355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Автор Неизвестен » Беларускiя народныя казкi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 2)
Беларускiя народныя казкi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 12 октября 2016, 06:34

Текст книги "Беларускiя народныя казкi (на белорусском языке)"


Автор книги: Автор Неизвестен



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 5 страниц)

Нiчога не адказаў заяц i пайшоў з поля – ледзь ногi пацягнуў.

А вожык з вожычыхай паклiкалi сваiх дзяцей i пашлi зь iмi на шпацыр.

ЯК Я ГЛЯНУ НА ТВОЙ НОС, ДЫК УСПОМНЮ ПРА СВОЙ ХВОСТ

Жыў сабе на сьвеце бедны селянiн. Яму ў жыцьцi не шанцавала. Гаспадарка ня ручыла, скацiна не вялася, дзецi хварэлi, жонка была сварлiвая i ў хаце быў заўсёды неспакой i звадка. Адно ў яго было шчасьце, што ён быў добры музыка i меў добрую скрыпку. Гэты чалавек любiў лес, поле, асаблiва свой шнюрок збожжа. Як толькi ў яго находзiлася вольная хвiлiна, ён браў сваю скрыпачку, выходзiў за гумно на ўзгорачак, садзiўся на каменьчыку i iграў на сваей скрыпачцы рознымi галасамi. Гукi яго галасiстай скрыпкi разносiлiся па полi, лесе i сенажацi, i адбiвалiся ад лесу цудоўным рэхам. Ён тады забываўся на сваю беднасьць, гора i на сваю язычлiвую жонку.

Аднаго разу, калi ён так iграў, з норкi выскачыла яшчарка. Калi скрьшачка выдавала жаласьлiвыя гукi, яшчарка стаяла спусьцiўшы галаву i слухала, а калi ён iграў вясёлыя танцы, дык яшчарка танцавала i датуль скакала, пакуль музыка ня пераставаў iграць, а за добрую iгру кажны раз яшчарка выплёўвала чырванца, ветлiва кланялася i хавалася iзноў у сваю норку. Час iдзе, а музыка прыходзе на гэта месца iграць. У яго ўжо i грошы завялiся, ён разбагацеў, i дома пачало шанцаваць: скацiна стала вясьцiся, дзецi перасталi хварэць i жонка паспакайнела. Цяпер толькi жонка прыставала да музыкi, каб сказаў, адкуль бяруцца ў яго грошы. Сьпярша ён маўчаў, але што раз яна горш прыставала i выпытвала i нарэшце не сьцярпела ды спытала:

– Цi ня красьцi ты ходзiш або можа забойствам займаешся?

I тады ён мусiў прызнаццца жонцы i расказаў ёй усю праўду. Жонка даведаўшыся праўду, пачала яго яшчэ горш лаяць i нехтаваць.

– Ды дзе-ж гэта вiдана, каб яшчарка давала чырванцы? Гэта яшчэ горш як зладзейства цi разбой. Гэта-ж мабыць нячысьцiк у выглядзе яшчаркi табе грошы дае. Ты, вiдаць, сам запрадаўся нячыстай сiле i нас усiх хочаш запрадаць.

А музыка спакойна адказвае:

– Я iграў сабе, каб разьвесялiць сваё гора, а калi яна паскакала i заплацiла мне чырванца, то й дзякуй ёй, я-ж у яе платы не дамагаўся.

Але жонка i слухаць не хацела, толькi крычыць:

– Трэба ратавацца ад нячыстай сiлы!

– Як-жа ратавацца? – кажа музыка. Жонка падумала i сказала:

– Вазьмi з сабой сякеру i iдзi iграць на тое самае месца, а калi яшчарка выскача з норкi, то тады вазьмi ды засячы сякерай.

Музыка паслухаў жонкi, узяў сякеру за пояс i скрыпачку ў рукi ды пашоў iграць. Сеў на каменьчыку, а сякеру выняў з-за пояса i паставiў ля ног. Калi пачаў iграць, то яшчарка, як i перш, выбегла i пачала танцаваць. Музыка ўспомнiў загад жонкi, але нiяк ня мог падняць сякеру на нявiнную вясёленькую яшчарку. Калi музыка скончыў iграць, яшчарка ветлiва пакланiлася, выплюнула чырванца i зьвярнулася да свае норкi, але ў гэты мамэнт музыка схапiў сякеру i сякануў па яшчарцы, але пасьпеў адсеч толькi хвост. Яшчарка тады як крутнулася назад, ды як падскочыла да твару музыкi i адкусiла яму нос, а сама спакойна зьвярнулася i спаважна палезла ў сваю норку, а музыка ўзяў сваю скрыпачку i пайшоў да хаты.

Пасьля гэтага ён доўга лячыў свой нос, доўга хадзiў па леках, растрацiў усё сваё багацьце. А калi абяднеў, то скацiна зноў ня стала вясьцiся, дзецi зноў сталi хварэць i жонка больш ранейшага стала грызьцiся. Музыка, каб разьвесялiць сваё гаротнае жыцьцё, пайшоў зноў на той самы камень iграць. I калi ён зайграў жаласную песьню, яшчарка зноў вылезла з свае норкi i стала спусьцiўшы галаву слухаць дзiўную музыку. А калi музыка iзноў зайграў вясёлыя танцы, дык яшчарка пусьцiлася ў скокi. Калi музыка перастаў iграць, яшчарка зноў пакланiлася, выплюнула чырванца i павярнулася ў сваю норку. Гэтак iзноў завялося сяброўства ў бязносага музыкi i бясхвостай яшчаркi. Музыка зноў стаў багацець.

Аднаго разу музыка, пасьля свае iгры i танцаў яшчаркi, пачаў перапрашаць яшчарку:

– Выбачай, мiлая яшчарка, што я, паслухаўшы сваей старой бабы, спаганiў тваю аздобу, адсекшы твой хвост.

А яшчарка кажа:

– Ат нiчога, я анi ня гневаюся на цябе за тваю распусту, а даўно забылася праз гэта: толькi: – Як я гляну на твой нос, дык успомню пра свой хвост.

ЛIСIЦА-ХIТРЫЦА

Жыў дзед ды баба. Нiчога ў iх з гаспадаркi ня было, толькi адна курачка Чубатка.

Жылi яны, жылi, дажылiся – няма чаго варыць. Вось дзед i кажа бабе:

– Баба, а баба, звары хiба Чубатку, цi што?

Баба замахала рукамi:

– Што ты, дзед, надумаўся! Лепш мы галодныя будзем, а Чубаткi я ня дам варыць.

Пачула гэта курачка, пабегла на двор, знайшла там бабовае зерне i прынесла бабе.

Дзед кажа:

– Вось i добра. Звары ты, баба, хоць гэтую бобiнку.

Паглядзела старая на бобiнку:

– Дзеду мой, дзеду, што тут за наедак з аднае бобiнкi? Я для яе i гаршка не падбяру. Давай лепш пасадзiм яе. Як вырасьце, тады сьпячэм цэлы бабовы пiрог.

– Дзе-ж мы яе пасадзiм? – пытаецца дзед.

– На полi.

– На полi яе варона выдзяўбе...

– Дык на дварэ.

– На дварэ яе курыца выграбе...

– Тады давай пасадзiм хiба ў хаце пад палацямi.

– Добра, – згадзiўся дзед i пасадзiў бобiнку ў хаце пад палацямi.

Узыйшла бобiнка ды давай расьцi. Расла, расла, уперлася ў палацi.

– Што, баба, рабiць будзем? – пытаецца дзед.

– Трэба палацi разьбiраць.

Дзед разабраў палацi, а бобiнка як расьцi ды расьцi – дарасла да столi.

– Што, баба, рабiць будзем? – зноў пытаецца дзед.

– Трэба столь разьбiраць.

Дзед i столь разабраў, а бобiнка як расьцi ды расьцi – дарасла да страхi.

Дзед i страху разабраў. Выглянула бобiнка на сьвет i давай расьцi яшчэ весялей. Дарасла аж да неба.

Узяў тады дзед торбу, палез па сьцяблу на неба, абабраў сьпелыя струкi i вярнуўся назад.

Зарадавалася баба – цэлую торбу струкоў прынёс дзед!

– Ну, цяпер то мы ўжо наядзiмся пiрага!

Палузала баба струкi, высушыла боб на печы, змалола i расчынiла ў дзяжы цеста на пiрог.

Цеста як расьцi ды расьцi – зь дзяжы вон лезе. Палажыла яго баба на лапату, загладзiла пiрагом, размалявала рознымi ўзорамi, каб прыгожы быў, ды ў печ. А пiрог як расьцi ды расьцi – зь печы на прыпечак лезе. Адсланiла баба заслонку, а ён – скок на хату, з хаты за парог – i ўцёк...

Кiнулiся дзед з бабай даганяць пiрог. Ды дзе там! Так i не дагналi.

Прыкацiўся пiрог у лес. А тут насустрач яму рыжая лiсiца-хiтрыца. Схапiла яна пiрог, выела мякiш, у сярэдзiну шышак насыпала ды пабегла зь пiрагом да пастушкоў.

Знайшла пастушкоў у полi i кажа:

– Пастушкi, пастушкi, дайце мне бычка-трацячка, а я вам дам за гэта пiрог.

Бачаць пастушкi – добры пiрог у лiсiцы, жоўценькая скарынка аж блiшчыць, так i хочацца яго папрабаваць. Згадзiлiся яны на мену i аддалi лiсiцы бычка-трацячка.

– Толькi-ж, глядзiце, ня ешце пiрага, пакуль я не заеду за горку, – кажа лiсiца.

Села яна на бычка верхам i паехала. Як толькi схавалася за горкаю, пастушкi i кажуць: "Сядзем на пясочку, зьядзiм па кусочку!" Разламалi пiрог, а там – адны шышкi яловыя... Падманула iх хiтрая лiсiца!

Едзе лiсiца на бычку, бачыць – на дарозе пустая павозка стаiць, а недалёка чалавек арэ. Падкралася яна цiшком да павозкi, запрэгла ў яе бычка-трацячка, села на мяккай саломе i едзе сабе далей, пугай бычка паганяе.

Прыехала ў лес. Насустрач ёй воўк iдзе. Зьбегаўся, змарыўся, ледзьве ногi валачэ.

– Куды, кума, едзеш? – пытаецца.

– За трыдзевяць зямель, у трыдзесятае царства.

– Чаго?

– Там, кажуць, курэй i каршуны не дзяруць...

– А бараны ў тым царстве ёсьцека? – аблiзнуўся воўк.

– Ды iх там хоць гаць гацi!

– А лiсiчка, а сястрычка, вазьмi i мяне з сабою. Падвязi хоць мой хвост.

– Што адзiн хвост везьцi, садзiся ўвесь ты.

Сеў воўк. Едуць далей. Сустракаюць мядзьведзя.

– Куды, кумы, едзеце?

– За трыдзевяць зямель, у трыдзесятае царства...

– Чаго?

– Там, кажуць, курэй i каршуны не дзяруць, – адказвае лiсiца.

– Там, кажуць, бараноў хоць гаць гацi, – падтаквае ёй воўк.

– А мёду там многа?

– Ды там, кажуць, мядовыя рэкi цякуць!

Мядзьведзь зарадаваўся:

– То вазьмiце i мяне. Хоць адну лапу падвязiце.

– Што адну лапу везьцi, садзiся ўвесь ты.

Уселiся ўтраiх, едуць далей. Аж раптам зламалася аглобля. Лiсiца кажа мядзьведзю:

– Схадзi, кум, прынясi аглоблю.

Пайшоў мядзьведзь у гушчар, знайшоў вывярнутую елку i прывалок да возу. Убачыла лiсiца, крыку нарабiла:

– Ах ты, мядзьведзiшча, ах ты, дурнiшча, цi-ж гэта лясiна для аглоблi!

I да ваўка:

– Схадзi, куме, прынясi тонкую аглоблю.

Пайшоў воўк i прынёс крывы яловы сук. Лiсiца i на яго накрычала, плюнула ды пайшла сама па аглоблю.

Тым часам мядзьведзь з ваўком зьелi бычка-трацячка, скуру саломай напхалi, на ногi паставiлi ды пайшлi сабе пасьмiхаючыся.

Вярнулася лiсiца, бачыць нi ваўка, нi мядзьведзя, толькi бычок стаiць. Прыладзiла яна аглоблю, села ў павозку, махнула пугаю на бычка, а той – брык! – i павалiўся.

Паглядзела лiсiца на бычка i аб усiм здагадалася.

– Пачакайце-ж вы ў мяне! Я вам гэтага не дарую! – пагразiла яна ваўку i мядзьведзю ды пайшла сваёю дарогаю.

Шмат часу iшла цi мала, а ў дарозе ўжо i восень яе застала. Сустракае ваўка, таго, што зьеў бычка.

– Добры дзень, кум! Як маешся?

– Дрэнна, – кажа воўк. – Нешта азяб на дажджы, аж увесь калачуся. Зуб на зуб не трапляе.

– То трэба новы кажух пашыць, – раiць лiсiца.

– Праўду, кумка, кажаш, – згадзiўся воўк.

Пабег ён на выган, схапiў авечку i прывалок у лес.

– Хопiць на кажух? – пытаецца ў лiсiцы.

– Мала, – кажа лiсiца.

Прынёс воўк яшчэ адну авечку:

– Цяпер хопiць?

– Не, яшчэ адну трэба.

Воўк i трэйцюю прывалок.

– Ну, а цяпер, – кажа лiсiца, – трэба краўца шукаць.

– Дзе-ж мне яго шукаць, кумка?

– Я ведаю добрага краўца. Хадзем да яго.

Прывяла лiсiца ваўка на луг. Там, у кустох, на прывязi жарабец пасьвiўся.

– Вунь ён, кравец!

Воўк зарагатаў:

– Гэта не кравец, а жарабец! Не, кумка, як сабе хочаш, а розуму ў цябе мала.

Лiсiца пакрыўдзiлася:

– Ты пра мой розум ня вельмi языком мялi. Я была разумнай i буду, а ты быў дурань, дурнем i застанешся.

Тут ужо i воўк пакрыўдзiўся, аж узлаваўся:

– Паглядзiм яшчэ, хто з нас разумнейшы!

– Не хвалiся загадзя, – кажа лiсiца, – лепш паглядзiш, як зараз зь цябе скуру зьнiмуць.

– Хто зьнiме? – ляснуў зубамi воўк.

– Гаспадар гэтага каня.

– Ня можа быць! – ня верыць воўк.

– Пабачыш. На чым жарабец навязаны? – пытаецца лiсiца.

– На вяроўцы.

Лiсiца засьмяялася:

– Вось i вiдаць, што дурань!

– Чаму? – падскочыў воўк.

– Жарабец на калу навязаны.

– Ня можа быць! – залыпаў воўк вачыма.

– Хадзем пакажу.

Прывяла лiсiца яго да калка, за якi быў прывязаны канец вяроўкi, зьняла вяроўку, зрабiла пятлю i закiнула ваўку на шьпо. Воўк i азiрнуцца не пасьпеў, як у пятлi апынуўся. Тады лiсiца падбегла да жарабца, замахала хвастом. Той спужаўся ды як драпнуў дахаты, толькi падковы заблiшчэлi.

Так i прыцягнуў у пятлi ваўка да свайго гаспадара. Ну, а там зь яго i скуру зьнялi.

Вярнулася лiсiца ў лес, закапала авечак у мох на запас, адны толькi мазгi на абед пакiнула. Села пад елкаю i есьць.

Iдзе мядзьведзь – той, што бычка зьеў.

– Што гэта ты, кума, жуеш? – пытаецца.

– Мазгi. Сьляпы ты, цi што?

– А дзе-ж ты iх дастала?

– З галавы. I ты можаш дастаць, калi хочаш.

– Як?

– Вельмi проста: разганiся ды стукнiся галавою аб дуб – мазгi i выскачаць.

– Дзякую-ж табе, кума, за добрую параду. Так я i зраблю. А то есьцi даўно хочацца.

Знайшоў ён самы тоўсты дуб, разагнаўся з усяе сiлы ды i грымнуўся ў яго лобам.

Тут яму i канец.

А хiтрая лiсiця наелася мазгоў ды пайшла запiваць крынiчнаю вадою.

САБАКА I ВОЎК

Быў у ваднаго гаспадара сабака. Шчыра служыў ён гаспадару, ды не агледзеўся, як пастарэў. Горш сталi бачыць яго вочы, i цяжэй яму стала вартаваць гаспадарава дабро. Тады скупая гаспадыня перастала кармiць яго, а потым i зусiм пачала з двара праганяць.

"Чым так жыць, – думае сабака, – лепш няхай мяне воўк зьесьць".

Надумаўся ён i пайшоў у лес шукаць ваўка. Iдзе ён лесам, а тут насустрач i воўк бяжыць.

– Куды, сабака, iдзеш? – пытаецца воўк.

– Да цябе.

– Чаго?

– Зьеш ты мяне, воўча...

I расказаў ён ваўку пра сваю бяду.

Бачыць воўк, што сабака надта худы – яшчэ зубы паломiць, i кажа:

– Не, цяпер я цябе есьцi ня буду. Трэба, каб ты трохi патлусьцеў.

– Як-жа я патлусьцею, – кажа сабака, – калi мяне гаспадыня зусiм ня кормiць?

– Нiчога. Мы зробiм так, што яна цябе з ахвотаю будзе кармiць.

– Дзе там! – пакруцiў хвастом сабака. – Гаспадыня мая вельмi скупая.

– Слухай ты мяне, – кажа воўк. – Iдзi дадому i сядзi там на агародзе. Адвячоркам, як пачне цямнець, я прыбягу i ўхаплю лепшага гаспадаровага падсьвiнака. Ты наробiш брэху, пабяжыш за мною, i я табе аддам падсьвiнака. Гаспадар убачыць гэта i загадае гаспадынi добра кармiць цябе. А празь месяц, як патлусьцееш, – прыходзь да мяне, тады я цябе зьем.

Сабака падумаў i згадзiўся.

Адвячоркам прыбег воўк, ухапiў падсьвiнака i павалок цераз агароды.

Тут сабака як наробiць ляманту, як кiнецца за ваўком...

Пачуў гэта гаспадар, выскачыў з хаты, бачыць: воўк падсьвiнака валачэ цераз агароды, а сабака яго даганяе, адбiрае.

– Туйга! Туйга! – закрычаў гаспадар на ўсю сiлу. – Кусi яго, Лыска!

Воўк тым часам кiнуў падсьвiнака, а сам ходу ў лес.

– Малайчына, Лыска! – пахвалiў гаспадар сабаку, прывёў на кухню i загадаў жонцы кармiць яго.

Жыве Лыска прыпяваючы. А празь месяц зрабiўся такi тлусты, аж шэрсьць блiшчыць. I пра дагавор з ваўком забыўся.

Вось аднойчы сабралiся ў гаспадара госьцi. П'юць, гуляюць, песьнi сьпяваюць. Нямала тут i Лыску перапала – цэлую кучу касьцей пад стол яму накiдалi.

Наеўся Лыска ды выйшаў на двор – у сваю будку. Глядзiць – аж у будцы воўк чакае яго.

– Чаго ты тут? – зьдзiвiўся сабака.

– Па цябе прыйшоў, – адказвае воўк. – Памятаеш наш дагавор з табою?

Спалохаўся сабака – ня хочацца яму на воўчыя зубы трапляць. Вось ён i кажа:

– Ня еш ты мяне, воўк. Я цябе за гэта добра пачастую самаю смачнаю ядою.

– Адкуль-жа ты возьмеш?

– У майго гаспадара госьцi. Там пад сталом поўна касьцей – навет зь мясам. Хадзем!

– Баюся. Яшчэ заб'юць мяне там.

– Ня бойся, не заб'юць, – угаворвае сабака. – Я цябе правяду так, што нiхто i ня ўбачыць.

Згадзiўся воўк i пайшоў за сабакам.

Лыска пакiнуў яго ў сенцах, сам убег у хату, махнуў хвастом i патушыў лучыну.

– Цяпер бяжы пад стол, – паклiкаў ён ваўка. Воўк так i зрабiў.

Сабака накармiў ваўка, навет вiном напаiў. Сядзяць яны сабе пад сталом ды зюкаюць пацiху.

А тым часам госьцi засьпявалi вясёлыя песьнi.

Воўк слухаў, слухаў, ды кажа сабаку:

– Мне таксама сьпяваць хочацца.

– Маўчы лепш, – адказвае сабака.

Воўк памаўчаў крыху ды зноў за сваё:

– Ня вытрымаю, – кажа, – аж язык сьвярбiць, гэтак сьпяваць захацелася.

I зацягнуў на ўсю хату басам:

– Ау-ау!

А сабака таксама ня вытрымаў ды давай падпяваць яму:

– Гаў, гаў! Цяў, цяў!..

Пачулi гэта госьцi, ухапiлi хто качаргу, хто чапялу, набiлi ваўка i выкiнулi яго з хаты разам з сабакам.

Ачухаўся воўк i кажа сабаку:

– Ну i накармiў-жа ты мяне! Я табе не дарую гэтага.

– Сам вiнаваты, – кажа сабака. – Трэба было маўчаць.

– Не, – не згаджаецца воўк, – гэта ты вiнаваты. Навошта ты завёў мяне ў хату?

Спрачалiся яны, спрачалiся, нарэшце воўк кажа:

– Калi так, давай будзем ваяваць: хто каго зваюе, той таго i зьесьць. Зьбiрай сваё войска i прыходзь да мяне ў лес.

– Што-ж, – кажа сабака, – няхай будзе так.

Назаўтра ўзяў ён барана, ката i пеўня сабе ў памочнiкi ды пайшоў на вайну з ваўком.

А воўк запрасiў да сябе ў ваякi мядзьведзя, дзiка i зайца. Сабраў ён сваё войска, выйшаў на ўскраек лесу i чакае.

– Палезь ты, Мiхайла, – кажа ён да мядзьведзя, – на елку ды паглядзi, цi ня iдзе сабака iз сваiм войскам.

Мядзьведзь узьлез на елку, прыгледзеўся i кажа:

– Iдзе!

– Ну, дык злазь! – клiча воўк. – Будзем ваяваць.

– Не, ня зьлезу, – адказвае мядзьведзь.

– Чаму?

– Страшна.

– Што-ж там за войска такое, што ты гэтак спужаўся? – пытаецца воўк.

– Такое войска, што я нiколi i ня бачыў, – адказвае мядзьведзь калоцячыся. – Адзiн ваяка тоўсты i калматы, зь вiламi iдзе; другi – грозны, вусаты, ззаду пiку нясе; трэйцi – у шапачцы чырвонай, iз шпорамi на нагах, шабляю махае... Першы iдзе, галавою трасе ды ўсё крычыць: "Бэ! Я ўсiх пакалю, на вiлы пасаджу!" Другi сярдзiта чмыша, па бакох азiраецца i ўсё мармыча: "Мне, мне iх давай!" А трэйцi, ганарысты такi, крычыць: "Куды, куды iсьцi! Я адзiн усiх паб'ю!".

Дзiк пачуў гэта ды хутчэй у мох па самыя вушы зашыўся. А воўк бачыць, што не пасьпее схавацца, – стаў на заднiя лапы i стаiць. "Хавайся за мяне, – кажа ён пералалоханаму зайцу. – Яны падумаюць, што я – пень, i абмiнуць нас".

Прыходзiць сабака iз сваiм войскам, бачыць – нiдзе нiкога няма.

Тут якраз барану рогi засьвярбелi. Глядзiць ён – побач нейкi пень стаiць. Разагнаўся баран ды – трах! – рагамi ў пень. У ваўка ад гэтага i галава раскалолася. Павалiўся ён дагары ды ногi выцягнуў. Заяц выскачыў з-пад ваўка, але сабака згледзеў яго i адразу злавiў.

Дзiку ў гэты час, як на бяду, села муха на вуха. Паварушыў ён вухам, каб сагнаць яе, а кот падумаў, што там мыш. Кiнуўся туды ды давай мох разграбаць. Так i дзярэ дзiка вострымi кiпцюрамi! Цярпеў, цярпеў, дзiк, а потым усхапiўся ды наўцёкi...

Певень напужаўся дзiка, залопаў крыльлямi, узьляцеў на елку i нарабiў крыку:

– Куды, куды?

Мядзьведзь падумаў, што гэты самы грозны ваяка да яго дабiраецца, i залез iз страху аж на верхнi сук. Сук ня вытрымаў, зламаўся, мядзьведзь грукнуўся вобземлю i забiўся.

З таго часу больш i не сябруюць сабака з ваўком.

КОТ МАКСIМ

Жылi дзед i баба. Мелi яны сына i ката. Сына звалi Марцiнам, а ката Максiмам.

Памерлi дзед i баба. Застаўся Марцiн з катом Максiмам.

Марцiн гультай быў вялiкi, усё на печы ляжаў, а кот яду яму насiў: то птушку дзе зловiць, то каўбасу цi сала ў суседзяў украдзе...

Вось так жылi яны, жылi – згарэла хата, адна глiняная печ засталася.

– Што рабiць будзем? – пытаецца кот у гаспадара. – Трэба хату будаваць.

– Ат, – кажа Марцiн, – навошта нам хата? Хопiць i печы.

Пажылi яны з год на печы, а тут i печ развалiлася.

– Што рабiць будзем? – зноў пытаецца кот у гаспадара.

– Ты, – кажа Марцiн, – як сабе хочаш, а я надумаўся жанiцца: вазьму багатую жонку, яна мне пабудуе хату.

– Хто за такога гультая пойдзе замуж? – сьмяецца кот. – Ты-ж толькi любiш ляжаць на печы, у цябе i выгляд нечалавечы.

– Пойдзе! – кажа Марцiн. – Няма чаго сьмяяцца! Сама царэўна пойдзе. Iдзi, Марцiн, да цара. Скажы яму – так i так: пан Марцiн, па прозьвiшчу Глiнскi-Папялiнскi, сватаецца да тваёй дачкi. Ну i зрабi ўсё, як трэба: нагавары яму, што багацейшага за мяне пана ўва ўсiм царстве не знайсьцi...

– Цяжкую ты загадаў мне службу, пан Марцiн Глiнскi-Папялiнскi, – кажа кот.

– Нiчога, iдзi, а то папругi дастанеш! – пагразiў яму гаспадар.

– Ну што-ж, паспрабую шчасьця.

Нанасiў кот гультаю Марцiну яды ў запас, каб той з голаду не памёр, а сам выправiўся ў далёкую дарогу.

Iдзе ён, iдзе, прыходзiць у лес. Бяжыць насустрач заяц.

– Куды, кот, iдзеш? – пытаецца ён.

– Да цара.

– Чаго?

Кот падумаў i кажа:

– На суд...

– На якi суд?

– Праўды хачу дайсьцi.

– Якой праўды?

– А вось якой. Дзе што котка ўкрадзе або нашкодзiць – усё на ката звальваюць. Кот, кажуць, сьмятану зьлiзаў, кот сала ўкраў... А ката там i блiзка ня было. Не магу я пярпець такога паклёпу на сябе.

– Пайду хiба i я з табою! – кажа заяц.

– Чаго?

– Таксама на суд. Дзе што зайчыха зробiць – усё на зайца кажуць. Хто ў садзе прышчэпы папсаваў? Заяц! Каго сабакi ганяюць? Зайца! А там зусiм i ня заяц быў, а зайчыха. Не магу я такой няславы цярпець. Пайду да цара на суд.

– Дык што-ж ты – адзiн пойдзеш? -кажа кот. – Хто табе аднаму на судзе паверыць. Там трэба сьветкi мець.

– А ты чаму адзiн iдзеш?

– Ну, у мяне iншая справа. Там у мяне дзядзькi, бацькi, дзяды, браты жывуць. Усе па слову скажуць, мне i павераць. Вось каб ты набраў сотнi тры сьветак, тады можна сьмела iсьцi.

Як пакоцiцца заяц, як наробiць крыку на ўвесь лес:

– Дзядзькi, бацькi, дзяды, браты, бяжыце сюды!

Тут, як бачыш, з усiх бакоў пасыпалiся зайцы.

Назьбягалася iх цэлая чарада.

Прывёў кот Максiм зайцоў да царскiх палацаў. Бачыць – на дварэ вялiкi хлеў стаiць. Ён i кажа зайцам:

– Пачакайце вы ў гэтым хляве. Скончыцца мой суд, тады я вашу скаргу падам цару.

Зайцы паскакалi ў хлеў, а кот – бразь! – ды i зачынiў iх там на засаўку.

Iдзе ён да царскiх палацаў, падскокваючы, у лапкi плешчучы.

Узыходзiць на ганак, стукае ў дзьверы:

– Адчынiце!

Адчынiў яму салдат-вартавы.

– Чаго трэба? – пытаецца.

– Пакажы, дзе цар жыве.

Салдат паказаў.

Увайшоў кот Максiм у вялiкi пакой, а там цар сядзiць.

– Добры дзень, ваша вялiчаства-вымператарства!

– Добры дзень, каток! – адказвае цар. – Што скажаш?

– Ды вось прыслаў табе мой гаспадар пан Марцiн Глiнскi-Папялiнскi гасьцiнчыка.

– Дзе-ж той гасьцiнчык?

– У хляве.

Прыйшоў цар у хлеў, паглядзеў, а там поўна зайцоў, як зачынiць.

– Мусiць, дужа багаты твой гаспадар, калi гэтулькi зайцоў прыслаў? дзiвiцца цар. – Мусiць, у яго яшчэ больш ёсьць.

– Ён, панок-царок, такi багаты, што дай ты рады. Усяго ў яго многа, няма толькi гаспадынi ў пакоях. Прыслаў мяне тваю дачку сватаць.

Павёў цар ката ў палацы, накармiў, напаiў, ды яшчэ i на дарогу ў торбу даў. А пра дачку змаўчаў.

Вярнуўся кот Максiм дахаты. А яго гаспадар ледзьве дыхае: усе катовы запасы даўно паеў.

Разьвязаў кот торбу, дастаў адтуль усё, што з дарогi засталося, i пачаў кармiць гаспадара.

Акрыяў сяк-так пан Глiнскi-Папялiнскi ды пытаецца ў ката:

– Ну, што табе цар сказаў?

– Нiчога цiкавага, – кажа кот.

– Дык iдзi яшчэ раз да цара. Толькi нанасi мне больш яды ў запас.

Нанасiў кот яму яды, а сам зноў пайшоў да цара.

Прыходзiць у лес, а тут насустрач яму воўк:

– Куды iдзеш, кот?

– Да цара.

– Чаго?

– На суд.

I расказаў ваўку, на якi суд ён iдзе. Воўк кажа:

– Дык i я пайду з табою! Мяне таксама часта дарэмна лаяць.

– Аднаму табе суд не паверыць, – кажа кот.

– А ты чаму адзiн iдзеш?

– Што ты параўняўся зы мною. Мяне ўся царская радня ведае, а ад цябе навет сабакi ўцякаюць, калi дзе ўбачаць. У мяне там дзядзькi, бацькi, дзяды, браты...

– Дык што-ж мне рабiць?

Зьбяры сотнi тры сьветак, тады павераць.

Падскочыў воўк, аб зямлю стукнуў ды завыў на ўвесь лес:

– Дзядзькi, бацькi, дзяды, браты, бяжыце сюды!

Назьбiралася ваўкоў з усяго лесу.

Павёў iх кот Максiм да цара.

Прыходзяць на царскi двор. Нецярплiвыя ваўкi кажуць:

– Мы першыя пойдзем на суд.

– Не, – кажа кот, – мая скарга там даўно ляжыць. Як скончыцца мой суд, тады я падам вашу скаргу i вас паклiчу. А пакуль што пачакайце ў гэтым хляве.

Ваўкi падагнулi хвасты ды пацягнулiся ў хлеў. Як толькi зайшлi ўсе, кот бразь! – i зачынiў iх там. А сам падаўся ў палацы, у лапкi плешчучы.

Узыходзiць на ганак: стук, стук! Знаёмы салдат адчынiў яму. Кот проста да царскiх пакояў шыбае. Увайшоў да цара, добры дзень даў.

– Што скажаш, каток? – пытаецца цар.

– Так i так, – кажа кот Максiм, – прыслаў табе мой гаспадар пан Марцiн Глiнскi-Папялiнскi новы гасьцiнчык.

– Добра, – кажа цар.

Прыйшоў у хлеў, глядзiць, а там ваўкоў лiкам-нялiчана: i ў загарадках поўна набiта i яшчэ пад страхою, на вышках, процьма.

Загадаў цар ваўкоў пабiць, усiм слугам футры пашыць, а кату кажа:

– Перадай пану Глiнскаму-Папялiнскаму: няхай сам да мяне ў госьцi прыедзе.

Прыбег кот дахаты ўночы, задыхаўшыся. Пачаў тармасiць гаспадара. Ледзьве дабудзiўся.

– Уставай, – кажа, – я ад цара прыйшоў.

Раскатурхаўся сяк-так Глiнскi-Папялiнскi, пытаецца:

– Што цар сказаў?

– Сказаў, каб ты сам да яго ў госьцi ехаў.

Пачухаў Глiнскi-Папялiнскi патылiцу:

– У чым-жа я паеду? Я-ж голы, як бiзун.

– Нiчога, – кажа кот, – што-небудзь прыдумаем.

Сабралiся яны i бягом пабеглi да цара.

Бягуць, бачаць – недалёка ля гасьцiнца цэлае войска салдат сьпiць. Кот спынiў гаспадара.

– Пачакай, – кажа, – тут.

А сам крадкам пайшоў да войска. Назьнiмаў у сонных салдат шапак i напакаваў iмi два мяхi. Адзiн мех на плечы ўськiнуў, другi гаспадару даў. I пайшлi сабе далей.

Падыходзяць да рэчкi. Кату пiць захацелася. Паставiў ён мех ля мосту, гаспадара за каравульнага пакiнуў, а сам палез у рэчку ваду пiць. Напiўся вады, бачыць – паўзе рак у нару. Кот схапiў яго за вус i выкiнуў на бераг.

Рак пачаў прасiцца:

– Пусьцi мяне ў ваду. Можа, я табе таксама якую-небудзь службу саслужу.

Кот падумаў i кажа:

– Якую-ж ты мне можаш саслужыць службу?

– У вадзе, – кажа рак, – любую. Загадай, што хочаш, усё зраблю.

– Падкапай да ранiцы маставыя слупы, – загадаў кот.

– Добра, – кажа рак. – Гэта я магу.

Пусьцiў кот рака, i той адразу-ж ухапiўся за работу.

– А ты, – кажа кот Марцiну, – як толькi абвалiцца мост, раськiдай шапкi па вадзе i чакай мяне тут.

Сказаў кот гэтак, пераскочыў цераз мост ды пабег да цара ў палацы.

Прыбягае, дакладвае цару:

– Так i так, ваша вялiчаства-вымператарства... Ехаў да цябе ў госьцi мой гаспадар, пан Глiнскi-Папялiнскi, ды бяда здарылася: мост зламаўся, уся яго пяхота i коньнiца патапiлася, адзiн ён застаўся голы, бо абмундзiраваньне з вадою сплыло...

Тут цар сеў у карэту, ката з сабою пасадзiў, прыехаў да маста. Глядзiць, i праўда: толькi шапкi ад войска па вадзе плаваюць.

Паспачуваў цар пану Глiнскаму-Папялiнскаму ды загадаў лепшым сваiм краўцом i шаўцом пашыць яму новае абмундзiраваньне.

Як бачыш пашылi краўцы i шаўцы новае абмундзiраваньне. Адзеўся Глiнскi-Папялiнскi, прыхарашыўся i паехаў з царом у палацы.

Пагаманiў зь iм цар, пачаставаў, а потым i кажа:

– А цяпер хацеў-бы я паглядзець твой маёнтак: калi ты i праўда такi багаты, дык аддам за цябе дачку.

Спужаўся Глiнскi-Папялiнскi: якое-ж ён багацьце пакажа цару? Увесь яго маёнтак – адна глiняная печ, ды i тая развалiлася.

Пачуў пра гэта кот Максiм. Паклiкаў ён свайго гаспадара ўбок i шэпча яму:

– Ня бойся! Усё добра будзе.

Запраглi царскiя канюхi самых лепшых коней у самую лепшую карэту. Сеў цар у карэту i паехаў. А кот наперадзе пабег – дарогу паказваць.

Едзе цар, едзе, пад'яжджае да маёнтку Зьмея Гарынавiча. Кот наперадзе бяжыць. Бачыць: пастухi вялiкую чараду кароў пасуць. Падбягае ён да пастухоў.

– Чые вы? – пытаецца.

– Зьмея Гарынавiча.

Кот натапырыў вусы, грозны стаў:

– Не кажыце нiкому, што вы пастухi Зьмея Гарынавiча, а кажыце – Марцiна Глiнскага-Папялiнскага. Бо за мною ляцiць Гром зь Пяруном – ён заб'е вас.

Сказаў так кот Максiм i пабег далей. Сустракае вялiкую чараду коней. Падбег да канюхоў i пытаецца:

– Чые вы, канюхi?

– Зьмея Гарынавiча.

– Не кажыце, што вы Зьмея Гарынавiча, а кажыце – пана Глiнскага-Папялiнскага. Бо за мною ляцiць Гром зь Пяруном – ён заб'е вас.

Тым часам царская карэта з громам пад'ехала да пастухоў.

– Чые вы? – пытаецца ў iх цар.

– Пана Марцiна Глiнскага-Папялiнскага, – адказваюць пастухi.

– О, – дзiвiцца цар, багаты пан Глiнскi-Папялiнскi!

Гэтак-жа адказалi i канюхi.

Пакуль цар ехаў, кот прыбег у двор Зьмея Гарынавiча. Убачыў самога Зьмея i крычыць.

– Хавайся, Зьмей Гарынавiч! Едзе Гром зь Пяруном – ён цябе заб'е i на муку сатрэ.

Спужаўся Зьмей Гарынавiч:

– Куды-ж мне схавацца?

Кот паглядзеў i ўбачыў вялiкае дуплё ў старой лiпе.

– Лезь хутчэй сюды! – кажа Зьмею.

Залез Зьмей у дуплё, а кот забiў дуплё паленам ды яшчэ i глiнаю замазаў. Потым пабег да Зьмеевых слуг.

– Чые вы? – пытаецца.

– Зьмея Гарынавiча.

– Не кажыце нiкому, што Зьмея Гарынавiча, а кажыце, што пана Марцiна Глiнскага-Папялiнскага. Бо за мною ляцiць Гром зь Пяруном – ён заб'е вас.

– Добра, – кажуць напалоханыя слугi.

Прыехаў цар у маёнтак Зьмея Гарынавiча. Слугi кiнулiся сустракаць яго.

– Чый гэта маёнтак? – пытаецца цар.

– Пана Марцiна Глiнскага-Папялiнскага! – у вадзiн голас адказалi слугi.

– Ну, што-ж, – кажа цар, – сапраўды багаты пан Глiнскi-Папялiнскi. Аддам за яго дачку.

Тут цар вярнуўся ў свае палацы, паклiкаў музыкаў i загадаў iграць вясельле.

Усяго там было: хто хацеў, тое пiў i еў. I я там быў, еў i пiў, па барадзе цякло, а ў роце ня было.

АБ ДУРНЮ I ЗАЛАТЫМ ПТАХУ

Было ў ваднаго чалавека трох сыноў: двух разумных, а трэйцi – дурны. Старэйшы ўмеў на скрыпцы йграць, серадольны – на дудцы, а найменшы – дурны, усё, седзячы на печы, лучыну стругаў. Вырасла ў таго гаспадара ў садочку яблынка, а на ёй расьлi залатыя яблычкi. Аднаго разу агледзiлi яны, што кажнаю ноччу не ставала аднаго яблычка. Выправiў бацька старэйшага сына пiлнаваць, а ён прыставiў драбiнку да яблынi i йграе сабе ды йграе. Адно-ж на ранiцу яму спаць захацелася, ён задрамаў, а тымчасам нешта зашумела. Прачнуўся, аж нiдзе нiчога няма, толькi яблычка не стае. Пайшоў ён да бацькi змаркоцiўшыся, што не дапiльнаваў.

На другую ноч серадольны кажа:

– Пайду ўжо я, я дапiльную.

Як прыйшла другая ноч, пайшоў ён iз сваёй дудкай, сеў на драбiнцы ды йграе сабе на ўсякiя лады. Грае ён так, грае, ледз узыйшла зарнiца, а яму спаць захацелася; ён задрамаў, аж чуе скрозь сон, што нешта зашумела. Пакуль ён прачнуўся, iзноў аднаго яблычка няма. Брыдка й яму iсьцi ў хату, што не дапiльнаваў яблычка.

А ўжо той дурны кажа:

– На чым стану то стану, а такi мушу дапiльнаваць залатых яблычкаў. – Усе толькi ўсьмiхнулiся на тую гутарку.

Прышла трэйцяя ноч, дурны, такi ўжо рызыкоўны, выбiраецца ўжо на драбiну, набраў iз сабою лучыны ды й пачарапкаўся якраз на яблынку. Стругае ён сабе, стругае ды й падсьпеўвае. Ледзь пачало на сьвет займацца, аж чуе шчэ здалёк, што нешта шумiць. Прытаiўся ён на драбiнцы, ажно-ж залаты птах вялiкi, большы за жураўля, ляцiць проста на залаты яблычак. Птах да яблынкi, а ён яго – цап за хвост. Птах вырваўся i яблычка ня ўкраў, толькi тры пярынкi засталося ў дурнога ў руцэ. Бяжыць ён з радасьцю ў хату:

– А што, цi-ж не казаў, што дапiльную. Хоць птушку й упусьцiў, але пер'е якое маю i яблычкi ўсе.

Браты, як кроўю пазалiвалiся ад сораму, што дурны славы даканаў. I давай тут старшы брат казаць:

– Ну, браткi, паеду я ў сьвет шукаць гэтае птушкi.

Узяў адну пярыну iз сабою, набраў грошай на дарогу i ўсяго, што было патрэбна, прывязаў мечык, сеў на каня ды й паехаў. Прайшло ўжо шмат часу – анi птушкi, анi брат старэйшы не варочаецца. Тады серадольны й кажа:

– Ну, паеду-ж я ўжо шукаць i брата i птушкi.

Набраў i той усяго ўсялякага, прывязаў мечык, сеў на каня ды й паехаў. Жджэ бацька, жджэ год i другi, а тут анi птушкi, анi сыны не варочаюцца. Ажно-ж аднаго разу, стругаючы лучынкi, аказваецца дурны:

– А што-ж, татку, анi хлапцоў нашых, анi птушкi няма, трэба ўжо мне выбiрацца ў дарогу.

Бацька падумаў сабе:

– Iдзi! Няма тых разумных, то няхай i цябе, дурнога, ня будзе.

Дурны нiчога iз сабою ня браў: анi грошай, анi яды, толькi ўзяў трэйцюю пярынку, кiй у руку, ножык прывязаў да пояса, той самы, каторым ён лучынкi стругаў, ды й пайшоў пехатою. Iдзе ён сабе ды йдзе, ужо й ноч надыходзiць, аж бачыць, ляжыць пры дарозе конь здохлы. Нiчога ў iм у сярэдзiне ня было, толькi хрыбеты наставiлiся. Спынiўся гэта дурны, паўглядаўся на каня i думае сабе:


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю