Текст книги "Салдацкi лёс (на белорусском языке)"
Автор книги: Василь Быков
Жанр:
Классическая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)
Быков Василь
Салдацкi лёс (на белорусском языке)
Васiль Быкаў
Салдацкi лёс
Дыялог з нагоды
– Гэй, цесля, перакур!
– Перакур, кажу. Пашкадуй сякеру!
– А-а! А я i не пазнаў. Гляджу, думаю, хто такi? Ну чакай, зараз злезу.
– Памагчы мо?
– Ну што ты? Я сам... Прывык, так што... Здалёку iдзеш?
– Ды з раёна. Чую, цюк-цюк. Гляджу, знаёмая галава тырчыць. Думаю, зазiрну на хвiлiну.
– Ну здароў! Калi так...
– Здароў! Глядзi, ладная дамоўка. З трысценам?
– З трысценам. Хай на яго. Трэба! Старая саўсём ужо струхлела, думаю, хоць на старасцi ў новай пажыць. Ды i сын...
– Што, можа, ажанiўся?
– Не яшчэ, але, знаеш, збiраецца. Дзейсцвiцельную адслужыў жа. У сiле дзяцюк.
– Глядзi ты! А памятаю, нядаўна во такi быў.
– Яно здаецца – нядаўна. А гады iдуць.
– Ды ўжо ж.
– Дык сядзем. Калi перакур, кажаш. Не спяшаешся ж? Во на бервяно гэта. Гладкае. Курыш?
– Можа, маiх? Свежанькiх?
– Гэта якiя? А, балгарскiя. Не, я свае, памiрскiя. Ад iх, кажуць, крэпасць у нагах.
– Праўда? Не чуў. А ты чаго кульбу не зменiш? Цяпер жа пратэзы робяць лепш за ўласныя.
– Ат, прывык. Ды i не збяруся. Пастройка гэтая... Усе жылы выцягнула.
– Аднаму – жах! Як гэта ты адважыўся? Рызыковы чалавек. Хаця ваяка ж!
– Рызыковы – не рызыковы, а што зробiш? Праўда, не хачу хлусiць – зрубiць сын памог. Браў водпуск. Дый сябрук адзiн – з вайны яшчэ – памог. Мiкалаiхi, што з Асавiння, брат. Мо ведаеш?
– Ну, калi сябрукi не забываюць, то паўбяды.
– Як табе сказаць? Папрасiў – памог. Выхадных са тры падзёўбалi. Самшылi. А ў цябе ж – новая?
– Дзе там – новая! У старой жыву. Перакрыў толькi тым летам.
– Шыфер?
– Не, якi шыфер! Дранкай.
– А ў нас дык многiя шыфер падаставалi. Фёдар – брыгадзiр i Тэклiн прымак гэты, што з трактарам у азярко звалiўся. Не чуў такую сабыцiю?
– Гэта вясной?
– Ну. Дастаюць недзе, халеры.
– Канешне,дастаюць. Тыя, хто талент маюць, як кажа наш дзед Лявон...
– Глядзi, жывы яшчэ?
– Жыве. Што яму. Нас з табой перажыве. Дык, кажа, талент трэба. Кожнаму ў жыццi выпадае па яго таленту. Што зрабiў – тое i палучай.
– Ну, не кажы! Тут я не згодны. Талент – талентам, а i лёс не мiнай. Цi там случай. Ён тожа, брат, многа значыць. Часам, што чорт з шапкi выме, тое i будзе. У цябе вунь двайня, а ў мяне во, бач, кульба. Дзерава! Думаеш, яна мала мяне памучыла? Ого! Двойчы рэзалi. Як пiлуюць – не чутно, бо ўсыпляюць. Затое пасля – хоць на сцяну лезь. А Краўчонак вунь гойсае на дзвюх ды яшчэ з ордэнам. А разам, у адной роце, ваявалi.
– Гэта якi Краўчонак? З Замошша?
– Ну а якi ж! Ордэн Ленiна атрымаў. За Кiшынёў. А бывала, трусаваты быў. Яшчэ я падганяў усё. Зямляк жа.
– Ну, мусiць, гэта ты загiбаеш. Каб трусаваты, не далi б.
– Не верыш? Яй-богу, не хлушу. Далi – было за што, гэта праўда. Але тут, браце, болей чорт цi выпадак паспрыяў. Я ж ведаю. На маiх вачах усё было.
– Гэты цi не ў Ясса-Кiшынёўскую?
– Ну! Узводны паслаў трох – сяржанта Дзянiсава, мяне i гэтага Краўчонка. Лiнiю зматвалi. Якраз цераз лес дарожка iшла. Лес, скажу табе, спрэс дубовы, мацнецкi лясок. Дубы аж да неба i падлесак ладны. Iдзем. Дзянiсаў наперадзе, слаўны такi хлапец, сiбiрак, малады яшчэ, а геройскi, два ордэны меў, камандзiрам быў лiнейнага аддзялення. За iм я – кручу на шпульку, а шпулька старая, халера на яе, усё заядае, шасцяронка спрацаваная.
– Трафейная, мусiць?
– Не, шпулька свая, памятаю. А кабель, праўда, трафейны. Чырвоны. У наступленнi яго процьма. Мы не вельмi i даражылi iм, калi дык i не зматвалi, адключыш апараты i далей. На новым месцы знойдзем i кабель.
– Во як! А мы, памятаю, у абароне на калючым дроце працавалi. Замест кабелю – калючкi ў траншэi i нiчога – балакае начальства.
– Дык то ж у абароне. У абароне на ўсё лiмiт: на харч, снарады, махорку нават. У наступленнi ж наконт гэтага раздольна. I шнапсу трапляла нават. Дык лiнiю тую трэба б кiнуць, i ўсё. Але Дзянiсаў не даў. Загадана, кажа, значыць, трэба выканаць. Службiст быў. Ну iдзем i матаем. Краўчонак поўныя шпулькi нясе. Ужо, напэўна, вярсты са дзве знялi, у Краўчонка тры цэлых шпулькi, у мяне амаль поўная. I Краўчонак усё азiраецца, вядома ж, боязна iсцi ззаду. А скажу табе, немчуры там поўна было. Абкружылi ж iх пад Кiшынёвам...
– А, чуў. Лектар неяк казаў. Быццам пятнаццаць тысяч.
– Гэ, пятнаццаць! Дрэнна ён тады ведае, твой лектар. У цябе гарыць?.. Халера, някрэпкiя сталi сiгарэты, ды i не гараць. Падмочаныя, цi што?.. Пятнаццаць? Усе трыццаць. Цi нават пяцьдзесят. Яны, брат, як ваўкi, паразбягалiся, хто куды. Каторыя, праўда, у палон здавалiся, а каторыя эсэсаўцы, власаўцы цi там начальства, – тыя ўсё на захад, напралом да сваiх. З гэтымi ў нас стычкi былi ого! Браце ты мой! Камандзiра брыгады там паранiла. Ага, дык iдзем, значыць, i чуем, быццам за кустамi тожа хтосьцi нiбыта брыдзе. Прыслухалiся – сцiхла, быццам i няма нiкога. Толькi зноў рушылi, Дзянiсаў як крыкне: "Хальт!" Я, знаеш, за шпулькай так i прысеў. А Краўчонак ужо ляжыць. I тут, бачым, у кустах як iрванецца – чалавек з пяць. Наўцёк. Я толькi спiну аднаго ўбачыў – блiзка, во як да зруба. Шапка iхняя i шынель з чорным каўняром. Я шпульку ўбок i за аўтамат. А Дзянiсаў: "Стой, – кажа. – Так возьмем". I чаргой па дубах – ажно кара пасыпалася. Верхам браў, значыць. I сам туды, у кусты. Я за iм. О, чакай, брыгадзiр коцiць. Фёдар! Фёд! Дык гэта наконт каня як?
– На калi?
– На заўтра ранiчкай...
– Заўтра не будзе. Заўтра ветправерка. На яшчур.
– Во хай яе. Ну, можа, пад вечар?
– Кажу, заўтра нельга.
– Калi ж тады?
– Пройдзе праверка, пасля. Цяпер некалi.
– Ну канечне ж, некалi яму. Пагнаў у Стайнiкi да Iллючонка чымергес пiць. Не вiдно хiба. Да...
– Ну што ж... I выпiць трэба.
– Трэба! Хто кажа – не трэба? Гледзячы калi i як.
– Ну, ну. Дык Дзянiсаў у кусты. А далей?
– Што далей? Далей – як пырсне чарга, дык мы вобзем. Чую, морда ўся мокрым заляпана. I пагоны, барада, рукi. Аж спалохаўся. Ды не балiць. Што за халера! А пасля бачу – ляжыць Дзянiсаў, i мазгi на траве. Ты бачыў калi мазгi на траве?
– Не, не дай Бог...
– Не дай Бог! Я аж зледзянеў. I бачу, пабеглi трое. За дубы. Я прылажыўся, як даў – адзiн вобзем. Адзiн – прама, адзiн – убок. Ну, ускочыў, кажу Краўчонку: "Лапай таго!" – што ўбок, значыць. А сам за пярэднiм. Як прыпушчу. Чорт, адкуль толькi спрыту набраў. Хаця маладзейшы ж быў. I два скакуны меў, не тое што цяпер. Як урэзаў – гляджу, даганяю. Ладны такi фрыцуга, цыбаты, у камбiнзоне. Ён па мне з-за дуба пук-пук – кулi ля вуха. А i я за дуб. Камель во! Нiякая куля не возьме. Ён пукне – ды за наступны. А я – за ягоны. Так i гулялi ў даганялку. I я, ведаеш, правiльна разлiчыў. Думаю, страляй, страляй, – у мяне болей патронаў. Я цябе прыцiсну...
– Ге, не дужа iх лёгка было прыцiскаць. Мы раз пад Аўгустовам акружылi чалавек сто, дык бiлiся да апошняга. Толькi параненых некалькi засталося. Астатнiя – трупы.
– Ну... Не, я правiльна скумекаў. Сышлiся мы за адзiн дуб. Значыць, дагнаў я яго. Ён па адзiн бок, я – па другi. Тут ужо ўцякаць яму – не з рукi, баiцца, адбяжыць – я i тыркну ў спiну. Дык ён хаваецца. Я аўтамат напярод i бокам за iм. Ён бокам ад мяне. я ў другi бок – ён таксама. Як дзецi. Цяпер дык аж смешна. Тады – не да смеху, праўда, было. Злосць мяне разабрала, ашалеў проста. За Дзянiсава – такi хлапец!.. I вось якраз падляцеў – прама на яго парабел. Чую – трэсь, курок, значыць, а стрэлу няма. Асечка, цi што? Цi, можа, патроны ўсе?
– Асечка. Калi патроны канчаюцца, тады гэты парабел iх затвор паднiмае. Тарчком так.
– Можа, i асечка, ага. Падскочыў я ды як трахну яго прыкладам, ён i паляцеў спотырча. Я зверху. Згрэб яго рукi, аўтамат мой не ведаю, куды i дзяваўся. Але i ён, гадзiна, дужы, рукасты фрыц, не якi там пархацiк. Пiсталет у яго выпаў, ну, думаю, цяпер ты мой, галубчык. I тут трохi здзiвiла мяне, помню, рукамi ён не за мяне, а нешта за сябе хапнуўся. Так, глядзь я гэта, а ў яго на двух пальцах ужо колца з чакой. Выдзернуў, значыць. а ў другой граната.
– Ого!
– Я ўвесь ахалонуў, аж воласы дыбам. Але неяк паспеў, згрэб ягоную лапу з гранатай. Як цяпер памятаю -зялёненькая такая, круглая, бы гусiнае яечка, з паскай пасярэдзiне. а ў канцы – вядома, узрывальнiк. Знаеш жа – планку адпусцiць, пстрыкне i – капут абодвум. Кiшкi на сучча... Дай тваiх паспрабаваць, балгарскiх, гэтыя нягеглыя нешта. Сiгарэт i тых людскiх прывезцi не можа. Гандлярка наша.
– Мусiць жа, сама не курыць?
– Сама-та не. Дык мужык курыць. Магла б пацiкавiцца. А то ж без курава якая жызнь!
– Не дужа яны тым цiкавяцца.
– Ось i бяда. Iм абы выручка i каб клопату менш. Хаця магло i на базе не быць. I такое мажлiва. Ну. Дык, значыць, сапiм мы абодва i выкручваемся, як вужы. I ўсё ж я ашчаперыў яго лапу i дзяржу, аж жылы мае трашчаць. А ён i так, i гэтак – морда ўся ў поце, вочы на лоб, зуб сталёвы ў роце блiскае – болей мне з таго зуб гэты запомнiўся – белы, як лыжка, блiскучы. I, мусiць, не ўтрываў я, здаў недзе. Ён i пхнуў гранату абоч, якраз ля майго калена ў траву. Я, ужо халадзеючы, неяк злаўчыўся, нагой яе як шпоркну ад сябе. Чую, хляснула – узрывальнiк, значыць, я на другi бок за яго, а тут як грохне – дымам, зямлёй завалiла, боль... Не дакумекаеш ужо, што i балела. Проста боль, хоць заравi я i ачумеў. Самлеў. Нiчога не помню.
– Во i ў нас гэтак было. На Пулкаўскiм. Наш аддзялённы Яфiмкiн першы ўварваўся ў дзот, схапiў кулямёт iхнi... I давай...
– Ты чакай... Ачнуўся, чую – смярдзiць калёным, падняў галаву – млосна i ванiтаваць хочацца. Ляжым мы крыж-накрыж – ён, праўда, на мне – i недзе рыззё тлее. А пада мной мокра – кроў яго i мая – усё ў адной лужыне. Неяк сапхнуў яго – камбiнзон у шматы, ўся спiна, знаеш, нiбы ваўкi яе рвалi. Але i я – не дай Бог! Крануўся – чую, хана! Нага нежывая, косць тырчыць, ад бота – кiрзовыя ласкуты. Давай крычаць. Разы два вякнуў i зноў самлеў.
– Ну! Ведама ж, калi крывi столькi. I яшчэ вады хочацца, ага?
– Во праўда. Смага – гарэла ўсё.
– Гэта ад крывi. Кроў выходзiць – пiць хочацца. Знаю... I з Яфiмкiным так было, ледзь уратавалi. Ну, прадставiлi яго да Героя, а нас – каго да Айчыннай, каго да адвагi...
– Усё ж пашэнцiла. Пачулi сапёры. Унялi кроў, вывалаклi мяне на дарогу. У таго фрыца дакументы забралi. Прывязлi ў вёску, дзе штаб наш. А Краўчонак ужо сядзiць на прызбе, чакае палкоўнiка да залiвае хлопцам, як немца лавiў. Аказваецца, i ягоны фрыц тут жа, у хаце. Як мы разбеглiся ў лесе, Краўчонак з iм дужа не цацкаўся -куляй цюкнуў у плячо, той i задраў руку ўгору. Ну, Краўчонак i выгнаў яго на дарогу. Падбеглi байцы – глядзяць, што за звер. А немчык стары такi, з адышкай, даволi плюгаваты – словам, нiкчэмны фрыцок. Адно толькi пагоны нешта дужа кручоныя. Павялi ў штаб, а там як убачылi, як набеглi, – аказаўся генералам, крыж такi меў з дубовымi лiсцямi. Ну яго, канешне, на самалёт i – у штаб фронту. Да самаго камандуючага. А мой фрыц, калi раскумекалi ў дакументах, быў ягоны шафёр. Каб на цябе халера! Ну, вядома, праз месяц Краўчонку – ордэн Ленiна, сяржанта прысвоiлi. Во як! А я ўжо на тым i скончыў – сем месяцаў у шпiталi – адзiнаццаць ран, не жартачкi. Нагу адцяпалi па калена. Во як!
– А мы гэта свае мядалькi праз тыдзень i палучылi. А Яфiмкiн, бедалак, прыходзiць са шпiталю, няма нiчога. Кажуць – на Героя не пацягнуў. Так i застаўся без нiчога.
– Ну дык гэта што! А Краўчонка ў штаб узялi. Як жа – з такiм ордэнам. Гэткай узнагароды нават палкоўнiк не меў. Дэмабiлiзаваўся – у калгас ужо не пайшоў, старшынёй сельпа паставiлi. Вунь паглядзеў бы на яго дамоўку.
– Бачыў. З верандай, сiнiм пафарбавана.
– Ну. Жыве чалавек! Але хай! Я не шкадую. Супраць нiчога не маю. Толькi думаю: ось жа каму пашэнцiць, а каму i не...
– Гэта так, канешне.
– Во я i кажу.
– Жыццё! Глядзi, а ў цябе ўжо i бульбачка зацвiтае. Скараспелка?
– Ну. Ледзьве пад старасць на жыццё ўзбiўся. А то ўсё па бальнiцах. I, халера на яго, – бо не за тым пабег. Але хто ж ведаў, за кiм было бегчы.
– А я сваю ўжо раз паганяў. Ды дрэнь нешта. Калi б сорт памяняць.
– Ось так яно. А бульба што – вырасце. Хоць драбненькая. Вунь лета быццам нiшто стаiць.
– Лета нiшто. Людскае.
– Ну! А ты кажаш...
1966 г.