Текст книги "Раман з эпілогам"
Автор книги: Іван Навуменка
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 2 страниц)

I
3 рабочага цягніка я злез ціхім вячэрнім часам на раз'ездзе, які ў праваднікоў і кандуктараў носіць назву дзвесце семдзесят трэцяга. Звычайна ж яго завуць Дзеўкамі, бо ён прылягае к вёсцы з такой самай назвай.
– Хто к дзеўкам – скакай! – пачулася каманда, пададзеная нейчым басам, і трое хлопцаў у вопратцы чыгуначнікаў ірванулі з вагона ў тамбур. Я падаўся за імі.
На раз'ездзе нічога не змянілася. Як і раней, стаіць на сваім месцы слуп з ліхтаром, а крыху воддаль прысадзістая будыніна з жалезным дахам, дзе жывуць брыгадзір пуцейцаў і абходчык. Ніякіх адмецін добраўпарадкавання не відаць: ні памяшкання для пасажыраў, ні білетнай касы, ні нават лавачкі, на якой можна было б прысесці. Я дагэтуль не ведаю, хто запальвае ліхтар, якім ноччу выяўляецца наяўнасць гэтага закінутага раз’езда. Можа абходчык, а можа брыгадзір пуцейцаў, хоць такая работа, здаецца, і не павінна ўваходзіць у кола іх прамых абавязкаў.
Трое хлопцаў, што першымі саскочылі з цягніка, ледзь не подбегам пашыбавалі ў вёску. Я не спяшаўся. Мне не хацелася спяшацца і не было куды...
Калі б у мяне спыталі, чаго я прыехаў у Дзеўкі, ахвяраваўшы рэштай двухмесячнага дырэктарскага адпачынку, я це адразу б здолеў адказаць. Тым болей, што адпачынак гэты супадае з рамонтам школы, нарыхтоўкай дроў, наладжваннем вытворчай базы і іншымі не надта салодкімі рэчамі. У такіх выпадках звычайна гавораць, што прыехаў дзеля спаткання з маладосцю, з людзьмі і мясцінамі, якія яе сагравалі. Можа і так. У Дзеўках я пачынаў сваю настаўніцкую кар'еру. У гэтай вёсцы мне прыйшлося пражыць два маладыя гады.
Ад раз'езда да вёскі вярста, якую можна прайсці мноствам сцежак, пратаптаных па пясчаным полі. Раней нават жартавалі, што ў кожнага тутэйшага гаспадара свая сцежка. Вунь той, справа, паўз хмызнякі дыбаў, прыгнуўшыся, гарбаты Кокуль. Ён адзін вылоўліваў у рачулцы Вароне ўсіх шчупакоў, ментузоў і язёў, а калі іх не было, то ракаў, і трухаў са сваёй ношкай к поезду, на базар. Сцяжынай, якая трохі лявей, прабіралася, нібы ліса, удава Музыкаліха. Яна заўсёды енчыла, што едзе ў горад к доктару, але ніколі не забывала прыхапіць з сабой кошык з грыбамі ці бідон з малаком. Музыкаліха жыла адна душой, але каровы трымала дзве. Астатні люд пёр напралом, паласуючы сцежкамі поле: спяшаўся штораніцы на заработкі.
Калі ісці з раз’езда ў вёску, то сцежак хоць і многа, але могілак не абыйдзеш. Яны якраз насупраць: зялёны ўзгорак, на якім у маўклівай велічы стаяць некранутыя сталетнія хвоі і маладыя дубкі. Стары славянскі звычай: перш за ўсё паказаць прыезджым людзям свае могілкі. Тут летапісы і манускрыпты вёскі, яе легенды і паданні.
Дзень дагараў. Сонца садзілася за сцяной бору, што цягнуўся на захад ад чыгункі. Праменні яшчэ залацілі вершаліны сосен на могілках, а ўнізе па полі папаўзлі ўжо сіняватыя цені сутоння. Я рушыў к шалашу, які стаяў пасярод поля, засаджанага капустай, рэдзькай і кармавымі буракамі. У ім ужо гадоў з трыццаць зарабляў свой вартаўніцкі хлеб судом мне дадзены цесць, кульгавы Міна.
У шалашы гаспадара не было, і ў чаканні яго я прылёг на капе аўсянай саломы, складзенай проста ў капусце. На гэтай капе мой родзіч, відаць, нёс сваю службу, адсюль аглядаў свае ўладанні, бо салома была ёмка ўтаптана.
Змерклася. Недзе зарыпаў гармонік, з вёскі даносіліся прыглушаныя зыкі песень і смеху, а тут, на полі, панавалі цішыня і спакой. Было светла. Месяц, поўны і круглы, як гарадскі ліхтар, павіс збоку, над самым лесам. Лілі на зямлю сваё зыркае святло жнівеньскія зоры.
Я веру, што ў кожнага чалавека ёсць сваё адчуванне часу; яго непаўторнасці і красы, адчуванне, якое цяжка выказаць словамі. Я заўсёды любіў вечары на схіле лета, з іх паэзіяй задуменнасці і цішыні; з іх бяз– донным, зорным небам, асабліва ўрачыстым у такую пару. У гэты час, здаецца, у прыродзе адбываецца нешта вялікае, агромністае, а ты толькі прысутінічаеш маўклівым, зачараваным сведкам...
Мяне агарнулі ўспаміны. Поле, ціхі вечар, могілкі, гармонік і песні ў вёсцы – усё, здаецца, як і тады. Час нібы спыніўся. Але ты ўжо не той.

Ты адчуваеш гэта сэрцам і ўсёй сваёй істотай. I пусці цябе па дарогах і сцежках, якія ты некалі прайшоў, і ты б, здаецца, здолеў шчасліва абмінуць усе каменні і завалы...
II
Першы раз я прыехаў у Дзеўкі ў трыццаць дзевятым годзе. Малакасос у касцюмчыку, купленым яшчэ на матчыны грошы. Меў па тым часе дзевятнаццаць гадоў, восем класаў цвёрдай адукацыі і дыплом трохмесячных настаўніцкіх курсаў. Такія педагогі, як я, тады трапляліся нярэдка. Маладых настаўнікаў з інстытуцкай асветай забіралі на вайсковую службу, некаторых пасылалі ў заходнія вобласці Беларусі, толькі-толькі вызваленыя ад паноў.
Па шчырасці, дык я сам напрасіўся ў Дзеўкі. На сваю бяду. Адсюль паходзіла бабка, маці маёй маці, была сякая-такая радня, і думалася, што каля блізкіх людзей будзе лепш, чым на чужыне. Пра кожную вёску ходзіць свая слава, добрая ці благая. Калі ўспаміналіся Дзеўкі, то пра іх звычайна гаварылі ўсміхаючыся:
– Калі яны дзеўкі, дык любяць замуж выходзіць...
Гаварылі і горшае.
– У Дзеўках есці не дадуць, а пераначаваць, калі ласка...
Але я, малады, лічыў такія гаворкі забабонамі, перажыткам мінулых дзён.
Вёска звычайная, саламяная. У яе агульным малюнку было нешта вясёлае, разухабістае. Дзве вуліцы крыж-на-крыж, і амаль у самым цэнтры, на выгане, паравы млын. Хаты і наогул уся забудова не мелі якога-небудзь пэўнага парадку: адна хата глядзела на вуліцу вокнамі, другая – глухой сцяной, у адзін двор можна зайсці проста з вуліцы, у другі – вузкім, адгароджаным правулкам, мінуўшы агарод, сад і хлявы.
Народ тут жыў неяк лайдакавата. Зямля не благая, і, каб урабіць яе як след, можна было б жыць з хлебам. Але аб ёй не дбалі. Галоўны клопат ляжаў у заработках. На пабочны промысел падаваліся ледзь не з кожнага двара. Па святах – іх у Дзеўках было вельмі многа – вёска гула песнямі. Выпіць і паспяваць тут любілі, кожнае свята цягнулася два—тры дні, і мне нават здавалася, што святы выдумлівалі спецыяльна.
Хлопцы фарсілі ў хромавых ботах з апушчанымі гармонікам халявамі і насунутымі на іх калошынамі штаноў, дзяўчаты – у пярэстых сукенках і лодачках. Абыходжанне хлопцаў з дзяўчатамі мне, таксама вяскоўцу, здалося залішне вольным, абразлівым, але ўсяму гэтаму тады я яшчэ не аддаваў увагі. Пры дзяўчыне тут маглі і мацюкнуцца і наогул не саромеліся непрыстойных учынкаў.
Калі толькі ехаў на працу ў Дзеўкі, думалася, што сур'ёзна займуся самаадукацыяй, паступлю вучыцца ў завочны тэхнікум. 3 першай палучкі купіў сабе гадзіннік і настольны каляндар, у якім распісаў заняткі над павышэннем уласнай адукацыі на кожны дзень. Ды нахлынулі справы больш неадкладныя. У дзевятнаццаць гадоў прыходзіць тое, што павінна прыйсці. Я закахаўся.
Тая першая восень маёй работы ў школе супала з пачаткам вялікай вайны. Германія напала на Польшчу, разгаралася полымя сусветнага пажару. Пра тое, што фашысты асмеляцца ваяваць з намі, у той час ніхто не думаў, але нейкая трывога ўсё ж навісла ў паветры. К заходняй граніцы ішлі эшалоны з артылерыяй, танкамі, войскам.
Я ж марыў аб вучобе, ведаў таксама, што праз год—два мяне прызавуць у армію, а пакуль што добрасумленна складаў канспекты па арыфметыцы, батаніцы і геаграфіі (я адразу вёў тры прадметы ў пятым класе), а вечарам, калі надаралася вольная хвіліна, бег на раз’езд к вячэрняму цягніку. Цягнік для мяне быў тады пасланцом з вялікага і шырокага свету, у якім ішло цікавае, незвычайнае жыццё, зусім не падобнае на тое, якое я бачыў у Дзеўках.
На раз'ездзе я і пазнаёміўся з Алесяй. Тоненькая, чарнявая дзяўчынка кожнае суботы злазіла з рабочага цягніка, трымаючы ў руках фанерны, пафарбаваны ў зялёны колер, чамаданчык. Аднойчы мне прыйшлося ісці поруч з ёй у вёску. Быў цёплы вечар, поле ахутаў змрок, у небе свяцілі чыстыя, асеннія зоркі.
– Баюся могілак, – сказала Алеся. – Дрыжу, калі іду паўз іх адна. Ведаю, што нічога страшнага на свеце няма, ніякай нячыстай сілы, а ўсё адно баюся...
Яна вучылася ў педагагічным тэхнікуме, на другім курсе, хоць была маладзей за мяне на два гады. Мы вельмі хутка, за нейкія лічаныя дні, сышліся ў поглядах на жыццё, у сваіх сімпатыях і антыпатыях. Мы любілі адны і тыя ж кнігі, адных і тых пісьменнікаў. Тыдні праз два пасля першага знаёмства я ўжо ведаў, што не магу без Алесі жыць.
Была яна, як дзіця: непасрэдная, шчырая, даверлівая і зусім не ўмела таіць сваіх пачуццяў. I хоць па адукацыі яна ішла вышэй за мяне (у іх тэхнікуме прайшлі ўжо прагрэсіі, адносіны і лагарыфмы, а я толькі планаваў іх вывучэнне ў сваім календары), героем у яе вачах быў я. Я ж ужо настаўнік, а яна толькі вучыцца!..
Восень у той год была цёплая, бабіна лета зацягнулася ледзь не да самага лістапада. Горад блізка, за дваццаць кіламетраў, і Алеся прыязджала дамоў па два, а то і тры разы на тыдзень. Я ведаў, што гэта дзеля мяне. Колькі было іх, незабыўных вечароў, калі мы марылі і цалаваліся!
Мары сягалі высока. Я развіваў перад дзяўчынай самыя смелыя планы, у ажыццяўленні якіх галоўнай дзеючай асобай рабіў самога сябе. То я экстэрнам канчаў тэхнікум і смела ступаў у вышэйшую навуку, рабіў пераварот у педагогіцы, то ішоў у армію, станавіўся камандзірам, здзяйсняў подзвіг, пра які пісалі ў газетах. Бясконцая чарга гераічных спраў была намечана ў тыя памятныя цёплыя вечары...
Алеся сагравала мае летуценні. Са сваім каханнем яна звязала ўсё лепшае, да чаго сама імкнулася ў жыцці. Дзяўчына баялася толькі, што я паеду здзяйсняць запланаваныя подзвігі адзін, без яе, і мне будзе цяжка. Я стаў яе героем і рыцарам. У вянок сваіх мар яна ўпляла самыя прыгожыя кветкі і гэты вянок усклала на мае плечы...
Калі разбірацца глыбей, то мы былі дзеці свайго часу і ў нашых марах было шмат ад яго героікі: перад вачамі стаялі подзвігі папанінцаў, абаронцаў граніцы ля возера Хасан і ракі Халхін-Гол, праслаўленых лётчыкаў.
На гэтай агульнай хвалі мы і плылі, не заўважаючы і нават адварочваючыся ад звычайнай будзённасці і друзу жыцця.
У тыя самыя вечары, калі, затуліўшыся ў засені школьнай бярозы, мы трызнілі ўслых аб будучым, на вуліцы раўлі і галёкалі п'яныя галасы, нясліся дзікія выгукі і лаянка. Але мы гэтага не чулі, праўдзівей кажучы, не хацелі чуць. Мы лічылі гэта дробязямі, перажыткам мінуўшчыны, што хутка само сабой знікне. Мы былі ідэалістамі і рамантыкамі.
Вядома, хутка я стаў хадзіць у хату да Алесі, там мяне лічылі сваім. Маці нават звала зяцем. Апорай сям'і была яна, жанчына практычная, з цвярозым розумам і разлікам, а не бацька, мяккі, бязвольны і вялікі дзівак.
– Я, брат, чапаевец, – пахваліўся мне пры першым жа знаёмстве Максім Пацалуйка, Алесін бацька. – Толькі заціскаюць мае заслугі. Вось каб жыў быў Васіль Іванавіч, ён бы такога не дапусціў...
– М-а-а-ксім! – азвалася жонка. – Не хлусі ты хоць пры чалавеку. Які ты чапаевец, ты ж і страляць не ўмееш. Не верце вы яму: малоціць гэтая малатарня, сама не ведае што...
Потым высветлілася, што нейкае дачыненне да Чапаева Пацалуйка ўсё ж меў. Мабілізаваны ён быў ужо ў дваццатым годзе і жывога Чапаева, вядома, не бачыў, але служыў нібыта ў той часці, якой раней камандаваў герой грамадзянскай вайны. Максім лічыў сябе чапаеўцам на той падставе, што Чапаеў, калі б ён быў жывы, не абмінуў бы яго, зацікавіўся б ім і нават пасябраваў бы з ім асабіста.
Пацалуйка ў ліку нямногіх у вёсцы не належаў да адыходнікаў. 3 калгаса ён атрымліваў мізэрны заробак, лічаныя пуды збажыны і бульбы, але на працу ішоў дзень у дзень. Яго галава пастаянна была заклапочана нейкімі планамі, праектамі, удасканаленнямі, хоць у бедных Дзеўках асабліва ўдасканальваць і не было чаго.
– Платон! – аклікнуў мяне аднойчы Пацалуйка на вуліцы.
Я падышоў, думаючы, што ён скажа што-небудзь пра Алесю. Яна якраз здавала залікі і больш тыдня не прыязджала. Але пра дачку Максім нават не ўспомніў.
– Ты геаметрыю ведаеш? – спытаўся ён з нейкім змоўніцкім выглядам.
3 гэтай навукі я ведаў не шмат. Нешта пра трохвугольнікі, пра суму іх вуглоў, пра тое, што паралельныя ніколі не перасякуцца. Пытанне Пацалуйкі здзівіла мяне.
– Навошта вам, дзядзька, геаметрыя?
– Без яе, брат, як без рук. Задумаў я адну штуку, але ж трэба разлік.
Спрабаваў сам чытаць, Алеся кніжку прывезла, але літары там нейкія не нашы...
Ён ад прыроды быў вынаходнік, меў залатую галаву і рукі. У гэтым прыйшлося пераканацца пазней. У тыя перадваенныя гады ў калгасах пачыналі сеяць кок-сагыз. Спецыяльнай тэхнікі не было ніякай. Сеялі гэтую паўдзікую расліну страшэнна прымітыўным спосабам: пальцамі ў глебе рабілі лункі, апускалі туды шчапоць дробных, нібы макавых, зерняў, потым рукамі заграбалі ямачку.
I вось Максім Пацалуйка сваім одумам сканструяваў кок-сагызную сеялку. Яе пусцілі ў ход і не маглі нахваліцца: машынай за дзень засеялі ўсю плошчу, вызначаную калгасу.
Сеялку паказвалі на раённай выстаўцы, яе чарцяжы пасылалі ў наркамат. Адказу Пацалуйка не атрымаў, пачалася вайна.
Пасля вайны ўжо мне давялося бачыць заводскую сеялку, сканструяваную інжынерамі. Гэта была сапраўдная машына, а не драўляны кораб на жалезных колах, якой здавалася пацалуйкава. Але сам прынцып дзеяння быў той самы.
Пацалуйкава сеялка, калгас, парадкі ў вёсцы, нават вайна, якая ўжо ішла на свеце, – усё гэта не займала вялікага месца ў маіх думках.
Восень, зіму, вясну – мой першы настаўніцкі год – уладна захапіла Алеся. Яна кожнае хвіліны прысутнічала ва ўсім, што я рабіў і аб чым думаў. У вушах звінелі радкі Купалавага верша пра дзяўчыну Алесю, якая лёгкакрылай птушкай узвілася ў неба. Мелодыю да гэтых радкоў прыдумаў я сам„ і было ў ёй, памятаю, нешта сумнае і нешта ледзь

улоўна трывожнае. Жыве, мабыць, у чалавеку тое, што звычайна называюць прадчуваннем...
Па прыездзе ў Дзеўкі я меціў кватараваць і сталавацца ў цёткі, стрыечнай сястры маці. Яна мела прасторную хату, агарод, сад і жыла, па расказах маці, не блага. У кватаранты да сябе яна мяне, аднак, не ўзяла. Прычына тут была, бадай, простая: цётка, як і многія іншыя, часта ездзіла на базар, ведала цану капейцы і справядліва разважыла, што каля настаўніка, ды яшчэ родзіча, не вельмі пагрэешся.
Кватараваць мне прыйшлося ў чужых. Мае гаспадары жылі неяк неўладкавана, неахайна, як цыганы. Сам гаспадар, кульгавы Міна, цяжкай работы рабіць не мог, з сям’ёй быў не ў ладах. Летам ён прападаў у шалашы, вартуючы калгасную капусту і буракі, а зімой – на ферме, начуючы і харчуючыся, як прыдзецца.
Гаспадыня, кабета гадоў за сорак, на мужа не зважала. Была яна бежанка, як гаварылі, з «мазуроў», любіла выпіць і павесяліцца. Хадзілі чуткі, што да яе заляцаецца брыгадзір пуцейцаў. Цішком пасмейваліся нават, што Міна бацька сваім дочкам толькі па метрыках.
Старэйшая дачка, Феня, працавала на наступнай за нашым раз’ездам станцыі буфетчыцай. К майму прыезду яна пратаргавалася, і гэта каштавала сям’і нямала – каб вызваліць Феню з бяды, прыйшлося неадкладна прадаваць карову. 3 гандлем Феня развітвацца, аднак, не хацела. У нашай школе сельпо арганізавала невялікі буфецік, і яна – як быццам нічога не здарылася – заступіла за яго прылавак. Гэта была мажная дзяўчына, з вялікімі, нібы здзіўленымі, вачамі і густа падведзенымі брывамі. Яна любіла паказаць сябе выхаванай і далікатнай.
– На дэсерт сягодня кампот з сухафруктаў,– гаварыла Феня, уваходзячы вечарам у маю бакоўку і ставячы на стол кубак звычайнага ўзвару з ігруш-дзічак.
Малодшая, Лёдзя, з твару падобная на бацьку, была за вучаніцу ў кравецкай арцелі ў горадзе і наязджала дадому рэдка. Трымалася яна незалежна, да старэйшай сястры і маці адносілася абыякава і часамі нават варожа.
Я жыў у сваіх гаспадароў, мала цікавячыся жыццём і парадкам, які панаваў у іх доме. А тут адбывалася нешта нездаровае, нешта часамі агіднае і брыдкае. У хату іншы раз прыходзілі незнаёмыя мне мужчыны. Яны паяўляліся заўсёды вечарам, прыносілі сваю гарэлку і закуску. Наладжваліся выпіўкі, і ў іх прымалі ўдзел маці і старэйшая дачка. Мужчыны аставаліся начаваць. Зачыніўшыся ў сваёй бакоўцы, я стараўся не звяртаць на гэта ўвагі, або, калі прыязджала Алеся, ішоў на спатканне да яе.
Кіно ў Дзеўках бывала рэдка, не часцей аднаго разу ў месяц, і калі прыязджала кінаперасоўка, карціну паказвалі ў школе. Два ці тры разы мне прыйшлося варочацца дамоў з кіно разам з Феняй. Яна старалася гаварыць на гарадскі манер, у голасе яе чуліся гуллівыя ноткі, і, нібы незнарок аступіўшыся, яна тулілася да мяне. Адзін раз паўраспранутая Феня зайшла да мяне ў бакоўку. Было позна, але я яшчэ чытаў. Я прапанаваў Фені кнігу, і яна, не сказаўшы ні слова, бразцула дзверцамі...
Гром грымнуў летам, калі я паехаў у сваю вёску на першыя, ужо запрацаваныя канікулы. Алесі дома не было, яе паслалі важатай у піянерскі лагер, і аставацца ў Дзеўках без яе не хацелася.
Я ліхаманкава рыхтаваўся да паступлення ў завочны тэхнікум. Паступаць меціў на апошні курс, каб скончыць вучэнне разам з Алесяй. У канцы тато лета мне прыслалі позву ў народны суд. У ёй я значыўся адказчыкам...
Пра гэта не хочацца ўспамінаць. Суд быў не адзін, іх было восем ці дзевяць. Ні ў які тэхнікум я не паступіў. Гарбаты Кокуль і хітрая Музыкаліха, сведкі, вельмі слушна давялі першаму суду, што я абяцаў Фені жаніцца, быў яе фактычным мужам і з’яўляюся бацькам яе дзіцяці. Суды ішлі з пераменным поспехам: то ў маю карысць, то ў карысць самазванай маёй жонкі. Справу павінна была разглядаць апошняя інстанцыя, Вярхоўны суд. Але пачалася вайна. У армію я пайшоў аліментшчыкам.
I ўсё ж самае горкае было не ў тым, што распушчаная, бессаромная Феня захацела мяне зацягнуць у сваю сетку. Ад мяне адвярнулася і Алеся.
Увесь наступны год я патраціў на суды ды яшчэ на тое, што рабіў усялякія захады, каб вярнуць каханне Алесі. I не вярнуў. Яна трымалася горда і непрыступна. Абраза, якая лягла ёй на плечы ў звязку з маімі судовымі справамі, аказалася мацнейшай за каханне. Былі ў мяне два моцныя саюзнікі – Алесіны бацька і маці – але не дапамаглі і яны. Яны ні на кроплю не верылі ў якую-небудзь маю віну. Алеся верыла...
III
Я чакаю Міну. Над полем, лесам, вёскай – урачыстае зорнае неба. Яно заўсёды супакойвае. Перад тварам яго бязмернай велічы з думак і пачуццяў знікае ўсё дробязнае, недарэчнае, усё тое, што можна забыць праз дзень або праз год. Нячутна ўпала, апісаўшы срэбную дугу, знічка. Высока, пад самымі зоркамі, праляцеў самалёт – рухомая чалавечая зорка. Паволі навісае туман, раецякаецца парнасць. Галасы і зыкі ў вёсцы сціхаюць. Я задрамаў.
Прачнуўся ад ціхіх крокаў і прыглушанага кашлю.
– Ці не ты гэта, Платоша?
– Я, дзядзька Міна.
– То чаму ж ты ў хату не зайшоў? Валяешся адзін на полі. Хіба ж мы табе чужыя, ці што? Хадзем хоць у курэнь, я агонь раскладу...
Агонь стары расклаў рупна і хутка. Знутры шалаш выглядае досыць утульна: дзве гладкія лаўкі, сухі, як камень, грунт пад нагамі, дым прамым, круглым слупком выносіць у шырокую гарлавіну. Усюды на ўбітых у сценкі цвіках вісяць перавязаныя ніткамі пучкі зёлак.
– Лечыце, дзядзька Міна? Столькі траў...
– Ат, які з мяне лекар. Дактароў вунь поўная бальніца. Адна дакторка, праўда, сама ў мяне просіць: прынясі тое, прынясі другое. Прызнае травы.
Міна пастарэў. Апошні раз мне прыйшлося бачыцца з ім тры гады назад: непадалёк ад вёскі школа нарыхтоўвала дровы. Тады вартаўнік здаваўся дужэйшы і жвавейшы. Яго добры, задумлівы твар перасеклі глыбокія маршчыны, ён яшчэ больш сагнуўся і яшчэ глыбей прыпадае на левую нагу.
– Ну, як жа жыццё-быццё, дзядзька?
Агонь весела ліжа сухія бярозавыя сукі, водбліскі полымя скачуць па чорных, задымленых сценках. У шалашы светла. Недзе ў закутку пад лаўкай, сагрэўшыся, завёў сваю песню цвіркун.
– Жыць можна,– гаворыць Міна.– Здароўя толькі няма. Не тое здароўе.
Ён становіцца наўкаленцы і дастае з-пад лаўкі бутэльку, закаркаваную нейкімі сухімі зёлкамі.
– Ты ж з дарогі, нічога не еў. Перакусі хоць хлеба з салам. Памідоры ёсць. А гэтую на зуброўцы настаяў. Вып’ем, тады і пагаворым.
Мінава настойка – пахучая і моцная – адразу б’е ў галаву, лаўка, сценкі шалаша, агонь пачынаюць злёгку пагойдвацца, старое, ёлкае сала, якое вартаўнік парэзаў на ёмкія скрылікі, здаецца незвычайна смачным. Голас старога даносіцца аднекуль здалёк, хоць ён сядзіць насупраць мяне, на другой лаўцы.
– Лепш закусі, а то звянеш. Яна што спірт, я к зуброўцы яшчэ і шалфею дабавіў, гарката гэтым змяншаецца. Мабыць, выпіваеш не часта, служба ў цябе такая. А я выпіваю...
Пачаць размову, дзеля якой я прыехаў, паўгадзіны назад было цяжка. Цяпер лёгка, і я пачынаю яе:
– Як Сашка, дзядзька Міна? Што ён думае пра мяне?
Стары маўчыць. Ён апусціў сваю сівую галаву на рукі і нешта ўзважвае. Гарэлка яго мала кранула, ён такі ж павольны ў рухах, гэтак жа глуха і сіпла гучыць яго голас, калі ён гаворыць.
За шалашом, у капусце, раптам затрашчала. Было такое ўражанне, што нехта задыхаецца, некага душаць. Я падхапіўся і выскачыў з шалаша. У некалькіх кроках ад яго мільганулі два шэрыя камы.
– Сабакі,– сказаў Міна з шалаша.– Качаны, халеры, паваляюць. Разгуляліся.
Плыве над полем светлая жнівеньская ноч. Зыркую яе цішыню вартуюць кусты і дрэвы на ўзбочыне дарогі, цёмны пагорак могілак і адзінокі агеньчык ліхтара на раз’ездзе. Ахутаныя полагам туману, навакольныя прадметы здаюцца незнаёмымі, няпэўнымі, хісткімі. Ноч ахінула ўсё шэрым крылом і пасеяла навокал цішыню. Яна загадала спаць людзям, птушкам, жывёлам – усім, хто можа разгадаць яе спрадвечныя таямніцы. Але не ўсе спяць...
Я вярнуўся ў шалаш. Стары сядзіць усё ў той жа паставе і думае. Яму, відаць, цяжка пачынаць разімову.
– Сашка мне ўнук, а табе ніхто,– нарэшце гаворыць ён.– I ты не крыўдуй на яго за той ліст. Малады ён, гарачы. У такія гады вы ўсе гарачыя. А бацька яму трэба. Не можа ж нарадзіцца на свет чалавек без бацькі...
Пра гэта я пачаў думаць нядаўна, сур'ёзна, бадай, з таго дня, калі атрымаў злосны і крыўдны для мяне ліст ад Сашкі. У ім ён адмаўляўся ад мяне, як ад бацькі, ад маёй дапамогі, а я, прачытаўшы яго, думаў аб людской няўдзячнасці і яшчэ аб тым, што залішне многа згрызот спатыкае мяне ў жыцці.
Пачуўся далёкі, прыглушаны гул цягніка. Пазваньваючы нечым бляшаным, нехта таропка пратрухаў паўз шалаш.
– Музыкаліха спяшае,—адзначыў Міна.– Малако і грыбы вязе прадаваць. Каб малако не скісла, будзе начаваць на базары.
– Тая самая Музыкаліха? Яна ж старая ўжо.
– Старая, а пад сябе грабе. Магла ж раніцай паехаць, дык не хоча, каб бачылі...
У насцярожанай цішыні добра чуваць, як звіняць і падрыгваюць рэйкі, як, задыхаючыся, абдаючы сябе парай, набліжаецца да раз'езда стары, спрацаваны рабочы цягнік. Шырока над полем разносіцца працяжнае рэха ад яго гудка. Тахканне колаў аб стыкі замаруджваецца, становіцца гучнейшым, натужна рыпяць тармазы, цягнік стаў. Праз некалькі хвілін зноў раскацісты, ужо блізкі гудок, тахканне колаў, якое ўсё ўзрастае, частае, перарывістае дыханне нястомнага, старога рабацягі...
– Трэба было мне Сашку ў гэты, як іх называюць, прыют аддаць,– нібы сам з сабою разважае Міна.– Людзі раілі. Загінулі бацькі і ўсё. Пашкадаваў. Дый цяжка аднаму аставацца...
– Не варта, дзядзька Міна, пра гэта. Што было, то сплыло. Што Сашка робіць цяпер?
– На лесапілку ходзіць, а вечарам кніжку чытае. Варанё ёсць варанё, надзьмулася і крача: «Праб'ю сабе дарогу без яго помачы. Не трэба мне такія бацькі»...
– Я прыехаў, дзядзька Міна, пагаварыць з Сашкам. Так болей нельга пакідаць.
– Добра, Платоша. Ты даруй за ўсё, але ж ён не вінаваты. Ён толькі як малы быў, дык пытаўся: «Дзе, кажа, мой тата і чаму ён не едзе да нас». Я яму гавару, што маму тваю забілі немцы, ну, а тата з другой ажаніўся, ён на службе, і яму прыехаць нельга. Можа я дрэнна рабіў, што гаварыў так, але ж хацелася дзіця ўцешыць. «А чаму, кажа, ён, тата, нам хоць ліста не напіша?» Што ты яму адкажаш? Бачыць у другіх бацьку, ну, і свайго мець хочацца. А падрос, перастаў пытацца. Можа яму людзі што нагаварылі, языкі ж не завяжаш, можа сам здагадаўся. Я табе і напісаў тады, каб перастаў слаць грошы. Ён жа лічыў, ды і людзі таксама, што раз грошы шлеш, значыць, бацька. А так, няма бацькі, ну і няма. Можа сабакам сена косіць. А як прыйшлі твае гэтыя сёлетнія грошы, усё і загарэлася. «Не хачу, крычыць, ні яго грошай, ні яго самога»!
Агонь паволі згасае. Маленькім астраўком, у самай сярэдзіне тлее вуголле. Праз шчыліну дзвярэй у шалаш глядзіць ноч, зверху праз гарлавіну падміргваюць зоркі. Яны прыкметна бляднеюць. Хутка раніца.
– Пацалуйка Максім хворы ляжыць,– паведаміў стары.– 3 самай вясны як лёг, дык і не ўстае. Нутро застудзіў. Пераначаваў у кузні, а яшчэ холадна было. Паправіцца можа, кажуць, ужо лепш яму...
Пацалуйку я бачыў, здаецца, нядаўна. 3 газетнага ліста пазіраў сур'ёзны, хударлявы чалавек, зусім не падобны на таго Максіма, якога я некалі ведаў. I толькі подпіс пад партрэтам гаварыў, што гэта той самы Пацалуйка. Газета яго прадстаўляла як каваля, калгаснага вынаходніка. Няўжо яго хворага фатаграфавалі?
– Мулка табе будзе спаць, Платоша. Вазьмі мой кажух пад галаву, а плашчом сваім акрыешся. Блох няма, не бойся, я іх палыном выжываю.
Міна ўклаўся на голую лаўку і, мабыць, ужо спіць. Зрабіў ён гэта ціха і непрыкметна – без старэчых уздыхаў і крэкту. Не чуваць нават, як ён дыхае. Загартаваны на холадзе, на слоце чалавек. Колькі яму год і колькі правёў ён начэй у такіх вось шалашах, дзе дахам – неба і зоркі. Пра што думаў доўгімі начамі адзіноты. I якою мераю адпушчана гэтаму чалавеку шчасця і няшчасця?..
Нязваныя, няпрошаныя набягаюць успаміны. Іх цэлы рой, іх проста так не адгоніш і нікуды ад іх не ўцячэш. Яны ў табе самім і частка цябе самога... 3 Мінам прыйшлося спаткацца ў цяжкім сорак шостым годзе, калі ў дадатак да спусташэння вайны вёска атрымала неўраджай. Мяне дэмабілізавалі яшчэ ў вайну, пасля шпіталю, і ў сорак шостым я скончыў двухгадовы настаўніцкі інстытут. Ехаў на працу. Міна з клункам пустых мяшкоў дабіраўся ў той хлебны край, нівы якога не выпаліла дашчэнту засуха. У цягніку спаткаліся.
На маёй судовай справе быў пастаўлены крыж. Аб гэтым паклапацілася сама старэйшая Мінава дачка. Яна захоўвала вернасць сваім прынцыпам і ў вайну. Яе проста не падзялілі двое ў зялёных нямецкіх мундзірах, і адзін з іх размаўляў з ёй коратка... Памёрла вясёлая Мінава жонка. Другая дачка выйшла замуж і некуды з'ехала. Пра гэта я ведаў.
Я забыў толькі пра маленькага сінявокага чалавека, які сваім паяўленнем на свет прынёс мне столькі згрызот. Гэтага чалавека звалі Сашкам, яму ўжо было шэсць гадоў, ён жыў з дзедам, прасіў есці, і дзеля яго кульгавы дзед ехаў з пустымі мяшкамі на край свету.
– Бог ім суддзя,– сказаў тады пра жонку і дачку Міна.– I ты не крыўдуй. Бывае ў жыцці ўсякае. А хлопчык харошы. Вось еду...
Я паабяцаў старому памагчы і час-ад-часу патроху пасылаў. I сёлета паслаў, ведаючы, што Сашка кончыў школу і, можа, збіраецца ў далёкую дарогу.
I раптам ліст, гнеўны, абураны. Без ніводнай граматычнай памылкі. Першы ліст ад таго, хто, носячы дзедава прозвішча, ненавідзячы і пакутуючы ў глыбіні душы, лічыў мяне бацькам. Такі ліст меў права пісаць толькі сын.
Пра цябе, Сашка, я не думаў ні з любоўю, ні з нянавісцю. Ты не сын мне. I зусім не хацеў я, пасылаючы сціплыя капейкі, прынесці табе столькі пакуты. Мне варта было падумаць аб другім: ты мог мець не такое дзяцінства, мог жыць у шумлівай дзетдомаўскай грамадзе. Я ж настаўнік-педагог, і гэта мой абавязак. Але, выходзіць, што педагог я дрэнны. Якія ж словы сказаць табе заўтра і дзе іх знайсці, гэтыя простыя, чалавечыя словы?..
IV
Чалавек з гадамі старэе. Дзеўкі памаладзелі. Я іду вуліцай вёскі і здзіўляюся. Здаецца, нейкі свежы вецер пранёсся над вясковымі стрэхамі, развеяў іх ускудлачаную, трухлявую салому, паздзіраў з дахаў зялёны мох, параскідаў гнілыя парканы. Няма хат, якія пазіралі маленькімі акенцамі з-пад навіслай страхі, нібы злы чалавек спадылба, няма пакручастых завулкаў-лабірынтаў, зарослых травой-муравою і густою крапівой... Тыя ж дзве вуліцы крыж-на-крыж, але агульны лад будынкаў, якія падцягнуліся к ім, зусім іншы. Многа хат новых, на добрых каменных падмурках з шыфернымі або гонтавымі дахамі, многа – проста перасыпаных, дагледжаных: з новымі вокнамі, дзвярамі, дахамі. I амаль ля кожнага двара, які яшчэ захаваў свой памятны старасвецкі выгляд, кучы сасновых бярвенняў, пірамідкі цэглы – адзнакі хуткай перабудовы.
Садкі, палісаднічкі, фіранкі на вокнах. Па абодва бакі вуліцы канавы, масткі праз іх к дварам, сям-там маладыя дрэўцы ў пераплётах агарожы. Новы будынак школы, стары побач з ім выглядае мізэрным і занядбаным. Дзве шарэнгі слупоў, ёсць, значыць, электрычнасць і радыё. Цэлы гарадок грамадскіх будынін, новых, дагледжаных. Такога ў Дзеўках не было...
I толькі млын, стары знаёмы, знешне змяніўся мала. Высока ўзносіцца яго бляшаная труба з нацягнутымі ад яе ў чатыры бакі дратамі падпоры, расчынены вароты, мучным пылам абсыпаны сцены і парканы. Млын, роўна ўздыхаючы, меле. Людзі сеюць, росцяць хлеб, каб яго есці. На зялёным выгане завознікі: чатыры машыны і тры фурманкі. Ля млына прыбудоўка, там скрыгоча-звініць на ўсю аколіцу піла-цыркулярка. Людзі будуюць новыя хаты, каб весялей у іх жыць. Ім трэба дошкі, цёс, гонты. На цыркулярцы працуе Сашка, з якім у мяне сёння размова.
Размову я адклаў на вечар. А цяпер хаджу па вёсцы, гляджу на яе перамены, і мне трохі сумна. Трое з тых, каго я спаткаў на вуліцы, павіталіся са мной першыя. Можа гэта пяцікласнікі, якіх я некалі вучыў. Нікога з іх я не пазнаў у твар, і ніхто не запыніўся, каб пагаварыць са мною. Не было, значыць, аб чым гаварыць.
Светлы жнівеньскі дзень. Высока ў блакітным бясхмарным небе плыве сонца. Паветра напоена той празрыстаеціо і чысцінёй, якая толькі і бывае на схіле гарачага лета. У палісадніках дацвітаюць вяргіні. Іх час, белых і ружова-сініх вяргінь, ужо прайшоў, і цвет іх не яркі і не кідкі. Лятае ў паветры лёгкая павуціна – верная прыкмета блізкай восені. Восень яшчэ пагуляе з летам у хованкі, дасць тыдзень – два цёплым дзянькам, усміхнецца здрадлівай лагоднасцю бабінага лета і запяе вятрамі, заімжыць дажджом...
– Платон! – голас мяккі, грудны, знаёмы. Ён прымушае здрыгануцца ўсёй істотай. Гэта Алеся. Пружыністай, нетаропкай паходкай яна ідзе да мяне.
– Добры дзень, Аляксандра Максімаўна. Вы тут?.
На ёй лёгкія летнія туфлі, шэры касцюм, які шчыльна аблягае складную, з адзнакамі паўнаты фігуру. Смуглявы твар, прыпухлыя вусны, вясёлыя шэрыя вочы з прыпудранымі, але ўсё ж прыкметнымі маршчынкамі каля павек. У выразе касцюма – белая блузка, адкрытая, ледзь кранутая загарам шыя.
– Добры дзень, Платон Іванавіч. Якімі клопатамі абавязаны вашаму прыбыццю?..





