355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Патриция Хайсмит » Гальштук Вудра Вiльсана (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Гальштук Вудра Вiльсана (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 17 октября 2016, 01:40

Текст книги "Гальштук Вудра Вiльсана (на белорусском языке)"


Автор книги: Патриция Хайсмит



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 2 страниц)

Хайсмит Патриция
Гальштук Вудра Вiльсана (на белорусском языке)

Патрыцыя Хайсмiт

ГАЛЬШТУК ВУДРА ВIЛЬСАНА

Фасад "ВАСКОВАГА МУЗЕЯ ЖАХАЎ МАДАМ ЦIБО" зiхацеў i пералiваўся чырвонымi i жоўтымi агнямi нават днём. Залацiстыя шарыкi – жоўтыя агнi – пульсавалi памiж чырвоных, вабячы i прыварожваючы позiркi прахожых.

Клайву Ўiлксу падабалася гэта месца, i звонку i ўсярэдзiне. Так як ён працаваў пасыльным у прадуктовай краме, ён мог сказаць, што для дастаўкi таго цi iншага заказу спатрэбiлася больш часу, чым меркавалася, бо яму давялося чакаць, пакуль тая альбо iншая панi вернецца дадому, бо вахцёр сказаў, што яна можа вярнуцца праз хвiлiну, альбо што яму прыйшлося прайсцi пяць кварталаў, каб памяняць грошы, таму што ў мiсiс Смiт была толькi дваццацiдаляравая банкнота. У такiя рэдкiя моманты – а яны выпадалi Клайву раз альбо два на тыдзень – ён наведваў "ВАСКОВЫ МУЗЕЙ ЖАХАЎ МАДАМ ЦIБО".

Калi зойдзеш у гэтую ўстанову, дык перш трэба прайсцi па цёмным калiдоры гэта каб набыць адпаведны настрой, – i адразу ж перад вамi, з левага боку крывавая сцэна забойства: бландзiнка з доўгiмi валасамi ўтыкае нож у карак старога, якi вячэрае за сталом. Вячэра складаецца з дзвюх васковых сасiсак i кiслай капусты – таксама з воску, Далей сцэна выкрадання Лiндберга*.

* Маецца на ўвазе справа аб выкраданнi i забойстве ў 1932 годзе сына вядомага амерыканскага пiлота Чарльза А. Лiндберга.

У ёй Хаўптман лезе па лесвiцы, прыстаўленай да акна дзiцячага пакоя, праз якое бачны канец лесвiцы i верхняя частка тулава Хаўптмана, якi хапае хлопчыка. Быў таксама Марат* у ванне, а побач – Шарлота, Крысцi** з панчохай, якой ён душыць жанчыну.

* Марат – адзiн з кiраўнiкоў Французскай рэвалюцыi.

** Джон Крысцi – забойца жонкi i яшчэ пяцi жанчын, трупы якiх ён хаваў у кухнi свайго дома. Пакараны смерцю ў 1955 годзе.

Клайву падабалiся ўсе сцэны, яны нiколi яму не надакучалi. Але ён не ўзiраўся ў iх з важным, крыху спалоханым выглядам, як гэта рабiлi iншыя. Клайву хутчэй карцела ўсмiхнуцца, нават рассмяяцца. Сцэны былi для яго не больш чым забава. Чаму ж тады не пасмяяцца?

Далей экспазiцыя музея ўключала камеры катаванняў – адна з даўнiх часоў, другая – сучасная, якая павiнна была дэманстраваць спосабы катаванняў дваццатага стагоддзя ў нацысцкай Германii або ў французскiм Алжыры. Мадам Цiбо – а Клайв вельмi сумняваўся, што яна сапраўды iснавала, – крочыла ў нагу с часам. Былi, безумоўна, паказаны i забойства Кенэдзi, i крывавая бойня, у час якой была забiта Тэйт*, i адно забойства, што адбылося ўсяго каля месяца назад.

* Шарон Тэйт – славутая амерыканская актрыса, жонка вядомага кiнарэжысёра Р.Палянскага, якая загiнула ад рук сябраў секты фанатыкаў.

Першым канкрэтным амбiцыёзным жаданнем Клайва ў дачыненнi да "ВАСКОВАГА МУЗЕЯ ЖАХАЎ МАДАМ ЦIБО" было правесцi там ноч. Аднойчы ён яго здзейснiў, прадбачлiва захапiўшы з сабой у кiшэню сандвiч з сырам. Зрабiць гэта было даволi лёгка. Клайв ведаў, што ў самым музеi – яго "вантробах", як ён у думках называў унутраныя памяшканнi музея, працавалi тры чалавекi – чацвёрты, пухлявы чалавек сярэднiх год у марской шапцы, прадаваў бiлеты ў будцы каля ўвахода. З трох служачых, што працавалi ў "вантробах", двое – мужчыны, а трэцiм супрацоўнiкам была жанчына, таксама пухлявая з курчавымi карычневымi валасамi, у акулярах, якая выглядала гадоў на сорак. Яна правярала бiлеты ў цёмным канцы калiдора, дзе i пачынаўся сам музей.

Адзiн мужчына, якi працаваў унутры музея, увесь час чытаў лекцыi, хоць звычайна iх слухала не больш паловы наведвальнiкаў.

– Тут мы бачым фанатычны выраз сапраўднага забойцы, увасоблены непераўзыдзеным майстэрствам у галiне васковай фiгуры мадам Цiбо, – i гэтак далей.

Другi мужчына, якi працаваў у музеi – брунет у акулярах з чорнай аправай, гэткай жа як i ў жанчыны. Ён хадзiў па залах, адганяючы дзяцей, якiя спрабавалi залезцi ў дыярамы, i, можа, абараняючы кiшэнi наведвальнiкаў ад злодзеяў, а жанчын – ад непрыстойных чаплянняў. Клайв гэтага не ведаў.

Аднак ён дакладна ведаў, што можна даволi лёгка прашмыгнуць у якi-небудзь цёмны куток цi ў нiшу побач з жалезнымi шыбенiцамi, а магчыма, нават унутр шыбенiцы, але, на думку Клайва, нягледзячы на яго хударлявасць, можна было напароцца на зубцы, i таму ён адмовiўся ад гэтай iдэi. Ён заўважыў, што наведвальнiкаў пачыналi ветлiва выправаджаць у 9.15 вечара, бо музей зачыняўся ў 9.30. I, затрымаўшыся аднойчы вечарам як мага пазней, Клайв даведаўся, што за двярамi ў адным дальнiм кутку было нешта накшталт службовага пакоя для пераапранання, адтуль жа чуўся шум вады ў туалетным бачку.

Дык вось, аднойчы лiстападаўскiм вечарам Клайв схаваўся ў ценю, якога ў музеi было дастаткова, i пачаў слухаць, пра што гавораць трое служачых, рыхтуючыся iсцi дадому. Жанчына – iмя якой было Мiлдрэд – затрымлiвалася, каб забраць скрынку з грашыма ад Фрэда – таго, што прадаваў бiлеты, – палiчыць iх i пакласцi недзе ў пакоi для пераапранання. Грошы Клайва не цiкавiлi. Яму карцела прабыць тут ноч, а потым гэтым пахвалiцца.

– Дабранач, Мiлдрэд, да заўтра, – сказаў адзiн мужчына.

– Больш нiчога не трэба зрабiць? А то я пайду ўжо, – адгукнулася Мiлдрэд. – Ну, i стамiлася ж я! Але ўсё-такi пагляджу сёння вечарам па тэлевiзары "Чалавека-д'ябла".

– "Чалавека-д'ябла"? – безуважна перапытаў другi мужчына.

Вiдаць, бiлецёр Фрэд пайшоў ужо са сваёй будкi ля ўвахода, аддаўшы скрынку з грашыма, акрамя таго, Клайв успомнiў, што аднойчы бачыў, як той зачынiў дзверы, патушыў рэкламныя агнi выключальнiкам за параднымi дзвярамi, замкнуў iх на ключ i закрыў на засаўку.

Клайв стаяў у нiшы побач з жалезнымi шыбенiцамi.

Пачуўшы, як грукнулi дзверы чорнага хода, як iх замкнулi на ключ, ён перачакаў якую хвiлiну, цешачыся цiшынёй, адзiноцтвам i таямнiчасцю, потым ужо рызыкнуў вылезцi з свайго сховiшча. Спачатку ён падышоў на дыбачках да пакоя, дзе служачыя вешалi сваё верхняе адзенне, бо ён нiколi там не быў. Ён прынёс з сабой запалкi, а таксама цыгарэты, хоць палiць у музеi забаранялася, пра гэта папярэджвалi надпiсы, якiх было некалькi, i з дапамогай запалкi знайшоў выключальнiк. У пакоi стаяў стары стол, чатыры металiчныя шафы, бляшанае вядзерца пад смецце, стойка пад парасоны i некалькi кнiжак у шафе ля некалi павапнаванай, а цяпер пацямнелай ад бруду сцяны. Клайв выцягнуў шуфляду стала i знайшоў там даволi выцертую па баках драўляную скрыначку, якую аднойчы бiлецёр нёс у яго на вачах праз уваходныя дзверы. Скрынка была замкнёная. Ён мог бы адразу ж пайсцi з музея, прыхапiўшы скрынку, але падумаў, што грошы яго не хвалююць, i ў думках адзначыў, што гэта даволi прыстойна з яго боку. Ён правёў па скрыначцы тыльным бокам рукi, не забыў i пра нiз, за якi браўся кончыкамi пальцаў. Хiба не варта смеху, падумаў ён, сцiраць адбiткi пальцаў з рэчы, якую не збiраешся красцi.

Клайв падрыхтаваўся цешыцца гэтай начной прыгодай. Ён знайшоў выключальнiк i запалiў святло ў дыярамах – у вынiку жудасныя сцэны былi пры поўнай iлюмiнацыi. Праз некаторы час яму захацелася есцi. Адкусiўшы раз ад сандвiча, ён зноў загарнуў яго ў папяровую сурвэтку i паклаў у кiшэню. Паволi прайшоўся каля сцэны гiбелi Джона Кенэдзi, дзе мiсiс Кенэдзi i дактары схiлiлiся над белым сталом, на якiм ляжаў прэзiдэнт. Гэты раз Клайв не ўтрымаўся ад смеху, гледзячы на сцэну, дзе Хаўптман спускаецца ўнiз па лесвiцы. Твар Чарльза Лiндберга-малодшага быў такi спакойны, што можна было падумаць, што ён гуляе з цацкамi на падлозе свайго пакоя.

Клайв перакiнуў нагу цераз жалезную парэнчу i залез у дыяраму з Джуд i Снайдэр. Яго ахапiла хваляванне ад усведамлення таго, што ён знаходзiцца побач з iмi, усяго за некалькi сантыметраў ад працэсу забойства шляхам удушэння з-за спiны, якi ўжываў палюбоўнiк жанчыны ў дачыненнi да яе мужа. Клайв працягнуў руку i дакрануўся да намаляванай чырвонай фарбай крывi, якая сцякала ў тых месцах, дзе ўдаўка глыбока ўпiлася ў шыю. Клайв таксама памацаў халодныя скулы ахвяры. Выпучаныя вочы былi шкляныя, нейкiя агiдныя, i таму ён да iх не дакрануўся.

Праз дзве гадзiны ён запеў псалмы "Блiжэй да цябе, Гасподзь" i "Iiсус жадае абагрэць мяне промнямi". Клайв не ведаў iх тэксту да канца, таму ён запалiў.

Ужо ў дзве гадзiны ночы паспеў засумаваць i хацеў выйсцi спачатку праз парадны, а потым праз чорны ўваход, але не змог – абое дзвярэй былi знадворку зачынены засаўкамi. Ён падумаў, што было б нядрэнна, каб яму прынеслi булачку з бiфштэксам у гэтым начным вагоне-рэстаране, пакуль ён дабярэцца дадому. I ўсё ж вымушанае зняволенне яго не турбавала, таму ён даеў сандвiч, якi паспеў падсохнуць, i крыху паспаў на трох ссунутых у рад крэслах. Ляжаць на iх было вельмi мулка, таму ён ведаў, што хутка прачнецца, так i здарылася ў пяць гадзiн ранiцы. Клайв апаласнуў вадой твар, потым яшчэ раз агледзеў васковыя экспанаты. Гэты раз ён прыхапiў сувенiр – гальштук Вудра Вiльсана.

Блiжэй да дзевяцi гадзiн – а "ВАСКОВЫ МУЗЕЙ ЖАХАЎ МАДАМ ЦIБО" адчыняўся а палове дзесятай – Клайв схаваўся ў выдатным месцы – за чорнай складной шырмай з залатымi ўзорамi, якая была фонам да адной сцэны. Перад шырмай стаяў ложак, на якiм ляжаў вылеплены з воску мужчына з падобнымi на роварны руль вусамi, якi, паводле iдэi аўтараў, быў атручаны сваёй жонкай.

Наведвальнiкi пачалi пакрыху збiрацца пасля таго, як мiнула палова дзесятай. I той самы цыбаты нудлiвы служачы забубнеў сваю лекцыю. Клайв мусiў пачакаць яшчэ некалькi хвiлiн, пакуль, на яго думку, можна было спакойна злiцца з натоўпам i выйсцi з музея, хаваючы ў кiшэнi гальштук Вудра Вiльсана. Ён быў крыху стомлены, але шчаслiвы – хаця калi падумаць – каму ён пра ўсё гэта раскажа? Хiба што Джоi Враслi, гэтай глухой цяцеры, што соваўся за прылаўкам у краме Сiманса? Ха! Трэба было дзеля гэтага старацца! Джоi не варты такой цiкавай гiсторыi. Клайв спазнiўся на працу аж на паўгадзiны.

– Прабачце, мiстэр Сiманс, я праспаў, – таропка, але, на яго думку, дастаткова ветлiва сказаў Клайв, зайшоўшы ў краму. Яму ўжо падрыхтавалi прадукты для дастаўкi пакупнiкам. Клайв паставiў скрыню на спецыяльную падстаўку, прымацаваную да руля ровара.

Клайв жыў разам з мацi, хударлявай, вельмi нервовай жанчынай, якая працавала ў краме па продажы панчох, паясоў i бялiзны. Муж кiнуў яе, калi Клайву было дзевяць год. Больш дзяцей у яе не было. Клайв кiнуў сярэднюю школу за год да заканчэння, чым вельмi засмуцiў мацi, i каля года нiчым не займаўся, бавячы час на канапе ў хаце цi бадзяючыся з такiмi, як i ён, ля вуглоў. Але нiхто з яго знаёмых так i не зрабiўся яго блiзкiм сябрам на радасць мацi, бо яна лiчыла ўсю iхнюю кампанiю нiкчэмнай дрэнню. Ужо год, як Клайв працаваў рассыльным у краме Сiманса, i мацi думала, што ён пачаў брацца за розум.

Калi Клайв вярнуўся дадому а палове сёмай вечара, у яго была падрыхтавана гiсторыя для мацi. Нiбыта ўчора вечарам ён выпадкова сустрэў свайго старога прыяцеля Рычы, што служыў у войску i цяпер прыехаў на пабыўку, яны заседзелiся за размовай у яго дома так позна, што бацькi Рычы прапанавалi застацца ў iх начаваць i паклалi Клайва спаць на канапе. Мацi паверыла ў гiсторыю. Яна стушыла на вячэру фасолю i засмажыла яйкi з шынкай.

Сапраўды, не было такога чалавека, каму б Клайв мог расказаць пра ўчынак, якi здзейснiў мiнулай ноччу. Ён проста не вытрываў бы, калi б хто-небудзь сказаў, гледзячы ў яго бок: "Вось як? Ну, дык i што?", бо для таго, што ён здзейснiў, трэба было ж i мазгамi паварушыць, нават рызыкнуць крыху. Ён павесiў гальштук Вудра Вiльсана побач з гальштукамi, што былi начэплены на шнурок з унутранага боку дзвярэй яго шафы. Гэта быў шэры шаўковы гальштук кансерватыўнага тыпу i дарагi на выгляд. Раз-пораз у той дзень Клайв уяўляў, як хто-небудзь з мужчын – служачых музея, або жанчына, якую завуць Мiлдрэд, глянуўшы на Вудра Вiльсана, усклiкнуць: "Гэй! Цiкава, што здарылася з гальштукам Вудра Вiльсана?"

Кожны раз, калi Клайв думаў пра гэта, ён мусiў апускаць галаву, каб схаваць усмешку.

Праз суткi, аднак, яго ўчынак пачаў здавацца ўсё менш рамантычным i хвалюючым. Клайв пачынаў хвалявацца зноў толькi тады – а гэта магло здарыцца два-тры разы на дзень, – калi ён праязджаў на ровары каля мiгцеўшага агнямi фасада "ВАСКОВАГА МУЗЕЯ ЖАХАЎ МАДАМ ЦIБО". Сэрца ёкала, кроў прылiвала да скроняў, калi ён думаў пра ўсе тыя нерухомыя забойствы, што адбывалiся там унутры, i пра дурнаватыя твары якога-небудзь мiстэра Джона Наведвальнiка i яго жонкi, якiя назiралi за гэтымi злачынствамi з разяўленымi ратамi. Але Клайв не захацеў купляць яшчэ адзiн бiлет – коштам шэсцьдзесят цэнтаў, – каб зайсцi i ўпэўнiцца, што гальштук Вудра Вiльсана знiк, агалiўшы верхнi гузiк ля каўняра, i тым самым пацешыцца вынiкам сваёй работы.

Аднойчы папалуднi ў Клайва ўзнiкла новая iдэя, грандыёзна вясёлая задума, што прымусiць публiку падскочыць ад нечаканасцi i звярнуць на яго ўвагу. Усё ўнутры ў Клайва калацiлася ад зацятага смеху, калi ён круцiў педалямi па дарозе да крамы Сiманса, адвёзшы пакунак з прадуктамi.

Калi ж яму здзейснiць усё гэта? Сёння вечарам? Не, лепш пачакаць дзень-два, каб усё як след спланаваць. Тут трэба добра паварушыць мазгамi. I яшчэ патрымаць язык за зубамi. Да таго ж забяспечыць дакладнасць дзеянняў усё гэта вельмi падабалася Клайву.

Два днi пайшлi на абмеркаванне аперацыi. Ён зайшоў у блiжэйшую закусачную, выпiў пiва, пагуляў з прыяцелямi на iгральных аўтаматах. На аўтаматах мiгцелi агнi, высвечваючы надпiсы – "Дазваляецца гуляць некалькiм асобам" i "Спаборнiчаючы, атрымаеш больш задавальнення" – але Клайв, гледзячы на шарыкi, якiя каталiся i падскоквалi, адзначаючы лiк у аўтаматах, думаў толькi пра "МУЗЕЙ МАДАМ ЦIБО", i нiшто iншае яго не хвалявала. Тое ж адбывалася i тады, калi яго позiрк скiраваўся на па-вясёлкаваму размаiсты музычны аўтамат з пульсуючымi блакiтнымi, чырвонымi i жоўтымi агеньчыкамi, i тады, калi ён да яго падыходзiў, каб кiнуць манетку. I ўвесь гэты час ён думаў, што будзе рабiць у "ВАСКОВЫМ МУЗЕI МАДАМ ЦIБО".

На другi дзень вечарам, павячэраўшы разам з мацi, ён пайшоў да "МУЗЕЯ МАДАМ ЦIБО" i купiў бiлет. Той самы стары, што прадаваў бiлеты, амаль не глядзеў на людзей, што iх куплялi, настолькi ён быў заняты, адлiчваючы рэшту i адрываючы адпаведныя часткi бiлетаў. Гальштук Вудра Вiльсана па-ранейшаму адсутнiчаў, здавалася, што нiхто i не заўважыў прапажы – гэта развесялiла Клайва, i ён нават хiхiкнуў. Клайв успомнiў, што надуты адганяла злодзеяў-кiшэннiкаў, гэты шаркаючы сышчык, быў апошнi, хто пайшоў з музея ў той вечар, калi ён там схаваўся, i падумаў, што ключы, вiдаць, у яго, таму i забiць яго трэба апошнiм.

Першая была жанчына. Клайв схаваўся зноў побач з шыбенiцай у той час, як натоўп паволi соваўся да выхаду, i калi Мiлдрэд праходзiла каля яго, у капелюшы i палiто, збiраючыся пайсцi дадому праз чорны ход, i нешта сказала перад гэтым служачаму ў выставачнай зале, Клайв вылез з свайго сховiшча i, зайшоўшы ззаду, зашчамiў рукой яе шыю.

Яна толькi ледзь чутна захрыпела. Клайв сцiснуў горла абедзвюма рукамi, каб яна больш не падала голасу. Нарэшце Мiлдрэд ссунулася на падлогу, i Клайв пацягнуў яе ў цёмны аддалены кут у пакоi для пераапранання. Па дарозе ён перакулiў нейкую кардонную скрыню, але грукат аказаўся не настолькi моцны, каб яго заўважылi iншыя служачыя.

– Мiлдрэд пайшла ўжо? – спытаў нехта.

– Я думаю, што яна ў канторы.

– Не, яе там няма. – Той, хто гэта сказаў, ужо прайшоў па калiдоры, дзе застаўся Клайв, трымаючы Мiлдрэд у руках. Потым той самы служачы зазiрнуў у пусты пакой для пераапранання, дзе яшчэ гарэла святло. – Яна пайшла ўжо. Я таксама сёння заканчваю.

Клайв зрабiў крок наперад i сцiснуў такiм жа прыёмам шыю мужчыны. Гэтым разам справа была куды цяжэйшая, бо чалавек супрацiўляўся, але рука Клайва была тонкая i моцная; ён дзейнiчаў хутка, стукнуўшы сваю ахвяру галавой аб драўляную падлогу.

– Што тут адбываецца? – пачуўшы глухi грукат у калiдоры, з'явiўся другi мужчына.

Цяпер Клайв паспрабаваў ударыць мужчыну кулаком у пашчэмку, але прамазаў i трапiў у шыю. Аднак гэта было настолькi нечакана для гэтага надутага карантыша-сышчыка, што зрабiць другi ўдар было значна лягчэй, а пасля Клайв здолеў схапiць яго за грудкi i стукнуць галавой аб абтынкаваную сцяну, якая была цвярдзейшая за драўляную падлогу. Пасля гэтага Клайв упэўнiўся, што ўсе трое мёртвыя. З галоў у мужчын цурчэла кроў. Тонкi струменьчык крывi цёк з рота жанчыны. Клайв палез шукаць ключы ў кiшэнях другога мужчыны. Яны аказалiся разам са сцiзорыкам у левай кiшэнi штаноў. Клайв забраў i сцiзорык.

Мужчына, той, што быў вышэйшы ростам, паварушыўся. Устрывожаны Клайв выцягнуў з перламутравай ручкi сцiзорыка лязо i тройчы пырнуў iм у шыю мужчыны.

Ледзь усё не ляснулася, падумаў Клайв, правяраючы зноў, цi ўсе яны мёртвыя. Яны такi i сапраўды былi мёртвыя, i кроў была сапраўдная, а не тая чырвоная фарба, што паказвалi ў "ВАСКОВЫМ МУЗЕI ЖАХАЎ МАДАМ ЦIБО". Клайв запалiў iлюмiнацыю i пайшоў у выставачную залу, каб здзейснiць цiкавую задумку – знайсцi адпаведныя месцы для трох трупаў.

Найбольш удалае месца жанчыне – ванна Марата – тут i сумнявацца не варта. Клайв завагаўся, сцягваючы з яе адзенне, i вырашыў гэтага не рабiць проста таму, што атрымаецца куды смяшней, калi пасадзiць яе ў ванну ў палiто, аздобленым футрам, i капелюшы. Выцягнуўшы з ванны фiгуру Марата, Клайв зарагатаў. Ён думаў убачыць палкi замест ног, а памiж iмi пустое месца, бо вышэй ванны была вiдаць толькi палова тулава, але ў Марата наогул не аказалася ног i яго васковы торс заканчваўся крыху нiжэй пояса азызлай куксай, i каб фiгура не кулялася, яе прымацавалi да драўлянай падстаўкi. Клайв занёс гэта недарэчнае збудаванне з воску ў пакой для пераапранання i паставiў пасярод стала. Потым зацягнуў жанчыну – а яна была цяжкая – у дыяраму забойства Марата i запiхнуў яе ў ванну. Па дарозе звалiўся капялюш. Клайв зноў напнуў яго на галаву жанчыны, крыху нахiлiўшы на адно вока. Разяўлены рот жанчыны быў поўны крывi. Божа ж мой, гэта ж сапраўды была забава!

Ну, а цяпер надышла чарга мужчын. Вiдаць, той, чыю шыю ён пароў нажом, будзе выдатна выглядаць на месцы старога, якi вячэрае васковымi сасiскамi i капустай, таму што дзяўчына за яго спiнай павiнна загнаць яму ў шыю нож. На гэта Клайву спатрэбiлася пятнаццаць хвiлiн.

Так як фiгура старога была прызначана для сядзення, Клайв пасадзiў яго ў прыбiральнi каля пакоя для пераапранання. Было страшэнна смешна глядзець, як стары сядзiць на ўнiтазе з акрываўленай шыяй са сталовым ножыкам у адной руцэ i вiдэльцам – у другой. Клайв абапёрся аб вушак дзвярэй i гучна зарагатаў, не асцерагаючыся нават, што яго могуць пачуць – настолькi гэта было смешна, што нават не шкада было б, калi б яго i злавiлi.

Цяпер чарга карантыша-сышчыка. Клайв агледзеўся, i ў полi яго зроку аказалася сцэна з Вудра Вiльсанам, якая дэманстравала падпiсанне перамiр'я ў 1918 годзе. Васковая фiгура сядзела за велiзарным сталом, нешта падпiсваючы, i было б вельмi лагiчна, каб гэтае месца заняў чалавек з амаль рассечанай на дзве паловы галавой. З некаторым намаганнем Клайв вырваў з васковых пальцаў ручку, паклаў яе збоку на стол i занёс фiгурку – яна не была цяжкая – у пакой для пераапранання. Васковы Вудра Вiльсан застаўся сядзець за сталом з выцягнутымi для пiсання рукамi. Клайв сунуў у яго правую руку шарыкавую ручку. Засталося апошняе намаганне. Клайв заўважыў, што яго куртка добра заляпана крывёй i яе трэба неяк змыць. На штанах, аднак, крывi пакуль што не было.

Клайв пацягнуў другога мужчыну ў дыяраму, прысвечаную Вудра Вiльсану, прыўзняў яго i падкацiў да стала. Яго ўдалося пасадзiць за стол, але галава звiсала над заляпаным зялёнымi плямамi сталом, над чыстымi васковымi аркушамi, а ручка няўстойлiва трымалася ў вялай руцэ.

Але справа была зроблена. Клайв адышоў назад i ўсмiхнуўся. Потым прыслухаўся. Сеўшы ў крэсла, ён некалькi хвiлiн адпачываў, бо сэрца хутка калацiлася i ён неяк адразу адчуў стому ў кожнай мышцы. Ага, гэты раз у яго былi ключы. Цяпер ён мог усё замкнуць, пайсцi дадому i добра адпачыць за ноч, бо трэба ж назаўтра быць у добрай форме, каб уволю пазабавiцца.

Клайв зняў швэдар з мужчынскай фiгуры ў дыяраме, што дэманстравала нейкую сцэну ў драўлянай хацiне. Прыйшлося перавярнуць фiгуру i сцягваць швэдар праз ногi, бо рукi нiяк не згiналiся, швэдар расцягнуўся ў гарлавiне, але iнакш зняць яго было проста немагчыма. Васковая фiгура засталася стаяць з аголенымi рукамi i жыватом, перадам кашулi аказаўся шматок тканiны, падобны на дзiцячы нагруднiк.

Клайв скруцiў у камяк куртку i прайшоўся з ёю па музеi, выцiраючы адбiткi пальцаў усюды, дзе, на яго думку, ён мог дакранацца рукамi. Ён патушыў святло, асцярожна прабраўся да чорнага хода, замкнуў дзверы, зачынiў iх на засаўку i ўжо збiраўся кiнуць ключы ў паштовую скрынку, але яе каля дзвярэй не аказалася, таму ён пакiнуў iх на прыступках. У сплеценай з дроту скрынцы пад смецце ён знайшоў некалькi газет, загарнуў у iх куртку i панёс яе далей, пакуль не знайшоў яшчэ адну скрынку, i схаваў пакунак, уцiснуўшы яго памiж цукерачных абгортак, бляшанак з-пад пiва i iншага смецця.

– Новы швэдар? – спытала мацi ў той вечар.

– Рычы падарыў – на шчасце.

Клайв настолькi стамiўся, што спаў як забiты, не маючы нават моцы пасмяяцца, успомнiўшы, як стары сядзiць на ўнiтазе ў прыбiральнi.

Ранiцай наступнага дня Клайв стаяў на другiм баку вулiцы насупраць музея, калi якраз перад паловай дзесятай з'явiўся бiлецёр. Да 9 гадзiн 35 хвiлiн у музей зайшлi толькi чатыры чалавекi, але Клайв больш не мог трываць, ён перайшоў вулiцу i купiў бiлет. Гэты раз бiлецёр выконваў таксама ролю кантралёра, звяртаючыся да наведвальнiкаў:

– Праходзьце, праходзьце. Нешта сёння ўсе позняцца.

Бiлецёр зайшоў усярэдзiну, уключыў спачатку адну частку асвятлення, потым пайшоў у другi канец будынка, каб паўключаць падсветку дыярам са шчыта ў калiдоры, у канцы якога якраз i быў пакой для пераапранання. I самае смешнае для Клайва, якi крочыў услед за iм, было тое, што бiлецёр не заўважыў нiчога незвычайнага, нават не звярнуў увагi на Мiлдрэд, якая сядзела ў ванне Марата ў капелюшы i палiто.

Сярод наведвальнiкаў былi пакуль што дарослая пара, падлетак гадоў чатырнаццацi ў красоўках, якi прыйшоў, вiдаць, адзiн, ды яшчэ мужчына. Яны без усялякiх эмоцый глядзелi на Мiлдрэд у ванне, нiбыта лiчылi гэта нармальным, i Клайв даўно б качаўся, гледзячы на ўсё гэта, у прыпадках смеху, калi б не так шалёна калацiлася сэрца i не зацiскала дух ад трывожнага чакання. Не выклiкаў здзiўлення таксама i мужчына з тварам у сасiсках i кiслай капусце. Клайв крыху расчараваўся.

Зайшлi яшчэ двое – мужчына i жанчына.

I вось, нарэшце, перад дыярамай з Вудра Вiльсанам адбылася першая рэакцыя. Адна жанчына, прытулiўшыся да мужавага пляча, спытала:

– А што, калi падпiсвалi перамiр'е, каго-небудзь застрэлiлi?

– Не ведаю. Я так не думаю, – няўпэўнена адказаў мужчына.

Смех проста раздзiраў Клайва; ён крутануўся на абцасах, каб хоць неяк стрымацца, яго распiрала ад усведамлення таго, што толькi ён ведаў усё пра тое, што здарылася, i нiхто больш. Зразумела, за гэты час сапраўдная кроў набыла ржавы колер. Зялёнае прэс-пап'е было скрозь заляпана крывавымi плямамi, i кроў капала з краю стала.

Жанчына ў другiм канцы залы, там, дзе знаходзiлася Мiлдрэд, раптам закрычала.

Мужчына засмяяўся, але хутка асекся.

Адразу ж усё пачалося. Завiшчэла жанчына, адначасова пачуўся крык мужчыны:

– О, Божа, гэта ж на самай справе!

Клайв убачыў, як у дыяраму палез мужчына, каб агледзець труп, якi ляжаў тварам у талерцы з сасiскамi.

– Кроў сапраўдная! Гэта – мёртвы чалавек.

Другi мужчына – наведвальнiк – грымнуўся аб падлогу. Ён страцiў прытомнасць. У залу мiтуслiва прыбег бiлецёр.

– Што тут здарылася?

– Некалькi трупаў – сапраўдныя!

Толькi цяпер бiлецёр зiрнуў на ванну Марата i нават падскочыў ад здзiўлення.

– Святая Багародзiца! Найсвенчы Божа! Гэта ж Мiлдрэд!

– I тут труп!

– I там таксама!

– Божа ж мой, трэба... трэба выклiкаць палiцыю! – крыкнуў бiлецёр.

З музея паспешна выйшлi мужчына i жанчына. Але астатнiя затрымалiся, шакiраваныя i загiпнатызаваныя тым, што здарылася.

Бiлецёр пабег у пакой для пераапранання, да тэлефона, i адразу ж Клайв пачуў адтуль крыкi, бо той убачыў чалавека за сталом, зразумела, васковага, а на стале – палову тулава Марата.

Клайв падумаў, што час вымятацца, i таму пацiху працiснуўся бокам праз натоўп людзей, якiя заглядалi ў дзверы, яны, вiдаць, хацелi наведаць музей i мусiлi чакаць, пакуль вернецца бiлецёр.

"Добра, – думаў Клайв. – Усё як мае быць. Нядрэнна. Зусiм нядрэнна".

У той дзень ён не збiраўся iсцi на працу, але раптам падумаў, што будзе разумней зайсцi i папрасiць выхадны. Мiстар Сiманс, як заўсёды, зрабiў кiслую мiну, калi Клайв сказаў, што дрэнна сябе адчувае, але калi Клайв схапiўся за жывот i зрабiў выгляд, што яму млосна, старэнькаму Сiмансу заставалася толькi згадзiцца. Клайв пайшоў з крамы, маючы ў кiшэнi ўсю тую наяўнасць, што ён змог атрымаць – каля дваццацi трох даляраў.

Клайв хацеў куды-небудзь далей ад'ехаць на аўтобусе. Ён падумаў, што можа аказацца пад падазрэннем, калi бiлецёр успомнiць пра яго частыя наведваннi "МУЗЕЯ МАДАМ ЦIБО", асаблiва калi прыгадае, што Клайв быў там напярэдаднi вечарам, але на самай справе гэта мала датычыла жадання праехацца на аўтобусе. Жаданне гэта было прымiтыўнае i, нейкiм чынам, неадольнае. Ён купiў бiлет на рэйс у заходнiм напрамку за восем даляраў з нечым, у адзiн бок. У вынiку каля 7 гадзiн вечара ён апынуўся ў даволi вялiкiм гарадку ў штаце Iндыяна – Клайв не звярнуў увагi на яго назву.

З аўтобуса вылезла некалькi пасажыраў, у тым лiку i Клайв. Яны апынулiся на аўтавакзале, дзе былi кафетэрыi i бар. Клайву карцела прачытаць газету, таму адразу ж ён накiраваўся да кiёска, што тулiўся ля ўваходных дзвярэй. Ужо на першых старонках кiдалiся ў вочы буйныя загалоўкi:

ТРАЙНОЕ ЗАБОЙСТВА Ў ВАСКОВЫМ МУЗЕI.

МАСАВАЕ ЗАБОЙСТВА Ў МУЗЕI. ТАЯМНIЧЫ ЗАБОЙЦА НАНОСIЦЬ УДАРЫ.

ТРЫ ТРУПЫ Ў ВАСКОВЫМ МУЗЕI.

Клайву найбольш спадабаўся апошнi падзагаловак. Ён купiў усе тры газеты i спынiўся каля стойкi бара, папiваючы пiва.

"Сёння ранiцай у 9 гадзiн 30 хвiлiн бiлецёр па прозвiшчы Фрэд Дж. Кармадзi i некалькi наведвальнiкаў "ВАСКОВАГА МУЗЕЯ ЖАХАЎ МАДАМ ЦIБО" – славутай мясцiны гэтага горада – натыкнулiся на тры сапраўдныя трупы, што былi сярод экспанатаў. Гэта былi забiтыя Мiлдрэд Вiэры, 41 год, Джордж О. Харчлi, 43 год i Рычард К. Макфадэн, 37 год. Усе яны служачыя музея. Абодва мужчыны загiнулi ад моцных удараў i нажавых ран, жанчына – ад удушэння. Палiцыя займаецца на месцы злачынства пошукам ключоў да яго разгадкi. Выказваецца думка, што забойствы адбылiся неўзабаве пасля дзесяцi гадзiн учора вечарам, калi трое служачых збiралiся iсцi дадому. Забойца або забойцы маглi быць сярод апошнiх наведвальнiкаў музея, якiя былi там перад закрыццём у 9 гадзiн 30 хвiлiн. Мяркуецца, што ён цi яны маглi схавацца дзе-небудзь у музеi, пакуль апошнiя наведвальнiкi не выйшлi з музея..."

Клайв быў задаволены. Ён усмiхаўся, папiваючы пiва. Схiлiўшыся над газетамi, ён хацеў тым самым ад усiх адгарадзiцца, каб нiхто iншы ў свеце не змог падзялiць з iм асалоду, але на справе было iнакш. Праз некалькi хвiлiн Клайв устаў i паглядзеў па баках, каб даведацца, цi чытае яшчэ хто-небудзь з мужчын i жанчын, што былi ў бары, тую самую iнфармацыю. Газеты чыталi два мужчыны, але Клайв не бачыў, цi пра яго яны чытаюць, бо газеты былi складзеныя.

Клайв запалiў цыгарэту i прагледзеў усе тры газеты, каб даведацца, цi выяўлена нешта такое,што магло вывесцi на яго след. Нiчога такога ён не знайшоў. У адной газеце ў сувязi з гэтым было адзначана, што Фрэд Дж. Кармадзi не заўважыў асобы цi асоб памiж наведвальнiкамi, што заходзiлi ў музей учора вечарам, якiя б здавалiся падазронымi.

"...У вынiку таго, што ахвяры былi размешчаны вельмi дзiўным чынам замест васковых фiгур, якiя былi спецыяльна выняты са звыклых месцаў, палiцыя ў сваiх пошуках сыходзiць з думкi, што забойца быў псiхапат. Жыхароў навакольнага раёна папярэдзiлi па радыё i тэлебачаннi аб неабходнасцi прытрымлiвацца спецыяльных мер перасцярогi на вулiцах i замыкаць дзверы дамоў на замок".

Прачытаўшы гэта, Клайв рагатнуў. Псiхапат! Шкада, што ўсiм тром аўтарам бракавала ведання дэталяў гумару. Яны ж маглi напiсаць што-небудзь наконт старога на ўнiтазе. Альбо пра таго тыпа, што з патрушчанай патылiцай падпiсвае перамiр'е. У гэтым жа адразу быў вiдаць почырк генiя. Чаму ўсё гэта так недаацанiлi?

Дапiўшы пiва, Клайв выйшаў на тратуар. Было ўжо цёмна, i на вулiцы свяцiлi лiхтары. Ён з цiкавасцю прайшоўся па незнаёмым горадзе, зазiраючы ў вiтрыны крамаў. Але яму ўвесь час карцела зайсцi ў якую-небудзь закусачную, i ён зайшоў у першую, што трапiлася на яго шляху. Гэта быў чыгуначны вагон, перароблены з прэтэнзiяй на стыль "рэтра" ў нешта тыпу вагона-рэстарана.

Клайв замовiў бiфштэкс на булачцы i кубак кавы. Па суседству з iм сядзелi два мужчыны – на выгляд тыповыя жыхары Захаду ў сваiх каўбойскiх ботах i даволi зашмальцаваных капелюшах з шырокiмi палямi. "Можа, адзiн з iх шэрыф", падумаў Клайв. Але яны гутарылi, расцягваючы кожнае слова, наконт нейкiх надзелаў зямлi. Яны сядзелi, схiлiўшыся над сваiмi бiфштэксамi i кубкамi з кавай, так блiзка, што адзiн нават дакранаўся локцямi Клайва. Клайв перачытваў газеты, абапёршы iх аб скрынку з папяровымi сурвэткамi.

Аднаму мужчыну спатрэбiлася сурвэтка, i ён перарваў Клайву чытанне, але той усмiхнуўся i спытаў прыязна:

– Вы чыталi пра забойствы ў васковым музеi?

Чалавек, здавалася, спачатку не зразумеў пытання, а потым адказаў:

– Ага, бачыў загалоўкi.

– Нехта забiў трох чалавек, што там працавалi. Зiрнiце.

У адной газеце была фатаграфiя, але яна не вельмi падабалася Клайву, бо трупы на ёй былi складзены ў рад. Яму больш спадабаўся б здымак Мiлдрэд у ванне.

– Так, – адгукнуўся жыхар Захаду, адсоўваючыся ад Клайва, нiбы той нечым яму не спадабаўся.

– Трупы былi размешчаны сярод экспанатаў. Як васковыя фiгуры. Тут пра гэта напiсана, вось толькi здымкаў няма, – працягваў Клайв.

– Вось як, – адгукнуўся жыхар Захаду i зноў пачаў есцi.

Клайва ахапiла пачуццё расчаравання i нават абражанасцi. Ён крыху пачырванеў i зноў утаропiўся ў газету. На самай справе, у ягонай душы закiпала злосць, ад якой сэрца пачало бiцца ўсё часцей, як гэта здаралася кожны раз, калi ён праходзiў каля "ВАСКОВАГА МУЗЕЯ ЖАХАЎ МАДАМ ЦIБО", хоць, на гэты раз, адчуванне было не зусiм прыемнае.

Клайв, аднак, прымусiў сябе ўсмiхнуцца i зноў звярнуўся да свайго суседа злева:

– Я завёў пра гэта гаворку, таму што гэта зрабiў я. Гэта справа маiх рук. – Ён ткнуў пальцам у фотаздымак з трупамi.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю