаспадыня закiвала галавой, стоена ўздыхнула, i ўся яе пастава выдавала на тое, што ёй карцела нешта сказаць.

Карцела сказаць слова i Iвану. Выцершы рукавом сальныя вусны, ён павярнуўся да бабулi i задаў пытаньне, якое даўно ўжо сьпела на языку:

– А вы рускiя?

Гэтае пытаньне не на жарты ўсхвалявала бабулю. Старая шморгнула носам, залыпала павекамi i няўпэўнена прашаптала:

– Рускiя...

– Рускiя, а гамонiце па-нашаму: картошку бульбай называеце...

– А адкуль жа вы? – пацiкавiлася гаспадыня.

– Зь Неўля мы, з тэлеатэлье, – адказаў за Iвана Лябёдка i, храбуснуўшы шкваркай, стукнуў напарнiка каленам па назе.

– А мы, дзеткi, i самi ня ведаем – хто мы, – нечакана пажвавела бабуля. Мой Ляксей, царства яму нябеснае, расказваў... Прыедзем, кажа, у Пскоў, пачнем там гаманiць, а скрабары сьмяюцца, кажуць: – Iзноў пылякi прыехалi! – старая перахрысьцiлася на цёмны кут, аблашчыла майстра сьцярожкiм паглядам i прыцiшаным голасам запытала:

– Можа б вы i маёй сястры цiлiвiзер зрабiлi?

Прапанова такая не зьдзiвiла майстра. Ён адкiнуўся ў крэсьле, змучана аддзьмуўся, выцягнуў з кiшэнi пачак "Беламору".

– Непадалёку тут жыве, у Берасьцянцы... крайняя хата ад ракi. Туды i дарога добрая.

Старая дапытлiва замiргала вачанятамi, а майстар, зiрнуўшы на сьпiсаны алоўкам пачак, гаротна ўздыхнуў.

– Не магу, бабуля. У мяне тут толькi па Чурылаву пяць выклiкаў. Во... глядзi, – майстар тыцнуў пальцам у пачак, – Лiхаманавы, Пракопаўна, Балабайка...

– Балабайку зяць зрабiў. Учора прыехаў, – перапынiла Лябёдку гаспадыня, выбегла ў сенi i праз хвiлю паўстала ў пройме дзьвярэй з пляшкаю "Прамянiстага".

З гасьцiннай хаты Праскоўi Кабенькi – так звалi гаспадыню – выкульвалiся, задаволена адрыгваючы вiном i цыбуляй. У паветры кружылiся сьняжынкi, бабчын сабака прыязна махаў хвастом, а сама гаспадыня, якая таксама кульнула чарку, не магла суняць расстайную сьлязiну.

Iдучы да матацыкла, Iван падлiчыў у галаве дзённую выручку, якую можна мець ад рамонту тэлевiзараў, потым уявiў тую кучу грошай i з захапленьнем паглядзеў на камлюкаватую Лябёдкаву сьпiну.

– Дзядзькi, да нас зайдзiце! У нас таксама тэлевiзар зламаўся... I ў мяне зламаўся... – разам загаманiла вясковая дзятва, калi яны падышлi да весьнiц. Падшывальцаў сабралася ня меней як тузiн; усе яны аглушальна гаманiлi, i Лябёдка, насунуўшы на голаў шлем i ўкiнуўшы ў рот папяросу, скрозь зубы працадзiў: – Зойдзем, толькi ў Берасьцянку зьлётаем.

Прытарочыўшы да бэнзабаку валiзу, майстар вохнуў, паведамiў падшывальцам, што недапiты – гэта горш, чым недабiты, таргануў галавой, i падшывальцы, умомант зразумеўшы той жэст, добрых тры кiлямэтры пiхалi матацыкал, аж пакуль ён не завёўся.

Дарожны паказальнiк з надпiсам "Берестянка. 2 км" трымаўся на адным цьвiку, паказваючы вострым канцом на прысыпаную рэдкiм сьняжком узбочыну. "Цi не на той сьвет паказвае?" – падумаў Iван, згадаў родную хату i ўпершыню пашкадаваў, што выбраўся ў гэтую вандроўку.

Дарога ў Берасьцянку i сапраўды нагадвала дарогу ў пекла. Уся яна была разьбiтая коламi "беларусаў", глыбокiя каляiны прыхапiла марозам, i ехаць па той праселiцы было папросту немагчыма. Дапамагаючы сабе нагамi, Лябёдка коўзаўся на матацыкле па калдобiнах, пругкi алешнiк хвастаў яго па твары, i майстар, адплёўваючыся каляным лiсьцем, слаў праклёны на "беларусаў", нялюдзкую дарогу i старую Кабеньчыху, якая яго ў тую дарогу выправiла.

Iван шыбаваў сьледам, прыцiскаў да грудзей валiзку (зьнялi з матацыкла, каб не пабiць радыёлямпы) i п'янавата пасьмiхаўся: цяжка было ўтрымацца ад усьмешкi, пазiраючы на Лябёдкавы пакуты.

Да вёскi дабiралiся цэлую гадзiну, пры гэтым два разы спынялiся, каб ахаладзiць рухавiк, а выбiўшыся з кустоў на роўнае поле i ўбачыўшы на даляглядзе вясковыя хаты, Лябёдка, а гледзячы на яго i Iван, зморана павалiлiся на пасiвелую ад марозу траву.

Iвана, праўда, дарога ня надта i стамiла: на зямлю ён павалiўся хутчэй з пачуцьця салiдарнасьцi, а паляжаўшы хвiлiну-другую, прыўзьняўся на локцi i азiрнуў навакольле. Нават такiм шэрым днём мясьцiны тутэйшыя ўяўлялiся даволi маляўнiчымi. Роўнае поле, пасярод яго стаяла згалелае дрэва, а леваруч, блiжэй да вёскi, блiскала мiж кустоў цi то рачулка, цi то азярына.

– Ловаць. Вялiкая рака, – выдыхнуў Лябёдка, перахапiўшы Iванавы позiрк. Я тут летась рыбу лавiў.

Колькi часу яны ляжалi моўчкi, смалiлi папяросы, аж пакуль Лябёдка не мацюкнуўся i не падхапiўся на ногi.

– Усё! З бальшаку цяпер нi на крок... I грошы буду браць па прэйскуранту! – прамовiў ён, шпурнуўшы недакурак, i гэта азначала, што хмель выпетрыўся зь Лябёдкавай галавы, i настрой з тае нагоды канчаткова сапсаваўся.

...Берасьцянка – невялiчкая, ня болей дзесяцi хат вёска – упiралася сваiм канцом у рачны бераг. Памятаючы словы бабцi Параскi, кампаньёны, не пытаючыся дарогi, паехалi да Ловацi, а ўбачыўшы над крайняй хатай шост з пакарабачанай антэнай, рашуча завярнулi ў двор. Лябёдка па-майстэрску дакладна ўпiсаўся ў вузенькiя весьнiцы, узьняў у паветра курэй, загнаў на страху вялiзнага чорнага ката i, выклiкаючы гаспадароў, да ўпору крутнуў ручку газу. Лябёдка, вiдаць, добра напужаў гаспадароў, бо яны доўга не высоўвалiся, а калi нарэшце дзьверы прачынiлiся, дык у дзьвярную пройму можна было ўпiхнуць хiба што нос. Нос, дарэчы, i вытыркнуўся з проймы, i Лябёдка, маракуючы – каму ён мог належаць мужчыну, цi жанчыне, прыязным голасам вымавiў:

– Вам прывiтаньне ад сястры.

Пройма пашырылася, зь цёмных сяней вытыркнулася сьсiвелая бабуля, якая зьдзiўлена-плаксiвым голасам запытала:

– Якой гэта сястры?

– Якой-якой... Кабеньчыхi, халера старая, – буркнуў Лябёдка, вырваў з Iванавых рук валiзку i, бачачы, што гаспадыня па-ранейшаму зь недаверам лыпае вачыма, дадаў: – Зь Неўля мы, з тэлеатэлье. Тэлевiзары рамантуем.

Зiрнуўшы на Лябёдкавы шлем, гаспадыня паспрабавала прычынiць дзьверы, аднак Лябёдка пасьпеў упiхнуць нагу ў дзьвярную шчылiну i з усёй рашучасьцю ўвайшоў у сенi.

– Давай, бабуля, гатуй пачастунак, а то ў нас часу мала, – загрымеў праз хвiлю ягоны голас, i Iван, азiрнуўшыся на бокi, падаўся ў хату.

У Кабеньчысiнай хаце было цёмна, няўтульна, а тут панаваў парадак, пахла нейкiмi зёлкамi, а на засланым белым абрусам стале красавалi папяровыя кветкi ў зялёнай вазе. Тэлевiзар таксама быў засланы белым абрусам, i Лябёдка, не рашаючыся зьняць яго сваiмi бруднымi рукамi, зь нецярплiвасьцю паглядзеў на гаспадыню. Бабуля ў сваю чаргу паглядзела на Iвана, потым перавяла позiрк на валiзку, а ўпэўнiўшыся, што перад ёю тэлемайстры, увiшна падхапiла покрыўку.

– Даччын цiлiвiзер, – паведамiла старая, змахнуўшы пыл з экрана. – Сабе новы ўзяла, а мне ўжо гэты... Прывезьлi зь зяцем, уключылi... Як тут былi, дык рабiў, а як зьехалi, дык зламаўся. – Бабуля ўздыхнула, склала ў дзьве столкi абрус, а ўбачыўшы, што майстар зморана аддзьмуўся, дэманструючы, што такiя размовы яму добра-такi надакучылi, цiхенька сышла на кухню.

– Памру зараз, – прасiпеў Лябёдка, паднес штэпсэльную вiлку да разэткi, але нечакана сумеўся i страсянуў вiлку ля вуха.

– У вас тут мужчыны ёсьць? – крыкнуў, зьвяртаючыся да бабулi, майстар, i голас ягоны сьведчыў за тое, што калi яму зараз жа не нальюць пахмялiцца, ён i папраўдзе памрэ.

Гаспадыня, вiдаць, адчула настрой тэлемайстра, бо ў тое ж iмгненьне на кухнi бразнулi шклянкi i аглушальна засквiрчэлi яйкi на распаленай патэльнi.

– Якiя там мужчыны!.. Бабы ды два дзяды... Базылю восемдзесят, а Хамёнку яшчэ больш... Японскую памятае.

Майстар выпусьцiў праз нос паветра, варухнуў кадыком i зь нейкай разьюшанай апантанасьцю стаў раскручваць штэпсэльную вiлку.

За вакном сутоньвалася. Сьнежныя крупы стукалi па шыбе, у комiне галасiў вятрыска, i ад усiх гэтых зыкаў Iвану зрабiлася не па сабе.

"I калi ўжо вернемся?" – падумаў ён, панылымi вачыма азiраючы хату. "Трэба было хоць цыдулку пакiнуць, каб мацi не хвалявалася".

Iван затрымаў позiрк на ходзiках, што цiкалi пад стольлю, i з грудзей ягоных вырваўся пакутлiвы ўздых. Гадзiньнiк паказваў палову трэцяй: акурат гэтым часам мацi вярталася зь дзённай дойкi. "Пабачыць, што мяне няма, i да Мiронаўны пацягнецца. Тая i скажа, з кiм паехаў..." – Iван уявiў, як роспачна будзе лаяцца мацi, як яна, зганяючы злосьць, будзе ганяцца з ручнiком за катом Барысам, i, заняты сваiмi думкамi, не пачуў Лябёдкавага воклiку:

– Эй, Ваня... заснуў?

У сьвятлiцы грала музыка, на кухнi сквiрчэлi шкваркi, а на тэлевiзiйным экране каласiлася жыта, i стройным шыхтом iшлi камбайны.

"Рублёў дзесяць зьдзярэ, i вiна вып'е пад самую завязку", – незадаволена падумаў Iван, з дакорам зiрнуў на сябра, але той, насуперак ягоным меркаваньням, ад грошай адмовiўся.

– Схавайце свае рублi... – кiнуў Лябёдка, згледзеўшы ў бабчыных руках пакамечаны трульнiк. – З-за такога рамонту i квiтанцыю неахвота выпiсваць... Чарку мо вып'ем, калi нальеце.

– Нальем, нальем. А як жа не налiць, – узрадавана замiтусiлася старая, ёсьць i чарка, i да чаркi... – i, падхапiўшы па дарозе чапялу, гаспадыня кiнулася да печы.

Пiлi i елi стоячы, бо расьседжвацца не было часу. Бабця Мар'яна (так сябе назвала гаспадыня) выставiла на стол бутэльку "чарнiла", а таксама яешню i саган гарачай бульбы на закуску. Бегаючы за матацыклам, Iван добра-такi выгаладаўся – бульба са шкваркамi проста раставалi ў роце. Згаладнеў i сябра. Налягаючы на бульбу – аж нос угiнаўся, – Лябёдка хапаў ротам паветра, варушыў коўцiкам i пры гэтым няўцямна мармытаў:

– Думаеш, калi ў мяне брат... у тэлеатэлье працуе... дык мне дэталi дарма даюцца? За адзiн трансфарматар... дзьве бутэлькi аддаў...

За лiчаныя хвiлiны яны выцерабiлi саган бульбы, праглынулi яечню, асушылi ад тлушчу патэльню, i ўвесь гэты час гаспадыня стаяла пасярод кухнi, пазiраючы на майстра, не раўнуючы, як на Мiколу-ўгоднiка. Выдавала на тое, што яна хацела нешта сказаць, i майстар, бачачы такую нерашучасьць, запытальна мiргнуў левым вокам.

– Дачка ж павiнна прыехаць. Трэба ж ёй аполец сала даць, ды нейкiх кiлбас... – выдыхнула, нарэшце, гаспадыня i, нiбыта спужаўшыся ўласных слоў, зацiснула рот ражком паркалёвай хусткi.

Хлопцы счакалi хвiлiну, спадзяючыся, што старая скончыць думку, але тая маўчала, i Лябёдка, кiўком галавы ўхвалiўшы такiя жадункi, разьлiў рэшткi вiна па шклянках.

– Дапiваем i йдзем, а то матор астыне. Пiхай тады... да самага дому, рука Лябёдкава пацягнулася за шклянкай, ды нечакана замёрла ў паветры.

– Можа б вы мне, мальцы, кабана закалолi? – пудка запыталася гаспадыня, а згледзеўшы на майстравым твары разгубленасьць, нахiлiлася i выцягнула з тумбачкi вялiзную, закаркаваную газэцiнай бутлю.

III

Спусьцiсты, парослы густым лазьняком бераг пачынаўся адразу за хатай. Убiўшыся ў кусты, Iван расшпiлiў прарэх, гучна выпусьцiў паветра i падуладны нэрвовым дрыжыкам струмень шапатлiва ўдарыў па ссохлым лiсьцi.

Iван хваляваўся. Нават далонi ўспацелi. I хвалявацца было з чаго: кабаноў ён зроду ня рэзаў. Ды што там кабаны... Ён i курыцы засекчы не даваў рады. Летась цюкаў пеўня, дык траха бяз пальцаў не застаўся, i певень, з рук вырваўшыся, наляцеў, безгаловы, на мацi i новую спаднiцу скрывавiў. Ну, а Лябёдка, хоць i наплёў гаспадынi, што за сваё жыцьцё дванаццаць сьвiней прыкончыў, але ж пры гэтым на бокi азiраўся i вусны прыкусваў. Дзе яму было iх прыкончваць, калi ў Лябёдчыхi ў двары апрача чатырох курэй ды аблезлага ката анiчога больш не вялося.

Дзесятым разам уздыхнуўшы, Iван падцягнуў штаны i пачуў, як недзе непадалёку гэтак жа роспачна ўздыхнуў Лябёдка.

– Нiчога, Ваня, прарвемся!

Яны вылезьлi з кустоў, i Лябёдка, прысмалiўшы беламорыну, стаў знаёмiць Iвана са сваiм плянам.

– Карацей, заходзiм у хлеў, прывязваем да задняй нагi вяроўку i на двор выпускаем. Ты яго за нагу трымаеш, а я... – акiнуўшы вачыма навакольле, Лябёдка засяродзiўся на агароджы, што атачала бабчын падворак, – гакну калом мiж вушэй, а як скапыцiцца – нож у горла.

– Бабуля казала, у яе швайка ёсьць. Так што лепш пад левую лапатку. Крывi ня будзе. I надзейней, – падзялiўся сваiмi думкамi Iван, i кампаньён, пачухаўшы за вухам, няўпэўнена прамармытаў: – Ты думаеш?

На хаду яны дасмалiлi папяросы, паплявалi на рукi i, падышоўшы да агароджы, удваiх сталi расхiстваць кол, якi на добры мэтар уехаў у зямлю. Рабiў гэта Iван з асаблiвым натхненьнем, радуючыся, што калоць кабана давядзецца ўрэшце рэшт не яму, а Лябёдку.

– Эх, Ваня-а! Кусьнем сьвежанiнкi, самагонкi сёрбнем... Жыцьцё! – адным духам вымавiў кампаньён, калi кол быў, нарэшце, выцягнуты. Iван лiзнуў параненую руку – у калу тырчэлi цьвiкi, – перавёў дых i, згадаўшы дом, з маркотаю прамовiў:

– А дахаты калi?

– Заўтра, Ваня, заўтра. У Мар'яны хата вялiкая – месца пераспаць будзе, узвалiўшы на карак альховы друк, Лябёдка шырокiм крокам рушыў на бабчын падворак.

Кабан ляжаў у сваiм катуху i цiха рохкаў.

"Пудоў дзесяць будзе", – падумалася Iвану, калi ён адчынiў загарадку i ўвайшоў у катух. Тут было душна i цёмна. Агледзеўшыся, ён разблытаў нягнуткiмi пальцамi вузельчык на вяроўцы i нечакана пудлiва падскочыў: над галавой ягонай, крануўшыся кiпцюром вуха, узьляцела ашалелая курыца. Спорна б'ючы крыламi, хахлатка вылецела на двор, загарлала на ўсю глотку, i бабка Мар'яна, прыструньваючы гэтую вар'ятку, абурана вымавiла: – Кыш, каб цябе парвала! Празь iмгненьне курыны лямант пачуўся дзесьцi на другiм канцы двара i неўзабаве зьмяшаўся з мэталёвым шоргатам знадворку. Гэта Лябёдка, седзячы на ганку хаты, тачыў нажы i швайку.

Змахнуўшы халодны пот з лоба, Iван зiрнуў на дарэшты заседжаную курасадню, памацаў падзертае вуха i, прысеўшы на кукiшкi, паклаў далонь на цёплы вепручыны азадак. Вяпрук крыху здрыгануўся, задзёр лыч i гэтак жа, як i ён, Iван, пакутлiва ўздыхнуў.

"Ляжыць, уздыхае... пра нешта думае. I пра што, цiкава, можа думаць вяпрук?" – Iван прыслухаўся да мэталёвага шоргату, правёў рукавом па мокрым носе i з дрыготкай у голасе прашаптаў:

– Выбачай, брат... скончылася тваё жыцьцё.

– Ну, як там? – пачуўся той хвiляй незадаволены Лябёдкавы воклiк.

Iван прыўзьняў вепручыную нагу, таропка накiнуў зашмаргу, i кабан, якi дагэтуль ляжаў незварушна, нечакана падхапiўся на ногi, рынуўся да адчыненай загарадкi, i давялося клiкаць на дапамогу Лябёдку, каб загнаць свавольнiка назад у катух.

Зачынiўшы загарадку, Лябёдка рушыў да матацыкла – зьлiваць бэнзын для лямпы, а Iван, прывязаўшы канец вяроўкi да ручкi дзьвярэй, падняў з падлогi пабiты марозам яблык.

– Пачастуйся наастачу, – прамовiў Iван, наторкнуўшы яблык на дубец i працягнуўшы вепруку.

Вяпрук схапiў пачастунак, страсянуў вушамi, закiдваючы яблык на зуб, а раскусiўшы, замёр на iмгненьне. Ён, вiдаць, разважаў – цi варта есьцi тое, што раскусiў, а зразумеўшы, што варта, рохнуў на знак падзякi i з насалодаю зачвякаў шырокай зяпай, пускаючы яблычны сок па адвiслым падбародзьдзi. Кабан чвякаў з такiм смакам, з такой асалодай, што ў Iвана нават зьвяло скiвiцы, i ён, плюнуўшы пракiслай сьлiнай у сьвiнячы лыч, задуменна прамармытаў:

– I як цябе забiць, халеру?

На двары тым часам усё было гатова. На ганку ляжалi наточаныя нажы, запраўленая бэнзынам лямпа гатовая была вырыгнуць сiняе полымя, там жа, ля ганку, ляжаў абярэмак саломы, а пасярод двара стаялi вялiзныя ночвы для трыбухоў.

– Толькi ж... мальцы... каб ён толькi не вiшчэў... – падавала голас бабця Мар'яна, якая мыла гарачай вадой эмалiраваную мяднiцу. – А то ж у мяне ад таго вiскату сэрца абрываецца. – Бабця пабоўтала рукою ў мяднiцы, зiрнула на майстра: – Увесну мужыкi яго лягчалi, дык я ў хаце хавалася ды падушкай галаву накрывала.

– Будзеце наступным разам лягчаць – мяне клiчце! – адказаў на тое Лябёдка, мацаючы пальцам наточаную швайку. – Я iх лягчаю за адну сэкунду. – Лябёдка запiхнуў швайку за халяву кiрзачоў, падняўся з парога i, убачыўшы недавер у бабчыных вачах, п'янаватым голасам растлумачыў: – Бяру бочку... кладу прынаду... парсюк туды лезе, я стаўлю бочку стырчма i... – майстар паказаў рукамi, як ён абразае тое, што трэба адрэзаць, як ён кiдае тое празь левае плячо, i бабуля, уражаная такiм аповедам, плюхнула ваду зь мяднiцы на свае апоркi.

... Напачатку ўсё iшло па пляну. Зацягнуўшы пятлю, Iван наматаў на руку канец вяроўкi, пералез цераз загарадку i, усхвалявана перавёўшы дых, адчынiў мыском чаравiка непадатную зашчапку. Кабан толькi гэтага i чакаў. Спатыкаючыся няўклюднымi нагамi аб карыта, ён выйшаў з катуха, вытыркнуў на двор галаву, але далей не пайшоў – захрас у дзьвярах, утароплена пазiраючы то на Лябёдку, то на альховы друк, што ляжак пасярод двара. На вядро з запаркаю, якое Лябёдка трымаў у выцягнутых руках, кабан не зьвяртаў анiякай увагi.

– Цых, цых, цых, – клiкала бабуля Мар'яна свайго гадунца.

– Еш, гад! – гукаў Лябёдка, кiдаючы едзiва ў парсючыны лыч.

– Пайшоў, падла! – з натугаю выдыхаў Iван, пiхаючы кабана нагою ў азадак, але кабан не прасоўваўся нi на крок.

Цi мала часу яны ўгаворвалi парсюка выйсьцi з хлява, пiхалi яму пад лыч вядро з запаркаю, аж пакуль Лябёдка, згубiўшы ўсялякае цярпеньне, не насунуў тое вядро на парсючыную мазгаўню i, мацюкнуўшыся, ня выцяў нагой па нахабнай пысе. Кабан заенчыў, потым зарохкаў i, панурыўшы сваю палiтую калатушай галаву, рушыў насустрач Лябёдку. Iшоў вяпрук з такой рашучасьцю, што ў Iвана нават прабеглi мурашкi па сьпiне, а бабця Мар'яна, якая стаяла на парозе хаты, спалохана войкнула.

Лябёдка мiж тым не губляў прысутнасьцi духу. Не спускаючы з кабана вачэй, ён паволi адступаў, шнарачы пры гэтым то адной, то другой нагой у пошуках выратавальнай дубiны.

– Уцякайце, ён кусьлiвы! – крыкнула бабуля. Лябёдка падхапiў зь зямлi кол, ступiў крок назад i, зачапiўшыся за ночвы, павалiўся на сьпiну.

– А людцы мае добрыя, а што ж гэта робiцца?! – залямантавала старая. Iван адчайна, аж да сiнечы ў руках, нацягнуў вяроўку, а Лябёдка, якi ляжаў у ночвах i бiў нагамi ў паветры, заезаў вiславухаму нагою ў лыч. Вяпрук завiшчэў, хапануў крыўдзiцеля за мысок кiрзавага бота, i ўжо Лябёдка, выкулiўшыся з начовак, загарлаў што меў моцы, клянучы кабана самымi страшнымi словамi. Паквiтаўшыся зь Лябёдкам, кабан пайшоў у свой сьвiнушнiк, а Iван, убачыўшы гэта, сiгануў у катух i зачынiў загарадку.

Альховы кол абрынуўся на вепручыную галаву акурат у той момант, калi кабан падышоў да дзьвярэй. Удар атрымаўся такi хвацкi, што свавольнiк нават ня вiскнуў, адно толькi страсянуў вушамi i паволi апусьцiў галаву на вышчарблены парог хлеўчука. Празь iмгненьне ўсё было скончана. Не пасьпеў Iван вылезьцi са схову, як Лябёдка, аблаяўшы яго тымi ж словамi, якiмi надоечы абклаў вепрука, задзёр кабану пярэднюю нагу i загнаў у парсючынае цела гостра наточаную швайку. Кабан задрыгаў нагамi, затрос адвiслым чэравам, але глядзець на тыя курчы доўга не давялося, бо побач з кабаном заходзiўся ад болю няўдалы разьнiк. Скрывiўшы твар, ён скакаў на адной назе вакол ночваў i, махаючы скрываўленай швайкай, пякельна мацюкаўся. Давялося падстаўляць плячук i дапамагаць сябру зьняць з пакусанай нагi скарэлы кiрзач. Кiрзач не здымаўся, i тады бабця Мар'яна, ачуўшыся ад сполаху, здушана прамовiла:

– У хату зайдзiце, можа, перабiнтаваць трэба.

У хаце Iван сьцягнуў зь Лябёдкавай нагi абутак, Лябёдка паварушыў пасiнелымi пальцамi i на ўсялякi выпадак змазаў пакусанае месца ёдам з пляшачкi, якую дала бабуля.

– А ўсё ж такi я яго ўмачыў! – зазначыў Лябёдка, зiрнуўшы на бутлю самагонкi. У голасе ягоным гучалi пераможныя ноткi. – Зараз абсмалiм, разьбяром...

– Вы ж глядзiце, кiшку перавяжыце, – незадаволена буркнула бабуля, выкочваючы ў сенi кубел пад сала, I Лябёдка, ня надта цямячы – што там трэба перавязаць, падхапiў бутлю i гэтаксама незадаволена адказаў: – Перавяжам.

Яны чокнулiся, i немы лямант, што прагучаў знадворку, супаў са звонам чарак.

– А людцы мае добрыя! А што ж гэта... А куды ж ён падзеўся-а?!

На хаду глытаючы трунак, Лябёдка кiнуўся да дзьвярэй, а сьледам, падхапiўшы сябруковы кiрзач, рынуўся ў сенi й Iван.

– А што ж гэта такоя-а!! А цi ж не цябе я кармiла-гадавала-а?!

Яны вылецелi на ганак, ачмурэлымi вачыма паглядзелi спачатку на бабцю Мар'яну, потым на перакуленыя ночвы i на пляму крывi ля дзьвярэй сьвiнушнiка. Кабана, якога яны зьбiралiся смалiць, на двары не было.

– А куды ж ты зьбег... куды ж ты зьбег, мой парсючо-ок?! – галасiла старая, i ад гэтага ляманту стыла кроў у жылах, сьцягвалася скура на лобе, i гарачыя голкi калолi ў пахвiне.

Тупкая сьцяжына, што вяла са двара да весьнiц, была пазначана крывавай пасмай, крывёю былi запырсканы i самi весьнiцы, i Лябёдка, перш чым кiнуцца за кабаном, сьцiснуў кулакi i кляцьвенна выдыхнуў:

– Далёка не ўцячэш!

Iван ляцеў, ня гледзячы нi вока, нi бока, а паперадзе, прыпадаючы на босую нагу, бег, як жару хапiўшы, былы кiнамэханiк Лябёдка.

Крывавы сьлед кiраваў да берага ракi. Перагнаўшы сябра, Iван першым уляцеў у кусты, спынiўся на iмгненьне, каб падняць згубленую вепруком вяроўку, i сябра, наляцеўшы на яго, засоплена вылаяўся:

– Чаго ты тут стаў, як ёлупень...

Iван пацёр пабiты азадак, застагнаў, падхапiў вяроўку i так – зь вяроўчынай у адной руцэ i з кiрзачом у другой, – дадыбаў да вады.

– Вунь ён, сука, на дне ляжыць! – не сваiм голасам гукаў Лябёдка, апантана ўглядаючыся ў рачную плынь. Яшчэ празь iмгненьне сябрук ускочыў на камень, няўклюдна махнуў рукамi i нечакана плазам паляцеў у ваду. Халодныя пырскi ўзьнялiся ў халоднае неба, разьляцелiся ва ўсё канцы, кранулiся Iванавага твару.

– Сьлiзка, халера... лёд пад нагамi... – выгукнуў памiж мацюгамi Лябёдка i вокраччу вылез на бераг. Не падымаючыся з каленяў, ён працягнуў Iвану нецярплiвую руку, а Iван не зразумеўшы – што трэба напарнiку, прапанаваў таму кiрзавы бот.

– Вяроўку дай, йоп... – вылаяўся сябрук, схапiў вяроўку i, насунуўшы пятлю на цэўку рукi, зноўку папоўз да вады.

– Трымай, зашмаргу накiну... – Лябёдка чхнуў, страсянуў голай пяткай, i Iван, зразумеўшы такi жэст, ухапiў сябра за ногi. Наперадзе, мэтрах у трох ад берага, i папраўдзе штосьцi бялела. Лябёдка ўвайшоў на руках у ваду, замер на iмгненьне, усё адно як той кабан, раскусiўшы яблык, потым зноўку чхнуў i паехаў на руках, сьлiзгаючы далонямi коўзкiм дне. Iван паспрабаваў выцягнуць сябра на бераг, пры гэтым наступiў на вяроўку, i сябра, пусьцiўшы бурбалкi, адчаўна ўдарыў яго пяткай у пахвiну. Ад удару пацямнела ўваччу, падкасiлiся ногi, i цяпер ужо Iван, пасьлiзнуўшыся, з усяго маху абрынуўся ў Ловаць.

Ад ледзяной вады заняло дух, халоднымi шчымётамi сьцiснула сэрца. Пачабохтаўшыся ў рацэ, Iван ухапiўся рукой за Лябёдкавы штаны, потым за нейкi кусьцiк i, коўзаючыся на каленях па лёдзе, вылез на бераг.

– А навошта ж я цябе кармiла-паiла-а! А навошта ж я цябе дала калоць гэтым няўпрочына-ам! – надрывалася ў кустах бабка Мар'яна.

– Ну, што стаiш, як усраўшыся? – адплёўваючыся тваньню, выгукнуў Лябёдка. – Бяжы, цягнi якую жардзiну!

Iван памкнуўся бегчы, але ногi амаль ня гнулiся, i давялося шыбаваць на паўсагнутых, ляскаючы зубамi i сьцепанаючыся пасьля кожнага парыву ветру. Выламаўшы жардзiну, Iван згледзеў дзьвюх цётак, якiя беглi да ракi i, ня цямячы – хто патануў, заломвалi рукi i гэтак жа, як бабця Мар'яна, галасiлi. А д гэтага ляманту Iвану нават зрабiлася горача, ногi набылi былую гнуткасьць, i ён, узьняўшы жэрдку над галавой, як гэта робяць афрыканскiя тубыльцы, на злом галавы кiнуўся да берагу.

Лябёдка падхапiў жэрдку, крутнуў яе, перакiдваючы з рукi на руку, i пры гэтым заехаў адным канцом у лоб асiплай ад крыку Мар'яне. Бабка ацiхла, жордка торкнулася ў ваду, i па тым гуку, якi даляцеў з рачных глыбiняў, можна было зразумець, што на дне ляжаў не вяпрук, а вялiкi камень.

– Што рабiць будзем? – улякнута запытаўся Iван, калi яны адбеглi мэтраў на дваццаць нiжэй па цячэньнi.

– Што-што... Кiпцi драць, пакуль нумары ня згледзелi! – Лябёдка шпурнуў жардзiну ў раку, загадаў Iвану прыхапiць ягоны бот i, прыгнуўшы голаў, кiнуўся, прадзiраючыся скрозь кусты, у бок бабчынай хаты.

Iван дагнаў кампаньёна ўжо за вёскаю. Сьвецячы голай пяткай, кампаньён бег, пiхаючы матацыкал, на хаду нацiскаў на понаж, спрабуючы завесьцi свой драндулет, i пры гэтым прыкметна накульгваў на левую нагу.

– Аб-буваць... б-будзеш? – гукнуў Iван, махаючы ў паветры кiрзачом.

– У кусты заедзем – тады, – кiнуў праз плячук кампаньён, не збаўляючы тэмпа. – Давай лепш... падпiхнi! – i Iван, ушчаперыўшыся зубамi ў халяву Лябёдкавага кiрзача, вызвалiў такiм чынам рукi i ўпёрся абедзьвюма рукамi ў сядзеньне "Панонii".

Заехаўшы ў кусты, спынiлiся, каб выкруцiць мокрую вопратку. Iван вылiў ваду з чаравiка, выкруцiў кашулю, майку i шкарпэткi. Нагавiцы выкручвалi на пару з Лябёдкам i круцiлi iх да тае пары, пакуль штаны не затрашчалi.

– Н-не п-памятаеш, п-пад якую л-лапатку я ям-му ўляпiў? – запытаўся сябра, калi штаны былi выкручаны.

Згадваючы, пад якую лапатку была загнаная швайка, Iван зiрнуў угору, страсянуў мокрай чупрынаю i, набiраючы паветра для чыху, вымавiў:

– Пад правую.

– Пра-авую... – перадражнiў кампаньён, сморкнуўся ў жменю i, выцягнуўшы з кiшэнi разьмяклы трульнiк, прыляпiў яго на голую лытку.

Iван хацеў сказаць нешта ў сваё апраўданьне, але скiвiцы зьвяло ад холаду, Ён зiрнуў на дрыжачую Лябёдкаву лытку, чхнуў другiм разам i выцер вiльготнаю майкай сьсiнелыя вусны.

Матацыкал анiяк не заводзiўся. Каб яго завесьцi, патрэбны быў разгон, роўная дарога. Яны ж лезьлi па такiх калдобiнах, што ў Iвана ад натугi нават халодны пот выступiў на лобе. Змарыўся i гаспадар "Панонii". Лябёдка глуха соп, штохвiлi пляваўся, клянучы "мадзярскага пердуна" (так ён называў матацыкал), бабчынага кабана i ўсьвяцкiх пылякаў.

Вятрыска, якi дзьмуў у сьпiны, праймаў да касьцей, увушшу гуло i зьвiнела, уваччу мiльгцелi чорныя мятлушкi, i пiхаць "пердуна" ўжо не ставала сiлы. Нейкая хваравiта-млявая стома разьлiлася па целе; Iван ня столькi пхаў матацыкал, колькi абапiраўся на яго, каб лягчэй было iсьцi.

– Нiчога, Ваня, зараз бальшак будзе... там дарога пакатая... завядзёмся... – мармытаў Лябёдка, i словы гэтыя зморана застывалi ў горле.

Калi да чурылаўскага бальшака заставалася ня болей, чым паўкiлямэтры, паперадзе блiснула сьвятло, i натужлiва застагнала машына. Каб не трапляць абы-каму на вочы, яны збочылi з праселiцы, прыхавалiся разам з матацыклам за кустамi.

Па прасёлку кратаўся, абмацваючы навакольле сьвятлом фараў, вуркатлiвы "ўазiк". Лябёдка праводзiў легкавiк дапытлiвым позiркам, жарынкi фараў лiхаманкава заскакалi ў ягоных вачах, i ён, утулiўшы голаў, ледзь чутна прашаптаў:

– Цi не мянты паехалi?

Цяжка сапучы, яны выкацiлi "пердуна" на чурылаўскi гасьцiнец. Пхнуўшы матацыкал апошнiм разам, Iван павалiўся на халодны жвiр, заплюшчыў вочы i па шоргату шын адчуў, што Лябёдка павярнуў не направа, у бок Чурылава, а ў супрацьлеглы бок.

– Праз Рамнi паедзем. У Чурылаве павязаць могуць. Бачыў, "уазiк" паехаў? Лябёдка таргануў нагою понаж, але матацыкал нават ня чхнуў. – Уставай, Ваня, кiлямэтраў празь пяць вёска будзе – там i заначуем.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю