355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Сергей Давидович » Планета прывiдаў (на белорусском языке) » Текст книги (страница 2)
Планета прывiдаў (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 23:22

Текст книги "Планета прывiдаў (на белорусском языке)"


Автор книги: Сергей Давидович



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 2 страниц)

– Да д'ябла свабоды! – рашуча паўскоквалi прысутныя.

Галоўны не хаваў усмешкi:

– Бачу, што мыслiце вы па-дзяржаўнаму. Малайцы!.. Дык што будзем рабiць? з iронiяй спытаўся Галоўны i хiтра зiрнуў на падначаленых.

– К чорту iх!

– Заткнуць iм рот!

– Вон iх адсюль!

– Садраць з iх шлемы – будуць маўчаць, як дохлыя рыбы!..

Галоўны ўзняў руку, i ўсе сцiхлi.

– Цiкавых прапаноў паступiла шмат, буду над iмi думаць... Ёсць i ў мяне для iх "падарункi"... – Раптоўна грозна памахаў пальцам. – I нiякiх iм кантактаў з людзьмi! Нiякiх iм тут свабодаў! Я iм пакажу зямныя свабоды!

* * *

Сухiн i Iсаеў адчулi нядобрае. Яны пераключылi ўнутраную сувязь на такi рэжым работы, каб адзiн мог слухаць дыялог другога з гаспадарамi. Таму, калi ў пакой да Iсаева зайшлi двое ў чорных касцюмах, iх размову са сваiм калегам Iван чуў даслоўна.

– Добрай ранiцы! Як адпачывалi?! – пачалi незнаёмцы.

– Дзякуй! – адказаў Iсаеў. – Мы б хацелi выказаць некалькi сваiх пажаданняў...

Незнаёмцы быццам не пачулi гэтага. Яны запыталiся:

– А чаму вы не дакранулiся да яды? Не спадабалася?

– Вось гэта першая наша просьба: нам неабходна часова вярнуцца на наш карабель, дзе ў герметычным адсеку зможам зняць шлемы i прыняць яду. Там жа мы маглi б закласцi па плiтцы ежы i вады ў спецыяльныя прыстасаваннi ў шлемах, што дазволiць нам доўга абыходзiцца без карабля.

– Баюся, што гэта немагчыма, -адказаў адзiн з увайшоўшых.

– Тады, – рашуча заявiў Iсаеў, – нам пагражае галодная смерць!

– А вы здымiце шлемы i ешце! – хмыкнуў незнаёмец.

– Гэта будзе азначаць для нас тую ж смерць! I вы гэта добра ведаеце! рэзка адказаў Iсаеў.

– Добра, – сказаў перагаворшчык, – мы зробiм даклад начальству. Якiя яшчэ пажаданнi?

– Спадзяёмся, што мы не палонныя i будзем мець магчымасць азнаёмiцца з вашай планетай...

"Чорныя касцюмы" рашуча выйшлi, грукнуўшы дзвярыма, – вiдаць, другое пажаданне не спадабалася iм больш, чым першае.

Iван чуў гэта слова ў слова, хоць i знаходзiўся ў другiм будынку. Таму, калi да яго зайшлi вiзiцёры, ён прытрымлiваўся думкi свайго камандзiра...

Галоўны, пасля даклада яму аб кантактах з зямлянамi, насупiўся:

– Ужо другiя суткi, як яны на нашай планеце i яшчэ не прымалi ежу... А мне яны пакуль патрэбны жывымi... З iх шмат чаго карыснага для сябе можна выцягнуць...

Пахадзiўшы па кабiнеце, Галоўны сказаў прысутным:

– Прыйдзецца везцi iх на карабель... Лепей, як сцямнее. Трэба, каб менш цiкаўных вачэй бачыла iх...

Наперадзе быў цэлы дзень, i астранаўты засумавалi. Хацелася есцi, але цяпер, калi гаспадары амаль не хавалi сваёй варожасцi, здымаць шлемы i касцюмы было б вялiкай памылкай.

Днём распачаўся такi лiвень, што за вокнамi зрабiлася цёмна, як i на душы зямлян.

– Як пратрымацца гэты месяц? – спытаўся Iван у Iсаева. – I цi пратрымаемся ўвогуле?

– Будзем спадзявацца, што давядзецца чакаць менш месяца... Ды справа i не ў гэтым, – сумна разважаў Iсаеў, – складанасць у другiм: як без сувязi з iмi звязацца, як да iх дабрацца? Не падобна на тое, што нас павязуць на карабель, што нам дадуць свабоду...

Iсаеў памаўчаў i дадаў:

– Я маю на ўвазе, што не дадуць свабоду добраахвотна... Баюся, што прымяненне сiлы з нашага боку непазбежна.

– А што застаецца рабiць? – пытаннем падтрымаў сябра Iван.

– Пажывём – пабачым... Не ў iхнiх гэта iнтарэсах, ды i не ў нашых таксама... Пабачым...

Вечарам лiвень перастаў, пакiнуўшы пасля сябе процьму вады ў кожнай лагчыне.

Калi сцямнела, Iсаева i Iвана вывелi з iх пакояў, пасадзiлi ў тыя ж машыны,i картэж накiраваўся да касмiчнага карабля.

Як нi старалiся кiраўнiкi гэтай маленькай планеты захоўваць завесу сакрэтнасцi, але слых аб касмiчных падарожнiках даляцеў да кожнага жыхара, i людзi, нягледзячы на жорсткiя забароны сваiх уладароў, збiралiся паглядзець на цуд.

Чым блiжэй было да касмiчнага карабля, тым большыя натоўпы людзей можна было бачыць у святле фар уздоўж дарогi. Але картэж хутка iмчаў, рассякаючы коламi вялiзныя лужыны i аблiваючы з галавы да ног i ахову, i цiкаўнiкаў.

I ўсё ж да самага карабля даехаць не ўдалося – лiвень размыў узгоркi i палi, сярод якiх стаяў карабель, ператварыўшы iх у гразь.

Прыйшлося вылазiць з машын, што не было запланавана, i ў цемры, пры цьмяных лiхтарах, кратацца пешшу, ледзь выцягваючы ногi з гразi.

Лiхтары ў руках аховы выхоплiвалi з цемры шматлiкiх камуфляжнiкаў i простых людзей, якiя з неверагоднай цiкаўнасцю цiснулiся да працэсii. Было вiдаць, як тыя ж камуфляжнiкi спрытна арудуюць гумовымi дубiнкамi, адганяючы людзей, але пабiтыя корчылiся ад болю i працягвалi жывымi хвалямi кацiцца ўздоўж усяго шляху працэсii.

Калi карабель быў ужо зусiм блiзка, нехта, карыстаючыся цемрай i штурханiнай, рашуча працiснуўся, нават прадраўся праз ахову i нешта сунуў у руку Iвану. Ахова палiчыла гэту дзёрзкасць за жаданне дакрануцца да чужынца i груба адштурхнула нахабнiка ў гразь, паласнуўшы некалькi разоў па плячах i галаве гумовым мясцовым "законам".

Падышоўшы да карабля, Iсаеў набраў умоўны код на мiнi-кампутары свайго касцюма, i першыя дзверы паслухмяна адчынiлiся.

– Куды?! – груба адштурхнула ахова астранаўтаў. – Толькi з намi! I толькi пасля нас! – i некалькi чалавек увайшлi ў першы адсек.

– Падрыхтуй сiстэму абароны! – скамандаваў шэптам Iсаеў. – Вiдаць, надышоў час зброi!

– Ну што застылi! Заходзьце! – i некалькi аўтаматаў штурхнулi ў плечы зямлян.

Iсаеў рэзка крутнуўся i накiравана, прыцэльна, каб не пашкодзiць людзей, прывёў у дзеянне паралiзатар.

Якое ж было яго здзiўленне, калi пад моцнымi патокамi выпраменьванняў камуфляжнiкi працягвалi iх штурхаць аўтаматамi ў плечы i грудзi.

Iван, бачачы такi нечаканы эфект iх зброi, з перапуду цiскануў на ўсе магчымасцi абодвух мiнi-блокаў-рэактараў i накiраваў знiшчальныя промнi на тых, хто заняў першы адсек, каб расчысцiць праход усярэдзiну карабля. Уся моц абодвух блокаў нябачным шквалам абрынулася на захопнiкаў касмiчнага карабля. Але можна было падумаць, што магутная зброя, здольная iмгненна знiшчыць тысячы людзей, сапсавалася i не дзейнiчае. I толькi лазерныя промнi пранiзвалi цемру i пацвярджалi, што сiстэма абароны дзейнiчае бездакорна. Лазерныя промнi пранiзвалi не толькi цемру, але i няпрошаных гасцей у адсеку карабля.

Сухiн "палiваў" промнямi ўзброеных аскалаўцаў i вачам не верыў. Лазер пранiзваў iх наскрозь, бiўся аб спецыяльную абшыўку адсека i асляпляльнымi iскрамi адскокваў ва ўсе бакi.

– Ха-ха-ха-ха! – пачулася працяглае рагатанне з адсека. – Заходзьце ў свой карабель i бярыце яду, а то здохнеце з голаду, як прыблудныя сабакi! Жыва!

Астранаўтаў запiхнулi ў адсек, дзе, падпёртыя з усiх бакоў аўтаматамi, яны набралi новы код i праз герметычны люк увайшлi разам з пiльнымi ахоўнiкамi ў карабель.

Iсаеў цiха загадаў Iвану:

– Iдзём у бок катапульты! Па маёй камандзе хуценька заскокваем i iмгненна заблакiруем люк!

Каб не выклiкаць падазронасцi, астранаўты паволi падыходзiлi да катапульцiруючай капсулы, супакойваючы сваiх вартавых:

– Мы прайгралi! Ваша ўзяла... Мы ўсё зробiм, што вы загадаеце...

– Даўно б так! – расслабiлася ахова, смакуючы сваю перамогу.

Параўняўшыся з задраеным люкам катапульты, Iсаеў скамандаваў:

– Увага! – i нацiснуў на сваiм мiнi-кампутары на адпаведны клавiш. Люк бясшумна i нечакана расчынiўся, астранаўты натрэнiравана i спрытна ўскочылi ў капсулу, i люк зноў стаў на сваё месца.

– Без яды, затое свабодныя! – усклiкнуў усхваляваны Iван.

– I з ядой, i свабодныя! – удакладнiў Iсаеў. – У капсуле ёсць аварыйны запас i таго, i другога!

– Уперад? – спытаўся шчаслiвы Iван.

– Уперад! – пацвердзiў спакойны Iсаеў i нацiснуў на "старт".

Катапультная капсула была задумана як аварыйны выхад з карабля. Капсула мела адпаведны рэсурс аўтаномнага лёту, якi забяспечвалi магутныя батарэi, яна мела герметычную абалонку i ўяўляла сабой мiнi-карабель.

Цемра i бязгучнасць лёту капсулы дазволiлi астранаўтам непрыкметна аддзялiцца ад карабля i растаць у вышынi.

Раз'юшаныя ахоўнiкi, баючыся за свае галовы, усiмi сродкамi спрабавалi выламаць люк, упэўненыя, што iх ахвяры знаходзяцца за iм, схаваўшыся ад праследавання.

У ход iшлi прыклады аўтаматаў, з'явiлiся аднекуль ламы i кувалды, але лягчэй было б бiцца галавой у сцяну, чым выламаць гэты люк, за якiм ужо нiкога не было.

А астранаўты тым часам, каб не "засвяцiцца", не запальвалi ўнутранага асвятлення i абмiналi святло населеных пунктаў.

Зберагаючы рэсурс батарэй, яны выбралi цёмную пустэчу i пасадзiлi свой выратавальны апарат.

– Вiншую! – сказаў Iсаеў. – Мы нечакана лёгка пазбавiлiся ад нашых "благадзецеляў".

– Ху-у-х! – толькi i выдыхнуў Iван.

– Ну што, здымем шлемы i як след падсiлкуемся! – прапанаваў камандзiр пакiнутага назаўсёды карабля.

Толькi цяпер Iван заўважыў, што жывот падцягнула да спiны.

– Ого! Я магу праз жывот пачухаць свой пазванок! – пажартаваў Iван i бадзёра дадаў: – Ёсць падсiлкавацца!

Праглынуўшы некалькi вiтамiнных гранулаў i выслабанiўшы ад "палону" крышталiк вады, астранаўты паспрабавалi прааналiзаваць вынiкi гэтых двух сутак.

– Што гэта за лад такi? Што тут за парадкi? – абураўся Iван.

– Хутчэй гэта – беспарадкi! – адказаў Iсаеў. – Я, як i ты, не гiсторык, але прыпамiнаю са школьнай праграмы, што напрыканцы дваццатага i да сярэдзiны дваццаць першага стагоддзяў i на Зямлi iснавалi рэжымы, дзе дыктат падмяняў i законы, i ўсе правы людзей. Нешта падобнае назiраецца i тут...

– А мы чым не дагадзiлi гэтым... уладарам?! – здзiвiўся Iван.

– Мая памылка! – прызнаўся Iсаеў. – Не трэба было пры першай сустрэчы вытыркаць нашы дасягненнi i свабоды! Думаю, што гэта галоўная прычына нашай апалы... Дыктатары такога не даруюць...

Iван схамянуўся:

– А што такое з нашай зброяй?! Чаму яна не закранула гэтых... нячысцiкаў?

Iсаеў ажывiўся:

– I сапраўды, чаму? Гэта падобна на дурны сон! Лазер праходзiў праз iхняе цела, як праз паветра... Што гэта за загадка?..

– А яны не такiя ўжо i дапатопныя, калi на такую зброю нават не звярнулi ўвагi, – разважаў услых Iван.

Тут ён успомнiў, як адважны незнаёмец нешта сунуў яму ў руку i Iван, не маючы магчымасцi разгледзець падарунак, паклаў тое "нешта" ў бакавую кiшэню касцюма.

Цяпер ён асцярожна дастаў з кiшэнi нечаканую рэч i ў цемры абмацаў i зразумеў, што гэта кавалак паперы.

– Iлля Iванавiч! – насцярожана пачаў Iван. – Тут вось нешта падобнае на запiску, якую мне ткнуў у руку незнаёмец з натоўпу!

– Запiска! – ажно падскочыў Iсаеў. – Нам зараз кожная дробязь неабходная i важная! Мы засталiся адны на чужой, невядомай планеце! Уключы лiхтарык i чытай!

Iван з нецярпеннем, дрыготкiмi пальцамi расклаў паперу i запалiў лiхтарык. Было напiсана наступнае: "Пяцьдзесят кiламетраў на поўнач ад касмiчнага карабля. Тры дубы на беразе рэчкi. Сем кiламетраў улева да адзiнокай скалы на ўскраi лесу. Буду чакаць кожны дзень – захад сонца".

– Усё! – спынiўся Iван.

– I ўсё? – машынальна перапытаў Iсаеў.

– Так. Нi подпiсу, нiчога, – пацвердзiў Iван.

Iсаеў ажывiўся:

– Што ж... i гэта нямала! Нехта хоча сустрэцца з намi.

– А не пастка гэта? – недаверлiва спытаўся Iван. – Iм тут даверу няма...

– Не думаю, – няўпэўнена адказаў Iсаеў. – А цяпер мы навучаныя i будзем праяўляць асцярожнасць... А па-другое, у нас няма выбару, ды i дакладнага адказу нi на адно пытанне мы не маем. Рызыкнём, а там будзе бачна...

* * *

Рызыкнуць i сапраўды прыйшлося, бо, каб праляцець гэты нескладаны маршрут i адшукаць патрэбныя арыенцiры, трэба было ўзлятаць, а гарантыi, што iх не заўважаць, не было.

Каб паменшыць рызыку, узляцелi перад самым захадам сонца, калi ўжо не зусiм светла i яшчэ не надта цёмна. Адлiчылi прыборамi пяцьдзесят кiламетраў на поўнач, адразу ўбачылi тры дубы на беразе рэчкi, крутнулi ўлева i праз хвiлiну былi над скалой, якая прыляпiлася на ўскраi ляснога масiву. Месца было даволi глухое, пагоркавае. Завiснуўшы над абазначаным арыенцiрам, астранаўты пiльна даследавалi наваколле, але нiчога падазронага не знайшлi i пасадзiлi капсулу. Сонца садзiлася за лес, пачынала цямнець, але нiхто пра сябе не напамiнаў.

– Пачакаем яшчэ крыху i адляцiм, тут начаваць не будзем! – сказаў Iсаеў напружана.

Iван нервова маўчаў. Прайшло яшчэ некалькi часу, а сустрэча з пасланцом запiскi зацягвалася.

Нарэшце, нечакана для зямлян, побач з капсулай неяк загадкава апынуўся незнаёмец.

Гэта быў гадоў трыццацi пяцi чалавек з прыветлiвым тварам i крэпкай постаццю. Ён даверлiва ўсмiхаўся i не ўяўляў сабой нiякай небяспекi для двух зямлян.

– Ага! – вырвалася ў Iсаева. – Вось i наш... будзем спадзявацца, сябар.

– Ну што, выходзiм? – спытаўся Iван.

– Спачатку выйдзеш толькi ты i даведаешся, што ў яго за справа да нас, а я цябе падстрахую, – загадаў Iсаеў.

– Я дык я! – i Iван адчынiў свой герметычны выхад. Лёгка выскачыўшы з капсулы, навуковец гэтак жа лёгка падышоў да незнаёмца.

Той першы працягнуў руку для вiтання i, не перастаючы ўсмiхацца, сказаў:

– Я – ваш сябар! Маё iмя Алесь, без мяне вам будзе цяжка разабрацца, куды вы трапiлi.

Iван пацiснуў руку новаму знаёмаму i, назваўшы сваё iмя, спытаўся:

– А чаму мы павiнны верыць, што вы нам сябар, а не гэткi ж, як тыя камуфляжнiкi?

Алесь адказаў нечакана i пераканаўча:

– Гэта я паслаў сiгнал ва Ўсяленную, якi, як я разумею, вы атрымалi i прыляцелi сюды.

Iван шырока раскрыў вочы. Падзеi апошнiх сутак адсунулi на другi план эмоцыi, выклiканыя таямнiчым сiгналам. Пра яго проста не думалi.

– Вы-ы?! – не сваiм голасам спытаўся пасланец Зямлi. Затым, памятаючы нядаўнiя сутычкi з аскалаўцамi, падазрона пераправерыў: – Прабачце за такое пытанне, але якiя словы ўтрымлiваў той сiгнал?..

Алесь слова ў слова, лiтара ў лiтару пераказаў тэкст i дадаў:

– Нiхто, акрамя мяне, на гэтай планеце не ведае пра сiгнал...

Iван моцна пацiснуў руку новаму сябру.

– Даруйце яшчэ раз за нашу падазронасць! I дзякуй вам за сустрэчу! Што мы павiнны рабiць цяпер?..

– Па-першае, трэба паставiць ваш лятальны апарат вунь у тую нiшу пад абрывам i замаскiраваць, а пасля гэтага я запрашу вас да сябе.

Iван хуценька падбег да капсулы:

– Якая ўдача! Гэта той, хто паслаў нам свой сiгнал. I ўвогуле, бачна, што ён чалавек надзейны i сапраўдны сябар, без якога нам не абысцiся!..

Выканаўшы работу па маскiроўцы капсулы, трое сяброў падышлi да скалы, дзе Алесь адкацiў даволi вялiкi камень, пацягнуў на сябе тое, што аказалася закамуфлiраванымi пад колер скалы дзвярыма, i ўсе апынулiся ў незвычайным пакоi.

– Вось дык да! – з захапленнем усклiкнуў Iван. Потым убачыў тут i нейкую апаратуру, якая сваiм выглядам напамiнала хронiку шматгадовай даўнiны.

– I адсюль?! Адсюль вы паслалi свой сiгнал?! Пры дапамозе гэтага (ледзь не вырвалася "хламу")... гэтай тэхнiкi?!

Алесь спакойна i з годнасцю пацвердзiў:

– Адсюль. Пры дапамозе гэтага хламу, як вы i падумалi...

– Прабачце, – прымiрэнча сказаў Iван, – з вашага боку гэта навуковы подзвiг... А нашы адказы вы не атрымлiвалi?

– На жаль, усё, што мне ўдалося выцiснуць з гэтай састарэласцi, дык толькi аднабаковую сувязь. Перадаць штосьцi можна, прыняць – немагчыма.

– Мы вам дапаможам! Вось-вось прыляцiць новы карабель...

Iсаеў перапынiў сябра:

– Свае навукова-тэхнiчныя дыспуты працягнеце пазней! Спачатку – агульнае азнаямленне. Мы нiчога не ведаем пра вашу планету, пра вашых людзей!

– Людзей?! – раптоўна панiк Алесь. – А вас не скалыхнула тое, што ваша зброя аказалася бяссiльнай перад гэтымi "людзьмi"?

– Для нас гэта адна з асноўных загадак вашай планеты...

– Нашай?! – даволi холадна перапытаў Алесь. – Не, гэта не наша планета! Гэта – месца нашай высылкi! Выгнання!

– Прабачце, – як можна мякчэй пачаў Iван, – мы шчыра жадаем разабрацца, што тут да чаго, а нашы пытаннi абураюць вас... абражаюць вашу душу...

– Душу?! – яшчэ больш узвiнчана перабiў Алесь. Потым памаўчаў i сарамлiва павiнавацiўся: – Гэта вы мяне прабачце... Я размаўляю з вамi як з людзьмi, дасведчанымi ў нашых сумных справах, як з людзьмi, якiя вiнаватыя ў нашай безнадзейнасцi... Прабачце...

Iсаеў пяшчотна паклаў руку на плячо Алеся i цiха прапанаваў:

– Мы сапраўды нiчога тут не разумеем... Вы самi вырашыце, што можна нам расказаць, каб меней кранаць болем ваша сэрца...

Алесь пагадзiўся:

– Добра. Я раскажу вам усё,i, калi стома дазваляе вам слухаць, набярыцеся цярпення...

Усе селi ў пацёртыя, але глыбокiя i ўтульныя крэслы i – адны падрыхтавалiся слухаць, другi – распавядаць.

– Пачну з самага нечаканага для вас. Вы спыталiся, што гэта за людзi... што мы за людзi... Так?

Зямляне, баючыся перарваць распавядальны маналог свайго сябра, у знак згоды моўчкi кiўнулi галовамi.

– Дык вось, – працягваў Алесь, – мы – не людзi. Мы зусiм не людзi!

– Як не людзi?! – у адзiн голас усклiкнулi зямляне, забыўшыся на неперарыванне маналога. – А хто ж вы?!.

– Мы? – горка ўсмiхнуўся Алесь. – Мы – душы людзей, якiх даўно няма ў жывых. Так даўно, што нiхто з нас не памятае, калi мы пакiнулi смяротнае сваё цела i ператварылiся ў мiраж, прывiд, паветра...

Гаспадар падскальнага пакоя памаўчаў, назiраючы, як у яго новых сяброў шырока раскрылiся раты i палезлi на лоб вочы. Убачыўшы, што зямляне нiбы ператварылiся ў камень, спытаўся:

– Цяпер вам зразумела, чаму ваша зброя нiкога не забiла, нават не паранiла? Душа – бессмяротная! Яе забiць немагчыма!

– Што?! Тут, на планеце Аскал, адны душы?! Душы, якiя размаўляюць, нешта робяць, нават страляюць?!

– О-о! Гэта доўгая гiсторыя, – сумна працягваў Алесь. – Але раз ужо я пачаў распавядаць, неабходна давесцi да канца маю споведзь, iнакш у вас будзе больш пытанняў, чым адказаў на iх.

Сухiн i Iсаеў не варухнулiся, быццам самi зрабiлiся аднымi з тых, хто насяляе гэту незвычайную планету.

Алесь працягваў:

– Шмат чаго я i мы ўсе тут не памятаем. Прайшло нямала стагоддзяў з дня нашага пакарання. Няма горшых пакутаў, чым вечны роспач i мiтусенне душы, бо i ў душы павiнна быць сваё ўмiратварэнне i ўладкаванне. Вам гэтага не зразумець...

– Чаму?.. – каб не маўчаць, абстрактна спытаў Iсаеў.

А Алесь распавядаў далей:

– Трагедыя яшчэ i ў тым, што не ўсе прагнуць успакаення i ўмiратварэння. Напрыклад, тыя, хто сёння пры ўладзе, з усiх сiл стараюцца замiтусiць, забаламуцiць усiх, бо ў гэтым яны знаходзяць свае iснаванне.

– А хто пакараў вас? – цiха пацiкавiўся Iван.

– Пакараць цэлы народ такiм чынам здольны толькi той, пра каго мы, у свой час, забылiся, ад каго адвярнулiся... Але думаю, што пакаранне пачалося з нас самiх. Мы самi сябе пакаралi... Калiсьцi, шмат вякоў назад, мы, людзi адной нацыi, адной дзяржавы, наперакор усяму свету пайшлi не ўперад, а, патаптаўшыся на месцы, накiравалiся назад. Кiнуўшы пад ногi здабыткi продкаў, збэсцiўшы сваю гiсторыю, сваё мiнулае, мы, неяк непрыкметна для сябе, забылiся – хто мы! Забылiся пры жыццi! Ля могiлак бацькоў! На святой сваёй зямлi! Мы замуцiлi, забрудзiлi свае вытокi, мы павысушвалi свае каранi!

Такое, як аказалася пазней, не праходзiць бясследна, не даруецца. Забыўшыся, хто мы, – мы павярнулi вочы ў бок штучных цэннасцяў, мы смяялiся над такiмi паняццямi, як духоўнасць, душа, мы, па сутнасцi, адмовiлiся ад душы, прадалi яе тагачасным заклiкам i заклiнанням шаманскай, чужой iдэалогii.

Чалавек без душы – горш iржавага робата, ён, калi што i робiць, – робiць бяздумна, зацюкана, нятворча. А калi дадаць да гэтага, што бяздушны чалавек робiць яшчэ i пад вечным страхам, – можна сабе ўявiць, да якога заняпаду мы дайшлi. Нас апанавалi хваробы, катастрофы, голад, жорсткасць. Нас пачалi касiць эпiдэмii, мор. Мы дэградыравалi i знiклi...

Iсаеў i Сухiн ад жаху не маглi варухнуцца. Iван, прыйшоўшы ў сябе, ледзь чутна спытаўся:

– Ну а яны, тагачасныя вашы кiраўнiкi, няўжо не разумелi, што быць творцам можа толькi свабодны, разняволены чалавек, пазбаўлены страху?

– Яны-то, магчыма, i ведалi гэта, але разумелi i тое, што свядомы, свабодны, творчы i забяспечаны чалавек будзе пазбаўлены залежнасцi ад уладаў i нiколi не сагне каленяў перад дыктатам.

Iсаеў таксама пацiкавiўся:

– Няўжо ўсе падпарадкоўвалiся гэтай несправядлiвасцi? А iнтэлiгенцыя? А творчыя людзi?

– Былi такiя, хто не забыўся пра свае каранi, але яны забылiся пра другое. Забылiся, што трэба адкiнуць уласныя амбiцыi i ратаваць сваю бацькаўшчыну. Яны грызлiся памiж сабой за нейкiя прэмii, за права ўзначальваць самiх сябе – за дробязi, не заўважаючы галоўнае. Гэта нагадвала дзяцей, якiя сквапна вытрасаюць кiшэнi сваёй памiраючай мацi i радуюцца – хто болей знайшоў медзякоў...

– А сюды?! Як трапiлi вы сюды?! Дзе – Зямля! Дзе – Аскал!

– Душа, як i думка, здольна перамяшчацца ў прасторы iмгненна. Варта толькi некаму пажадаць – i душа пераселiцца ў самую недасягаемую далеч... што i здарылася з намi.

– I хто пажадаў такое? Не вы ж самi? – спрабаваў удакладнiць Iван.

– Гэта ва ўладзе толькi Бога! Ён, назiраючы за нашым духоўным i фiзiчным выраджэннем, рашыў, што мы не дастойныя той зямлi, ад якой адвярнулiся, i выбраў самую далёкую планету, куды i перасялiў нашы душы-прывiды. Гасподзь,у пакаранне, захаваў пры нас усю нашу тагачасную недарэчнасць i перанёс яе сюды.

– А падрабязней, што гэта за недарэчнасць? – спытаўся Iсаеў.

– Вы не бачылi нашу беднасць, якую мы працягваем ухваляць як нейкае эканамiчнае дасягненне! Вы не бачылi нашы чэргi! Вы не спрабавалi пакаштаваць нашу каўбасу, ад якой сабакi дохнуць! Вы i не ўяўляеце нашу зашоранасць i даверлiвасць! У нас тут пастаянныя сходы, галасаваннi, рэферэндумы! Мы змагаемся за пераходны сцяг, за ганаровы вымпел, за грамату! Мы робiм выгляд, што прымаем законы, а правiць сiла беззаконня! З намi – нашы хваробы: i фiзiчныя, i маральна-псiхалагiчныя! Мы калiсьцi сваю годнасць, мову, духоўнасць i душу прамянялi на ўсё гэта. Забыўшыся, хто мы, – мы не маем мiнулага, з намi толькi наша вечнае сучаснае – нашы пакуты...

Распавядальнiк сцiх i апусцiў галаву. Было вiдаць, што кожнае слова аддавалася яму болем.

– А мова? Што ў вас за мова такая? Я не бачу ёй лагiчнага тлумачэння, асцярожна загаварыў Iван. – Вы i гэта мова – штосьцi ненатуральнае, супярэчлiвае, iншароднае...

Алесь не адказаў i яшчэ нiжэй апусцiў галаву. Iван зразумеў, што гэта, магчыма, самы вялiкi грэх кожнай сумленнай пераселенай душы.

– А дзе выйсце? – занепакоена спытаўся Iсаеў. – Чым вам можна дапамагчы?

Алесь горка ўсмiхнуўся:

– Дзе выйсце?.. А выйсце, здавалася б, вельмi простае: тая душа, якая ўспомнiць, дзе пачатак яе роду, якая атулiць сябе адвергнутымi святынямi, якая шчыра пакаецца перад сабой i Богам, тая душа зробiцца нябачнай i знойдзе ўпакаенне на зямлi сваiх продкаў – i мучэннi скончацца...

– Няўжо так складана ўспомнiць сваё мiнулае i пазбавiцца ад пакутаў? – не вытрымаў Iсаеў.

– Каб гэта было так проста, большасць даўно б перасялiлася ў вечную благадаць. Нават душы тых, хто калiсьцi збiраўся выратаваць нацыю ад слепаты, працягваюць i тут дзялiць прэмii i званнi, не жадаюць саступiць лiдэрства адраджэнства свайму паплечнiку. Душы толькi тых нямногiх, хто ў свой час не раздваiўся, не зламаўся, пакояцца на адвечнай Радзiме ў згодзе з Богам i сабой.

– Мы не гiсторыкi, – вiнавата прызнаўся Iван, – тут патрэбны спецыялiст у сваёй галiне. Абяцаем, што, вярнуўшыся на Зямлю, дакапаемся да вашага роду-племенi i неяк перададзiм вам...

– О не! Гэта не дапаможа! Мы павiнны самi цi ўратавацца, цi працягваць вечныя пакуты... Толькi самi...

Далей гаворка не складвалася. Усе разумелi, што пасля галоўнага i балючага распытваць сёння пра iншыя дробязi было б нетактоўным.

* * *

Прыкладна праз два тыднi аўтаномны блок сувязi на капсуле прыняў сiгнал падлятаючага да планеты Аскал касмiчнага карабля-выратавальнiка.

Узрушаныя Iсаеў i Сухiн перадалi адказ, назваўшы свае каардынаты, i папярэдзiлi калег, каб не садзiлiся на планету.

У сумнага Алеся не было прычын для радасцi, бо новыя сябры i цiкавыя субяседнiкi збiралiся пакiнуць яго назаўсёды, а наперадзе чакалi яго абраныя некалi iм пакуты.

Калi аднойчы касмiчны карабель завiс над скалой i прыняў на борт капсулу з двума астранаўтамi, Алесь стаяў i плакаў – пакуты працягвалiся.

Якое ж было Алесева здзiўленне, калi капсула з адным Iванам вярнулася назад i села побач з iм.

– Вы нешта забылiся? – пацiкавiўся Алесь.

– Сядай! – раптоўна паказаў Iван на свабоднае месца.

– Не! – рашуча адказаў Алесь. – Перасяленне душы тэхнiчнымi сродкамi немагчыма. Толькi тут i толькi мы самi! Вы бяссiльныя дапамагчы нават аднаму мне...

– Ты не зразумеў! – засмяяўся Iван. – Сядай, давязеш мяне на карабель, а сам з капсулай вернешся назад. Душа павiнна лётаць – вось табе i крылы! Хутчэй сядай!

– Не, – сумна адказаў Алесь, – у сапраўднай душы павiнны быць свае крылы, узрошчаныя верай i праведнасцю, узнёсласцю i духоўнасцю яшчэ пры жыццi... Дзякуй! Вы i так шмат зрабiлi для мяне, вы страсанулi i вывелi маё iснаванне са стану змярцвелага сну... Шчаслiвай дарогi, i няхай абмiне вас тое бяспамяцтва, якое напаткалi мы...

Вяртаючыся дамоў, Iван Сухiн не адчуваў нi радасцi адкрыцця новай планеты, нi радасцi хуткай сустрэчы з родным домам, бо недзе там, на маленькай планеце Аскал, мiльёны чалавечых душаў пакутуюць i мiтусяцца ў пошуках упакаення i боскай благадацi.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю