Текст книги "Планета прывiдаў (на белорусском языке)"
Автор книги: Сергей Давидович
Жанр:
Научная фантастика
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 2 страниц)
Давидович Сергей
Планета прывiдаў (на белорусском языке)
Сяргей Давiдовiч
Планета прывiдаў
Сiгнал з космасу быў запеленгаваны адразу некалькiмi наземнымi навуковымi станцыямi. Але гэта азваўся не той, усiм вядомы, калязямны космас, асвоены i пераасвоены зямлянамi, а далёкая таямнiчая Галактыка, вестак пра якую ў навуковых картатэках амаль не было. Сiгнал ляцеў з зорнай безданi праз мiльярды кiламетраў i сiвiзну часу.
Але адна справа – атрымаць вестку ад далёкiх i невядомых разумных iстотаў, другая – унiкнуць у сутнасць сiгналу, расшыфраваць яго. Вось гэта другая, хутчэй за ўсё невырашальная, справа i астудзiла першапачатковае гарачае лiкаванне i навукоўцаў, i ўрадавых чыноўнiкаў.
Каго, напрыклад, усцешыць пасылка, якую нельга адкрыць? Скрынка – яна i ёсць скрынка, а што ўсярэдзiне?..
Вось такою непадступнаю скрынкай быў непрацяглы сiгнал, запiсаны разумнымi электроннымi прыборамi, якiм, як i людзям, не хапала розуму зазiрнуць у таямнiчую "скрынку".
Заставалася маленькая ўцеха – мы не адны! Ёсць сярод загадкава мiргаючых зорак браты па розуму, якiя шукаюць сустрэчу з намi.
* * *
Н-скi навукова-даследчы iнстытут, акрамя ваеннай праблематыкi, займаўся вывучэннем перыферыi Ўсяленнай – самых далекiх i малавядомых Галактык.
Перайшоўшы "экватар" трэцяга тысячагоддзя, чалавецтва не толькi ўдасканалiла свае ўзаемаадносiны, узняўшы iх да ўзроўню поўнай гармонii, але паралельна дасягнула i вяршынь навукова-тэхнiчнай думкi.
Вось чаму расшыфроўка таямнiчага сiгналу была не толькi вострым патрабаваннем сучаснасцi, але i справай гонару кожнага навукоўца.
Ужо вядомы нам iнстытут кiнуў на вырашэнне гэтай праблемы лепшыя навуковыя сiлы, якiя выкарыстоўвалiся бесперапынна i самаахвярна. Усе разумелi, што раскрыццё касмiчнага кода з'явiцца тым запаветным ключом, якi дазволiць адчынiць многiя дзверы самых неверагодных адкрыццяў.
Дзяржава не шкадавала сродкаў, людзi – сiл i часу. Усё рабiлася ў лiхаманкавай спешцы i абсалютнай тайне.
Iван Сухiн у свае дваццаць дзевяць год працаваў у вышэйзгаданым iнстытуце малодшым навуковым супрацоўнiкам i да "лепшых сiл" пакуль што не адносiўся, таму i не займаўся расшыфроўкай касмiчнага сiгналу.
Калi сказаць больш дакладна, зацiкаўленасць да сiгналу ён меў не меншую, чым тыя карыфеi навукi, каго фiнансавала i падтрымлiвала дзяржава. Больш таго, ён цiшком ад калегаў, у вольны час "браў на зуб" крэпкi арэшак, кiнуты таямнiчай Галактыкай на Зямлю. Гэтая яго зацiкаўленасць перарасла ў абвостраную прынцыповасць i, нарэшце, ператварылася ў апантанасць. Ён не спаў начамi, закладваў запiсаныя гукi сiгналу ў кампутар, дзялiў, драбiў, раскладваў iх на мiльёны мiкронаў, якiмi бясконца вар'iраваў, спрабуючы скласцi лiтары, словы, сказы. Пасля кожнага варыянта, пасля чарговай камбiнацыi кампутар упарта выкiдваў на экран няўмольнае: "Варыянт памылковы".
Ад гэтых двух слоў Iвана блажыла, яны снiлiся яму ў кароткiя перапынкi адпачынку, яны не адпускалi маладога навукоўца, як злы рок. Iван сам нiбы ператварыўся ў перагружаны кампутар, у якiм штосьцi хутка замкне i ён згарыць ад двух ненавiсных слоў.
Калi ж аднойчы, пасля чарговай аперацыi з мiкрагукамi, экран кампутара высвецiў не ненавiсныя два словы, а два радкi тэксту, Iван ледзь не сцёр з электроннай памяцi бясцэннае адкрыццё, бо машынальна пацягнуўся пальцамi да клавiшаў, каб скласцi новы варыянт.
Ён ад нечаканасцi так i застыў з шырока раскрытымi вачыма, якiя ад напругi i хвалявання не маглi "зачапiцца" за тэкст – усё змяшалася i паплыло: i лiтары, i апаратура, i ўвесь свет.
Калi ж Iван апрытомнеў i ўсё стала на свае месцы, вочы лiхаманкава прачыталi:
Я – ПЛАНЕТА АСКАЛ
СУЗОР'Е ЦЯЛЬЦА ЛЕВА
ТРЫСТА МIЛЬЁНАЎ – ПЛАНЕТА АСОТ
ПРАВА ДЗЕВА
Прачытаўшы i перачытаўшы тэкст, Iван нiчога не зразумеў. Калi гукi правiльна ператвораны ў словы, то гэта, магчыма, каардынаты планеты Аскал. Але зразумець, дзе яна, – было гэтак жа цяжка, як i расшыфраваць сiгнал.
Першае, што хацеў зрабiць шчаслiвы i ўзрушаны навуковец, – зараз жа дакласцi акадэмiку Лiстову, кiраўнiку iнстытута. Але Iван адразу ж асекся: як гэта з бухты-барахты лезцi з куцым дакладам да акадэмiка?! Не! Трэба падрабязна, пачынаючы з раскладкi сiгналу на мiкроны, з разнастайных камбiнацый i шматлiкiх варыянтаў пошуку касмiчнага алфавiта падрыхтаваць грунтоўны пiсьмовы даклад. Неабходна аднавiць i прадублiраваць апошнi ўдалы варыянт камбiнацыйнасцi мiкрагукаў, якi дазволiў дакрануцца да нечай невядомай мовы, а ўжо пасля гэтага лезцi ў вочы начальству.
* * *
Вучоны савет навукова-даследчага iнстытута праходзiў надзiва ўраўнаважана i спакойна.
Звычайна вучоныя, многiя з якiх мелi сусветна вядомыя iмёны, горача i iмпэтна адстойвалi сваю пазiцыю нават тады, калi гэта пазiцыя была даўно iмi абароненая i ўсiмi ўхваленая.
Сёння ж вучоных як падмянiлi. Магчыма, таму, што пасяджэнне савета было аб'яўлена звышсакрэтным (хаця сам iнстытут i яго дзейнасць даўно строга засакрэчаны), магчыма, таму, што разглядалася пытанне, ускалыхнуўшае ўвесь свет, а хутчэй за ўсё таму, што вучоныя з сусветнымi iмёнамi быццам анучай па зубах схапiлi, бо адкрыццё зроблена не iмi, кiтамi навукi, а "верхаводкай" нейкiм малодшым навукоўцам, з якiм раней вiталiся нядбайным кiваннем галавы.
Цяпер гэты, па iх ранейшаму меркаванню, жэўжык сядзеў у прэзiдыуме, праваруч ад дырэктара iнстытута – самога акадэмiка Лiстова, якi сваiмi шматлiкiмi i грунтоўнымi навуковымi працамi паставiў на вушы ўвесь вучоны свет.
Праўда, сам "жэўжык" сядзеў сцiпла, апусцiўшы галаву, саромеючыся такой нечаканай увагi з боку масцiтых калег.
Акадэмiк Лiстоў пачаў цiха, нават неяк таямнiча:
– Калегi! Тое, што адбылося ў нашым iнстытуце, цяжка выказаць цi апiсаць звычайнымi словамi. Я ды i вы ўсе, хто бачыў на сваiм вяку шмат неверагоднага, зазiрнуў неаднойчы ў глыбокiя таямнiцы ашаламляльных адкрыццяў, стаiм сёння на мяжы, за якой слова "фантастыка" можа знiкнуць назаўсёды з лексiкону чалавецтва.
Я наўмысна пайшоў на парушэнне i не далажыў адразу кiраўнiцтву дзяржавы, бо сам тэкст патрабуе далейшай расшыфроўкi i ўдакладнення. Без дакладных каардынатаў планеты Аскал наша праца будзе выглядаць палавiнчатай, хаця асноўнае ўсё ж зроблена. Не хацелася б раздзяляць з некiм лаўры адкрыцця.
– А якому сектару будзе даручана ўдакладненне каардынатаў? – пачулася з напружанай залы. Кожны прагнуў на гэтым адрэзку дыстанцыi абагнаць паплечнiка.
Лiстоў гэта зразумеў i ўсмiхнуўся:
– Працы хопiць усiм! Не думайце, што засталося толькi паставiць кропку. Хутчэй – шматкроп'е. Займацца гэтай справай будзеце ўсе пад кiраўнiцтвам майго першага намеснiка. Ён, у дадатак да нашых магчымасцяў, прыцягне лепшых астраномаў i будзе каардзiнiраваць вашы намаганнi.
Раптоўна спытаўся ў Iвана:
– Вы не супраць, Iван Захаравiч?
Iван ад нечаканасцi ажно папярхнуўся i некалькi разоў паўтарыў:
– Згодзен! Згодзен! Не супраць!
Лiстоў па-бацькоўску пахлопаў яго па плячы i зноў звярнуўся да залы:
– Закончу тым, з чаго павiнен быў пачаць. Ад iмя ўсяго нашага навуковага калектыву дзякую вам, Iван Захаравiч, за тытанiчную працу! У вас вялiкая будучыня!
* * *
Пасля таго як агульнымi намаганнямi былi вызначаны больш-менш дакладныя каардынаты планеты Аскал, было даложана кiраўнiцтву дзяржавы.
Хто-хто, а Iван, адразу пасля дакладу ў дзяржаўныя iнстанцыi, адчуў не столькi сваю вялiкую будучыню, колькi сучасную, нязвыклую i малапрыемную рэальнасць.
Справа ў тым, што навукова-даследчы iнстытут, як нам вядома, быў засакрэчаны i пiльна ахоўваўся ад чужога вока i вуха спецорганамi. Цяпер жа, пасля сенсацыйнага адкрыцця, ахова iнстытута зрабiлася настолькi жорсткай, што нават выпадковая парушынка не змагла б заляцець на яго тэрыторыю.
Але гэта былi агульнапрафiлактычныя меры бяспекi, да якiх тут даўно прывыклi i якiя не замiналi займацца навуковай дзейнасцю.
А вось Iван, якi нiколi раней не сутыкаўся з асабiстай аховай, цяпер адчуў, што гэта за "радасць". Яго ахоўвалi, як рэдкую музейную каштоўнасць. Кола кантактаў са знаёмымi i сябрамi звузiлася. На кожным кроку – на працы i ў вольны час – ён адчуваў непрыемнае апякунства.
Праўда, на працы адбылiся i прыемныя змены – яго павысiлi з малодшага да старэйшага навуковага супрацоўнiка, выдзелiўшы для далейшых даследаванняў шыкоўную лабараторыю з навукова-тэхнiчным персаналам.
Дабавiлася i ўвагi, i павагi ад калег, якiя раней маглi па-панiбрацку хлопнуць па плячы, цяпер да яго iмя дадавалi i iмя па бацьку.
Iвану, якi быў кантактным ва ўзаемаадносiнах i просты, як усё генiяльнае, не вельмi падабалiся такiя змены, але ён разумеў i тое, што не ўсё ад яго залежыць, i працягваў заставацца самiм сабой.
Каб неяк павялiчыць сваю знешнюю салiднасць, Iван паспрабаваў адпусцiць бараду, але, зiрнуўшы праз нейкi час у люстэрка, зарагатаў:
– Каму патрэбна гэта казлiнасць?! – i начыста пагалiўся.
* * *
Змешаная навукова-ўрадавая камiсiя, з удзелам ваенна-касмiчных прадстаўнiкоў i псiхаўрачэбных аналiтыкаў, праводзiла сваё першае пасяджэнне.
На павестцы дня адно пытанне: што рабiць далей?!
Прадстаўнiк урада Глотаў, ён жа старшынствуючы, вёў сябе далiкатна i толькi задаваў пытаннi.
– Дык што будзем рабiць? Якiя прапановы, Антон Паўлавiч? – спытаўся ён у Лiстова.
Лiстоў грузна ўстаў i коратка адказаў:
– Трэба ляцець, Генадзь Мiхайлавiч!
– А колькi ж туды лёту? – удакладнiў старшынствуючы.
– Прыкладна дзесяць гадоў, – спакойна адказаў акадэмiк.
– Дзесяць туды i дзесяць назад? Так? – зноў удакладнiў Глотаў.
– Так, але назад...
– Дзякуй! Сядайце, Антон Паўлавiч! – прапанаваў прадстаўнiк урада. – Якiя нашы тэхнiчныя магчымасцi? -звярнуўся ён да прадстаўнiка ваенна-касмiчнай службы.
– Нашы тэхнiчныя магчымасцi дазваляюць даляцець толькi туды, для зваротнага палёту не застаецца палiва, – адрапартаваў ваенны навуковец.
– А што з навейшым касмiчным караблём, распрацоўка якога адобрана ўрадам? У якiм ён стане? – больш строга запытаўся Глотаў.
– Яго дакументальна-тэхнiчная распрацоўка закончана. Зборка i яго выпрабаваннi зоймуць два-тры гады, – зноў лаканiчна адказаў ваенны.
– Сядайце! – суха кiнуў Глотаў i звярнуўся да медыкаў: – А што медыцына скажа?
Прафесар медыцыны спакойна канстатаваў:
– Уздзеяннi палёту такой працягласцi на арганiзм чалавека намi вывучаны дасканала. Думаю, што да нас пытанняў не будзе. Вось i мой калега-псiхолаг пацвердзiць тое ж.
Але псiхолаг, устаўшы з месца, як кажуць, пусцiў у пакой чорнага ката.
– Я лiчу, – пачаў ён, – што мы нiколi раней не сутыкалiся з падобнымi цяжкасцямi медыка-псiхалагiчнага кшталту. Па-першае, тым, хто паляцiць, трэба, не ўтойваючы, сказаць, што вяртанне назад – пад вялiкiм пытаннем. Па-другое, нават калi пытанне вяртання на Зямлю будзе вырашана з дапамогай карабля-выратавальнiка, астранаўты павiнны быць адносна маладымi, бо вернуцца яны, у лепшым выпадку, праз дваццаць год. I трэцяе, самае галоўнае псiхалагiчнае патрабаванне – пiлоты павiнны iсцi на гэты рызыкоўны крок добраахвотна!
– Я згодзен! – пачулася з залы. – Я даўно ўсё ўзважыў! Дазвольце мне!..
Усталявалася цiшыня. Погляды ўсiх прысутных спынiлiся на Iвану Сухiну, якi як расшыфроўшчык сiгналу, быў запрошаны на гэта пасяджэнне i якi зараз стаяў перад строгай камiсiяй, рашучы i адкрыты.
– Дазвольце мне! – больш мякка паўтарыў ён.
Лiстоў пачырванеў i збянтэжыўся ад такой нясвоечасовай напорыстасцi свайго падначаленага.
– Сядайце, Iван Захаравiч! Сядайце! Мы яшчэ кандыдатуры не абмяркоўваем...
– А што! – перахапiў гаворку Глотаў. – Хто, як не ён, мае поўнае права быць першым кандыдатам у палёт! Як вы там казалi, – звярнуўся ён да псiхолага, – патрэбен малады, свядомы i добраахвотнiк? Так? Дык вось ён перад намi!.. А пра астатнiх падумаем, сапраўды, пазней.
На наступных пасяджэннях камiсii было вырашана адправiць у рызыкоўны палёт толькi двух астранаўтаў. Гэта аблягчала вырашэнне пытання з харчаваннем, якое, па сутнасцi, не займала многа месца, бо было спрасавана ў невялiчкiя гранулы. Адной такой гранулы чалавеку хапала на суткi, бо ў ёй было скандэнсавана ўсё неабходнае для падтрымкi арганiзма ў належным стане. Вада таксама была крысталiзавана i спрасавана да такой ступенi, што цвёрдая кропля вады пры вытайваннi расшыралася настолькi, што магла забяспечваць экiпаж сутачнай нормай.
Такiм чынам, галоўныя кампаненты жыццезабеспячэння экiпажа месца займалi мала, а кiсларод вырабляўся штучна даволi лёгка, яшчэ з незапамятных часоў.
Складаней было з палiвам, бо акрамя той адлегласцi, якую меркавалася пераадолець, не выключалi магчымасць i пошукi планеты Аскал, мiма якой маглi праскочыць. Працяглыя яе пошукi маглi азначаць катастрофу ўсiх планаў i гiбель экiпажа. Усе разумелi, што нават пры паспяховай пасадцы на Аскал толькi паскораная i ўдалая пабудова навейшага карабля ў блiжэйшыя два-тры гады дае надзею на жыццё.
Камандзiрам касмiчнага карабля быў назначаны саракагадовы палкоўнiк ваенна-касмiчнага ведамства Iлля Iванавiч Iсаеў, цi, як яшчэ жартам называлi яго сябры, – тры "I".
Гэта быў яго далёка не першы мiжпланетны палёт, але ўсе папярэднiя – на Марс, Венеру i нават на Сатурн – былi ў параўнаннi з гэтым лёгкай касмiчнай прагулкай.
Для Iвана гэты палёт быў самы першы, таму не дзiва, што хваляваннi не пакiдалi яго. Не, ён не баяўся за сваё жыццё – што жыццё ў параўнаннi з унiкальнай магчымасцю зазiрнуць у таямнiцу таямнiц! Яго хвалявала магчымасць сустрэчы з тымi, каго нават не мог уявiць. Суцяшала адно – iм, на аснове расшыфраванага тэксту, распрацаваны алфавiт, з якога складзены шматлiкiя варыянты слоў i сказаў. Моўны кантакт – аснова поспеху зямной экспедыцыi.
Праўда, словы ды i ўся мова касмiчных незнаёмцаў, калi гэта ўвогуле можна назваць мовай, вызначалася складанасцю, нелагiчнасцю, нават нейкай недарэчнасцю. Але Iван спакойна i нетаропка "ламаў язык", памятаючы, што наперадзе дзесяць гадоў лёту – можна вывучыць мовы ўсяго свету.
I,нарэшце, галоўны суцяшальны козыр – экiпаж будзе мець магчымасць пастаянна падтрымлiваць сувязь з Зямлёй.
Надыходзiў дзень i час старту, заканчвалiся апошнiя падрыхтоўчыя клопаты. Усё iшло згодна намечанага плана.
* * *
Палёт праходзiў нармальна. Так званых няштатных сiтуацый пакуль не здаралася, i экiпаж спакойна займаўся сваiмi строга прадпiсанымi абавязкамi. Усе навiгацыйна-тэхнiчныя задачы выконваў камандзiр карабля, а навукова-даследчая дзейнасць заставалася за Iванам, якi пастаянна падтрымлiваў сувязь з Зямлёй, праслухоўваў касмiчную бездань, у якую час ад часу пасылаў розныя сiгналы, у тым лiку i на мове планеты Аскал.
Галоўную небяспеку для экiпажа i карабля ўяўлялi агромнiстыя астэроiды, якiя сустракалiся на шляху зямлян, але сучасная тэхнiка дазваляла загадзя высвечваць iх на штурманскiм экране, i карабель аўтаматычна, без дапамогi пiлота выбiраў бяспечны маршрут.
Iван перад палётам баяўся, што за час лёту змарнее ад нуды, але тут, перад чорнай бясконцасцю, з прыемнасцю зазначыў, што за любiмымi заняткамi час ляцiць непрыкметна, а галоўнае, выкарыстоўваецца плённа. Назiранне за Ўсяленнай з Зямлi – адна справа, тут жа адкрывалiся зусiм iншыя магчымасцi быццам стаiш з космасам твар да твару.
Праз тры гады лёту Iван раптоўна запеленгаваў той жа, ужо вядомы iм сiгнал. Гэта не толькi надало сiлы экiпажу, але – што самае важнае – дапамагло падкарэкцiраваць дакладнасць траекторыi палёту, якая, як высветлiлася, крыху адхiлiлася ад рэальнага знаходжання Аскала. Гэта "крыху", хоць i не пад вялiкiм градусам першапачатковага адхiлення, з кожным днём палёту павялiчвалася, а да канца намечанага тэрмiну перарасло б у мiльёны кiламетраў, i ўсё закончылася б трагiчна.
Але больш радасная вестка паступiла з Зямлi – услед першаму касмiчнаму караблю паспяхова стартаваў другi, навейшы, якому пад сiлу дасягнуць планету Аскал i, забраўшы бескарабельных астранаўтаў, вярнуцца на Зямлю.
Гэта было сапраўднае свята, бо нiшто так моцна не падтрымлiвае чалавека, як рэальная надзея.
Зямля паведамляла, што ўсё разлiчана такiм чынам, каб за кошт значна большай хуткасцi новы касмiчны карабель максiмальна наблiзiўся да першага экiпажа i скарацiў адрэзак часу памiж дзвюма пасадкамi.
Гэта азначала, па сцвярджэнню Зямлi, што дапамога прыбудзе прыкладна праз месяц пасля пасадкi першапраходцаў, а магчыма,i раней.
– Ну як, – не без трывогi запытаўся ў камандзiра карабля Iван, пратрымаемся месяц?
Камандзiр задуменна адказаў:
– Невядома хто i што нас там чакае, як сустрэне... Для таго, каб загiнуць, дастаткова некалькiх iмгненняў...
– А наша электронна-лазерная зброя? А нашы непрабiваема-незгаральныя касцюмы? А нашы паралiзатары, якiя iмгненна здольны нейтралiзаваць усё жывое вакол нас? – сыпануў пытаннямi разгарачаны Iван.
– Пабачым, – адным словам на ўсе пытаннi адказаў камандзiр.
Палёт працягваўся нармальна, спакойна, нават манатонна. Уся бартавая тэхнiка бездакорна выконвала свае шматлiкiя функцыi, трэнажоры падтрымлiвалi астранаўтаў у добрым фiзiчным стане i бадзёрым псiхалагiчным настроi.
I ўсё ж калi, па падлiках даследчыкаў, палёт падыходзiў да заканчэння, не абышлося без непрыемнасцяў.
Раптоўны i моцны ўдар страсянуў велiзарны корпус касмiчнага карабля. Прыборы адразу паказалi, што лятальны апарат пачаў адхiляцца ад курсу. Гэта азначала, што адзiн з чатырох рухавiкоў быў выведзены з рэжыму работы. Стварылася дэцэнтрацыя цягi, таму былi вымушаны тэрмiнова заглушыць другi, процiлеглы ад пашкоджанага, рухавiк. Такая аперацыя дазволiла выправiць траекторыю палёту, затое хуткасць яго зменшылася ўдвая.
Адначасова з гэтым знiкла сувязь з Зямлёй.
– Што гэта было? – трывожна спытаўся Iван у камандзiра карабля.
– Думаю, што бакавы астэроiд у сваiм палёце перасёкся ў той крытычнай кропцы з палётам нашага карабля. Такiя здарэннi лiчылiся раней тэарэтычна-магчымымi. Сёння я ўпершыню пераканаўся, што такое магчыма i на практыцы.
– А як цяпер ляцець? – не супакойваўся Iван.
Iсаеў адказаў:
– Наша шчасце, што той астэроiд не напаткаў нас на тысячную долю секунды раней. Ляцелi б зараз у касмiчнай беспаветранасцi не мы, а дробныя шматкi ад нас i нашага карабля. А так – чыркануў ён нам, калi можна так сказаць, па хвасце, пашкодзiў рухавiк, сарваў антэну i спакойненька паляцеў далей.
– Ого-го! – толькi i сказаў Iван i пачухаў скроню.
– А даляцiм мы, – працягваў камандзiр, – i на двух рухавiках, тым больш што ляцець засталося лiчаныя днi.
Напрыканцы палёту не пашанцавала яшчэ раз – была ноч, i трэба было выбiраць: цi рабiць аблёт планеты Аскал i чакаць свiтанку, цi садзiцца адразу.
Улiчваючы тое, што палiва магло вось-вось скончыцца, а два рухавiкi, з-за перагрузкi, "елi" палiва вiдавочна, вырашылi рабiць пасадку ў поўнай цемры па прыборах начнога бачання.
– Эх, – абураўся Iван, – днём мы б адным поглядам ацанiлi, якi наш новы дом!..
– Нiчога! – супакоiў камандзiр. – Прыборы паказваюць, што паветра тут iснуе i кiслароду багата. А гэта ўжо не мала! Адзiнае, што прыйдзецца – дык гэта сядзець у караблi давiдна i не вытыркаць носа, каб не атрымаць па iм...
I вось магутны карабель завiс над паверхняй планеты Аскал, высвечваючы пражэктарамi тое месца, дзе павiнна была адбыцца пасадка.
Выпусцiўшы доўгiя, як у павука, ногi-апоры, карабель паволi пачаў спускацца, уздымаючы вогненнымi струменямi ад рухавiкоў хмары ўсяго таго, што аказалася на месцы пасадкi.
Касмiчны карабель напружана i стомлена ўздрыгваў сваiмi гарачымi бакамi i, здавалася, як i людзi, не мог дачакацца адпачынку.
Нарэшце ногi апоры мякка самартызавалi i прынялi на сябе ўвесь мнагатонны цяжар. Палёт быў завершаны. Прайшло дзевяць гадоў i восем з паловай месяцаў з таго часу, калi Зямля асцярожна i пяшчотна выправiла двух сыноў сваiх у гэта касмiчнае падарожжа.
– Вiншую з прыбыццём! – Камандзiр карабля моцна абняў маладога навукоўца, якi за час палёту зрабiўся не такiм ужо i маладым.
– Удачы нам! – ледзь выцiснуў з сябе ўсхваляваны Iван, хаваючы ўзмакрэлыя вочы.
Камандзiр карабля зрабiў запiс у "бартавым журнале" – такая традыцыйная назва перайшла здавён да спецыяльнага кампутара, у якiм фiксавалiся ўсе падзеi падчас падарожжа. Экран кампутара высвецiў тэкст, якi камандзiр карабля ўвёў у яго памяць:
"2503 год, 20 чэрвеня, 00 гадзiн 17 хвiлiн, пасадка на планету Аскал. Камандзiр карабля I.Iсаеў, член экiпажа I.Сухiн".
– Вось на сёння i ўсё! – павярнуўся ён да Iвана. – Па магчымасцi трэба да ранiцы адпачыць... Ранiцай – невядомасць.
Але як нi прымушалi сябе члены экiпажа заснуць – сон не браў. I як было заснуць пасля амаль дзесяцi гадоў напружанага чакання сустрэчы з... З кiм? З чым?..
Гэтыя пытаннi не проста хвалявалi зямлян, а спальвалi душы цiкаўнасцю блiзкай i хуткай разгадкi.
Гэта ж трэба – варта толькi адчынiць адзiн герметычны люк, потым, зачынiўшы яго, разгерметызаваць другiя дзверы – i...
Iван парушыў "сон" свайго сябра i звярнуўся да яго, бо чуў, што i ён варушыцца i ўздыхае.
– Няма моцы трываць! Хочацца выйсцi, агледзець планету, перазнаёмiцца з усiмi i ўсiм.
– Не толькi агледзiм, але i прымем усе меры бяспекi... Карацей, будзем дзейнiчаць, зыходзячы з убачанага... – як бы падсумаваў думку Iвана камандзiр карабля.
– Эх, – уздыхнуў Iван, – i ноч супраць нас... Ледзь паўзе...
Iсаеў усмiхнуўся:
– Калi ўжо дзесяць год перацярпелi, дык некалькi гадзiн адолеем!
Непрыкметна для сябе, стомленыя дарогай i ўсхваляваныя чаканнем, астранаўты пад ранiцу заснулi. Колькi яны праспалi – не было калi ўдакладняць, бо, усхапiўшыся, як па камандзе кiнулiся да iлюмiнатараў, праз якiя яркiмi патокамi лiлося сонечнае святло.
Зiрнуўшы ў iлюмiнатары, пасланцы Зямлi аслупянелi. Яны былi гатовыя ўбачыць усё – i самых агiдных страшыдлаў, i самых неверагодных пачвараў, i нават разумных iстотаў, перагнаўшых у сваiм iнтэлектуальным развiццi зямлян.
– Што гэта?!.
– Вось гэта дык прыём! – вырвалася ў астранаўтаў.
– Што будзем рабiць?! – разгублена спытаўся Iван.
Камандзiр, пасля доўгай паўзы, пачаў разважаць, быццам думаў услых:
– Што рабiць... Што рабiць... Думаю, што ў караблi адседзецца не ўдасца... Ды i не для гэтага мы сюды ляцелi. А калi так, трэба вырашыць, як сябе паводзiць...
Зямляне зноў сцiхлi i "прылiплi" да iлюмiнатараў.
Карабель быў шчыльна акружаны людзьмi ў камуфляжнай форме з аўтаматамi напагатове. Iх было так многа, што ад стракатасцi рэзала вочы горш, чым ад сонца. Ля выхаду з карабля стаяла некалькi чалавек у цывiльным.
– Мы што, трапiлi на нейкую дапатопную ваенную базу? – спытаўся сам у сябе Iван. – Такое вiдовiшча, што...
– Значыць,так, – рашуча перапынiў яго камандзiр карабля, куленепрабiваемыя касцюмы i шлемы не здымаць! Увесь арсенал абароны мець пры сабе! Не праяўляць нiякай варожасцi i не выказваць разгубленасцi! Зброю прымяняць у самым крайнiм выпадку! Перагаворы буду весцi толькi я!..
Пакуль камандзiр вядзе свой жорсткi iнструктаж, прадыктаваны абставiнамi, можна спынiцца i паспрабаваць разабрацца, што гэта за такi "ўвесь арсенал абароны". Несвядомаму чалавеку ён тэарэтычна мала што скажа, бо тыя вяршынi навукова-тэхнiчнай думкi, пра якiя гаварылася раней, дазволiлi зрабiць сродкi абароны i нападзення замаскiравана кампактнымi, павялiчыўшы пры гэтым у шмат разоў магчымасцi паражэння i знiшчэння працiўнiка.
Пра тыя аўтаматы, якiя трымалi ў руках камуфляжнiкi, на Зямлi даўно забылiся, яны калi i захавалiся, дык толькi ў музеi старажытнай зброi. Дастаткова толькi ўявiць кожнаму ў свой час, якая зброя была трыста цi пяцьсот гадоў назад, i адразу зразумееце, якое смешнае ўражанне зрабiлi яны на зямлян.
Сёння, напрыклад, касцюм астранаўта, акрамя сваiх абаронных функцый, быў i грознай наступальнай зброяй. Так толькi ў двух нагрудных мiнi-блоках-рэактарах была схавана вялiзная энергiя, якая па камандзе чалавека магла iмгненна знiшчыць усё навакольнае праз ледзь бачныя каналы-клапаны, якiя здольны ашчэрыцца псiхатропнымi, лазернымi, электрамагнiтнымi выпраменьваннямi. У гэтым жа касцюме былi скандэнсаваны не толькi знiшчальныя сродкi, але i абясшкоджваючыя – такiя, як паралiзуючыя, усыпляльныя, дэмаралiзуючыя. Акрамя ўсяго гэтага, за невялiчкай лiнзай, памiж мiнi-блокамi, знаходзiцца спецыяльная лямпачка, успышка якой у тысячы разоў ярчэй за сонца. Гэта ўспышка таксама не знiшчала, а асляпляла ўсё жывое.
Была i iншая, не менш грозная, кiшэнная зброя, эфектыўнасць якой была засакрэчана i нам невядома.
Можна толькi дадаць тое, што касцюмы астранаўтаў дазвалялi свабодна, не здымаючы шлемаў, размаўляць з любым чалавекам, а вось унутраная сувязь памiж астранаўтамi была чутна толькi iм.
Маючы такую пераканаўчую навукова-тэхнiчную перавагу над камуфляжнiкамi, Сухiн i Iсаеў больш-менш спакойна выйшлi з карабля.
* * *
Палац або рэзiдэнцыя нейкай галоўнай асобы на гэтай планеце, куды даставiлi двух зямлян, вызначаўся шыкоўнасцю i адсутнасцю густу.
Iван увесь час у думках абураўся: "Эх, шкада, што я не гiсторык! Гэта ўсё нагадвае нешта як быццам знаёмае... Але што?.."
Iсаеў думаў пра iншае: "Вялiкай пагрозы для нас гэты ўзброены дапатопнай зброяй натоўп не ўяўляе... Усё, што мы бачым, можа быць знiшчана намi iмгненна. Але гэтага не павiнна быць..."
Калi картэж машын, у цесным акружэннi аўтаматчыкаў, пад'ехаў да цэнтральнага ўвахода галоўнага будынка, на ўсходцы выйшаў, вiдаць, той, каму падпарадкоўвалася ўсё на гэтай планеце.
Галоўны ступiў насустрач незвычайным гасцям i шырока ўсмiхнуўся.
– Вiтаю вас на нашай суверэннай i свабоднай планеце!
– Мы таксама рады вiтаць вас i спадзяёмся на ўзаемапаразуменне! – стрымана адказаў Iсаеў.
– Я – .........., – i чалавек на ўсходцах назваў сваё прозвiшча. Яно гучала настолькi складана, што зямляне з першага разу не запомнiлi яго. – Я галоўны на планеце Аскал! – працягваў ён...
Астранаўты таксама прадставiлiся, назваўшы свае iмя i прозвiшчы. Галоўны (лепш будзем называць яго так, як запомнiлi) задаволена сказаў:
– Мне прыемна, што вы валодаеце нашай мовай, у распрацоўку якой унёс i я вялiкi ўклад. Упэўнены, што хутка i блiжняе,i дальняе касмiчнае замежжа прызнае маю мову i пяройдзе на яе! Але што мы тут стаiм, заходзьце ў пакоi! i Галоўны павёў гасцей у рэзiдэнцыю.
Дапатопны лiфт падняў гаспадара i гасцей на пяты паверх будынка, дзе ў нейкай афiцыйнай зале працягнулася ўзаемнае знаёмства.
– Ведаю, што вы з дарогi i вам неабходна адпачыць, таму не буду стамляць працяглай размовай.
Камандзiр карабля дыпламатычна адказаў:
– Мы рады, што знаходзiмся сярод разумных, сабе падобных людзей,i хочам выказаць...
– Ну, чаго-чаго, а розуму ў нас хапае! – перабiў Iсаева Галоўны.
– Мы хочам выказаць, – працягваў Iсаеў, – захапленне вашымi тэхнiчнымi дасягненнямi, якiя дазволiлi паслаць сiгнал на нашу далёкую планету Зямля...
– Якi сiгнал?! – ускочыў Галоўны. – Мы нiякага сiгналу нiкуды не пасылалi! I што гэта за такое – Зямля? Нiколi не чуў!
Астранаўты разгубiлiся. Няўжо яны заляцелi не туды? А сiгнал? Ён жа быў пасланы менавiта з гэтай планеты... Як сябе паводзiць далей? Што казаць?..
– Мы маем на ўвазе злектрамагнiтны сiгнал, якi вылучае любое вялiкае касмiчнае цела i якi мы зафiксавалi пры падлёце да вашай планеты, – ляпнуў першае, што прыйшло ў галаву, Iсаеў.
– А-а! – супакоiўся Галоўны. – А Зямля? Што гэта за планета?
Iсаеў коратка ахарактарызаваў Зямлю як планету, гэтак жа коратка расказаў пра дасягненнi ва ўсiх галоўных галiнах эканомiкi, навукi, культуры, асобна падкрэслiў тыя свабоды, якiмi карыстаецца кожны, што лiчыцца галоўнай каштоўнасцю часу.
– У нас, – закончыў Iсаеў, – кожная сям'я, праз адзiную сiстэму Iнтэрнэта, падключана да агульнай сiстэмы кiравання дзяржавай i мае магчымасць уплываць на ўдасканаленне законаў, на ход развiцця агульнаэканамiчных iнтарэсаў, сацыяльных патрабаванняў, на росквiт культуры i гарманiчнае развiццё кожнай асобы. Урад у нас сiмвалiчны i з'яўляецца каардынатарам агульнаграмадскiх пажаданняў i прапаноў.
Чым больш гаварыў Iсаеў, тым больш халаднейшымi рабiлiся вочы Галоўнага.
– А чаму вы не здымаеце сваiх касцюмаў? – падазрона спытаўся гаспадар. – У нас усе павiнны быць аднолькавымi!
– На вашай планеце хiмiка-бiялагiчны састаў атмасферы адрознiваецца ад нашага, – зноў быў вымушаны схлусiць Iсаеў.
– Ну што ж, вам трэба адпачыць, а нам падумаць, – устаў Галоўны. – Вас адвязуць у адведзеныя для гэтага апартаменты, – i выйшаў з залы.
Сухiна i Iсаева размясцiлi чамусьцi раздзельна: не ў розны пакоях, а ў розных будынках. Гэта не толькi здзiвiла, але i насцярожыла зямлян. Насцярожвала не толькi гэта: i вялiкая колькасць узброеных камуфляжнiкаў, i тое, як iх сюды везлi ад карабля.
А везлi iх таксама ў розных машынах, дарогу да рэзiдэнцыi выбiралi так, каб абмiнуць людзей i тую непрыгляднасць i неўладкаванасць, якая акружала iх.
Насцярожвала i тое, якое незадавальненне выклiкаў у Галоўнага апiсаны Iсаевым лад жыцця зямлян.
Кiдалася ў вочы дрымучая адсталасць аскалаўцаў. Машыны, на якiх везлi ў рэзiдэнцыю зямлян, як i аўтаматы камуфляжнiкаў, i мясцовыя сродкi сувязi, на Зямлi даўно зрабiлiся гiстарычным хламам.
Насцярожвала i тое, што ў гасцей нават не запыталiся, як бы яны хацелi выкарыстаць вольны час цi што б iм хацелася ўбачыць, а, як падняволеных, рассялiлi пад аховай.
Абмеркаваўшы па ўнутранай сувязi ўсё гэта, пасланцы Зямлi, у мэтах бяспекi, зноў вырашылi не здымаць сваiх касцюмаў да лепшых часоў.
* * *
Савет бяспекi быў склiканы Галоўным тэрмiнова i праходзiў пад яго старшынствам.
Галоўны блiснуў вачыма, ад чаго прысутныя апусцiлi галовы i сцiснулiся ў камякi.
– У нас госцi! – без уступу пачаў старшынствуючы. – Скажу прама: нежаданыя госцi. Я яшчэ разбяруся з iмi, а пакуль параiмся, што з iмi рабiць. Тое, што мне давялося пачуць ад iх, выклiкае трывогу.
Прысутныя крыху паднялi галовы, але маўчалi.
Галоўны злосна працягваў:
–Там, на Зямлi, адкуль яны прыляцелi, згодна iх слоў, кiруюць нейкiя свабоды, кожны робiць, што хоча, кожны сам сабе гаспадар. Урад, зноў жа з iх слоў, сiмвалiчны. Цi ж такое магчыма?! – узвысiў голас Галоўны.
Тут прысутныя заматалi галовамi:
– Не! Такога не павiнна быць!
– Гэта жах!
– Анархiя!
– Правакатары! – перакрыквалi адзiн другога прысутныя.
Галоўны задаволена абвёў поглядам дарадцаў:
– Дзякуй за падтрымку! Бачу, што нашы думкi супадаюць!
Галоўны зрабiў паўзу, выцер насавой хустачкай успацелы лоб i спытаўся:
– Дык што будзем рабiць?!.
Усе зноў апусцiлi галовы – не дай бог не тое ляпнуць ды не дагадзiць Галоўнаму.
– Ну, калi вы маўчыце, тады я вам растлумачу, якая небяспека для нас усiх схавана ў словах касмiчных прыблудаў, – павучальна i дакорлiва працягваў аратар. – Дык вось, тыя свабоды, пра якiя плятуць нашы дарагiя госцiкi, пазбавяць вас усiх вашых прывiлей i вашых...
– Не! Не дазволiм!
– Не быць гэтаму нiколi!