355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Сіўчыкаў » Высакосны год [Хоку і танка] » Текст книги (страница 1)
Высакосны год [Хоку і танка]
  • Текст добавлен: 3 декабря 2017, 03:30

Текст книги "Высакосны год [Хоку і танка]"


Автор книги: Уладзімір Сіўчыкаў


Жанр:

   

Поэзия


сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)

Annotation

Ёсць яна, ёсць (!) – прастора маральнай устойлівасці, у якой жывуць малюнкі разважлівых эмоцый і нараджаюцца адпаведныя гэтым малюнкам словы, і ў выніку з’яўляюцца запісы, пазбаўленыя непатрэбнага зместу. Менавіта з прасторы маральнай устойлівасці прыйшло да нас нацыянальнае хараство, і прыйшлі тыя творцы, для якіх непарушны закон: спачатку неабходна стаць чалавекам, а потым ужо паэтам, пісьменнікам... Палоннік гэтае прасторы, Уладзімір Сіўчыкаў напісаў кнігу “Высакосны год”, якой характэрна вабнасць дакладных занатовак, а таксама ўвага да сціплага, простага і чалавекалюбнага. Кніга дастаткова тужлівая па інтанацыі, але ў тузе, як аднойчы заўважыў яе аўтар, жыве „нязведаная слодыч...” (Л. Дранько-Майсюк, Шляхетны стыль, фрагмэнт)

Сіўчыкаў Уладзімір

Шляхетны стыль

Вясна

Лета

Восень

Зіма

Пра аўтара

Сіўчыкаў Уладзімір

Высакосны год

Хоку і танка

Шляхетны стыль

Мілая, згадай:

Веяла цёплай вясной,

І вішні цвілі.

Калыхнуў я галіну, —

Белы цвет асыпаў нас.

Максім Багдановіч

Ёсць яна, ёсць (!) – прастора маральнай устойлівасці, у якой жывуць малюнкі разважлівых эмоцый і нараджаюцца адпаведныя гэтым малюнкам словы, і ў выніку з’яўляюцца запісы, пазбаўленыя непатрэбнага зместу.

Менавіта з прасторы маральнай устойлівасці прыйшло да нас нацыянальнае хараство, і прыйшлі тыя творцы, для якіх непарушны закон: спачатку неабходна стаць чалавекам, а потым ужо паэтам, пісьменнікам...

Палоннік гэтае прасторы, Уладзімір Сіўчыкаў напісаў кнігу “Высакосны год”, якой характэрна вабнасць дакладных занатовак, а таксама ўвага да сціплага, простага і чалавекалюбнага.

Кніга дастаткова тужлівая па інтанацыі, але ў тузе, як аднойчы заўважыў яе аўтар, жыве “нязведаная слодыч...”

І разам з тым душэўны склад “Высакоснага года” святочна-бачлівы.

Паэт успрымае будзённае жыццё, як свята, якое дадзена дзеля асалоды, працы і мастацкага асэнсавання.

Адсюль і разуменне: творчасць павінна быць менавіта святочна-бачлівай (г.зн. – дапытлівай).

Уладзімір Сіўчыкаў ведае, што творчасці шкодзіць шматслоўе і ўпэўнены, што ў спасціжэнні жаданага дастаткова некалькі радкоў.

Ён па-майстэрску выкарыстоўвае сціслую вершаваную форму і, цудоўна адчуваючы гукавую пластыку трох– і пяцірадкоўяў, пакідае ў чытацкай памяці яскравыя знакі запамінальнае красы:

Пралескі сумна

палетак аглядаюць

ля руін Крэва.


Новая кніжка Уладзіміра Сіўчыкава – своеасаблівы каляндарны сшытак, слоўны памінальнік, лірычна-прыватны дыярыуш, маляўнічы дзённік:

Пярэсты мятлік

і восенню хоча жыць

– п’е паспешліва

з хрызантэмы расінкі

марознаю раніцай.


Уладзімір Сіўчыкаў умее выштукоўваць узоры стылявой абачлівасці і кампазіцыйнай дыпламатычнасці.

Складнасць мыслення – выяўная рыса гэтай кніжкі.

Яна створана мастаком, якому ўласцівы шляхетны стыль паводзін, самавіты выгляд, паважнасць у гаворцы і маўчанні, этычныя адносіны да людзей, вера ў нацыянальнае хараство, шанаванне фамільнай прыгажосці, захапленне ўніверсальнасцю беларускай прасодыі, выбудоўванне свайго жыцця паводле сумленных правілаў...

Вясна

* * *


На крыжавінах

срэбных тэлеантэнаў

сумуюць гракі.


* * *


Стрэліў вугольчык

на бляху каля грубкі.

Стома сыходзіць…


* * *


У хвалях Плісы

цеплаэлектрацэнтраль

рабацініцца...


* * *


Дочкі заўзята

гуляюць у класікі.

Прасохлы асфальт.


* * *


Пралескі сумна

палетак аглядаюць

ля руін Крэва.


* * *


Прачыненая

грубка – ссівелы попел.

Рукапіс згарэў.


* * *


Сустрэў суседа

з паўнюткімі вёдрамі

пры Нехаёўцы.


* * *


Кроплі з-пад крана

марна ў бяссонні лічу...

Схібіў, зноў пачаў…


* * *


Звіняць жаўрукі…

Ляжу на ўскрайку поля.

Прыемна вельмі.


* * *


Бярозавы гай.

Смак гаркавых лісточкаў.

Важкі хрушч гудзе.


* * *


Нат і хвіліны

спакою не зазнала

маці ў самоце.


* * *


Шматгалосы гуд

базарнай Камароўкі.

Лопат галубоў.


* * *


Разгарнуў дзённік...

Дзень адышоў у нябыт,

бы кропля ў пясок.


* * *


Чытаю Басё,

Такубоку – скла-да-юц-

ца танка й хоку.


* * *


Як ніцавокі

жалезабетонны ДОТ

дзівіцца на рунь.


* * *


Свята, якое

штораніцы з табою, –

кубачак кавы.


* * *


На тратуары

малой малюю крэйдай

мажнога зубра.


* * *


Жоўты пясочак.

Пры Курапацкіх соснах

трасу будуюць!..


* * *


Валун халодны.

Багоўка на далоні.

Сяджу ля става.


* * *


“Добрая душа”, –

пачуў пра свайго сябра.

Ціхая радасць.


* * *


Імглістым ранкам

з-за хмар зірнула сонца.

У сэрцы радасць.


* * *


Спалоханай пташ-

кай з нагруднай кішэні

пэйджар заціўкаў.


* * *


Адзін у купэ.

Краявіды маленства

мігцяць за акном.


* * *


Дым над вадою…

На хвалях сноў вандрую

ў сваё маленства.


* * *


Сакавіцкім днём

зазірнуў у люстэрка

плыткай лужыны

і надта дзіваваўся

бяздоннасці нябёсаў.


* * *


Чацьвёрты сезон

не шчыруе суседка

на дачных сотках –

амаль не адыходзіць

ад састарэлай маці.


* * *


Вельмі прыемна

наўздагад разгарнуўшы

том старадаўні

ў алгарытме радкоў

родную пазнаць душу.


* * *


Штучныя кветкі,

велікоднае яйка,

кропля ў кілішку,

недагарак свечачкі –

нацюрморт Радаўніцы.


* * *


Мадэль якая

ў салоне гадзіннікаў –

механічная

або электронная –

пакажа шчаслівы час?


* * *


Гляджу скрозь шыбу

пасля доўгай хваробы –

пялёсткі вішань

фарбуюць дахі ў сцягі

бел-чырвона-белыя…


* * *


Ясна, відочна

выблісне думка ў паўсне.

“Ранкам згадаю…”

Прачнешся на досвітку –

знікла без следу! Шкада…


* * *


Вусце Жодзінкі.

Адарваў аерыну –

гаркавы прысмак

пяшчотнага парастка

нагадаў мне маленства.



Лета

* * *


Утульны дворык...

Першыя кроплі дажджу –

пахне асфальтам.


* * *


Сад занядбаны,

дол у пялёстках вішань.

Ветраны вечар.


* * *


Апала вішня –

і ў шарую гадзіну

дзень абярнуўся.


* * *


Ледзь дакрануўся

да дзьмухаўца – і адчуў:

вецер над светам.


* * *


Вадасховішча...

Вяслую ўздоўж чароту –

лапочуць качкі.


* * *


Стаю ў лоджыі.

Скончыўся цыганскі дождж.

Рыпіць фрамуга.


* * *


Сярод палеткаў

валуны пры трох дубах.

Рэзкі крык сойкі…


* * *


Закінуў вуду –

выпрабоўваю ўдачу.

Чакаю знаку…


* * *


Вільготны вецер.

Лунае цюль фіранкі.

Гучыць Вівальдзі.


* * *


Знікае ў цемры

ды зноў пад лампіёнам

кажан крыляе.


* * *


Валошку згледзеў –

і рады той сустрэчы

ў чужой старонцы.


* * *


Які шкіпінар

выгнаў цябе з-пад зямлі,

крот-небарака?


* * *


Закіпае джэм…

Восы апаноўваюць

мядовы вечар.


* * *


За каласочак

схапіўся для падтрымкі

ў хвіліну расстання.


* * *


Бензінавыя

вясёлкі на асфальце –

прайшла залева.


* * *


Мятлікаў палёт

абуджае паляну

ў сонечных промнях.


* * *


Вясёлка знікла,

і падалося раптам –

сябрук пакінуў.


* * *


Перад дажджом

паспеў накрыць дрывотню

рубероідам.


* * *


Зумкае ў цемры

камарыха-крывасмок…

Якая прыкрасць!


* * *


Ступіў у цемру

з-пад паветкі веранды…

Пах медуніцы!


* * *


Спякотны дзень.

Вераб’і купаюцца

у пясочніцы.


* * *


Натоўп вірлівы…

Пух ліпне, твар казыча –

цвітуць таполі.


* * *


Пакой паўцёмны,

напяты вэлюм гардзін –

дынная поўня.


* * *


Абрысы хмарак

відаць і праз шчыліны.

Ляжу ў адрыне.


* * *


Ускраек мора…

Аскепачкі бурштыну

знаходжу зрэдку.


* * *


Батанічны сад…

Углыб сажалкі адплыў

спалоханы карп.


* * *


Мелісы й мяты

назбіраў на гарбату

ў суботні вечар.


* * *


Перапыніся –

шапоча штось лістота

пад сонцам жніўня.


* * *


Усміхаюся,

скрозь вейкі пазіраю

на Барселону.


* * *


Мяккая ўсмешка –

павучок уверх папоўз

ліпеньскім ранкам.


* * *


Сонца з-за хмары

няпэўна пазірае.

Спорны грыбасей.


* * *


Фольгу з дзьмухаўцом

пад пляшачным аскепкам –

“сакрэцік” ў пяску –

паказваў я сяброўцы…

Колькі мінула гадоў?!


* * *


Белыя перлы

ружовымі сталіся

ў сонечных промнях:

на парэчках зіхацяць

кроплі грыбнога дажджу.


* * *


Сарваны ветрам

з вясельнага картэжу

паветраны шар

па бетоне паскакаў,

а на газоне… лопнуў!


* * *


Па-над кар’ерам

пры Валоўшчыне Малой

скавыча вецер.

Замаркочаны пясок

струменіцца між пальцаў.


* * *


Заслаўскі кірмаш

віруе гаманліва.

Дзесь непадалёк

сном тысячагадовым

забылася Рагнеда.



Восень

* * *


Імжысты ранак...

Зноўку пішу краявід

на пустым пляжы.


* * *


Густа чмель гудзе

ў медунічным водары.

Вечар верасня.


* * *


Можа прачнешся,

станеш спадарожнікам,

сонны матылёк?


* * *


Занядбаны сад

суседняга лецішча…

Бабця хварэе.


* * *


Збуцвелі кветкі.

Ападае насенне,

нібыта слёзы.


* * *


Асенні вечар.

Засунуў юшку ў печы.

Адпачываю…


* * *


Калючы ржэўнік.

Мусібыць да лецішчаў

палёўкі імкнуць.


* * *


Амаль нячутны

далёкі гул ад шашы…

Позняя восень.


* * *


Сёння болей на

гадзіну спацьмем – пера-

ход на зімні час!


* * *


Зграбаю лісце

пад слівай зашэрхлае

ў восеньскім садзе…


* * *


Іржэўнік колкі,

як зваротны шлях пакут.

Нудны краявід.


* * *


Паркан фарбую.

Саспелай вішні колер

заспакойвае.


* * *


Як і пазалетась

песціць маю далонь

глянец каштана.


* * *


Кінуў жалудоў

у фантан з жабоцькамі

старасвецкі дуб.


* * *


Дочкі шукаюць

каштаны ў лістоце

ў парку Купалы.


* * *


Згалелі клёны.

Вусцішнасць пануе зноў

ля сцен Каложы.


* * *


Крачаць вароны

па-над садам згалелым.

Восеньскі вецер.


* * *


Лысая гара…

Праглядаю пры печы

тоўсты часопіс.


* * *


Ветразь-парасон

мяне ўпотай штурхануў.

Стылая слата.


* * *


Венера-зорка,

напэўна ж, дзесьці й сёння

дзеці слёзы льюць?


* * *


Прывідным ранкам

прасакоча сарока

над лісцем глогу.


* * *


Кубак забыты

на цыраце ў альтанцы.

Мжака цярусіць.


* * *


Грэюцца коткі

на капотах машын.

Празрысты ранак.


* * *


На дым гаркавы

дзівуецца малеча.

Бульбоўнік паляць.


* * *


Апала лісце,

ды скрозь вецце яблыні

ледзь бачны кляштар.


* * *


Кошка-прыблуда

жаласліва яўкае…

Дачы спусцелі.


* * *


Пабагацелі

прыбіральшчыцы ў двары –

важкія гурбы

залатое лістоты

шторання намятаюць.


* * *


Аж да гарышча

па цаглянай сцяне плюшч

ускараскаўся!

Асфальт у лодачках

барвістых лісточкаў.


* * *


Мабыць, утульна

будзе ўзімку засынаць

і чайным ружам

пад лапнікам яловым

дый пахкім пілавіннем.


* * *


Заструменіўся

дымок па-над комінам

у хаце напроці —

напэўна ж, заначуе

Віталь Мікалаевіч…


* * *


Выкруцілася

на аўчынным халаце,

які я скінуў,

трохколерная Тайга…

Сніць роднасную блізкасць?


* * *


Ідзём далёка...

Хто падкажа, дзе канец

гэтага шляху?

З дрэў на зямлю сцякае

лісце бясконцым дажджом.



Зіма

* * *


Глінтвейн згатую –

брат абяцаў пад вечар

з-за гары прыйсці.


* * *


Яшчэ імгненне

не раставай у хмарах,

кволы маладзік!


* * *


У творы чужым

угледзеў сваю думку –

прыкра і ўсцешна.


* * *


Кудзеркі хмараў

падсвечвае малочны

ліхтар месяца.


* * *


Святы – хвіліны,

калі адчуваю:

праца ўдаецца.


* * *


Яблык самотны

між галінак свеціцца

Бетлемскай зоркай…


* * *


Ранішні водар.

Джэзва вабіць спакусна –

кава з бальзамам.


* * *


Сённяшні смутак,

нібы шэрань, што ранкам

кладзецца ў двары.


* * *


Мо застануцца

нікім не пачутыя

словы і думкі?


* * *


Колькі сядзібаў

змянілі гаспадароў

на дачах! Сумна…


* * *


Ці не халодна

табе, плюшч, туліцца да

бетоннай сцяны?


* * *


Неспадзеўны снег –

святочны і маркотны

на смагардзе дрэў.


* * *


О, немаўлятка,

што табе прыснілася?!

Аж здрыгануўся...


* * *


Патушыў святло

і пачуў – снег падае.

Ноч па-над краем.


* * *


Воран вяшчуе

на бляшаным вільчыку

пра стылую ноч.


* * *


Зябкая вада.

Заснуць не можа мэва –

гайдаюць хвалі.


* * *


Паліклініка...

У стомленых паглядах –

цяжар чакання.


* * *


Гартаю альбом

на лецішчы пры грубцы.

Снежаньскі вечар.


* * *


Золкам марозным

гатую па-ўсходняму

каву з карыцай.


* * *


Жорсткая шэрань.

Па-за мною – доўгі цень.

Стаю самотны.


* * *


Малако з мёдам –

найсаладзейшы ўспамін

пасля прастуды.


* * *


Цень таго смутку

на плечы апусціўся

адліжным ранкам.


* * *


Няўжо й сёлета

сустракацьмем Новы год

зусім без снегу?!


* * *


Ва ўтульным крэсле

высцягнулася котка,

вурчыць ва ўнісон

са старою лядоўняй –

электрастатычны джаз.


* * *


Зноў не патрапіў

у ігольнае вушка

з першага разу!

Акуляры здымаю –

ніцавокасць мінае.


* * *


Дыхтавы шкробат

рыдлёвак на асфальце

пабудзіў мяне

сутонлівай раніцай.

Пэўна – ноччу выпаў снег!


* * *


Даўняя стужка

З-пад аўтаадказчыка.

Гукаюць да мяне

тыя, што ўжо адышлі –

Уладзімір Жыжэнка…


* * *


Лёгкі перастук

колаў на стыках рэек,

свіст электрычкі

чуваць марозным ранкам

з паўстанка “Зялёнае”.



Пра аўтара

Уладзімір Сіўчыкаў (Мінск, Беларусь)

Нарадзіўся ў 1958 годзе ў Жодзіне.

Мае адукацыі мастака і філолага.

Настаўнічаў, працаваў мастаком-афармляльнікам, журналістам, выдавецкім рэдактарам. Цяпер займаецца выдавецкай справаю.

Выступае ў друку з 1982 года як паэт, празаік, перакладчык і драматург.

Хоку і танка Уладзіміра Сіўчыкава друкаваліся ў газетах “Літаратура і Мастацтва”, “Наша ніва”, “Чырвоная змена”, у часопісах “Беларусь”, “Бярозка”, “Дзеяслоў”, у паэтычных зборніках “Круглы год”, “Лагодны промень раніцы”.

Uladzimir Siŭchykaŭ (Minsk, Belarus)

Born in 1958, in Zhodzina, Mіnsk Region. An artist and a philologist by education. Worked as teacher, designer, journalist and editor in publishing house.

Publishes his poetry, prose, translations and drama plays since 1982.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю