355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Ніл Гілевіч » У ноч на Пакровы » Текст книги (страница 2)
У ноч на Пакровы
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 12:01

Текст книги "У ноч на Пакровы"


Автор книги: Ніл Гілевіч


Жанр:

   

Поэзия


сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 2 страниц)

Глыток з дзедавай студні


 
Шмат гадоў, вельмі шмат,
не прыязджаў я сюды, у Айнаравічы,
у маміну родную вёску,
на вотчыну дзеда.
Што я ўбачыў найперш? Запусценне.
Якое кругом запусценне!
У дзары крапіва ў чалавечы рост.
Не ўзысці, не прайсці да ганку.
Хату ўнучкі даўно прадалі
якомусьці міліцыянту пад дачу.
Але ён тут не летуе,
расчараваўся нібыта
і аб'явіў, даўно ўжо, на продаж.
А ніхто не купляе.
I яна дагнівае.
 
 
Двор я пазнаў не па хаце,
а па студні ля вуліцы.
Зруб, той самы, дубовы, счарнелы,
амаль што зраўняўся з зямлёй.
Але стрэшка, пахіленая, ліпіць,
падпёртая збоку слупком.
Ваду яшчэ людзі бяруць,
ды вядра ўжо няма —
таго, адмысловага, дзеравяннага,
кожны зачэрпвае сваім,
зачапіўшы дужкай
за жалезны кручок на вяровачцы...
Можа быць, і ў апошні раз
я глынуў з ацалелае студні вады —
і яна азарыла мне ў памяці
маміны згадкі...
Тут, на гэтай сядзібе,
яна нарадзілася і ўзгадавалася,
з гэтай студні піла ад калыскі
крынічную, смачную вельмі ваду.
3 гэтай студні не раз
піў мой бацька, яшчэ дзецюком;
правёўшы да веснічак Кацю,
сасмяглы ад жарсці няўтоленай,
на развітанне казаў:
– Пачакай, я дастану вады,
надта ссохлася ў роце...
– Даставай, толькі ціха,
не грукні вядром аб ізруб,
а то тата пачуе і выйдзе:
«Каму гэта трэба
калодзеж будзіць апаўночы?!.»
 
 
Маміны згадкі.
Шчаслівыя маміны дні.
Шчаслівая студня.
Усё яшчэ поіць людзей,
усё яшчэ поіць.
А дзеда ў Айнаравічах
ужо мала хто помніць.
 
 
Жнівень 2007 г.
 

Маўчанне каля занядбаных магіл


 
Зарослая бэзам
магіла бабулі Альжбеты.
А воддаль, за крокаў мо сотню,
другая, таксама зарослая, —
дзеда майго Мікалая.
Тады не было завядзёнкі,
каб побач хаваць.
Хавалі, дзе месца было...
 
 
Крыж там і там аднальковы:
з дзвюх металёвых труб,
пафарбаваны ў зялёнае,
з маленькай жалезнай
скрыжалькай для надпісу.
А надпісу ўжо і няма —
выцвіў ад часу, ад сонца, ад снегу
і сцёрся, скрыжалька – сляпая.
 
 
Як ты доўга не быў тут,
дзедаў і бабін унук!
Што ж цяпер прывяло?
I каго папракнеш за нядбанне?
Маўчыш.
Доўга стаіш і маўчыш.
Пра такое маўчыш,
што адно толькі вырвацца крыкам гатова.
Ды на могілках нельга крычаць.
Тут усё прамаўляецца ціха.
Вось і ты напаўголаса, здушана
кажаш самому сабе:
«Колькі з імі пайшло, адышло
ад тае Беларусі,
што тваёю была!
Што свяцілася ў іхніх вачох
і гучала ў іх вуснах!..»
Сёе-тое яшчэ засталося.
У тым ліку і песенька,
якою цябе забаўляла бабуля,
прыстукваючы
кончыкам пальца ў пятку:
«Кую, кую ножку,
паеду ў дарожку.
Дарожка крывая,
кабылка сляпая».
Не забылася. Помніцца.
Нават голас, здаецца, чуеш.
Вось і ўсё. I праведаў.
Пабыў ля магіл занядбаных.
«Паедзем, – ківаеш пляменніку. —
Вернемся ў тое, што ёсць...»
Ах, дарожка, дарожка,
і чаму ж ты крывая?
Ах, кабылка, кабылка,
і чаму ж ты сляпая?..
 
 
Жнівень 2007 г.
 

Даўні запіс пра Арменію


 
Быў там калісьці —
і запіс зрабіў у нататнічку:
«Божа мой мілы,
як любяць малых у Арменіі!
Мамы і таты,
дзяды і бабулі,
і няні ў садку,
і настаўнікі ў школе,
і ўсе-ўсе суседзі ў двары,
і незнаёмыя цёткі, дзядзькі
на вулцы ці ў скверыку, —
усе да малых прамаўляюць тут
толькі любоўю!
Адною любоўю!
Ды не такою, як мы да сваіх
прамаўляем звычайпа —
не нервовай, не воклічнай,
не павучалыгай,
а якойсьці, якойсьці...
не ведаю, як і сказаць...
галубінагалосай.
Колькі і дзе ні пачуў,
ні падслухаў, —
ну так: галубінагалосай!..»
 
 
Жнівень 2007 г.
 

Юбілейнае пасланне

Найдзену Вылчаву,

балгарскаму паэту

і перакладчыку, вялікаму

сябру Беларусі і беларускай

літаратуры

 
Дзе ты ёсць цяпер, мой друг і брат?
Можа, у сваёй Малой Брастніцы —
Там, дзе восемдзесят год назад
Бог судзіў табе на свет з'явіцца?
 
 
Там, на той сядзібе ўскрай піашы,
Што разбежыста імкне паўз вокны,
Дзе з балгарскай верай у душы
Ты ўжываўся ў жорсткі век грымотны.
 
 
Там, дзе ўпершыню і назаўжды
Зразумеў ты ісціну ад Бога:
Чалавек ёсць чалавек тады,
Калі існы дух яго – Свабода.
 
 
Гэта памаглі табе спазнаць
Боцеў, Вазаў, Явараў, Вапцараў,
Як, заседзеўшыся дапазна,
Цалаваў ты крылы іхніх мараў...
 
 
Гэта там, шчаслівы бацька, там,
Асягнуўшы продкаў моц і сілу,
Напісаў ты Запавет сымам –
Уладзіміру і Самуілу:
 
 
«Заклінаю вас:
Не будзьце хілымі!
I пад небам роднай стараны
Толькі
Перад брацкімі магіламі
На калені падайце, сыны!»
 
 
Як сваё – твой кліч я зноў і зноў
Паўтараю: «Дзеці! Не пасмейце
На калені падаць перад злом!
Бо адрыне Маці і па смерці!..»
 
 
На сядзібе той, у хаце той
Я гасціў не раз, было й з начлегам,
Як у храме Дзевы Прасвятой,
Прычашчаўся і віном і хлебам.
 
 
Лік Балгарыі з глыбі вачэй
Мне тады явіла баба Неда —
Матухна твая... Каб балючэй
Роднае мяне карала неба.
 
 
Балючэй! За тое, што не быў
Бацькаўшчыны абаронцам годным.
Прысягаў: люблю. А што зрабіў,
Каб навекі край мой стаў свабодным?
 
 
Стаў такім, як твой: ад нічыёй
«Дабрадзейскай» волі не залежны,
I з любой людской далечынёй
Мірам і любоўю быў сумежны.
 
 
I любоўю... О, мой пабрацім!
Як і ты, з любові я не выбыў.
Нават трохі ганаруся тым,
Што спрычыніў твой любоўны выбар,
 
 
Што пасобіў далучыць цябе —
Дар твой светлы, позірк галубіны
Да паўсталага ў тузе-журбе
Слова вешчага маёй краіны.
 
 
Больш ужо, як паўжыцця свайго,
За Дунай, у засень стром балканскіх,
Ты нясеш нятленны дух яго
Да разнасцежаных сэрц балгарскіх.
 
 
I чаруеш душы землякоў —
Як сваім уласным. Дай жа Божа
I яшчэ табе шмат-шмат гадкоў
Думы братнія яднаць прыгожа!
 
 
Пані Мінцы – мой паклон, па ўсім.
Ах, калі б вы з ёй маглі пабачыць
«Здравец» вапі на лецішчы маім!
Як разросся!.. Штось і гэта значыць.
 
 
Жнівень 2007 г.
 

Згадка пра паланез


 
Не перанесці...
Не вытрываць...
Сэрца заходзіцца. Млее ў грудзёх.
Сілы, здаецца, пакінуць вось-вось
і ператнецца дыханне...
Як жа так сталася?
Як жа так сталася, што без цябе
слухаю гэтую боскую музыку?
Сам. Без цябе.
Тваё крэсла пустуе.
А поміпо: як трэба было мне,
як мусіў я пераглянуцца з табой,
каб убачыць, як ты
выціраеш хусцінкаю слёзы —
ад шчасця, што чуеш яе,
гэтую боскую музыку...
У тыя хвіліны
я сам быў бязмежна шчаслівы.
I ўдзячны бязмежна —
Радзіме, Табе і Агінскаму.
 
 
2006-2007
 

Дзіўнае штось


 
З нейкага часу,
дакладна не помшо,
ужо даўнавата, —
як пачала набліжацца ізноў,
у чацверты ўжо раз,
самая горкая,
самая страшная,
самая чорная дата —
дзень, калі ў сэрцы маім
і апошні праменьчык пагас, —
 
 
дзіўнае штось
адчуваю я ўсёю істотаю
з лёсам нязгоднай:
быццам зусім
не да сумных угодкаў тваіх
трэба ладзіцца мне —
не да прывычнага ўжо
пакланення магілачцы роднай,
а да чагосьці такога,
што толькі здараецца ў сне.
 
 
Быццам бы, быццам, нарэшце,
і скончыцца наша расстанне-разлука.
Скончыцца гэтая
наканаваная мне
неадкупная мука.
 
 
Ліпень 2007 г.
 

* * *


 
Для чаго ты мне іх падарыла —
гады дажывання?
А гэта мне ты падарыла іх, ты,
толькі ты! Ну але для чаго?
Для таго, каб я мог
яшчэ нешта зрабіць —
трывалей, чалавечней?
Для таго, каб хоць трохі
грахі замаліць перад Богам?
Ці мо ўсё ж для таго,
каб яшчэ і яшчэ раз
я мог прыгадаць,
якой ты шчаслівай была
у студэнцкія нашы гады?
Раней так выразна
і гэтак балюча
чамусь не прыгадвалася.
 
 
2006-2007
 

* * *


 
Калі, дасць Бог, для памяці тваёй
яшчэ зраблю я тое, што хачу —
без крыўд сыду на вечны супакой
і перад лікам Маці Прасвятой
апошні раз удзячна памаўчу.
 
 
Жнівень 2007 г.
 

Па звычцы


 
Хвароба, што лічыцца панскай здаўна,
такія дала мне турботы —
так пЗльцы скруціла, што хай бы яна
сышла на гнілыя балоты.
 
 
Нічога рукамі зрабіць не магу —
адно толькі словам ад сэрца.
Ды слова... – каму яго ў гэту смугу
Я ўзычу? Тутэйшым зняверцам?
 
 
Навошта яно ім, прывыкльш глытаць
хлусню і дурноту па модзе?
А рукі... Без рук не магу нават даць
нягодніку-хаму па мордзе!
 
 
Найгорай жа тое, калі закарціць
мне лыкнуць кілішак «крышталю»:
галоўку з бутэлькі не ў сіле скруціць!
Хоць румзай ад крыўды і жалю.
 
 
Даверыць «скруцэнне» суседу свайму?
У прынцыпе – можна, канечне.
Але ж тады трэба наліць і яму.
Што ў прынцьше – ой, небяспечна!
 
 
Жартую – па звычцы. Трывога ж расце
не жартам. Бяда прагрэсуе.
Няўжо дажывуся, калі па лісце
і пёрка рука не пасуне?
 
 
Верасень 2007 г.
 

Не выйдзе, лірычная мышка нічога не выйдзе


 
Лагодненькі-згодненькі лірык
з нявострым ад роду пяром,
Паўвека праседзеўшы ціха,
як мышка пад венікам ці памялом,
Не піскнуўшы нават ні разу
у знак абурэння, пратэсту, нязгоды
З засіллем хвастатых ва ўладзе,
з разгулам нялюбцаў свабоды,
Ні слова не мовіўшы
супраць бясчынстваў і гадства —
ні рыфмай, ні ў прозе, —
Цяпер спахапіўся, апомніўся,
як гэта кажуць, «ужо па парозе»,
I ўздумаў – ні многа, ні мала —
у шэрай лірычнай старэчасці,
Што трэба яму прапісацца
у часе, у веку, у вечнасці —
У ролі змаганца
супроць удушэння
нам Богам даверанай мовы, —
Авось ды прызнаюць:
усё ж такі ў думках, употай,
і я быў гатовы...
Не выйдзе, лірычная мышка!
Нічога нс выйдзе!
З мышынаю доляй змірыся.
Нервамі, сэрцам, крывёю
бароняць свабоду паэты.
Як ЯНКА. Або як ЛАРЫСА.
 
 
2007
 

Вера і вернасць. Сіла і моц

Да выхаду першых

нумароў «Літаратурнай

Беларусі»

 
Нарэшце! Нарэшце пабачыў, адчуў.
Аж стала шчымліва да слёз у грудзях.
Аж стала прасветла-святліста ўваччу.
Ёсць, ёсць беларускага думання сцяг!
 
 
Ёсць вера і вернасць. Ёсць сіла і моц.
I мараў разбежнасць. I стройнасць пісьма.
I гоства памкненняў. 1 чыстасць яснот.
А блуду і бруду – і на дух няма!
 
 
2007
 

«Ветрык» і «Менка»

Пра што падумалася

на канцэрце гэтых

пеўчых гуртоў

 
Нягоднік
дубінкай падлеткаў збівае —
Каб вылі ад болю, каб пець не маглі.
А «Ветрык» спявае,
I «Менка» спявае, —
Спяваюць! Бо гэта іх лёс на зямлі.
 
 
Бо ветрык ёсць ветрык —
звініць перазвонна
У струнах даспелага ў полі жытца.
Бо Менка ёсць Менка —
і ў памяці вольна
Журчыць векавечнаю нотай жыцця.
 
 
Бо «Ветрык» і «Менка» —
пяюць сугалосна.
А гожа – няйначай анёлаў гурты.
Ім хочацца жыць у дзяржаве нязлоснай.
У светлай – як сонечны дзень залаты.
 
 
2007
 

Грае Ірына Шуміліна


 
Вечар цячэ не хвілінамі —
Музыкай дзіўнай цячэ.
«Брава, Ірына Шуміліна!
Просім што-небудзь яшчэ!»
 
 
Сэрцам да сэрца прыхілена
Зала ў прызнаннях любві.
Дзякуй, Ірына Шуміліна!
Божа цябе блаславі!
 
 
Ах, як натхнёна, акрылена
Гукі ўзлятаюць з-пад рук!
Грай жа, Ірына Шуміліна!
Грай! Каб жыла Беларусь.
 
 
2005, 2007
 

Наша з табою


 
Кожная светлая згадка
пра наша з табою —
Болем удзячнасці лёсу
праз сэрца праходзіць.
Болем, але не пакутным,
а толькі салодка-шчымлівым.
Болем, які мне гаворыць,
што быў я папраўдзе шчаслівым.
 
 
Кожная горкая згадка
пра наша з табою —
Болем раскаяння і шкадавання
мне сэрца сціскае.
Болем-высновай, гарчэйшай
ад самага горкага болю, —
што не пачну ўжо я нанава,
з розумам, наша з табою.
 
 
Дзякую, Божа прасветлы,
што перад дарогаю вечнай
Ты ўзнагародзіў мяне
гэтай мукай жывой, чалавечай.
 
 
2007
 

I хочам...


 
Прасякліся з дзяцінства
Чужым, дурным, атрутным —
I хочам мець адзінства
У гэтым часе скрутным.
 
 
I заклікаем-клічам
Да ўсенароднай згоды —
Без мовы, без аблічча,
Без праўды, без свабоды.
 
 
2007
 

I будзем...


 
I будзем мы ўсе, дарагія-шаноўныя,
Амбіцыяў, сілы, энергіі поўныя,
Да скону за волю і долю змагацца,
А ворагі будуць з нас толькі смяяцца.
 
 
I будуць, павырасшы, дзеткі шаноўныя,
Амбіцыяў, сілы, энергіі поўныя,
Таксама за волю і долю змагацца,
А ворагі будуць з іх толькі смяяцца.
 
 
I будуць нашчадкі нашчадкаў шаноўныя,
Амбіцыяў, сілы, энергіі поўныя,
За волю і долю Радзімы змагацца,
А ворагі будуць з іх толькі смяяцца.
 
 
Так будзем і будзем змагацца з прымусамі,
Пакуль не адчуем сябе беларусамі
I сцягам, бяссмертным, як сэрца Хрыстова,
Не пусцім паперадзе Роднае Слова.
 
 
Кастрычнік 2007 г.
 

* * *


 
Даруй, Гасподзь, і ты даруй-прабач,
Анёл далёкі мой, павек адзіны,
Што часам здрадна падступае плач
У горкіх роздумах пра лёс Радзімы.
 
 
Я чую, чую голас твой з нябёс:
«Табе няможна так! Не маеш права!
З любві і гневу, а не з плачу й слёз
Ва ўрочны час здзяйсняецца Дзяржава».
 
 
Кастрычнік 2007 г.
 

* * *


 
З чаго пачаў калісь, тым і канчаю.
Пакуль пяро не выпала з рукі —
Табе, народзе мой, я прысвячаю
I самыя апошнія радкі.
 
 
Жыві! Працуй! Твары свой лёс уласны!
Сам, сам сабе дарогу пракладай!
I слова роднае як дзень свой ясны
Да скону свету пагасіць не дай!
 
 
15 кастрычніка 2007 г.
 

Да расправы над інстытутам літаратуры ў НАНБ
Каментар з формулай


 
Чым спрычынена расправа?
З-за чаго мінтрэга?
«Абязгрошыла дзяржава!
Эканоміць трэба!»
 
 
Ну, вядома! Ну, канешне!
Хоць банкуем вёртка —
Дзе ж тых грошай набярэшся?
Вось і стала пёрдка!
 
 
Грошы збеглі на будоўлю
лядовых палацаў.
А астатак – на гадоўлю
блазнаў і паяцаў.
 
 
Нават у Джымбабвабуры —
голым і галодным —
Інстытут літаратуры
лічыцца галоўным.
 
 
Дык яно і зразумела:
знаюць, папуасы,
што без Слова маса цела
роўна целу масы.
 
 
Гэту формулу скумекаць
мы йшчэ не гатовы.
Лепей будзем бэкаць-мэкаць
без душы і мовы.
 
 
2008
 

Сувязь


 
Ён даўно ўжо за даляглядам —
час дзяцінства і маладосці,
калі я атруціўся ядам,
праніклым і ў кроў і ў косці.
 
 
Той бязрэчыўны яд ёсць сумесь
гадства, подласці, страху смерці...
Адчуваю жывую сувязь
ядавітых эпох у сэрцы.
 
 
2008
 

Але...

Маладым музыкам

 
Вы спрабуеце сцвердзіць сябе
у якойсьці вар'яцкай гудзьбе.
Гэты сквіл, гэты віск, гэты скрогат
не прымаю зусім. Не цярплю.
I – нічога з сабой не зраблю.
Толькі суд мой не бэсціце строга:
ёсць АЛЕ. Я – свабоду люблю.
У тым ліку – і вашу ў спробах.
 
 
2008
 

Дзякуй, брат!


 
Хто там «рэкнуў»
(мабыць, з нецвярозу),
што зачахла ніва Мастака?
Пачытайце ў «Дзеяслове» прозу
майстра-мага Віктара Казька.
 
 
Я – чытаў,
і, не стрываўшы болю,
сэрца растрымцелася да слёз.
Дзякуй, брат!
Так цяжка, як з табою,
я даўно ўжо не ўспрымаў наш лёс.
 
 
2008
 

Зварот


 
Пакладзіце, братцы людзі,
вы руку сабе на грудзі,
пакладзіце! —
і сабе ж, насупраць ночы,
у душу, як Богу ў вочы,
паглядзіце!
 
 
І скажыце-адкажыце
на адзінае пытанне
адназначна:
бачна вам дарога ў жыце,
на якой – выратаванне,
ці не бачна?
 
 
Як не бачна – Божа правы
назаве вам прыклад чыну —
дзейсны, годны,
як ад ганьбы і няславы
бараніць сваю айчыну,
край свой родны.
 
 
Калі зноскі ў сытым блудзе
і апошні трацяць сорам,
злыдні-зноскі, —
Каліноўскі хай вам будзе
чэсці й гонару узорам!
Каліноўскі!
 
 
2008
 

Па загадзе беларусажэрцаў

Памяці Ф. Аляхновіча

 
Думаў, схаджу: пагарую, але ж
і парадуюся, у тэатры на вечары,
Яго нараджэнню, яго юбілею,
яго ўсенароднай любові прысвечаным.
Думаў, нарэшце, нарэшце,
дзяржава й грамадскасць як трэба ацэняць
Волата-майстра крынічнага слова
на першай асвенчанай сцэне.
Хоць са спазненнем вялікім,
а ўсё ж аддадзім, аддадзім мы
Даніну павагі і ўдзячнасці
слаўнаму сыну Радзімы.
Дык аддалі, аддалі...
Як і ўсім яго браццям... Ні слова, ні гуку —
Ні на падмостках, ні з тэлеэкрана,
ні з хваляў эфіру, ні ў друку.
 
 
Помню, помню, было...
У газетцы ляснога райкама чыталі,
Што выканаўцы «народнае помсты»
і ў Вільні дасталі
Аўтара кнігі, на свет нашумелае, —
«У кіпцюрах ГПУ»:
Ноччу забойца пранік у кватэру
і стрэліў яму ў галаву.
«Вось, атрымай незалежную
дэмакратычную Крывію, дзеля якой
Ты ўсё жыццё парушаў
наш прывольны імперскі спакой!»
Так быў забіты пісьменнік-пакутнік,
пісьменнік-легенда —
Прыклад высокі і ўзор
беларускага інтэлігента.
 
 
Гэнай парой, пад нямецкай навалай,
у часе крывава-крутой калатнечы,
Тайны загад «асабоўцам» прыслала
Лубянка, да жудасці нечалавечы:
«Немцаў то мы разаб'ем і прагонім,
тут ясна, няма і пытання.
Трэба хутчэй як мага паспяшацца
і вынішчыць, выбіць дазвання
Тых беларусаў, што маюць
крывіцка-ліцвінскую памяць
I даражэй за жыццё
сваю мову крывіцкую ставяць.
Каб нам ніякага клопату з імі
пасля перамогі не мець —
Біце цяпер іх, асуджаных
нашай імперскаю воляй на смерць!»
Дык жа і білі! Дзе толькі дастануць —
пускалі нявінную кроў
З кніжнікаў, школьных настаўнікаў,
з мудрых асветнікаў і святароў.
I святароў...
 
 
Ну, а далей – як у казцы:
дзе ўклала гвалтоўная смерць аднаго —
Там трое паўстала – і з духам,
і з верай, і з мовай народа свайго.
Дзе трое нявінных, у муках,
гвалтоўную смерць прынялі —
Там дзевяць паўстала – і з духам,
і з верай, і з мовай бацькоўскай зямлі.
Дзе дзевяць гвалтоўнаю смерцю паклалі
на доле, палітым крывёй, —
Там сотня паўстала – і з духам,
і з верай, і з мовай Краіны сваёй.
Дзе сотня гвалтоўнаю смерцю лягла —
там паўстаў, там падняўся народ, —
I духам, і верай, і мовай —
крывіцка-ліцвінскі на тысячы год!
 
 
Чаго ж дасягнулі забойцы?
Вечнае ганьбы сабе.
 
 
Сакавік 2008 г.
 

За што? I – дакуль?


 
I ўсё ж: за што, сусед, за што
Ты так не любіш і не церпіш,
Што аж гатоў дашчэнту сцерці,
Душы крывіцкай хараство, —
Яе святло, што ззяе ў мове,
У кожным гуку, кожным слове,
Развой яе нязводных дум,
Яе адвечны смутак-сум,
Яе любоў і міласэрнасць,
Яе язычніцкую вернасць
Сваім багам, сваёй зямельцы,
Сваім сцягам, сваёй сямейцы?
За што ж ты так яе, за што —
Ужо не год, не пяць, не сто?
Ні зразумець, ні разгадаць.
І краю здзекам – не відаць.
 
 
Але ж і мы! Дакуль мы будзем
Над нашым Словам гвалт трываць?
Дакуль дадзім гнясці-трымаць
Душу крывіцкую ў астудзе?
Ці не пара, ці не пара
Паклікаць з кожнага двара
На Ўсекрывіцкі Сход пасла —
Тысячакроць каб узрасла
Сілішча нашай грамады,
Каб мову – сімвал нашай волі
Навекі вызваліць з бяды,
Каб аніхто ўжо і ніколі —
Ні хан, ні хам, ні сват, ні брат
Не смеў яе за горла браць!
 
 
Сакавік 2008 г.
 

І я дарую вам...

А болей. Што ж там болей?..

Янка Купала
 
Калісь, гадоў таму ўжо трыццаць сем,
Паддаўшыся Сатыравай спакусе,
Я напісаў найшумную з паэм
У творчым летапісе Беларусі.
 
 
Паэме выпаў незвычайны лёс:
Як бомба, выбухнула неспадзеўна,
I гэны выбух у шматкі разнёс
Завалы афіцыйнага нудзення.
 
 
Яе чыталі нават тыя ўсе,
Хто не чытаў ніякіх вершаў зроду.
Жывое слова ў сіле і красе
Прыйшлося вельмі дадушы народу.
 
 
Дасюль паэту ўдзячны просты люд.
Але ж на тое мы і самі творцы,
Каб годнае імя ўкачаць у бруд.
А дзе ж дзявацца ад прыроднай корці?
 
 
I прычапілі дабрадзеі хвост
Да справы чыстай, яснай нават дзецям.
Такі хвасцішча, што і на пагост
За мной пацягнецца – і ўсё смярдзецьме.
 
 
Ну, што ж! Нам іншай долі Бог не даў.
Такія мы. Але й па ўздых апошні
Я цвердзіць буду, хто б ні спавядаў:
Усякі быў мой верш, але не пошлы.
 
 
Яго мне вера ўберагла мая.
Таму і ведаю, чыёю воляй
Я мушу ўсім вам дараваць. I я
Дарую вам. «А болей. Што ж там болей?..»
 
 
Сакавік – красавік 2008 г.
 

Размова з памяццю


 
Што ты мучаеш, памяць, мяне —
Так бязлітасна, так неадчэпна?
Я тапіў цябе ў ярым віне —
Не ўтапіў. Хоць і піў невычэрпна.
 
 
Дні і ночы работай душыў
Дух і плоць – каб не даць табе волі,
Каб не ўзняўся з прадоння душы
Скрушны боль, што не знае патолі.
 
 
Толькі ўсё, што рабіў і раблю,
Каб на церні былога забыцца, —
Марны клопат. Люблю – не люблю,
Мне прысудаў тваіх не пазбыцца.
 
 
Кожны зрыў кожны крок за «сцяжкі»,
Кожны прыкры нязлосны правінак
Ты караеш, як грэх найцяжкі,
Як віну перад Маці-Краінай.
 
 
Што ж так мала вяртаеш ты мне
З перажытага сонечна-шчасна?
Светлячком уначы прамільгне
Згадка-радасць і тут жа пагасне.
 
 
I ты зноў чарнатой, гаркатой
Напаўняеш усе мае думы.
Шчырым хростам самой Прасвятой
Я малю: сунімі свае тлумы!
 
 
Дай мне светла з табою дажыць —
З тым усім, чалавечна-прыгожым,
Чым я ўсё-такі ўмеў даражыць —
Насупор цемрасілам варожым.
 
 
Сакавік 2008 г.
 

    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю