Текст книги "Галасы на вадзе (на белорусском языке)"
Автор книги: Николай Водоносов
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)
Водоносов Николай
Галасы на вадзе (на белорусском языке)
Мiкола Ваданосаў
Галасы на вадзе
Сёлета я зноў быў на родных берагах. Схаваўшыся ў густым лазняку, сядзеў з вудамi i слухаў галасы, што даносiла здалёк iмклiвая плынь ракi.
– Добры дзень, гусiная мацi! – чуўся грубы мужчынскi голас. – Што ж ордэн не носiш? Няхай глядзяць гусi, якая ты ў iх заслужаная.
– I заслужаная! Папрацавала як след на адным месцы, дык i з ордэнам. А ты за лёгкiм хлебам ганяўся, дык без кашулi i застаўся!..
– Хопiць табе ўжо, Лiда... Перадай старшынi, што я згодзен адрамантаваць тую машыну, якая сапсавалася...
– Дык жа яе ўжо рамантуе наш Васiль!
– А як цяпер я?
– Як сабе хочаш... I не стой тут, Стась, калi ласка, я табе не дарадчыца.
– Баiшся мужа?
– Цябе... не хачу бачыць.
– Нешта хутка забылася.
– Добрыя людзi памаглi...
Усмiхаюся ў сiвыя вусы i ўспамiнаю былое, далёкае i нядаўняе. Вось яно...
Толькi той, хто гадзiнамi не сядзеў з вудамi каля сапраўднай ракi, не ведае, як далёка чуваць галасы на вадзе. Я ж даведаўся пра гэта яшчэ ў дзяцiнстве.
Добра памятаю той цiхi летнi адвячорак. Тады мы з Пятром, сынам нашага суседа Альшэўскага, вудзiлi каля Сомавай завадзi акунёў i праз нейкую дробязь паспрачалiся. Хлопец ён быў, як i ўсе Альшэўскiя, ганарлiвы, але бязвольны. Адразу надзьмуўся, хуценька сабраў свае вуды i пасiгаў прэч. Я-то ведаў, што пасля ён будзе шкадаваць аб гэтым, але не вярнуў таварыша – няхай пазлуецца.
Рака ў тым месцы працякала борам, што навiс над высокiм абрывiстым берагам. Сiняя смуга плыла над вадой, хоць сонца трымалася яшчэ даволi высока.
Праз гадзiну, калi злосць крыху ўляглася, мы зноў загаварылi.
– Пятро-о! – прымiрэнча гукнуў я сябра.
– Чаго табе? – выразна i гучна, нiбы Пятро быў побач, за кустом, данеслася ў адказ.
– Ну, як у цябе там? Клюе?..
– Трох язёў злавiў... А ў цябе?
– Яршы падышлi, цэлай плоймай.
– Ану iх...
– Можна, я да цябе?
– Хадзi.
I я падаўся. Метраў трыста адмераў па высокiм беразе – няма Пятра. Дайшоў да павароткi ракi, дзе пачыналiся лугi i азёры, а сябра ўсё не вiдаць. "Цi не перабраўся ён дзе на другi бок ракi?" – падумаў я i гукнуў:
– Дзе ж ты, Пятро?
– На Чарнеўскiм лузе... – пачулася ў адказ.
Вось дык гiсторыя! Да Чарнеўскага лугу было яшчэ з паўкiламетра. Я падумаў, што Пятро жартуе, але не. Калi праз паўгадзiны блуканняў апынуўся зноў каля сябра, ён з задавальненнем паказаў мне тоўстых, кранутых пазалотай язёў...
З таго часу мы не раз перагаворвалiся мiж сабой па гэтым незвычайным тэлефоне. А пасля, нiзка схiлiўшыся над вадою, навучылiся слухаць i разумець нашу цудоўную, iмклiвую Бярозу-раку. Яна нам спявала далёкiмi галасамi дзяўчат, што ўбiралi на лугах сена, грымела нябачнай навальнiцай, шумела схаваным за даляглядам дажджом...
Адышло ўсё з доўгiмi гадамi, забылася. Нiколi не вернецца больш тое маленства, але не раз я сам вяртаўся ў думках да яго. I як прыемна было прыехаць у родныя мясцiны, дзе па-ранейшаму схiлялiся над вадою дрымоткiя вольхi ды бронзай адлiвалi на сонцы пясчана-глiнiстыя абрывы берагоў, прасвiдраваныя вёрткiмi ластаўкамi-беражанкамi.
I вось аднойчы я зноў слухаў галасы на вадзе.
Было гэта тры гады назад. Як i некалi, я сядзеў ля былой Сомавай завадзi i не спускаў вачэй з паплаўка. Азярына, дзе калiсьцi рыбакi лавiлi самоў, цяпер ужо зарасла дрыгвянiстым балотам, па якiм велiчна, па-гаспадарску аглядаючы дол, хадзiлi ў высокай траве чырванадзюбыя буслы ды недзе, на колiшнiм глыбокiм дне, няспынна, нiбы яго рэзалi, крычаў вадзяны бык.
I раптам да мяне данеслася песня, якая ўскалыхнула, абудзiла душу.
Ой вы, гусi, мае гусi,
Што паснулi на вадзе?
Вы не ведаеце мусiць,
Што каханы сюды йдзе.
Спяваў прыгожы задорны дзявочы голас. Я адразу пазнаў Лiду, самую малодшую з сям'i Альшэўскiх, якую ўсе называлi Лёдзяй.
Памятаю яе, малую, хударлявую, цiхую дзяўчыну з вялiкiмi светлымi вачамi i чырвонымi, як вiшнi, прыпухлымi вуснамi.
Цяпер Лiда высокая, стройная, нiбы тая лань, i надзвычай прыгожая. Яна падобна на мацi i аблiччам i характарам – ганарлiвая, але спагадлiвая. Цяжка было здагадацца, як ужывалiся гэтыя супрацьлеглыя рысы ў характары Альшэўскiх. Але кожнаму ў нашым сяле было вядома – многа пакут прыносiлi яны гэтай сям'i, многа непрыемнасцей...
Чамусьцi радасна i лагодна стала на душы ад гэтага голасу. Такое было адчуванне, быццам сядзiць яна, мая маладосць, побач i шчыра размаўляе са мной.
Успомнiлася i тое, як заляцаўся я да Стэфы, Лiдзiнай маткi, як прагнала мяне, мужыка, ганарлiвая шляхта, калi я адважыўся пайсцi да бацькоў прасiць благаславення жанiцца са Стэфай...
– Добрай ранiцы, Лёдзя... – раптам пачулася здалёк.
– Ой, напалохаў! Ледзь у раку не звалiлася...
– А ты не садзiся на самым краi.
– Калi ж тут так прыгожа! Глядзi – i лес, i луг – усё вiдаць...
– Неблагi камандны пункт выбрала, але ведаеш што...
– Ну, што?
– У лагчыне вунь там было б лепш. Кусты, зацiшак... Цалуйся колькi хочаш, нiхто не ўбачыць!
– Зноў налiзаўся i вярзеш абы-што... Ты абяцаў не пiць.
– Я ж адну слязiнку!
Чый гэта голас? Я ведаў усiх хлопцаў з нашага сяла, кожнага мог пазнаць па голасе, а гэта, быў зусiм незнаёмы...
На левай вудзе кратаўся паплавок. Раз, другi, трэцi... Потым паплавок нырнуў на дно, а я, стары рыбак, нават не зварухнуўся. Грэх прызнацца, але ў маёй душы ажыло нешта падобнае на рэўнасць. Так некалi, гадоў дваццаць пяць назад, я раўнаваў Стэфу да другога. Цяпер жа, сустрэўшы Лiду, я жыў светлымi ўспамiнамi мiнулага i быў шчаслiвы. Яна, так падобная да маткi, нагадала мне лепшыя днi нашага кахання. Я любаваўся жвавасцю, захапляўся прыгажосцю гэтай дзяўчыны i не жадаў, каб нехта трэцi станавiўся мiж намi, як i тады, калi быў сапраўды малады.
Хто ён, шчаслiвец, якога пакахала такая дзяўчына? Мне хацелася кiнуць вуды i, падкраўшыся, зiрнуць на яго з-за куста.
– Досыць табе, смоўж! – данесла вада прыглушаны голас Лiды. – Сядзь пагавары, як чалавек...
– Баiшся, каб не злiнялi вусны?
– Людзi ўбачаць...
– Не дзяўчынка ж ты... Дваццаць пяты стукнула! Чуеш, гусятнiца... Дваццаць тры – замуж пры! А табе дваццаць пяты...
– Я не гусятнiца.
– А хто ж?
– Твая мацi кароў даглядае. Дык яна, па-твойму, кароўнiца? Ды адчапiся ты, стыднiк!..
Два днi я хадзiў злосны, на прывiтаннi Лiды адказваў ледзь прыкметным кiўком галавы. А раз нават зусiм не адказаў. I мне здалося, што дзяўчына зразумела прычыну маёй раптоўнай непрыязнi, бо ўжо на трэцi дзень да Сомавай завадзi даляцела яе гучнае слова "адчапiся". Але цiшэй Лiда сказала:
– Дай табе волю, дык...
– Баiшся?
– Баiшся... Нiчога я не баюся, але... Хiба ў гэтым каханне? Эх, Стась, п'яная ты галава! За што я цябе люблю?..
Дык вось каго пакахала Лiда! Стась... Станiслаў Лiс, "хлопец з апошняга хутара..."
Памятаю яго бацьку. Гэта быў высокi рудабароды дзяцюк з прыплюснутым носам, высокiм аголеным iлбом i пранiклiвымi, хцiвымi вачамi. Непрыгожы i ваўкаваты чалавек, ён праз два месяцы пасля смерцi жонкi ўзяў сабе ў хату даглядаць дзяцей маладзенькую, цiхую сiрацiну Гэльку, дачку леснiка Iгната. Той да таго спiўся, што аднойчы знайшлi яго ў лесе мёртвым...
Беднае дзяўчо! Двое чужых дзяцей яна гадавала сабе на гора. Колькi здзекаў сцярпела яна ад iх пасля – нi адна душа б не вытрымала.
А праз год Гэлька нарадзiла першую дачку i, такiм чынам, стала прызнанай жонкай Лiса.
Не быў той чалавек у калгасе нi дня. Жыў выключна з лесу. А ў вайну пабудаваў сабе на леснiковай сялiбе новую хату i перабраўся туды, на хутар, далей ад людскога вока. Ноччу краў на полi, днём – у лесе. Але жыў усё роўна бедна...
Памятаю, зарослы, як мядзведзь, Лiс плаксiвым голасам гаварыў нам:
– А браточкi вы мае! Ды куды мне ў партызаны? Сямёра дзетак ды вунь восьмае, бог дасць...
Гэлька – худая, замучаная працай жанчына з вялiзным жыватом – упраўлялася каля печы, а вакол яе, басаногiя i брудныя, нiбы тыя птушаняты, наперабой пiсклявiлi малыя:
– Мне-е, персы блiн!
– А вот – мне...
– Мне-е...
Не жыў Лiс, як людзi, i памёр па-воўчаму...
У нябожчыка леснiка было ў лесе многа пчалiных калод на дрэвах. Аднойчы восенню задумаў Лiс паласавацца мёдам, але не так, як гэта робяць людзi, а па-звярынаму. Скiне калоду на зямлю, загубiць пчол i абрабуе вулей да апошняга. Ды на трэцiм дрэве завяз так, што ледзь знялi яго. Гэта было страшнае вiдовiшча...
Метраў на пяць ад зямлi хвоя раздвойвалася. Гонкiя два ствалы былi нацэлены ў самае неба, i там, мiж верхавiн, чарнелi аж дзве калоды. Як здарылася, што здаравенны дзяцюк трапiў галавой мiж ствалоў, нiхто не бачыў i не ведае.
Лiс вiсеў, абхапiўшы рукамi i нагамi шурпаты камель сасны, а галава яго звiсала з другога боку. Здавалася, ён задушыўся ў той момант, калi рабiў апошняе намаганне, каб вызвалiць галаву з пасткi, якую ўгатавала яму сама прырода. Ды так i не вызвалiў. Трое мужчын ледзь здолелi разняць яго здубянелыя рукi i ногi...
А мо былi суддзямi над тым жорсткiм чалавекам самi пчолы, як гаварылi пасля ў сяле? Твар Лiса распух, але цяжка было сказаць, што прычынай гэтага было маленькае чорнае джала, якое паказвалi тады адзiн аднаму людзi...
Я не любiў Станiслава. Ён нагадваў бацьку i выклiкаў у мяне непрыемную асацыяцыю. Ад адной думкi, што гэты хлопец сядзiць на беразе побач з прыгажуняй Лiдай, бура пратэсту паднялася ў маiх грудзях. Я ўспомнiў Стэфу. Яе дачка такая ж бязвольная, як i яна. Дык няўжо i яе напаткае лёс мацi?..
– Паедзем адгэтуль, Лёдзя, – сказаў ёй неяк Станiслаў. – Навошта табе, маладой, гiнуць тут, ля гусей?
– Адчапiся, нiкуды я не паеду. I цябе не пушчу, Стасiк. Браў бы вунь машыну ды, як людзi... Учора яшчэ адну новенькую прыгналi. Глядзi – i на гэтую шафёр знойдзецца.
– Ха! У наш век спадарожнiкаў i касмiчных караблёў ды працаваць у калгасе? Смяешся ты... Я – шафёр першага класа! Мне легкавушку падавай, вось як!..
– Хочаш пакiнуць мяне?
– Прыедзеш услед...
– Не паеду я, Стась.
– А я зраблю так, што паедзеш!..
– Стыднiк... Стась! Пусцi, Стась... Што ты робiш, здурнеў?.. Пус...
Напружана ўслухоўваюся ў цiшыню – больш нi гуку. Што за лiха? Чаму яны не гавораць? Было такое ўражанне, быццам усё, што чуў дагэтуль, здалося. "Ну, гаварыце, гаварыце ж вы там!" – хацелася крыкнуць мне. I не ў сiлах больш стрымаць свайго трывожнага нецярпення, хуценька сабраў вуды i падаўся да павароту, дзе, як я ведаў, была тады Лiда...
Дзяўчына сядзела, звесiўшы з абрыву босыя загарэлыя ногi, i адзiн за адным кiдала ў ваду каменьчыкi, якiх багата валялася на пясчаным беразе. Твар сумны, задумлiвы. Станiслава побач не было. Цi прыходзiў ён наогул? Гледзячы на дзяўчыну, на яе старанне пацэлiць каменьчыкам у жука, якога закруцiў вiр, цяжка было сказаць што-небудзь пэўнае.
– Дзень добры, Лiда! – памятаючы, як далёка чуваць галасы на вадзе, цiха прывiтаўся я.
Яна ўзняла галаву i ажыўлена адказала:
– А-а, дзядзька Мiкола! Дзень добры... Я вас бачыла. Вуу-нь там, каля Сомавай затокi вудзiлi. Усяго тры акунi? Чаму так мала?
– Не бярэцца сёння...
Я не ведаў, як трымаць сябе, аб чым гаварыць. I ўжо шкадаваў, што паспяшыў з вынiкамi.
У гэты момант пачуўся плёск, нiбы хто кiнуў у раку камень.
– Знайшоў! – радасна ўсклiкнула Лiда i, развёўшы рукi, паказала: – Вось такая галава! Яна схапiла жука...
– А вось мы зараз зловiм такую галаву! – рады выпадку пабыць з Лiдай, сказаў я i з небывалай жвавасцю для маiх год пачаў вудзiльнам збiваць з нiжнiх галiн бярозы майскiх жукоў. Яны падалi на зямлю, як нежывыя, – санлiвыя i лянiвыя.
Зняў з вуды тонь, пачапiў на кручок за жывоцiк жука, закiнуў на сярэдзiну i сеў побач з Лiдай.
Яна зiрнула туды, гарэзлiва кiнула каменьчыкам у жука.
– Э-э, так мы нiчагусенькi не зловiм, – усмiхнуўся я, бясконца рады добраму настрою Лiды.
– Зловiм... Я тут заўсёды што-небудзь кiдаю ў ваду ад свайго полудня. Рыба прывыкла: як кiнеш – адразу ляцiць навыперадкi...
Лiда зноў кiнула каменьчык. I дзiва! Амаль у тую ж хвiлiну з цiхiм плескам жук схаваўся пад вадою. Папускаў, пакуль вуда не нацягнулася, як струна. Рыбацкi азарт вярнуўся да мяне...
– Падай падсак, Стэфа!
I вось ужо тоўсты прыгажун язь трапечацца на гарачым пяску.
– Вы назвалi мяне Стэфай... Чаму? – раптам спытала Лiда, уважлiва паглядзеўшы на мяне глыбокiмi, цiкаўнымi вачамi, нiбы iмкнучыся разгадаць маю думку.
– Ты проста вельмi падобная на мацi... Вось дык лiха! Як гэта я загаварыўся? Нават давялося крыху пачырванець.
– Мама, кажуць, была вельмi прыгожай. Цi праўда?
– Ого!..
– А цяпер... Няўжо i я такая калi-небудзь стану?
У глыбокiм задуменнi Лiда падняла рыбiну з зямлi i дзьмухнула ў адкрыты рот. Язь нiбы ачнуўся ад сну, пачаў кiдацца i вырваўся з рук дзяўчыны.
– Дык ты вазьмi язя на вячэру. Недарма ж адкармiла такога!
– Дзякую... Ён, мусiць, кiлаграмы са два будзе.
– Дзiва што...
Чаму назваў яе Стэфай...
...У той незабыўны лiпеньскi вечар, калi "пан" Альшэўскi спусцiў на мяне з ланцуга сабаку i, такiм чынам, назаўсёды адрэзаў шлях у iх дом, я зразумеў, што Стэфа нiколi не будзе маёй...
У прызначаны час, калi стары ўжо спаў, яго дачка сядзела са мною ў лодцы. Калi б я тады сказаў Стэфе прыйсцi на могiлкi, ад аднаго ўспамiну аб якiх дзяўчыну ахоплiвала жудасць, то яна, не задумаўшыся, прыйшла б...
Мы плылi па азёрах у млечным тумане цёплай ночы i абое маўчалi. Прыгожая была тая ноч! Дзiўны светла-блакiтны месяц ныраў мiж белых хмурынак; лёгкi вецер шапацеў лiсцем ракiт на берагах, пахла сенам, насцеленым у лодцы; як нiколi, энергiчна i гучна квакалi жабы; дзесьцi цяжка прапыхкаў буксiр, цягнучы ў вярхоўе нагружаныя баржы...
– Усё роўна не пайду за Пятра! – раптам парушыла маўчанне Стэфа. – Лепш у вiр галавою...
Дык вось што! Стэфу, значыць, сабралiся выдаць замуж па старому звычаю за каго хочуць бацькi...
– Чаму маўчала дагэтуль? – са злосцю спытаў я.
– Баялася...
– Цяпер пасмялела...
Шкада мне было дзяўчыны. Я-то ведаў, што кахала яна шчыра, аддана, i варта было мне адважыцца, як Стэфа адразу стала б маёй...
Доўгая была тая ноч i вельмi кароткая. Колькi думак, колькi хваляванняў дала яна мне – i нi кроплi смеласцi!
– Аддадуць цябе за таго... Пятра, – уздыхнуў я перад самым свiтаннем. Дзiкiя законы ў вашай праклятай шляхты!
Стэфа прыпала тварам да маiх грудзей i шапнула:
– А мы абыдзем тыя законы...
Гарачая, трапяткая, бязвольная, яна закiнула галаву i заплюшчыла вочы чакала...
– Стэфа, Стэфачка... любая!
Яе бледны ад месячнага святла твар на ўсё жыццё застаўся ў маёй памяцi...
Больш я Стэфу не бачыў.
Яна не кiнулася ў раку, а жыла сабе з невядомым мне Пятром недзе ў другiм месцы. Ды жыла нядоўга: ужо на трэцi год, як я пасля даведаўся, Стэфа вярнулася ў наша сяло ўдавою, з дзяўчынкай на руках, Лiдай...
...Лiда пайшла адганяць ад пожнi гусей. Колькi iх тут? Пэўна, некалькi тысяч. Яны вунь i на азёрах, як вялiзныя белыя лiлii, яны i на лузе бялеюць, нiбы купiны, пакрытыя снегам, яны аж пад лесам, у хмызняку – усюды!
Гляджу на яе хаду, постаць i жыву яе маладосцю.
Да чаго ж здорава, да чаго шчодра надзялiла прырода гэты куток! Моцна, аж галава кружыцца, пахне лугавымi краскамi. I адзiная хатка бакеншчыка на беразе, дзе я спынiўся на адпачынак, i стромкi бор, за якiм схавалася наша сяло, i рака з яе незлiчонымi азёрамi мiж бясконцых лугоў, i сiняе неба над галавою – усё тут адметнае, асаблiвае, бо хвалюе яно мацней, чым любыя iншыя мясцiны, якiх нямала ў жыццi мне давялося пабачыць.
Лiда вярнулася з вялiкiм букетам.
– Буду плесцi вянок, – сказала яна, усеўшыся побач.
Сорамна старому чалавеку глядзець на прыгожы твар, на ружовыя вусны i светлыя, iскрыстыя, нiбы тыя азёры, вочы маладой дзяўчыны, але побач з Лiдай я забываўся на свае гады, на сiвiзну скроняў, на глыбокiя барозны, што пакiнуў на лбе няўмольны гаспадар i ўладар нашага жыцця – час...
– Не надакучыла табе, Лiда, адной з гэтымi гусьмi? – асцярожна спытаў я.
Дзяўчына задумалася.
– Як сказаць, дзядзька Мiкола... Яно-то хочацца да людзей, з людзьмi... i раптам: – Прывыкла я. Вось выганю гусей да ракi i забудуся, што адна. Вы не смейцеся, але я з iмi нават размаўляю iншы раз... I з сонейкам размаўляю, i з ракою...
– А я не смяюся. Сам люблю з прыродай пагаварыць.
– Праўда? – загарэлiся вочы дзяўчыны. – Гэта невялiкi грэх, можна?
– Размаўляць можна. Размаўляйце. Толькi волю яму не давай, а то i да граху недалёка...
Я не мог гэтага не сказаць. Няхай ведае, што я ўсё чуў. Папярэдзiць, адгарадзiць гэтую крыштальную чысцiню ад усяго бруднага раптам стала для мяне неадхiльным клопатам.
Лiда адразу збянтэжылася, потым апусцiла галаву, абмякла.
У сваёй бездапаможнасцi яна апярэдзiла матку. "Пойдзе за Станiславам, за тым рудым чортам, на ўсё адважыцца, бо кахае яго. На пагiбель сваю кахае!" – у злосцi думаў я, чакаючы адказу.
Лiда раптам узняла галаву.
– А вы людзям не верце. Станiслаў прыходзiць сюды, праўда, але так, пагутарыць...
Добра, што Лiда падумала так, а не iнакш. Тады б яна не стала гучна размаўляць з каханым i я не меў бы больш магчымасцi слухаць галасы на вадзе.
Я знарок паглядзеў дзяўчыне ў твар i ледзь стрымаўся, каб не папракнуць яе.
Лiда зразумела мой позiрк i зноў апусцiла галаву.
– Кахаю я яго... – нiбы ў апраўданне, цiха сказала яна. У гэтым голасе было ўсё: пакорлiвасць, роспач i боль спакутаванай душы. Трэба было што-небудзь адказаць, суцешыць, дапамагчы добрым словам, парадай...
– Калi ён не пойдзе ў калгас, не стане, як усе людзi, дык i блiзка не падпускай да сябе, а то... – Я падняў з зямлi змяты сiнi званочак i, паказаўшы на кветку, дадаў: – Глядзi! Была кветка прыгожай, вабiла – ты сарвала яе. Цяпер вось кiнула. А таму, што неасцярожна абыходзiлася з ёю, не шанавала прыгажосцi...
Дзяўчына збялела. Вялiкiя светлыя вочы глянулi на мяне з мальбой i страхам, нiбы прасiлi лiтасцi. Адмоўна пакруцiўшы галавою, Лiда раптам закрыла рукамi твар i глуха прагаварыла:
– Нiколi... Цяпер-то ўжо хай лепш едзе...
Я зразумеў, як цяжка ёй было сказаць тыя словы! I маўчаў, бо ведаў, што ўсякая гаворка будзе лiшняя. А калi душэўны боль у дзяўчыны сцiх, бура ўляглася, мы, як добрыя сябры, цэлы адвячорак гаварылi пра гусей i рыбу. Я нават памог Лiдзе загнаць яе незлiчонае "белае войска" на птушнiк. А на развiтанне аддаў да язя яшчэ i акунёў.
– Хай мацi дома юшкi наварыць... Без акунёў яна, як чай без цукру, нiкуды не вартая!
Некалькi дзён пасля гэтага я з прыемнасцю слухаў песнi, якiя спявала на сваiм "камандным пункце" Лiда. Яны былi нейкiя задумлiвыя i сумныя. Мо таму, што Станiслаў больш да яе не прыходзiў.
...Больш маiм каханнем
Ён не даражыць,
Як жа да свiтання,
Людзi, мне дажыць?
Пасмяюцца людзi
Над чужой бядой...
Ой, баляць мне грудзi,
Баляць маладой!..
I чым больш мiнала дзён, тым сумнейшыя былi песнi. "Нiчога, – супакойваў я сябе. – Пройдзе час – забудзецца, пакахае другога, дастойнага..."
Ды аднойчы падвечар...
– Гвардзейскае прывiтанне камандзiру войска белага! – данёсся па вадзе п'яны голас Станiслава.
– Ой, Стасiк!.. Прыйшоў... Думала, што паехаў не развiтаўшыся. Я тады была надта жорсткая, праўда?
– Кусалася як сем д'яблаў!
Цi варта гаварыць, як хваляваўся я, седзячы за паўкiламетра ад Лiдзiнага "КП"? Хiтры Стась дзейнiчаў разумна, разлiчана. Ён прыйшоў у самы крытычны момант, калi дзяўчына, можа, больш за ўсё яго чакала...
– Ты сёння, бачу, вясёлая. Цi не закахалася ў каго?
– Учора мне аванс налiчылi. Падумаць толькi – шэсць тысяч рублёў! Сама бачыла ў ведамасцi...
– Здорава!
– Гэта мне гусi на сваiх крыллях прынеслi... На лета яшчэ большую чараду вазьму! – i заспявала: – "Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець..." Не лезь! Прымi рукi... Хоць раз бы пасядзеў, як чалавек.
– Ты пачакай заўчасна радавацца! – перапынiў яе грубы голас. – Хоць я i не веру, але... ходзяць чуткi, што тваё войска без баёў радзее. Чакай рэвiзiю...
– А я не баюся. Хоць дзесяць рэвiзiй! Ад няма чаго рабiць ходзiш па сяле ды плёткi збiраеш. Новую машыну бачыў?
– Бачыў... Гной на поле вазiць – не мая спецыяльнасць. Ты кахала б мяне, бруднага?
– Кахала б...
– Сядзь блiжэй, Лёдзя... Мая дзiкуначка. Я цябе ў горад павязу, пасмялееш...
– Ой, пусцi руку-у! Стыд...
Голас Лiды абарваўся. I разам з iм абарвалася штосьцi ў маiх грудзях, у сэрцы, якое зведала на сваiм вяку многа трывог i хваляванняў, ды не балела так, як у той вечар. Першай думкай было – бегчы. Бегчы туды i штурхнуць паганага Лiса ў халодныя струменi ракi, але... "Хай гэта будзе ёй выпрабаваннем! Няўжо маё слова не запала дзяўчыне ў душу, не ўзрасло новым коласам?" – з халоднай разважлiвасцю раптам падумалася мне. Прыпаў да вады i слухаў. Маўчала рака. Толькi недалёка цiха булькала крынiчка i да хрыпаты надрываўся недзе драч...
Колькi прайшло таго напружанага, поўнага чакання часу, я не ведаў. Можа хвiлiна, а можа i дзесяць. Раптоўна, як пераможны клiч, нарэшце данёсся па вадзе спакойны голас Лiды:
– Не, даражэнькi... Не рваць табе кветак на калгасным лузе...
Мне лёгка ўздыхнулася.
З усмешкай выкiнуў на бераг вуды i, зняўшы з кручкоў двух паласатых акунёў, пусцiў iх назад у раку. Стаяў на беразе i ўсмiхаўся цудоўнаму вечару, што прынёс у сэрца радасць.
– Я паеду заўтра... Адрас ты ведаеш, – данёсся грубы Стасеў голас. Бывай...
I нi слова ў адказ.
Толькi не маўчала Бяроза-рака. Цi то проста здавалася, цi то дзе бiлiся ў тугi бераг шумлiвыя хвалi, але нешта вельмi падобнае на стрыманы плач доўга чулася мне...
– Гыля!.. Гыля, каб вас каршун пабраў...
Толькi пасля гэтых Лiдзiных слоў я здагадаўся, што яна плакала, ды радасць мая ад таго не зменшылася: жанчынам абавязкова трэба выплакаць сваё гора цi крыўду. Тады яны становяцца больш моцныя душою...
Лiда пагнала гусей дамоў раней, чым заўсёды. А назаўтра ўжо чуўся ля ракi другi голас. Вясёлыя, задорныя прыпеўкi рэхам адгукалiся ў бары. Толькi яны не бадзёрылi мяне. "Што здарылася з Лiдай? Няўжо яна сапраўды паехала за Станiславам?" – непакоiлi цяжкiя думкi. I я вырашыў аб усiм дазнацца.
Закiнуў на дзень свае вуды i ранiцою наступнага дня пайшоў у кантору калгаса. Старшыня, мой аднагодак i сябар дзяцiнства Лявон Грыб, паведамiў няўцешную навiну: рэвiзiя ўстанавiла недахоп цэлай сотнi гусей... З Лiды ўтрымалi грошы i не дапусцiлi да працы.
Адразу прыгадалiся словы Станiслава, якiм раней я не надаў асаблiвай увагi: "Ты пачакай заўчасна радавацца... Ходзяць чуткi, што тваё войска без баёў радзее". Чаму ён гэтак гаварыў? Мусiць, ведаў, што радзее...
– Слухай, Лявон, – строга зiрнуў я на старшыню. – Тут штосьцi не так. З вывадамi пачакай: Лiда не вiнавата.
– Нехта ж ды вiнават, што прападалi гусi!
– Вось iменна – нехта. Яго трэба знайсцi i пакараць!
– А калi iх лiс пахапаў?
– Трэба пакараць лiса...
Старшыня засмяяўся:
– Злавiць i з жывога садраць шкуру – гэтак?
– Аддаць пад суд, – зусiм сур'ёзна адказаў я. – Маю на ўвазе Лiса Станiслава...
Тут жа расказаў Лявону аб сваiх меркаваннях: Станiслаў, "хлопец з апошняга хутара", пацягаў гусей. Разлiк быў просты: i сабе прыбытак, i Лiдзе – бяда.
– Незразумела... Чаму гэта ён, кахаючы дзяўчыну, хацеў ёй бяды? – пацiснуў плячамi старшыня.
– Каб яна кiнула гусей, калгас i паехала з iм... Стась жа прыходзiў на бераг кожны раз п'яны. Значыць, меў i хаўруснiка, каму збываў калгаснае дабро!..
Падахвочаны маiмi доказамi, Грыб згадзiўся пайсцi на хутар.
– Колькi разоў збiраўся перавезцi тое гняздо ў сяло, ды ўсё нiяк не выпадала... Дабяруся-ткi, хоць позна! – гаварыў ён, шпарка шыбуючы па пыльнай дарозе i ўздымаючы з сiвога падарожнiка цэлыя хмары конiкаў i дробных казюлек.
Поле клiнам уразалася ў лес. Мы iшлi мiж высокага жыта, над якiм няспынна, як гiмн шчодрай зямлi, лiўся спеў жаўранкаў. Белыя хмурынкi, нiбы намаляваныя на блакiтным палатне неба, нерухома вiселi над зямлёй. Хутар сустрэў нас свежым подыхам лiсця i цiшынёю.
– Прыгожы куток! – у захапленнi ўсклiкнуў я, адчыняючы рыпучую фортку на двор, абгароджаны свежым жардзём.
Намнога маладзейшая за нас, сiвенькая i згорбленая, Гэлька адразу здагадалася, чаго мы прыйшлi. Нi слова не прамовiўшы, яна паказала рукою на невялiчкi стары хляўчук, што стаяў наводшыбе, у самым бярэзнiку.
Замест дзвярэй уваход быў застаўлены некалькiмi бярозавымi колiкамi. Мы раскiдалi iх i пад цiкаўным позiркам гаспадынi ўвайшлi ў хляўчук...
– Бачыш? – спытаў я ў Лявона, паказаўшы на вялiкага рудога сабаку. Ён спакойна стаяў пасярод хлеўчука, дол якога быў усланы гусiнымi галовамi, i ветлiва, нiбы старым сябрам, ляпаў па баках тоўстым, злiнялым хвастом.
Пасля Гэлька расказала, што Станiслаў амаль штодня прыносiў цэлыя мяхi забiтых гусей i вечарамi цягаў iх на могiлкi, дзе ў кляновым гаi стаяў асабняк "святога айца" Нiкадзiма, мясцовага папа. Грошай яна не бачыла, але сын амаль нiколi не быў дома i прыходзiў заўсёды п'яны...
– Дык чаму ж вы маўчалi? – спытаў я.
– Ён гаварыў, што купляе на папоўскiя грошы ў сяле... I пагражаў, калi скажу каму, звярнуць шыю, – цiшэй дадала жанчына.
– У лесе жыў – воўкам вырас, – панурыўшыся, сказаў старшыня. – Збiрайся, Гэлька, у сяло! Перавязём твой хутар за дзень.
– Хоць сёння, старшынька! – загарэлiся вочы гаспадынi. – Абрыдла мне тут адной...
Услед за Станiславам у горад паляцела паперка з раённага аддзела мiлiцыi...
А на рацэ зноў чуўся голас Лiды, i мне часам здавалася, што ўсё перажытае за гэтыя днi было кароткiм, непрыемным сном.
Я па-ранейшаму вудзiў каля Сомавай завадзi акунёў i слухаў галасы на вадзе. Яны былi знаёмыя, жаданыя.
Радасцю поўнiлiся грудзi ад думак, што цяпер ужо мой адпачынак будзе сапраўдным, нiшто не парушыць яго. Ды жыццё наша ўсё i складаецца з трывог i хваляванняў. Iнакш i жыць было б нецiкава!
Аднойчы вечарам, як заўсёды, бадзёры i радасны, малады душою, вяртаючыся ў хатку бакеншчыка, я заўважыў у ценю вiшнi Стэфу.
Прызнацца, я вельмi баяўся спаткання са Стэфай i як толькi мог асцерагаўся выпадковай сустрэчы з ёю, хоць нiякай вiны перад гэтай жанчынай не адчуваў. Прыход яе мяне ўсхваляваў i насцярожыў...
Хударлявая, з бледна-шэрым тварам i рэдзенькiмi сiвымi валасамi, яна неяк сарамлiва ступiла некалькi крокаў насустрач i ўсмiхнулася. На нейкае iмгненне вочы яе загарэлiся жывым агеньчыкам i тут жа згаслi.
– Ну, здароў быў, Мiкола!..
– Вечар добры, Стэфа, – як мог лагодна прамовiў я i пацiснуў халодную жылiстую руку. – Як жывеш, хвалiся. Табе сёлета, здаецца, пяцьдзесят стукнула?
– Зайшоў бы калi, пацiкавiўся. Цi дарогу забыўся? – не адказваючы на пытанне, загаварыла яна.
– Баюся, што зноў сабаку спусцiце, шляхта недаткнентая! – жартаўлiва адказаў я, ведаючы, што ў нашым узросце нiякiх сардэчных ран ужо не кранеш.
Стэфа засмяялася i махнула рукою:
– Ах, няма ўжо нi шляхты, нi тых сабак... – i раптам спахмурнеўшы: – Цяпер во, чалавеча, людзi, як сабакi сталi... Жартачкi – сто гусей перадушыў, iдал.
Яна з усёй шчырасцю i мацярынскай любоўю гаварыла пра Лiду, якую я выратаваў ад "iдала".
– Ты вярнуў мне дачку, Мiкола... Я ж была згубiла яе.
– Як гэта?
– Паспрачалiся мы з-за таго лайдака Станiслава. Пойдзеш, кажу, за яго – не называй маткай... Дык яна, бач, пакрыўдзiлася i збегла з хаты да Iвана. Плакала, казаў той... А цяпер памiрылiся. Усё цябе ўспамiнае дзень пры днi... Зайшоў бы, га?
– Не кiнулi сваiх шляхецкiх прывычак аддаваць замуж не за таго, каго выбiрае сэрца? Успомнi, Стэфа, сябе, – асцярожна намякнуў я.
– Ты ж сам засцярог яе, Мiкола... Мне Лiда ўсё расказала. Усё – разумееш?
Я разумеў. Глядзеў на Стэфу i думаў: "Засцерагчы дзяцей хiба не наш святы абавязак?"
– Сёння зайду, суседачка, – сказаў я на развiтанне. Потым доўга глядзеў ёй услед. Калi тое было, што яна iшла ад мяне, а я вось гэтак глядзеў ёй услед i слёзы засцiлалi вочы?
I здалося, што згубiў я сваю маладосць i сваё першае каханне толькi сёння...
1959 г.