Текст книги "Лiтаратурныя творы з казачнымi матывамi (на белорусском языке)"
Автор книги: Автор Неизвестен
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 4 страниц)
Клубок тупацеў усю ноч, i за гэта мы пачалi называць яго Тупчыкам. А за тое, што ён хутка перастаў баяцца i ня згортваўся больш, калi я пазiраў на яго, я нiколi не забываўся даваць яму есьцi.
Спачатку даваў толькi малако, а потым аднойчы разьбiў яму на сподачак яйко. Тупчык лiшне не казырыўся, – панюхаў трошкi i пачаў хлябтаць.
З нашым цюцiкам Мурзай ён не хацеў сябраваць. Як толькi ўбачыць яго – у клубочак, i ўсё. Шчанюк спачатку хацеў панюхаць вожыка: дакрануўся носам да шэрых iголак, заматаў галавой i фыркнуў – не спадабалася. Тады ён прысеў, абняў клубочак лапамi i паспрабаваў яго ўкусiць. Але зноў укалоўся, ды гэтак балюча, што зазлаваў i пачаў уядацца, брахаць. Скакаў, скакаў вакол клубка, а потым яшчэ раз асьмелiўся дакрануцца. Ударыў клубочак лапай, як кот па мячыку, заскуголiў, адбегся i лёг.
"Добрыя гулi, – хацеў ён сказаць, – я забаўляцца з табой хачу, а ты нягодны, колешся".
Ды ён не сказаў гэтага, а толькi лiзаў сваю лапу i скардзiўся, хныкаў.
Вусаты кот Фядот любiў грэцца на сонцы, калi яно сьвецiць у хату. Сядзе на падлозе, нажмурыцца i мурлыча. На Тупчыка ён i глядзець не хацеў, ня толькi што зь iм гуляць. I навет калi клубочак разгарнуўся аднойчы, сам падыйшоў да ката i, наставiўшы лычык, панюхаў, наш Фядот толькi лыпнуў спрасонку вачыма, i ўсё, больш нiчога. Сядзiць сабе, дрэмле, мурлыкае.
Няма зь кiм Тупчыку пасябраваць.
I стала вожыку сумна.
У кухнi нашай жыла квахтуха з куранятамi. Спачатку яны былi маленькiя, нiбы камячкi жоўтага пуху, i ўсё пiшчэлi, дзёўбалi тварог i мiтусiлiся па зямляной падлозе кухнi, як сонечныя зайчыкi. А потым падрасьлi, квахтуха пачала вадзiць iх на двор i толькi начаваць прыходзiла ў кухню. Сядзе пад лавай, затулiць iх крыльлем, яны пацiўкаюць трохi i сьпяць.
I вось Тупчыку стала зайздросна. Уночы ён цiха залез пад квахтуху, прымасьцiўся пад цёплым крылом i давай ад радасьцi варушыцца. Кураняты прачнулiся i зацiўкалi. Квахтуха хацела пашкадаваць iх, мацней прытулiлася крыльлем i раптам закрычала так моцна i так спалохана, што ўсе мы ў хаце прачнулiся.
Як толькi мама запалiла лямпу, мы ўбачылi, што квахтуха ўсхапiлася, сонныя кураняты зь пiскам рассыпалiся па кухнi, а ў кутку, на тым месцы, дзе яны сядзелi, застаўся шэры калючы клубок. Квахтуха пазнала яго, узлавалася i дзюбнула – моцна, балюча.
– Ну, вось, – казала мама, выносячы Тупчыка з кухнi, – вось ты i зарабiў. Бачыш, чаго табе захацелася, жэўжык.
Каб жэўжыку было весялей, я зьняў аднойчы iз сьцяны люстэрка i паставiў яго на падлозе. А ён тупаў па хаце i ўдзень, не баяўся нiкога. Падыйшоў да люстэрка, наставiў лычык, паглядзеў i надзьмуўся. Каб пастрашыць таго, што ў люстэрку. А той, што ў люстэрку, надзьмуўся таксама, i вось яны абодва разам зрабiлi:
– Пых!
Мы засьмяялiся, тата i я, а вожык вельмi зьдзiвiўся. Што такое?.. Паглядзеў, паглядзеў у люстэрца, асьцярожненька дакрануўся чмысiкам да шкла i як быццам усё зразумеў. Адыйшоўся i больш не глядзеўся ў люстэрка.
Тады тата сказаў мне:
– Лявон...
Заўсёды мяне называлi Лёнiкам, але як толькi тата хацеў пагаварыць зы мной, як з дарослым, ён гаварыў мне Лявон.
– Ведаеш што, Лявон, – сказаў ён тады, – давай мы выпусьцiм вожыка, га?
– А навошта? – зьдзiвiўся я.
– Як навошта? Ён пойдзе да iншых вожыкаў.
– Ну й што?
– Як што? Зробiць сабе хатку й будзе сабе жыць. I яму будзе там вельмi добра й весела, ня то што ў нас. Што ты скажаш, Лявон?
– I панясём яго з табой у лес? – спытаўся я.
– Навошта ў лес? Пусьцiм у грады, а ён ужо сам куды захоча, туды й пойдзе.
I мы занесьлi Тупчыка ў вагарод.
... Кажуць, што малы я быў вельмi пацешны, што ў той вечар я выйшаў на вулiцу i там, дзе стаялi мужчыны, сказаў:
– Добры вечар. Хочаце, дык я вам казку скажу.
– Ну, скажы.
I я сказаў:
– Жыў-быў вожык у лесе, а потым узяў ды памёр.
– Што, i ўсё?
– Ну, пэўна-ж усё.
– Дык што-ж гэта за казка?
– А я вам ня казку хацеў расказаць, а праўду.
I кажуць, што я расказаў iм пра Тупчыка, як яму цяпер весела, добра на волi.
Янка Брыль
ВЭТЭРЫНАР
Нашу Сiўку нешта трывожыла. Прыдзеш у хлеў пасьля ночы, дык пад нагамi ў яе кола вытаптана, як ля малатарнi, а сама яна пасусьлена ўся, пад пахамi мокра i грыва паплецена ў коскi, ды гэтак хораша, быццам знарок.
Прабавалi ўсялякай рады. Усiх шаптух абхадзiлi. Адна шаптуха параiла ўзяць чырвонай бульбы зь белымi вочкамi, якая завецца вар'яткай, нацерцi яе на тарку i мазаць Сiўку нанач. Другая параiла, каб апоўначы верхам на Сiўцы аб'ехаць тры разы навакол могiльнiка. Але нiшто не дапамагло.
Узлаваўся наш тата.
– Ну iх, – кажа, – з шаптухамi! Толькi ўсё сала ды крупы зьвёў. Паеду заўтра па вэтэрынара, што ён скажа, паглядзiм.
– Што ён табе паможа, вэтэрынар гэты! – засупярэчыла мама, ды тата сказаў ёй, што "не твая гэта справа", i паехаў. Чакалi мы, чакалi. Мама i стол заслала настольнiкам, i хату разы два перамяла, i хвартух новы падвязала. А ўжо толькi ўвечары лах-лах калёсы: узьязджае наш тата на двор. Уваходзiць у хату, а на руках у яго маленькi сiвенькi козьлiк.
– Вось вам i "вэтэрынар" – кажа тата. Разьвязаў казлу ножкi i пусьцiў яго на падлогу. У козьлiка – рожкi i пад мызачкай ледзь-ледзь пачалася бародка.
– Дык гэта ты – "вэтэрынар"? – скубануў я яго за бародку. А ён таўхель мяне рогам, i мы ўсе ў рогат: i тата, i мама, i я.
– Сiўку трывожыць ласiца, – кажа тата, – мне вэтэрынар сказаў. Казыча кабылу, каб яна бегала, спацела, а тады пот яе смокча. Ласiца вельмi казiнага паху баiцца, адразу ня пойдзе. А шаптухi нямаведама што раiлi. Туманяць вочы, дый толькi.
– Ну, будзем бачыць, – сказала мама тату, – што ты iз сваiм казлом вымудруеш.
А козьлiк, мусiць, ня ведаючы, што аб iм iдзе гутарка, скок на лаву, скок на стол, на ложак, а з ложка на печ. Стаў на комiне ды "ме-е-е-"! Першы раз, такiм тонкiм, дрыжачым голасам.
Ах ты, свавольнiк!
* * *
Памясьцiлi козьлiка зь Сiўкай разам.
З таго часу ласiца перастала Сiўку i ганяць, i косы заплятаць у грыве. Толькi козьлiк пасьля ночы стаiць цi ляжыць змучаны, сам ня свой, ды толькi тоненька, дробненька: "Ме-е-е!"...
– О бедны мой "вэтэрынар"! – жартую я, ды яму не да сьмеху. Пасьля-ж i яго пакiнула ласiца, зусiм адчапiлася. Спаць прымасьцiўся ён у Сiўчыным катуху, на сене. Сiўка спачатку пырхала на яго i тулiла вушы, а потым прызвычаiлася цi можа таксама ўцямiла, што ён яе "вэтэрынар".
Паiлi козьлiка малаком з бутэлькi, цераз соску. Угледзiць толькi – эх, бяжыць! Укленчыць i смокча, узяўшы соску на язык, толькi хвосьцiкам падрыгвае. Вельмi-ж я любiў падражнiцца зь iм гэтай бутэлькай з малаком. Як ён бегае за мной i мекае i тоўхаецца рожкамi ў каленi!..
Падрос козьлiк i вельмi-ж развалачыўся. Панадзiўся ў Пiлiпавы грады i ўсе капусныя высадкi абцерабiў. Ганяе яго цётка Марта i лаецца: "А каб цябе так ды гэтак!".
А дома ў нас панадзiўся ў каморку, па крупы. Так сабе клямку рогам – раз, дзьверы таўхель, ськiне вечка з кубельца i чаў-чаў-чаў – есьць, толькi бародкай трасе. А то хлеб знойдзе, усе боханы паабгрызае. Проста рады няма. "А каб цябе воўк заеў!" – лаецца мама. А ён забяжыць за вугол ды толькi бародку сваю высуне, цiкуе. Век-жа ня будзеш стаяць, пойдзеш, а ён тады зноў – дэб, дэб – iдзе назад.
А хiтры, хiтры!
Зьбяруцца каля нас мужчыны на вулiцы, гутараць, кураць. А ён – тыц у тое кола iз сваёй барадой, стаiць i слухае таксама. Я да яго з надворку цi з вакна:
– Эй ты, "вэтэрынар"!
А ён адвернецца – "ме-е-е!" – i слухае далей.
– Дайце вы яму, дзядзькi, закурыць! – крычу я, а мужчыны сьмяюцца. Нехта зачэпiць яго, ды ён толькi рогам штурхне i зноў слухае.
Ах ты, барадаты!
* * *
Тата паехаў да цёткi Марыi i прывёз назад нашага Жука.
Наша цётка – удава, жыве на водшыбе й вельмi-ж баiцца зладзеяў. Прыстала да таты ўвосень, i ён даў ёй Жука на ўсю зiму.
Вярнуўшыся дахаты, Жук доўга ня мог супакоiцца, прызвычаiцца зноў. Ляжыць навязаны, маўчыць, маўчыць, а потым – "воў, воў, воў" – пачынае выць ад сумных думак.
Козьлiк зь iм спачатку не сябраваў. Усё валочыцца недзе цi лазiць па дварэ, таксама сумуе. У нас вароты новыя, заложым падваротню, дык i ня вылязе нiяк. Прыйдзе да Жукавай будкi, брэнькае, брэнькае па ёй рагамi, разбудзiць Жука, узлуе. Той толькi з будкi – "ррр!". Ды так ужо казёл абрыдзеў сабаку сваiм прыставаньнем, што Жук аднойчы ня стрываў ды хваць яго з будкi за бараду! Упяўся мой "вэтэрынар", аж вочы выпулiў, ды дзiкiм голасам – "Ме-е-е!"
– Ой, барада барада!– крычу я, бягучы ад хаты. Вызвалiў яго ад Жука, а ён мне за гэта рогам ды пад бок. А пасьля разагнаўся, каб стукнуць, ды я сьхiлiўся ўбок.
Бiцца як навучыўся нягоднiк! Мама несла ваду на каромысьле, а ён гэта ззаду падкраўся ды зьнячэўку як стукне ёй пад каленi – ажно прысела i ваду разьлiла. Каралi мы яго за гэта, а ўсяроўна не адвык.
Пасьля-ж яны з Жукам здружылiся так, што аж дзiва. Падыйдзе козьлiк да будкi – брэн, брэн рагамi, а Жук спачатку толькi – "гррр!". А потым-такi раскатурхаецца, вылязе з будкi, панюхаюцца на прывiтаньне i пайшлi гайсаць вакол двара! Палётаюць, нацешацца i да сенцаў. Стаяць абодва каля дзьвярэй, чакаюць, каб iм чаго далi. "Вэтэрынар" дык той проста прэцца ў хату цi ў кухню сам, а Жук толькi хвастом павiльвае кажнаму, хто нi выйдзе. Гэты хоць трохi сораму меў: яму скажы, дык паслухае, згорбiцца i ў будку; прынясеш есьцi твая ласка, а не – дык i так будзе спаць. А козьлiк – ого!
I вось аднойчы яны раптам зьнiклi абодва. Апоўднi толькi прыбягае Жук адзiн. Вiляе, вiляе хвастом, быццам нешта хоча сказаць, ды ня можа.
– Дзе-ж ты, нягоднiк стары, козьлiка дзеў? – накiнулася мама. – Скавычы вось цяпер, як сабака, адзiн. Сорамна, цьфу!
I што-ж, Жук i праўда стулiўся, прыгорбiўся, быццам ад сораму, i моўчкi палез у будку.
* * *
Дзень няма козьлiка, другi няма, цэлы тыдзень няма. Мы ўжо так i падумалi, што ён зьгiнуў назаўсёды.
Аднак на другiм ужо тыднi дачуваемся, што наш "вэтэрынар" жывы, што ён ажно ў Лядах – трэцяй вёсцы ад нас па дарозе да цёткi Марылi. Вось лiха няўжо яны йшлi туды?..
Я гэта за кiёк i пайшоў у Ляды, кiлёмэтраў зь пяць па гасьцiнцы. Прышоў, iду па вёсцы. Хацеў толькi каго-небудзь спытацца, дзе тая Янкава Стэпка жыве, у якой апынуўся козьлiк, ажно бачу: на нейчым дварэ, у садку, стаiць мой "вэтэрынар!" Стаiць пад яблыняй дыбка i ўсьпiнаецца, каб дастаць на галiнцы лiсток. А вокал яго дзецi.
– "Вэтэрынар!" – гукнуў я яшчэ ад варот. А ён – пазнаў, нябось, – ме-е-е!" – i бяжыць мне насустрач.
– А што, паслухаў, схадзiлi? У прочкi хацеў уцякаць!
А ён штурхель мне рагамi. Таксама хацеў-бы нешта сказаць ды ня можа.
Вышла з хаты жанчына, тая самая, мусiць, Янкава Стэпка, ды кажа:
– Гэта-ж я вось раненька вышла на вёску, а ён ляжыць на мастку i ўцякаць не ўцякае. Замарыўся, вiдаць. Я гэта за рогi яго ды дахаты. А чорны сабака таксама, мусiць, ваш – за мною "грр!". А я гэта хвартух расьперазала ды як махну на яго, дык ён i пабег ад мяне. Доўга круцiўся каля нашай хаты, пакуль малыя, каровы гонячы, не патурылi яго зь вёскi. А гэты, вось бачыш, прывык.
Цётка, дык тая нiчога, – бяры, – кажа, калi ён ваш, – але ад малых я ледзь адпрасiўся: прывыклi да казла, не аддаюць.
Начапiў я козьлiку аборачку на рогi i павалок з двара.
Мне дахаты сьпяшацца трэба, а "вэтэрынар" – хоць ты яму што хочаш: дрэ-дрэп ды годзе. Папасу я яго трохi каля прысад i далей. Ужо зусiм пад вечар дабрылi мы дахаты.
Ну-ж i ўводзiны былi! Распытваюць мяне, сьмяюцца. А малых дык цэлая чарада за намi ўчапiлася.
Падвёў я "вэтэрынара" да Жукавай будкi. Вылез Жук, панюхаў козьлiка, а той толькi рагамi таўхель яго, а сам адышоўся i лёг.
– А ну, – кажа мне дзядзька Паўлюк, – шасьнi гэта, Лявон, на паперку. Гэта-ж, брат, казка, жывая казка! I трэба-ж лiха iм, надумацца ды згаварыцца!..
– "Вэтэрынар!" – кажу я козьлiку. А ён толькi павярнуўся.
– Ну што-ж, iдзi раскажы, як вы ў госьцi хадзiлi, будзем казку пiсаць.
А ён навет i ня ўстаў.
I вось я запiсаў гэта сам. Праз дваццаць год, а ўсё-ж такi запiсаў.
Янка Брыль