355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Роман Соболенко » Перастарка (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Перастарка (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 12:43

Текст книги "Перастарка (на белорусском языке)"


Автор книги: Роман Соболенко



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 2 страниц)

Соболенко Роман
Перастарка (на белорусском языке)

Раман Сабаленка

Перастарка

Неяк так здарылася, што Гарпуська засядзелася ў дзеўках. Нельга сказаць, каб дзяўчына была з якiм бракам. Наадварот, у свой час Гарпуська была вельмi паглядная. Крыху камлюкаватая яе постаць была добра скроена, прыгожыя рысы твару надавалi нейкую своеасаблiвую цеплыню. Не так даўно адбою не было ад хлопцаў. Яшчэ i летась да Гарпуськi часцяком наведваўся трактарыст Мiкiта Чурак. Ён, гэты трактарыст, кажуць, ужо асеў назаўсёды ў Ямiшчах, гэта значыць у трэцяй брыгадзе, якая знаходзiцца за сем цi за восем (хто яго там калi мераў) кiламетраў ад цэнтра калгаса "Зялёная нiва".

У свой час у Ямiшчах быў асобны калгас, i Гарпусьчын бацька – Свiрыд Клiмянок – быў за старшыню ў iм. Год колькi назад ямiшчынскi калгас далучылi да "Зялёнай нiвы", i ён стаў трэцяй паляводчай брыгадай. А праз два гады пасля гэтай падзеi здарылася няшчасце: Свiрыд Клiмянок сеў на жарабца Патона i паехаў у праўленне калгаса. Жарабец быў малады, неаб'езджаны, i, калi Свiрыд ехаў палявой дарогай праз жыта, ён нечага ўпудзiўся, i брыгадзiр так грымнуўся вобземлю, што нядоўга пажыў на гэтым свеце. Казалi, што пячонкi адбiў чалавек. Колькi нi старалiся дактары, не далi рады яго адхаяць.

Адным словам, у Клiмянковай хаце не засталося i мужчынскага заваду. I цi то таму, што ў хату трэба быў мужчына, бо нельга ж без яго жыць – дроў накалоць, дык бярыся сама за сякеру, зноў жа такi ўзараць сядзiбу, то прасi на прамiлы бог каго, – старая Параска – Гарпусьчына мацi – часцяком намякала дачцэ, што трэба ўжо i пары шукаць. Аднаго разу ўвечары да Клiмянковых у хату зайшоў Мiкiта Чурак. Мацi, вiдаць, скмецiла, што гэты хлопец хоча з акрайцам прыйсцi ў сваты да дачкi. Яна гэтак уважлiва аглядала яго, што той сябе адчуваў нiякавата. Старая доўгi час распытвала ў Мiкiты пра бацькоў, бо ён быў нетутэйшы. Параска ў душы была ўжо згодна на тое, каб Мiкiта прыслаў сватоў, хоць хлопец ёй i не зусiм падабаўся: ён быў нейкi мiзэрны, да таго ж вельмi маўклiвы i сарамлiвы. Праўду сказаць, цётка Параска не вельмi любiла такiх. Яе ж нябожчык Свiрыд у маладосцi вунь якi зух быў: i на язык, i на работу. Калi за што, бывала, возьмецца, дык тое аж гарыць у руках. А гэты як пачне гаварыць, дык нiбы яму цяляты язык аджавалi. Зноў жа такi, Мiкiта ходзiць заўсёды зашмальцаваны, мурзаты, нiбы яму i ўмыцца няма калi. Матчына вока заўважыла ў той раз, як Мiкiта быў у iхняй хаце, што Гарпуська не вельмi горнецца да хлопца, але сама сабе падумала, што дачка ўжо немаладых год i, чаго добрага, яшчэ зусiм застанецца ў дзеўках. Яна ўжо заўважыла, што i яе Гарпуська пачала неяк мiзарнець. Нос яе завастрыўся, палупiўся ад сонца i ветру, твар здрабнеў, вочы неяк запалi. Ды хiба дзiва, раслiна i тая, калi перастоiць на коранi, жоўкне, нiкне да зямлi. I таму, калi Мiкiта, развiтаўшыся, выйшаў з хаты, Параска, напускаючы на сябе штучную злосць, сказала:

– Гэтыя твае пераборы, глядзi, бокам вылезуць.

– Дык што я там перабiраю? – агрызнулася Гарпуська.

– Ды хоць бы колькi iх ужо ў хаце вачмi свяцiлi, а табе ўсё няўгодныя i няўгодныя.

– Мама, вы сябе глядзiце, а не мяне i не мяшайцеся ў маё жыццё, рашуча i са злосцю заявiла Гарпуська.

– Як гэта не мяшацца? – ускiпела Параска. – Не табе адной пры iм жыць, а i мне. Не пайду ж упрочкi з сваёй хаты.

– Нiхто вас у тыя прочкi i не гонiць, – памякчэла ўжо Гарпуська.

Параска на момант задумалася.

– А тым часам i гэты хлопец не пустадомак якi. А тое, што ён не вельмi прыгожы, дык хiба з яго карцiны маляваць. Эт, абы гаспадар быў.

– Дык бярыце яго сабе, – ледзь не загаласiла ад новага прыступу злосцi Гарпуська. – Вельмi я вам тут замiнаю, дык вы мяне хоць за вала, абы ў дзеўках не была.

Парасцы аж шкода стала дачкi. Сапраўды, яна i сама не пра такога зяця, як Мiкiта Чурак, думала. Але iх жа вунь колькi ўжо заляцалася да Гарпуськi, а яна – нi прыступу. Узяць хоць бы настаўнiка... Каб, здаецца, маладзенькай была, дык сама б за яго пайшла. А яе дурная Гарпуська ўсё перабiрае ды перабiрае. А хiба з гэткiх вялiкiх перабораў лад якi быў. Параска на свае вушы чула, што яе дачку завуць перастаркаю. Людзям языкоў не завяжаш, ды i гады ж гэтыя, як вада, цякуць. Сама, здаецца, яшчэ от нядаўна маладзёнкай была, а цяпер як зiрне на сябе ў люстэрка, дык палохаецца. Маршчакi ўвесь твар спаласавалi, пад вачыма нейкiя мяшкi-сiнюгi. Хiба старасць хто клiча да сябе, яна сама прыходзiць нечакана i негадана. Параска прыгледзелася да дачкi i заўважыла, што з куточкаў яе цёмных глыбокiх вачэй веерчыкам разбягаюцца па твары тоненькiя, ледзь прыкметныя рысачкi маршчакоў. А хiба ж гэта ад маладосцi?

Глядзiць Параска на дачку, i жаль агортвае старую. Яна пачала заўважаць, што яе дачка рэдка ходзiць на музыку ў клуб, а калi i пойдзе, дык цiхенька вернецца, каб не чула мацi. А яшчэ ж нядаўна Параска любiла пасядзець на лаве пры акне i падслухаць, як яе дачка, седзячы пад старым вязам на лавачцы, шчабятала, нiбы тая птушка. Той шчэбет быў ёй прыемны. Калi толькi чула Параска даччыны словы: "Дык я пайду, а то позна ўжо, мацi будзе сварыцца", яна хуценька кiдалася на ложак i заплюшчвала вочы. А як Гарпуська пераступала парог, рабiла выгляд, што прачыналася, i адразу ж насядала на дачку:

– Дакуль жа гэта ты гуляць будзеш? Да другiх пеўняў? Нiяк не намiлуешся.

Мацi бурчала датуль, пакуль Гарпуська не выпiвала кубачка малака з таго збана, што быў загадзя пастаўлены на сярэдзiну стала, i не кiдалася ў пасцель. Але дзiва, у той сварцы нiколi не было злосцi. Параска сварылася так сабе, для прылiку, бо нельга ж было дачку пускаць на самапас.

А цяпер Парасцы i сварыцца няма за што. Гарпуська калi i вылезе з хаты, дык хiба толькi што ў суботу цi ў нядзелю сходзiць на гадзiну якую ў клуб на музыку. Усё часцей i часцей мацi задумвалася: "дачка яе, адзiная, як вока, з вялiкiх перабораў засядзелася ў дзеўках". I таму Параска катэгарычна сказала дачцэ:

– Бяры хоць гэтага, пакуль не адбiўся ад цябе. Прынады ты ўжо, дачушка, на лепшых не маеш.

Гарпуська аж загарэлася ад сораму.

– Я лепш у дзеўках звякую, чым сабе вазьму ўдачу такую.

Ямiшчынскае поле было роўнае, як далонь. Ад самых хат яно распасцiралася аж да лесу. Упоперак поле перасякала дарога, якая iшла з вулачкi да старой, у зялёных каснiках, бярозы. Там яна крута паварочвала направа i праз густы лапушысты ляшчэўнiк вяла да невялiкай чыгуначнай станцыi. Сярэдзiна ямiшчынскага поля была ўрадлiвая. Ад тое старое бярозы паўз дарогу амаль да самых платоў быў iльняны ўчастак Вольчынага звяна.

Лён быў ужо высакаваты. У iм, праўда, не вельмi густа, але пракiдалася пустазелле. Волька яшчэ ўчора ўдзень сказала брыгадзiру Мiтрафану Гарлачу, каб ён нiкуды не пасылаў сябраў яе звяна, бо трэба iсцi праполваць лён.

Увечары Волька пастукала i ў Гарпусьчына акно:

– Гарпiна, заўтра пойдзем лён палоць.

– Добра, – адгукнулася дзяўчына.

Дзевяць белых хустак, як матылькi, якiя прыселi адпачыць, вiднеюцца на зялёным загоне. Восем з iх – купкаю, а адна – трохi воддаль. Чыя ж бо то? Мiтрафан Гарлач здалёк не мог адгадаць, хто там адзiн поле. Ды i зблiзку яму цяжкавата было пазнаць. Перад вачыма ў яго плыў нейкi туман, хоць далягляд быў ясным, як крышталь. Не толькi ў вачах брыгадзiра не было яснасцi, не было яе i ў думках, i таму, калi да яго вушэй даляцела дзявочая песня:

Ой, зялён

Ты, наш лён,

"Светач" росны наш...

Мiтрафан нiяк не мог разабрацца, што то за песня. Яму здалося, што дзяўчаты не песню спяваюць, а кепiкi строяць з яго, брыгадзiра. Гарлач першы падышоў да той белай хусткi, што вiднелася наводшыбе, i пазнаў Гарпуську.

– Добры дзень, Гарпiна Свiрыдаўна.

– Дзень добры, дзядзька Мiтрафан.

– Цi не адстаўку яны табе далi ад гурту?

– Ды не, я сама захацела.

Гарлач абвёў чырвонымi вачыма Гарпуську. Ён на момант задумаўся, а потым спытаў:

– Дык чаго гэта ты мяне дзядзькам завеш? Якi я табе дзядзька? Калi гадоў на якiх пяць старэй, дык гэта аж акурат для цябе. Чаму бо ты нiколi ў госцi не пазавеш?

– Заходзьце калi ўвечары, – нехаця запрасiла брыгадзiра Гарпуська.

– Я, галубка, ого якi хлопец! Хiба толькi што не пагалiўся, дык барада колкая.

Гарпуська нават не паспела адумацца – ды яна i не чакала гэтага, – як Гарлач, разняўшы рукi, ашчаперыў яе аберуч i ўжо лез колкай барадой да яе шчакi. Ад яго патыхала гарэлачным перагарам. Выгляд у Мiтрафана быў такi, што Гарпуська аж спалохалася. Барада шчацiнiлася, як пожня, вочы гарэлi нечалавечым бляскам. Гарпуська на ўсю сiлу штурханула брыгадзiра ў грудзi, неяк спрытна вылузалася з яго рук.

– Дык куды ты ўцякаеш? Я ж думаў...

– Што ты думаў? – спытала Гарпуська.

– Каб ты за мяне замуж пайшла...

– У цябе ж ёсць жонка, як табе не сорамна, – абурылася Гарпуська.

– Я сваю кiну, толькi слова адно скажы, – сiпеў п'яным голасам Гарлач.

– Каб цябе кiнула ды не ўзняло, – зусiм ужо раззлавалася дзяўчына i хутчэй пабегла да гурту.

– Перастарка чортава, яшчэ фанабэрыцца, не даецца ў рукi ўзяць, ляцела ёй наўздагон Гарлачова лаянка.

Хто яго ведае, што было б далей, калi б з вулачкi не паказалася фурманка. Дзяўчаты пазналi, ды, мусiць, i Гарлач пазнаў, што гэта ехаў на iхняе поле старшыня калгаса Варакса, якога брыгадзiр баяўся як агню. Конь бег шустра, чутно ўжо было, як колы сакаталi ў каляiнах. Гэты сокат абудзiў i напалохаў Гарлача. Ён хуценька паўз старую бярозу пайшоў нацянькi ў бок лесу. Так што наўрад цi згледзеў яго старшыня, бо, пад'ехаўшы да дзяўчат, ён спытаў, цi не бачылi яны брыгадзiра. Дзяўчаты пераглянулiся i, не хочучы выдаваць брыгадзiра, не адказалi, нiбы не пачулi старшынёвага запытання. Адно Гарпуська, можа таму, што яе аж распiрала злосць на Гарлача, а можа, хочучы выславiцца перад старшынёй, сказала:

– А хiба вы не бачылi, як ён драпануў у лес?

– Дык чаго ён у той лес?

– Можа працвяраджвацца падаўся. А можа ад вашага вока драпануў наўцёкi.

Дзяўчаты дакорлiва зiрнулi на Гарпуську: навошта выдае брыгадзiра. Яны ведалi, што цяпер Гарлачу не здабраваць. Надоечы ж на праўленнi яго гэтак прабiралi за п'янства, што з яго сем патоў выступiла. Брыгадзiр даў тады слова, што ён не тое, што не возьме гарэлкi ў рот, глядзець на яе не будзе. Але дзе там! Хiба ж можа Гарлач не глядзець на гарэлку. Ён ужо гэтак прызвычаiўся: як толькi ранiцай выйдзе з хаты, дык нос яго так i нюхае, дзе пахне гарэлкай. Старшыня-такi недарма трывожыцца за трэцюю брыгаду. Ён употай прыглядаецца ўжо да людзей, прыкiдваючы, каго б з мужчын прызначыць за брыгадзiра. Але пакуль вока яго не нагледзела такога чалавека, якi мог бы паставiць брыгаду на абедзве нагi.

Дзяўчаты, паразгiнаўшыся, гаварылi са старшынёй. Раптам увагу ўсiх прыцягнуў чалавек, якi iшоў па дарозе, што выбягала з густога ляшчэўнiку. Яго постаць мерна пакалыхвалася, i калi чалавек падышоў ужо да старой бярозы, усе разгледзелi, што ён у вайсковым адзеннi. У правай руцэ нёс чамадан, а праз левую быў перакiнуты шынель. Волька, убачыўшы, неяк аж збялела i ўскрыкнула:

– А родненькiя мае, цi не Сяргей Андрэйчык дадому з салдатаў iдзе?

– Ды ўжо ж ён, – пацвердзiлi дзяўчаты.

Яны то здагадалiся, чаго збялела Волька. Яшчэ перад тым як Сяргея ўзяць у армiю, яны моцна кахалiся. Людзi казалi, што гэтакiх любошчаў i вадой не астудзiш. Але ж тым часам iх не давялося вадой астуджваць. Волька з год якi пiсала лiсты Сяргею, а потым неяк пад восень ёй упаў у вока брыгадзiр трактарнай брыгады Гарась Чыгаравец. I ўжо колькi Сяргей нi пiсаў да Волькi лiстоў, яны нiбы ў прорву падалi.

З цягам часу ён зразумеў, што не варта пераводзiць паперу, кроiць болем свае пачуццi, i перастаў пiсаць. Нiхто, вядома, не знаў, апрача яго самога, цi ён гэтак жа i з думак выкiнуў Вольку. Мог i выкiнуць. Час жа здольны загойваць i не гэтакiя балючыя раны, тушыць, як вадой, чалавечыя пачуццi, калi яны яшчэ не вельмi разгарэлiся. Аднак Волька ўсё-такi не магла абыякава сустрэць Сяргея. Як толькi ён падышоў, яна спачатку збялела, нiбы чаго спалохаўшыся, а потым пачырванела гэтак, што здавалася, вось-вось пырснуць кропелькi крывi з яе абветранага i абпаленага сонцам прыгожага твару.

Сяргея сустрэлi ўсе па-рознаму. Старшыня агледзеў яго пiльным вокам, нiбы вывучаючы, а потым спытаў:

– Дык гэта вы ў адпачынак цi ўжо назусiм, таварыш старшы сержант?

– Назусiм! – ляснуўшы абцасамi, адказаў па-вайсковаму Сяргей.

– То добра, калi назусiм. Нам людзi вунь як патрэбны.

Варакса моўчкi чакаў, цi не скажа Сяргей, як некаторыя казалi, што от крыху адпачну дый паеду шукаць суджанага шчасця. Ён гэтага не сказаў, а, падумаўшы крыху, па-вайсковаму вымавiў:

– Асвойтаюся трошкi, дый за работу.

Дзяўчаты ўлавiлi i Гарпусьчын позiрк. Ва ўсякiм разе, ён быў не такi, як ва ўсiх. Гарпуська, здавалася, працiнала iм хлопца навылет.

На Сяргея i сапраўды можна было заглядзецца. За гады службы ў армii ён неяк вылюдзеў, пасталеў. Постаць яго стала зграбнай i па-мужчынску дужай. Таму, вiдаць, i Гарпуська не магла адвесцi вачэй ад такога хлопца. Пазiрала на яго цiшком i Волька, але ёй было сорамна, i як толькi яе позiрк сустракаўся з Сяргеевым, яна свой хавала ў ражок хусткi. Па Ямiшчы ўжо хадзiла пагалоска, што Волька з Чыгараўцом – брыгадзiрам трактарнай брыгады – ладзяцца згуляць вяселле. I цяпер, вядома, Вольцы не было як гарнуцца да Сяргея. А ён хлопец прыгожы, асаблiва ў гэтым вайсковым адзеннi, з пагонамi. Каб Волька не таiлася перад сяброўкамi, яна магла б прызнацца iм, што як толькi ўбачыла яго, Сяргея, дык сэрца яе аж затрапяталася. Але прызнацца ў гэтым яна не магла нiкому, нават самой сабе.

Сяргей, можа, з якой паўгадзiны забавiўся на полi, i калi ён, развiтаўшыся, пайшоў па дарозе дадому, Гарпуська ледзь не кiнулася следам за хлопцам. Дзяўчаты гэта заўважылi i цiхенька, кожная сама сабе, усмiхнулiся. Але дзiва, Гарпуська, якую часта раней залiвала чырвань сораму, на гэты раз нават i на макавае зерне не пачырванела. Наадварот, яна нiбы з нейкiм выклiкам глядзела ўслед Сяргею, любавалася iм.

Аж да самага вечара Гарпуська больш не адлучалася ад звяна. Калi дзяўчаты пачалi яе дацiнаць тым, што яна хоча прывярнуць да сябе хлопца, ёй чамусьцi прыемна было слухаць, i яна на кепiкi дзяўчат адказала:

– Як захачу, дык i прывярну, дзе ён дзенецца..

Месяцы праз два пасля таго як Сяргей вярнуўся ў Ямiшча, яго выклiкалi на праўленне. Хлопец сумеўся: чаго б гэта яго маглi выклiкаць туды? Ён яшчэ не вельмi i ў работу ўкiдаўся. Калi-нiкалi выходзiў з касою на поплаў ды аднаго разу паездзiў дзень на коннай жняярцы. Надвор'е было спякотлiвае. Жанчыны адразу за жняяркай вязалi снапы i састаўлялi iх у мэндлiкi. Гарпуська ўсё гэтак цаляла, каб быць блiжэй да Сяргея. Неяк ён суняў коней, каб падладзiць жняярку, i акурат у гэты момант падышла Гарпуська.

– Сярожа, можа б ты сёння ўвечары на музыку прыйшоў, а то здзiчэеш дома, нiкуды носу не паказваючы.

– Не магу, Гарпiна Свiрыдаўна, на праўленне выклiкаюць, – амаль афiцыйна адказаў Сяргей.

А ў самога ў глыбiнi грудзей нешта варухнулася, i з думак ужо бадай-што да самага вечара не выходзiла Гарпуська. Нельга сказаць, каб яна ўжо вельмi падабалася Сяргею. Волька, вядома, яму была больш да спадобы, але ж яна так абышлася з яго пачуццямi! Зрэшты, i гэтая ж Гарпуська не якая там нягеглая. Дзяўчына як дзяўчына. Да яе ж вунь колькi хлопцаў заляцалася, а што яны адкiдвалiся, дык гэта ж не таму, што яна iм не падабалася, а, наадварот, таму што яна кожнаму з iх давала адбой. А што яна старэйшая за яго, дык i ён жа не маладзёнак. Гэтак думаў Сяргей, седзячы на жняярцы. I ўсе яго думкi схiлялiся да таго, каб прыняць Гарпусьчына запрашэнне. I калi толькi Гарпуська перад тым як трэба было канчаць работу сказала:

– Дык ты б, можа, калi i ў хату зайшоў, наш парог невысокi, пераступiш...

– Добра, можа калi i пераступлю, – бадай-што згадзiўся Сяргей, бо сказаў такiм тонам, якi абнадзеiў Гарпуську.

Вядома, Гарпуська яшчэ не бачыла ў Сяргеевых вачах таго бляску, той радаснай усмешкi, якiя адны могуць пасведчыць, што гэты чалавек не можа ўжо не зайсцi. Яна сама сабе падумала: "Няхай ён толькi адзiн раз прыйдзе, а там паглядзiм, не можа быць, каб на другi адмовiўся".

Сяргей увайшоў у кантору калгаса, калi ўжо запалiлi святло. Пры сценах вялiкага пакоя, хто на ўслонах, а хто на крэслах, сядзела нямала людзей. Каб з усiмi не здароўкацца i не займаць увагi занятых людзей, ён, пакланiўшыся, даў усiм "добры вечар" i прысеў у кутку, дзе было вольнае месца. Старшыня, як толькi ўбачыў Сяргея, ледзь прыкметна ўсмiхнуўся:

– От добра, што вы, Сяргей Антонавiч, з'явiлiся.

I ўсё гэтае: тое, што старшыня сказаў "от добра", i асаблiва тое, што яго амаль упершыню назвалi па iмю i па бацьку, выклiкала ў Сяргея пачуццё павагi да самога сябе. Ён адчуў, што яго лiчаць за сталага чалавека. А старшыня тым часам гаварыў далей:

– Мы тут на праўленнi, Сяргей Антонавiч, хочам папрасiць вас, каб вы сталi за брыгадзiра ў Ямiшчы. Я думаю, што вы не адмовiцеся i здолееце вывесцi брыгаду з таго рэзруху, у якi яна трапiла праз ласку Мiтрафана Гарлача.

Сяргей не ведаў, што адказаць на старшынёвы словы. Яму хацелася крыкнуць па-салдацку: "Ёсць вывесцi", але ён стрымаў сябе. Трэба было сабрацца з думкамi. Нечаканае давер'е акрыляла яго, але недзе ў глыбiнi свядомасцi бiлася, як маленькая крывавая жылка, думка: а цi здольны я на ўсё гэта? Сяргей сказаў:

– Хто яго ведае, можа я яшчэ малады для такой справы?

– Маладосць – не загана, а вялiкi плюс чалавеку, толькi от каб яна на пляшку не спатыкалася, – сказаў нехта з праўленцаў.

З пасяджэння праўлення Сяргей выйшаў не тое каб чым узрушаны. Не! Нейкi спакойны, роздум яго вёў у поле на ямiшчынскую дарогу.

У Ямiшча Сяргей прыйшоў апоўначы. Яму хацелася з кiм-небудзь пагаварыць, параiцца. Ён нават падумваў, цi не зайсцi да Гарпуськi, але ўжо было позна, i Сяргей вырашыў перадумаць усё гэта сам-насам. Як толькi ён увайшоў у вулiцу i параўняўся з Вольчынай хатай, ляснуў слясак брамкi, i перад iм вырасла, нiбы з-пад зямлi, Волька.

– Дзе гэта ты так позна ходзiш? – запыталася яна.

– Я-то хаджу вядома дзе. А вось ты чаго гэтак позна не спiш? Цi не з Чыгараўцом шулы абцiрала?

– А хоць бы сабе i з Чыгараўцом, дык што табе да таго?

– Нiчога я не маю. Забаранiць не магу, не маю нiякага права, – адказаў Сяргей.

Волька пачула ў яго голасе ноткi нейкага смутку, шкадавання. I ўжо ў наступны момант яна нават сама не памятае, як кiнулася да хлопца i ледзь не загаласiла:

– Сярожка, мой родненькi, даруй.

– Што табе дараваць, што гэтак позна гуляеш?

– Не! Я не гуляла, я цябе чакала. Я ведала, што ты пайшоў на праўленне.

– Дарэмна чакала. Трэба было два гады назад чакаць, дык пэўне б дачакалася.

– Дык я ж...

Але Сяргей i слухаць не захацеў Вольчынага апраўдання. Ён абыякава сказаў:

– А цяпер Чыгараўца чакай, ён абавязкова прыйдзе.

– А ты ўжо да тае перастаркi бяжы. Знайшоў шчасце...

– Я яго яшчэ i не шукаў. Мне цяпер не да вас, – груба адказаў Сяргей i хутка пайшоў да сваёй хаты. Волька гэтак i засталася ля бацькавага шула ў сваёй роспачлiвай адзiноце. Сяргей нават нс азiрнуўся, бо вельмi ж была балючай i зацятай тая злосць, якая аж два гады спела ў ягоным сэрцы.

Новы брыгадзiр Сяргей шчыра ўзяўся за справу. У рабоце ён не ведаў упынку. Пасля таго як з поля была сабрана збажына, яно было ўсё ўзарана на зяблiва. Азiмiну пасеяла брыгада першай у калгасе. Цяпер iшла апрацоўка льну. Не толькi каля сушылкi працаваў iльноапрацоўчы агрэгат, – сакаталi цернiцы i пад паветкамi ў дварах. Амаль палавiну вылежанай трасты раздалi па хатах, каб хутчэй пацерцi яе i здаць дзяржаве валакно. Старшыня калгаса ды i ўсе людзi не маглi нахвалiцца новым брыгадзiрам. Толькi Гарпуська крыўдавала на Сяргея: колькi разоў нi запрашала зайсцi пасядзець у хату, ён чамусьцi стараўся абмiнаць Гарпусьчын двор. Сяргей не разумеў, што яго не пускала адчынiць дзверы Гарпусьчынай хаты. Мусiць, тое, што недзе ў глыбiнi душы тлела, як непатушаны вугольчык, пачуццё да Волькi. Волька, вядома, i маладзейшая i прыгажэйшая за Гарпуську. Яна яму больш падабаецца. Але ж вось гэты Чыгаравец, як тая стрэмка, улез у яго пачуццi да Волькi i коле тупым болем.

Гэтак думаючы, Сяргей аднаго разу ў нядзелю выйшаў на свiтаннi з хаты i прысеў на лавачцы каля паркана. На вулiцы была тая восеньская цiшыня, якую толькi парушае шорах пажоўклага лiсця. Сяргею добра было пасядзець, падумаць, памарыць на адзiноце. Аднак яго ўвагу прыцягнулi пеўнiкi, якiя, прабуючы яшчэ неўсталяваныя маладыя галасы, аж заходзiлiся ад крыку. Сяргей пацяшаўся з iх курынага блазенства. Раптам ён убачыў, як два гэткiя падшывальцы, у якiх яшчэ нават грабянi не паадрасталi, пагналiся за белай курыцай. Тая спачатку кiнулася наўцёкi, а потым спынiлася. Пеўнiкi, дабегшы да яе, счапiлiся бiцца. Гэтак яны счубiлiся, што ў белага аж кроў выступiла з грэбеня. Сяргей узяў з зямлi каменьчык i шпурнуў у пеўнiкаў.

– Акыш вы, дурнi гэтакiя, – крыкнуў ён.

Сяргей заўважыў, што тая курыца, з-за якое бiлiся пеўнiкi, крыху воддаль спакойна грэблася, не звяртаючы нiякае ўвагi на забiякаў. Яму чамусьцi прыйшла на памяць Волька. "Яна таксама, мусiць, чакае, што мы з Чыгараўцом паскрываўлiваем сабе насы. Але гэтага не будзе", – падумаў ён i тут жа вырашыў схадзiць да Гарпуськi. Яна ж столькi разоў запрашала. У апраўданне самога сябе ён прыдумаў i прычыну: пайду i скажу, каб заўтра яна не iшла церцi лён, а памагала старым жанчынам упарадкаваць ссечанае качанне капусты.

I ў той жа дзень падвечар, апрануты па-святочнаму, Сяргей бразнуў веснiчкамi Гарпусьчынага двара. Перш за ўсё яму кiнулася ў вочы, што старая Параска несла з лесу праз агарод ладную ношку сушняку. Сяргею аж шкада стала старой. Ён пачакаў, калi яна ўвайшла ў двор, i пачаў яе дакараць:

– Дык хiба ў нас ужо i коней няма, што на сабе гэтакi цяжар носiце?

– Я ж не кажу, што няма. Але хiба ж дапросiшся таго каня. У вас жа ва ўсiх, мусiць, адна завядзёнка – хочаш каня, дык нясi паўлiтра.

Сяргея гэта балюча ўразiла. Ён жа яшчэ нi ў кога i нiколi не браў нiчога за каня. Гэта ўсё за старыя Гарлачовы грахi яму даводзiцца выслухоўваць недарэчныя дакоры. Але Сяргей не стаў апраўдвацца. Ён, нiбы не пачуўшы таго, што сказала старая, спытаў у яе:

– А Гарпiна дома?

– Мусiць жа, дома, хто яе ведае.

Гарпуська не ведала, дзе пасадзiць Сяргея. Яна бегала, мiтусiлася па хаце. А Сяргей таксама не ведаў, чым апраўдаць свой прыход у хату.

– Ты заўтра, Гарпiна, паможаш старым упарадкоўваць ссечаную капусту, амаль афiцыйна сказаў ён Гарпусьцы.

– Дык яшчэ ж лёну вунь колькi, – паспрабавала запярэчыць дзяўчына.

– Нiчога, ён нiкуды не ўцячэ, а капусту трэба хутчэй у горад адпраўляць.

Тым часам у хату ўвайшла цётка Параска. Яна скiнула суконны мужчынскi пiнжак i прысела на лаву. Доўга старая ўглядалася ў Сяргея. Потым кiнула позiрк на дачку i заўважыла ў яе ў вачах той ледзь прыкметны бляск, якога даўно ўжо не бачыла. Спрактыкаванае матчына вока заўважыла Гарпусьчына хваляванне. Праўду сказаць, i ёй, Парасцы, падабаўся гэты хлопец. Мiкiта Чурак гэтаму i ў падноскi не варты. Калi Сяргей пачаў збiрацца з хаты, дык i старая ўжо не змоўчала:

– Куды гэта ты так спяшаешся? Пасядзеў бы ў нас. Можа б i папалуднаваў у нашай хаце?

– Няхай другiм разам, а цяпер мне яшчэ трэба зайсцi да сяго-таго, схлусiў Сяргей, крадком пазiраючы на Гарпуську. Яна яму падабалася. Круглаваты твар яе вельмi пасаваў да мужнай прысадзiстай постацi. Толькi от нос нечага завастрыўся, аблузаўся за лета на сонцы. Дык гэта нiчога – за зiму ён стане як мае быць. Сяргей нават здзiвiўся, чаму гэта ў апошнi час хлопцы пачалi абмiнаць Гарпуську. Яна ж не такая яшчэ i старая, што некаторыя яе перастаркай завуць. Гэта ўжо, вiдаць, напасць на дзяўчыну. Ён наважыў неяк зблiзiцца з Гарпуськай, няхай што сабе там нi кажуць на яе. Праўда, ён пакуль яшчэ i сам не мог разабрацца ў сваiх пачуццях – цi то сапраўды ў яго ўзнiкае каханне да Гарпуськi, а можа проста хочацца пазаляцацца да яе на злосць Вольцы. Няхай яна адчуе яго пагарду.

Старая Параска не на жарт была заклапочана лёсам дачкi. Калi тады пра таго Мiкiту Чурака яна разважала надвая: ат, добра было б, каб завёўся ў хаце сякi-такi мужчына, каб iх род не звёўся, бо вунь жа цяпер i ў Ямiшчы колькi дзяўчат не знайшлi сабе пары, – дык да Сяргея яна адчула нейкае зусiм iншае пачуццё. Параска думала: "Каб, здаецца, сама маладая была, дык за гэтага хлопца аберуч бы ўхапiлася". Таму яна дзень у дзень чаўпла дачцэ, каб тая не адварочвалася ад Сяргея, а, наадварот, прычароўвала яго да сябе.

– Цяпер свет такi пайшоў, што хлопцаў трэба прынаджваць не толькi сваёй прыгажосцю, але i чаркай. Яны любяць яе.

Параска не вельмi спадзявалася на доччыны здольнасцi, таму сама ўжыла сякiя-такiя захады. Неяк вечарам яна пайшла з дому i яе не было бадай-што да поўначы. Гарпуська не ведала, куды пайшла мацi. Яна раз-поразу пазiрала на вулiцу – цi не вiдаць дзе старой. А тае i почуту не было.

Параска перад тым як выйсцi з хаты прыадчынiла века скрынi, дастала бутэльку першаку, якая была схавана мiж сувоямi палатна, загарнула пасудзiну ў вышываны ручнiк i пайшла на сяло. Iдучы, часта азiралася, мусiць, баялася, каб дачка не пабачыла, куды яна пайшла. За ёй iшоў нехта назiркам, але яна разгледзела, што то быў мужчына, i не звярнула на яго нiякай увагi: ат, хiба мала чаго людзi ходзяць. Пасярэдзiне вёскi яна завярнула ў старэнькую Аўдолiну хату, завярнуў у Аўдолiн двор i той цень, якi iшоў следам за Параскай. Бабка Аўдоля, якая рэдка калi ўжо злазiла з печы, аж здзiвiлася, як убачыла Параску.

– Добры вечар, цётачка, – як мага ласкавей прывiталася Параска.

– Добры вечар, маё дзiцятка. Як жа гэта цябе бог навёў на думку хаты мае не мiнуць?

– Маўчыце, цётачка, патрэба ёсць.

– Я ж ведаю, што без патрэбы ты i дзвярэй не адчынiла б. Забылi людзi старую, забылi, – скрыпела сiпаватым старэчым голасам Аўдоля.

Параска падала на печ брусок прасоленага да жаўцiзны сала i невялiкi бохан шэрага пшанiчнага хлеба.

– От чым багата, тым i рада, вазьмiце гэта, цётка.

– Дзякую, дзякую, дзiцятка маё, – прасiпела старая. – А што ж бо табе рупiць, маё дзiцятка?

– Маўчыце вы, Гарпiнку маю абмiнаюць кавалеры, а яна ж, дзякаваць богу, не зломак якi, не няўдалiца. Яна ж i зрабiць i пагаварыць, яна ж i пасалiць i зварыць.

– Дзiва што, дзiцятка маё. Дык чаго ты хочаш? Можа, каб прыварот намовiць?

– То ж бо то.

Бабка Аўдоля не па-старэчаму вёртка ссунулася на палок, неяк страпянулася, як перад важнай работай.

– А цi прынесла ж ты чаго, мая рыбачка? Я магу i на вадзе, але хто ж тую ваду ў рот возьме. Цяперашнiя хлопцы не пойдуць на такую прынаду.

– Ды от жа прынесла. – Параска разгарнула ручнiк i паставiла перад бабкай чорную бутэльку, заткнутую пакуллем.

– Добра, маё дзiцятка. А на каго ж табе той прыварот казаць, як хлопца завуць?

– Сяргеем, бабка. Але цi паможа гэта? – спытала для большай упэўненасцi Параска.

– Калi ён вып'е процi ночы ды пад абразамi, дык нiдзе не дзенецца, прыхiнецца да тваёй Гарпуськi.

– Ды i моцная ж, – не ўтрымалася, каб не паспытаць першаку бабка Аўдоля. Тонкiя сiнiя губы яе аж трэслiся. Яны, гэтыя ссiнелыя губы, нешта шапталi. Параска, услухоўваючыся ў Аўдолiн шэпт, пачула: "Прыйдзi, прыварот, да Гарпiнiных варот, пераступi парог ды прынясi пiрог у Гарпiнiну хату ад Сяргеевага свата. Хай яны нiколi не бяруцца за чубы, а мiлуюцца, як галубы. Прыварот, прыварот, перайдзi з гэтае пляшкi да Сяргея ў рот, запалi каханнем яго сэрца, каб гарэла яно аж да самае смерцi. Няхай ён Гарпiну век свой любiць i, як голуб галубку, галубiць. Амiн".

Бабка Аўдоля тры разы перахрысцiла бутэльку, падзьмухала на яе, тры разы плюнула ў куток прыпека, а потым палезла ў зашыек печы, узяла нейкi сухi карэньчык i ўкiнула ў бутэльку. Падаючы бутэльку Парасцы, Аўдоля сказала:

– Адразу, маё дзiцятка, не давай, няхай устоiцца, а праз тыдзень якi пачастуй, дык ён нiдзе не дзенецца.

– Кажаце, нiдзе не дзенецца? – перапытала акрылёная надзеяй Параска.

– Яшчэ нiколi не было, каб пасля майго намаўлення не прыгарнуўся хто да каго.

Параска падзякавала старой бабцы i заспяшалася дадому па асенняй начной цемры. Нi старая Аўдоля, нi Параска не бачылi са святла хаты, што раз-поразу праз запацелую шыбу блiскалi чыесьцi вочы ды час ад часу прылiпала, як прыклеенае да шыбы, вуха.

Сяргей сама ўвайшоў у смак работы. Яго радавала тое, што трэцяя брыгада ўвачавiдкi правiлася. Цяпер не толькi брыгадзiра не крытыкавалi на праўленнi, а, наадварот, пачалi ставiць у прыклад iншым. Вунь ужо скончана i малацьба, i брыгадзiру выпала вальнейшая часiна. Да гэтае пары ён нiдзе не паказваўся на гульбiшчах. Ягоная мацi i тая пачала дакараць сына.

– Праз гэта сваё брыгадзiрства ты свету белага не бачыш.

Сяргей наважыў не толькi пабачыць белы свет, але i сябе паказаць у гэтым белым свеце. У суботу ён адзеў свой вайсковы гарнiтур, добра наваксаваў боты i пайшоў у клуб. Там ужо аж падлога стагнала ад скокаў. "Лявонiха", нiбы вiхура, гуляла па прасторнай зале. Сяргей, увайшоўшы з цеменi, спачатку не мог разгледзець танцораў. Затое яго ўсе адразу ўбачылi. I першай убачыла Волька, якая сядзела з Чыгараўцом на ўслоне. Чыгаравец нешта ёй горача гаварыў, i таму, што музыка i тупат ног заглушалi ягоныя словы, ён блiзенька прыхiнуўся да Вольчынага твару. А Волька не спускала вачэй з Сяргея. Чыгаравец гэта заўважыў i блiскаў на яго злоснымi вачыма. Сяргей стаў у дзвярах, не ведаючы, што рабiць. Хоць ён i стараўся прыглушыць, загнаць у нябыт пачуццё рэўнасцi, яно неяк мiмаволi ўспыхвала, скаланала ўсё нутро, выклiкала боль. А можа i Вольцы было балюча бачыць, як перасмыкаўся Сяргееў твар, хоць хлопоц i не хацеў нiкому паказваць сваёй узрушанасцi? Ён пашукаў вачыма Гарпуську i пашкадаваў, што яе тут няма. Тым часам дзяўчаты адна за адной падбягалi да Сяргея i запрашалi танцаваць.

– Баюся, што падноскi паадбiваю, – адказваў жартам Сяргей на запрашэннi, хоць яму i не да жартаў было. Выбраўшы момант, калi сама ў разгар увайшоў танец, Сяргей цiхенька выйшаў з клуба. Неўзабаве ён ужо вiтаўся са старой Параскай i Гарпуськай.

– Распранайся, сядай у нас, – запрашала Параска.

Сяргей, распрануўшыся, скiнуў шапку i павесiў разам з шынялём на цвiк, убiты ў вушак дзвярэй. Гарпуська, як зiрнула на хлопца, дык сэрца яе аж затрымцела. Яна стаяла i не спускала вачэй з яго стройнай фiгуры, з яго абветранага смуглявага твару. Ёй здалося, што Сяргей сёння такi прыгожы, якiм яна нiколi яго не бачыла.

– Можа, ты яшчэ i не вячэраў? – спытала Параска.

– Дзякую, я яе хачу, дома павячэраю.

– Дома гэта не ў знак. Ты ж у нас госць, – настойвала на сваiм старая.

А Гарпуська не то саромелася, но то знарок трымала сябе сцiпла, каб Сяргей не мог адразу заўважыць яе пачуццяў. Дзяўчаты ж заўсёды гэтак робяць: няхай лепш за ўсiх на свеце каторай падабаецца хлопец, яна пастараецца быць з выгляду абыякавай, каб мацней усхваляваць хлапечыя пачуццi.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю