Текст книги "Яд у сэрцы (СИ)"
Автор книги: Уладзімір Мажылоўскі
Жанр:
Историческая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 2 страниц)
Уладзімір МАЖЫЛОЎСКІ
ЯД У СЭРЦЫ
Апавяданне
1
Жнівеньскім вечарам, сырым і халодным, пан Андрэй Варона з жонкай, пані Агатай, і двума сынамі-падлеткамі, вяртаўся ў Берасце ад свайго зяця пана Багдана з Трышына. Было пану Андрэю крыху за сорак, аднак стройная постаць, густыя доўгія валасы, бліскучыя вочы і вясёлы нораў значна яго маладзілі і ў вячэрнім паўзмроку магло падацца, што па вузкай лясной дарозе едуць не муж з жонкай, а старэйшы сын са сваёй маці. І ў той час, калі пані Агата з трывогай узіралася ў кожны прыдарожны куст, уздрыгвала ад кожнага ляснога гуку, пан Андрэй жартаўліва ўслых разважаў:
– Ну вось, Агатушка, і дачакаліся мы з табой першага ўнука. Але мне, калі падумаю, што астатак свайго жыцця прыйдзецца дажываць з бабуляй, становіцца млосна і сумна.
– І мне мала весялосці ад таго, што зараз жыву з дзедам, – у адказ усміхалася жонка, пры гэтым не перастаючы ўважліва азіраць наваколле.
За апошні тыдзень, як іх дачка Зося нарадзіла хлопчыка, пані Агата ўжо неаднойчы чула гэты няхітры мужаў жарт. Спачатку яна злавалася на яго, потым прывыкла, сама пачала жартаваць з гэтай нагоды. Аднак сёння ёй было зусім не да смеху: імкліва набліжалася ноч, а Берасця яшчэ нават не было чутна, і тое, што ехала яна ў суправаджэнні трох чалавек, яе зусім не супакойвала, наадварот – дадавала больш неспакою, залішняй нервознасці, бо п’яны муж і два іх малалетнія сыны, што конна рысілі ля вазка, не змаглі б аказаць сур’ёзнага супраціву начным бандытам, чуткі пра якіх з’явіліся на Берасцейшчыне з пачатку лета.
А чуткі пра банду начной Ваўчыцы і сапраўды былі трывожныя. І раней у мясцовых лясах хапала розных рабаўнікоў. Амаль кожны мясцовы шляхціц лічыў справай гонару, як казалі, зрэдку разагнаць густую кроў па сваіх жылах і абрабаваць які-небудзь купецкі абоз. Аднак раней да смертазабойства ніколі не даходзіла. Новую ж банду адрознівала звярыная жорсткасць – літасці бандыты не давалі нікому, аднолькава пераразалі горла і пану, і купцу, і галоднаму жабраку. Не шкадавалі яны ні дзяцей, ні жанчын, ні нямоглых старых, і заўсёды на месцы злачынства пакідалі адбітак акрываўленай воўчай лапы. Яшчэ людзі расказвалі, што новая банда – гэта зграя ваўкалакаў, якой кіруе маладая прыгожая жанчына, што ноччу яны рабуюць і забіваюць, а днём ператвараюцца ў звычайных людзей і прадаюць нарабаванае. Праўда, адкуль людзі маглі ведаць пра ваўкалакаў і жанчыну – не вядома, бо банда ніколі не пакідала жывымі сведкаў сваіх злачынстваў. Вось чаму так трывожна ўзіралася пані ў прыдарожнае кустоўе, вось чаму жахам поўніліся яе вочы, а збялелыя вусны без супынку шапталі гарачыя словы малітвы аб выратаванні.
І якой бы ўважлівай не была пані Агата, якімі шчырымі не былі б словы яе малітвы, як бы горача не жадала яна выратавання сваёй сям’і, але нападзенне ўсё ж адбылося нечакана, маланкава. Яна толькі пачула, як побач раптоўна захрыпеў яе муж, убачыла, як з-пад стралы, што ўпілася ў яго шыю, струменем запарыла кроў, як над ёй бліскавіцай мільгатнула лязо сякеры, і ўсё – яна абрынулася ў чорную, бясконцую бездань...
2
Берасцейскі лаўнік Самуіл Корчак любіў у нядзелю пасля ранішняй службы ў Мікалаеўскай царкве са сваёй сям’ёй зайсці ў госці да бацькоў, пасядзець разам з бацькам і малодшым братам у садзе, выпіць кубак-другі нямоцнага мёду, пагутарыць аб жыцці. Аднак гэтым нядзельным ранкам яму не пашчасціла – бацька ў суботу павёз тавар у Камянец, а брат яшчэ не вярнуўся з царквы. У хаце была адна маці.
Пасля прывітальных слоў і звыклых пытанняў аб здароўі, Самуіл уладкаваўся на лаве, прытуліўся спінай да цёплай сцяны, задумаўся. На яго твары кучаравілася светлая модная, ахайна падстрыжаная бародка. Ледзь бачныя вусы адцянялі яго вусны, а з-пад гэткіх жа пшанічна-светлых броваў на свет глядзелі блакітна-шэрыя, добрыя вочы.
Незнаёмцаў такі твар лаўніка звычайна пацяшаў сваёй адкрытасцю і прастатой, аднак тыя, хто ведаў Самуіла, не падманваліся, ведалі, што за гэтай яго прастатой хаваецца непахісная і непадкупная чэснасць, што за якую б дробязную і нязначную справу ні браўся б лаўнік, ён аддаваўся ёй усёй душой і заўсёды даводзіў яе да справядлівага заканчэння.
Самуіл яшчэ нейкі час пасядзеў у хаце, паслухаў вясёлую гамонку сваёй жонкі Насці з маці, потым ціха падняўся і пайшоў у сад. На яго сыход ніхто не звярнуў увагі.
Сад быў невялікім, усяго з дзясятак яблынь, але Самуілу яшчэ з дзяцінства ён падаваўся незвычайным, казачным, дзе кожнае дрэва, кожны куст жылі сваім жыццём, дзе панавалі свае правілы, свае звычаі і свае законы.
Мужчына сеў на лаву ля куста язміну, адхінуўся да шурпатага ствала яблыні, заплюшчыў вочы, і адразу нейкае па-дзіцячы шчымлівае насланнё запоўніла ўсю яго істоту. Ён не заўважаў, як бяжыць час, забыўся аб жыццёвых праблемах, аб рабоце і, нібы у здранцвенні, быццам зачараваны, з непрыхаваным захапленнем і шчаслівай, ледзь бачнай усмешкай слухаў бясконцае гудзенне чмялёў, на поўныя грудзі ўдыхаў пах, прагрэтых сонцам глебы, травы, лісцяў, даспяваючых яблыкаў. Ён нерухома сядзеў на лаве. Яму падавалася, што слухаючы вясёлыя пераспевы птушак і дзелавое сакатанне конікаў, ён па-сапраўднаму адчувае іх жаданне жыць і бярэ частку гэтага жадання ад іх сабе.
Думкі Самуіла былі лёгкія, бесклапотныя, і тое, што ён зведваў у такія імгненні, праходзіла праз яго душу і сэрца. Ён адчуваў, як цела наліваецца гукамі зямлі, як жылы напаўняюцца яе жыццёвай сілай, як ён становіцца мацнейшы і чысцейшы, быццам навакольны свет, гэтыя пахі і гукі, праходзяць праз яго сэрца, ачышчаюць яго і гаючым бальзамам назаўсёды там застаюцца. Самуілу было хораша, і ён ніякім рухам не хацеў парушыць гэткае сваё забыццё, гэтае яднанне з роднай прыродай.
Раптам у садзе пачуліся крокі. Чалавек падышоў бліжэй, спыніўся побач з лавай.
– Ты спіш? – прагучала пытанне і Самуіл адразу пазнаў голас малодшага брата Марціна.
Ён расплюшчыў вочы, з лагоднай усмешкай блазнаватага, які яшчэ канчаткова не выйшаў з прыемнага забыцця, паглядзеў на брата. Перад ім стаяў стройны юнак, ужо з чорным пушком на падбародку і шчоках. «Пара галіцца», – падумаў пра брата Самуіл, а ўслых запытаўся:
– А ты чаму з бацькам у Камянец не паехаў?
– Яны абозам паехалі, з аховай, – Марцін сарваў з яблыні яблык, адкусіў яго, зморшчыўся. – Зараз усе купцы з аховай ездзяць, баяцца банды начной Ваўчыцы, – хлопец сеў на лаву, салодка, зусім па-дзіцячы пацягнуўся, павярнуўся да брата: – Вось ты працуеш у магістраце лаўнікам, ловіш у горадзе ўсялякіх рабаўнікоў і забойцаў, а скажы мне – адкуль у нас з’явіліся гэтыя нелюдзі і чаму іх цэлае лета княжы намеснік пан Ключэўскі ловіць і ніяк не можа злавіць?
Самуіл адштурхнуўся спінай ад ствала яблыні, абняў за плечы брата.
– Мужчынам становішся, Марціне, – усміхнуўся ён і свабоднай рукой правёў па падбародку брата. – Хутка з бацькам будзем цябе жаніць.
– Ды ну цябе, – пачырванеў Марцін і трасянуў плячыма. – Я сур’ёзна пытаюся, а табе ўсё жартачкі.
– Ну, калі б у мяне былі адказы на твае пытанні, то банда Ваўчыцы ўжо даўно гойдалася б на дрэвах уздоўж Віленскага шляху.
– А што ты думаеш пра ваўкалакаў?
– Думаю, што гэта людзі прыдумалі іх са страху. На самай жа справе гэта банда невялікая і складаецца з пяці-шасці мужчын, і хутчэй за ўсё – дэзерціраў.
– Чаму дэзерціраў?
– Яны маладыя, здаровыя, добра валодаюць зброяй і да жудасці бязлітасныя.
– Чаму ж яны называюць сябе «бандай начной Ваўчыцы»?
– Так іх людзі назвалі, – Самуіл на імгненне задумаўся, потым хмыкнуў: – А і праўда, чаму банда Ваўчыцы, а не Ваўка?
– Вось і Мішка Дручок кажа, што атаманша ў іх сапраўдная ваўчыца, а яе падначаленыя – зграя ваўкалакаў. Таму і нападаюць яны ноччу, таму і пакідаюць воўчыя сляды на месцы злачынства, таму і нішчаць усіх без разбору.
– Я, напрыклад, ніколі не чуў, каб ваўкалакі стралялі з лукаў і мячамі секлі небаракам галовы, – ахалодзіў братаў імпэт Самуіл. – Але пра ваўчыцу ўсё ж трэба сур’ёзна падумаць.
– Падумай, братка, падумай, – Марцін зноў адкусіў яблык, зноў кісла зморшчыўся і, узняўшыся з лавы, адкінуў абгрызак пад плот. – Пайшлі ў хату, бо маці мяне паслала, каб я клікаў цябе на бліны.
3
Ідучы з мужам пасля гасцей да свайго двара, Насця апавядала яму навіны, якія пачула ад маці. Іх было шмат, але па-сапраўднаму зацікавіла Самуіла толькі адна – Марцін закахаўся ва ўдаву Гераські Дораха і ўжо прасіў бацьку накіраваць да яе сватоў. Самуіл крыху ведаў Герасіма, памятаў яго, як добрага цесляра, але яго жонкі ніколі не бачыў, нават ніколі не чуў, што яна ў яго была. Таму паведамленне Насці аб каханай Марціна выклікала ў Самуіла разгубленасць і з-за гэтай разгубленасці ён нават не парадаваўся за брата, хаця зусім нядаўна ў бацькавым садзе сам абяцаў яму яго ажаніць.
– Колькі ж удаве гадоў? – толькі і пацікавіўся ён у жонкі.
– Васямнаццаць, – адказала тая і, папярэджваючы яго наступнае пытанне, дадала: – Жалоба па Гераську закончылася ў чэрвені.
– А што пра яе вядома? Адкуль яна, хто яе бацькі, якога яна роду-племені?
– Маці расказвала, што родам яна з вёскі Корніца, што бацьку яе некалі разадралі ў лесе ваўкі, а маці памерла два гады таму, што мае яна трох братоў, два з якіх жывуць у вёсцы і займаюцца там гаспадаркай, а адзін жыве з ёй і, як і Гераська, цяслярыць.
– А чым займаецца яна?
Насця паціснула плячыма, усміхнулася і зазірнула мужу ў вочы, і ад гэтага яе насмешлівага позірку Самуіл зніякавеў, зразумеў, якое бязглуздае яго пытанне.
– Я хацеў запытацца, ці ёсць у яе дзеці? – паспрабаваў ён апраўдацца і, запытаўшыся, яшчэ больш разгубіўся – ну якое дачыненне да кахання маюць дзеці? Ёсць яны – добра, няма – значыць будуць!
Але Насця не заўважыла мужавай збянтэжанасці.
– Дзяцей у Юльяны няма, – прагучаў яе мілагучны голас, – але ж яны маладыя і ў іх усё яшчэ наперадзе.
– Значыць яе завуць Юлька?
– Юлія, – паправіла мужа жонка і зноў усміхнулася, на гэты раз усміхнулася шырока, па-добраму.
– А характар у яе які? – не здаваўся Самуіл. – Можа, яна сваімі сквапнасцю і сварлівасцю звяла Герасіма з гэтага свету? Тады і Марціна чакае такі ж лёс?
– Пра характар яе я нічога не ведаю, аднак, калі жадаеш, раскажу табе казку пра жаночую сварлівасць.
– Ну раскажы, – пагадзіўся з жонкай Самуіл, – да хаты ісці яшчэ далёка.
– Яе мне расказала мая маці, калі я пагадзілася стаць тваёй жонкай, а не выставіла некалі тваім сватам гарбуза.
– Чаму ж не выставіла?
– Таму што пакахала цябе, – голас Насці быў сур’ёзны, не жартаўлівы, ад чаго Самуіл стрымаўся, прамаўчаў. – Некалі, даўным-даўно, адна маладая дзяўчына пабралася шлюбам з хлопцам і па звычаі перайшла жыць на яго двор. І ўсё б было добра, ды толькі ніяк не магла маладая паразумецца са сваёй свякроўкай: то вілкі яна не там паставіць, то малако працэдзіць не ў той збан, то хлеб спячэ нясмачны, то кашу недасоліць – усё не так рабіла нявестка, усё не падабалася свякроўцы.
Месяц прайшоў непрыкметна, закончыўся другі, а ладу паміж жанчынамі так і не ўсталявалася.
Урэшце дзяўчына не вытрымала здзекаў і прыдзірак свякроўкі і вырашыла збегчы ў свет, пакінуць мужа з яго маці. Аднак, як гэта пакінуць любага мужа, ды і куды ёй бегчы? Тады яна вырашыла атруціць свякроўку. Сабрала грошай і пайшла да мясцовай лекаркі, каб купіць у той яду. «На горы іншага свайго шчасця не наладзіш, – выслухаўшы просьбу дзяўчыны, паспрабавала адгаварыць яе лекарка. Аднак тая была непахіснай, упартай у сваім жаданні і лекарка здалася: – Добра, я дам табе яду, але яго трэба падмешваць у ежу асцярожна, пакрышачку. І яшчэ, – лекарка панізіла голас да шэпту, зазірнула ў твар сваёй госці, – ты павінна змяніцца сама, стаць добрай і пяшчотнай нявесткай, інакш людзі адразу скемяць, што да чаго і абвінавацяць цябе ў смерці тваёй свякроўкі, і тады цябе чакае ганебная смерць на шыбеніцы».
З таго дня нявестку быццам падмянілі: на небе яшчэ свеціць месяц, а яна ўжо гаспадарыць ля печы, сняданак гатуе, потым бяжыць да каровы, завіхаецца па гаспадарцы, і так – цэлы дзень. А са свякроўкай ветлівая і лагодная, слова супраць не скажа, ва ўсім з ёй пагаджаецца, мамай зваць стала. І свякроўка змянілася: лаяцца перастала, шкадуе сваю нявестачку, ва ўсім ёй дапамагае, імкнецца дагадзіць, а праз месяц дачкой назвала. Лад і спакой запанавалі ў іх хаце, але аднойчы, калі старая жанчына раптоўна захварэла, успомніла нявестка пра яд, якім некалі труціла свякроўку. Успомніла, кінулася да лекаркі, павалілася ёй у ногі: «Ратуй, мілая, маю матухну або дай мне яшчэ яду, каб і я разам з ёй памерла!»
Пасмяялася з дзяўчыны лекарка, расказала, што дала ёй тады не яд, а звычайны адвар шыпшыны, і што шкоды здароўю свякроўкі яна не нанесла. «Ды і лячыла я тады не тваю свякроўку, а цябе, бо вельмі ўжо зашмат яду было ў тваім сэрцы і зараз бачу – з Божай дапамогай ты вылечылася, ачысціла сваё сэрца для дабрыні». – Насця дакранулася да мужавага локця, сціпла ўсміхнулася: – Вось так, Самуіл. Усё дрэннае мы носім у сваім сэрцы і толькі мы самі можам пазбавіцца ад таго яду, што атручвае нас, што апаганьвае нашы ўчынкі і ачарняе нашу душу.
Самуіл прамаўчаў. Нейкі час ён крочыў моўчкі, потым уздыхнуў і, быццам сам сабе, ціха прамовіў:
– Трэба быць вельмі моцным чалавекам, каб перамагчы самаго сябе, – ён аб нечым засяроджана разважаў, быццам вагаўся – сказаць гэта жонцы ці лепш прамаўчаць? Урэшце не вытрымаў: – І ўсё ж я думаю, што лёс любога чалавека залежыць у першую чаргу ад ладу жыцця яго бацькоў, што менавіта яны вызначаюць тую меру яду, які збіраецца ў сэрцах іх дзяцей.
4
А вечарам, калі сонечны дыск надзейна схаваўся за небасхілам, а на яго месца ўзабраўся самотны месяц, Самуіл пачаў апранацца.
– Ты куды? – здзівілася мужавым зборам Насця.
– Марціну трэба дапамагчы, пакуль горшага не здарылася, – адказаў ён жонцы і, каб тая не хвалявалася, дадаў: – Я, магчыма, у маці заначую.
Ён выйшаў з хаты, крыху пастаяў на панадворку, паслухаў, ці зачыніла жонка дзверы і, толькі пачуўшы шоргат засаўкі, павярнуўся і пакрочыў у канец вуліцы.
Ноч яшчэ не спавіла зямлю змрокам, але цяжкі жнівеньскі туман ужо клубіўся ля яе паверхні. У траве ўздоўж дарогі па-заліхвацку стракаталі конікі, ля Мухаўца ў кустоўі час ад часу дзіка крычала начная птушка.
Двор нябожчыка Гераські Дораха Самуіл знайшоў без цяжкасці. Чорная хата пад чорным дахам, абнесеная высокім чорным плотам, выглядала злавесна. Яшчэ больш злавеснасці дадавала ёй блізкасць лесу, які ў начны час падаваўся змрочным і непрыветлівым. Самуіл зябка павёў плячыма: «І чаго чорт панёс мяне ноччу ў гэтае гіблае месца? Што я тут спадзяюся ўбачыць?» Ён знайшоў пень у зарасніку лазы, прысеў на яго, суцішыўся ў чаканні.
Час цягнуўся нясцерпна доўга, хіліла да сну і, магчыма, Самуіл не вытрымаў бы і заснуў проста на пні, калі б не камары, якія з ніадкуль з’яўляліся ля яго твару і якіх без супынку трэба было адганяць пучком лазовых галінак.
Раптам праз камарыны піск лаўнік пачуў, як на двары Дораха мякка рыпнула засаўка, а праз імгненне бясшумна адчыніліся веснічкі і з іх выйшаў высокі, магутнага целаскладу чалавек. Незнаёмец павольна агледзеў наваколле, уважліва паслухаў начную цішыню, крыху яшчэ пастаяў на вуліцы і нягучна кашлянуў, – як зразумеў Самуіл – гэта быў умоўны сігнал, бо хутка з панадворку на вуліцу выйшлі яшчэ адзін мужчына і невысокая, танклявая жанчына. «Пэўна, Юлія», – здагадаўся Корчак. Ён, баючыся пашавяліцца і больш не звяртаючы ўвагі на камароў, праводзіў позіркам невялікую кампанію і, калі тыя схаваліся ў нізінцы, спачатку нерашуча, а потым усё смялей, прыгнуўшыся да самай зямлі, пабег за незнаёмцамі.
І тут, нібы назло, з-за хмары выпаўз месяц, асвяціў сваім нежывым святлом і лясную ўскраіну, і балоцістую, зарослую трыснягом і кустоўем, нізінку, і далёкі пагорак, на якім, як ведаў Самуіл, размяшчаліся гарадскія могілкі, да якіх наўпрасткі ішлі трое чалавек.
Корчак, ратуючыся ад месячнага святла, хуценька спусціўся ў нізінку і, ужо амаль не хаваючыся, пачаў прабірацца па кустоўі – пад яго ботамі трашчала гнілое голле, хлюпала балотная твань. Яму было страшна ісці наперад, але яшчэ страшней было вяртацца назад.
Хутка ён выйшаў на сцяжынку, азірнуўся навокал і, убачыўшы, што людзі не змянілі свайго шляху і крочаць да могілак, спыніўся, прысеў ля куста, выліў з ботаў гнілую ваду і толькі потым, дзе хаваючыся за кустоўе, а дзе паўзком, ён накіраваўся да самотнага пагорка.
Ён бачыў, што людзі і сапраўды прыйшлі на могілкі, спыніліся на іх ускрайку ля паваленага дрэва. Мужчыны селі на яго ствол, а жанчына адышлася крыху ўбок, прытулілася спінай да абпаленай маланкай сухаліны і паднесла да свайго твару рукі. Корчак ужо сабраўся падпаўзці бліжэй, як раптам начную цішыню прарэзала воўчае галашэнне, ды такое голаснае, такое жахлівае, што Самуіл ледзь не падскочыў на ногі, ледзь не кінуўся ўцякаць ад гэтага крыку, ад гэтых людзей і гэтых скасабочаных крыжоў. Ён ледзь не самлеў ад жаху. Аднак рэха ад галашэння растварылася ў лясной цішыні, а навокал нічога не змянілася. Як і раней, побач з ім мірна трымцела сваім лісцем маладзенькая асінка. Як і раней, месяц асвятляў чорны лес. Як і раней, мужчыны сядзелі на паваленым дрэве. І Самуіл здагадаўся – то выў не воўк, то крычала жанчына. І калі жудасны крык паўтарыўся зноў, ён ужо аднёсся да яго больш стрымана, без ранейшых панічных думак і неабдуманых памкненняў.
Раптам месяц схаваўся за хмару. Цемра запоўніла наваколле, і лаўніку падалося, што яно пачало змяняцца, што нават паветра стала іншым – цяжкім, густым, калючым. Без усялякай прычыны ў верхавінах дрэў зашумеў вецер. Спачатку ціха і нерашуча, потым мацней, а праз нейкі час на могілках па-сапраўднаму ўжо разыходзілася віхура. Ды яшчэ крумкачы і вароны, якія да гэтага начавалі на дрэвах, паднялі такі вэрхал, што Самуіл начыста забыўся, для чаго ён прыйшоў на гэты пагорак і адно, раз за разам жагнаючыся, апантана шаптаў малітвы ды цалаваў свой нацельны крыжык.
Ён не бачыў, адкуль на могілках з’явіўся яшчэ адзін мужчына, не чуў яго гутаркі з жанчынай і яе братамі, не заўважыў калі і куды ўсе яны зніклі.
Корчак маліўся, і толькі, калі супакоілася патрывожанае вараннё, калі начная цішыня зноў ахінула сваімі мяккімі крыламі магільныя крыжы і камяні, ён апамятаўся, да яго вярнулася здольнасць разважаць, думаць.
Самуіл спачатку прыўзняўся на каленкі, потым сеў на кукішкі, агледзеўся. На ўсходзе ўжо ружавела неба, халоднае, сырое паветра непрыемна абдымала яго цела.
Лаўнік, бы прывід, падняўся на ногі, рукавом кафтана, мокрага ад расы, выцер твар і, не азіраючыся, больш ні ад каго не хаваючыся, пакрочыў у накірунку да горада.
5
Раніцай Корчак быў у магістраце. Сонны, пакамечаны ён квола павітаўся са сваім сябрам Фёдарам і, гэтак жа квола кіўнуўшы на дзверы войта, пацікавіўся:
– Пан Міхал у сябе?
– У сябе, – адказаў Фёдар і не ўтрымаўся, рагатнуў: – А ты, бачу, ноч правёў весела, з карысцю!
– Чаго-чаго, а весялосці хапіла, – адмахнуўся ад сябра Самуіл і стомлена апусціўся на лаву. – Было так весела, што і зараз усё цела выкручвае, бы на дыбе.
– А жанчыны там былі?
– Былі і жанчыны. Адна! Але затое якая! – ваўчыца, а не жанчына!
– Ніколі б не падумаў такога пра цябе, – Фёдар падсунуўся па лаве бліжэй да сябра і паўшэптам даверліва пацікавіўся пра жанчыну: – Ліхадзейніца? І колькі грошай яна бярэ за ноч?
Самуіл хмыкнуў, грудзі яго затрэсліся ад унутранага смеху і ён ужо адкрыў рот, каб расказаць сябру пра жанчыну, каб цалкам задаволіць яго цікаўнасць, але ў гэты момант расчыніліся дзверы ў пакой войта і адтуль паказалася мажная постаць пана Міхала.
Войт падазрона агледзеў сваіх лаўнікаў, нават прынюхаўся, аднак нічога так і не ўчуўшы, хітнуў ім галавой:
– Заходзьце.
Лаўнікі зайшлі ў пакой і, убачыўшы на лаве незнаёмага шляхціца, у нерашучасці спыніліся. Незнаёмцу было гадоў пад сорак. Невысокі, але моцны, каржакаваты, ён нагадваў дубовы камель, на які нейкі жартаўнік начапіў стальную браню. Твар яго быў гладка паголены і меў такі цёмны колер, што Самуіл спачатку нават сумеўся – а ці не маўр гэта? Аднак незнаёмец не быў маўрам і размаўляў на зразумелай усім мове.
– Сядайце, панове, – праракатаў ён басавітым голасам, і Корчак здагадаўся, што перад імі сядзіць чалавек, які ўдзельнічаў не ў адной сечы, які прывык жыць на прыроде, і які больш часу праводзіць у конскім сядле, чым пад дахам свайго палаца, і такім чалавекам у Берасці зараз быў княжы намеснік пан Ключэўскі.
Ключэўскі з лёгкай, паблажлівай усмешкай на вуснах пачакаў, пакуль Самуіл з Фёдарам уладкуюцца на лаве, потым павярнуўся да пана Міхала:
– І ты кажаш, што яны могуць быць мне карыснымі?
Войт паціснуў плячыма і прамаўчаў.
– Добра, – уздыхнуў княжы намеснік, – мне ўсё роўна ўжо няма чаго губляць. – Ён цяжка варухнуўся на лаве, яго стальныя даспехі незадаволена загулі, зноў з-пад броваў зірнуў на лаўнікаў, даўжэй затрымаў позірк на Корчаку, стрымана ўсміхнуўся: – Вы ведаеце, панове, што ў вашых лясах з’явілася банда лютых злодзеяў, якія не толькі рабуюць купцоў, але і не пакідаюць у жывых свае ахвяры. Злыдні ўжо зарэзалі некалькі дзясяткаў паважаных людзей і гэта не на жарт усхвалявала нашага князя Жыгімонта.
Я два месяцы ганяюся за гэтымі забойцамі, злавіў і павесіў на прыдарожных дрэвах не адзін дзясятак разбойнікаў, і ўжо думаў, што ўрэшце знішчыў банду Ваўчыцы, але не – сённяшняй ноччу яны зноў нанеслі свой крывавы ўдар, перахапілі на лясной дарозе сям’ю пана Андрэя Вароны і поўнасцю выразалі яе. – Пачуўшы гэтую вестку, Самуіл скрыгатнуў зубамі і застагнаў: «Я ж мог папярэдзіць гэта забойства!» Але пан Ключэўскі не звярнуў увагі на стан лаўніка і працягваў: – Гэта азначае, што нехрысці жывыя, і што мне прыйдзецца яшчэ затрымацца ў вас на няпэўны час.
– Няўжо няма ніякіх зачэпак, каб вылічыць гэту Ваўчыцу з яе вывадкам? – пацікавіўся войт. – Няўжо ніхто нічога не бачыў ці не чуў?
– Сведкаў іх зладзействаў няма, бо нябожчыкі, як вядома, не размаўляюць, а сяляне будуць маўчаць, нават калі і бачылі нешта падазронае, бо разумеюць – калі яны раскажуць тое, што ведаюць, іх сем’і выражуць, а двары іх спаляць. Жах – вось тое пачуццё, з якім зараз жывуць вашы сяляне.
– Як жа злавіць душагубаў? Дзе іх шукаць? – узрушаны войт пачухаў патыліцу, і запытальна паглядзеў на княжага намесніка: – Што рабіць будзем, пан Мікалай?
– Думаць трэба, – адказаў намеснік. – Трэба шукаць іх схованку, апытваць людзей.
– А я думаю, што банду Ваўчыцы шукаць зусім не абавязкова, – перапыніў размову шляхціцаў Корчак і, убачыўшы іх здзіўленыя твары, патлумачыў: – Трэба прыдумаць такую хітрасць, каб гэтая банда сама прыйшла ў пастаўлены намі капкан.
– Ну-ка, ну-ка кажы, лаўнік, што ты задумаў, – пан Ключэўскі нават нахіліўся да Самуіла.
– Трэба распусціць чутку, што нейкі шляхціц знайшоў вялікі скарб. Потым зрабіць у гэтага шляхціца засаду і чакаць ноччу гасцей.
– Прапанова нядрэнная, – расцягваючы словы і ў душы шкадуючы, што гэта не ён яе прыдумаў, прагаварыў намеснік. – Толькі як увесці яе ў вушы злыдням?
– Ну гэта мы з Фёдарам зробім, – крыва і нават злосна ўсміхнуўся Корчак. – Нам не прывыкаць да такіх спраў, я праўду кажу, Федзя?
– Ну-у, – разгублена заміргаў вачыма Фёдар.
– Яшчэ трэба дамовіцца з кімсьці, хто быццам бы знайшоў гэты скарб, – Самуіл зірнуў на войта. – Усё ж такі непрыкметна схаваць на двары паўсотні ратнікаў – няпроста нават для шляхціца.
– А навошта нам усім хавацца ў засадзе? – вочы пана Ключэўскага паюначы ззялі запалам. – Я адбяру два дзясяткі лепшых самастрэльшчыкаў і мы пераб’ём разбойнікаў проста на панадворку.
– Ноччу гэта будзе зрабіць складана.
– Цемната для нас не перашкода, ды і ночы зараз месячныя, светлыя.
– А для засады можна выбраць двор пана Быліцкага, – павесялеў і войт, – ён жыве адзін, ужо немалады, мае вялікі двор са старымі пабудовамі.
– Вось і добра, – намеснік падняўся з лавы, ад чаго яго даспехі весела зазвінелі. – Ты, – ён рашуча паказаў пальцам на Самуіла, – распускаеш плётку пра скарб, а я раблю засаду і, дасць бог, наступнай раніцай у гэтым пакоі мы з табой вып’ем па кубку добрага віна за тое, каб паганыя душы Ваўчыцы і яе хаўруснікаў добра-такі падсмажыліся ў пекле.
6
Лаўнікі выйшлі з ратушы на гандлёвую плошчу, спыніліся і, бы па камандзе, паднялі ўверх галовы.
– Сонца ўжо высока, – першым загаварыў Фёдар, – час і папалуднаваць.
– А работа? Мы ж с табой павінны распусціць па горадзе чутку пра скарб, які быццам бы знайшоў пан Юрый Быліцкі, і за якім заўтра прыедуць яго сыны.
– Дык у чым складанасць? – Фёдар у непаразуменні ўзняў бровы. – Ты толькі азірніся і паглядзі колькі тут народу! Шапні аднаму на вуха гэтую плётку, а да вечара аб ёй будзе гаварыць увесь горад.
– Э-э не, даражэнькі! Аб тым, што пан Юрый знайшоў золата павінны ведаць усяго некалькі чалавек і сярод іх абавязкова павінна быць Ваўчыца.
– І дзе ты яе знойдзеш? – спахмурнеў Фёдар. – Калі ты ведаеш яе нару, то скажы аб гэтым пану Ключэўскаму, а ён, як я думаю, разбярэцца з ёй хутка, па-салдацку, без усялякіх дурацкіх прыдумак пра золата і самацветнае каменне.
– Ну не злуйся, Федзя, – Самуіл весела паляпаў сябра па плячы. – Я зараз вось аб чым падумаў...
– Папалуднаваць у карчме?
– Лепш: мы з табой сходзім у госці, пазнаёмімся з маёй будучай нявесткай. Там, спадзяюся, і папалуднуем, і па чарцы добрай гарэлкі вып’ем.
Фёдар адразу павесялеў, вочы яго спагадліва засвяціліся, вусны расцягнуліся ва ўсмешцы:
– А што, твой Марцін жэніцца? А я і не ведаў. Хто ж яна – яго абранніца?
– Удава Гераські Дораха.
– Цесляра Гераські? – Фёдар недаверліва зірнуў на сябра. – Таго, які памёр у пачатку лета мінулага года?
– Таго самага цесляра Гераські.
– Памятаю я яго, – уздыхнуў Фёдар. – Чалавекам ён быў неблагім: ціхім, спакойным, працавітым. Куфар мне некалі зрабіў адмысловы, вечка разьбой упрыгожыў. А аб тым, што ў яго была жонка, я і не ведаў, вось толькі зараз ад цябе і пачуў. Цікава!
– Ты толькі ў яе хаце нічога аб гэтым не кажы – пакрыўдзіш жанчыну, сапсуеш наша знаёмства. Дарэчы, а родныя ў Гераські былі?
– Некалі былі, але пасеклі іх татары дваццаць гадоў таму. Гераську толькі і пакінулі ў жывых, бо немаўля ён быў яшчэ грудное, думалі, пэўна, – памрэ і так.
– Цікава, – Самуіл задумліва прыгладзіў сваю ахайную бародку. – Аднак пайшлі ў госці, бо, як вядома, лаўніка ногі кормяць.
Дзень быў у самым разгары. Па-летняму яркае сонца ахінула горад гарачынёй і трапяткой цякучай смугой, у якой яскрава адчуваўся пах даспяваючых яблыкаў і свежазжатага жыта. Неба сінела сваёй безданню – у ім толькі дзенідзе ў недасягальнай вышыні бялелі лёгкія, як пух, чыстыя воблачкі.
Удава Гераські Юлія сустрэла гасцей на сваім панадворку. На выгляд ёй было гадоў шаснаццаць. Невысокага росту, танклявая, жылістая, з дробнымі рысамі твару яна здалёк больш нагадвала дзяўчынку-падлетка, аднак вочы! Чорныя, бяздонныя ў сваёй чарнаце, яны адразу пранізвалі чалавека ледзяной трывогай, якая паступова пераходзіла ў неасэнсаваны жах. Такім позіркам глядзіць на сваю ахвяру драпежнік, перш чым упіцца ікламі ў яе горла і бязлітасна парваць яго на шматкі. Самуіл паспрабаваў зазірнуць у іх бездань, дабрацца да яе дна, але акрамя чорнай пустаты нічога там не ўбачыў.
– Я старэйшы брат Марціна Корчака, – прадставіўся ён гаспадыні і са здзіўленнем адзначыў, як рэзка змяніўся колер яе вачэй – яны імгненна сталі цёмнымі і ў іх радасна запульсавалі вясёлыя смяшынкі. «Вось гэта сіла! – з павагай падумаў ён пра жанчыну. – З ёй трэба быць вельмі асцярожным». А ўголас патлумачыў: – Заходзілі з сябрам да вашага суседа Донькі, але яго жонка кажа, што ён зараз недзе на рэчцы і да вечара дадому не вернецца.
– Ён з сынам і сапраўды днямі прападае на Мухаўцы, – голас у гаспадыні быў звонкі, мілагучны і па ўсім было бачна, што яна вельмі рада гасцям, хаця крыху і разгубілася ад іх нечаканага прыходу. – Аднак, што мы стаім на панадворку? Міласці прашу ў хату, праходзьце.
Пасля сонечнага святла ў хаце было цёмна. Лаўнікі крыху пастаялі ля парога – пачакалі, пакуль вочы прывыкнуць да хатняга паўзмроку, потым зайшлі ў памяшканне, перажагналіся на адзінокі, невялічкі абраз, які вісеў пад самай столлю ў куце, і пад якім жоўтай плямкай цеплілася лампадка.
– Вы праходзьце да стала, – прыемным галаском запрасіла гаспадыня. – Мой брат зараз у вёсцы, таму вы ўжо выбачайце мяне за пачастункі.
– Ды не трэба ніякіх пачастункаў, Юлія, – адмоўна замахаў рукамі Самуіл. – Мы проста зайшліся да цябе, каб крыху пазнаёміцца, каб.
– Паглядзець і на цябе, і на тваю гаспадарку, і на парадак у тваёй хаце, – упершыню ўключыўся ў гутарку Фёдар. – І я не ведаю, аб чым там думае Корчак, а сам скажу – жанчына ты не толькі прыгожая і разумная, але і гаспадыня добрая, – Фёдар павярнуўся да свайго сябра, задзірыста запытаўся: – Што, не так? Панадворак чыста падмецены і пасыпаны свежым пяском, адзенне вымыта і ўжо сушыцца, печка выцеплена, у хаце чысціня і парадак – маёй бы Клаве гэтай работы на цэлы дзень хапіла б, ды і то.
– А я хіба з табой спрачаюся? – весела сказаў Самуіл. – І я не сляпы, бачу, што ў майго брата будзе цудоўная жонка.
– Ну хопіць вам спрачацца, панове, – Юлія зноў запрасіла гасцей да стала. Потым упэўненым рухам паставіла на яго місу са студнем, побач з ёй паклала вялікае кальцо вэнджанай каўбасы, глышку сыру. – Мы яшчэ не паспелі як след пазнаёміцца, а вы ўжо столькі добрага мне нагаварылі, што нават мяне, удаву, увагналі ў чырвань.
– Добрага чалавека адразу бачна, – не адводзячы вачэй ад каўбасы, прамовіў Фёдар.
Юлія на словы госця ніяк не адрэагавала. Яна дастала з палічкі кубкі, зняла з хлеба ручнік, павярнулася да прыпечка і паставіла на стол невялікі гляк. Потым уздыхнула:
– Ёсць яшчэ капуста ды параная рэпа, але.
– Ды не мітусіся ты, Юлія, – Фёдар падхапіў гляк, зубамі выцягнуў з яго палатняную затычку, панюхаў змесціва, задаволена хмыкнуў: – Акавіта!
– Брат, здараецца, пасля цяжкай работы выпівае яе кубак, – патлумачыла дзяўчына. – А я хмяльнога не п’ю, нават паху яго не выношу.
Фёдар завагаўся, асцярожна паставіў гляк на стол, паглядзеў на Самуіла.
– Ды ты, пан, налівай, – убачыўшы жэст госця, засмяялася Юлія. – Гэта я сказала, каб вы мяне выбачалі, што я піць буду жур, а не гарэлку.
Фёдар з палёгкай усміхнуўся, рашуча падхапіў пасудзіну і адразу наліў па поўнаму кубку сабе і свайму сябру. Потым паставіў гляк на стол, падняў свой кубак:
– Я прапаную выпіць за здароўе гаспадыні, – ён ветліва схіліў галаву ў бок Юліі. – Няхай яно будзе моцным, як гэта акавіта, а куты яе хаты няхай поўняцца дзіцячым смехам – самай вялікай каштоўнасцю на гэтым свеце.
– Дзякуй, – гаспадыня сціпла апусціла вочы і прыгубіла свой кубак з журам.
Мужчыны ж выпілі свае кубкі да дна. Закусілі.