Текст книги "Спіраль гісторыі (СИ)"
Автор книги: Уладзімір Мажылоўскі
Жанр:
Историческая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 2 страниц)
– Ты, Карына, у нечым маеш рацыю. Розныя гісторыкі па-рознаму тлумачаць рашэнне вялікага князя ісці ў бой у даспехах звычайнага ратніка. Адны сцвяржаюць, што сваім учынкам Дзмітрый натхніў маскоўскую раць на перамогу, стаў для яе ўзорам мужнасці і непахіснасці. Другія кажуць, што вялікі князь усё роўна ніякай ролі ў зыходзе бітвы не адыграў, бо войскам і кіраваў Баброк-Валынскі. Ёсць і такія, хто ў яго ўчынку бачаць звычайную маладушнасць ці, нават, палахлівасць. Скажу адно, нас сапсавалі і сёння працягваюць тлуміць мазгі разуменнем ролі Дзмітрыя, бо справа зусім не ў ім. Залатая Арда на вачах слабела, а таму сярод яе заходніх улусаў павінен быў з’явіцца цэнтр, вакол якога пачалі б збірацца ўсе тыя, хто не жадаў плаціць хабар татарам, хто сам хацеў уладарыць і абкладваць суседзяў данінай. Такім цэнтрам стала Масква. Яшчэ хітры і сквапны Каліта зразумеў гэта і рабіў усё магчымае, каб іншыя князі цягнуліся да Масквы, каб ідалам, сімвалам моцы стала менавіта Масква, а не Уладзімір. Таму і слава даставалася сімвалу-ідалу, а не тым, хто яе здабываў. Таму і легенды складаліся ў першую чаргу пра ідала, і песні спяваліся пра яго, і быліны складваліся.
– Атрымліваецца, што князь Дзмітрый быў звычайнай лялькай у руках сваіх баяр?
– Не, Дзмітрый быў смелым воем, далёка не дурнем, у меру справядлівым. Ён не жадаў весці фінансавыя справы, не любіў кіраваць. Вось чаму за яго кіраваў савет з князёў і баяр, і добра, калі ў яго ўваходзілі разумныя людзі. А калі туды трапляла пара-другая недалёкіх людзей, тады чакай бяды!
– А я недзе чытала, што Дзмітрый Данскі спалохаўся бунту маскоўскіх полаўцаў і ўцёк з Масквы, а яго за гэта ледзьве не забілі свае ж маскавіты, – уступіла ў гутарку Ліза. – Ці было такое?
Я зірнуў на гадзіннік – да заканчэння ўрока заставалася каля трох хвілін, таму яшчэ паспею адказаць на гэтае пытанне. Адначасова крайком вока я заўважыў, якім нядобрым, нават злосным, позіркам глядзеў у спіну дзяўчынкі дырэктар школы. Аднак я не стаў маніць і дыпламатычна загаворваць гэтае пытанне.
– Людзі па-рознаму адносяцца да сваіх лідараў. Кагосьці любяць, на другіх пазіраюць з пагардай, да трэціх ставяцца абыякава, бы да нейкай непазбежнасці... Так, быў у жыцці Дзмітрыя ганебны момант, калі ён ратаваў сваё жыццё ўцёкамі з Масквы ў Кастраму. Па дарозе ён са сваёй сям’ёй і дружынай праязджаў праз Мурам. Вось жыхары гэтага горада і адмовілі князю ў прытулку, кідалі на яго смецце, абвінавачвалі ў здрадзе і палахлівасці. А ягоную жонку Аўдоццю Дзмітрыеўну ды дзяцей наогул распранулі дагала і княжай дружыне ледзь удалося іх адбіць у раз’юшанага натоўпу... Так сведчаць летапісы.
– Атрымліваецца, што перамога маскавітаў на Кулікоўскім полі была зведзена да нуля чалавекам, якога гісторыя ўхваляе нібыта святога?
Празвінеў званок, аднак ніхто: ні вучні, ні дырэктар школы не падняліся з-за сталоў, чакалі майго адказу.
– Хто яго ведае, якім шляхам пачала б развівацца Маскоўская дзяржава, калі б не было гэтай перамогі. Урэшце Залатая Арда развалілася і з часам большая частка яе абшараў адышла да Масквы. Усё ў свеце зменлівае.
– А, можа, гэта Залатая Арда, са сваімі законамі, звычаямі і абрадамі, трансфарміравалася і пераўтварылася б у Маскоўскае княства? – не здаваўся Кірыл, чым давёў да белага шаленства дырэктара школы.
Я бачыў, што хлопчык гатоў спрачацца да бясконцасці, што мноства пытанняў і, пэўна, вострых, ледзьве месціцца ў яго разумнай галаве. Спрэчка са мной пры носіла яму асалоду, магчыма, усведамленне ўласнай значнасці перад дзяўчынкамі. Я паспрабаваў некалькі прытушыць ягоны запал, ветліва ўсміхнуўся, пастукаў па шкельцу гадзінніка і развёў рукі:
– Факультатыў закончаны. Да пабачэння.
6
Дырэктар чакаў мяне ў настаўніцкай.
– М-да, паважаны Міхаіл Рыгоравіч! – расцягваючы словы і хаваючы ад мяне свой позірк, прамовіў ён. – Не думаў я, што вы такой бачыце старажытную расійскую гісторыю... Чуў, што яе крэмзалі і перабельвалі апрычнікі Кацярыны ІІ, падганялі пад пэўных асоб, але ж не настолькі і не так нахабна, як вы!
Я маўчаў. Што мог адказаць чалавеку, якога выхоўвала не сям’я, а партыя бальшавікоў? Ці мела сэнс спрачацца з чалавекам, які лічыў сябе добрым знаўцам гісторыі, бо некалі выкладаў у мяцовым тэхнікуме гісторыю КПСС, потым доўгі час працаваў другім сакратаром райкама партыі, а з выхадам на пенсію ўзначаліў школу? Таму я маўчаў і толькі краем вуха слухаў яго павучанні. Аднак словы: «Сёння гісторыя самы небяспечны прадмет і з ёй трэба быць вельмі і вельмі асцярожным» мяне вярнулі да рэчаіснасці Тут я быў з ім часткова згодны.
– Што вы маўчыце? Скажыце што-небудзь у сваё апраўданне! На ўроку так маляўніча і красамоўна апаганьвалі гераічную мінуўшчыну нашых братоў расіян, а тут маўчыце, бы вады ў рот набралі!
Я паставіў на месца класны журнал, паспрабаваў злавіць позірк субяседніка. Аднак той чамусьці настойліва адводзіў вочы і гэта мяне забаўляла. «Або няўпэўнены ў сваёй праваце, або баіцца маіх адказаў, не хоча чуць праўды!»
– Не такія ўжо і браты нам расіяне. Аднак, паважаны Валерый Іванавіч, я не збіраюся ні ў чым перад вамі апраўдвацца. Я люблю гісторыю, як сур’ёзную навуку. Ніколі не маніў і не збіраюся падманваць дзяцей. Ім я выкладаю факты, а вывады няхай робяць самі.
– Чуў я, якія вывады яны робяць на вашых уроках, – урэшце дырэктар школы ахінуў мяне сваім ліпучым, халодным позіркам. – А як па Кірылу, дык па ім ужо турма плача. Мы з вамі жывём у грамадстве, дзе ўсе людзі павінны імкнуцца да адной мэты: пабудове моцнай, квітнеючай, савецкай дзяржавы. Яны могуць думаць па-рознаму, я гэта дапускаю, але да мэты павінны ісці адным шляхам, у адным накірунку, разам з усімі. Яны абавязаны аддаць усё дзеля дасягнення агульнай мэты, і наша гісторыя павінна дапамагаць ім у гэтым.Таму мы абавязаны стварыць новую гістарычную памяць народа, дашчэнту выкінуць з яе ўспаміны пра тое, што адбывалася пры царах і капіталістах, што зняпраўджвае ідэі нашага кіраўніцтва. Скажыце, навошта рабацягам ды іх дзецям ведаць падрабязнасці пра далёкую мінуўшчыну, усіх гэтых Альгердаў і Вітаўтаў? Хай лепш дбаюць пра сапраўднае і мараць пра свой дабрабыт і сваю сытую будучыню!
Я сумеўся. Не думаў, што камуністычная карозія настолькі раз’ела мозг гэтага немаладога чалавека. Я агледзеўся па баках: ці не ўстаноўлены тут дзе-небудзь мікрафоны, бо не паверыў, што разважлівы чалавек на поўным сур’ёзе можа несці такую ахінею. Так і не заўважыўшы нічога падазронага, я адказаў:
– А я думаю, што гісторыю нельга скажаць дзеля ідэі. Гэта навука, якую павінен ведаць кожны з нас, каб не паўтараць памылкі, дапушчаныя нашымі продкамі, каб зноў і зноў не наступаць на тыя знакамітыя граблі.
– Ладна, – дырэктар стомлена адмахнуўся ад мяне. – Бачу, што вы мяне не разумееце ці не хочаце зразумець. Таму працягнем нашу гутарку ў панядзелак, на нарадзе пасля ўрокаў.
Унутры мяне ўсё клакатала, аднак я стрымаўся і як мага спакайней развітаўся:
– Усяго добрага.
Калі выйшаў у школьны калідор, я прыгадаў фізрука і ледзь, як і ён, не вылаяўся. Мацюкі амаль не апаганілі мае вусны, але я стрымаў сябе.
Ногі самі прывялі мяне ў спартыўную залу. Юрый Васільевіч акінуў мяне акаселым позіркам і з разуменнем прамовіў:
– З дырэктарам размаўляў, бачу, – ён на два павароты ключа зачыніў дзверы, хітнуў на пакойчык, дзе захоўваўся спартыўны інвентар: – Прашу.
Аднекуль з-за шафы фізрук выцягнуў пачатую пляшку, трасянуў яе, паглядзеў на этыкетку, па складах прачытаў назву. «Грузінскі каньяк нервы супакойвае добра. Праверыў».
У мяне знайшоўся кавалак пліткі горкага шакаладу і пад такую закуску мы, не спяшаючыся, дапілі напой, які на самай справе аказаўся не такім ужо і дрэнным...
Дадому я вярнуўся надвячоркам. Насця яшчэ не прыйшла з працы, яна рабіла навуковым супрацоўнікам у краязнаўчым музеі, таму павячэраў на хуткую руку і з кніжкай узваліўся на канапу.
7
Дваццаць пятага жніўня 1382 года было звычайным, нічым не адметным у прыродзе днём. Як і належыць у жніўні, з раніцы над ракой завіс густы туман. Паступова ён падняўся вышэй, запоўніў брудныя і крывыя гарадскія вулачкі, дробнымі кропелькамі расы асеў на панцырах і зброі маскоўскіх ратнікаў. З узыходам сонца гэтыя кропелькі зазіхацелі каштоўнымі камянямі, але да іх прыгожага ззяння нікому не было справы, бо пад сценамі горада ўжо два дні тапталася татарская Арда. Саюзнік Дзмітрыя Іванавіча Тахтамыш прыйшоў да Масквы, каб жорстка пакараць маскоўскіх полаўцаў, якія паднялі бунт супраць свайго ўладара, вялікага князя.
Цімоха стаяў на крэпасной сцяне і праз байніцу глядзеў на татарскае войска. Ягоная сотня адказвала за прамежак паміж Спаскай і Крамлёўскай вежамі. Сам ваявода Асцей нядаўна зацвердзіў Цімоху на пасадзе сотніка і былы каваль вельмі ганарыўся гэтым. Ён зусім не хваляваўся, бо ўжо біў татар на рацэ Вожы, і на Кулікоўскім полі. Ведаў, што тыя смелыя толькі ў пераважнай большасці, а пры першых прыкметах небяспекі адразу кідаюцца ўцякаць. Цяпер жа пад сценамі Масквы татар было намнога болей, чым абаронцаў. У тым, што яны пойдуць на прыступ, маскавіт ніколькі не сумняваўся. «Шкада, што ў мяне многа пасадскіх людзей і я не паспеў як след навучыць іх ратнай справе. Але ж за свае папаленыя двары яны будуць помсціць люта».
Пасля ўзыходу сонца татарскі стан зашавяліўся, а пасля непрацяглай малітвы, з енкам і падвываннем, людская маса ў рознакаляровых апратках пакацілася на прыступ.
– Пасцеражыся, – на ўсе лёгкія выгукнуў каманду Цімоха. – Усім ад байніц. Лучнікам страляць усляпую.
Тысячы варожых стрэл абрынуліся на крэпасныя сцены, зацокалі па бярвёнах, вылушчваючы з іх трэскі. І адразу ж насупраць байніц загрукаталі цяжкія штурмавыя лесвіцы, а на іх, з крывымі шаблямі і крукамі, паказаліся татары.
– Бі, сячы, – не разгубіўся Цімоха і, выхапіўшы з похваў свой меч, у адной кальчузе, без шчыта, кінуўся сустракаць захопнікаў.
Першаму татарыну ён знёс галаву, другога – распалавініў да пояса. Трэці аказаўся лаўчэйшым, аднак і ён не змог адбіць Цімохавых удараў і хутка зваліўся ў крэпасны роў.
– Кідай бярвёны, лі вар, – выкрыкваў сотнік каманды і, не звяртаючы ўвагі на варожыя стрэлы, сек нападаючых. Ён верыў, што падначаленыя не аслухацца яго, таму і не азіраўся, быў спакойны за сваю спіну.
Бойка закіпала. Плячом да пляча з Цімохам секся яго сусед і сябра па кавальскім цэху Сава. Акрываўлены з ног да галавы, ён шчыраваў баявой сякерай і вакол яго байніцы ўжо валялася груда знявечаных татар. Бярвёны, каменне, дроцікі і стрэлы ляцелі ў ворагаў. Тысячы стрэл сыпаліся з татарскага боку на абаронцаў, і многія з іх знаходзілі сваю ахвяру. Загінулых, сваіх і чужых, выкідвалі за крэпасную сцяну – няхай у апошні раз паслужаць праўдзівай справе.
Да вечара працягвалася бязлітасная сеча. Малады князь Асцей прысылаў на сцены падмацаванне, зброю, смалу і каменне. Сам з’яўляўся на небяспечных участках і ўласным прыкладам падмацоўваў веру ў перамогу. Абаронцы без жалю забіралі чужыя жыцці, без шкадавання аддавалі свае.
Участак сцяны, які бараніла сотня Цімохі, быў шчыльна заваленыны целамі татар. Іх не паспявалі скідваць, таму тапталіся па іх, не зважаючы, хто пад нагамі, – мёртвы ці паранены. З наступленнем вечара татары адкацілі ад крэпасці. Звон сталі сціх, але жудасныя стогны, выццё і крыкі паміраючых пад сценамі даносіліся да слыху абаронцаў да самай раніцы.
А з узыходам сонца пачаўся чарговы прыступ і паўтарылася тое ж самае. Татары лезлі на сцены, абаронцы іх секлі і скідвалі на груды ўжо акалелых за ноч трупаў. Тахтамыш глядзеў на гэтае смертазабойства, бачыў яго бессэнсоўнасць і разумеў: крэпасць яму не ўзяць. Не той ужо маскавіт, што быў дзесяць гадоў таму! Не той ваявода кіруе яе абаронай! Знікае страх у людзей паспалітых перад татарскай сілай! Застаецца адзінае выйсце: прымяніць зброю, якая ламала і не такія цвярдыні – подкуп, падман, хітрасць. Гэта подла, дорага, несправядліва, аднак, эфектыўна!
Тахтамыш па чарзе агледзеў твары сваіх дарадцаў і ваяводаў. «Ну і ад’еліся, – з пагардай падумаў ён пра суайчыннікаў. – З кім прыходзіцца ваяваць! Яны ж мяне ў піяле з кумысам утапіць гатовы!»
– Паклічце сюды князя Сямёна! Тэрмінова! – услых загадаў ён, а пра сябе падумаў: – Няхай, сабака, адпрацоўвае нашу да яго ласку.
Раніцай дваццаць сёмага жніўня ад татарскага стана да абаронцаў крэпасці данесліся рэзкія гукі труб. Гэта было нешта незвычайнае, таму не толькі ратнікі, але і ваяводы высыпалі на сцены.
Ля галоўных варот у суправаджэнні пяці коннікаў пад белым сцягам таптаўся былы дарадца Дзмітрыя Данскога, родны брат вялікай княгіні, князь Сямён Наўгародскі.
– Што табе трэба, здраднік? – неслася са сцен крэпасці. – Сыходзь адсюль, пакуль не атрымаў стралу ў грудзі!
Аднак князь Наўгародскі ніяк не рэагаваў на лаянку ў свой адрас, ведаў, што яго надзейна бароніць не столькі белы сцяг, колькі прастата і даверлівасць маскавітаў.
– Паклічце князя Цвярскога, – некалькі разоў крыкнуў ён абаронцам і, калі князь паказаўся на сцяне, гучна, каб чулі ўсе, дадаў: – Я ад вялікага князя Дзмітрыя Данскога з граматай.
На сценах крэпасці пачалася мітусня. Абаронцы адразу пранікліся сімпатыяй да таго, каго нядаўна называлі здраднікам.
– Адчыніце вароты, прапусціце князя Сямёна.
Вароты адчынілі і князь Наўгародскі разам са сваім суправаджэннем уехаў на крэпасны двор.
Хутка Асцею перадалі дзве граматы: ад вялікага князя Дзмітрыя і ад Тахтамыша.
Князь Асцей быў юнаком, аднак уважліва агледзеў пячаткі, почырк вялікага князя, паклікаў іншых князёў, каб і яны выказалі сваё меркаванне пра сапраўднасць пячаткі і подпісу Дзмітрыя, і толькі потым, калі ўсе ўпэўнена пацвердзілі, што пячатка і подпіс не падробныя, зачытаў змест паслання. Вялікі князь Маскоўскі Дзмітрый Данскі ў сваёй грамаце злаваўся на князя Асцея за яго непаслушэнства і загадваў неадкладна адчыніць вароты Тахтамышу. Тахтамыш у сваім пасланні хваліў князя Асцея і яго дружыну за смеласць, абяцаў забыцца на нядаўняе непаразуменне і дарэмнае кровапраліцце, не руйнаваць горад і не караць яго жыхароў. Нагадваў пра дамову з вялікім князем Дзмітрыем аб выплаце даніны.Аднак не ўсе паверылі ў сапраўднасць граматы вялікага князя.
– Не мог князь Дзмітрый напісаць такога, не мог! – у адчаі заломваў рукі князь Міхал Цвярскі. – Ён хутка збярэ войска і сам прыйдзе нам на падмогу.
– Трымай кішэнь шырэй, – злосна прашыпеў нехта з баяр. – Калі б ён паехаў збіраць войска, то не забраў бы з сабой казну і сваю сям’ю. Уцёк ён, ганебна ўцёк! Кінуў нас на волю лёсу!
– Хутка ён будзе тут, вось пабачыце!
– Ты, князь Міхал, пра свой двор пячэшся, поўны срэбра і золата, дзе цябе чакае маладая жонка...
Хто не спрачаўся, той думаў. Адзін князь Наўгародскі з абыякавым выразам на твары чакаў адказу. Унутрана ён захапляўся сабой, бо менавіта ён ноччу напісаў граматку ад імя вялікага князя, падрабіў подпіс і прышлёпнуў напісанае некалі скрадзенай у Дзмітрыя пячаткай. А яны, ёлупы, паверылі. Ладна, гэты малады ліцвін Асцей! А астатнія? Цьфу, балваны!
Вырашылі перадаць Тахтамышу, што вароты яму адчыняць заўтра з узыходам сонца.
Ноччу тыя, хто не верыў у татарскую шчырасць, каго нішто не трымала ў горадзе, праз рэчку выбраліся з крэпасці і схаваліся ў навакольных лясах.
Пакінуў горад і Цімоха са сваёй сям’ёй. «Я добрую навуку атрымаў ад татар на Вожы і на Кулікоўскім полі. Толькі дурань не хоча засвойваць іх урокаў вераломства ды можа чарговы раз паверыць нехрысцю!»
Раніцай наступнага дня Асцей з групай ваяводаў і баяр адчыніў вароты. Урачыста апрануты, у суправаджэнні баяр і духавенства, з багатымі падарункамі для хана і яго шматлікіх жонак, ён накіраваўся да шатра Тахтамыша.
А татары не змяніліся: яны адсеклі галовы Асцею і яго князям, уварваліся ў горад праз адчыненыя вароты, абрабавалі і пабілі ўсіх жыхароў, а потым паселішча падпалілі. Горкі дым ахутаў Масковію...
Я прачнуўся, прынюхаўся. З кухні да мяне даходзіў пах рыбных катлет. Па тэлевізары паказвалі матч з англійскай прэм’ерлігі. «Чорт, – стараючыся ўспомніць, хто ўключыў тэлевізар, я ці жонка, зручней уладкаваўся на канапе. – Гэта ж сягоння гуляе “Арсенал” з “Ліверпулем”!»
Напружаная барацьба на футбольным полі захапіла, адразу выцесніла з галавы думкі і пра князя Маскоўскага, і пра Тахтамыша, і пра Цімоху з Савай. Нават пра нараду, на якой мяне, пэўна, будуць вучыць розуму, я забыўся. Перажываў за дружыну Арсена Венгера, шчыра жадаў ёй перамогі.
8
А вось дырэктар школы не забыўся пра сваё абяцанне. У панядзелак пасля ўрокаў амаль увесь педагагічны калектыў школы цясніўся ў настаўніцкім пакоі. Многія з калег нешта чулі пра нашу суботнюю спрэчку і сёння з цікавасцю чакалі пачатку нарады. У некаторых гэтыя пазапланавыя пасядзелкі выклікалі нуду, яны не стараліся схаваць сваё раздражненне, нецярпліва пазіралі на гадзіннікі, цяжка, бы на хаўтурах, уздыхалі.
Пачаў дырэктар.
– Паважаныя калегі, – ён цяжкім позіркам агледзеў прысутных і нечакана для многіх, а, магчыма, і для сябе, дадаў: – сябры! Я сабраў вас на гэтую нараду для таго, каб абмеркаваць метады выкладання гісторыі Міхаілам Рыгоравічам і, калі трэба, своечасова паправіць яго. Я не хачу выглядаць рэтраградам, аднак, спадзяюся што вы правільна ацэніце яго грамадзянскую пазіцыю і дадзіце ёй прынцыповую адзнаку.
– А ў чым справа? – пачуліся нясмелыя пытанні. – Міхаіла Рыгоравіча вельмі любяць дзеці, яго паважаюць бацькі нашых вучняў...
– .ды і з метадамі выкладання ў яго поўны парадак, – прабасіў фізрук.
Дырэктар школы спрачацца не стаў. Ён хітнуў галавой свайму намесніку па выха-
ваўчай рабоце, а сам асцярожна, бы хворы на радыкуліт, сеў у крэсла. Намесніка, немаладую адзінокую жанчыну, з глыбока пасаджанымі вачыма і вострым носам, у калектыве называлі Мальвіна. Чаму да яе прыліпла такая мянушка, ніхто не ведаў. Многія спачувалі яе адзіноце, аднак ніхто яе не шкадаваў і жанчыну часта можна было бачыць з чырвонымі, заплаканымі вачыма. Не шкадавалі яе не таму, што ў нас у калектыве працавалі чэрствыя і абыякавыя людзі, хутчэй наадварот. Не шкадавалі таму, што яна ўсюды торкала свой тонкі і востры носік, а пра пачутае і ўбачанае адразу ж даносіла дырэктару.
Мальвіна паднялася, адарвала свой позірк ад запісаў, і, звяртаючыся да Юрыя Васільевіча, загаварыла:
– А вы, можна падумаць, не ведаеце ў чым справа? І апраўдваць яго метады выкладання можа толькі той, хто сам ганьбіць светлы вобраз настаўніка, – яна кінула хуткі позірк на свайго начальніка і працягвала далей: – У суботу Валерый Іванавіч наведаў урок гісторыі ў дзявятым класе. Па методыцы выкладання ў яго няма заўваг да настаўніка, а вось па змесце... У той час, як мы з вамі змагаемся за правільнае ідэалагічнае і патрыятычнае выхаванне моладзі, Міхаіл Рыгоравіч некалькімі непрадуманымі сказамі ўшчэнт разбурае ўсё тое, што мы напрацоўваем з вучнямі за гады працы.
– Ды ён тэрарыст нейкі, – злосна вышчарыў зубы фізрук і не ўтрымаўся, рагатнуў у кулак. – Вазьміце, Галіна Эдуардаўна, яго на парукі.
– Вам смешна, а ён на апошнім сваім уроку выставіў гонар расійскай нацыі – Дзмітрыя Данскога – баязліўцам, ідыётам і тупым баранам.
– Я такога не казаў, – не вытрымаў я пачутай абразы. – Наадварот, імкнуўся паказаць смеласць і стойкасць простых маскавітаў – нашчадкаў расіян. Хацеў падкрэсліць розум іх палкаводцаў і перамогу іх зброі.
– Усё гэта лухта і трызненні не вельмі дасведчанага чалавека, – не ўтрымаўся ад палемікі дырэктар школы. – Я сам некалі выкладаў гісторыю і ведаю, што не было ў расіян столькі самастрэлаў.
– А якой зброяй яны выбівалі генуэзкіх рыцараў, тампліераў, крыжакоў? Стрэламі з лукаў? Каменнем?
– Не ведаю, – некалькі сумеўся дырэктар, – аднак мы сабраліся пагутарыць не пра Дзмітрыя Данскога, а пра тое, як вы збіраецеся вытрымліваць ідэалагічны курс нашага ўрада. Для моладзі імёны Дзмітрый Данскі, Аляксандр Неўскі, Аляксандр Сувораў, Пётр Першы павінны быць сінонімамі веры ў наша мінулае і ў слаўнае будучае.
– Я думаю, што наша моладзь павінна ганарыцца тым, што яе папярэднікамі былі не самадуры кшталту Суворава з Пятром, а Кірыла Тураўскі і Еўфрасіння Полацкая, Усяслаў і Вітаўт, Францыск Скарына і Мікалай Гусоўскі, Мікалай Радзівіл Чорны і Філон Кміта, Каліноўскі, Багдановіч, Купала, Барыс Кіт, Пётр Машэраў і многія-многія іншыя.
Дырэктар школы збянтэжыўся. Пэўна, яшчэ не ўсё чалавечае ён згубіў на сваіх партыйных пасадах. Ён з шумам выдыхнуў з грудзей паветра, адкінуўся на спінку крэсла. Ранейшы бляск яго вачэй патух, неяк раптоўна яны спустошыліся, абясквеціліся і мне падалося, што яму самому зрабілася сорамна за гэтую нараду. А я сышоў з катушак. Мяне панесла. «А-а, будзь што будзе, – мільгатнула ў галаве вар’яцкая думка, – выкажу ўсё, што думаю. А потым хай пазбаўляюць прэмій, выганяюць з працы! Пайду працаваць сацыяльным работнікам, адтуль не выганяць».
– Урокі гісторыі заключаюцца ў тым, што аналагічныя падзеі і дзеянні з мінулага па спіралі вяртаюцца ў будучыню. Мы пастаянна паўтараем тое, што ўжо было, толькі паўтараем на іншым, дасканалым узроўні. Зірніце на наш ранейшы ўрад, нашых кіраўнікоў – усе састарэлыя, нямоглыя. Аднак кожны дзень у газетах, па радыё, па тэлебачанні мы чулі: «Пад мудрым кіраўніцтвам Леаніда Ільіча», «як сказаў дарагі Леанід Ільіч» і гэтак з раніцы да вечара. Чаму, хто і навошта ўбіваў у нашы галовы гэткую дурноту?
– Ды ціха ты, – зашыкалі на мяне некаторыя са старэйшых настаўнікаў. Потым яны падхапіліся і, палахліва азіраючыся па баках, падалей ад граху, зніклі з пакоя.
– Не, пачакайце, – я ніяк не мог спыніцца. – Пры Дзмітрыі Данскім дзяржавай кіраваў савет, які бізуном і мячом прымушаў падданых вялікага князя думаць, што пераможца татар – Дзмітрый, што клапоціцца пра народ – Дзмітрый, што за вялікія перамогі толькі ён адзін заслугоўвае павагі і пашаны звацца Данскім. І гэта пры тым, што той сваёй здрадай загнаў Масковію яшчэ на стагоддзе ў татарскую кабалу. А хто памятае пра Баброк-Валынскага? Пра таго ж Андрэя Полацкага і яго сыноў? Ніхто! Адна паказуха!.. Так было і ў нас. «Вось вам, дарагі Леанід Ільіч, Залатая Зорка за асваенне цалінных зямель». «Вось вам маршальскі жэзл і яшчэ адна Зорка за перамогу на Малай зямлі». А дарагі Леанід Ільіч ужо не кіраваў. Ад састарэласці ён нават не бачыў, што краіна імкліва коціцца пад адхон. Ён толькі забаўляўся сваімі бліскучымі медалямі-цацкамі... Чаму мы так баімся праўды? Чаму так баімся белае назваць белым, а чорнае чорным? Навошта гэты бруд? Навошта гэтыя інтрыгі, плёткі, зайздрасць? Жыццё ж у нас ва ўсіх адно і яно такое кароткае!
– Гэта жорстка.
– Так, жыццё жорсткае, – я амаль супакоіўся, – таму і трэба ведаць сваю гісторыю. Яе аналагі пастаянна выпіраюць вонкі то ў адным, то ў другім месцы і іх трэба асцярожна, правільна, улічваючы вопыт мінулага, выпраўляць, а не сячы па-жывому, не вырываць з мясам... Колькі чалавечых лёсаў скалечана з-за нашага невуцтва! Колькі зла і нянавісці прыўнесена ў жыццё па нашай ляноце!...
Я стаміўся. Мне надакучыла даводзіць відавочнае тым, хто баіцца яго ўбачыць, не хоча зразумець. Я перадумаў агольваць сваю душу і, не давёўшы думку да лагіч нага завяршэння, сеў на канапу побач з фізруком. Той у знак прызнання лёгка штур хнуў мяне ў бок локцем: «Захадзі пасля нарады да мяне ў капцёрку».
Нейкі час у настаўніцкай панавала цішыня. Потым падняўся Валерый Іванавіч. За гэтыя дваццаць хвілін ён састарэў на дзясятак гадоў.
– Што ж, – яго голас гучаў квола і стомлена. – Мы з вялікай цікавасцю выслухалі пазіцыю Міхаіла Рыгоравіча. Добра, што ён разумее палітыку ўрада і спадзяюся, будзе ў сваёй працы прытрымлівацца правільнага накірунку... Нарада закончана.
У настаўніцкай яшчэ не заціхла рэха апошніх слоў дырэктара, а настаўнікі ўжо пакідалі свае месцы. Маўчком, апусціўшы вочы, бы цені, яны выпараліся з пакоя і гэтак жа бязгучна знікалі ў сутарэннях школы.
– Да пабачэння, Валерый Іванавіч! – я развітаўся апошнім.
– Усяго добрага, Міхаіл Рыгоравіч!
Я не пайшоў у спартзалу і не памыліўся: на лаўцы, ля ўваходных дзвярэй, чакала Насця. Згледзеўшы мяне, яна паднялася, падхапіла пад руку і нейкі час мы павольна крочылі побач і маўчалі. І толькі каля дому яна не ўтрымалася: спынілася, узяла мяне за галаву, нахіліла яе і пацалавала. «Я кахаю цябе! Моцна кахаю!» – былі яе словы, і я зразумеў – гэта праўда. Каханне і праўда! Дзеля іх толькі і трэба жыць!
Вось ужо гэта спіраль гісторыі! Усё паўтарылася, як і дваццаць пяць год таму.